Шла дзявэчка до лясэчка,
До зелёнэго,
до зелёнэго,
до зелёнэго,
Напаткала мыслівэчка
Бардзо цванэго,
бардзо цванэго.
Ла, ла, ла, ла, ла, ла, ла, ла.
Песню падхапілі іншыя, і яна зноў паляцела над прыціхлым наваколлем:
Бардзо цванэго,
Хо-хо,
Бардзо цванэго...
І ніхто не думаў, на якой мове песня, проста спявалі ўсе, як спявалі калісьці іхнія мацяркі:
0 муй мілы мысьлівэчку,
Бардзэм ці рада,
бардзэм ці рада,
бардзэм ці рада.
Дала бым ці хлеба з маслэм,
Але юж з’ядла,
Але юж з’ядла.
Ла, ла, ла, ла, ла, ла, ла, ла.
Вясёлы рытм захапіў, узвірыў кроў. Найбольш нецярплівыя ажно прытупваць пачалі, а колькі падлеткаў, карыстаючы з таго, што танцавальнае кола аказалася вольным, нават у танец пайшлі, найперш дзяўчаткі, цесна абхапіўшы адна адну за талію і знарок высока падскокваючы, часам нават не ў такт песні. Але для іх гэта не страшна, ім значна важней смеласць сваю засведчыць: расце змена дарослым танцорам, і мо не горшая за іх.
Даспявалі гэтую, пачалі новую. І ніхто не размяжоўвае, не падлічвае і не аналізуе, на якой мове песня, галоўнае, каб на сэрца клалася, каб з душы ішла. А на ўсіх з цікавасцю пазірае з вышыні трошкі вышчарблены месяц. Ён як бы дзівіцца: так разгуляліся старыя і малыя, што і дахаты ніхто не збіраецца. Быццам не ўтомнае жніво чакае, а бесклапотныя велікодныя святы.
А тут дзед Мацейка ўлучыў момант і ўступіў у гаворку:
— Добра спяваюць, — пахваліў, звяртаючыся да старых, што сядзелі на столках. — Ага, праўда добра, — і пагладзіў сваю бараду-лапату. — Але дзед мой, царства яму нябеснаё, не горай умеў. Не, не горай, — паўтарыў. — Калі, бывала, завядзе якую рэкруцкую, то ого-го, слязу не стрымаць. Ніхто лепей за яго не мог. Хочаце паслухаць? — пытаўся Мацейка і хітра абводзіў вачыма слухачоў. — Не, я, вядома, не дзед, не зраўняюся з ім у спевах. Але вы паслухайце старога. Паслухайце, якія словы...
Дзед Мацейка яшчэ раз гладзіў бараду, ямчэй мастаколіўся на столку, мацней абапіраўся на крывульку, як бы шукаў апору, і нечакана памацнелым голасам, хоць і не надта ўжо спеўным, выводзіў:
Спомнім, братцы, пра былоё,
Як мы ў Турцыі былі,
Троя сутак прастаялі,
Дажыдалі мы вайны.
Тут дзед на хвілінку перапыняў песню і тлумачыў:
— Турцыя, гэта старана такая, далёкая ад нас. Ага, дзе вам, маладым, пра тоё ведаць. Некалі яна ваявала з Расеяй. Ой, даўно гэта было. Ага. Але цяпер я не буду вам галаву дурыць. Я пра песню. А песня пра салдат. Нашых салдат. Яны, казаў мой дзед, мусілі браць Балканы. Гэта горы такія. Ага. Дак узялі іх! А як жа, прагналі турак. Хоць і зазналі бяды, ой зазналі. Вось слухайце даляй:
Спомнім, братцы, як стаялі
Мы на Шыпцы ў аблаках,
Туркі нас атакавалі
І асталісь у дураках...
Дзед Мацейка засмяяўся ў вусы на ўсю шырыню свайго шчарбатага рота і працягваў:
Грыміць слава трубой,
Мы дралісь, турак, з табой,
Па гарам тваім Балканскім
Раздалась слава аб нас.
Утрам рана на зарэ
Ехаў турак па гарэ.
Бліз дзярэўні пад’язджаў,
Нас, армейцаў, ня відаў:
Коні серыя ліхія
Беглі, беглі, усталісь,
Там і туркі праклятыя
Ўсе валяліся ў краві.
Грыміць слава трубой,
Мы дралісь, турак, з табой,
Па гарам тваім Балканскім
Раздаёцца слава ‘б нас.
Дзед з усёй напругі выгукнуў апошнія словы. Яму запляскалі, пачалі хваліць:
— Ну й спявак вы, дзядуля! Пашукаць такога.
— Я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята, — задаволена згадзіўся дзед, але працягваў слухаць пахвальбу.
— Хібя маладыя так могуць? Не справяцца, не-а. А ваяваць дак яны саўсім малакасосы...
— Ага, праўда, мае вы гал_убкі і галубкг, — зноў згаджаўся дзед. — У іх яшчэ і малако матчына на губах не абсохла. Ой, не магу. Дайце аддыхацца... Цяжка старому. Але песня якая, га? Якая песня! — у дзеда ажно чырвань пайшла па твары. — А дзед мой, царства яму нябеснаё, не адну такую ведаў. Ага...
— Ну-у, завядзе зараз сваю катрынку, што не спыніш, — прамовіў нехта і адышоўся ад столка.
А Васіль ужо закінуў за плечукі рамяні гармоніка, паклаў галаву на левы ягоны бок, прабегся пальцамі па белых з чорнымі гузічках, нібыта правяраў, ці ўсе яны на месцы, прыслухаўся да гукаў, што выпырхвалі з нутра гэтага дзіўнага “струманта”. А тады нечакана прапанаваў:
— Хочаце фокус?
Танцорам, вядома, лепей была б музыка, але ж хто стане пярэчыць гарманістаму:
— Хочам, хочам.
— Давай, Васіль, фокуснічай.
— Дайце шклянку.
— Пустую? — нібыта не зразумеў нехта.
— Пустую сабе пакінь.
Васілю падалі шклянку з самагонкай.
— А чаму не поўная? — пытаўся ён. — Не можа быць, каб усё выпілі.
— Ой, Васілька, не трэба поўнай, — перасцерагала нейкая клапатлівая дзяўчына ад страху, што пасля шклянкі рукі Васіля не будуць слухацца і ён кіне іграць.
— Поўную давай, не шкадуй.
Васіль не даставаў рукі з-за рэменя гармоніка, шырока расцягваў мех і казаў:
— Стаў шклянку на гармонік.
Хлопцы зацікаўлена акружалі Васіля, дзяўчаты трошкі спалохана вытрэшчвалі вочы. Адно старэйшыя мужчыны хітра пасміхаліся, — яны ведалі пра гэты Васілёў фокус.
— Сюды стаўце шклянку, — камандаваў Васіль і паказваў галавой на правую, рухомую частку гармоніка.
Шклянку ставілі, а самі стрымлівалі дыханне. Васіль для пачатку проста расцягваў мех. Шклянка стаяла нерухома, а самагонкі не пралілося ні кроплі. Тады Васіль пачынаў націскаць на гузікі, гучала полька, гармонік у такт азартнаму рытму падрыгваў, але Васіль упэўнена адводзіў руку. Сёйтой ажно палец да вуснаў прыціснуў, каб нечаканым уздыхам не зрушыць поўненькую шклянку. Васіль адводзіў руку і раз, і два, і тры... А тады спыніў музыку і паказаў вачыма на шклянку:
— Волесь, — паклікаў высокага хлопца, — хадзі сюды. — і падстаўляў яму той бок гармоніка, дзе стаяла шклянка. — Адпівай першы. Толькі без рук.
Напружанне расло. Азарт акругляў у гледачоў вочы, расцягваў вусны ў чакальнай усмешцы. Волесь асцярожненька нахіляўся да шклянкі, адхлёбваў з яе глыток. А Васіль такім жа чынам, пад гул здзіўлення падносіў шклянку іншаму. Пасля чацвёртага пітака казаў:
— Бярыце, хлопцы, і дзяліце між сабой. Па глытку.
— Не-е, так не гадзіцца. Пачні ты.
— Ага, ты першы. Заслужыў.
Васіль браў шклянку, адпіваў і перадаваў іншаму. Яна ішла па крузе, пакуль не станавілася пустой.
Гульня захапіла хлопцаў, яны зацята абмяркоўвалі, хто, акрамя Васіля, мог бы справіцца з такім. На момант і пра танцы забыліся. Пачалі ўспамінаць розныя забавы і штукаванні. Іван Гэтэвічаў прапанаваў:
— Гэта што, давайце я вам задачку загадаю. Хто пераможа, таму персанальны танец.
— А чаму не шклянку, а то й бутэльку? — знарок незадаволена спытаўся нехта з прысутных.
— А ты не спяшайся, як галодны за мора... — супакоіў Іван. — Спраўся напачатку з танцам. Васіль, сыграеш? — спытаў у гарманістага.
— А мне што, я ж усё адно граю...
— Цётка Зіна, — павярнуўся Іван да Васілёвай маткі, — колькі ў вас напарсткаў?
— Хібя ты шыць сабраўсё? — пакпіў нехта. — Дак адлажы да восені, яшчэ палатна не наткалі...
— Не ведаю, — адказала цётка Зіна. — Мо два ці тры... А нашто табе?
— Яшчэ адзін фокус пакажу, — казаў Іван і прасіў: — Нясіце ўсе сюды.
Пакуль Васілёва матка шукала напарсткі, Іван выставіў на сярэдзіну табурэтку, папрасіў тую бутэльку, з якой налівалі Васілёву шклянку, і патлумачыў:
— Зараз я налью ўсе напарсткі. Трэба аднымі губамі, без рук, выпіць кожны і паставіць назад. Хто вып’е больш, той і першы. Таму асабістая полька.
— Ат, што тутака піць. Гарэлкі не хопіць.
— Гэта ж проста. Гэта ж не шклянкі.
— А ты не спяшайся з козамі на торг, — стрымліваў гарачых Іван. — Спярша налі чарку, а тады кажы «будзь здароў».
Неўзабаве бразнулі дзверы, і з’явілася цётка Зіна.
— Во, ажно тры знайшла, — паказала далонь.
Іван паставіў іх на табурэтку, наліў кожны з каптуром і спытаў:
— Ну, хто першы? Толькі ўмова: не разліваць. Бо не будзе залічаны.
Ахвотнікаў пакуль не было. Лягчэй сказаць, чым зрабіць.
— Дак мо Тэклю першай паклікаць, га?
— Ага, яна тады будзе першай і апошняй. Тэклю напарсткам не завабіш, ёй шклянкі і то мала.
— Давай я, — падахвоціўся Валодзік Хвілосаф і зухавата падкруціў свае вусы-пікі. — Голы збірайся — голы гатоў. Сто штук вып’ю...
— От мондры, — пачуўся нейчы голас. — Усюды ён проста пішчом лезе...
— Ага, праўда, — падтакнуў другі жаночы голас. — Усё навідавоку хоча быць...
— Ну давай, — згадзіўся Іван.
Валодзік падышоў да табурэткі, заклаў рукі за спіну, доўга мерыўся, нагнуўся і асцярожна, каб не разліць, узяў губамі напарстак. Выпрастаўся, закінуў галаву і перакуліў яго. Нагнуўся, паставіў і ўзяў у губы наступны. Іван наліў у пусты. Назіральнікі гучна лічылі:
— Раз... Два... Тры... Чатыры...
На дзевятым Валодзік здаўся:
— Не, хлопцы, больш не патрафлю... Бо аж пашчэнкі зводзіць. Здаюсё...
— Ага, здавацца кожны майстар. Не справіўсё, нясі бутэльку. Штрафную.
— Трэба было, каб наўперад паказаў, каб ведалі, што ёсцека, што аддасць...
— Ого, гэты жмот прынясе... Як жа, чакай Пятра — сыр з’ясі...
— І праўда, нясі, — чуліся галасы. — А то хвалько знайшоўсё, іш, які храбры...
— Не па-ігроцкі гэта, — не сунімаўся нехта з асабліва прынцыповых.
— Ад яго дачакаешся. У яго зімой снегу не выпрасіш...
— Хто скуп, той не глуп, — паспрабаваў апраўдвацца Валодзік.
— Ладна, — прымірэнча прамовіў Іван. — На наступнаё ігрышча адразу дзве прынясе. Праўда, дзядзька Валодзік?
— Ну, добра, добра, та-скаць. Давай далей, — закамандаваў Хвілосаф. — Хто яшчэ хоча на дармаўшчыну выпіць?
— Я бярусё сорак апаражніць, — падступіўся да табурэткі Чэсь.
— Дак ты і без таго ўжо набраўсё. Добра на корак наступіў.
— На дармаўшчыну ён і яшчэ гатоў.
— А за грош блыху ў Нясвіж пагоніць.
— А калі дасі два, то і назад пешкі вернецца...
Чэсь не звяртаў увагі на кпіны. Ён марудліва варухнуў плечукамі, на поўныя грудзі ўздыхнуў і адразу ж выдыхнуў, пасля яшчэ раз. Невядома для чаго памахаў рукамі і тады толькі кульнуў адзін напарстак, паставіў пусты на табурэтку. Узяў у губы другі... Пасля трэцяга пачаў мерыцца даўжэй. На гэта не прамінулі адрэагаваць:
— Мерся ні мерся, а піць трэба... Калі ўзяўся за гуж, не кажы, што не дуж. А то храбрыўсё...
Чэсь ажно ікнуў, нібыта яго цягнула на ваніты, хіснуўся, як ад ветру. Але гонар не дазваляў сысці без перамогі. Аднак сёмага не асіліў, выплюнуў разам з гарэлкай.
— Ну во, а яшчэ гонар хацеў паказаць...
— Праціўна піць, не лезе, — апраўдваўся Чэсь. — Вазьмі сам папробуй. А то гаварыць усе мастакі...
— Дак ты ж сам і храбрыўсё, пеўнем хадзіў...
— Нічога, палкай, палкай гэтую гару, а то не выйграеш...
— Каб з закускай... Альбо хоць вадой запіць...
— З закускай кожны справіцца... Іш, мондры...
— Так табе і трэба, Бог не цяля, бачыць круцяля...
— Дзяўчаты, памыйце напарстак, — папрасіў Іван. — Хто яшчэ? — звярнуўся да прысутных. — Каму дармавой гарэлкі?
Ахвотнікаў хапала. Але болей за сем напарсткаў нікому не ўдавалася асіліць. Тады да Івана падышоў ягоны брат Петрык. Маня праціснулася з-за спінаў бліжэй.
— Ага, табе брат будзе падсуджваць, — засумняваўся Хвілосаф.
— Як я падсуджу? Вы самі лічыце...
— А ты напарсткі не поўныя будзеш наліваць.
— Можа наліваць хто хоча, — не супраціўляўся Іван.
— Давай я, — зноў падскочыў Чэсь, але на яго закрычалі:
— Хопіць таго, што напарстак спаскудзіў. Адыдзіся... Майстар кока, выбіў вока...
— Налівай, Іван, сам...
Петрык пачаў няспешна апаражняць напарсткі. Два, тры... З кожным разам рабілася ўсё цяжэй. Кружылася галава, самагонка станавілася ўсё больш праціўнай. Але Петрык не здаваўся.
А тым часам Тэкля ўжо тут як тут. Стаіць за спінамі, не вытыркаецца, а сама на ўсе вочы цікуе за пітакамі і бутэлькай, што ў Іванавых руках. Яе так мучыць смага, што яна, бедная, ажно сліну палкае. Вядома, ёй хочацца, каб менш выпілі: цешыцца надзеяй, што з астаткаў нешта перападзе. А калі большымі будуць рэшткі, то, вядомая рэч, і для яе большай будзе мерка.
Маня пільна пазірала на Петрыка. Ён хацеў бы ўжо трохі прыпыніцца, хоць на хвіліну, каб ад грудзей адлягло, але нельга, не дазволена. Назіральнікі зноў пачалі голасна лічыць:
— Чатыры... Пяць...
Петрык адчуў, што можа стаць блага. Ён прыпыніўся, пачаў глыбока дыхаць. Але тут жа пачуўся Валодзікаў голас:
— Не-э, так несправядліва. Так мы не дамаўляліся... Га?
Петрыку нічога не заставалася, як зноў сагнуцца над табурэткай.
— Шэсць, — працягвалі лічыць хорам. — Сем... Восем...
«Усё, Петрык, хопіць. Ты перамог», — хацелася сказаць Мані, але яна не рашалася перад усімі паказаць свой інтарэс да Петрыка. А ён дапяў да дзесяці, паглядзеў на ўсіх і спытаў:
— Ну што, хопіць?
— Як сабе хочаш.
— Хопіць, ты перамог, — вырвалася ў Мані. А з-за спінаў пачуўся перасохлы Тэклін голас:
— Хопіць, хопіць... Хіба не бачыце, што яму блага будзе? Ён і так перамог, — і ўсё на бутэльку кідае позірк, бо ў самой даўно пад лыжачкаю смокча.
Петрык здзіўлена зірнуў спярша на Маню, пасля на Тэклю.
— Ну, яшчэ два і даволі, — сказаў і скалануў плячыма. — Гідка стала... Во тутака стаіць, — і паказаў на горла.
— То не пі, Петрычак. Нашто табе мучыцца? — паспачувала Тэкля.
Усе гучна засмяяліся. Тэкля, аднак, дачакалася свайго. Падцікавала, і,
як толькі Петрык адышоўся ад табурэткі, яна са сваёй невядома дзе здабытай шклянкай ўжо стаяла каля Івана. Таму нічога не заставалася, як пад розныя кепікі прысутных наліць ёй:
— На, ведай нашу дабрату.
— Дак я даўно ведаю, што добры ты чалавек, — пахваліла Тэкля і адразу паднесла шклянку да свайго прагнага рота. Іван звярнуўся да Петрыка:
— Твая перамога. Васіль, давай польку для Петрыка.
