Акт трэці


Знаёмая кухня. Стол, сабраны святочна, шыкоўна. У цэнтры стала ў вазе тры гваздзікі. Алена Яўгенаўна, Васіль Васільевіч, Наташа апранутыя ў святочнае. Наташа завіхаецца каля стала, Васіль Васільевіч і Алена Яўгенаўна сядзяць.


Васіль Васільевіч (гледзячы на гадзіннік). Зараз прыйдзе.

Алена Яўгенаўна. Гэта ж трэба! Думалі — возьмем кватаранта, а атрымалася…

Васіль Васільевіч. У мяне лёгкая рука! Хто прыдумаў здаваць пакой? Хто расклейваў абвесткі? Але, калі шчыра, тут і Рыгору трэба падзякаваць… Ён жа прывёў.

Алена Яўгенаўна. Не згадвай, бо прыцягнецца! (Стукае тройчы лыжкаю па стале.) А я ў свой дзень нараджэння чужых не хачу!

Наташа (смеючыся). Ган сваім ужо зрабіўся?

Алена Яўгенаўна. Ты ж ведаеш, пра што я… Калі вы, дачушка, з ім…

Наташа (перабівае). Цябе з бацькам яшчэ чакае сёння сюрпрыз… Самы нечаканы падарунак на твае імяніны!

Алена Яўгенаўна (радасна). Наташка?! Няўжо ён… сёння?

Наташа. Сёння, сёння.


Званок у дзверы. Наташа бяжыць адчыняць. З'яўляецца разам з Ганам. У таго ў руках — вялізны букет ружаў, пакункі, шампанскае. Ган кладзе гэта на свабодны край стала, падыходзіць да Алены Яўгенаўны і цалуе ёй руку.


Ган (строга, сур'ёзна). Жывіце, Алена Яўгенаўна, да ста гадоў!

Алена Яўгенаўна (расчулена). Дзякую, хлопчык мой… Куды мне сто, гэта вы, маладыя, жывіце…

Васіль Васільевіч. Вось букет! Аж сорамна за гэтыя свае гваздзічкі…


Наташа разбіраецца з пакункамі, расстаўляе кветкі.


Алена Яўгенаўна. Дык сядаем? Ці хай маладая гаспадыня запрашае?


Наташа запрашае. Сядаюць. Ган адкаркоўвае шампанскае, налівае ў фужэры. Ён бледны, рухі нервовыя.


Ган (стоячы, хвалюючыся). Вось… Гэты тост я… не! Я пражыў у вас месяц. Я палюбіў за гэты час вашую сям'ю, яна стала як бы і маёй сям'ёю… Давайце вып'ем за Алену Яўгенаўну! У канцы я скажу яшчэ тост, больш доўгі…


Не паспяваюць выпіць, як чуецца званок у дзверы.


Алена Яўгенаўна (мужу). Ну, сурочыў! Ідзі, адчыняй! Нябось Рыгор прыцягнуўся… Даўно ж не было!


Васіль Васільевіч вінавата падхопліваецца, ідзе ў пярэднюю. Вяртаецца разам з Рыгорам. Той таксама з ружамі, з шампанскім, з нейкім пакункам. П'янаваты.


Рыгор. Алена Яўгенаўна — усё вам! (Цалуе імянінніцу.)

Алена Яўгенаўна (шчаслівая). Дзякую, Рыгорка… Сядай дзе бачыш — месца хапае!

Рыгор. Добры вечар, Наташа.

Наташа. Добры. (Устае, прыносіць прыбор, фужэр.)

Рыгор. Здароў, Ган! (Падае Гану руку, глядзіць прама ў вочы і не адпускае яго рукі.)


Ган тузаецца. Невялікая паўза. Урэшце Рыгор адпускае руку, сядае.


Ган (беручы пляшку з шампанскім, Рыгору). Падай, калі ласка, свой фужэр.

Рыгор. Не, мне гарэлкі. Я сам сабе налью… Вось, глядзіце, поўны фужэр налью і вып'ю. (Налівае і выпівае адзін, зноў устаўляецца ў Гана.) А ў Швецыі п'юць гарэлку? Ці там сухі закон?

Ган (збянтэжана круціць свой фужэр у пальцах). Не ведаю…

Рыгор. Як так?! Пара б ужо і ведаць! Пра Швецыю табе, Ган, даўно пара ўсё ведаць…

Алена Яўгенаўна. Адчапіся ад чалавека!

Васіль Васільевіч. Праўда, Рыгор… Прыйшоў, дык гэта самае…

Рыгор (не звяртаючы ўвагі). Слухай, вазьмі мяне з сабою ў Швецыю? Я табе лёкаем там буду. Дзверцы аўтамабіля расчыняць, каву з каньяком у ложак прыносіць…

Наташа. Супакойся. Бо зараз я для цябе расчыню дзверы. Каб потым за табою зачыніць.

Рыгор (складае на грудзях рукі крыжам). Усё, маўчу! Калі Наташа просіць — маўчу! Слова Наташы для мяне закон… Адно-адзінае маленькае пытанне: ты, Ган, у газетах не друкуешся? Ці ў часопісах? Прозвішча ў цябе такое, што лёгка запомніць.

Ган. Магчыма. (У яго падае відэлец, ён нагінаецца, падымае. Ён бледны.)

Рыгор. Дурні! Сляпыя! Ды ён смяяўся з вас! Пацяшаўся з вас цэлы месяц, а вы слухалі! Якая ў яго спадчына?! Які шведскі дзядзька?!

Наташа. Ды замаўчы ты! Алесь, скажы лепш сам, цяпер! Раз свята ўсё адно сапсаванае… Не магу яго (ківае на Рыгора) слухаць!


Невялікая паўза. Ган устае, глядзіць у стол, гаворыць глуха.


Ган. Гэта… праўда. Прабачце… Я хлусіў вам пра спадчыну, пра дзядзьку… У мяне цяпер у кішэні няма нават на аўтобусны талончык…

Наташа (урачыста). І я даўно гэта ведала!

Рыгор. (насмешліва). Нічога, я найму яму таксоўку!

Ган. Я хацеў прызнацца ў канцы вечара… (Стаіць.)


Рыгор налівае сабе, але не п'е. Паўза — пакуль ашаломленыя Алена Яўгенаўна і Васіль Васільевіч асэнсуюць навіну.


Васіль Васільевіч. Ты хлусіў… Але навошта?!

Алена Яўгенаўна. Алесь, ты ж плаціў нам грошы! Сапраўдныя — я мяняла! Навошта ты хлусіў, калі і так…

Наташа (перабівае). Якая вам розніца?! А калі б наняў у нас кватэру зусім іншы чалавек? Які не хлусіў бы, але плаціў не трыста даляраў, а дзесяць? Вам ад гэтага лепш было б?

Рыгор. Стоп! Тут ты вельмі памыляешся. Якраз вельмі важна, навошта ён хлусіў.

Наташа. Алесь, ды скажы ты хоць што-небудзь!

Рыгор (Гану). А сапраўды, скажы. Навошта табе спатрэбілася плаціць заместа дзесяці — трыста даляраў!


Ган маўчыць, не падымаючы галавы.


Тады я за яго скажу. Ён пісь-мен-нік! Разумееце? Пісьменнік! Я не паленаваўся пайсці ў інстытут, затым — у інтэрнат, пагаварыў з хлопцамі, з якімі ён жыў, яны паказалі мне часопісы з яго апавяданнямі! Вы патрэбны былі яму як натура, як матэрыял для сюжэта!


Паўза.


Наташа. Алесь, гэта праўда?


Ган маўчыць.


Ты пісаў пра нас? Пра нашую сям'ю? І дзеля гэтага вывучаў нас? Выпытваў… Эксперыментаваў… Хлусіў… Не шкадаваў грошай, каб дабіцца ад нас шчырасці?

