Лявон Крывічанін Беларусізацыя пад №…

Лявон Савёнак — Свэн — Крывічанін


Нарадзіўся Лявон Савёнак 26.06.1897 г. на Глыбоччыне ў вёсцы Вялец у сям'і Вікенція (1865–1898) й Вольгі (1869–1962) Савёнкаў. Пачатковую асьвету здабыў у Глыбокім, куды пераехаў разам з маці й старэйшымі сёстрамі, Анютай і Ксеняй, пасьля сьмерці бацькіь вучыўся ў Маладэчненскай настаўніцкай сэмінарыі, якую скончыў у 1917 г. Тут разам зь ім студыявалі такія знаныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, як С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, Ф. Валынец, Міхась Чарот. Пасьля сэмінарыі два гады вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Пецярбургу.

На пачатку першай беларусізацыі, у 1922 годзе, Л. Савёнак з групай глыбоцкіх настаўнікаў прыехаў у Менск, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Апалёніяй Радкевіч, якая сталася ягонай жонкай. У 1922 годзе ў іх нарадзіўся сын Лёдзік, а ў 1927 — дачка Зора. Сям'я засталася жыць у Менску.

У хуткім часе У. Ігнатоўскі паклікаў Лявона Савёнка працаваць карэспандэнтам у газэту «Савецкая Беларусь», што тады друкавалася па-беларуску. Савёнак многа езьдзіў па Беларусі, пісаў рэпартажы й фэльетоны.

У склад рэдакцыі «Савецкай Беларусі» таксама ўваходзілі М. Маразоўскі (Гурын), рэдактар, постаці якога не адну старонку ва «Ўспамінах» прысьвяціць праз гады Васіль Рагуля, Зьмітрок Бядуля, Міхась Чарот, Янка Пашкевіч, Павал Каравайчык. Алесь Дудар у сваіх паказаньнях па сфабрыкаванай справе «Саюзу Вызваленьня Беларусі» расказваў пра атмасфэру ў газэце, што яна «мала падобна была да атмасфэры савецкай газэты. Адчувалася, што большасьць супрацоўнікаў аддае сваю працоўную сілу й гэтым абмяжоўваецца: погляды-ж свае разглядае як нешта асобнае, незалежнае ад той справы і ад тых прынцыпаў, якія праводзіла газэта. Праўда, ніякіх антыпартыйных і антысавецкіх гутарак ня было, але адчувалася й само сабой разумелася, што партыя сама па сабе, а «Савецкая Беларусь» сама па сабе». І як вынік — 27 чэрвеня 1929 году на паседжаньні бюро ЦК КП(б)Б У. Затонскі, які ўзначальваў камісію па праверцы нацыянальнай работы ў БССР, абвінаваціў газэту ў нацыянал-дэмакратычных скажэньнях: менавіта на старонках гэтай газэты, пазьней названай «утульным прыстанішчам беларускіх нацыяналістаў», друкаваўся артыкул Паўла Трамповіча «Шляхі беларускай інтэлігенцыі», былі выдрукаваныя артыкулы Міхася Зарэцкага й Тодара Глыбоцкага, што распачалі «тэатральную дыскусію», а таксама вядомы «Ліст 3-х» (А. Александровіча, А. Дудара, М. Зарэцкага) супраць антыбеларусізацыі.

Ня дзіва, што Савёнак быў звольнены з працы ў газэце як нацдэм. Зь лютага 1929 г. ён працаваў на будоўлі, на заводзе «Ўдарнік», зь ліпеня 1932 г. — стыльрэдактарам навукова-тэхнічнага выдавецтва. Але гэта не зьмяніла ані ягоных паглядаў, ані паводзінаў. Нават больш. Як пісаў сакрэтны супрацоўнік ГПУ ў сваім чарговым даносе, «такія заядлыя беларускія культурнікі як Чаржынскі, Бялькевіч, Пашковіч, Савёнак, Каханоўскі й шмат хто іншы, хто раней у штодзённым прыватным і грамадзкім жыцьці гаварыў выключна па-беларуску, пачалі з усьмешачкай утрыравана гаварыць па-расейску, дадаючы: няхай ужо іншыя гавораць на нацыянал-дэмакратычнай мове, а мы будзем гаварыць на інтэрнацыянальнай».

Зразумела, што новых рэпрэсій доўга чакаць ня трэба было.

Пасьля разгрому Грамады ў 1927-29 г.г. ды барацьбы з нацдэмаўшчынай у 1930-31 г.г. новым этапам вынішчэньня беларускага народу стаўся разгром, што ўвайшоў у гісторыю як «Справа Беларускага Нацыянальнага Цэнтру».

10 жніўня 1933 г. былі арыштаваны былыя беларускія дэпутаты ў польскі Сойм, а зь 1-га верасьня пачаліся масавыя арышты: толькі за адну ноч схапілі больш за 90 асобаў. Бралі ня толькі ў Менску, але й у Маскве, на Каўказе, на Урале. Да 1-га лістапада па справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек, у тым ліку й Лявон Савёнак. 15 студзеня 1934 г. Калегія ГПУ вынесла прысуд: зьняволеньне ў лягерох. Падрабязнасьці пра той суд ды наагул ход самой справы добра адлюстраваны ў артыкуле «Крыжоваю дарогаю», надрукаваным у газэце «Беларус» ад 1 жніўня 1954 г. і зьмешчаным у гэтай кнізе. Артыкул падпісаны Лявонам Крывічаніным — псэўданімам Лявона Савёнка.

Калі-б ня гэтым разам, дык іншым Л. Савёнак абавязкова трапіў-бы ў кіпцюры ГПУ, якое даўно мела свае віды на аўтара кніжкі фэльетонаў «Чароўная іголка». Аўтар прыкрыўся імем Лявона Свэна — яшчэ адным псэўданімам, але гэта падманула хіба толькі бібліятэчных супрацоўнікаў, якія каталягізавалі кніжку як належную замежнаму, швэцкаму пісьменьніку. Дакладней, пачалі каталягізаваць, бо хутка агледзеліся пільныя супрацоўнікі «ворганаў», кнігу забаранілі й зьнішчылі бадай што ўвесь наклад, а ён быў немалы — тры тысячы асобнікаў.

