Беларусізацыя пад №…

Рэжым у беларусізацыі


Увогуле, беларусізацыя ідзе некаторым крокам. Але ў некаторых установах яна ідзе яўна не па НОТУ. Адзін з кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў казаў мне на пытаньне беларусізацыі:

«Мова — не волк, в лес не убежить с ней и подождать можно».

Ну і «ждут». Некаторыя з гэтых некаторых устаноў прапускалі па тры тэрміны так званага «канчатковага пераходу».

«Ждут…».

А тут пішуць:

Грошы дарма трацяцца: курсы адчыняюць, а іх не наведваюць! Не гавораць на мове абслугоўваемага грамадзянства! Больш увагі! І наогул, пішуць: трэба падцягнуцца.

З тэй прычыны, што цяпер, можна сказаць, зарэжымілі кругом, ня лішняе будзе, па-нашаму, увесьці рэжым эканоміі і ў справах беларусізацыі. Навошта сродкі марна гінуць?

Калі згадзіцца з гэтым, дык тут у першую чаргу патрэбен плян. Плян — і больш нічога.

Падагульніўшы працу па правядзеньні беларусізацыі за ранейшыя часы, я на грунце практыкі мінулага і апрацаваў прыблізна схэматычны плян найскарэйшага й найтанейшага правядзеньня беларусізацыі. Гэты плян павінен быць на бліжэйшыя гады настольнай кнігай для кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў, якія кульгаюць у беларусізацыі…

Па майму пляну ўмацаваньне беларусізацыі пачынаецца так. Бярэцца чысты ліст паперы, і на ім кіраўнік установы піша цыркуляр або загад, у якім паведамляе сваіх падначаленых аб беларусізацыі.

Цыркуляр можна пісаць так:


«Для скорейшего проведения белоруссизации в N учреждении довожу до сведения и неуклонного исполнения всех служа щих, что с сей минуты предлагается в обязательном порядке постепенно переходить в канцеляриях на белорусский язык с тем, чтобы к осени текущего года окончательно перейти на бел. язык».


Калі цыркуляр пішацца ўвосень, дык тады трэба пісаць «с весны будущего года», калі зімой, дык «с лета будущего года» і г. д. Канчаць цыркуляр можна так: «мелкая переписка, написанная на русском языке, ни мной, ни моим помошником подписываться не будет».

Але гэта як хто хоча.


Увага: У гэтым пункце кіраўнік установы можа спаткаць значныя перашкоды. Можа стацца, што машыністка не захоча беларусізавацца й справа праваліцца ў самым сваім зародку. У такіх выпадках, як верны сродак, раіцца індывідуальны падыход да машыністкі.


Далей. Напісаны такім манерам цыркуляр можна вывесіць на сьцяну ў калідоры ўстановы, а то можна адразу аддаць у папку, якая спэцыяльна адводзіцца пад справу «Беларусізацыя» за № такім-та.

Гэтымі двума мерапрыемствамі фактычна й закладваецца фундамэнт беларусізацыі. Цяпер застаецца толькі, як кажуць, «вглубь» і «вширь». Для гэтага падшукваецца які-небудзь чалавек, ведаючы беларускую мову, які й залічваецца ва ўстанову на пасаду беларуса. Гэты чалавек і будзе паглыбляць беларусізацыю, вядучы «мелкую переписку с тем, чтобы с осени окончательно перейти…» і гэтак далей.


Увага: Кіраўнікі устаноў і наогул асобы, якія стаяць на 17-разраднай тарыфнай драбіне вышэй 14-ай ступені, на курсы хадзіць не павінны ні ў якім разе. Гэта для аўтарытэтнасьці, бо несьвядомыя падначаленыя могуць кпіць: «Тоже начальники и тоже неграмотные».


Той, хто хоча праявіць найбольшы імпэт у справе беларусізацыі, можа пару вывесак зрабіць на беларускай мове. Вывескі трэба пісаць як мага больш няграматна, каб незразумела было. Гэта ізноў-жа для аўтарытэтнасьці ўстановы. Раз незразумела, то няйначай — нешта важнае.

Цяпер застаецца, можна сказаць, дробязь: гэта — падзяліцца з шырокімі коламі сваёй радасьцю, сваімі дасягненьнямі. Тут ізноў трэба падшукаць чалавека, паінфармаваць яго аб сваіх дасягненьнях і асьцярожна намякнуць яму, што вось ня шкодзіла-б і ў газэту прапусьціць аб гэтым.

