Зь дзёньніка Ів. Ів. Чужанінава


28 чэрвеня. Вярнуўся ў Менск. Пабегаў, пабегаў ды назад. Хай будзе, што будзе. Як кажуць, што міру, то й бабінаму сыну. Вайна мне не спадабалася. Па-першае, на вайне бывае, што й забжюць, а па-другое, клопату шмат: наступаюць — бяжы, адступаюць — бяжы, ды часам і ня ведаеш, у які бок. Не! Дома лепей! Хай іншыя бегаюць, а мая хата з краю.

Хата, дзякаваць Богу, засталася цэлая, не згарэла. А Рыгорава (гэта мой сусед ізь левага боку), дык тая — ушчэнт! Як карова языком зьлізала! Толькі комін тырчыць. Вось будзе сьмеху, як Рыгор вернецца!


30 чэрвеня. Жывы пра жывое й думае. Гэтыя два дні рабіў сякі-такі запас. Прыдбаў, дзякаваць Богу, нямала. Ёсьць хлеба, ёсьць і да хлеба. Калі на добрае пойдзе, дык і на гадкоў пару хопіць. Трэба сказаць — не ленаваўся.


31 чэрвеня. Ізноў рабіў запас. Сёньня мяне страшэнна абурыў нейкі выкапень. Мы ўсе грамадою стараемся ля складу, што мурашкі, кажны валачэ — хто што здужае, а ён стаіць, як слуп. Хоць бы пальцам крануў дабрынё. «Рабаваць, — кажа, — несумленна». А які-ж гэта, дазвольце, рабунак!? Час пераходны, дабро нічыйнае — валачы, калі сіла. А ён — «несумленна»! Паглядзімо, што ты праз месяц скажаш, старая порхаўка! Эх, і жывуць-жа людзі на сьвеце! Як такіх зямля носіць?


1 ліпеня. Назапашваньне трывае далей. Сёньня прывалок із жонкаю два вядры патакі й вядро нейкага малясу. Навошта ён — ня ведаю, але людзі валакуць, і я не астаюся. Мо на што й прыдасца.


2 ліпеня. Зноў прыцяг два вядры й мех соды. Крухмалу падчапіць не пасьпеў. Пайду заўтра.


10 ліпеня. Восем дзён адпачываў на курорце. Абставіны былі ня зусім спрыяльныя для пісаньня дзёньніка, а таму нічога й ня пісаў. У памяці засталіся спрэчкі аднаго дня. Гаварылі пра вайну: што такое вайна, чаму яна, як яно ўрэшце будзе. Тут кажны бараніў сваё. Адзін, прыкладам, выступіў і сказаў, што вайна гэта ёсьць вайна, і хоць яна рэч непажаданая, але ваяваць усё-ж трэба. Другі хваліўся, што ён таксама ваяваў-бы, але яму бараніць няма чаго. Трэці, наадварот, націскаў на тое, што вайна — рэч надта патрэбная, але ваяваць ня трэба. Некаторыя казалі, што пасьля вайны будзе толькі так, а іншыя, наадварот, што будзе толькі гэтак. Разнабою было шмат. Але ўрэшце бальшыня пагадзілася на тым, што можа быць і так, а можа быць і гэтак. Асабліва ўпорыста выступаў супроць вайны адзін нейкі ні то прафэсар, ні то рахункавод — за пылам не разьбярэш. Ён на абарону свае тэорыі выцяг і Талстога, і Дыягена, і яшчэ тузін іншых філёзафаў. Тут ня вытрываў і я.

— Выбачайце, грамадзянін пацыфісты, вайна — рэч конча патрэбная, без вайны нельга, бо яна асьвяжае, яна ачышчае чалавецтва. Вайна — гэта сьмерць, а сьмерць родзіць жыцьцё. Вось! (Гэта я таксама ўспомніў словы нейкага філёзафа). Але ўпорысты не здаваўся.

— Што яна ачышчае, гэта сьвятая праўда, бо мяне яна ачысьціла да ніткі, але што яна асьвяжае, то гэта, даруйце, — нонсэнс! Выбачайце.

І ён дэманстратыўна адвярнуўся ў бок.

Гэта я ўспомніў, калі змываў у балеі курортавы пыл. Целу было так хораша ў цёплай вадзе, а на стале стаяла паўфляжкі «маскоўскай», а на кухні жонка бразгала патэльнямі, а на работу ня трэба ні заўтра, ні пасьлязаўтра, ні яшчэ праз тыдзень. Не! Што ні кажэце, а вайна — цудоўная рэч.


11 ліпеня. Ізноў цягаў патаку. Нестае тары. Дастаў крухмалу й газы.


12 ліпеня. Вярнуўся Рыгор. Глядзіць, а хаты няма. Вось тут, здаецца, стаяла, а няма. Крыху пасьмяяліся. Праўда, Рыгор мала сьмяяўся, больш я рагатаў. Яму, відаць, не да жартаў было. Але такога чалавека, як Рыгор, ня надта з капытоў сабжеш.

— Дармо, — кажа, — разьбілі адну, другую паставім. Нас гэтым не запалохаеш.

І паставіць. Можаце не сумлявацца. Тым больш — лясны склад недалёчка, і гаспадара няма.


13 ліпеня. Сёньня сустрэў былога прафэсара. Ідзе былою вуліцаю, задуменны.

— Дзень добры, — кажу, — пане прафэсару! Як маецеся, пане прафэсару?

— А? Што? Ах, выбачайце, — схамянуўся ён, — я й не заўважыў… задумаўся…

— Пра што цяпер думаць, пане прафэсару? Хай лепш конь думае, ці дадуць яму сёньня аўса. Хэ-хэ-хэ.

— Вы ўсё жартуеце, а я паважнай справай заняты. Вось ужо трэці дзень падлічваю, колькі вайна каштуе.

— А хіба можна падлічыць, колькі вайна каштуе?

— А чаму-ж не! Для навукі нічога немагчымага няма. Прыкладам, колькі куля каштуе — ведамаь колькі жаўнераў ваюе — збольшага можна ведацьь колькі кажны куляў выпушчае штодня — таксама можна збольшага ведаць. А тут на дапамогу сярэдняе арытмэтычнае, тэорыя верагоднасьці… Вось і выходзіць — штодня дваццаць мільярдаў. Ну, ведама, недакладна. Мільён больш — мільён менш, гэта для навукі ня мае значаньня.

— Дваццаць мільярдаў, - зьдзівіўся я. — А даруйце, пане прафэсару, навошта вам гэта ведаць? Вам-жа працэнтаў з гэтых мільярдаў, напэўна, не дадуць.

— Як навошта? Для навукі. Навука, даражэнькі, усім цікавіцца. Ну, бывайце! Пабягу. Там дзесьці на Пушкінскай бібліятэку выкінулі, можа, што прыдасца.

Націснуў брыль на вочы і засігаў. «Вось дзівак, — думаў я, — мільярды лічыць, а ў самога гузікаў у паліце няма. «Мільён больш — мільён менш, гэта для навукі ня мае значаньня». Нябось, каб гэты лішні мільён ды яму ў кішэню, дык не сказаў бы, што ня мае значаньня. Дзівак. Увечары сьмяяўся пра гэта Сымону (мой сусед із правага боку). Той хоць і мала адукаваны, але галаву мае добрую.

— Прафэсары, — кажа, — усе дзівакі. Знаў я аднаго такога, які пры Акадэміі вартаваў. Той усё на нейкі Марс зьбіраўся ляцець. «Не даляціш, — кажу яму, — Сямён Іванавіч, да неба далёка». А ён сваё: «Не я, дык другі, а ляцець будзем». І паляцеў. Загналі яго бальшавікі аж на ўскрай сьвету, на нейкую Калыму. Вось табе й Марс! А я, дзякаваць Богу, нікуды ня лётаў, дык вось жыву, і ў сваёй хаце.

Ведама, Сымон разважае прымітыўна, але й ён мае рацыю.


14 ліпеня. Сяньня бачыў сон. Быццам ізноў вайна. Навокал пажары, самалёты, бомбы, як гарох, сыпляцца, а я валаку скрыню махоркі. Раптам перада мной бомба трэсь… І расчынілася напал, а зь яе выскачыў якісь гіцаль і да мяне: «Кідай скрыню — мая махорка!». «Брэшаш, кажу, мая!». Ну, слова за слова. Я паставіў скрыню ды размахнуўся. Ён — таксама. Тут і пачалася дыскусія. Прачнуўся, аж мяне жонка пад бакі таўчэ: «Ты што? Зваржяцеў? Ноч, добрыя людзі сьпяць, а ён — біцца!». «Маўчы, — кажу, — дурная. Гэта я нейкага рабаўніка біў, у цябе рыкашэтам папала». А тым часам жонцы сінца пад вокам набіў.


15 ліпеня. Заняў кватэру як пагарэлец. Кватэра нішто сабе: ёсьць два паліто, тры шуфляды зь бялізнаю, жаночае паліто, ну, дый іншае лахардзе, а таксама й мэбля. Перавалок у сваю хату, якая й ня думала гарэць. А Рыгор, дык той заняў аж дзьве кватэры: адну на жонку, другую на сябе. Вось ашуканец!


16 ліпеня. Быў на біржы, гэтай, што на Камсамольскай. Ну й прадстаўленьне! Не раўнуючы, у цырку. Людзей натоўпілася самых разнастайных. Ёсьць і надта дзіўныя. Дзе яны толькі дагэтуль зашываліся? Капялюшастыя, у сурдутах, ёсьць навет і пры мэдалях. Адзін, відаць, мікалаеўскі палкоўнік, дык той начапіў на грудзі сем мэдалёў і тры крыжы. Я сумысьля палічыў. Дыбае, як індык, і ні на кога не глядзіць. А каб ён у гэткі фасон ды месяц перад гэтым выфранціўся, вось бы прычапіла яму энкавэдэ мэдалю — да скону памятаў-бы!

Наагул народ самы, як кажуць, адборны: кульгавыя, падсьлепаватыя, абамшэлыя — гэта ўсё, відаць, аскалёпкі разьбітага ўшчэнт. Праўда, ёсьць і людзі новай фармацыі: маладыя, задзёрыстыя, трымаюцца, як гаспадары, і гамонка ў іх нейкая нявыразная, але такіх няшмат — лічаныя.

Пакуль я так дзівіўся на старых людзей новага сьвету, гляджу — ажна тут трэцца мой добры знаёмы, Ванаў. Быў ён за дырэктара, парцейны, хадзіў заўсягды ў «кіраўнічым гарнітуры» (сінія порткі-галіфэ й зялёны фрэнч), а тут у пінжаку, пры гальштуку, пад капялюшом.

— Зь якой гэта, — пытаюся, — аказіі пераапрануўся? На маскарад ці што?

— Ды так, — кажа, — надворже зьмянілася, пацяплела крыху.

— Так, так, — кажу, — гэта зьмена надворжя шмат каго перафарбавала.

— Вы што гэта, часам не на мяне ківаеце? То гэта дарэмна, бо я заўсягды быў патрэбнага колеру.

— На але-ж, і я пра гэта, і ваша вонкавае афармленьне…

— Ну гэта, — перапыніў мяне Ванаў, - глупства, узьлёт фантазіі, а нутраны колер у мяне станоўкі: я заўсёды быў супраць.

Ведаю я гэтую станоўкасьць, але мне што? Даносіць на яго я ня буду, хай сігае пад капялюшам.

Тут-жа пабачыў і другога актывістага. Той таксама пераапрануўся ў нейкі стары сурдут, а заміж капялюша насунуў якуюсьці накрыўку: ні то камілаўку, ні то брыль.

Падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Рыгорам і Сымонам.

— Парцейныя, — казаў Сымон, — ну, гэтыя ўсе такіяь ён хоць штодня пераапранацца будзе, абы яму скварку даваў. Быў у нас пры Акадэміі якійсьці Мікалаеў. Дык вось, заклікалі яго неяк у гапаву ды й кажуць: «Выдавай, — кажуць, — усю сваю контру, хто супроць…». Ну, ён і нагаварыў: пяцёх сваіх лепшых прыяцеляў пасадзіў. А сам у іх чарку піў і часьцяком інхных баб гладзіў. Такі, браток, ня тое што вопратку — бацьку роднага зьменіць. Знаю іх добра.

Я із Сымонам ня згодзен, але Рыгор тое-ж думкі: «Той, што пнецца ўгару, той ня здольны на нізе», — кажа.


17 ліпеня. Намацаў соль. Хоць у мяне й ёсьць невялікі запас, але ў вайну, кажуць, перасолу ня бывае. Прывалок два мяшкі — каштавала паўпляшкі «маскоўскай». Крыху дарагавата, але нічога ня зробіш.


18 ліпеня. Сымон набыў адначасна каня й панарад. Якім парадкам — ня ведаю, кажа, што безгаспадарныя, на пагарэльлі блукалі. Ну, добра, скажам, блукаў конь, а як мог панарад блукаць? Але мне што? Хай сабе й блукаў. А Сымон, можа, калі й палку дроў прывязе.


19 ліпеня. Закінеш назад — наперадзе знойдзеш. Даведаўся, што з малясу выходзіць першагатункавы самагон. Вось шчасьце падваліла! Шкада — мала назапасіў. Каб-жа гэта ведаць! Адмераў два вядры Віцьку Фамёнку. Той наладзіў сталую самакурную фабрыку, але сырцу няма. Кажа, што зь вядра выходзіць дзесяць пляшак. Паглядзімо!


20 ліпеня. Зноў быў на біржы. Народ крыху зьмяніўся. Падваліла былых савецкіх. Пачалося выразнае ажыўленьне. Некаторыя цэляцца на працу, але мала, бальшыня стаіць нэўтральнай сьцяной: усе чакаюць, пакуль зусім праясьніцца. Больш цікавяцца ваеннымі падзеямі: хто каго сьцігуе.

Сымон з гэтага поваду казаў, што людзі, відаць, яшчэ не галодныя.

— Нідзе яны ня дзенуцца, — кажа, — як у жываце завурчыць, дык і на працу закарціць. Пойдуць. Знаў я аднаго чалавечка, як я пры анатомцы трупаў варыў. Кволы такі, спакойны. Паглядзіць, бывала, як я трупаў у катле мяшаю, дый кажа: «Цяжкая твая праца, Сымон. Я, прыкладам, з голаду памёр-бы, а цяжкой працы не рабіў-бы. Не магу». А як загналі яго, небараку, за Котлас ды ўпрэглі ў пілу, то праз цэлую зіму лес пілаваў. Голад усяго навучыць!


21 ліпеня. Прывезьлі із Сымонам па два вазы дроў. Вартаўнік ля складу ё, але дровы вазіць можна. Вартаўнік навет спрыяе: «Вазі, хлопцы, зіма будзе». Навошта тады варта, калі яна не вартуе. Сымон із гэтага казаў, што ў жыцьці такія праявы часьцяком здараюцца, калі чалавек працуе, але нічога ня робіць.

— Быў і ў нас пры Акадэміі фрухт такі, нейкім прадстаўніком лічыўся. Што ён рабіў — ніхто ня ведаў, але грошы браў нядрэнныя. Агледзеліся праз пяць гадоў, што ён нічога ня робіць, ды навет і пасады такой няма. Але звольніць не маглі, бо ўжо стаж вялікі меў. Так і заставаўся на працы ды нічога не рабіў. Каб Акадэмія не расьцярушылася, то й да гэтае пары працаваў-бы. Так вось і гэты вартаўнік.


22 ліпеня. Пацешныя бываюць людзі. Сустрэў сяньня Ваську Байцова. Толькі што вярнуўся з уцёку. Ну, натуральна, ні хаты, ні ў хаце. Голы, як бізун. Кінуўся туды, кінуўся сюды — пуста: скрозь ужо разьмеркавалі. Як у тэй песьні пяецца: «усё разьмяло магутнай навальніцай».

— Як жыць, — пытаецца, — дзе дастаць спажыву?

— А чаго цябе, — кажу, — нялёгкая насіла да гэтай пары? Ты-ж бы раней прыйшоў, калі спажыва да падноскаў ліпла?

— Уцякаў, - кажа, — прабіваўся да сваіх. Я ўсё-ж патрыёта сваёй радзімы.

Ці ня дзівак? Калі ты такі патрыёта, то ўзяў-бы гармату ды пуляў зь яе, а не ўцякаў. Можа я таксама патрыёта, ды яшчэ мацнейшы за яго, але-ж на ражон ня пру, бо трэба ўмець арыентавацца й за пагодай даць нырца, а як хвалі сыдуць, ды адстаіцца — ізноў выплывай.


23 ліпеня. Сяньня жонка павесіла на куце абраз (здаецца, у музэі дастала), а былых-жа правадыроў хацела спаліць, а я запярэчыў. Паўстаў невялікі канфлікт, але да бойкі не дайшло. Перамог, ведама, я. Правадыроў завалок на гару й там замаскаваў. Хай ляжаць, яны есьці ня просяць, а мо калі й спатрэбяцца. Вось-жа, скажам, маляс — ня ведаў, калі цягаў, а цяпер вунь як прыдаўся!


24 ліпеня. Нешта на мяне Маржя Іванаўна лагодна пазірае. Сустрэліся сёньня, так ветліва размаўляе, руку цісьне: «Заходзьце, — кажа, — калі-небудзь, мне аднэй сумна». Гм… Чаму не зайсьціся? На свайго лейтэнанта, відаць, надзею пакрысе губляе. А кабетка нішто сабе… Правільная… І вага нядрэнная… Наведаю, абы жонка не пранюхала.


25 ліпеня. Цяперашняму сьвету нельга верыць ні на грош. Ну, хоць-бы, скажам, Віцька — свой чалавек, навет прыяцель, а як ашукаў! Прынёс сяньня самагону… пяць пляшак.

— Атрымай, — кажа, — прадукцыю.

— Гэта што, — пытаюся, — усё? Ты-ж абяцаў дваццаць пляшак!

— Аварыя, — кажа, — здарылася, прадукцыя падгарэла.

— Дзівіцеся! Мой самагон падгарэў, а ён ледзь на нагах трымаецца!

— Дзе-ж, — крычу, — справядлівасьць? Гэта-ж ашуканства!

— Ніякае не ашуканства, — кажа, — а стыхійнае няшчасьце… мабыць, дроў перадаў.

Вось і вер людзям пасьля гэткага!


26 ліпеня. Рыгор шукае працы. «Нешта, — кажа, — марудна будаўніцтва йдзе». Раіўся са мной і з Сымонам, куды лепш падацца: па разьмеркаваньню пайсьці або ў жыльлёвы аддзел. Я раіў у жыльлёвы аддзел. «Усё-ж, — кажу, — справы жыльлёвыя бліжэй да будаўніцтва: там юшку выдзярэш, там цьвікоў намацаеш, а там і ручку ад дзьвярэй выкруціш». Але Сымон іншай думкі.

— Усё гэта, — кажа, — драбніца. Вось паслухайце, што я скажу. Як працаваў я ў трэсьце, быў там адзін замусола. Агентам лічыўся. Чалавек зусім нікудышны. Ледзь ногі цягаў. Нарэшце кідае ён усё ды йдзе ў будку ваду прадаваць. І што-б вы думалі? Не пацадзіў ён і паўгода гэтай вады з сыропам, як ужо трэці дом на Лагойскім тракце паставіў. Ды які! На дванаццаць тысячаў. Вось табе й сыроп! У гэтай працы — гандлёвай — магнэса такая ёсьць: ты грошы хоць адпіхай ад сябе, а яны ўсё-ж да цябе плывуць.

Апошні довад даканаў Рыгора. Мабыць, пойдзе па разьмеркаваньню.


27 ліпеня. Сяньня чыталі газэту. Цікава было. Сабраліся мы гэта усёй вуліцайь прыдыбаў і прафэсар, Наязноў Васіль Мікалаевіч. Ну, цешымся мы: паслухаем, што на сьвеце дзеецца. Я вазьмі ды падсунь газэціну прафэсару:

— Прачытайце, — прашу, — калі ласка, Вы, паважаны прафэсару. Вы ўсё-ж больш пісьменны за ўсіх нас.

Усадзіў гэта ён на нос акуляры, нацэліўся на газэціну й толькі прачытаў «Менская газэта», як аж пазелянеў:

— Вы што гэта мне, найшаноўныя, падсунулі? - і аж закалаціўся. — Выбачайце, я па-такоўскаму ня чытаю й чытаць не жадаю. Абраза! — Тут-жа ўзьняўся й пашкандыбаў ад нас. Вось было сьмеху! Давялося газэціну сьлібізаваць Сымону. Той, хоць і не прафэсар, але па складох чытае.

Прагледзелі мы ваенныя зьвесткі. Ну, там усё, як сьлед: адны ўцякаюць, другія сьцігаюць. Прачыталі навет усе абжявы. Асабліва зацікавіла ўсіх абжява пра новыя грошы. Зразумела, кажнаму хочацца ведаць, якія грошы прытрымліваць, а якія хутчэй спушчаць. Што да абжявы аб крымінальных, каб іх выдаваць, то мы тут зьбянтэжыліся: каго-ж выдаваць? Бо як ты цяперашнім сьветам адрозьніш, хто крымінальны, а хто не? Сымон казаў, каб пачаў валіць усіх-усіх адразу, то памыліўся-б мала. Ну, ведама, із Сымонам ніхто ня згодны, бо хто-ж сам сабе вораг?

Прачытаўшы газэту, доўга яшчэ сьмяяліся з прафэсара, асабліва рагатаў Сымон:

— Вось узяло яго за самае нутро. Але гэта яшчэ глупства. У 18-м годзе са мной здарылася ня гэткая рэч. Тады была «Вольная Беларусь». Ну, я й прадаваў яе. А быў у нас на пошце чыноўнік, такі ўжо люты да газэты — штодня браў. Вось я з разгону й падсунуў яму гэту газэту. «Самая сьвежая, — крычу, — самая праўдзівая!». Грошы ўзяў дый далей. Дык што-б вы думалі? Тры месяцы за мной ганяўся гэты чыноўнік. Як толькі згледзіць, дык за мной із палкаю. «Я табе пакажу, — крычыць, — як людзей ашукваць, хамства падсоўваць». Я яго за вярсту абягаў. Але што вы скажаце? У 35-м годзе гэтага чыноўніка ГПУ бярэ ў канвэрт і высылае на дзесяць гадоў як беларускага нацдэма. І як ён ні бараніўся, як ён, бядак, ні даводзіў, што ён ёсьць ісьцінны расеец, — не паверылі. Можа й памылкова яго выслалі, але ўсё-ж чалавек сваё знайшоў. Так вось будзе й тут. Свайго лёсу, браток, ня міне ніхто.

Сымон, вядома, перасольвае, але зрэшты, хто яго ведае, што будзе… Хто, прыкладам, спадзяваўся, што на шостым дні вайны немцы ў Менску будуць, аджа здарылася. Трэба, на ўсякі выпадак, навязаць сувязь з беларусамі.


29 ліпеня. Віцьку даў адстаўку. Знайшоў новага самагоннага фабрыканта. Добрага майстра відаць адразу.

— Ты, — кажа, — ля апарату ў мяне можаш не стаяць. Сваю порцыю ты атрымаеш апрача тае, што я выпжю. Трымай дзьве пляшкі авансу!

І даў. Вось гэта майстра, а ня пэцкаль які. А я тымчасам і пахмяліўся.


30 ліпеня. У Апанаса Дзюркі ўкралі сьвінчо. Дзюрка страшэнна абурыўся й спачатку кінуўся да службы парадку, але там адмовілі: «Каб ты, — кажуць, — прывёў злодзея да нас, то мы-б яго тут адразу пад пазногаць і адпаліравалі-б, як сьлед, а так, сам бачыш, горад вялікі, зладзеяў многа, каго хапаць?».

Апанасу ня так абыходзіць сьвінчо, як хоча ведаць, хто мог зрабіць такое сьвінства.

— Каб толькі даведацца, — кажа, — хто гэта зрабіў, то я сам-бы ўжо паказаў і службу й парадак. Век памятаў-бы.

Рыгор раіць зьвярнуцца да варажбіткі.

— Ёсьць такая, — кажа, — на пагарэлай вуліцы, хераматкай завецца. Як паглядзіць табе на руку — усё як на далані вылажа. Як быццам сама бачыла. Я, калі мяне з трэсту звольнілі, таксама падаваўся да яе. «Скажы, — пытаюся, — хто на маёй дарозе стаіць, хто мой злосьнік?». Паглядзела яна на руку ды й кажа:

— Вось бачыш, тут твая службовая лінія, завілістая такая. А вось тут упоперак яе стаіць руды мужчына, без барады. Гэта й ёсьць твой злосны вораг.

І што-ж вы думаеце? Як пальцам уцэліла ў ворага: быў такі ў трэсьце — руды й без барады ды зь якім я два разы лаяўся.

Апанас пайшоў да варажбіткі.


31 ліпеня. Адна бяда ня ходзіць. Сяньня правяраў муку, тую, што закапаў у яму. Тры мяхі струхнелі, а два зусім ушчэнт падмачыла. Сымон суцяшае, што нічагуткі — самагонны фабрыкант дасьць ёй рады. Але-ж страты! Тады на малясе Віцька нагрэў. Цяпер — мука! Калі так далей пойдзе, то неўзабаве і ў комін выляціш.


1 жніўня. Быў у Маржі Іванаўны. Зноў скардзілася на сваю самотнасьць. Успамінала лейтэнанта й частавала гарбатай, але бяз цукру.

— Вярнулася я, — кажа, — пазнавата, калі ўжо галоўнае разьмеркавалі. Ну вось і засталася так: бязь нічога й бязь нікога. І ўздыхнула.

Ну, ведама, брэша: сёе-тое й яна пад сябе падскрэбла, але, відаць, неспажыўное.

Пагутарылі крыху, папаласкалі рот гарбатай і разышліся ні з чым. Мне штосьці не падабаецца такая адцяжка. Няйначай, трэба падысьці з другога боку. Паабяцаў прынесьці цукру й масла, можа справа пойдзе сьлізчэй.


2 жніўня. Пільнасьць і асьцярожнасьць! Вось два нашыя галоўныя прыяцелі. Падвоіць пільнасьць, патроіць асьцярожнасьць! Бо сяньня пачуў вельмі прыкрую рэч. Раскулачылі Антку Загржэмбіцкага. Ды як раскулачылі! Да ніткі! Ня толькі ваенны здабытак, а й сваё крэўнае падгарнулі. А хто ўтапіў? Уласная жонка. Вярнулася гэта яна з уцёкаў, а ў сужэнца ўжо красуня сядзіць, і дабра поўная хата. Ну, баба, натуральна, на дыбкі, а з дурной галавы ўзяла ды бухнула куды ня сьлед: так вось і гэтак, у такога вось ды гэтакага дабра поўная хата, нарабаванага. Прыехалі, ведама, пацікавіцца дый вывезьлі аж дзьве машыны. Ды якога дабра! Сэрца млела, як людзі глядзелі. А цяпер абое Загржэмбіцкія сядзяць ды плачуць. А красуня, ведама, уцякла.

