Калі чалавека гоніць па свеце, як сарваны ліст, неадменна ў ягонай хаце пасялілася Бадзюля, страшная істота, якая змушае чалавека падарожнічаць і шукаць краіну, дзе, вядома, лепей, чым тут…
Прагнаць Бадзюлю проста: падмесці хату, вымыць падлогу чысцютка, і ўвесь бруд выліць на заход сонца. Тады й выскачыць следам Бадзюля, нечасаная, струплівая, апранутая ў адну посцілку…
Вось, здаецца, пані Саламея Лёднік хату трымае ў чысціні, а мужа ейнага час ад часу гоніць па белым свеце, так, што невядома, ці вернецца… А як атрымаецца ў Пранціша і Раіны? Дзе будзе іхні дом, і куды панясе абаіх суворы Похвіст, зімовая завіруха?
Яны прыехалі ў Вільню яшчэ засветла, калі сінія цені дрэў клаліся на заснежаную брукаванку амаль незаўважна, а шэрае неба яшчэ не набыло колеру дыму… Пранціш даўно распавёў Раіне пра гасцінны дом з зялёнымі аканіцамі, пра пані Саламею Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, прыгожую, як Сільфіда, пра маленькага Алеся, нават пра Піфагора і Хвельку. Як жа хацелася апынуцца там, у бяспецы ды ўтульнасці, няхай і ўяўных… Дзе з карціны паглядае Арыстоцель, вельмі падобны да Лёдніка ў старасці, на каміне пакручваецца сіня-белы гадзіннік-ваза, а ў лабараторыі, умацаванай, як маленькая крэпасць, узіраецца шэрымі шклянымі вачыма ў ангельскую далеч, за мора і дзюны, васковая лялька-аўтамат Пандора…
Калі знаёмы дах яшчэ толькі паказаўся з-за заснежаных дрэў, з таго боку пачуўся стрэл і сярдзітыя крыкі… Яшчэ стрэл… А вось, здаецца, жанчына крычыць…
Лёднік высунуўся з фурманкі, выхапіў з рук наёмнага фурмана пугу і сцебануў коней.
Дом з зялёнымі аканіцамі трымаў сапраўдную аблогу. Ля яго стаяла дзясяткі два асёдланых коней, на двары, хаваючыся за дрэвы, бегалі людзі са стрэльбамі і шаблямі. Не ў мундзірах, а, відаць, найміты, бо добра ўзброеныя і з фізіяноміямі, шмат разоў залатанымі… А вось ляжыць штосьці рудое, калматае… Піфагор! Загінуў, верны абаронца…
Час ад часу з гарышча дома стралялі — калісьці Пранціш пастараўся ператварыць тое гарышча ў сапраўдную фартэцыю, з амбразурамі і ладным запасам зброі і пораху. А белавалосы волат прыхінуўся да дрэва і гучна ўгаворваў кагосьці ў доме:
— Ну навошта столькі шуму і клопатаў, мая красунька! Мой замак у Сілезіі чакае цябе, месца вольнае… Няўжо ты забылася нашу палкую ноч? Выходзь разам з каронай, і мы ўсе ціха сыдзем.
У адказ куля зрэзала кару з дрэва якраз каля вуха волата.
— Ну нашто ўсё ўскладняць? На дапамогу табе ніхто не прыйдзе…
На двор чорным віхорам заляцеў Лёднік, за ім бег Пранціш, а Раіна Міхалішыўна, замест таго, каб застацца ў фурманцы, якая, дарэчы, адразу знікла з небяспечнага месца, адно снег узвіхурыўся, таксама бегла з пісталетам і кінжальчыкам.
Лёднік сходу заваліў аднаго з нападнікаў, Пранціш параніў у руку другога, змусіўшы выраніць шаблю.
— Што табе трэба ў маім доме, Ватман?
Найміт глядзеў на доктара, і ягоныя вочы здаваліся то празрыста-белымі, як туман, то бяздонна-барвовымі.
— Ды калі ж ты перастанеш узнікаць, як чорцік з табакеркі, а, Бутрым? Можа, ты не чалавек, а стыхійны дух, і цябе выклікаюць нейкай сакрэтнай формулай: прамовіш услых, бэнц — і доктар Лёднік тут, як мазоль на пятцы, з шабелькай сваёю… А трэба мне дзве каштоўнасці. Адну — для князя Багінскага, другую — для сябе… Князю — карона, мне — красунька.
— Пайшоў прэч! — Лёднік кінуўся на белавалосага волата, але калі і быў у свеце чалавек, роўны доктару па фехтавальным майстэрстве, дык гэта Герман Ватман.
Лёднік больш рухавы, але Ватман — настолькі дужы, што ламаў шыі адным дотыкам. А паколькі забойствы былі ягонай прафесіяй, а ў ёй ён лічыўся лепшым у Еўропе, Бутрымавы скачкі і каруселі маглі толькі трохі ўраўнаважыць сілы.
Пранціш біўся адразу з двума, але вось адзін з лаянкай паваліўся, паранены ў нагу. Вырвіч азірнуўся: Міхалішыўна спакойна перазараджала пісталет, нібы не ў чалавека пацэліла, а торт парэзала, і не кулі і лёзы тут свісталі, а вееры ўзмахвалі.
З гарышча зноў пачуся стрэл і крык Саламеі:
— Бутрым, злева!
Лёднік кінуўся на зямлю, і вельмі ў час: адзін з нападнікаў прыстроіўся за агароджай са стрэльбай і ледзь не змяніў ход бойкі.
Становішча адчайнае… Галоўнай перашкодай быў Ватман, а яшчэ стрэльбы і арбалеты.
— Герман, у доме няма кароны! — гэта зноў крычала Саламея. — Жыццём прысягаю!
Яе крык згас у халодным паветры і свядомасці нападнікаў, як вылітая ў раку чарка чырвонага віна.
— Пан, не ведаю, як вас там, — крыкнула Ватману і Раіна, яе чорныя валасы дзёрзка выбіваліся з-пад шапачкі з белай апушкай, як у каралевы Кінгі. — Магу пацвердзіць — на маіх вачах карону святога Альфрэда прадалі графу Батысту!
— Гэта яшчэ што за шылахвостка? — незадаволена папытаўся Ватман, лёгка адбіваючы наскокі Лёдніка.
— Гэта мая нявеста! — раўнуў Пранціш, арудуючы непадалёк шабляй.
— Талковая нявеста, баявітая… — ухваліў Ватман. — Але мая красунечка, там, у доме, не горшая, і даражэй мне за любую карону. Ну што, Бутрым, давершым даўнюю справу?
Яны біліся зноў — апантана, засяроджана, як могуць толькі старыя ворагі, і тое, што выраблялі абодва на стаптаным двары з паламанымі дрэвамі і кустамі, маглі паўтарыць адзінкі ў свеце, а можа, і ніхто. А Пранціш не мог дапамагчы, спрабуючы не дапусціць нападнікаў да будынка. Іх заставалася яшчэ чалавек дзесяць, спрактыкаваныя, яны не кідаліся пад кулі ды шаблі, хаваліся за дрэвы, адстрэльваліся… Раіна, як верны збраяносец, была заўсёды побач і страляла трапна, мусіць, не горш, чым жонка пана Рысі. Адзін раз і кінжалам шпурнула ў здаровага дзядзьку ў кароткім ваўчыным футры, так, што патрапіла якраз ля шыі. І як ні лаяўся Пранціш, не змусіў неўтаймоўную артыстку заставацца ў бяспечным куце паміж стайняй і дрывотняй.
І тут здарылася бяда. Ватман падхапіў левай рукой зламаны малады клён, ададраўшы бязлітасна тыя белыя жылачкі, на якіх дрэва яшчэ трымалася за свае карані, і цяпер, узброены шабляй і ладнай калацінай, нагадваў антычнага Геркулеса. Ён загнаў доктара ў самы кут двара, куды не даставалі стрэлы з гарышча. І злаўчыўся ўдарыць калацінай па руце, якая трымала шаблю, так, што зброя далёка адляцела на мерзлую зямлю.
— А ты думаў, доктар, толькі ты шаблі з рук выбіваць умееш?
І тут жа крыкнуў сваім людзям:
— У доктара не страляць! Ён мой!
Пранціш у адчаі спрабаваў прабіцца бліжэй, але самому даводзілася цяжка, нехта прыстраляўся па драгуне так, што даводзілася не высоўваць галавы з-за дрывотні, ды яшчэ і Раіну захінаць.
Ватман павольна падыйшоў да Бутрыма, напружанага, як змяя перад скачком.
— І што ты цяпер зробіш, фехтавальшчык? Падумаеш, царыцу ўразіў фокусамі з шабляй… А без шаблі — чаго ты варты? Я цябе зараз заб’ю, і нічога мне не будзе, таму што ўсім ты — як стрэмка ў горле. Маёй будзе баба! Ну, давай, скачы далей!
Але доктар скакаць нікуды не стаў, а проста працягнуў руку да Ватмана, трымаючы адстаўленую даланю насупраць ягонага сэрца, і зрабіў ледзь заўважны — пару вяршкоў — штуршок наперад.
Найміт зарагатаў:
— Ну ты зусім звар’яцеў ад адчаю, доктар, спадзяешся мяне зачараваць? Спрабавалі некаторыя, не паддаюся.
І махнуў шабляй — Лёднік ледзь паспеў адскочыць, на ягоным рукаве з’явіўся парэз, з якога паказаліся кроплі крыві. Ватман секануў шабляй яшчэ раз, яшчэ, дапамагаючы і калацінай, якой махаў лёгка, як прутком, не даючы доктару падабрацца да ягонай зброі. Пранціш з жахам назіраў краем вока, як прафесар кідаецца ў безнадзейнай спробе сысці ад бязлітаснага ляза — любы іншы чалавек ужо ляжаў бы на зямлі, рассечаны напалам. Міхалішыўна паспрабавала падысці, дапамагчы, і нават пацэліла Ватману ў руку, але той як не заўважыў раны, а вось Раіне давялося ўцякаць ад чарнявага злыдня, узброенага палашом.
Вось Ватман размахнуўся яшчэ раз… І раптам загайдаўся, на ягоным твары, шырокім, спаласаваным шнарамі, з’явілася шчырае здзіўленне.
— Ты… ты… як ты змог…
Прашаптаў і паваліўся тварам у брудны снег. Аж зямля здрыганулася, быццам упаў ссечаны дуб. Страляніна адразу прыпынілася, хтосьці з нападнікаў пачаў падбірацца бліжэй да белавалосага волата, праверыць, ці жывы…
Доктар упаў на калені, спрабуючы аддыхацца, а потым падбег да сваёй шаблі, і… Здавалася, ён мог адбіваць нават кулі, і паколькі Ватман не варушыўся, найміты зразумелі, што час сыходзіць, бо ўвесь мёд з гэтай місы злізаны.
— Заканчваем усё, як загадваў пан Ватман, і гайда! — пракрычаў нехта з-за агароджы, і зараз жа ў шыбы дома з зялёнымі аканіцамі паляцелі запаленыя стрэлы арбалетаў…
Калі з вокнаў паказаліся першыя языкі полымя, нападнікі зніклі, сцягнуўшы за сабой параненых і нерухомага Германа. На стаптаным снезе засталіся чыясьці шапка, дзве шаблі, багата крыві і забіты руды сабака.
Лёднік і Пранціш кінуліся ў дом. Вырвіч паспрабаваў загасіць полымя з дапамогай коўдры, але дарэмна.
— Саламея, Алесік, дзе вы? — крычаў устрывожаны Бутрым.
— Алесік з Хвелькай у тваёй лабараторыі! — крыкнула зверху Саламея. — Хутчэй бяжы за імі!
На шчасце, той пакой быў сапраўды самы бяспечны — умацаваны супраць усялякіх выбухаў, з кратамі на вокнах, і нават меў патаемны выхад на вуліцу. Вызвалены адтуль Алесік быў страшэнна ўгневаны:
— Як маглі пасадзіць мяне пад замок! Я шляхціц! Я павінен быў абараняць пані-маці! Я страляць умею! Я ім за Піфагора нашага…
Хлопец хутка выцер кулаком слёзы.
— А дзе мама?
Тоўстыя шчокі Хвелькі трэсліся, як студзень, на твары размазаліся чорныя пісягі попелу.
— Што ж гэта робіцца, святыя ўгоднічкі? Зусім прападаем! Беднага Піфагора забілі…
Хвельку з Алесем пакінулі на вуліцы. Засталося выцягнуць з гарышча Саламею, тым болей ад агню там мог выбухнуць порах. Пранціш заўважыў толькі, прабягаючы назад праз лабараторыю, як аблічча васковай лялькі Пандоры ад гарачыні пачварна сказілася, як аплываюць дасканала прыгожыя рысы твару, агаляецца шкляны яблык вока…
— Саламея, скачы! Я цябе злаўлю! — крычаў пасярод задымленай вітальні Бутрым.
Але жанчына пазірала ўніз, у праём, з адчаем і не краталася з месца.
— Не магу! Мне нельга!
— Скачы, не бойся! — Лёднік пачынаў нервавацца.
— Не! Не магу!
У доме рабілася ўсё гарачэй, дым выядаў вочы, а на двары нарэшце пачуліся галасы — віленчукі, суседзі дарагія… Пакуль быў брутальны наезд — сядзелі па дамах, як мышы, ніхто бараніць жанчыну і дзіцёнка не кідаўся. Мала якія разборкі між панамі… А вось пажар — гэта сур’ёзна. Ад пажару можна самім пацярпець. Зноў паўгорада выгарыць, ды яшчэ сярод зімы… Таму зарыпелі калодзежныя калаўроты, забразгалі вёдры… На пажарных, як заўсёды, надзеі было малавата, але і ў звон на каланчы нехта ўдарыў. Вільня агнём моцна напалоханая.
А між тым Саламея ўсё яшчэ не наважвалася саскочыць. Пранціш заазіраўся вакол.
— А дзе драбіны?
— Вунь там! — Саламея паказала ўбок. — Застраглі… Сіл у мяне не было зацягнуць іх… А дзе Алесік? З ім усё добра? Не ўчадзеў? Вы, калі выводзілі, далі яму цёплую вопратку? Бутрым, цябе пытаюся, сынок цёпла апрануты?
Пані як не заўважала небяспекі для сябе асабіста. А драбіны знаходзіліся недзе пасярэдзіне між уваходам на гарышча і падлогай — іх прыціснула цяжкімі створкамі дзвярэй у столі, калі гаспадыня, спяшаючыся, уцягвала іх наверх. Пранціш паспрабаваў падскочыць — не дастаць ніяк… Разгублены Лёднік заазіраўся ў пошуках таго, што можна выкарыстаць, як лесвіцу…
— Падсадзі! — скамандвала Вырвічу Раіна.
І вось, ускараскаўшыся на плечы драгуна, яна ўжо, як яшчарка, уздымаецца па сцяне, абапіраючыся на выступы зрубу… Учапілася за драбіны… Павісла на іх… Драбіны з грукатам паваліліся, а Раіна падымалася з падлогі. Пранціш, які не паспеў яе падхапіць, падляцеў, дрыжачымі рукамі абмацаў…
— Лухта, калена толькі пабіла, — лёгка адказала Міхалішыўна. — Гэта не з тэатральных канструкцый гахнуцца на сцэну…
Лёднік хуценька ўзяў на рукі Саламею, якая павольна спускалася па драбінах з прыступкі на прыступку, вынес на свежае паветра… Расцалаваў пад шэрым зімовым небам, у водсветах агню, які знішчаў сямейнае дабро.
— Ты чаму спалохалася скочыць? Я так пералякаўся…
Саламея дакорліва паглядзела ў цёмныя вочы мужа.
— І нехта лічыць яго спрактыкаваным эскулапам… Я ж сказала — нельга мне цяпер скакаць!
Лёднік разгубіўся.
— Ты… ты чакаеш дзіця?
— Ужо тры месяцы. Самы небяспечны тэрмін, нельга рабіць рэзкіх рухаў…
Доктар выглядаў так, нібыта ў яго не дом гарэў, а анёл у гародзе прызямліўся.
— Але… як жа?
— Ну, мы ж былі разам там, у вязьніцы… Калі я цябе лекавала…
Перад домам выстраіліся людзі з вёдрамі, і нават з самавітым грукатам пад’язджала пажарная калымага, везучы бочкі з вадой. Толькі гаспадарам было да гэтага, як да кольцаў Сатурна.
Пранціша разабраў істэрычны смех:
— Ну, доктар, падобна, што дзяцей у цябе атрымліваецца рабіць толькі ў вязьніцы, ды з абдзёртай спінай.
Лёднік кінуў на Пранціша сярдзіты позірк. А што, хіба не так — з маці Алесіка ў Лёдніка атрымаўся раман, калі яна прыйшла да яго ў скляпенне, дзе ён замярзаў, збіты ейным мужам.
Пані Саламея перавяла позірк на Раіну, чыё адзенне таксама было перапэцканае, а месцамі падзёртае, з-за пояса тырчэў пісталет, праз шчаку цягнулася драпіна і пасак размазанага попелу.
— Гэта мая нявеста, Раіна Міхалішыўна! — цырымонна прадставіў Пранціш, і жанчыны шчыра расцалаваліся.
Нехта міласэрны выносіў з хаты дабро, на якое вар’яты-гаспадары, падобна, начхалі. Вывальваў на снег кнігі, посуд, нейкія вазы, крэслы…
— Пані маці! Пан бацька!
Хвелька падводзіў да гаспадароў Алесіка, які ўпарта вырываў сваю руку з рукі слугі, і Саламея зараз жа занялася рэвізіяй здароўя і цеплыні вопраткі малога.
А Пранціш адыйшоўся са сваім шчасцем, зазірнуў у ягоныя празрыста-зялёныя вочы, пацалаваў у кончык носа, які так міла прыўздымаўся:
— Ну што, шыкоўнае атрымалася знаёмства з сям’ёй жаніха? Вось, бачыш — наша гаспода… — Пранціш абвёў рукой пейзаж з агнём. — Наезды, гвалт, папялішча… Ты цяпер чалавек вольны, можа, перадумаеш звязвацца з такой небяспечнай кампаніяй? Цябе ў любы тэатр возьмуць… Нават у каралеўскі.
Але Міхалішыўна толькі, смеючыся шчасліва, абняла Вырвіча за шыю да пацалавала.
— Такі ўжо мой лёс — на гарачых вуголлях таньчыць! Нікуды я ад цябе не пайду! Ніколі! Прынц мой, рыцар мой, сэрца маё!
Гаспадары моўчкі стаялі перад парэшткамі свайго дому. Уласна кажучы, магло быць горш. Найбольш пацярпела вітальня і зала — тут агонь вылізаў нават столь. Што адтуль не вынеслі — згарэла. Ад карціны з Арыстоцелем заставалася толькі абвугленая рама, у якой дарэчы глядзелася б толькі мумія. А ўсё яшчэ было залітае вадой, што на марозе, які выстудзіць вуглі, ператворыцца ў лёд.
Але дах быў цэлы. Амаль непарушнай засталася лабараторыя — толькі ад гарачыні канчаткова сапсавалася Пандора, якая цяпер нагадвала нейкую расамаху, а не праўнучку ангельскай каралевы, і Лёднік, уздыхнуўшы, накінуў на аўтамат анучу. Спёка сапсавала многія лекі, а ўжо смурод які ад дыму… Большая частка гардэробу таксама ляснулася, гэтак жа, як і кнігі, што захоўваліся ў зале. Затое ацалеў кабінет прафесара, нават карта Ерусаліму, што засталася ў спадчыну ад аптэкара Лейбы. Лёднік з дрыготкай у руках гладзіў стос сваіх бясцэнных рукапісаў. Ацалеў і катух Пранціша, і ягоны стары камзол, з-за падкладкі якога ён дастаў стосік скрэмзаных аркушаў. Што ж, раз гэтыя вершы не згарэлі нават у пажары, значыць, лёс ім пажыць падаўжэй…
Апошнія клубы дыму расчыняліся ў звечарэлым паветры, згасалі залітыя вуглі… І тут выявілася, што не ўсім доктар — як стрэмка ў горле. Да пагарэльцаў пачалі падыходзіць, адзін за адным прапаноўваліся месцы для начлегу, дапамога ў навядзенні парадку…
Але доктар, падзякваўшы, ад усяго адмовіўся. Ёсць пару некранутых пакояў, печка ў іх цэлая, праветрыцца — пераначуем без шкоды для здароўя. А пераначуем — болей пачуем…
На шчасце, пані Саламея калісьці настояла, каб у доме зрабіць надзейную хованку для каштоўнасцяў. Пад выгарэлай падлогай залы ацалела жалезная скрыня, толькі нагрэлася, як бляха, на якой пяклі булкі. А ў скрынцы — трохі дукатаў, яшчэ з падораных калісьці вялікім гетманам, турэцкая шабля-кілідж у залатых похвах, усыпаная каштоўнымі камянямі, што дасталася Лёдніку ад ангельскай ледзі, па чыім абліччы была зробленая Пандора. А яшчэ залаты крыж з гербам «Агнявец», упрыгожаны дыяментамі, які на развітанне падарыла Пранцішу княжна Багінская, а той аддаў разам з балючымі ўспамінамі ў агульную сямейную скарбонку. Была і жменька пярсцёнкаў ды маністаў з пасагу Саламеі Рэніч і спадчыны пана Вырвіча… А што ж — Вырвічы хоць і лапцюжная шляхта, але тым ад мужыкоў і адрозніваюцца высакародныя паны, што ў іх заўсёды беражліва захоўваюцца фамільныя каштоўнасці, хай бы паны з голаду пухлі: шаблі, пярсцёнкі з гербамі, тастаменты… Вось ён, скрутак пажаўцелай паперы са шматлікімі пячаткамі на вяровачках — пацверджанне шляхецтва Вырвічаў… А вось і куды навейшая папера аб набілітацыі полацкага мешчаніна Баўтрамея Лёдніка, падпісаная вялікім гетманам, а таксама два дыпломы, Пражскага ды Лейпцыгскага ўніверсітэтаў.
А вось куды падзеў свой дыплом пан Вырвіч, ён доўга ўспомніць не мог… Але дурням шанцуе — паміж печкай і сцяной у кутнім пакойчыку валялася абвугленая па краях, вільготная папера — нават прачытаць можна было, што Пранцішу Вырвічу надаецца званне доктара вольных навук.
Што ж, смерць ад голаду сямейству, якое заўважна павялічылася, не пагражала. У пограбе засталося віно і шынка, тое-сёе з ежы прынеслі суседзі…
Так і адзначылі заручыны пана Вырвіча, які ўрачыста ўдзеў на палец Міхалішыўны фамільны пярсцёнак у якасці аnte nupitas donatio, давясельнага падарунка. Памянулі і смерць Германа Ватмана, злога духа сям’і Лёднікаў.
— А ты ўпэўнены, што забіў яго? — недаверліва папытаўся Вырвіч, памятаючы нетрадыцыйны метад, якім скарыстаўся Лёднік.
Доктар паціснуў плячыма.
— Раней такога ўтвараць не даводзілася… Грэх, вядома, жадаць бліжняму смерці, але ўсё ж не хацелася б перажыць яшчэ адну сустрэчу з Германам.
А назаўтра вырашылі з’язджаць. А што было рабіць? Звяртацца па дапамогу да гарадскіх уладаў? У суд? Залатую сурму медная не перайграе.
— Наезд рабілі людзі віленскага ваяводы, — змрочна падрахункаваў Лёднік. — І хоць Багінскі, вядома, адмовіцца ад свайго ўдзелу, не варта нам заставацца ў горадзе пад ягонай уладай. Стаміўся я… Паедзем у Полацак. Даўно не жыў на радзіме, дзе Сафійка, Дзвіна, Палата… У доме Рэнічаў месца хапае. Складу праект медычнай школы для Тызенгаўза, магчыма, з гэтага нешта і выйдзе. Я спісаўся з альма матэр, полацкім калегіюмам, яны шчаслівыя, калі б я колькі лекцый пачытаў. У шпіталі пры калегіюме папрацую, парадак навяду. Думаю, і пан Вырвіч згодзіцца весці для шкаляроў лекцыі па тэорыі паэзіі… Будзеш пераемнікам Сарбеўскага.
Шчокі Пранціша запалалі.
— Хіба я змагу?
— Што я, не ведаю, якія кнігі ты напамяць вызубрыў? — мякка патлумачыў Лёднік. — Усё па паэтыцы… А ён вам, Раіна, паказваў свае сачыненні?
Паўночы прайшло ў дэкламаванні. Да здзіўлення Пранціша, практыкаванні ягоныя спадабаліся нават Алесіку. Міхалішыўна плакала ад гонару за жаніха, а Лёднік урачыста паабяцаў, што пісанне Вырвіча абавязкова надрукуюць. Няхай не цяпер, але гэта зрабіць неабходна.
Наступныя дні занялі зборы ў дарогу. Вырвіч атрымаў паперу, што ягонае прашэнне аб адстаўцы прынятае, а вось заява Лёдніка аб звальненні нарабіла ў Акадэміі шолаху.
Так, доктара даўно хацелі прыбраць, асабліва калі пайшлі чуткі, што ён можа зрабіцца рэктарам з падачы расейцаў. Але калі ягоны ад’езд стаў рэальнасцю, і блізкай, раптам усе захваляваліся. Вучоны з сусветным імем, якога ведаюць ва ўсіх універсітэтах Еўропы… Куды ён дзенецца? Што ад яго чакаць? І як без яго? Ну і, вядома, трохі няёмка, што так абышліся з чалавекам, які дарагім коштам выратаваў Акадэмію ад закрыцця, а студэнтаў і выкладчыкаў ад арышту, і не пачуў нават «дзякуй». Але пра гэта асабліва не задумваліся, таму што лягчэй абвінаваціць ва ўсім ахвяру, чым прызнаць сваю няўдзячнасць да яе. «Сам вінаваты» — улюбёная фармулёўка на ўсіх часоў.
Вестка пра тое, што доктар Лёднік з’язджае, таму што на ягоны дом быў наезд, а пасля пажар, распаўсюдзілася па Вільні, як эпідэмія. І высветлілася, што без фанабэрыстага дэманічнага доктара Вільня страчвае вельмі шмат… Пасыпался лісты ад магнатаў, у якіх Лёдніку прапаноўвалася месца асабістага доктара, вялікія ганарары. Адразу знайшліся выгодныя дамы, у якія доктар мог бы пераехаць разам з сям’ёй. Нават князь Багінскі прыслаў ліст са спачуваннем і прапановай дапамогі — перапалохаўся, відаць, што Лёднік паскардзіцца на яго расейскай царыцы.
— Не хачу больш нічыёй літасці — ні магнатаў, ні езуітаў, ні замежных дабрадзеяў, — заявіў Лёднік. — А хворыя людзі знойдуцца паўсюль, баліць усім аднолькава, што магнату, што жабраку. Пажывем трохі ў родным горадзе, хай там народзіцца маё дзіця… А пасля пабачым. Адправіцца за мяжу паспеем.
Сапсаваную Пандору доктар аддаў свайму калегу, прафесару Папроцкаму, які даўно хацеў яе залучыць для даследванняў.
Неба стамілася хавацца за хмарамі і паказвала сярдзіты сіні твар з адзіным сляпучым вокам зімовага сонца. Снег рыпеў пад нагамі, як быццам пад падэшвамі раздушваліся жывыя істоты. Віленчукі моўчкі назіралі, як з’язджае доктар Баўтрамей Лёднік са свайго абгарэлага дому і іхняга слаўнага места. Двое наёмных сціплых вазкоў, і ўсё.
Натоўп усё прыбываў, людзі прашэптваліся, паказвалі пальцамі на дзіўныя прылады, якія загружаліся ў апошні вазок, на двух прыгожых жанчын, старэйшую і маладзейшую, якія не выглядалі ні засмучанымі, ні расчараванымі, а знарочыста хадзілі па стаптаным снезе, як па паркеце на свецкім балі. Былыя пацыенты Лёдніка, ды й жанчыны, якім дапамагла пані Саламея, шчыра плакалі і маліліся за добрых лекараў… Аптэкар Гендэль, хоць часам і ўспрымаў прафесара як канкурэнта, але за дасціпнымі прафесійнымі размовамі прабавілі не адзін вечар, прынёс цэлую скрынку рэдкіх інгрэдыентаў, а для малодшага Лёдніка — вузельчык з смачным, яшчэ цёплым, печывам ад пані аптэкаравай. Прыйшоў турэмшчык, які ратаваў Лёдніка ў вязніцы, прынёс вышываны жонкай рушнік з валошкамі… Цясляр, якому полацкі Фаўст склаў калісь паламаную ў некалькіх месцах руку, падараваў прыгожы разны куфэрак… Бабулька ў старым кажушку, якой Лёднік бясплатна лекаваў сардэчную хваробу, магла ахвяраваць толькі вязаную ільняную сурвэтку…
І гэта было даражэй за мяшкі дукатаў, якія маглі падараваць магнаты.
Пранціш азірнуўся на дом з калісьці зялёнымі, а цяпер пачарнелымі аканіцамі… А вось на двары, пад старой таполяй, магіла вернага Піфагора, пазначаная каменем…
— Мы нічога не страцілі, хлопча! — пачуў ён голас Лёдніка.
І праўда… Былы драгун абняў каханую жанчыну, паглядзеў на Лёднікаў… Алесіку паабяцалі ўжо малодшага брата.
І праўда, не страчана нічога!
Раптам заявілася дэлегацыя з Акадэміі. З урачыстым лістом, у якім рэктарат выказваў калегу падзяку за гады плённай працы і выказваў спадзеў на працяг супрацоўніцтва ў далейшым.
Але былы прафесар выразна параіў дэлегатам на лаціне, як скарыстаць гэты ліст больш практычна. Дэпутацыя ад студэнтаў была сустрэтая больш прыхільна, але расчульвацца доктар усё роўна не стаў. Проста паабяцаў вучням, якіх рыхтаваў да медычнай кар’еры, што іх не кіне, рэкамендацыі дасць, парады таксама… Не выключана, што ў Вільні нарэшце з’явіцца медычны факультэт ці інстытут… Скончацца ж калі-небудзь цьмяныя часы. Хоць ненадоўга.
Званы рассыпалі пад горадам урачыстае срэбра, якое дадавалася да срэбра снегу і шэрані, і здавалася, што вакол усё засцелена пералівістым вэлюмам…
На жаль, не было багатага вясельнага ўбору і срабрыстага вэлюму ў Раіны Міхалішыўны, але яе твар ззяў такім шчасцем, што ў святле яго ўсё рабілася дыяментамі, золатам і срэбрам. У русявых косах нявесты — Лёднік усё-ткі з парэшткаў сваёй лабараторыі змог зрабіць належны сродак, каб вярнуць валасам актрысы першародны колер — нібыта былі ўплеценыя сонечныя промні. На вытанчаным носіку чамусьці праявіліся пяшчотныя рабацінкі. Цяпер можна было не баяцца, што пачнуць пазнаваць «егіпецкую прынцэсу» — Міхалішыўна змянілася непазнавальна.
«За што мне такая жанчына?» — у чарговы раз з трымценнем падумаў Пранціш, які сам свяціўся, як русявае сонейка.
Але такое шчасце звычайна даецца ні за што…
Лёднік вырашыў, што Пранціш і Раіна павінны абвянчацца ў той самай маленькай цэрквачцы па дарозе на Полацак, у якой калісьці вянчаліся яны з Саламеяй. Тады над Лёднікам трымаў вянец Пранціш, а над Саламеяй — Ганулька Макавецкая. Успамін пра Ганульку разануў віной… Яны ж тады, у Гародні, па патрабаванні Лёдніка схадзілі да пані Гартэнзіі… Тая не моцна засмуцілася, што яе прыёмная дачка не звяжа лёс з шалапутным драгунам, але за параненае зноў сэрца дзяўчыны — зазлавала. Праўда, мусіць, да восені Ганулька пабярэцца з суседам Ладыславам, і дай Бог ёй усяго добрага… Што паробіш — нельга быць шчаслівым, напэўна, каб гэта камусьці хоць трохі не папсавала жыццё.
У цёмным храме трымцелі агеньчыкі свечак, але не згасалі, і ўпарта імкнуліся пад самы купал, за якім пачыналася вакно ў нябёсы.
…А калі зноў зашумелі купальскія травы, і русалкі загушкаліся на бярозавым вецці, і гарлачыкі цалаваліся са сваімі адлюстраваннямі ў лясных вазёрах, маленькая Соф’я Баўтрамеева Лёднічанка адплюшчыла ў полацкае неба цёмныя вочы, успадчыненыя ад бацькі.
— Наступным летам, як падрасце Сафійка, прыедзеш да мяне ў Ліён, — угаворваў доктар жонку. — А там праз пару гадоў зноў вернемся, ужо ў сваю медычную школу. І табе справа знойдзецца, таму што неабходна заснаваць аддзяленне для падрыхтоўкі павітух. Хто лепей за цябе справіцца? У Ліёне такія ёсць, вось і паглядзіш, як працуюць, каб пасля тут досвед ужыць.
У садзе ля дома, які калісьці належаў кнігару Рэнічу, а цяпер ягонай дачцы і яе мужу, полацкаму доктару і выкладчыку мясцовага каледжу Лёдніку, быў накрыты стол у альтанцы, абвітай плюшчом і ўюнкамі з буйнымі блякла-юлёвымі ліхтарыкамі. Зумкалі сабе пчолы, дакладна ведаючы, каторая ў які вулей панясе свой мёд, хаця кветкі бралі слодыч з адной зямлі…
Пранціш з любасцю пагладзіў руку жонкі. Такія тонкія, шляхетныя пальчыкі… У Полацку чамусьці нават плётак вакол былой егіпецкай прынцэсы не ўзнікла — ад яе ўсмешкі любому рабілася светла. Дачка крычаўскага збройніка, вызваленая ад ролі прынцэсы, валодала дзіўнай якасцю быццам выпраменьваць святло і дабрыню: пагаворыць, пажартуе, перадражніць кагось, забаўная такая… Нават на фанабэрыстага чараўніка-доктара пачалі паглядаць менш падазрона, калі ў ягоным доме пасялілася маладая пара Вырвічаў. А паслухаць, як пані Раіна Вырвіч спявае, сыходзіўся ўвесь Полацак, і ў тэатральнай зале калегіюма не хапала месцаў.
Звазіў Вырвіч жонку і ў роднае Падняводдзе… Раіна не спалохалася беднасці хаты — пра тое, што гэта шляхецкая сядзіба, сведчыў толькі ганак з двума драўлянымі калонамі, патрэсканымі, як посныя галёпы, якія пякуцца на Стрэчанне. З мэблі стол ды магутныя драўляныя лавы, якія служылі і ложкамі, а столь чорная і ўся ў слядах ад куль — старэйшы Вырвіч гэткім чынам любіў будзіць свайго нашчадка, каб не вырас спешчаным. Жытло выстылае, няўтульнае… Але Міхалішыўна гатовая была прыйсці гаспадыняй у родную хату любага, і праспявала ў новых дэкарацыяй вясёлую арыю з «пейзанскай оперы». І Вырвіч прыкідваў, што калі-небудзь, калі яны з Раінай назапасяць грошай, можна будзе прыкупіць у Падняводдзі зямлі, пабудаваць добры дом ды асесці на радзіме — не заставацца ж, стварыўшы ўжо ўласную сям’ю, у Лёднікаў.
Але Бадзюля ўпарта не вылазіла з полацкага дому, дзе пакуль былі нават дзве рупныя гаспадыні, і вось Лёдніку і Вырвічам належала праз некалькі месяцаў выпраўляцца ў доўгую вандроўку. Лёднік і так адклаў яе да Калядаў, каб прысутнічаць пры нараджэнні дачкі і хаця б трохі пабыць з ёю.
Алесіка, нягледзячы на пратэсты і слёзы жонкі, доктар забіраў з сабою — няхай хлопец паглядзіць свет, павывучае мовы, дарослы ўжо. Сем гадоў. Ягонага бацьку ў такім узросце прымушалі працаваць на гарбарні ды лупілі за тое, што смуроду ад свежых скураў не пераносіў.
Не сказаць, каб доктар быў надта шчаслівы пакінуць Саламею з маленькай дачкой, але адмаўляцца таксама не выпадала. Для стварэння ў Гародні медычнай школы, з перспектывай зрабіць пасля ў Вільні медыка-хірургічны ўніверсітэт, доктару, які быў тут рухавіком ідэяў і аўтарам праекту, належала паехаць у Ліёнскі ўніверсітэт да прафесара Жана Жылібера. Паглядзець, як там здладжана навучанне, як працуе шпіталь. Пан Антоній Тызенгаўз стараўся ўсіх сваіх людзей, занятых у рэформах, пасылаць на стажыроўку за мяжу, каб прывозілі адтуль новыя веды ды спецыялістаў. А Ліён лічыўся цэнтрам медыцынскай навукі, і доктара Лёдніка туды былі рады залучыць хаця б на некалькі гадоў. Чакаліся эксперыменты, дыспуты, лекцыі ды новыя ўратаваныя жыцці. Папрасіўся з доктарам ехаць і пляменнік дзядзькі Лейбы, кемны хлопец, які меў вялікую цікавасць да справы зельнай і збіраўся, атрымаўшы адукацыю, працягваць справу полацкага аптэкара. Так што ў Францыі самотна не будзе.
Пан Рысь, які прыехаў на хрэсьбіны, паставіў на бялюткі абрус філіжанку з кавай, падкруціў усё такія ж чорныя ды натапыраныя вусы.
— Шкада, што ты з’язджаеш, Бутрым. Тваё баявое майстэрства нам зараз ой як прыдасца! Чуў, Пане Каханку вярнуўся? Сустракаць яго ўся шляхта выйшла! Шпалерамі стаялі цэлыя суткі — каб пабачыць нашага выратаваўцу! Ён будзе маршалкам на сойме і даб’ецца, каб нам вярнулі наша права ліберум вета! Віват!
— Пан Рысь, гэта ж адбудзецца па дамове з Расеяй… — дакорліва сказала Раіна Міхалішыўна. — Расейцы ў нашых рэформах не зацікаўленыя, і паабяцалі князю Радзівілу вярнуць сканфіскаваныя маёнткі, калі ён правядзе сойм, на якім усе рэформы скасуюцца.
Пан Рысь разадзьмуў ноздры.
— Каб не дзеўка была, на двубой выклікаў бы!
Раіна смела пасміхнулася.
— І не абавязкова, што перамаглі б! На пісталетах пан са мной не зладзіць!
Альбанчык фыркнуў, злосць ягоная трохі суцішылася.
— Ну чыста мая Магдуля! Шкада, яна прыехаць не змагла. Зноў занядужала… Не забудзься, доктар, лекаў для яе нарыхтаваць з запасам… Не, наш правадыр не здраднік! Мы яшчэ пакажам гэтым канфедэратам! Сваю канфедэрацыю створым! А можа вы, пан Пранціш, далучыцеся да нашага гурту?
Вырвіч задумліва глядзеў блакітнымі вачыма ў блакітнае полацкае неба.
— Не хачу скрыжоўваць шаблі са сваймі ж ліцвінамі. Хапіла з нас інтрыгаў ды наездаў… Паеду з Бутрымам у Ліён, толькі ўжо не лектарам, а вярнуся ў студэнцкі статус. Французская паэтыка таксама вартая ўважлівага вывучання. Яшчэ адзін дыплом не зашкодзіць. І Раіна нарэшце душу адвядзе… Доктар кажа, у Ліёне тэатр добры. Пан Антоній Тызенгаўз хоча ў Гародні такі ж зрабіць, каб Раіна была там першай зоркай, ды каб паставіць п’есу мясцовага аўтара… Ужо мне п’есу і замовіў.
— Перастаньце згадваць гэтага нягодніка Тызенгаўза, кашалёк Цялка! — угневаўся пан Рысь. — Калі вы вернецеся, на троне, можа быць, будзе ўжо іншы кароль!
— Усё можа быць… — згадзіўся Пранціш. — Галоўнае, каб Вялікае княства было.
— А куды яно падзенецца? — усміхнуўся Лёднік. — Нават калі яго пачнуць па-новаму называць, застануцца яго лясы і балаты, трыпутнік і дзядоўнік, і ўжо, напэўна, ніяк не зменіцца ліцвінскі характар, які змушае нас сядзець на цвіку і казаць, што, магчыма, так і трэба.
— Затое, калі даціснуць нас да нейкай мяжы, мы такі адпор даем, што лятуць нахабы з нашай зямлі, як кроплі з распаленай бляхі! — ваяўніча заявіў пан Рысь. — Мае прадзеды біліся на Сініх Водах, пад Воршай, пад Хоцінам! Ліцвінская шабля не затупіцца, панства!
І тут заплакала маленькая Сафійка, яе тварык смешна зморшчыўся, бяззубы раток патрабавальна адкрыўся…
Тут жа падбег Алесь, які займаўся плённай справай лоўлі ўсялякай жыўнасці з наступным знявольваннем здабычы ў слоіках. Навуковыя схільнасці паніча праяўляліся, як і баявіты характар.
— Хто скрыўдзіў маю панну-сястрычку?
Саламея запэўніла, што ўсё добра, і пайшла ў бацькоўскі дом, карміць немаўля. Лёднік цяжка ўздыхнуў і апусціў чарнавалосую галаву, у якой там-сям паблісквалі срэбныя ніты.
— Ніяк не магу дараваць сабе, што з’язджаю.
— Я таксама з’язджаю да Пане Каханку, пакідаючы дома жонку і малое дзіця, — паціснуў плячыма пан Рысь. — І не ведаю, ці вярнуся. Такі наш шлях. Кожны павінен рабіць тое, што яму належыць, не чакаючы за гэта ўдзячнасці.
— Што ж, тады будзем рабіць, што павінны. Ну і… часам тое, што дае чыстае задавальненне…
І Лёднік дастаў з-пад стала непачатую бутэльку з сінім лікворам, на святаянніку настоеным, і пан Рысь узрадваўся, як радуецца пісец, выводзячы апошнюю літару кнігі.
— Ну, за тое, каб усе ліцвіны ўрэшце вярнуліся дадому. Будзем жыць мы, будзе жыць Вялікае княства!
2012