Пяцігадовую высылку Л. Савёнак адбываў спачатку ў Паўдзённым Сібіры, а потым у Алтайскім Краі. Працаваў на будоўлях, дзе цесна сышоўся з сыяністамі зь Менску, якіх было даволі шмат, моцна згрупаваных, з добрымі кантактамі, як казалі, ажно ў Швайцарыі. Яны добра паставіліся да беларускага нацыяналіста й прапанавалі нават сваю дапамогу, сувязі. Л. Савёнак пачаў абжядноўваць вакол сябе беларусаў, але нехта данёс — і сыяністаў раскідалі па розных лягерох, а самога Савёнка перавялі ў штрафныя калёны.

Ужо на эміграцыі, у ЗША, ён будзе сьведчыць перад Камісіяй Керстана аб Савецкіх канцлягерох.

У 1939 годзе, калі тэрмін пакараньня скончыўся, Л. Савёнак вярнуўся на Беларусь і настаўнічаў у вёсцы каля Крычава, а пасьля ў ваколіцах Менску, бо ў самім горадзе жыць яму было забаронена.

Улетку 1941 году, пасьля акупацыі Менску немцамі, Савёнак быў інтэрнаваны, як і ўсё мужчынскае насельніцтва гораду, і некалькі тыдняў праседзеў на Камароўскіх балотах пад Менскам. А калі пачалася «другая беларусізацыя», працаваў журналістам у «Беларускай газэце». Антон Шукелойц успамінае:

«Я пазнаёміўся з Лявонам Савёнкам, прыйшоўшы ў Менск і добра адпачыўшы пасьля пабояў у турме. Гэта быў 1941 год, думаю, кастрычнік месяц, хутка пасьля прыходу немцаў.

Я прыйшоў ва Ўправу гораду, каб сустрэцца зь Вітаўтам Тумашам, старшынём Управы. Тумаш — мой калега па ўнівэрсітэту, і я вырашыў у яго знайсьці эвэнтуальна нейкую параду. І вось я зайшоў да Тумаша, пагутарыў зь ім.

Тумаш быў вельмі заняты й адправіў мяне да Антона Адамовіча. Адамовіч кажа:

— Заставайся тут са мною, тут сягоньня будзе першая палітычная нелегальная нарада. Трэба разгледзець сытуацыю, якая да гэтага часу была, і што маем далей рабіць.

І вот я ў яго застаўся, ён канчаў сваю работу. Ягоная канцылярыя была даволі вялікая. Пачалі зьбірацца людзі на нараду. Прыйшоў Усевалад Родзька, які й быў ініцыятарам гэтае нарады, тады падышлі Савёнак, Алесь Матусэвіч, Сінькевіч, Гуцька. Словам, было там чалавек, можа, з дваццаць. Тумаша ня было. Але Тумаш аб гэтай нарадзе ведаў, таму што, калі нарада скончылася, ня помню хто, сказаў:

— Цяпер, хлопцы, ідзём да Тумаша на абед. Вы ўсе запрошаныя.

Ну вось, там я пазнаёміўся з Савёнкам. Як ён выглядаў? Моцна сіваваты, меў доўгія валасы, такія характэрныя, як казалі, даўней эсэры насілі. Такі бадзёры, вельмі бадзёры.

Аб гэтай нарадзе я ўжо многа разоў гаварыў. Нарада была ў справе разгляду сытуацыі. Ужо ішлі нямецкія пагромы. І мы прынялі некалькі пастаноў: беларусізацыю устаноў гораду, школьніцтва, тэатру, адміністрацыі, цэркваў. І галоўнае было пастаноўленьне — арганізаваць Беларускую Незалежніцкую Партыю. Так што гэтая нарада й была пачаткам Беларускай Незалежніцкай Партыі, тыя людзі яшчэ далей праводзілі такія апытаньні, і першы сход яе адбыўся ў канцы 1942 году ў памяшканьні Саковіча. Саковіч быў начальнікам паліцыі, але ў гэтым самым руху Беларускай Незалежніцкай Партыі быў ад самага пачатку й зьяўляўся адным зь ініцыятараў. Таксама, як Вітушка і Касмовіч.

Пасьля мы пайшлі да Тумаша на абед. Тумаш, ягоны заступнік Вітушка й начальнік тады паліцыі Касмовіч жылі ў адным вельмі цікавым доме быўшага генэрала Паўлава, камандуючага Беларускай ваеннай акругі, якога потым бальшавікі расстралялі за нядбаласьць: ён не дагледзеў напад немцаў на Савецкі Саюз. Быў расстраляны ён і ягоныя заступнікі, па-мойму, цэлы штаб.

Жылі яны ў гэтым доме, які вельмі добра ахоўваўся. Гэтая вуліца паралельная да галоўнай, ці цяперашняга прасьпекту Скарыны. Па-мойму, Кірава яна была. Гэты дом яны занялі таму, што ён вельмі добра ахоўваўся. Яны жылі на першым паверсе. Ды й сам дом, здаецца, быў аднапавярховы мураваны з моцнымі сталёвымі акяніцамі, што закрывалі вокны.

Вось пры абедзе я там найбліжэй пазнаў Савёнка. Пры абедзе нас было чалавек таксама, можа, дваццаць. Стаяў доўгі стол, і там Савёнак дэманстраваў гэтую кнігу, вынесеную з КГБ, тады НКВД, кнігу абвінавачваньняў, ці прысудаў Беларускаму Нацыянальнаму Цэнтру. Зьвярніце ўвагу, вельмі многа ёсьць памылак, што да гэтай кнігі, яе інакш называюць і розна гавораць, дзе яна падзелася. Артыкул Савёнка — найлепшы артыкул пра Беларускі Нацыянальны Цэнтар. І пра гэтую кнігу ён там успамінае. У кнізе гэтай сьпіс усіх, ці, можа, калі ня ўсіх, то бальшыні пакараных тады ў Менску дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.

У асноўным гэта былі дзеячы Заходняй Беларусі: Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валынец, Дварчанін, Кахановіч і іншыя. Пасьля былі далучаныя й усходнебеларускія дзеячы. Дарэчы, Савёнак быў у ліку тых дзеячаў (іх было нямнога, некалькі чалавек, па-мойму, магчыма на пальцах адной рукі палічыць), што ня прызналіся да віны. А там усе прызналіся, хаця такога Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ня было. Была гэта выдумка Масквы. Чарговая, як і той у часы нацдэмаўшчыны, у 1930 годзе, Саюз Вызваленьня Беларусі.

На абедзе гаворкі былі, у асноўным, пра палітыку. І Савёнак найбольш актыўны тады быў, расказваў пра гэты Беларускі Нацыянальны Цэнтр, пра гэтую кнігу, дэманстраваў яе. Гэта быў такі машынапіс, прыблізна фармату канцылярыйнай паперы й добра зложаны й добра апраўлены. КГБ, ці НКВД, стараліся трымаць архівы ў парадку.

Гаворак пра літаратуру было многа. Савёнак заўсёды вясёла расказваў свае фэльетоны. Ён быў адным з тых вязьняў, што цяжка сядзеў, таму што з гэтых сасланцаў усякія былі людзі, якіх пасьля турмы ссылалі на пасяленьне. Вось так, як Адамовіч, напрыклад. Праўда, ён ня з гэтага працэсу, а з 1930 году — працэсу Саюзу Вызваленьня Беларусі. Але ён быў сасланы й там, недалёка Вяткі, здаецца, у Мардовіі ці Ўдмурдзіі сядзеў сабе — быў настаўнікам. І Кіпелі там недалёка былі, і Ул. Жылка.

А Савёнак — Савёнак быў у лягерох! Спачатку ён, здаецца, быў у Комі на лясных работах, яго перавезьлі, ня знаю куды. У кожным разе, яго перавезьлі ў такое месца, дзе ім было значна лепей. Ён казаў, што там ім давалі зацірку, жытнюю зацірку, і яны ад той заціркі пасьля такога голаду, які раней мелі, паразьядаліся, казаў, о-о-о!

У «Менскай газэце» Савёнак быў адным з супрацоўнікаў. Калі хто хоча ведаць яшчэ аб тых часох, газэце, то там фактычна гэтая група — Адамовіч, Савёнак, у меншай меры Арсеньнева — вызначала палітычны кірунак газэты. Вось калі трэба было пра нешта даведацца, ішлі ў газэту.

Набліжаліся Дзяды. Я за час, што жыў у Менску, аблазіў усе могілкі. Знайшоў і магілу Сьцяпана Булата. Потым гэтыя могілкі разбурылі. А цэркаўка там і цяпер стаіць. Маленькая.

На Вайсковых могілках пахаваны Эдуард Самуйлёнак. Ягоная магіла недалёка ад царквы. І яшчэ адна магіла была — ці не Чарвякова? На гэтых магілах ня было ніякіх знакаў. У мяне ўзьнікла думка паставіць крыжы на гэтыя магілы. Але-ж то ўсё былі камуністы. Савёнак кажа:

— Няважна, што камуністы. Па-першае, гэта хрышчоныя людзіь а па-другое, — беларускія патрыёты. У тых умовах, у якіх яны жылі, яны, магчыма, не маглі інакш сябе паказаць. Так што стаў крыжы.

І я паставіў крыжы.

Там, у Менску, мы некаторы час жылі з Савёнкам у адным раёне. І таму я зь ім часта ішоў дахаты, часта сустракаўся. Гэты раён недалёка ад Акадэміі навук. Там Дом друку. І ад Дому друку, калі ісьці ў маскоўскім кірунку, то былі такія домікі для працаўнікоў друку. У адным з такіх домікаў я жыў з Алесем Матусэвічам, а ў другім такім-жа, толькі на іншай вуліцы, жылі Савёнкі. Так што я вельмі часта з Савёнкам сустракаўся, такія блізкія дачыненьні зь ім былі.

На эміграцыю мы ехалі разам, ці не ў адным вагоне. У Нямеччыну мы таксама паехалі разам, разам трапілі ў Бэрлін, там большая частка беларусаў засталася, а мы з Савёнкам паехалі ў Сілезію. А там уладкоўваліся па-рознаму. Жылі ў лягеры працаўнікоў, якія былі занятыя на розных фабрыках. Там мы зноў разлучыліся. Не знаю, як яны паехалі, а я паехаў праз Бэрлін зь Янкам Ліманоўскім.

Савёнак — вельмі сьціплы чалавек. Гэта адно. Па-другое, чалавек просталінейны. Ня любіў улазіць у такія сытуацыі, дзе мог скампрамэнтаваць сябе. Таму аб ім так мала засталося зьвестак, нягледзячы на тое, што гэта такі моцны духовы чалавек, вельмі моцны. У яго няма такой багатай перапіскі, як, напрыклад, у Віцьбіча. Потым у Нью-Ёрку ён ня так доўга й быў. У хуткім часе яны выехалі зь Нью-Ёрку, купілі такую малую фармачку, курыную, і там ён ужо заставаўся. Аж да сьмерці. Зь людзьмі ён сустракаўся толькі ў сьвяты. Ці калі мы прыяжджалі да яго ў госьці. Раз на год я заўсёды езьдзіў да іх летам.

