Акт першы


Вялікая кухня, што бываюць у дамах яшчэ «дахрушчоўскай» пабудовы, з высокай столлю, шырокім акном. Сям'я — Васіль Васільевіч, Алена Яўгенаўна, Наташа — вячэрае. На відным месцы прыгожы партрэт Наташы, выкананы ў алеі.


Васіль Васільевіч (бярэ са стала пляшку з-пад гарэлкі, бачыць, што ўжо нічога не засталося, ставіць назад, адсоўвае талерку і моўчкі ўстае з-за стала). Дзякую.

Алена Яўгенаўна. Што такое?

Васіль Васільевіч. Так. Нічога страшнага. Проста дзякую. Наеўся. «Што такое»… Асабліва суп з пельменяў быў смачны. Не адарвацца!

Наташа (есць). Не заводзься.

Алена Яўгенаўна (стомлена, абыякава). Вось хам… Была гарэлка — піў, еў і нахвальваў, проста залаты быў.

Наташа. Не заводзьцеся абое!

Васіль Васільевіч. Я не заводжуся, але трэба меру знаць. «Што такое»… Трэці дзень пельменны суп — вось што такое! Мы хіба ў Сібіры? Гэта наша нацыянальная страва? (Мацае жывот.) Мо язва якая…

Алена Яўгенаўна (зрываецца). Жывот баліць?! Ад гарэлкі ён у цябе баліць!

Наташа. Мама!

Алена Яўгенаўна. Ты ж не прасыхаеш днямі! Выкладчык, студэнтаў вучыць! Што я табе згатую на такую зарплату? Адбіўную? Шніцэль па-польску? Дык я і сама хачу паспытаць такога!

Наташа (бразкае відэльцам, устае). Блін, зноў! Ды перастаньце вы! Кожны вечар… Лепш разводзьцеся!

Васіль Васільевіч. «На тваю зарплату»! (Заводзіцца.) Дык што мне, жабраваць ісці?! Пад царкву ці ў пераход метро? Ці браць гэты вось нож ды ісці рэзаць каго-небудзь? Ну, бедны, ну, жабрак — затое сплю спакойна!

Алена Яўгенаўна. Асабліва калі паддаты…

Васіль Васільевіч. Я ж казаў — пачакайма трохі! Нешта ды зменіцца! Вось пакойчык здадзім… Мне абяцалі загадчыка кафедры — усё ж павышэнне…

Алена Яўгенаўна. Ай, павышэнне. Цяпер людзі ўмудраюцца зусім нідзе не працаваць, а грошай поўна!

Васіль Васільевіч. Людзі! Людзі вешаюцца, дык што з таго?

Алена Яўгенаўна. І пры тваёй рабоце, калі з розумам, можна грошы мець…

Васіль Васільевіч. Хабар?! Браць са студэнтаў, з гэтых дзяцей, як вось Наташка?!

Алена Яўгенаўна. Не з дзяцей, а з бацькоў…

Васіль Васільевіч. Здохну, жабраваць пайду, а такога…

Наташа. Тата, супакойся. Усё нармальна.


Васіль Васільевіч хоча нешта сказаць, тады махае рукою і выходзіць.


Алена Яўгенаўна (апусціўшы галаву, стуленая, склаўшы рукі на каленях.) Вось як жыць, дачушка? Хіба ж мне, думаеш, не шкада яго? Я пасівею ўжо хутка ад гэтых думак… І за цябе сэрца разрываецца… Хіба ж я не разумею, не бачу? Ты такая прыгожая, табе ж і апрануцца модна трэба… А тут!.. Расцягваеш гэтыя капейчыны, бегаеш-бегаеш па магазінах, каб хоць дзе танней перахапіць… Васіль співаецца… Я не веру ўжо яму, ніводнаму слову не веру! І пра павышэнне ён хлусіць, ніхто яму загадчыка кафедры не дасць… І ў пакойчык гэты наш не веру, што будзе з гэтай здачы нейкі толк…


Невялікая паўза.


Другі тыдзень — і ніводнага званка! І не прыходзіць ніхто… Ён ці расклеіў абвесткі, Наташа? Ад яго ўсяго можна чакаць.

Наташа. Расклеіў. Я сама бачыла. Каля гастранома і на прыпынку.

Алена Яўгенаўна. Чаму ж нікога няма?

Наташа. Божа, мама, ты ж сама кажаш, цяпер такіх разумных ведаеш колькі? Паў-Мінска. І ўсе здаюць, што можна — хоць камору, хоць балкон — і злупіць за гэта хочуць падаражэй.

Алена Яўгенаўна. Як жа жыць…

Наташа. Я вам даўно раю: прыватызаваць кватэру, размяняць, у аднапакаёўцы жыць усім траім, а двухпакаёўку спакойна здаваць! Усе так робяць. Але ж гэта варухнуцца трэба! Пабегаць! Нам жа няма калі!

Алена Яўгенаўна. Ой, баюся… Патрапіцца які спрытнюга… Адсудзіць… Тады зусім на вуліцы застанемся.

Наташа. Баішся — дык не плач!

Алена Яўгенаўна. Дачушка, гэта ж усё тваё! Тры гэтыя пакоі — усё, што ў нас ёсць! Увесь твой пасаг. Падвернецца харошы хлопец, пажэніцеся, дадзіце нам з бацькам які куток прытуліцца, — а там рабіце, што захочаце! Усё на цябе перапішам. Мы з бацькам вам і на вочы паказвацца не будзем, а вам двух пакояў хопіць вунь як…

Наташа. Добра. Давай чакаць майго замуства.

Алена Яўгенаўна. Каб знайшоўся які кватарант…

Наташа (іранічна). Тады ўжо разбагацеем! Мама, ды калі і знойдзецца, дык такі, як наш, пакойчык пойдзе максімум за пяцьдзесят «баксаў»! Ты разбагацееш на іх?

Алена Яўгенаўна (уздыхае). Мая месячная зарплата…

Наташа. Кажу — максімум! За добры, вялікі пакой! А за нашую камору — дзесятка за шчасце!..


Званок у дзверы. Маці з дачкою пачынаюць прыбіраць са стала. Чуюцца галасы Васіля Васільевіча і Рыгора.


Алена Яўгенаўна. Прыцягнуў ужо… Калі з бутэлькаю — вылецяць абодва!

Наташа. Ды на мяне ён паглядзець прыходзіць.

Алена Яўгенаўна. З жонкаю трэба сядзець, дома, а не цягацца на маладых дзяўчат глядзець! Намаляваў вунь (ківае на партрэт), і дзякуй — няма чаго цягацца сюды.

Наташа. Ды хай ходзіць. Ён бяскрыўдны.


З'яўляюцца Васіль Васільевіч і Рыгор. Апошні, вясёлы, падыходзіць і цалуе жанчынам ручкі — перш Алене Яўгенаўне, тады Наташы — трохі даўжэй, чым трэба.


Алена Яўгенаўна (выцірае руку аб фартух). Здароў, здароў… Пляшкі там не прынёс у кішэні? Бо тады выганю абодвух.

Рыгор (дэманстратыўна выварочвае кішэні). Я не пляшку, а добрую навіну вам прынёс, Алена Яўгенаўна. Можа, пачуўшы, вы нам з Васільевічам па сто грамаў паставіце?

Алена Яўгенаўна. Зараз, разагналася.

Рыгор. Я знайшоў вам кватаранта.

Алена Яўгенаўна (зацікаўлена). Ну-ну, сядай! (Падсоўвае крэсла.) Дзе знайшоў? Хто такі? Адзін? З сям'ёю?

Рыгор. Адзін. Студэнт інстытута замежных моў, англійскае аддзяленне. З выгляду акуратны, хударлявенькі, ціхі, культурны, разумны… Пагаварылі так, пра жыццё, пра мастацтва…

Алена Яўгенаўна. Дзе ж ты яго знайшоў, такога добрага?

Рыгор. Каля піўнога кіёска пазнаёміліся. Піва пілі разам.

Алена Яўгенаўна. Усё зразумела. Піва яны пілі! І ты збіраешся яго сюды прывесці?

Рыгор. Яўгенаўна! Чаму вы мне ніколі не давяраеце? Мне, можа, нават трохі крыўдна, пры Наташы… Пілі піва, разгаварыліся, тое ды сёе, ён спытаў, дзе б зняць пакойчык. Я кажу так і так, ёсць пакойчык, здаюць людзі культурныя, гаспадыня — медработнік, гаспадар — вучоны, дацэнт, дачка — студэнтка…

Васіль Васільевіч. Рыгор, наконт аплаты скажы!

Рыгор. Грошай, ён сказаў, не пашкадуе і заплаціць добра.