Інфармацыю трэба прапусьціць пад якім-небудзь хлёсткім загалоўкам, накшталт такога: «Мы доўга цярпелі»… або «Перашагнулі даваенную норму!». Пасьля загалоўка трэба зрабіць кароткі агляд ходу працы па беларусізацыі ў сваёй установе й тады пісаць:


«Беларусізацыя ідзе ў нас шпаркім крокам і ня сёньня, дык заўтра перашагне 100 проц. Дасягненьні аграмадныя. Сялянства на ўсе 100 проц. гаворыць на беларускай мове. Яшчэ напор і… хто наступны?».


Пасьля ўсяго гэтага кіраўнік установы спакойна ідзе піць каву й чакаць праверкі ведаў па беларускай мове. Калі праверачная камісія знойдзе чаму-небудзь што-небудзь ня так, дык тады плян пачынаецца нанава з самага пачатку.

Галоўнае — у роспач не ўпадаць, не аддавацца «грусти и печали». Бадзёрасьць патрэбна й выдзержка. Я ведаў аднаго дзядзьку, які ўсё лета ваду ў ступе тоўк, лёд, бачыце, хацеў зрабіць. Праўда, ён, бядак, так і памёр, не дачакаўшыся лёду (а вада ўсё-ткі сама замерзла, як прыйшла зіма), але да канца дзён сваіх быў вытрыманым і бадзёрым.

Вось такімі і павінны быць кіраўнікі гэтых некаторых устаноў, кульгаючых у беларусізацыі.

Аптымізм і бадзёрасьць, тады мой плян будзе яўна карысным.


P. S. Па апошніх вестках, мой плян распрацоўваецца і, па чутках, будзе прыняты.


Рассуждения о белоруссизации. (З запісной кніжкі «спэца»)


«Я спэц невялічкі, усяго на 175 руб., але, з боскай дапамогай, другія й гэтага ня маюць. Вось чаму я ня скарджуся на свой лёс. Жыву сабе й жыву.

Я, можа, быў-бы й зусім задаволены, каб не адна буйная няпрыемнасьць.

Няпрыемнасьць гэта, інакш кажучы, штодзённая прыкрасьць, якая пільнуе кожны твой крок і атручвае кароткія хвіліны адпачынку, ёсьць так званая беларусізацыя, «т. е. изучение белорусского языка».

Я — абураны. Я — злы. Я гатоў крычаць. Але я толькі шапчу, шапчу й то ў сваёй кампаніі, на вуха «свайму» шапчу: «китайский язык… белоруссизация… ги… ги… и зачем она?». Шапчу, а ўголас не магу сказаць. О, мерзасьць! О, жалкая трусасьць…

…Сёньня ў нас аднаму зрабілі выгавар, а другога звольнілі за нежаданьне вучыць мову…

Вучыць… Што гэта за вучэньне?

Помню, я малы вучыўся. Ня ведаеш, бывала, лекцыі — табе вушы надзяруць або на калені на гарох паставяць, а то й зусім без абеда пакінуць. Во, гэта лінія, хоць і жорсткая крыху, але вучыліся. А цяпер што? Ні без абеду нікога не пакідаюць і пэнсію ўсім спраўна даюць. На мой погляд, гэта гвалт. Навошта таміць чалавека? Навошта мэнчыць яго вучобай пяць гадоў? Ежалі трэба вучыцца, то трэба гэту вучобу праводзіць з рэвалюцыйнай цьвёрдасьцю, без паблажак, тым пача ў адносінах да «великовозрастных».

…Безабразія. Зьдзек. Паход супроць спэцаў. Так, паход. Інакш я не магу назваць таго, аб чым расказаў мне калега, прыехаўшы з правінцыі. Вось што ён апавядаў.

«Быў у нас экзамен па беларускай мове (гэта ў Чавусах). Прыехаў прадстаўнік акруговай нацыянальнай камісіі, паглядзеў, пакруціў носам, панюхаў і знайшоў, што ў нас «Русью пахнет»: установы прапускалі свае «канчатковыя тэрміны» і не беларусізаваліся.

Потым нас сабралі на экзамен. Першага, канешна, старшыню выклікалі.

— Ну, як Вы наконт мовы? — пытаюць.

А старшыня ў нас хлапец сьмелы, адчаяны.

— Ніяк, кажа, нуль стаўце.

Праўда, нуля яму не паставілі, сорамна было, едзініцу ўпісалі.

За старшынёй пайшоў яго намесьнік. Той пачаў нешта пыкаць наконт таго, што часу няма, што перагружаны й г. д. Яму таксама едзініцу ўпісалі. Тое самае было зь лясьнічым, страхагентам і зь іншымі адказнымі. Усё гэта, разумеецца, нармальна. Але вось слухай, што далей было. Слухай і абурайся. Пасьля праверкі адбылося пасяджэньне прэзыдыюму РВК. І што-ж ты думаеш? На прэзыдыюме пастанавілі: «страхагента зьняць з пасады за няведаньне белмовы, а лясьнічаму за гэта самае зрабілі выгавар».

— А старшыні што? — пытаюся я.

— А старшыні — нічога.

— Як так нічога? Чаму яго з пасады не зьнялі?

— Чудак, — кажа мой калега, — ён-жа начальнік, сам зьнімае.

— Ну?

— Ды як-жа ён сам сябе зьніме?

— А другія вышэйшыя?

— А тыя таксама ня ведаюць.

— А яшчэ вышэйшыя?

— Таксама.

Я змоўк. Змоўк і мой правінцыяльны калега. Мы апусьцілі галовы й думалі: «чаму так пабудаваны сьвет, што начальству можна, а спэцу нельга, і чаму начальства змушае спэцаў рабіць тое, чаго само ня хоча»…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

…Малайцы наркамземаўскія спэцы. Героі! Сёньня ў «Вэнгржэцкага» выпівалі. Колькі сьмеху было, калі пасьля другой чаркі перайшлі да абгаварэньня пытаньня дню: гэтай самай беларусізацыі. Сьмяяліся, аж жываты балелі. Адзін расказаў, як ён ужыў у нейкай адносіне адно беларускае слова й так лоўка, што ніхто ня мог разабраць адносіны. Другі хваліўся, што ён разлажыў на лапаткі аднаго беларускага шавіністага. З аднаго лёзунгу ўзяў такое беларускае слова, што той ніяк ня мог растлумачыць.

— Вось вам, кажа, беларуская мова, самі не разумееце.

А трэці, што быў у зялёнай шапцы са значком у ваколышку (відаць, лесавод), дык проста — Аляксандар Македонскі. Той сьмела, перад усёй кампаніяй заявіў: «А я так совсем отказался изучать эту мову».

Мы вушам сваім ня верылі. У лесавода й такая сьмеласьць. Мы з радасьцю прынялі гэту заяву й з энтузіязмам канстатавалі, што «не перавяліся яшчэ багатыры на сьвятой Русі»…

…Цыркулююць чуткі, што летам канчаюцца ўсе тэрміны беларусізацыі. Гэта, канешне, усё адны пустыя гутаркі. Але чорт яго ведае — часам гавораць, гавораць і нагавораць. Пагэтаму я сёньня ўзяўся за «Савецкую Беларусь» і чытаў яе ў парадку беларусізацыі цэлую гадзіну. Думаў, што галава разбаліцца, аж нічога. Наадварот, нават настрой узьняўся. Справа ў тым, што я вычытаў прыемныя навіны аб выніках экзамену па беларусізацыі Менскіх акруговых аддзелаў.

Красата, а ня вынікі. І ўсё нашы спэцы. Ніводзін ня хоча беларусізавацца. Усе працуюць на «общепонятном». Стойкія рабяты, люблю за гэта. А што наконт канчатковай беларусізацыі летам, дык зноў-жа абсурд. У Менскіх акруговых установах добра ведаюць беларускую мову толькі 4 проц. усіх работнікаў.

Гэта — за пяць гадоў беларусізацыі. Калі ў такой прагрэсіі будзе ісьці далей, дык усе 100 проц. будуць ведаць беларускую мову праз 125 гадоў. Во! А кажуць — летам канчаткова. Запужваюць, а нам ня страшна, патаму мы лічбамі апэрыруем…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

…Сёньня гаварыў я з адным беларускім шавіністым. Стаіць бядак на рагу Ленінскай і Савецкай і плюецца.

— З выпадку чаго плюяцеся? — пытаюся па-беларуску.

— Чытайце, — кажа, — лёзунг.

Чытаю: «Больш актыўнасьці ў абгаварэньні працы свай час савету».

— Хэ, хэ, — кажу, — па-беларуску-ж…

— Па-беларуску… (Тут шавіністы моцна вылаяўся). За гэткае «па-беларуску» вешаць трэба.

