IV

У 1807 г. у фальварку Панюшковічы ў Бабруйскім павеце Меншчыны радзіўся той, каго можам сьмела назваць бацькай беларускай камэдыі — Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

Марцінкевіч, таксама як і яго папярэднікі — аўторы-езуіты, пісаў у дзьвёх мовах: пабеларуску і папольску. Таксама, як у старых інтэрмэдыях, паны і розныя паўпанкі гавораць папольску, сяляне — пабеларуску.

З яго сцэнічных твораў вядомы «Сялянка», «Залёты» і «Пінская шляхта».

«Сялянка» была хронолёгічна першым творам Марцінкевіча (1846 г.). Гэта двохактная камэдыя-опэра, напісаная вершам і прозай. Паны тут гавораць папольску, а войт Навум, Ціт і хор сялян — пабеларуску. Музыку да «Сялянкі» напісаў вядомы композытар, друг Марцінкевіча, Станіслаў Манюшка, таксама родам з Меншчыны. Нажаль гэтыя ноты загінулі і, ня гледзячы на ўсе стараньні, нікому нідзе не ўдалося іх знайсьці.

«Сялянка» выйшла друкаваным выданьнем з друкарні Язэпа Завадзкага ў 1846 г. Пастаўлена была першы раз на сцэне ў Менску ў 1852 г. у тэатры Польляка на Катэдральным пляцы[48]. Весткі аб гэтай п’есе і яе аўторы можна знайсьці ў карэспандэнцыях з Менску ў сучасных польскіх газэтах, як: «Dziennik Warszawski» 1852 г. № 97, «Gazeta Warszawska» 1855 г. № 184, «Dziennik Warszawski» 1855 г. № 188[49].

Марцінкевіч не агранічваўся толькі драматычна-літэратурнай працай. Жывучы пастаянна ў Менску, дзе ён мае службу раней у каталіцкай кансісторыі, а пасьля пры шляхоцкай дэпутацыі, ён арганізуе драматычны гурток, і ладзіць спэктаклі, прыймаючы ў іх учасьце як аўтор, рэжысэр і актор.

«Сялянка» была пастаўлена на сцэне супольнай працай двох кіраўнікоў: Марцінкевіча, аўтора лібрэтта, і Манюшкі, композытара музыкі. Спэктаклі мелі вялікі пасьпех. Ролю войта Навума гуляў сам Марцінкевіч; ён потым любіў падпісываць свае літэратурныя творы псэўданімам Навум Прыгаворка, ці войт Навум, меў такое празваньне сярод прыяцеляў і любіў яго[50]. Гэта сьведчыць аб тым, што роль Навума была акторскім шэдэврам Марцінкевіча.

Цікаўна адзначыць літэратурны плягіят, які зрабіў адзін з тагачасных беларускіх пісьменьнікоў, П. Шпілеўскі. У Пецярбурзе ў 1857 г. выйшла з друку кніжка «Дожинки. Бѣлорусскій народный обычай. Сценическое представленіе въ двухъ дѣйствіяхъ, съ хорами, пѣснями, хороводами и плясками бѣлорусскими». Як у Марцінкевіча пэрсонажы шляхоцкага стану прамаўляюць папольску, гэтак сама ў Шпілеўскага яго помѣщики — парасейску. І тут і там сяляне гавораць пабеларуску.

Выдатны беларускі крытык Антон Навіна ў артыкуле п. з. «Літэратурны плягіят»[51] гэтак піша аб гэтым творы:

«Ужо самы замысел „Дажынак“ з пераадзяваньнем паненкі, Веры Палескай, за сялянку ўзяты жыўцом у Марцінкевіча. Розьніца толькі ў тым, што Вера Шпілеўскага, пераадзеўшыся за сялянку, ідзе жаць на дажынках у свайго жаніха, Пётры Драўлянскага, проста, каб зрабіць апошняму сюрпрыз, а Юлія Марцінкевіча робіць свой маскарад з ідэйнай мэтай: каб прывабіць прыехаўшага з падарожы па Эўропе свайго кузэна, Кароля Лятальскага, да беларускага сялянства і гэтак удзяржаць яго ў ягоным сямейным гнязьдзе, дый даць сялянам добрага гаспадара і апякуна.