Наташа. Добра для студэнта — сума вельмі размытая.

Рыгор. Што вы з усяго праблему робіце? Пазвоніць ён ці сам прыйдзе — паглядзіце, пагаворыце… Не спадабаецца — да пабачэння!

Васіль Васільевіч. І праўда, Лена… З каго нам выбіраць?

Алена Яўгенаўна. Хай прыходзіць, я ж не супраць. Калі ты з ім гаварыў?

Рыгор. Сёння. Пад вечар ён абяцаў пазваніць вам ці пад'ехаць…

Алена Яўгенаўна. Так? Трэба прыбрацца хоць трохі… Бо там пылу ў пакойчыку… (Выходзіць.)

Рыгор. Наташа, а ты куды?

Наташа. У туалет. Зараз вярнуся. (Выходзіць.)

Васіль Васільевіч (услед). І не сорамна?

Рыгор (смяецца). Што ж тут саромнага, калі сапраўды захацелася! Малайчына, Наташка, — усе свае людзі! Натуральнасць заўсёды сімпатычная. Іншая пачала б ламацца — «пайду ручкі памыю ў ванную» ці «вады пап'ю»…

Васіль Васільевіч (шэптам). Нічога не прынёс?


Рыгор разводзіць рукі. Наташа вяртаецца.


Давай хоць гарбаткі вып'ем? Дачка, зрабі нам гарбаты.


Наташа пачынае заварваць гарбату.


Дык сказаў, добра заплачу? Студэнты цяпер розныя бываюць…

Рыгор. Наташа, а ў вас у групе хлопцы багатыя?

Наташа. Усялякія.

Рыгор. А многа хлопцаў?

Наташа. Хапае.

Рыгор. Наташка, а калі б я развёўся, пайшла б за мяне?

Наташа (фліртуе). Развядзіся спачатку, згалі бараду, разбагацей, стань лаўрэатам якой парыжскай выставы — тады паглядзім.

Васіль Васільевіч. Рыгор, ты, гэта самае… Жанаты чалавек. Пры бацьку тут… Гэта ж дзіця…


Тэлефонны званок. Голас Алены Яўгенаўны. Праз хвіліну яна ўваходзіць, механічна кідаецца перастаўляць штосьці на стале.


Алена Яўгенаўна. Пазваніў! Стаю, кажа, каля пад'езда, зараз падымуся!


Паўза. Усе чакаюць. Званок у дзверы. Алена Яўгенаўна выбягае і хутка з'яўляецца разам з Ганам. У таго ў руках невялікая спартыўная сумка.


Ган (весела, аглядваючы ўсіх і ўсё). Добры дзень… ці вечар ужо? (Убачыўшы Рыгора.) А, і ты тут?

Рыгор. Вось, прыйшоў. Ужо трохі расказаў пра цябе…

Ган. Тым лепш.


Ставіць сумку, знаёміцца з Васілём Васільевічам, Наташаю. Яго запрашаюць прысесці. Паўза, бо не ведаюць, хто першы павінен штосьці казаць. Рыгор бярэ ініцыятыву на сябе.


Рыгор (жартуючы). Як па-англійску «давай вып'ем»?

Ган. Лэтс хэв э дрынк.

Рыгор. О, як доўга! Малайчына, ведаеш.

Алена Яўгенаўна. Вы на якім курсе?

Ган. На апошнім.

Васіль Васільевіч. Разумею. На апошнім курсе, відаць, вам інтэрната не даюць?

Ган. Не, тут іншае… Інтэрнат даюць. Але, ведаеце, шум, тлум… Выпіўкі. А я цягну на чырвоны дыплом, хачу спакойна давучыцца.

Алена Яўгенаўна. І правільна робіце!


Невялікая паўза.


Ган. Дык я хацеў бы…

Алена Яўгенаўна. Так, так — хадземце, паглядзіце, дзе ў нас і што… Ці падыдзе вам?


Выходзяць абое.


Наташа. Нейкі ён… Не падабаецца мне!

Рыгор. Ты нібы жаніха выбіраеш. Хаця, прызнацца, цяпер і сам бачу… Ёсць у ім нешта… Няпростае, слізкае… Самаўпэўнены нейкі. А там, каля піўной, быў такі ціхенькі…

Васіль Васільевіч. Хай паглядзіць, і мы паглядзім. Даць паварот ніколі не позна. Галоўнае, калі і колькі заплаціць?


Вяртаюцца Алена Яўгенаўна і Ган.


Ган. Мне вельмі спадабалася ў вас. Пакойчык цудоўны. Людзі вы прыемныя…

Алена Яўгенаўна (задаволеная). А вы жылі калі-небудзь на кватэры? Ці толькі ў інтэрнаце?

Ган. Два разы наймаў пакоі ў чужых людзей.

Алена Яўгенаўна. Дык у вас вопыт! Бо ў сям'і, самі ведаеце, усялякае бывае… І крыкнеш, і пасварышся трохі…

Ган. Мне гэта не будзе замінаць.


Невялікая паўза.


Васіль Васільевіч (пакашляўшы). Ну, калі вам спадабалася, дык, з вашага дазволу, колькі б вы…

Наташа. З гэтага трэба пачынаць!

Васіль Васільевіч. Давайце, так сказаць, прыземлімся… Колькі?

Ган. Тое самае я хачу спытаць у вас. Справа ў тым, што я ўжо даўнавата жыву ў інтэрнаце і даволі цьмяна арыентуюся ў цяперашніх кватэрных цэнах. Ведаю, што залежыць ад метраў квадратных, ад раёна, ад таго, ці ёсць тэлефон, — але…

Наташа (перабівае). Пяцьдзесят!

Ган. Што пяцьдзесят?

Наташа. Даляраў, хлопчык, даляраў!

Алена Яўгенаўна (дакорліва). Дачушка!.. (Да Гана.) Можна трыццаць… Але калі і гэта многа, можна…

Рыгор. Нічога не многа. Пяцьдзесят «баксаў» за пакой — звычайная сума.

Ган. Я зразумеў. Мне так у вас тут спадабалася, што я гатовы заплаціць не пяцьдзесят, а… скажам, сто.


Паўза. Усе пераглядваюцца.


Наташа. Што… сто?

Ган (у тон ёй). Даляраў, дзяўчынка.

Наташа. У… месяц?

Ган. Кожны месяц па сто.


Невялікая паўза.


Рыгор (чухае патыліцу). Во студэнты пайшлі!

Алена Яўгенаўна (пачынае мітусіцца). Ой, а што ж мы сядзім? Гарбаты не п'ем? Ці, можа, кавы вам?

Ган. Можна і кавы.


Васіль Васільевіч выходзіць. Наташа не спускае з Гана вачэй. Рыгор заўважае гэта, круціцца.


Рыгор. Хоць што — сто даляраў, падумаўшы, не такія ўжо і грошы… Звычайны кошт… Пакой утульны, людзі інтэлігентныя… З тэлефонам…

Ган. А сапраўды, я ж забыў пра тэлефон! Праўда, сам я вельмі рэдка каму званю, і мне ніхто не звоніць… Але за тэлефон варта накінуць яшчэ пяцьдзесят.


Алена Яўгенаўна застывае, потым хутка пачынае разліваць у пяць кубкаў прыгатаваную каву. З'яўляецца Васіль Васільевіч, у касцюме, на хаду папраўляючы гальштук сядае за стол. Алена Яўгенаўна сядае паміж Ганам і Рыгорам.


Вось, за месяц уперад… Сто пяцьдзесят. (Дастае з кішэні пачак даляраў, адлічвае пятнаццаць дзесятак, кладзе на стол.)


Рыгор бярэ купюры, размінае кожную, перагінае, углядаецца, шамаціць каля вуха, шкрабе пазногцем.


Рыгор. Сапраўдныя…

Алена Яўгенаўна. Дай сюды! (Забірае, трымае ў руцэ, не ведаючы, ці так сядзець, ці ўстаць і пайсці гэтыя даляры некуды схаваць.)

Васіль Васільевіч. Так… Дзякую вам!.. Ага… Лена! Я хацеў сказаць… Можа, кавай тут не абыдзецца?

Ган (смяецца). Лэтс хэв э дрынк?


Усе па-падхалімску смяюцца, акрамя Наташы.


Рыгор. Ды я збегаю!

Ган. У мяне з сабою. Калі гаспадыня не будзе супраць…

Алена Яўгенаўна. Я? Не! Наадварот! Абавязкова трэба адзначыць… такое…


Ган дастае з сумкі пляшку гарэлкі.


Наташа!


