Пасьля рэвалюцыі 1905–1906 г. Вільня зрабілася цэнтрам беларускага руху. Тут, пасьля доўгай забароны друкаванага беларускага слова, паяўляецца першая газэта «Наша Доля», тут пачынаецца выдавецкая работа, тут наладжываюцца першыя беларускія спэктаклі.
У канцы студня 1910 г. арганізуецца невялічкі гурток моладзі з мэтай праставіць беларускі спэктакль на вечарыне, якая ладзілася 12 лютага ў салі Жалезнадарожніцкага клюбу ў Вільні на Хэрсонскай вул[58]. Выбралі для пастаноўкі перакладзеную з украінскай мовы аднаактную п’еску Крапіўніцкага «Па рэвізіі»[59]. Апрача гэтага праграма складалася з пяяньня хору пад кіраўніцтвам польскага композытара Рагоўскага, які ў гэты час жыў у Вільні, вельмі цікавіўся беларускай песьняй і шмат працы аддаў наладжэньню беларускага хору[60], ды народных скокаў пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага († 1917 г.).
12 лютага саля Жалезна-дарожнага клюбу напоўнілася вялізнай грамадой народу. Тут было чуваць апрача беларускай — літоўскую, польскую, расейскую мову. Усе цікавіліся першай беларускай вечарынай.
Вось як апісвае з захопленьнем гэтую вечарыну тагочасная беларуская газэта «Наша Ніва» (№ 8):
«Дзяўчаты зіхацелі пекнымі андаракамі, гарсэтамі, вышыванымі кашулямі, устужкамі, пацеркамі; на дзявочых галоўках былі пекна павязаны чырвоныя хустачкі, белыя наміткі. Хлопцы бялелі ў магілёўскіх сьвітках, абшытых па краёх чырвоным шнурком і падпяразаны прыгожымі вузкімі і шырокімі беларускімі паясамі; на іншых былі беларускія валеныя шапкі. І паліліся хвалі тонаў песьні прад заціхшай у салі тысячнай грамадой…
Чутно была ў песьні не разгул вялікароса з-пад Волгі, ня бойкую гульню паляка, але замкнутую ў сабе самой душу нашага беларуса з лясіста-балоцістай старой нашай бацькаўшчыны… Уся саля стала быццам бурным морам народным, уся траслася ад клікаў: „браво! браво! беларусы!“ Хору прышлося па колькі разоў пяяць некаторыя песьні, што найбольш схапілі людзей за сэрца і душу сваімі словамі, музыкай. Так віталі людзі ўсіх нацыяў беларускую песьню, каторая дагэтуль лілася і разьвівалася толькі на палёх і пералесках, а цяпер адразу выйшла на сьвет шырокі. Чуцен быў скрозь гоман: „мы ня ведалі, што ёсьць беларуская песьня, і што яна асобная, свая, беларуская, мае свой дух“…
Пачаліся на сцэне танцы: лявоніха, мяцеліца, юрка і верабей пад вясковую беларускую музыку. Трэба прызнацца, што яны ўдаліся на хвалу! Публіка проста адурэла… Ажно ў вачох зіхацела, як ішлі лявоніху, мяцеліцу, або як 10 пекна прыбраных пар завіваліся доўгім хвастом у „вераб’і“»…
Гэтымі танцамі кіраваў Ігнат Буйніцкі.
Усе, хто цікавіўся грамадзкім жыцьцём, зьвярнулі ўвагу на гэту першую беларускую вечарыну. Загаварылі аб ёй і інш. віленскія газэты. Вельмі прыхільную рэцэнзыю дала польская газэта «Kurjer Litewski» і літоўская «Viltis». Расейскія газэты прайшлі міма гэтага факту моўчкі, апрача полуофіцыяльнага органа «Виленскій ВѢстникъ», які ўва ўсім гэтым дагледзіўся… польскай інтрыгі[61].
Хутка пасьля гэтага наладжываецца першая беларуская вечарына ў Пецярбурзі, дзе ставяць тую-ж самую камэдыю «Па-рэвізіі», пяе хор, дэклямуе свае вершы поэтэса «Цётка» — Алёізія Кэйрыс († 1916 г.), скачуць народныя танцы. Наагул праграма падобная да віленскай.
У гэтым-жа месяцы лютым (22-га) у Вільні ладзіцца этнографічны вечар, ў якім прыймаюць учасьце й беларусы са сваім хорам, балетам і дэклямацыяй.
У гэты час у Пецярбурзі было шмат беларускай моладзі, якая вучылася там ў вышэйшых расейскіх школах. У Пецярбурзі, хутка пасьля віленскай, арганізуецца першая беларуская вечарына (19 лютага 1910 г.). Ладзяцца спэктаклі ў Слуцку, Горадні ды інш. гарадох. Пад восень 1910 г. выяжджае на правінцыю першы беларускі аб’ездны тэатр пад дырэкцыяй І. Буйніцкага.
Ігнат Буйніцкі, танцор-артыст, самародак, сарганізаваўшы драматычны гурток, хор і балет, са сваей шматлюднай трупай пад канец лета выяжджае з Вільні на турнэ па правінцыі. Дазвол улады было дастаць ня лёгка, але ў канцы канцоў удалося. Прэдпрыемства было досі рызыкоўнае: з гэткім вялізным пэрсонэлям ехаць у мястэчкі, дзе яшчэ ня толькі ня чулі аб беларускім тэатры, але можа мала ведалі аб беларускім адраджэнскім руху наагул, ехаць, ня ведаючы, ці пойдзе ў тэатр публіка, як яна спаткае навізну — беларускі спэктакль. Але віленскі ўспех заахвочываў і падаваў надзею. Усюды першы беларускі тэатр меў гарачы прыём.
У жніўні быў спэктакль Буйніцкага ў Дзісьне.
«Дзісна ня помніць такога збору народу. Інтэлігэнцыя і просты народ усе шчыра віталі беларусаў; магучая ідэя нацыянальнага адраджэньня гарачымі праменьнямі сваімі ўсіх абагрэла, усіх з’яднала, разварушыла застыгшыя сэрцы, заіскрыла выцьвяўшыся ад сьпекі вочы і першае роднае слова са сцэны вітана было не аднэй сьлязой»[62]…
25 і 26 верасьня адбыліся спэктаклі ў Полацку.
Супрацоўнік «Нашае Нівы», Власт, гэтак піша аб полацкім спэктаклях:
«Вокляскам канца не было: грымела-гудзела ўся саля, як лежэнь з ройнымі пчоламі…
Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходам і рупнасьці дзядзькі Ігната Буйніцкага на цьвердыя падваліны і выплываюць усё новыя і новыя сілы. За гэтыя стараньні і рупнасьць шчырае дзякуй яму, а калісь, калі прабудзецца сьвядомосьць ува ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх»[63]…
Рэпэртуар тэатру Буйніцкага складаўся з «Па рэвізіі» Крапіўніцкага і новай арыгінальнай беларускай п'ескі К. Каганца «Модны шляхцюк», якая напісана жыва, з цікаўнымі бытавымі сцэнкамі заручынаў і абсьмейвае тых людзей, якія саромяцца роднай беларускай мовы, а, калечачы польскую, думаюць, што гэткім чынам даказваюць сваю вышэйшую культуру. П’еса была добрая, як агітацыйны спосаб прабуджэньня народнага духа і, ня гледзячы на некаторыя вульгарызмы, а можа дзякуючы ім, карысталася пасьпехам у публікі.
Апрача спэктаклю праграму вечара запаўнялі: хор, дэклямацыя і скокі на сцэне, у якіх галоўнай асобай быў сам Буйніцкі і ўмеў мастацка выпаўняць народныя танцы, выцягваючы з забыцьця старыя: Юрку, Мельніка, Гневаша, Лявоніху, Качана, Чабара, Мяцеліцу, Вераб’я.
Нацыянальны беларускі рух расьце. Дзе не даедзе Буйніцкі са сваім тэатрам, там даходзіць «Наша Ніва», нясучы радасную вестку аб народным адраджэньні. Усюды арганізуюцца гурткі моладзі, якія ладзяць у сваіх мястэчках вечарыны. Гваздзём гэтых вечарын пасьля драматычнага прадстаўленьня зьяўляецца хор, які пяе народныя песьні.
Якуб Колас, які першы раз быў на беларускім спэктаклі, 2 лютага 1912 г. ў Вільні (гулялі «Пашыліся ў дурні» Крапіўніцкага — з украінскага), захоплены гэтым спэктаклем гэтак піша ў сваёй рэцэнзыі:
«Аб адным толькі трэба пашкадаваць, аб тым, што сярод тэатральных рэчаў няма нічога свайго роднага, арыгінальнага. Праўда, тэатр у нас зачаўся нядаўна і я думаю, што няўзабаве зьявяцца новыя рэчы, каторыя ня брыдка будзе паказаць людзям. Гэта вечар паказаў мне, што канешне трэба шырыць ідэю тэатра, нясьці яго ў сёлы і вёскі»[64]…
І ідэя тэатра хутка пашыраецца.
Беларуская адраджэнская хваля, меўшая сваім пунктам выплыву Вільню, шырока разьліваецца на ўсей Беларусі. Ладзяцца вечарыны ў вялікшых беларускіх гарадох, у мястэчках, па вёсках.