Але асабліва ярка кідаецца ў вочы „запазычаньне“ ў Марцінкевіча, калі пачнем чытаць твор Шпілеўскага ад першае сцэны. Як і ў „Сялянцы“, рэч дзеецца перад карчмой, куды войт Наум (той самы, што і ў Марцінкевіча, бо таксама сыпле прыгаворкамі!) загадаў сялянам сабрацца, каб выслухаць панскі прыказ. Зьяўляецца сярод сялян і Марцінкевічаўскі Ціт. Як у „Сялянцы“ сабраўшыяся робяць розныя дагадкі аб прычыне войтаўскага загаду, ды кажуць аб камэце, — так і Ціт у Шпілеўскага, пачуўшы, што войт Наум сядзіць у карчме, кажа: „Ну, дык пойдзем туды да яго… што-ж ён за камэта гэткая?“

Арандар панскае карчмы, Янкель, — гэта ў „Дажынках“ двайнік Марцінкевічаўскага арандатара Іцкі. — Шпілеўскі паўтарыў навет выведзены Марцінкевічам эпізод з мелам, на канцы раздвоеным: пры запісываньні на дошцы доўгу за выпітую гарэлку — Наум, пацягнуўшы мелам раз, сам робіць дзьве рыскі…

Чым-жа можна вытлумачыць тую сьмеласьць, з якой Шпілеўскі „запазычыў“ гэтак многа ў Марцінкевіча? І на гэта лёгка знайсьці адказ: абодва пісьменьнікі належалі да двух розных па культурным уплывам груп, і пад той час, як Марцінкевіч пісаў „Сялянку“ мяшанай мовай польскай і беларускай, празначаючы яе пераважна для краёвае спольшчанае інтэлігэнцыі. — Шпілеўскі пісаў парасейску і пабеларуску, разьлічаючы на расейскае грамадзянства меўшае вельмі мала стычнасьці з краёвымі „палякамі“ (— „палякамі“ па мове). Дык і вялікае рызыкі ня было, што „пазыка“ можа выкрыцца. Ды яна, відаць, і ня выкрылася пры жыцьці абодвух аўтараў, з каторых адзін, Шпілеўскі, быў бязумоўна пад уплывам свайго земляка, Марцінкевіча».

Другі дайшоўшы да нас драматычны твор Марцінкевіча — «Залёты», п’еса ў 3 актах, напісана ў Люцынцы, яго фальварку пад Менскам, у сьнежні 1870 г. Гэтак сама як і «Сялянка», «Залёты» напісаны ў дзьвёх мовах: паны гавораць папольску, сяляне — пабеларуску. На сучасную літэратурную беларускую мову польскія тэксты «Залётаў» выправіў Я. Лёсік і яны надрукаваны ў Менску ў 1918 г. ў «Зборніку сцэнічных твораў».

Каб даць прымернік беларускай марцінкевічаўскай мовы і ягонага шчырага юмару, даем тут адрывак з «Залётаў».

Стары Гапон з жонкай Кулінай вяртаюцца з гораду дамоў пасьля добрага пачастанку і ў дарозе абое на сваім возе засынаюць.

Кабылка, ведаючы добра дарогу дамоў, ішла добра па знаным шляху. Але перад самай вёскай злодзеі адпраглі кабылку, пакідаючы спаўшых на возе, ня ведаўшых аб гэтым здарэньні. І вось у другім акце старыя будзяцца і бачуць з дзівам сваю страту.

Гапон пяе:

Ці ты баба ашалела,

Гдзе-ж ты кабылку падзела?

Ты-ж наперадзі сядзела —

Дык на вошта-ж ты глядзела?

Што-ж ты перад носам мела?

Што-ж маўчыш? — ці асавела?…

Куліна адказвае:

То-ж ты, Гапонка, мужчына,

К табе належыць скаціна,

Мая-ж толькі віна цэла,

Што наперадзі сядзела.

І ты-ж сядзеў на калёсах,

Нос твой быў аж пры атосах…

Відаць мы абое спалі,

Як у нас кабылку кралі.

………………………..

Дык за што-ж ты мяне лаеш?

Ці-ж прыгаворкі ня знаеш:

Ня вер у сьвеце нікому —

Каню ў полі, жонцы ў дому,

Бо хто толькі жонцы верыць,

Той як сітам ваду мерыць.

«Пінская шляхта» (напісана ў 1866 г.) — гэта аднаактны абразок з жыцьця дробнай шляхты Палесься, напісаны вельмі жыва, з вялізным пачыцьцём сцэны і багатым юмарам. Сюжэт стары: дзеці кахаюцца, але бацькі між сабой сварацца і дзеля гэтага маладыя ня могуць пажаніцца. Бацька дзяўчыны хоча яе жаніць са старым, але багатым суседам, аднак дзяцюк, якога яна любіць, усе бацькаўскія пляны нівэчыць сваімі хітрыкамі — і ўсё канчаецца добра.