Ган (глуха). Я збіраўся расказаць у канцы вечара… (Ускідвае галаву.) Так! Я пісаў пра вас! Вывучаў вас! Так — гэта быў эксперымент! Але ж я заплаціў за яго! Не грашыма, не далярамі заплаціў! А тым, што я — чалавек з вуліцы — прыйшоў да вас, чужых людзей, якія жылі бедным, шэрым, беспрасветным жыццём, — прыйшоў і адкрыў вам прасвет! Падараваў вам трыццаць дзён казкі, надзеі, веры! Няўжо гэта не акупляе маёй хлусні? Паглядзіце, як вы за гэты месяц акрыялі, памаладзелі, як змяніліся адносіны паміж вамі!


Невялікая паўза.


Наташа. Чаму ты не сказаў гэтага тады, на лаўцы?


Ган маўчыць.


Я сама ведаю цяпер чаму. (Задумваецца на імгненне.) Пачакайце, я зараз…


Наташа выбягае. Чуваць, як яна набірае тэлефонны нумар, потым гаворыць з кімсьці.


Алена Яўгенаўна. Алесь, ты… вы і пра бацькоў хлусілі? Што вы сірата?

Ган. Не!

Васіль Васільевіч. А я здагадваўся…


Наташа вяртаецца.


Наташа. Ты не сказаў тады, на лаўцы, бо пабаяўся? Бо не быў яшчэ да канца сабраны матэрыял? Пабаяўся, што не дапішацца раман, ці аповесць, ці што ты там пішаш? Ты хацеў давесці сваю ролю да канца? Пабыць на імянінах, потым прызнацца… Паглядзець, што з гэтага атрымаецца… І тады са спакойнай душою дапісваць фінал?


Ган маўчыць.


Дык будзе табе фінал. Пачакай (глядзіць на гадзіннік) хвілінак дзесяць…

Алена Яўгенаўна. Што ты прыдумала?!

Наташа. Нічога, я добра прыдумала…


Ган раптам выбягае, хутка вяртаецца са стосам спісаных лістоў.


Ган. Вось! Вось чарнавік твора пра вашую сям'ю! Тут гісторыя добрага, разумнага і сумленнага, але слабага чалавека, які столькі гадоў не можа забыць сваю першую жонку і ад таго пакутуе, не можа дараваць сабе, што колісь крыўдзіў яе! Вось гісторыя мілай, цярплівай, адданай жанчыны, якая любіць свайго мужа і сваю дачку больш за ўсё на свеце, якая рвецца з усіх сіл, каб не ёй, а ім было трохі лягчэй жыць! Вось гісторыя таленавітага мастака, што вымушаны туліцца ў аднапакаёўцы, без майстэрні, днямі мерзці каля «Салона» на праспекце ў надзеі прадаць карціну і ўвечары вяртацца дамоў ні з чым! А яго творы маглі б упрыгожыць карцінныя галерэі Еўропы! Вось гісторыя пра дзяўчынку, якая заслужыла прынца, заслужыла сваёй духоўнай і знешняй прыгажосцю! Тут, на гэтых лістах, гісторыя будзённага, беспрасветнага жыцця, у якое, як свежы вецер, урываецца раптам добры прынц… Так! Хай у выглядзе маны! Але як змяняюцца гэтыя людзі! Якія перад імі разгортваюцца перспектывы! Як ім адразу цікава робіцца жыць!


Званок у дзверы. Наташа бяжыць; чуваць, як гаворыць з кімсьці, хутка вяртаецца. Трымае нешта, заціснутае ў кулаку.


…І фінал, Наташа, у мяне быў напісаны даўно! Хэпі энд… Шчаслівы фінал! Багаты кватарант жэніцца з дзяўчынкаю, яны едуць у Швецыю, бацькі дзяўчынкі дажываюць свой век спакойна і радасна, ні ў чым не маючы патрэбы, мастак атрымлівае ў дарунак вялізную кватэру ў цэнтры Мінска, з майстэрняю…


Рыгор смяецца.