Рыгор кажа, што гэтаму Загржэмбіцкаму так і трэба: надта-ж многа нагроб лішняга. А я так мяркую, што чалавеку ніколі залішне ня бывае. А што нагроб — дык навошта-ж тады й рукі чалавеку? Хіба толькі для таго, каб вітацца? Не, я на справу гляджу інакш: гарні пад сябе кажны, бо толькі курыца ад сябе горне, дык на тое-ж яна курыца, а не арол.

Але тымчасам натую: пільнасьць і асьцярожнасьць, бо і ў мяне жонка ёсьць і красуня прадугледжана.


3 жніўня. Сустрэў Байцова. Гляджу й не пазнаю: ні то ён, ні то новы эўрапэец. І гарнітур, і паліто, і чаравікі — усё ад Люкса.

— Што гэта, — пытаюся, — з табою здарылася? Ці ня ў Гамбург ты часам зазірнуў?

— Навошта мне, — кажа, — туды ехаць, калі тут свой Гамбург: што хачу, тое й маю.

— Чараўнік ты, — пытаюся, — ці што?

— Не, я не чараўнік, а праца ў мяне, браток, такая, быццам чароўная: і абутак, і адзетак, і напітак, і наедак — усё, як на далоні.

Во як людзі ўмайстроўваюцца. А яшчэ нядаўна шукаў якой-колечы спажывы. А тут раптам усё. Трэба гэта на ўсякі выпадак занатаваць, бо такі чалавек заўжды прыдасца. Абяцаў дастаць новую швейную машыну. Праўда, у жонкі яшчэ машына спраўная, але ўжо трохі размалолася.


4 жніўня. Палітыка мяне ня надта цікавіць, але ўсё-ж такі нейкую лінію трэба мець. Сяньня адзін тып мяне проста да сьцяны прыпёр. Давай яму сваё крэдо. Трэмся гэта мы на біржы, рэгіструемся (я за разумовага рэгістраваўся), гляджу — ажна тут і Паліханаў у хвасьце матаецца (ён калісь за інжынера працаваў). Ну, прывіталіся, сёе-тое, а пасьля ён мне й шэпча:

— Чуў? Нашыя бжюць, а іхныя бягуць.

Дайце рады! Хто гэта нашыя, а хто іхныя? Таму я ў вадказ мармытнуў нешта нявыразнае. Але Паліханаў прыстаў, як ліст.

— Ды ты, — пытаецца, — куды арыентуешся, на ўсход ці на захад?

А куды мне арыентавацца? Ведама, мяне больш цягнула-б на ўсход, але, ізноў-жа, цяпер і там не мяды, а ў выпадку чаго, дык зусім проста, што й спытаюцца: а ну, Іван Іванавіч, раскажэце нам, будзьце ласкавы, як гэта вы чужой зямлі ня бралі, ды й пядзю свае зямлі не аддавалі? А што на гэта скажаш пры маёй сытуацыі, калі я ад фронту такога драпака даваў, што ня пядзі, а цэлыя кілёмэтры з-пад абцасаў сыпаліся.

— Ды я пакуль больш на кілішак арыентуюся, — адказваю я Паліханаву, — а пра іншае яшчэ ня думаў.

— Ну, то заходзь да мяне, у мяне рознай ёсьць: і шнапс, і маскоўская. Заходзь, выпжем, паталкуем.

Гм… зайсьці, вядома, можна. Чаму-ж не паталкаваць? Але што, калі ён зноў насядзе на арыентацыю? А Паліханаў, трэба сказаць, чалавек не надзейны: ён здольны на ўсе бакі арыентавацца.

Увечары пытаўся пра гэта ў Сымона: «Ты, — кажу, — у палітыцы куды арыентуешся: на ўсход ці на захад?»

— Я, — кажа, — ні туды, ні сюды, я — тутэйшы. Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі. Дзякаваць Богу, ніколі нікуды ня езьдзіў, і мне нікога ня трэба.

— Але ўсё-ж, — кажу, — нейкую палітычную лінію ты мусіш мець, бо цяпер кажны якую-небудзь лінію гне.

— А я, — кажа Сымон, — ніякай лініі ня гбаю. Ведаю я гэтыя лініі. Пачні гбаць, то будзе якраз тое, што зь серабранскім Хвэськам было. Той гэтую лінію ад сямнаццатага году пачаў гбаць. Ну, гбаў яе, гбаў, аж да трыццатага году, а тут яго ГПУ як хапанула, ды й самога ў дугу сагбала. Кажуць, дзесь на Сыбіру зусім загнуўся. Вось табе й лінія. А мне, браток, абы ціха. Жонка е, хата е, дзеці будуць. Вось і ўвесь мой кірунак.

Бясспрэчна, Сымон чалавек зусім апалітычны. Мне, як культурнаму, так разважаць ня выпадае… Але зноў-жа й з палітыкаю адны турботы. Вось тут і круціся, пакуль трапіш на сваю лінію. Паспрабую тымчасам арыентавацца на абодва бакі, але так, каб было ледзь значна.


5 жніўня. Ізноў чытаю газэту. Сымону асабліва спадабалася паведамленьне пад назовам «Бамбавозы Герынга над горадам Сталіна».

— Аддаў-бы, — кажа, — і каня й панарад, абы толькі паглядзець, як нашыя былыя правадыры ды з Крамля драпануць. То было-б пацехі. Ня дзіва, калі й нагавіцы памяняюць. Ведаю я гэтыя бамбавозы з практыкі.

Яська Разак выказаў думку, што нядрэнна было-б цяпер апынуцца ў Маскве:

— Во дзе дабра падгарнуў-бы, — кажа, — тым балей, што ўжо й практыка.

Думка Разакова, відаць, шмат каму прыйшлася да густу, бо ўсе неяк разам прыціхлі ў чароўных мроях, некаторыя ўздыхнулі, а Рыгор, дык той нават аблізнуўся.

Абжявы ў газэце выклікалі сьмеху. Пішуць, каб паадносілі прадпрыемствам рэчы, якія парасьцягнулі падчас вайны. Ну, хіба-ж вернуць? Ды ніколі! Сымон, дык той адразу сказаў:

— Дарэмныя турботы. Не аднясуць. Дзе вы бачылі, каб чалавек чужое зьвярнуў? Будзе якраз тое, што ў нас у камбінаце было. Зрабілі гэта ў нас нейкую касу, казалі, што ўзаемадапамогі. Ну, як звычайна было. Спачатку гэта пакрычэлі на сходзе, паагітавалі, а нарэшце й кажуць: «А цяпер, грамадзяне, давайце дабраахвотныя ўзносы ў абавязковым парадку».

Што будзеш рабіць? Мы, ведама, склалі гэтую складчыну, па рублі, па другім, адзін месяц, другі. А калі ўжо ў скарбонцы грошы троха наскрэблася, мы й шуганулі па дапамогу: хто на дзіцё просіць, хто на хворую жонку, што здаровая, як сьвежы сыр, а хто на цешчу вымагае, якую хаваць трэба, а яна тымчасам паміраць ня хоча. Зразумела, кажны браў матыву самую далікатную й важкую. Толькі гэта мы да касы, ажна — тпру, грошай няма. Дзе, пытаемся, нашыя рублі? А той член, што скарбонку гэтую трымаў (ні то прафсаюзны, ні то парцейны, цяпер ня памятаю), такі быў хвацкі — зь пяску мог вяроўку зьвіць ды ёю-ж цябе й задушыць. Дык вось ён і кажа:

— Грошы няма й ня будзе. Я іх усіх рашыў дашчэнту.

І што-ж вы думаеце? Колькі яго ні прасілі, колькі ні саромелі, навет пагражалі, нічога.

— Што ў мяне, — крычыць, — варштат, каб грошы рабіць? Няма, дый годзе. Адкасьніцеся!

Так і адкаснуліся. І скончылася нашая ўзаемадапамога — сабедапамогай. Так вось будзе й тут. Бо хто, прыкладам, аднясе малочнаму заводу, скажам, бідон, калі чалавек ужо ў бідон алею нацадзіў ці шпэку націскаў? Ніхто не панясе. Я народ ведаю.

Із Сымонам нельга не згадзіцца.


6 жніўня. Бачыў нейкі дзіўны сон. Нібы я ў Маскве. Толькі, здаецца, скончыўся налёт, а я чамусьці ў ювэлірнай краме стаю. І вось, быццам кладу я гэта ўва ўсе кішэні гадзіньнікі, пярсьцёнкі, ды ўсё залатыя, з дыямэнтамі. Золата й яшчэ золата. Толькі гэта я набраў поўныя кішэні й наважыў выйсьці, як пачуў нейкі гул, нібы гром. Я ў дзьверы, а перад самай крамай вялічэзны натоўп. Сьцягі навокал, музыка, тысячы людзей. Я ўжо быў нацэліўся пад прылавак сігануць, ажна чую, мяне нехта бярэць пад рукі й выводзіць з крамы. Напалохаўся я страшэнна, ажна нядобрае зрабілася (пра гэта я пазьней даведаўся, як прачнуўся). І вось з натоўпу выходзяць трое, набліжаюцца да мяне, схіляюцца нізка-нізка дый кажуць:

— Ты, Іван Іванавіч — цар Чужанінаў. Садзіся, цару, у Крамлі, кіруй намі, кіруй заместа Сталіна! Просім цябе. Просім! Ура! Аркестра! Музыкі, грай камарынскую!

Толькі гэта я расчыніў рот, каб згадзіцца, ажна раптам нешта як грымне! Я прачнуўся (відаць, жонка няўдала павярнулася). Расказаў пра гэты сон Рыгору й Сымону. Рыгор кажа, гэты сон глупства.

— Каб ты, — кажа, — ня золата бачыў, а наадварот, то гэта было-б к прыбытку, а так — дрэнь.

Сымон, наадварот, даводзіць, што сон нешта значыць:

— Што, — кажа, — азначае — добрае ці дрэннае — ня ведаю, але нешта азначае.

Ці не схадзіць толькі да варажбіткі? Надта ўжо дзіўны сон. Раіўся пра гэта з тым прафэсарам, што падлічваў, колькі вайна каштуе. Але гэты дзівак сказаў, што хоць навука разьвязала ўжо ўсе пытаньні, але, што такое сон, яшчэ ня ведае, а таму ён і ня можа параіць, ісьці да варажбіткі ці не. Давядзецца, мабыць, схадзіць.


7 жніўня. Рыгор нечакана зрабіў выбрык. Не пайшоў ні па разьмеркаваньні, ні па жыльлёвых справах, а падаўся на нейкі склад. Там ён нешта прыймае й штосьці выдае. Праца, відаць, плённая, бо дом пачаў расьці, як грыб пасьля дажджу. Хутка будзем спраўляць улазіны. Сымон з гэтага поваду жартуе, што тэмпы ў Рыгоравым прыватным будаўніцтве лепшыя за бальшавіцкія стаханаўскія.

— Відаць, — кажа ён, — што Рыгор на гэтым складзе больш прыймае, чымся выдае, бо, відавочна, намнажаюцца нейкія рэшткі, што ня месьцяцца на складзе.

Рыгору гэтыя жарты не падабаюцца, а жонка Рыгорава, дык тая проста казала, што Сымон зайздросьціць. Так, відаць, Рыгору можна пазайздросьціць, калі чалавек ня будзе дурным ды не прасыпецца.


8 жніўня. Варажбітка наваражыла Апанасу, што сьвіньню ўкраў свой блізкі. Дзюрка цяпер ходзіць па ўсіх суседзях ды ўсё прынюхваецца, ці не пахне адкуль сьвежанінай. Дзівак! Ведама, што ўкраў свой, але хіба-ж ён дурны, каб табе сьвежанінным пахам у нос пушчаць? Ён, браток, на Пярэсьпе зварыць, а на Камароўцы зьесьць. Злаві тады пах, калі ты такі майстра. Але, што казаць? Дзюрка й ёсьць дзюрка.


9 жніўня. Маржі Іванаўне занёс паўкілі цукру й пляшку алею. Трохі паморшчылася, але ўзяла. Расказала пра тры ведамыя ёй выпадкі, што мужы пакінулі сваіх жонак і перабраліся з усім сваім скарбам да другіх.

Ці не пад мяне яна паджяжджае? Калі так, то гэта, даражэнькая, дарэмныя турботы. Мая Ніна Паўлаўна да гэткае катастрофы не дапусьціць, каб аддаць сваё дабро перавалачы ў чужую хатуь яна дабра з-пад сябе ня выпусьціць, хоць з гарматы страляй. Ды й мне такая камбінацыя не да густу. Я мяркую на два франты дзеяць, па ўсіх лініях…


10 жніўня. Байцоў прынёс швэйную машынку. Частаваліся. Ён хоць і хваліўся, што ўсякія мадэры мае, а тымчасам малясоўку смактаў ня горш за Яську. Выцадзілі два літры. Ён ужо ледзь пальцамі варушыў, а ўсё яшчэ ківаў на пляшку:

— Нацадзі яшчэ… па малой…

Добра, што жонка скеміла вады ў пляшку наліць, інакш, ня ведаю, чым бы гэта частаваньне скончылася.


11 жніўня. Здарылася канфузьлівая рэч. Учора пайшоў праводзіць Байцова (у яго ўжо ногі не цыркулявалі) ды па дарозе назад трапіў нейкім парадкам не да хаты, а да Маржі Іванаўны. Прачнуўся сёньня не ў сваёй хаце ды лыпаю вачыма, як дурны: дзе-ж гэта я? Чую, за пераборкай голас Маржі Іванаўны — із прыяцелькай сакочуць. Відаць, знарок паклікала — на сьведку. Ну й бабы! Да чаго-ж шкоднае стварэньне! Хацеў гэта я, затоіўшыся, ляжаць хоць да вечараь можа, пашэнціць, думаю, цішком высьлізнуць праз вакно, аж не — не дала, сьцерва.

- Іван Іванавіч, — крычыць, — чай гарачы. Хуценька піць!

Каб ты смалы гарачай напілася. Прыяцелька сёньня-ж усім раззвоніць, а там і да жонкі дойдзе. Галоўнае, нічога ня памятаю: было што ці не. Каб было, то яшчэ не такая крыўда. А калі на халастую праспаў? Сорам! Канфузія!

Але нічога ня зробіш, мусіў выйсьці. Як прывітаўся, як піў чай, — лепш не ўспамінаць. Да хаты йшоў, як мыла зьеўшы. Жонцы сказаў, што начаваў у Байцова, бо ўжо позна было.

Трэба Байцова папярэдзіць. А ўсё-ж гарэлка — паганая рэч. Мабыць, трэба кінуць.


12 жніўня. У прафэсара Вадзянецкага пазнаёміўся з беларусамі. Хлопцы як хлопцы — нічога страшнага. І гарэлку куляюць нядрэнна. Але адзін зь іх, зь нейкім дзіўным прозьвішчам, Янка Шчыры, надта ўжо заўзяты. Як выпілі па чарцы, то й пачаў крычэць:

— Мы зробім, мы возьмем! Мы ад Пскова да Чарнігава, мы ад Беластоку да Мажайску.

Крычыць і рукамі махае. Як дайшла справа да Мажайску, я ня сьцярпеў:

— Дазвольце, найшаноўны, спытаць, а хто гэта вам дасьць так шырака размахнуцца?

— Як, хто? Самі! Уласнымі рукамі!

— А калі дадуць па руках?

— Хто пасьмее? За наша крэўнае!

— Ага, так. Ну, то… (у гэтым месцы дзёньніка, паводле нейкіх меркаваньняў, Чужанінаў выкрасьліў пяць радкоў — Л. К.).

Умяшаўся ў гутарку й другі хлапец — Арыентацкі.

— Бачыце, — кажа ён, — вы абодва памыляецеся. Але-ж даруйце, я маю рацыю. Бо калі ўзяць межы ў гістарычным акрэсьленьні, то ёсьць шмат спрэчнага, і тыя вучоныя, з працы якіх я карыстаю, таксама не пагаджаліся ў пытаньні станаўленьня сілы, як адзінага вырашэньня межавых спрэчак.

— Даруйце, шаноўны, і вы, — кажу я, — сіла ўсё робіць. А сіла там, дзе бальшыня, знацца, і бальшыня там, дзе сіла. Вось гэта й будзе справядліва й па закону.

Тут Янка Шчыры ажно падскочыў.

— Вы, — крычыць, — вялікадзяржаўнік, вы маскоўскі імпэрыялісты, вы драпежнік! Усіх скруцім у казіны рог!

Яго падтрымаў трэці хлапец, які дасюль маўчаў, Авечка Ахрэм.

— Так, — кажа, — мы гэта зробім, абы толькі дазволілі. А як будзе дазвол, то ўжо й пачнем скручваць. Абавязкова. І межы таксама, калі дадуць, то возьмем, а не дадуць, то не. А скручваць будзем.

Я ўжо й ня рады быў, што сашчапіўся зь імі. Чаго добрага й мяне пачнуць скручваць. Добра, што пакуль прышпілілі толькі маскоўскі імпэрыялізм, а маглі-б і чырвоны прышпіліць. А тады ўжо, Іване, давай нырца на самае дно й ня вытыркайся.

Гэтых трэба высьцерагацца. Калі дачуўся пра гэтую спрэчку Сымон, то казаў, што гэта справа самая звычайная:

— У спрэчках за межы так бывае заўсёды. Калі яшчэ на вёсцы жыў і ў нас аднаго разу гаспадары захацелі зямлю перадзяліць, то за гэтыя межы колькі калоў паламалі, колькі насоў паўгіналі ды сківіц папсулі. Процьму! А Міколу Кульгаваму, дык таму шчэ й рабрыну зламалі. Урэшце ўсяго лепшыя шнуры прысвоілі дужэйшыя. Гэта праўда, што межы дзяліць — трэба сілу мець і хахла не шкадаваць.

Мяне іхныя межы ня надта цікавяць. Але як утрымаешся, калі чалавек гэтак шырака хоча размахнуцца.


13 жніўня. Пілі. Быў выпадак.


14 жніўня. Зноў пілі. Бяз выпадку.


15 жніўня. Бачыў, як сяньня Рыгор валок з працы мяшок нейкага дабра, ажна ўгінаўся. Сымон, які таксама гэта згледзеў, казаў, што гэта добра.

— Калі чалавек сваёй парай арудуе, то гэта шчэ дармо: добры склад і за дзесяць год на сабе не перавалачэш. А Рыгор і за год не адзін раз на рагатку наткнецца, знацца, яшчэ й другім дабра застанецца. На сабе няхай цягае. Ня дай Бог, калі чалавек пачне ўжо з транспарту карыстаць, ну, тады ўжо пішы — прапаў. Будзе якраз тое, што з Міхасём Уловічам было. Пакуль той цягаў на сабе, усё добра было, а як ужыў мэханізацыю — прапаў. Не пасьпеў ён і двух рэйсаў, як казаў, скамбінаваць, ажна й накрылі яго з шапкаю. Праўда, той ня любіў анучы ў вадзе сушыць — хутка выскрабаўся, але ўжо голы, як бізун. Мэханізацыя — рэч не надзейная!

А ўсё-ж Рыгорава праца зайздросная. Ці не падацца мне па такой лініі? Раіўся з Рыгорам.

— Табе, — кажа Рыгор, — як спэцыялісту просты ход на Ўправу.

— Але-ж там, — кажу, — мова, а я ня ведаю па-іхнаму.

— Якая мова? Дзівак! Калі ведаеш «выбачайце» й «будзьце ласкавы», то й ўсё ў парадку. Там такіх, як ты, хоць грэблю насьцілай.

Трэба гэтую справу памацаць, бо надта-ж ужо зайздросна на Рыгора глядзець.


16 жніўня. Быў у прафэсара Ванава. Нічога. Трымае сябе, як сьлед. Пра старое — ані гуку. Раіўся зь ім наконт працы.

— Што-ж, — кажа, — гэта можна. Сваіх людзей заўжды падтрымаюць.

А жыве ён, відаць, нядрэнна, і харчоў мае. Як частаваў, то й масла паставіў, і цукру, і каўбасы, навет і віна бутэльку адшкадаваў. Нічога! Нашыя не прападуць! Дармо, што той крычыць: хай дадуць! хай дазволяць! Пакуль ты будзеш «хай» ды «хай», а мы тымчасам і апануем… Жыць трэба ўмеючы.


17 жніўня. Проста дзіва, які чалавек жывучы. Сяньня зь Яськам Разаком сустрэў тую старую порхаўку, што нам назаляла, як склад парадкавалі, ды сароміла нас. Я ўжо думаў, што ён даўно душой загавеўся, ажна не — шкандыбае па вуліцы, праўда, абшарпаны, але жыве.

— Ну, як у вас, — пытаюся, — жывот із сумленьнем ня надта спрачаецца? Да бойкі яшчэ не дайшло?

— А ў чым рэч? — пытаецца.

— Ды як-жа, Вы-ж крычэлі, што рабаваць нясумленна. А цяпер што скажаце?

- І цяпер тое скажу: дрэнна рабілі, нясумленна.

Сказаў і зноў пашкандыбаў. Во дзе ўпартая порхаўка! Ну, хоць-бы пашкадаваў, што ня выкарыстаў моманту. А можа й шкадуе, ды сорам прызнацца. Напэўна так, бо ня можа быць, каб гэткіх дзівакоў зямля на сабе трымала.

Калі мы ўвечары расказалі пра гэта Сымону, дык ён ані не зьдзівіўся.

— Чорт яго, браткі, ведае, можа й не шкадуе. У жыцьці здараецца, што на чалавека хвароба такая находзіць — малахолія завецца. Быў у мяне адзін знаёмы, які жыць ня мог, каб не цягнуць. А калі які дзень ня сьцягне, то хварэе. А цягаў усё, што пападзе. Ды такі ўжо быў люты — роднага бацьку мог з кашаю зьесьці. І вось раптам яму заняло: не цягне ды ўсё. Хоць ты яму ў кішэню кладзі — не бярэ. Зарвала зусім. Знацца, найшла на яго гэтая малахолія. І тут ніякія лекі не памогуць, і чалавек прапаў.

Бадай так яно й будзе. Выходзіць, што ў кажнага чалавека ёсьць пункт, што із сваёй дарогі яго зьбівае. І ўсё-ж чалавек жыве. Дзіўна.


18 жніўня. Сымон прывёз аднекуль бочку газы. Кажа, што на нейчым пагарэлым двары качалася, там ён і сустрэўся зь ёю — лоб у лоб.

— Але як гэта здарылася, дзівіліся мы, скрозь усё згарэла, а бочка з газай — не.

— Нічога дзіўнага, — адказаў Сымон, — не згарэла, бо шпунтам заткнёная была.

— Але ўсё-ж, — кажам, — газа? Калі камень і той гарыць.

— А чэрці яго, зрэшты, ведаюць, я ня хэмік, каб усё ведаць.

Брэша! Хэмік зь яго адмысловы, бо мы так і не дазналіся, скуль прывалок газу. Цяпер мяняе газу на самагон і маляс. Разак даваў за літру газы паўлітры самагону — не бярэ.

— Ну то каб ты лепшага ніколі й ня піў, як тая газа, — раззлаваўся Разак, — дарма не вазьму ў такога зьдзірцы.

— А я такому злыдню й за тышчы літры не аддам. Жлукці сваю самагонную поліўку ўпацёмках — больш разьліеш.


19 жніўня. Прафэсар Фэцкі нарэшце дакладна вызначыў, колькі вайна каштуе: выходзяць штодня два мільярды сто восем рублёў пяцьдзясят сем і пяць дзясятых капейкі.

— Калі-б, — кажа, — адзін дзень не паваявалі, то ўсе людзі, што з усіх бакоў абляпілі гэтую гліняную галушку, якую завуць зямлёй, маглі-б увесь дзень ляжаць барадою да сонца й нічога не рабіць, а харчоў было-б кажнаму на залатога рубля, ды яшчэ эканоміі засталося-б на сто восем рублёў і пяцьдзесят сем з паловаю капеек. А як вайна ўжо йдзе пацьдзесят дзён, то вось і лічыце, даражэнькія, колькі чалавецтва на гэтым страціла.

Калі даведаўся пра гэта Апанас Дзюрка, дык аж абурыўся:

— Брэша! Можа чалавецтва й страціла, а я то не. Бо калі вайны ня было, то я рабіў, а харчоў і на залатоўку ня меў, а цяпер пальцам не варушу, а ўжо, дзякаваць Богу, трэйці месяц ем пшэнныя бліны з макам. Не! Штосьці ягоная навука нейкая кульгавая.

Тае-ж думкі трымаецца й наш вінакур, Яська Разак.

— Твой прафэсар, — кажа, — зусім дзівак. Шкада, ты мяне ня спусьціў з гэтым тваім вучоным, я паказаў-бы яму матэматыку. Вайна — страта для чалавека! Чулі? А ці ведае ён, кіслая брага, што вайна шмат каго на ногі паставіла? Другога раней і чалавекам саромеліся назваць, ды ён зусім і не чалавек быў, а так — мроя нейкая. А вайною так акрыяў, што яму й фігаю носа не дастанеш. А ён кажа — страты. «Барадою да сонца ляжаць»… Узяў-бы цябе за рыжую бараду ды патрос як сьлед за такія словы. Каб мая воля, то я ўсе такія навукі пакасаваў-бы ўшчэнт — хай ня брэшуць і не ачмучваюць людзей.

Але Сымон дык той ня згодзен зь імі:

— Хоць я заўжды кажу, што ўсе прафэсары дзівакі, але здараецца, што й яны маюць рацыю. Быў у нас пры Акадэміі адзін такі дзівак. Ён таксама ўсё лічыў. Ліча й ліча. Бывае, і на сьнеданьне забудзецца. І вось аднаго разу ён вылічыў, што каб усіх людзей з усяе зямлі прывалок у вадно месца ды паклаў адзін на аднаго, то выйшла-б куча ўсяго толькі кілёмэтр ушыркі, кілёмэтр удоўжкі, кілёмэтр увышкі. Вось я тады падумаў: каб з гэтай кучы адтрэсьці хоць дзясятую часьціну зладзеяў ды навесьці на іх гармату, то глядзь, што аднэй бомбай усіх і прышчаміў-бы на месцы. Бачыце, як проста па навуцы выходзіць. А служба парадку іх і за дзесяць год не пераловіць. Не! Супраць навукі не кажэце — часам і яна трапляе ў самы пункт.


20 жніўня. Быў на рынку. Адна назва, што рынак, а гандлю ніякага. Бачыў, як адзін дурань збываў калгасьніку мадэльныя туфлі за баханку хлеба. Яшчэ і ўгаворвае:

— Купі, дзядзька, жонцы: гной трэсьці — першы сорт.

А хіба ў такіх туфлях гной трэсьці? У іх факстроты выдрэнчваць і то шкада. Дзядзька паўзіраўся на іх, пастукаў пальцам пад падэшвай дый памяняў.

— Навошта гной, — кажа, — мая дачка ў іх лявоніху паскача. Цяпер, — кажа, — можам і мы сабе такое ласунства дазволіць.

Нацягаў, мабыць, калгаснае мукі, як і той мадэльнік туфляў, вось і дазваляюць сабе. Я больш ня мог глядзець на такую несправядлівасьць ды ўцёк з рынку.


21 жніўня. Хадзіў да Ўправы. Нічога страшнага. Дарэмна палохаўся. Скрозь усе свае, і язык наш, чысты адэскі. Праўда, сям-там і іхны сьлізгане, навет і мову пачуеш, але так нячаста, што можна й ня лічыць. Малайцы нашыя — мух ня ловяць.

Мацаў адносна якога-небудзь пасаду. Можна. Але я ўсё яшчэ палохаюся. А калі часам вернуцца? Лепш крыху ўстрымацца. Каля аднаго пакою наткнуўся на Арыентацкага. Жартуе:

— Што, вялікадзяржаўнік, і вы да нас?

— Выбачайце, — кажу, — калі ласка, кажу, я ніколі…

— А, то добра, добра… Пачынаеце й вы крыху беларусізавацца. Добра, добра…

Дзівак! Я табе шчэ ня так зьбеларусізую. Дай толькі ўмацуемся.


22 жніўня. Вярнуўся Буркун. На чалавека страшна глядзець — скура ды косьці. Быў да гэтай пары ў бальшавікох ды нейкім парадкам сьлізгануў із фронту.

— Чаго-ж цябе, — кажу, — нялёгкая паперла аж на фронт? Хіба ня мог раней драпануць?

— Не кажы. Добра, што жывы вярнуўся. А больш мяне на фронт і гвалтам не зацягнеш. Ды хто-ж мог спадзявацца…

Нічога! Гэты выхадзіцца. Нездарма ў кандыдатах лічыўся.


24 жніўня. Усе ўзяліся паліць кнігі. Разак спаліў блізу ўсё, што меў, толькі падручнікі не пасьпеў, бо сын недзе схаваў. Сымон паліць усю палітыку.

— Я, — кажа, — гэтую палітыку скрозь-бы пусьціў з дымам, на ўсёй зямлі: ад яе людзям адзін ачмут, а больш нічога.

Рыгор таксама кажны дзень пэўную порцыю ў печ кладзе. А з суседняй вуліцы нейкі бухгальтар, дык той так асатанеў, што абы згледзеў якую паперыну, то адразу ў печ.

— Не магу, — кажа, — глядзець на кнігу, ад яе ў мяне хвор нейкая пачынаецца…

Не паляць кніг толькі Апанас Дзюрка й прафэсар Наязноў. Першы таму, што ў яго праз усё жыцьцё ніякае кнігі ў хаце ня было, а Наязноў кажа, што ён пакуль устрымліваецца.

А я зрабіў хітрэй. Сёе-тое, ведама, спаліў, а Леніна й Сталіна ды гісторыю ВКП, на ўсякі выпадак, закапаў. Хай ляжаць — у зямлі яны есьці ня просяць. Згніюць — страта не вялікая, а калі часам спатрэбяцца? Вось я тут іх і выкладу: «Бачыце, які я свой, ды яшчэ й падкаваны». Вось тое-ж! А дурні заўсёды па-дурному.


25 жніўня. Сяньня мірылі Апанаса Дзюрку зь ягоным шваграм. Пасварыліся, як цьвякі дзялілі. Цьвякі яны цягалі супольна, а сяньня раскладалі на душы. А швагра ягоны вельмі ўжо спрытны чалавек: калі захоча, дык можа сам сабе ў вочы плюнуць. Вось ён і абжехаў Дзюрку на цэлую скрыню. Неяк вельмі спрытна перасморгнуў, як раскладалі цьвякі на кучы. Апанас, хоць і варона, а гэты фокус згледзеў.

— Ты што, — крычыць, — фальшуеш? Хіба сумленныя людзі так робяць?

Пачалося пералічэньне, сварка, а пасьля й за чубы ўзяліся. Мы ледзь іх разьвялі й самі расклалі цьвякі на роўныя кучкі. Хай у згодзе спажываюць.


26 жніўня. Жонка штосьці надзьмулася й паглядае падазрона. Ці не ўвялі ёй у вушы пра Маржю Іванаўну. Шкада, калі так, бо адносіны з Маржяй Іванаўнай увайшлі ўжо ў пажаданую плынь, і аскоміны яшчэ не набіў. Трэба зноў падвоіць асьцярожнасьць. Ох, цяжка спраўляцца на два франты.


27 жніўня. Сяньня меў неспадзяваную цікавую сустрэчу. Бачыў свайго старога знаёмага — Выпівоніч-Ецкага. Ведаў яго шчэ за царом. Быў ён тады абшарнікам, меў ладны маёнтак, ну, і жыў нядрэнна: скварку й чарку меў штодня. У сямнаццатым годзе ён чагось не пагадзіў з бальшавікамі, а біцца зь імі ня меў ахвоты й з гэтае аказіі паціснуў на захад. А цяпер вярнуўся. Гляджу й дзіўлюся: чалавек амаль не зьмяніўся, толькі пагрубеў трохі, а такі-ж здаровы, чырвоны, як рыжык.

— Відаць, — кажу яму, — на эміграцыі Вам нядрэнна паводзілася?

— А так, так, — кажа, — хоць маёнтку там і ня меў, але пасад нядрэнны давалі. Ды я нідзе не прападу — натура ў мяне такая… зацэпістая.

Відаць, што не прападзе. Цяпер езьдзіў у былы маёнтак, мабыць, там таксама нейкія меркаваньні мае. Але наўдачу, каб з гэтага што выйшла.

Калі ішоў дахаты, то ўсю дарогу думаў пра тое, чаму так дзіўна збудаваны белы сьвет. Адзін, бывае, і чалавек ня дурны, а праз усё жыцьцё, як белка ў калясе, матаецца за скарынку хлеба, а другі — так сабе чалавечак, звычайны, а ўсё жыцьцё на правох госьця: пірог ды яешня. Увечары ў нашай парафіі на гэтую тэму быў дыспут. На гэтую справу кажны глядзіць па-свойму. Апанас, напрыклад, казаў, што як толькі чалавек радзіўся ў кашулі, то ўжо так і ведай, што яму праз усё жыцьцё будзе Вялікдзень. Разак даводзіў, што ў кажнага чалавека свой лёс — як каму пашанцуе. Рыгор націскаў на тое, што ўсё залежыць ад розуму:

— Калі чалавек мае галаву, дык не прападзе.

— А з галавою не прападаюць? — пытаемся.

— Калі й прападаюць, то, мабыць, галава ў патрэбны момант ня здолела варыць, а то не прапаў-бы.

Сымон моўчкі слухаў усе гэтыя разважаньні, не перашкаджаў, а нарэшце й кажа:

— Глупства вы ўсё гэта гаворыце: і лёс і розум — усё гэта дрэнь, і галава дрэнь. Галоўнае ў чалавека — жывот. Калі я шчэ ў анатомцы працаваў, то быў у нас адзін доктар, дзівак страшэнны. Іх там у нас шмат было, і кажны зь іх рабіў як трэба: сяньня ногі рэжа, заўтра ў мазгох калупаецца, а той дзівак дык заўсёды жываты паласаваў. Крэмзае іх ува ўсе бакі ды ўсё чагось углядаецца. А што ў жываце ўбачыш, апрача дрэні? Вось я аднойчы й пытаюся: чаму гэта Вы, Сямён Мікалаевіч, жываты ўсё шастаеце? Вы-б у галаве пакалупалі. Можа там цікавей?

— А што ў галаве калупаць? Мазгі, - кажа, — гэта дрэнь, густы кісель і больш нічога. І галава, — кажа, — патрэбна чалавеку хіба як покрыўка для тулава, каб у жывот лішняя вада не зацякала. Бо сам бачыш, што кажны чалавек жыватом наперад ходзе, а не наадварот, а значыцца, і ўсё чалавецтва жыватом наперад рушыць…

— Я тады пасьмяяўся зь ягоных словаў. Але неяк пазьней давялося мне тры дні ня есьці. Дык што вы думаеце? У галаве ніякае думкі, апрача тое, пра што кажа жывот. Вось тады й паверыў таму дзіваку-доктару. Знацца, калі чалавек не прападае, у яго спраўны жывот, а галава тут зусім лішняя.

Сымон сказаў гэта так пераканальна, што блізу ўсе згадзіліся.


28 жніўня. Але-ж да чаго цяпер спрытны народ пайшоў! Толькі пазірай ды дзівіся. Стаімо гэта мы сяньня на біржы, разглядаемся. А тут каля нас і Круглоў трэцца. Асоба такая імклівая й досыць размаітая. Працаваў ён за саветамі й нейкім тэхнікам, і транспартнікам, і асьветнікам, наагул, спэцыяльнасьцяў мае шмат, а тымчасам ніводнае. Пакуль гэта мы паволі прыслухоўваліся, што, дзе й як, а тымчасам зь біржы выходзіць дзядзька з барадою ды кажа:

— А хто, — крычыць, — ёсьць крысаловы? Добрыя ўмовы. Пацукоў, знацца, лавіць. На «Заготзярно».

Ну, ведама, мышалоўная спэцыяльнасьць цяпер даволі рэдкая, і таму ніхто надта й не адгукнуўся на гэты заклік. Пракрычэў гэта ён некалькі разоў ды змоўк. І вось, калі ўжо здавалася, што мышы цалкам апануюць гэтым «Заготзярном» з прычыны адсутнасьці належнага спэцыяліста, у гэты, як кажуць, крытычны момант на сцэну вырываецца Круглоў:

— Я, — крычыць, — магу мышэй лавіць! Курсы на гэта канчаў! Дыплёмы маю!

І панёсься за барадою. А праз часін дзесяць вяртаецца й паперкаю з накіраваньнем махае:

— Ну, — крычыць, — трымайся, мышы! Круглоў ідзе.

— А як ты, — пытаемся, — лавіцьмеш гэтых мышоў? Ты-ж ня спэц.

— Даражэнькія, нешта злаўлю. Калі ня мыша, то хоць збажыны якой. Гэта-ж «Заготзярно».

І пайшоў мышэй лавіць. А я ведаю, што ён ніколі нічога, апрача мух, не лавіў. Вось гэта спрыт! Такі чалавек нідзе не загіне.


29 жніўня. Маржі Іванаўне зноў занёс пшанічнае мукі й цукру. Нічога ня зробіш — трэба падкормліваць. Казала, што хутка вернецца лейтэнант. «Ад пэўнага чалавека чула». Можа гэта яна мяне палохае, а можа й запраўды ёсьць такія чуткі? Трэба папытацца ў Наязнова: ён на гэтыя рэчы знаўца.


30 жніўня. Рыгор спраўляў улазіны. Ну, трэба сказаць, што такога баляваньня я шчэ ня бачыў. Было літаральна ўсё. А гарэлкі — Божачка мой! Хоць анучы палашчы. Усе мы стараліся каля яе досыць дружна. Пасьля пачаліся прамовы. Рыгора віталі, хвалілі ягоны спрыт і розум, ягоную вытрываласьць. Ды й як не хваліць, калі чалавека навет агонь не бярэ. Згарэў ушчэнт, а праз пару месяцаў зноў у сваёй хаце, дый абсталяванай лепш за ранейшую. Не, такі чалавек варты пашаны. Навет і Сымон у сваёй, хоць і кароткай, але гарачай прамове адзначыў гэта:

— Што-ж, — казаў Сымон, — што Рыгор выгляду ня мае? Што, пытаюся ў вас, з таго, калі наш паважаны сусед з выгляду як-бы й дурань які? Выгляд гэта, кажа, дрэнь, глупства. Другі бывае й выглядам паважны й гэтым за разумнага сябе ўдае, а загадай паміж трох сьвіней зацірку падзяліць — не патрапіць! А Рыгор падзеліць! Ды так падзеліць, што яшчэ й сабе застанецца. Вось у чым сэнс! Вось у чым, кажу, уся навука. Хай жыве Рыгор!

Мы дружна выпілі за Рыгора, таксама й за ягоную жонку, але ў канцы ўсяе справы нашае лагоднае частаваньне ледзь не сапсуў Апанас Дзюрка. Сярод іншых пачастункаў ён неяк згледзеў на стале сьвежаніну і ўспомніў, што ў яго калісь укралі кабана, і што варажбітка паказала на свайго. Гэта ў яго сфармавалася ў пэўную думку, якая й выклікала рэальныя чыны. Ён падняўся, грымнуў кулаком па стале і, хоць ня зусім выразна, але досыць станоўка, загадаў:

— Пакіньце жэрці! Мая сьвежаніна! Украў! - і яшчэ раз грымнуў.

Але мы яго хутка супакоілі: нацадзілі ў ягонае чэрава літровую конаўку «ярша», пасьля чаго ён зусім астаўпеў і забыўся ўжо пра ўсё на сьвеце.

Так мы лагодна й скончылі баляваньне.

— Дай Божа так кажнаму пагарэць, як Рыгор, — казаў Загржэмбіцкі, калі мы ўжо разыходзіліся.


31 жніўня. Сяньня жонка сьцягала ў царкву. «Ідзі, кажа, грахі адмольваць, распусьнік». Мабыць, ей нешта сплялі. Няйначай. Таму я надта й ня ўпіраўся. Узяла гэта яна трохі натураю (грошы, кажа, Богу не патрэбныя). Ну й пайшлі. Хто моліцца, а хто й так. Пастаяў гэта я трохі і, як толькі жонка адхінулася спарадкаваць прынесеную натуру, я й сігануў за дзьверы.

Ля царквы народу шчэ больш. Тут я назіраў адну цікавую зьяву, якая мяне пераканала ў тым, што ні ў якай справе нельга быць надта заўзятым. Нейкі былы актыўны бязбожнік у сувязі са зьменаю агульнага кірунку зьмяніў і свае перакананьні й паціснуў з бязбожнай ячэйкі ды ў панамары. А якаясь цётка расшыфравала ягоны манэр і, згледзеўшы былога бязбожніка каля царквы, счапілася зь ім:

— Прэч, — крычыць, — бязбожнік, прэч адсюль! Не пагань сьвятога месца.

Тут народ зграмадзіўся, цікава ўсім.

— Завошта яго, цётка, гоніш? Што ўкраў?

— Гад, — крычыць, — нядаўна ячэйкай кіраваў, нас цягнуў у бязбожнікі, а цяпер у сьвятое месца лезе. Прэч!

— Няхай лезе, — кажуць людзі, - што табе, цётка, сьвятога месца ня хопіць? Шкада? Можа чалавек пакаяўся?

Рыжы бязбожнік, якога цётка так упорыста гнала ад царквы, трохі зьбянтэжыўся, але шчэ трымаўся з гонарам:

— А можа я, — кажа, — маскаваўся, калі быў бязбожнікам? І я заўсягды ў Бога ўвяраў!

Справа скончылася тым, што ўпорыстая цётка прагнала-ткі рыжага бязбожніка. І варта: ня трэ быць такім упартым.


1 верасьня. Любоўная праблема ўсё больш хвалюе нашую ваколіцу. На суседняй вуліцы, Берасьцейскай, сяньня муж разыходзіўся із жонкаю, зь якой жыў два гады. Прыйшоў гэта ён забіраць свае рэчы, а жончына сямейка, дасканальна ўзброеная, атакавала яго пры самых дзьвярох. Жонка ізь вілкамі, цешча зь мяшалкаю абышлі з флянгаў, а цесьць зь нейкім адмысловым уруччам зайшоў з тылуь узялі, як кажуць, у мяшок ды так пачалі пыл выбіваць, што небарака-наважон ледзь выратаваўся. Прыходзіць ён да новае жонкі ўвесь у сіньцох. Ажна й тут пры самых дзьвярох ваенная застава — ня прыймае й новая.

— Дзе рэчы? — пытае. — Няма! Ну, то й мяне няма! Мне галандранцаў ня трэба!

Не прыняла. Цяпер мужык ходзіць па суседзях, скардзіцца, асабліва на тое, што новая жонка так празаічна паставіла любоўнае пытаньне:

— Ды я-ж, — кажа, — даводзіў, што шчасьце ня ў рэчах, а ў каханьні, а яна й слухаць ня хоча. Ты мне, — кажа, — вады ня муці! Прыйдзі з усёй маёмасьцяй, тады й каханьне будзе на ўсе сто дваццаць адсоткаў, а бяз гэтага — вэк! цурык! І дзьвярыма бразгае. Гэта мяне горш за ўсё крыўдзіць, што яна цвыркае. І скуль яна гэтага навучылася?

І апынуўся цяпер чалавек пры дзьвюх жонках і бяз хаты. Вось палажэньне!


2 верасьня. Рэзалі — дваццаць адно. Рыгор прайграў дзьве тысячы, Дзюрка з паўтысячы. Выйграў я й Разак.


3 верасьня. Быў у гасьцёх у інжынера Паліханава. Шкадаваў, што пайшоў. Праўда, пачастунак быў адмысловы, але гаспадар мне ледзь душу ня выматаў. Прысукваўся, як з нажом да горла:

— Ну, што будзеш рабіць, як вернуцца? Куды дзенешся?

І так гэта націскае, што быццам ужо й вярнуліся.

— Ды шчэ-ж, кажу, не вярнуліся, чаго мне загадзя думаць… А тады нешта скамбіную.

— Не, ты цяпер скажы!

Я хоць і пжяны быў, але патрапіў сплесьці нешта такое двойчы дубальтовае, што й сам не зразумеў.

— Хітры ты, — кажа, — чалавек, — але ўжо больш не прысукваўся. Ад мяне, браток, і ад соннага нічога ня выцягнеш. Дарэмна!


4 верасьня. Ізноў быў на біржы. Дзівакі! Прапануюць ехаць на торф. А навошта мне іхны торф, калі я дроў назапасіў? А тарфянога заработку мне яшчэ ня трэба.


5 верасьня. Прафэсар Наязноў дастаў працу. Хоць і не па спэцыяльнасьці, але тымчасам гнуць можна. Хай гне на здароўе. Нашы сілы ўмацоўваюцца!


6 верасьня. Сустрэў Ахрэма Авечку:

— Ну, як, — пытаюся, — жыцьцё?

— А нічога, — кажа, — добра. Ворага сьцігуем памысна.

— А як межы?

— Ну, межы цяпер нашыя напэўна. З захаду нашых падваліла. І хлопцы ўсе — адзін у адзін. Сіла!

Трэ будзе бліжэй падысьці да гэтай сілы ды прыгледзецца да яе. Можа на што й прыдасца.


7 верасьня. Сымон працуе ўжо. Прымайстраваўся возьнікам да нейкай ці то ўстановы, ці то фабрыкі — не разьбярэш.

— Я й сам добра ня ведаю, што шчэ з гэтага выйдзе. Нешта калупаюцца. Аднаўляць, кажуць, будзем. Хай аднаўляюць. Мне клопат не вялікі: дзьве гадзіны на дзень — і ўся работа, а малясу каню даюць. Знацца, самагонку ў мяне цяпер конь дастае. Наагул добра, бо дырэктар — боўтка. Як толькі расшыфраваў яго, то цяпер раблю што хачу. Прыйду гэта да яго, шапку скіну й грымну: Гаспадзін Піпікаў! (яго Піпікам завуць), то што ні прасі — зробіць. Надта любіць, каб гаспадзінам звалі. А мне што, шкада? Ды я цябе хоць чортам, — кажа, — назаву, абы рабіў, што мне трэба. Яму, былому парцейнаму, гэта, можа, і цікава, а мне — плюваць, мне языка не шкада, абы малясу даваў.

Наагул, кажу, каб ня было дурных, то разумнаму надта цяжка было-б жыць.


8 верасьня. Хадзілі із Сымонам аглядаць гароды. Сымон кажа, што кажную справу трэба пачынаць загадзя, каб пасьля ня было мітусьні й хапаніны. Намацалі два ладныя гароды. Былыя гаспадары недзе зьніклі, а бульбы тымчасам шмат.

— На булён хопіць, — сказаў Сымон, — абы скварка.

Хутка пачнем капаць.


9 верасьня. А Фэцкі зноў лічыць. Гэтым разам вылічае, калі скончыцца вайна. Паводле ягоных табліцаў выходзіць, што вайна скончыцца, а калі — шчэ не падрахаваў. Нешта ў яго ў інтэгралах заела: атрымліваюцца вялічыні то бясконца малыя, то бясконца вялікія, так ён і ня можа схапіць за хвост канца вайны. Сымон раіў, каб ён лавіў гэны канец на дарозе, бо ад вялікага да малога ня так многа.

— Тады ўцэліце ў самы пункт, бо найлепш пераймаць у дарозе. Толькі, - кажа, — лічэце ня надта па-вучонаму, дзе сотня менш, сотня больш — ня мае значэньня. Бо для жывога чалавека часам і год нешта значыць. Я ведаў аднаго чалавека, на Пярэсьпе жыў, які дваццаць год чакаў на спадчыну ад багатага дзеда й не дачакаў аднаго году: дзед перажыў яго на адзінаццаць месяцаў і дваццаць восем дзён. Хіба-ж гэта ня крыўда? Вось вы так і лічэце, даражэнькі, каб людзі не пакрыўдзіліся.

А па мне, то хай лічыць, як хоча. Калі скончыцца — для мяне ня мае значэньня.


10 верасьня. Ці то час такі, ці то людзі цяпер такія. Адно — злодзей на злодзеі. Тую бульбу, што мы нагледзелі, - ужо капаюць. Прыходжу сяньня на гарод, а там два дзяцюкі шастаюць бульбоўнікам ува ўсе бакі.

— Што гэта, — кажу, — робіце? Хіба прыватную ўласнасьць ужо скасавалі?

— А даўно, — кажуць, — скасавалі. Цяпер усё агульнае. Няма, — кажуць, — ні свайго, ні чужога.

Вось і гавары з такімі! Ледзь прагнаў. Напалохаў урэшце, што жаўнераў паклічу.

Раіліся з Сымонам, што рабіць. Сымон тае думкі, што цяперашнім часам лепш міска дранікаў на стале, чымся асьміна бульбы на гародзе. Трэба заўтра капаць.


12 верасьня. Два дні капалі бульбу, а пад канец неспадзявана зьявіўся гаспадар. Абурыўся — страшэнна. А чаго, каб хто спытаўся?

— Рабаўнікі! — крычыць. — Хто дазволіў!? Зладзейства! — і панёс…

Сымон ледзь яго супакоіў.

— Ты чаго, — кажа, — крычыш, чалавеча? Якое зладзейства, калі мы толькі ўсяго таго, што ашукаліся. Тут недзе мае цешчы хаціна стаяла й бульба ейная расла. А калі ўсе нумары пагарэлі, то як можна распазнаць, што цешчына, а што тваё. Сам бачыш, што скрозь толькі каміны стырчаць… А нам чужога ня трэба, — скончыў Сымон. — Забірай сваю бульбу.

Мяшкі два бульбы яму аддалі, бо рэшту мы ўжо перавезьлі да хаты. Страта, ведама, невялікая.


13 верасьня. У беларусаў нічога ня будзе, бо надта ўжо вялікі ў іх разнабой. Сяньня быў у Ахрэма Авечкі. Прыйшлі таксама Арыентацкі й Шчыры ды яшчэ нейкі новы, толькі што з Заходняй зьявіўся, зь дзіўным прозьвішчам — Кіндзюк Банадысь. І вось, як толькі зышліся, то адразу й пайшло: хто ў лес, хто па дровы. На адну й тую самую справу кажны глядзіць із сваёй званьніцы. Гутарка йшла пра тое, што ўправу апанавалі чужыя людзі (мяне яны ўважаюць за свайго), а свае па кутох, і якая гэтаму ёсьць прычына. Шчыры вельмі горача насядаў на тое, што яны самі вінаватыя:

— Мы, — крычыць, — стаімо на месцы! Мы сьпімо! Там, дзе трэба дзеяць дружна, мы гуляем у выперадкі! Мы… і г.д. Наогул даводзіў, што яны замала актыўныя.

Авечка на гэта адказаў яму, што ўсё гэта так і ўсё трэба рабіць абавязкова, але як будзе на гэта дазвол.

— Як толькі дазволяць, — скончыў ён, — то мы адразу усіх прагонім і пачнем апаноўваць. Абы дазволілі.

Арыентацкі, наадварот, тармазіў абодвых. Ён даводзіў, што трэба рабіць і так, і гэтак.

— Бачыце, — казаў Арыентацкі, - калі на справу кінуць позірк з аднаго боку, то яно выходзіць нібы й так, калі глянуць із другога, то выходзіць якраз наадварот. Значыцца, бяручы на ўвагу вышэйпаданыя акалічнасьці, трэба рабіць і так, і гэтак або лепш ні так, ні гэтак, а зусім наадварот.

Дыскусія трывала дзьве гадзіны, але ні да чога не дамовіліся. Так яно ў іх, відаць, і надалей будзе: як кажуць, што шапка, то й розум.

Сьвежы чалавек, што прыехаў з Заходняй, у гутарцы ўдзелу ня браў. Ці то ён яшчэ слаба арыентуецца, ці яго іншыя пытаньні цікавяць, бо ў часе прамовы Шчырага ў самым гарачым месцы ён у мяне спытаўся:

— А дзе можна ў Менску дастаць дрожджаў?

Гэты, відаць, не тэарэтык, а больш практык.


14 верасьня. Рынак ажывае, але шчэ слабая прапанова, попыт большы. Прапануюць дрожджы й шчоткі, а попыт узрастае на спажыву.

Выменяў на кілё цукру нядрэнныя чаравікі. Хай будуць у запасак. Вайною скура сьцягваецца. Адно дрэнна — няма шчэ ўсталяваных цэнаў. Але дарма — наладзім і гэта, абы не перашкаджалі прыватнай ініцыятыве.


15 верасьня. У Байцова здарылася аварыя. Папаўся на нейкай надзвычайна шыбельнай камбінацыі. Хацеў пабіць сусьветны рэкорд і за тры дні зрабіцца мільянэрам. Але пад канец гэтай амэрыканскай хуткасьці ў машыне штосьці заела, Сымон казаў, што падшыпнікі згарэлі, бо слаба мазаў… Цяпер сядзіць у «бацькавай хаце» й чакае канца справы. А канец, відаць, будзе незайздросны.


16 верасьня. Жывы чалавек нешта выдумае. Загржэмбіцкі зноў акрыяў. Праўда, цяжка было, але выкруціўся. А пачаў зь іголкі, якую зьмяняў на яйка. Пасьля яйка выменяў на махорку, махорку — на гарох, гарох — на нагавіцы і г. д. Прарабіў штосьці да дваццацёх апэрацыяў, пакуль узьбіўся на тры пуды мукі. А з гэтага ўжо справа пайшла сьліжчэй. Цяпер жыве як сьлед і гора ня мае.

— Мне, — кажа, — цяпер толькі разгон давай ды не затрымлівай, то я, — кажа, — так пайду ўгору, што й ня згледзіш.

І пойдзе. Бо гэта такі чалавек, які ня будзе друшляком зацірку чэрпаць.


17 верасьня. Разак трапіў у канфузнае палажэньне. Пацеха. Пайшоў да свае красуні, а жонка асачыла ды назіркам. Толькі гэта ён у хату да красуні, ажна тут і жонка ў дзьверы бразгае. Мусіў уцячы на гару, а стуль праз нейкае вузенькае вакенца выкінуўся на гарод. Парваў пінжак і зьвіхнуў руку, як праз платы сігаў. Але прыджгаў да хаты раней за жонку. Шчэ пасьля й на яе сварыўся, як дахаты вярнулася, чаму гэта яна немаведама дзе поўзае.

Жонка, мабыць, здагадалася, але жывога доваду ня мае, а таму й маўчыць.

— Мяне, — хваліцца Разак, — жыўцом ня возьмеш.

Спрытны хлапец, што й казаць. Такі і ў вагні не згарыць.


18 верасьня. Сяньня нечакана трапіў на нейкую нібы літаратурную зборку. Паліханаў завёў. «Хадзем, — кажа, — пазабавішся. Часам бывае надта пацешна». Пайшлі. Людзей сабралося шмат. Тут былі і артысты, і паэты, і музыкі, і аматары, і неаматары. Ну, сьпявалі, гралі, дэклямавалі — хто што мог. Чыталі таксама й свае вершы, як кажуць, собскага вырабу. Мяне гэта найбольш пацешыла, бо гэтага я шчэ ніколі ня чуў. Колькі радкоў з гэных вершаў я навет пасьпеў занатаваць. Прыкладам, адзін верш пачынаўся так:


Скок у будучыню.

Засінелі васількамі далі.

Чорнай пжяўкай ўецца на балоце гаць.

Як нас капцюрылі, як нас катавалі,

Гэтага пяром не апісаць.

А канчаўся верш наступнымі радкамі:

Салавейка адсьпяваў за гаем,

Срэбны месяц вісьне на сасьне.

Ну, а мы — чакаем і чакаем:

Можа будзе што, а можа не..

Другі паэт-аматар паморшчыўся на верш першага паэты і, страсануўшы даўгім валосьсем, пачаў свой:


Нырца ў сусьвет.

Усё абсьпявана: ад рэдзькі да выраю.

Што-ж цяпер возьмеш, паэт?

Грукну цымбаламі, бразну я ліраю

І закілзаю сусьвет.

І як пачаў кілзаць, як панёс, дык толькі іскры сыпаліся. Урэшце да таго дасьпяваўся, што ня відаць было: ці ўсіх нас трэба аддубасіць, ці яму спусьціць порткі ды ўсыпаць так, каб больш ніколі не даваў нырца.

Вось гэта, думаў я, паэзія, вось гэта — хараство! Што-б сказаў Пушкін, каб пачуў такое? А Паліханаву вершы спадабаліся.

— Добра, — кажа, — галоўнае — бойкія.

Не, сучасная паэзія мне не да спадобы.


19 верасьня. Сьвет мяняецца, і людзі мяняюцца. Сяньня наглядаў на вуліцы, як два былыя за нешта счапіліся. Насядаюць адзін на аднаго й крычаць:

— Гэта вам ужо мінулася! Годзе! Цяпер новыя парадкі.

І аднаму мінулася й другому мінулася. Цікава, хто зь іх мае рацыю, а хто зь іх адгуляў? Бо, калі абое адгулялі сваё, то чаго цяпер спрачацца? Мабыць, зьбіраюцца гуляць на новы лад абое.


20 верасьня. Што мае пачатак, тое мае й канчатак. Маляс выйшаў. У вытворчасьць мусіў рушыць сапрэлую муку. Разак і гэтым разам паджяжджаў адносна заказу, але дарма — нічога ня выйграў. Пацячэ міма ягонага носу. Склаў суполку: «Вытворчасьць і разьмеркаваньне». Сымону ня надта спадабалася такая апэрацыя:

— Не ляжыць, — кажа, — у мяне душа да гэтых суполак. Тут нямінуча нехта некага ашукае: або ты суполку, або яна цябе. Бо дзе ты цяперашнім сьветам знойдзеш чалавека, каб ён ротам мух лавіў, падумай!

Што праўда, то праўда. Ну, але й я не пакульлем падбіты. Тым больш, што й супольнікі ў ашуканасьцьве шчэ ня надта адукаваныя. Дзюрка, хоць-бы й хацеў, дык ня ўмее, а Наязноў — той ужо зусім тэарэтык. Адзін назоў, што прафэсар, а спрыту ніякага.


21 верасьня. На фроньце дзеецца нешта дзіўнае. Петраград абкружаны, Будзённы абкружаны, а разам зь ім абкружаны яшчэ тры арміі. Суцэльнае акружэньне, а генэрал Чыстоў — той яшчэ лепш — трапіў у палон на самай перадавой лініі. Прызнаўся, што ня ведаў, дзе фронт, думаў, што да немца далёка ды сунуўся ў самыя рукі разам із машынаю. Што-ж гэта робіцца, дзе-ж нашая магутнасьць? І чаму генэралы ня ведаюць, дзе фронт?

Мы доўга дыскутавалі на гэтую тэму. Наязноў тае думкі, што пра Чыстова, мабыць, няпраўда, больш для агітацыі пушчана. Але Сымон сьцьвярджаў, што тут нічога дзіўнага няма.

— Усё гэта можа быць, — казаў Сымон. — Калі я шчэ за царом служыў у войску, то ў нашым батальёне быў адзін палкоўнік, які сам сябе на гаўптвахту пасадзіў. Дальбог! Выпусьціў загад: «Палкоўніка Яхрэмава заарыштаваць на трое сутак». І падпісаўся: палкоўнік Яхрэмаў. Можа, пісар пажартаваў, а можа й сам палкоўнік з пжяных вачэй выдаў такую цыдулку. Мы гэтага ня ведаем, але як чыталі загад — слухалі ўсе. Дык то-ж было за царом, а цяпер, то ўжо дзівіцца няма чаго. Якое дрэва, такі й сук.

Я не хацеў-бы служыць салдатам у такога генэрала.


22 верасьня. Рыгору пашанцавала. Забаронена будавацца, а ў яго на хаце ўжо й нумар блішчыць. Раіліся сяньня наконт хатняга абсталяваньня. Ёсьць загад, каб здавалі перасьцягнутую мэблю. Будзем варочаць ці не? Рыгор тае думкі, што варочаць ня трэба. Хто там дакапаецца — ці перасьцяганая, ці мазалём нажытая?

Сымон таксама не раіць:

— Пакуль, — кажа, — гаспадар вернецца, дык і мэбля струхлее. Я, кажа, шчэ ў васемнаццатым годзе ў такі-ж самы спосаб прыдбаў бочку. То гаспадара й дагэтуль няма, а бочка шчэ трывалая.

Пастанавілі: не варочаць і адзін аднаго не выдаваць.


23 верасьня. Хутка пойдзе трамвай. Загржэмбіцкі надта цешыцца: ці гэта суржёзна, пытае, ці так сабе пішуць? Добра было-б, каб на суржёзна, бо на даным этапе транспарт вырашае ўсё.

І праўда. Калі штодня даваць рэйсам ад Сураскага да Камароўскага ды назад, то бяз тэхнікі не пасігаеш. Добра, калі з сахарынаю, а калі дрожджы ці ёміна якая? Тут нехаця тэхніку вітаць будзеш.


24 верасьня. Меў выпадак бліжэй прыгледзецца да заходняе сілы, пра якую хваліўся Авечка. Сустрэлі ў Арыентацкага. Запраўды, дзяцюкі нішто сабе — гладкія, ёмкія — відаць, што гадаваліся не на дрэнных харчах. Але асабліва страшнога нічога няма. Ведама, канкурэнцыя будзе, бо ў шмат каго зь іх рукі даўжэй за бацькавы. Адзін зь іх мне навет спадабаўся. Мы зь ім мелі цікавую гутарку на розныя гаспадарскія тэмы. Відаць, чалавек добра арыентуецца ў каньюнктуры цэнаў і рынкаў.

— А наконт машыны, — скончыў паважаны Пралазэвіч нашую размову, — то вы не клапаціцеся, мы гэта ўраз абсталюем… Транспартныя сродкі будуць.

Добра! З такою сілаю шчэ жыць можна. Праўда, іншыя прадстаўнікі гэтае заходняе моцы не паказалі такое жыцьцяздольнасьці. Яны таксама, як Шчыры, больш гаваруны, чымся дзейнікі. Усё крычаць: трэба! гэта трэба! гэта трэба! а гэта ня трэба! Яно й лепей: пакуль тэарэтык дыскутуе, то спраўны на практыцы сьмела можа павыварочваць яму ўсе кішэні.


25 верасьня. Сьвет стаў дыба. У ангельскіх цэрквах наігрываюць інтэрнацыянал, а жыды патрабуюць свае арміі й жыдоўскае дзяржавы ў Палестыне.

Сымон кажа, што нічога з гэтага ня будзе.

— Калі ўжо, — кажа, — і зьбярэцца жыдоўскае войска, то я, хоць і ня бравы ваяка, а пайду адзін супроць усёй іхнай арміі. Абы толькі кала добрага ў рукі. Ведаю я гэтых ваякаў. Калі я шчэ за Мікалаем у войску служыў, то быў у нашай роце адзін жыдок, за барабаншчыка хадзіў. Дык вось, як пойдзем, бывала, на стрэльбішча ды як пачнем з гарматаў бухаць, то яго адразу бы трасца на зямлю кідае — барабанам накрыецца й енчыць:

— Вой, — крычыць, — калі яшчэ адзін раз, то мяне ўжо ня будзе, вой!

А ты кажаш — армія. З такою арміяй толькі хіба курэй душыць.

Сымон штосьці адмоўна ставіцца да жыдоўскае ваяўнічасьці. А мне здаецца, што калі й зайца пачаць біць, то й ён будзе запалкі паліць.


26 верасьня. І сьмех, і грэх. Сёньня да Маржі Іванаўны заскочыла нейкая верхалазка, ейная прыяцелька.

— Вітай, — кажа, — з абноўкаю!

І круць-верць па хаце ў новай сукенцы.

— Глядзі, які фасон цудоўны! Вось тут, наперадку — Сталін, па клубох — Молатаў і Калінін, а пазаду Кагановіча пусьціла… З чатырох палотнішчаў. А матаржял? Не, ты толькі глянь. Мроя, а не матаржял!

Што-б вы думалі? Гэта фарсуха наскочыла недзе на партрэты былых правадыроў, і як цяпер яны бяз ужытку, а матаржял каштоўны, то й скамбінавала: абліччы іхныя змыла, а з палатна змайстравала сукню.

— А што я, — кажа, — мела рабіць, калі ўсё пагарэла і ўсё расхапалі, а засталіся толькі правадыры.

Сьмех, кажу, і грэх. А баба ўсё-ж бяз розумуь хоць-бы маўчала, а яна скрозь звоніць. Глядзі, каб за гэтыя справы шчэ пад твайго Кагановіча ня ўсыпалі. Бо шчэ невядома, чым усё гэта скончыцца.

А Маржя Іванаўна страшэнна абурылася й з гэтаю прыяцелькай пасварылася насьмерць. Ейнае кволае сэрца не магло сьцярпець такое зьнявагі, хоць і былых, а ўсё-ж правадыроў.


27 верасьня. Прыемныя навіны з культурнага фронту. Неўзабаве адчыняецца гарадзкі тэатар. Усё гэта добра, але ёсьць суржёзная затрымка: нестаець адзеньня. Неарганізаваныя масы расьцярушылі ня толькі ўсю тэатральную рэквізыту, але парасьцягалі й вопратку. Меркавалі адыграць Аўгена Анегіна, але на двух артыстых знайшліся толькі адны штаны, ды й тыя ні ў два, ні ў паўтара. А як на грэх, то і артысты знайшліся — адзін маленькі, а другі, што вярста. Калі прымяралі порткі, то чысты сьмех: аднаму па калені, а другому — па пяты. Як разьвяжуць гэтую праблему — ня ведаю, бо які-ж Аўген бяз белых штаноў? А ягоныя порткі, мабыць, ужо даўно перакроены на станік, а мо й на анучы пайшлі.


28 верасьня. Круглоў аканфузіўся ўшчэнт. Мышы вытурылі яго із складу «Заготзярна». Такую сілу іх разьвёў, што давялося ўцякаць самому.

— Я, — кажа, — не вінаваты, што ўвесь парашок згарэў, а я ўмею толькі парашком змагацца.

Цяпер шкадуе, што трохі не дацягнуў:

— Калі-б яшчэ, — кажа, — хоць пудоў дзясятак, то праграму змаганьня з мышамі можна было-б уважаць за выкананую.

Чалавеку не пашанцавала.


29 верасьня. Наязноў ходзіць як хмара. Прачытаў адозву, у якой гаворыцца, што беларусы будуць жыць «без расейска-азіяцка-бальшавіцкага ўціску й чужанацыянальнага панаваньня».

— Сэрца, — кажа, — баліць, калі чытаеш такія рэчы. Хіба тутэйшыя не такія рускія, як і мы? А гэта-ж проста пра нас і сказана: «чужанацыянальныя».

Дзівак! Пра што непакоіцца. А зрэшты, хто яго ведае, можа й мяне залічаць у чужанацыянальныя. Трэба на ўсякі выпадак забясьпечыць сябе ад магчымае фармулёўкі.


30 верасьня. Пачынаю беларусізавацца. Купіў беларускі правапіс нейкага Тарашкевіча. Два рублі ня грошы, а ў спрытных руках ды з галавою яго можна абярнуць у капітал. Але Наязнову пра гэта — ні гуку. Бо ён можа зрабіць з гэтага «вывады».


1 кастрычніка. Дзюрка й ягоны швагра згубілі пашпарты. Дзіўная рэч, што абое разам. Тут штосьці падазронае. Трэба разьнюхаць. Можа ёсьць рацыя й мне згубіць.


2 кастрычніка. Фэцкі ўжо вылез із інтэгральнае блытаніны й дакладна вылічыў, калі скончыцца вайна, але трымае ў сакрэце. Каб чалавек быў з галавою, то й на гэтай справе мог-бы нядрэнна зарабіць. Ці ня купіць мне ягоны сакрэт? Трэба зрабіць спробу.


27 кастрычніка. Блізу месяца я не разгортваў гэтых мёртвых балонак, якім даручаў сваю жывую душу… Не да мёртвых балонак было, калі сам ледзь жывы астаўся… А хто вінаваты? Паліханаў, які запрасіў на сямейную вячорку? Жонка, якая пабаялася ўпоцемках дахаты йсьці? Ці я сам, што лішне чарку перакуліў? Усе пакрысе. А калі ўсе, то, знацца, ніхто, апрача злодзея. Але каб яго вінаваціць, трэба знайсьці. А як знойдзеш? Дзьве хутры, тры гарнітуры, два жаноцкія палітоны, мяшок цукру, невядомая колькасьць хусьця, скрыня махоркі, бідон тлушчу, мяшок рысу й шмат-шмат дробных рэчаў — зьніклі бязь сьледу…

Так здарылася катастрофа. Назаўтрае Панас прывёў варажбітку.

— Яна, — кажа, — табе ўсё выкладзе, як на далані.

Варажбітка гадала на карты, пушчала нейкі парашок на ваду, таўкла яйка ў хусьцінцы й нарэшце выклала:

— Злодзеяў было трое: адзін — рыжы, другі — чарнявы, трэці — касавокі. А пакрадзенае трэба шукаць тут, паблізу. Далёка не пайшло.

Як на талерцы! А тымчасам, калі пайшла, то зь ёю пайшоў і жаночы гадзіньнік. Вось і знайшоўся злодзей! А Дзюрка шчэ і аблаяў яе: «Гэта, — кажа, — дармо, што сьцягнула. У іх языкі доўгія, але затое й рукі даўгія — сачыць трэба. А праўду выкладзе».

Хадзіў я й на рынак, па сьляпой кнізе варажыць. Але варажбітка, таксама сьляпая, мабыць, узяла мяне за вайскоўца й намалола, што быццам я нядаўна з-за кроплі крыві ледзь ня згубіў свайго маладога жыцьця, але што неўзабаве, не пазьней як праз месяц, я зноў вярнуся пад роднае скрыло, якое мяне абагрэе, як прамень сонца. Цьфу! Толькі дваццаць рублёў зьбяёдаў!

Рыгор параіў зьвярнуцца да службы парадку. Добра, скажам, зьвярнуўся-б, але які толк?

— Знайсьці, - кажа Рыгор, — ня знойдуць, а так, для ачышчэньня грамадзкага сумленьня.

Дзякую! Каб мяне ўшчэнт пачысьцілі, тады яшчэ іншая рэч. А то яшчэ нейкія крошкі пазасыпаліся. А тут могуць так пачысьціць, што ня толькі сумленьня — нічога не застанецца. Горш за ўсё, што спачуваньня ні ад кога ня бачыў. Усе толькі раюць, а Сымон, той проста сьмяецца: «Рабуй нарабаванае» ды рагоча. А чаго рагатаць?

— Не па-суседзку, Сымон, — кажу, — тут плакаць трэба, а не рагатаць.

— Дармо, — кажа, — па гэтым дзеці будуць. Чалавек толькі сам сябе не перажыве, а так — усё здолее! Калі я быў у трэсьце, то ў нас адзін скарбнік усю скарбонку вытрас сабе ў партфэлю — дваццаць тысячаў натрос. Але не пасьпеў бядак да хаты дайсьці, як дарогаю ў яго перакралі гэтыя тысячы. Думаеш, павесіўся? Ані Божа барані. Праз год ужо ў другім трэсьце краў. Так вось і тут.

Недарэчнае параўнаньне, але ён мае рацыю, што чалавек усё перажыве. Перажыў і я гэтую катастрофу.


28 кастрычніка. Дзеля свайго калецтва тры тыдні ня чытаў газэтаў. А Рыгор казаў, што шмат было цікавага. Пісалі, што вораг ужо зламаны, арміі Цімашэнкавыя зьнішчаныя, ён сам звольнены, а Будзённы ўжо на Лубянцы вусамі шаволіць. Даскакаўся «брацішка наш Будзённы на кані сваім». Сёньня сам прачытаў. Праўда. Усё гэта ёсьць. Але Наязноў штось пэсымістычна ставіцца да ваенных падзеяў: «За летам яшчэ зіма будзе, а там — ізноў лета. Хто яго, кажа, ведае». Хітры чалавек — гэты Наязноў. Ніколі не дакапаешся, што ён думае. Але зь нейкімі крыніцамі ён зьвязаны. Гэта — напэўна. Дакапаюся!


29 кастрычніка. Хамовіч (ёсьць такі музыка на нашай вуліцы) пайшоў рэгістраваць духовую аркестру, бо ёсьць загад, каб грамадзяне рэгістравалі музычныя інструманты, якія ім не належалі. Мы яму не раілі.

— Дзівак, — казалі, - хто яго ведае, што гэтыя трубкі не твае?

А ён іх вайною падхапіў недзе поўнаю капэляю.

— Не, я хачу ўсё паводле формы, бо маю клясычныя канцэрты выдаваць — вось толькі барабана нестае.

І за што толькі людзі не хапаюцца!


30 кастрычніка. Хто я такі? Дзіўна. Такога пытаньня я сабе шчэ ніколі ня ставіў. А сяньня ў Арыентацкага адзін нейкі тып (клічуць яго Юрэц Бладук) прычапіўся да мяне:

— Хто вы такі? — пытаецца.

Як хто? Чалавек.

— Чалавек? Гэта на сяньня ніяк ня гучыць. Мы ўсе людзі. І чалавек на сяньня — дрэнь, пустое месца, словам — міт і больш нічога.

— Але-ж выбачайце..

— Нічога ня выбачу. Я ў вас пытаюся — хто вы паводле нацыі?

Дзівак. А што мне да нацыі?

— Ну, сяньня я, скажам, беларус.

— А заўтра?

— Скуль-жа я ведаю, што заўтра будзе? Я не прарок, я — дыялектык.

— Ах, так? То вы, крычыць, балота, вы гнільлё, вы не патрэбны для нас тып! Вы…

І панёс. Я ўжо ўзяўся быў за шапку, каб уцякаць, але Арыентацкі заспакоіў:

— Плюй, — кажа, — ён толькі гаворыць, а зрабіць нічога ня можа. У іхнай хэўры ўсе такія, але народ спакойны.

Усё-ж мяне гэта не заспакоіла. Калі пачынаюць ставіць такія пытаньні, то недзе нешта ёсьць. Мабыць, я штосьці прагледзеў.


1 лістапада. Усе рынуліся браць патэнты. Хто — на піўніцу, хто — на шаўца, хто на дробны гандаль. Раілі й мне не зацягваць справы, але я шчэ не наважыў, на якую спэцыяльнасьць падацца.

— А ці табе ня ўсё роўна, — кажа Сымон, — на сёньня або паперка. Бяры хоць на музычнага майстра, а пасьля ўжо расчаўпёмся, хто ты ёсьць.

А швагра Апанаса Дзюркі, дык той выбраў патэнт і навет шыльду павесіў. На белай габляванай дошцы нарысаваў дзёгцем: «Раблю сталы, шафы, крыжы, труну ды іншую мэблю, а таксама прыймаю розныя заказы. Мікіта Гузак». А ніжэй дробнымі літарамі напісаў: «Тут купляем цьвікі негарэлыя». Але дарма — заказаў ніхто не нясе, і шыльда ў яго целяпаецца так, для собскага задавальненьня.

Такое-ж палажэньне і ў іншых патэнтшчыкаў. Мабыць, таму, што наш куток глухі, далёка ад цэнтралі.


2 лістапада. Быў дыспут пра вайну. Сёньня зноў усёй парафіяй чыталі газэту. Ужо нямецкае войска ўвайшло ў Крым, прасякнула ў цэнтар Данецкага басэйну й наблізілася да Масквы.

Сымон пра гэта сказаў, што яго Данбас ня цікавіць:

— Мне вугальля ня трэба. Я дроў назапасіў, дзякаваць Богу. А вось што Крым агортваюць — гэта добра, бо колькі там дармаедаў пуза на сонцы грэла ды ў вадзе паласкалася, колькі хлеба марнатравілі. Не давядзі Бог!

На гэтыя словы абурыўся Наязноў:

— Вы, даражэнькі, ня тое кажаце. Не адны там дармаеды, былі й трудзяшчыя.

— А я, — узьняўся Сымон, — ня трудзяшчы? а ці паласкаў я хоць што-колечы ў гэнай цёплай вадзе? Га? Што Вы на гэта, пан прафэсар?

Наязноў на гэта нічога не адказаў, і дыспут зноў набыў канкрэтныя формы. Дзюрка разважыў, што калі на фронце так справа стаіць, то хутка й вайна скончыцца. Зь ім шмат хто згадзіўся, і ўжо пачалі падлічваць — калі? Але Сымон зноў адцягнуў увагу ўсіх у іншы бок.

— Цяпер, — кажа, — нельга варажыць, калі скончыцца вайна, бо якая-ж гэта вайна? Вось даўней ваявалі… Чытаў я недзе, як старабытныя цары біліся… Выйдуць гэта варагі ў чыстае поле, стане адно войска супраць другога й пачалі:

— У вашага начальніка, — кажуць адны, — маці кульгавая.

— А ў вашага, — кажуць другія, — дзед быў на адно вока крывы.

— А вы вяроўкаю хлеб кроіце.

— А ў вас дзеўкі ўсе рабыя.


4 лістапада. Суполка «Вытворчасьць і разьмеркаваньне» лопнула. Дзюрка злавіў Наязнога на жывой справе, як той цадзіў супольны пяршак у сваю бутэлечку з-пад парфумы «Тэжэ» «Чырвоная Ружа». Апанас так зьдзівіўся, што ледзь не пашкодзіў бутлю з самагонам аб Наязнову галаву.

— Каб не пяршак, — казаў, - дальбог, нешта покнула-б — ці бутля, ці ягоны чэрап. Першаку пашкадаваў.

І хто-б мог спадзявацца, што Наязноў здольны на такія ўчынкі? Такая адукаваная, разумная асоба.

А Сымон здаволены:

— Я табе казаў, што тут зладзейства ня мінеш. У суполцы хоць сьвяты — і той красьці будзе. Такая ўжо ўрода ўсіх гэтых суполак, каб зь іх цягнуць.

Асноўны капітал і прадукцыю падзялілі паміж былымі сябрамі ў роўных часьцінах, а інвэнтар пусьцілі на жэрабя. Зьмеявік усё-ж застаўся ў мяне.


5 лістапада. На гаспадарска-палітычным адцінку нейкая актывізацыя. Кіндзюк Банадысь зрабіў на захад ажно тры рэйсы, Арыентацкі — два. Туды машыну — назад машыну. Нешта адвозяць, нешта прывозяць. Рыхтуюцца ў падарожжа і іншыя прадстаўнікі. Авечка гаворыць, што ўлагоджваюць грамадзкія справы. Магчыма. А тымчасам заўважаецца ажыўленьне й на мясцовым рынку. Дрожджы ўскочылі ў цане, зьявілася сахарына, некім выкінутая на рынак, вялікія партыі горадзенскай махоркі. Загржэмбіцкі, як шалёны, гайсае ад рынку да рынку. Ажыўленьне відавочнае.


6 лістапада. Разак паперадзіў: купіў Фэцкага сакрэт пра канец вайны і ўсе ягоныя, як ён казаў, аўтарскія правы. Ну, ад гэтага нічога не даведаешся. Усё толькі прыглядаемся, што ён пачне рабіць. Сымонісе ўдалося прасачыць, як сяньня раніцою зь яськавага двара вывозілі нечага цэлы воз — ці на схоў, ці на продаж — не дагледзела. Гэтая навіна ўзрушыла ўсю вуліцу. Дзюрка ўжо з усімі раіўся, што рабіць зь цьвікамі — ці хутчэй збываць, ці хаваць у яму. Але што можна параіць, калі самі ўсе, як упоцемках.

За Разаком устаноўлены ўзмоцнены нагляд.


7 лістапада. Пацеха! З маймі знаёмымі беларусамі здарылася аварыя. Хацелі яны ў нейкі аддзел прапхнуць свайго чалавека, але выйшла асечка. Другі іхны, таксама беларус, ткнуў на гэтае месца якогась свайго знаёмага палячка. Колькі ні крычэлі, колькі рукамі ні махалі — дарэмна: палячок неяк вельмі хутка ўкараніўся, і яго ўжо ня выдзярэш цэлай грамадой. Спрытны чалавек — асечкі ня зробіць.


8 лістапада. Іншага чалавека дык і гора не навучыць. Сяньня сустрэў гэнага Дзівака (прозьвішча ня ведаю, але, мабыць, так яно й будзе), што нам вайною на складах назаляўся. Я навет зьдзівіўся, што ён шчэ жывы. Худы, абшастаны, а жывот падцягнула пад самыя рэбры. Цяпер недзе за настаўніка працуе.

— Вы, — кажу яму, — даражэнькі, хоць і настаўнік, а памылку ўрэзалі.

Уздыхнуў, але на словах не прызнаецца.

— Я, — кажа, — не шкадую, але жонка насядае, штодня пілуе. А што я меў рабіць, калі маё пераконаньне не дазваляе рабаваць?

Запраўды — дзівак! Пераконаньні… Іх, браток, у гаршчок ня ўсыплеш — навар ня той. Праўду кажуць, што гарбатага магіла паправіць.


9 лістапада. Круглова не задавальняе сытуацыя на сучасным рынку.

— На рынках, — скардзіўся, — пануе страшэнны хаос. На Чэрвеньскім за картовы пінжак далі лапатку бараніны й пяць кілё мукі, а на Камароўцы такі самы пінжак ідзе за дзьве лапаткі. Такая каньюнктура, сьцьвярджае, не заахвочвае да разьвіцьця прыватнага капіталу й ня спрыяе цэнтралізацыі мясцовага капіталу.

У сувязі з гэтым ён наважыў падаць да Ўправы распрацаваную ім шкалу сталых цэнаў на зацьверджаньне. Рыгор ня раіў падаваць такую цыдулку, бо што да цэнаў, казаў ён, то на гэны конт яшчэ ня спушчана ніякіх дырэктываў, і пытаньне тымчасам вісьне ў паветры.

Сымон даў больш практычную параду:

— Ты, — кажа, — сяньня на рынак выкідай ватоўкі й душагрэйкі, бо цяпер на іх самы сэзон, а картовыя пінжакі й нагавіцы прытрымай да вясны. Увесну пойдуць як вада, і цэны тады будзеш сам дыктаваць. Гандляваць, браток, трэба ўмеючы. Бальшавікі дваццаць год крычэлі «Вучыцеся гандляваць» і то не наўчыліся, а ты хочаш за адзін год усіх пераплюнуць.

Гэта супакоіла Круглова.


10 лістапада. Пакуль што выбраў патэнт на майстру музычных інструмантаў. Чаму? Я й сам ня ведаю. У Рыгора узяў паламаную гітару, павесіў на цьвік, купіў францускі ключ і малаточак. Такім парадкам, майстроўня абсталявана цалкам. А заказчыкі мне не патрэбныя. Я тымчасам і бяз іх пражыву.


11 лістапада. Яшчэ раз пераканаўся, што культура — непатрэбная рэч. Язэп Супрынайц (працуе недзе каля Ўправы) зацягнуў у сваю сталоўку на полудзень.

— Хадзем, — кажа, — у мяне лішнія талёны ёсьць. Паглядзіш, як мы харчуемся.

Пайшлі. Далі на пачатак буракоў па талерцы, а пасьля — каму курыцы кавалак, каму рыбіну — на выбар. Пасёрбалі гэта мы буракоў, а тады ўзяліся рыбіну калупаць — хто дзераўлянай лыжкай, а хто пальцамі, бо відэльцаў не далі. Толькі гэта я дакалупаўся да хрыбеціны, як пры суседнім стале падняўся вэрхал. Якісь хлапец, чыста апрануты, запатрабаваў, каб яму далі відэлец.

— Які гэта, — крычыць, — парадак? Есьці рыбу-карася мне далі дзераўляную лыжку! Я, можа, да заходне-эўрапэйскай культуры далучыўся, а вы што падсунулі? Хамства!

Але афіцыянтка, да якое адрасаваўся гэты хлапец, відаць, была моцнага марксысцкага ўзгадаваньня. Яна навет і ня зірнула ў ягоны бок, бразнула лыжкамі аб стол і толькі мімаходзь кінула:

— Нічаво, жраць захочаш, дык зжарэш.

Чалавека, які пасьпеў далучыцца да Эўропы, супакоіў ягоны сусед:

— Дарэмна, даражэнькі, порах траціце. Відэльцаў не дадуць, бо іх няма. А вы лепш так рабіце, як я: з сабой прыносьце ўвесь інвэнтар.

Другі сусед таксама параіў:

— А то можаце яшчэ й так зрабіць, як мы робім: узяць карася-рыбіну дахаты і ўжо там яе, падлу, раскалупаць па-культурнаму, з дапамогаю відэльца.

Не пасьпеў усьцішыцца эўрапэец, як на другім канцы сталоўкі ўзьняла лямант мясцовая кабеціна:

— Дзе, — крычыць, — навар ад курыцы? Чаму, — крычыць, — курыца вараная, а буракі тымчасам нішчымныя? Хто схлёбвае навар?

Тут і ўсе агледзеліся. Праўда. Буракі абсалют посныя, а курыца тымчасам недзе варылася. То дзе-ж падзеўся курыны навар? Народ пачаў хвалявацца. Больш актыўныя рынуліся да загадчыка, але той, як гэта заўсяды бывае ў такіх выпадках, недзе зьнік. Рушылі на кухню, да галоўнае кухаркі.

— Ты што, — крычаць, — зараза, без навару даеш? Дзе навар ад твае курыцы?

Наперад высунуўся кухар, ейны памагач.

— Я шчэ не наварыў, - рагоча, — таму й навару няма.

Сунуліся да яго бліжэй, але кухар, здаравенны дзяцюк, з бліскучым чырвоным тварам, падхапіў нейкі вялічэзны зялезны палонік.

— Асадзі, - кажа, — бо як дакрануся да каторага гэтым начыньнем, адразу звару. Вось вам і навар будзе.

Актывістыя асадзілі. Тут пасьмялела кухарка.

— Што я, — кажа, — разьмеркавальнік які ці што? Вы чаго прыліплі? Нашая справа дробная — нам што даюць, тое й кідаем у кацёл.

— Нам хоць і ката падсунь, — падтрымаў кухар, — мы й таго шурханём. Мы, кажа, усё роўна з вашага катла не ямо.

Гэтыя цьвярозыя словы супакоілі народ. «Запраўды, — кажуць, — кухары маюць рацыю. Ім што ні дай — усё закалбоцяць. Ізноў-жа, не ад усякай курыцы навар будзе». Актывістыя разышліся.

Калі мы ўжо дакалупалі рыбіну й меліся адыходзіць, ля парогу, дзе стаяла бочка з півам, пачалі адыгрываць новы нумар. Цяпер кон павёў нейкі мастак.

— Дзе загадчык? — крычыць. — Давай загадчыка! Бясчынства!

Гэтым разам зьявіўся й загадчык.

— Вы што, — пытаецца, — грамадзянін, у сталоўку прыйшлі бузу церці ці сваю порцыю зьесьці? Аб чым лямант?

Тут мастак вельмі вобразна й маляўніча пачаў выкладаць, што ў сталоўцы няма парадку, што ён стаў пры хвасьце дваццатым, а як дайшоў да бочкі, то ўсё піва «па блату» выпілі. «А мне, — крычыць, — у конаўку засіпела адна пена. Чаму так, калі я мастак і хачу конаўку піва?»

Загадчык зноў-жа досыць талкова растлумачыў, што назіраньне за правільным ходам чарады — справа самых трудзяшчых, спажыўцоў, а ягоная адказная справа — забясьпячэньне паводле формы.

Тут і народ падтрымаў загадчыка ды насеўся на мастака:

— Слушна! Які ён мастак, калі няздатны без чаргі піва сербануць?

— Дрэнь ты, — кажуць, — а не мастак!

— А яшчэ й культурны!

— Пінская варона!

Зьбянтэжаны мастак сігануў із сталоўкі. Відаць, пабег із скаргаю да вышэйшых інстанцыяў. Сьледам выйшлі й мы:

— Ну, як, — пытаецца Супрынайц, — спадабалася табе? Як харчы?

— Што-ж, — кажу, — харч? Дармо. Ведама, па такіх харчох жыць будзеш, але… Ну а сталоўка — таксама акурат ранейшае грамадзкае харчаваньне: і людзі тыя, і парадкі тыя. Адно, — кажу, — добра — вясёла, бы ў цырку.

Калі мы разьвіталіся і я пайшоў дахаты, то праз усю дарогу думаў пра культуру. Сяньняшнія назіраньні ў сталоўцы мне давялі, што культура — зусім лішняя нагрузка, бо безь яе шмат весялей.


12 лістапада. Зноў пішуць — хутка пойдуць трамваі. Цікавая рэч — чалавечая натура. Як прачытаў першы раз — паверыў, прачытаў другі раз — ужо вера ўдвая паменшылася. А што будзе, як трэці раз прачытаю?


13 лістапада. Нагляд устанавіў, што Разак шукае пакупніка на крамніну. Сяньня прасачылі, што зь ягонага двара зноў выехала хурманка. Цяпер няма сумліву — Яська збывае лішкі. На нашай вуліцы агульны спалох. Што рабіць зь лішкамі?


14 лістапада. Ад сацыялізму да сьпірытызму — адзін крок. Учора я ў гэтым сам пераканаўся. Наязноў прычапіўся, каб пайсьці зь ім да нейкай Ніны Васільеўны, што сьпірытычныя сэансы выдае.

— Хоць ты, — кажа, — ні ў якое таямніцтва ня верыш, але ў Ніны Васільеўны твой нігілізм разьляціцца ў друзачкі.

Пайшлі. Дарогаю Наязноў апавядаў, хто такая Ніна Васільеўна. За бальшавікамі яна лічылася недзе «па асьветніцкай лініі», выступала на ўсіх сходах і ўсё крычэла: «Камунізм! Сацыялізм! Мы — бальшавікі!». А была яна беспартыйнай бальшавічкай, мужык-жа ейны быў парцейны бальшавік. Цяпер ён у ролі бравага камісара недзе люта змагаецца на ўсіх франтох, ну, а бабе, натуральна, карціць даведацца, ці хутка ён вернецца дзеля пакаёвага змаганьня. Вось яна й рынулася ў сьпірытызму, каб хоць дух які дарадзіў ёй у гэтай самотнай справе.

Мы прыйшлі якраз у пару. Выклікалі духа Аляксея, але дух нешта зацяло — ён чамусьці не адгукаўся на выклік: ці то ён дзе па малой справе адхінуўся, ці можа яму кумпанія ня спадабалася. Бо кумпанія, трэба сказаць, была несамавітая: сама Ніна Васільеўна, асоба ўжо ладна пацёртая, ейная прыяцелька, нейкая абскубаная істота, адзін былы камуніст, з абвіслым чэравам, і яшчэ нейкі стары хрэн. Калі ня лічыць мяне й Наязнова, дык зусім зразумела, што ад такой кумпаніі які хочаш дух нос адверне. З гэтае, мабыць, прычыны й другі й трэці дух не адгукаліся. Нарэшце выклікалі нейкага духа Макса. Той, праўда, адразу пачаў круціць сподачкам. Напачатку ён настукаў, што мужык Ніны Васільеўны вернецца праз два тыдні сам, бязь ейных клопатаў. Пасьля адказаў, што вайна скончыцца праз тры тыдні. А якая-ж улада будзе, запыталіся ў яго ўсе, наша ці не? Ты, дух, скажы толькі адно слова — так ці не. І дух адказаў «так». Тут жанкі запляскалі ў далоні, а былы камуніст пагладзіў сваё чэрава.

Я, ведама, не даў гэтаму веры, але на ўсялякі выпадак занатаваў у дзёньніку: вайна скончыцца трэцяга сьнежня.

Калі варочаліся з Наязновым дахаты, то я спытаўся: ці можна гэта з навуковага гледзішча пагадзіць такія дзьве рэчы, як марксызм і сьпірытызм. Ён адказаў, што калі ўжыць дыялектычны мэтад, дык, бязумоўна, можна пагадзіць якія хочаш рэчы. Хоць ён і прафэсар, але тут, як мне здаецца, збрахаў.


17 лістапада. Назіраньні апэрацыяў Разака пакуль што не далі ніякіх станоўкіх вынікаў. Зноў вывезены машына мэблі й воз мяхоў. Што ў мяхох — не ўстаноўлена.


19 лістапада. А ў беларусаў няма адзінага фронту. Сяньня чытаў у газэце пра заходнікаў і ўсходнікаў. Вынікае, што яны паміж собку ня зусім у згодзе. У чым разыходжаньні, я з артыкулу так нічога й не зразумеў, але разыходжаньні ёсьць. Трэ будзе даведацца пра гэта ў Арыентацкага.


25 лістапада. Меў сустрэчу з прадстаўніком аграрыяў. Да Рыгора прышкандыбала аж з-пад Чэрвеня ягоная цётка. Ну, ведама, мы ўсе сабраліся да Рыгора, бо кажнаму цікава даведацца, што на сьвеце дзеецца. Сядзімо й слухаем, як цётка лепартуе:

— А дзетачкі мае, — казала яна, — ня бачыла я гораду два гады, каб яго й век ня бачыць. Ледзь ня здурэла. Прывезьлі гэта мяне тыя хлопцы, што на тракце пасадзілі ў машыну, ды ссунулі прост у руіны.

— Ну, — кажуць, — цётка, табе направа, а нам налева. Дыбай да свайго Рыгора.

Сказалі гэтак і паехалі. А я стаю, як дурная. Зірнула направа — пустка. Зірнула налева — пустка. Зірнула сьпераду — дзірка. А гораду няма. Села гэта я на каменьне дый плачу. Ажна тут нейкі добры чалавек трапіўся:

— Чаго, — кажа, — цётка, вільгаць пушчаеш? Паводле якога здарэньня?

Ну я яму й выклала як сьлед: ехала, маўляў, у Менск, да Рыгора, а трапіла сама ня ведаю куды.

— Дык, — кажа, — гэта-ж і ёсьць Менск, а сядзіш ты, цётка, на самай Ляхаўцы.

І ськіраваў мяне, дзякаваць, куды трэба.

Мы ўсе надта сьмяяліся, як гэта цётка гораду не пазнала? Але Сымон давёў, што такія здарэньні могуць быць:

— Гэта, — казаў, - ня дзіва, што цётка гораду не пазнала. Мой прыяцель Юрэц Бладук, дык той аднойчы хаты роднае не пазнаў, а й выпіўшы быў ня надта. Прыйшоў гэта ён аднойчы ўвечары дахаты й пытае: «А венікі сьвежыя ё?». І пачаў распранацца. Ськінуў гэта ён, выбачайце, усё й палез на сьцяну з гальнём, які яму добры сынок падсунуў. «Ну, — кажа, — і напаруся сяньня». Ускочыла жонка ў хату, а ён, выбачайце, зусім голы лезе на сьцяну ды гальнём сябе па бакох хвошча. «Паддай, — крычыць, — пары». Дзецям, ведама, пацеха, а жонка абурылася: «Ты гэта што? Зваржяцеў? Сорам згубіў?». А ён сваё: «Дырэктар, — крычыць, — давай сюды дырэктара! Гэта што за непарадкі! Чаму, — крычыць, — бабы ў мужчынскай лазьні?». Ледзь яго ўгаманілі, што гэта ня лазьня, а свая хата. Дык вось якія здарэньні бываюць. А гораду не пазнаць — гэта глупства, заўсёды можна.

Пакуль мы слухалі апавяданьне Сымона, Згржэмбіцкі меў інтэрвію з чэрвеньскай цёткай у пытаньні тамтэйшых коштаў. Выявілася, што яйкі — 30, сала — 40, а попыт ёсьць на дрожджы й соль.


29 лістапада. Нешта недзе дзеецца, а што — невядома. І чуткі пайшлі нейкія, надта сакрэтныя. Рыгорава жонка прысягалася, што сама на рынку чула, як казалі пра тры самалёты і адну бомбу. Дзюркаў знаёмы пад сакрэтам паведаміў, што на фронце заламаліся, але хто — яшчэ не даведаўся. Аднак казаў, трэба чакаць вялікіх падзеяў. Наязноў таксама ходзіць вельмі таямніча й нічога не гаворыць. Відаць, нешта й ён чуў. Каб мяне гэта надта турбавала, дык не, але ўсё-ж цікава ведаць, зь якога боку вецер дзьме.


2 сьнежня. Апанас Дзюрка набыў капялюш. «Годзе, — казаў, - у носе калупаць, пара й з новай Эўропай вітацца». Праўда, капялюш несамавіты, нібы стары грыб сядзіць на ім. Але Дзюрка надта ганарыцца.

— Цяпер я сьмела, — кажа, — магу да Эўропы далучацца, і ніхто мяне не затрымае. А йзноў-жа, — кажа, — годзі нам памыі на галаву лілі, пара й рот разявіць.

А Сымону не падабаецца такое пераабсталяваньне Дзюркі.

— Ат, — кажа, — дармо, хоць ты й пад капялюшом ходзіш, а ўсё роўна дурань. Хіба твая галава пад капялюх выструганая? Ёю палі забіваць і то вялікі гонар.

Сымон, ведама, як кансэрватар, уважае, што на ўсякую галаву павінна быць свая покрыўка.


5 сьнежня. Ёсьць подлыя людзі на сьвеце. Сяньня зьявіўся Хамовіч (той, што цэлую капэлю захапіў) і прынёс рапараваць нейкую басэтлю.

— Вы-ж, — кажа, — шаноўны, музычны майстра. Патэнту выбралі. Дык, будзьце ласкавы, адрамантуйце гэты музычны струмант. Прашу.

І нагою шмаргануў. Зараза! Хіба ён ня ведае, што зь мяне такі-ж музычны майстра, як зь цеста куля. Я яго, ведама, пагнаў зь ягонай басэтляй, а ён пагражаў данесьці, што я ня музычны майстра, а сымулянты. І данясе. Такая паскуда гэта зробіць. А данясе — могуць быць няпрыемнасьці. Трэба, няйначай, ліквідаваць прадпрыемства ды мяняць кірунак.


7 сьнежня. Загржэмбіцкі ў выніку нядаўняе размовы з чэрвеньскай цёткаю набыў каня й тэрмінова скіраваўся ў Чэрвеньшчыну.


10 сьнежня. Хадзіў у Ўправу. Там сустрэў былых актывістых. Разам за бальшавікамі працавалі. Нічога! І цяпер ня крэкчуць: адзін у Ўправе на аржаным месцы, другі недзе на базе, а трэці — так, каля базы. Дармо, не прападуць!

— Як жывяце? — пытаюся.

— Ды так, — кажуць, — нічагуткі — пракідаемся патрошкі. А вы?

А што я? Ім пракідвацца добра, калі яны на службе, а мне, саматужніку з патэнтам? Тут як ні пракідвайся, а Хамовіч цябе ўраз расшыфруе. Не, трэба нешта рабіць.


14 сьнежня. Фэцкі кінуў голую тэорыю й перакінуўся на практычную матэматыку. Цяпер лічыць, што гэта, скажам, было-б, каб у Менску наладаваў машыну дрожджаў, шугануў іх у Заходнюю, а там абмяняў-бы на сала, яго — у Менск, і тут-бы рэалізаваў гэтае сала на вольным рынку на грашовыя знакі. Як-бы гэта ўсё выглядала? Папярэдняе інтэграваньне дае нешта такое жудаснае, што навет на звыклай да лікаў лысіне Фэцкага валасы дуба сталі. Фэцкі лічыць на два варыянты апэрацыяў: адзін — калі дрожджы на рынку й машына чужая, другі — калі машына службовая й дрожджы службовыя. У апошнім выпадку выходзяць такія астранамічныя лікі, што калі аб іх прачуў Загржэмбіцкі, дык у бедака ад перапуду раптам аслабеў жывот.


18 сьнежня. Вайна скрышыла ўсе спэцыяльнасьці. Круглоў і той занядбаў сваю мышыную спэцыяльнасьць ды ськіраваўся на купца. Праўда, ён больш прадае, чымся купляе, але гэта ня шкодзіць яму мець пэўную, як ён кажа, дывідэнту. Учора меў ад нейкай апэрацыі такі гешэфт, што ад лікаў млосна робіцца.

— Каб гэта, — казаў ён, — на мірную пару такая дывідэнта, дык жонку сваю ўшыў-бы ў каракулі ды ў саболі, а сам-бы малясаўку смактаў із залатое конаўкі.

Вось тут і кажы пра адукацыю. Недавука, мышыны спэцыялісты, а галава — міністэрская.


20 сьнежня. А ўсё-ж у паветры нечым пахне. Бо Маржя Іванаўна й тая зьмяніла тон. Сяньня ў яе засьпеў нейкага невядомага з падазроным абліччам. Казала, што гэта ейны знаёмы шофер, навет далёкі родзіч. Прывіталася са мной надта скупа, як із чужым. І трымаецца неяк больш бадзёра й незалежна.

— Сядайце, — кажа, — таварыш Чужанінаў.

Цікава: учора быў Ванечка, а сяньня — таварыш Чужанінаў. Не, тут штосьці ня так. Ці тут гэты шофер прычынаю, ці то іншыя справы, больш сакрэтныя. У кажным разе трэба даведацца, які тут вецер пад бабін хвост дзьме.


21 сьнежня. Купляў цацкі на ёлку. Дзіўная рэч: вайна, сквозь галеча, а людзі ёлку ладзяць. Разам са мной купляў цацкі нейкі тып.

— Дайце мне, — кажа, — якіх-небудзь вясёленькіх цацак.

— Вясёленькіх? — кажа крамніца, — калі ласка.

І шусь на прылавак гармату, гранату, самалёт ды яшчэ якіхсь пушак.

— Не, — кажа тып, — дзякую за такую вясёласьць. Я ўжо гэтага наглытаўся досыць.

— Дык якога-ж, — пытае, — храна вам трэба?

— Дайце мне якуюсь цацачку, якая-б клікала да жыцьця, а не да сьмерці.

— Тады бярыце барабан або трубу.

— Не, ня тое! Мне-б вось такую мірную цацачку, каб, скажам, пявунка або птушачку, бо ў мяне ўжо гэтая чырвань вочы выела.

— Ну, дык наце вам коніка.

І паднесла да яго носу валавянага коніка.

Той аж напалохаўся.

— Вы, — кажа, — даражэнькая, што гэта мне сунеце?

— А што? — пытае.

— У гэтага каня хвост уніз вісіць, а мне трэба, каб угару стаяў.

Тут ужо й крамніца раззлавалася:

— Вы, — кажа, — грамадзянін, ня выдумляйце тут! Што вы хочаце, каб я за вашыя за тры маркі ды хвост угару падымала? Сорам вам!

Публіка, што ў краме была, падтрымала крамніцу:

— Запраўды, — кажуць, — грамадзянін, нічога ня выдумляйце. Якое вам яшчэ трасцы нестае? Бярэце, што даюць, дый годзе. Не зазірайце пад хвасты.

Так і пайшоў гэны грамадзянін, нічога ня купіўшы. А й запраўды дзівак. Хіба яму ня ўсё роўна, куды хвост вісьне — уніз ці ўгару? Я купіў барабан, дырыжабаль СССР, дзьве гарматы, пяць бліскучак, дзясятак пшыкавак. Жонка была задаволена.


24 сьнежня. Калі ўжо не пашанцуе, дык і дзеўцы ветрам надзьмуе. Гэта праўда. Небараку Загржэмбіцкага, якога колькі разоў ужо калечылі, зноў паклалі на лапаткі. Вярнуўся з падарожжа голы, як бізун. Сустрэла яго ў лесе пад Чэрвенем нейкая вясёлая кумпанія й кажуць: усё ваша — будзе наша, а вы, пане, — вэк! Яшчэ й усыпалі троху на дарогу, каб не замёрз часам. Ні каня, ні саней, ні солі. Кідаецца цяпер ува ўсе бакі, як варжят. А што з гэтага кіданьня будзе — невядома.


28 сьнежня. Куцьцю спраўляў дома, але дзе гэтыя тры дні калядаваў — нічога ня ведаю. Адно толькі памятаю, што пілі, але дзе й колькі — хоць зарэж, ня ўспомню.

Недарэчная рэч, гэтыя старамодныя сьвяты.


29 сьнежня. Чуў я колісь аднаго разумнага чалавека, які казаў: «Трымай чалавека голадам, дык ён будзе мець толькі адно жаданьне, а накармі яго, дык жаданьняў у яго зьявіцца безьліч». Гэта, мабыць, праўда. Сяньня спаткаў свайго даваеннага, яшчэ з-за царскіх часоў, прыяцеля. Быў ён трохі афіцэрам, да Ўрангеля падаўся, там нешта рабіў, а цяпер нейкім парадкам ізноў тут апынуўся.

— Якім, — пытаюся, — ветрам зноў сюды закінула?

— Ня ветрам, — кажа, — а самаходам. Радзіма пацягнула.

— Ого, — кажу, — дык васпан ізноў угару пайшоў. На самаходзе.

— Эт, якая тут гара, — кажа, — мышыная. Хіба ты ня ведаеш, кім я раней быў? Дзяншчыка меў! А цяпер сам за халуя ў гэтага дзяншчыка. Дык па-твойму гэта парадак?

— Ну, ведама, — кажу, — у вашым стане дык парадак незайздросны. Але-ж выгляд у вас, тымчасам, гладкі.

— Што выглёнд? Гэта глупства. Бо не аб адзіным хлебе жывы чалавек бывае.

— Праўда, — кажу, — да хлеба патрэбна й скварка.

— Ды я не аб скварцы! Пакуль даволі й гэтага. Надоечы вось дваццаць кілё масла загарнуў. Пакуль шчэ сяк-так самадапамагаемся.

— Ну й памагай Бог, — кажу, — абы ціха.

— Дзякаваць. З гэтага боку ўсё ў парадку, ніхто не падкалупне. Але не аб гэта ходзіць. Дзе духовая страва, я пытаюся? Улада дзе? Гонар? Вось аб што ходзіць! Вось чаго нестае!

— Але-ж, — кажу, — вайна! Цяпер абы жывот.

— Ну ты, даражэнькі, дробна плаваеш. Адным жыватом доўга ёрзаць ня будзеш. Захочацца й на ногі стаць. Вось гэтага я й хачу!

Разьвіталіся мы, і ён бадзёра закрочыў з узьнятай галавой, быццам трымаючы на версе брыля тую славу, да якой чалавек імкнецца.

Вось тут і зразумей чалавечую натуру. Пакуль із чужых талерак кавалкі зьбіраў, усё было добра, а як ўжо нажэрся чужога хлеба — на вышыню славы палез. Улады захацеў!

Праўда, што чалавеку ніколі нестае, і жаданьням ягоным няма канца.


2 студзеня. Новы год сустракалі ў Рыгора. Банкет наладзілі ў складку, натурай — каму што Бог паслаў. Больш налягалі ў кірунку пітва, бо гэты прадукт у нашай парафіі шануюць перад усім. Гасьцей было шмат: і сваіх, і чужых. Банкет пачаў Рыгор. У сваёй уступнай прамове ён адзначыў, што гэты новы год — першы такі ўдалы год, і хаця й не з нашае віны, але ён вольны.

— Я, — кажа, — у вайну пагарэў ушчэнт. Але што вы бачыце ў мяне сёньня? Дзе вынікі вагню? Няма іх! Вось-жа я й кажу: дай Бог кажнаму так пагарэць. Дык жадаю ўсім вам такога шчасьця, якое мне паслаў Малох вайны, — так скончыў Рыгор сваю прамову й перакуліў чарку.

Мы зрабілі тое самае, а пасьля пачалі падвойваць і патройваць. Рыгоравы госьці, ягонае начальства з управы, больш налягалі на закусь. Відаць, ня надта сытыя.

— Яно й зразумела, — казаў Апанас, — бо яны-ж на працы, а мы не працуем. А хто не працуе, той і ня есьць. Вось чаму нашыя менш ядуць, а больш налягаюць на пітво.

Як ужо трохі замарылі чарвяка, зноў паліліся прамовы. Але цікавага было мала. Усе гаварылі пра шчасьце, пра лепшую будучыню, пра йшчэ лепшае жыцьцё на новы год. Езуіты! Шмат каму зь іх ня сьнілася такое жыцьцё, як цяпер жывуць, а гавораць аб лепшым.

Калі ўжо добра падсілкаваліся, паэта Цымбальскі задэклямаваў свой навагодні верш. Я ня памятаю, што ён напачатку крычэў, але пасьля, як грымнуў кулаком па стале й залемантаваў:

Сваю душу пераніцую!

Душу варожую скрышу!

Відэльцам сэрца пракалю я!

Усіх ушчэнт перадушу!!!

І як пахопіць крэсла, як бразьне аб падлогу — ажна ёлка пахіснулася й цацкі сыпнуліся долу. Усе напалохаліся — жах! Асабліва жанчыны. Рынуліся хто куды. Рыгор пачаў супакойваць:

— Дарэмая трывога, — кажа, — ня бойцеся. Гэта яму натхненьне падпёрла. Апарожніцца, і ўсё будзе ў парадку.

І праўда, нацадзілі Цымбальскаму конаўку, ён высмактаў і змоўк.

Калі мы ўжо залілі гэты спалох, слова забраў Сымон:

— Вось тут я чуў, што гаварылі пра новае шчасьце. А на які мне хрэн гэтае вашае шчасьце? Мне што трэба на гэты год? Марцыпаны? Мне патрэбна спакойная праца, а ў выніку яе — скварка й чарка. І каб ніякі чорт не мяшаўся ў маё жыцьцё. Вось і ўся мая палітычная крэйда[1]. Дык ці многа я хачу на новы год? Хто скажа, што я хапіў лішняга? Ніхто! Дык чаго-ж вы тады лезеце да мяне з усіх бакоў? Вы хочаце, каб я на вас працаваў? Дык не! Скулу вам у бок! Гэтага ня будзе!


Тут усе загаманілі:

— Выбачайце, Сымоне, мы гэтага ня хочам. Наадварот, мы вельмі вас паважаем.

— Не! — крычэў Сымон, — вы хочаце…[2]

Нарэшце Сымон змогся і, калі выпілі яшчэ па чарцы, сказаў:

— А чорт яго дзяры! Няхай будзе, як хочаце. А я вам не кумпанія.

Як скончылі банкет — не памятаю.


8 студзеня. Паэт Цымбальскі бегае па ўсім горадзе, як варжят, і крычыць:

— Загінула ўсё! Канец усяму й пагібель!

А што загінула? Можна ўважаць — глупства. Жонка ягоная прадавала стары цэбар ды разам із цэбрам аддала зь вядро старое паперы, што там завалялася. Паленавалася вытрасьці. А гэтая папера, як на той грэх, якраз і былі самыя таленавітыя вершы Цымбальскага. Ну, ня згледзела баба, што гэта была мастацкая прадукцыя, а ня ўжытковая папера. Можна было-б бабе й дараваць. Але Цымбальскі проста зваржяцеў:

— Век не дарую, — крычыць, — загубіла! зарэзала! Самыя актуальныя вершы. Яшчэ на выгнаньні пісаныя ў тысяча дзевяцьсот зацёртым годзе.

Людзі яму раяць, каб новыя напісаў:

— Што табе, — кажуць, — паперы шкада? Пішы нанова.

— Што людзі разумеюць? — сумуе Цымбальскі. — Я туды душу сваю ўкладаю, кроплямі ўласнай крыві паліваў гэныя радкі! Я, — кажа, — сваё сэрца напароў на дзіды, а яны пра паперу… Мяшчане, — кажа, — вы ўсе. Абываталі.

Чым скончыцца гэтае варжяцтва — цяжка прадбачыць. Зусім проста, што чалавек загіне. Вось што значыць, калі бацькі змалку ня білі.


10 студзеня. Мікіту Гузака доктар пасадзіў на дыету: забараніў піць і загадаў тры разы на дзень есьці толькі рэдкую страву. Бо ў Мікіты, як казаў доктар, ад ненармальнага ўжываньня алкагольнага пітва зусім пераблыталіся сэрца й печанцы, і цяпер ніяк не намацаеце — дзе адно, а дзе другое.

Мікіта паслухаўся, пабіў усе шклянкі й сеў на дыету. Мы з Сымонам знарок хадзілі глядзець, як Гузак гэную дыету глытае. Прыйшлі сьнеданьнем. Жонка сядзіць, скварны булён сёрбае, а Мікіта выцадзіў у міску паўлітра, накрышыў хлеба й цыбулі ды чэрпае лыжкай быццам зацірку.

— Ліха яго матары, — кажа, — з гэтым пітвом. Калі доктар загадаў — нельга, знацца, нельга. Я магу й ня піць, бо я ня вораг свайму здароўю.

Мы спыталіся, ці дапамагаюць яму гэтыя лекі.

— Ці дасьцё веры, — кажа, — лягчэй стала. Як высербаеш міску гэтае дыеты, дык адразу ад сэрца й адлягло. Адцягвае. Доктар таксама казаў, што я ўжо палепшаў. Надоечы хадзіў да яго на кантролю.

— Ну, як, — пытае, — кінулі піць?

— Ані кроплі, кажу.

— Ну, то й добра.

Выстукаў гэта ён мяне малаточкам, праз трубку паслухаў ды кажа:

— Ну, вось цяпер чуваць, што ў вас і сэрца ёсьць. І ведаеце, шаноўны пацыента, навет большае, чымсь трэба.

Вось што значаць навуковыя лекі.

Толькі жонка Мікітава бедавала, што надта ўжо дарагія цяпер лекі пайшлі:

— Жартачкі, - кажа, — тры паўлітроўкі на дзень. Вельмі дарагія лекі.

— А ты чаго хочаш, — крычыць Мікіта, — каб у мяне ўсе ворганы зблыталіся ў кучу? Мне здароўе даражэй. Чула-ж, што доктар казаў. А супроць навукі ня пойдзеш, бо доктар ведае, каму якія кроплі загадаць.

Не такі чалавек Мікіта, каб яго доктар ашукаў.


12 студзеня. Апанас Дзюрка аднекуль прывалок піяніну. Кажа, што ягоны прыяцель Мімікрыйскі спрэзэнтаваў. Брэша! Дзе гэта ёсьць цяпер такія прыяцелі, каб піянінамі кідаліся? Недзе зблатаваў. А ў хаце цэлы гармідар. Апанасавы дзеці праз увесь дзень на гэтай музыцы дубасяць, а жонка лаецца:

— Заняў, - кажа, — усю хату гэтай гаргарынай — няма дзе й сьвінчаці замяшаць.

— Дармо, баба, — суцішае Апанас, — хутка й ты будзеш на гэтай штуковіне выцілінгваць.

— А каб цябе немач цілінгала, — злуецца Апанасіха. — Мне дзяцей няма калі дагледзець, а ён з музыкаю.

Такія тэатры ў Апанаса цяпер цялюткі дзень.


15 студзеня. Піліп Дручок апынуўся на казённых харчох. А з-за чаго? З-за свае дурноты. Ад нейкае пары на яго пачала насядаць жонка. Пілуе й пілуе штодня.

— Усе людзі, як людзі, а ты нейкая недарэка — ні сабе, ні жане. Або ты, — кажа, — будзь запраўдны муж і сутрымвай жану, або кіну ўсё да ліхай матары. Бо я такіх, — кажа, — як ты, хоць дзесяць знайду, калі падамся па вайсковай лініі.

Праўда, пэнсія Дручка як бухгальтара на сяньня нічога ня вартая, можна сказаць, адзін міт, і на яе, ведама, жыць нельга. Але Піліп ня ўлічыў ваеннае сытуацыі ды ўважаў, што калі ён сяньня працуе, знацца, павінен і жыць.

— Ты, — казаў ён жонцы, — не агітуй. Мне ўжо й самому гэтае жыцьцё падпёрла пад самыя рэбры. Але дзе мне выйсьце?

— А мне, — крычыць баба, — якая да гэтага справа? Ты, — кажа, — галава, ты й думай. А ня можаш — дык злазь з даху й ня псуй гонтаў.

Каб на іншага чалавека, то пасьля такіх слоў ён-бы так усыпаў бабе й па даху й па фундаманту, што век-бы памятала. Але Дручок — чалавек просты, і яго нарэшце дапілавала баба да таго, што мусіў ужыць дадатковую прафэсію — пайшоў красьці сьвіней.

Першыя дзьве апэрацыі правёў удала. Збалянсаваў на Пярэсьпе двух кабаноў на пудоў сем. Але на трэйцяй — балянс ня сышоўся — злавілі Дручка на самай гарачай справе. Цяпер сядзіць і плача, а суседзі сьмяюцца: не за сваю справу, браток, не бярыся: сьвіней красьці — не паперай шастаць, тут навука патрэбна!

А Сымон казаў, што і ў гэтай справе, як і ў кажнай, апрача навукі, патрэбен спрыт:

— Быў, - кажа, — у нас у трэсьце адзін бухгальтар. Той, здаецца, і чалавек быў зусім нікудышны. Калі звонку глянуць, дык толькі назоў той, што чалавек. Але, каб вы ведалі, якія ўнутры гэтага недарэкі сядзелі спрыт і розум. Ён праз чатыры гады скрабаў нажом бухгальтарскую кнігу, і ў яго заўсёды, як казаў, балянсаваліся ўсе капейкі, а лішнія рублі, што ён адтуль выскрэбваў, клаў сабе ў кішэню. Так і не злавілі, а касіў тышчамі. Вось гэта быў бухгальтар! А Піліп — дрэнь! Такі й кнігу праскрабаў-бы, і ніводнага рубля сабе не наскрабаў-бы. Спрыту ў руках няма.


17 студзеня. Бачыў, як упяцёх білі аднаго. Відовішча было надта цікавае. Я вельмі рагатаў, як яны яго з усіх бакоў абкладалі. Але, шчыра кажучы, я-б не хацеў быць на месцы гэтага аднаго.

Сымон, які таксама наглядаў бойку, не падзяляў майго вясёлага настрою.

— Я, — кажа, — такога не хвалю. Бойка — гэта мастацтва. І мастацтва высокага гатунку. Толькі трэба сам-насам. Калі-ж пяцёра ды на аднаго, ды, як гэта часам бывае, із зброяй, то гэта ўжо не мастацтва, а даруйце…

— Дык вясёла, — кажу.

— Дурань і на паховінах сьмяецца, — раззлаваўся Сымон. — І гэты сьмех дурны. Гэта ўсё роўна, як-бы казалі мне: Сымон, вось табе стрэльба й страляй дзіця. То хіба я на гэта здольны? Хіба я пошасьць якая? Не!

Сымон такога мастацтва не вызнае. Я із Сымонам ня згодны. Мне, калі бжюцца, дык і сьмешна, абы мяне ня білі.


20 студзеня. Сяньня пазнаёміўся з Рурыкавічам. Зайшліся гэта мы з Рыгорам у закусачную па дзьвесьце грамаў зрабіць, ажна бачым, тут нейкі здаравяка на сьцяну лезе:

— Я, — крычыць, — дваранін! Я Рурыкавіч! Мой дзед, — кажа, — за адну ноч дзесяць тысяч дзесяцін прапіў, а ты мне, гад, дзьвесьце грамаў паверыць ня можаш. Эх ты, — кажа, — беларус!

Але гаспадар закусачнай трапіўся чалавек досыць вытрывалы.

— Я, — кажа, — із тваім дзедам гарэлкі ня піў, хоць, можа, ён і Рурыкавіч быў. А мне — грошы на бочку, і ніякіх князёў!

Як мы даведаліся, гэты аскалопак княскага роду прасадзіў у закусачнай свой паўмесячны інжынерскі заробак, а да поўнай формы не дапяў — не хапіла грамаў дзьвесьце. Мы з Рыгорам паставілі яму па сто грамаў і пазнаёміліся. Абяцаў навет дакуманты паказаць, што ён Рурыкавіч. Можа й так? У кажным разе з такім чалавекам пазнацца нядрэнна. Калі й ня Рурыкавіч, то ўсё-ж чалавек свой.


23 студзеня. На нашай вуліцы асяліўся заходні чалавек і адразу пачаў заводзіць свае парадкі. Пахадзіў гэта ён па хатах, пазнаёміўся з суседзямі, а пасьля хваліўся:

— Я, — кажа, — не магу так проста жыць, як вы. Я не магу так, як вы, у хату сунуцца, я павінен увайсьці па-культурнаму.

З гэтае, відаць, прычыны ён заказаў візытоўкі. Але ягоныя культурныя намеры адразу-ж сустрэліся з непераможнымі цяжкасьцямі. Пайшоў гэта ён да Мікіты Гузака купіць самагонку, і толькі яму Мікіціха адчыніла дзьверы, ён адразу — шусь ёй візытоўку ў рукі. Тая ажна прысела з перапуду: думала, што агент які прыйшоў апарату заарыштаваць. Добра — у хаце быў Мікіта, які толькі што прыняў чарговую порцыю дыеты. Той не зьбянтэжыўся. Ён узяў у рукі візытоўку, прачытаў «Мікола Сямёнавіч Дурмідаў, такі й такі асьветны чын» і вярнуў візытоўку назад.

— А ты мне, — кажа, — усякіх паперак ня тыкай. Ты мне, шаноўны, грошы гані наяўнымі знакамі — або фэнікамі, або іншай валютай, мне гэта ўсё роўна.

Мусіў Дурмідаў пакласьці візытоўку сваю назад у кішэню.

Другая асечка здарылася ў Загржэмбіцкай. Пайшоў да яе Мікола Сямёнавіч прыдбаць якога тлушчу кавалак і таксама пачаў гандлёвыя дачыненьні з візытоўкі. А баба Загржэмбіцкага (тутэйшая) ня надта спакушаная ў культуры — яна таксама гэную візытоўку ўзяла за ордэр на спэкулянцкі арышт:

— Вы, — кажа, — пане, памыліліся. Мы людзі бедныя, і самі ня штодзень сала купляем.

Так і не паказала яму свайго сала. Здарыліся яшчэ дзьве такія няўдалыя спробы з візытоўкамі, і Дурмідаў мусіў выкінуць іх на сьметнік.

Значыцца, кажны зачын, апрача добрае волі, павінен мець яшчэ й пэўную глебу.


25 студзеня. Калі шчасьце, дык і зь мяшка вылезеш. Байцоў выплыў на паверхню. Мы ўсе ўважалі, што чалавек так і загінуў, ажна не — вылузаўся.

— Хоць, — казаў, - гэтым разам я ўжо застаўся зусім голы, горш як Адам, але дармо — на жывой костцы мяса нарасьце.

За агента працаваць ужо ня хоча, а мяркуе адчыніць, як ён кажа, рэстаўрацыю.

— З чым, — пытаюся, — гэтую справу разьвінеш? Тут капітал патрэбен, а ў цябе вунь сораму няма чым прыкрыць.

— А навошта капітал, — кажа. — У гэтай справе абы рукі зачапіць, а там ракою паліецца. Глядзі, як у Сьвідрыцкага. А з чаго той пачынаў? Таксама зь нічога. А цяпер грошы мяхамі носіць.

Нічога дзіўнага, калі і адчыніць. Бо, як гаворыць Сымон, калі чалавеку шанцуе, то і ў лапцёх танцуе. А Байцову шанцуе, калі сам зь мяха вылез.


28 студзеня. Калі не пашанцуе, дык і на печы катар схопіш. Усе нашы дроў на зіму запасілі, бо ведалі, што зіма то ня лета, хоць і вайною. А вось прафэсар Вадзянецкі й рахункавод Супрынайц, дарма, што высокаадукаваныя, гэтае простае рэчы не прадугледзелі — засталіся на зіму бяз палкі дроў. А цяпер сядзяць у халоднай хаце і ў кулакі дзьмуць. З гэтага, ведама, пацеха малая, бо як казаў ім Разак, ці ты хукай, ці ты дзьмухай — ўсё роўна будзе халодна. Хукам не нагрэешся. А нагрэцца трэба. І вось вымушаныя гэтыя небаракі праблему паліва разьвязаць на штодзень. На тым тыдні сьпілавалі ў парку дэкарацыйнае дрэва, пасьля звалілі радыёвы слуп, а ўчора пайшлі платы ламаць. Супрынайц, хоць таксама адукаваны, але трохі спрыту мае: ён спакваля пачаў дошкі адцінаць. А Вадзянецкі — той зусім голы тэарэтык — урэпіўся ў слупок і давай яго трэсьці. Пацеў, ажна пакуль ня грымнуўся разам із слупком. Нарабіў трэску й грукату. Вартавы, які стаяў паблізу, думаў, што гэта зладзеі лезуць, і стрэліў. Натуральна, хлопцы ірванулі зь месца. Можна ўявіць, якую хутчыню яны разьвінулі.

— Пакуль дабеглі да ўкрыцьця, — прызнаўся Супрынайц, — то зрабілася надта горача.

Ня дзіва! А тымчасам Вадзянецкі згубіў акуляры й з правае нагі калёшу, а Супрынайц пакінуў на плоце рукавіцы з аўчыны. Вось табе й нагрэліся!

— Не, — казаў на гэта Гузак Мікіта, — навука супраць спрыту ніколі ня ўстоіць. Двое вучоных, а зрабілі горш, чымся адзін нявучоны. Бо скажам, я, хоць і не прафэсар, а такая справа, як плот расьцярушыць, мне раз плюнуць, а яны ня здолелі.

— Знацца, не з таго канца вучыліся, — не згадзіўся зь імі Сымон. — Бо калі-б гэта на запраўднага вучонага, той-бы так ня хібіў. Быў у мяне прыяцель, вучоны прафэсар, акадэмік, той ня тое што плот — хату мог над табой разабраць, а ты-б нічога і ня чуў-бы ў ложку лежачы. Вось гэта навука! Чыстае пароды. А Вадзянецкі й Супрынайц, відаць, мяшанцы.

А як мне здаецца, дык проста людзям не шанцуе.


30 студзеня. Няма сумлеву, што Маржя Іванаўна хоча разарваць са мною сувязь. Стрэў сяньня на вуліцы, прывітаўся, а яна нат ня спынілася: віль хвастом і пайшла ў другі бок. Ці сачыць яе, ці даць адстаўку? Пакінуць — шкада, бо такое вагі бабу ня хутка знойдзеш.


1 лютага. Яську Разака расшыфравалі. Выявілася, што сваё дабро ён сплаўляе ў Заходнюю. Зь якой мэтай — яшчэ не ўстанавілі. Зноў паджяжджалі да яго ў справе Фэцкага сакрэту аб канцы вайны. Дарэмна! Яська толькі ўсьміхаецца:

— Не для таго, — кажа, — я купіў гэты сакрэт, каб яго ўсе ведалі.

На нашай вуліцы зноў запанаваў непакой.


3 лютага. У Арыентацкага нічога толкам не даведаўся. Што такое заходнікі й што такое ўсходнікі — так яшчэ й вісьне ў паветры.

— Бачыце, — казаў Арыентацкі, - тут ёсьць дзьве такія плыні, і хоць іх мэты розныя й шляхі розныя, але яны ўсё роўна як-бы адно. Разумееце?

Я зразумеў мала.

Шчыры нешта жаліўся на іхную мляўкасьць і адсутнасьць нейкай жывой крыніцы.

— Бо хто, прыкладам, у Менску гаворыць па-расейску? Русафілы й русацяпы. А тымчасам Заходняя — Эўропа й новае жыцьцё. Яшчэ аб русафілах ды расейскай мове!

Тут я зразумеў яшчэ менш. Трохі сьвятла працадзіў на гэтае пытаньне Авечка Ахрэм.

— Можна, — казаў ён, — і на месяцы сядзець, а тымчасам на зямлі гарох сеяць.

Усёй глыбіні гэтага філёзофскага выснаву я ня здолеў асягнуць, але перакананы, што тут крыецца пэўны сэнс.

Усё-ж я ў кумпаніі Арыентацкага заўважыў, што пытаньне аб заходніках і ўсходніках іх мала турбуе, а больш займаюць праблемы службовых выперадкаў. Бо мала ня дзьве гадзіны яны горача абмяркоўвалі службовую аварыю свайго саратніка Мімікрыйскага. Як я зразумеў, дык гэты спрытны хлапец хацеў сігануць без чаргі па службовай драбіне ажна праз чатыры ступні. Але на самым версе сарваўся й бразнуўся вобзем. І так бразнуўся, што толькі мокрае месца засталося. Ён ужо заносіў нагу на верхнюю ступню службовае драбіны, калі нейкі ягоны злосьнік — чырк на яго ў пэўнае месца цыдулку: «няпэўны чалавек, а ў мінулым — яшчэ больш няпэўны». І чалавек паляцеў долу.

Калі мы вечарам у сваёй кумпаніі абмяркоўвалі гэную аварыю Мімікрыйскага, то бальшыня сьхілялася на тое, што чалавеку не пашэнціла. Толькі Сымон ня згадзіўся й давёў, што ў службовай кальеры галоўнае адыгрывае выпадак.

— Ці ведаеце вы Грака Язэпа? Ды пэўна ведаеце! Ён на Савецкай вуліцы ходнікі падмятаў, дворнікам служыў. Дык калі хто бачыў Грака, то бачыў і ягоную бараду, бо яна ў Язэпа, што мятла, якою ходнікі тыя падмятаў. І вось аднойчы, а было гэта ў 27-м годзе, угледзеў Язэпаву бараду нейкі савецкі чын. І надта яму спадабалася гэтая барада, акурат рабоча-хрэсьціянская барада: тады ўважалася, што была ўлада рабочых і хрэсьцян, а знацца, трэба было трохі і іхных прадстаўнікоў да ўлады. Ну, справа нядоўгая. Туды, сюды — выбралі Грака ў дэлегаты ад Менскіх хрэсьцян і пасунулі яго ў Маскву, каб там да вышэйшае ўлады абраць.

Пачаставаліся дэлегаты зьезду на банкеце, селі на цягнік і папхнуліся ў Маскву. І вось толькі аджехалі за Антонава, Язэпу прыціснула пільніца. А трэба сказаць, што Язэп на цягніку блізу ня езьдзіў, а тым больш у мяккіх вагонах, і ня ведаў усіх парадкаў. Кінуўся ён туды-сюды — няма рады. Выскачыў у калідорчык, зірнуў навокал — нагвалт пад кусты трэба, а як ты зьбегаеш, калі тыя кусты толькі перад вачыма мільгаюць. Ня ведаў ужо, што й рабіць. А тут два нейкія гіцлі падсунуліся.

— Што ты, дзядзька, топчашся тут, быццам ушкодзіўшы.

— Шчэ не, але неўзабаве так яно й будзе.

— Дык у чым справа? Гэта зусім проста.

Падвялі яны Грака да нейкае штуковіны ды й кажуць:

— Таргані за гэтую снасьць і… кропка.

Грак таргануў, бо думаць ужо ня было калі. І праўда — цягнік стаў. Саскочыў Язэп ды, выбачайце, у кусты. Цягнік пастаяў трохі, сьвіснуў ды зноў пайшоў. Выбег Язэп з-за кустоў, «пачакай» крычыць. Але дзе там! Паехалі.

Мусіў Язэп вярнуцца дахаты пехатой. А назаўтра зноў пайшоў вуліцу падмятаць. Так і скончылася ягоная кальера. А шанц быў найлепшы, бо бараду меў хрэсьцянскую.

Вось тут і кажы, што не выпадак. За малою драбніцаю чалавек ня трапіў у вышэйшыя члены.


7 лютага. Сяньня зьявіўся на нашую вуліцу нейкі паўнамоцны чын, каб зьбіраць складку на дапамогу.

— Ёсьць, — казаў, - такое таварыства сабедапамогі, якое ня мае сродкаў, а тымчасам у горадзе шмат нэндзы, дык трэба-ж і ёй трохі дапамагчы.