Наташа слухаецца, устае, пачынае ставіць каля кожнага чаркі. Сама Алена Яўгенаўна таксама ўстае, выходзіць і хуценька вяртаецца — выходзіла хаваць грошы; сядае. Сядае і Наташа. Рыгор адкаркоўвае пляшку і налівае.


Ган (пакуль робіцца ўсё гэта). Яўгенія… прабачце…

Алена Яўгенаўна (гулліва). Алена Яўгенаўна!

Ган. Я, Алена Яўгенаўна, калі шчыра, стаміўся… Можна, я пасяджу трохі за кампанію і паеду? А ўжо заўтра перабяруся.

Алена Яўгенаўна. Вядома! Рабіце, як вам зручней!

Ган. Скарб у мяне небагаты — кнігі, рэчы… Дарэчы, пасцельная бялізна таксама свая, ручнікі — для ваннай і кухні, так што наконт гэтага не турбуйцеся. На кватэрах, я казаў ужо, жыў, ніхто не скардзіўся. Ванну за сабою мыю, міска-лыжка-кубак, як у таго салдата, свае і пры сабе, з пакоя без асаблівай прычыны вытыркацца не буду…

Алена Яўгенаўна. Ды што вы ўсё апраўдваецеся? Выходзьце на кухню, у ванную — калі ласка. Бачыце, якая тут кухня? У футбол можна гуляць.

Васіль Васільевіч (смеючыся; таксама хоча пагаварыць). Можа, нам, Лена, на кухню перайсці жыць, а другі пакой яшчэ каму здаваць? (Вінавата кашляе ад позірку жонкі.)

Рыгор. Доўга мы грэць будзем?


Выпіваюць усе, акрамя Наташы; яна толькі пакручвае ў пальцах чарачку і ставіць яе зноў на стол.


Алена Яўгенаўна (выдыхнуўшы, гонячы далоняй у рот паветра). Каб… ох… усё добра было, каб вам спадабалася тут!

Ган. А мне ўжо спадабалася.


Закусваюць.


Рыгор. Дык ты кажаш, пажыў па кватэрах? Чаму ж нідзе не прыжываўся?

Ган. Ды я ўсяго два разы і жыў на чужых кватэрах. У першай была цудоўная гаспадыня, брала мала, ветлівая такая, добрая, чырванела вечна… Баялася чамусьці мяне… І паважала. Удава. Паводзіла так сябе, быццам не я ў яе, а яна ў мяне ў кватарантках.


Усе смяюцца, Наташа чмыхае. Рыгор зноў налівае.


І што вы думаеце? Аказалася, у яе быў палюбоўнік, яны збіраліся ажаніцца, пачаў ён раўнаваць — маўляў, чаго ён, гэта значыць я, тут жыве… Ну, і давялося сыходзіць.

Рыгор (ужо не смяецца, а рагоча). «Пачаў раўнаваць!» Ну ты кадр, хлопец!

Ган (таксама смяецца). А другі раз, на другой кватэры, дзіця малое было, плакала часта.

Алена Яўгенаўна. У нас ціха!

Васіль Васільевіч. Горш няма для студэнта, як малыя дзеці! Помню, вось нарадзілася (паказвае на Наташу), ну і піскуха была! Як завядзе, проста з рук усё валіцца!

Наташа. Не трэба было нараджаць.

Васіль Васільевіч (расчулены гарэлкаю і ўспамінамі). Мы ў маласямейцы тады жылі. Яна пішчыць, нам барабаняць па батарэях з усіх канцоў, і зверху і знізу! Пекла!.. І ўсё адно — то былі самыя лепшыя, самыя шчаслівыя гады…

Алена Яўгенаўна. Маўчаў бы лепш пра тыя гады… Дзве жонкі, двое дзяцей… (Тлумачыць Гану.) Ён якраз развёўся тады, я ж другая ў яго.

Васіль Васільевіч. Хопіць…

Рыгор (п'янейшы і смялейшы). Саша, — Саша ж цябе завуць?

Ган. Алесь.

Рыгор. Не кіем, дык палкаю. Мы таксама «языкам абучаны», таксама ў «ріднай мове» разбіраемся…

Ган (перабівае, паказвае на партрэт). Ты маляваў, Рыгор? Цудоўна. Выдатна проста! Заўсёды зайздросціў мастакам, музыкантам, пісьменнікам…

Рыгор (задаволены, пазіраючы то на Наташу, то на партрэт). Дзякую. Але — ты, Алесь, вядома, не крыўдуй… Яўгенаўна, не наступайце мне на нагу, я ў адных шкарпэтках, баліць жа!.. Хлопец! За сто пяцьдзесят «баксаў» ты мог бы спакойна наняць асобную кватэру! У любым раёне! Тым больш табе тэлефон не патрэбен!