Васіля доўга прасіць не трэба. Петрык трохі хіснуўся, відаць, пітво брала сілу, пасля павёў вачыма па крузе: каго запрасіць. Позірк спыніўся на Мані.
Яна ажно пачырванела: не толькі ад таго, што вось-вось запросіць на танец яе жаданы кавалер, у гэтым яна не сумнявалася, а таму, што ўсе ўбачаць, як яны будуць кружыцца адны — на ўвесь надворак адны! Петрык яшчэ і не дайшоў да Мані, а яна выставіла да яго свае рукі, як бы сама запрашала: хутчэй, ну хутчэй жа ты, хібя не бачыш, не разумееш? А ў самой ажно галава пайшла кругам, як у Петрыка. Але ў яго мо ад выпітых напарсткаў. А ў яе?
Петрык абняў Маню за талію, яна паклала руку яму на плячо, дакранаючыся пальцамі да кучаравай шавялюры, і яны закружыліся. Моладзь у такт гармоніку запляскала ў ладкі. У Мані ажно скакала сэрца, яму было цесна, яно прасіла прастору і волі і таму гатова было вырвацца з грудзей. Перахапіла дыханне. Не ад хуткай полькі, не. Яна не раз танцавала яе, і нічога. Тут было нешта іншае. Такога яна не адчувала ніколі раней. Ды яшчэ чамусьці ўсё навокал нечакана панеслася перад вачыма, паплыло ў імклівым карагодзе, так бывае, калі едзеш конна, а конь пусціцца ў галоп.
Маня мацней абхапіла Петрыка за шыю. Адчула, што і ён цясней прытуляе яе да сябе. Перад вачыма ўсё зліваецца ў адну лінію. Толькі белым пасам нясецца ўслед святло лямпы, што вісіць пад страхой каля дзвярэй.
Маня перавяла позірк на твар Петрыка, убачыла ягоныя валошкавыя вочы, хоць пра колер можна было толькі здагадвацца, бо месяцавае святло надавала ўсяму нерэальны выгляд, і здзівілася — з вачэй зыходзіў нейкі незвычайны бляск. Ён вабіў, цягнуў да сябе, заварожваў, абяссільваў. Маня нечакана хіснулася, збілася з нагі.
— Спакойна, — ледзь пачула Петрыкавы словы. — Не падай, апірайся мацней на мяне.
Ён удала крутнуў Маню ўлева, моцна падтрымаў рукой — ад гэтага дотыку-прыціску ў галаве стала яшчэ больш тлумна і бязважка, а яе вялікія чорныя вочы, што дасталіся ў спадчыну ад маці, самі па сабе сачылі за ягоным позіркам. Петрык то запавольваў тэмп, аслабляючы рукі і адпускаючы Маню ад сябе, нібыта даваў перадых нагам і дазваляў партнёрцы набраць поўныя лёгкія начнога паветра, і тады яна выяўна бачыла колер ягоных вачэй, а з цёмных зрэнак, здаецца, ажно чорцікі выскоквалі, то нечакана, але разам з музыкай, пускаўся як не ў галоп і зноў прыціскаў Маню да сябе, а ў яе доўжыўся той незразумелы і дзівосны стан, ад якога п’янка і гулка станавілася ў галаве.
Яна проста шчаслівая. Ёй было хораша. Упершыню за сённяшні вечар. І за апошнія месяцы таксама. Яна нават не магла падумаць, што захапленне хлопцам можа быць такім моцным, што яно здольна перабіваць і перасільваць усе іншыя пачуцці. Каб раней нехта ёй казаў пра такое, то яна не паверыла б, пасмяялася б. А цяпер? На вось, смейся. Сама з сябе.
Маня часам гэта і рабіла, здзекліва дакарала сябе, выгаворвала сама сабе за такую несур’ёзнасць — тут пра хлеб трэба думаць, працай галава забіта, а яна вунь што выдумала — па кавалеру сохне. Але як ні супраціўляўся розум, сэрца не згаджалася з довадамі галавы. Маню магнітам цягнула да Петрыка. Часам ёй было проста добра ад аднаго адчування, што ён побач, на адным полі, на надворку... Ёй гэтага хапала, каб быць супакоенай. Але парой у яе нібыта д’ябал улазіў. Была нязноснай з таварышкамі, сердавала, сварылася, хоць сама добра разумела, што сяброўкі тут ні пры чым.
Ды як ні намагалася сама сябе супакоіць, незразумелая злосць толькі мацнела, гняла, трывожліва тачыла сэрца. Маня тады пачынала яшчэ больш апантана працаваць, каб гэткім чынам выбіць з галавы непатрэбныя думкі. Але супакаенне наступала толькі часова. Мінала колькі дзён, і яна зноў пачынала думаць пра Петрыка, узірацца ў той бок, дзе стаяла хата Гэтэвічаў. Ну што ты зробіш, калі маладая кроў не адно працай здавальняецца...
Полька не сціхала, водзячы Петрыка з Маняй то ўлева, то ўправа. Нечакана каса на Манінай галаве, якая дагэтуль была скручана ў высокую горку, аслабела, а пасля і зусім спусцілася па плячах як не да зямлі. На імгненне Маня тармазнула імклівы рытм, але адчула, што Петрык не збаўляе яго, і вырашыла: ат, хай будзе, што будзе. Ніхто ж не танцуе, нікому замінаць не стане. А каса і сапраўды то звісала нерухома, калі танец запавольваўся, то пачынала віхляць у паветры і ажно падымалася ўгару, адрывалася ад спіны, кружылася самастойна — у такі момант, калі б нехта стаяў побач, каса магла б марськануць па вачах. Маня адчувала нязвыклы цяжар, важкая каса цягнула галаву назад, змушала напружваць шыю. Петрык заўважыў гэта, на імгненне прыцішыў тэмп, падхапіў касу рукой і прыціснуў да таліі. Маня вачамі і ледзь прыкметнай усмешкай на вуснах падзякавала яму.
Полька ваўсю віравала на Васілёвым надворку. Гарманісты без стомы націскаў на белыя і чорныя гузічкі, на ўсю даўжыню расцягваў мех, схіляў галаву набок — нібыта прыслухоўваўся, ці хопіць у гармоніку духу, бліскаў вачыма і падміргваў барабаншчыку: давай, давай, не збаўляй тэмпу, не шкадуй валовай скуры — вытрымае. Аднак Васіль не забываўся назіраць за танцорамі, нібыта ён і сам быў у тым коле.
Петрык прыслухоўваўся да гарманістага, лавіў усе яго пераборы, каб дакладна патрапляць у рытм, а Васіль гэтак жа ўважна сачыў за Петрыкам і Маняй, каб у выпадку чаго падладзіцца пад іх. У гэткім суладдзі было танцаваць — не натанцавацца, цешыцца — не нацешыцца. Што ў поўнай меры і скарыстоўвалі танцоры. Асабліва Маня.
Часам Петрык прытупваў упыленымі ботамі — то няспешна і ледзь чутна, то нечакана моцна і шпарка, гэта на хутары называлася полька з прытупам — самы шык, самы цымус у танцы, што было сведчаннем найвышэйшай здатнасці. Маня старалася ні ў чым не адстаць ад яго, адно што абыходзілася без прытупу. Яна і без таго была на сёмым небе — калі яно і праўда існуе і на яго можа патрапіць просты чалавек. Дзеля такога танца, дзеля гэтага моманту можна было і ўвогуле ўвесь вечар ля плота прастаяць альбо сцяну падпіраць.
А яна ж з самага пачатку не губляла надзеі станцаваць з Петрыкам. Але ўдача не паддавалася, што трохі нервавала і збівала святочны настрой.
Яна ўжо і сама наважвалася запрасіць, калі аб’яўлялі «белы» танец, падчас якога дзяўчаты бралі хлопцаў, аднак яе ўвесь час апярэджвалі. Тады яна злавалася на сябровак, лічыла, што яны знарок так робяць. Да Мані падступалася помслівасць. Не, каб злосць і народжанае ёю імкненне зрабіць некаму прыкрасць, то не. Проста Маня напоўніцу скарыстоўвала з тутэйшага звычая. Яна выцікоўвала Петрыка, падскоквала да яго, весела і працягла пляскала ў ладкі, што азначала: дзяўчына, аддай мне свайго кавалера. Тая і сапраўды адступалася, ішла адбіваць сабе іншага хлопца.
Маня клала правую руку ў далонь Петрыкавай левай, а сваёй правай абхоплівала яго за спіну, і яны пачыналі вальсаваць. Сэрца ў Мані тахкала так, што, здавалася, заглушала музыку.Тады Маня злавалася: «Чаго гэты Колік Гэтэвічаў так ціха грукае ў барабан? Мо знарок, дае зразумець свайму брату, што адчувае Маня?» Але ёй было ўсё адно, мо нават і хацелася, каб Петрык сам зразумеў яе.
Аднак ён і вокам не вёў, хоць танцаваў лёгка, захоплена, па-майстэрску вадзіў Маню сярод іншых пар, умела абыходзячы іх, каб незнарок не сутыкнуцца. Хоць з некаторымі такое часам здаралася, а нехта, асабліва з тых, што на добрым падпітку, сумысля наравіў некага зачапіць, а калі ўдасца, то і добра штурхануць, каб пара развалілася, а каторы з танцораў і на зямлю ўпаў, каб пасмяяцца, а пазней і паздзекавацца з хлапечай нястойкасці і няздатнасці абараніць партнёрку — гэткую ганьбу пакрыўджаны запамінаў надоўга, а пры выпадку не прамінаў не менш крыўдна адпомсціць.
Белы танец доўжыўся. Маня цешылася са свае танцавальнае ўдачы. Але нядоўга. Хтосьці з дзяўчат мо назнарок падбег да іх, пляснуў у далоні, і Петрык першы, Маня гэта крыўдліва заўважыла, адхіснуўся ад яе, перахапіў новую партнёрку. Мані ж заставалася шукаць новага кавалера. Яна пакрыўджана падціснула тонкія, як два маладзічкі, губы, і пачала выцікоўваць у коле танцораў прыдатнага хлопца. Гэтага не прамінулі падмеціць пільныя падшпаркі. Некалькі падлеткавых галасоў адразу завялі бяскрыўдную на першы погляд частушку:
А там пад баракам
Танцавала рыбка з ракам.
А пятрушка дзівавала,
Як там рыбка танцавала...
Бяскрыўднай яна здавалася для недасведчаных альбо проста для слухачоў. Аднак гэтыя словы мелі для чуллівых душ асаблівы сэнс. Яны азначалі, што нехта чужы ведае пра твае пачуцці, здагадваецца, каго ты выглядаеш, і хто не надта спяшаецца з табой пагаманіць, пастаяць, паспяваць ці патанцаваць. А гэта значыла яшчэ большае: ты на яго вока маеш, лічыш сваім кавалерам, а ён на цябе нуль увагі, яго сэрца мо другой занята. А калі яшчэ далей, то гэтая частушка выкрывала, хто ў каго закаханы. Некаторыя злаваліся на падшпаркаў, праганялі іх, што бясспрэчна сведчыла пра таемны сэнс частушкі. Некаторыя ж лічылі за лепшае ўвогуле не зважаць, каб самім жа не пацвярджаць яе справядлівасць.
Маня насуплена зірнула на падшпаркаў, сярод якіх заўважыла малодшага Чэсевага брата Адася. Спачатку хацела злосна крыкнуць, але нечакана ёй згадалася, што некалі і сама была сярод такіх спевакоў. Таму адно ганарыста крутнула галавой, як бы папраўляючы касу, і пайшла шукаць новага партнёра. Яна заўважыла, як спрытна вытанцоўвае вальс Гэтэвічаў
Іван, Петрыкаў брат. Яна наважылася адбіць яго ў расчырванелай Пахвалёнчыкавай Стасі і ўжо ступіла да іх. Але побач вольным аказаўся Чэсь.
— Што, хочаш маю сястру з танца вывесці? — пажартаваў ён. — Давай лепей я замяню яе, — і запрасіў Маню танцаваць. Яна паспрабавала адбівацца:
— Гэта ж жаночы танец...
— Ну і што? Ты ж усё адно вольная. Ці мо не хочаш са мной, га? — нібыта знарок пагрозліва пытаў Чэсь.
«Каб цябе качкі затапталі. Ну й в_упар, не адгонішся...» — падумала Маня, але пачынаць непатрэбную перапалку не захацела, згадзілася. Пасля Чэсь прапаноўваў сваю руку і другі раз, і трэці.
— Вельмі добра танцуеш. Адчуваеш партнёра... Мне падабаецца, — пахваліў Маню, што, вядома, пацешыла яе самалюбства, але і выклікала нейкую незразумелую трывогу.
Пакуль Чэсь запрашаў на танец, а назіральныя дзяды з бабамі зазначылі, што надта актыўна, як ніколі раней, то яшчэ няхай сабе. Але што будзе, калі стануць разыходзіцца? Ён жа не адчэпіцца, пачне сляпіцай лезці, каб дадому правесці. Не адыдзецца, хоць ты махалам махай. А Мані ён патрэбен, як леташні снег. Яна на Петрыка спадзяецца.
Падабаецца ёй гэты невысокага росту хлопец. Амаль гадок. Ладна скроены, светлыя кучаравыя валасы падобныя на жытнёвы сноп, з-пад іх сінімі валошкамі бліскаюць быстрыя вочы. Рухавы, але не мітуслівы. Ураўнаважаны ў размове, сталы ў працы: ведае што, калі і як лепей зрабіць. Добры гаспадар расце. Так усе пра яго кажуць. Хоць у працы першынство аддаюць Івану. Мо таму і падабаецца Петрык Мані. Хоць яна бачыць, што за ім страляе вачыма не адна дзяўчына і не адно з іхняга хутара. Да Мані ён адносіцца як і да іншых. Ёй жа гэтага мала. Аднак яна баіцца, каб бацька не заўважыў, бо не адобрыць. Не, сварыцца не будзе, адно гляне сурова і скажа, як было ўжо: «Не табе пара. Малая яшчэ. Не твой кусок, не праглынеш. Хай іншыя ім душацца... »
Як ні намагалася Маня, ды не магла зразумець гэткай бацькавай нялюбасці. Дапытвацца ж пра яе прычыны не смела, у іхняй сям’і было не заведзена надаядаць бацькам сваімі праблемамі: калі сказалі, то перайначваць не будуць. Але няхай пакуль, надарыцца нагода, высветліцца...
Так было цягам усяго вечара, але толькі да гэтай вось хвіліны, пакуль Петрык сам не запрасіў яе на польку. Маня радуецца, што святло месяца ўсё ж не сонечнае, не відаць, як счырванеў яе твар, як здрадлівыя кропелькі поту пацеркамі выступілі на скронях.
Калі полька закончылася, Петрык галанта нахіліўся, як сапраўды гжэчны кавалер, паднёс яе руку да сваіх вуснаў і пацалаваў. У Мані ажно сэрца зайшлося — гэткай падзякі яна не чакала. Пачула, што воплескі сталі мацнейшымі, але не зразумела, ці гэта пляскалі ім абаім, ці такім чынам ацанілі Петрыкаву вынослівасць: і напарсткаў перакуліў больш за іншых, і гэткі віхурысты танец вытрымаў. Але як бы там ні было, а Петрыкаў жэст заўважылі ўсе, значыць, заўтра пачнуць па-свойму талкаваць на гэты конт. Бо людзі ж не сляпыя, усё бачаць, часам нават тое, чаго і заўважыць нельга, чаго і сам не ведаеш.
«Ат, хай сабе бачаць, хай гавораць, што хочуць, — падумалася Мані. Яна ж надоўга захавае ў сваім сэрцы гэтую нязвыклую хвіліну, гэты радасны момант, які не адно пацешыў, але і даў надзею, сагрэў, падтрымаў спадзяванне, бо яна станцавала з тым, з кім найбольш хацелася. — Значыць, вечар не змарнаваны...»
Маня кіўнула Петрыку ў адказ і адышлася да кустоў бэзу, дзе стаяла купка дзяўчат, — астыць і супакоіць эмоцыі.
А за кустамі чуліся толькі ціхія хіхіканні ды не вельмі напорыстая нязгода каторай з дзяўчат: «Не трэба, Сяргей... Ты ж не Чэсь...», і больш настойлівае пярэчанне хлопца: «А што? Калі не Чэсь, то ўжо і не лезь?.. »
Ігрышча на хутары — што тут яшчэ скажаш...
Маня падняла чарговую жменю жыта, марськанула ім у паветры і з палёгкай апусціла на перавясла.
«Хопіць на сноп, — падумала. — А то не падняць. Трэба новае перавясла разаслаць».
Азірнулася, снапоў было багата. Праўда, не адно яна нажала. Учора разам шчыравалі тут бацька з маткай, Саша з Косцікам і яна з Жэняй. Добры загон паклалі. А вось паставіць усе снапы ў мыдлі не паспелі: ноч нахапілася. Але на дождж не паказвала, хай пераначуюць, вырашылі, заўтра ўправімся. Вось і ляжаць снапы роўнымі радамі, амаль праз роўныя прамежкі, каласамі да ржышча. Назаны хоць і жылі часам з квасам, а парою з вадою, ды ва ўсім любілі трымаць марку, калі робяць што, то не толькі не марудзячы, але і каб прыгожа было, каб іншым прыемнасць.
«Снапы — як волаты на спачынку, покатам ляжаць», — нечакана падумалася Мані, і яна ажно здзівілася: як такое параўнанне ў галаву прыйшло.
Але і праўда на волатаў падобныя. Магутныя, з доўгімі гнуткімі сцяблінамі-целамі, кожная з якіх перацята чорненькім вузельчыкам, як папругай падперазана. Добрая салома будзе. Каб толькі абмалаціць удалося, пакуль мышы не пашаткуюць.
