1917 год. На дварэ гразка, сыра, няпрыветна — нудна на дварэ. Нудна й у хаце. І есьці ня хочацца… кусок папярок горла становіцца.
І прырода супраць нас. Восень, а тут раптам — навальніца, гром, маланка, зямлю страсанула, і закруціла завіруха. Куды тут есьці будзеш. Выпіў-бы ды… Эх, лепш пачакаць, бо…
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе.
1918 год. Восень. Вой, есьці хочацца, а працаваць ня хочацца: у сабатаж запісаўся. Панясу штаны на рынак. Эх, выпіць! «Где ты, времечко?». Ну, ды нічога, бо…
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня…
1919 год. Восень. «Ну и времена». Прадаў пінжак з бліскучымі гузікамі, а купіў тры фунты хлеба ды кусок цукру-рафінаду ў прыдачу. Трэба шукаць працу, пакуль што якое… Бо ўсё роўна…
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага…
1920 год. Восень. Сыра, гразка. Вязу грамафон у вёску, памяняю на хлеб… Эх, ты, яблычка — ды краснабокае… Цьфу! Ну й што гэта за жыцьцё, ну й што гэта за праца?
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога…
1921 год. Восень. Холадна ў шынялі, а бацінкі арараўскія, трасца ім у бок, ня любяць нашага клімату. Грэюся ў сталоўцы. Разам з камісарам ем зацірку, гавару аб сусьветнай рэвалюцыі, і ўсё роўна есьці хочацца… Не, так далей нічога ня будзе. Займаю восем пасадаў, трэба яшчэ пару дастаць. Бо ўсё роўна…
Дзе гэта калі хто бачыў?
1922 год. Восень. Сыра, ды ня холадна. Новы вецер павеяў, трошкі мякчэйшы. Я нясу на рынак мяшок грошы, куплю хлеба, а можа й на фунт сала хопіць.
А ўсё-ж ткі цяжка: мяшок карак цісьне, хоць і мяккія грошы.
Дзе гэта калі хто?
1923 год. Восень. Холадна, але ня мне. Я сабе купіў новае паліто. Кажуць, нейкае сьвята йдзе, трэба есьці купіць хоць на чырвончык. Эх, выпіць-бы…
Дзе гэта калі?
1924 год. Восень. Сыра, а мне й мора па калені. І жывот у мяне — во! Дай бог кожнаму..
Чаго-б тут такога зьесьці? Мяса надаела, булка — таксама. Вінца-б выпіць ды ікрой зярністай закусіць, як гэта было калісь…
А цяпер?
Дзе гэта?
1925 год. Восень, ня сыра й ня холадна, і жыць можна.…Купіў к сьвяту новую пару ды жонцы сукенку ядвабную, ды гарэлкі, ды віна. На цэлых 10 «чарвякоў» накупіў к сьвяту і «пития и яства». А ўвечары ў клюб пайду. Ну й закусім, ну й выпжем. Эх, таварышы, гэта-ж жыцьцё…
Дзе?
1926 год. Восень. За што бароліся, таварышы? Гэта-ж ніколі падобнага ня было. Зачынілі! За тры дні да сьвята зачынілі, каб табе зачынілі!.. Плаці цяпер за бутэльку 2 р. 50к.
Ну й народ, ну й времена.
Званю на завод «Беларусь», каб хоць піва вядры са тры прыслалі…
Нудна. Нудна на дварэ, нудна і ў хаце, і есьці ня хочацца, кусок папярок горла становіцца… Восень, а тут раптам зачынілі…
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе…