Апынуўшыся ў Чэхii, сярэднестатыстычны падарожнiк зь Беларусi, якi меў у школе станоўчую адзнаку па гiсторыi, напэўна згадае, што нашу першую друкаваную кнiгу Францiшак Скарына выдаў якраз тут, у Празе. На тое, каб ведаць, што ў чэскай сталiцы выпусьцiла сваю першую кнiгу і пражыла лепшыя гады Ларыса Генiюш, багажу школьных урокаў можа не хапiць. Як, дарэчы, i на тое, каб не забыцца, што на Альшанскiх могiлках у Празе спачываюць прэзыдэнты Рады БНР Пётра Крэчэўскi ды Васiль Захарка.
Што да героя, якому прысьвечанае тваё сёньняшняе падарожжа ў чэскую глыбiнку, дык ён i наагул вядомы нават ня кожнаму з айчынных дактароў гiстарычных навук.
Чаго ня скажаш пра iхніх калегаў з Чэхii.
Чэская ўнiвэрсальная энцыкляпэдыя паведамляе пра нашага суайчыньнiка князя Жыгiмонта Карыбута на некалькiх старонках, а спэцыялiзаваная Энцыкляпэдыя гiсторыi Беларусi адшкадавала яму ўсяго дзесяць невыразных радкоў.
Але гiстарычныя даведнiкi й манаграфii засталiся адпачываць у Менску, а ты едзеш зь сябрам сярод засьнежаных пагоркаў у бок Кутнай Горы. Цябе цiкавяць жывыя ўражаньнi, зьвязаныя з iмем беларускага князя, што на колькi гадоў заняў чэскi пасад.
Князь Жыгiмонт Карыбут быў пляменьнiкам гаспадара Вiтаўта. Яшчэ ў зусiм юным веку ён браў удзел у сьмяротна небясьпечнай экспэдыцыi з мэтаю лiквiдацыi беларускага кузэна лох-нэскае пачвары, што здавён атабарыўся ў Лепельскiм возеры i штогод спажываў ня менш як тузiн грамадзянаў Вялiкага Княства Лiтоўскага.
У 1410 годзе Жыгiмонт мужна ваяваў на чале ўласнае харугвы пад Грунвальдам, а падчас гусiцкiх войнаў зьявiўся зь пяцітысячным беларускiм войскам у Чэхii.
Рэч у тым, што запрошаны гусiтамi на каралеўскi пасад Вiтаўт выявiў уласьцiвую яму абачлiвасьць i паслаў на выведку блiзкага сваяка, якога чэхi, каб ня блытаць з сваiм нялюбым каралём, таксама Жыгiмонтам, ляпiдарна называлi проста “князем К.”.
Тым часам ты зь сябрам ужо кружляеш пакручастымi брукаванымi вулачкамi старажытнага гарадку Часлаў, дзе твой далёкi продак Жыгiмонт Карыбут, ён жа князь К., склiкаў увесну 1422 году чэскi сойм.
У мясцовым рэстаранчыку, што насупраць абжытага галубамi помнiка слыннаму правадыру гусiтаў аднавокаму Яну Жыжку, адбываецца чаканая сустрэча з часлаўскiмi гiсторыкамi й краязнаўцамi. Як i ўсе аматары старасьвеччыны, гэта досыць адметныя асобы, што моцна нагадваюць сваiх калегаў з славутых “Лябiрынтаў” Вацлава Ластоўскага. Пададзеныя на прыкуску размаiтыя сальцiсоны й каўбаскi непазьбежна наводзяць на думку пра славянскае адзiнства. Славянскую разнастайнасьць падкрэсьлiвае тая акалiчнасьць, што заместа замшэлае пляшкi “Старкi”, як у Ластоўскага, стол аздабляе колькi бутэлек густой чырвонай “Франкоўкi”.
Банальнае для гэтых мясьцiнаў, не раўнуючы як кампот для заводзкiх сталовак тваёй радзiмы, віно “Франкоўка” разам з расповедамi чэскiх калегаў дапамагае больш выяўна i яскрава ўявiць, як у чаканьнi соймавых паслоў князь Жыгiмонт бавiў час. У прыватнасьцi, ты даведваесься пра ягоны ўлюбёны тост, што сустракаецца, дарэчы, у Мэтрыцы Вялiкага Княства. Уздымаючы кубак з тагачаснай “Франкоўкай”, князь К. пiў за тое, “каб дзеўка кахала, каб куля мiнала, каб шабля ня брала!”
Адной дзеўкi князю катастрафiчна не хапала нават на адну ноч. Мясцовыя паданьнi, падмацаваныя маладаступнымi пiсьмовымi крынiцамi, сьведчаць, што Жыгiмонт быў вялiкiм мiлосьнiкам жаночых вабнотаў. Апанаваны нечалавечай тугою па жанчынах сваёй пакiнутай зь пiльнай палiтычнай патрэбы Бацькаўшчыны, знатны беларусiн ад поўначы да сьвiтаньня залагоджваў ня меней як пяць часлаўскiх прыгажуняў. Затым ён зазвычай выпiваў лiтровы кубак “Франкоўкi” i, сьвежы, як ранiшняя маргарытка, браўся займацца дзяржаўнымi справамi.
Маладзенькая зеленавокая афiцыянтка таксама яўна ня супраць зрабiць экскурс у гiсторыю i ўжо натапырыла дасканалыя ружовыя вушкi. Касавурачыся на яе, адзiн з часлаўскiх краязнаўцаў прыцiшана распавядае, што князь Жыгiмонт належаў да аматараў не зусiм традыцыйных спосабаў любовi. Штовечар ён загадваў, апрача ўсяго iншага, прынесьцi да сябе ў замкавую спачывальню збанок лiповага мёду, якiм перад любошчамi мазаў абраньнiцам грудзi ды iншыя i без таго салодкiя месцы, не забываючыся пры гэтым i пра свае ўласныя.