Шавіністы патрос кулаком некуды ў паветра й пайшоў сьпяваючы: «сьмяюцца над намі»…

А я стаяў і сьмяяўся… Весела й сьмешна, калі беларускі шавіністы злуецца…


Таварыш Мытніца


Такога «таварыша» шукала слуцкая пошта. Атрымала яна аднойчы пакет. Пакет як пакет. Самы звычайны. А на ім адрас: «Слуцак, Мытніца».

Доўга сапелі над пакетам паштавікі.

— Што за трасца такая, Мытніца? Хто ведае Мытніцу?

Ведаючых на пошце не знайшлося.

— Куды-ж паслаць, урэшце, пакет?

Рашылі перадаць пакет паштальёну:

— Ён «соприкасается с массами», далжон ведаць.

«Соприкасающийся с массами» таксама доўгі час круціў пакет у руках, узіраўся на яго, як на новыя вароты, і нарэшце сьцяміў:

— Мытніца? — няйначай нехта прыежджы, бо дасюль такога ня чуваць было ў Слуцку.

І пайшоў па гораду шукаць прыежджага тав. Мытніцу. Абегаў горад, апытаў усіх слуцкіх старажылаў пра таварыша Мытніцу, — няма такога, дый годзе. Як у ваду кануў чалавек.

— А мусіць быць, трасца на яго, — навошта-ж тады-б пісалі: «Слуцак, Мытніца»?

У першы дзень не знайшоў. На другі дзень ужо сёмы пот мяняў паштальён, шукаючы тав. Мытніцу, калі, на шчасьце, адзін добры чалавек параіў:

— Наежджы, кажаш? Дык пры, брат, па ўстановах. Наежджыя — яны больш па ўстановах.

Пайшоў і па ўстановах. У адну сунуўся — няма Мытніцы, у другую — і ня было ніколі такога. І толькі ў трэцяй дабіўся толку.

— Мытніца? Гэта-ж тое самае, што таможня, — растлумачылі. — Нясі ў таможню…

Разінуў рот паштавік ад зьдзіўленьня: шукаў чалавека, а знайшоў установу. Сплюнуў і вылаяўся:

— Нясі, каб цябе зямля не насіла. Другі дзень ужо нясу й ніяк не данясу.

Хто вінаваты ў гэтым? Ня мытніца, разумеецца. Вінавата тут тое, што слуцкія паштавікі лічылі сябе загранічнымі.

Калі адчынілі на пошце курсы беларусазнаўства, то некаторыя ўзьнялі бузу:

— Нашто нам беларуская мова, якая карысьць, — галаву забіваць толькі.

Больш салідныя экзэмпляры, зубры, так сказаць, канцылярскія, прабавалі й канкрэтна паставіць пытаньне адносна карысьці:

— Раней нам давалі прыбавачку за вывучэньне якой-небудзь чужаземнай мовы. А цяпер дадуць ці не?

Напісалі яны аб гэтай прыбавачцы й заяву ў адпаведнае месца. І калі давалі на подпіс служачым, дык толькі стораж адмовіўся:

— Я, кажа, і так граматны. А прыбаўкі вам усё роўна не дадуць.

— Чаму не дадуць?

— Ды не дадуць, — кажа. — Лепш і не таргуйцеся, бо ні капейкі не дадуць.

— А раней давалі.

— Ну, раней можа й давалі, а цяпер у Беларусі, кажуць, беларуская мова ўжо не чужаземная, і курс у гэтым пытаньні цьвёрды: «за чыім сталом сядзіш, таму й песьні пей».

А калі вам гэта не па носе, дык у вас ёсьць два выхады: ці вы асіліце беларускую мову, ці яна вас асіліць.

Не паслухаліся паштавікі стоража й заяву падалі.

Кажуць, што ім чамусь адмовілі ў прыбавачцы за вывучэньне беларускай мовы. Рэзалюцыя на заяве ясна гаварыла: «Отказать».

А шкада. Няхай-бы трохі людзі падвучыліся. І лісты можа-б хутчэй прыходзілі, і мытніцу ведалі-б, ды наогул, можа-б трохі паразумнелі.


Трагедыя чыноўніцкай душы


За Грыгорыем Якавічам яго саслужыўцы пачалі прыкмячаць штось нясуразнае. Быў чалавек як чалавек і раптам — задумаўся. Прыйдзе ў аддзел, нават ня скажа звычайнага «здравствуйте» і сядзе моўчкі за стол. Адложа на шчотах костачку — і задумаецца, адложа другую — і падапрэ галаву рукой…

— Нешта са Шпакам дзеецца, — шапталіся па куткох служачыя.

