Сланы Ганібала


Гэтая гісторыя пачалася тады, калі на тваёй полацкай вуліцы быў усяго адзін тэлевізар, глядзець які да Цымэрманаў увечары набівалася чалавек па трыццаць. Але табе болей падабалася хадзіць у раённую дзіцячую бібліятэку. На яе паліцах ты і знайшоў аднойчы кніжку пад загадкава-вабнай назваю — “Сланы Ганібала”.

Праўда, з твару гэты намаляваны на вокладцы Ганібал быў падазрона падобны да дзядзькі Грышы Цымэрмана, які рамантаваў на рынку абутак. Але хутка выявілася, што падабенства мела цалкам выпадковы характар. Ганібалавага бацьку клікалі не Абрамам, а Гамількарам. Тэлевізара ў Ганібала не было, затое ён камандаваў войскам старажытнага Картагену, ваяваў супроць Рыму і разам з сваімі баявымі сланамі зьдзейсьніў бліскучы паход празь Пірэнэі і Альпы.

У тое лета вы колькі разоў гулялі на ўтравелых полацкіх вуліцах у вайну Картагену з Рымам. У вайсковых дзеяньнях на баку картагенцаў бралі ўзел і баявыя сланы. Сланом згаджаўся быць твой сябар Вова Цымэрман, дужы габрэйскі хлопчык, які зь пятае клясы займаўся ня шахматамі, а вольнай барацьбой і вазіў цябе на плячах лёгка, як ката.

Ад таго часу праміне цэлае жыцьцё, у якім Картаген ніколі ня будзе тваёй запаветнаю марай. Ты нават ня будзеш ведаць, якую візу трэба атрымліваць, каб патрапіць у родны горад двайніка дзядзькі Грышы Цымэрмана.

Аднак пакручастаму сюжэту твайго жыцьця будзе заўгодна, каб першым кутком Афрыкі, куды цябе закіне, стаў Туніс, дзе ты ўсьцешана даведаесься, што валадар грозных сланоў рос і сталеў зусім побач з цэнтральным пляцам аднайменнай сталіцы краіны.

Сярод безьлічы партрэтаў бацькі нацыі Бэн Алі, які па шматлікіх просьбах працоўных арабаў і бэрбэраў рулюе дзяржавай ужо, здаецца, чацьвертую пяцігодку, ты і адшукаеш абвестку з запрашэньнем наведаць Картаген, а, пералічыўшы свае дынары, у профілі Ганібала на адной з купюраў з радасным зьдзіўленьнем пазнаеш сэміцкія рысы дзядзькі Цымэрмана.

Праз паўгадзіны ў абладзе салодкіх згадак маленства ты ўжо будзеш ісьці па ўтульных картагенскіх прысадах, густоўна аздобленых маленькімі саркафагамі з прахам ахвяраваных богу Ваалу немаўляткаў. На пунійскіх калёнах партрэтаў Бэн Алі пакуль што ня будзе. Адпачываючы ад рызыкоўных палітычных аналёгіяў, ты навядзеш фотаапарат на архітэктурны краявід і ледзьве пасьпееш пстрыкнуць, як з-за разгалістага кактуса імгненна падымецца няўсьмешлівы двухмэтровы чалавек у цывільным, што без тлумачэньняў засьвеціць табе стужку. Толькі пасьля ты заўважыш замаскаваныя балотнаю мярэжаю бэтээры з аўтаматчыкамі ў зялёных касках і стамлёна падумаеш, якія гэтыя ўладары аднолькавыя і як фатальна іх цягне да Вечнасьці: адзін здае на вечнае захаваньне сваю канстытуцыю з аўтографам, другі будуе палац побач з старажытным сьвяцілішчам Тафэль.

Ты разьвернесься да рэзыдэнцыі тунісійца №1 сьпінай і тым месцам, адкуль яна расьце, і на сапфіравай асноведзі мора зьнячэўку ўбачыш юную бляндынку з валасамі колеру плятыны і амаль свойскім імем Аўшра, што па-літоўску азначае Заранка.

Мова, на якой вы будзеце размаўляць, у гэтых мясьцінах не падасца табе чужою. Аўшра будзе вывучаць гісторыю і ведаць, што картагенская культура мела тую дзіўную асаблівасьць, што не стварыла прыгожага пісьменства. Ты адзначыш, што Аўшра прыкметна вышэйшая за цябе, але гэтая трывожная акалічнасьць не перашкодзіць твайму натхнёнаму ўяўленьню, што буйна закаласіцца самымі сьмелымі мроямі.

Якраз тут да вас і падыдзе невысокі, зацягнуты ў скуру эўрапеец, якому твая суразмоўніца магла б быць за ўнучку. У зялёных вачах аб’екта тваіх каласістых мрояў мільгане лёгкая разгубленасьць, і Аўшра растлумачыць, што гэта яе каханак з Гамбургу.

Каханак па-гаспадарску возьме тваю нязьдзейсьненую мару за тонкую талію і павядзе яе да тэрмаў імпэратара Антонія. Гледзячы ўсьлед, ты адразу знойдзеш у постаці Аўшры некалькі істотных хібаў. Але гэтага дзеля суцяшэньня будзе відавочна недастаткова.

Ты прысядзеш на адбітую капітэль, заплюшчыўшы вочы, прыслухаесься да ветру, і мудры антычны вецер, які памятае велічны поступ сланоў Ганібала, пашле табе сапраўднае суцяшэньне. Ты раптам зразумееш, што Картаген прайграў Рыму і ўрэшце загінуў менавіта таму, што ня меў такой дробязі, як картагенскія пісьменьнікі.

Значыцца, яшчэ ня ўсё страчана.

Асабліва калі ўлічыць, што тыя пэрыяды айчыннае гісторыі, якія потым называюць “залатым векам”, у тваёй краіне маюць уласьцівасьць праз кожныя пяцьсот гадоў паўтарацца. Бо апошні “залаты век” скончыўся ў ХVI стагодзьдзі, а табе наканавана яшчэ нейкі час пабадзяцца па сьвеце і пасядзець за пісьмовым сталом у ХХI-м.

Травень, 2001

Загрузка...