З вусоў важкіх каласоў вытыркаюцца востранькія пікі зярнятак, як бы на свет пазіраюць, дзівуюцца, што робіцца тут, чаго паклалі іх на зямлю? Нацярэбіш іх у далонь, і самі ў рот просяцца. Кінеш адно-другое зернейка, зубамі адчуеш іхнюю пругкасць, пасля няспешна разжуеш — здаюцца саладзейшымі за любую цукерку. Смак такі, што падобнага нідзе-нідзе не знойдзеш, мілейшы за ўсе іншыя.
Вядома чаму — тут змяшаліся ўсе пахі свету: і водар сонца, і моцны дух зямліцы, усё насычана ветрам, які з шырокіх прастораў сабраў усе іншыя пахі поля і неба і аддаў кожнаму асобнаму зернейку. А яшчэ таму пахнуць зярняткі, што кожнае з іх шчодра і не раз абмыта крыштальнай расой. Нездарма бацька кажа, што жыта мудрэй за розныя дакторскія лекі чалавека на ногі ставіць. Яно і праўда, вунь як людзі навучыліся з магчымасцяў жыта карыстаць. Гэта не толькі харч, не адно смачны бохан. Дадасі да цеста патрэбных зёлак ды насення розных траў, і вось табе лякарства ад глістоў, апухласць здымае... І ўсё ад таго, што ўвабрала жыта ўсе самыя карысныя і добрыя пахі, насыцілася жывільнымі сокамі зямлі, надыхалася свежым і пахкім ветрам, абмылася чысцюткай расой, нябеснымі дажджамі апаласкана.
У Мані ажно цяжкі ўздых вырваўся з грудзей і пацяклі слінкі — так захацелася акрайчык хлеба, спечанага на кляновым лісці ў іхняй вялікай печы. Здаецца, тут вось лунае гэткі вабны пах, што ажно дражніць ноздры, зводзіць жывот. Яе мама лічыцца ці не найпершай пекаркай на ўвесь хутар. Усё ўмее — і хлеб спячы, і каравай да вяселля такі вырабіць, што заглядзенне. А пекару патрабуецца шмат умельства — дзяжу да першага замесу прыбраць, дапільнаваць, каб закваска не заплеснела, каб лісце клёна і дуба было прыгожым, вялікім і сухім. Боханы ў мамы заўсёды атрымліваюцца круглыя, як вытачаныя, і без трэшчынак.
Пра тое ж, як мама месіць цеста, як пільнуе, каб не ўцякло яно, каб не асела, як шчыруе і чаруе над дзяжой, можна расказваць цэлы дзень. Колькі ўжо назірае за гэткім шчыраваннем Маня, а ніяк не здолее спасцігнуць таго няўлоўнага сакрэту, пасля чаго пачынаецца цуд нараджэння хлеба. Мама не раз жартаўліва казала:
— Вучыся, вучыся, бо пакамісь не навучышся хлеб пячы, замуж не пойдзеш. Каб не ганіла фамілію нашу...
— Дак я вучусё, а яно ўсё не выходзіць. Ды і ты не хочаш нічога расказаць.
— А што тут расказваць? Хлеб не языком месяць, а рукамі. Вось глядзі, як я раблю, і сама вучыся.
— Усе вочы прагледзела, і што? — кажа пакрыўджана Маня. — Дак мне што, мо векавухай застацца? З твае ласкі?
— Не, мая ласка такая, каб ты не толькі добрага жаніха знайшла, а і каб дбайнай гаспадыняй у сваёй хаце была, — неяк асабліва цёпла кажа мама. — А хлеб — гэта найпершаё ўмельства. Як у хаце без хлеба? Я табе некалі раскажу, як сама вучылася, — у каторы раз абяцае мама, але ад абяцання да здзяйснення аказваецца далёкая дарога.
Ось бы цяпер скарыначку ўкінуць у рот і смактаць, адчуваючы языком непаўторны ржаны смак, смактаць, пакуль сама яна не растане, не растворыцца, не ўвасобіцца ў сілу, якая патрэбна, каб поле зжаць, падрыхтаваць жыта да новага хлеба. Смаката! Маня адчула, што ажно пачало смактаць пад лыжачкай. Зрэшты, яна можа зрабіць сабе такі падарунак хоць зараз. У кайстры, якую заўсёды бярэ з сабою на поле, ляжыць бутэлька малака і добрая луста хлеба — акурат акрайчык, бо мама пачала новы бохан. Але Маня пачакае абеду, каб наетасць размеркаваць на ўвесь дзень і не завяршаць сённяшнюю працу надгаладзь.
Галава думкамі захоплена, а рукі працы не перапыняюць. Змахнула пот, што пацеркамі каціўся па шчоках. Ні на імгненне не збаўляе тэмпу. Прыпынішся, саб’ешся, тады цяжка назад да справы вяртацца.
Неўзабаве сонца цераз поўдзень перайшло. Хутка павінен Саша прыйсці, каб снапы павязаць і ў мыдлі пасастаўляць. Добры кавал работы. Калі запозніцца, то ці паспее да вечара, бо як упадзе раса, кепска будзе зернейкам. Трэба схаваць іх пад капялюш — гэта калі мыдлю накрываюць зверху трохі таўсцейшым снапом, распушаным накшталт капелюша, каб дождж не заліў і не зглумгў ураджаю.
А з расой у Мані звязаны свае ўспаміны. З дзяцінства. Калі малой была, мама будзіла дачушку раным-раненька, брала яе пад пахі і выносіла на ўтравелы надворак. Дзіцяці яшчэ спаць хочацца, вочкі зліпаюцца, а мама экзекуцыю наладжвае — так Мані здавалася. Моцна трымае дачку пад пахі і з усёй вышыні свайго росту пачынае гушкаць. А тады згінаецца сама і апускае Маню ўсё ніжэй і ніжэй, аж пакуль голыя ножкі малой не пачнуць даставаць да роснай муравы. Маня палохаецца, пасля ажно жахаецца ад холаду і страху, пачынае плакаць, падцягваючы ножкі і абдымаючы маці. Але яе не правядзеш, яна выбірае большую траву і згінаецца яшчэ больш, і Маніны ногі ўсё адно абмывае халодная раса, а калі дзяўчынцы хочацца схаваць іх і яна пачынае трапятаць імі, то гэта яшчэ больш збівае кропелек і яны дастаюць ажно да каленяў. Мама толькі прыгаворвае:
— Гэта табе на здароўечка, мая ты дочачка. Каб абмылася Божымі слёзкамі за нас, грэшных. Каб дужай і здаровай была. Каб не баялася хадзіць па зямліцы роднай. Каб расла, расла і нас вяселлем страсла... А я ж усіх сваіх дзетак да гэтага прывучыла...
Маня румзае, мама прыгаворвае, а звысоку нібыта пасміхаецца з іх усё больш цёплае сонейка. Хутка і Мані становіцца не так холадна, як напачатку. А пасля ногі ажно гараць, як бы з цёплай-цёпленькай вадзіцы іх дасталі, і яна сама ўжо смела бегае па мураве.
Пагушкае гэтак матка дачушку, пабегае тая па надворку і назад у цяпло пасцельнае, пад кудзельную коўдру. Там яны з маткай кожную ночку спяць. А матка зноў параду дасць:
— Паспі яшчэ трошку. Цяпер добры сон прысніцца. І ўвесь цалюткі дзянёк будзе добрым і ласкавым да цябе, як трава-мурава...
Паступова Маня так прывыкла да гэткіх ранішніх мацыёнаў, што, калі падрасла, сама на двор штораніцы выбягала, каб ножкі ў расе Божай абмыць, і ніколі не баялася па роснай траве кароў на пашу ганяць. Часам, каб ніхто не прыкмеціў, вадзіла рукамі па высокай траве, набірала на іх цудадзейнай вадзіцы і абмывала твар, адчуваючы, як маладзее ён, як дадаецца сілы і ахвоты рабіць любую справу.
Маня падняла вочы, зірнула на ржышча, ладны кавалак якога аддзяляў зарослую травой палявую сцежку ад нязжатай збажыны, — ці не відаць Сашы. Позірк міжволі ўпаў на неба, туды, дзе некалі вісела чорненькая хмарка. Паглядзела — і ледзь не крыкнула ад нечаканасці: ужо не бездапаможная лапінка, а нібыта вялізная чорная хустка канаплянка закрыла добрую частку неба і рухаецца на Запаскі.
— Божа ж мой, а што ж гэта будзе? — ажно скаланулася Маніна сэрца. — Не дай Бог дажджу. А снапы не толькі не састаўленыя, а нават не звязаныя.
Маня ўторкнула серп у зямлю побач з нязжатай палоскай, ручкай уверх, каб відаць было, каб не згубіўся. Сама ж кінулася да першага рада снапоў і пачала хуценька звязваць перавяслы. Шорсткая салома, асабліва вусы ад каласоў, калола рукі, вострае ржышча часам балюча драпала скуру, ажно да крыві. Маня крывіла губы, але не адступалася — не хапала, каб гэтулькі працы змарнавалася. Не, не толькі яе цяперашняй працы. Намаганняў і старанняў цэлага года, бо жыта не адным днём вырошчваецца, яна гэта на сваіх руках спазнала. Тут ужо не да балячак. Хлеб найгалоўней за ўсё.
«І дзе гэты Саша дзеўсё? — выцікоўвае Маня. — Чаму не ідзе? Каторая пара, а яго і не відаць. Хібя не бачыць, што падмачыць можа?» Раз за разам Маня кідае спадзеўныя позіркі на ржышча, на недалёкі Школьны лясок, з якога павінен з’явіцца брат.
Няма. Толькі пачало варушыцца голле на бярозах. Ды неба моцна адмянілася. Значыць, нахопліваецца вецер, і праўда дажджу нагоніць. Добра, каб бокам пайшоў, але тут ужо не пакіруеш, не падкажаш. І Маня ўвішна ўзялася за працу — звязваць снапы.
Маня даўно ахрысціла навальніцу музыкай. Хоць і страху вялікага зазнала не раз, аднак навальніца для яе найперш магутная і неўтаймоўная музыка прыроды, невыказна захапляльнае, дзівоснае і страшнае драматычнае дзейства, якое ўцягвае ў сябе не толькі ўсе сілы прыроды, а і моцна закранае людзей, робіць іх жывымі ўдзельнікамі гэтага непаўторнага відовішча. Мані больш падабалася не нечаканая навальніца, якая налятае раптоўна, з вялікім ветрам і адразу буйным дажджом. Значна цікавей, калі навальніца праходзіць усе стадыі свайго развіцця — ад няспешнага зачыну недзе зводдаль да гукавой кульмінацыі, калі ўсе гукі сусвету збіраюцца разам, чуюцца адначасова, утвараюць такі аркестр, што ніякі хутарскі ніколі з ім не зраўняецца, хай сабе да яго далучацца ўсе-ўсе жыхары іхняга Язаўца — з гармонікам, барабанам, грабеньчыкамі і травінкамі. Нават калі пастушкі дададуць свае дудачкі-свісткі, і то далёка будзе да магутнага гучання прыроды.
Посвіст ветру ў полі — здаецца, тут і прычын для свісту няма, а на табе: свішча; шамаценне галля і лісця дрэў; паўсюднае і рознагукавое шпоканне кропляў — па пяску, па сцежцы, па лісці, па гонце, чарапіцы альбо саломеннай страсе, па гладышах і збанках, што ветраюць на плоце; хлюпанне вады; лопанне бурбалак на лужынах; цурчанне раптоўных ручаёў, якія прабіваюць сабе дарогу і размываюць нават зляжалую зямлю на схілах невялічкіх пагоркаў; плюханне дажджу па лапушыстых лісцях буракоў і іншай гародніны; шамаценне палявых раслін і збожжа; нечаканы трэск якога-небудзь сука на ліпе ці на асіне, што не вытрымлівае напору ветру і вадзянога цяжару; падзенне абабітых лісцяў і яшчэ няспелых яблык; туркатанне колаў, што таропка ўцякаюць з поля пад паветку на родны надворак; цоканне конскіх падковаў — пакуль зямля не намокла, і тужлівы ўздых — калі яны з цяжкасцю вырываюцца з вязкай глебы, што не хоча іх адпускаць і намагаецца засмактаць; рэзкі і трывожны крык варон, якія не паспелі да дажджу ўладкавацца ў зацішку разлапістых елак і бяроз; шалясценне крылаў і рознагалосае шчабятанне пташак; прызыўнае рыканне кароў, калі яны дабягаюць да свайго двара і праз імгненне хаваюцца ў хляве — сухія і не намоклыя; роспачнае кудахтанне курэй, што па закліку гаспадарлівага пеўня таропка бягуць пад страху каля сцяны хлява і іхняе трапятанне: гэткім чынам страсаюць з сябе ваду; гагатанне гусей — і не зразумееш: ці то радаснае, што паспелі змазаць тлушчам пер’е, і цяпер ім ніякая залева не страшная, ці то трывожна-папераджальнае: уцякайце і хавайцеся ўсе, пакуль не позна, бо пасля будзеце шкадаваць; мокрае шлэпанне босых ног па выплесканай падэшвамі гладкай сцежцы; лясканне ад ветру незачыненых весніц у плоце; звон чыгуна, які зваліўся з ганка; груканне дзвярэй гумна, хлява і сяней, калі яны, здаецца, з палёгкай уздыхаюць — паспелі забраць пад свае сховы ўсіх і ўсё, каму трэба было схавацца; людскія галасы, якія таксама насычаны ўсёй гамай перажыванняў; гучнае перасоўванне дажджавой сцяны па ржышчы — калі жніўнай парой, а то і проста па паветры — аказваецца, гэткі рух таксама выдае свае гукі; а над усім неверагодна моцны, сапраўды аглушальны, бо аж вушы закладвае, грукат грому з імгненна адначасным асляпляльным бляскам маланкі — гэта і ёсць гукі навальніцы, яе музыка, аркестр нябачных сіл прыроды.
Падобную Маня слухала неяк у Сноўскім касцёле, дзе яна таксама чулася з усіх бакоў, зверху і знізу, здавалася, прыціскала да цэментавай падлогі, біла па перапонках вушэй і па плячах. А гэта гучаў усяго, як патлумачылі ёй, арган. З тае пары ягоныя гукі не-не ды і ажывуць у Манінай галаве без усякай на тое прычыны — велічна, моцна, шырока і трывожна. І заўсёды выклікаюць згадку пра навальніцу, а яна ў сваю чаргу нагадвае пра арган.
Скручваць тоўстыя канцы перавясла, дзе на карэньчыках засталіся рэшткі зямлі, то няхай сабе, але вось звязаць сноп для Мані цяжка. Даводзілася і папацець, і рукі добра натрудзіць ды яшчэ пакалоць усе пальцы і калені. Чаму калені? Таму што Маня націскае на сноп то левым каленам, то правым, каб свабадней стала пад перавяслам і можна было запхнуць туды скручаныя канцы, вузел зрабіць. Каб не раз’ехаўся важкі сноп, калі будуць на воз класці і ў гумно адвозіць. Бо засмяе Саша, што абяссілела, што слабка перавясла завязала. Добра смяяцца, калі ў яго рукі звыклыя да любой працы, загрубелі, не баяцца ні ржышча, ні нават калючак асоту. Не тое, што маладыя дзявочыя. Хоць і яны ніякай працы не цураюцца, ды не параўнаеш з дужымі мужчынскімі.
Неўзабаве Маня ўжо не чула кончыкаў пальцаў, яны як анямелі, балюча стала падрапаным каленям, ные сярэдзіна. Ажно ўпрэла ўся, горш, чым на жніве. Пачала вязаць снапы не так туга. Але як толькі ўзялася за адзін, каб падкінуць да іншага, дзе мыдлю намервалася ставіць, сноп раз’ехаўся. Маня ледзь не плакала ад роспачы і злосці на Сашу.
«Дзе ён дзеўсё, бамбіза гэты? Няўжо не думае ісці? Хай бы тады сам бацька прыходзіў. Бо я тут і да ночы не спраўлюсё...»
Падумала так і зноў на неба зірнула. Тады на лес. З радасцю заўважыла, што адтуль на ўсю моц нясецца запрэжаны бык, а на возе сядзяць бацька з маткай і Саша. Праз гэтага быка ох колькі дастаецца Назанам. Не адно на цэлы хутар праславіліся — усе ваколіцы ведаюць, што толькі ў Міхася Назановага бык за каня служыць. Бо і праўда, ні ў кога больш няма такой фурманкі, каб бык у яе запрэжаны быў, ніхто, акрамя Назаноў, не арэ валом, не барануе і не выкарыстоўвае дужага быка заміж каня, каб цяжар розны вазіць.
Але — смейся сабе ці плач, а не перайначыш, нічога не зменіш, бо няма ў Назаноў каня. Некалі то быў, але звёўся, а каб новага прыдбаць, трэба мець шмат грошай. Ды дзе іх возьмеш, калі самі канцы з канцамі ледзь зводзяць. Вось і давялося Міхасю прывучваць вала да гаспадарскай працы, добра, што быў свой. Нават ярмо зрабіў, чаго век не бачылі ні яго дзяды, ні іншыя сяльчане ў Доўкіндах, дзе раней жыла сям’я. Як ні ўпарціўся бык, а настойлівасць ды ўпартасць Міхася перамаглі. Здаўся вол, пачаў рабіць нязвыклую для яго працу. Смешак, што праўда, хапіла ажно збыт. Але смех не дым, вочы не выесць, а вось праблем з апрацоўкай поля ды з паездкамі на возе паменела. Аднак, хоць і звыкліся хутаране з такой цяглавай сілай, ды ўсё адно з цікаўнасцю і насмешлівасцю пазіралі на валовых ездакоў.
Калі фурманка спынілася, Саша не прамінуў нават перад дажджавой небяспекай звярнуцца да Мані ў сваёй звыклай коласаўскай манеры:
А жнейкі жнуць. Іх твар палае,
Іх пражыць, сушыць смага тая,
Якую трудна ім здаволіць,
Якая толькі «піць! піць!» моліць.
Сярпок скрыгоча прагавіта,
Жытцо зразаючы сярдзіта,
Як бы яму ўсё мала стравы —
Нядарма ж вылез ён з-за лавы;
Цяпер яго краса-часіна:
Шпарчэй, шпрачэй жа гніся, спіна!
І дадаў, звяртаючыся да Мані:
— Шпарчэй, шпарчэй згінай ты спіну, бо дождж салье тут збожжа на мякіну.
— Кінь ты свае выкрунтасы, — зазлавала Маня. — Зух знайшоўсё. Буду я табе патураць... —Хібя не бачыш, што хмара насоўваецца?
— Нічога, не бойся, — дражніцца з сястрою брат. — Не з цукру, не размокнеш. А ты забылася, што з вялікай хмары малы дождж?
— Вялікі ці малы, а шкоды наробіць, — уступіла ў іхнюю перапалку маці. — Давай, давай, Саша, снапы вязаць ды ў мыдлі ставіць.
«Дзякаваць Богу, справімсё», — павесялела Маня і пацерла падрапаныя ажно да локцяў рукі.
— А дзе ж Паўлік? — пацікавілася.
— Дзе-дзе, — як бы перапытала мама, — удома пакінулі. Каб не змок, калі дождж завінецца. Не спыніць было шмаравоза гэтага, — сказала як бы з нейкім нават гонарам. — І хвілінкі не пасядзіць спакойна, не пастаіць на адным месцы...
— І ён згадзіўсё? — не паверыла такому Маня, бо ведала, што найгоршым пакараннем для малога было застацца аднаму ў хаце, асабліва, калі цёмна. — Мусіць, добра іжыцу выпісалі перш чым пакінуць?
— Не, біць не білі. І без таго галасіў на ўсю хату. Але замкнулі, пасядзіць адзін. А калі сплачацца, то засне...
Да канца ўправіцца не паспелі, хоць і вельмі спяшаліся. Дождж аказаўся больш спрытным, апярэдзіў. Як толькі ўпалі першыя кроплі, Саша не прамінуў адазвацца радкамі Коласа:
А дождж шуміць, а дождж гудзе
І бліжай-бліжай ён ідзе
І даль туманам засцілае.
Упала кропля і другая,
За імі цэлым вадаспадам
Буйныя капкі, як бы градам,
Па лісцях дуба секанулі
Ды далей сетку пацягнулі...
Работу перапынілі, бо мыдляваць у такое надвор’е марная справа — падмочаныя каласы могуць спарыцца. Добра, што звязаныя снапы саставілі ў мыдлі і накрылі капелюшамі. Цяпер жа барукацца са стыхіяй, ісці з ёй навыперадкі не мела сэнсу. Праўда, галоўны лівень абмінуў іх, прайшоў бокам. Недзе там, за Школьным лесам, паліваў добра, як з вядра. На Запаскі толькі вецер наляцеў. Ішоў понізу. Гнуў долу нязжатую яшчэ збажыну, раскідаў некалькі не звязаных снапоў, паваліў недастаўленую мыдлю. Нашкодзіў і далей паляцеў, стала ціха. Адно чуваць шастанне дажджу па нязжатых каласах, накрытых мыдлях і нязвязаных снапах. Іх шкадавалі найбольш, бо моцна прамочыць, давядзецца па ржышчы распускаць...
Ставіць мыдлі без навукі таксама няпроста. Аднаму ж яшчэ цяжэй. Бо калі ўдваіх, то адразу прыстаўляеш сноп да снапа, пасля два накрыж, затым усе іншыя паміж імі — запаўняй прагалы, каб атрымаўся стойкі стоўп, які ніякага ветру не павінен баяцца. Сама меней восем стаячых снапоў атрымліваецца і дзевяты зверху. Калі больш альбо снапы асабліва аб’ёмныя, а гэта залежыць ад даўжыні перавясла, тады можа капелюша не хапіць, каб накрыць.
Здаралася Мані мыдляваць і адной. Але гэта такія пакуты, што не дай Бог. Так нацягаешся цяжкіх снапоў, што вечарам насілу дадому дабярэшся, каб хутчэй на ложак упасці і праспаць да саменькай раніцы. Ды і нязручна адной. Паставіш сноп вертыкальна, каб быў за галоўнага. Да яго нахіліш другі. Пойдзеш па трэці, а гэты другі так прытуліцца да першага — як часам кавалер да дзяўчыны ў танцы, што не паспееш падысці, а ўжо абодва ляжаць на зямлі. Тады Маня пачынае хітраваць: паставіць вертыкальна ажно тры снапы, каб у адзін рад. Тады паціху нахіляе да цэнтральнага адзін з бакавых. Здаецца, прыхінуўся, стаіць, Маня спяшаецца падмацаваць канструкцыю трэцім, ды як на тое гора два першыя хіляцца і хіляцца долу, пакуль яна дабяжыць, каб падтрымаць, усе яны падаюць на зямлю. Як бы здзекуюцца. Альбо майстэрства тваё і цярпенне выпрабоўваюць. І нічога тут не парадзіш.
Такая яна, праца на зямлі, пакуль не намучышся — не навучышся. А пачнеш злавацца, жыта пакрыўдзіш. Увойдзе гэтая крыўда ў зернейкі, і каму тады добра будзе? Змелеш іх на муку, спячэш з яе хлеб, а злосць твая тады да цябе і вернецца. А калі некаму іншаму трапіцца такі бохан? Навошта дадаваць людзям горычы? Яе і без таго хапае ў жыцці. Таму са збожжам трэба з любоўю ўпраўляцца, каб добры хлеб выходзіў, каб мацаваў не толькі сілы, але і настрой уздымаў. Праца без настрою — гэта катарга, пакута, гэта не адно прымус над сабой, але і здзек з зямліцы, якая толькі шчыравальнікам ды людзям спагадлівай душы гатова аддзячыць. А калі на гэтай аснове паразуменне адбудзецца, тады і багатым можна стаць. Бо таму, хто ганьбіць зямлю сваёй няўвагай, абыякавасцю, хто абражае яе сквапнасцю, яна не даруе — як ні высільвайся, застанешся без хлеба. Мала таго, яшчэ і людзям на язык патрапіш, як недалэнга, няўмека, гультай...
Пра сям’ю Назаноў гэтага ніхто ніколі не казаў. Працавітыя, дбайныя, кемныя — гаспадары, адным словам. І няхай сабе вала маюць за каня, што ж тут парадзіш, калі лёс такі: не адно з канём шчасце. Следам за бацькамі ідуць і дзеці, усе лепшыя рысы падбіраюць, часам нават пераўзыходзяць. Такіх сем’яў нямала на іхнім хутары Язавец. Праўда, сёй-той часам губляе паразуменне з зямлёй, пачынае гультаяваць альбо на корак ад бутэлькі наступаць, тады даводзіцца перабівацца з квасу на ваду і з вады на квас. Хоць Бог усім роўны шанец дае, ды некаторыя, відаць, драмалі, калі раздача ішла, а калі прахапіліся, — позна, руплівыя ўжо карысць з таго шанцу мелі. Марудлівым даводзілася даганяць.
Хто настойлівы ды ўвішны — станавіўся ўпоравень, а калі абыякавы, калі па прынцыпе: што ўбіў, то ўехаў альбо: пусці — павалюся, то толку не будзе, не выцерабішся з нястачы, а то і ўсё жыццё ўпрогаладзь пражывеш. Не станеш гаспадаром, будзеш парабкаваць на іншых. Але калі згубіў гаспадарлівасць, то і парабка добрага не выйдзе. Каму патрэбен лянівец, якому хочацца адно смачна паесці і сяк-так дзень адпрацаваць? За дбайнага работніка кожны гатовы і аплату належную даць, і працай надоўга забяспечыць.
Так што як ні круці, а для працы на зямлі патрэбны сапраўдныя гаспадары, у якіх і ўмельства ў руках, і галава на плячах, і настрой у душы. Ды яшчэ песня на вуснах, бо без песень Маня не ўяўляла свайго жыцця. Зрэшты, як і шмат хто з хутаран. Вяскоўцы часам пакеплівалі з іх:
— І калі вы, хутарскія, справай займаецеся? Як ні сустрэнеш, то альбо з песняй, альбо з гармонікам...
— А мы такія, — аджартоўваліся хлопцы. — Зухаватыя. Усё робім адразу: паспяваем рукі намазоліць, язык аб зубы навастрыць і зямлю падэшвамі выплескаць.
— А нашто яе пляскаць?
— Каб вам добра было ад нас каціцца, калі замінаць будзеце...
Выбухаў смех, але жарты не перапыняліся.
— Як вам часу на ўсё хапае?
— А ў нас суткі даўжэйшыя...
— Не брашы.
— Каб мяне пярун забіў, праўду кажу. Проста мы на дзве гадзіны раней устаём.
Згадала Маня падобныя перабрэхі і ажно ўсміхнулася стомленай усмешкай. Не, гэта, відаць, ад зробленага ўсмешка нарадзілася. Хоць і не паспелі ўсё спарадкаваць, ды большасць зжатага ўратавалі ад дажджу. А ён споры, сыпле добра. Адзенне на вачах становіцца мокрым.
— Не мокніце дарэмна, — гукае бацька. — Хадзеця сюды. Усё адно не будзем мыдляваць.
— А ты бяжы дамоў, мой ты сынок, — просіць мама Сашу, які мерыўся схавацца ў мыдлі. — Бо Паўлічак там плачам сыдзе. Каб якой бяды не нарабіў...
— Дак жа дождж, мама.
— Але ж трэба, сынок...
— Добра, добра, — Саша незадаволена сцепануў плечукамі і цярэспаля подбегам пусціўся па ржышчы.
Маня трохі разгубілася: куды падацца — схавацца ў мыдлі ці мо пад воз залезці, там напэўна не замочыць. Але ж трэба на зямлю класціся.
— Хадзі сюды, дачушка, — кліча маці, якая таксама ў мыдлю пашылася. — Хадзі, тут зацішак.
Маня кінулася туды, але ногі самі скіравалі да новай мыдлі, дзе нікога.
— Не хачу тваю мыдлю трыбушыць, — адказала маме. — Тут таксама зацішак, — Маня схавалася паміж важкіх снапоў.
Дождж у мыдлю не дастае, вада сцякае па капелюшы і капае на ржышча. Маня паглядзела ў прасвет паміж снапамі. Там святлей. Таму кроплі вады здаюцца празрыстымі крышталікамі. Падаюць зверху і ажно свецяцца нейкім унутраным святлом. Усё адно як чароўная сіла льецца зверху ў зямлю, каб не толькі напаіць яе жыццядайнымі сокамі, але і злучыць з небам, з вышынямі, дзе ўсе святыя жывуць, а сам Божанька імі апякуецца. Маня ажно перахрысцілася і ціхенька, адно ў думках прамовіла: «Дзякуй Богу літасціваму за падтрымку, за ўсё, што ён дае нам, рабам недастойным Яго. Што даруе грахі нашыя і правіны...»
Яна чула, як бацька перад якім-небудзь важным заняткам часта звяртаецца да Бога. А што вінаватыя мы перад ім, кажа, то гэта праўда. Успамінаем толькі, калі бяда якая. Праўду кажуць — калі трывога, тады да Бога. Але ў сям’і Назаноў веру шануюць. Бо без гэтага хібя пражывеш? Д’ябал спакусіць, саб’е, завядзе ў балота граху. І не адмоліш, не выпрасіш даравання. З Богам трэба жыць заўсёды, а не тады ўспамінаць, калі бяда, калі людзі адвярнуліся ад цябе і толькі на Яго адзінага спадзеў. Людзі ж таксама адварочваюцца не без дай прычыны. Калі ты ім насоліш, прыкрасці наробіш, калі сябе вышэй за іншых паставіш, узнясеш сваё я над больш ёмкім — мы, то як яны мусяць цябе разумець?
Праўда, у Мані часта ўзнікаюць спрэчкі з Сашам. Ён у іх нейкі не такі, як усе. На ўсё свой погляд мае, стараецца быць незалежным, часам і бацьку ўжо не слухаецца, наперакор робіць. Да чытання мае мо большы інтарэс, чым да арання. Здараецца, так зачытаецца, што і пра справу забудзецца. А спрэчкі праз тое, што не разумее Маня гэткага захаплення, ёй больш імпануе на зямлі працаваць, а не ў воблаках вітаць.
Саша на гэта пярэчыў:
— Якія воблакі? Ды і наогул, што ты разумееш у жыцці? Гэта ж нават да дзіцяці даходзіць, — не прапусціў моманту, каб у чарговы раз падсмяяць сястру. Ён даўно з яе такім чынам здзекуецца, лічыць, што яшчэ зусім малая, яшчэ і малако матчына на губах не абсохла, а ўжо аж са скуры вылузваецца, каб на ігрышча трапіць.
— Ага, а як работу якую рабіць, то малако не шкодзіць? — агрызаецца Маня.
— Не, не шкодзіць, — зусім сур’ёзна адказвае Саша. — Хто малако п’е, у таго мускулы дужыя. Вось паглядзі, якія ў мяне, — і Саша згінае руку так, што мускулы збіраюцца ў ёмкі камяк. Маня знарок моцна торкае ў Сашыну руку пальцам і смяецца:
— Ой, дак гэта ж не цела. Гэта камень нейкі. Не-е, ад малака так не бывае, ад малака мяккія былі б. Гэта мо ад сыру ці сала, якое ты любіш.
— А хто яго не любіць? Калі ты, то аддавай мне. Бо хто не працуе, той не есць. Я ж з ахвотай...
— Хто не працуе? — злуецца Маня. — Я не працую? Мо ты за мяне маю работу робіш? — Маня замахваецца на Сашу. — Гэта ты за кніжкамі сваімі свету не бачыш і ад работы адлыньваеш.
— Чаго ты гізуеш? Мне і сваіх клопатаў хапае, — спакойна адводзіць той яе руку. — Чаго гэта я буду бабскімі справамі займацца? Табе патураць... Сама ў іх калупайся. Што гэта за работа — каля стала ды каля рота?
— Якімі бабскімі? Хібя жаць жыта адно жаночы занятак? Альбо мо ты не за сталом мускулы наядаеш?
— Я не наядаю. Яны самі растуць. Ад працы, між іншым.
— Ага, дак ты працуеш толькі між іншым, — заліваецца смехам Маня, радая, што так спрытна падлавіла брата. — А я заўсёды...
— І ўсё роўна мускулы ў цябе не растуць, — пацяшаецца Саша. — Адно цыцкі. І то вунь якія дробненькія. Як грушы дзічкі. Відаць, матка малака мала дае... — Саша ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць.
Маня не можа перанесці такой абразы.
— Чаго ты выскаляешся? Чаго зубы сушыш? Выскаляка знайшоўсё...
Яна кідаецца на брата з кулакамі, малоціць імі ў паветры, намагаючыся
дастаць да Сашыных плечукоў. Ён вышэйшы за сястру, таму толькі адхіляецца і нават з месца не сыходзіць. А ў тае ад мітусні звалілася з галавы каса і апусцілася долу, як не да зямлі каснік дастае.
— Малаці, малаці, мо мускулы і падужэюць, — не адступаецца ён. — А пра цыцкі гэта я так... Як будзеш многа жаць, сагнуўшыся, то яны і адрастуць. А мо адцягнуцца... — тут ужо ён не можа стрымацца і гучна рагоча.
Маня не ў стане перанесці такі здзек, гэта ўжо вышэй за яе цярпенне. Яна рэзка крутнулася на месцы, каб сысці ад гэтага насмешніка. Каса таксама матлянулася разам з ёй, адарвалася ад зямлі, набрала размах і з усёй моцы пляснула Сашу па спіне, добра, што не па твары, мо ад касніка пісяг застаўся б.
— Не строй зуха. Сам ты не гаспадар. І з канём бацька лепш за цябе ўпраўляецца, — каб хоць як адпомсціць, кажа яна і з буйнымі слязінкамі, што празрыстай расой павіслі на вейках, уцякае ў хату.
— Бяжы, бяжы, — кажа наўздагон ёй Саша. — А я не раскажу табе пра новую кніжку.
— Ну і не трэба. Не хачу гаварыць з табой.
— Як захочаш, прыходзь, — прымірэнча гаворыць Саша наўздагон.
Маня добра прыгрэлася каля пахкіх снапоў, і думкі яе разняволена паплылі па абсягах пражытага. То да хатніх спраў скіруюцца, то Нясвіж раптам узгадаецца. Праз пяць гадоў Мані будзе дваццаць, а ні разу не была там. У Сноў на кірмаш, які праходзіць па аўторках, і разам з бацькамі ездзіла на возе, і пехатой адну не раз адпускалі, а вось у гэты славуты горад не выпадае патрапіць. Не без падстаў, напэўна, прыдумалі хутаране прымаўку: «Як захочаш у Нясвіж — цэлу ночаньку не спіш». Бо і праўда, на чым можна было дабрацца да таго Нясвіжа, калі да яго больш за дваццаць вёрст? А яшчэ ж і назад трэба да цямна вярнуцца, бо начаваць у чужым горадзе — не ў мамкі ў запечку. Не адно Маня не мела такога шчасця, каб на свае вочы ўбачыць той хвалёны Нясвіж, шмат хто падзяляў яе лёс.
А там жа Радзівілы, якіх адны моцна хваляць за розум, за ваенную здатнасць і гаспадарскую кемнасць, за абарону сваіх — беларускіх, значыць, земляў ад рознай набрыдзі, што праз многія стагоддзі намагалася сапхнуць законных гаспадароў з наседжаных месц, зрабіць сваімі палоннымі, звесці з родных паселішчаў і ў чужым краі змусіць працаваць на тамтэйшых паноў.