Звычкi заежджага беларускага князя падабалiся суворым аўтахтонам ня меней за тое, што ён прымаў любае сэрцу гусiтаў прычасьце “под обойi”, або, па-наску, двух вiдаў. Трэба меркаваць, што прыхiльнасьць чэхаў зьлёгку падмацоўвалася і наяўнасьцю пяці тысячаў узброеных да зубоў ваяроў, якiя прыйшлi разам з князем К. зь берагоў Дзьвiны, Дняпра й Нёмну.
Сойм у Чаславе, на якім гаворка вялася пра чэскi трон, завяршыўся палiтычным трыюмфам Жыгiмонта Карыбута. Князь запатрабаваў прыгажуняў, вiна й лiповага мёду, а ўраньнi вырушыў з прыхiльнiкамi на места Праскае, дзе, як сьведчаць хронiкi, быў зь вялiкай пашанотаю сустрэты на Градчанах, а па часе пачаў называцца “каралём пажаданым i абраным”.
Наперадзе ў князя К. было яшчэ дзесяць гадоў, прысьвечаных чэскiм клопатам.
Пра адзін зь іх беларускі падарожнік усьцешана дазнаецца з турыстычнага даведніку славутага замку Карлштайн, заснаванага ў гарах паблізу Прагі чэскім каралём і імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі Карлам ІV.
Карлштайн быў скарбніцай і месцам захаваньня дзяржаўных рэгаліяў. На пачатку Гусіцкіх войнаў (расейскамоўны даведнік, відаць, з імпэрскае салідарнасьці называе іх “беспорядками”) цалкам лягічна паўстала праблема экспрапрыяцыі замкавых каштоўнасьцяў. Чэска-беларускае войска на чале з князем Жыгімонтам узяло Карлштайн у аблогу і, выгодна расставіўшы на горных схілах катапульты, закідвала замак каменнымі ядрамі ды бочкамі з падпаленай смалой. Калі гэта не дало прыкметнага эфэкту, князь К. пастанавіў ужыць радыкальны сродак: заместа смалы запоўніць бочкі фэкаліямі. “Гаўном!” — сувора патлумачыў ён тым, хто не валодаў больш вытанчанай тэрміналёгіяй.
Піетэт перад колішняй улюбёнай рэзыдэнцыяй імпэратара Карла выветрыўся з адчайных гусіцкіх галоваў яшчэ не дарэшты, і сёй-той завагаўся. “Грошы ня пахнуць!” — адрэзаў адукаваны беларускі князь, што вывучаў у школе рэформы Вэспасіяна. Нагадаўшы паплечнікам актуальнае для любой эпохі антычнае выслоўе, Жыгімонт выцадзіў звычайную дозу “Франкоўкі”, але гэтым разам дэманстратыўна скрывеліўся. “Квас!” — пагардліва зазначыў ён, каб канчаткова паказаць гусітам, хто гаспадар становішча.
Увечары таго самага дня замак трываў першую шквальную атаку фэкаліямі. Чэскі храніст Вацлаў Гаек зь Лібчанаў паведамляе, што бамбаваньне Карлштайну набыло вусьцішныя памеры. Не спадзеючыся на ўласныя магчымасьці, абложнікі наладзілі падвоз “набояў” ня толькі з блізкіх ваколіцаў, а нават з праскіх прыбіральняў і сталічных сьцёкавых равоў.
Уяўленьне малюе велічную батальную панараму зь дзясяткамі нястомных працаўніц-катапультаў, сотнямі пірамідаў бочак з боекамплектам і несканчонай чарадою возчыкаў-“залатароў” на Праскім гасьцінцы. Ты ўжо настолькі глыбока перанёсься ў тыя рамантычныя часы, што твой нос пачынае моршчыцца ад уласьцівых ім водараў.
Менавіта гэтая акалічнасьць і вяртае цябе скрозь духмяную смугу стагодзьдзяў у часлаўскі рэстаранчык, дзе плаваюць зусім будзённыя пахі вэнджаных качак і запечанага сьвінога калена.
Падобны да беларускага шляхцiча тутэйшы гiсторык цытуе Чэскую энцыкляпэдыю: “Пажаданы й абраны кароль чэскi Жыгiмонт Карыбут патрапiў захаваць рэдкую талеранцыю да чэскага ерэтызму, што ў тую пару сьведчыла пра вельмi цьвярозы розум”.
Ты падымаесься й прапануеш ушанаваць памяць выбiтнага продка ягоным улюбёным тостам. Сонечны прамень знаходзiць твой келiх, i “Франкоўка” ўспыхвае густым рубiнавым колерам — сымбалем рыцарства, ваяўнiчасьцi й перамогi. Вы п’яце за тое, каб дзеўка кахала й за ўсё астатняе. Зеленавокая афiцыянтка папраўляе карону сваёй каштанавай фрызуры. У лёгкай усьмешцы, што грае на ейных вуснах, ты чытаеш ухвалу і абяцаньне працягу.
Сябар пытаецца, цi маеш ты намер вяртацца сёньня ў Прагу. Ты марудзiш з адказам. Тваю скуру апякае струмок салодкага халадку. Ты бачыш у рэстаранным мэню лiповы мёд i разумееш, што ў гэтую хвiлiну на цябе заахвочвальна глядзiць сама муза гiсторыi Клiё.
Студзень, 2002