— А верш я хацеў прачытаць пра Стасю, — заўважыў, як зноў коса зірнуў на яго Іван, і дадаў: — Новы, не той, які мы чыталі. Бо ў Пушчы ажно тры вершы, прысвечаныя Стасі.

Іван зірнуў на Сашу яшчэ больш здзіўлена, што, відаць, азначала: «Дак ты мяне падмануў хітрэц? Казаў жа пра два. Аказваецца, ужо тры. Дак мо і чацвёрты знойдзеш? Ці мо ты сам іх пішаш, а спасылаешся на Пушчу?» Саша, не зважаючы на Івана, пачаў чытаць:

Выгляд твой маладжавы зблажэў,

Ты ўжо стала не тая, другая.

Да мяне прытуліся бліжэй,

Хоць зарніца ў палёх дагарае.


Нашто свецяцца слёзы ў вачох

І спадаюць расой каляровай?

Палажы мне чало на плячо,

Не сумуюць хай хмурыя бровы.


Нечакана цябе я сустрэў, —

Твае вусны красою палалі.

Зорны смех рассыпаўся між дрэў,

І ўсміхаліся зорамі далі.


Мы былі тады толькі адны,

Па дарозе ступалі спакойна.

Праімчаліся гэныя дні,

Праімчаліся шпаркімі коньмі.

Не вярнуць іх ніколі ўжо, — Толькі ўспомніцца часам, як неслі. Яшчэ жар не адцвіў, не пажоўк, Яшчэ будуць і казкі і песні.

Саша яшчэ чытаў, а Іван, які спадылба пільна назіраў за дзяўчынай, зразумеў: «Усё, правал. Не пад мысль гэта Стасі». Ён бы і сам не патлумачыў, чаму падумаў менавіта так, але ведаў, што не памыліўся.

Стасю знервавалі самыя першыя словы: на што намякаюць? Чаму і ад чаго яна зблажэлая? Насміхаюцца. Чым далей чытаў Саша, тым больш хму­рым станавіўся Стасін твар, гаслі вочы і чырвань залівала шчокі: вунь што выдумалі, зрабілі яе закаханай і пацяшаюцца, здзекуюцца... І яна не сцярпела:

— Што вы сабе дазваляеце? — выбухнула гневам, як сапраўдная шляхцянка. — Пасмяяцца хочацца? Дак Тэклю знайдзіце. Ёй чытайце свае вершыкі. Альбо нашай карове. Яна перадойка, малака не дае, не страшна... Ці свайму быку, — гэта ўжо ў Іванаў адрас. Рэзка крутнулася і подбегам пусцілася па сцежцы. А наўздагон ёй чулася толькі Сашава і Іванава спалоханае маўчанне. Іван першы парушыў яго:

— Пайшла...

Саша намагаўся нешта казаць, каб затрымаць дзяўчыну, але Іван сумна папрасіў:

— Не трэба, хай ідзе... І ты ідзі, — і дадаў: — Паэт...

— Я ж хацеў як лепей, — апраўдваўся Саша. — Хто ж ведаў, што яна сюды прыйдзе? Ды і што я такое сказаў? — пасмялеў. — Бач, фанабэрыю сваю паказвае...

— Добра, сціхні ты... — зноў неяк сумна папрасіў Іван. Саша змоўк, а пасля нечакана згадзіўся:

— А мо і добра, што сама пачула. Не трэба будзе перапісваць.

— Добра, добра, — перабіў яго Іван. — А калі яна ў пастарунак пойдзе ці да паліцыянтаў? Што тады, га? Зноў будзе бэтаха беднаму беларусу. І ніхто не паверыць, што я не ўмею чытаць...

— Дак ты праўда спалохаўсё? — неяк здзіўлена і адначасова як бы з роздумам спытаў Саша. — Тады аперадзі яе.

— Што? — не зразумеў Іван.

— Першы збегай у пастарунак і пра ўсё раскажы. Сам. І пра мяне не забудзься...

— Што ты вярзеш? — загарэўся заўсёды нетаропкі Іван. — З глузду з’ехаў? Ці мо зусім звар’яцеў? А, зрэшты, ідзі ты, памо-очнічак...

— Куды? — не зразумеў Саша.

— Куды, куды... Сам ведаеш. К чортавай матары. А то і далей магу паслаць.

Іван сціх, адчайна махнуў рукой. Ён амаль упэўнены быў, што больш яму да Стасі не падступіцца, не зразумее яна, а то яшчэ і насміхацца пачне. А гэта для Івана самае страшнае.

«І нашто батраку нейкія там вершыкі? У яго адна кніга. Вядома якая...»


Ігрышча імкліва кацілася да завяршэння. Васілёў надворак усё больш пусцеў. А Маня была разгубленая. Яна баялася ісці дамоў адна, бо невядома, што выдумае падпіты Чэсь. Але і заставацца ўжо не было ніякай падставы.

Ды Бог не пакінуў дзяўчыну. Недзе ўжо зусім пад раніцу, калі ўскраек неба трошкі пасвятлеў ад пабліжэлага да іхняга хутара сонца, Васіль рэзнуў наастатак звыклае тут «Развітанне славянкі» альбо, як больш прывычна называлі, — маршу, звёў мяхі гармоніка і скамандаваў:

— Усё, хлопцы, хопіць. Заўтра, не, ужо сёння, — паправіўся, зірнуўшы на неба, — праца чакае. Пара па хатах. Ці мо адразу на зажынкі пойдзем? На Назанова поле. Га? Як ты? — звярнуўся ён да Мані.

Ад нечаканасці дзяўчына не ведала, што адказаць. Толькі сэрца затахкала больш спакойна: начных прыгод з Чэсем не будзе. Але нехта як бы параіў не спяшацца. Нечакана згадалася прымаўка: «Рана пташачка запела, каб яе кошачка не з’ела...»

Пакуль яна разгублена маўчала, Васіль прапанаваў:

— Пойдзем разам, па дарозе яшчэ паспяваем. Добра?

Для Мані гэта сапраўдны паратунак, яна зразумела, што для Чэся будуць непярэліўкі. Як бы ні склалася, а з Васілём бяспечна, надзейна. Калі што якое, то і сілай не слабы Васіль — рослы, шыракаплечы, як каваль-вярнідуб з вядомай казкі. Таму Маня аберуч ухапілася за гэткую прапанову: з Васілём не прападзеш.

— Ой, і мы з вамі, — папрасіліся Саня і Гэлька. — Мы таксама спяваць хочам. Добра?

— «Ну, калі панна Паўлінка так пекна просіць...» — Васіль здзівіў усіх сваім веданнем п’есы Янкі Купалы.

Адно да Чэся, відаць, не дайшло, не зразумеў ён што да чаго, бо няўцямна спытаў:

— Якая Паўлінка? Якія песні? Маня ж са мной пойдзе. Абяцала... — дадаў не надта пэўна.

Не паспела Маня нічога адказаць, як нехта з хлопцаў спытаў:

— А ты хадзіць умееш?

Чэсь не зразумеў падначкі і ганарыста адказаў:

— А то!

— Ну вось і ідзі...

— Куды? — Чэсь ці то прытвараўся, бо звычайна яго востры розум імгненна рэагаваў на любую насмешку, ці то знарок цягнуў час.

— Проста ідзі. Прама, значыцца. Нікуды не зварочваючы, увесь час проста... Аж пакамісь не трапіш к чортавай матары, — прамовіў хлопец, і смех заглушыў Чэсева абурэнне.

Аднак для фарсістага Чэся гэта было крыўднай абразай, а абразы ён звычайна не дараваў нікому.

— Ты не вельмі выскаляйся, я з Маняй гавару. З табой пасля разбяруся. Мы ж разам пойдзем. Праўда, Маня, га? Маня, чуеш?..


— Маня, дзе ты дзелася? А-вой, мусіць заснула там? — чуўся гучны голас маці. — Выходзь са свайго зацішку, дождж перастаў... Маня, чуеш?

Маня спалохана крыкнула:

— Га? Што? — а сама яшчэ не зразумела, хто яе кліча і каму яна адказвае.

Але хуценька ачомалася і порстка выпырхнула са снапоў на намоклае

іржышча. Толькі з закранутых каласоў капелюша на мыдлі пасыпаліся спорыя кроплі. Абцягнула трохі намоклую сукенку, якая прыліпала да цела, міжволі зірнула на грудзі — згадала Сашыны словы пра цыцкі і жніво і турзанула за сукенку насупраць двух грушак, што, здавалася, пабольшалі за гэты дзень. Зрабіла гэтак і ажно сумелася, пачырванела: ці не заўважыў бацька, брыдка будзе, калі кінецца ў вока Манін клопат. На шчасце, тата кешкаўся з возам, збіраўся ехаць дахаты.

— Я тут, мама, — гучна прамовіла Маня, каб заглушыць уласную няёмкасць. — А што — рабіць будзем? Усё ж такоё мокраё.

— Нічога не будзем рабіць, — як бы загадаў бацька. — Дахаты паедзем, у гумне снапы яшчэ паспеем злажыць.

Ехалі па палявой дарозе. Калёсы праціскалі раскіслую зямлю да сухога, наматвалі гэтую балабэху разам з зеллем і жытнімі сцяблінамі на восі, на спіцы, сям-там, калі траплялі ў лужыну, з-пад калёснага акуцця ляцелі пырскі ажно на воз, дзе між драбінамі сядзелі падмоклыя гаспадары гэтага поля.

Вялікі дождж прайшоў бокам, іх толькі краем зачапіў. Вунь і неба пачынае праясняцца, праз хмары прабіваецца сонечнае праменне, робіць празрыстымі і бліскучымі кропелькі на каласах — нібыта брыльянтавым становіцца збожжа. А сонца яшчэ і качаргой не дастанеш, яшчэ на таку ў гумне і праўда шмат зрабіць можна.

Маня моўчкі пазірала на абмыты дажджом лапушысты бульбоўнік, які свяціўся густым зялёным колерам, месцамі здаваўся ажно сіняватым, над ім яшчэ сям-там бялелі кветкі — не да канца адцвіла бульба. Яе змянялі палосы льну, пасевы пшаніцы, аўса, ячменю — усё тое, што патрэбна сельскаму гаспадару для свайго спажывання і для продажу ў горадзе дзеля жывога граша, расло на полі. І ўсё патрабавала да сябе своечасовай і пільнай увагі, сапраўднай павагі, паклону і майстэрства, мазаля і поту. Іначай не будзе плёну, не дасца ў рукі жаданы вынік.

Гэта яна разумела з малых гадоў. Што праўда, не адна яна. Кожны, хто нарадзіўся на зямлі, мо з малаком маці ўсмоктваў найперш разуменне сваёй сельскай прыналежнасці, неабходнасці аддаваць зямельцы ўсе свае сілы, быць дбайным гаспадаром усяго, што мае і дае прырода.

А той, каго ахінула сваім непаўторным водарам, атуліла небывалым прасторам хутарское жыццё, адчуваў да зямлі асаблівае пачуццё, узмоцненае адкрытым супрацьстаяннем прыроды і чалавека, калі ты твар у твар, вочы ў вочы з прыродай, са стыхіяй, адзін на адзін з яе праявамі ваяўнічасці і нават агрэсіўнасці. Спрадвечная барацьба чалавека і абставін, у якіх ён жыве, жаданне змяніць іх, палепшыць, апанаваць, дабіцца, каб сабе стала лягчэй, каб дзецям было лепш, каб унукі з праўнукамі не гаравалі ад бясхлебіцы, а калі больш агульна, то каб усім не забракла хлеба надзённага.

Маня ўздыхнула і зірнула на бацькоў, якія мо дачасна і старэлі ад зазнанай долі. Яны пра нешта ціха гаварылі — гаспадарскія клопаты не адпускаюць ніколі, заўсёды патрабуюць не толькі руплівай працы, але і дамовы, згоды — дзе, калі, што і як рабіць, каб лепшы плён, каб менш выдаткаў і страт. Для селяніна кожны набытак важны, кожны грошык да справы.

Вось і шчыравалі з году ў год, з пакалення ў пакаленне, ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына, перадаючы да бліскучасці адшліфаваныя намазоленымі рукамі ручкі плуга, касу ды граблі. І хоць часам скардзіліся на беднасць і скупасць зямлі, бедавалі, што цяжка яе абрабляць, што выціскае яна ўсе сілы і высмоктвае з чалавека ўсе сокі, ды ніхто самахоць ад зямлі не адмаўляўся. Кожны разумеў, што адно зямля і адна яна ўратуе, дасць спажыву на сёння і на заўтра, дапаможа жыць альбо хоць бы выжыць, а без яе — хоць у палонку. Той, хто чуў Сашава чытанне Коласа, цалкам згаджаўся з тым невядомым, але праніклівым паэтам, які так добра пра зямлю сказаў. Бедавалі, што мала зямлі, няма дзе ні самому разгарнуцца, ні дзяцей на ногі паставіць, а калі пажэняцца ці замуж павыходзяць, то няма з чаго надзел даць, каб з руплівасці свае хлеб здабывалі.

Таму адно збавенне — мець зямлю. Пра гэта хораша Колас сказаў. Нездарма ўсё ж коласам называецца, добрыя зярняткі выспельвае. Бацька ад Сашы ўжо сёе-тое запомніў, хоць ніколі нікому не прызнаваўся: засмяюць, скажуць здурнеў чалавеча. Міхась ажно лоб зморшчыў, прыпамінаючы Коласавы словы пра зямлю. Яны найбольш запалі ў душу, нешта там абуджалі, да нечага клікалі. Згадваў іх, і як бы знаходзіў апірышча ў скрутных сітуацыях, нібыта дужэў і здаравеў. От жа знайшоў Колас чым праняць селяніна, здолеў адчуць найпякучую балячку хлебасея, зразумеў ягоную беднасць і бядоту.

А дзе ж той выхад? дзе збавенне

З няволі цяжкай, з паланення?

Адзін ён ёсць: зямля, зямля,

Свой пэўны кут, свая ралля:

То — наймацнейшая аснова

І жыцця першая ўмова.

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне...

О, так, зямля — аснова і для гаспадара, і для дзяцей. Толькі дзе ж яе ўзяць, от у чым штука. Не сказаў паэт, адно яшчэ больш разверадзіў даўнюю рану, разварушыў прысак крыўды. Бо ў любога гаспадара адзін і той жа спрадвечны ад прадзедаў клопат: дзе ўзяць зямлі, каб дзяцей сваіх надзяліць? Без яе ты ніхто — пылінка, якую лёс дзеля кавалка хлеба закіне немаведама куды.

І ехалі — у белы свет, як у капейку. Шукалі недзе нечага лепшага, нібыта чужое можа быць лепшым за сваё. Але што зробіш, калі свайго не хапала. Вось і клікала шчыравальнікаў далёкая чужая зямля — ажно за морам-акіянам, якога ніхто з тутэйшых і ў вочы ніколі не бачыў, дзе патрабаваліся працавітыя рукі ды разумная галава, каб не згібець бясхлебным на чужыне, каб памнажаць багацце нейкага невядомага заморскага гаспадара, які ўжо тым карысны, што дае працу, а за яе неблагія па тутэйшых мерках грошы.

З’язджалі лепшыя, мо самыя ўвішныя ды гаспадарлівыя, хто ўмеў круціцца ў любых абставінах, у такіх шанец здабыць капейку быў большы. І не адно з хутара, а і з суседніх вёсак падаваліся ў белы свет. Згаворваліся, збіраліся разам і ехалі. Пакідалі на слабейшыя рукі тутэйшыя палі, лугі, паплавы. Вярталіся не ўсе, а калі каму ўдавалася сабраць за морам сякі-такі скарб і прывезці яго сюды, то набываў за яго найперш добры гаспадарскі інвентар, будаваў новую стайню, кароўнік альбо гумно. І праз тое багацела тутэйшая зямля, больш выніковай станавілася сялянская праца. Але нават у страшным сне не мог сасніць такі гаспадар, якія беды і нягоды чакаюць яго неўзабаве праз гэтую зямлю і лепшы за іншых інвентар, праз сваю рупнасць і гаспадарлівасць, не паверыў бы нават бацьку роднаму, што за ўласны хоць нейкі дабрабыт, за нажытае пякучым потам і крывавым мазалём, можа апынуцца там, куды і думкай не сягаў, альбо зусім пазбавіцца жыцця...

Але пабагацелым таксама патрэбна больш поля, каб было дзе разгарнуцца — пасевы з розумам чаргаваць, новую агратэхніку, падгледжаную за мяжой, скарыстаць. Часам удавалася прыкупіць зямлі ў пана. Але найчасцей мусілі прадаваць яе альбо здаваць у арэнду былыя паплечнікі па няшчасці, якіх іхнія надзелы не маглі пракарміць. І не адно добры палетак, а і няўдобіцу куплялі, бо руплівыя рукі могуць усё ў парадак прывесці. Што праўда, ад гэтага багацелі не надоўга, не надта выбаўляліся з гаротнасці. Многім і да таго жылося надгаладзь, а пасля наогул існавалі ўпрогаладзь.

Мо таму і даглядалі кожную магулінку лесу, поля, луга, поплава, нават балота, пеставалі зямлю як немаўля, як малое дзіця, абы давала яна скібку хлеба надзённага, без якога ні жыць немагчыма, ні з бяды выбавіцца. І горкімі слязамі плакалі, не саромеліся гэтага нават мужыкі, калі град паб’е, альбо навальніца пакладзе, ці мароз пашкодзіць пасевы, калі змарнееюць людскія высілкі. Гора тады невымернае — хоць чапляй на плечы кайстру ды ў свет выпраўляйся пабірацца-жабраваць. Адно толькі заставалася даступным, бясплатным і навечным для кожнага — маленькі грудок на могілках. Ды і то Язавец не меў сваіх, хаваць вазілі цераз шашу-брукаванку, што з Нясвіжа на Баранавічы, — на Доўкіндскія могілкі, дзе ўсё большала і большала вялікіх і малых крыжоў.

А хто ж яны самі на гэтай зямлі?

Хлебасеі?

Хлебапёкі?

Не, яны проста хлебаробы.

Бо для хлеба мноства навыкаў патрэбна, шмат што трэба ўмець.

Значыць, яны хлебадаўцы.

А калі так, то ёсць і хлебаеды? І, відаць, шмат іх, значна больш за хлебадаўцаў. Бо колькі хлебаробы ні сеюць, як ні стараюцца, а ўсё мала, усё не хапае. А каб з жаданым вынікам працаваць на зямлі, патрэбна вялікая сіла, шмат рабочых рук. Дзеля гэтага і дбалі, каб многа дзяцей у хаце, найперш сыноў. Аднак дзіўная рэч атрымлівалася — павялічвалі сям’ю дзеля працы на зямлі, а заміж чаканага выніку мусілі яшчэ ў большую бяду і галечу залазіць: зямлі на ўсіх не хапала, значыць, не ставала і хлеба.

Дык хто ж яна для селяніна, гэтая мройная і выпакутаваная зямелька, — маці родная ці мачыха злая? Спрыяльніца роду ці зводніца са свету? Пакутлівы спадзеў-надзея альбо безнадзейная прышласць?

Як ні круці, а без лапіка зямлі ты ніхто, нават не жабрак, бо і на кайстру не хапае палатна. Выходзіць, што без яе, без зямліцы-карміцелькі, ніяк не абысціся. Хай сабе мала, хай часам няўдобіца, камяніца, але ж гэта хоць нейкі спадзеў, надзея, заўтрашні дзень. З зямлёй ты гаспадар.

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы...

Без яе — ты няшчасны, лішні чалавек, якому ні кутка, ні лусты, ні чалавечага цяпла. Хоць жывым на могілкі паўзі. Калі да працы, то рукі твае патрэбны, ты хлебароб, хлебасей, калі ж да спажывання здабытага потам і крывёю, ты лішні рот, непажаданы нахлебнік, ледзь не дармаед, асабліва калі абяссілееш — ці то ад старасці, ці то ад хваробы.

Так разважалі на адзіноце многія, але ніхто бадай не асмеліцца выказаць тое таемнае пачуццё словам, на людзях. Сам сабе, у сваёй хаце, то яшчэ няхай, і то, каб не пачула лішняе вуха, бо не абярэшся бяды, зацягаюць у пастарунак. А вось на вуліцы, пры людзях — ні-ні. Галасі сабе, але моўчкі. І барані Бог ад злосці папікнуць у дармаедстве некага са сваіх блізкіх. Хіба яны ў нечым вінаваты? А каб на ўладу паскардзіцца, то лепш язык сабе адкусіць, задзяўбуць, да смерці давядуць, але каб жа адразу, каб спыніліся пакуты, дык не, будуць мучыць і здзекавацца, будуць дапякаць і пацяшацца...

Дык няўжо гэта тая двайная мараль, што цішком раз’ядае душу, ператварае чалавека ў рабочага каня, якому галоўнае наесціся, напіцца і за кароткі перадых аднавіць сілы для працягу непасільнай працы?

Вось дзе загваздка, вось дзе збэрсаны клубок праблем.

Чаму такі невясёлы кругаварот атрымліваецца — працаваць, каб есці, і есці, каб працаваць?

Але ж не, не зусім так. Ёсць нешта іншае, што чалавека трымае на гэтым свеце чалавекам, які ўмее і павесяліцца, і пасмяяцца, і песню завесці, і ў віхурным танцы здатнасць праявіць. І не з адчаю ж гэта, не з безвыходнасці. А таму, што чалавек ён, не зважаючы ні на што. Значыць, не адно дзеля кавалка хлеба жылы свае рве, змушае іншых працаваць, працаваць, працаваць, аж пакуль знясілена не ўпадзе сам, не пойдзе ў тую самую зямельку, дзеля якой і на свет гэты прыходзіў, сабе падобных пускаў у жыццё. З зямлі з’явіўся, у зямлю і пайшоў, каб нанава прарасці не адно жытнёвым коласам, але і новым маладым жыццём, якое заіскрыцца мройным спадзевам на лепшае, на багатае існаванне, блісне прывідным дастаткам і зноў бядой ды нястачай прыгорбіць, сагне, прыцісне да зямлі, што і галавы не падняць, як бы няма ні неба, ні зор на ім, ні вышыняў, ні таго, хто пануе там, усім светам — і людзьмі — апякуючыся.

Дык чым жа чалавек адрозніваецца ад зерня, што таксама памірае, каб даць жыццё новаму зернейку, якое ў сваю чаргу альбо стане мукой для падтрымання жыцця іншых, альбо вырасце новым коласам, памрэ, значыць, каб зноў паўтарыць той жа кругазварот? Але ж смерцю сваёй любое зернейка дае новае жыццё. Значыць, жыццё нараджаецца са смерці?

«Смертию смерть поправ...»

Хто не нарадзіўся, той не памрэ. Усё-ўсё, што з’явілася, прыйшло на гэты свет, рана ці позна знікне з яго. Жывым з гэтага жыцця яшчэ ніхто не сыходзіў.

Але ж з нічога нічога не бывае.


Дак што ж было перш — зерне ці колас?

Міхась Назан не раз разважаў над гэтым. Часам так глыбока залазіў у свае думкі-меркаванні, што ледзь выбіраўся на ратавальны бераг. Але калі даходзіў да гэтай вось невырашальнай праблемы, заўсёды трапляў у тупік: папаўся ў нерат, што ні ўзад, ні ўперад. Ён цяжка ўздыхаў і адганяў назойлівыя, як авадні, і цяжкія, як жорнавыя камяні, пытанні, каб наступным разам зноў вярнуцца да іх, нястомна шукаць выйсце з адвечных лабірынтаў, над чым, відаць, пакутавалі ягоныя продкі і продкі іхніх продкаў, і так ажно да бясконцасці.

Гэта адно біблейскі Адам — чалавек Божы, пакуль не змушаны быў сысці з райскага саду, меў усё, што хацеў. А вось Міхасёвым дзецям, ды і дзецям дзяцей, не дакалупацца, напэўна, да самай сутнаснай сутнасці, не прыйсці да цвёрдай пэўнасці, якая супакоіць і заспакоіць, не будзе адбіраць надзеі, не стане дачасна разбураць мару пра шчасце на сваёй зямлі...

А пра няроўнасць гэткую між людзьмі не раз казаў дзед Мацейка. Ён, хутарскі вяшчун, усё ведае, на ўсё мае свой погляд, любую падзею, здаецца, можа вытлумачыць і на палічкі пакласці — як драўляныя лыжкі і міскі на кухні. Запомніўся Міхасю Мацейкаў сказ пра беднасць, няроўнасць, пра тое, адкуль ліха ўзялося на свеце. Шмат пра што баяў дзед, а вось жа ўпала ў памяць Міхасю менавіта гэта.

— А мае вы гал_убкі і галубкг, дак гэта ж мы самі ва ўсім вінаватыя, — казаў Мацейка, седзячы на прызбе сваёй хаты, дзе ён заўсёды бавіў час, падстаўляючы твар сонцу. — Ага, мы самі. І ніхто, акрамя нас. Людзі, значыцца. Бо не паслухаліся Бога. Захацелі быць вышэйшымі і дужэйшымі за яго. Каб на небе нароўні з усімі багамі сядзець і нічога не рабіць. Так людзям думаласё. Ага. Бо лічылі, што багі на небе толькі пануюць і піруюць, і нічым такім, як людзі на зямлі, не займаюцца. Забыліся нават пра тоё, што запаведаў ім Гасподзь, калі багацці зямныя давяраў. А даў ён нам, мае вы гал_убкі і галубкг, самаё галоўнаё — уладу над усім, што на зямлі, што над зямлёй і што ў зямлі. Ага... І наказаў мець майстэрства ў руках і розум у галаве, каб усім гэтым з карысцю валодаць. Адно забараніў — чалавеку панаваць над чалавекам.

— Дак як жа гэта можа быць!? — запярэчыў Валодзік Хвілосаф, які таксама слухаў дзеда. — Як можа такоё быць, каб людзі жылі без начальства? Га? — пытаўся ён і абводзіў усіх запытальным позіркам. І сам сабе адказваў: — Маўчыце? Да нідзе такога не было. І быць не можа! — пераканана падводзіў рысу.

— Ціха ты, не перабівай, Хвілосаф, — спынялі яго. — А то вытурым адсюль. Хібя твае камуністыя не казалі, што ў той Беларусі няма паноў? І ва ўсім Савецкім Саюзе. І ніхто ні над кім не пануе...

Гэтае пытанне ставіла Валодзіка ў тупік, бо выходзіла, што, калі ён адкажа, то пацвердзіць, што знаецца з бальшавікамі, а калі не здолее годна патлумачыць, то які ж ён хвілосаф? Але Хвілосаф проста так не здаецца.

— Я то гэта ведаю, — казаў ён і ўдакладняў: — Што паноў там няма. Ды і вы пра тоё ведаяця, іначай чаго было рэвалюцыю рабіць? — нібыта пытаўся сам у сябе. — Але каб ніхто людзьмі не ўпраўляў, то такога не можа быць, — сумняваўся ён, аднак ужо больш пераканана дадаваў: — Не, вядома, не можа чалавек быць без кіравання. Але там не паны-самазванцы стаяць над людзьмі, а людзі самі сабе начальства выбралі. Са сваіх, з бед­ных... — без ценю сумневу казаў Валодзік.

— А што, калі з бедных, то менш кусаюцца, га? — не вытрымліваў нехта ягонай філасофіі. — Ці мо есці не хочуць? Хібя не кажуць у нас, што калі з паноў пан, то праўдзівы пан, а калі з хамаў, то і на паўпанка не цягне?

Валодзік толькі мерыўся нешта патлумачыць, як Ясь Гэтэвічаў устаўляў сваё, чым дарэшты збіваў Хвілосафа з панталыку:

— Ага, дак значыць і ў Саветах людзі стаяць над людзьмі? Не ўсе роўныя? Ёсцека раўнейшыя? Га? Тады нашто тую рэвалюцыю выдумлялі? Каб новыя паны над простым людам панавалі?

Валодзік збянтэжана лыпаў вачыма, у яго ажно пот выступаў на верхняй губе, але тут нечакана на дапамогу прыйшоў Назаноў Саша:

— Паноў там і праўда няма. Валодзік праўду кажа. Таму ніхто ні над кім не пануе. А што начальства хапае, то таксама праўда. Са сваіх ёсць, з тамтэйшых. Але і прышлых шмат, хто з расейскай зямлі прыехаў, хто з іншых мясцін.

Хвілосаф пераможна абводзіў усіх сваім павесялелым паглядам, выціраў кропелькі поту і дапаўняў Сашу:

— Кажуць, яны, начальнікі, значыцца, зацята абараняюць простых людзей...

Але тут нечакана Ясь задаваў тупіковае для Хвілосафа пытанне:

— Дак ад каго яны так хораша абараняюць просты люд, калі няма паноў? Ад саміх сябе? Ад начальнікаў, значыцца? Га? Значыць, адны, добрыя, начальнікі абараняюць ад другіх, яшчэ лепшых, начальнікаў? Так?

На такое кручанае пытанне Хвілосаф ніяк не мог адказаць, ён не адно потам сыходзіў, але моцна чырванеў і ўрэшце змаўкаў, а дзед Мацейка хітра ўсміхаўся, знарок кашляў, плямкаў губамі і працягваў:

— Дак я вось і кажу. Захацеласё нам, бачыце, з самім Богам зраўняцца, да неба дапяць. Адзін перад адным стараямсё, навыперадкі бяжым, аж носам зямлю рыем. Гардыня апанавала чалавекам. Ага, гардыня, ні што іншаё. Забыліся, што ўсе мы дзеці аднолькава як багацця, так і беднасці. Такімі Бог нас зрабіў, — падпусціў загадкавасці дзед, на што Хвілосаф ажно вочы на лоб падняў. — Бо нарадзіліся ў роўнасці. Але мы і тут не слухаямсё Бога, нам зямноё багаццё гатовым падавай. Каб без высілкаў, без мазольнай працы. А калі не, то на неба забярыце. Да таго ж жывымі. А калі не ўдалосё зраўняцца чалавеку з Богам, тады нясцерпна, ажно да свербу ў адным месцы, — тут дзед хітравата зірнуў на слухачоў: а што, гжэчна выказаўся? — і працягваў: — да невыноснага свербу захацеласё хоць бы ўлады аднаго над другім. А тут і д’ябал пад руку падвярнуўсё. Ага. Так і пад’юшчвае, з усёй сваёй д’ябальскай сілы падбівае, так і пнецца рознасць між людзьмі пасеяць. Удалосё, ліха на яго. Ага. Здурнелі людзі, паддаліся д’ябальскім спакусам.

— Гэта праўда, што д’яблу паддаліся, — згаджаецца нейкая кабета і цяжка ўздыхае. — Бо каб з Богам жылі, то не тварылі б людзі таго, што вычвараюць. Здзекуюцца адно з аднаго, як хочуць...

Мацейка толькі зірнуў на яе, нічога не адказаў і працягваў:

— Ага. Зажадаў, значыць, улады чалавек над чалавекам. Каб узвысіцца, каб самому панаваць, а іншых прыніжаць. Ды так прагна, так моцна хочацца яму гэтага дабіцца, што нічога не можа спыніць. А д’яблу толькі тоё і трэба. Узяў ён і зрабіў гэтакіх, мае вы галубкі і галубкг, панамі. Ага, панамі. Каб панавалі, значыцца. Яны ж не толькі зямнымі багаццямі завалодалі, адабралі іх ад мужыка, а і самога мужыка за ўласнасць сваю лічаць. Паны сталі мужыка таго голадам марыць, бізуном вучыць, на спінах мужыцкіх сваю праўду пісаць. Як растаўсцелыя павукі, паразвешвалі яны свае сеткі-павучыны і здабычу ў іх ловяць. Ага. Мужыку ж куды ні ткніся, а за павуцінку тую зачэпішся. Ліпне яна, як дзядоўнік да адзежы. Баяцца запалоханыя мужыкі слова ў апраўданнё сваё сказаць. Відаць, не толькі жываты ад голаду падцягнула, але і голас пераняло. Ды лічаць, што так і трэба. Што без паноў не пражывуць, бо хто ж зямлёй валодаць без іх будзе? Адно Бога моляць, каб дапамог з бяды-нядолі выбавіцца. На далёкага і нябачнага ратавальніка спадзяюцца. Ага, а самі — раз’яднаныя, паадзіноце гібеюць, са свету непрыкметна сыходзяць. А паны з д’яблам раскашуюць ды радуюцца, што спрытна мужыка абдурылі.

— Але ж і паны ў царкву ходзяць, — не згаджаецца ўсё тая ж кабе­та. — Альбо ў касцёл. І моляцца там. Дак хгбя іх з д’яблам пусцілі б у царк­ву? — не разумее яна.

— А на той час д’ябал застаецца ўдома, — уставіў сваё Хвілосаф і гучна засмяяўся.

— І Хвілосафа за стоража пакідаюць, — паспеў падпусціць шпільку Ясь. — Каб з д’яблам шуры-муры павадзіў. Пакамісь пан з касцёла прыедзе...

— Цьфу-цьфу, — перапалохаўся Валодзік. — Што вы, дзядзька Ясь, такоё кажаце? Хай Бог бароніць, каб я з д’яблам знаўсё! Я і з панам не на кароткай назе...

А тут і Саша Назаноў свае тры грошы ўставіў:

— Якуб Колас на гэты конт вунь як добра сказаў:

А ты, пакуль ёсць рух і сіла,

Служы панам, збірай іх крошкі І ведай цьмяныя дарожкі Батрацкай долі да магілы,

Служы, пакорны і пахілы,

Служы з-за панскага агрызка І заўжды гніся нізка-нізка!

— О так, служыць панам трэба аддана, верне, — прамовіў дзед Мацейка, і было не зразумець: ці то з асуджэннем, ці са шкадаваннем сказаў ён гэта. Але не звярнуў увагі на гэткую двухсэнсоўнасць і працягваў: — Ой, не, не абыходзіліся паны без д’яблавай навукі. Адабралі яны ад люду роўнасць і пацяшаюцца. Чэрава сваё гладзяць і куфры дабром набіваюць. Але і гэтага ім мала. Пад’юшчвае д’ябал, каб да іншых мужыкоў у мужыка варожасць пасеялі. Каб перасварыліся яны між сабой, каб прасцей з імі спраўляцца, лягчэй у лейцах трымаць. Каб забыліся, што сіла чалавечая ў еднасці, у з’яднанасці, у супольнасці, — пры гэтых Мацейкавых словах Валодзік прамармытаў сам сабе пад нос, каб не перабіваць дзеда: «Як у той Беларусі людзі жывуць, гуртам». — А гуртам нават бацьку лягчэй біць, — нібыта пачуў Валодзікавы словы Мацейка. — Не, пра бацьку я гэта так, дзеля прыкладу. Ага. Бо бацьку шанаваць трэба, паважаць. Каб яшчэ большага зла не множыць.

— Дак мо гуртам спецыяльна. Каб не ведаць, хто больш кухталёў надае, — не выцерпеў Хвілосаф. — І смялей так, калі ўсе разам. Адзін аднаму ахвоты паддае. У гурце і сіла большая...

— А як жа, — згаджаецца дзед Мацейка.

— Дак што, дзед, ты раіш нам паноў біць, іхняё багаццё рабаваць? Га? — задае Хвілосаф прамое пытанне.

І пакуль дзед збіраецца са словам, каб адказаць Валодзіку, нехта з прысутных выказвае сваё разважанне:

— А што, і паны розныя бываюць. Адны — як звер. А другія і бедаку спрыяюць, не вельмі крыўдзяць...

— Ага, праўду кажаш, — паддакнуў іншы. — Чалавек ад сэрца свайго залежыць, а не ад пасады ці багацця.

— Але ж панскаё сэрца мо і стукае іначай, па-панску пагардліва, — як бы не згаджаецца сам з сабою першы.

— Гэта ты ад злосці на пана кажаш, — пярэчыць другі. — Што сам бедны, а пан не хоча памагаць. Бо ведае, што не на карысць яго помач табе будзе, прашманаеш, як і ўсё іншаё...

І ўжо гатова ўспыхнуць не абы-якая спрэчка, бо няма горш, як некага пры людзях зганіць, зганьбіць. Але тут рашуча ўмешваецца Валодзік Хвілосаф:

— Ды сціхніце вы. Схадзіце да галавы па розум. А вы, дзед, гаварыце далей. Што рабіць нам раіце — паноў біць ці шанаваць? — як бы падрахоўвае Валодзік.

— А мае вы гал_убкі і галубкг! Ці ж я вам такоё казаў? — супраціўляецца дзед Мацейка. — Мо ў вашых вушах козы начавалі і свайго «дабра» туды наклалі? Я ж казаў, каб былі ўсе разам, грамадою. Каб не аднаму са сваёю бядою кешкацца.

— Дак ты, дзед, мо таксама камуністы? Як Хвілосаф? — пытаецца Ясь Гэтэвіч. — Бо гаворыш, як бальшавікі з тае Беларусі. Гэта там яны гамузам працуюць. Усе разам. Пааддавалі сваё, спрадвеку дзядамі нажытаё, павыганялі паноў і цешацца. У гульні гуляюць. Камунамі гэта паназывалі. А пасля калхозамі. Панскаё багаццё між сабой падзялілі. Толькі невядома, ці ўсе ад гэтага аднолькава багатымі сталі? Ці мо ўсе ў беднасці зраўняліся? Але калі так, то чаго было паноў скідаць? Каб усім яшчэ больш збяднець? Ды і нашто ў беднасці раўняцца? А ты, дзед, пра гурт, пра з’яднанасць... Дак мо ты нас туды клічаш, у калхоз? — сёй-той са слухачоў з’едліва хіхікнуў. — Каб сваё аддаць? Не, дзякуем, неяк перагораем і без гэтага...

— А мае вы гал_убкі і галубкг! Дак у вас, мусіць, не адно козы, а і каро­вы ў вушах стаялі, добрых ляпёшак панакладалі. А ў галаве скразняк гуляе. Бо ўсе мазгі замарозіў. Ці мо выветрыў? Я пра тых камуністых ад вас адно і чую. А каб людзі самі па сабе, па сваёй ахвоце ад дабра свайго паадмаўляліся, то не для майго гэта старэчага розуму. Ага. Я кажу пра тоё, каб розуму ў кожнага пабольшала, разумнасці дадалосё і разважнасці. Бо на гарачых д’яблы смалу ў пекле возяць. Ага. А людзям жа ад няроўнасці ды нястачы збавіцца трэба... На гэтым свеце. Праўда? — пытаўся Мацейка, ні да кога канкрэтна не звяртаючыся.

— Праўда то праўда, — чухае патыліцу Ясь. — Але ты, дзед, адно загадкамі сыплеш. А ад іх жывот не паўнее.

— Дак покуль вы, мае вы гал_убкі і галубкг, адно пра жывот думаць будзеце, то доўга так мае быць. Ага, доўга, — казаў Мацейка і нечакана прасіў: — Але выбачайце вы мне старому. Саўсім забыўсё, а мне ж курэй пакарміць трэба. Ага. Я пайшоў...

Хітраваў стары, але хто яго змусіць? І да чаго? Не цудатворац жа ён, каб іншых з бяды выбавіць, не можа, каб адным боханам усіх галодных накарміць...

Адыходзіцца і Ясь, наастатак зноў згадваючы Сашава чытанне Коласа:

Купіць зямлі, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут...

Нетаропка цягне воз бык, нягучна гамоняць Маніны бацькі, час ад часу ўздыхаюць, нехта галавой закруціць ад цяжкіх дум, а Мані зноў набег на памяць той апошні танцавальны вечар. Дакладней, яго заканчэнне.

Тады яны пайшлі з танцаў разам з Васілём. Далучыліся Гэлька Юрашова, Саня Кандратукова з братам Генікам, які меншы за яе, і яшчэ нехта з падлеткаў, чалавек шэсць набралася. Вырашылі развесці па хатах усіх — каб русалка не перастрэла, выскачыўшы няўзнак з жыта альбо з Сержановага лугу, і не напалохала, як пажартаваў нехта. Лугам тут называлі не высахлую бязводную балацявіну, зарослую травой, а вадаём, дзе вада стаяла і марознай зімой, і самым гарачым летам, бо ўтвараўся луг, відаць, на месцы крыніц. Два іх было на Язаўцы. Невялікі Сержаноў, дзе толькі кусты асакі зелянелі ў цэнтры, і значна большы Ткачоў, а па тутэйшых мерках дык надта вялікі, бо адно вадзяное люстра мела са сто метраў у дыяметры. Быў ён моцна зарослы кустамі, травой і мохам, і зараснікі гэтыя былі мо ў дзесяць разоў большыя за вадзяное вока. Глыбіню ж меў неверагодную, проста бяздонны, як сведчылі самыя адчайныя плыўцы, што не раз спрабавалі дасягнуць дна.

Вось да яго і вырашылі прашпацыраваць не ахвочыя да сну хлопцы з дзяўчатамі.

Васіль ціха найграваў на гармоніку, дзяўчаты пакуль што маўчалі. Адно падлеткі гілелі, не маглі супакоіцца, ці мо радыя былі, што далучыліся да дарослай кампаніі.

На вуліцы шарэла. Неба там, дзе павінна з’явіцца сонца, як бы трошкі пасвятлела. Не надта каб прыкметна, але пераканацца, што адтуль выкаціцца на неба дзённае свяціла, можна. Быў акурат той перадсвітанкавы час, калі ўсё навокал нязвыкла заціхае, нібы адыходзіць на спачын. А цішыня такая чуйная, што, здаецца, чуваць рыпенне зорак на высокім небе, якія збіраюцца на дзённы спачын. Адно з лугу даносяцца галасы жабак. Яны, як тыя пявунні на Васілёвым надворку, толькі што на ўвесь голас даказвалі сусвету, хто тут самы галоўны і самы галасісты, нават не раўня салаўям, якія звечара і пад раніцу спяваюць-заходзяцца ў лугавым зарасніку, а цяпер вось жабкі патаміліся, прыціхлі. Але і на каліва не сумняваюцца, што іхні жабоцькаў хор мацнейшы і больш дружны — калі зладжана возьмуцца за справу, то могуць любога аглушальна пераканаць у гэтым. Цяпер яны адно лена перамаўляюцца, каб не падумалі, што дачасна паддаліся адпачынку.

Не вельмі ахвота размаўляць і людзям. Таксама натаміліся, наскакаліся, напяяліся, а цяпер у ахвотку слухаюць згукі начной цішыні. І так прыемна, так гожа, так ладна на душы, што нічога казаць не хочацца. Усё зразумела і без слоў. Ідуць, пазіраюць то на неба, то на прыцемненую ў месяцавым святле спалавелую збажыну, то на выразны на святлейшым нябесным фоне абрыс Школьнага лесу, то на пакрытую буйнай расой траву каля палявой дарогі і на ёй самой — адно каляіны, выбітыя коламі вазоў, пясчана святлеюць між лісця бабкі. Кроплі расы яшчэ не вылушчыліся з паўзмроку, яны толькі ўгадваюцца. Але міне невялічкі адрэзак часу, і кожная кропелька пачне з усёй сілы лавіць першыя пасылы сонечнага прасвятлення. І разам з імі стане святлець сама, нібыта налівацца ўнутранай сілай, магутнасцю і святлом.

Чым сонца бліжэй да небакраю, тым больш выразнай стане кожная пацерачка расы, нават самая драбнюткая. І будзе яна цягнуцца ўгору, увышкі, падымацца па сцяблінцы да самага яе беражка, да саменькай высокай пікі — каб першай убачыць сонейка. І заірдзецца, заіскрыцца, заззяць усёй сваёй прыгажосцю. Як бы не разумее ў гэтым апантаным намаганні, што яе імкненне да святла, да неба, да сонца — гэта яе смерць. Бо выгляне сонейка, запаліць ззяннем расы травяны дыван, пасерабрыць яго, нацешыцца само з гэткага непаўторнага цуду і выцалуе, як маці дзіцятка, усе да адной кропелькі.

А на іх месца заўтрашняй ноччу шчодра выкацяцца на мураву, на травінкі і сцяблінкі новыя вадзяныя пацеркі, каб цэлую ночку цешыцца зямным жыццём, радаваць чалавечае вока, а пасля соладка пацалавацца з сонцам і зноў знікнуць, растварыцца, выпарыцца...

Маня, якая не баялася халоднай расы, першая зняла свае чаравікі, звязала шнуркі, перакінула праз плячо і смела ступіла на траву: мерылася абмыць расой стомленыя ногі. Падлеткі, якія ашываліся тут, нічым не замінаючы, — бо і без таго хапала цікавостак, якімі можна будзе павыхваляцца перад іншымі, ажно плечукамі сцепанулі, нібыта і ім стала холадна. Ішла нетаропка, пасля рушыла смялей і паклікала:

— Хто не баіцца, хадзеця за мной. Папробуйця, не пашкадуяця.

Але раса бліскала так металёва холадна, што ахвотнікаў не знаходзілася.

— Эх вы, а яшчэ храбрымі хочаце быць, — папікнула ўсіх чохам, хоць ніхто і не адмаўляўся, але і не выказваў храбрасці. — Не бойцеся. Паздаравеяця. Вы думаеце, чаму я не стамілася на танцах? Бо штодня па расе хаджу. А гэта ж Божае акрапленне нашай грэшнай зямлі святой вадой, як акрапляюць вярбу ў царкве на Вербную нядзелю альбо свенцяць спажыву на Вялікдзень. Гэта Бозенька перад жнівом акрапляе каласы, каб зернейкі моцы і дужасці набраліся. Каб хлеб наш надзённы смачным і наедным быў...

— Ну, Маня, ты, як Валодзік Хвілосаф, — суняў яе красамоўе Васіль. — Проста мне няма куды боты дзець, бо гармонік у руках...

— Дак дайце нам, дзядзечка, — пачулася адразу некалькі хлапечых галасоў.

І было не зразумець, просяць падлеткі аддаць ім гармонік альбо боты. Васіль зняў з плячэй гармонік, і да гарманістага адразу ж падскочылі два хлапчукі.

— На, Міця, — звярнуўся Васіль да Дарашчэнкавага хлопца, — і дапамог яму нацягнуць на плечы рамяні, падкараціўшы іх, каб не звальваліся з худзенькіх плечукоў.

Сам жа, ставячы пятку аднаго бота на насок другога, а пасля другі на пальцы голай нагі і дзеля раўнавагі расстаўляючы ўбакі рукі, разуўся, упхнуў анучы ў халявы, дастаў вяровачку, звязаў і хацеў перакінуць боты праз плячо. Але тут падскочыў Генік Сіневічаў:

— Дайце мне, — папрасіў. — Я панясу. А пасля мы з Міцем памяняямсё.

Васіль хітравата зірнуў на Геніка і згадзіўся. Аддаў боты, падцягнуў

вышэй, як толькі мог, калошы галіфэ, знарок гучна жахнуўся, як бы ныраючы ў лугавую вадзяную глыбіню, і з падскокам — высока падымаючы босыя ногі, ступіў на густаросную траву. Крахтануў ад задавальнення і пайшоў побач з Маняй.


Палявая сцежка-дарога вілася паміж жытоў, што спалавелым дываном атулялі боханы невялікіх пагоркаў. Зверху на сцежку звісалі доўгія, набрынялыя буйнымі зярняткамі каласы. Жыта было высокае, у ім спакойна маглі схавацца не адно хлопцы-падлеткі. Сям-там каля дарогі сінелі высокія і разгалістыя — ажно па некалькі сцяблін — валошкі. Паколькі сцежка віхляла ва ўсе бакі, то што там наперадзе, не было відно. Але пра набліжэнне да Ткачовага лугу здагадаліся ўсе — з-за чарговай павароткі моцна пацягнула вільгаццю і халадком.

— Блізка луг, — як бы папярэдзіў Генік.

— Прыйдзем туды, а там на беразе вершнікі, — дадаў Міця, які ўжо нёс гармонік, нібыта згадваючы страшнаватую показку альбо з жадання напалохаць сяброў. — Нас чакаюць...

— Гэта ты пра легенду ўспомніў? — адгадала ягоныя думкі Гэлька.

— Пра якую? — спытаў Васіль, хоць кожны хутаранін не раз чуў гэты расповед ад сваёй маткі альбо дзеда. Але заўсёды цікава яшчэ раз паслухаць пра таямнічае і загадкавае, а то і напалохаць якога-небудзь баязліўца.

— Пра Ткачова, які ў лузе ўтапіўсё, — патлумачыла Гэлька.

— Не згадвай, нанач гледзячы, — папярэдзіў Генік.

— Якая табе ноч? — здзівілася Гэлька. — Сонца хутка нос высушыць.

— А я і не смаркаты, — жвава адпарыраваў Генік.

— А я і не пра цябе кажу, — прамовіла Гэлька і дадала: — Мне пра таго салдата баба мая расказвала...

Было тое падчас нейкай вайны. Якой дакладна, то й згадаць цяжка, бо шмат іх праз усе часы пляжыла нашу зямлю. Адно вядома, што гарачым летам уцякаў вораг ад мацнейшага войска гаспадароў гэтых палеткаў. На сваім шляху нішчыў і паліў хаты, рабаваў жыхароў, вязаў іх вяроўкамі і гнаў у палон. Дым, плач і стогн стаялі навокал, падымаліся да самага сонца, атуляючы яго самотнай жалобай. Ды раптам нечага спалохаліся заваёўнікі, кінулі нарабаванае багацце, пакінулі звязаных людзей. Аказалася, наўздагон за імі ехала коннае гаспадарскае войска. Не да крадзенага стала ворагу, тут бы жыццё ўласнае ўратаваць.

А вершнікі ўжо недалёка. Лятуць разгарачаныя коні — бо лета, мала, што сонца смаліць, дык і паход-пагоня імпэту дадае. Помстай ахоплены твары, блішчаць на сонцы коп’і і шаблі, вынутыя з похваў. За зямлю род­ную, за люд тутэйшы жыццём сваім гатовы ахвяраваць. Убачылі воі луг, скіравалі да вады. Каб коней напаіць, самім прыгаршчы жывой вады на спацелы твар кінуць. Спешыліся, абмыліся, напіліся і далей паехалі. Спяшаюцца ворага лютага за межы сваіх надзелаў выкінуць, енцаў вызваліць.

Ціха стала над лугам. Адно пах конскага поту трымаецца ля вады.

Ды тут раптам пачуўся тупат капытоў. З усёй моцы нясецца да лугу адзінокі вершнік. Відаць, адстаў ад сваіх, а цяпер вось даганяе. Чуйны конь па паху знаходзіць дарогу.

А з-над лугу, недзе з кустоў чуецца дзіўны голас, які нараспеў і гучна, ажно рэха разносіцца над вадой, прамаўляе:

— Прыйшоў час, а няма...

Нічога не пачуў вершнік, а конь з усёй сілы да вады імкнецца. Не стрымлівае яго гаспадар, хай нап’ецца.

І другі раз голас той самы:

— Прыйшоў час, а няма...

Пачуў вершнік чужы голас, насцярожыўся: мо вораг побач? Азірнуўся вакол — нікога. Падалося, падумаў. Адпусціў павады, хай конь да вады дападзе, смагу прагоніць.

І трэці раз чуецца аднекуль з-над лугу, як бы роспачна і адначасна поклічна:

— Прыйшоў час, а няма...

Дапяў конь да вады, апусціў галаву, бакі аж ходырам ходзяць, з крыжа пара валіць. А вершнік не спешваецца — каб сваіх хутчэй дагнаць. Хлёбча конь напоўніцу, наперад у ваду ступае, дзе чысцейшая, не збоўтаная капытамі.

І не заўважыў вершнік, як конь моцна схіліўся, ногі на слізкім дне пакаўзнуліся і пачаў ён усё глыбей у ваду апускацца. Адчуў, відаць, небяспеку, заднімі нагамі ўпіраецца, галаву ўгару задзёр, затрымацца намагаецца. На ўсё цела выструніўся, ды не трымаюць пярэднія ногі, усё больш у вадзе хаваюцца. Вершнік нацягвае павады, хоча хоць нейкім чынам памагчы каню. Але марна. Вось ужо і ў самога ногі ў вадзе апынуліся.

Страх апанаваў абодвух. Намерыўся воін саскочыць з каня, ахвяраваўшы ім дзеля ўласнага жыцця, ды позна. Адарваліся ад зямлі заднія ногі каня, апошні раз бліснулі ў паветры падковы, і кульнуўся ён разам з седаком проста ў глыбіню глыбокую. Адно цяжкі ўздых вырваўся з вады, з кустоў пачулася жаласнае вохканне ды бурбалкі доўга булькалі на паверхні.

А над вадой, здаецца, застыла конскае развітальна-трывожнае ржанне.

Не стала ні каня, ні вершніка. Кажуць, вярнуліся пасля сябры баявыя. У ваду апускаліся, доўга шукалі, але нікога не знайшлі... Мо пад самыя кусты паднырнулі абодва.

А з тае пары луг Ткачовым назвалі. Бо прозвішча вершніка Ткачоў было...

Такая вось показка-легенда, а мо і праўда — бо скуль жа тады назва за лугам засталася? — жыве сярод людзей і колькі ўжо гадоў перадаецца ад аднаго пакалення другому. І кожнае намагаецца вытлумачыць пачутае па-свойму. Адны лічаць, што выдумка гэта, байка. Іншыя не згаджаюцца — якая байка, калі глыбіня ў лузе і сапраўды бяздонная...

Паслухалі яны яшчэ раз знаёмую показку і прыціхлі, як бы раздумваючы пра вайсковы лёс. Некаторыя скіравалі позіркі ўбок лугу. Пазіраюць, маўчаць. Кожны думае пра сваё.

— Цікава, а хто клікаў таго салдата? — парушыла маўчанне Маня, хоць і яна сама, і іншыя не раз чулі адказ. — Няўжо і праўда лёс ягоны?

— Ну то хто ж яшчэ? — пытаннем на пытанне адказвае Гэлька. — Так было яму на раду напісана — загінуць у гэтую хвіліну, у гэтым месцы і менавіта гэткім чынам. Ды недзе, мусіць, затрымаўсё чалавек. А лёс яго і клікаў, гаворачы: «Прыйшоў час, а няма...»

— А што, і нас лёс таксама падпільноўвае? — задае чарговае пытанне Маня. — Назірае за намі?

— Вядома, — пераканана кажа Г элька. — Лёс такі магутны, што ён усё можа. А калі пачнеш яму супраціўляцца, то можа пакараць. Адвернецца ад цябе, і тады адно злыдні будуць круціцца побач, д’яблы пачнуць спакушаць...

— А калі пад куст схавацца? — падае голас Міця. — Каб не бачна было... Каб міма прайшоў нядобры лёс... І каб злыдні не бачылі.

— Схаваешся, а тады і добры лёс міма пройдзе, — разважна, па-сталаму паправіў Міцю Генік. — І не станеш ты тады гарманістым... — як найгоршае пакаранне выказаў ён меркаванне, чым моцна напалохаў сябра, бо шмат хто з хутарскіх падлеткаў, захоплены музыкай Васіля Пулікоўскага, проста трымцеў, каб і самому навучыцца.

«Цікава, а ці дасць мне шанец мой лёс спаткацца на жыццёвай дарозе з Петрыкам? — падумалася Мані. — Ці не развядзе нас?» — яна цяжка ўздыхнула, зірнула на бліскучую расу, якая заўсёды цешыла яе і супакойвала.

— Глядзіце, во сляды на траве, — нечакана гучна прамовіла Маня, калі выйшлі на лугавы поплаў.

Усе насцярожана спыніліся, пераглянуліся. Кожны, відаць, падумаў пра адно і тое ж: няўжо даўнейшыя воі? Ці мо здані іхнія? Але ж след толькі адзін. Не, вунь з другога боку сцежкі яшчэ адзін, але ішлі, відаць, два чалавекі, бо раса збіта шырока.

— Няўжо нечы лёс некага падпільноўвае? — знарок гучна, каб заглушыць уласны страх, прамовіў Міця.

— Дак сляды ж два, — паправіў яго Генік.

— Значыць, або два лёсы спаркаваліся, — у тон ім прамовіла Маня, хоць у самой таксама з’явілася незразумелая трывога, — або два злыдні пайшлі тапіцца...

— Лепей, каб злыдні, — падтрымаў яе Генік, але на яго злосна шыкнуў Міця:

— Ты што? Звар’яцеў?

— А што? Я пра тоё, каб патапіліся злыдні і застаўся адзін добры лёс, — улакладніў Генік.

— А-а-а-а, — нібыта згадзіўся Міця, але яго нечакана перапыніла Саня Кандратукова:

— Ой, дзяўчаткі, — хоць дзяўчатак тых было ўсяго тры разам з Маняй ды Гэлькай, — глядзі-іце... — і яна паказала рукой убок лугу. Там, над вадой і блізкім да яе берагам, вісеў белы і рэдкі туман. Хоць яшчэ і рана для яго, не час — яшчэ і жаць не пачыналі, але над лугам плыло нейкае чароўнае мроіва, быццам вялікія гусіныя пёркі, што нада­вала гэтай перадсвітальнай пары асаблівую таямнічасць і загадкавасць. Усе пазіралі на луг.

— А вунь і конь... нечы, — не верачы самому, сабе прамовіў Міця.

— Ага, і коннік на ім, — паддакнуў Генік, проста так, каб падтрымаць Міцю, які, лічыў ён, жартуе, бо сам Генік каня яшчэ не бачыў.

— Ціха ты, жартаўнік, — спыніла яго Саня. — Хібя не бачыш? Вунь і праўда конь... І шавеліцца — шаволь-шаволь..

— Ага, — Генік прыгледзеўся і сапраўды ўбачыў каня. — Толькі чаму ён без ног?

— Праўда, чаму? — падтрымаў Міця. — Нібыта плыве над зямлёй...

Міця зірнуў на падлеткаў, якія, відаць, з перапуду збіліся ў гурт.

— Гэта з-за туману, — упэўнена патлумачыў Васіль, хоць і ў яго скура заварушылася на спіне. І каб супакоіць сябе, больш цвёрда дадаў: — Канешне, гэта туман вісіць над лугам. Ён і хавае ногі каня. Таму здаецца, што конь бязногі, што плыве над зямлёй.

— Ага, вунь і крылы з бакоў, — з натужлівай усмешкай дадала Ма­ня. — Белыя, хоць сам конь чорны...

Але яе як бы ніхто не пачуў, бо ў гэты самы час прагучала больш важкае пытанне Міці:

— А чый гэта конь? Так далёка ад дому?

— І пастуха не відаць, — дадаў Генік, на ўсе вялікія вочы ўзіраючыся ў кусты, туман і абрысы каня.

— Засталосё адно голас пачуць, — прамовіў Міця.

Хоць ён і не сказаў, чый голас, ды ўсе зразумелі. Сёй-той знянацку ажно плечукамі сцепануў, а ў некаторых раптоўна выступілі кропелькі поту на верхняй губе, проста пад носам.


І не паспеў ён закончыць, як з лугу, дзе над вадой вісела рэдзенькая і тоненькая пялёнка туману, пачуўся гучны голас:

— Прыйшоў час, і нікога няма...

Усе як знямелі і міжволі павярнулі галовы на голас. Узіраліся ў туманок, аднак нічога, акрамя кустоў, якія таксама, як і конь, нібыта адрэзаны ад вады, не бачылі. Але нездарма кажуць, што ў страха вочы вялікія.

Некаму падалося, што кусты ўвачавідкі адрываюцца ад зарослай мохам вады і лятуць угору. Ён падзяліўся гэтым назіраннем з іншымі:

— Во-во, глядзіце... Бачыце? Вэндзека вэнь... высока ўжо. Як бы не кусты, а цэлыя дрэвы...

— Ага, — згадзіўся Генік. — І конь нібыта хутчэй паплыў. — Ён запытальна паглядзеў на сястру, аднак яна нічога не адказала, адно таксама ўзіралася ў далекаватыя кусты. — І варушыцца нехта, — працягваў ён. — Бачыце? Ажно галіны на кустах рухаюцца... І конь як бы нагнуўсё...

— Не можа быць, каб Ткачоў з вады вылазіў, — паддала нечаканага страху Гэлька.

І раптам незнаёмы голас пачуўся зусім у іншым баку:

— Прыйшоў час, і няма...

Усе, як па камандзе, крутнулі галовамі. І амаль адначасова пачулася жабіна кваканне. Раз, другі...

І цішыня.

Маня адчула, што бярэцца на сапраўдны страх. Мурашкі пабеглі па скуры, нечакана перасохла ў роце, што хоць ты вады той з лугу глыні...

Але там, куды скіравалі позіркі, узвышалася жыта, і — нікога. Ды адчуванне разгубленасці запаланіла ўсіх. Сёй-той мо знарок паддаваўся агульнаму настрою. Але большасць спужалася па-сапраўднаму. Ці мала што на свеце бывае, здараецца, і казкі явай становяцца...

А тут месца такое. Чалавек утапіўся. Дак мо ягоная душа і не трапіла на неба, не можа з ілу доннага выбрацца, канём прыціснутая. Просіць чалавечай дапамогі.

— Прыйшоў час, і нікога няма... — зноў прагучаў голас, але на гэты раз, падалося, больш весела.

А тады зашамацела каласамі жыта, ад чаго нервы ва ўсіх наструніліся Нават Васілю, які ніколі не святкаваў труса, і то стала непамысна. І ён нечакана для самога сябе прамовіў:

— Дак сам выходзь, калі нікога няма.

І во дзіва — толькі ён гэта вымавіў, як жыта зашамацела яшчэ мацней, захісталіся высокія каласы, а з іх вышчаміўся мокры ад расы Чэсь.

— А каб ты здох, стаўдур! — першай не вытрымала Маня. — Чаго ты тут швэндаешся? Цьфу, згінь, нячыстая сіла... — а сама падумала: «Хаця каб не завінуўсё біцца, бо п’яны шмат бяды можа нарабіць...»

— Хто? Я нячысты? — здавалася, Чэсь не працверазеў, а яшчэ больш ап’янеў, нібыта недзе ў полі глынуў самагонкі. — Дак ты хіба не бачыш, што я расой вымыты? Разумееце, вы-мы-ты! — па складах прамовіў Чэсь.

— А колькі ж нас тут? — нечакана для ўсіх жартаўліва спытаў Міця. — І да каго ты звяртаешся? Вы... мы... ты... — паўтарыў ён. — Колькі ж гэта выходзіць, га?

— А табе хібя вочы засланіла? От мудры, от дасціпны, — зласнавата адказаў той і зноў павярнуўся да Мані: — Спецыяльна для цябе Божай расой памыўся, каб з табой пацалавацца, — і Чэсь хістка ступіў да Мані, намагаючыся абняць яе.

— Адчапіся, назола, — наставіла яна рукі. — І ў каго ты гэдакі ўпарты ўдаўсё?

Яе ажно скаланула. А сама падумала: «Куды ты прэшся, дурэц, каб табе кутніцу выперла? Хгбя звар’яцеў, не цяміш, што робіш? Ці мо мазгі выветрыліся? Цалавальнік знайшоўсё... Дзербалызнуў дак дадому цягніся, а не па полі блэндай... Цягаешся тут, як валачашчы сабака. Збрыдзеў, горш за сытаё мяса...» Не прамовіла гэтага, бо не хацела ўгнявіць Чэся: п’янаму хоць у вочы плюй, ён сваё рабіць будзе.

— А што, не пад мысль табе? — спытаў Чэсь. І вочы яго наліліся злосцю. — Я ж казаў, што з табой пайду? На танцах. Казаў, га? А ты не паслухалася. Вось я і апярэдзіў цябе. Каб вы-мы-тым сустрэць, — запальчыва гаварыў ён, і было не зразумець: жартуе ці гневаецца.

Але пасмялелая ад прысутнасці людзей Маня не хацела прызнаваць ягоную перамогу і адказала:

— Казаў — вяроўку вязаў... Я ж таксама казала, што не адна я... Ёсцека і іншыя. Табе ж усё адно муляе...

— Ладна, Чэсь, — прымірэнча прамовіў Васіль, які не любіў не адно бойкі, а і пустога перабрэху. — Чаго ты чапляешся? Прыйшоў, дак будзь разам. Не плявузгай абы-чаго. Разам па дамах паразыходзімсё.

— А я не хачу яшчэ дадому, — фанабэрыста запярэчыў Чэсь і нечакана дастаў з кішэні ножык-складанчык. Маню пачало браць на страх. Тут жа падлеткі, чаго ён фарсіць? Ножык — гэта ўжо не жарт.

А Чэсь адчыніў лязо, паспрабаваў на ногаць. «Востраё!» — прамовіў як бы сам сабе і павярнуўся да жыта. Пачаў узірацца. Заўважыў валошкі, зрэзаў адну. Пасля яшчэ і яшчэ... Калі набраўся велікаваты букет, падышоў да Мані.

— Гэта табе, Назанова ганарліўка, — падаў кветкі і пільна пазіраў у вочы, нібыта сваім паглядам хацеў дагаварыць тое, што не сказаў словамі. А ножык трымаў у руцэ незачыненым.

Маня спачатку разгубілася: браць ці не? Возьмеш — як бы аванс які выдасі. Адмовішся — бяду наклічаш. Што ад п’янага чакаць? Яна працягнула руку, узяла валошкі, знарок манерна прысела ў знак падзякі. Чэсь гэтаксама манерна пакланіўся, але не ўтрымаўся на нагах, хіснуўся і ножыкам кальнуў Маню ў бок. Не моцна, але балюча. Відаць, і сам спалохаўся, а Маня ад нечаканасці ўскрыкнула:

— Ты што робіш, паўдурак? Вочы засляпіла? Глядзі ты, зарэжа, і не знайся... — яна абвяла позіркам прысутных. — Каб ты заўтрашняга вечара не прыждаў...

Гэлька ж спачатку паспрабавала супакоіць больш лагодна:

— І праўда, Чэсь, перастань прыдурвацца... Чаму ты гэдакі? — а калі ўбачыла, што ў Мані паказалася кроў, закрычала немым голасам: — Ой, ратуйце, забіваюць! Я яму зараз пазурамі вочы павыдзіраю! Пустадомак! От пустадомак, што нарабіў!? — не сціхала Гэлька. — Прычапіўсё без дай прычыны... І не баіцца нікога, каб ты ценю свайго баяўсё...

Пачалі крычаць і падлеткі. Маня ў гэты час задрала сукенку, не пасаромелася прысутных, і ўсе разам аглядалі рану. Яна была невялікая. «Во боўдзіла, — думала Маня. — Парэзаў і не знайся, дурэц гэты...» Сцерлі кроў, але яна выступала зноў. Маня не апускала сукенкі, каб не заплямілася, і ўвесь час шоргала рукой каля ранкі. Дзіўна, але букет з рукі не выкінула, ці то забылася, ці то шанавала. А калі стаў перашкаджаць, аддала Гэльцы:

— На, патрымай...

— Яшчэ чаго? — узвілася тая. — Патрэбен мне гэты венік, як сабаку пятая нага! Выкінь і ты яго...

Маня на імгненне задумалася, а пасля паклала кветкі на траву — яны ж не вінаватыя. Побач з пацеркамі расы валошкі выглядалі вельмі прыгожа. Яна нават затрымала на іх свой позірк. І ёй у гэтай нязвыклай і небяспечнай сітуацыі нечакана згадалася апошняя навальніца, што шалёна пранеслася над Язаўцом незадоўга да ігрышча.


Спачатку загрукатаў гром. Пярун, як звыкла казалі хутаране, што гучала больш грозна і небяспечна. Перш далёка і глуха. Але Маня, якая ў гэты час выбірала лебяду з бульбяных разораў, адразу падняла галаву, зірнула на неба. Далёка-далёка на яго схіле, там, дзе блакітны купал апіраецца на нябачныя адсюль палеткі, цямнела невялікая хмара.

Маня міжволі перавяла позірк на сваю сядзібу. Ціха там, бязлюдна, кожны сваім клопатам заняты. Хто дзе. Адно хата па-сіроцку бліскае на сонцы праз вішнёвыя галіны шыбінамі-вачыма. А што будзе, падумалася нечакана, калі хмара гэтая сюды дапаўзе? Дзе заспее яна людзей? Хоць і кажуць, што з вялікай хмары малы дождж, ды сёння не выглядае на тое. Можа добрая навальніца быць. Маня ўжо набралася вопыту разбірацца ў з’явах прыроды, прадчуванне ўсё часцей не падводзіць яе.

Хмара і сапраўды набліжалася, налівалася чарнатой, станавілася пагрозлівай. У тым баку ўжо цямнелі неба і паветра, як бы таямнічая дагэтуль ноч увачавідкі выяўляла свае здольнасці. Ужо і пярун на сваёй калясніцы імкліва набліжаўся. Гром грукатаў з большай пагрозай, нібыта папярэджваў альбо сварыўся за нешта. Ужо і маланкі сталі відны — як не на паўнеба разлівалася іхняе святло. І не адно да зямлі скіраваныя, а і папярок неба, як бы разразалі яго, а то і адна скрыжоўвалася з другою, асвятляючы хмару і робячы яе яшчэ страшнейшай.

«Не, не абыдзе бокам, — падумалася Мані. — Каб хаця бацькі паспелі вярнуцца і хлопцы».

Сама яна таксама прыкінула, колькі часу спатрэбіцца, каб да двара дабегчы, калі што якое.

Хмара расла і чарнела проста на вачах. Нечакана наляцеў шквалісты вецер. Турзануў Маніну касу, выблытаў яе з заколак і папусціў на плечы. Маня схапіла яе, звіла ў клубок і мацней прышпіліла на патыліцы. Вецер, відаць, ішоў нізам, бо нават бурачнае лісце сагнулася так, што ледзь не слалася па зямлі, а дзябёлая лебяда сваімі вярхамі ажно шкрабала па ёй.

Маня зразумела, што пара бегчы дамоў.

Вецер у вішнёвых прысадах быў мацнейшы. Ён бушаваў тут ваўсю, гнуў і круціў дрэвы, матлашыў агародныя пасадкі. Нават ісці супраць яго было цяжка. Даводзілася прыгінацца і з усёй сілы схіляцца наперад, каб не перакуліў. Але калі б ён раптоўна аціх, то, напэўна, цяжка было б утрымацца на нагах і можна паляцець потырч. Сукенка Маніна як не ўліпала ў цела, каса зноў звалілася і матлялася за спіной.

Здавалася, што гэта цяжкая хмара прыціскае ажно да зямлі. Пацямнела так, што выдавала за надвячорак.

У двор паспешна ўехалі калёсы з бацькамі, Жэняй і малым Паўлікам. Ён чамусьці асабліва радаваўся ветру, таму, як гнуцца моцныя дрэвы, а з іх аблятаюць адламаныя сукі:

— Глядзі, як длэвы лятаюць, — радасна паказваў пальцам.

— Цішэй ты, сынок, бо гэта нядобры вецер, — супакойвала яго матка.

Не паспела яна гэта прамовіць, як вецер узвіхрыўся яшчэ больш. Ён як

бы круціўся па надворку, узлятаў знізу ўгару, падымаў і кружыў смецце. Да гэтага далучаўся моцны і працяглы гром, а святла, яркага і калючага, дадавала порсткая маланка.

— Бяжы ў хату, сынок, — загадала матка, а сама памагала бацьку распрэгчы вала, каб паставіць яго ў хлеў. — Жэня, і ты ідзі з ім, каб не баяўсё адзін.

Але тыя не спяшаліся — бо ў хаце будуць адны, а тут усе разам.

Раптоўна вецер рвануў так, што Маня ажно хіснулася. Яна сагнулася, і нечакана на спіну ёй паляцела салома. Маня не паспела зразумець адкуль, як матка закрычала на ўсю моц:

— Глядзі, Міхась, што вецер робіць!

А вецер і сапраўды рабіў вялікую бяду: ён лёгка гуляў па саламянай страсе, сям-там падымаў пучкі саломы, нібыта правяраў, ці моцна прымацавана яна да латаў, ці добра падбіта стрыхоўкай. Адчувалася, што страха проста дыхае, яшчэ адно намаганне, яшчэ адзін парыў, і яна адарвецца ад хаты і вялізным няўклюдным птахам паляціць над палеткамі. Не ўтрымаўся вецер, задраў яе ў некаторых месцах так, што ажно засвяціліся латы. Бацька моўчкі схапіў лескі, прыставіў іх да страхі, знайшоў нейкую дошку і пачаў па перакладзінах цягнуць наверх, каб прыкрыць дзірку, не даць ёй разрастацца. Матка кінулася памагаць:

— І дзе гэта хлопцы падзеліся? Ці паспеюць вярнуцца?

Бацька злосна прыпыніў яе:

— Не лезь, бо калі віхляне дошка, то абязвечыць.

— Чаго ты завінуўсё? Пасварыцца хочаш? Дак не час...

— І я кажу, што не час. Не лезь сюды, — адганяў Міхась жонку. — Я і сам дам рады.

Ён падняў дошку на страхою, занёс адзін яе канец, каб пакласці як мага вышэй. І не ўтрымаў. Вецер рвануў з усёй сілы, дошка, як лёгкая пярынка, вырвалася з рук, віхлянула ў паветры, паднялася над страхой, праляцела ў адзін яе канец, пасля крутнулася назад і пляснулася на надворак, акурат ля самых ног Мані. Тая ажно ўтрупела, не паспела ачомацца і зразумець, што адбылося. Адно матка нема закрычала:

— А Божачка, Маню забіла...

Бацька кулём зляцеў з лесак, якія таксама ледзь не грунуліся на зямлю. Збялелы, ён зірнуў на дачку, але ўбачыў, што яна цэлая, крыкнуў:

— Бяжыце ў хату! Паразяўлялі раты, як вароны... Калі не пазабівае, то пакалечыць... Ідзіце адсюль!

Маня з Жэняй схапілі Паўліка, які спалохана крычаў, — куды падзелася ранейшая радасць, і ўскочылі ў сені. Дзверы за імі зачыніліся з моцным грукам, ледзь не стукнулі па плячах. У гэты момант на надворак прыскочылі задыханыя Янак, Саша і Косцік. Уся сям’я была ў зборы.

— Авой, што нарабіла?! — Янак здзіўлена пазіраў на страху.

Бацька зноў ухапіў тую дошку, папрасіў Янка памагчы, а сам палез на

лескі. Ды не паспеў. Новая пакручастая хваля ветру ўдарыла яму ў плечы. На гэты раз з дажджом.

— Злазь, тата, — папрасіў Саша. — Усё адно не паспееш. А то і цябе сарве...

— Сарве, сарве, — злосна агрызнуўся бацька. — А што страх_у можа ўсю садраць, то нічога?

— І праўда, злазь, — падала голас матка. — Мо і не сарве больш. А калі і сарве, то паправіш, калі жывы будзеш...

— А ты ўжо і пахавала мяне, — крахтаў бацька, злазячы, аднак, з лесак.

Неспадзявана моцная летняя навальніца апусцілася над хутарам Яза-

вец. Яна малаціла па бульбяных палетках, булькала вадой па разорах, прыгінала долу вялікія ўжо каласы збажыны, вытрапанай кудзеляй хістала над самай зямлёй аксамітны дыван зялёнага лёну. Нават дрэвы не маглі супраціўляцца ёй, яны нібыта крахталі ад цяжару вады на сваіх галінах.

З-за сіваватай вадзяной лавы не стала відно ні неба, ні хмары, з якой яна лілася. Нават бліжэйшых дрэў не ўбачыш. Сцяна гэтая рухалася імкліва, напорыста, грозна. Разам з няспыннымі маланкамі і аглушальнымі — ажно на ўвесь свет — раскатамі грому: пярун стараўся ваўсю. Маня не магла зразумець, за што так сварыцца нябесны жыхар на зямных пакутнікаў. Было толькі бачна, як адна за другой клаліся збожжавыя палосы, увачавідкі мяняючы святлейшы, бо сухі, колер на цёмны — мокры. Магло падацца, што з мальбой аб літасці становіцца на калені перад грознай стыхіяй усё жывое на гэтай зямлі.

Касы дождж быў такі густы, што ў яго і іголку сухой не ўточыш. Адзенне прамокла адразу. Гэтая вадзяная сцяна з усяго маху пляснулася ў сцяну хатнюю, як бы выпрабоўвала яе на трываласць альбо хацела пабарукацца. Здаецца, ажно бярвенні трывожна застагналі. Залева ж прыціснула задраную салому і ўсім цяжарам палілася на страху. Добра, што самая вялікая дзірка была над сеньмі — хоць што тут добрага, калі вада ў хату льецца. Адно суцяшала, што не над печчу ці сталом, а то паплыло б усё чыста.

Пад дажджавы струмень са страхі матка падстаўляла пустое вядро. Яно напоўнілася ўмірг вока. Янак схапіў яго, выплюхнуў за парог, упусціўшы пры гэтым добрую порцыю вады ў сені, і зноў падставіў пад дзірку. Але вады наплюхалася і на выплесканы і выгладжаны нагамі земляны ток, што служыў заміж падлогі, таму ногі ажно коўзаліся па яго слізкай паверхні, а праз пальцы босых ног вада з гразёю фантанчыкамі пульсавала ўгару.

Ад другога і трэцяга моцнага парыву ветру з дажджом ажно затрашчалі кроквы. Маці не вытрымала, перахрысцілася, схапіла з покуці ікону святога Мікалая Угодніка і хацела з ёю выбегчы на надворак, каб тройчы абнесці хату. Але дарогу ёй заступіў бацька:

— Ты куды, Волька?! Звар’яцела?

— Дак трэба ж... Каб не было якой бяды.

— Я ж сказаў табе, — прамовіў бацька. — Ну чаму ты такая, Волька?

Маці спынілася ў сенях, трымала перад сабой ікону і гучнаватым шэп-

там, які заглушаўся амаль несціханым раскацістым громам, малілася. Тут жа стаялі Саша з Янкам. Было так цёмна, што хоць ты лямпу запальвай. Але матка адно папрасіла Маню:

— Запалі ты, дачушка, грамнічную свечку і пастаў у шклянцы з ячме­нем на стале.

Маня ўскочыла ў хату, хуценька зрабіла так, як прасіла матка, і зноў вярнулася ў сені. Тут хоць не было відно страхатлівых бляскаў маланкі, адно раз за разам святлела ад яе дзірка ў страсе.

Маня, як і матка, са страхам пазірала туды, баючыся, каб, не дай Бог, не загарэлася салома альбо не задзірала страху далей. Бо тады можа ўсю салому скаціць, як адным кулём. А за страхой можа не ўстаяць і хата — раскоціць яе па бярвенцы, рассыпле па зямлі, як бы і не было нічога. І знікне са свету іхняе ўтульнае гняздзечка...

Дзірка нязвыкла бялела на цёмнай страсе, як нечаканая рана на целе, што дадавала яшчэ большага страху. Праз яе няспынна лілася вада. Макрэчы хапала ва ўсёй хаце.

Нечакана моцна заплакаў Паўлік, Жэня намагалася накрыць яго з галавой кудзельнай коўдрай, каб не даймалі бляскі маланкі.

— Не наклывай мяне, — крычаў ён і брыкаўся. — Баюсё...

Больш парывы ветру не паўтараліся, ён гэтак жа нечакана, як і наляцеў, аціх. Дождж выпрастаўся, але ліў гэтак жа густа. З хаты пачуўся пакрыўджаны голас Паўліка:

— Мама, а на мяне дождж капае...

Матка, шлэпаючы бруднымі мокрымі нагамі па таку, падбегла да сына і ўбачыла, што на яго і сапраўды праз дошкі столі цячэ штораз большы струмень.

— Міхась, мусіць яшчэ недзе страху сарвала, — звярнулася яна да бацькі, а Сашу загадала: — Нясі вядро, чаго стаіш, хібя не бачыш, што цячэ?

Паўліка ўзяў на калені бацька, а на ложак паставілі вядро. Пырскі з яго разляталіся па коўдры, таму давялося ўсё зняць і пакласці на печ, нават сяннік.

Несціхана бухаў пярун, малаціў, як сто цапоў на таку. Маланка ажно сляпіла праз вымытыя і залітыя тонкай вадзяной занавескай вокны. І было не разабраць, што ідзе за чым: маланка за громам ці гром за маланкай. Часам музыка гэтая, якую не параўнаць з Васілёвай, была няспыннай. У адзін з такіх момантаў нязвыкла моцны грукат прагучаў адначасова са сляпучым бляскам маланкі. Здавалася, што ад вялізнага воза адарвалася аграмаднае кола і з усяго маху пакацілася-пагрукатала па буйным каменні ў апраметную. Маці перахрысцілася зноў:

— Ратуй, Божа, нас грэшных тваім заступніцтвам!

Маня закружылася па хаце з заплюшчанымі ад страху вачыма і прыгнутай галавой. Паўлік, седзячы на каленях, загаласіў, уткнуўся галавой у бацькаў жывот і рукамі закрыў вочы. Угнулі галовы нават Косцік і Саша.

Бацька ж трохі хрыплаватым голасам прамовіў:

— Відаць, у вішню пярун стукнуў... Бо блізка вельмі...

— Хоць бы не ў хату, — як бы папрасіла матка. — Бо не паспеем і клункі павыносіць.

На летні час многія хутаране і праўда звязвалі ў дзяружкі найбольш патрэбныя рэчы, каб можна хутчэй ратаваць іх у выпадку чаго. Бо навальніца не пытаецца, калі прыйсці, а громам не пакіруеш — усе лічылі, што менавіта ён запальвае пабудовы, а не маланка. Асабліва рупіліся гэтым пасля бяды ў Баярах: калі мінулым летам гром запаліў там хату, гаспадары не паспелі нічога вынесці — згарэла ўсё дашчэнту. А каб было звязанае, то хоць нешта ацалела б.

Навальніца бушавала не больш як дзесяць хвілін, але бяды нарабіла вялікай. Выліваючы ваду з вядра, Янак заўважыў, што да хлява, убок якога нахілены надворак, нясецца сапраўдная рака.

— У хлеў, відаць, нацячэ, — сказаў ён.

— А я колькі казала пракапаць раўчук, каб міма ваду пусціць. Дак вам усё часу няма, — дакарала матка адразу ўсіх.

Мані ж здавалася, што гэтая разбуральная навальніца-нахабніца не перастане ніколі, што доўжыцца яна ўжо цэлую вечнасць.

Аднак моцная залева аціхла. Толькі даўгавата яшчэ сцябаў зямлю спакойны і ціхі дождж. На надворку, асабліва там, дзе былі ямкі і каляіны ад калёс, стаяла сапраўднае азярцо. Дажджавыя кроплі ўтваралі на ім вялікія бурбалкі, адны з якіх адразу ж лопаліся, другія ў выглядзе нейкіх дзівосных празрыстых паўсферычных караблікаў плавалі сярод травінак, што апынуліся пад вадой.

— Доўгі дождж будзе, — заўважыла матка. — Бачыце, якія бурбалкі стаяць...

А на дварэ моцна святлела, святлей стала і ў сенях. Янак адразу выскачыў на надворак. Ён і без таго быў мокры, бо пільнаваў дзірку, з якое капала і на яго. За ім выйшаў бацька — адразу задзёр галаву на страху. «Цэлая!», — радасна падумаў сам сабе. Хоць якая там радасць, калі чубоў, задраных ветрам, было шмат. Ды і некалькі новых дзірак з’явілася.

Янак жа пайшоў у вішнёвыя прысады — паглядзець, ці праўда пярун папаў у дрэва. Адтуль пачуўся яго поклічны голас:

— Тата, хадзі сюды!

Калі бацька падышоў, паказаў:

— Глядзі, што нарабіла...

Бацька найперш зірнуў на дзіўна белую паласу на ствале высокай і галіністай вішні з абламанымі сукамі. З аднаго боку кара была садрана цалкам — ад вяршыні да самай зямлі. Яе ашмёткі валяліся побач. А праз сцежку як бы крот нару сваю пракапаў: невялікімі бугаркамі тапырыўся роўненькі шнурочак, сям-там з кусцікамі травы. З абодвух бакоў даволі шырокай сцежкі былі дзве адтуліны. Акурат насупраць кратовага шнурочка. З аднаго боку, што бліжэй да вішні, берагі абсмаленыя, зямля там пачарнела.

— Маланка нарабіла, — прамовіў бацька. — Ці мо гром... Стукнула ў вішню, прайшло пад зямлёй і выйшла з другога боку сцежкі. Каб не вішня, то мо ў хату стукнула б, згарэла б, як свечка...

А матка ў хаце ўздыхнула з палёгкай, перахрысцілася, патушыла грамнічную свечку і павесіла ікону на ранейшае месца на покуці:

— Дзякаваць Богу літасціваму, абнясло... Дзякуй табе, Мікалаюзаступнічак... — і зноў паклала на лоб крыж.

Надворак, агарод, сад, поле за ім — усё выглядала абноўленым і чыста вымытым: як бы да Вялікадня падрыхтавалася. Міхась рушыў па сцежцы ў канец прысадаў, каб паглядзець на жытнёвы палетак, што быў найбліжэй да хаты. У канцы спыніўся — і востра кальнула ў грудзі: высокія сцябліны спрэс ляжалі на зямлі, былі пакручаны, месцамі ўбіты ў зямлю так, што, здавалася, там наогул ніколі нічога не расло. Адно надзіва высока тырчалі не паламаныя валошкі.

— Ну, што там? — гукнула наўздагон Волька. — Выстаяла жыта? Га?

— Дзе там, — роспачна адказаў муж. — Паклала, пабіла, пакруціла... Шмат шкоды нарабіла. Без хлеба мо будзем...

— А Божачка, а за што ж нас так пакарала, — ледзь не заплакала Волька. — І хату раскрыла, і жыта спляжыла, і на агародзе бяды нарабіла, пабіла буракі, спляскала гуркі... І пярун ледзь не ў хату бабахнуў... Чым мы так правініліся перад Госпадам?

— Годзе кудахтаць, — прыкрыкнуў Міхась. — Тваім шласам бядзе не паможаш. Неяк жа будзе... Не памром, калі дагэтуль не памерлі...

— Дзякуй табе, супакоіў, — ці то з’едліва, ці то абнадзеена адказала Волька і палезла ў агарод, каб нешта там паправіць, але ногі ўтапіліся ў размяклай зямлі вышэй костачак, і яна вярнулася на надворак, плюхаючы ступакамі ў каляіне з вадой...

Паветра пахла свежасцю і невядомым — мо нябесным? — водарам. Дыхай хоць на ўсе грудзі і то не надыхаешся. А водар як бы сам уліваецца ў нутро, выклікае нязвыклую ажыўленасць і бадзёрасць, абуджае незнаёмыя пачуцці.

Гэтым, відаць, узрушаны і малы Паўлік. Ён смела выскачыў на надворак, убачыў, што на плот засвяцілі першыя праменні сонца, якія ўжо выбіліся з-за адпоўзлай хмары, і ажно затупаў па зямлі. З-пад ног і праз пальцы пырснулі струменьчыкі вады, заплямілі кашулю. Аднак гэта рассмяшыла яго яшчэ больш.

З куратніка павылазілі асмялелыя куры, якіх вёў за сабой, высока задраўшы галаву, растапырыўшы хвост і пазіраючы навокал пераможным позіркам, — нібыта гэта ён спыніў разбуральную навальніцу, чырванагруды певень. Куры страсянулі крыламі, выцягнулі шыі, залапаталі, быццам атрасалі з цела нябачныя кроплі, закокалі: «Ко-ко-ко-ко...» і па больш сухім, ля сцяны хаты, пацягнуліся ланцужком за сваім важаком.

І тады Паўлік, махаючы ручкамі, як малымі ветракамі, пусціўся па надворку, проста па лужынах, па каляінах з вадой. Вада абпырскала яго з ног да галавы, доўгая кужэльная кашулька прамокла да ніткі. Але гэта не палохала яго, адно паддавала імпэту, абуджала жаданне пабарукацца з гэтай халодзячай ногі навальнічнай вадой. Ён весела смяяўся і так захапіўся бегам, што не ўтрымаўся, спатыкнуўся ў каляіне і потырч паляцеў у травяністую лужыну. Але не заплакаў, а нечакана весела засмяяўся.

Матка, якая назірала за гэтымі выбрыкамі сыночка, спачатку спалохалася, кінулася падымаць яго, але калі ўбачыла, што смяецца, спынілася. Усміхнуліся і іншыя, што назіралі за гэтай сцэнай. А бацька прамовіў:

— Хай пакупаецца, вада не брудная... Да таго ж дажджавая, карысная, усе хваробы змые...

Матка ж як бы сама сабе запярэчыла:

— Навальнічная вада... Неспакойная, бунтоўная. Каб не перадалосё гэта і сыночку нашаму... А то бунтаваць пачне і палохаць людзей, як пярун...


Маня ажно сама сабе ўсміхнулася ад нечаканай згадкі. Гэта заўважыла Гэлька і здзіўлена прамовіла:

— Ты што-о-о? Звар’яцела? Чаго ты смяешся, га? Маня?

— Не, нічога, я так, — спахапілася тая. — Успомнілася нешта, — неахвотна патлумачыла і зноў выцерла струмок крыві...

Пачуўшы ўвесь гэты галас і яшчэ не ведаючы, якая рана ў Мані, Васіль падскочыў да Чэся, схапіў ягоную руку, закруціў за спіну. Чэсь войкнуў і праз зубы выціснуў:

— Пусці! Баліць...

— Ачахні. А Мані не баліць? Не баліць, га? — злосна пытаў Васіль. — Адно табе? Чаго ты да яе прычапіўсё без дай прычыны? Што, мазгі адпіў? Дак я табе іх зараз настрою, — і Васіль заехаў Чэсю добрую поўху. Той зноў войкнуў, мацюкнуўся, моцна крутнуўся і вырваў руку.

— Ага, дак вы ўсе на мяне!? — закрычаў. — Я вас зараз усіх пачыкаю і пачырыкаю, — ён наставіў ножык і пачаў злосна абводзіць затуманеным позіркам прысутных. — Укакошу каго-небудзь...

Крык памацнеў, бо такога выяўнага нападу ніхто з іх яшчэ ні разу не бачыў. Але пасля адбылося нешта незразумелае. Ніхто і апамятацца не паспеў, як да Чэся падскочыў нехта не з іхняй кампаніі, з усяе сілы штурхануў таго ў грудзі.

— Жорык?! — здзіўлена выгукнула Маня, калі пазнала Бандзюковага Жору. — Што ты тут робіш? — задала яна недарэчнае пытанне.

— Цябе ратую, — гэтак жа здзіўлена адказаў хлопец. — Хто каго выцяў? — спытаў ён.

Сапраўды, гэта быў Жора Бандзюк. Відаць, ён з нейкай дзяўчынай таксама гуляў каля лугу: вось адкуль тыя іншыя сляды на расе. Калі пачуў узбуджаную гамонку і крыкі, кінуўся на дапамогу. А мо і нечым іншым займаўся, бо прыезджыя Бандзюкі наогул жылі неяк таямніча, загадкава. Загадкавым было і само іхняе з’яўленне на хутары. Невядома адкуль прыехалі — ніхто не мог дапытацца: то аджартоўваліся, то казалі, што з гэтага свету, як і ўсе. Аднак на здзіўленне хутка пабудавалі хату каля Школьнага лесу — апыталі старую ажно ў Малаедах, дабралі новага лесу — і адкуль толькі грошы? — і неўзабаве невялікі, але ладны чорна-жаўтлявы ад помесі старога і новага дрэва дамок засвяціўся на зялёным фоне. У старога Бандзюка — найбольш з выгляду, мо праз тое, што меў пышныя вусы і нейкі дзіўна састарэлы твар, хоць вочы свяціліся надта молада, было два сыны. Старэйшы Жора, грузны, таўсматы хлопец семнаццаці гадоў, з дужымі кулакамі, вялікай галавой — на хутары казалі, што на такую галаву шапку трэба як на цэлы цэбар, і меншы Грыша — гадкоў сем-восем.

Дык вось Жорык і прыйшоў на дапамогу зляканай кампаніі.

— Чаго стаіш? — крыкнуў ён Васілю. — Слабака баішся? Дак ён і праўда парэжа, укакошыць каго, злыдух гэты.

Але пакуль Васіль перамінаўся з нагі на нагу, ад удару Жорыка ў жывот Чэсь сагнуўся, пасля пакаціўся на зямлю, пляснуўся плячыма на мокрую ад расы траву. Калі падаў, міжволі ўзмахнуў рукамі. Ножык матлянуўся пад носам у Васіля, які апынуўся ля Чэся, і чыркнуў па верхняй губе. З яе адразу пырснула кроў, ажно ў вочы трапіла.

Г алас на лузе памацнеў.

Спалохана закрычалі дзяўчаты, замітусіліся, завойкалі, пачалі праклінаць Чэся, пасля кінуліся памагаць Васілю. Узбуджана гаманілі падлеткі, для іх гэта было нечым надзвычайным, пра што і ў сне не маглі ўбачыць. А тут належала ратаваць ад забойства старэйшых за сябе. І яшчэ невядома, як будзе паводзіцца раз’ятраны Чэсь, мо і на іх кінецца. Але яны не ўцякалі, не разбягаліся, а кучкаваліся, каб быць разам, калі што якое.

Адно Жорык паводзіў сябе больш стрымана і рашуча. Ён падышоў да раптоўна зблажэлага Васіля, углядаўся ў заліты крывёю твар:

— Пакажы, — уважліва агледзеў рану. — Здаецца, не глыбока. Дзясны не зачапіў. А губу прарэзаў, недавумак. Дайце хто хустачку. І лісток падарожніку знайдзіце. Пайшлі да вады, — загадаў Васілю, — абмыцца трэба...

— А што з гэтым... з Чэсем? — нясмела спытала Гэлька, бо Маня ваўсю клапацілася каля параненага.

— Ды мы яго зараз, як таго салдата, — асмялелі падлеткі. — Здымем порткі і ў луг. Хай паплавае...

— Не, хай у портках, — запярэчыў іншы. — Давай! Бяры яго, зацягнем...

Хлопцы гатовы былі і праўда выкупаць Чэся, яны нават кінуліся да яго. Але іх спыніў Жорык, бо і Чэсь, які змікіціў, што можа добра атрымаць на арэхі, натапырыўся, выставіў перад сабой ножык:

— Не падыходзь, а то ўсіх рашу... — і паставіў вочы праўцом, здавалася, яны засвяціліся злоснымі зялёнымі аганькамі — як ў кошкі.

— Іш, які шустры, рашыць ён, — падала голас Гэлька. — Ты ўжо нарашаў, зас...нец. На сваю галаву... Заліў бельмы, дак спаць ішоў бы... Проціў каго ты пайшоў, га? — спрабавала яна сарамаціць, гледзячы на мурзатага Чэся. Ён, калі падаў, вымазаў твар зямлёю. — Мурза ты паповая... Вытры хоць мызу сваю, — пашкадавала нечакана.

Чэсь марськануў рукой па твары, але толькі яшчэ больш размазаў гразь. Выцірацца не захацеў, каб не губляць пільнасці, бо кампанія не адмовілася ад задумы выкупаць яго ў лузе.

— А ён зараз увесь вымыецца, — весела прамовіў Міця. — Давайце, хлопцы, бярыце яго... Мы зараз усім гамузам зацягнем яго ў луг...

— Правільна, бі свой свайго, каб чужы баяўсё...

— Знайшоў сваяка. Я з ім на адным полі не сяду...

Падлеткі зноў сталі падсоўвацца да Чэся, не трацячы, аднак, асцярожнасці і гатовыя даць лататы, калі ён нечакана пачне выкідваць конікі. Але неўтаймоўных купальшчыкаў суцішыў Жорык:

— Не чапайце, хлопцы, — прамовіў. — Хай коціцца адсюль круглым колам... Сухім, бо падумаюць, што абас....сё, — падлеткі гучна засмяяліся, ажно Чэсь насуплена зірнуў на іх, як бы хацеў папярэдзіць, каб не надта выскаляліся, бо ён здолее адпомсціць неразумным падшывальцам. — Адно ножык аддай, — звярнуўся Жорык да Чэся. Той трохі памарудзіў, але неча­кана згодліва працягнуў трымтлівую руку з ножыкам, якія таксама былі запырсканы крывёю. Жорык павадзіў лязом і тронкамі па траве, змываючы расой кроў, зачыніў ножык і схаваў у кішэню. — А ты каціся адсюль. Я ж сказаў, — звярнуўся да трохі збялелага Чэся. — Удома пра ўсё раскажы бацьку, — і моцна стукнуў нагой пад зад. — Каціся, чаго стаіш?

Той хіснуўся, заблытаўся ў высокай траве і паляцеў потырч, падаючы, абапёрся на рукі. Да яго, відаць, яшчэ не даходзіла, што на самай справе адбылося. Рукі, аднак, трымцелі, ногі невядома чаму падгіналіся ў каленях, ён насілу выпрастаўся і ўлукаткі пайшоў у лагчыну. Усе з палёгкай уздыхнулі, як бы скінулі з плячэй важкі мяшок бяды. Але сэрца яшчэ не магло супакоіцца, трымцела ад страху, калацілася ад абурэння. Такі быў добры вечар, такія ладныя танцы, і гэтая дарога з добрай кампаніяй між жытоў, і на табе...

Некаторыя пазіралі ўслед Чэсю, як бы правяралі, ці пойдзе дадому, ці мо збочыць у жыта, каб перачакаць, набраць камянёў і дагнаць іх. Але ён не азіраўся, плёўся сабе, часам няскладна махаючы рукамі.

А ў тым баку, куды ён ішоў, неба было светлае-светлае. Здавалася, яшчэ імгненне, яшчэ момант, і выкаціцца з-за высокага жыта спачатку няяркае, але з кожнай хвілінай усё больш зыркае сонца, пырсне сваімі праменнямі на наваколле і змые, сатрэ з твару зямлі ўсю непатрэбшчыну, усё благое і кепскае.

Мані падумалася, што каб быў тут Саша, то немінуча знайшоў бы што-небудзь адпаведнае ў Коласа. А чаму не? Не можа быць, каб Колас не прыкмеціў гэткай прыгажосці.

Маня не памылялася, паэтава захапленне сапраўды вылілася ў цёплыя радкі:

Усход жыве, гарыць, палае,

Слупы-праменні падымае.

Бы тыя рукі блаславення

У часе шчырага малення.

І вось яна, жыцця крыніца,

Сама багіня-чараўніца,

Ўзышла на небе і міргнула,

Расу ў брыльянты абярнула,

Глядзіць прыветна, усіх кахае,

Па свеце стрэлы рассыпае

І песціць шчыра ўсіх, як матка...

У гэты момант невядома адкуль узяўся Валодзік Хвілосаф. Шнураваў проста з лугу. Згледзеў купку гаманкога люду і адразу да іх.

— Што за шум, а бойкі няма? — няўдала пажартаваў ён, не ведаючы, што тут на самай справе адбылося. — І што васпанства, та-скаць, робіць? Га? А-а-а, сонцам любуецца? — абвёў усіх запытальным позіркам. — А чаго тады вочы адсырэлі? Хто каму нюхаўку расквасіў? — на яго зірнулі зласнавата. — Ого, і Васіль свой гармонік аддаў, — здзівіўся, калі ўбачыў яго на плячах у Міці Дарашчэнкі. — О, і Жорык ужо тут, — прамовіў як бы з адабрэннем. — І калі ты паспеў? — спытаў у яго, але той нічога не адказаў, толькі моўчкі зірнуў неяк дзіўна і вачыма паказаў на Васіля. Валодзік перавёў позірк на гарманістага і амаль што выгукнуў: — Хто?

— Дак Чэсік, Пахвалёнчык, забіяка гэты... Лабэціна... Стаўдур... Недавумак...

— О, я так і ведаў, што без крыві, та-скаць, не абыдзецца. Я так і ведаў, што гэты бандзюк... — нечакана ён запнуўся, але адразу ж паправіўся: — Ой, памыліўсё, выбачай, Жорык, гэты бандзіт нешта ўчвэрыць, — не надта здзівіўся ўбачанаму Валодзік. — На ім жа цэлы вечар шкура гарэла. А дзе ён сам? — спытаў нечакана.

— Вунь на сцежцы, — паказаў Жорык. — Пахапаў лахі пад пахі і дадо­му пацягнуўсё. Атрымаўшы выспятка...

— Дарэмна адпусцілі, — у голасе Валодзіка прагучала шкадаванне. — Яго ж пакараць трэба, та-скаць. Каб пыху збіць. Бач, што сынок вырабляе, багатыр гэты... Дарэ-эмна адпусцілі, — паўтарыў ён. — Выкупаць яго трэба было, — нечакана падтрымаў падлеткаў. — Хай бы змераў глыбіню, хоць кудлы свае вымыў бы. Мо пад кустамі салдата таго знайшоў бы...

— А хто караць будзе? Ты? — спытаў Жорык і пільна зірнуў на Валодзіка, які неўразумела паціснуў плячыма:

— Чаму я, та-скаць? Улада ёсцека... — і нечакана спытаў: — А хто дадумаўсё адпусціць?

— Я, — адказаў Жорык.

— А-а, ты... ну ладна. Хоць і дарэмна, — Валодзік не знаходзіў патрэбнай ацэнкі дзеянням Жорыка. — Дарэмна, — прамовіў неяк разважна і нібыта задуменна. — Але нічога, та-скаць, не ўцячэ. Ні ў Польшчу, ні да Саветаў. Ага, да саветаў не ўцячэ, — паўтарыў, як бы нешта вырашаючы. — Мы не дазволім, — сказаў неяк загадкава.

— Канешне, не ўцячэ, — згадзіўся Жорык, які пільна і хітра пазіраў на Валодзіка. — А заявіць куды трэба паспеем. Каб добра прыпаялі. І яму самому, і бацьку, каб не выстаўляўся. І гэта будзе для яго «апошні і рашаючы бой», — неяк загадкава прамовіў Жорык.

Валодзік падняў на яго вочы і прамармытаў сам сабе, але так, каб Жорык пачуў яго: «А што, паўстаў ужо «пракляццем катаваны»? Той, «хто з голаду век пух?»

Жорык неўпрыкмет даў штурхаля Валодзіку пад бок, а сам спытаў у Васіля:

— А ты, Васіль, як лічыш?

Васіль рашуча запярэчыў:

— Не хачу я ні з кім судзіцца. Не, не хачу, — ён адмоўна пакруціў галавой. — Бо адно нервы папсуеш, а свайго не дакажаш.

— Надта ты шкадаўлівы, та-скаць. Ці мо баішся!? — здзівіўся Валодзік. — Ды мы яго, мы ім...

— Не баюсё, нікога я не баюсё, — астудзіў ягоны пыл Васіль. — Чапаць не хачу. Хай яго кашуля не чапае...

— Справядліва, — згадзіўся Міця Дарашчэнка. — Г..на не чапай, яно і так смярдзіць... — і ўсе засмяяліся.

— Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць, — як бы ў апраўданне зноў прамовіў Васіль.

— Ну, ты гэта... не спяшайся адмаўляцца, та-скаць... — Валодзік звяртаўся да Васіля. — Пераначуем — болей пачуем.

— Ага, Васіль, не пары гарачку, — упэўнена параіў Жорык. — Заўтра на цвярозую галаву ўсё і абдумаем...

— А я і сёння не п’яны, — не згадзіўся Васіль.

— Не, я не ў тым сэнсе, што п’яны. Проста не на гарачую галаву. Спакойна ўсё абдумаем, а тады паглядзім, — гнуў сваё Жорык.

— Ага, праўду кажа, та-скаць, — згадзіўся і Валодзік, чым вельмі здзівіў Васіля: чаго яны спеліся? Але далей спрачацца не стаў. Сапраўды, пераначуем — болей пачуем.

Але неўзабаве пачуць і ўбачыць ім давялося такое, што і ў сне не снілася...


* * *

Газета «Советская Белоруссия» ў адным толькі нумары за 1 верасня 1939 года надрукавала гэтулькі паведамленняў, якія, калі б іх маглі пра­чытаць на Язаўцы, выклікалі б у многіх калі не слёзы адчаю, дык горыч няпэўнасці дакладна.

Хоць мо першая публікацыя наўрад ці была б зразумета простымі хлебасеямі, бо непасрэдна іх, здавалася, не датычыла.

На ўсю першую паласу газета паведамляла, што на Пазачарговай Чацвёртай Сесіі Вярхоўнага Савета СССР Першага склікання ў Маскве 31 жніўня быў ратыфікаваны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні.

Але дарэмна праяўлялі б людзі неразуменне ці бяспеку, бо далейшае ўжо непасрэдна закранала б інтарэсы і хутаран.

«Варшава, 30 августа, ТАСС. Сегодня объявлено о всеобщей моби­лизации в Польше, которая назначена на 31 августа. Мобилизации подле­жат мужчины в возрасте до 40 лет».

«Берлин, 1 сентября, ТАСС. По сообщению германского информаци­онного бюро, сегодня утром германские войска в соответствии с приказом верховного командования перешли германо-польскую границу в различ­ных местах. Соединения германских военно-воздушных сил также отпра­вились бомбить военные объекты в Польше... »

А іншы матэрыял таго ж ТАСС патлумачыў прычыны гэтага:

«Берлин, 1 сентября, ТАСС. Сегодня в 10 часов утра открылось засе­дание рейхстага. С большой речью выступил Гитлер. Он заявил, что так как Польша отклонила германские мирные предложения, больше нет путей для мирного разрешения германо-польских спорных вопросов. Гитлер отметил также, что вчера вечером польские регулярные части перешли германскую границу и что сегодня утром германские войска выступили против поляков.

Под шумные аплодисменты зала Гитлер подчеркнул, что вчера в Моск­ве был ратифицирован германо-советский пакт и что одновременно гер­манское правительство со своей стороны ратифицировало этот пакт.

Рейхстагом утвержден полностью текст распоряжения главы данциг­ского государства Форстера о присоединении Данцига к Германии».


На маленькім хутары Язавец, які ціха-мірна прытуліўся пад неабдымным полагам высокага неба між боханамі збожжавых палеткаў, расквечаных яркай палоскай Школьнага лесу, падзялененых поплавам у шматколерных красках, аздобленых блішчастымі люстэркамі Сержановага і Ткачовага лугоў, і які дагэтуль спакойна і бесканфліктна па сусветных мерках жыў сваім размераным і працавітым жыццём, усчаўся неверагодны рух.

Хоць нешта нечаканае прадчувалі многія. Ніхто не мог такога прадказаць: ні мудры сівавалоса-сівабароды доўгажыхар на гэтым свеце дзед Мацейка. Ні гаваркі і трохі апошнім часам мітуслівы Валодзік Хвілосаф, ні ганарысты шляхціч Стась Пахвалёнчык. Ні нават мясцовы грамацей і кніжнік Назаноў Саша.

Ніхто не мог уявіць сабе такога.

Але нездарма кажуць, што чалавек мяркуе, а Гасподзь Бог кіруе.

А цяпер ніхто не мог ведаць, ці ацалее ён сам, ці застанецца жыць яго сям’я, ці выстаіць потам і крывёю агораная хата...

На многіх хлебасеяў нечаканай навіной звалілася паведамленне аб прызыве ў польскую армію. Што гэта значыла, ведалі ўсе. Таму не адно роспач, а і слёзы адчаю, бяды нагарнуліся на вочы мацярок, якія мусілі неадкладна адправіць на вайну, а ў тым, што гэта вайна, не сумняваўся ніхто, сваіх дарослых сыноў — самых гаспадароў і кармільцаў.

Але пакуль круцілася тая непаваротлівая казённа-дзяржаўная ўжандовая машына, прызваць удалося не ўсіх, проста не паспелі.

Бо неўзабаве на ўсю моц загрымела на Нясвіжскай шашы, на якую папацягалі камянёў і хутаране, адрабляючы там свае шарваркі. Зусім нядаўна закончылі яе. Як бы падгадалі менавіта да гэтага моманту. І вось на новай шашы загулі маторы танкаў, затуркаталі колы вазоў і фурманак, наваколле агучылася нячутнымі тут раней стрэламі.

Страх, мацнейшы за самую разбуральную навальніцу, апанаваў людзьмі. І тымі, хто хадзіў у касцёл, і тымі, хто спяшаўся ў царкву. Адна агульная трывожная невядомасць апусцілася на хутарскую цераспалосіцу.

Аднак найбольш смелыя і цікаўныя не маглі ўседзець у хаце. Найперш хлопцы. І калі іхнія бацькі з малымі дзецьмі хаваліся, дзе толькі маглі, яны, таксама тулячыся ў кустах ды зарасніках лебяды з крапівою, прабіраліся да шашы, каб паглядзець, што і як там дзеецца, хто і па кім страляе, хто куды едзе, хто ад каго ўцякае...

Перапалох пасяліўся на Язаўцы: няўжо вайна з немцам дакацілася і да іх? Няўжо з-за кардону ўступіла ў яе Чырвоная Армія, воіны якой імкліва спяшаліся на захад, а польскія салдаты з ажэлкам на шапках дзе гэтак жа імкліва, а дзе са стратнымі баямі адыходзілі на сваю глыбінную тэрыторыю, большую частку якой ужо занялі немцы?

А як жа тады той савецка-нямецкі дагавор-пакт, пра які гэтулькі было гаворак, што не абмінулі і Язавец?

Ніхто нічога нікому не тлумачыў. А невядомасць ды чуткі горш за бяду...

Тлумачэнне праз дзень падалі ўсе газеты Савецкай Беларусі, а пасля і тыя, што выдаваліся на заходніх беларускіх землях, над якімі менавіта ў гэты час гублялі апекаванне польскія ўжандоўцы. На газетных старонках з’явіўся незвычайнай сілы і зместу дакумент. Нават газета «Літаратура і мастацтва», якая павінна была б быць далёкай ад вялікай палітыкі, але якая такой не была, таксама надрукавала гэты тэкст.


Нота ўрада СССР, уручаная польскаму паслу ў Маскве раніцай 17 верасня 1939 года


Пан пасол!


Польска-германская вайна выявіла ўнутраную несастаяцельнасць польскай дзяржавы. На працягу дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава, як сталіца Польшчы, не існуе больш. Польскі ўрад распаўся і не праяўляе прызнакаў жыцця. Гэта значыць, што польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі свае дзеянні дагаворы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Прадастаўленая самой сабе і пакінутая без кіраўніцтва, Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсякіх выпадковасцей і нечаканасцей, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, будучы дагэтуль нейтральным, Совецкі ўрад не можа больш нейтральна адносіцца да гэтых фактаў.

Совецкі ўрад не можа таксама абыякава адносіцца к таму, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, засталіся безабароннымі.

У сувязі з такой абстаноўкай Совецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці граніцу іўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Адначасова Совецкі ўрад мае намер прыняць усе меры к таму, каб вызваліць польскі народ са злопалучнай вайны, куды ён быў увергнут яго неразумнымі кіраўнікамі, і даць яму магчымасць зажыць мірным жыццём.

Прыміце, пан пасол, запэўненні ў поўнай да Вас павазе.

Народны Камісар замежных спраў СССР В. Молатаў

Надзвычайнаму і Поўнамоцнаму Паслу Польшчы п. Гржыбоўскаму.

Польскае Пасольства, Масква.

17 верасня 1939 года.

Загрузка...