Як фэльетаніста Савёнка вельмі высока цанілі. Ягоны «Дзёньнік», што ішоў у падвалах «Беларускай газэты», цанілі вельмі высока. А на эміграцыі ён напісаў пару фэльетонаў, можа, пару артыкулаў у газэту. Дарэчы, і там, у Менску, ён ня толькі фэльетоны пісаў. І артыкулы таксама. Вельмі добрыя артыкулы ягоныя на эканамічныя тэмы. Ясна, пад рознымі псэўданімамі ўсе. Пра ягоную даваенную кнігу, думаю, ня было шырока ведама. Ён увогуле не належаў ні да «Маладняка», ні да «Ўзвышша». Ну а ў пісьменьніцкім гурце ён быў. Гэта група, у якой быў Чарот, ягоны зямляк, дарэчы. Яны разам вучыліся й былі ў вельмі блізкіх дачыненьнях. Савёнак часта расказваў пра Чарота.

На эміграцыі быў ня толькі «сум па радзіме». Я ня думаю, што так многа месца прысьвячалі суму, як пра эміграцыю пішуць. Была праца, я сказаў-бы, у заступніцтве незалежнай думкі й незалежнай ідэі, праца для незалежнасьці Беларусі. А вось суму там спэцыяльна я не заўважыў.

Мне цяжка сказаць, чаму Савёнак не надрукаваў тут кнігі, хаця так многа напісаў. Думаю, проста праз сваю сьціпласьць. Ён як журналіст вельмі моцны. Вось мне ведамы такі факт цікавы. Кабыш (Кандыбовіч) быў загадчыкам СТО, галоўнай гандлёвай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адзін раз яму трэба быў такі моцны артыкул у газэце. Ён кажа: «Знаеце што, хлопцы, свіньню вам цэлую дам за добры артыкул» (гэта перад Калядамі было ці што?). Тады сабралася рэдакцыя: свіньня — гэта-ж вялікая справа ў час нямецкай акупацыі, і сталі рашаць, хто напіша артыкул. І даручылі Савёнку. У яго ёсьць такія на эканамічныя тэмы артыкулы на першай старонцы газэты. Думаю, што гэта, магчыма, было ў 1942 годзе. Так што Савёнак, як журналіст, у час нямецкай акупацыі ў гэтай беларускай газэце быў самы моцны. Ня толькі фэльетаніст. Фэльетоны — гэта між іншым, але калі гавораць пра Савёнка, то нібы гэта асноўны ягоны жанр. Але ён ня вельмі хацеў пісаць.

Савёнак, дарэчы, выратаваў Адамовіча ў час вайны. Там, у рэдакцыі, быў такі звычай: а 12-й недзе гадзіне ўсе ішлі на абед у сталоўку Самапомачы. Яна была на вуліцы, якая ў савецкія часы называлася Камсамольская (і цяпер, відаць, так), а ў часе вайны яе былі назвалі вуліцай Алеся Гаруна. Абед звычайна быў просты: зацірка, крупнік, яшчэ там нешта.

Я часта заходзіў туды да іх. Вярталіся ў рэдакцыю. Савёнак падышоў да Адамовічавага стала папрасіць пяро. Яму на нешта патрэбна было. Адамовіч адчыніў столік, глядзіць — там ляжыць бомба, міна. І па-расейску напісана: «Не трогать!». Адамовіч, як пабачыў, крыкнуў на ўсіх: «Уцякайце!». Мы ўсе павыходзілі, пазванілі ў паліцыю. Прыйшоў паліцыянт з нашай, мясцовай, паліцыі. Ён узяў гэтую міну выносіць, вынес яе з будынку, і перад будынкам яна разарвалася. У руках. І паліцыянта разарвала. Паліцыянт той быў фолькс-дойч, менскі немец. Пасьля гэтага немцы сказалі Адамовічу, каб ён неадкладна выехаў у Бэрлін. І ён пасьля гэтай бомбы на другі ці на трэці дзень выехаў. А Савёнак застаўся. І ўжо пасьля гэтага нейкі спалох наступіў у рэдакцыі. Дарэчы, тады сярод гасьцей быў зь Вільні прыехаўшы наш драматург Аляхновіч. Я там быў, але я раней выйшаў. А хто міну падлажыў? Нічога ня ведама. Ці гэта была бальшавіцкая работа, ці нямецкая… Адамовіч ня быў карысны для немцаў. Таму яны маглі хацець яго пазбыцца».

Напрыканцы сакавіка 1944 г. кіраўніком рэпэртуарнай сэкцыі Беларускага Культурнага Згуртаваньня Янкам Ліманоўскім было прынята рашэньне ажыцьцявіць пастаноўку камічнай опэры «Тарас на Парнасе», і ён запрасіў Л. Савёнка напісаць лібрэта. Той ужо пачаў накідваць тэкст, характарыстыку сцэнічных вобразаў, але не хапіла часу. Апошні запіс у сшытку напрацовак — горкі: «Калі на «Ўзвышша» ўсходзілі 5 месяцаў, дык на Парнас пры такіх тэмпах можна залезьці за тры гады». Сапраўды, часапіс «Узвышша», які меліся аднавіць, быў цалкам гатовы да друку, але сьвету не пабачыў, адбіты быў толькі няпоўны сыгнальны экзэмпляр. Ня ўбачыла сьвету і опэра «Тарас на Парнасе».

Герой самага вялікага твора Савёнка, Іван Іванавіч Чужанінаў, піша дзёньнік на працягу году, а вось сам аўтар, нажаль, ніякіх запісаў ня вёў — так, зрэдзьчасу пакідаў радок-другі ў сшытку, да якога потым ніколі не вяртаўся. І ўсё-ж:

«28.06. Ноч у БЦР. На Паўночным вакзале. Ноч на таварнай.

29.06. Бамбардавалі. Правадыры ў кусты. «Герой», які напачатку хадзіў з аўтаматам, паваліўся зь перапугу ў яму з глінай. Выйшаў пад раніцу, як зэбра.

— Навесілі!

— На нас?

— На нас.