Добра. Галечы ў горадзе хапае, бо шмат хто ў пераходны час бадзяўся немаведама дзе й не парупіўся сам сабе дапамагчы. Трэба-ж людзям паспагадаць. Таму мы ня надта й спрачаліся: скінулі — хто рублёўку, хто — дзьве, а хто й жменю круп. Толькі як дайшла чарга да Сымона, той упёрся як вол:

— Ня дам ні фэніка й годзе. Калі я ў сваёй хаце дам жабраку бульбіну, дык ведаю, што ён яе сам зьесьць. А тут я не гварантаваны.

— Як гэта?

— А так! Можа, вы мой фэнік прапжяцё?

Паўнамоцны член надта абурыўся на гэтыя словы і ўжо пачаў гразіць, але Сымона нялёгка зьбіць з капылоў:

— Вы, — кажа, — даражэнькі, у бутэльку ня лезьце, бо я тыя складкі добра ведаю — у мяне такі-ж выпадак быў. А вось паслухайце. У трыццатым годзе, калі із скваркаю было вельмі туга, мы аднаго разу склаліся ўпяцёх аж на дзьве тысячы й ськіравалі Юрчанку Аўхіма ў Смалявічы. Купі, кажам, сала або кабана (там было таньней), пасьля падзелім складанае. Добра. Паехаў Юрчанка, а мы чакаем і аблізваемся. Чакаем дзень, два чакаем, тыдзень — няма пасланца. Рушылі да яго ў хату. І што-ж мы бачым? Ляжыць ён, гад, што брук, ды песьні сьпявае. Дзе, пытаемся, складанае, а ён рагоча: «За граніцу, — кажа, — адправіў вашае сала, на золата абмяняў».

І зноў рагоча, і сьпявае: «ах, эти чёрныя глаза». Ну, пастаялі мы, паглядзелі, плюнулі ды й пайшлі. Што ўжо тут возьмеш? Дык вось вам, даражэнькі, і складанае. Мы грошы давалі, а ён прапіў, зжэр і песьні сьпявае. Дык што вы на гэта скажаце?

Паўнамоцны член нічога не адказаў, толькі рукой махнуў. Так Сымон і ня даў складкі.

— Мне, — казаў, - гэтай капейкі не шкада, але дзе йдзець аб супольным або таварасьцьве, там мяне быццам сярпом па… шыі. Не магу трываць.


8 лютага. Сусьветнае палітычнае расклінаваньне дапяла нарэшце й да нас. Дзюрка й Мікіта (швагры) на глебе гэтага расклінаваньня такую разьвялі дыскусію, што давялося іх разьнімаць. Зьмяніўшы кепку на капялюш, Апанас зьмяніў і свае палітычныя пераконаньні. І цяпер кажа ўсё наадварот таму, што казаў раней. Ходзіць па хатах ды выхваляецца:

— Гэта было ня так, а тое было ня гэтак. А вы дваццаць год мадзелі ў цемры. Мы гэта пераробім, а тое зьнішчым. Мы вас навучым, бо новая палітыка — гэта вам ня жарты. І трэба змагацца.

Мікіта нарэшце ня вытрымаў:

— Ты мне пра палітыку ня боўтай, бо я гэтага ня ведаю. Дый табе яна патрэбна, як покрыўка ад гультайства. Ты мне адно скажы: чаго ты мяне, пень яловы, навучыць можаш? Ці не навучыш ты мяне, як хутчэй дамавіны габляваць? А мо ты маю жонку навучыш, як голыя крупы зварыць, каб яны былі зь мясным адварам? Эх ты, малпа абскубаная! Пень пад капялюхом!

Не здаваўся й Апанас:

— А ты, — кажа, — бутэлька піўная! Ты цёмны й някультурны тыпус!

— Што? — узарваўся Мікіта, — я тыпус? Ды я табе, сукін ты сын, за такія словы…

І бац па капялюшы.

Капялюх пакаціўся, а яны ў загрудкі. Ледзь расьцягнулі. Цяпер, калі сустрэнуцца, дык інакш ня вітаюцца, як толькі «Здароў, малпа!» ды «Вітаньне бутэльцы». А былі дружнымі шваграмі.

Сымон, гэты злосьнік усялякае палітыкі, цяпер ходзіць із задавальненьнем:

— Ну, што? Не казаў я пра гэтае ашуканства? Бачыце, што яна робіць: кліны забіваюць з бакоў, а яны шчэпяць зьнізу. Так яна, гэтая палітыка, скрозь.


10 лютага. Калі падумаць, колькі людзей пакалечыла сябе за так званыя палітычныя перакананьні, дык ажна страх бярэ. Іншы мяняў іх за гэтыя дваццаць пяць гадоў па дзесяць разоў і не заўсёды без аварыі. Быў у мяне да сямнаццатага году добры знаёмы, Кручкоў Сяргей. Ён меў пасад прысяжнага даверанага, перакананьні — сацыялістага дэмакрата й зарабляў добрыя грошы. У сямнаццатым годзе ён хадзіў па вуліцах пад сьцягам, сьпяваў песьні, а пасьля неяк раптам так высока сігануў, што я страціў яго з вачэй. А сяньня — вось навіна: гляджу на Сураскім рынку, а ён сядзіць пад яткаю, сьпераду расставіў розныя статуйкі, шмацьцё расклаў і наагул розныя дарэвалюцыйныя дрындушкі. Прадае. Схуднеў, аброс — зусім сапсеў.

— А даражэнькі, - кажу, — колькі год ня бачыліся! Ну, як жыцьцё?

Зірнуў ён на мяне з-пад ілба і пытае:

— А хіба гэтае, што мы сяньня робім, можна назваць жыцьцём?

— Ну, ведама, — кажу, — цяжка. Але-ж вайна. Чаго добрага хацець?

— А я цяпер, — кажа, — нічога не хачу: ні вайны, ні рэвалюцыі. Хачу, каб ізноў быў Мікалай!

— Але-ж даруйце. Вы-ж самі ў сямнаццатым годзе крычалі «Далоў крывавага Мікалая! Далоў вампіра!». І шчэ, памятаю, песьню сьпявалі «Адракнёмся ад старага міру».

— Ну, што-ж? Сьпяваў, бо дурны быў. І ўсе былі дурні. Бо каб ня сьпявалі, дык гэтага ня было-б. Спусьцілі сабаку з ланцуга, а сабака, ведама, сабака: кідаецца на ўсіх, а таго ня ведае, што калі гаспадар не пакорміць, дык здохне.

Вось табе й на! То крычэў «Далоў Мікалая!», а цяпер кажа «Давай Мікалая». Знацца, і запраўды быў дурань, калі сьпяваў «Адракнёмся», бо тым часам яшчэ й сёньня прадае рэчы, якія набыў пры гэным «крывасмоку»…

Ідучы з рынку, я думаў, колькі-ж мусіў гэты чалавек за свайго паўвека перапэцкаць і зьмяніць гэтых палітычных кашулек, каб дайсьці ад сацыялістага дэмакрата да чарнасотніка? І колькі ён перасьпяваў песьняў? І на колькі матываў? І што яму гэта каштавала здароўя?

Тут я зноў згадзіўся з Сымонам, што лепш ня вызнаваць ніякае палітыкі, чымся мець ад яе адну згрызоту.


12 лютага. Прафэсар хэмік Адбітоўскі перакінуўся на мылавара. Ён неяк ужо даўна жаліўся Вадзянецкаму, што ягоны цяперашні інжынерскі пасад не задавальняе ўсіх патрэбаў.

— Мушу, — казаў, - мець дадатковы прыбытак. Навуковыя веды ў мяне ёсьць, а таксама й каўстычнай соды дастаў.

Праўда, не зважаючы на свае навуковыя веды, ён дзьве першыя зваркі сапсуў: нечага не дадаў, а нечага перадаў. Каб на іншага, дык-бы ўжо кінуў гэтую брудную справу, але Адбітоўскі — чалавек упорысты.

— Ды хіба-ж я, — кажа, — трасца яго матары, не звару гэтае пошасьці? Які-ж я тады хэмік-прафэсар? Дыплём, — кажа, — парву, калі не звару!

І напэўна парваў-бы. Але на ягонае шчасьце й на шчасьце ўсяго закарэлага грамадзянства трэцяя зварка ўдалася адмыслова.

— Такое мыла, — хваліўся Адбітоўскі, - што само без вады мыліць. «Тэжэ» — нявыразны колер.

Адно, што ня спрыяе разгарнуцца, як сьлед, Адбітоўскага прадпрыемству — гэта брак сыравіны. Сабак пастралялі, катоў лавіць цяжка, а пошасьці цяпер ніхто іншай ня выкідае.

— Дармо, — кажа Сымон, — Адбітоўскі не Заблоцкі, гэты на мыле заробіць, бо ён вучоны, а вучоныя, трэба сказаць, усе ўпорыстыя. Быў у нас калісь пры Акадэміі таксама вучоны. Дык што-б вы думалі? Гэты Камель (яго Камялём звалі) хацеў зрабіць нейкае кола, каб само круцілася. І як мы пазьней даведаліся, дык ён ажна пяць гадоў употайкі ад усіх майстраваў гэнае кола. Апошнюю капейчыну заганяў у гэныя сьпіцы. Во да чаго быў упорысты! Ня ведаю, ці закруцілася ў яго нарэшце гэнае кола, ці не, бо ён нечакана недзе зьнік разам із сваім колам. Адно перакананы, што калі ён яшчэ жывы, дык і цяпер майструе, бо ўпорыстасьць у вучонага, што нораў у майго каня — нічым не пераставіш. Або лоб пабже, або свайго дапне.


14 лютага. Юзік Загржэмбіцкі працерабіў шлях у Заходнюю. На першы раз сам ехаць пабаяўся — ськіраваў жонку. Тая, набраўшы ў кошык рознае драбніцы, прывезла адтуль воз дабрыні.

— Там, — казала, — усякага дабра ў гаспадароў больш, як у нас на складах.

Яно й зразумела: гэныя людзі яшчэ не паспыталі калгаснага хлеба, а таму й свой маюць. Юзік наладаваў повен воз тавару й спадзяецца прывезьці вялікі воз дабра.

— Я, — хваліўся, — ня люблю драбніцаю займацца. Мне адразу або пан, або прапаў.

Такі чалавек, калі не памрэ, свайго дапне, бо кіпцюры мае надта войстрыя.


17 лютага. І жыць цяжка, і памерці нялёгка. Учора ў садзе культуры й адпачынку знайшлі няжывую бабульку. Ну, ведама, пацікавіліся, чыя гэта бабулька і як яна там апынулася. Намацалі й сваячкоў. Якое такое здарэньне з бабулькай, пытаюць. Ну, прыціснулі трохі — яны й сазналіся.

— А ніякага, — кажуць, — здарэньня. Звычайна. Памерла бабулька, а мы яе пахавалі.

— Дык хіба-ж так хаваюць? Хто вас такога навучыў?

— А мы ўсё чын-чынам, — кажуць, — і дамавіну зрабілі, і хаўтуры справілі. А што дол прамёрз на два мэтры, дык мы тут не вінаватыя, бо паставілі мы ў садзе дачасу, пакуль не адтае дол.

Можа яно так і было. Можа-б яны й пахавалі бабку, але тым часам іншыя спажыўцы нагледзелі, што дамавіна стаіць бяз ужытку, бо на паверхні зямлі. Ну й выкарысталі яе для свайго пацыента, а бабку вытрасьлі на сьнег.

Гэтае здарэньне нарабіла шмат гутарак на нашай вуліцы. І ніхто тых сваякоў не пахваліў. Толькі Наязноў спрабаваў даводзіць, што навуцы ведамыя такія спосабы паховінаў і што бываюць яшчэ й горшыя, але Сымон перапыніў ягоную лекцыю ў самым пачатку:

— Вы, даражэнькі, із сваёй навукай жывеце, як хочаце, хоць на галаве хадзеце. Бо жыць можна ўсяк, але памерці мне, браток, дайце па-чалавечаму, бо гэта ў жыцьці здараецца толькі адзін раз.


19 лютага. Учора нечакана трапіў на пажагнальную гарбатку. Арыентацкі паспрыяў. Што такое пажагнальная гарбатка, я даведаўся пазьней. Шчыра кажучы, ніякай гарбаты ня было: быў разьведзены сьпірытус і закусь. Але сэнс ня ў гэтым, сэнс у самай існасьці справы. А існасьць была ў тым, што праводзілі адну надта слынную асобу на яшчэ няведамы пасад.

Пацеха! Чаго толькі я не наслухаўся. Выступалі блізу ўсе, і кажны хваліў слынную асобу. І чаго толькі не плялі! Здавалася, што гэная слынная асоба ўвабрала ў сваё, дарэчы сказаць, досыць сьціплае тулава ўсе чалавечыя годнасьці. Арыентацкі прамаўляў, што такіх людзей, як гэная асоба, рэдка зямля носіць. Авечка Ахрэм — той жывымі сьлязьмі цадзіў у кілішак — ня мог паўстрымацца ад разьвітальнага жалю. Шчыры выступаў ажна тры разы. Праўда, ягоныя прамовы ня зусім былі шчырымі, бо ён, хоць і хваліў, але разы два калупнуў-такі гэтую асобу й досыць балюча. Тая ажна заёрзала. Калі ня лічыць гэтага выпадку ды яшчэ прамовы аднаго здаравеннага дзяцюка з чырвоным тварам, дык усё было надта прыстойна. Быў ужо й я разагнаўся на прамову, але тут неяк усе загаварылі разам, ня слухаючы адзін аднаго. Колькі я ня бразгаў відэльцам па кілішку, голасу не атрымаў.

Дахаты пайшлі разам з Авечкам і Арыентацкім. Авечка яшчэ ня суняў свайго жалю і ўсё чмыхаў носам:

— Такая, — казаў, - страта… такая страта..

Арыентацкі, наадварот, выглядаў надта вясёлым.

— Я, — казаў, - хоць-бы штодня ладзіў такія гарбаткі.

— Але-ж у такім разе, — кажу, — вы рызыкавалі-б за які месяц разьвітацца з усімі слыннымі людзьмі гораду.

— А, такой бяды! Ня былі-б яны, былі-б іншыя. Хіба ня ўсё роўна?

Я, ведама, цалкам зь ім згодны, што для мяне гэта ня было-б стратай, але ўголас пра такое не сказаў. Хто яго ведае, што за чалавек Арыентацкі.


21 лютага. На суседняй вуліцы асяліўся пагарэлец. Пацярпеў ён, бядак, ад няшчаснага выпадку з вайсковай неасьцярожнасьці. Ледзь з душой выскачыў. А цяпер усунуўся ў голую хату з голай сямжёй.

— Ну, як ты цяпер жыць будзеш? — спачуваюць суседзі. — У цябе-ж навет вяроўкі няма, каб на крук пачапіць.

— А дармо, — кажа, — неяк пражыву. Дыяген і гэтага ня меў.

Нараілі яму схадзіць да сабедапамогі.

— Мы-ж складаліся, дык вось табе й будзе.

Пайшоў, адважылі там тры кілё мукі й паўкілё солі.

— Ну, — кажуць, — папраўляйся, чалавеча, ня сумуй.

А чаго яму сумаваць, калі памагаюць? «Моцны выжыве, а нямоцных жыцьцё кусае». Так казаў пра гэты выпадак Наязноў. Але, здаецца, ён і сам ня быў перакананы, што гэты выснаў можа хоць трохі задаволіць пагарэльца.


25 лютага. Маржю Іванаўну прасачыў із шофэрам. Усё зразумела! Зрада! Ашуканства! Безадкладна ўжыць станоўкія захады! Гэта чорт ведае што такое![3]


28 лютага. «Любоўная лодка разьбілася аб быт», як пісаў той паэта. У мяне яна разьбілася ўдрузачкі. З Маржяй Іванаўнай — квіты. Перамовы ні да чаго не прывялі. «Разыдземся, — кажа, — Іван Іванавіч, добрымі сябрамі». Нічога! Я шчэ табе пакажу добрых сяброў. Будзеш памятаць…


2 сакавіка. Фэцкі ў выніку лічэньня дайшоў да выснаву, што ў навуцы ўжо няма чаго рабіць: усё вынайдзена. І цяпер конча перакінуўся на практычную справу.

— Гандаль, — кажа, — асноўнае, што цяпер трэба чалавеку, бо гандаль — гэта рухавік усяе культуры.

Ухапіўся й ён за гэты рухавік, але першыя ягоныя крокі былі ня зусім моцнымі. Купіў на інкубатарнай станцыі 30 піскляў па рублю галаву й меркаваў прадаваць па 10 рублёў. Такім парадкам ад гэтага рухавіка мусіла атрымацца пэўная культурная астача. Але, як кажуць, рыба ў рацэ, ды ня ў руцэ. Пакуль ён валок у сетцы гэтых 30 піскляў із станцыі, пяцёх па дарозе ўдалося задушыць, рэшту пасадзіў на авёс. Піскляты адмовіліся ад аўсу. Ведама, які пісклячы розум, скуль ім ведаць, што паводле навукі ім належыць ужываць толькі гэтае зерне? Але Фэцкі конча пастанавіў прымусіць іх падпарадкавацца вымаганьням навукі й безадкладна дзюбаць авёс. Пачалося ўпорыстае змаганьне. Піскляты вымагалі дробна пасечанага тугога яечка ды дробных крупак, але Фэцкі яйка й крупы еў сам, а піскляў засыпаў градам аўсу. У выніку трохдзённага змаганьня, праводжанага зь несьціханай жорсткасьцяй з абодвух бакоў, яшчэ 10 змагароў выбыла з варожага стану, а колькі атрымала цяжкія пашкоджаньні. Толькі тады Фэцкі змогся й рэшту недабіткаў выкінуў на рынак. Але тут яго чакала канчальная аварыя: піскляў ня толькі ніхто ня купляў, але навет й дарма ня браў.

Ізноў навука падвяла.

— Усё было-б добра, — казаў пра гэтую аварыю Сымон, — каб піскляты былі натуральныя. Тыя дык і авёс-бы жэрлі. А тут — зробленыя электрыкай.

Зь ім згадзіўся й Мікіта:

— Ды хіба электрыкай можна жывое зрабіць? Пісклё — гэта, браток, не чалавек: у яго арганізма кволая. Дый чалавека, бадай, ці зробіш электрыкай? — скончыў ён у задуменьні.


5 сакавіка. Трэба падаваць дэклярацыю аб прыбытку, ведама, каб падаткі плаціць. Дайце рады, якія ў мяне прыбыткі, калі я нічога не раблю! Але патэнту маю, знацца, павінен быць і прыбытак. Раіўся з Рыгорам і Наязновым. Наязноў ня даў ніякае парады. Гэта, кажа, не па маёй лініі. А спытайся што па ягонай лініі — таксама ня скажа. Вось табе й прафэсар!

Рыгор параіў проста:

— Накруці ім якую хочаш лічбіну, абы ня зусім мізэрную, і падавай. Хто цябе спраўджваць будзе?

Давядзецца так і зрабіць. А Мікіта Гузак, хоць і шыльду мае, але дэклярацыі падаваць ня думае.

— Ніякага прадпрыемства ў мяне, — кажа, — нямашка. А калі й сталярка, дык я з гэтага саматугам хлеб зарабляю й лішніх прыбыткаў у кішэню не кладу, бо мне лячыцца трэба.

Хто тут сушэйшым із вады выйдзе — ня ведаю.


8 сакавіка. Мірылі Апанаса Дзюрку і Мікіту Гусака. Зьвялі гэта мы іх у Рыгора й кажам:

— Ну й што гэта, хлопцы? Вы-ж, тымчасам, швагры… Трэба жыць дружна, як суродзічы, а вы вунь што… за чубы…

Дзюрка здаўся хутка:

— Я, — кажа, — што-ж? Я гэта ўсё разумею… І гатовы ад свайго боку…

Цяжэй было зь Мікітам. Той ніяк не хацеў пагадзіцца на тое, што ён вінаваты.

— Я чалавек спакойны, — кажа, — курчанё не пакрыўджу, а тым больш такую сьвіньню.

І гэтым ледзь не сапсуў усёй справы. Бо Апанас пасьля такое пігулкі таксама стаў дуба. Добра Рыгор скеміў нацадзіць ім па шклянцы. Тыя палыпалі вачыма й… выпілі. Зрабілася лягчэй. Згоду конча замацавалі яшчэ трыма пляшкамі. І калі швагры пасунуліся ў абдымку дахаты, дык на галаве Мікіты ражном стырчэў Апанасаў капялюш — гэты галоўны стрыжань нязгоды, а да Дзюркавай галавы прыліпла Мікітава кепка. Знацца, згода была поўная.


9 сакавіка. Сяньня малоў рыс на муку — жонка паслала. Пілавала мяне ўжо даўно:

— Што гэта, каша ды каша. Зьмялі рыс на муку, дык каржоў сьпяком.

Прыходжу ў млын, а там людзей, як на рынку. Хто пуд, хто пяць меле, а хто й дзесяць пудоў пытлюе. Ведама, як каму Бог спасобіў. Прыглядаюся я гэта да ўсіх скрозь аржаны пыл, ажна глянуў… Божухна! Пачаканцаў Юрка сядзіць ля латка й рот разявіў. А Пачаканцава я ведаю добра, бо мы зь ім колісь на савецкай «хаўтурцы» рублі касілі.

— А, даражэнькі, - кажу, — што-ж ты тут робіш і чаго рот разявіў?

— Жыўлюся, — кажа.

— А каб ты спух, — кажу, — якое-ж гэта жыўленьне, калі тут адзін пыл.

— А вось-жа ў гэтым і сэнс. Мне адзін прафэсар параіў: «Калі падыхаць, — казаў, - 8 гадзінаў гэтым аржаным пылам, дык ня менш за 200 грамаў хлеба глынеш. Бо, — кажа, — у Баварыі быў адзін млынар, важыў 4 пуды, падымаў 80 пудоў». Вось што значыць гэты пыл.

— Ну й што-ж?

— А вось нічога. Глытаю.

— А працуеш дзе?

— Дзівак! Якая-ж праца, калі я тут 8 гадзін сяджу й глытаю свае 200 грамаў бяз усялякае працы. Зразумей, дзе выйгранка. Не, на працу я шчэ пачакаю.

Я, ведама, зразумеў, дзе выйгранка, але на гэтую працу не пайшоў-бы.


10 сакавіка. Жыхары з цэнтру чагосьці сігаюць па ваколіцы. Да Рыгора прыйшла сваячніца, да Наязнога — швагерка. Да іншых таксама. Іх там, здаецца, паветрам трохі напалохалі. А Сымон зь іх жартуе:

— Дарэмныя турботы, — кажа, — жыві там, куды цаляць хочуць — будзеш цэлы. Бо паветра, яно таксама рух мае — зганяе.

А ў нашай ваколіцы палахлівых няма. Толькі Разак напалохаўся, як пачуў трывогу, бо ў гэты час якраз скончыў брагу калбаціць. Пасьля казаў, што ўсё іншае глупства, але на выпадак чаго — брагі шкада было-б.


11 сакавіка. У кажнага свой закон. Юрэц Бладук трохі павучыў сваю жонку. Каб сказаць моцна, дык не, так, зьлёгку. А бабе чамусь не спадабалася. Выбегла на вуліцу і ў лямант. Забіў, крычыць, пакалечыў! гвалт! Як на тое ліха, вайскоўцы ехалі. Натуральна, пацікавіліся, аб чым лямант. А ў выніку — павучылі Бладука па свайму закону. Зьезьдзілі яму тры аплявухі, ды шчэ і ў паліцыю патрабавалі. Ня бі, кажуць, бабу, ды шануй. Баба ўжо й ня радая, а мужчыны сьмяюцца.

— Завошта ён цябе гладзіў, Бладучыха?

— Каб-жа было за што, а то за глупства. Засьпеў ён нас з Байцовым у гарызантальным палажэньні, ну й азьвярэў.

Дзіва, што азьвярэў.

— Але гэта толькі на жарт было, — апраўдвалася Бладучыха. — Мы так жартавалі.

— Добры жарт, — рагатаў Сымон, — ад такога жарту бывае, што бацька потым свайго дзіцяці не пазнае.

Толькі жонкі спачувалі.

— А якое-ж каханьне ў іх было, любачкі, проста даваеннай якасьці. А ён, гад, біцца!

Але хутка Юрэц вярнуўся без аварыі, і ўсе супакоіліся. Назаўтра Бладук пайшоў упрочкі, але хутка вярнуўся. Бо ўсё-ж, як той казаў, жонка не балалайка — пайграўшы, на сьценку не павесіш.


12 сакавіка. Хадзілі з Сымонам у тэатар слухаць пра новы зямельны закон.

— Хвалю такія парадкі, - цешыўся Сымон. — Свая зямля — гэта ўсё. Шчэ мой дзед казаў: лепш свае тры аршыны, чымся чужая валока. І гэта сьвятая праўда. Калі мой швагра жыў на сваіх трох дзесяцінах, дык ня тое, што хлеба на пяць душ хапала, а й скварка ня выводзілася, а як загналі дабравольна ў калгас, дык ажна з Лагойшчыны ў Менск дыбаў па кілю хлеба. Зямлі ў калгасе было па тры дзесяціны на душу, хлеб-жа, што калгасьнікі рабілі, улада забірала на рублі, а ім прадавала па рублю за кілю.

А мне гэты закон абы-што, бо зямлю рабіць мне не да твару, і хлеба на мой век хопіць.


14 сакавіка. Што на сьвеце дзеецца — чысты сьмех. Настаўнік Дзівак разжаніўся з жонкаю. А жылі разам 45 год. Ці-то надворже на іх паўплывала, ці вайна — невядома. Толькі старыя не захацелі жыць супольна. Падзялілі свой пакой папалам, перацягнулі ў куты кажны свае рэчы, а пасьля ўзяліся агульнае дабро дзяліць. Праўда, дабра гэтага ў іх небагата — усяго адна бочка агуркоў. Як яны перахаваліся ў старых — невядома. Але гэты скарб старыя, як людзі старой загартоўкі, мусілі падзяліць сумесна. Толькі нешта ня выйшла ў іх сумленна — пасварыліся ў час дзяльбы. Ці то старая хацела старога на агурочках абжехаць, ці можа й стары перасморгнуў агурком — пра гэта не хваліліся. Паклікалі на дапамогу суседзяў. Людзей прыйшло шмат. Ведама, кажнаму хочацца на такую рэч паглядзець. Ну, стаўпіліся суседзі й раяцца, як такую справу найлепей абстругаць. Адны раілі расьпілаваць бочку напал, але іншыя запяэрчылі, бо гуркі папілуеш, дый расол выльлецца. Хацелі раскласьці гуркі па штуках: табе, бабка, табе, дзедка, але зноў бяда: другое судзіны ў старых няма. Нарэшце наважылі на месцы агледзець справу й там памеркаваць. Рушылі да бочкі з гуркамі, адчынілі яе, дзівяцца. Ну й гуркі!