Другія гэтак жа доказна ганяць Радзівілаў, называюць прагавітымі магнатамі, якія дзеля ўласнага багацця нікога не пашкадуюць, чужога жыцця і на грош не цэняць, абы свае сундукі з куфрамі напакаваць ды гасцей, якія амаль безупынку наязджаюць у Нясвіж, пацешыць і развесяліць, шчодра дарункамі багатымі абдарыць. А колькі розных легенд ды страшных показак пра той замак і ягоных гаспадароў ходзіць па нясвіжскай зямлі, то й не злічыць, не пераказаць мо і за цэлую ноч.
Хапае ў Нясвіжы і розных іншых цікавостак, бо ўсе так захоплена ўспамінаюць яго. Нават Саша. Калі пад настрой, шмат апавядае пра гарадскі побыт. Кажа, што Нясвіж — гэта маленькі Парыж. Нібыта ад гэткага параўнання Мані лягчэй, быццам была яна ў тым невядома дзе размешчаным Парыжы, ёй бы хоць адным вокам на Нясвіж зірнуць і то было б вялікім шчасцем, а то нейкі там далёкі Парыж... Што праўда, Саша таксама пра Парыж з чужых слоў кажа. Ад Ендрусевага бацькі пачуў. Гэта сябар ягоны, Ендрусь, жыве ў тым хвалёным Нясвіжы. Сашу яна верыла, ён не раз бываў каля радзівілаўскага замка. Яму добра, яго аднаго адпускаюць, бо Ендрусеў бацька сур’ёзны, заступіцца можа ў выпадку чаго. А хто за Маню заступіцца?
І нечакана думкі зноў павялі Маню да таго здарэння на ігрышчы, якое ад ранку не выветрываецца з галавы. Яна намагаецца забыцца пра яго, хоча выціснуць з памяці, а яно згадваецца само сабой, як сказала б матка, сляпіцай лезе.
Скокі пад Васілёў гармонік доўжыліся за поўнач. Добра, што месяц свяціў і неба бясхмарным было — відно, хоць іголкі збірай. Старыя таксама доўга не разыходзіліся, усё цікавалі, хто што робіць, хто з кім танцуе, хто каго абдымае. Надоўга хопіць перасудаў, усё жніво будуць костачкі перамываць, калі вольная хвілінка выпадзе. Так вымыюць, што і сам сабе чужым здавацца будзеш, матка родная не пазнае.
Не сыходзіла нікуды і Тэкля. Швэндалася па надворку, то да аднае кампаніі прыстане, то да другое. Спадзявалася, што якая добрая душа яшчэ чарачку паднясе, ведама — галоднай куме хлеб наўме. І ўсюды знойдзе да каго прычапіцца, адусюль чуваць яе скрыпучы голас і нейкі ненатуральны, як бы цягаюць па зямлі ржавы ланцуг, смех. Нібыта і не гэткая п’яная ўжо, мо працверазела. Вось яна падышла да столка, дзе сядзелі адны старыя, і нечакана сваім далёка не спеўным голасам, сама сабе паддаючы зухаватасці, зацягнула:
Падружка мая,
Ідзі адзявайся,
З тваім мілым пасяджу,
Ты не абіжайся...
А тады папрасіла:
— Пасунься, красуня, — і зірнула загадна. — А то расселася, як пані Абуховічава. Заняла месца на траіх. Дай добрым людзям прысесці. Бо ў нагах праўды няма, праўда? — і засмяялася ад сваёй дасціпнасці. — А ножкі мае за жыццё вунь як стапталіся. Зусім знасіліся... Ведама, старасць — не радасць...
— А смерць не вяселле, — закончыў нехта за Тэклю.
— Праўду кажаш, мой ты даражэнькі, — і яна плішчылася на столак, быццам і на самай справе моцна стамілася.
Звычайна на руках у яе на корх гразі нарастае, а тут памылася, прычасалася — прыбралася, адным словам, да людзей жа ішла, ведала, што не любяць яе непрыемнага паху. І хоць як паспрабавала збавіцца ад яго.
— От так... — уздыхнула задаволена. — Хоць тут каля твайго дзеда пасяджу, мо пагрэюсё. Калі ў яго падпахі яшчэ не выстудзіліся... — і зноў зарагатала. — А ты не абіжайся. Ты ж з ім кожную ночку, гэтаё самаё... Падзяліся, не мыла, не змыліцца. Ён жа людскі чалавек, спагадаць павінен.
— От чапяла балбатлівая. Язык як памяло, так і мяце, не стоміцца. Дай адпачыць яму, схадзі да галавы па розум, — трохі зласнавата казала пажылая кабета, але пасоўвалася, даючы месца. Бо разумела, што Тэкля не адступіцца, а сварыцца з ёю — толькі людзей смяшыць, сабе ж даражэй абыдзецца. — І куды ты ўсё мосцішся? Куды плішчышся? Ніяк табе не ўгодзіш, як ліхой скуле...
— Дак я ж тоненькая, хі-хі-хі... А ты не гізуй, не карова на поплаве. І аваднёў няма, не кусаюць, хі-хі-хі...
Тэкля доўга не мерылася, умастаколілася паміж кабетай і яе мужам, знарок прыціснулася да яго.
— О-о, яшчэ цёплы. Нават гарачы. Апячы можа, — задаволена абняла за плечы цётчынага мужыка. Памаўчала хвілінку, але не тая гэта натура, каб моўчкі з людзьмі абыходзіцца.
— А ведаеце, мае вы даражэнькія, што ваша Тэкля ўжо на тым свеце была?
— А як жа ты выбралася адтуль?
— Які чорт цябе вынес?
— І каго ты там бачыла?
— А што ж ты думала? Круці ня круці, трэба памярці.
— Ты мо скажаш, што ў рай трапіла?
— Смейцеся сабе, смейцеся, — спакойна адказала Тэкля. — Рагачыце. А я праўда памірала. Ды, відаць, яшчэ не час... Бог адратаваў...
— Ага, яшчэ не ўсё выпіла на гэтым свеце, — зноў пачуўся нейчы насмешлівы голас.
— А што ты думаеш? На гэтым лепш. Чуў, як кажуць: пеця жылы, пакуль жывы, бо як памрэш, то й калом не ўваб’еш? Дак я і п’ю. Мо каб жыцця такога не бачыць...
— Няўжо і табе надакучыла жыццё?
— А што ты думаеш? Хібя гэта жыццё? Жыве кот, жыве й сабака, да жытка ў іх не адзінака. Але я не пра тоё. Ты вось паслухай Тэклю, тады і сам паверыш. Прыйшла я нек з гулянкі. Вясёлая была, што тут казаць, —
Тэкля не саромелася прызнавацца ў сваім граху. Не скажаш, што хвалілася гэтым, выстаўляла напаказ, але і таіцца не хацела. — Цяжка мне было. Да ложка не дацягнулася. На зямлі лягла, у хаце. Каб трохі лягчэй, бо зямля адцягвае ўсе хваробы. Не верыце? — спытала адразу ва ўсіх, калі пачула скептычнае хмыканне. — Як сабе хочаце. А я заўсёды, як паляжу на зямлі, то лягчэе мне.
— То ляж і цяпер, паляжы, — незадаволена прамовіў нехта. — Тады не будзеш шлындзіць абы-чаго.
— Ах, ах, які ты мудры, — адразу ж адпрэчыла Тэкля. — Сам і паляжы. Тады не будзеш чапляцца да чалавека. І не затыкай рот. Не збівай з тропу, дай сказаць...
Слухачы весела засмяяліся, пазіраючы на раптоўна пачырванелага жартаўніка. Тэкля таксама расцягнула свой шчарбаты рот, правяла рукамі па твары, памаўчала адну хвілінку, як бы маючы асалоду ад таго, што добрыя людзі спынілі яе крыўдзіцеля, і працягвала:
— Праўду кажу, мне заўсёды памагае, калі паляжу на зямлі. Але не тым разам. Ой, зазнала я тады бяды. Думкі за гарамі, а смерць за плячамі... Галава звінела, як пусты чыгун. Усярэдзіне нешта круціла, аж вантробы выварочвала. Але я цярпела. А тады мяне раптоўна накрыла чарната. Як пад ватнім коўдрам усё роўна. Скрозь чорна. З бакоў, зверху, знізу. З-за спіны нешта чорнаё паўзе. Адусюль. Праўда. Але я то не вельмі спалохалася, бо ноч на дварэ была. А лямпу я не запальвала. І адно адна-аднюсенькая светлая плямка. Спераду. Як шчыліна ў плоце. Гляджу я на яе і бачу, што праз шчыліну ідзе да мяне мая мамка, царства ёй нябеснаё. Я спалохалася: адкуль яна? Бо мамка мая памерла... — Тэкля на хвілінку сціхла, бязгучна плямкала губамі, нібыта лічыла: — Так, гадоў восем, як пахавалі, не проціў ночы кажучы, маю дарагую мамку. А цяпер вось праз гэтую светлую шчыліну ідзе яна проста да мяне. У святочным уборы, у сукенцы ў кветкі. І хустка пад барадой завязана. І руку мне падае. Як бы кліча некуды ці вітаецца. А як жа я, думаю, буду з мёртвай вітацца? Не, думаю, мяне не правядзеш. Падман гэта.
— Ого, бач якая разумная. Хоць і набралася, як Лейба, а разумная... — зноў не выцерпеў нехта. Але і Тэкля не прамінула даць здачы:
— Не дурнейшая за цябе, — і пад гучны смех працягвала: — А мамка падае мне руку і кажа: «Пайшлі, дачушка, са мною. Бо цябе тут няма каму і пашкадаваць...» — голас Тэклін задрыжаў, яна змахнула з вачэй ці то сапраўдную, ці то ўяўную слязінку, пагардліва зірнула на сваіх насмешнікаў. — Праўду кажаш, мая ты дарагая мамка, няма каму заступіцца за бедную жанчыну. Крыўдзяць мяне без меры.
— А з мерай можна? — прамовіў нехта ціхенька, каб не чулі іншыя.
На яго і праўда ніхто не звярнуў увагі. Тэкля расчуліла сваёй скаргай.
Але яе не перапынялі, не смяяліся, не пакеплівалі. Мо і праўду кажа, мо трызнілася, што бачыцца з мамкай. Хай выгаварыцца. Цяжка чалавеку на гэтым свеце аднаму. Хай адвядзе душу. Палягчэе. Тэкля кашлянула, нібыта прачышчала горла, і ранейшым скрыпучым голасам жалілася:
— Праўду кажаш, мая ты дарагая мамка. Скубе мяне, хто толькі хоча. Як гарох ля дарогі. Гэта так хочацца мне адказаць, але я маўчу. Ні слоўца, ні паўслоўца... «Пайшлі», — кажа яна. А над ёй, бачу, наша магільная брама. Тая, што на доўкіндскіх могілках. І крыж на браме. Кліча яна мяне, а я думаю: «Як жа я пайду з табою, мая ты мамка, калі ты памерлая, няма цябе...» І я не падала рукі. Заплакала. А мамка адразу ж знікла. Як растварылася. Была і не стала... І светлай шчыліны ў плоце няма. Нікога і нічога. Толькі зноў густая чарната. Як дзёгаць.
— Ведама што, дапілася да белай гарачкі, — зноў не выцерпеў нехта доўгага казання Тэклі. — А з бутэлькай ніхто не прыходзіў?
Гаваруна спыніў дзед Мацейка, які таксама слухаў Тэклю:
— Не чапай ты яе. Праўду кажа, — падтрымаў кабету. Тэкля на гэта адно згодна страсянула галавой. — Мой дзед расказваў пра такоё. А ён не раз на локаць ад смерці быў...
— Ты пачакай, дзед, — перапыніла яго асмялелая Тэкля. — Дай мне даказаць. Чаго ты вопсасам лезеш? Як сляпая муха на мёд...
— Кажы-кажы, я што, — сціх Мацейка і паклаў свае высахлыя рукі на арэхавую крывульку. Тэкля ж працягвала:
— Нікога няма. Пуста ў хаце, цёмна, як у піліпаўку. А мне баліць, усё ўнутры баліць. Я пазіраю на месца нядаўняй светлай палоскі. Няма і яе. Прайшло колькі часу, і раптам палоска зноў з’яўляецца. Шырэйшая за тую, што была. Увачавідкі шырэе, ажно ў вочы святло тое колецца. Ды нечакана зноў павузела, адна шчылінка мільгаціць. І тады ў ёй паказаўсё наш сусед Міша. Той, што гады чатыры як памёр. Ён таксама падае мне руку. Я маўчу. А ён кліча: «Тэкля, Тэкля, пайшлі са мною... Чуеш, га?» Я рукі не падала і зноў падумала: нашто мёртваму мая рука?
— Ага, спалохалася смерці, хоць і п’яная, — падкузьміў нехта. — Не строй з_уха. Усё адно памрэш...
— Я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята... Памру, — не пярэчыць Тэкля. — І ты памрэш. Усе памром. З гэтага жыцця ніхто жывым не сыдзе... — другі раз за сённяшні вечар паўтарыла яна прыказку і нечакана сваім прапітым голасам зацягнула прыпеўку:
— І піць будзем,
І гуляць будзем,
А пара прыдзе —
Паміраць будзем...
— Ну, во, зацягнула, як панамар у царкве, — падаў голас нехта з мужыкоў, якія таксама прыслухоўваліся да Тэклінай гавэнды. — Ты лепш кажы, што далей было з табой?
Тэкля працягвала перапынены расказ:
— Як ні прасіў Міша, а я не падала рукі. Хібя я дурная, каб на сябе рукі накласці? І тады светлая палоска пачала шырэць. Ужо не шчыліна ў плоце, а цэлыя вароты, як у гумне. Пасля і яны адчыніліся насцеж, а з іх выбухнула святло. Як маланка. Яно акрыла ўсю мяне — з бакоў, зверху, з-за спіны ззяе. Яркаё, бліскучаё, ажно слепіць, слёзы выціскае. А суседа няма, растварыўсё, знік, выпарыўсё. Адплюшчыла я вочы, а ля мяне кот трэцца. Не наш, няма ў мяне ката... — Тэкля запнулася і патлумачыла, як бы ў апраўданне: — Не люблю я катоў у хаце. Адна шэрсць ад іх на пасцелі... Ды і карміць няма чым... — прызналася. — Але тут трэцца аб маю руку нейкая рыска. Зусім ачнулася я, чую, што ў грудзёх лягчэй стала, вочы адсланіла. Дыхаць можна. Устала і пакарміла таго невядомага ката...
— Дак мо гэта смерць твая была, а не кот? — падвёў нехта нечаканую рысу.
— Не, смерць да яе праз шчылінку прыходзіла, — выказаў сваё цвёрдае меркаванне дзед Мацейка. — Кот — гэта збаўленнё. Не час быў паміраць, вось Бог і паслаў ратаваннё. Каб пакутавала аж да таго, пакамісь піць не перастане...
— Дак я ж, калі кіну, буду мучыцца яшчэ больш, — спалохана прамовіла Тэкля. — А мо і памру скора? За што ты, дзед, жадаеш мне такоё? Што я табе кепскаё зрабіла?
Адказаць ёй не далі, бо нехта спяшаўся выказаць сваё:
— А катоў і на нашым футары хапае, не адно ў Баярах. Няўжо гэта для ўсіх нас назапашана ратаваннё?
— Не, гэта не ратаваннё, — вёў сваё Мацейка. — Гэта папярэджаннё. Г асподзь Бог папярэджвае нас грэшных, каб не адступаліся ад ягоных запаведзяў, каб слухаліся і баяліся, каб не грашылі...
— Дак як жа пакаешся, калі не саграшыш? — выказаў смелую думку нейкі падшыванец. Але яго адразу ж спыніла спалоханая маці:
— Што ты вярзеш, бязбожнік. Не гняві Бога. Не грашы, бо Бозенька пакарае...
— А вунь Жора Бандзюкоў не такоё казаў, — не здаваўся падлетак. —
І нічога, ніхто не пакараў яго.
— Бозенька карае не тады, калі ты хочаш, а калі ён лічыць патрэбным, — цярпліва тлумачыла маці неслуха. — Ён усё ведае і ўсё бачыць. Ён і Тэклю ўратаваў, бо яна за многіх з нас церпіць. Хоць і грашыць шмат, але пакутуе моцна.
Пры гэтых словах Тэкля, здаецца, ажно галаву сваю, закручаную бруднай дзіравай хусткай-канаплянкай, падняла з гонарам — мо ўпершыню прылюдна заступіліся за яе, пашкадавалі, а то ўсё лаюць ды бэсцяць. Ад такой дабрыні ажно асмялела:
— Вы лепей мяне не хваліце, а шкляначку паднясіце. А то нешта высахла ў роце, — і скрыпуча заспявала: — Ой у горле драпачы, драпачы, трэба горла прамачыць... Дайце Тэклі кілішак, не шкадуйця. Смагу прагнаць...
— І праўда, дайце ўжо, заслужыла сваім расказам, — зжаліліся над беднай кабетай.
— Іван, папрасі цётку Зіну, каб наліла, — звярнуліся да Гэтэвічавага Івана, які акурат выходзіў з танцавальнага кола.
— Адно не напарстак, — заартачылася Тэкля, — а то і праўда тады памру. Я да шклянак прывыкла...
Мужыкі з кабетамі доўга яшчэ абмяркоўвалі Тэклін расказ, кожны даводзіў сваё, выказваў здагадкі. Сёй-той згадаў падобныя выпадкі са сваімі сваякамі альбо пачутае ад дзеда.
Гамонка старых каля сцяны хаты працягвалася.
Не спыняліся і танцы.