Раскінутыя па расейскіх гарадох беларусы усюды арганізуюцца і, ня гледзячы на частыя перашкоды з боку ўлады, выступаюць перад публікай са спэктаклям, роднай песьняй, сваей дэклямацыяй. А перашкоды бывалі. У 1912 г. ў Ніжнядняпроўску ставілі «Моднага шляхцюка» і на афішы было напісана цікаўнае апавешчаньне: «першы і апошні раз, дзеля таго што начальства забараніла»… Вось што піша тагачасны карэспандэнт у «Нашу Ніву» аб гэтай вечарыне:
«…Адно толькі бяда, што жандарскі ротмістр, да каторага хадзілі прасіць пазваленьня, не хацеў зусім пазволіць. Ен казаў: „на што вам гэтыя ўкраінскія ды беларускія п’есы, калі ёсьць пекныя расейскія“»[65]…
Характэрна! І якая добрая паралеля да сучасных адносінаў на захадзе Беларусі!
На віленскі кліч «Нашай Нівы» адгукнуліся навет беларусы-пасяленцы ў далёкім Сыбіры і адтуль пішуць у газэту карэспандэнцыі аб беларускіх вечарынах. Беларуская моладзь, згуртаваная на Варшаўскім унівэрсытэце, і там ладзіць беларускую вечарыну, на якую прыяжджае Ігнат Буйніцкі са сваім балетам з шасьцёх пар танцораў і ўласным «аркестрам», зложаным з дудара, скрыпкі ды цымбалаў. Пасьпех вялізны.
Усіх тагачасных вечарын праграма была больш-менш аднолькавая: спэктакль, хор, дэклямацыя, скокі на сцэне. Найважнейшымі часткамі праграмы, беларускай атракцыяй, былі хор і скокі. Беларускае адражэньне брало свае сокі з народнай творчасьці, вялізны перарыў творчасьці штучнай, не дазваляў так лёгка зьвязаць мінуўшчыну з сучаснасьцю, і вось зварот да народнай песьні, да народных скокаў, навет да сялянскай вопраткі ёсьць зьявішча паўсюднае. Сялянскія сьвіткі, жаночыя гарсэцікі паяўляюцца ня толькі на сцэне, але і сярод публікі, і ужываюцца як штодзенная вопратка.
Тагачасны рэпэртуар складаецца з гэткіх выданых на літаграфіі твораў: «Па рэвізіі» Крапіўніцкага (з украінскага), «Мядзьведзь» і «Сватаньне» Чэхава (з расейскага), «Хам» Ажэшкі (з польскага, інсцэнізацыя повесьці), «Міхалка», «Як яны жаніліся» і арыгінальнага твору «Модны шляхцюк» Каганца. Але хутка паяўляецца новы твор маладога і будзіўшага вялікія спадзяваньні паэта Янкі Купалы — «Паўлінка» (1912 г.).
Паяўленьне на свет «Паўлінкі» было важным здарэньнем у жыцьці беларускага тэатру, а прэм’ера п’есы была мастацкім беларускім сьвятам. «Паўлінка», як аўтор яе скромна называе — сцэны са шляхоцкага жыцьця, ня ёсьць скончаны з мастацкага боку драматычны твор. Псыхалёгія дзеячых асобаў закранута толькі зьверху, драматычная інтрыга вельмі прасьценькая, палажэньні ня зусім консэквэнта адно з аднаго выплываюць, а разьвязка нейкая няўдалая. Узапраўды гэта толькі сцэны. Але гэтыя сцэны так жыва напісаны, гэтулькі няхітрага простага беларускага юмару ў іх уложана, тыпы, хаця без псыхолёгічнай апрацоўкі, але сьмелымі штрыхамі з карыкатурным нахілам гэтак удачна накіданы, што «Паўлінка» здабыла сабе адразу публіку і дагэтуль яшчэ карыстаецца на беларускіх сцэнах зусім заслужаным пасьпехам.
«Паўлінку» першы раз ў Вільні гулялі 27 студня 1913 г. у салі гімнастычнага таварыства «Sokół» на Віленскай вул.
