Частка другая ДРУГАЯ СУСЬВЕТНАЯ ВАЙНА I ПАВАЕННЫ ЧАС

XXX Экспансыя Нямеччыны ў Эўропе.— Падзел Польшчы і заваяваньне Заходняй Беларусі арміямі СССР.— Супрацоўніцтва і напружаньне адносін паміж СССР і Нямеччынай.— Заходняя Беларусь пад уладай СССР.

У 1933 годзе ў Нямеччыне дайшла да ўлады ваяўнічая нацыяналістычная і тоталітарная партыя нацыянал-сацыялістых пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера. Гітлер уважаў, што неабходны жыцьцёвы прастор для нямецкага народу знаходзіцца на ўсходзе Эўропы, які трэба здабыць. Увесь час свайго панаваньня ў Нямеччыне Гітлер імкнуўся зрэалізаваць гэтае меркаваньне.

На пачатку свайго панаваньня Гітлер збройнай сілай далучыў да Нямеччыны тэрыторыі з нямецкім насельніцтвам. У сакавіку 1936 году былі далучаныя землі над Рэйнам (Саара). У 1938 годзе была акупаваная Аўстрыя і край Судэты, забраны ад Чэхаславакіі. Узмоцніўшы нямецкі ваенны патэнцыял, Гітлер распачаў заваяваньне сярэдняй і ўсходняй Эўропы. Ён заняў Чзхаславакію 15 сакавіка 1939 году, а Мэмэль (Клайпэду) забраў ад Летувы 23 сакавіка 1939 году.

23 жніўня 1939 году ўрады Нямеччыны і СССР падпісалі акт узаемнага ненападаньня і сакрэтную ўмову аб распадзеле іх сфэраў уплываў (Акт Ріббэнтроп — Молатаў). Гэтая ўмова дала магчымасьць Нямеччыне бесперашкодна напасьці на Польшчу 1 верасьня 1939 году і на працягу трох тыдняў заваяваць яе. 17 верасьня 1939 году арміі СССР напалі на Польшчу з ўсходу і занялі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Польская дзяржава перастала існаваць. Акупаваную Польшчу немцы назвалі Гэнэральнай губэрняй. Мяжа паміж уладаньнямі Нямеччыны і СССР праходзіла цяпер па этнаграфічнай «лініі Курзона», аддзяляючай абшары палякоў ад земляў беларусаў і ўкраінцаў. Горад Беласток з акругай быў далучаны да Заходняй Беларусі.

У Вільні зараз-жа пачала выходзіць газэта «Беларуская Праўда", выдаваная журналістамі, прыехаўшымі з Менска. Хутка быў скліканы савецкімі ўладамі вялікі грамадзкі сход, на якім савецкія прамоўцы і мяйсцовыя беларусы, як А. Луцкевіч, жадалі далучэньня Вільні да БССР. Аднак хутка з Масквы прыйшла іншая дырэктыва і гэта акцыя была спыненая, а газэта «Беларуская Праўда» перастала выходзіць.

На аснове ўмовы паміж урадамі СССР і Летувы ўрад СССР перадаў Вільню з беларускай акругай Летувіскай дзяржаве. Гэта быў абшар 2750 кв. міль з насельніцтвам 457 500 чалавекаў. На аснове ўмовы аб гэтай перадачы ўрад СССР атрымаў права на вайсковыя базы ў Летуве для арміі і флёты марской і паветранай. Камісар замежных спраў СССР В. Молатаў высьвятліў гэтую справу ў прамове на 5-й надзвычайнай сэсыі Вярхоўнага Савету СССР наступна: «Віленская тэрыторыя належыцца Летуве не дзеля яе насельніцтва. Не, мы ведаем, што бальшыня насельніцтва на гэтым абшары не летувіская. Але гістарычнае мінулае ды імкненьні летувіскага народу цесна зьвязаныя з горадам Вільня і ўрад СССР уважаў за неабходнае шанаваць гэтыя маральныя фактары». Цынізм гэтага выясьненьня вочавідны, бо, аддаючы Вільню Летуве, урад СССР падрыхтаваўся да заняцьця ўсяе Летувы.

Яшчэ перад перадачай Вільні Летуве савецкія ўлады НКВД правялі масавыя арышты беларускіх дзеячоў у Вільні і вывезьлі іх у СССР. Арыштаванымі былі і наступныя выдатныя беларускія дзеячы: Аляксандра Уласаў, Антон Луцкевіч, Вячаслаў Багдановіч, Антон Нэканда-Трэпка, жонка Радаслава Астроўскага Антаніна і яго сын Віктар, У. Суліма-Самойла, Макар Косьцевіч, С. Бусел, В. Грышкевіч, К. Глінскі, Шнаркевіч і іншыя.

Пасьля выхаду савецкіх войскаў з Вільні туды 28 кастрычніка 1939 г. прыбыло з Ковенскай Летувы летувіскае войска, некалькі родаў паліцыі, уключна з хутка зьненавіджанай паліцыяй бясьпекі (Саўгума), і тысячы літоўскіх урадоўцаў. У гэтым часе ў Вільні было каля 8% мяйсцовага летувіскага насельніцтва. Летувіскі ўрад неадкладна распачаў гвалтоўную летувізацыю насельніцтва брутальнымі мэтадамі. Беларусам летувіскія ўраднікі гаварылі, што яны не беларусы, а загубленыя летувісы; ім трэба толькі зьмяніць прозьвішча, дадаючы летувіскае заканчэньне на -ас, -іс, і г. п. ды навучыцца летувіскае мовы. Прозьвішчы прымусова змяняліся, напр.: Мінкевіч на Мінкявічус, Астроўская на Астраўскайтэ, Врубэль на Жвірбліс і г. п.Беларускае выдавецтва цяпер ня мела магчымасьці разьвівацца, выходзіла толькі адна ўзноўленая беларуская газэта «Крыніца» і тая, хоць займала ў дачыненьні да летувісаў лёяльнае становішча, вельмі часта канфіскавалася. Беларускіх школаў на правінцыі летувісы не далі магчымасьці адчыніць. Там працавалі далей школы польскія, або летувіскія, і ў іх настаўнікі ў гутарцы з дзецьмі, роднай мовай якіх была беларуская, карысталіся расейскай або польскай мовай, падтрымліваючы такім парадкам далей варожыя беларусам і летувісам расейскія і польскія ўплывы. У Вільні, праўда, на месцы беларускае гімназіі летувісы дазволілі стварыць беларускую прагімназію і пры ёй пачаткавую школу, але прагімназія бяз большае колькасьці пачаткавых беларускіх школаў ня мела даплыву вучняў і прызначалася, відаць, на заміраньне. На разьвіццё беларускае каапэрацыі беларусы таксама не атрымалі магчымасьцяў.

Беспрацоўная беларуская інтэлігэнцыя як была, так і засталася беспрацоўнай. Беспрацоўе сярод беларусаў нават павялічылася. Так прыкладам, за палякамі на пошце ў Вільні працавала 12 беларусаў, а за летувісамі ніводнага на працу не прынялі. Працу ў летувісаў хутчэй атрымлівалі палякі, чымся беларусы. Пры гэтым тыя беларусы, што не радзіліся ў горадзе Вільні або ў ейнай акрузе, не маглі атрымаць летувіскага грамадзянства. Аднак беларусы саматужна праводзілі нацыянальную беларускую працу, гуртаваліся каля Беларускага Навуковага Таварыства, а таксама каля заснаванага ў Вільні Беларускага Цэнтру, ладзілі лекцыі, сходы і наагул рыхтаваліся да вялікіх падзеяў і зьменаў, якія ўжо можна было прадбачыць.

3 верасьня 1939 году Англія і Францыя абвесьцілі вайну Нямеччыне і гэтым часова зьмянілі вайсковую экспансыю Нямеччыны з усходняга кірунку на заходні. Здаючы сабе справу з плянаванай нямецкай экспансыяй на ўсход, урад СССР скарыстаў з паўсталай сытуацыі і пасьпешна праводзіў забясьпячаньне сваіх заходніх уладаньняў далейшымі заваяваньнямі на заходніх межах. 30 лістапада 1939 году арміі СССР напалі на Фінляндыю і ў выніку перасунулі сваю мяжу з Фінляндыяй каля Ленінграду на поўнач, аддаючы за гэта Фінляндыі паводле мірнай умовы 12 сакавіка 1940 году прылягаючыя да яе абшары на далёкай поўначы. Наступна, ад 17 да 23 чэрвеня 1940 году, арміі СССР акупавалі Летуву, Латвію і Эстонію. 3 гэтае прычыны частка беларускіх дзеячоў змушаная была эміграваць з Летувы ў Нямеччыну. Тыя ж беларускія дзеячы, што засталіся, стараліся далей праводзіць у меру магчымасьці беларускую працу.

Савецкая ўлада юрыдычна зраўнала беларусаў у правох з летувісамі, дазволіла адчыніць пару беларускіх народных школаў у Віленскай акрузе, але ясна не давала ніякіх надзеяў на магчымасьць развіцьця шырэйшае беларускае працы.

Ад 27 да 30 чэрвеня 1940 году войскі Савецкай Расеі акупавалі Бэсарабію і паўночную Букавіну, забіраючы іх збройна ад Румыніі. На вонкавай мяжы новазаваяваных краінаў урад СССР адразу распачаў фартыфікацыйныя работы, вайсковую падрыхтоўку і засіляньне рознымі родамі зброі. На заходняй мяжы Беларусі будаваліся ДОТы, супроцьтанкавыя равы, аэрадромы, пляцоўкі для артылерыі і г. п. Прыбывалі вайсковыя адзінкі, танкі, артылерыя, самалёты і г. п.

Адначасна савецкія ўлады апаноўвалі ўсё жыцьцё Заходняй Беларусі. Савецкія гарнізоны занялі ўвесь край. Разам з войскам прыбылі аддзелы палітычнай паліцыі НКВД. якія ахапілі сваёй сеткай усю Заходнюю Беларусь. Прысланыя шматлікія савецкія камуністыя, камсамольцы, палітрукі, прафэсыяналы з усіх галінаў дзейнасьці ахапілі сваім наглядам і кіраўніцтвам усё жыцьцё краю: адміністрацыю, паліцыю, гаспадарку, сувязь, камунікацыю, асьвету і культуру. Самачынная ініцыятыва мяйсцовага насельніцтва не дапушчалася ні ў чым. Прыехаўшыя савецкія ўраднікі стварылі часовыя ўправы ў гарадох акругаў і паветаў пад кіраўніцтвам савецкіх камуністых, якія падбіралі і паклікалі мяйсцовых людзей да працы. Для аховы парадку на пачатку былі створаныя аддзелы рабочай гвардыі, а ў валасьцёх і вёсках — сялянскія камітэты і аддзелы добраахвотнай сялянскай міліцыі. Адразу распачалося вынішчаньне ворагаў савецкай улады ўва ўсім краі. Багатыя клясы насельніцтва, польскія ўрадоўцы і вайскоўцы, паліцэйскія і г. п. расшукваліся, арыштоўваліся і зьнікалі ў турмах.

Распачаўся падзел зямлі абшарнікаў паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі. За 1939 і 1940 гады было раздадзена 439 000 гэктараў абшарніцкай зямлі, 14 000 абшарніцкіх коняй, 33 000 абшарніцкіх кароў і шмат дробнай жывёлы. На пачатку савецкія ўлады непасрэдна ня змушалі ісьці ў калгасы. Ha ix налажылі вялікія падаткі натурай, грашыма і працай на леса- і сенанарых-тоўках.У скляпох адразу зьніклі вопратка, абутак, харчы і ўсе іншыя рэчы першай патрэбы. 3 СССР прывозілася шмат гарэлкі, трохі солі, запалак і газы. Доўгія чэргі перад скляпамі сталіся пастаяннай зьявай. Калі ў савецкіх палітрукоў запытвалі мяйсцовыя людзі: чаму цяпер у скляпох нічога няма, а за часоў панскай Польшчы там было ўсяго поўна, то тыя адказвалі, што ўсё будзе. Але запытаўшы чалавек хутка зьнікаў, арыштаваны праз НКВД.

Прыехаўшыя савецкія людзі былі худыя і бедна апранутыя. Мяйсцовае насельніцтва мела здаравейшы выгляд і было лепш апранутае.

Савецкія ўлады заяўлялі, што само мяйсцовае насельніцтва павінна вырашыць сваю будучыню. Аднак гэта была звычайная ашуканчая прапаганда. Ужо 6 кастрычніка 1939 году савецкае ваеннае камандаваньне абвесьціла выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі і вызначыла іх на 22 кастрычніка 1939 году. Выбары мелі быць агульныя, роўныя, непасрэдныя і патаемныя. Савецкія ўлады стварылі Цэнтральны перадвыбарчы камітэт Заходняй Беларусі з сядзібай у Беластоку. Да гэтага Камітэту былі прызначаныя найвышэйшыя ўрадоўцы з БССР, як Мікалай Наталевіч — Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР і Грэкаў, тры камандзіры Савецкай Арміі: Гайсін, Маркеев і Спасов ды шмат савецкіх высокіх партыйных урадоўцаў, пераважна расейскага, жыдоўскага і грузінскага паходжаньня.

Перадвыбарчы камітэт падзяліў край на выбарчыя акругі, да якіх прызначыў савецкіх актывістых дзеля правядзеньня выбараў на мейсцах. Кандыдатаў падбірала патаемна савецкае кіраўніцтва, наступна іх публічна выбіралі мяйсцовыя сходы насельніцтва. Ніякія іншыя кандыдаты не дапушчаліся і дзеля гэтага былі пададзеныя для галасаваньня кандыдаты толькі аднаго савецкага сьпіску. У галасаваньні 22 кастрычніка прымалі ўдзел усе жыхары больш за 18 гадоў векам, незалежна ад сацыяльнага паходжаньня, расы, нацыянальнасьці, веравызнаньня, асьветы, маемаснага стану і ранейшай палітычнай прыналежнасьці і дзейнасьці. Агулам 96,7% упаўнаважаных выбаршчыкаў галасавалі, бо кіраваны палітрукамі выбарчы актыў змушаў усіх да галасаваньня. Выбранымі былі 927 дэлегатаў, у складзе якіх было шмат савецкіх вайскоўцаў, палітрукоў і дзеячоў з БССР. Частку дэлегатаў станавілі жыхары Заходняй Беларусі рознай нацыянальнасьці: беларусы, жыды, расейцы і палякі.

Першае паседжаньне Народнага Сходу Заходняй Беларусі адбылося 28 кастрычніка 1939 году ў Беластоку. Праграма Сходу загадзя была падрыхтаваная савецкімі ўладамі і праводзілася савецкімі кіраўнікамі. Першы дзень выпаўнілі прапагандовыя прамовы, ганьбячыя панскую Польшчу і хвалячыя савецкую ўладу. На паседжаньнях 29 і 30 кастрычніка былі прынятыя дэклярацыі вырашальнага характару: 1) аб перадачы ўсёй дзяржаўнай улады ў Заходняй Беларусі Саветам дэпутатаў працоўных; 2) аб выражэньні просьбы ад працоўных Заходняй Беларусі да Вярхоўнага Савету СССР аб прыняцьці яе ў склад СССР і аб'яднаньні з БССР; 3) аб канфіскацыі абшарніцкіх земляў і абвешчаньні ўсёй зямлі дзяржаўнай собскасьцяй; 4) аб нацыяналізацыі банкаў і вялікіх прамысловых прадпрыемстваў, якія становяцца дзяржаўнай собскасьцяй.

Народны Сход выбраў паўнамоцную дэлегацыю з 66 асоб, якая паехала ў Маскву на 5-ю надзвычайную сэсыю Вярхоўнага Савету СССР. 2 лістапада 1939 году сэсыя прыхілілася да просьбы дэлегацыі і прыняла закон аб уключэньні Заходняй Беларусі ў склад СССР і аб'яднаньні яе з БССР. 12 лістапада 1939 году ў Менску адбылася 3-я пазачарговая сэсыя Вярхоўнага Савету БССР, якая пастанавіла прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і такім чынам аб'яднаць беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве.

3 лістапада 1939 году была падпісаная ўмова паміж урадамі СССР і Нямеччыны аб перасяленьні жадаючых немцаў з БССР у Нямеччыну і беларусаў Гэнэральнай губэрні ў БССР. Падобная ўмова аб перасяленьні была падпісаная 7 лістапада 1939 году паміж урадамі СССР і Лету вы.

Канстытуцыя БССР была зрэвізаваная, гарантуючы тэрыторыяльную цэласць, нацыянальны стан і сувэрэннасьць у межах СССР. Аднак папярэдняя мяжа паміж Польшай і БССР, дзелючая Заходнюю Беларусь ад Усходняй, утрымлівалася і пільнавалася цьвёрда, як за ранейшых часоў. Высокі плот з калючага дроту, вежы з вартаўнікамі і кулямётамі ды баранаваная кожнага дня паласа зямлі ішлі ўздоўж усяе мяжы. Пераход яе быў сурова забаронены, і толькі асобы па прапускох маглі пераяжджаць яе ўва ўстаноўленых мейсцах.

Па афармленьні аб'яднаньня Заходняй Беларусі з БССР, распачалася поўным ходам ейная саветызацыя. Бальшавіцкі апарат, прысыланы з СССР, пастаянна павялічваўся. Гэта былі па нацыянальнасьці пераважна жыды, расейцы, грузіны і іншыя нацыяналы. Між імі было трохі зрусыфікаваных беларусаў. Гэтымі функцыянерамі быў абсаджаны кіруючы апарат ад гары і ўніз, ахопліваючы ўсе галіны жыцьця краю. Па акруговых гарадох — акруговыя камітэты КП(б)Б і акруговыя выканаўчыя камітэты; па раённых гарадох — раённыя камітэты КП(б)Б і раённыя выканаўчыя камітэты. У 1940 годзе ў Заходняй Беларусі налічвалася 14666 сяброў і кандыдатаў бальшавіцкай партыі ў 1106 пярвічных партыйных арганізацыях. На ніжэйшым узроўні, у гарадзкіх і сельскіх Саветах, было ўцягнена ў працу звыш 10000 мяйсцовых актывістых, па гарадох і местачках пераважна жыдоў, а па вёсках — беларусаў.

Усе часовыя мяйсцовыя ўправы, як і часовая служба парадку, былі цяпер распушчаныя. З СССР была прывезеная міліцыя, якая ахапіла ўвесь край сваімі аддзеламі. НКВД разбудавала турмы і свае аддзелы допытаў і расстрэлаў паводля савецкіх узораў, такіх памераў і дзічыні, якіх тут ніколі ня было.

24 лютага 1940( году ў Заходняй Беларусі адбыліся першыя выбары ў1 Вярхоўныя Саветы СССР і БССР. Сярод 58 кандыдатаў Вярхоўнага Савету БССР 30 былі беларусамі, 16 — палякамі, 6 — расейцамі і 2 — жыдамі.

Абшар Заходняй Беларусі быў падзелены на акругі: Баранавіцкую, Берасьцейскую, Пінскую, Вялейскую і Беластоцкую, у склад якіх уваходзіў 101 раён.

Цяпер савецкія ўлады праводзілі фундаментальнае ачышчэньне Заходняй Беларусі ад фактычных і патэнцыяльных сваіх ворагаў. Расшукваліся рэшткі польскай адміністрацыі, вайскоўцаў, асаднікаў, лясьнікоў. Іх арыштоўвалі і вывозілі ў вагонах для жывёлы ў Сібір. Наступна арыштоўваліся семьі дэпартаваных і семьі іхных сваякоў і дэпартаваліся ў Сібір такім самым спосабам. Бяз ежы і бяз вады ў вялікія маразы старыя і малыя дзеці масава паміралі. Іх выкідалі на станцыях і цягнікі ішлі далей з яшчэ жывымі ахвярамі. Наступна дэпартаваліся замажнейшыя сяляне, беларуская інтэлігенцыя, духавенства са сваімі семьямі, ды семьі іх сваякоў. Акцыя дэпартацыяў у Сібір адбывалася ўвесь час аж да нямецкага нападу на СССР у 1941 годзе. У некаторых местачках ужо пры нямецкай уладзе знаходзілі сьпісы для наступнай дэпартацыі, якой савецкія ўлады не пасьпелі выканаць.

НКВД арганізаваў агульнае ўзаемнае сячэньне і даношваньне сярод усяго насельніцтва аб усім, а перад усім адносна дачыненьня да савецкай улады. За крытычнае слова адносна савецкай улады няшчасны арыштоўваўся і дэпартаваўся ў Сібір. Наступна такі самы лёс спатыкаў яго сямью і ўсіх сваякоў.

Сяброў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, распушчанай у 1938 годзе, НКВД расшуквала паводля сьпісаў, арыштоўвала і ліквідавала.

Агулам за часы ад 1939 да 1941 году савецкія ўлады на Заходняй Беларусі вынішчылі звыш 300 000 насельніцтва.

У галіне эканамічнай савецкія ўлады пушчалі ў рух існаваўшыя раней прадпрыемствы, працуючыя на мяйсцовай сыравіне і абслугоўваючыя мяйсцовыя патрэбы, як сельскагаспадарчае машынабудаўніцтва. шкляная, гарбарная, тэкстыльная, харчавая, лесаапрацоўчая, керамічная і іншыя галіны прамысловасьці. Аднак цяпер прадукцыя пераважна вывозілася з краю. Асабліва ў вялікіх памерах высякаліся лясы і драўніна вывозілася ў Нямеччыну. Туды ішло з Беларусі збожжа, а з Расеі праз Беларусь ішла нафта.

На працягу сямі месяцаў быў адноўлены Днепра-Бугскі канал даўжынёй 202 км, які меў вайскова-транспартнае значаньне для кірунку з усходу на захад.

Па афармленьні далучэньня Заходняй Беларусі да БССР савецкі ўрад распачаў прымусовую калектывізацыю земляробства. Апорныя сяляне былі масава дэпартаваныя ў канцлягеры Сібіру, як і Казахстану. Таму пад канец 1940 году ў Заходняй Беларусі было 1115 калгасаў, а на вясну 1941 году індывідуальныя сельскія гаспадаркі былі амаль усе зьліквідаваныя. Для абслугоўваньня гэтых калгасаў была арганізаваная 101 машына-трактарная станцыя.

Для аховы здароўя жывёлы былі створаныя вэтэрынарныя амбуляторыі і вэтпункты, куды былі прысланыя спэцыялістыя з СССР.

Для абслугоўваньня здароўя насельніцтва былі арганізаваныя 335 паліклінік і амбуляторыяў, а колькасьць бальніцаў даведзеная да 200. Было адчынена звыш 200 дзіцячых ясьляў. З СССР было прыслана 150 лекароў, 65 фэльчароў і каля 2000 мэдсясьцёр.

У галіне асьветы было ўрухомлена 5 643 школы, у тым ліку 4278 беларускіх. Былі адчыненыя 4 пэдагагічныя і настаўніцкія інстытуты, 2 музычныя тэхнікумы і 8 музычных школаў. Для ўзгадаваньня старэйшых і моладзі было адчынена 100 кінотэатраў, мноства клюбаў, бібліятэкаў, дамоў культуры, чырвоных куткоў і хат чытальняў, а для дзяцей яшчэ 18 дамоў піянераў. Моладзь была далучаная ў камсамольскую арганізацыю, для кіраваньня якой былі прысланыя камсамольцы з СССР.

Літаратура, часапісы і газэты масава былі прысыланыя з СССР, пераважна на расейскай мове і часткова на беларускай.

Урадавай мовай у Заходняй Беларусі стала расейская мова, на якой гаварылІ ўсе ўраднікі, прыехаўшыя з СССР. Адміністрацыя, гандаль, чыгункі, пошта, міліцыя, НКВД і іншыя ўжывалі толькі расейскую мову. Для старэйшага мяйсцовага насельніцтва былі арганізаваныя кароткатэрміновыя курсы вывучэньня расейскай мовы. У беларускіх школах была ўведзеная ў праграму расейская мова.

У акруговых і раённых гарадох Заходняй Беларусі пачалі выдавацца мяйсцовыя газэты на беларускай і расейскай мовах. Рэдакцыйны пэрсанал для гэтых газэтаў быў прысыланы з СССР.

У праваслаўнай царкве кіраўніцтва ўзялі архірэі расейцы, якія за час Польскай дзяржавы былі за штатам і ўвесь час уважалі Маскоўскі сынод за сваю царкоўную ўладу. Цяпер у Вільню прыбыў з Коўні япіскап Элеферы з атрыманым ад Маскоўскага сыноду тытулам мітрапаліта і абняў кіраўніцтва Віленскай епархіяй. Дасюлешні архірэй Хвядос быў забаронены ў сьвяшчэнным служэньні мітрапалітам Маскоўскім Сяргеям і мітрапалітам Элеферыям. Па сьмерці мітр. Элеферыя ў 1940 годзе яго мейсца заняў прысланы з Масквы расеяц арх. Сяргей Васкрасенскі з тытулам «Мітрапаліт Віленскі і Літоўскі, Экзарх Прыбалтыкі».

Пражываючы ў стане спачынку ў Жыровіцкім манастыры, арх. Панцялейман Ражноўскі абняў Гарадзенскую епархію і зьвярнуўся ў Маскоўскую патрыярхію з просьбай прыняць у ейную юрысдыкцыю яго і ягоную епархію. Маскоўскі мітрапаліт Сяргей зацьвердзіў арх. Панцялеймана архіяпіскапам Шнска-Наваградзкім з тытулам экзарха патрыярхіі 17 кастрычніка 1939 году. Аднак ужо ў ліпені 1940 году Маскоўская патрыярхія прыслала з Масквы мітрапаліта Мікалая Ярашэвіча з тытулам экзарха для Заходняй Беларусі І Заходняй Украіны. Арх. Панцялейман быў звольнены са становішча экзарха і прызначаны архірэям Гарадзенска-Вялейскай епархіі. Прысыланыя з Масквы мітрапаліты не баранілі мяйсцовага духавенства і вернікаў перад арыштамі і дэпартацыямі іх савецкімі ўладамі. Гэтыя духаўнікі выконвалі свае пастырскія абавязкі фармальна, як функцыянеры Савецкага ўраду.

На мяйсцовае насельніцтва былі наложаныя вялікія павіннасьці для дзяржавы. Ці ў калгасе, ці на фабрыцы, ці ва ўстанове трэба было хутка працаваць, каб вырабіць вялікую норму пад наглядам і прыгонам савецкіх кіраўнікоў. Па працы трэба было ісьці на палітычныя сходы, праводжаныя савецкімі агітатарамі і палітрукамі. Працоўныя суботнікі ў нядзелю без аплаты за працу былі стасаваныя агульна. На лесанарыхтоўкі, на капаньне земляных фартыфікацыяў на мяжы з Гэнэральнай губэрняй, на разгрузку цягнікоў на станцыях, на жніво, на капаньне бульбы і іншыя работы ўлады пасылалі людзей без аплаты за іх працу.

Прысланыя з СССР савецкія людзі былі на палажэньні ўпрывілеяваных і пануючых. Для іх былі арганізаваныя асобныя сталовыя, асобныя склады з прамысловымі таварамі і асобныя скляпы з харчамі, недаступныя для мяйсцовага насельніцтва. Уся гаспадарчая прадукцыя краю была ў руках кіруючага апарату прысланых савецкіх людзей, якія выконвалі пляны, вызначаныя ўрадам з Масквы. Патрэбы мяйсцовага насельніцтва ў гэтым ня былі вырашальным дзейнікам, ды ня было каму іх дамагацца. Надзвычайная бяда і недахопы ўсяго самага неабходнага для жыцьця, без магчымасьці палепшаньня, сталі пастаяннай зьявай жыцьця Настроі беларускага насельніцтва ў дачыненьні да Савецкай улады зьмяняліся з непрыхільных на варожыя.

XXXI Заваяваньне Нямеччынай Заходняй і Паўдзённай Эўропы.— Напад Нямеччыны на СССР.— Дзейнасьць беларусаў у Цэнтральнай Эўропе.— Нямецкая акупацыя і вайсковая адміністрацыя Беларусь— Захады беларусаў дзеля арганізацыі беларускай адміністрацыі.— Польская дзейнасьць у Заходняй Беларусі.— Нямецкая палітыка адносна жыдоўскага насельніцтва.— Аднаўленьне рэлігійнага жыцьця на Усходняй Беларусі.— Пачатак «Менскай Газэты».

Нямеччына мела вялікія і хуткія посьпехі ў вайне супроць Францыі і Англіі як на зямлі, так і на моры. 9 красавіка 1940 году немцы занялі Данію і Нарвэгію», а 10 траўня — Галяндыю, Бэльгію і Люксэмбург. 14 траўня немцы распачалі наступ на Францыю. хутка здабылі Парыж і 22 чэрвеня маршал Пэтэн падпісаў перамір'е з Нямеччынай. Наступнае бамбардаваньне з самалётаў Англіі сталася зацяжнай справай, без асягальнага выніку для Нямеччыны. 7 кастрычніка немцы занялі румынскія нафтовыя абшары, а 9 сьнежня распачалі наступ у паўночнай Афрыцы.

Ужо 18 сьнежня 1940 году Гітлер вырашыў вярнуцца да асноўнага напрамку сваёй экспансыі на ўсход, супроць СССР (плян Барбаросса). У сакавіку 1941 году нямецкія войскі ўжо былі ў Мадзяршчыне, Баўгарыі і Румыніі, а 5 красавіка немцы напалі на Грэцыю і Югаславію. Такім чынам Гітлер забяспечыўся на захадзе і на поўдні перад стварэньнем другога фронту і ўзмоцніў свой вайсковы патэнцыял новымі заваяваньнямі.

Рыхтуючыся да вайны супроць СССР, нямецкі ўрад праводзіў падрыхтоўчую працу сярод беларусаў і сярод іншых падсавецкіх народаў. У Нямеччыне, Гэнэральнай губэрні (Польшчы), Чэхаславакіі і Францыі пражывала шмат людзей з падсавецкіх краінаў розных нацыянальнасьцяў, як на волі, так і ў лягерох вайсковаполонных з польскай арміі. Яшчэ ў ліпені 1939 году прафэсар фон Мэндэ быў дэлегаваны ў Вільню для бліжэйшых кантактаў з беларусамі. Ад кастрычніка 1939 году да ліпеня 1941 году беларускай справай цікавіліся нямецкія ўраднікі з контрразьведкі (Абвэр): маёр Гэруліс, былы рэктар унівэрсытэту ў Кэнігсбэргу; маёр Дэрынг, капітан, доктар Казлоўскі, прафэсар фон Мэндэ і яго дараднік фон Энгэльгардт , як экспэрт па беларускіх справах.

У канцы лютага 1941 году Беларускі і Украінскі камітэты ў горадзе Лодзі наведалі нямецкія вайскоўцы маёр Гэруліс і капітан Казлоўскі па справе вярбаваньня добраахвотнікаў беларусаў і ўкраінцаў у парашутныя дывэрсыйныя аддзелы. З беларусаў яны набралі 32 чалавекі, якіх перашколілі ў лягеры каля Остролэнкі і сфармавалі з іх 3 групы. Дзьве групы па 11 чалавек 20 чэрвеня былі спушчаныя на парашутах па савецкім баку мяжы каля Беластоку. Гэтыя групы былі хутка выкрытыя савецкімі ўладамі і зьнішчаныя. Трэцяя трупа з 10 чалавек была спушчаная на парашутах у начы з 21 на 22 чэрвеня каля Менска і яна выканала прызначаныя ёй заданьні.

У Варшаве быў арганізаваны немцамі, пры дапамозе Ж. Вежана і іншых, аддзел беларускіх парашутыстых. Іх перашколілі ў Сілезіі. Напярэдадні нямецкага нападу на СССР гэты аддзел быў перакінуты на ўсход за раку Буг. Пасьля кароткага змаганьня гэты аддзел быў выяўлены і пасаджаны ў турму ў горадзе Ломжы. Па заняцьці Ломжы немцы вызвалілі гэтых людзей.Незадоўга перад вайной нямецкія ўлады выклікалі з Прагі Чэскай у Бэрлін Васіля Захарку, Старшыню Рады БНР, і д-ра Івана Ермачэнку. Іх прыняў заступнік міністра замежных спраў. У гутарцы, якая трывала некалькі гадзін, нямецкі ўраднік даў да зразуменьня, што супрацоўніцтва немцаў з беларусамі немагчыма як роўных партнэраў. Але ён хацеў схіліць беларусаў да супрацоўніцтва з немцамі. Беларускія прадстаўнікі перадалі нямецкаму ўрадніку мэморандум, скіраваны ў Міністэрства замежных спраў Нямеччыны, падпісаны В. Захаркай, Старшынёй Рады БНР, і д-рам I. Ермачэнкам, сябрам Рады БНР. У гэтым мэморандуме было пададзена жаданьне волі і незалежнасьці для Беларусі.

Ужо па заняцьці немцамі Беларусі нямецкія ўраднікі запрапанавалі В. Захарку і I. Ермачэнку аб'ехаць Заходнюю Беларусь і прадыскутаваць беларускія нацыянальныя справы з наяўнымі там вядучымі беларускімі людзьмі. Разважыўшы гэтую справу ў Бэрліне з дзеячамі А. Шкутка, Ф. Акінчыцам і кс. В. Гадлеўскім, было пастаноўлена:

1) наведаць усе культурныя цэнтры Заходняй Беларусі;

2) стварыць Коордынацыйны Камітэт для змаганьня занезалежнасьць Беларусі;

3) прыцягнуць да камітэту ўсіх вядомых культурных і палітычных дзеячоў. З гэтай мэтай Захарка і Ермачэнка наведалі Варшаву, Кракаў,Лодзь і іншыя гарады, спаткаліся з д-рам М. Шчорсам, праф. Р. Астроўскім і іншымі. Быў апрацаваны праект Коордынацыйнага Камітэту. Аднак выявілася вялікая разьбежнасьць у паглядах адносна таго, чаго зараз трэба жадаць ад немцаў: беларускага ўраду ці Коордынацыйнага Камітэту. В. Захарка ведаў, што немцы ня згодзяцца на тварэньне беларускага ўраду, бо яны рыхтуюць для беларускага народу падпарадкаванае становішча пад нямецкім кіраўніцтвам і толькі абяцаюць самаўраду неакрэсьленай будучыні. Ня могучы перамагчы гэтай разьбежнасьці ды імкнучыся да самастойнай Беларусі,В. Захарка спыніў захады Рады БНР перад нямецкім урадам і займаўся культурна-асьветнымі справамі ў Празе.

Прыбліжэньне нямецка-савецкай вайны станавілася вельмі адчувальным. Беларускія дзеячы, пражываючыя ў вольных краях, імкнуліся спаткаць гэтую падзею супольным узгодненым фронтам і выкарыстаць яе для беларускай нацыянальнай справы. Створаны кс. В. Гадлеўскім Беларускі Нацыянальны Фронт не стаўся большай коордынацыйнай арганізацыяй. Для стварэння адзінай беларускай рэпрэзэнтацыі ад беларускіх арганізацыяў, існуючых у Нямеччыне і Гэнэральнай губэрні, была скліканая 19 чэрвеня 1941 году нарада ў Бэрліне У гэтай нарадзе прымалі ўдзел прадстаўнікі з Нямеччыны: Мікалай Шкялёнак — старшыня Беларускага Камітэту Самапомачы ў Бэрліне, гаж. Анатоль Шкутка — кіраўнік Беларускага Бюро Даверу ў Бэрліне, д-р Вітаўт Тумаш — старшыня Беларускага Камітэту Самапомачы і Лодзі; з Гэнэральнае губэрні прымалі ўдзел: кс. Вінцук Гадлеўскі — прадстаўнік Беларускага Камітэту ў Гэнэральнай губэрні ад цэнтралі ў Варшаве і аддзелаў у Кракаве і Белай Падляскай і іншыя.

Нарада пастанавіла стварыць Беларускі Нацыянальны Цэнтар, які меў за мэту кіраваць, плянаваць і коордынаваць беларускую працу ў Нямеччыне і Гэнэральнае губэрні. На старшыню цэнтру быў выбраны завочна д-р М. Шчорс, а на сяброў М. Шкялёнак, А. Шкутка, кс. В. Гадлеўскі, Ч. Ханяўка і д-р В. Тумаш. Д-р Шчорс з дапамогай д-ра Тумаша апрацаваў даўгі мэморандум на Імя Гітлера. Там жадалася высьвятленьне адносін Нямеччыны да беларускай справы, з дамаганьнем незалежнасьці для Беларусі на ўсіх этнаграфічных землях, пры палітычным і эканамічным супрацоўніцтве з Вялікай Нямеччынай. У мэморандуме выражалася надзея, што цяперашні нямецкі ўрад не паўторыць памылкі ўраду кайзэра Вільгельма II адносна Беларусі. як і на мірных перамовах у Берасьці ў 1917 годзе. Гэты мэморандум быў перададзены нямецкаму гэнэралу, які адмыслова прыехаў з Бэрліну ў Варшаву да д-ра Шчорса 13 ліпеня 1941 году. Праз два дні гэты самы гэнэрал прыехаў да д-ра Шчорса і запэўніў яго, што прапановы гэтага мэморандуму будуць прынятыя пад увагу і зрэалізаваныя пад час канчатковага вырашэньня праблемаў Усходняй Эўропы.

Давяраючы абяцаньням нямецкіх ураднікаў і спадзяючыся на справядлівае вырашэньне беларускай нацыянальнай справы, беларускія дзеячы ў далейшым супрацоўнічалі з нямецкімі ўрадавымі дзейнікамі ў змаганьні супроць СССР за вызваленьне Беларусі.

22 чэрвеня 1941 году Гітлер без абвешчаньня вайны напаў на СССР па ўсёй гранічнай лініі вялікімі збройнымі сіламі. У дзень нападу немцаў па радыё ў Бэрліне выступіў з прамовай пабеларуску да народу Беларусі кс. В. Гадлеўскі, заклікаючы да змаганьня супроць маскоўскіх камуністых за вызваленьне Беларусі ад бальшавізму. Наступна ён выступаў па радыё з падобнымі прамовамі. Нямецкая радыёстанцыя «Вінэта» з Кэнігсбэргу, Усходняй Прусіі, "надавала радыёпраграмы да народаў СССР на іх мовах, заклікаючы да барацьбы з бальшавізмам. Беларускі аддзел быў вельмі актыўны ў гэтай працы. На пачатку вайны нямецкія ўрадавыя прадстаўнікі спатыкаліся з прадстаўнікамі беларусаў у Бэрліне, як: інж. А. Шкутка, кс. В. Гадлеўскі і іншыя. Немцы прапанавалі беларусам прыняць актыўцы ўдзел у антысавецкім змаганьні. Аднак яны не акрэсьлівалі будучага стану для Беларусі па перамозе над СССР.

На займаных абшарах Беларусі на пачатку немцы вешалі на дамох і платах загадзя выдрукаваныя вялікія абвешчаньні на нямецкай і беларускай мовах. На гэтых абвешчаньнях падавалася аб вызваленьні Беларусі ад бальшавізму нямецкімі войскамі, а Беларусь абвяшчалася жыцьцёвым абшарам беларускага народу.

Нямецкі напад на СССР быў неспадзяваным. Ён быў накіраваны моцнымі вайсковымі ўдарамі ў трох напрамках: на поўначы на Ленінград, у цэнтры на Маскву праз Беларусь, а на паўдні на Украіну і Каўказ. Немцы плянавалі ў кароткім часе быць на лініі Архангельск—Астрахань, зьнішчыць індустрыяльныя цэнтры на Урале і да зімы закончыць маланкавую вайну поўным разгромам СССР.

Вялікія савецкія арміі на заходняй мяжы былі хутка спаралізаваныя нямецкай артылерыяй, бамбардаваньнем з самалётаў і танкавымі атакамі. Яны рабілі слабы мяйсцовы супраціў, хаотычна адступалі на ўсход, былі акружаныя нямецкімі арміямі і масава забіраныя ў палон. На пяты дзень вайны немцы занялі Менск, а заваяваньне ўсей Беларусі трывала менш трох тыдняў. Наступленьне немцаў было даўжэй затрыманае савецкімі арміямі на ўсход ад Смаленска — каля Дарагабужа і Ельні, каля Бранска і Гомеля. Толькі на пачатку кастрычніка немцы перамаглі гэты савецкі супраціў і пайшлі на Маскву.

Савецкая адміністрацыя. партыйнае кіраўніцтва, міліцыя, палітычная паліцыя (НКВД) і іншае савецкае кіраўніцтва пасьпешна пакідалі свае мейсцы і ўцякалі на ўсход. Аднак на наступны дзень вайсковыя і партыйныя групы вярталіся назад у пакінутыя імі гарады і местачкі і падпальвалі як склады наяўных запасаў усякага дабра, так і звычайныя будынкі. Ворагу трэба было пакінуць толькі пажарышчы. У многіх мяйсцовасьцях насельніцтва было змушанае гвалтам ісьці ў бежанцы на ўсход. Жыхарства, якое не ўцякала на ўсход, а заставалася на мейсцы, уважалася камуністымі за варожае да савецкай улады. Ад нямецкага бамбардаваньня з самалётаў Менск нацярпеў няшмат. Аднак увесь горад, за выняткам прыгарадаў, згарэў ад падпалаў савецкімі "спэцаддзеламі. Падобныя зьнішчэньні рабіліся па загадзе з Масквы па ўсёй Беларусі. Гарады Менск, Барысаў і Бабруйск не былі бароненыя ад немцаў, але спаленыя савецкімі спэцкамандамі.

З далейшых ад фронту акругаў: Гомельскай, Магілеўскай і Віцебскай былі вывезеныя на ўсход заводы, фабрыкі і запасы харчоў, вопраткі і іншага. З калгасаў і саўгасаў на ўсход вывозілася ўсё: жывёла, сельскагаспадарчыя машыны, запасы збожжа і варыва. Мяйсцовае насельніцтва пакідалася на ласку лесу.

НКВД старалася забраць вязьняў з турмаў і гнала іх пехатой на ўсход. Вязьняў з менскіх турмаў канвой пастраляў на дарозе ўжо за 60 км на ўсход ад Менска, калі была пагроза нямецкага палону. Толькі нямногія вязьні ўцяклі ў прыдарожныя лясы. У Беразьвечы, каля Глыбокага, НКВД пасьпела пастраляць усіх вязьняў на мейсцы, а ў Віцебску гарадзкую турму з 200 вязьнямі НКВД спаліла жыўцом.

Вялікія савецкія арміі былі акружаныя ў Беластоцкай «кішэні» і адзінаццаць дывізіяў у раёне Менска. Некалькі дзён пазьней рэшткі шаснаццаці савецкіх дывізіяў былі над ракой Бярэзінай, дзе на іх наступалі моцныя нямецкія фармацыі танкаў. Баі каля Барысава і ў напрамку Смаленск—Масква стрымалі хуткасьць нямецкага наступу на ўсход, але значная колькасьць савецкіх войскаў трапляла ў нямецкі палон.

Для савецкіх палонных жаўнераў немцы на мейсцы арганізавалі лягеры. На чыстае поле, агароджанае высокім калючым дротам з кулямётнымі вежамі, зганялі палонных. Там ня было аховы ад дажджу і холаду. Ані вада, ані ежа палонным не давалася на працягу тыдняў. Палітрукі і жыды былі адлучаныя і забіваныя. Немцы не дазвалялі перадаваць для палонных ежу і ваду, якія прыносілі да лягероў сяляне з суседніх вёсак. У хуткім часе немцы сталі звальняць палонных, якія паходзілі з абшараў, ужо занятых нямецкімі войскамі. Гэтыя людзі вярталіся да сваіх хатаў. У ліпені 1941 году немцы пачалі гнаць пехатой калёны палонных на захад у Нямеччыну на работы. Галодныя і прагныя вады палонныя часта падалі ад зьнямогі, а немцы стралялі іх на мейсцы. Частка палонных, якая ўнікала куляў канвою, уцякала ў прыдарожныя лясы.

Мабілізацыя ў савецкую армію людзей, народжаных ад 1905 да 1918 гадоў, забрала рабочую сілу з вёсак. Па зэхадах адміністратараў нямецкае камандаваньне звальняла патрэбную колькасьць палонных з лягероў, якіх прызначалі для працы ў вёсках, і яны жылі як вольныя людзі ў сялян. Шмат савецкіх вайскоўцаў, акружаных нямецкімі арміямі, не пайшлі ў палон, а разьбегліся па вёсках, прыпісаліся там пры семьях, дзе былі патрэбныя для працы, і жылі як мяйсцовыя людзі.

На занятай Беларусі нямецкае вайсковае камандаваньне прызначала сваіх мяйсцовых камандантаў (орт-скоммандант) і палявых камандантаў (фільдскоммандант) для адміністраваньня акругамі. Вайсковая жандармэрыя і палітычная паліцыя пільнавалі спакою і бясьпекі. Пад час вайны немцы хацелі ўтрымліваць спакой у краі і атрымліваць сельскагаспадарчыя прадукты, патрэбныя для вайны. Вайсковыя каманданты займаліся перадусім патрэбамі фронту і вайны. Для кіраўніцтва бягучымі мяйсцовымі гаспадарчымі справамі для ваенных патрэб яны мелі асобны аддзел з радным вайсковай адміністрацыі (крігсфэрвальтунграт) на чале. Гэты аддзел пільнаваў выконваньне вымаганьняў гаспадарчага кіраўніцтва (віртшафтскоммандо), якое ўлічвала ўсе гаспадарчыя рэсурсы, якія можна было атрымаць на мейсцы.

Нямецкія каманданты выдавалі загады, каб існуючая мяйсцовая адміністрацыя і паліцыя працавалі надалей. Там, дзе адміністрацыі ня было, немцы прызначалі галоўных кіраўнікоў для акругаў і гарадоў з людзей, якія былі папярэдня рэпрасаваныя савецкімі ўладамі. Гэтыя кіраўнікі прызначалі паветавых старшыняў, а тыя прызначалі старшыняў валасьцей, а гэтыя — вясковых старастаў.

Нацыянальны ўціск і перасьлед беларусаў і ўсяго беларускага жыцьця ў Заходняй Беларусі польскім урадам павэрсальскай Польшчы зьнішчыў усё арганізаванае беларускае жыцьцё і не даваў магчымасьці росту нацыянальнай сьведамасьці. Савецкая акупацыя зьнішчыла рэшткі беларускага нацыянальнага актыву. Пагромы беларускага нацыянальнага жыцьця маскоўскім урадам на Усходняй Беларусі поўнасьцю вынішчылі нацыянальна вядучую частку грамадзтва і пакінулі на мейсцы нацыянальна пасыўную частку народу. Гэты стан разгрому быў прычынай наяўнай малой колькасьці беларускага актыву на мейсцах, яго слабой падрыхтоўкі для працы ў зьмененых абставінах, як і поўнай адсутнасьці грамадзкай арганізацыйнай асновы.