30.06. Стоўбцы. Трывога. Паэта (або пісьменьнік)ліе горкія сьлёзы (ладна выпіўшы) — толькі паэта можа зразумець гэта. Можа глядзімо на гэта апошні раз».

Разьвітаньне сапраўды было назаўсёды. Пачалася эміграцыя, а зь ёй — чарговы, «новы этап беларусізацыі», які, што праўда, у нашай гісторыі яшчэ не атрымаў свайго «парадкавага нумару».

У Нямеччыне Савёнак апынуўся спачатку ў беларускім лягеры ДП Міхельсдорфе, а потым у ДП Остэргофэн, заснаваным зімой 1947 г. Прытулак у ім знайшлі больш за 400 беларусаў. Дзякуючы Станіславу Станкевічу, Антону Адамовічу, Міколу Равенскаму ды Апалёніі й Лявону Савёнкам гэты лягер стаўся адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Тут пачала выдавацца газэта «Бацькаўшчына» (першы нумар выйшаў 31 кастрычніка 1947 г.), якая адыграла выключную ролю на эміграцыіь тут працавала драматычная студыя пад кіраўніцтвам Аўгена Кавалеўскагаь тут выдаваўся часапіс «Рух», была сядзіба Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (БНЦ).

У Статуце БНЦ мэты й заданьні былі акрэсьлены наступным чынам: «Беларускі Нацыянальны Цэнтар стаіць на грунце дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і вядзе сваю працу ў мэтах зрэалізаваньня дзяржаўна-незалежніцкіх ідэалаў, выражаных у акце 25 сакавіка 1918 г. У сваёй палітычнай дзейнасьці БНЦ будзе кіравацца прынцыпамі заходняй цывілізацыі й дэмакратызму, выступаючы супраць усялякіх відаў таталітарызму. БНЦ будзе імкнуцца да цеснага супрацоўніцтва зь іншымі народамі, першым чынам із суседнімі беларускаму, якія знаходзяцца сяньня ў падобным да яго палажэньні й змагацца за тыя самыя мэты. Гэтае супрацоўніцтва павінна апірацца на прызнаньне й пашану поўных сувэрэнных правоў кажнага народу й ні ў чым не павінна парушаць інтарэсаў беларускага народу й ягонай нацыянальнай годнасьці. БНЦ зьяўляецца арганізацыяй міжпартыйнай і згуртоўвае ў сабе на дэмакратычных асновах усе палітычна-грамадзкія кірункі беларускае эміграцыі й каардынуе іх дзейнасьць. БНЦ вядзе працу як палітычную, так і сацыяльна-харытатыўную, культурна-асьветную ды ўсялякую іншую, якая можа быць патрэбнай у абставінах эміграцыі». Сябрамі БНЦ былі, акрамя Л. Савёнка, такія ведамыя дзеячы, як Ант. Адамовіч, А. Вініцкі, А. Каханоўскі, Б. Рагуля, Ф. Кушаль, В. Тумаш, Ст. Станкевіч, Я. Сурвілла ды іншыя.

У 1947 годзе ў лягеры быў выдадзены першы нумар часапісу «Сакавік», не ў апошнюю чаргу дзякуючы Л. Савёнку. Менавіта ў яго захоўваўся поўны варыянт (у адрозьненьне ад выдрукаванага Язэпам Лёсікам у 1920 г. у газэце «Беларусь») гістарычнай драмы Каруся Каганца «Сын Даніла». Зараз складана сказаць, якім чынам трапіў да яго гэты твор. Магчыма, ад Янкі Ліманоўскага, у якога на эміграцыі перахоўваліся некаторыя матаржялы беларускіх пісьменьнікаў (нажаль, сёньня лёс гэтых дакумантаў невядомы). Антон Адамовіч, даведаўшыся, што ў Савёнка ёсьць драма Каруся Каганца, загарэўся жаданьнем яе выдрукаваць. Так паўстала ідэя новага часапісу. У ім, акрамя навэлы В. Бірыча (Ант. Адамовіча) «Афрадыта-Ост», вершаў Рыгора Крушыны, Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, быў зьмешчаны й пачатак «Дзёньніку Чужанінава», які атрымаў новы назоў — «Запіскі эмігранта». Выглядае на тое, што аўтар зьбіраўся ня толькі перадрукаваць «Дзёньнік» зь «Беларускай Газэты», але й працягнуць жыцьцяпіс героя ў лягерох ДП. На вялікі жаль, публікацыя ня была скончаная, і працяг «Дзёньніка Чужанінава» не ажыцьцявіўся.

У лягеры Остэргофэн Лявон Савёнак працаваў дырэктарам Беларускае Гімназыі, якая адчынілася 24 лютага 1947 г. Разам зь ім, выкладчыкам матэматыкі, настаўнічалі Антон Адамовіч (гісторыя), Мікола Кунцэвіч (лацінская й замежная мовы), Пётра Манькоўскі (ангельская мова), Мікола Равенскі (сьпевы), Апалёнія Савёнак (родная мова й літаратура), Зінаіда Станкевіч (прыродаведа й фізыка) ды іншыя. Лявон Савёнак выкладаў таксама на адукацыйных курсах для дарослых.

Зь лягеру Остэргофэн Савёнкі пераехалі ў Розэнгайм, куды перавезьлі беларускі лягер, дзе і ён і ягоная жонка Апалёнія прадаўжалі выкладаць у гімназіі. Савёнак часта езьдзіў у Мюнхен, дзе інтэнсыфікавалася палітычнае жыцьцё антыкамуністычнае эміграцыі з СССР. Навязаў Савёнак цеснае супрацоўніцтва з украінскай газэтай «Украіньскі Вісті» й рэдактарам Іванам Баграным.