А калі месяц стаў хіліцца да другога берага неба, як бы збіраўся на спачын, пачалі пакідаць надворак першыя пары. Паціху сталі разыходзіцца і пажылыя гаваруны: здаволілі свае цікавосткі, нагаварыліся мо на цэлае лета, а ўсяго ўсё адно не перагаворыш, трэба і на наступны раз пакінуць. Час па хатах, не паранее.
Танцавальнае кола ўсё вузела і сціскалася, а Маня разам з гэткімі ж нястомнымі падлеткамі таптала Васілёў надворак то ў віхурыстай польцы, то ў вясёлай кадрылі, адным словам, што б ні іграў Васіль, Маня танцавала ўсё. Калі не запрашаў ніхто з хлопцаў, скакала з гэткімі ж уедлівымі ў танцах дзяўчатамі — раз прыйшлі на ігрышча, то чаго плот альбо сцяну падпіраць? Скачы, ды так, каб пасля надоўга хапіла ўражанняў.
Чэсь, у якога хмель яшчэ не выветрыўся, не хаваў свёй зухаватасці, нават выстаўляў яе напаказ, пачаў часцей запрашаць Маню. Яна ўжо і не рада, не раз спрабавала адмаўляцца, але ён настойліва і цвёрда ламаў супраціўленне:
— Прыйшла, дак танцуй. Нечага тут свае парадкі заводзіць... А не — дак збірай манаткі і дуй да свае хаткі. Адна...
— А ты не лезь вопсасам...
— А ты памаўчы, а то бач — вош на языку не спячэцца...
Мані хацелася і болей сказаць: «А табе можна? Буду я кожнаму патураць. Што ты за хлюст, што ўсіх змушаеш да таго, што толькі табе хочацца?» Але яна баялася: Чэсь і цвярозы слова ў кішэні не шукае, можа і рукам волю даць, а што казаць, калі на падпітку. А падшафэ ён бывае не толькі на святы і не адно на ігрышчах. Любіць гэтую справу. І як яму толькі бацькі дазваляюць! Праўда, ён іх не вельмі слухае, усё больш ад рук адбіваецца. Часам бацька ягоны не вытрымлівае і на людзях дае непаслухмянаму сыну добрага прачуханца. Але найбольш у хаце галаву яму мые, бо гонар не дазваляе ўсё на людзі выносіць. Пахвалёнчыкі ганарыстыя людзі, пыхі ў іх хапае. Але Чэсь, відаць, усіх абскача — фарсіць больш за іншых з роду. А характар мае такі ўпарты, што не пікні, не скажы папярок. Вось і баіцца Маня спрэчкі з ім, не ведае, што зрабіць, каб адчапіўся ад яе. Хай бы лепш зусім не запрашаў. А ён жа падчас чарговага танца паабяцаў:
— Ты без мяне дадому не ідзі. Добра?
— Ого, які суровы загад. Як з пастарунка... Чаго ты мяне пасеш? Хгбя я авечка якая, што дарогі не ведае? — не стрымалася і паспрабавала аджартавацца Маня. — Дай ты рады... Не заблуджусё. Ды і месяц свеціць...
— Я таксама дарогу ведаю, — перапыніў ён. — Але ты адна не ідзі. Я з табою пайду. Я ж сказаў...
Сказаў, і не зразумееш, ці то прапанаваў, ці то загадаў. Але якая розніца: ці савою аб корч, ці карчом па саве, усё адно абязвечыць можна. Мані стала непамысна: «От замарока галавы. Прычапіўсё, як ваўчкі да сукенкі». Яна ўжо выцікоўвае, з кім бы дадому ўцячы. Але і Чэсь, відаць, нешта зразумеў, стараецца збіць яе з панталыку. Ён раз за разам запрашае Маню і ўсё больш шчыльна горнецца да яе падчас танца, моцна нахіляецца да вуха, нешта расказвае. Маня асабліва не ўнікае што, бо і чутно з-за музыкі кепска, і страх усё больш ногі звязвае. Асабліва даймае яе Чэсеў перагар — так смярдзіць самагонка, што часам, калі асабліва горача нешта даводзіць, яе на ваніты цягне. Сама яна яшчэ ні разу не каштавала моцных напояў — таму і ггдзіць ад іх.
Маці часам жартавала з дачкі:
— І дзе я табе вазьму мужыка, каб не піў ды каб не біў? Іх жа са свечкай не знойдзеш. Хібя баптыста якога, га?
— Ат, мама, што вы кажаце? Які замуж, які мужык?
— А што, не згледзіш, як твой час прыйдзе. Вунь ужо якая высокая і гнуткая, як бярозка ў Школьным лесе.
— Ага, вы яшчэ скажаце: гэта таму, што есці няма чаго...
— Не, я такога не скажу. Бо няпраўда. Есці, дзякаваць Богу, хапае. Хоць і не кожны дзень Вялікдзень, ды ўсё ж не галадаем. Праўда? Ад хлеба хлеба не шукаюць.
— Праўда, мама, праўда. Гэта я так сказала...
Калі Чэсь у чарговы раз запрасіў Маню, то прапанаваў ёй:
— Праз тры танцы пойдзем дадому. Я давяду цябе да хаты. Добра?
Маня не на жарт спалохалася, зразумела, што хоць ты махалам махай,
а не адчэпіцца. Азірнулася, ці няма дзе Петрыка. Але яго даўно не відаць, і Стасі Пахвалёнчыкавай таксама. Маня не дапільнавала, ці яны разам пайшлі, ці паасобку. І іншых дзяўчат таксама не відаць. Цікава, каго павёў дахаты Петрык? Калі Стасю, то тут жа зусім недалёка, іхняя хата пасля дзедавай Мацейкавай сама бліжай да Васілёвай. Хгбя што гуляць пайшлі, мо ажно да Школьнага лесу?
І нейкая крыўда пачала тачыцца ў Маніна сэрца. На Петрыка, на Стасю, на свой лёс, які невядома чаму ўвесь час адварочваецца ад яе. Як праца, дак сама ў рукі плыве, да таго ж з кожным годам усё больш, бо старэйшая з дачок яна ў сям’і, а калі пра ўласнае задавальненне, то і сказаць няма чаго. Такое ёй выпала шчасце, нават з хлопцам жаданым не можа пацешыцца. Мусіць іншым саступаць.
Але чаму? Таму, што Стася багацейшая, што шляхцянка? Дак і Назаны не зусім збяднелыя. Праўда, булак кожны дзень не ядуць, але ж і з торбай, дзякаваць Богу, ніхто з іх не хадзіў. А што да працы, то яшчэ пашукаць такіх уедлівых. І не брыдкая Маня, так ва ўсякім разе кажуць ёй сяброўкі, адна каса чаго вартая. А ў жніве ці якой іншай працы ёй мала роўных знойдзецца.
У працы мо і так, разважае Маня. А вось у каханні...
Яна цяжка ўздыхнула, ажно Чэсь здзіўлена зірнуў, і, працягваючы пачатую размову, адказала:
— Ось яшчэ выдумаў! Не, Чэсік, — Маня спрабавала паддобрыцца, прыцьміць Чэсеву пільнасць, — я і адна не баюсё. А мяне яшчэ і Гэлька Юрашова чакае, і Саня Кандратукова з Косцікам.
— Скажы, хай самі ідуць, адны. А мы з табою... Я ж сказаў! Зразумела?
— Не-а, не зразумела, што ты майначыш, — асмелілася запярэчыць Маня. — Я што, прывязаная да цябе? Хгбя табе няма каго іншага ўзяць? Вунь колькі было старэйшых за мяне.
— Нашто мне старыя? Мне ты панаравілася. Мне ж не жыта жаць. Ды і то з маладымі спрытней і весялей.
— А ты мяне хгбя жыта жаць запрашаеш? — спрабавала перавесці на жарт Маня. — Ноччу? За мяне Жэня днём пажне.
— Пры чым тут Жэня... — амаль злосна адказаў Чэсь і нечакана спытаў: — А я што, не пад густ табе?
Мані так і карцела выпаліць: «Не!», каб адзін раз і назаўсёды, каб не расцягваць гэтую каніцель. Бо ўсё адно добрага канца не будзе. Як кажа дзед Мацейка: калі не падабаецца адзін, то пашукай чысцейшага ў іншым балоце...
Яна мо і сказала б тое, што думае, але нехта нібыта папярэдзіў: навошта бяросту на вуголле кідаць? Яна паціснула плечукамі і прамаўчала.
— Глядзі, Маня, — прыжмурыў вочы Чэсь. — Не вельмі фарсі. Каб не збіцца з тропу, — закончыў зусім незразумела. Маня адчула, што ёй страшна, а Чэсь пасміхнуўся, як заўсёды бездапаможна і безабаронна. Але цяпер гэта здавалася мо больш злавесным, чым без такой усмешкі.
— Чаго глядзець, калі месяц схаваўся, — няўдала пажартавала Маня, якая ўсё наравіла вырвацца з-пад Чэсевай увагі. А сама вачыма пашукала Стасю — мо яна паўплывала б на брата. Не знайшла. Але не было і Івана Гэтэвіча. Няўжо разам пайшлі?
Івану даўно і моцна ўпала ў вока Пахвалёнчыкава Стася. Проста рады няма. Дарослы чалавек, а вунь што захапленне робіць. Як стрэне дзе, то ажно халадок па целе. Здаецца, жыццё без яе страціла ўсе фарбы. Нават за плугам ці, калі косіць, усё адно думае пра яе, не кажучы пра мроі перад сном. І найбольш пра тое, як дабіцца ўвагі, што зрабіць, каб яна зразумела ўсю сур’ёзнасць ягоных намераў, каб адчула, што ў хлопца на душы.
Здаралася, Іван не раз у марах быў з каханай. І не адно на танцах бачыў сябе з ёй. Уяўляў яе стройнае цела, заўважаў моцны загар на руках і пяшчотную бель пакатых плячэй. Прырода зладзіла Стасю так, што, каб і хацеў, то не знайшоў бы да чаго прычапіцца. Ён нібыта адчувае ласкавую мяккасць яе скуры, калі сваёй шурпатай ад мазалёў рукой мройна праводзіць па плячах, дакранаецца да грудзей, цёмныя гузічкі якіх раптоўна натапырваюцца, а вакол іх скура робіцца як на падушачках пальцаў пасля працяглага знаходжання ў вадзе. Вачамі п’е насалоду ад усёй яе зграбнай постаці, проста любуецца гэтым дасканалым тварэннем прыроды. Часам нават здзіўляецца такому неверагоднаму майстэрству нябачнага творцы.
Не раз мроіў, як яны разам па-сямейнаму вядуць гаспадарку, песцяць сваіх дзетак, як ва ўсім раяцца, слухаюцца і падтрымліваюць адно аднаго. Іван не цалкам згодны з тым, што кажа бацюшка жаніху і нявесце падчас вянчання — ён чуў такое, калі быў шаферам на вяселлі сяброў: «Да убоится жена мужа». Не баяцца трэба, лічыў ён, а паважаць, шанаваць. З павагі ўсё пачынаецца, з даверу і ўзаемнага разумення, а не са страху.
Некаму можа здацца дзіўным, але гэты дужы і цягавіты, трохі маўклівы хлопец, а па гадах ужо даўно кавалер, быў не пазбаўлены сентыментальных разваг, салодкіх мрояў. Не раз у думках ён і распранаў Стасю, любаваўся яе гнуткім прыгожым целам, затрымліваў позірк на вабных месцах, якія заўсёды спакусліва адтапырвалі сукенку альбо каптан, бо станікаў на хутары ніхто не насіў — не ў модзе былі гэтыя адзнакі шляхецкага ці гарадскога жыцця.
Пажадлівыя думкі-мроі вялі і далей, прымушаючы мацней тахкаць сэрца, туманячы зрок. Часам ажно казытлівыя мурашкі прабягалі па целе, калі нечакана мроі заходзілі за дазволеную мяжу. Тады Іван міжволі ўздыхаў, сварыўся сам на сябе за гэткія грэшныя думкі і яшчэ больш улягаў у працу, каб ёю задушыць любыя недазволеныя памкненні.
І Божа барані, каб гэтыя патаемныя, далёка ад людзей схаваныя думкі і пачуцці сталі вядомыя некаму чужому. Іван мо не перажыў бы такога. Бо хіба можна дзяліцца тым, што толькі тваё асабістае, што належыць табе і выключна табе? Як хто сабе хоча, а ён да такога не апусціцца.
Але мінаў час, і думкі Івана зноў вярталіся да Стасі. Дзяўчына яна для многіх вабная. Аднак сама сабе наўме. Высокая, стройная, з доўгай каштанавай касой, як у маці. Калі не ўкладвае яе на патыліцы, то касніком да зямлі дастае. А калі часам распусціць хвалістыя валасы, то яны — як дажджавая сцяна, што іскрыстым ззяннем пераліваецца на сонцы, атуляюць стройнае цела. Апранацца ўмее з густам. Гэтага, што праўда, не адымеш ні ў кога з Пахвалёнчыкаў. Выхавалі бацькі шляхетнасць ва ўсіх дзяцей.
Але гэта мо найбольш і шкодзіць Іванавым заляцанням. Бо хто ён перад ёй? Бедны малазямельны дзяцюк са шматдзетнай сялянскай сям’і. Хоць і не з вёскі Малаеды, ды таксама не багач. І ніхто не хоча разумець, што праз сваю шматдзетнасць збяднелі Гэтэвічы. Якая каму да гэтага справа, калі сваіх бед вышэй галавы. У Іванавага дзеда Ігнася дзяцей было як куранят, таму і без таго невялікі надзел даводзілася няспынна дзяліць і перадзельваць паміж сынамі і дочкамі, калі яны стваралі свае сем’і. Будынкі і тыя параздавалі на пасаг: каму паўпуні, каму гумно распалавінілі, а некаму сені ад хаты дасталіся — адным словам, урэшце самі дзед з бабай засталіся ў адным пакоі распасажанай хаты, які некалі лічыўся залай.
У Іванавага бацькі такая ж праблема — дзяцей што маку, а зямлі як добрай бабе спадніцай накрыць. І ўжо хутаранам было не сорамна, што дзеці не маюць нармальнай адзежы. Пакуль падрастуць, нават хлапчукі ходзяць адно ў доўгіх палатняных кашулях, з-пад якіх пісуны бліскаюць, калі прысядуць няўдала. Бо няма моды і грошай штонікі кожны дзень насіць. Каб толькі на свята выйсці ў іх. І нічога не паправіш. Хоць крычма крычы, а зямлі не пабольшае.
Калі давядзецца надзяляць пасагам, то і адразаць няма ад чаго. І хату з гаспадарскімі пабудовамі на ўсіх не распасажыш, не хопіць. Хоць ты агулам жыві, без падзелу зямлю абрабляй, на адной печы спі. Але хіба гэта выйсце? Як можа хлопец стаць сапраўдным гаспадаром, калі не мае сваёй зямлі, не збудаваў сваёй хаты, калі, урэшце, не можа адчуць асабістай адказнасці не адно за сябе, а і за жыццё блізкіх яму людзей?
Заставалася адно выйсце — батрачыць. Так і рабілі, шапкавалі перад панамі. І ў гэтым выяўлялі і сваю самастойнасць, і гаспадарлівасць, і ўмельства — усё, што трэба чалавеку, які хоча працаваць на зямлі. Шчыравалі як на сваім, бо іначай выгнаў бы пан, не было б наогул ніякага занятку. А без гэтага куды? Не пабяжыш жа за мяжу, да саветаў. Бо невядома, ці чакаюць, ці возьмуць, ці зразумеюць. Мо ў турму кінуць, як палохалі польскія паліцыянты ды розныя іншыя прадстаўнікі ўлады. Зрэшты, так яно не раз і было, хадзілі такія чуткі, казалі, што многіх перабежчыкаў лічылі за польскіх шпіёнаў. Не, ужо лепей тут са сваімі гараваць, чым у невядомай Сібіры вошай карміць. Таму многіх ад неабачлівай рашучасці стрымліваў страх перад невядомасцю, боязь за сваю сям’ю, якая магла хапіць ліха, калі нехта ва ўцекачы падасца.
Батрачыў не адно Гэтэвічаў Іван, шмат хто з хутарскіх выбіраў сабе гэткі лёс. Бо хоць і жылі сярод палявога раздолля, а поля таго — маленькая магулінка, як самая найкаштоўная каштоўнасць. У пана таксама не дапросішся, каб у арэнду даў, прасіцеляў шмат, а зямля і ў яго не прырастае.
Адным словам, куды ні кінь, скрозь нявыкрутка. Адно ратаванне — парабкаваць. Іван да гэткага становішча адносіўся з разуменнем, але прывыкнуць да яго не мог. Таксама свой гонар меў: чужы хлеб еж, а праўдуматку рэж. Хоць і не шляхецкага заводу, ды гэта не галоўнае, не такі, каб некаму паддацца. Не папусціцца ён, каб нехта папіхаў альбо, крый Божа, ногі аб яго выціраў. Не радзіўся яшчэ такі хлюст ні на іхнім хутары, ні ў вакольных вёсках. Але розныя гаспадары, дзе ён парабкаваў, сустракаліся. Былі такія, што шанавалі Іванаву кемнасць, цанілі і добра аплачвалі, але не бракавала і тых, пра якіх казалі: рабі пану верне, то пан табе п... Некаторыя нават наравілі не пакарміць як след.
Мо праз гэта і намагаецца Іван даказаць, што ён ні кропелькі не горшы за шляхцюкоў, стараецца ўлагодзіць Стасю. А яна ж, хоць і маладзейшая — Івану дваццаць пяць, а Стасі ўсяго васемнаццаць, ды ганарлівасці не губляе. Не, каб зусім пазбягала Івана, то няпраўда. Але дражніцца, як гусак з дзецьмі. Г эта не пад густ Івану — старэйшы за яе, гаспадарлівы, араць-сеяць умее лепш за іншых, значыць, паважаць павінна. А калі ён такую пільную ўвагу выказвае, то хіба можна пазіраць звысоку, фанабэрыцца?