Другі выдатны драматычны Купалы твор, якому няраз прыйшлося бачыць сьвет рампы, гэта — «Раскіданае гняздо», драма ў 5-цёх актах, у якой адчуваецца і шырокі размах пяра і лепшая знаёмасьць з вымогамі сцэны. Тэма «Раскіданага гнязда» — барацьба панскага двору з мужыцкай хатай, пана з селянінам. Лявона Зябліка пан выкідае з хаты. Ен, Зяблік —
…«з гэткай зямелькай зжыўся, як з роднай маткай. Кожны каменьчык на полі і кожны кусьцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ. На гэтых гонейках пасьвіў скаціну, араў, сеяў, касіў. А тут!.. Суд — вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў!..»[66]
Гэта — трагэдыя сялянскай душы Лявона. І няма дзіва, што ён не перажывае гэтага, бо — кажа — «чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: зьсячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне…»
Засталіся: хворая яго жонка ды дзеці. Зоська — дачка, кволая дзяўчына, пранікнутая містычнасьцяй, мэлянхолічная якбы ад сьвету гэтага адарваная; Сымон — старшы сын, горды і адважны, знае сабе цану і верыць у сваю сілу; Данілка і двое малых. З хаты ня йдуць. Ня кінуць зямлі. Па загаду пана дворныя людзі ламаюць ужо страху. На іхнія галовы сыплецца пясок…
Засталіся пад голым небам, — але з зямлі ня кратаюцца. галава ў хаце пасьля бацькаўскай сьмерці — Сымон застаецца на руінах хаты і не пазваляе сваёй сям’і зыйсьці з яе. Службу давалі, можна было добра прыстоіцца, але ён з нязвычайна гордай упартасьцяй ня хоча «прыстроіцца», а чакае адкульсь нейкай справядлівасьці. Але справядлівасьці няма. Ды мала яшчэ бяды: сястра, Зоська, палюбіла паніча, «як зорка месяц…»
Але прыходзе Незнаёмы і кліча на Вялікі Сход.
«Годзе нацягаліся твае дзяды і прадзеды ношкі непасільнай! Выбіла гадзіна, і ты мусіш, як арол магучы, распусьціць сваё крыльле і ляцець туды, куды усе цяпер зьлятаюцца. Кончылася чалавечае вечнае начаваньне, і сьвітаньне агністае пачынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора…»
«Дагэтуль ты сьцежкі свае ня бачыў, бо вечна нязмытыя сьлёзы на вачох тваіх віселі, хоць чырвоная кроў з цябе капала на сьляды твае. Наганяў ты сабе мазалі непазбытыя, як араў і сеяў, а груганы пражорлівыя зярнаты твае сьпелыя клявалі…»
І Сымон пайшоў — «Смока выганяць…»
Драма канчаецца жудаснай сцэнай: водблеск пажару асьвятляе руіны хаты — гэта гарыць падпалены Сымонам панскі двор. На руінах хаты звар’яцеўшая Зоська ў вянку з пасохшага лісьця на галаве круціцца і пяе:
Вецер іграе, зорачкі скачуць,
Месяц між імі лад водзе…
Маці і малыя з торбамі на плячох ідуць за Старцам — у сьвет…
Тут ужо не сьмяхотныя пьяненькія тыпы з «Паўлінкі», тут — панурыя, выкаваныя з жалеза беларускія сымволі. Але «Раскіданае Гняздо» не карыстаеца на сцэне гэткім пасьпехам, як «Паўлінка». Віной гэтага той літэратурны, анты-тэатральны баляст, якога шмат у «Раскіданым Гнязьдзе». А з другога боку — гэтая «літэратурнасьць» мае гэтулькі мастацкага хараства, а словы, якія кажуць героі п’есы гэтак жыўцом вырваны з акрываўленага сэрца народу, што рэжысэрскі алувок ня важыцца чыркануць старонак вялікага твору Купалы.
Разьвіваўшая дзеяльнасьць беларускага драматычнага гуртка ў Вільні праявілася далей ў сьмеласьці заглянуць да «клясычнага» рэпэртуару. 25 студня 1915 года у тэатры «Фільгармонія» на Ноўгародзкай вул. ставяць першы раз ад Марцінкевічаўскіх часаў «Залёты». Вялікую працу каля гэтага спэктаклю далі Марыя Кімонт († 1923), якая замест загінуўшай Манюшкаўскай музыкі напісала часткай сваю ўласную, а рэшту дабрала з розных чужых матываў, і А. Бурбіс, які першы пераклаў на беларускую мову польскія сцэны «Залётаў» і рэжысэраваў п’есу. Варта адзначыць, што роль жыда ў «Залётах» гуляў запраўдны жыд — вядомы беларускі пісьменьнік Зьмітрок Бядуля (Плаўнік).
Няма што й казаць, што спэктакль меў вялізны пасьпех.
Гэты спэктакль быў лебядзінай песьняй старага віленскага драматычнага гуртка. Ужо йшла вайна, хаця не на палёх Беларусі, але ўжо грымелі гарматнія стрэлы. Культурныя справы сайшлі на другі плян. Моладзь паклікалі на крывавае дзела. Беларускія спэктаклі спыняюцца. Пачалася эвакуацыя Вільні. Ня час песьні пяяць, калі сьмерць усюдых сваю жніўную песьню пяе.
Прыйшла окупацыя Вільні немцамі, а з ёю новы перыяд у гісторыі беларускага тэатру.