Я хацеў падараваць вам казку! Хацеў хоць на паперы даць кожнаму з вас тую долю, якую ён заслугоўвае! Светлую, шчаслівую долю! Але я памыліўся… Вам непатрэбны казкі!


Невялікая паўза.


Наташа (працягваючы Гану тры стодаляравыя купюры). На… Ганарар. Ці аванс. За казку!

Алена Яўгенаўна. Наташа… адкуль у цябе?! Хто гэта прыходзіў?!

Наташа. Сяброўка. Я пазычыла ў яе.

Васіль Васільевіч. Як… пазычыла?! А аддаваць чым?!

Наташа (злосна смяецца). Чым? Сказала б я табе, каб ты не быў мой бацька…

Алена Яўгенаўна (хапаючыся за сэрца, закрываючы сабе далоняю рот). Наташка!!!


Ган, бледны, маўчыць. Купюры ляжаць на стале перад ім. Рыгор бярэ даляры, разглядае.


Рыгор (па-філасофску). І ўсё з-за такой дрэні… З-за трох зялёных паперак з партрэтамі… (Наташы, іншым тонам, строга.) Калі яшчэ раз такое ад цябе пачую — здыму папругу! Пры бацьках! І адсвішчу па адным месцы! Забірай грошы і заўтра ж — чуеш? — заўтра ж аддай іх! (Налівае сабе крыху, выпівае, лезе ў кішэню і высыпае на стол скамечаныя купюры даляраў. Смяецца.) Сябры, я прадаў сёння карціну! За тысячу даляраў. Калі хочаш эфекту, Наташа, — забірай, кінь яму ў твар гэтую без малога тысячу!


Ган раптам паволі, дзелячы рукапіс на часткі, пачынае рваць лісты. Усе глядзяць на яго моўчкі, не стрымліваюць. Дробныя пялёсткі паволі кружацца, падаюць, засцілаюць падлогу каля стала.


Ган (парваўшы апошні ліст). Да пабачэння… (Прыгорбіўшыся, ідзе да дзвярэй.)

Наташа. Пачакай!


Ган спыняецца.


Скажы, адкуль у цябе былі тыя трыста даляраў? Толькі не хлусі, дзеля Бога!

Ган (стаіць бокам да ўсіх). Маё апавяданне надрукавалі ў амерыканскім часопісе… І прыслалі ганарар.

Наташа (адчайна). Ну ты ж хлусіш!

Рыгор. Не. Мне хлопцы расказвалі, я нават той часопіс бачыў.


Ган выходзіць. Наташа выбягае следам. Чуваць прыглушаныя галасы. Вяртаюцца абое; Наташа, строгая, сур'ёзная, вядзе Гана за руку, падводзіць да стала, прымушае сесці на сваё месца. Сама сядае побач і не выпускае яго рукі. Абое маўчаць.


(Ашаломлена.) Не можа быць!


Пасля невялікай паўзы.


Ці ўсё правільна? Так, Наташа? Хіба мы не жывыя людзі? Пабыў чалавек месяц, расплаціўся… У чым, падумаўшы, яго віна? У тым, што замест багатага аказаўся бедным кватарантам? Дык усе мы, па вялікім рахунку, кватаранты — людзі ў гэтым свеце часовыя… Што хлусіў? Дык адвучыцца! Праўда, Алесь? Хлопец ты недурны, калі да Амерыкі здолеў дабрацца… Адвучышся! Напішаш свой твор… Магчыма, нават і надрукуешся… А там — хто ведае? — і сапраўды ў Швецыю з'ездзіш! З Наташаю, вядома! А мы вып'ем за вас! За ваша будучае шчасце! Праўда, Васільевіч? Праўда, Алена?


Усе маўчаць. Пад маўчанне — заслона.


Загрузка...