Так ці інакш, а Івану хочацца дабіцца свайго. Не бярэ пад увагу нават тое, што Стася ў касцёл ходзіць, а ён у царкву. Як паводле Івана, дак гэта нейкі дзіўны падзел, нібыта сямейнае жыццё не на пачуццях трэба ладзіць, а па нейкіх іншых прыкметах — ці то па багацці, па колькасці зямлі і коней, ці то веру ўлічваць, ці адно бацькоў слухацца, як, зрэшты, заўсёды было. Яшчэ Іванаў дзед Ігнась казаў: «Ніхто, пане мой, не глядзеў, што я там думаю ці мяркую. Нагледзеў бацька дзяўчыну, вырашыў, што пара мне ачалавечыцца. І сказаў, каб браў Зосю. І ўзяў, а куды дзенешся, калі не табой гэта заведзена».
Так то яно так, думаў Іван. Але жыццё свае выкрунтасы мае, часам такога коніка выкіне, што і не знайся. І людзі не ўсе роўныя. А што да веры, то для Івана не тое галоўнае, каб аднолькава крыж на лоб ці на грудзі клалі, значна важней, што ў цябе ў душы. Як бы не адзін Бог на вышынях, не аднолькава ўсімі апякуецца, бо і бацюшка не раз казаў у царкве: «Часцей звяртайцеся да Бога нашага адзінага, шануйце імя Яго, тады ва ўсім будзе вам Божае спрыянне...»
Праўда, Стасіны бацькі ні разу нікога не папікнулі, што не ў касцёле ахрышчаны. Ва ўсякім разе на людзях.
Будучы каталікамі, Стась са Стасяй лічылі сябе і палякамі. Тутэйшаму люду даўно ўбівалі ў галаву, што любы каталік — гэта паляк. І ўбілі, не змарнаваліся высілкі, не пайшлі на цёмны лес. Людзі прывыклі да таго, што казалася зверху. І цяпер, калі нехта прамаўляў «каталік», то само сабой мелася на ўвазе «паляк». А як жа іначай — у касцёл ходзіць, двума пальцамі хрысціцца, па-польску размаўляе, хоць, што праўда, польскасць гэтая, асабліва ў мове, далёкая ад дасканалай. Аднак жа ў касцёл хадзілі не адно палякі. Сяму-таму наогул цяжка было разабрацца, хто ён — сапраўдны паляк ці спалячаны беларус. Таму і на школу наракалі: што не вучаць там па-іхняму, не даюць развіцца беларускаму дзіцяці, зноў жа — да касцёла заахвочваюць, а то і змушаюць. А калі пабярэцца які-небудзь беларускі бядак з каталічкай, то і яго да касцёла залічваюць, і дзяцей палякамі пішуць.
Зрэшты, пра нацыянальнасць асаблівай гаворкі на хутары не заводзілі. Не гэта было вызначальным. Не прывыклі хлебадаўцы да такіх мудрых разваг. Яны з іншым звыкліся, ім зямля рупіла. Вось каб з ёй удалося саўладаць, то гэта было б найвышэйшым шчасцем, самым справядлівым спраўджаннем Божага промыслу, які прывёў чалавека на гэты свет і даў у рукі спрыт для працы на зямлі. А раз спраўляешся з гэтым, то для зямліцы няма розніцы: беларус ты ці рускі, татарын ці паляк, працуй так, каб не крыўдзіць сваю карміцельку. А калі, крый Божа, няўмека, няздатнік, то тым больш не ад нацыянальнасці гэта залежыць, а ад рук, ад умельства і жадання выявіць свой хлебасейны дар. Мо недзе ў горадзе і ўмелі звязваць пасаду і працу чалавека з яго нацыянальнай прыналежнасцю, а тут гэта было зусім непатрэбна, а часам мо і шкодна.
Тым не менш знаходзіліся і тут ахвотнікі праявіць сваю дасведчанасць, ацаніць чалавека не па яго працоўнай і гаспадарскай здатнасці, а па ягоным моўным звароце да Бога, нібыта гэта не інтымная і асабістая справа кожнага, а падсправаздачнае «ўжандовым» служкам публічнае дзейства. Таму меліся і сярод тутэйшага люду, найперш чыноўнага, тыя, хто не супраць палавіць рыбку ў каламутнай вадзе, а дзеля гэтага найперш патрабавалася тую вадзіцу замуціць.
Каму трэба, умелі падкрэсліць нацыянальную рознасць іншым чынам. І тады атрымлівалася дзіва дзіўнае. Выходзіла, што беларусы павінны пачувацца тут як бы не на сваёй роднай зямлі, нібыта часова каля палякаў прыжыліся, дадаткам да іх выглядалі. Хоць разапніся, а не дакажаш, што ты не мядзведзь. Ды мядзведзь і той сваю бярлогу і свой лес мае і на сваёй мядзведжай мове з медзведзянятамі размаўляе. А то ж людзі...
Ды нават асаднікаў, якія прыехалі на чужую зямлю, апынуліся сярод чужых людзей, начальства паважала больш, чым тутэйшых хлебасеяў. Калі сёй-той кемлівы і здатны да разваг гаспадар пачынаў кумекаць што да чаго, то амаль заўсёды заходзіў у тупік. Бо што ж гэта выходзіць?
Прыехалі адзінкі тых, хто не адно не тутэйшы, а, значыць, не мае тут сваіх каранёў, не паліваў потам гэтай зямелькі ні сам, ні ягоныя дзед з прадзедам, хто не ўмее гаварыць на мове тутэйшых гаспадароў, а часам знарок ігнаруе яе, нават здзекуецца, і яны, гэтыя адзінкі, намагаюцца ўсталяваць на г э т а й зямлі, сярод мясцовых хлебасеяў свае парадкі, зацвердзіць сваю мову, даказаць вышэйшасць сваёй веры.
Дак хіба справядліва гэта, хіба па Божых законах, што большасць павінна слухацца меншасці, падпарадкоўвацца ёй і праз гэта выракацца, адмаўляцца ад свайго? Дзе ж тая справядлівасць, пра якую не спыняюцца гаварыць розныя начальнікі, калі на справе яны сілком цягнуць беларусаў у не вядомае ім, нязвыклае — не сваё? Хіба з прымусу будзе плён? Спружына мае здольнасць сціскацца толькі да пэўнай мяжы. А пасля яна пачне выпроствацца. Сціснутая сіла можа набраць такой моцы, што не аднаму сціскальніку і прыціскальніку лоб разаб’е.
Бо не могуць зразумець мясцовыя жыхары гэткіх напорыстых дзеянняў улады, не даходзіць да іх, чаму змушаюць прызнаць сваю другаснасць? Ды і некаторыя разумныя людзі падказваюць ім, настаўляюць на шлях ісціны. Часам насенне гэтае падае на спрыяльную глебу, і тады гатова ўспыхнуць іскра, якая здольна запаліць не адно сухую салому ў гумне. У такія моманты і пачынае выпроствацца тая сціснутая спружына. Але толькі крышку, ледзь-ледзь, адным намёкам, каб пасля зноў прыняць ранейшае становішча. Бо сіла ціску яшчэ не ўраўнавалася з сілай супраціву, а сіла супраціву ніяк не можа перавысіць сілу ціску. Маладыя выпрамляльнікі не могуць пакуль саўладаць з езуіцтвам і хітрыкамі вопытных сціскальнікаў. Аднак на сподзе душы тлее той вугалёк, які грэе пякучыя думкі: дакуль яны мусяць працаваць на пана, на «ужанд»? Як бы без чужога прымусу, без прышлых асаднікаў, якія прызнаюцца ўладай адзінымі і большымі гаспадарамі за саміх тутэйшых гаспадароў, яны ўжо і жыць не здолелі б. Нібыта ім Богам наканавана араць чужую зямлю, а не цешыцца з працы на сваёй. Начальства ж разам з асаднікамі не прамінала выпадку, каб не падсмяяць няздатных беларусаў, якія не могуць нават польскай мовы засвоіць, гавораць на такой тарабаршчыне, што хоць вушы затыкай.
Але гэта палітыка ўжо, а Іван да палітыкі адносіўся насцярожана. Яго больш займаў кавалак хлеба, мара пра сваю зямлю ды Стасю, якая балючай стрэмкай засела ў душы. Варухнеш яе, стрэмку гэтую, і адразу балюча становіцца. Да таго ж не адзін Іван на Стасю вока паклаў. Бачыць, што прыхільнікаў не так яе прыгажосці, як найперш бацькавых багаццяў, шмат. Іван не хоча, каб яго таксама да ахвотнікаў Пахвалёнчыкавай зямлі залічылі, бо ў яго сур’ёзныя намеры. Не, адмаўляцца ад пасагу, калі Стасін бацька дасць надзел, ён не будзе, бо добра ведае, што такое праца на чужога гаспадара, адчуў якая твая вага, калі ты беззямельны, як бы чалавек без будучыні, быццам і пачуцці ў цябе іншыя, і кахаць ты не можаш, як усе.
Трэба і яшчэ адну праўду засведчыць, што Іван не ведае, як на гэта глядзяць Стасіны бацькі. Ды і пра сваіх нічога пэўнага сказаць не можа, не было ніякай сур’ёзнай гаворкі. Адно часам звычайныя разведвальныя жарты, на якія Іван навучыўся аджартоўвацца так, што і не зразумееш — хочацца яму каго-небудзь у бацькаву хату прывесці ці не спяшаецца яшчэ жонку выбіраць: каб не стала лішнім ротам, дадатковым едаком, які не ў хату, а з хаты носіць. Аднак сябры не адно здагадваюцца пра ягоныя намеры, некаторыя нават добра ведаюць, што падабаецца Івану Стася. Ды ў яе іншы наўме, бо не хінецца яна да Івана, не адказвае ўзаемнасцю. Ужо як ні стараўся паддобрыцца, як ні расхвальваў яе касу і красу — аж самому часам станавілася непамысна: каб такі дарослы дзяцюк ды лістом слаўся перад зялёнай дзеўчынёхай, а выніку, лічы, ніякага, як з рака смаку.
Ды гэта так толькі, проста храбрыцца Іван, харахорыцца, настаўляе чуб — як той гусак, што палохае людзей, аберагаючы сваю чараду. Бо калі б Стася паклікала, то лётам паляцеў бы, каб загадала, то мо і ўкленчыў бы перад яе прыгажосцю. І нічога тут страшнага альбо смешнага Іван не бачыць. Прыгажосць заслугоўвае на тое, каб ёю захапляліся, бераглі і шанавалі. А шацунак з розных спраў складаецца, часам нават з дробязяў.
Аднак, маўчучы, не накахаешся. І ўжо каторы раз Іван хоча падысці да Сашы Назана, але нешта ўсё замінае, як бы не пускае. Бо просьбу да яго мае нязвыклую для батрака-хлебасея. Хочацца яму, каб падказаў, як лепей пачуцці свае да Стасі выявіць. Саша ж вучаны, шмат чытае, гаворыць заўсёды складна. Быстры, пра такіх кажуць: на хаду падноскі адарве. Кніжак трохі мае ў хаце, беларускі каляндар таксама. Мо дзе што цікавае і карыснае вычытаў, хай бы падзяліўся. Але ж гэта трэба пра балячку сваю казаць, прызнавацца ў тых пачуццях, якія найперш павінен засведчыць самой дзяўчыне, а не некаму чужому. Гэта вось і спыняла Івана.
Але аднойчы Саша сам перастрэў Івана і нечакана спытаў:
— Што ты ўвесь час такі пануры? Хіба ператаміўсё на ксяндзовым полі?
Акурат тады Іван згадзіўся абрабляць зямлю нясвіжскаму ксяндзу,
у якога паўсюль былі надзелы. Быў такі і на Язаўцы. Вось нехта і падказаў, каб наняў Івана Гэтэвіча, бо працавіты, цягавіты, сапраўды гаспадарлівы і талковы — добра знаецца ў хлебасейнай справе. Не памыліўся ксёндз, але Івану клопату хапала. А ён з малых гадоў засвоіў: як ты да зямелькі, так і яна да цябе, не мог шкодзіць ёй, хай сабе і чужы гэта палетак.
Іван трохі пам_уляўся, а тады рашыўся прызнацца ў сваёй бядзе. Саша не смяяўся, не пакепліваў, ён проста паабяцаў падумаць. Думанне зацягнулася, Іван ужо шкадаваў, што дарэмна вынес на чужы досвед сваё таемнае. Ды аднойчы Саша сам знайшоў Івана.
— Я тут вось што надумаў, — пачаў ён. — Давай здзівім Стасю паэзіяй...
Іван ледзь не прысеў ад нечаканасці. Мала таго, што кажа «здзівім», як
бы яны ўдвух павінны Стасі спадабацца, дак яшчэ і на вершы хоча звесці Івана. Во дзіва было б — Іван і вершы... Каб гэта пра тое, дзе, калі і што сеяць, то Іван без запінкі мог бы доўга расказваць, хоць, што праўда, яму лягчэй араць, а не байкі баяць. А тут вершы. Не-е, здзекуецца Саша. Але той, відаць, зразумеў Іванава маўчанне і прамовіў:
— Чаго ўпудзіўсё? Не пазірай воўкам. Не збіраюсё я адбіваць тваю абранніцу...
— А я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята, — адказаў Іван, хоць толькі што пэўнасці такой у яго не было. — Ведаю, што не адаб’еш, — паўтарыў ён. — Але што з таго?
— А тое, што трэба Стасю захапіць паэзіяй. Яна ж з культурнай сям’і? — паставіў нечаканае пытанне.
— Ну, та-ак, — да Івана яшчэ не даходзіла, што задумаў Саша.
— Дак вось, трэба перадаць ёй кнігу...
— А я ж чытаць умею толькі па літарах. Хібя яна паверыць, што ў мяне такія кніжкі ёсцека?
— Твая праўда, — згадзіўся Саша, напэўна, зразумеў, што не надта жыццёвая прапанова. Але здавацца не хацеў. Трохі памаўчаў, відаць, варочаў сваімі глуздамі, а тады прамовіў: — У мяне ўдома ёсцека кніга Язэпа Пушчы. А ў ёй верш як спецыяльна для Стасі.
— Беларуская кніга? — здзівіўся Іван. Сашу аж стала не па сабе ад такога пытання: нібыта Івану абыходзіла, на якой яна мове: усё адно чытае «па літарах», сам жа толькі што прызнаўся. Але Іван патлумачыў: — Калі беларуская, то ці захоча Стася чытаць? Мо польскасць сваю праявіць?
— А ты хібя не чуеш, як яна гаворыць?
— Чуць то чую, але гаварыць адно, а чытаць — другоё, — як сапраўдны кнігазнаўца запярэчыў Іван. І патлумачыў на запытальны Сашын позірк: — Гавораць яны з намі па-аднаму, у сваёй хаце, відаць, па-другому, што праўда, не заўсёды па-польскаму. Але вось у касцёле ўсе моляцца толькі па-польскаму ды яшчэ нек незразумела. Сам чуў. Ды і з ксяндзом таксама па-ягонаму стараюцца. Ведаеш чаму?
— Бо шляхта...
— Гэта так. Але яшчэ, відаць, хочуць нас дурнямі выставіць, — нечакана для сябе пачаў «хвіласофстваваць» Іван, а Сашу так і падмывала спытаць, ці не Валодзікава гэта школа? Мо заразіў той парцейны Хвілосаф Івана? А калі батрак палітыкай захопіцца, ды яшчэ такі, як Іван, то гэта сур’ёзна, гэта небяспечна для ўлады. Іван жа нібыта чытаў Сашыны думкі: — Не, я не пра палітыку. Гэта няхай парцейнаму Валодзіку застаецца. З мяне зямлі хопіць, — ён меў на ўвазе працу на зямлі, хай сабе чужой.
— Вядома, для нашага Язаўца і аднаго Хвілосафа дастаткова, — падтрымаў Івана Саша. Але далей спытаў з падколкай: — То чаго ж ты да Стасі падлабуньваешся? — і сціх, запытальна пазіраючы на Івана.
— Як чаго? — пачаў той, але Саша перабіў:
— Чаго дабіваешся яе ўвагі, калі лічыш, што яе бацькі хочуць нас, а найперш цябе, зрабіць дурнямі?
— Не, я не пра тоё, — сумеўся Іван. — Гэта ты сам прыдумаў. Я кажу, што некаторыя лічаць нас няздатнымі вывучыць польскую мову. У гэтым сэнсе дурнямі. Як бы нам на тую польскую глуздоў не хапае.
— А хібя пане Іване ўжо бардзо добжэ мувіць па-пальскему? — знарок блытаючы словы, балюча пад’ялдыкнуў Саша.
— Не так добжэ, як па-сваему, — зразумеў Іван Сашаў настрой. — Занадта мудрагеліста для мяне. Бо мая навука ў здабычы кавалка хлеба. Не адно для сябе, а і для маіх сясцёр, братоў, для маткі з бацькам. Мая мова лепш відаць на полі, чым у кніжцы альбо сшытку. Мне там лягчэй распісвацца...
— О так, тут ты недасяжны майстар, — падхваліў Саша. — Гэта праўда. Але ці будзем далей пра твой клопат гаварыць?
— А то... Раз пачалі...
— Тады слухай маю канчатковую прапанову. У Пушчы ёсцека выдатны верш. Як для цябе напісаны. Пра Стасю, — прамовіў і пачаў пазіраць на Івана: як той гэта ўспрыме. Іван успыхнуў адразу:
— Зноў ты за сваё? Тады не трэба мне ніякае твае парады, калі смяешся, — пакрыўдзіўся. — Без цябе абыдусё. Падумаеш, фарсун, вершы ведаеш. Ну ідзі і чытай іх каровам. Толькі калі наетыя будуць. Бо галодныя на рогі начэпяць...