— Няйначай, як растраціў, - казалі адны.

— Не, факт, што закахаўся, — рашалі машыністкі.

— Госпо… граждане, — тлумачыў стары чыноўнік, — гэта ўсё ад беларусізацыі!..

Нават старажыха й тая заўважыла штось ненармальнае:

— Зьвіхнуліся наш Грыгоры Якавіч, — казала яна куржеру. — То-та бацька, айцец благачынны, сьлёзак пральле.

Рашылі служачыя па-прыяцельску выпытаць у Грыгорыя Якавіча, што за навала такая навісла на яго сьветлай душы:

— Ды вы адкрыйцеся, Грыгоры Якавіч, што вас мучае.

Але Грыгоры Якавіч не хацеў «адкрыцца»:

— Так, — кажа, — жывот нешта сапсуўся… Мусіць, ад ватрушак, што ўчора нанач зьеў.

— А вы-б рыцыны выпілі з паўшклянкі — памагае, — раіў бухгалтар.

— Самае лепшае, вы клізмачку пастаўце, абавязкова клізмачку, — угаворваў стары чыноўнік…

Так цягнулася тыдні два. Нарэшце Грыгоры Якавіч «адкрыўся» свайму найлепшаму прыяцелю і аднадумцу Акакію Павуку, таксама духоўнага званьня. Здарылася гэта зусім выпадкова. Грыгоры Шпак і Акакі Павук ішлі каля Спаса-Ефрасініеўскага сабору й толькі хацелі перажагнацца на сьвяты храм, аж тут з-за вугла — тыц нейкі беларус.

— Цьфу, душу тваю ў ад, — вылаяўся Шпак, — і тут «яны». Перажагнацца спакойна не дадуць… Не, так далей ня можна. Іх штодня плодзіцца ўсё больш і больш, а мы маўчым…

— Даволі! — урачыста выкрыкнуў Шпак і так моцна стукнуў нагой па таламу сьнегу, што аж брызгі паляцелі. — Я павяду!.. Я буду прадаўжаць!..

І Грыгоры Якавіч Шпак, служачы акрфінаддзелу, стаў прадаўжаць вялікую справу, пачатую Пшчолкам, справу вызваленьня праваслаўнай Полацкай Русі ад беларускага іга.


* * *

Марозная раніца. Сьнег назойліва скуліць пад палазамі й сваім скрыпам наганяе на сэрца нуду. У санях двое. Сьпераду, уціснуўшыся ў салому, скорчыўшыся ад холаду, прытуліўся возчык Сымон… Ззаду, на сядзеньні, схаваўшы галаву ў каўнер заячай шубы, асеў Грыгоры Якавіч, тав. Шпак.

Тав. Шпак едзе ў м. Вулу па службовай камандыроўцы й зараз абдумвае плян свайго выступленьня перад вульскімі масамі з мэтаю растлумачэньня ім сутнасьці беларускай мовы.

«Мова дрэнь, канешне, думае Шпак, але як аб гэтым сказаць. Сказаць, што яе няма, — ужо старо. Пшчолка аб гэтым сказаў, ды цяпер ніхто й не паверыць, сказаць, што «дубовый язык», — таксама ўжо гаварылі, «китайский язык» — таксама не адзін казаў. Што-ж бы такое надумаць?». Тав. Шпак думаў…

Між тым конь, перад выездам падкормлены аўсом, у гэтым месцы думак Шпака памахаў хвастом і…

— Вось і «яны» так на нас, — заварушылася ў галаве Шпака, — бяз сораму… Стой! Ёсьць! — выкрыкнуў раптам Шпак і аж падскочыў у санях. — Ёсьць! Ёсьць!.. Лашадзіны, конскага роду.

Фурман спалохаўся, стрымаў каня й рыхтаваўся ўжо выскачыць з саней.

— Ну, чаго стаў? — спахваціўся Шпак. — Паганяй жывотнае.

Конь крануўся, а тав. Шпак разьвіваў далей раптоўна ўскочыўшую ў яго галаву думку. «Так, так… конскага роду, лашадзіны язык… Так…».


* * *

Вульскі Нардом з выпадку прыезду прадстаўніка акруговага цэнтру быў перапоўнены да адказу. Усіх цікавіла, што скажа цэнтральная асоба.