4-5 чэрвеня 1948 г. у горадзе Канстанцы (Француская зона) адбыўся зьезд праваслаўных беларусаў, да правядзеньня якога прыклаў немалыя намаганьні й Л. Савёнак, і сам быў сярод ягоных удзельнікаў. Гэты зьезд стаўся вырашальным у адраджэньні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Тады была прынятая наступная пастанова: «Асноўваючыся на ідэі Грыгора Цамблака, незалежнасьці Беларускай (Вялікага Княства Літоўскага) Царквы ды змаганьні за яе зьдзяйсьненьне пазьнейшых беларускіх праваслаўных іярархаў, духоўнікаў і вернікаў, закончаным мітрапалітам Менскім Мельхісэдэкам у 1922 годзе, устанавіўшага Беларускую Аўтакефальную Царкву, Зьезд сьцвярджае, што тры епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (Віленская, Горадзенская й Пінская) атрымалі дазвол на аддзяленьне ў Беларускую Аўтакефальную Царкву, багаслаўленьне й прызнанье ад Мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы, Блажэньнейшага Дыянісія — галавы Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, дадзеныя ім на рукі Мітрапаліта Аляксандра Пінскага. Дзеля таго, што перад Менскім Усебеларускім Праваслаўным Саборам існавалі толькі тры епархіі, стварыўшыя наступныя епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Зьезд сьцьвярджае кананічнасьць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы».

У ЗША Л. Савёнак пераехаў у 1950 г. Гэта быў час, калі ў Радзе БНР, сябрам якое ён быў ад 1947 году, адбыўся раскол (1952-54 гг.). Прычынай расколу было стаўленьне да палітыкі «Амэрыканскага Камітэту Вызваленьня ад бальшавізму» (першапачатковая назва — «Камітэт Вызваленьня Народаў Расеі»). Справа ў тым, што з пачаткам «халоднае вайны» ў Вашынгтоне паўсталі як-бы дзьве плыні — два пагляды на дачыненьні з СССР. Пэнтагон уважаў, што ў тагачасных умовах адзінай гарантыяй міру можа быць нарошчваньне ўзбраеньня. Палітыкі з Кангрэсу лічылі, што прапаганда, вывучэньне СССР маюць ня меншае значэньне. У выніку іхнай актыўнай дзейнасьці паўстаў Інстытут вывучэньня СССР, Радыё «Вызваленьне» (пазьнейшая «Свабода»). Афіцыйна амэрыканскі ўрад заявіў: ён змагаецца з камунізмам у СССР і ў гэтай барацьбе падтрымоўвае ўсе народы — беларусаў, летувісаў, украінцаў. Але ён не вырашае далейшы лёс земляў, што знаходзяцца зараз пад расейскай акупацыяй. На бок гэтай афіцыйнай палітыкі, палітыкі так званага «непрадрашэнства», стала частка сяброў Рады БНР разам з прэзыдэнтам М. Абрамчыкам. Яны прытрымліваліся думкі, што сёньня неабходна максымальна атрымаць дапамогу ад афіцыйнага Вашынгтону, а ўжо потым уздымаць пытаньне пра незалежнасьць Беларусі. Другая, даволі значная частка сяброў Рады БНР, не пагадзілася з гэтым і стварыла фракцыю «Асьцярожнага Супрацоўніцтва з Амэрыканскім Камітэтам», у якую ўваходзіў і Л. Савёнак. Гэтая фракцыя заявіла, што незалежнасьць Беларусі была абвешчана яшчэ ў 1918 годзе й на пазыцыях непрадрашэнства Рада БНР з «Амэрыканскім Камітэтам Вызваленьня ад бальшавізму» супрацоўнічаць ня можа. Быў створаны мэханізм для перавыбараў Прэзыдыюму й прэзыдэнта. Старшынём камісіі па падрыхтоўцы рэфэрэндуму быў абраны Л. Савёнак.

У выніку перамагла група М. Абрамчыка. Тыя сябры Рады, што не пагадзіліся з палітыкай «непрадрашэнства», паступова адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці ў Прэзыдыюме, а А. Каханоўскі нават выйшаў з Рады.

Разам з тым, неабходна зазначыць, што палітыка «непрадрашэнства» засталася такой пераважна на афіцыйных паперах, бо і ў друку, і на радыё нацыянальная прапаганда вялася з адназначна дзяржаўніцкага пункту гледжаньня.

Палітычная й грамадзка-культурніцкая дзейнасьць Лявона Савёнка на эміграцыі — тэма асобнай, грунтоўнай размовы: адзін з ініцыятараў стварэньня Камітэту Незалежнай Беларусі (разам з Л. Галяком, Ю. Сабалеўскім, А. Плескачэўскім), сябра Цэнтральнага Камітэту Абжяднаньня Беларускіх Нацыянал-Дэмакратаў (старшыня А. Каханоўскі), рэдагаваў газэту «Беларус», уваходзіў у дарадную камісію па перакладу Бібліі, які ажыцьцяўлялі Янка Станкевіч ды пастар Масей Гітлін. Як журналіст, што добра ведаў савецкую прэсу, апрацоўваў манаграфію аб прэсе БССР (нажаль, яна не захавалася), а таксама даваў шмат інфармацыі ў заходнія даведнікі аб падсавецкім друку на Беларусі (La Presse Derrière le Ridean de Fer. Paris, 1948; The Free Press of the Supressed Nations. Augusburg, 1950).

Адным зь ягоных блізкіх сябраў быў Мікола Равенскі, зь якім лучыла спачатку частая рыбалка на Дунаі, а потым, калі Равенскі пераехаў у Бэльгію, — ліставаньне. У ЗША былі блізкія дачыненьні зь Міколам Паньковым, Аўгенам Каханоўскім, Антонам Шукелойцам, Антонам Адамовічам, Віталем Кажанам, Ізыдарам Плашчынскім, Гіпалітам Паланевічам, сямжёю Васіля Стомы (Сініцы), земляка з Глыбоччыны. Даўгагадовым і блізкім сябрам быў доктар Станіслаў Грынкевіч, семжі Аляксея Грушы, Міколы Гарошкі, Івана ды Вольгі Канарчукоў.