— Ну чаго ты закіпеў, як вада ў чыгуне? — супакаяльна прамовіў Саша. — Я ж дзеля цябе стараюсё. А калі ты не хочаш, то і мне не трэба, — і наважыўся адысціся.
Але Іван трохі астыў, на што і разлічваў Саша, без злосці ў вачах зірнуў на Сашу і прымірэнча папрасіў:
— Ладна, давай сваё вучанаё меркаваннё. Паслухаем...
— Дак вось, верш і праўда пра Стасю. Вядома, не пра тваю. Але гэта не мяняе справы. Я прапаную перапісаць і перадаць ёй.
— Хібя ты не ведаеш, што я пішу яшчэ лепей, чым чытаю, — як курыца лапай? — пакрытыкаваў сам сябе Іван і зніякавеў. — Я часам і сам не прачытаю, што накрэмзаю. А то Стася...
— Не перажывай, я перапішу. Чаго не зробіш дзеля кахання, — прамовіў Саша і адразу ж паправіўся: — Дзеля твайго кахання, не бунтуй, а то зноў загізуеш.
— А калі яна пазнае, што не я пісаў?
— Ну што ты наладзіў допыт, як поп на споведзі?
— На споведзі ты сам пра ўсё расказваеш бацюшку, — дасведчана паправіў Іван. — А як мы перадамо той верш? — нечакана выявіў прагматычны падыход. Ён і не заўважыў, што на гэты раз сам прамовіў «мы».
Саша хацеў падкузьміць яго, але перадумаў: і без таго хапіла Івану эмоцый, навошта даросламу чалавеку гэтулькі перажывання. Таму адказаў:
— Не спяшайся, яшчэ не вечар. Пераначуем, болей пачуем. Нешта прыдумаем.
— Дак хоць спярша паслухаць бы той верш, — Іван не губляў прагматызму. — Ты сёння каня павядзеш на поплаў? — спытаў і сумеўся, бо забыўся, што ў Назаноў няма каня. Саша зразумеў гэта як жарт і адказаў:
— Павяду. А як жа. Мой бык без твайго каня не наесца...
— Даруй, я не хацеў. Але ты прыходзь проста так. Паляжым на поплаве і пачытаем.
— Добра, — згадзіўся Саша.
Іван прыйшоў на поплаў першы. Спутаў каня і пусціў яго на сакавітую траву. Сам жа лёг, раскінуў рукі — хай хоць трохі цела адыдзе ад стомы. Зямля і праўда, як казала некалі Тэкля, забірае ўсе адмоўныя эмоцыі, дадае сілы. Здаравейшым становішся, паляжыш усяго паўгадзінкі — і як не было ўтомнага працоўнага дня, адвечнага клопату ад першых сонечных праменняў да цямна.
Іван зірнуў на неба. Сонца ўжо не было, скацілася за Школьны лес, мо ў мох схавалася. А небакрай яшчэ вельмі светлы, бліжэй да гарызонту нават чырвоны, як загарэлы. Толькі сям-там невялічкія хмаркі, як бы маміны карункі ці выцінанкі бабы Раіны, якая жыве разам з імі і даводзіцца роднай сястрой бацьку. Але не собіла ёй знайсці сваё сямейнае шчасце, а разам з гэтым не займела свайго ўласнага куточка. Жыве ў іхняй сям’і, але на полі працаваць не ахвочая. Больш ходзіць па хатах і даглядае дзяцей. Часам нават на цэлую вясну наймаецца да якога-небудзь багаценькага несвіжаніна альбо занятага сваёй лаўкай яўрэя са Снова. Мо там, у чужых і багатых людзей, і падгледзела баба Раіна, што са звычайнай паперы самымі звычайнымі нажніцамі можна рабіць надта прыгожыя рэчы. А называецца гэта выцінанкамі.
Каб сказаць, што іх не ведалі ў простых сялянскіх хатах, то няпраўда. У многіх на вокнах віселі выразаныя з каляровай паперы фіраначкі. Імі былі часам аздоблены берагі куфраў палічкі на кухні і розныя іншыя рэчы. Але каб ператварыць гэта ў мастацтва, то не кожнаму паддавалася такое ўмельства. Баба Раіна ўмела. У хаце Міхася Гэтэвіча іх было некалькі — сапраўдных карцін, якія мелі свае сюжэты, нагадвалі прыгожыя малюнкі прыроды.
Вось і цяпер Іван нібыта ўбачыў на небе адзін з такіх малюнкаў. Адно, што быў ён рухомы. Плыў па небе, як восенню каляровае лісце па вадзе Сержановага альбо Тамашэўскага лугу. Іван ажно заглядзеўся на гэты дзівосны малюнак і не пачуў як на поплаве з’явіўся Саша. Іван нават спалохаўся, калі той ціхенька падкраўся да яго і як не гукнуў на вуха:
— А што гэта тут за лежабок?! Каму праца надакучыла? Не, каб дзелам заняцца, дак ён бокі адлежвае! А ну падаць яго сюды, я на ім дубцы лазовыя праверу...
— Дубцамі і я магу цябе асвянціць, — у тон адказаў Іван і падняўся з травы, сеў, абхапіў рукамі калені. — Цьфу, напалохаў. Паглядзі, якія выцінанкі на небе. Як у нашай бабы Раіны.
— Ага, прыгожыя, — згадзіўся Саша і нечакана прызнаўся: — А я таксама вучуся выразаць. Толькі паперы не знайсці. А так атрымліваецца ўжо.
— Дак гэта ж не мужчынскі занятак, — здзівіўся Іван.
— А ты паспрабуй, тады і будзеш казаць.
— Не, дзякую. Я ўжо лепш чым-небудзь іншым. Мне на зямлі лягчэй узоры выразаць. Плугам, — Іван памаўчаў. — Ну што, кніжку прынёс?
— А як жа. Во яна, — дастаў Саша з запазухі невялікага фармату кніжачку і спытаў: — Будзем чытаць?
— Ну то чаго ж тады мы тут сышліся?
— Але тут такая справа, — пачаў Саша. — Тут ажно два вершы пра Стасю.
— Во-во, акурат для абедзвюх Стасяў і будзе, — пажартаваў Іван. — Для старой і для маладой. Паасобку.
— Дак ты што, намерыўсё паслаць верш і Стасінай матцы? — не адразу зразумеў Іванаў жарт Саша.
— Ага, ты скажаш. Ці мо адзін ад мяне — малой Стасі, а другі ад цябе — вялікай?
— Не, я не буду табе дарогу перабягаць, — адказаў Саша і пачаў гартаць кніжку. — Во, знайшоў. Слухай спачатку адзін. А пасля я другі прачытаю, — і Саша сеў на траву побач з Іванам. — Ты адно паслухай, як называецца: «Каханне, залатое каханне».
— А што, справядліва. Асабліва для мяне. Бо як не прыдбаю золата, так не даб’юся і кахання. Чытай.
Саша для важнасці адкашляўся і пачаў:
Каханне, залатое каханне,
Я стаю, пахіліўшы чало!
Не спаткаў я цябе пры кургане,
Не сустрэў у завейных палёх.
Ты само да мяне, маладога,
Прыгарнулася сэрцам сваім.
Усміхаліся далі, разлогі,
Усміхалася радасць у сінь.
А песні, санцавейныя песні
Разліваліся ўсплёскамі хваль.
Яны з сэрца каханне разнеслі,
Яны з сэрца памчаліся ўдаль.
Ў гэты вечар самоты не песціў,
Найшчаслівейшы быў між людзей.
Ціха зоры смяяліся ў вецці,
Я на іх задуменна глядзеў.
Разгадаць мне хацелася ўсмешку
Адной зоранькі яснай, як дзень.
Ружавела каліна на ўзмежку,
Я прыціснуў яе да грудзей.
Застануся з табою, красуня!
Я не ведаў уцехі ў жыцці.
Мне расслухаць хацелася ў шуме,
Аб чым ліст да ліста шапаціць.
Яна слоў мне тады не казала,
Толькі вусны палілі мой твар.
Не было, не было ў песні жалю,
Толькі кідала сэрца ў жар.
А што далей?.. у ветра спытайся.
Пакахаў, як ніхто, пакахаў.
Ой ты, Стася, смуглявая Стася,
Ўзгадаваў цябе Случчыны гай!
Ты расла там адна, сіратою,
Вочы карымі сталі ад рос.
Вось кахаю цябе мо за тое,
Што і сам я ў самоце ўзрос.
Саша закончыў, сціх і запытальна пазіраў у Іванаў твар.
— Нешта ёсцека. Але канцоўка нейкая дзіўная... — выказаваў сумненні Іван.
— Ты маеш рацыю, — згадзіўся Саша і трохі задумаўся. Пасля пераканана прамовіў: — А мы апошнія слупкі апусцім.
— Апусціць, вядома, можна. Але ж там, мусіць, якраз самыя добрыя словы. Прачытай яшчэ раз.
— Што? — удакладніў Саша.
— Тое, што ў канцы.
Саша прачытаў:
А што далей?.. у ветра спытайся.
Пакахаў, як ніхто, пакахаў...
— Во-во, — перапыніў яго Іван. — Гэта. Бачыш, як хораша: пакахаў, як ніхто, пакахаў... Хай ведае, што я мацней за іншых... — і не закончыў, сумеўся: нікому ніколі не казаў такіх слоў. І, відаць, не скажа. Бо лічыць, што пачуцці не ў словах выяўляюцца, а ў справах, у адносінах. — А калі апусціш апошнія слупкі, то прападзе і гэта...
Захопленыя паэтычным настроем, хлопцы забыліся і пра наваколле. Хоць азірацца ды ўглядацца ў дзівосы прыроды ім не было патрэбы: усё знаёмае, сто разоў бачанае, хоць заўсёды непаўторнае і вабнае. А што да якой-небудзь небяспекі, то адкуль яна можа тут, на бязлюддзі, узяцца?
Аказалася, дарэмна так думалі. Бо яны і не заўважылі, што за імі ўжо колькі часу назірае дзявочае вока. І не абы-хто звярнуў увагу, а сама... Стася. Яны пра яе маракуюць-гадаюць, а яна тут як тут, нібыта пачула і з’явілася на кліч.
На самай жа справе Стася ішла праз поплаў да сваёй хрэснай маткі — мама папрасіла даведацца, ці не прыйдзе памагчы масла збіць перад аўторкам, каб у Сноў на базар завезці. Бегла Стася па сцежцы між жыта — каб да прыцемкаў паспець вярнуцца, бо надвячорак бярэцца, пасля на поплаве аказалася. І спынілася ў здзіўленні — два хлопцы пра нешта ажыўлена гамоняць, час ад часу смяюцца.
«Хто гэта вечаровыя смешкі строіць?» — зацікавілася Стася. Аказалася, свае. Але што іх так развесяліла, бо нічога вакол не заўважаюць? Стася падышла так блізка, што сталі чуваць галасы. Найбольш Саша Назаноў гаворыць, а Іван Гэтэвічаў толькі зрэдку слова ўстаўляе.
Стася вельмі і не прыслухоўвалася, бо выхавана не так, матка карае, найбольш словам, калі без дай прычыны да чужой гаворкі знарок вуха прыстаўляеш. Яна і тут мо прайшла б міма, але нечакана пачула як бы сваё імя. Ва ўсякім разе нешта гаварылі пра Стасю. І яна не стрымалася, парушыла этыкет, ды і хто тут, пасярод поплава, асабліва зверне на гэта ўвагу, прыпыніла хаду, натапырыла вуха.
Хлопцы і праўда гаварылі пра Стасю.
— А што, чым кепска гучыць? — казаў Саша і цытаваў: «Пакахаў як ніхто, пакахаў. Ой ты, Стася, смуглявая Стася, узгадаваў цябе Случчыны гай!»
— Дак жа далёка мы ад Случчыны, — зноў пярэчыў Іван.
— Ну, па-першаё, не так і далёка, — не здаваўся Саша. — А, па-другоё, будзем лічыць гэта паэтычным вобразам. Затоё якія словы: «Пакахаў, як ніхто, пакахаў». Простыя, як твае ўсё адно.
— Занадта канкрэтна, — зноў не згаджаўся Іван. — Да не нашае зямлі прывязаны. Не мае гэта словы.
— Як гэта не нашае? — кіпяціўся Саша. — Хіба мы не на сваёй зямлі жывём? Ну і што, што панская? Скрозь нашая. Хоць і не нам належыць, а нашая...
Абодва памаўчалі, пазіраючы то на ўсё яшчэ палымяны ўскраек неба, то на ўцямнелы дыван разнатраўя, пазначаны ладыгамі яркіх красак.
— Або гэтыя во словы, — зноў загаварыў Саша. — «Застануся з табою, красуня! Я не ведаў уцехі ў жыцці»... Хіба дрэнна гучаць? Стася адразу ўсё зразумее.
Нечакана Стася быццам нечым папярхнулася, не стрымала кашлю. Хлопцы, як злоўленыя злодзеі, спалохана зірнулі ў яе бок. Убачылі дзяўчыну і знямелі. Іван порстка ўскочыў з зямлі. Саша таксама ўстаў і павітаўся:
— Дзень добры пекнай паненцы! А мы вось... — і невядома, што казаў бы далей, але яго перабіла Стася:
— Ага вы, вось... — яна нават не адказала на прывітанне. — Залезлі ў траву і на добрых людзей паляванне наладзілі, абгаворы. А ну кажыце, што вы тут задумалі? — падпусціла яна суровасці ў голас, бо на самай справе не ведала, пра што вялі гаворку пастухі.
Іван спыніўся, хоць і не падыходзіў.
— Дак мы не лоўчыя, — апраўдваўся Саша і нечакана прызнаўся: — Мы кніжку чыталі... Проста чыталі, праўда, — асмялеў ён ад нечакана знойдзенага апраўдання. — І натрапілі на вершы пра Стасю...
Саша змоўк і запытальна пазіраў на дзяўчыну. Яна недаверліва вадзіла вачыма то на Сашу, то на Івана.
— А што, хіба Іван ужо навучыўся чытаць? — не то са здзіўленнем, не то здзекліва спытала Стася.
— Гэта я чытаў, — патлумачыў Саша. — А Іван слухаў... А хочаш, я табе прачытаю? — нечакана нават для сябе самога спытаў Саша і заўважыў, што Стася адчула сябе менш пэўна. — Хочаш? Паслухай. Гэта кніжка Язэпа Пушчы, — паказаў вокладку. — Во, бачыш?
Стася мімаходзь зірнула, але паспела заўважыць прозвішча: праўда Пушча.
— А што, уся кніжка беларуская? — спытала.
— Ага, — пацвердзіў Саша.
Іван, які ад іхняй мірнай размовы пасмялеў, паціху вяртаўся назад. Яму было цікава, як да ўсяго гэтага паставіцца Стася. Бо момант быў самы спрыяльны, каб хацеў, то лепшага не прыдумаеш. Але і самы адказны. Калі не сёння, то ўжо, мабыць, ніколі не надарыцца такога.
— Кніжка беларуская, а ты хібя не ўмееш чытаць? — запнуўся і дадаў: — Па-беларуску?
Стася таксама адказала не адразу.
— Умею, чаму ж не. Але я наогул чытаю мала, — і адразу ж паправілася, каб не падумалі чаго благога: — Бо дзе ты дастанеш тых кніжак? Часам ксёндз дасць якую... Ды і часу не стае, клопатаў па хаце звыш галавы, — яна гаварыла ўжо зусім мірна, чаго не прамінуў скарыстаць Іван. Ён уставіў свае тры грошы і ледзь не сапсаваў абедні:
— Дак хібя ў вас больш клопату, чым у іншых? Вам жа батракі памагаюць. І адрабляльшчыкі...
Стася трохі пачырванела і выпаліла:
— І многа ты на нас батрачыў? Скажы, га?
— Ну, многа не многа, — зразумеў сваю памылку Іван, але на выручку яму прыйшоў Саша:
— Хібя пра тоё зараз ідзе? Працы заўсёды і ўсім хапае, — сказаў прымірэнча. — Мы ж пра кніжку... Дак я прачытаю? — звярнуўся да Стасі. — Добра?
Яна паціснула плечукамі.
— Тады паслухайце, — прапанаваў Саша.
— А тут ніхто не пачуе? — нечакана спытала Стася.
— А як жа. Пачуюць. Вунь конь пасецца. Пташкі, чуеш, спяваюць у траве, ды кузуркі і мошкі розныя, — адказаў Саша.
— Ну то мо ім лепш і пачытай, — трохі засердавала Стася. — Я пра другое. Сам ведаеш, што бывае за чытанне беларускіх газет і кніжак...
— Ведаю, — смела адказаў Саша. — А ты што, маеш жаданне некаму расказаць? — у ягоным голасе чуваць была не насцярожанасць, а выклік. — Дак мы ж тут усе па-беларуску гаворым, — прамовіў і паправіўся: — Калі самі з сабой. Адно з начальствам язык свой выкручваем...
— Але беражонага Бог беражэ, — разважна прамовіла Стася. — Хібя не ведаеш, што за такую храбрасць не адзін у пастарунак трапіў? І з Баяр, і з Ліпы — аднае і другое...
— Ведаю, — перабіў Саша і яшчэ больш запальчыва адказаў: — А мы што, хібя не на сваёй зямлі? Увесь час усіх будзем баяцца? Са страхам і памром? — ён бы гаварыў і далей, але Іван выразна кашлянуў, здзіўлена зірнуў на сябра: што ты, маўляў, малоціш, абяцаў верш прачытаць, а самога вунь куды панесла, як Хвілосафа. Саша раптоўна астыў, з разуменнем і непрыкметна падміргнуў Івану і адразу ж перайшоў да справы: