Снілася Вырвічу, што гуляе ён каля егіпецкіх пірамідаў, пясочак жоўценькі-жоўценькі, як на адхоне Дняпра, вакол пальмы, падобныя да вялізнай папараці, і вось ідзе ўрачыстая працэсія, нясуць мурыны паланкін з ярка-чырвонага шоўку… Параўняўся паланкін з Пранцысем, расхінулася тканіна, і выглядае адтуль незямная прыгажуня, сапраўдная егіпецкая прынцэса, і кажа: «Будзеш маім фараонам, Пранцысь Вырвіч!». А нагадвае прыгажуня адначасова Раіну Міхалішыўну, панну Паланэю Багінскую і нават амаль забытую Ганульку Макавецкую. Нібыта спалучыліся таямнічасць адной, высокае паходжанне і багацце другой і палкія пачуцці да драгуна трэцяй.
І памкнуўся драгун да прынцэсы, працягнуў ёй руку… А чырвоная тканіна раптам ператварылася ў агонь, ад паланкіна і прынцэсы пацягнула пякельным жарам…
Эх, не лёс Вырвічу пацараваць нават у сне! Пранціш патрос галавой, адганяючы драмоту. Ява ўвогуле была непрыветнай. Неба, якое бачылася ў вакно дарожнай карэты, так зацягнулі шэрыя хмары, што незразумела, ці раніца, ці дзень, ці вечар, ці мгліцца ў вачах пасля збаночка добрай мальвазіі. Буркоча сумную сваю баладу дождж, сычыць у хмызах халодны вецер, колы экіпажа правальваюцца ў яміны, як п’яныя. А насупраць — пахмурыя, як незасквараная капуста, абліччы Гроса і Шрэдэра, ды яшчэ ілжэ-граф Батыста паглядае, як сват, што вязе жаніха да кульгавай нявесты. На Лёдніка Пранціш увогуле пазіраць баяўся — той зашыўся ў кут вялізнай, як карабель, карэты з Лейпцыгскім навуковым часопісам у руках і ўсім выглядам дэманстраваў, што хацеў бы знаходзіцца хоць у пінскім балоце, абы не тут. Пану Шрэдэру, якому адвялі асобную лаўку, дзе пры жаданні можна прылегчы, час ад часу блажэе, тады экіпаж спыняецца, Лёднік перабірае бутэлечкі і адмярае для хворага мікстуры… Рэзкі пах балота, камфары і валяр’яны перабівае салодка-гаркавы пах парфумы егіпецкай прынцэсы. Потым стары ківае галавой, упарта прыўзнімаецца, і карэта рушыць далей. Жалезная воля ў пана Якуба Шрэдэра. І дзіўныя адносіны з панам Зыгмунтам Гросам, які ледзь яго не адправіў на той свет. Усміхаюцца адзін аднаму — а вочы, як у змей. Халодныя і немігучыя.
Адна прыемнасць — пераглядацца з Міхалішыўнай. Ад такіх дзявочых поглядаў праўдзівы мужчына адчувае сябе ваяводай на кані. Актрысе, пэўна, добра дасталося ад італьянскага мага — сукенку зашпіліла пад горла, каля вока відзён яшчэ адзін запудраны сіняк. Італьянец зусім глуздоў не мае, калі псуе гожае аблічча асістэнткі, прывабу для кліентаў.
Затое тым вярней перамога над спакутаваным сэрцам Міхалішыўны добрага пана Вырвіча, бо жабраку і панцак — золата.
Але трэсціся ў карэце надакучыла — лепей бы ўжо на кані праехацца, няхай і пад дажджом. Ззаду цягнуўся яшчэ і вялікі воз з прыладамі фокусніка, запакаванымі ў прасмоленую рагожу, і замаруджваў і без таго нетаропкае падарожжа. Золата дзесьці побач, і, магчыма, Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр зараз сядзіць проста над якім-небудзь залатым рэлікварыем, упрыгожаным смарагдамі, ці над той пагнутай-пашмакутанай штуковінай, якую езуіт з такой пачцівасцю цалаваў.
Граф Батыста шалбер спрактыкаваны. У яго выявіўся каралеўскі патэнт на праезд з рэкамендацыйным лістом ад самога Панятоўскага — кароль застаўся ўражаны прадэманстраванымі ў крышталёвым шары карцінамі ўласнай светлай будучыні і засведчыў лістом, што маг у яго заўсёды жаданы госць. Таму сустрэчны раз’езд жаўнераў нават у карэту зазіраць не стаў. Але калі прыпыніліся каля карчмы пад назовам «Перліна» — трэба было памяняць стамлёных коней — патэнт не дапамог. Фурман вярнуўся з той каламутнай «Перліны» мокры і злы. Гаспадар коней не дае, хаця яны ёсць. Спасылаецца на дзяржаўныя патрэбы.
Згушчалася цемра, як кісель з чарніцаў, ліў дождж, ля карчмы настаўлена экіпажаў, як свечак у вясельны каравай, так што зразумела — вольных пакояў таксама няма. Дый не з рукі таемнай кампаніі заставацца ў людным месцы са сваім залатым грузам. І так спыніліся, не даязжаючы, каб цікаўнікі не ўсачылі.
Пан Шрэдар задумліва прамовіў:
— Параіў бы з іншага боку дзейнічаць. Бо карчмар тутэйшы, наколькі я памятаю, не прыхільнік караля.
Грос кіўнуў галавою.
— Так, мы спыняліся неяк у гэтай карчомцы, гаспадар адвёў нам добры пакой, глядзеў, каб нас ніхто не турбаваў і не падслухаў. Што ж, яшчэ прасцей. У мяне маюцца такія-сякія рэкамендацыі… Не выходзьце ніхто, на ўсялякі выпадак, пакуль не здабуду коней.
Зыгмунд Грос выйшаў у залеву, насунуўшы капялюх на самы нос, з выглядам самым разбойніцкім.
Восеньскі дождж лупіў па даху карэты, быццам абураўся, што ад яго хаваюцца. У прыцемку нельга было разгледзець твараў, і пры жаданні ўяўлялася, што знаходзішся па дарозе ў Аід з іншымі ценямі, бо ўсе маўчалі. Маўчанне парушаў толькі стук пацерак Шрэдэрава ружанца, нібыта падалі ў скарбонку Харона прывідныя нябожчыцкія манеты.
Грос затрымліваўся. Батыста пачаў нервова насвістваць бадзёрую мелодыйку, выбіваючы рытм пальцамі па раме вакна… Асабліва самотна і няўтульна было ад таго, што з боку карчмы даносілася вясёлая музыка, п’яны гуд, брэх сабак — усе прыкметы вясёлага і звычайнага чалавечага жыцця, не абцяжаранага праклятым золатам сутарэнняў.
Маг перастаў насвістваць: да карэты нехта набліжаўся… І не адзін.
— Гэты чалавек прыехаў з вамі?
Вось і Харон з’явіўся… Ліхтар у руках каралеўскага ўлана гайдаўся, як у шторм на чоўне, напоўненым грэшнымі душамі. Грос з няўважнай фізіяноміяй, без шаблі і з заведзенымі за спіну рукамі стаяў паміж двух здаровых жаўнераў.
Вырвіч прыкінуў, што раскідаць нападнікаў лёгка. Вядома, у карчме — засока, павінны быць і яшчэ жаўнеры… Воз з барахлом давядзецца кінуць, з ім ад пагоні не сысці… Эх, даўно прадзедаўская шабля з гербам Гіпацэнтаўр не каштавала варожай крыві! Але Шрэдэр высунуўся з карэты, усмешлівы такі, добры дзядок.
— Не, вашамосць, першы раз бачу гэтага пана. На разбойніка падобны… Не дай Бог з такім сустрэцца на дарозе.
Пранціш толькі вочы вылупіў. Ані ценю фальшы. Вось каму ў тэатры іграць. Каб такі маляваў, дык да яго карцінаў, як да палотнаў аднаго старажытнагрэцкага мастака, прыляталі б шпакі дзяўбсці намаляваныя вішні.
— Гэта бунтаўнік, ваша мосць, — сурова адказаў харонападобны ўлан, у няпэўным святле ліхтара на ягоны твар клаліся рэзкія цені, і замест вачэй здаваліся прагалы. — У яго ліст ад асуджанага на баніцыю князя Радзівіла, у якім гаворыцца, што гэты пан — яго прадстаўнік, і яму трэба дапамагаць, як бы самому князю. Значыць, не з вамі прыехаў?
Улан зазірнуў у карэту, трымаючы ліхтар так, каб ясна пабачыць усіх. Батыста штурхануў Міхалішыўну локцем у бок, і тая ўсміхнулася жаўнеру, зірнула, і той ледзь ліхтар не ўпусціў.
— Ах, што вы, вашамосць, мы з разбойнікамі не сябруем! Мы з мужам і сябрамі едзем у Варшаву па запрашэнні ягонай мосці, яснавяльможнага нашага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які нас дорыць сваёй міласцю…
Пры словах пра міласць грубы твар улана шматзначна змяніўся, ягоныя вусны нібыта пакаштавалі добрага вінца: Стась Цялок не прапускаў прыгожанькіх дам, мусіць, у карэце таксама ягоная амаратка. Батыста паспешліва працягнуў ліст ад Панятоўскага… Яшчэ і пажаліўся, што гаспадар коней не даў, а яны спазняюцца.
Жаўнеры апыталі на ўсялякі выпадак абодвух фурманаў — той, што на возе, залапатаў па-італьянску, паціскаючы плячыма, той, што пры карэцэ, пацвердзіў, што арыштаванага пана не ведае.
— Я казаў, што мой экіпаж даўно з’ехаў. Такая была дамова, — холадна прагаварыў Грос. — Гэтых паноў упершыню бачу.
І Пранціш зразумеў, што, як і Шрэдэр, Зыгмунд Грос вытрымае любыя катаванні і допыты, але не выдасць нікога і нічога. У гэтых людзях не мелася любові, спачування і нават простай справядлівасці, але цвёрдая вера ў агульную мэту і ў тое, што іх справа важней нават за іх саміх. Не людзі — зброя.
Шрэдэр пачаў абмяркоўваць з Батыстай тэорыю жывёльнага магнетызму маладога Месмера, дэманструючы поўную абыякавасць да схопленага шпега. Ці праўда ўвесь сусвет прасякнуты флюідамі, якія залежаць ад фазаў Месяца, гэтак жа, як акіян? Грос глядзеў запалымі светлымі вачыма ў нейкую аднаму яму відочную кропку, дзе не было ні ўланаў, ні восені, ні былых спадарожнікаў. Вырвіч разумеў, што ўмешвацца — недарэчы, але на душы было так пагана, так пагана… Здаваць таварыша — нават такога, які сам цябе лёгка здасць — ганьба! Як там Грос прамовіў над паміраючым у сутарэннях Шрэдэрам: «Усе мы ганчакі Божыя». Маўляў, раз папаўся — сам і хлябчы.
Гроса павялі назад, у карчму. Ён не азірнуўся, не зрабіў ніякай спробы падаць знак развітання. А ўлан паабяцаў каралеўскім гасцям, што коней дастане — але, мусіць, расчуліўся не з-за ліста караля, а з-за прыгожых вочак егіпецкай прынцэсы.
І хутка яны трэсліся далей на дарозе, дзе ў адну халодную і мокрую няўтульнасць зліваліся неба, дарога, восень і небяспека.
— Мы б маглі адбіць пана Зыгмунта! — не вытрымаў Пранціш.
— Вы смелы малады чалавек, пан Вырвіч, — азваўся Шрэдэр. — Але гэта было б неразумна.
— Ахвяры не маюць значэння, абы справа ордэна была зроблена? — з’едліва запытаўся Лёднік.
— Мы ўсе гатовыя на ахвяры, — мякка адказаў Шрэдэр. — І Зыгмунд таксама.
Вось і ўся эпітафія па страчаным таварышы. З ваччу сышоў і з памяці зваліўся.
А вось Гутаўскі базыльянскі кляштар у дэкарацыях восеньскага дня здаваўся не тое што эпітафіяй, а надмагіллем — змрочныя, магутныя муры са слядамі стрэлаў гармат. Ніякага ўзлёту ў нябёсы, толькі стамлёнасць, каржкаватасць старога воя, які ніколі не бачыў спачування і сам развучыўся спачуваць. Калісьці пабеленыя сцены аблезлі, цэгла вызірала праз тынкоўку, як хворая плоць. Густыя краты ў вокнах нагадвалі, што тленнае наша цела не болей, чым клетка, у якой мэнчыцца дух на час зямнога выпрабавання, ды іншыя выратавальныя думкі прыходзілі ў галаву каля змрочнага будынка… Хаця напэўна ж луналі над ім і анёлы, і мелася ў гэтых мурах сваё шчасце, незразумелае грэшным прыземленым натурам… Але для Баўтрамея Лёдніка найперш гэта было месца, дзе князі Багінскія трымалі ў закладніках ягоную жонку Саламею. І таму абодва ліцвіны зайшлі ў браму з гнятлівымі прадчуваннямі…
На званіцу стамлёна села варона, хрыпла выкрыкнуўшы сваё меркаванне пра гэты шэры свет і сумніўныя шансы выратавацца ў ім. Але ўдарыў звон, і чорная вястунка безнадзейнасці цяжка ўзмахнула крыламі і зляцела — каб вярнуцца. Бо вакол кожнага святога месца кружляюць тыя, хто стаміўся ад цемры, але баіцца святла.
…У цёмную келлю глядзіць толькі месяца вока,
Ні гуку, ні руху… Але тут няма і самоты.
Тут лічаць не грошы, а шчырыя слёзы і крокі
Да брамы высокай, дзе ўменне даруецца лётаць.
У гэтых мурах не схаваць ні кахання, ні крыўды —
Як нельга схаваць у празрыстай вадзе анічога.
І стрэлы крылатага злоснага сына Кіпрыды
Бясшкодныя сэрцу, якое аддадзена Богу.
Перамовы з ігуменняй узяў на сябе Лёднік, як старэйшы і самавіты. Але пані-матухна, падобная да скандынаўскай Кунігунды, якая перамагла ў збройным паядынку ўсіх жаніхоў, таму й засталося адно пайсці ў кляштар, да размоваў была не схільная. Яна паведаміла, што і сапраўды, у кляштары апынулася дзяўчына, якая назвалася напачатку князёўнай Багінскай. Паводзінаў нахабных, грэшніца акаянная. На шчасце, яе забралі сваякі, а болей лёсам дзеўкі ніхто ў кляштары не цікавіўся. Што за сваякі, дзе жывуць, ігумення не ведала.
Абодва госці, сыходзячы, адчувалі, быццам між лапатак кожнаму зараз уторкнецца дзіда.
Цяпер вароны абселі не толькі званіцы, але й крыжы манастырскага храма. З неба, глухога, як атынкаваны мур, сыпаў драбнюткі дождж. Пранціш спыніў унуранага Лёдніка.
— Чакай, хто ж начальства распытвае пра мясцовыя скандалы! Трэба якога простага чалавека знайсці…
— Так з табой манашкі і будуць гаварыць, — хмыкнуў Лёднік. — Ды такіх, як ты, на гарматны стрэл да сясцёр дабрадзейных не падпусцяць.
— Нашто нам манашкі, — няўважна прагаварыў Вырвіч, азіраючыся. — Тут жа не мангольскі стэп, нехта ж дровы коле, прыпасы прывозіць…
І праўда, каля гаспадарчых збудаванняў, такіх жа непрыглядных, як і ў звычайнай вясковай сядзібе, соўгаўся стары ў світцы і аблавушцы, як самотны груган. Толькі б не глухі і не нямко — бо менавіта такім і займаць месца прыслугі ў жаночым кляштары.
Але дзед аказаўся хоць і не зусім у здаровым розуме, вочы паглядалі ў розныя бакі, ды пагаварыць можна было. Асабліва пасля некалькіх манетаў, што перакачавалі ў кішэню выцертай, як папяровая аблігацыя скнары, світкі.
Ганульку стары памятаў. Аднойчы матухна ігумення абвясціла, што ў іхнім кляштары выявіўся спадман, і адна з паслушніц ёсць страшнай грэшніцай. Хаця тую паслушніцу ўсе любілі — ціхмяная такая, а вышывала як цудоўна, такімі ружамі ўпрыгожыла покрыў на абразе Маткі Боскай… А тут — змусілі небараку да пакаяння, крыжам ляжала ад раніцы да вечара, у сутарэнні садзілі… А яна і не скардзілася. Толькі плакала ды казала, быццам выконвала загад сваёй пані. Што ж там за пані такая, што кінула бедную прыслугу на расправу?
Дзед перажагнаўся і працягваў аповед. Невядома, ці доўга вытрымала б такога жыцця паслушніца, але ў кляштар прыехала багатая ўдава, якая жыве непадалёк. Пабачыла дзяўчыну, што на каменнай падлозе крыжам ляжыць ды ўжо ўся калоціцца ад ліхаманкі, папыталася, хто такая. Ну і высветлілася, што грэшніца — нейкая далёкая радзіна пані. І госця дзяўчыну забрала.
На шчасце, дзядок ведаў назву маёнтка — Ляшчыны, і накірунак, куды ехаць.
Часу было ажно да раніцы. Ледзь жывы, але трывушчы, як нарачанскі вугор, Шрэдэр з графам і графіняй спыніліся па суседстве, у чарговых надзейных людзей. Гутаўскі кляштар ім і сапраўды быў без патрэбы, так што казку пра паломніцтва хворага да святыняў пасля знікнення Гроса перасталі нават згадваць. Нараніцу Лёднік з Вырвічам мусілі выпраўляцца з кампаніяй да Лебы. Толькі тады, як Шрэдэра разам з золатам пагрузяць на карабель, найміты атрымаюць ліст, што місія выканана, і можна вяртацца ў спадзеве на спакойнае жыццё. Так, яшчэ колькі дзён — і вандроўка скончыцца, золата паплыве ў Італію, дзе цяпер знаходзіўся Караль Радзівіл, які гразіцца, што збярэ магутнае войска і вернецца вызваляць Айчыну, а пакуль дзівіць мясцовых жыхароў сармацкімі звычаямі. Пост у яго пачынаўся тым, што гасцям прапаноўвалі зняць накрыўку з нейкай стравы — і адтуль вылятала зграйка вераб’ёў. А кожны госць, сыйшоўшы з бяседы, знаходзіў у сваёй кішэні залатую манету.
Хутчэй бы ўсё скончылася… То спалоханыя, то закаханыя, то какетлівыя позіркі Раіны Міхалішыўны толькі трывожылі: незразумела, калі прыкідваецца. А трэба ж яшчэ ўдаваць палкую закаханасць пад насмешнымі паглядамі Лёдніка, які ведаў падбіўку дарожнага раману. Век бы не бачыць і самазванага графа з ягонымі фокусамі. Дастане калоду картаў, і такое давай вырабляць — карты між пальцаў, як жывыя, слізгаюць, і ўсё намякае, а ці не згуляць у тры каралі альбо ў віст? Каб не Лёднік, Пранціш, мусіць, згадзіўся б і даўно прайграў махляру ўсё, ажно да ўласнай пячонкі.
Дзякуй Богу, маг і былы маг перасталі спаборнічаць, як шкаляры, хто мацнейшы, лыжкі не згіналі, агонь на адлегласці не гасілі, але варта было зачапіць якую-небудзь цікавую абаім тэму, ад цыркулявання крыві да енохскай мовы, на якой нібыта размаўляюць анёлы, і пачынаўся дыспут… Да здзіўлення Пранціша, Міхалішыўна магла вучоную размову падтрымаць і часам спрытна мяняла тэму якой-небудзь цытатай на лаціне ці старажытнагрэцкай, папярэджваючы асабліва жорсткія сутычкі.
Абрыдлі і нараканні Баўтрамея на тое, што ліцвінаў увесь час змушаюць рызыкаваць жыццём дзеля чужых інтарэсаў, і лёс іхні — гульня ў валан, які адбіваюць гульцы адзін да аднаго. Лупяць то з усходу, то з захаду, не даючы прыпыніцца і зразумець, дзе твае ўласныя інтарэсы. Кітайскі мысляр Канфуцый сказаў, што высакародныя людзі жывуць у згодзе з іншымі людзямі, але не ідуць за імі, нізкія ідуць за другімі людзямі, але не жывуць з імі ў згодзе. Вось і выходзіць, што калі ідзеш за тымі, з кім не ў згодзе, тым сябе прыніжаеш…
Таму прагулянка ў Гутаўскі манастыр успрынялася палёгкай, як для жаўнера — змена каравула.
А цяпер абаім было пагана. Калі яны з лістом ад князёўны Паланэі Багінскай забралі з кляштара Саламею, нат не падумалі пацікавіцца лёсам Ганулькі. Вядома, гэта была не іхняя справа… Ідучы на зубра, качак не страляюць. Ды маглі ж папытацца на ўсялякі выпадак!
Але Вырвіч чамусьці быў перакананы, што паненка дакараць не стане. Ганулька разумела, што пачуцці яе безнадзейныя, бо на яе вачах прыгажун Пранціш заляцаўся да ейнай гаспадыні. Ды першае каханне так проста не растае, і характар не пераменіш, як сармацкі строй на нямецкі касцюм. Вось выйдзе панна Макавецкая насустрач, сціплая такая, бедная, пакорлівая, і ўзрадуецца, што блакітнавокі Пранціш Вырвіч успомніў пра яе.
Драгун намацаў у дарожным хатулі цяжкі куфэрачак, набіты каштоўнасцямі Багінскіх. Ды з такімі скарбамі, калі разумна распарадзіцца, жыццё па іншаму пойдзе! Для Ганулькі Макавецкай радасная навіна! Засталося спадзявацца, што нечакана знойдзеная цётка пляменніцу не мучыць.
Да Ляшчынаў даехалі, расплёхваючы гразь, за якую гадзіну. А маёнтак не заняпалы. Багаты маёнтак. Мужыкі сустрэчныя ў акуратных світках, не абадранцы, не кідаюцца ў кусты ад панскай карэты. Над брамай — прыгожы герб з выявай дзевы на мядзведзі. Дзева была дзябёлай і немаладой, але мядзьведзь наўрад знаёмы з куртуазнымі патрабаваннямі да слічнай знешасці: стан, паводле гэтых патрабаванняў, у дамы мусіць быць тонкі, каб пальцамі абхапіць, вусны маленечкія і яркія, як вішня, скура белая, але на шчоках румянак, чорныя вочы, але бландынка. Маючы грошы на касметыку ды гарсэты, усё можна спраўдзіць, але дзева на гербе жадала заставацца сама сабой. І гэта заслугоўвала павагі.
Прысада з пажаўцелых таполяў, якія цягнулі да неба галлё, быццам спадзяваліся, што зараз адтуль зляціць для іх новае зялёнае лісцё, вяла да велічнага будынка — на два паверхі, з вежамі, з калонамі. Больш таго — у канцы бакавой прысады былі бачныя разваліны старажытнага замка — вядома, фальшывыя, рабіць якія каля свайго жытла было дужа модна. Гаспадыня ўсяго гэтага не збяднела, прытуліўшы бедную сваячку.
Совацца наўпрост да пані было няёмка — лепей найперш распытаць пра прытуленую сірату ў каго з прыслугі.
Перахоплены на ганку лёкай з пабітым воспай тварам, нібыта на ім Хут гарох малаціў, моўчкі выслухаў прыхадняў, мармытнуў «Пачакайце, вашамосці» і пашыбаваў у пакоі. Вырвіч і Лёднік, навязаўшы коней, пераміналіся на ганку між калонамі, не стромымі, а каржакаватымі, надзейна-нязграбнымі, якія трымалі на сабе балкон, што служыў зараз абаронай ад дажджу. Дзесьці ў доме зайгралі клавікорды — простая сумная мелодыя, якраз для восені.
Праз нейкі час лёкай вярнуўся, запатрабаваў, каб госці назваліся, і знік зноў. На гэты раз чаканне было карацейшым: дзверы расчыніліся, і слуга з нізкім паклонам запрасіў вельмішаноўных паноў Баўтрамея Лёдніка і Пранціша Вырвіча да пані Гартэнзіі Гадлеўскай.
У доме пахла чымсьці агідна-салодкім і ёлкім… Лёднік прынюхаўся і шапнуў Пранцішу:
— Пазнаеш, што за лекі?
Вырвіч паціснуў плячыма: навука лекарская даўно выпарылася з галавы, чаго Лёднік чапляецца — часам і Гамер дрэмле, аliquando dormitat Homerus.
— Ад лёгачных хваробаў…
Зараз жа і высветлілася, хто хворы. Пані Гадлеўская з Макавецкіх, невысокая, кругленькая, з разумнымі цёмнымі вачыма, адкінуўшыся ў мяккім фатэлі, накрытым дарагой цюленевай скурай, пацягвала з парцалянавага кубка маленькімі глыточкамі вохкі настой. На шчоках пані гарэў нездаровы румянак, хаця твар быў старанна напудраны. У куце дыміліся зёлкі ў металёвым прыстасаванні на ножках, што нагадвала японскую пагаду з падручніка па геаграфіі.
Але пані ніяк нельга было назваць кволай альбо недалужнай. Адразу відаць — не з тых, хто, захварэўшы, стогне, жаліцца ды з ложка не вылазіць. Апранутая ў багатую сукню з чорнага аксаміту з устаўкамі з галандскіх карункаў, на галаве — каптур, таксама з карункамі і жаўтлявымі атласнымі стужкамі, рукі ў пярсцёнках, пагляд цвёрды — у крыўду не дасць ні сябе, ні падданых. Хоць зараз парадны партрэт пішы.
— Вашыя мосці пыталіся пра Ганну Макавецкую? Навошта яна вам патрэбная?
Пранціш пакланіўся:
— Маю выканаць даручэнне, перадаць панне каштоўны падарунак ад яе былой гаспадыні, княжны Паланэі Багінскай.
І паказаў куфэрачак.
Пані Гадлеўская гнеўна падціснула вусны.
— Нам нічога не трэба ад Багінскіх! Адкупіцца ўздумала падшыванка Паланэя. Дзякуй Богу, у Ганулькі цяпер няма патрэбы ў чужых падачках! Можаце пакінуць гэта сабе, панове, якія б скарбы там ні хаваліся, альбо аддайце на кляштар. Дзякую за клопаты, але думаю, на гэтым місія вашых мосцяў завершаная.
Пані адвярнулася, што трэба было разумець як канец візіту. Пранціш разгублена трымаў куфэрак, раздумваючы, ці не паказаць ягонае змесціва — не можа быць, каб бляск дыяментаў не зрабіў уражання! Але тут пачуўся спакойны дзявочы галасок:
— Не праганяйце гэтых людзей, цётачка. Гэта мае старыя знаёмыя.
У пакой зайшла Ганна Макавецкая. Але зусім не такая, якой чакаў яе ўбачыць Пранціш. Апранутая, як магнатка, на шыі і ў вушах дыяменты не драбнейшыя, чым у куфэрку Багінскай. Постаць ганарыстая, цёмныя вялікія вочы не патупленыя… Хаця ўсё гэтак жа рахманыя.
Ганулька падыйшла да старой, пацалавала ў шчаку — пані ласкава паглядзела на дзяўчыну.
— Я ж распавядала вам пра пана Пранціша Вырвіча, цётачка, — сказала Ганулька. — А гэта — доктар Баўтрамей Лёднік, вялікі вучоны, папрасіце, каб ён вас агледзеў. А раптам дапаможа…
Пані падазрона зіркнула на драгуна, не менш падазрона на лекара:
— Добра, дачушка. Калі ты за іх просіш, няхай застаюцца, павячэраюць з намі…
Лёднік ступіў наперад:
— Перапрашаем пані, але, на жаль, доўга затрымлівацца не можам — да ночы павіны з’ехаць. Таму хацеў бы прапанаваць свае паслугі, не адкладаючы. Я — прафесар Віленскай акадэміі, дыпламаваны доктар, лячыў многіх вядомых асобаў.
— І вялікага гетмана таксама! — уставіў Пранціш, які зразумеў, што Лёднік хоча даць маладому сябру магчымасць застацца сам-насам з паненкай.
Гартэнзія Гадлеўская сумна паківала галавой.
— Наўрад мне дапаможа нават самы лепшы доктар. Усё ў волі Божай. У мяне адно пытанне: чаму паны так доўга чакалі, каб знайсці Ганульку? Беднаму дзіцяці давялося прайсці праз страшныя выпрабаванні, і нікому не было да яе справы.
Госці апусцілі вочы, Пранціш горка ўздыхнуў:
— Паверце, каб мы толькі ведалі, што паненка Макавецкая ў бядзе, неадкладна кінуліся б на выручку! Да нас толькі нядаўна дайшоў ліст ад князёўны Багінскай з просьбай даведацца пра лёс яе камерысткі і перадаць ёй на пасаг каштоўнасці…
Пранціш адчыніў куфэрак, прадэманстраваўшы, як пабліскваюць маністы і бранзалеты, быццам раса на лузе сонечным ранкам. Але Ганулька засталася абыякавай, а пані Гадлеўская раззлавалася зноў, аж заперхала, і лёкай адразу ж паднёс ёй сінюю бутэлечку з нюхацельнай соллю. Пані некалькі разоў уцягнула вохкі пах лекаў.
— Яшчэ раз гавару — Ганульцы падачкі не патрэбныя! Бог паслаў мне ў маёй самотнай старасці анёла — я ўдачарыла Ганну, і ўсё, што вы навокал бачыце, і яшчэ пяць вёсак, і дзве мануфактуры, і лес, і шмат чаго іншага будзе належаць ёй. Не давядзецца беднаму дзіцяці больш ніколі пакутваць з-за распусных гаспадароў. Яна цяпер — адна з самых зайздросных нявестаў у Кароне, і я паклапачуся пра яе будучыню і не дам скрыўдзіць нікому.
— Цётачка, пан Вырвіч мяне не скрыўдзіць, — прагаварыла Макавецкая, пачырванеўшы.
І Гадлеўская, сурова зірнуўшы на Пранціша, дазволіла доктару праводзіць сябе ў спальны пакой дзеля кансультацыі.
Пранціш не ведаў, як паводзіцца ў новых варунках, але Ганна сама падыйшла да яго, нясмела ўсміхнулася.
— А я вось усё думала, як адбудзецца наша сустрэча. Я ж мала што ведаю… З размоў паны Паланэі толькі і пачула, што вы і пан Баўтрамей выпраўляецеся далёка за мора, у небяспечную вандроўку, і панна хоча ехаць з вамі. А куды, навошта — не гаварыла.
Пранціш, трошкі асмялеўшы, прыняў куртуазную паставу, грацыёзна схіліўшыся ў бок дамы.
— Панна Багінская сапраўды ездзіла з намі — ажно ў Ангельшчыну. І прыгодаў мы перажылі шмат… І збіралася яна вяртацца, але здарылася з ёю вялікае каханне — і яны з панам Гервасіем Агалінскім, нашым спадарожнікам, пашлюбаваліся і з’ехалі ў Амерыку насуперак волі найяснейшага брата панны Багінскай. Цяпер дзіця гадуюць.
Пранціш ледзь стрымаў уздых. Нялёгка вось так нязмушана распавядаць, як твая каханая знайшла шчасце з іншым. Асабліва таму, хто пасвечаны ў гісторыю тваіх заляцанняў. Шчокі Ганны трохі паружавелі, яна кінула на драгуна цікаўны пагляд.
— А як жа вы, пан Вырвіч? Вы ж…
— Я аддана служыў панне Багінскай, — Вырвіч пастараўся гаварыць як мага больш весела. — І рады, што яна шчаслівая. А я атрымаў дыплом Віленскай акадэміі, званне доктара навук філасофскіх, потым стаў падхаружым коннага рэгіменту вялікай булавы. Там і цяпер служу… Самотны, але вольны, як вецер.
Вочы панны радасна бліснулі пры звестцы, што Вырвіч болей не ёсць кавалерам какеткі Паланэі… І Пранціш зразумеў: няхай панна стала багатай нявестай, не роўня шарачку, няхай навучылася трымацца, як належыць радавітай даме, але сэрца яе ўсё яшчэ належыць беднаму драгуну…
Худаваты тварык Ганулькі падаваўся сумным, вочы цёмныя, вялікія, з доўгімі чорнымі вейкамі, яркія вусны маленькія, скура белая… «Ды яна ж прыгожанькая!» — нарэшце прыйшло ў галаву Вырвічу, бо натура чалавечая такая, што ў рысах багатай спадчынніцы заўсёды можна лёгка разгледзець прыгажосць, якая была надзейна схаваная ў абліччы сціплай прыслугі. Пранціш узяў кволую ручку панны, як азяблае птушаня.
— Давайце ж, як старыя сябры, раскажам адзін аднаму, што адбылося за гэтыя гады…
Што-што, а красамоўна расказваць Вырвіч умеў. І як яны з Лёднікам жылі на праклятым млыне, і як Пранціш сапраўднага цмока забіў, і як на караблі плылі, ледзь не патапіліся… Распавяла трохі і Ганулька. Найміт Багінскіх Герман Ватман прыязджаў у кляштар, прывёз з сабой пані Саламею. А потым захацеў пабачыць панну Багінскую, якая мусіла перад заручынамі замольваць у кляштары грахі — а пабачыў ейную камерыстку. Тады шум яшчэ не паднялі, Ватман дамовіўся з ігуменняй, і Ганульцы толькі забаранілі выходзіць з келлі. Але ішоў час, панна Багінская ўсё не з’яўлялася, і калі ігуменні паведамілі, што і не з’явіцца, і абяцанай шчодрай узнагароды за тое, што прымала пад яе імем іншую, не дачакацца — і пачаліся Ганульчыны пакуты…
Дым ад зёлак віўся ў паветры пакоя, нібыта таньчылі змейкі, падобныя ўплеценым у парык графіні Батысты. Лёднік кансультаваў гаспадыню Ляшчынаў, мусіць, цэлую гадзіну. Відаць, нагаварыліся пра ўсё — таму што на вячэры пані Гартэнзія паглядала на маладога госця больш прыхільна, а ўжо на доктара — як на даўняга сябра.
— Мне б толькі паспець выдаць маю дачушку замуж! — абвесціла пані, змусіўшы Ганульку пачырванець, а Пранціша адчуць у сэрцы балючы ўкол рэўнасці. — Засталося пажыць няшмат, доктар Лёднік пацвердзіць… А пакідаць Ганульку без абароны нельга. Яна ж не з тых бессаромніц, што носяць сукенкі, у якіх грудзі аголеныя, ды ўжываюць бялілы, чарнілы, чырванілы ды блакітнілы, даруй, Госпадзе. Я ўжо і сватала ёй добрых людзей… З адным ледзь не зладзілася. Пан Ладыслаў, сын суседа, адзіны ў бацькоў, і гожы, як Апалон, і паводзінаў самых прыстойных, пачцівы, ціхмяны, слова рэзкага не скажа. Але, вядома, выбіраць будзе Ганулька. Бо ў дзяўчыны могуць быць свае сардэчныя схільнасці…
Пані кінула шматзначны позірк на Пранціша, так, што той ледзь не задушыўся кавалкам качаціны з імбірнай падлівай. Няўжо ў яго, загоннага шляхцюка з Падняводдзя, ёсць шанец?
Лёднік зараз жа ўкінуў свае тры шэлегі ў скарбонку.
— Сёння рэдка сярод маладых людзей сустрэнеш чалавека добрага і сумленнага. Я вось ужо колькі гадоў ведаю пана падхаружага Вырвіча — і не расчараваўся ў ім. Род у пана знакаміты — Вырвічы з Падняводдзя гербу Гіпацэнтаўр, ад самога Палямона. Гонар свой пан абараняць умее. Чалавек надзейны, верны. Бо столькі спакусаў у гэтым свеце, і толькі моцны духам, добры хрысціянін іх адпрэчыць.
Пранціш вушам не верыў. Лёднік што, яго сватае? Заўсёды насмешнічаў над абагаўленнем радаводаў і пошукам міфічных продкаў, а тут сам пра Палямона завёў. Цноты Вырвіча ўхваляе, якога ў студэнцкія часы колькі разоў у карцэр садзіў за пракуды.
Ганулька чырванела і пільна разглядала небагатае змесціва сваёй талеркі. Пані Гартэнзія ўздыхнула.
— Сапсаваўся свет, праўду кажа ваша мосць. На змену залатому веку надыйшоў жалезны. Нават святое права ліберум вета абмяжоўваюць! Мой муж-нябожчык, хай яму на тым свеце шчасна будзе, быў узорам сармацкіх цнотаў. Ён служыў у судзе, пачаў з падсудка, потым стаў суддзёю, нястомнай працай і справядлівасцю заслужыў пашану, а рупнасцю памножыў багацце. Ажаніўся ён у сорак гадоў, а да гэтага з белагаловымі і не размаўляў. Нават мяне да шлюбу толькі два разы кароткі час бачыў, побач з маімі бацькамі. І такога чалавека аднойчы ў бездань ледзь не заманілі.
Пані перажагналася, завёўшы вочы ўгору, нібыта са столі на яе паглядаў нябожчык-муж, пацверджваючы кожнае прачулае слова.
— З’явіўся ў магістраце саслужывец, распусны малады чалавек, нічога святога. І вось папрасіў ён майго будучага мужа і ягонага сябра, такога ж годнага і цнатлівага чалавека, памагчы беднай удаве з двума дочкамі, якія прыехалі ў Гародню, каб вырашыць складаную справу пра спадчыну. А калі муж з сябрам, поўныя дабрачынных намераў, прыйшлі да тых кабетаў, аказалася, гэта жанчыны непачцівыя, гасцей апаілі нейкай дрэнню… Прачнуўся мой бедны Нічыпор уранку без кашалька, у пустым доме на ўскрайку места, ды яшчэ з адчуваннем ганьбы… Той паскуднік, які іх заманіў у логвішча граху, бо зайздросціў іхняй чысціні, знік разам з грэшніцамі, якім — мой муж абавязкова б дабіўся — адрэзалі бы паводле Статута вушы і насы на рынкавым пляцы. І вось прыйшоў Нічыпор з сябрам у магістрат… І такі жаль на іх напаў, так мучыла пакута, што давай яны плакаць ды маліцца, кленчачы… А тады сябар і кажа: «Мусім мы сплаціць за свой грэх. Давай, браце Нічыпор, вазьмі бізун і адмер мне пяцьдзесят удараў, не шкадуючы». Што мой муж і зрабіў, а потым і сам лёг, каб тое ж пакаранне атрымаць. Тады лягчэй абаім на душы сталася. Вось так даўней сармацкія звычаі захоўвалі!
Пані аж расчулілася ад аповеду, выцерла насоўкай слёзы. А Пранціш падчас ейнай павучальнай гісторыі ледзь стрымліваўся, каб не зарагатаць. Вось жа святошы тыя юрысты! З прыгожымі паненкамі ў адным пакоі пабылі, і потым ад жаху абрыдаліся, ды яшчэ адзін аднаго адсцябалі. А можа, нябожчык Нічыпор усё-ткі не ўсе падрабязнасці жоначцы расказаў, ці моцна прыкрасіў аповед? Але Вырвіч пастараўся надаць сабе самы прыстойны выраз — асабліва пад пагрозным паглядам Лёдніка, які выдатна памятаў сумніўныя подзьвігі Пранціша на куртуазным полі.
Каштоўнасці Багінскай вырашана было ўсё-ткі ахвяраваць на кляштар, толькі не той, дзе пакутвала камерыстка княжны… А пані Гартэнзія была гатовая заручыны аб’яўляць — бо Ганулька, па ўсім відно, не стала б пярэчыць, а гэта для яе прыёмнай маці ўсё вызначала, няхай жаніх не багаты. Мусіць, не раз расказвала шчырая і даверлівая дзяўчына пані пра сваё нешчаслівае каханне, дык чаму не завяршыць яго шчаслівым шлюбам?
Але Лёднік нагадаў, што ў іх з панам Пранцішам Вырвічам вельмі важная справа, вось вырашаць яе — і абавязкова вернуцца ў Ляшчыны, а пакуль маладыя няхай правераць пачуцці, адноўленыя пасля доўгага расстання.
Вырвіч быў вельмі рады такому павароту, бо за некалькі гадзінаў стаць заручоным чалавекам — гэта неяк занадта. Хаця ручку панне Макавецкай пацалаваў з усёй жарсцю драгунскай душы. І панна шапнула, што будзе чакаць.
Калі яны, пакінуўшы гасцінныя Ляшчыны, скакалі праз вечаровы прыцемак, наетыя, але не надта напітыя — віно на стале стаяла, але які ж разумны жаніх пакажа, што неслабы піток, Лёднік сказаў адно:
— Не будзь дурнем, Вырвіч, не ўпускай такі шанец. Дзяўчына прыгожая, сціплая, кахае цябе так, што нават не папракнула. І багатая настолькі, што кінеш ты спакойна вайсковую службу і будзеш пад бокам прыгожай жоначкі вершы пісаць і дзецям пра ўласныя авантуры распавядаць. Пані Гартэнзія больш за два гады, на жаль, не працягне. Станеш гаспадаром. І тое, што ты праваслаўны, а Ганулька ўніятка, не перашкода, бацькі ў дзяўчыны праваслаўныя былі, зацятасці ні ў цёткі, ні ў пляменніцы ніякай няма, з Божай дапамогай усё наладзіцца. Фартуна табе ўсміхнулася, пан Вырвіч!
Памаўчаў і дадаў:
— І беднай Раіне Міхалішыўне галаву не тлумі. Яна, як пабітае кацяня, да цябе прывяжацца, а ты з ёй толькі пагуляцца можаш. А ёй і так па жыцці дастаецца. Я ведаю, як гэта, бо сам быў рабом. Калі надзяваюць ашыйнік на чалавека, які ўмее мысліць і ствараць, і дакрануўся да мудрасці асветы, і адчувае, што такое годнасць — гэта часам горш за смерць. І яшчэ адна здрада можа стаць тым каменем, пасля якога і без таго перапоўнены човен апусціцца на дно безнадзейнасці назаўсёды. І не ўздумай пра сваё жаніхоўства нават рэкнуць. Ты ж павінен падавацца закаханым у графіню Батысту…
Пранціш разумеў, што Лёднік мае рацыю. І нічога супраць Ганулькі Макавецкай не меў. Але чагось не хапала, каб п’янкое шчасце ўдарыла ў галаву, як шампанскае, каб не карцела паспрабаваць якіх іншых сцежак-дарожак. А на адной з тых дарожак свяціліся празрыста-зялёныя вочы Раіны Міхалішыўны, на другой — блакітныя гарэзныя вочы Паланэі Багінскай… Дый карчмарку Рыўку з Вільні не хацелася зусім занядбаць… А давядзецца. А можа, на якойсьці са сцежак на Пранціша Вырвіча прыхільна зірнуць вочы яшчэ не сустрэтай каралеўны?
— Рамантыка з дурной галавы не выветрылася, — паставіў дыягназ Лёднік. — Зразумей, век не будзеш у вокны паненак шастаць ды ў карчмарак на дурніцу піва выпрошваць. А паколькі двойчы з адной кветкі яблык не выспее, не дапусці, каб хто іншы яго сарваў. Бо пані Гадлеўская прызналася, што да наступных Пакроваў збіраецца Ганульку выдаць замуж, і слова ў яе ўзяла на гэта. Той сусед пан Ладыслаў не такі ўжо багатай нявесце брыдкі.
Вырвіч зноў атрымаў укол у сэрца — а гэта на пачуцці дзейнічае, як падзьмуць на чырвоныя вуглі, — і дэкляраваў урачыста, што ён не дурны, і шчасця не ўпусціць. Вернецца да Ганулькі Макавецкай, толькі вось адправяць Шрэдэра за мора.
У маёнтку, куды прывёз іх Шрэдэр, было цёмна і ціха, як на дне марскім — дзіва што, ноч на двары. Загасцяваліся драгун з былым алхімікам.
Таму Пранціш, як толькі зайшоў у адведзены яму пакой — на мансардзе, амаль што на гарышчы, паваліўся на ложак, лежачы, так-сяк сцягнуў з сябе боты… Добра, што ў Ляшчынах не начаставаліся віном, а то б зараз галава гула, як скінутая з дрэва борць.
За вакном буркатаў дождж, як прафесар на студэнтаў, якія не падрыхтаваліся да практычных заняткаў. Адзін раз ён грукнуў у шыбу асабліва гучна. Так што Пранціш, якога ахутала першая салодкая драма-паўява, з прыкрасцю прачнуўся. Цяпер грукнула так, як не мог бы зрабіць сваёй празрыстай лапай дождж. Спрасоння Вырвіч ажно пералякаўся: хто можа стукацца ў вакно пад самым дахам, ноччу, у залеву? Птушка? Альбо… прывід? Русалка? Начніца? Кікімара? Дамавік?
А за шыбай нешта варушылася і нібыта чуўся голас… Не птушка, не… Значыць, нячыстая сіла!
Але няўжо адважны драгун герба Гіпацэнтаўр спалохаецца здані?
Вырвіч перахрысціўся, схапіўся за шаблю і на дыбачках падыйшоў да вакна.
— Пан Вырвіч, адчыніце!
Голас Раіны Міхалішыўны? Альбо ейнай бесцялеснай сутнасці? А можа, яна — ламія, граф Батыста цалкам мог ператварыць прыгажуню ў начную пачвару, якая высмоктвае па начах кроў з даверлівых мужчын… А можа, Міхалішыўна, пакуль яны ездзілі, памерла, і ейны неспакойны дух захацеў наведаць маладога шляхціца?
Па шкле зноў забарабанілі тонкія пальцы:
— Ды ўпусціце ж мяне, дзеля Госпада нашага Ісуса Хрыста!
Пранцішу стала сорамна за свой страх — ён успомніў, як калісьці яго самога прымалі за прывіда. І аднакурснік па Менскім калегіюме езуітаў Міхаська Міцкевіч баяўся адчыняць вакно канвенту, пакуль Пранціш не назваў імя Гасподне.
Шыбы, на шчасце, не былі забітыя, але адчынялася толькі ніжняя частка, з двума шкельцамі. У такую адтуліну толькі птушка й пралезе… Ці танклявая акрабатка.
— Не запальвайце агонь!
У пакой праслізнула гнуткая постаць. Пранціш схапіў здань за руку: халодная, мокрая — але жывая! Графіня Батыста!
А тая ціха засмяялася.
— Ды не прывід я, пан Вырвіч, я на хвілінку, мне неабходна вас папярэдзіць…
Пранцысь узрадваўся, што ў цемры не бачна, як ён чырванее. Але ж, падобна, дзяўчына праслізнула ў ягоны пакой, апранутая толькі ў шаўковую кашульку. Вымакла ўся… А як яна прабралася ў вакно? Па сценцы караскалася?
— Там вузкі карніз ёсць, — прашаптала Міхалішыўна, як быццам умела чытаць думкі. — А я спрытная. Батыста мяне замкнуў, таму й давялося…
Дзесьці адрывіста гаўкнуў сабака, гэткі сабачы цівун, падаючы знак, што за ўсім сочыць, і дзяўчына ўздрыгнула.
— Вырашыла не адкладаць размову — мала што… Пан Вырвіч, калі прыедзем у Лебу, вас паклічуць за развітальны стол. Нічога не ешце і не піце.
— Чаму? — Пранціш прыабняў Міхалішыўну — таненькая, але моцная, як лаза, мокрая шаўковая тканіна слізгала пад рукой, нібыта абымаўся з русалкай.
— Вас з доктарам хочуць апаіць і завалачы на карабель, звезці ў Італію.
Пранціш схаладнеў. А ён паверыў, што ўсё так проста скончыцца.
— Навошта?
— Не ведаю… — Міхалішыўна сутаргава ўздыхнула. — Магчыма, проста баяцца, што вы зашмат ведаеце.
— А ў цябе адкуль такія звесткі?
— У крышталёвым шары пабачыла, — ціха засмяялася дзяўчына. — Ну вядома ж, падслухала. Будзьце асцярожныя, пан Вырвіч. Усё, мне час.
Раіна нечакана кранула вуснамі вусны Пранціша — лёгенька, як пялёстак кветкі — выслізнула з абдоймаў драгуна і зноў знікла ў дажджы і цемры.
Пранціш высунуў галаву ў вакно — амаль нічога не было відаць, угадвалася толькі, як перасоўваецца ўздоўж сцяны светлы цень.
Вырвіч зачыніў вакно, яго пачынала калаціць — ад гневу і незразумелай тугі. Магчыма, шчаслівае сямейнае жыццё шляхціца Вырвіча можа не адбыцца… Цяпер трэба старацца пазбегнуць атруты, падлітай у каву альбо падсыпанай у бігас.
Ды яшчэ хоць бы адчайная Міхалішыўна не папалася свайму гаспадару. Бач, якая… Ні агню не баіцца, ні вады, ні вышыні. Хаця панна Паланэя Багінская таксама спрытная была, як хлапчук. І на кані скакаць, і цераз сцяну пералезці, і з кінжальчыкам управіцца…
Вырвіч уздыхнуў. Але ўспамін пра блакітнавокую княжну ўжо не так кроіў сэрца, вастрыё страты затупілася, як аловак, якім занадта шмат пісалі адно і тое ж, падлічваючы згубленае. Пранціш крануў пальцам вусны, там, дзе яго пацалавала Міхалішыўна, бо ўсё яшчэ адчуваў дотык — хоць сама ўся вымакла пад халодным дажджом, а вусны цёплыя. Урэшце, гэта першы выпадак, калі ў вакно да Вырвіча, рызыкуючы, залезла дзяўчына — раней ён сам неаднаразова здзяйсняў такія подзвігі. Калі яна даведаецца пра ягонае жаніхоўства — наколькі гэта яе закране? Вось Ганулька ўсё б даравала. Усё сцярпела… Найлепшая ліцвінская жонка для воя. Як у казцы: прыйшоў муж, памяняўшы карову на мех з гнілымі яблыкамі, а яна толькі радуецца.
Хаця, можа, карысней усё-ткі было б паганяць нягеглага сужонца чапялой.
Заснуў драгун, толькі на ўсялякі выпадак падсунуўшы да дзвярэй цяжкі куфар. Хто аглядаецца, той не каецца. Заўтра з самай раніцы трэба перагаварыць з Лёднікам, «сватам» сваім. Хто б мог падумаць, што куплены за шэлег халоп будзе калісьці пасажоным бацькам на вяселлі свайго гаспадара!
А нікога іншага на гэтым месцы Пранціш Вырвіч уявіць не мог і не хацеў.