Памёр Лявон Савёнак 21 лютага 1974 г. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьуіку.


Творчая спадчына Лявона Савёнка невялікая, але шматгранная: гэта й даваенныя фэльетоныь фэльетоны, надрукаваныя ў часы Другой сусьветнай вайны, на эміграцыі, шматлікія артыкулы, пераважна на палітычныя і эканамічныя тэмы. І, натуральна, «Дзёньнік Чужанінава».

Сатырычныя творы Савёнка, прысьвечаныя барацьбе за беларускую дзяржаўную мову, і сёньня, амаль празь 70 гадоў, на вялікі жаль, ня страцілі сваёй актуальнасьці й вастрыні. Назва цыклю сатырычных апавяданьняў «Беларусізацыя пад №…» сталася назвай гэтай кнігі. У ёй, першай пасьля 1929 году кніжцы пісьменьніка, зьмешчана толькі частка ягонай творчай спадчыны.

Новы зборнік твораў Лявона Савёнка знаёміць чытача з найбольш цікавымі ўзорамі розных этапаў творчасьці і дазваляе прыйсьці да наступнай высновы: сатыра Савёнка ад пачатку была ня столькі антысавецкай, антырасейскай, антыкамуністычнай (хоць гэта ўсё, бязумоўна, ёсьць), колькі пра-беларускай. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе твораў эміграцыйнага пэрыяду, калі абжектам сатыры становяцца «зарубежнікі» й «крывічы» («Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю») або захопленасьць месьцічаў лягероў ДП утварэньнем «урадаў» («Што рабіць?») — адным словам, усё, што замінала, перашкаджала нармальнаму беларускаму жыцьцю.

Зь першага фэльетону, якім пачыналася адзіная кніга Л. Савёнка, з «Чароўнай іголкі» (1929 г.), выразна выяўляецца мастацкі мэтад пісьменьніка — фантастычны рэалізм, калі апісанае ім здарэньне, у найвышэйшай ступені неверагоднае, здараецца ці ня штодзень: улада шукае ў коміне чароўную іголку, што быццам дапамагае выйграваць судовыя працэсыь судзяць каня за тое, што сьледчы трапіў ня ў тую вёску, напіўся ды й згубіў «вельмі важныя справы» («У абарону Буланага»). І не за такое маглі асудзіць, і ня толькі каня. Сутнасьць мэтаду ў паказе рэальнай жыцьцёвай паўсядзённай зьявы ў нечаканым, фантасмагарычным ракурсе. Прытым, фантастычнасьць літаральна пранізваецца рэальнымі побытавымі дэталямі. Так, праз прызму фантастыкі, ствараецца новы пагляд на добра знаёмую ўсім рэчаіснасьць. Падсавецкае жыцьцё было настолькі абсурднае, настолькі неверагоднае, што мэтад адлюстраваньня яго ў літаратуры мог быць адно фантасмагарычным. А што рэчаіснасьць была сапраўды такая, добра сьведчыцца ўсёй практыкай савецкай дзяржавы — стварэньнем уяўных «шкодніцкіх» арганізацый, шматлікімі іррэальнымі судовымі працэсамі, фантастычнасьцю фармулёвак прысудаў і г. д. І таму ў гэтых фантасмагорыях Лявона Савёнка рэалістычнасьць, факталягічная дакладнасьць большая за тагачасныя (ды й значна пазьнейшыя), так званыя, рэалістычныя творы.

І я шчасьлівы, бо заўсёды

Шчасьлівы той — хто бальшавік.

А. Александровіч. Песьня бальшавіка.

Ну яго к чорту,

Паказваць пачуцьцяў мастацтва,

Лепей вучыцца

Валодаць нажом.

М. Бацюшкаў. На бой! На бой!

Адрынуты ўпадніцтва, хістаньні й узьлёты.

І паўшы шлях усьцелен прастатой.

Мы прагнем чорнаю работай

Нагнаць гісторыі прастой.

Прыбытак Лад. Пралетарскай інтэлігенцыі.

І нездарма адзін з герояў Савёнка, аўтар першай, мабыць, «гастранамічнай гісторыі» Беларусі («Васеньнія настроі») ня верыць самой савецкай рэчаіснасьці — настолькі яна фантастычная — і штогод паўтарае сам сабе: «Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе». Такога, сапраўды, яшчэ ніхто ў сьвеце ня бачыў, але такое сталася. І што з гэтага выйшла, спазнала на сабе не адно пакаленьне беларусаў.


У вайну сытуацыя на Беларусі зьмянілася, а зь ёю зьмяніўся ці, хутчэй, набыў новыя адценьні творчы мэтад пісьменьніка, зьмяніліся і акцэнты.

Сёньня, калі «Дзёньнік Чужанінава» ўпяршыню (з 1942 году) перачытваецца, і ўпяршыню — як самастойны твор, а ня нізка асобных фэльетонаў, бачна, наколькі ён «кладзецца» ў нашую літаратуру, ды дзіўна, што да гэтага часу яго быццам-бы ня было ня толькі для шырокага чытача, але й для крытыкаў, гісторыкаў, палітыкаў — для ўсіх нас, настолькі ён арганічны для нашага існаваньня. «Дзёньнік» ствараўся ў 1942 г., але ў тэксьце ня знойдзем ані высьпяткаў уладзе былой, ані лісьлівасьці перад уладай новай. Нават болей, часам міжволі думаецца: а куды глядзелі тагачасныя цэнзары? Выглядае, аўтара цікавяць ня столькі ўмовы, колькі чалавек у гэтых умовах, якія — будзе дарэчы тут зазначыць — з твора паўстаюць адрознымі ад нашых трывалых уяўленьняў і тым самым набываюць ці не гістарычную вартасьць, пра што й піша аўтар ва ўступе «Ад перакладніка». Сапраўды, так пра жыцьцё ў акупаваным Менску ня пісаў ніхто.

Разам з тым «Дзёньнік Чужанінава» — гэта й нашыя надзённыя «праклятыя пытаньні». Прыкладам, герой кажа: «У беларусаў нічога ня будзе», і праз колькі дзён-старонак разважае з суседзямі пра намаганьні гэбраяў адрадзіць уласную дзяржавуь сьмяецца зь іхнай неваяўнічасьці, хоць «калі й зайца біць, то й ён запалкі будзе паліць». Але мы, сёньняшнія чытачы, ведаем, хто меў рацыю ў тэй спрэчцы, ведаем, што такая дзяржава існуе.

Іван Іванавіч Чужанінаў пісаў запіскі, як Самсон Самасуй свае скруткі. Але на гэтым іхнае падабенства бадай што заканчваецца — пры ўсёй спакусе паралелі. Калі Мрыеўскі герой — «самавысуванец», дык Савёнкаўскі — зусім наадварот, ён хутчэй «самазасуванец». Аднак значна больш істотнае, што твор Мрыя (а яшчэ можам згадаць «Крывічоў» Міхася Зарэцкага ды «Тутэйшых» Янкі Купалы — няхай не бянтэжыць відавочнае непадабенства твораў), гэта пагляд бы знутры, тады як твор Л. Савёнка — гэта пагляд збоку. Вось гэтага пагляду збоку, характэрнага для твораў Савёнка ад пачатку ягонай творчасьці, нам сапраўды не хапала. Пагляду няхай староньняга, але не варожага, мо гіранічнага, але не саркастычнага, пагляду, дзе была-б прынамсі спроба, жаданьне зразумець, а не сьвядома сфальсыфікаваць, як адбылося, прыкладам, у Зьмітрака Бядулі, былога калегі Лявона Савёнка па працы ў «Савецкай Беларусі», у другой кнізе раману «Язэпа Крушынскага». Пісьменьнік, блізкі ў свой час да Рады БНР, ад імя аўтара, а не свайго героя шаржыравана малюе Шчылу (М. Шылу), Гамоньку (Мамоньку), Саколіча (Смоліча), Гарунову (П. Бадунову), Кахарку (В. Захарку), «лейб-крытыка» Максіма Гайдача (М. Гарэцкага), «худую, сінявокую, юрлівую» княгіню Радзівіл. Л. Зайца, сябра рады Першага Ўсебеларускага кангрэсу, дзяржаўнага кантралёра ва Ўрадзе БНР, гэбрая па нацыянальнасьці, ахарактарызаваў вуснамі пані Марыі: «А Лявончыка ведаеце? Спрытненькі, чорненькі, у маршчынках». Аўтар «Язэпа Крушынскага» гэтак стараўся адпавядаць часу ў 30-я гады, што ў 50-я, калі выдаваўся чатырохтамовы збор твораў З. Бядулі, рэдакцыйная калегія нават мусіла зазначыць: «Пісьменьнік імкнуўся як мага дакладней выкрыць злачынствы зусім канкрэтных ворагаў. Адсюль наяўнасьць у кнізе публіцыстычных мясьцін, якія мелі цікавасьць на той момант, калі адбывалася само выкрыцьцё таго ці іншага нацыяналістычнага дзеяча, злоўленага з палічным. Такая публіцыстычнасьць не магла доўга жыць у мастацкім творы… Рэдакцыйная калегія палічыла неабходным апусьціць некаторыя месцы з падобнай публіцыстыкай, са спасылкамі на творы й дакуманты, якія на сёньняшні дзень не прадстаўляюць ніякай цікавасьці чытачам і будуць толькі псаваць уражаньне ад мастацкага твору».

Творы Савёнка, адмыслова напісаныя не аўтарскаю мовай, а мовай масы — той мовай, што падмацоўвала і ўмацоўвала савецкую культуру наагул, мову «вылучэнцаў» — у прыватнасьці. Мова клішэ, мова штампаў, што гучыць дысанансам з народнай мовай асобных герояў — прыкладам, таго-ж Сымона, аўтарскага варыянта філёзафа Торбы, які кажа пра сябе: «я тутэйшы. Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі». І галоўны герой, ці дакладней, Антыгерой (кажа пра сябе: «Хто я такі? Дзіўна. Такога пытаньня я сабе яшчэ ніколі ня ставіў»), таксама створаны выключна моўнымі сродкамі: парадыраваньнем афіцыёзнай мовы, камбінацыяй стыляў, сродкамі стылістычнага «зьніжэньня», карнавалізацыяй падзеяў і герояў. І ўсё гэта руйнуе наш спрадвечны страх перад Сыстэмай.

Кожны дзёньнікавы запіс, маналёг — гэта маленькае самастойнае апавяданьне, звычайна анэкдатычнае (ды й сама падзея, што ляжыць у ягонай аснове — часам падаецца нам проста нерэальнай, зрэшты, як самое жыцьцё ў Сістэме), якое нязьменна заканчваецца маральлю, павучэньнем Чужанінава, «ня-тутэйшага», што жыве сярод нас як прымак, наводны, чужы, адным словам. Маналёг (маналёгі) герояў Л. Савёнка, калі карыстацца тэрміналёгіяй М. Бахціна, уяўляюць сабой, па сутнасьці сваёй, спрэчку, бясконцую спрэчку, ад пачатку запраграмаваную на пройгрыш — з Сыстэмай, зь любой таталітарнай сыстэмай, будзе гэта бальшавіцкая ці фашысцкая — вынік той самы.

Вось толькі жанр Савёнка мае адну, але адметную асаблівасьць, дзякуючы якой і здабыў ён нянавісьць самой Сыстэмы: прайграе герой — выйграе чытач. Бо, як завяршае Лявон Савёнак «Дзёньнік Чужанінава», «трэба глядзець у корань».

Беларусізацыя працягваецца.


Лявон Юрэвіч


Загрузка...