Сход адчыніўся хутка. Насьпех пагаварылі аб тым, аб другім, і ўрэшце на сцэну выйшаў тав. Шпак. Заля заціхла. Шпак паправіў каўнер пінжака, выцер хустачкай нос і пачаў «лекцыю».

— Грамадзяне! Нам трэба вырашыць, што такое беларуская мова наогул і адкуль яна пайшла як такавая. Гэта, грамадзяне, разумець трэба. Нельга так браць знаскоку: «мова», «язык». А што такое мова, адкуль яна пайшла, з каго? Вось аб чым гаварыць трэба. Напрыклад, беларусы. Вы думаеце, якога яны роду, адкуль яны пайшлі, ад Авеля? Не, мыляецеся, я, прадстаўнік з цэнтру, гавару вам: беларусы — конскага роду.

Грамадзяне пераглянуліся, некаторыя хіхікнулі, але слухалі далей: як-ніяк прадстаўнік з цэнтру.

— А што знача конскага роду? — пытаўся Шпак. — А тое й знача, што й язык у іх лашадзіны.

Тут нехта з кута запусьціў у прамоўцу гнілым яблыкам, а на задніх лаўках хтось заірзаў: «І-го-го-го…».

— Вось чуеце?..

Грамадзяне трохі здрэйфілі, а некаторыя да дзьвярэй паціснулі.

— Так, грамадзяне, лашадзіны язык, ён-жа паходзе…

- І-го-го-го, і-го-го-го, — разам зь некалькіх куткоў перапынілі прамоўцу, і ў яго пасыпаўся град агрызкаў, а нехта шмаргануў старой калёшай. У залі стала весела.

— Бі яго, — крыкнуў хтось з грамады.

А тав. Шпак нічога ня чуў. Узбударажаны, чырвоны ад злосьці, ён, сьціснуўшы кулак, крычаў:

— Лошадиный, лошадиный, несознательные лошади…

Грамада прыціхла. Неяк разам усе заўважылі, што чалавек гавора ня ўсуржёз і, разам з тым, з суржёзным відам…

— Бедны, — дагадалася ўрэшце цётка Марцэля, — гэта-ж ён зваржяцеў, а мы сьмяемся.

— Я гэта яшчэ ў дарозе заўважыў, - заявіў возчык Сымон, — але не хацеў казаць, думаў, што на яго так сабе часам находзе.

Усім зрабілася нялоўка. Грамадзяне пачалі моўчкі разыходзіцца, а два крэпкія хлапцы трымалі Шпака за рукі, каб ён у прыпадку хваробы не пакалечыў сябе.


* * *

Зноў скрыпеў сьнег пад палазамі. Возчык Сымон вёз у горад тав. Шпака.

Грыгоры Якавіч прыціснуўся ў задку саней, панура схіліў галаву й мармытаў пасінеўшымі вуснамі: «Не зразумелі, не зразумелі, лошадзі, а я спадзяваўся… У-у-у лошадзі!» — крыкнуў ён са злосьці.

Возчык Сымон, як заўважыў, што яго яздок зваржяцеў на «конскім языку», стараўся папасьці хвораму ў тон і супакойваў:

— А вы, таварыш начальнік, пачнеце з другога канца. Конь, вядома, жывёліна, у яе ёсьць і галава і хвост. Вось з галавы ня выйшла, дык вы з хваста папрабуйце, можа што й выйдзе…

У горадзе вестка аб варжяцтве Шпака маланкай абляцела ўсіх савслужачых. У акрфінаддзеле саслужыўцы зноў шкадавалі Грыгорыя Якавіча:

— Бедны, яшчэ думаў к Вялікадню штаны новыя сшыць… Пашый цяпер…

- І з чаго-б такое найшло на чалавека, — дзівіліся рахункаводы.

— Гэта ў іх ад прыроды, — тлумачыла старажыха.

— Вось яна, беларусізацыя, дзе сказваецца, — шаптаў стары чыноўнік.

Ва ўсім горадзе толькі адзін чалавек ведаў аб сапраўдным становішчы рэчаў. Гэты чалавек — Акакі Павук. Але ён маўчаў. І ў апошнія часы, кажуць, стаў і ён задумвацца… І хто знае, можа праз некаторы час і ён выступіць на зьмену Шпака за «великое дело вызволения Полоцкой Руси».

Хто ведае? Бо Полацкая душа багата пацёмкамі.


Загрузка...