Апрача гэтых успамянутых вышэй трох сцэнічных твораў ёсьць весткі яшчэ аб трох, да нас ужо не дайшоўшых: «Pobór rekrucki», інсцэнізацыя вершаванай яго повесьці «Гапон», «Walka muzyków» і «Woda cudowna»[52], якія таксама былі пісаны ў дзьвёх мовах. Музыку да гэтых п’есаў напісаў, таксама як і да «Сялянкі», Ст. Манюшка. І гэтыя п’есы, і музыка недзе прапалі. Аб першых дзьвёх п’есах ведама з кніжкі Аляксандр Валіцкі «Stanisław Moniuszko. Warszawa. 1873».

Але ня толькі Марцінкевіч пісаў у палове мінулага сталецьця беларускія п’есы. Арцём Вярыга-Дарэўскі (памёр у 1884 г. ў Іркуцку ў ссылцы) напісаў драму «Гордасьць», камэдыю «Гнеў» і камэдыю-опэру «Грэх». Творы яго былі ў 1862 годзе сканфіскаваны ў Віцябску[53]. Геранім Марцінкевіч напісаў камэдыю «Аказія пры Палкоўніцах», якая ставілася ў Віцябску ў 1862 г. Адрыўкі гэтай камэдыі меў п. Вінцэнт Мяніцкі ў Віцябску[54]. Есьць навет вестка, што lirnik wioskowy — Сыракомля напісаў пабеларуску нейкую п’есу са сьпевамі, да якой скампанаваў музыку Фаўстын Лапатынскі, аб чым успамінае ў сваёй манаграфіі аб Сыракомлі польскі пісьменьнік Крашэўскі[55].

Пасьля апошняга польскага паўстаньня (1863 г.) расейская ўлада забараняе друкаваць беларускія кніжкі. Ведама, разам з гэтым спыняецца й пачаўшаяся тэатральная творчасьць. Амаль што не на працягу поў сталецьця няма беларускіх спэктакляў, ніхто ня піша беларускіх тэатральных твораў. І толькі з пачаўшымся пасьля першай расейскай рэвалюцыі беларускім Адраджэньнем пачынаецца й новая фаза ў гісторыі беларускага тэатру.

Былі, праўда, і да 1905 г. беларускія спэктаклі, але яны ніякай ролі ў гісторыі нашага тэатру ня мелі, дзеля таго, што гэта былі паасобныя здарэньні, якія ня выклікалі далейшай у гэтым напрамку працы. Гэтак, напрыклад, дзеля акуратнасьці нашай тэатральнай хронікі, адзначым «спэктакль», які быў у ліпні 1902 г. ў маёнтку «Карльсбэр» вядомага беларускага архэолёга і гісторыка Андрэя Сьніткі. Арганізатарам і рэжысэрам быў Юры Уласаў (брат сэнатара А. Уласава), які сам пералажыў на беларускую мову ўкраінскую аднаактную п’еску «Па рэвізіі» і паставіў яе з учасьцем ваколічных сялян і сялянак. Рэжысэру трудна было ўтрымаць «на сцэне» дысцыпліну, дзеля таго, што «артысткі», з якіх усе ў вёсцы, даведаўшыся аб рэпэтыцыях, сьмяяліся і кпінкі строілі, хутка адмовіліся ад роляў. Тады рэжысэр кінуўся на хітрыкі: ён «заангажаваў» свае артысткі… палоць траву. Дзеля гэтай работы дзяўчаты ўжо не сароміліся йсьці ў двор, дзе фактычна далей ішлі рэпэтыцыі, якія цягнуліся два месяцы. Спэктакль адбыўся ў пуні на спэцыяльна пабудаванай дзеля гэтага сцэне. Значная частка прыйшоўшай на спэктакль публікі ведала ўжо п’есу ня горш за «артыстаў», гэтак ужо абіліся аб вушы і дакучылі ўсім у двары рэпэтыцыі.

Дазвол на спэктакль адтрымалі, ашўкаўшы іспраўніка быццам будуць гуляць паўкраінску (гэтак дазвалялася)[56].

Яшчэ раней за гэта, бо ў 1892 годзе пісьменнік Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), жыўшы ў Радашкавічах, дзе ён заснаваў каапэратыву, хацеў паставіць з радашкавічаўскай моладзьдзю сваю п’есу «Злодзей», але чамусьці гэтаму спэктаклю ня суджана было адбыцца[57].

Загрузка...