Алена Яўгенаўна. Чаму ты ўмешваешся?!

Васіль Васільевіч (павышаючы тон). І то праўда. Слухай, Рыгор, ты… Ты ідзі, ідзі памалу дадому!

Рыгор. Як кватарантаў шукаць — бягуць па Рыгора. Рыгор знаходзіць, прыводзіць — усё, гуд-бай, твая місія скончана! Так?

Алена Яўгенаўна. Ты сямейны, жанаты чалавек…

Рыгор. Пры чым тут сям'я?.. Я прывёў вам, можна сказаць, за руку гэтага вось Алеся! І хачу ведаць, каго я прывёў! (Да Гана.) Ты не крыўдуй, вядома…

Ган. Ахвотна адкажу. У інтэрнаце мне перашкаджаюць шум і п'янкі. У асобнай кватэры мне было б няўтульна. Адзінока. Можа, нават страшнавата. Я хадзіў бы з кутка ў куток, сланяўся, нічога не лезла б у галаву… Мне трэба адчуваць жыццё — фізічна: каб галасы прыглушаныя, тэлевізар ціха працуе, посуд бразгае на кухні, вада напускаецца ў ванну… Унітаз, прабачце, час ад часу падае гукі…

Наташа (перабіваючы). Расказвае, як раман піша!

Ган (смяецца). Куды мне! Раманаў я не пішу…

Наташа. Дарэмна. Магло б і атрымацца.

Рыгор. Дайце дагаварыць. Сапраўды, бывае. Утульнасці хочацца, прыляпіцца да жыцця, хоць да чужога… Але, Алесь… Падазрона ўсё! За гэтую ўтульнасць (паказвае на людзей, паводзіць рукою) ты мог бы смела заплаціць у чатыры разы менш!

Алена Яўгенаўна (сыкае). Ты замоўкнеш ці не?!

Наташа. Пачакай, мама. Давай паслухаем.

Ган. Калі мне падабаюцца людзі, дык хочацца рабіць ім прыемнае. Гэта не філантропія, а… звычайны эгаізм, меркантыльнасць, разлік: калі я заплачу людзям у чатыры разы вышэй за намінал, дык і адносіны да мяне стануць лепшыя ў чатыры разы. Логіка простая. Можа, папрашу зварыць кавы, можа, калі забуду паабедаць, дык не пасаромеюся, папрашу…

Алена Яўгенаўна. Які сорам?! Хочаце — кожны дзень ешце з намі; праўда ж, Васіль?

Васіль Васільевіч (цвёрда). Праўда. Рыгор, ты канчай гэта!

Алена Яўгенаўна. Цвярозы прыходзь.

Рыгор. Добра — пайду. Але напаследак яшчэ пытанне: адкуль у цябе, студэнта, такія грошы? Ты раскашуеш, кватэры здымаеш — як шляхта, як арыстакрат дзевятнаццатага стагоддзя!..

Ган. Сродкі мне дазваляюць.

Рыгор. Вось я і хачу ведаць — адкуль?! Адкуль у вас, студэнтаў, сродкі; якога хрэна, прабач, вы робіце, адкуль вы іх дастаяце?! Ды такія грошы, якія нам, простым, і не сніліся?!


Невялікая паўза.


Ган (спакойна ўсміхаючыся). Мае сродкі зароблены крывёю і потам. І шчаслівай неспадзяванкаю, выпадковасцю, пра якую я зусім не збіраюся кожнаму расказваць.

Алена Яўгенаўна (Рыгору). Няма чаго чужыя грошы лічыць! Перш свае зарабі… (Рашуча, Рыгору.) Усё — па дамах! (Лагодна, Гану.) А вы, можа, яшчэ кавы?

Ган. Ну, трошкі, слабай.


Васіль Васільевіч ідзе праводзіць Рыгора.


Рыгор (па дарозе). Васільевіч, глядзі… Падазроны ён нейкі, чорт!.. Не вер яму…

Васіль Васільевіч. Ідзі, ідзі!


Заслона


Загрузка...