Узяў адзін сусед агурок на зуб — хрумшчыць. Другі таксама паспытаў — добра. Трэйці — таксама. Старыя толькі вачыма лыпаюць. І пайшла спроба, як іхныя гуркі хрумшчаць.

— Эх, — кажа нарэшце адзін знаўца на агуркох, — грэх такую закусь усухамятку хрумстаць, сьмяротны грэх.

І неўзабаве джгануў за дзьверы. Праз колькі часінаў вярнуўся з паўлітрам, якое тут-жа й разьмеркавалі. Вядома, не абмінулі й старых. Пасьля сігануў другі сусед, трэйці. І пачалося. Як скончылася гэтая спроба — старыя ня памяталі. Але калі назаўтра зірнулі ў бочку, дык дзяліць ужо ня было чаго. Толькі на дне нейкім цудам захавалася колькі шаптуноў. Вось табе й параілі суседзі. І сядзяць цяпер старыя ў розных куткох ды пазіраюць ваўкамі адзін на аднаго.

Ну, ці ня грэх? А хто ў гэтым вінаваты? Хіба-ж не старыя?


18 сакавіка. У Фэцкага зноў няўдача. Быў апёкся на пісклях, а цяпер на трыбухох скруціла. Купіў ён іх ля бойні ажна мяшок, прывалок дахаты й пачаў вылічваць, колькі на іх заробіць. Але пакуль ён калькуляваў ды вылічваў найвышэйшы прыбытак, трыбухі не марудзілі, узялі дый сквасіліся. Дух ад іх пайшоў па ўсёй кватэры такі цяжкі, што ня толькі на рынак, але й на сьметнік выкінуць небясьпечна. Мусіў збыць за бясцэньне. Каб ня зусім страціцца, завалок гэты злаякасны прадукт Адбіткоўскаму на мыла, па марцы ад трыбуха. Але ашукаўся й Адбіткоўскі. Варыў ён гэтую квашаніну паўдня, але, не ўважаючы на ўжытую ім розную хэмію, мыла з трыбухой ня выйшла, а толькі адна пена.

Цяпер прафэсар ды інжынер, як кажуць, на нажах, бо паміж іхным старым сяброўствам грозным сьценем сталі квашаныя трыбухі. Так, бывае, дробная рэч псуе вялікія дачыненьні вялікіх людзей.


19 сакавіка. Сяньня на зборцы ў Рыгора быў вялікі палітычны дыспут. Справа йшла пра ўладу, чаму яна й навошта. Напачатку населі ўсе на прафэсара Наязнова.

— Вось Вы, — кажам, — прафэсару, акуляры носіце, можна сказаць, зубы зьелі на розных пытаньнях, дык скажэце нам на ласку, што такое ўлада.

- І чаму яна, — дадаў Мікіта Гузак, — не такая, як хачу я, а наадварот?

Наязноў нешта пачаў мармытаць, але такое нявыразнае, што Сымон яго перапыніў:

— Ня ведаеце, шаноўны? Ськідайце акуляры!

Гэтае каведнае пытаньне ўзяўся разьвязаць Мікіта Гузак.

— Я скажу, чаму такое дзеецца на сьвеце. Вось, скажам, так: адзін чалавек хоча туды, а другі хоча сюды. А каб людзі былі ні туды, ні сюды, дык усё было-б добра, і нічога гэтага ня было-б.

— Правільна, — падтрымаў яго Сымон, — людзі ёсьць розныя: адны далікатныя, другія працавітыя, а паміж імі йдзе нясупыннае змаганьне. І вось, знацца, якія людзі перасіляць, такая і улада будзе. Быў у мяне за саветамі знаёмы. Чалавек так сабе — недалуга. Меў ён невялічкую пасаду, быў ціхі, сарамлівы й заўжды выглядаў такім прыбітым, нібы ў яго за каўняром паліцыянт сядзеў. Так. Але аднойчы фракцыя ягонага начальніка перамагае, бярэ, знацца, верх, і той трапляе ў вялікія чыны. Натуральна й гэты недалуга за хвастом чына таксама прыціснуўся да ўлады. І што вы скажаце? Чалавек раптам зьмяніўся: ня той, а зусім новы, ну, проста — арол. Толькі адно й не зьмянілася: як быў гультай, так ім і застаўся. Дык вось што такое ўлада.

Такі нечаканы вывад нас усіх вельмі зьдзівіў, але як мы ведалі, што Сымон — філёзаф, дык і не спрачаліся. А што-ж такое, урэшце, улада, так і не даведаліся.

— Дыспут наш, — як урэзюмаваў Апанас Дзюрка, — быў угрунтаваны на пяску, а таму й вынікаў ня даў.

Можа так, а можа й не…


21 сакавіка. Ловяць безаўсвайсных. Пахапілі на рынку Гузачыху й Загржэмбіцкую — тыя ледзь выцерабіліся. Трапіў у паліцыйныя абыймы й Разак Яська — з самагонам залавілі. Але хоць ён і на мокрай справе пасьлізнуўся, а падняўся сухім, бо Яська добра ведае, што ў такіх выпадках рабіць.

— Я, — казаў, - ўсё роўна сваё наганю.

Пасьля гэтага ўвесь наш мурашнік заварушыўся й пачаў перакоўвацца. Мусіў і я перагледзець свае грамадзкія пагляды й падаўся здабываць аўсвайс. Зразумела, можна было-б і так жыць, бо матаржяльная база яшчэ ёсьць, але палітычныя крыгавіды штораз звужаюцца. Пасьля нядоўгіх меркаваньняў падаўся да Ўправы. Бо як ні кажыце, а ўсё-ж праўда, што толькі на дзяржаўнай пасадзе пазнаеш ісьціну.


22 сакавіка. Неспадзявана сустрэў Маржю Іванаўну. Трапіў у адну вясёлую кумпанію, ажна гляджу — і яна там. Я й вокам не міргнуў, што мы знаёмыя. Яна таксама трымалася тактоўна. Але, як пасьля ўсяго пачалі гуляць у флірт кветак, я-ткі разы тры добра калупнуў яе.

А з гэтай гульнёй выйшла чыстая камэдыя. Флірт быў стары, яшчэ Мікалаеўскі. Зразумела, што ў гэтым дарэжымным флірце было толькі пра кволае й палкае каханьне, а такія простыя рэчы, як сахарына, панчохі, баханка, закусон ды іншыя ня былі прадугледжаныя. Натуральна, мы пачалі выпраўляць недагляд мінулага й мусілі дапісваць. Ну, і панапісвалі на тэму дню.

Гіяцынт: Ці ёсьць у вас скураныя падэшвы?

Фіялка: А фігу вы ня хочаце? — Скураныя! Шаруйце гумай.

Нарцыс: Колькі вы просіце за свае кумпякі?

Лілея: Сьвіньня вы й больш нічога.

Такім парадкам мы скрэмзалі ўвесь гэны кветкавы флірт, і ён атрымаў зусім сучасную афарбоўку. Але пасьля гульні гаспадыня агледзелася, што ўсе карткі паскрэмзаныя, і ўзьняла вэрхал:

— Анцілігенты, — крычыць, — у шляхетную гульню гуляюць, а карткі звэдзгалі, як сьвіньні.

Ледзь мы яе супакоілі складчынай, але ўсё-ж выйшаў канфуз.


13 сакавіка. Загржэмбіцкі вярнуўся з экспэдыцыі ў «Западную». Ён-такі нездарма хваліўся, што ня любіць займацца драбніцай: прывёз із сабою вялікі абоз ёміны. Калі ўсё гэта ўдала рэалізуе, дык адразу выскачыць у першыя рады менскіх фінансавых колаў.

А пра «Западную» апавядае цуды: як там людзі жывуць, як пжюць і гуляюць — проста дзіву дацца. Адно дрэнна, што там усе лютыя нацыяналістыя. Навет і гарэлку, і тую пжюць не як усе людзі, шклянкамі, а па-свойму, па-нацыяналістычнаму. Выставіць, — кажа, — на стол тры чаркі: адну — белай, другую — чырвонай, а трэйцюю зноў белай, ды хвошча ўсе запар, а пасьля выгуквае «Хай жыве!». А іншыя, мабыць, ужо зусім шавіністыя, дык тыя выстаўляюць аж па дзевяць чарак: тры белай, тры чырвонай, зноў тры белай. І «Хай жыве!» выгукваюць ужо тры разы. Гэта ўсіх нашых вельмі зьдзівіла. Толькі Яську Разаку такі звычай надта спадабаўся.

— Каб мне туды, крый Божа, дарвацца, — мроіў ён, — дык «Хай жыве!» я там крычэў-бы хоць дваццаць разоў, пакуль-бы не залажыла.

Кажнаму сваё, а мне такая палітыка не падабаецца.


24 сакавіка. Набліжаецца, як казаў Апанас, першы вольны Вялікдзень на першай вольнай зямлі. Усе з уздымам калбоцяць самагон. У гэтай справе і я не захацеў астацца атэістым і закалбаціў 30 фунтаў аржанухі.


25 сакавіка. Бачыў нейкі дзіўны сон. Сьнілася мне, што нібы йду па галоўнай вуліцы й назіраю звыклы малюнак: машыны, салдаты, грузавікі снуюць узад і ўперад, зьбянтэжаныя цывільныя па бакох туляцца. Грукат, галас, бязупынныя гудкі машынаў, адным словам, вайна. Раптам сталася ціха, да таго ціха, што ажна страшна зрабілася. Стаў я й дзіўлюся — што такое? Нібы тое самае, а тымчасам зусім іншае. Вось прафэсар Фэцкі (той, што вылічаў канец вайны) ідзе, нібы й ранейшы, але ўжо зашпілены на ўсе гузікі й з партфэлем пад пахай. Ветліва вітаецца. Вось інжынер Адбіткоўскі, які мыла з падлаў варыць, на аўтамабілі праімчаў. Гузачыха з кашолкай у руках прашкандыбала. А вось і Сымон на сваім кані едзе. Паджехаў да мяне й спыніўся.

— Ты чаго, — крычыць, — рот разявіў? Зачыняй хутчэй, а то й з табою будзе тое, што з адным Халімончыкам было. Той таксама вось, як і ты, з канём сустрэўся, а пасьля тры месяцы з абвязаным рылам хадзіў і ўсім жаліўся: «Ішоў, - кажа, — ціха па вуліцы, а нейкая разіня ехала і проста мне аглабінай у рот». Вось як бывае. Ну, дык што чуваць?

— Ды вось стаю ды дзіўлюся, што робіцца.

— Ды чаго тут дзівіцца? Нічога новага няма, усё, як было, так і ё.

І Сымон крануў каня. Паехаў. Няўжо-ж ніхто нічога не заўважае? Цуд! Іду далей па Пагарэлай вуліцы, а тут ужо новыя хаты, як грыбы, павырасталі, нібы ў казцы якой, або, не раўнуючы, як у справаздачы ўраду. Крамы скрозь паадчыняныя, а ў крамах дабра ўсякага гарамі навалена. Вось ідуць салдаты, песьні пра вайну сьпяваюць, а кулямёты й бомбы па вуліцы раскідаюць. І нікога гэта не палохае, а наадварот, цешыць, бо дзеці падбіраюць бомбы і, як у мячыкі, зь імі гуляюць. Дзіва! Падышоў да плошчы былой Свабоды, а тут радыёвяшчальнікі на ўсе лады грымяць: «Вайна скончана! Арміі ўсіх народаў распушчаныя! Усе кардоны зьнятыя, а заслоны паднятыя! Мір і супакой! Ура! Няхай жыве супакой!».

У гэты час з-за рогу Танкавай вуліцы на плошчу ракой наплылі грамады людзей, якія павольна спыніліся ля помніка Невядомага Героя. Наперадзе падраўнялася аркестра барабаншчыкаў, а за ёй мора сьцягоў і натоўп. Вось на помнік ускочыў нейкі жвавы чалавечак і пачаў крычаць: «Вызваленыя свабодныя людзі! Вайна скончаная! На ўсім сьвеце запанавала ціша й сугучнасьць. Няма аніякіх спрэчак паміж народамі! Спалучаны ўрад вялікіх нацыяў абвесьціў для кажнае нацыі поўную не…».

Што абвесьціў спалучаны Ўрад, дачуць не ўдалося, бо раптам як разане барабанная аркестра, як загрукочуць гарматы, як загудуць самалёты, ажна, здаецца, зямля здрыганулася.

Тут я падхапіўся ад сну, але грукат ня спыняўся. Я саскочыў з ложка й рынуўся да дзьвярэй, бо ў мае дзьверы барабанілі так, што ажна ўся хата хадыром хадзіла. Калі адчыніў дзьверы, даведаўся, што прыйшла нямецкая жандармэрыя правяраць жыхароў і аўсвайсы. За тое, што я замарудзіў, адчыняючы дзьверы, мне жандар напачатку паказаў пісталет, а пасьля адмерыў нядрэнную плюху. На гэтым скончыўся мой дзіўны сон, бо толькі пасьля жандармаўскае навукі я прыйшоў да цяму й зразумеў, што ўжо ня сон, а рэчаіснасьць.

Суседзі з поваду майго сну кажуць, што хоць ён скончыўся й ня зусім удала, але гэты сон — вяшчун, і ён прадракае канец вайны. Адзін Сымон не падзяляе агульнае думкі. Ён кажа, што сны трэба разумець якраз наадварот.

— Калі ты сьніў, - кажа, — што гэтая вайна скончылася ў такі нечаканы спосаб, то тут, браток, рыхтуйся да новае вайны. Так гэты сон трэба разумець.

Верыць Сымону ніхто ня хоча.


26 сакавіка. Учора ў беларусаў было сьвята. Спраўлялі гадавіну сваёй колішняй незалежнасьці. З гэтае прычыны наладзілі ў тэатры вялікі сход і пачалі гаварыць. Гаварылі шмат пра тое, як колісь змагаліся, як былі незалежныя, як усё ў іх было й што цяпер таксама…

Мне ўвесь час сьвярбела выступіць і спытацца, чаму цяпер нічога няма й хто канкрэтна вінавайца гэтага? Але выступіць пабаяўся й добра зрабіў, бо калі пасьля сходу загаварыў пра гэта зь Янкам Шчырым, дык той мяне ледзь не залічыў у ворагі.

— Вы, — кажа, — не разумееце гэтага, бо вы шчэ ня нашь Вам яшчэ, — кажа, — адзіная недзялімая адрыгаецца, а як Вашае нутро зусім ачысьціцца ад гэтае дрэні, тады ў Вас і ў галаве прасьвятлее.

Што я меў на гэта адказаць? Зразумела — нічога. А тут яшчэ й Ахрэм Авечка падцягнуў:

— Мы, — кажа, — змагаліся, змагаемся й заўсёды будзем змагацца, аж пакуль нам не дадуць. А калі ўжо дадуць, што трэба, тады й змагацца кінем. Мы — упартыя.

Дзіўны чалавек гэты Ахрэм. Усё яшчэ спадзяецца, што дадуць. А тымчасам вось і сяньня не далі. Хацелі яны ў вадзнаку свайго сьвята наладзіць дэманстрацыю, г. зн. паказаць свае сілы, а немцы ім і не дазволілі. Вось табе й незалежнасьць!

Увечары пасьля сходу ладзілі «гарбатку», куды я, нажаль, ня трапіў. А шкада, бо сяньня Арыентацкі хваліўся, што «гарбатка» прайшла надзвычай удала: нікога ня вынесьлі, а навет ня вывелі, а тымчасам усім хапіла. Гутарылі таксама шмат, але куды весялей, чымся на «акадэміі». Напачатку ўсе адзін аднаго хвалілі, а пасьля, калі выпілі па трэцяй чарцы, пачалі сварыцца: і таго не зрабілі, і гэтага не дарабілі, і той вінаваты, і гэты не дагледзеў, і наагул ніхто нічога ня робіць. А як падлілі яшчэ, стала зусім весела, бо загаманілі ўсе разам.

Мікіта Гузак, які слухаў нашую размову, сказаў, што гэта зьява зусім натуральная.

— Кажная вільгаць, — казаў ён, — язык размывае, і ён тады ходзе вальней. Мне доктар, калі я заікаўся, таксама кроплі раіў, і я тады гэтых кропляў выпіваў па шэсьць шклянак на дзень. І памагло, бо цяпер ужо заікацца пачынаю толькі пасьля восьмае шклянкі.


27 сакавіка. На нашай вуліцы асяліўся новы чалавек, у якім Сымон апазнаў таго вучонага, што калісь майстраваў нейкае цудоўнае кола-самакрутку, а пасьля раптоўна зьнік. Завуць яго Камель, а прыехаў ён із занятых усходніх земляў.


28 сакавіка. Сымон зьбіраецца на вёску — зямлю дзяліць. Мне, казаў, таксама, як і іншым, чужой зямлі ня трэба ані пядзі, а калі ўжо сваю, нашую дзеляць, дык тут, даруйце, і я маю поўныя правы хоць на чацьвярціну.

Мабыць, самалётаў напалохаўся, бо сяньня ўначы бальшавікі на літоўскія казармы наляцелі й шмат каго напалохалі. Праўда, шкоду зрабілі невялікую: разьбілі прыбіральню ў суседняга гаспадара. Але за другім разам, калі пашанцуе, могуць і галаву пашчапаць. А Сымон хоць і кажа, што галоўнае ў чалавека жывот, але галаву таксама беражэ.


29 сакавіка. Зьнік Мімікрыйскі. Адны кажуць, што пайшоў на працу й не вярнуўся, а другія сьцьвярджаюць, што наагул нікуды не хадзіў, а з хаты зьнік. Як там было — невядома, а толькі ўсё ягонае майно немцы вывезьлі, а ў кватэру пасадзілі сваіх.

Шмат каму такая рэч не спадабалася.


30 сакавіка. Зноў быў у мастакоў ды пісьменьнікаў. Гэтым разам дэманстрацыя собскіх мастацкіх вырабаў была слабая, але затое дыскусія разгарнулася лютая. У вадным кутку прыціснулі да сьцяны нейкага паджылага плячыстага аўтара й вымагалі ад яго адказу, чаму ўсе ягоныя героі ў канцы вешаюцца. Той бараніўся як мог.

— Гэта, — казаў, - ня я вінаваты. Так псыхалягічны канец вымагае.

— Дык хіба ў цябе канец заўжды на вяроўцы падвешаны? — насядалі на яго. — Чым ты працуеш?

Плячысты толькі адно й цьвердзіў:

- Інакш не магу — псыхалёгія такая.

А хтось ззаду падліваў атруты ў гэты дыспут. Ён то бараніў псыхалёгію, то крычаў, што аўтара самога трэба павесіць за ягоны псыхалягічны канец. У другім кутку два маладзякі спрачаліся аб тым, хто зь іх больш сьпісвае.

— У цябе няма гістарычнага падыходу, — крычэў вышэйшы, — і ты ня можаш напісаць на гістарычную тэму.

— Не магу, — згаджаўся ніжэйшы, — бо ў мяне усе падручнікі зь гісторыі пагарэлі.

— Ці ня ў мой гэта гарод каменьчык?

— Не, гэта каменьчык ня ў ваш гарод, але ў мяне кніжкі пагарэлі, а ня ў вас.

Я ўжо хацеў быў паспачуваць ніжэйшаму, якога стыхійнае няшчасьце ссадзіла з гістарычнага сядла, высушыўшы ўсе ягоныя крыніцы, так што цяпер няма адкуль зачэрпнуць літаратурнае вадзіцы, але тымчасам падскочыў Арыентацкі, торкнуў мне пальцам у жывот і паказаў:

— А вунь і ваш сваяк.

Гляджу я: моцны дзяцюк, з вусікамі, незнаёмы. Штось не пазнаю. Ён таксама і апавяданьні піша, і падноскамі гандлюе.

— Але-ж, выбачайце, я гэтым не займаюся. Я…

Але Арыентацкі ня даў мне часу выказаць сваё абурэньне й паімчаўся да іншай групы. На сярэдзіне пакою грымеў паэта Цымбальскі і ўсё намагаўся прачытаць свае новыя вершы, але яго ніхто ня слухаў. Толькі нейкі пасалавелы музыка дзюбаў носам у ягонае плячо, відаць, нешта хацеў сказаць, ды ня мог. Да мяне падышоў нейкі маладзяк у вышыванай кашулі й з даўгім валосьсем.

— Вы хто? Прадстаўнік ад масаў? — пытаецца.

— Але-ж, кажу, ад масаў.

— Ну, як маса ўспрыняла мой апошні верш?

— Але-ж даруйце… Зь кім маю гонар?

— Алег Верабей — паэта чыстай ліры.

— А прозай вы не спрабавалі? Я прозу больш..

— Прозай? — перапыніў мяне Верабей, — не, не спрабаваў, бо не хачу. А каб захацеў, дык ого! Я так-бы прозай чухвосьціў, нібы Дзюма-айцец.

— Так, — кажу, — усё гэта вельмі прыемна, але, нажаль, ня меў гонару чуць вас.

— Што?! Ня чулі Алега Верабжя? Што вы гэтым хочаце сказаць, шаноўны? Можа вы хочаце намякнуць, што мяне масы не вызнаюць? Дык я вам зараз давяду…

І страсянуўшы даўгім валосьсем, ён сьціснуў кулакі й пасунуўся да мяне бліжэй. Трэба праўду сказаць, я спалохаўся. А што дзіўнага, думаю сабе, можа так давесьці, што пасьля й собская жонка не пазнае.

— Даруйце, — кажу, — я маса, але, выбачайце, ня зусім маса… я… і… я…

— Стаўце кропку над «і», — загрымеў паэт яшчэ больш узрушана.

— Я… я…

Чым-бы скончылася гэтая размова, ня ведаю. Але на шчасьце падскочыў Арыентацкі. Ён неяк так спрытна ськіраваў гутарку на апошні верш Верабжя пад назовам «Пляту лапці» й выказаў такое захапленьне ад масаў, што Верабей трохі заспакоіўся. Калі адышоў ад нас, Арыентацкі мяне перасьцярог:

— З гэтым будзь асьцярожны, бо калі не патрапіш у ягоны тон, то можа, браце, і ліхтара паставіць. Ён такі…

Пасьля гэтае размовы я неўзаметку сьлізгануў за дзьверы і ўцёк дахаты. Цікава пабыць у культурнай кумпаніі, але часам бывае й небясьпечна.


31 сакавіка. Па нашай парафіі пайшлі чуткі, што новы наш асяленец Камель нешта круціць. Суседка ягоная Азарэіха казала, што нейкую парпяту моблю выдумляе, якая сама будзе круціцца. Гузачыха бажылася, што на свае вочы бачыла, як Камель круціў нейкае кола.

— Затоілася я, — кажа, — пад сьцяной ягонага сьвінушніка й пазіраю ў шчэлку, што ён будзе рабіць. А ён ськінуў сьпінжак, закасаў рукавы й пачаў круціць нейкае кола. Крутне й пусьціць, крутне й пусьціць. А пасьля пачаў гаварыць да кола: «Я табе кажу, што само закруцішся». Мяне ажно ў пот кінула. Ну што, думаю, як само закруціцца? Што рабіць? Ці ўцякаць, ці крычэць гвалт? І страшна, і цікава. Але перасіліла сябе й стаю. А ён спацеў, як хорт, а ўсё пакручвае. «Закруцішся, — кажа, — няпраўда». Але, ведама, калясо дурное, само ня круціцца. Паківаецца трохі дый стане. Тут ён як закрычыць: «Круціся! такую ды гэткую, загадваю!». Тут я ўжо ня вытрывала, спудзілася ды ўцякла.

Відаць, баба трохі збрахала, але, у кажным разе, Камлёва таямніца зацікавіла ўсіх, і ягоны хляўчук цяпер сочаць усе людзі.


1 красавіка. Цікавая рэч, што сяньня ніхто не ашукваў.

— Навошта ашукваць, — казаў з гэтае прычыны Сымон, — калі сяньня дзяржавы толькі на ашуканстве й трымаюцца. Гэтым сяньня нікога ня зьдзівіш.

Не пашанцавала толькі Апанасу Дзюрцы. Ён ашукаўся й досыць моцна. Яшчэ зранку прыйшоў да Апанаса Яська Разак і паклікаў у кнайпу:

— Сяньня, — кажа, — ты ня маеш адмовіцца, бо сяньня ў мяне вялікая сямейная ўрачыстасьць.

Натуральна, Дзюрка пайшоў, бо хто адмовіцца ад дармаўшчыны. Прыйшлі ў піўніцу, Разак і кажа:

— Ну, браток, замаўляй усё, што хочаш, — усё дадуць.

Дзюрка й пачаў замаўляць: і «маскоўскай», і закусь розную, навет па кавалку пражанага парасяці замовіў. Падсілкаваліся добра. На заканчэньне ўвесь гэты ёмінна-пітны асартымэнт яшчэ й піўком падгладзілі. Цудоўна!

— Ну, плаці ды хадзем, — кажа нарэшце Яська Разак, — мне пара.

І ён устаў ад стала. Дзюрка аслупянеў.

— Як гэта, плаці? Ты-ж запрашаў!

— Правільна. Запрашаў я, — кажа Яська, — а замаўляў ты. Гэта я цябе ашукаў — сяньня-ж першага красавіка.

І мусіў Апанас выкласьці на стол 980 рублёў. Хацеў ён за такі жарт Яську бутэлькай пагладзіць, але Разака не ашукаеш — ён быў ужо за дзьвярыма.


3 красавіка. Надыходзіць Сьвята. Усе горача ўзяліся за падрыхтоўку. Юрэц пайшоў на сяло старацца самагону, Рыгор выменяў задок цяляціны за паўпуда солі. Мікіта Гузак і Апанас Дзюрка ўвесь час перабываюць на рынку, але гешэфт ідзе слабы, бо пераважае гамбурскі тавар, а ёміны бракуе. Горш за ўсё зь яйкамі — 170 рублёў за дзясятак, а ў паёк далі да сьвята толькі па адным яйку. Гэты факт асабліва абурыў Апанаса:

— Ну што я, — кажа, — буду рабіць з адным яйкам? У мяне-ж сямжя.

Прафэсар Фэцкі на гэтую справу заглядаецца зь іншага боку:

— Адным больш, адным менш — справа невялікая, — кажа, — але вы, шаноўны, зьвярніце ўвагу на лік — адно! Чаму адно? Што гэта значыць? Ці ня сымбаль які? А калі сымбаль, дык што ён сымбалізуе? Вось куды трэба ўглядацца. У корань глядзець!


Загрузка...