Беларускія арганізацыі ў Гэнэральнай губэрш і Нямеччыне здавалі сабе справу з таго, што на Заходняй Беларусі мяйсцовую адміністрацыю будуць захопліваць палякі, а на Усходняй Беларусі — расейцы і камуністыя. Каб запэўніць беларускую адміністрацыю на мейсцах, трэба было прывезьці беларускі актыў з Гэнэральнай губэрні і з Нямеччыны. Вялікую працу ў гэтай справе выканаў д-р М. Шчорс, старшыня Беларускага Камітэту ў Гэнэральнай губэрні-цэнтралі ў Варшаве і старшыня Беларускага Нацыянальнага Цэнтру. Д-р Шчорс скамунікаваўся з нямецкім вайсковым камандаваньнем і пераканаў яго аб неабходнасьці перакідкі беларускага актыву з эміграцыі на Беларусь, каб дапамагчы арганізаваць пэўную беларускую адміністрацыю на занятых абшарах. Дзякуючы стараньням д-ра Шчорса першая група беларусаў у ліку больш 20 асоб была накіраваная на Беларусь ужо 3 ліпеня 1941 году. У гэтай трупе былі: д-р Вітаўт Тумаш, праф. Радаслаў Астроўскі, А. Дэмідовіч-Дэмідэцкі, Антон Беленіс, Жызьнеўскі, кап. Уладзімер Лазарэвіч, Часлаў Ханяўка і іншыя. Частка гэтай групы засталася ў Беластоку. Адначасна на Беларусь паехаў і сам д-р Шчорс. Такім чынам, праз тыдзень на заняцьці Менска немцамі, 5 ліпеня д-р Тумаш распачаў працу як бурмістр Менска, яго памочнікам быў Дэмідовіч-Дэмідэцкі. У хуткім часе ў Менск прыбылі з Нясьвіжа Дзімітры Касмовіч, Міхаіл Вітушка і Ігар Шчорс. Д-р Тумаш вызначыў Касмовіча камандантам гарадзкой паліцыі і начальнікам аправізацыйнага аддзелу гарадзкой управы, а Вітушку і Шчорса ягонымі заступнікамі. У хуткім часе Менск быў забясьпечаны харчаваньнем, былі ўрухомленыя гарадзкія хлебапякарні, некалькі сталовак, з гарадзкіх ставоў пад Чэрвенем што тыдзень паступала сьвежая рыба, былі арганізаваныя гарадзкія рынкі для гандлю прадуктамі, прывожанымі з вёсак.

Праф. Астроўскі прыехаў у Менск 13 ліпеня 1941 году. Мяйсцовы нямецкі радны вайсковай адміністрацыі Краац даручыў яму арганізаваць беларускую адміністрацыю Менскага павету, а наступна і ўсёй Менскай акругі, якая мела 21 павет (раён). Астроўскі неадкладна вызначыў ува ўсе паветы старшыняў і камандантаў паветавай паліцыі, якім загадаў на працягу тыдня арганізаваць валасныя ўправы і ў канцы тыдня прыехаць усім на нараду ў Менск. На гэтай нарадзе прадстаўнікі Віртшафтскоммандо пыталіся, ці змогуць раённыя кіраўнікі даць для нямецкага войска 40% сабранага ўраджаю. Тыя адказалі, што дадуць 50%, але каб самі немцы больш нічога не бралі.

Пазьней трэба было зрабіць некаторыя пэрсанальныя зьмены ў адміністрацыі, каб забясьпечыць яе патрэбную якасьць. Былі значныя цяжкасьці пры працы ў паасобных раёнах ад нямецкіх мяйсцовых камандантаў, перадусім дзеля няведаньня нямецкай мовы беларускімі кіраўнікамі. Апрача таго, на Меншчыну пачалі варочацца палякі, нашчадкі былых абшарнікаў. Ведаючы нямецкую мову, яны ладзілі забавы ў сваіх былых маёнтках, гасьцілі нямецкіх камандантаў, дамагаліся звароту ад сялян іх майна з перад двух дзесяцігодзьдзяў, а нават рабілі захады аб устанаўленьні адпаведнай ім адміністрацыі. Мяйсцовыя каманданты пачалі падтрымліваць іх, робячы закалоты ў адміністрацыі. Па захадах беларускай акруговай адміністрацыі вышэйшыя нямецкія вайсковыя дзейнікі змусілі гэтых палякоў уцякаць назад у Польшчу, каб захаваць свае жыцьцё. З бегам часу нямецкае камандаваньне штораз больш прымала пад увагу апінію беларускай адміністрацыі І жыцьцё ў Менскай акрузе прымала нармальны ход.

Паступова адбывалася разбудова ўправы Менскай акругі, сядзіба якой была ў Менску. Былі арганізаваныя аддзелы: харчаваньня, паліцыі, школьны, навуковы, будаўнічы, інжынерна-дарожны, плянаваньня, статыстыкі, аховы здароўя, вэтэрынарны і іншыя. Надзвычайныя вайсковыя разбурэньні на Беларусі вымагалі вялікай дапамогі беларускаму насельніцтву. Для палагоджаньня гэтых патрэб Астроўскі паклікаў да жыцьця Беларускі Чырвоны Крыж з д-рам Антановічам на чале.

З Гэнэральнай губэрні і з Нямеччыны прыбыло яшчэ некалькі груп беларусаў, разам каля 30 чалавекаў, якія былі прызначаны на працу ў раёнах і ўсходніх акругах. У ліпені і жніўні ў Менск прыбыло больш беларускай інтэлігэнцыі з Вільні і іншых мяйсцовасьцяў. Гэта былі беларускія дзеячы або гадунцы беларускіх гімназіяў, як: Леанід Галяк — юрысты, Уладыслаў Казлоўскі — публіцысты, д-р Ян Станкевіч — філёлег, Юліян Саковіч — аграном, Іван Касяк—цывільны інжынер, Канстанцін Касяк — інжынер дарог і мастоў, Аркадзі Арэхва — юрысты, Анатоль Сокалаў-Лекант, Язэп Найдзюк — навуковы працаўнік, Францішак Кушэль — вайсковец, Натальля Арсеньнева — паэтэса і іншыя. Яны былі накіраваныя на працу згодна іх кваліфікацыям. Прыблізна ў гэтым часе былі накіраваныя на працу: Усевалад Родзька і Міхаіл Рагуля ў Віцебск, Станіслаў Станкевіч, Барыс Шчорс і Іван Наронскі ў Барысаў.

Д-р М. Шчорс наведваў мяйсцовых нямецкіх камандантаў на Заходняй Беларусі і зьвяртаў іх увагу на палітычную небясьпеку з боку палякоў, якія захапілі мяйсцовую ўладу ніжэйшай адміністрацыі і паліцыі, ды прапанаваў замяніць іх беларусамі. Немцы ставіліся непрыхільна да ўмешваньня ў іх справы кіраўніцтва і жадалі толькі выконваньня іх загадаў. Па некалькі такіх візытах д-р Шчорс пераканаўся, што для цяперашняга нямецкага кіраўніцтва беларускае нацыянальнае пытаньне наагул не існуе. Пад час апошняй візыты гэнэрал Шэнкэльдорф, камандуючы тыламі вайсковых абшараў арміяў цэнтру Усходняга фронту, з пагрозай зажадаў ад д-ра Шчорса прыняцьця працы і паслухмянага выконваньня ягоных загадаў. Пасьля гэтага д-р Шчорс неадкладна вярнуўся ў Гэнэральную губэрню,

Наведваючы Міністэрства ўсходу (Остміністэрыюм) у Бэрліне ў верасьні 1941 году, д-р Шчорс атрымаў там прапанову абняць становішча старшыні Беларускай Народнай Самапомачы (БНС) у Менску і раднага пры гэнэральным камісары Беларусі Кубэ. Яму абяцалі, што сытуацыя на Беларусі мае зьмяніцца пры цывільнай нямецкай адміністрацыі. Калі д-р Шчорс запытаўся, ці Кубэ будзе браць пад увагу яго рады, то ўраднікі сказалі, што гэта будзе залежаць ад самога Кубэ. Д-р Шчорс адмовіўся ад прапанаваных становішчаў, ня хочучы нясьці маральнай адказнасьці за дзеяньні, на якія ён ня мог бы мець уплыву.

У акруговых, паветавых і бальшыні валасных цэнтраў Заходняй Беларусі ад самага пачатку нямецкай акупацыі ўладу захапілі палякі, якія масава прыбылі з Гэнэральнай губэрні, а часткова перахаваліся на Беларусі. Многія з іх добра ведалі нямецкую мову, альбо сталіся нямецкімі нацыяналамі (фольксдойчы). Агульная адміністрацыя і паліцыя сталіся польскімі, у чым дапамаглі польскія абшарнікі, якія вярнуліся ў свае маёнткі. Калі-ж мяйсцовыя беларусы рабілі захады перад немцамі аб зьмене польскай адміністрацыі на беларускую, то палякі ўдавалі іх немцам як камуністых і тыя загадвалі страляць беларусаў. У далейшым палякі самі вымардоўвалі беларускі нацыянальны актыў на мейсцах па ўсёй Заходняй Беларусі.

Сяляне адразу па ўцечцы бальшавікоў распачалі дзяліць калгасную зямлю і рухомую маемасьць ды вяртацца да аднаасабовай гаспадаркі. Саўгасы і большыя прамысловыя прадпрыемствы былі абсаджаныя нямецкімі вайсковымі ўраднікамі і функцыянавалі як дзяржаўныя прадпрыемствы.

Па загадзе нямецкіх уладаў жыдоўскае насельніцтва мусіла ў кароткім часе перасяліцца ў бліжэйшыя прызначаныя для іх часткі гарадоў і большых местачак. Гэтыя часткі паселішчаў былі абгароджаныя высокімі плакатамі з калючага дроту і з будкамі, дзе былі ўзброеныя вартаўнікі. Унутры гэтых гэто-паселішчаў кіраўніцтва выконвалі самі жыды, як і парадку пільнавала жыдоўская паліцыя. Выхад з гэто дазваляўся толькі для тых, каго бралі для працы патрабуючыя ўстановы. На працу жыдоў вялі ў калёнах узброеныя вартаўнікі. Жыды былі змушаныя насіць нашытую на вопратку жоўтую зорку Давіда. Рэшце насельніцтва было забаронена зносіцца з жыдамі пад пагрозай суровых, караў.

Улічваючы вялікае значаньне рэлігіі ў беларускім народзе і хочучы скарыстаць гэта ў супроцьвагу савецкаму атэізму, немцы падтрымлівалі адбудову рэлігійнага жыцьця на Усходняй Беларусі, якое было поўнасьцю зьнішчана савецкімі ўладамі. Па заняцьці Менска нямецкія часткі палітычнай паліцыі (СД) прывязьлі ў сталіцу з Пружаншчыны пражываючага там праваслаўнага іераманаха Уладзімера Фінькоўскага. Народ спаткаў сьвятара з вялікай радасьцяй. У Менску быў арганізаваны царкоўна-будаўнічы камітэт, які распачаў рэмонт уцалелых цэркваў: Сьв. Кацярыны, Прэабражэньня і на Старажоўцы. Гарадская ўправа дапамагала гэтай дзейнасьці і ў жніўні 1941 году сьв. Фінькоўскі распачаў богаслужэньні ў Прэабражэнскай царкве. Богаслужэньні прыцягвалі мноства народу і рабілі вялікае ўражаньне на народ. Сьв. Фінькоўскі наведваў іншыя гарады і местачкі Усходняй Беларусі, арганізаваў там будаўнічыя камітэты для адбудовы і рэмонту існуючых цэркваў і прызначаў туды сьвятароў. Народ масава прывозіў малых і прыводзіў старэйшых дзяцей да хрышчэньня. Іераманах Фінькоўскі паходзіў з беларускай сялянскай сямьі, аднак прапаведваў парасейску і трымаўся здалёк ад беларускай адміністрацыі у Менску. Ён трымаў сувязь толькі з немцами.

Стараньнямі д-ра М. Щчорса і мяйсцовага беларускага актыву ў Баранавічах было арганізаванае выданьне«Баранавіцкай Газэты» на нямецкай і беларускай мовах. Першы нумар газэты выйшаў з друку ў канцы ліпеня 1941 году. Нямецкі наглядчык над газэтай ад вайсковага камандаваньня над уплывам палякоў дамагаўся ўвядзеньня ў гэтую газэту польскай старонкі. Аднак беларусы цьвёрда супрацівіліся гэтаму і не дапусьцілі да польскіх уплываў.

Ініцыятывай і арганізацыйнымі захадамі бурмістра Тумаша, як і высілкамі журналістых, пісьменьнікаў і паэтаў у Менску ў жніўні 1941 г. пачала выходзіць на беларускай мове і ў беларускім нацыянальным духу «Менская Газэта», якая разыходзілася пераважна ў горадзе і часткова ў яго ваколіцах.

XXXII Нямецкая цывільная адміністрацыя на ўсходзе Эўропы і на Беларусі.— Падзел Беларусі немцамі.— Д-р I. Ермачэнка, кс. В. Гадлеўскі і праф. В. Іваноўскі на Беларусь— Рэлігійнае жыцьцё.— Вымардаваньне жыдоў немцамі.— Прапагандыстыя, Саюз Беларускай Моладзі і нямецкія пляны на будучыню для Беларусь— Прэса, выдавецтвы і культурна -мастацкае жыцьцё.

17 ліпеня 1941 году, чатыры тыцні пасьля пачатку вайны з СССР, Гітлер вызначыў Альфрэда Розэнбэрга, балтыцкага немца, дзяржаўным міністрам для ўсяго ўсходу Эўропы. У Бэрліне было створана Усходняе Міністэрства (Остміністэрыюм) для адміністраваньня гэтымі абшарамі. Розэнбэрг падзяліў усход Эўропы на чатыры адміністрацыйныя адзінкі: Вялікая Фінляндыя, Усходні Край (Остлянд), Украіна і Каўказ Дзяржаўны камісарыят Остлянду складаўся з Гэнэральных акругаў Беларусі, Эстоніі, Латвіі і Летувы. На чало Остлянду быў вызначаны Гітлерам дзяржаўны камісар Гэйнрых Лёзэ (Lohse) з сядзібай у Рызе.

Этнаграфічная тэрыторыя Беларусі была падзеленая немцамі наступна. 15 жніўня 1941 году Бел а сто к і Горадня з акругамі былі далучаныя да Усходняй Прусыі — нямецкага Райху. Вільня з акругай была далучана да Летувіскай гэнэральнай акругі. Дзьвінск з акругай быў накінуты ў межах Латвійскай гэнэральнай акругі. Гарады: Берасьце, Пінск і Гомель з акругамі былі далучаныя да Гэнэральнага камісарыяту Украіны. Рэшта Беларусі, уключаючы Смаленшчыну і частку Браншчыны, мела тварыць Беларускую гэнэральную акругу. Пакуль што Беларуская гэнэральная акруга была падзеленая на дзьве часткі: цывільную і вайсковую зоны. Цывільная нямецкая адміністрацыя абняла абшары на захад ад ракі Бярэзіны. Абшары на ўсход ад Бярэзіны падлягалі вайсковай нямецкай адміністрацыі дзеля пастаянных вайсковых апэрацыяў, якія там адбываліся.

Абсяг кампэтэнцыяў беларусаў у адміністрацыйным апараце кожнай з названых частак Беларусі быў розны. Беласточчына і Гарадзеншчына лічыліся часткай нямецкага Райху і там уся адміністрацыя была нямецкая. Беларусы кіравалі толькі часткова беларускім школьніцтвам і некаторымі харытатыўнымі арганізацйямі.

Зараз па далучэньні гэтай часткі Беларусі да Райху прыбыўшыя сюды ўкраінскія дзеячы распачалі яе ўкраінізацыю. У павеце Белая Падляская яны ўплынулі на нямецкае кіраўніцтаа і распачалі адчыняньне ўкраінскіх школаў заместа беларускіх, а праваслаўных сьвятароў змушалі ўжываць украінскую мову. Мяйсцовыя беларусы супрацівіліся гэтым намаганьням украінцаў і ў шасьці валасьцёх (Янаў—Церасполь) гэтая дзейнасьць была спыненая і былі адчыненыя беларускія школы па вёсках. а ў цэрквах была ўведзеная беларуская мова.

На тэрыторыі Беларусі з Вільняй, далучанай да Летувы, адміністрацыя была ў руках летувісаў аж да летувіскіх Мужоў Даверу пры гэнэральным камісары Летувіскай акругі. Аднак немцы спынілі найбольш дзікія праявы летувіскага шавінізму ў дачыненьні да беларусаў. Ужо пару дзён па заняцьці Вільні нямецкімі войскамі там арганізаваўся Беларускі Нацыянальны Камітэт. Гэты камітэт быў афіцыйным прадстаўніцтвам беларусаў у Гэнэральнай акрузе Летувы. Беларуская мова была прызнаная немцамі ў Вільні за адну з афіцыйных моваў у краі, побач з летувіскай і польскай. Урадавыя нямецкія паведамленьні аб прабегу вайны падаваліся і ў беларускай мове.

Падобнае палажэньне было на беларускіх тэрыторыях, далучаных да Гэнэральнай акругі Латвіі і Гэнэральнага камісарыяту Украіны.

Афіцыйная назва для Беларусі была — Беларуская гэнэральная акруга (Weissruthenische Generalbezirk). На чале яе ў ліпені 1941 году быў пастаўлены Гітлерам гэнэральны камісар Беларусі Вільгэльм Кубэ. Сядзіба яго была ў Менску. Беларусь Остлянду была падзеленая на пяць галоўных акругаў (Hauptbezirke) з цэнтрамі ў Менску, Баранавічах, Магілеве, Віцебску і Смаленску. На чале іх у зоне цывільнай адміністрацыі былі вызначаныя нямецкія камісары галоўных акругаў. Галоўныя акругі дзяліліся на акругі (Gebiet) з нямецкімі акруговымі камісарамі на чале. Акругі дзяліліся на наветы, на чале якіх стаялі беларускія старшыні паветаў, прызначаныя акруговымі камісарамі. Паветы дзяліліся на воласьці, на чале якіх былі беларускія валасныя старшыні. Воласьцям падлягалі вёскі, якімі кіравалі беларускія старасты.

Нямецкая цывільная адміністрацыя прыбыла на Беларусь 1 верасьня 1941 году. Гэта былі нацыянал-сацыялістычныя партыйцы ў брунатных уніформах. Яны перебралі ўладу ад нямецкай групы арміяў «Цэнтар» і ад беларускіх цывільных установаў вышэйшага ўзроўня, ад акругаў і акруговых гарадоў, пакідаючы на мейсцы беларускую адміністрацыю паветаў і валасьцей ды вёсак.

Галоўнае кіраўніцтва нямецкай паліцыі, аддзелаў СС і ўстановы СД было ў Менску, а па акруговых цэнтрах былі ўстаноўленыя аддзелы нямецкай паліцыі,( якім былі падпарадкаваныя нямецкія паветавыя аддзелы паліцыі. У паветах былі арганізаваныя аддзелы беларускай паліцыі, падпарадкаваныя нямецкім аддзелам. У валасьцёх нясьлі службу парадку беларускія паліцэйскія. Палітычная паліцыя (СД) мела свае аддзелы ў акруговых цэнтрах і важнейшых паветавых цэнтрах. Аддзелы СС былі стацыянаваныя каля Менска і высыланыя для карных экспэдыцыяў па ўсім краі.

На Беларусь былі прывезеныя немцамі адмысловыя летувіскія карныя батальёны, якія стаялі каля Менска і Сьвіра. Яны былі ўжываныя для карных экспэдыцыяў супроць мяйсцовага насельніцтва. Падобны славацкі батальён стаяў у Будславе Глыбоцкай акругі. Аднак славакі хутка навязалі адносіны са сваімі «братамі» — савецкімі партызанамі і іх вярнулі ў Славакію. На беларускай Віленшчыне, далучанай да Гэнэральнай акругі Летувы, быў арганізаваны немцамі беларускі батальён пад камандай капітана Сазыкі.

Для забясьпячэньня даставак з Беларусі для Нямеччыны ў харчох і іншых таварах па ўсіх акруговых, паветавых і валасных цэнтрах, як і большых прадпрыемствах, былі нямецкія крэйсляндвірты, зондэрфюрэры і іншыя ўраднікі. Для спраў гандлю былі прысланыя аддзелы нямецкай арганізацыі ЦТГО. Для выконваньня будаўнічых работ для закватэраваньня і камунікацыі для вайсковых патрэб былі прысланыя аддзелы нямецкай арганізацыі ТОДТ. У гэтай арганізацыі працавала шмат польскіх фольксдойчаў, якія выкарыстоўвалі гэтую арганізацыю для польскай субвэрсыйнай працы.

Забіраючы ўладу ў свае рукі ад беларусаў, якія мелі яе пад час вайсковага кіраўніцтва па акруговых і гарадзкіх цэнтрах, нямецкая цывільная адміністрацыя затрымлівала існуючы беларускі апарат, але зводзіла функцыі беларусаў да сьляпых выканаўцаў нямецкіх загадаў. У гэтым выпадку зусім ясна выступіў стан нямецкага калёніялізму для Беларусь Шэраг беларускіх дзеячоў не пагаджаліся з такім станам і адмаўляліся ад далейшай працы на мейсцы. Некаторыя з іх варочаліся назад у Гэнэральную губэрню, або ў Нямеччыну, як д-р Тумаш, а некаторыя пераяжджалі на ўсход у вайсковую зону Беларусі, як Астроўскі, Вітушка, Касмовіч і іншыя. Там былі значна большыя свабоды дзейнасьці і магчымасьці для дапамогі беларускай нацыянальнай справе, чым у зоне цывільнай адміністрацыі.

Беларускі актыў прыпушчаў, што сучасная нямецкая акупацыйная палітыка на Беларусі можа ў будучыні зьмяніцца. Аб гэтым гаварылі беларускім дзеячам нямецкія ўраднікі гэнэральнага камісара ў Менску, заяўляючы, што па сканчэньні вайны яны паедуць у Нямеччыну, а беларусы самі будуць кіраваць сваім краем. Вынік вайны ў гэтым часе ня быў да прадбачаньня. Аднак пры ўсякай сытуацыі беларусам патрэбная собская нацыянальная сіла. Пры першай магчымасьці яе трэба было тварыць у галіне павялічэньня нацыянальнай сьведамасьці ў народзе, павялічэньня грамадзкай і адміністрацыйнай арганізаванасьці ды тварэньня збройнай сілы. Беларускі нацыянальны актыў імкнуўся здабыць гэтыя пазыцыі, паколькі гэта было магчыма пры наяўнай сытуацыі.

Арганізаваную Р. Астроўскім управу Менскай акругі з ейнымі аддзеламі гэнэральны камісар затрымаў і ператварыў у дапаможнае сабе бюро (Нэбэнбюро). Яно выконвала дарадчыя і дасьледчыя функцыі па тых справах, па якіх да яго зьвярталіся ўраднікі-немцы паасобных аддзелаў гэнэральнага камісара.

Для праўнага рэгуляваньня жыцьця на Беларусі быў выдаваны друкам на нямецкай і беларускай мовах «Урадавы Весьнік гэнэральнага камісара Беларусі». У нумары першым «Весьніка» была зьмешчана адозва дзяржаўнага камісара Остлянду Лёзэ ад 1 верасьня 1941 году, у якой пішацца наступнае: «...цаной сваёй крыві нямецкая армія разьбіла бальшавіцкага сусьветнага ворага і вызваліла Вас [жыхароў Беларусі] ад гэтага бальшавіцкага тэрору. Тым самым нямецкі народ узяў на сябе права і ўважае за абавязак заснаваць такія парадкі ў вашым краі, каб ніколі больш не магла ізноў паўстаць падобная небяспека для народаў Эўропы, якая пагражала-б іхняму быцьцю...»

«Нямецкае кіраўніцтва закліча вашых прадстаўнікоў у валасьцёх і гарадох да супольнае працы, у выпадку патрэбы яно вызначыць з вашага асяродзьдзя давераных людзей, якія будуць даводзіць да ведама дзяржаўнага камісара і акруговых камісараў вашыя жаданьні і патрэбы».

20 чэрвеня 1941 году была выдадзеная пастанова Лёзэ, якая абвесьціла, што распараджэньні датычна цывільнага жыхарства выдаюць урады нямецкага цывільнага кіраўніцтва. Адначасна была выдадзеная пастанова Лёзэ аб канфіскаце ўсёй рухомай і нерухомай маемасьці СССР у Остляндзе праз нямецкае цывільнае кіраўніцтва паводля стану на 20 чэрвеня 1941 году.

Пастанова Лёзэ ад 18 жніўня 1941 году ўводзіла нямецкую мову як дзяржаўную у Остляндзе, з дапушчэньнем мясцовай мовы ў кожным Гэнэральным абшары.

Тады-ж быў пастаноўлены абавязак рэгістрацыі на біржы працы ўсіх жыхароў Остлянду; гэтыя біржы пасьля мелі вызначаць каго, у якім парадку і калі выклікаць на працу. Гэта пастанова так сама легалізавала набор беларусаў для высыланьня іх на працу ў Нямеччыну, што і распачалося ў кароткім часе. Пастанова дзяржаўнага міністра Розэнбэрга ад 19 сьнежня 1941 году абагульняла і прэцызавала ўвядзеньне абавязку працы для жыхароў усяго ўсходу ў веку ад 18 да 45 гадоў адпаведна іх здольнасьці.

Распараджэньне дзяржаўнага камісара Остлянду Лёзэ ад 26 студзеня 1942 году забавязвала ўсіх жыхароў Остлянду да павіннасьцяў даставы фурманак і работнікаў ручной працы. Перадусім гэтая павіннасьць служыла патрэбам немцаў, як: вываз лесу, направа патрэбных для гэтага дарогаў і інш.

«Урадавы Весьнік» зьмяшчаў пастановы, што датычылі Беларусі, выдаваныя дзяржаўным міністрам занятых усходніх абшараў Розэнбэргам, дзяржаўным камісарам Остлянду Лёзэ, гэнэральным камісарам Беларусі Кубэ і па іх даручэньні паасобнымі кіраўнікамі аддзелаў. Гэты «Урадавы Весьнік» выдаваўся да канца дзейнасьці нямецкай цывільнай адміністрацыі на Беларусі.

На пачатку цывільнай адміністрацыі на Беларусь прыбыло некалькі беларускіх дзеячоў, якія занялі кіруючыя беларускія становішчы ў сыстэме нямецкай цывільнай адміністрацыі. Гэта былі: д-р Іван Ермачэнка, кс. Вінцук Гадлеўскі і праф. Вацлаў Іваноўскі.

Д-р I. Ермачэнка быў скіраваны 26 верасьня 1941 году праз дзяржаўнага міністра Розэнбэрга на кіраўніка мяйсцовай Самапомачы, якая прадбачалася пры аддзеле здароўя і народнай апекі пры дзяржаўным камісары Остлянду ў Гэнэральным камісарыяце Беларусь Жонка Ермачэнкі была немкай і таму як належачы да нямецкай нацыянальнасьці ён быў пакліканы з Прагі Чэскай да гэтай працы пад пагрозай кары. Д-р Ермачэнка неадкладна прыбыў" у Менск, згаласіўся да гэнэральнага камісара Кубэ і да кіраўніка аддзелу здароўя і народнай апекі д-ра Вэбэра ды неадкладна прыступіў да выконваньня сваіх абавязкаў.

Паводля плянаў немцаў дзейнасьць Беларускай Народнай Самапомачы (БНС) павінна была быць скіраваная на справы харчаваньня і здароўя беларускага насельніцтва, уключаючы справы шпіталяў. Існуючы Беларускі Чырвоны Крыж як маючы арганізацыйны міжнародны характар было загадана зьліквідаваць.

22 кастрычніка 1941 году была выдадзеная адозва да насельніцтва гарадоў і вёсак Беларусі за подпісам гэнэральнага камісара Кубэ і кіраўніка БНС д-ра Ермачэнкі, зьмешчаная ў № 3 «Урадавага Весьніка». Для ліквідацыі бяды-нядолі, выкліканай камуністычным панаваньнем, адозва заклікала арганізаваць свае нацыянальныя мяйсцовыя арганізацыі Самапомачы. БНС заклікала аб дапамозе галадаючым і вайсковапалонным. Адозвы мелі вялікія наступствы. БНС тварылася згары як беларуская сцэнтралізаваная арганізацыя, ахопліваючая ўвесь абшар цывільнай адміністрацыі. У народзе было агульнае разуменьне вагі і патрэбы ў такой арганізацьіі і яна паўстала ў кароткім часе, гуртуючы ўвесь беларускі актыў. Галоўная ўправа БНС была ў Менску. Ува ўсіх акруговых гарадох былі арганізаваныя акруговыя управы БНС, а ў паветах — паветавыя ўправы БНС.

Галоўным кіраўніком БНС быў д-р I. Ермачэнка, яго заступнікам на пачатку д-р Я. Станкевіч, а пазьней запрошаны з Парыжу д-р Валькевіч. Сябрамі Галоўнай Рады БНС былі: кс. В. Гадлеўскі — галоўны школьны інспэктар, праф. Р. Астроўскі (да ад'езду ў вайсковую зону), арх. Філафей — заступнік Мітрапаліта, праф. В. Іваноўскі — бурмістр Менска, А. Адамовіч і У. Казлоўскі — рэдактары «Беларускай Газэты», інж. I. Касяк — аддзел культуры БНС, агр. Ю. Саковіч — камандант паліцыі Менска, П. Сьвірыд — акруговы судзьдзя, В. Чабатарэвіч — сакратар і зносіны з палітычнай паліцыяй, Аўчыньнікаў — кіраўнік гаспадарчага і транспартнага аддзелу, А. Кіркевіч — кіраўнік аддзелу кнігаводзтва. З бегам часу склад Рады БНС часткова зьмяняўся.

Акруговыя і паветавыя рады БНС складаліся з мяйсцовага вядучага актыву, які вырашаў усе мяйсцовыя беларускія справы і ў патрэбе ўплываў на мяйсцовую нямецкую адміністрацыю.

На заклік БНС сотні фурманак вязьлі жыта і іншыя харчы да БНС, адчыняліся сталоўкі, якія амаль дарам давалі ежу. З Менска ў Віцебск былі высланыя харчы, бо там не змаглі адразу арганізаваць дапамогу галадаючым. БНС атрымала дазвол наведваць лягеры вайсковапалонных і дабілася вызваленьня беларусаў спэцыялістых у розных патрэбных галінах. Пазьней, калі частка вайсковапалонных уцякала да савецкіх партызанаў, доступ БНС да лягероў вайсковапалонных быў забаронены немцамі.

Нямецкая цывільная адміністрацыя адразу перадала БНС поўнасьцю справу аховы здароўя насельніцтва Беларусі. Ужо на пачатку 1942 году быў праведзены зьезд усіх лекароў Беларусь На зьезьдзе было пастаноўлена наступнае: 1) стварыць беларускую лекарскую арганізацыю для дапамогі лекаром пры сьцьверджаньні іх кваліфікацыяў, як і для іншых прафэсыянальных лекарскіх патрэб, 2) адчыніць беларускі унівэрсытэт для адукацыі лекароў; 3) арганізаваць матар'яльную дапамогу лекарам у сучасную цяжкую пару. Зараз па зьезьдзе былі вызначаныя лекары па ўсіх акругах, якія ўрухомілі бальніцы і амбуляторыі пры дапамозе БНС.

За часоў савецкай улады на Беларусі было арганізавана шмат санаторыяў і дзіцячых прытулкаў на прынцыпе самавыстарчальнасьці. Яны мелі прыдзел зямлі, будынкаў, жывёлы і інвэнтару, але самі мусілі працаваць і ўтрымлівацца са сваіх прыбыткаў. Мэдыкамэнты яны атрымлівалі ад кіраўніцтва раёнаў. Немцы хацелі зьліквідаваць гэтую форму .апекі, але гэтым перадалі гэтыя ўстановы для БНС. Акруговыя аддзелы БНС праводзілі рассяленьне дзяцей, колькасьць якіх даходзіла да 10000 асоб, па гэтых прытулках, як і мелі нагляд над імі.

На пачатку 1942 году з Бэрліну прыехаў у Менск камісар з нямецкага міністэрства працы для набору беларусаў на працу ў Нямеччыну, На БНС быў узложаны абавязак, каб ейныя лекары рабілі агляд стану здароўя кандыдатаў. На пачатку гэты набор праводзіўся сярод добраахвотнікаў, але калі такіх зьявілася зусім мала, то людзей сталі забіраць прымусова. Лекары рабілі кваліфікаваны агляд здароўя, ведаючы, што людзі ня хочуць ехаць з Беларусі, і ў выніку знаходзілі «я шмат здольных кандыдатаў да працы. Д-р Ермачэнка і яго супрацоўнікі былі арыштаваныя немцамі за сабатаж набору работнікаў. Аднак яны сьцьвердзілі, што агляд рабіўся на аснове найлепшай лекарскай практыкі, таму нарэшце арыштаваныя былі выпушчаныя на волю. У выніку БНС была адсуненая ад лекарскага агляду, а немцы высылалі работнікаў без лекарскага агляду. Набор работнікаў праводзіўся самымі дзікімі спосабамі. Так, у Сталовічах Баранавіцкай акругі на першы дзень Вялікадня ў 1943 годзе СД акружыла царкву, поўную народу, забрала ўсіх працаздатных людзей і гвалтам выслала іх на работы ў Нямеччыну.

Сетка СД на ўсей Беларусі арыштоўвала, праводзіла сьледства і карала паводля сваіх крытэрыяў. Іх дапаможныя службоўцы латышы не дбалі аб справядлівасьці для беларускага насельніцтва. Польскія і савецкія правакатары пралазілі ў апарат СД і стараліся вымардаваць як найбольш нацыянальна сьведамых беларусаў. Каб паўстрымаць гэты чужацкі тэрор, д-р Ермачзнка дабіўся ад гэнэральнага камісара, каб у СД працавалі і беларускія ўраднікі, якія дапамогуць унікнуць бязсэнсоўнага тэрору. У большыя аддзелы былі прынятыя на працу беларусы.

Кс. В. Гадлеўскі быў скіраваны з Бэрліну ў Менск д-рам Шульцам на становішча галоўнага школьнага інспэктара. Па прыезьдзе ў Менск у верасьні 1941 году ён быў прызначаны гэнэральным камісарам Кубэ на гэтую пасаду. Ад пачатку кс. Гадлеўскі быў вялікім прыхільнікам немцаў. Гэта было вынікам гутарак нямецкіх ураднікаў з ім у Бэрліне да прыезду на Беларусь. На аснове гэтага ён заяўляў, што па сканчэньні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі. А ў перамозе немцаў ён быў моцна пераконаны. Кс. Гадлеўскі быў устаноўлены кіраўніком існуючага школьнага аддзелу ў Нэбэнбюро. Там ён атрымаў памяшчэньне для ўрадаваньня і для жыцьця. Кс. Гадлеўскі запрасіў д-ра Я. Станкевіча да дапамогі пры працы і яны распачалі плянаваць культурна -асьветную працу. Гэтая дзейнасьць самастойнага характару была хутка спыненая немцамі.Беларускі школьны аддзел у Нэбэнбюро быў абмяжаваны да ролі дарадніка для немцаў і па іхніх пажаданьнях. Плянаваньне, кіраўніцтва і кантролю школьнай справы выконвалі самі немцы. Гэнэральны камісарыят забараніў кс. Гадлеўскаму зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругаў. Д-р Я. Станкевіч хутка пакінуў працу ў школьным аддзеле, калі пабачыў такія дачыненьні.

13 кастрычніка 1941 году гэнэральны камісар Кубэ апублікаваў ва «Урадавым Весьніку» загад акруговым камісарам галоўных камісарыятаў Менска і Баранавічаў, каб да 1 кастрычніка 1941 году ў іх акругах былі адчыненыя школы. Гэты загад быў высланы камісарам значна раней. Абавязкавае навучаньне ўстанаўлялася для дзяўчат і хлапцоў у веку ад 7 да 14 гадоў. Для дзяцей жыдоўскага паходжаньня не ўстанаўлялася ніякага абавязкавага навучаньня і не дазвалялася арганізаваць жыдоўскіх школаў.

У выдадзеным гэнэральным камісарам Кубэ часовым школьным рэгуляміне пісалася наступнае: «§ 1. Гэнэральная акруга Беларусі ахоплівае жыцьцёвы абшар беларускага народу. Дбаньне аб беларускай культуры, звычаях і асьвеце зьяўляецца аднэй з істотных задач школ Гэнэралънай акругі Беларусі. Іншыя народнасьці: палякі і расейцы, якія жывуць на гэтым жыцьцёвым абшары, павінны засвойваць беларускую культуру... Выкладаньне ў школах будзе ў беларускай мове». 30 студзеня 1942 году гэнэральны камісар Кубэ выдаў забарону карыстаньня ў школах ранейшымі савецкімі і польскімі школьным! падручнікамі. Да часу ўвядзеньня новых школьных падручнікаў настаўнікі павінны былі карыстацца выдадзенай школьным інспэктарам для беларускіх школаў газэтай «Беларуская Школа». Навуковаму аддзелу Нэбэнбюро было даручана распрацаваньне школьных падручнікаў для пачаткавых беларускіх школаў. Шэраг навуковых працаўнікоў рыхтавалі патрэбныя падручнікі.

Пры акруговых камісарах былі школьныя аддзелы з беларускіх працаўнікоў, падпарадкаваных нямецкаму ўрадніку акругі і выконваючых яго загады. Паветавыя школьныя ўраднікі былі беларусамі і яны выконвалі загады акруговых школьных аддзелаў.

Бурмістр Менска, д-р Тумаш, не пагаджаўся з падпарадкаванай выканаўчай роляй, якую яму давала нямецкая цывільная адміністрацыя. Ён выехаў з Беларусі ў Нямеччыну, але перад выездам прадставіў кандыдата на сваё мейсца. Паводля стараньняў д-ра Я. Станкевіча гэтае становішча згадзіўся абняць праф. Вацлаў Іваноўскі, які тады пражываў у Вільні. Немцы згадзіліся на кандыдата і прызначылі яго бурмістрам Менска. Праф. Іваноўскі быў старэйшы векам і грамадзка выраблены праз сваё папярэдняе жыцьцё. Ён дастасоўваўся да нямецкіх вымаганьняў і стараўся павялічваць свае ўплывы. Сярод беларусаў Менска ён меў мала даверу. Яго шматгадовая праца прафэсара польскага ўнівэрсытэту ў Варшаве, трыманьне здалёк ад беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы ды рыма-каталіцкае веравызнаньне выклікалі недаверу многіх. Ён акружыўся рыма-каталіцкімі працаўнікамі, а пры зачыненых дзьвярах у яго габінэце часта гучэла польская мова. Ён часта гаварыў Ю. Сабалеўскаму, што яго наведваюць польскія дзеячы з Гэнэральнай губэрні і тэрорызуюць яго. Дзеці Іваноўскага, якія прыяжджалі з Варшавы, уважалі сябе за палякоў, ня ведалі беларускай мовы і гаварылі па-польску. Дачка Іваноўскага адчынена казала, што яе бацька выдумаў (ураіў сабе), што ён беларус, а не паляк. Сярод невялікай часткі беларусоў, пераважна рыма-каталіцкага веравызнаньня і асабліва з Заходняй Беларусі, Іваноўскі цешыўся даверам і супрацоўніцтвам.

Неўзабаве па абняцьці ўлады нямецкая цывільная адміністрацыя арганізавала ў Менску акруговы суд пад кіраўніцтвам Мікалая Наваградзкага. У кожнай акрузе быў устаноўлены першы міравы судзьдзя якому падлягалі міравыя суды ягонай акругі, над якімі ён меў бліжайшы адміністрацыйны нагляд. Праз год быў створаны другі акруговы суд у Баранавічах. У пастанове гэнэральнага камісара Кубэ ад 12 верасьня 1941 году гаварылася; «гэнэральны камісар паклікае на акруговых і міравых судзьдзяў беларусаў...»

Беларускім судам былі перададзеныя цывільныя справы ўсяго насельніцтва, за выняткам нямецкіх грамадзян, падлягаючых нямецкім судам. Крымінальныя справы беларускім судам пачаткова не падлягалі, але пазьней ім былі перададзеныя драбнейшыя справы. У 1943 годзе кампэтэнцыя судоў у крымінальных справах мела быць яшчэ больш павялічаная.

У цывільных справах існавалі законы, якія абавязвалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў часе панаваньня там Польшчы - гэта значыць з аднаго боку польскія законы, выдадзеныя пасьля адбудовы Польшчы па першай сусьветнай вайне, або расейскія законы, якія не былі адмененыя да канца існаваньня Польскай дзяржавы.

Была створаная спэцыяльная Беларуская Юрыдычная Камісія для папраўкі і выданьня новых тэкстаў законаў. Гэтая камісія пасьпела апрацаваць толькі тэкст Цывільнага працэсуальнага кодэксу.

У другой палове верасьня 1941 году ў Менск прыехаў з Жыровіцкага манастыра япіскап Берасьцейскі Вэнэдыкт Баброўскі. Ён хацеў запазнацца з магчымасьцямі адбудовы Праваслаўнай Царквы на Усходняй Беларусі Іераманах Фінькоўскі не прызнаў яго за свайго духоўнага кіраўніка і стараўся перашкодзіць яп. Вэнэдыкту ў ягоных царкоўных захадах. Р. Астроўскі, кіраўнік Менскай акругі. па нарадзе з беларускімі сьвятарамі, якія яго наведвалі, прыняў яп. Вэнэдыкта. Астроўскі зажадаў, каб арганізаваная Царква была ў беларускім нацыянальным напрамку. Яп. Вэнэдыкт згадзіўся з гэтай патрэбай. Тады Астроўскі зьвярнуўся да гэнэральнага камісара Кубэ з пісьмовай просьбай аб прызнаньні мітрапаліта Панцялеймана Ражноўскага Галавой Праваслаўнай Царквы на ўсёй Беларусі. Гэнэральны камісар выклікаў яп. Вэнэдыкта і даў яму ўмовы для арганізацыі Праваслаўнай Царквы на Беларусі. Там сьцьвярджалася, што мітр. Панцялейман, як Галава, будзе самастойным і не будзе падпарадкавацца праваслаўным мітрапалітам маскоўскаму, польскаму ні нямецкаму. Да мітр. Панцялеймана быў скіраваны адмысловы ліст гэнэральнага камісара, у якім пісалася: 1) Праваслаўная Царква на Беларусі мае кіравацца сваімі канонамі і.нямецкая ўлада ня будзе мяшацца ў яе нутраное жыцьцё; 2) Царква мае называцца: «Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Нацыянальная Царква»; 3) пропаведзь, навучаньне рэлігіі л адміністрацыйнае справаводзтва царквы маюць быць на беларускай мове; 4) назначэньне япіскапаў, благачынных і сьвятароў ня можа адбывацца бяз ведама нямецкіх уладаў; 5) Статут Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Нацыянальнай Царквы мае быць прадстаўлены гэнэральнаму камісару; 6) богаслужэньні маюць адбывацца на царкоўна-славянскай мове.

Мітрапаліт Панцялейман згадзіўся з пададзенымі ўмовамі і распачаў арганізацыйную працу царквы. Была вызначаная часовая Мітрапалітальная Управа Царквы для Беларусі ў складзе: старшыня — мітрапаліт, сябры — прот. Язэп Балай, сьв. Мікалай Лапіцкі і сьв. Іван Кушнер. У чатырох цэрквах Менска былі ўзноўленыя богаслужэньні. Прэабражэнская царква была кафэдрай мітрапаліта, а сьвятары служылі: а. Балай у саборы Сьв. Кацярыны, а. Лапіцкі ў Чыгуначнай царкве, куды папярэдня быў прызначаны а. Н. Пыск, а. Кушнер у царкве на вайсковых могілках.

Мітрапаліт Панцялейман і яп. Вэнэдыкт мелі свой сукрыты намер захоўваць расейскі характар царквы на Беларусі. Яны спадзяваліся пасьпяхова абыходзіць дамаганьні нямецкіх уладаў аб беларусізацыі царкоўнага жыцьця. Яны цьвёрда не паддаваліся пажаданьням наведваючых іх у Жыровіцах беларускіх грамадзкіх дзеячоў, як д-р М. Шчорс, Б. Стрэльчык і іншыя, якія выражалі пажаданьні аб неабходнасьці адбудовы царквы на нацыянальна-беларускіх асновах.

Справай Праваслаўнай Царквы на Беларусі цікавіліся Варшаўскі мітрапаліт Дзяніс і Беларускі Нацыянальны Камітэт у Варшаве. Мітрапаліт Дзяніс надалей уважаў Заходнюю Беларусь у складзе сваёй мітраполіі. Ён паклікаў пад сваім старшынством Беларускую Царкоўную Раду з беларускіх дзеячоў. Гэтая Рада апрацавала і выслала да нямецкіх уладаў у Бэрліне мэморандум, у якім былі пададзеныя царкоўныя пажаданьні для Беларусі, як і запрапанаваныя кандыдаты на беларускіх япіскапаў: архімандрыты — Феафан, Філафей і Апанас. Дзеля запазнаньня з царкоўнымі справамі на мейсцы архім. Філафей неадкладна паехаў на Беларусь і ў Жыровіцкім манастыры быў хіратанізаваны мітр. Панцялейманам і яп. Вэнэдыктам у сан япіскапа Слуцкага. Неадкладна ў Жыровіцах адбыўся першы сабор япіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сабор даручыў яп. Вэнэдыкту Гарадзенскую епархію, аддзеленую ад Гэнэральнага камісарыяту Беларусі і далучаную да нямецкага Райху. Такім чынам Сабрр хацеў захаваць царкоўнае адзінства Беларусі праз падпарадкаваньне Гарадзенскай епархіі Беларускай Мітраполіі ў Менску.

30 лістапада 1941 году мітр. Панцялейман і яп. Філафей прыехалі ў Менск, урачыста спатканыя прадстаўнікамі гарадзкой управы з бурмістрам Іваноўскім на чале і мноствам арганізацыяў і народу. Іераманах Фінькоўскі, падтрымваны СД, інтрыгаваў супроць уладыкаў, жадаючы захаваць сваю ўладу ў царкве на Беларусі. Аднак астаточна ён быў выдалены нямецкімі ўладамі з Менска ў Варшаву да мітрапаліта Дзяніса, да юрысдыкцыі якога ён сябе залічваў.

Праваслаўная царква цяпер пасьпяхова і хутка разьвівалася на Усходняй Беларусь Аднак царква на ўсёй Беларусі захоўвала свой папярэдні расейскі характар і мітрапаліт не рабіў нічога, каб замяніць яго на беларускі. Стараньні беларускага актыву ня мелі посьпехаў у мітрапаліта. Протоіерэй Аляксандра Коўш, ведамы змагар за беларускі характар Праваслаўнай Царквы на Беларусі, наведваў кансісторыю і дамагаўся беларусізацыі царквы. Расейцы зрабілі захады перад СД і прот. Коўш быў пасьпешна расстраляны.

3 сакавіка 1942 году сабор япіскапаў вырашыў важныя арганізацыйныя справы царквы. Нямецкія ўлады забаранілі Гарадзенскай епархіі зносіцца з Менскай мітраполіяй. Таму для Гарадзенскай епархіі была прызнаная аўтаномія і туды быў прызначаны аўтаномным япіскапам Вэнэдыкт.

Дзеля далучэньня немцамі беларускай Берасьцейшчыны да Гэнэральнага камісарыяту Украіны пастаноўлена было перадаць Берасьцейскую епархію Украінскай Праваслаўнай Царкве. Рэшта Беларусі была падзеленая на епархіі: Менскую, Магілеўскую, Смаленскую, Віцебскую і Наваградзкую. На епархіі былі прызначаныя япіскапы: на Менскую — мітр. Панцялейман, на Магілеўскую — яп. Філафей, на Віцебскую — архім. Апанас (па хіратоніі), на Смаленскую — прот. Сымон Сеўба (па хіратоніі), на Наваградзкую — яп. Веніямін Навіцкі. (Хіратонія яп. Апанаса адбылася хутка, а праз месяц і яп. Сьцяпана.)

Ня могучы пераканаць мітр. Панцялеймана аб неабходнасьці беларусізацыі царквы, беларускі актыў рабіў захады перад гэнэральным камісарам у гэтай справе. Потым мітр. Панцялейман быў адсунены немцамі ад кіраўніцтва царквой і перавезены ў манастыр у Ляды Смалявіцкага раёну. Кіраўніцтва царквой ён мусіў перадаць арх. Філафею, ад якога беларускі актыў спадзяваўся нацыянальнай беларускай дзейнасьці. Калі-ж арх. Філафей таксама не хацеў праводзіць мерапрыемстваў па беларусізацыі царквы і не хацеў аформіць ейнага стану як самастойнай аўтакефальнай царквы, то ў аддзеле культуры гэнэральнага камісара быў складзены плян правядзеньня аўтакефаліі згодна з канонамі Праваслаўнай Царквы шляхам скліканьня Усебеларускага Праваслаўнага Саборў. Пад гэтым націскам арх. Філафей вызначыў прэдсаборную камісію, але з русафілаў. Толькі па захадах д-ра Ермачэнкі склад камісіі быў зьменены з часткі русафілаў на беларусаў нацыяналістых.

Па заканчэньні працы прэдсаборнай камісіі быў скліканы Усебеларускі Праваслаўны Царкоўны Сабор,

які распачаў свае паседжаньні 5 Менску 30 жніўня 1942 году. Сабор прыняў шэраг пастаНоў, сярод якіх былі наступныя: 1) аб заснаваньні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы; 2) Статут Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы; 3) тэксты лістоў да Канстантынрпальскага Патрыярха і да іншых аўтакефальных Цэркваў з просьбай прыняць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву ў склад існуючых самастойных Цэркваў.

Аднак у далейшым япіскапы не давалі патрэбнага ходу саборным пастановам аб завяршэньні аўтакефаліі. Толькі 20 красавіка 1943 году япіскапы падпісалі лісты да Канстантынопальскага Патрыярха і да іншых самастойных цэркваў ды перадалі гэтыя дакуманты гэнэральнаму камісару для палагоджаньня іх дыплёматычным шляхам.

Рыма-каталіцкая Царква .на Заходняй Беларусі захоўвала свой папярэдні арганізаваны стан і польскіх ксяндзоў. Арцыбіскуп Ялбжыкоўскі ў Вільні і ксяндзы ўва ўсім краі не дапушчалі да беларусізацыі парахвіяльнага жыцьця. Нямецкія ўлады часта выкрывалі сувязь гэтых духаўнікоў з польскімі партызанамі, арыштоўвалі і забівалі такіх сьвятароў.

Нямецкая палітыка не дапушчала да адбудовы рыма-каталіцкага рэлігійнага жыцьця на пасавецкай Усходняй Беларусі як у межах Гэнэральнага камісарыяту, так і ў вайсковай зоне. Ужо легам 1941 году арцыбіскуп Ялбжыкоўскі пасылаў для місыйнай дзейнасьці ў быўшую Савецкую Беларусь польскіх рыма-каталіцкіх ксяндзоў. Яны самачынна прыбывалі на былыя рыма-каталіцкія парахвіі, энэргічна рэмантавалі касьцёлы і адбудоўвалі парахвіяльнае жыцьцё з беларусаў каталікоў у польскім нацыянальным духу. Нямецкія ўлады загадвалі гэтым ксяндзам вярнуцца туды, адкуль яны прыехалі Аднак .ксяндзы не падпарадкаваліся гэтым загадам і працавалі надалей. У хуткім часе яны былі арыштоўваныя і мардаваныя немцамі. Але ўвесь час, аж да паловы 1944 году, польскія ксяндзы былі высыланыя на Усходнюю Беларусь. Калі яны зьвярталіся па дапамогу да нямецкіх уладаў, то атрымлівалі адмову.

Летам 1941 году на Усходнюю Беларусь прыбылі ксяндзы беларусы: Малец, Глякоўскі і Татарыновіч. Яны рэмантавалі касьцёлы і адбудоўвалі парахвіі ў беларускім нацыянальным напрамку. У 1942 годзе ксяндзы Малец і Глякоўскі былі арыштаваныя немцамі і, праўдападобна, былі расстраляныя. На Усходняй Беларусі рыма-каталіцкія богаслужэньні адбываліся толькі ў адным чырвоным касьцёле ў Менску, дзе службу правілі кс. Гадлеўскі і летувіскі кс. Ігнатовічас, які абслугоўваў рэлігійныя патрэбы летувіскага карнага батальёну, з якім гэты ксёндз і прыбыў, стацыянаванага недалёка Менска. Гэты летувіскі ксёндз езьдзіў па ваколіцах Менска і па касьцёлах, могільніках і прыдарожных памятніках, шукаў назоваў і імёнаў, якія прыпаміналі-б яму летувіскае гучаньне. Гэтым ён спадзяваўся даводзіць, што Меншчына — гэта Летувіская зямля.

Каталікі ўсходняга абраду разгортвалі сваю дзейнасьць у Альбэртыне, каля Слоніма. Кс. А. Неманцэвіч атрымаў тытул папскага экзарха для каталікоў усходняга абраду на Беларусі. Ён пашыраў думку, што нацыянальнай беларускай рэлігіяй павінна быць вунія, бо так было ў мінулым. Праваслаўе выкарыстоўвалі расейцы, а рыма-каталіцтва — палякі. У Баранавічах падобную дзейнасьць праводзіў кс. Л. Гарошка. Аднак гэтая дзейнасьць не разгарнулася. У жніўні 1942 году кс. Неманцэвіч быў арыштаваны немцамі, вывезены ў Менск і там расстраляны. Пасьля гэтага ўсе вуніяцкія манахі выехалі ў Львоў і вуніяцкая дзейнасьць у Альбэртыне спынілася.

Баптыстыя праводзілі дзейнасьць на Слонімшчыне, Вялейшчыне і іншых акругах, ды распачалі місыю на Усходняй Беларусь Бывалі дні, калі ў Слуцку ў рацэ Случ за адзін раз яны хрысьцілі больш за 500 чалавек. Іх прэсьвіцер, Дзекуць-Малей, арганізаваў выданьне малітаўніка на беларускай мове ў Менску.

13 кастрычніка 1941 году дзяржаўны камісар Лёзэ выдаў загад, паводле якога ўся рухомая і нярухомая маемасьць жыдоўскага насельніцтва Остлянду падлягала канфіскацыі, камісарскаму адміністраваньню і касацыі паводля прадбачаных прадпісаньняў. У тым самым часе, па загадзе з Бэрліну, адмысловыя аддзелы СС праводзілі масавае вымардоўваньне ўсяго жыдоўскага насельніцтва ў мейсцах іхнага пражываньня. На працягу некалькіх дзён у Менскім гэто было вымардавана больш за палову яго насельніцтва, а па некаторым часе і астаткавая яго рэшта. Агулам тут згінула больш за 100 000 жыдоў. Наступна немцы прывозілі ў Менск вялікія транспарты жыдоў з Заходняй Эўропы ў 1942 годзе і памяшчалі іх у парожнім гэто, а па некаторым часе ўсіх забівалі. Частка жыдоў, што змагла ўцячы ў лясы з гэто або з працы, або схавацца сярод мяйсцовага насельніцтва,засталася пры жыцьці. Такі самы лёс спаткаў усё жыдоўскае насельніцтва Беларусі.

Немцы плянавалі сваё панаваньне на Беларусі як усеахопліваючае. Для фармаваньня і кіраваньня ўмысламі насельніцтва і супроцьдзеяньня савецкай агітацыі і пачынаючай партызанскай акцыі ў Бэрліне была арганізаваная служба прапагандыстых. Была створаная камісія для набору кандыдатаў на прапагандыстых у складзе: Ф. Акінчыц, Камароўскі і іншыя. Гэтая камісія аб'яжджала лягеры вайсковапалонных савецкай і польскай арміяў і рыхтавала сьпіскі кандыдатаў. Увосені 1941 году гэтая камісія выклікала кандыдатаў і апытвала іх аб кваліфікацыях. Пад канец 1941 году выбраных кандыдатаў у ліку каля 60 чалавек выклікалі з лягероў і скіравалі ў школу прапагандыстых у местачку Вусстраў каля Бэрліна. У гэтай школе чыталі лекцыі: Акінчыц — былы савецкі пракурор (а цяпер нацыянал-сацыялісты), Барановіч, Зімёнак, Федотаў — былы палітрук дывізіі і іншыя. Курсанты пісалі даклады на зададзеныя тэмы, як і вучыліся прамаўляць. Першая група перашколеных прапагандыстых была прывезеная ў Менск у сьнежні 1941 году, а другая група — у красавіку 1942 году. Наступна былі прысыланыя далейшыя групы. Прапагандыстыя былі прыдзеленыя да аддзелу прапаганды гэнэральнага камісара ў Менску, які пасылаў іх у акругі. Нямецкія аддзелы прапаганды пры акруговых камісарах скарыстоўвалі іх паводля сваіх мяркаваньняў і патрэб. Прапагандыстым было сурова забаронена немцамі зносіцца непасрэдна з беларускімі арганізацыямі і ўстановамі ды з насельніцтвам, за выняткам прапагандовых выступленьняў. Нічога дзіўнага, што ў хуткім часе некаторыя прапагандыстыя забівалі сваіх сяброў, якія былі адменных поглядаў, ды ўцякалі да савецкіх партызанаў. Некаторыя прапагандыстыя зносіліся патаемна з партызанамі і супрацоўнічалі з імі, застаючыся пры немцах.

Для выкарыстаньня беларускай моладзі для сваіх патрэб немцы стварылі арганізацыю пад назовам «Саюз Беларускай Моладзі» (СБМ). Ад пачатку заснаваньня гэтай арганізацыі было забаронена зносіцца з мяйсцовымі беларускімі дзейнікамі — адміністрацыяй, установамі і арганізацыямі. Вышэйшы нагляд над СБМ меў Мэнцэль, обэрфюрэр нямецкай гітлераўскай арганізацыі моладзі. Непасрэднае кіраўніцтва СБМ выконваў Нікель, нямецкі ўраднік у Бэрліне, а мяйсцовае кіраўніцтва меў Шульц. нямецкі ўраднік у Гэнэральным камісарыяце Беларусі ў Менску.На шэфа-правадніка СБМ быў вызначаны Міхаіл Ганько, якога выбралі з польскіх вайсковапалонных беларусаў у Нямеччыне і прыслалі ў Менск. Кіраўнічкай аддзелу дзяўчат СБМ была прызначаная д-р Надзея Абрамава з Менска, якую рэкамандаваў д р Ермачэнка. Аддзел дзяўчат быў падпарадкаваны шэфу-правадніку ўсяго СБМ. Галоўная ўправа СБМ складалася з аддзелаў: арганізацыйнага, культуры, прапаганды і гаспадарчага. У акругах былі заснаваныя акруговыя аддзелы СБМ, а ў паветах — паветавыя аддзелы СБМ. У Альбэртынскім манастыры ў 1943 годзе была арганізаваная школа падрыхтоўкі кіраўнікоў СБМ. Сябры гэтай арганізацыі, паходзячы з Усходняй Беларусі, час ад часу ўцякалі да савецкіх партызанаў, забіваючы сваіх сяброў, якія не хацелі Ісьці разам з імі.

Вясной 1944 году з акругаў Беларусі было сабрана і прывезена ў Менск звыш 400 чалавек моладзі. Гэты набор праводзілі па акругах нямецкія афіцэры авіяцыі пры дапамозе СБМ. Урачыстае разьвітаньне было зроблена на гарадзкой плошчы нямецкімІ ўраднікамі і моладзь паехала ў Нямеччыну для абслугі супроцьлятунскай артылерыі.

Ад пачатку гістарычных часоў нямецкая экспансыя на ўсход (Drang nach Osten) прыкрывалася цывілізацыйнай місыяй. Гітлер даў ёй новае абгрунтаваньне. Нямецкая раса паноў патрабуе жыцьцёвага прастору для сябе і славянскіх работнікаў, якія народжаныя, каб быць нявольнікамі. Нямецкія пляны Новай Эўропы і будучыні для Беларусі і ўсёй усходняй Эўропы, акрэсленыя А. Розэнбэргам, трымаліся ў тайніцы, але яны былі ўстаноўленыя і рыхтавалася іх рэалізацыя. Славянскае насельніцтва мела быць у масе перакіненае на ўсход за Уральскія горы ў Азыю. Эўропа прадбачалася на жыцьцёвы прастор для нямецкага насельніцтва з Райху. Толькі неабходная славянская працоўная сіла мела быць пакіненая на гэтых абшарах. Інтэлігэнцыя і нацыянальна вядучая частка народу мелі быць зьнішчаныя.

У большых гарадох Беларусі, якія былі пераважна зруйнаваныя вайной, ужо цяпер рыхтавалася перабудова. У Менску, Смаленску, Магілеве, Віцебску, Гомелі, Клінцах і Бранску працавалі групы нямецкіх архітэктароў, якія плянавалі адбудову іх для патрэб нямецкага насельніцтва і нямецкай адміністрацыі згодна з іх вымаганьнямі і стандартамі.

Кіраўнікі нямецкай цывільнай адміністрацыі для ўсходу Эўропы былі загадзя вызначаныя і са сваімі штабамі высыланыя ў кірунку сваіх мейсцаў прызначэньня. У цывільнай зоне Беларусі чакалі на перадачу ім улады вайсковым камандаваньнем галоўны камісар Смаленску, гэнэральны камісар Каўказу і іншыя. Пад час паляваньня на лісіцаў гэнэральны камісар Каўказу і некалькі высокіх нямецкіх ураднікаў былі забітыя савецкімі партызанамі ў лясох паміж Слуцкам і Баранавічамі.

Плянуючы выдаленьне беларускага народу з Беларусі, немцы праўдападобна хацелі захаваць для нейкіх мэтаў бібліятэчную спадчыну аб беларускім народзе. Па загадзе Розэнбэрга быў створаны адмысловы аддзел (Эйнзацкоммандо) з нямецкіх спэцыялістых пад кіраўніцтвам Лянгкопфа і д-ра Рыхэля. Яны пераглядалі захаваныя бібліятэкі і архівы Беларусі ды выбіралі з іх адпаведную літаратуру аб Беларусі і беларускім народзе ад найдаўнейшых часоў аж да сучаснасьці. Яны перавозілі выбраныя кнігі і іншыя матар'ялы ў адмысловы будынак у Менску, падрыхтаваны для часовага перахоўваньня да часу вывазу ў Нямеччыну.

Наагул немцы безкантрольна забіралі ўсё, што хацелі. Менскі гарадзкі музэй яны адразу абрабавалі з каштоўных абразоў, скульптураў і іншых экспанатаў. унівэрсытэцкі гарадок у Менску быў абрабаваны таксама на пачатку акупацыі з оптыкі, выкручанай з мікраскопаў і іншых навукова-дасьледчых прыладаў.

Нямецкая цывільная адміністрацыя адразу перабрала,. пад сваё кіраўніцтва і кантроль беларускую прэсу. «Менская Газэта» была пераназваная ў «Беларускую Газэту», падпарадкаваная аддзелу прапаганды гэнэральнага камісара і, побач беларускіх матар'ялаў, зьмяшчала прысыланыя нямецкія. У рэдакцыі згуртаваліся публіцыстыя: Антон Адамовіч — рэдактар, Уладыслаў Казлоўскі, Алесь Матусэвіч, Караленка, паэтэса Натальля Арсеньнева, Некрашэвіч і іншыя. Пазней гэтая рэдакцыя стала выпускаць газэту «Голас Вёскі», зьмест якой быў дастасаваны для сялян. Кальпартаж газэты па акругах і паветах быў узложаны на БНС, якая з Менска вязла газэту, а назад прывозіла харчы.

Некаторыя аддзелы прапаганды акруговых камісараў выдавалі свае мяйсцовыя газэты, як «Баранавіцкая Газэта» ў Баранавічах, перанятыя імі ад папярэдняга вайсковага кіраўніцтва, Беларускі Камітэт у Беластоку выдаваў газэту «Новая Дарога».

Прапагандовы аддзел нямецкіх Паўночных Арміяў у Рызе, Лацьвіі выдаваў ад канца 1941 году на расейскай мове часапіс «Новый Путь», прызначаны для насельніцтва паўночнай Беларусі. Па інтэрвэнцыі Езавітава, пабачыўшы, што расейская мова не надаецца для чытачоў Беларусі, нямецкае кіраўніцтва пастанавіла выдавать гэты часапіс на беларускай мове. Улетку 1942 году на галоўнага рэдактара быў запрошаны з Менска У. Сядура, які і кіраваў далей часапісам «Новы Шлях». Ён мусіў выжыць папярэдняга рэдактара латыша, які стараўся ўтрымаць расейска-нямецкі характар часапісу. Наступна Сядура ператварыў гэты часапіс у нацыянальна беларускі з шырокім культурна -інфармацыйным абсягам. Беларускія творы, якія не дазваляла друкаваць у Менску нямецкая цэнзура Гэнэральнага камісарыяту Беларусі, у «Новым Шляху» былі друкаваныя. Артыкулы рэдактара Сядуры былі прысьвечаныя слаўным гістарычным і культурным падзеям Беларусі і служылі нацыянальным узгадаваўча адукацыйным мэтам.

На самым пачатку дзейнасьці нямецкай цывільнай адміністрацыі д-р Ян Станкевіч змог собскімі сродкамі і ашукваючы немцаў выдаць друкам у Менску сваю невялічкую гістарычную кніжку «Беларусь-Крывія ў мінуласьці». Выказаныя ў ёй погляды аб балтыцкіх уплывах на народ Беларусі выклікалі надзвычайную варожасьць у Гэнэральным камісарыяце Беларусі. Д-р Станкевіч мусіў уцякаць з Менска, каб ухаваць жыцьцё.

Аддзел культуры БНС у Менску падрыхтаваў да друку каляндар-кніжку на 1943 год. Аднак аддзел прапаганды гэнэральнага камісара не дазволіў яго друкаваць. Пазьней гэты матар'ял календара быў забраны аддзелам прапаганды, скантраляваны і выдрукаваны ім.

Працуючы ў навуковым аддзеле Нэбэнбюро, Язэп Найдзюк апрацаваў папулярную гістарычную кнігу «Беларусь учора і сяньня». Гэтая праца была кантраляваная і папраўляная Сівіцам, нямецкім працаўніком аддзелу культуры і палітыкі гэнэральнага камісара. У палове 1943 году гэтая кніга выйшла з друку.

У Слуцку быў выдрукаваны зборнік паэзыі мяйсцовых паэтаў пад назовам «Песьняры Случчыны».

Неўзабаве распачаў працу Менскі гарадзкі тэатр, даючы спэктаклі беларускіх і міжнародных драматургаў. Часта даваліся опэры з сусьветнага рэпэртуару. У гэтым часе беларускія кампазытары стварылі шэраг опэраў высокай мастацкай каштоўнасьці. Кампазытар Мікалай Шчаглоў напісаў шэраг выдатных опэраў на тэмы з беларускага фольклёру і гістарычнай гэроікі як «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей». Кампазытары Туранкоў, Самохін, Равенскі і Іваноў працавалі ў галіне беларускага фольклёру, узбагачаючы беларускі музычны рэпэртуар. Тэатры працавалі ў Смаленску, Віцебску і іншых гарадох.

Малады драматург, Тодар Лебяда, напісаў драму «Загубленае жыцьцё», даючы праўдзівы і прыгожы абраз традыцыйнага жыцьця беларускай. вёскі. Далей ён паказаў, як гэта жыцьцё было зруйнаванае чужацкай маскоўска-бальшавіцкай палітыкай гвалтоўнага заганяньня ў калгасны прыгон і масавымі арыштамі і дэпартацыямі ў Сібір на загубу. На паказе гэтай драмы ў Менскім гарадзкім тэатры ўся заля глядачоў голасна плакала. А гэтая-ж драма паказвала толькі дробную частку жахлівых маскоўскіх гвалтаў на Беларусі.

Паэтэса Натальля Арсеньнева шмат пісала ў галіне паэзіі і нацыянальнай паэтычнай творчасьці. Яна напісала лібрэто да опэраў кампазытара Шчаглова, як і да опэры «З выраю», музыка для якой не была напісаная. Для вайсковых патрэб яна напісала вайсковыя маршы: «Беларусь наша маці-краіна» і «У гушчарах». Асаблівае значаньне мае рэлігійна-нацыянальны гімн «Магутны Божа», напісаны Арсеньневай і паложаны на музыку кампазытарам Равенскім.

XXXIII Арганізацыя маскоўскім урадам партызанскай дывэрсыі на Беларусі.— Польская, беларуская і жыдоўская партызанка.— Установа Мужоў Даверу.— Арганізацыя Беларускай Самааховы.— Арганізацыя чыгуначных і іншых батальёнаў для аховы і барацьбы супроць партызанаў.— Абаронныя вёскі.— Беларуская Незалежніцкая Партыя.— Польская акцыя сярод каталікоў.— Выдаленьне д-ра Ермачэнкі з Беларусі.— Забойствы беларускіх дзеячоў маскоўскімі агэнтамі.

Савецкая партызанская дывэрсыя на Беларусі, акупаванай немцамі, была арганізаваная, узброеная, кіраваная і кантраляваная ўрадам СССР з Масквы. Мэтай яе была не абарона беларускага народу ад гвалтаў нямецкай акупацыі, але дапамога савецкім арміям аднавіць уладу маскоўскага ўраду на Беларусі

Дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 году жадала: «У занятых ворагам раёнах ствараць партызанскія аддзелы і дывэрсыйныя групы для барацьбы з аддзеламі варожай арміі... У захопленых раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, прасьледаваць і зьнішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы». Да такіх пасобнікаў залічалася і беларускае насельніцтва, якое не ўцякала з бальшавікамі на ўсход, бо мела досыць жахлівай бальшавіцкай улады Масквы над Беларусяй.

3 ліпеня 1941 году Старшыня Дзяржаўнага Камітэту Абароны Сталін у прамове па радыё, між іншага, жадаў, каб пры адступленьні савецкія войскі не пакідалі нічога ворагу, а ўсё зьнішчалі; каб на захопленых немцамі абшарах арганізоўваліся партызанскія аддзелы.

18 ліпеня 1941 году Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай Камуністычнай Партыі прыняў пастанову па справе арганізацыі барацьбы ў тыле нямецкіх войскаў. Там былі канкрэтныя ўказаньні аб стварэньні і дзейнасьці бальшавіцкага падпольля і разгортваньні партызанскай дзейнасьці на занятых немцамі абшарах. У ліпені 1941 году быў прызначаны шэфам гэнэральнага беларускага партызанскага руху з галоўнай кватэрай у Маскве ІІанцялейман Панамарэнка, першы сакратар Беларускай Камуністычнай Партыі, а яго заступнікам — гэнэрал Мачульскі. Па савецкім баку фронту пасьпешна было арганізавана некалькі школаў для падрыхтоўкі групаў сабатажнікаў і шпіёнаў. З унівэрсытэтаў былі змабілізаваныя і выдзеленыя з арміі камсамольцы, хлопцы і дзяўчаты, паходзячыя з Беларусі, якіх па двух месяцах узмоцненай падрыхтоўкі перакідалі групамі па 3, 5 ці 7 чалавекаў на занятую немцамі Беларусь. Трэці сакратар Кампартыі Беларусі даваў курсантам палітычную падрыхтоўку, а інструкцыі аб выбуховых сродках і выконваньні імі разбурэньняў, аб сувязі, справаздачах і шпіянажы былі даваныя вайскоўцамі і працаўнікамі НКВД. Побач сабатажу і шпіянажу да функцыяў дывэрсантаў належала справа параліжаваньня нямецкага тылу за ўсякі кошт, стасуючы ўсякі магчымы тэрор. Яны мелі ўваходзіць у супрацоўніцтва з немцамі, быць іх найбольш зацятымі памоцнікамі, правакаваць усякімі спосабамі нямецкі тэрор супроць насельніцтва, каб выклікаць нянавісьць народу да немцаў і ўцяканьне ў лясы да партызанаў.

Увосені 1941 году на акупаваную немцам! Беларусь было перакінена з Расеі каля 4650 дывэрсантаў, перашколеных для сабатажу. Але першыя трупы савецкіх партызанаў ужо паказваліся на Беларусі ўлетку 1941 году. Яны праводзілі арганізацыйную падрыхтоўчую работу і зрэдку акты тэрору. Аднак заклік да барацьбы з бандам! і групамі тэрорыстых ужо быў выдадзены дзяржаўным камісарам Остлянду 29 верасьня 1941 году. Дывэрсыйная акцыя ў гэтым часе была наагул слабой. На пачатку партызаны ня мелі падтрымкі мяйсцовага насельніцтва, народ добраахвотна не далучаўся да іх.

Савецкі ўрад энэргічна пашыраў праграму дывэрсыі на Беларусь Групы для адмысловых мэтаў і перш вайсковай разьведкі былі перакіданыя з Расеі праз фронт. Іх складалі агэнты НКВД для важных актаў тэрору, інструктары камуністычнай партыі і камсамолу для ўзнаўленьня нелегальнай камуністычнай і камсамольскай арганізацыйных сетак і камандзіры са штабамі для арганізацыі партызанскіх вайсковых аддзелаў.

У лістападзе 1941 году быў выдадзены загад, падпісаны Сталіным. у каторым гаварылася наступнае: «Трэба стварыць такія абставіны ў тыле супраціўніка, каб зямля гарэла пад нагамі фашыстаў. З надыходам моцных маразоў трэба паліць усе населеныя пункты, каб немцы засталіся без зімовых кватэраў». Загад вымагаў: «Зьнішчыць населеныя пункты шляхам падпалу іх у начную пару самазагараючай запальнай мешанінай, незалежна ад таго, ёсьць там супраціўнік, ці яго няма». Зразумела, што ахвярай гэтага загаду было мірнае беларускае насельніцтва. Гэты загад выконваўся, і тысячы беларусаў згінулі ў агні, а яшчэ больш былі пазбаўлены мейсца жыхарства.

Шэраг фактараў уплынуў на хуткі рост савецкай партызанкі на Беларусі. Паўстрыманьне маланкавага нямецкага наступу за Смаленскахм і Бранскам на два месяцы, а пазьней, увосені 1941 году, перад Ленінградам і Масквой ды наступнае адступленьне нямецкіх арміяў ад Масквы на даўгім адрэзку фронту ад пачатку сьнежня 1941 году разьвеялі міф аб непераможнасьці нямецкіх войскаў. На Усходняй Беларусі настроі насельніцтва да савецкай улады рашуча зьмяніліся з непрыязных на прыхільныя дзеля праўдападобнага павароту савецкай улады. Перакінутыя савецкія камандзіры перадусім распачалі агітацыю сярод вайскоўцаў-акружэнцаў і прыпісьнікоў. Пэўная частка іх адразу пайшла ў лясы да партызанаў. Хочучы перашкодзіць гэтай акцыі, нямецкія ўлады выдалі загад, каб усе вайсковапалонныя вярнуліся з гаспадарак на зборныя пункты. Гэты загад выгнаў усіх іх у лясы, дзе яны. сталі ўжо гатовай масавай сілай у руках савецкіх камандзіраў. Сталін загадаў тварыць другі фронт на нямецкіх тылох у форме вялікіх партызанскіх аддзелаў, што зараз і пачало рэалізавацца.

Дапамагла партызанцы колёніяльная нямецкая палітыка на Беларусі, паніжаючае і пагардлівае трактаваньне беларускага насельніцтва, як і прадбачальны стан нявольніцтва ў будучыні. Гэта падштурхоўвала мяйсцовае насельніцтва, асабліва на Усходняй Беларусі, назад да савецкай улады як да меншага зла.

Падобнае значаньне меў прымусовы набор і вываз насельніцтва на работы ў Нямеччыну, які трываў увесь час нямецкай акупацыі. Ён змушаў многіх людзей да хаваньня па лясох, дзе яны былі неўзабаве знойдзеныя і здольныя з ІХ уключаныя ў савецкія партызанскія аддзелы.

Трактаваньне немцамі жыдоўскага і цыганскага насельніцтва Беларусі ў жахлівы і нялюдзкі спосаб выклікала пэрспэктыву падобнага лесу пасьля вайны і для беларускага насельніцтва. Гэта змушала жыдоў і беларусаў, якія адчувалі набліжэньне нямецкага тэрору да іх, шукаць ратунку ў лясох.

Савецкія партызаны выкарыстоўвалі нямецкі тэрор для сваіх мэтаў. Ведаючы, што немцы мардуюць па 100 чалавек за кожнага забітага немца, яны падкідалі забітых немцаў да вёсак, якія былі непрыхільныя да іх, або падкладвалі міны на рэйкі чыгунак каля гэтых вёсак, Па ўзрыве цягніка немцы палілі такія вёскі, часта з насельніцтвам.

Ад самага свайго прыбыцьця на Беларусь савецкія дывэрсанты мардавалі беларускіх настаўнікаў, працаўнікоў БНС, прадстаўнікоў адміністрацыі, часта і духаўнікоў, як і сялян, якія цешыліся з павароту прыватнай гаспадаркі на вёсцы.

Вялікія лясы на Беларусі давалі добрыя ўмовы для разьвіцьця партызанскага руху. З часам партызанскія аддзелы павялічваліся і колькасьць іх узрастала. Неўзабаве залесеныя абшары сталіся партызанскай тэрыторыяй. Партызаны не дапушчалі да здачы паставак у натуры, як і іншых павіннасьцяў для немцаў. Узрывы цягнікоў сталі частым зьявішчам і шкодзілі нямецкаму фронту. Нямецкае панаваньне на Беларусі атрымала вялікія перашкоды. Савецкая дывэрсыя расла ў сіле і ахоплівала штораз большыя абшары. Невялікія савецкія самалёты садзіліся на невялікія глухія аэрадромы ў лясных аколіцах, дастаўлялі патрэбныя партызанам матар'ялы і забіралі раненых, як і інфармацыі з нямецкага тылу.

Ужо раньняй вясной 1942 году такт самалёты сядалі ў Рудзенскім раёне Менскай акругі.

Паколькі за больш адпаведную тэрыторыю для пачатку савецкай дывэрсыі служыла Усходняя Беларусь, то польская партызаншчына была распачатая на Заходняй Беларусі. Польскую дывэрсыю тут арганізаваў польскі ўрад з Лёндану праз свае агэнцыі ў Варшаве і Вільні. Тут існавалі як тэхнічныя, так і людзкія рэсурсы: хутка па нямецкай акупацыі палякі і польскія фольксдойчы наехалі ў Беларусь. Польскія абшарнікі і рыма-каталіцкае духавенства таксама скора запоўнілі свае мейсцы па савецкіх вынішчэньнях. Яны самачынна апаноўвалі адміністрацыю і паліцыю на мейсцах. Аднак для апанаваньня краю па разгроме немцаў была патрэбная большая польская збройная сіла. Такім чынам, мэтай польскай збройнай акцыі на Беларусі была не барацьба з савецкімі партызанамі або немцамі, а ахопліваньне пазыцыяў на будучую сытуацыю, калі трэба будзе змагацца за польскую дзяржаўнасьць на Заходняй Беларусі. Тут іхнымі ворагамі былі толькі беларусы, якія спрадвек жылі на гэтай зямлі.

Зразумела, што немцы не пагадзіліся-б на стварэньне большых польскіх збройных сілаў. Таму палякі распачалі арганізаваць іх нелегальна ў тых акрутах, дзе пражывала значная колькасьць беларускага каталіцкага насельніцтва, апалячанага праз каталіцкі касьцёл. Такія нелегальныя польскія збройныя аддзелы былі арганізаваныя ў акругах: Лідзкай, Слонімскай і Глыбоцкай. Пазьней каманданты гэтых легіёнаў скантактаваліся з нямецкімі мяйсцовымі ўладамі, якіх пераканалі, што яны маюць змагацца з савецкімі партызанамі. З часам легіёны сталі атрымліваць ад немцаў зброю і іншы вайсковы рыштунак, застаючыся на нелегальным палажэньні. Яны, перадусім вымардоўвалі беларускі нацыянальны актыў: настаўнікаў, працаўнікоў беларускай адміністрацыі, якія яшчэ займалі становішчы ўрадоўцаў паміж палякамі і стараліся адстойваць беларускасьць на сваіх мейсцах. Яны выконвалі заданьні немцаў па мардаваньні невыгадных немцам беларусаў, як гэта было з Ю. Саковічам і Л. Мараковым, якіх выдалілі з Менска на Лідчыну, дзе іх адразу застрэлілі палякі.

Палякі рабілі ілжывыя даносы на вядучых беларусаў па ўсёй Заходняй Беларусі, абвінавачваючы іх перад немцамі ў камунізме, супрацоўнічаньні з савецкімі партызанамі і г. п. У ліпені 1941 году па такіх даносах у Стоўпцах былі арыштаваныя працаўнікі беларускай адміністрацыі ў ліку 19 асобаў, а сярод іх: Ю. Сабалеўскі — былы пасол у польскім сойме, В. Чабатарзвіч — былы настаўнік і іншыя. У Валожыне была арыштаваная ўся беларуская адміністрацыя павету: інж. К. Касяк — старшыня, A. Ciвец — заступнік старшыні і іншыя, агулам 22 асобы, У Глыбоцкай акрузе паводля стараньняў мяйсцовых палякоў быў замардаваны немцамі гр. Адам Дасюкевіч, старшыня Пастаўскага павету.

Польскія збройныя банды, твораныя з мяйсцовых палякоў, кіраваныя з Вільні закансьпіраванай Арміяй Краёвай, стасавалі крывавы тэрор па ўсёй Заходняй Беларусі. У 1942 годзе такая банда напала на местачка Хойдзішкі і перабіла там нямецкую паліцыю і беларускую адміністрацыю з А. Сіўцам на чале. Палякі паліцэйскія, служачыя ў Хойдзішках, падрыхтавалі знутры гэты напад і самі вымардоўвалі ведамых ім беларускіх працаўнікоў. У местачку Мір і ваколіцы немцы вымардавалі шмат з беларускага. актыву па даносах палякоў, якія былі перакладчыкамі і абслугай пры мяйсцовым каманданце. Па сьпісках, падрыхтаваных палякамі, беларусы ўдаваліся як караныя папярэдня за камунізм. Немцы стралялі іх без ніякага сьледства.

Па апушчэньні местачка Іжа Вялейскага павету адміністрацыяй і паліцыяй на яго напалі польскія партызаны з Будслаўшчыны. Яны замардавалі сьведамых нацыянальна беларусаў, а местачка спалілі.

Польскія банды мардавалі мнопх беларускіх праваслаўных сьвятароў. У прыходзе Турэйск Шчучынскага павету за беларускую дзейнасьць быў зьверскі закатаваны сьв. Іван Аляхновіч з матушкай. Іераманах Лукаш быў спалены жывым на прыходзе каля Наваградка. Сьв. Канстанцін Маеўскі быў забіты гранатай, укінутай у яго хату, за працу ў БНС. У местачку Трабы, на Віленшчыне, праваслаўны сьвятар быў закатаваны польскай бандай за тое, што ён выконваў хрысьціянскія трэбы і для рыма-каталікоў, якія да яго зьвярталіся, бо там ня было ксяндза. У местачку Крэва быў замардаваны сьв. Міхаіл Леванчук з дачкой і пляменьніцай за царкоўныя паховіны беларусаў, мардаваных палякамі. Сьв. М. Лапіцкі быў арыштаваны ў Дзісьне па даносе палякоў немцам. Ён уцалеў прыпадкова, бо беларускі камандант паліцыі, Лупчонак, даў яму беларускіх канваіраў. Але за гэта Лупчонак быў потым арышхаваны па ілжывым даносе палякоў і расстраляны.

Гэтая крымінальная акцыя палякоў была плянаваная як дзяржаватворчая. Пратакол № 5 ад 3 траўня 1943 году з нарады групы польскіх легіёнаў пастанавіў наступнае: «1) усе нямецкія ўстановы ў адпаведных паветах павінны быць абсаджаныя толькі нашымі людзьмі, каб уся практычная ўлада была ў нашых руках. Такім чынам усе паліцэйскія і каманданты змогуць зрабіць дапамогу зброяй ды амуніцыяй нашым узброеным легіёнам, праводзіць разьведку і рабіць адпаведны ўплыў на немцаў і на ўсё акружэньне; 2) кожны паляк павінен памятаць, што... ніколі і ні за што беларус не захоча даць нам дапамогі, таму мы павінны імкнуцца выжыць беларусаў з усіх установаў... імкнуцца вышукаць усякія матар'ялы, абвінавачваючыя беларусаў, перадаваць іх немцам, абвінавачваючы беларусаў за сувязь з партызанамі для таго, каб іх расстрэльвалі. Такім чынам мы зможам ня толькі выжыць беларусаў, але і супроцьставіць немцам беларускае насельніцтва. Наступна, пры дапамозе ўмелай прапаганды, мы перацягнем беларусаў на свой бок і асягнем, як мінімум, іх нейтральнасьць... 4) праз сваіх людзей прасіць паліцыю і немцаў паліць беларускія вёскі пад прэтэкстам, што яны памагаюць партызанам» 1.

У пратаколе № 7 ад 12 траўня 1943 году ўдзельнікі польскага падпольля на Беларусі забавязаліся стасаваць тэрор супроць беларускіх дзеячоў 2.

У дырэктыве ад 14 траўня 1943 году, перахопленай савецкімі партызанамі на Берасьцейшчыне, кіруючы цэнтар легіёністых устанаўляе, што мэтай польскіх легіёнаў ёсьць вызваленьне Заходняй Беларусі ад бальшавізму, але кожны паляк павінен памятаць, што беларусы — гэта ворагі польскага народу... Палякі павінны ўсякімі спосабамі кампрамітаваць беларусаў перад немцамі, дабіваючыся арыштаў беларусаў з тым, каб страты ў беларусаў былі як найбольшымі 3.

Арганізацыя беларускай нацыянальнай партызанскай акцыі, ськіраванай супроць савецкай і нямецкай улады на Беларусі, была распачатая на ўсход ад Барысава на пачатку 1942 году. Ініцыятары яе: Уладзімер Шавель, папярэдні працаўнік нямецкай контрразьведкі (Абвэр); Анатоль Сакалоў, ранейшы бурмістр гораду Бярэзіна, ды іншыя прыступілі да публікацыі палітычнага часапісу на рататары і да вярбоўкі добраахвотнікаў. Савецкія партызаны хутка натрапілі на іх дзейнасьць. Было падрыхтавана спатканьне савецкіх і беларускіх партызанаў, на якім савецкія дэлегаты пастралялі беларускіх. Рэшта беларускай групы была хутка зьліквідаваная савецкімі партызанамі. Уратаваўся прыпадкова адзін Сакалоў, які па стане свайго слабога здароўя ня мог вытрымаць цяжкіх умоваў партызаншчыны і яшчэ раней перабраўся ў Вільню.

Беларускі партызанскі рух ня мог разгарнуцца і ў іншых акругах, як Слонімская, бо лясныя абшары былі ўжо апанаваныя савецкімі або польскімі партызанамі, якія не талеравалі беларускіх.

У многіх частках Беларусі ў лясох хавалася шмат беларускага насельніцтва, якое ўратавалася ад карных нямецкіх зкспэдыцыяў. Гэтыя людзі ня мелі магчымасьці вярнуцца назад, бо іх вёскі былі цалком спаленыя. У дадатку яны баяліся вярнуцца на папярэдняе мейсца, каб ізноў не стацца ахвярамі нападу. У лясох хаваліся людзі ад вывазу на работы ў Нямеччыну і ад тэрору. Яны будавалі зямлянкі ў глушы лясоў і там захоўвалі жыцьцё ў надзвычай бедных і галодных абставінах. Савецкія партызаны гвалтам забіралі з гэтага асяродзьдзя прыдатных для сябе людзей.

Жыды, што не пайшлі ў гэто, як і тыя, што ўцяклі з гэто ў лясы, жылі там сваімі асобнымі групамі. Яны здабывалі зброю і харчы, унікаючы нямецкай небясьпекі, ды стараючыся ператрываць часы нямецкай акупацыі. Часамі ім трэба было ісьці за харчамі ў вёскі далей ад лясоў, бо тут савецкія партызаны ўсё забіралі самі.

Савецкія партызанскія аддзелы не прымалІ да сябе жыдоўскіх партызанскіх групаў. Яны прымалі толькі спэцыялістых: лекараў, дэнтыстых і інш. Недавер перакінутых з Вялікай Зямлі савецкіх партызанаў да беларускіх партызанаў жыдоўскага паходжаньня праўдападобна быў загаданы з Масквы савецкім кіраўніцтвам. Гэта было выклікана тым, што, калі на першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 году, загадам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР была абвешчана мабілізацыя ў армію і вайскова забавязаныя павінны былі неадкладна зьявіцца на прызначаныя зборныя пункты, многія вайскова забавязаныя жыды не зьявіліся туды, а забралі свае семы і ўцяклі на ўсход у глыбокі тыл. Гэта былі высокія партыйцы і ўраднікі, кіраўнікі прадпрыемстваў і спэцыялістыя, людзі высока адукаваныя і грамадзка вырабленыя камуністыя. Шмат іх прыехала ў Алма-Ату і іншыя гарады Азыі. Там яны выклікалі паніку. Яны тлумачыліся тым, што немцы забіваюць усіх жыдоў і яны ратавалі свае семы. Сталін загадаў расстраляць іх як дэзэртыраў і звольніць іншых жыдоў з адказных становішчаў. Гэта выклікала ўрадавы палітычны недавер да жыдоў, што было перанесена і да савецкіх партызанаў на Беларусь

Савецкая партызанская акцыя вырасла настолькі, што амаль усе воласьці і частка паветаў на Усходняй Беларусі, і многія воласьці на Заходняй Беларусі былі апанаваныя імі. Даставы павіннасьцяў з гэтых абшараў амаль не паступалі да немцаў. Чыгуначныя і аўтамабільныя шляхі часта былі замініраваныя. Забойствы нямецкіх ураднікаў і вайскоўцаў сталі частымі здарэньнямі. Беларускія кіраўнікі і сяляне часта гінулі ад рук партызанаў. Цяпер немцы ўзмоцнілі свой тэрор. Ува ўсіх акруговых і паветавых гарадох былі збудаваныя шыбеніцы, на якіх немцы вешалі людзей дзеля постраху іншых. Распачаліся вялікія карныя экспэдыцыі немцаў у партызанскія раёны.

Аднак нямецкае кіраўніцтва разумела, што самым тэрорам супроць усяго насельніцтва пад час цяжкай вайны кіраваць Беларусяй будзе цяжка. Таму, каб прыцягнуць большую колькасьць беларусаў да супрацоўніцтва з нямецкай цывільнай адміністрацыяй і каб гэта супрацоўніцтва было больш карысным, гэнэральны камісар Беларусі на ўгодкі нападу Нямеччыны на СССР, 22 чэрвеня 1942 году, абвесьціў, а 29 чэрвеня 1942 году паклікаў да жыцьця ўстанову Беларускіх Мужоў Даверу. Галоўным Мужам Даверу пры гэнэральным камісару Беларусі, рэпрэзэнтуючым беларускі народ праз арганізацыю БНС, быў вызначаны д-р I. Ермачэнка, які затрымаў за сабой кіраўніцтва палітычнымі справамі. На прапанову д-ра Ермачэнкі былі вызначаныя Мужамі Даверу: па справах культуры інж. I. Касяк — кіраўнік аддзелу культуры Галоўнай управы БНС; па справах прапаганды рэд. А. Адамовіч — галоўны рэдактар «Беларускай Газэты»; па справах асьветы д-р I. Скурат — заступнік школьнага іспэктара. Мужы Даверу мелі права і абавязак радзіць і рабіць прапановы па справах беларускага насельніцтва адпаведным кіраўнікам Гэнэральнага камісарыяту Беларусі.

На жаданьне гэнэральнага камісара д-р Ермачэнка запрапанаваў па адным Мужу Даверу пры акруговых камісарах, якіх цяпер было 10. Акруговыя Мужы Даверу праз БНС былі прадстаўнікамі і дараднікамі ад насельніцтва для камісараў.

Адначасна гэнэральны камісар зажадаў выданьня адозвы да беларускага народу, каб ён уключыўся ў барацьбу з бальшавіцкімі бандамі на Беларусі. Канкрэтныя захады адносна барацьбы належала праводзіць праз гэнэрал-маёра Цэннера, камандзіра брыгады СС і паліцыі на Беларусі, арганізуючы Беларускую Самаахову. «Чым мацнейшым будзе беларускі народ у барацьбе супроць маскоўскіх бандаў, тым лепшая будзе ягоная будучыня ў вялікім кантынгэнце народаў»,— пісаў гэнэральны камісар у сваім прызначэньні Мужоў Даверу.

Неадкладна была прынятая і выдадзеная друкам адозва да беларускага народу, у якой апісвалася антыбеларуская і антырэлігійная дзейнасьць бальшавіцкай Расеі і злачынствы ейных бандаў, беларускі народ заклікаўся да змаганьня з бальшавізмам. Адозву падпісалі д-р I. Ермачэнка, арх. Філафей, кс. В. Гадлеўскі, бурм. В. Іваноўскі, рэд. У. Казлоўскі і Ю. Саковіч.

Па справах арганізацыі Самааховы хутка ў 1942 годзе быў скліканы першы агульны зьезд БНС у Менску. У зьездзе прынялі ўдзел Мужы Даверу, кіраўнікі БНС з акругаў і вядучыя бурмістры і кіраўнікі беларускай паліцыі. Па даўжэйшай нарадзе было пастаноўлена арганізаваць Беларускую Самаахову — збройную сілу для абароны беларускага насельніцтва ад бальшавіцкіх расейскіх бандаў. Было пастаноўлена стварыць пры БНС аддзел вайсковых спраў, ды арганізаваць збройную самаахову па ўсіх акругах. Пастаноўлена распачаць гэтую працу ад арганізацыі ў Менску курсаў для перашкаленьня афіцэрскіх кадраў, а наступна і падафіцэрскіх.

На кіраўніка аддзелу вайсковых спраў пры Галоўнай управе БНС у Менску быў пакліканы д-м Ермачэнка каштан Францішак Кушэль, які да гэтага часу арганізаваў і кіраваў падафіцэрскай школай паліцыі ў Менску. На свайго памоцніка Кушэль запрасіў лейтэнанта Мікулу. Неадкладна ў Менску былі адчыненыя курсы перашкаленьня афіцэраў для Беларускай Самааховы. Курсантаў прыслалі акруговыя ўправы БНС, падбіраючы кандыдатаў на будучых камандзіраў з быўшай царскай, польскай і савецкай арміяў. Былі праведзеныя тры курсы для афіцэраў адзін за другім, па 80—100 чалавек на кожным. Курс для трупы трываў адзін месяц. Кап. Кушэль навучаў вайсковую тактыку. Капітаны Канавалаў, Хаўхуневіч, Рыбалтоўскі і лейтэнант Мікула навучалі аб муштры, зброі, дысцыпліне і інш. Д-р Я. Станкевіч вучыў гісторыі Беларусі, рэд. А. Адамовіч — аб сусьсветных палітычных падзеях сучаснасьці. Нагляд над курсамі мелі: з нямецкага боку капітан паліцыі Каммэр, а з беларускага боку Ю. Саковіч. Па сканчэньні перашкаленьня палкоўнік Мірскі прызначаў афіцэраў на камандзіраў Самааховы ў паасобныя паветы. У некаторых акругах зараз-жа былі арганізаваныя курсы для перашкаленьня падафіцэраў, як ў Менскай, Баранавіцкай, Наваградзкай і Слонімскай. У Наваградку былі перашколеныя чатыры зьвязы падафіцэраў.

На самым пачатку арганізацыі Самааховы кіраўнік бясьпекі на Беларусі гэнэрал СС Цэннер выдаў загад, каб усе вайсковыя і цывільныя нямецкія ўлады дапамагалі БНС пры арганізацыі збройнай Самааховы, і загадаў выдаць зброю са складаў паліцыі.

Праудападобна, справа арганізацыі збройнай Беларускай Самааховы была распачатая самачынна нямецкай адміністрацыяй у Менску. Бо праз некалькі дзён з Бэрліну прыехаў высокі ўраднік СС, які цікавіўся, чаму беларусы хочуць мець сваю самаахову; якая колькасьць людзей будзе ў ёй; ці ня будзе яна ваяваць супроць немцаў? У хуткім часе былі наступствы гэтай візыты. Гэнэрал Цэннер быў адкліканы са свайго становішча і высланы на фронт за перакрочаньне сваіх камйэтэнцыяў, даючы зброю Беларускай Самаахове. Кіраўнік аддзелу культуры і палітыкі ў Гэнэральным камісарыяце Беларусі Юрда, быў таксама хутка адкліканы са свайго становішча.

Па сканчэньні трох афіцэрскіх і некалькіх падафіцэрскіх курсаў загадам з Бэрліну арганізацыя Самааховы праз БНС была затрыманая. Як відаць, нямецкі ўрад у Бэрліне ня меў даверу да беларусаў.

У гэтым самым часе самі немцы разгарнулі арганізацыю збройных беларускіх аддзелаў, карыстаючы з дапамогі БНС. Гэтыя аддзелы ў сіле 100—150 чалавек, арганізаваныя пры СС і падпарадкаваныя СД, былі добра ўзброяныя і абвучаныя, імі камандавалі нямецкія камандзіры. Ніжэйшыя чыны былі беларусамі. Гэтыя аддзелы былі ўжываныя для змаганьня з партызанамі ў мяйсцовым абсягу, Пры большых акцыях супроць партызанаў аддзелы з бліжэйшых акругаў далучаліся да агульнай акцыі. Такія аддзелы былі арганізаваныя ў Косаве на Слонімшчыне, у Вялейцы, у Наваградку, у Валожыне і Крывічах Вялейскай акругі і ў некаторых іншых акруговых і паветавых гарадох. У Глыбокім падобны аддзел быў арганізаваны з палякоў, а на чале яго быў польскі фольксдойч Вітвіцкі.

У Менску быў арганізаваны беларускі 13-ты батальён у такім самым характары. Яго арганізаваў Ф. Кушэль, кіраўнік вайсковага аддзелу Галоўнай управы БНС у Менску. У паразумленьні з нямецкімі ўладамі ён правёў набор добраахвотнікаў, а часткова парадкам пакліканьня праз адміністрацыі паветаў. Ён прызначыў камандзірамі ротаў афіцэраў Бандыка і Мазура,- якія хацелі ўтрымаць батальён у беларускім нацыянальным характары. Камандзірам батальёну быў нямецкі маёр Юнкер. Частыя канфлікты Мазура з Юнкерам на нацыянальнай аснове скончыліся тым, што немцы расстралялі Мазура за супраціў, а батальён падпарадкавалі сабе поўнасьцю. Гэты батальён немцы пасылалі ў акцыі супроць партызанаў у Глыбокае, Вялейку, Ліду, Менск, Слуцк і інш.

Адмысловая нямецкая паліцыя для аховы чыгунак (Баншутцполіцэй), колькасна невялікая, цяпер не магла спраўляцца з аховай чыгунак супроць нападаў савецкіх партызанаў. Нямецкія ўлады зьвярнуліся ў сьнежні 1942 году да Галоўнай управы БНС у Менску аб дапамозе пры арганізацыі чыгуначных беларускіх паліцэйскіх аддзелаў. Д-р Ермачэнка даручыў капітану Ф. Кушэлю арганізацыю гэтых аддзелаў. Папулярна яны называліся Беларускім чыгуначным батальёнам. Фактычна было арганізавана некалькі ротаў у гарадох, якія былі важнымі чыгуначнымі вузламі, як Менск, Ліда, Маладэчна, Баранавічы, Стоўпцы і іншыя. Роты па 200—300 чалавек былі набраныя часткова добраахвотна, а часткова шляхам пакліканьня праз мяйсцовую адміністрацыю пры дапамозе БНС. Рэкрутаў школілі беларускія афіцэры і падафіцэры, якія скончылі курсы Беларускай Самааховы. Па кароткім перашкаленьні нямецкія чыгуначныя ўлады падзялілі роты на дружыны, якія разаслалі па суседніх чыгуначных станцыях для дапамогі нямецкай чыгуначнай паліцыі. Ахова палягала на абходзе чыгунак у начы, варце каля чыгуначных будынкаў ды ў бункерах уздоўж чыгункі.

Арганізацыя беларускай чыгуначнай роты ў Лідзе ўзьняла там беларускі нацыянальны дух ува ўсіх іншых галінах грамадзкага жыцьця. Аднак пасьля выезду гэтай роты там ізноў запанаваў польскі тэрор і забойствы беларускай інтэлігэнцыі сталі частымі здарэньнямі.

У Менску беларуская чыгуначная рота была расфармаваная немцамі пасьля перашкаленьня двух курсаў.Гэтая рота была стрыжнем цэнтралізацыі чыгуначных ротаў у суцэльны беларускі батальён, а немцы не дапушчалі да цэнтралізацыі беларускіх збройных фармацыяў нават у такім сьціплым абсягу. Ф. Кушэль дамагаўся ад кіраўніцтва нямецкай чыгуначнай паліцыі прызначыць лейтэнанта Сажыча камандзірам усяго Чыгуначнага батальёну, раськінутага па многіх ахоўваных чыгуначных станцыях. Аднак немцы згадзіліся даць яму функцыю толькі афіцэра сувязі паміж ротамі.

На станцыі Выгода, на лініі Баранавічы — Ліда, беларускі чыгуначны аддзел дазнаваў крыўдаў ад мяйсцовых нямецкіх кіраўнікоў, якія надужывалі сваёй уладай ды абкрадалі іх з харчоў і іншых належнасьцяў. У канцы 1943 году беларускія чыгуначныя паліцэйскія абяззброілі немцаў, зьнялі з іх вопратку, забралі ўсё магчымае з сабой і пайшлі ў лес. Там яны заснавалі беларускі партызанскі аддзел імя Кастуся Каліноўскага пад камандай зьвязнога Слонімскага. Гэты аддзел ня мог доўга ўтрымацца і астаточна здаўся савецкім партызанам. Некалькі хлопцаў змаглі ўцячы адтуль у Баранавічы, адкуль іх употайкі выслалі на работы ў Нямеччыну, каб ухаваць ад нямецкага тэрору.

Пасьля гэтага лейтэнант Сажыч атрымаў дазвол часьцей наведваць паасобныя роты і праводзіць там нацыянальна ўзгадаваўчую працу.

Адначасна нямецкія ўлады арганізавалі паліцэйскія батальёны без удзелу беларускіх установаў. Такімі былі: 49-ты батальён у Астрашыцкім Гарадку, 48-мы ў Слоніме, 60-ты ў Баранавічах і 36-ты ўва Урэччы на Случчыне.

У гэтым самым часе немцы самі распачалі арганізацыю абаронных вёсак. У раёнах, дзе партызаны прыходзілі начамі за харчамі ў вёскі, нямецкія ўлады давалі некалькі вінтовак і гранатаў для ўзбраеньня мяйсцовых вартаўнікоў такіх вёсак. Аднак партызаны, даведаўшыся аб абаронных, вёсках, рабілі напады на іх большымі аддзеламі і мардавалі ўсе семьі абаронцаў і іхніх сваякоў. У наступныя дні ў гэтыя вёскі прыяжджалі нямецкія вайсковыя аддзелы, якія мардавалі многіх уцалелых сялян альбо і ўсё насельніцтва вёскі, уважаючы іх за пасобнікаў савецкіх партызанаў, а вёску палілі. Стараньні беларускіх адміністратараў у акруговых камісараў, як і ў гэнэральнага камісара аб спыненьні арганізацыі абаронных вёсак, заставаліся бяз посьпехаў.

Ведаючы неталерантнасьць тоталітарных нямецкіх уладаў да беларускіх захадаў аб спыненьні нямецкага тэрору супроць мяйсцовага насельніцтва, стасаванага пад час збройных акцыяў супроць савецкіх партызанаў, беларускія адміністратары рабілі свае захады ў дыплёматычнай форме. Старшыня Вялейскага павету П. Родзе-віч пачаў падаваць нямецкім уладам свае пратэсты ў гострай форме. Прыпушчальна, немцы зразумелі іх як варожую акцыю супроць сваёй улады на Беларусь 23 сакавіка 1943 году Родзевіч быў арыштаваны нямецкімі ўладамі, пасаджаны ў турму і пазьней расстраляны. Захады беларусаў аб вызваленьні яго засталіся бяз посьпехаў. За ўсякае супроцьнямецкае выступленьне акупацыйныя ўлады распраўляліся бязлітасным вынішчэньнем супраціўнікаў.

Пад восень 1942 году, на агульнае дамаганьне беларусаў з акругаў, дэлегацыя БНС з Менска разам з групай бацькоў зьвярнулася ў Гэнэральны камісарыят з просьбай аб адчыненьні сярэдніх школаў для адукацыі падрастаючай моладзі. Аднак у нямецкіх плянах Беларусь прадбачалася за земляробскі край, дзе насельніцтва будзе займацца земляробствам і гадоўляй жывёлы. Было вырашана адкрыць некалькі настаўніцкіх сэмінарыяў для падрыхтоўкі настаўнікаў для пачаткавых школаў. Сярэдняя або вышэйшая адукацыя для моладзі не прадбачалася. Гэта вельмі ад'емна адбілася на адносінах беларусаў да немцаў. Школьны інспэктар Гадлеўскі адчынена пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку на Беларусі перад наведваючымі яго настаўнікамі. Немцы запатрабавалі ад кс. Гадлеўскага, каб ён выбраў сабе адно з двух: працу школьнага інспэктара або духаўніка. Кс. Гадлеўскі трымаўся абоіх функцыяў. У сьнежні 1942 году ён быў арыштаваны праз СД і яго памешканьне было запячатана. Кс. Гадлеўскаму немцы праланавалі працу ў Рызе, каб ізаляваць яго чад беларускага насельніцтва, аднак ён адхіліў гэтую прапанову. Па даўжэйшым часе стала ведама, што кс. Гадлеўскі быў расстраляны немцамі.

30 ліпеня 1942 году гэнэральны камісар Кубэ прызначыў д-ра Ермачэнку старшынёй і закладчыкам Беларускага Навуковага Таварыства. Гэтае таварыства пастанавіла адчыніць Беларускі Унівэрсытэт у Магілеве і Мэдыцынскія Адсьвяжаючыя Курсы ў Менску.

Для арганізацыі і кіраўніцтва нацыянальным жыцьцём неабходныя палітычныя партыі, арганізаваныя самім народам. Гэта добра разумелі старэйшыя беларускія дзеячы. Аднак нямецкія акупацыйныя ўлады тоталітар-нага характару не дапушчалі да ніякай канкурэнцыі сваёй уладзе. Таму ўсе кіруючыя старэйшыя дзеячы абмяжоўваліся да асабістых уплываў на грамадзкасьць. Толькі д-р Я. Станкевіч ужо ад лета 1941 году арганізаваў нелегальную беларускую нацыянальную партыю. Ён асьцярожна падбіраў сяброў з ведамых сабе людзей і праз асабістыя знаёмствы з д-рам Тумашам, д-рам Ермачэнкам і кс. Гадлеўскім уладжваў іх на кіруючыя становішчы. Ён зьбіраў на сакрэтныя нарады ў Менску па некалькі сяброў, пераважна па пяць, дзе разважаў палітыку немцаў і бальшавікоў на Беларусі. Як бальшавікоў, так і немцаў ён уважаў за ворагаў беларускага народу ды імкнуўся да тварэньня самастойнай сілы беларускага народу. У хуткім часе ў Менску да гэтай партыі належалі Ю. Саковіч, А. Адамовіч, I. Касяк, А. Арэхва i Я. Станкевіч. Паводля інфармацыі Я. Станкевіча, у Барысаве належалі да партыі С. Станкевіч і Б. Шчорс, а ў Віцебску — У. Родзька і М. Рагуля. М. Рагуля распачаў выданьне «Бюлетэнью БНП» у Віцебску. У Вільні было некалькі сяброў, з якіх д-р С. Грынкевіч трымаў сувязь з польскім падземным кіраўніцтвам. У іншых гарадох Заходняй Беларусі таксама тварыліся гурткі партыі.

Гэтая партыя нацыяналістых скарыстала агульны зьезд БНС у канцы 1942 году ў Менску і правяла шырэйшы зьезд сяброў і вядучага актыву. На нарадзе былі Ю. Саковіч, I. Касяк, А. Адамовіч, А. Арэхва (Менск), У. Родзька і М. Рагуля (Віцебск), Б. Рагуля (Наваградак), Р. Зыбайла і Я. Дакіневіч (Слонім), А. Сянкевіч і М. Тулейка (Баранавічы), А. Сокал-Кутылоўскі (Ганцавічы) і іншыя. На нарадзе быў прыняты назоў партыі — Беларуская Незалежніцкая Партыя, было пастаноўлена ўзмоцніць арганізацыйны стан і дзейнасць беларускага актыву праз стварэньне сеткі партыі беларускіх нацыяналістых ува ўсім краі. Для наступнага зьезду пастаноўлена падрыхтаваць канчатковы праект праграмы і статуту партыі, бо запрапанаваны сябрамі з Віцебску прыняты статут вымагаў грунтоўнага перагляду.

Дзейнасьць Беларускай Незалежніцкай Партыі праходзіла ў цяжкіх абставінах. Некаторыя беларусы палёнафілы, супрацоўнічаючы з польскім падзем'ем, пранікалі ў шэрагі партыі і дапамагалі вынішчаць беларусаў, якія змагаліся супроць польскай антыбеларускай дывэрсіі.

Польская прапаганда пашырала весткі, што па сканчэньні вайны і перамозе аліянтаў незалежная Польская дзяржава будзе адноўленая ў сваіх папярэдніх межах павэрсальскай дзяржавы. У выніку шэраг вядучых беларускіх нацыянальных дзеячоў рыма-каталіцкага веравызнаньня, а пад іх уплывам і праваслаўныя іх сябры не эвакуаваліся на захад перад наступам савецкіх арміяў у 1944 годзе, хаця мелі на гэта магчымасьць. Яны засталіся на мейсцы, як кс. Адам Станкевіч, інж. Адольф Клімовіч, былы пасол Фабіян Ярэміч, старшыня Глыбоцкага павету Я. Казёл і іншыя. Усе яны былі арыштаваныя савецкім Сьмершам і зьніклі.

Тымчасам савецкая партызанская дывэрсыя вырасла настолькі, што ўсе вялікія лясныя абшары былі поўнасьцю імі апанаваныя. Дастава падаткаў і сыравіны з гэтых абшараў для немцаў стала немагчымай. Узрывы ваенных цягнікоў, едучых да фронту, сталі пастаяннай зьявай. Пачасціліся забойствы высокіх нямецкіх ураднікаў і беларускіх службоўцаў. У Менску быў забіты Ф. Акінчыц, які прыехаў з Бэрліну па справах арганізацыі беларускіх прапагандыстых. Яго застрэліў працаўнік рэдакцыі «Беларускай Газэты» А. Матусевіч, які пасьля гэтага ўцёк да савецкіх партызанаў. Матусевіч ад даўжэйшага часу супрацоўнічаў сукрыта з савецкімі партызанамі. У Вільні быў забіты Ф. Аляхновіч, драматург, рэдактар газэты «Беларускі Голас». У Менску быў забіты рэдактар У. Казлоўскі і старшыня Менскага павету Контаўт. У Баранавічах быў схоплены і забіты ў лесе В. Русак, заступнік бурмістра Баранавіч.

На пачатку 1943 году Розэнбэрг выклікаў у Бэрлін прадстаўнікоў БНС для атрыманьня ад іх непасрэдных інфармацыяў аб сытуацыі на Беларусі і аб прычынах зьяўленьня і росту партызанскай дывэрсыі. Дэлегацыя БНС у складзе д-ра Ермачэнкі, д-ра Вайтэнкі, рэдактара Адамовіча і настаўніка Беляковіча наведала Розэнбэрга, мела з ім гутарку і падала яму загадзя прыгатаваны мэморандум. Там адзначалася, што на пачатку вайны беларускі народ быў прыхільны да нямецкай улады, але самаволя і зьдзекі мяйсцовых органаў гэстапо зьмянілі прыхільнасьць на варожасьць.

Розэнбэрг праз свайго кіраўніка палітычных спраў праф. фон Мэндэ рэкамандаваў дэлегацыі склікаць нараду бэрлінскіх беларусаў і прыняць рэзалюцыю з просьбай да нямецкіх цывільных і вайсковых уладаў аб спыненьні рабаваньня вёсак і прьімусовага высыланьня хворых беларусаў на працу ў Нямеччыну. На гэтую нараду мелі прыбыць радны міністэрства Кляйст і д-р Вэгнер. Аднак гэстапо не дапусьціла да гэтай нарады і вярнула дэлегацыю ў Менск.

Адразу па звароце д-р Ермачэнка быў арыштаваны гэстапо. Яго дапытвалі на працягу трох дзён, і толькі пасьля ўмяшаньня гэнэральнага камісара Кубэ д-р Ермачэнка змог вярнуцца да працы.

Выглядала, што кіруючыя нямецкія дзейнікі ў Бэрліне не былі задаволеныя з бягучай дзейнасьці д-ра Ермачэнкі. ён не здабыў агульнай папулярнасьці ў народзе і не перашкодзіў разьвіцьцю савецкай партызанкі. Захады Ермачэнкі аб арганізацыі масавай збройнай Беларускай Самааховы выклікалі недавер у немцаў.

У жніўні 1943 году д-р Ермачэнка быў выдалены з Менска ў Прагу Чэскую з забаронай займацца грамадзкімі справамі. Па забойстве гэнэральнага камісара Кубэ ў Менску ў канцы 1943 году д-р Ермачэнка быў арыштаваны ў Празе як падазроны ў садзейнічаньні гэтаму забойству, бо ён рэкамандаваў працаўнікоў гэнэральнаму камісару. Прызначаны на транспарт у лягер сьмерці з Прагі, Ермачэнка быў уратаваны захадамі д-ра фон Мэндэ і зьняты з транспарту.

На старшыню Галоўнай управы БНС быў прызначаны бурмістр гораду Баранавічы, былы пасол у польскім сойме, Юры Сабалеўскі. Дзейнасьць БНС цяпер была абмяжаваная да матар'яльнай дапамогі патрабуючым жыхарам. Асабісты ўплыў галоўнага старшыні БНС на гэнэральнага камісара спыніўся і БНС мусіла пільнавацца толькі загадаў нямецкіх кіраўнікоў. Справа арганізацыі збройнай Беларускай Самааховы была поўнасьцю спыненая.

Замест установы Мужоў Даверу была ўведзеная гэнэральным камісарам іншая ўстанова — Беларуская Рада Даверу, на старшыню якой быў прызначаны Вацлаў Іваноўскі, захаваўшы за сабой і становішча бурмістра Менска. Заступнікам старшыні Рады Даверу быў прызначаны Ю. Сабалеўскі. Іваноўскі рэкамандаваў сваіх кандыдатаў на сяброў Рады Даверу, агулам 16 асобаў, якія былі зацьверджаныя. У іх ліку быў Міхаіл Ганько, кіраўнік Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ), прызначаны сакратаром Рады Даверу. Сябрамі Рады Даверу былі прызначаныя: Аўген Калубовіч, старшыня Беларускай Рады Культуры; д-р Надзея Абрамава, старшыня аддзелу дзяўчат СБМ; Канстанцін Рябушко, старшыня Прафэсыйных Саюзаў Гэнэральнага камісарыяту Беларусі і 10 прадстаўнікоў акругаў (па адным ад кожнай акругі Гэнэральнага камісарыяту). В. Іваноўскі быў прызначаны таксама старшынёй Беларускага Навуковага Таварыства, куды ён рэкамандаваў сваіх кандыдатаў у сябры. Як Іваноўскі, так і Рада Даверу ня мелі ўплыву на гэнэральнага камісара і на беларускую грамадзкасьць у тым абсягу, які меў д-р Ермачэнка. Беларускі палітычны і грамадзкі арганізацыйны рост амаль спыніўся. Таксама спыніўся ўплыў беларускіх кіруючых дзейнікаў на кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы. Іваноўскі як каталік акружаўся пераважна людзьмі каталіцкага веравызнаньня і ня меў доступу да праваслаўных царкоўных дзейнікаў.

Неўзабаве пасьля сфармаваньня, у сярэдзіне жніўня, Беларуская Рада Даверу зажадала супольнай нарады з гэнэральным камісарам Беларусі і яго адміністрацыяй. Беларускія прадстаўнікі ў сваіх дакладах прадставілі наступныя пільныя патрэбы: 1) зварот усёй собскасьці прыватным собсьнікам, як гэта было перад бальшавіцкай рэвалюцыяй; 2) адчыненьне сярэдніх школаў і унівэрсытэту для адукацыі беларускай моладзі; 3) зьмена мэтадаў змаганьня супроць савецкіх партызанаў. Яны прасілі спыненьня безсэнсоўных нямецкіх рэпрэсыяў супроць мяйсцовага насельніцтва ў адказ на варожую дзейнасьць савецка-расейскіх партызанаў. У дакладах сьцьвярджалася, што партызаны былі арганізаваныя расейцамі, скінутымі на парашутах з самалётаў, з расейскіх вайсковапалонных, якія паўцякалі з лясоў.

Ня гледзячы на незадавальненьне некаторых удзельнікаў нарады адносна часткі прадстаўляных спраў, даклады былі прынятыя і Кубэ абяцаў паправу і перадачу ў Бэрлін адносна безпадстаўных актаў, робленых органамі, яму не падпарадкаванымі. Аднак адказ на гэтыя даклады не быў атрыманы.

22 верасьня І943 году гэнэральны камісар Кубэ быў забіты выбухам бомбы, падкладзенай пад яго ложак беларускай прыбіральшчыцай памешканьня Галінай Мазанік. Бацька яе быў у гэтым часе старастам Чыгуначнай Царквы ў Менску. Савецкія партызаны выкарысталі Галіну, паведаміўшы яе, што ейны муж забіты ў СД як партызан. Па падлажэньні міны Галіна зараз-жа была вывезеная партызанамі з Менска ў партызанскі раён.

Прыехаўшы з Бэрліну ў Менск, Борман, заступнік Гітлера, лаяў усіх нямецкіх кіраўнікоў за іх даверлівасьць і лагоднасьць да беларускага насельніцтва. Ён ударыў па твары д-ра Кайзэра, заступніка Кубэ, і выслаў яго жаўнерам на Усходні фронт. Некалькі сотняў беларусаў, якія ў прызначаны для тэрору дзень прыпадкова праходзілі каля муроў дому, у якім быў забіты Кубэ, было схоплена і на грузавікох вывезена за горад ды расстраляна.

Наступным гэнэральным камісарам Беларусі быў прызначаны камандзір войскаў СС і паліцыі на Беларусі гэнэрал-лейтэнант фон Готтбэрг. Кіраўніком аддзелу культуры і палітыкі ён прызначыў маладога маёра СС Маркуса, які перад гэтым вывучаў Беларусь у ейных розных аспэктах.

Неўзабаве пасьля гэтага быў забіты бурмісгр Менска В. Іваноўскі. Яго забіў М. Васьковіч, працаўнік Менскай гарадзкой управы і сябра Беларускага Навуковага Таварыства, які пасьля гэтага ўцёк да савецкіх партызанаў. Наступным бурмістрам Менска быў прызначаны менчук Анатоль Комар, сьціплы чалавек без беларускага патрыятызму. Ён не выявіў ніякай ініцыятывы ў беларускіх справах пад час свайго ўрадаваньня.

XXXIV Асаблівасьці абставінаў у вайсковай зоне Беларусь— Дзейнасьць беларускай адміністрацыі ў Бранскай акрузе.— Беларуская адміністрацыя ў Смаленскай і Магілеўскай акругах.

Арганізацыя самаўрадавай адміністрацыі ва ўсходняй ваеннай зоне Беларусі мела больш труднасьцяў, чым у заходняй зоне цывільнай адміністрацыі. Прычыны для гэтага наступныя:

1. Прыфрантавое палажэньне, перасоўваньне фронту на ўсход і назад, на захад, баявыя дзеяньні.

2. Адсутнасьць мяйсцовай інтэлігенцыі, якую, маючы больш часу, савецкае кіраўніцтва змагло эвакуаваць на ўсход разам з прадрыемствамі.

3. Вялікія спусташэньні краю, дзе моцныя баі трывалі амаль 2 месяцы і савецкія аддзелы выпальвалі ўсе запасы, пакідаючы за сабой толькі спаленую зямлю.

4. Блізкасьць фронту давала добрыя магчымасьці для інфільтрацыі рознага роду савецкіх агэнтаў і дывэрсыйных групаў.

5. Больш спрыяльныя тапаграфічныя абставіны для савецкай партызаншчыны.

Нямецкае ваеннае кіраўніцтва як часовае было зацікаўлена перадусім у палагоджваньні патрэбаў для свайго фронту і зусім не займалася мяйсцовымі справамі насельніцтва Адміністрацыя горада Бранска была распачатая мяйсцовым нямецкім камандантам. Ён прызначыў бурмістрам немца з-над Волгі, які падбіраў з былых працаўнікоў гораду ўраднікаў на патрэбныя становішчы.

У Бранскай акрузе, значна зрусыфікаванай папярэдня савецкімі ўладамі, у канцы кастрычніка 1941 году распачала арганізацыю адміністрацыі прыехаўшая сюды з захаду, разам з былой Менскай камандантурай, беларуская група ў складзе: Р. Астроўскі, Д. Касмовіч і М. Вітушка. Становішчы працаўнікоў акруговай управы яны ўкамплектавалі выбранымі з лягероў вайсковапалонных спецыялістамі і некалькімі партыйцамі з былога абласнога апарату. Гэтыя людзі працавалі цяпер старанна, але не для саветаў і не для немцаў, а для свайго народу, які быў пакінуты на ласку лесу савецкімі ўладамі 1 стаўся ахвярай новых акупантаў. Неадкладна былі ўкамплектаваныя кіраўніцтвы раёну і валасьцей.

Нямецкія гаспадарчыя каманды (віртшафтскоммандо), якія былі тут пры кожным мяйсцовым каманданце (ортскоммандант), бралі на ўлік усё, што можна было забраць ад насельніцтва. Апрача таго, кожная вайсковая частка. пад час перакідкі ў іншае мейсца, праводзіла афіцыйныя рэквізыцыі, а салдаты дадаткова рабавалі ўсё, што трапляла ім пад рукі. Вёскі, якія ляжалі каля вялікіх камунікацыйных шляхоў, цярпелі найбольш. Беларуская адміністрацыя бараніла насельніцтва рознымі спосабамі. Каб задаволіць афіцыйныя пастаўкі для гаспадарчай каманды, беларуская адміністрацыя рабіла ўлік наяўных рэсурсаў, якія былі значна меншымі ад нямецкага ўліку. У некаторых раёнах адміністрацыя баранілася ад прыпадковых рабункаў нямецкіх жаўнераў, вывешваючы шыльды: «Тыф», чаго немцы вельмі баяліся.

На суровую зіму 1941 —1942 году нямецкае войска не было прыгатаванае. Маланкавая вайна мела быць закончаная пераможна да раньніх маразоў. Аднак вайна зацягнулася і была патрэбная цёплая вопратка. Мяйсцовы камандант сам хацеў распачаць рэквізыцыю яе ў насельніцтва. Аднак акруговая ўправа Бранска пераканала яго, што яна спраўней і згодна з магчымасьцямі насельніцтва арганізуе добраахвотны збор цёплай вопраткі. I запраўды, на працягу аднаго тыдня на склады ўправы было дастаўлена надспадзяна шмат кажухоў, аўчын, валёнак, цёплых шкарпэтак, рукавіц і нават посьцілак. Пасьля некаторых таргаваньняў немцы нават заплацілі за гэтыя рэчы паводля мяйсцовых расцэнак.Савецкая партызанка рана дала знаць тут аб сабе і яна мацнела вельмі хутка. Яе ўзмацненьню спрыялі ўцёкі вайсковапалонных з лягероў і загад вайсковым прыпісьнікам вярнуцца ў лягеры, выдадзены нямецкімі ўладамі. Замест лягероў прыпісьнікі пайшлі ў лясы і сталі масавай базай для партызанскіх камандзіраў, скінутых на парашутах з расейскіх самалётаў. Вялікія лясы і балоты Бранскай акругі давалі спрыяльныя абставіны для савецкіх партызанаў. Аднак блізкасьць фронту і вялікіх нямецкіх вайсковых злучэньняў трымалі іх далей ад нямецкіх гарнізонаў па гарадох і ад камунікацыйных шляхоў. Тым не менш вясной 1942 году партызаны ўжо панавалі над валаснымі абшарамі многіх раёнаў. Для ўтрыманьня бясьпекі насельніцтва трэба было арганізаваць службу парадку (Орднунгдзінст — ОД). Д. Касмовіч і М. Вітушка распачалі арганізацыю ОД ува усей акрузе. Невялікія аддзелы ОД у раёнах ад пачатку не маглі справіцца з добра ўзброенымі і большымі аддзеламі савецкіх партызанаў, якія нападалі на харчовыя склады, дэпо, ды на пасобныя вёскі. Касмовіч запрапанаваў ваеннаму камандаваньню стварэньне асобных рухомых аддзелаў ОД, большых, добра ўзброеных і конных, якія хуткім рухам і сілай агню маглі-б быць эфэктыўнымі ў змаганьні. Маючы недавер да беларусаў, нямецкае камандаваньне не пагаджалася, аднак рост партызаншчыны змусіў немцаў даць згоду. Служба парадку складалася з чатырох аддзелаў. Першы — для крымінальных спраў; другі — для палітычных спраў і контрразьведкі; трэці — для службы парадку; чацьвёрты — вышэй успомненыя спэцыяльныя конныя аддзелы.

Па адносным упарадкаваньні беларускай адміністрацыі ў Бранскай акрузе обэркрігсфэрвальтунграт Краац з «беларускім штабам» былі 20 красавіка 1942 году накіраваныя ў Смаленск.

Рыхтуючыся да акупацыі ўсёй Расеі, нямецкі ўрад скіраваў на ўсход для дапамогі сваёй арміі пры адміністраваньні Расеяй мноства расейскіх эмігрантаў, сабраных з Нямеччыны і іншых краінаў Эўропы. Гэта былі «салідарыстыя» з Народнага Трудавога Саюзу (НТС), якія хацелі зьнішчэньня бальшавізму, але ўтрыманьня ў цэласьці Расейскай імпэрыі. Паколькі фронт затрымаўся на некаторы час на ўсходніх абшарах Беларусі, то нямецкае вайсковае камандаваньне прызначыла гэтых расейцаў, палітычна пэўных для сябе, на адміністрацыйныя становішчы ў франтавой зоне Беларусі. Такім чынам, адміністрацыя горада Смаленска была ўжо абсаджаная расейцамі, якія адразу варожа паставіліся да прыбыўшых беларусаў, Бурмістр Смаленска Меншагін, савецкі юрысты, быў зацятым расейскім шавіністым. Гарадзкая ўправа была абсаджаная расейскімі «салідарыстамі», прысланымі з Чэхіі. Узяты ў палон савецкі гэнэрал А. Уласаў, якога немцы выкарыстоўвалі для сваёй прапаганды, знаходзіўся блізка фронту ў Смаленску. У дадатку савецкая русыфікацыя Смаленска на працягу 20 гадоў пакінула тут свае глыбокія сьляды.

Астроўскі хацеў адчыніць беларускія пачаткавыя школы ў Смаленску і замовіў беларускія падручнікі з Менска. Аднак расейская адміністрацыя горада зрабіла моцны супраціў, якога нельга было пераламіць. Прыйшлося заняцца Смаленскай акругай і раёнамі Лозно (Віцебская акруга) і Мсьціслаўлем (Магілеўская акруга), якія былі далучаныя да Смаленскай акругі нямецкай вайсковай адміністрацыяй.

Раёны вымагалі шмат арганізацыйнай працы. Некаторыя раёны, як Манастырскі, мелі неадпаведных старшыняў раёнаў; некаторыя працавалі без сувязі з акругай, пад камандай мяйсцовых нямецкіх камандантаў; некаторыя былі апанаваныя савецкімі партызанамі, як у Касплі, дзе з 20 валасьцей толькі паўтары былі пад загадамі раёну. Фактычна ўвесь раён быў партызанскім, бо адміністрацыя яго была ў руках замаскаваных савецкіх агэнтаў.

Астроўскі зьмяніў амаль увесь склад управы раёну, прызначыўшы старшынёй Івана Наронскага з Нясьвіжа. Касмовіч арганізаваў тут эскадрон ОД, які ачысьціў бліжэйшыя да раёну воласьці ад партызанаў. Аднак для ачысткі рэшты — 17 валасьцей былі патрэбныя іншыя захады. Адміністрацыя прыйшла да наступных выснаваў: 1) звольніць насельніцтва раёну Каспля ад усіх падаткаў на год; 2) забараніць немцам рэквізыцыі ў гэтым раёне; 3) даць мяйсцоваму насельніцтву зброю для абароны ад партызанаў; 4) забясьпечыць 4-я аддзелы ОД харчаваньнем.

На чале Смаленскай камандатуры быў стары нямецкі гэнэрал Пооль, які разумеў створаную сытуацыю. Ён згадзіўся з прапановамі і выдаў старшыні раёну Наронскаму грамату, якой усё насельніцтва раёну звальнялася ад усіх падаткаў і паставак, а вайсковым нямецкім аддзелам забараняліся ўсе рэквізыцыі без пісьмовага дазволу гэнэрала. Справу ўзбраеньня і харчаваньня эскадрону гэнэрал патрактаваў прыхільна, узалежняючы колькасьці ад магчымасьця). Абвешчаньне гэтай граматы адразу падняло настроі ў раёне. Воласьці, у якіх былі конныя аддзелы ОД, адбіваліся ад партызанаў, але іншыя не былі ў стане бараніцца. У хуткім часе пачалі прыходзіць да ўправы раёну дэлегацыі з вёсак. просячы зброю і амуніцыю, ды добраахвотнікі на службу ў аддзелах ОД. Арганізаваныя конныя і пешыя аддзелы ОД у колькасьцях па 100—150 чалавек на працягу двух месяцаў ачысьцілі раён ад партызанаў собскімі сіламі.

Партызаны гэтага раёну належалі да вялікіх злучэньняў, якія пад камандай палкоўніка Грышына ахоплівалі абшары ад Дзямідава аж па Оршу. Спаткаўшы такі моцны адпор у Касплянскім раёне, Грышын заявіў, што там «народ звар'яцеў» і ён адклікаў адтуль сваіх партызан. Аднак пастаянна перакіданыя з Расеі новыя аддзелы партызанаў з заданьнямі параліжаваць чыгункі і гасьцінцы вымагалі новых мерапрыемства). Беларуская адміністрацыя праводзіла высяканьне лясоў і кустоў на 600 мэтраў з абодвух бакоў дарогаў Закладаныя ўначы партызанамі міны былі выкрываныя патрулямі з адпаведнымі прыладамі, пасьля чаго пускаліся транс парты.

Была патрэба ўзмацненьня сілы службы парадку Таму ў Смаленскай акрузе ейная колькасьць была паднятая да 3000 чалавек. Камандзірамі батальёнаў былі кадравыя афіцэры, выбраныя з лягероў вайсковапалонных. Батальёны стаялі па раённых цэнтрах і былі падпарадкаваныя мяйсцовай нямецкай жандармэрыі. У сваіх раёнах яны ліквідавалі савецкія партызанскія банды, ахоўвалі раённыя местачкі і шляхі, стасуючы сыстэму абаронных бункероў. Касмовіч быў прызначаны інспэктарам службы парадку, якая хутка рапа ў сіле ў акрузе. Аднак у хуткім часе загадам з Бэрліну беларускае сцэнтралізаванае кіраўніцтва службы парадку было забаронена і рост яе стрыманы. Немцы ня мелі даверу да беларусаў, ведаючы, што беларусы ня будуць забіваць сваіх людзей па іх загадзе.

Нямецкае вайсковае камандаваньне арганізавала ў розных акругах дапаможныя сабе збройныя аддзелы з небеларусаў. Гэтыя аддзелы выконвалі нямецкія загады як па барацьбе з савецкімі партызанамі, так і па вынішчэньні мяйсцовага насельніцтва і вёсак. Пад час большых карных акцыяў супроць партызанаў, праводжаных нямецкімі і іншанацыянальнымі аддзеламі, гэтыя іншанацыянальныя карнікі былі асабліва лютымі. Такімі былі казацкія палковыя злучэньні пад камандай Кононова на Магілеўшчыне, дывізія пад камандай Камінскага на Бабруйшчыне і Случчыне, брыгада Родіонова на Глыбоччыне і Лепельшчыне, збройны аддзел Кроміаді, вайсковы аддзел пад камандай А. Буглая на Бабруйшчыне ды іншыя. Гэтыя збройныя аддзелы былі арганізаваныя немцамі з савецкага расейскага элемэнту, здэмаралізаванага камуністычным зьдзекам над людзьмі, палонам і голадам у нямецкіх лягерох вайсковапалонных, як і безадказнасьцяй службы карнікаў. За вызваленьне з палону яны выконвалі кожны загад сваёй новай улады.

На Случчыне і Мазыршчыне пэўны час быў ужываны для змаганьня з савецкімі партызанамі батальён мадзяраў, які не разрозьніваў партызанаў Расеі ад мяйсцовага мірнага жыхарства. Падобны ўкраінскі батальён быў скарыстоўваны немцамі каля Вялікіх Лукаў і ў іншых мяйсцовасьцях Беларусі (аддзел пад камандай Рамана Шухевіча).

Вынішчэньне жыдоўскага насельніцтва ў ваеннай зоне праводзілася органамі СС і СД, а нямецкае вайсковае камандаваньне адносілася да гэтага нэгатыўна. Ня менш нэгатыўна яно адносілася да нялюдзкага трактаваньня савецкіх вайсковапалонных, якія адразу траплялі ў тыле пад уладу СД.

Прымусовы набор беларусаў для вывазу на працу ў Нямеччыну па загадзе з Бэрліну быў распачаты мяйсцовымі камандантамі вясной 1942 году і праводзіўся даволі лёяльна.

Увосені 1942 году ў Смаленск прыбыў з Менска япіскап Сьцяпан, прызначаны кіраваць Смаленскай епархіяй. Умовы для яго працы былі цяжкія. Аднак пры падтрымцы Гарадзкой управы досыць хутка ў саборы распачаліся богаслужэньні і выконваньне трэбаў. Значная колькасьць народу прымала ўдзел у рэлігійным жыцьці.

Летам 1943 году фронт пасоўваўся на захад у напрамку Смаленска. Смаленскі палявы камандант, гэнэрал Пооль, быў пераведзены ў Баранавічы, а радны Краац быў скіраваны ў Магілеў, з ім паехаў і Астроўскі. Тут яны адразу зьмянілі бурмістра расейца Філатава на беларуса Наронскага. Астроўскі заняўся адміністрацыяй акругі, зьвяртаючы ўвагу на адукацыю. У жніўні 1943 году была склікана нарада настаўнікаў усіх пачаткавых школаў, дзе разважаліся справы патрэбаў для пасьпяховай працы школаў у 1943/44 школьным годзе. Распачалося працы для адчыненьня сярэдняй школы ў Магілеве.

Лекароў не хапала ўсюды на Беларусі. Папярэдня шмат лекароў было жыдоўскага паходжаньня, але немцы вынішчылі іх, захапіўшы на Беларусі. Патрэбы аховы здароўя насельніцтва, як і праектаваныя і арганізаваныя беларускія і расейскія вайсковыя фармаваньні, патрабавалі лекарскага пэрсаналу. Дзеля гэтага было пастаноўлена адчыніць пры Магілеўскім гарадзкім шпіталі Мэдычны Інстытут для студэнтаў мэдыцыны двух старэйшых курсаў. Рэктарам інстытуту быў прызначаны д-р Сьцяпанаў і лекцыі распачаліся ў верасьні 1943 году. Хутка Мэдычны Інстытут быў пераведзены ў Новую Вялейку пад Вільняй і ім заапякавалася БНС з Менска. Тут канчалі адукацыю каля 40 студэнтаў.

Агульнае палажэньне ў іншых акругах ваеннай зоны Беларусі было падобнае да апісаных вышэй акругаў, з некаторымі адменамі ў паасобных дэталях.

XXXV Нямецкія паражэньні на ўсходнім фронце.— Экспансыя савецкай партызанкі на Беларусь— Стварэньне і дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады.— Мабілізацыя Беларускай Краёвай Абароны і ейнае змаганьне.— Далучэньне Палескай і Берасьцейскай акругаў да Беларусі.— Школы на Беларусі.

У канцы 1942 і на пачатку 1943 гадоў нямецкія арміі былі разгромленыя савецкімі войскамі пад Сталінградам, дзе каля 300 000 нямецкіх жаўнераў разам «з гэнэралам Паўлюсам было ўзята ў палон. Распачалося адступленьне нямецкіх войскаў з Каўказу і з Украіны. 8 верасьня 1943 году расейцы занялі Данбас, а 6 лістапада — Кіеў. Яшчэ летам 1943 году савецкія войскі прарвалі нямецкі фронт каля Курска, а 25 верасьня здабылі Смаленск. 3 верасьня 1943 году арміі заходніх аліянтаў высадзіліся ў Італіі. Вайсковае паражэньне Нямеччыны было вочавідным і 28 лістапада 1943 году ў Тэгэране распачалася канфэрэнцыя Рузвэльта, Чэрчыля і Сталіна адносна канчатковай стадыі вайны і пасьляваенных мерапрыемстваў.

Савецкі партызанскі рух на ўсёй Беларусі вырас да вялічэзных памераў. Вёскі і валасныя цэнтры былі пераважна пад партызанскім кантролям. Акруговыя і паветавыя гарады былі пад нямецка-беларускім кантролям. Чыгуначныя шляхі і гасьцінцы з захаду на ўсход, патрэбныя для вайсковых транспартоў, былі ў стане пастаянньф нападаў савецкіх партызанаў. Узрываньне падкладанымі мінамі, збройныя напады на меншыя канвоі і на абаронныя бункеры, поўнае спыненьне даставак сельскагаспадарчых прадуктаў з валасьцей рабілі вялікія шкоды для нямецкага ўсходняга фронту. Каб запабегчы гэтаму, немцы час ад часу праводзілі збройныя акцыі супроць партызанаў, ахопліваючы значныя абшары краю. У гэтых акцыях прымалі ўдзел значныя аддзелы СС, рэгулярнай арміі з гарматамі і танкамі, літоўскія, расейскія і іншыя нацыянальныя аддзелы. Рухомыя партызанскія аддзелы хутка пакідалі свае стаянкі і ўцякалі ў бясьпечныя аколіцы. Ахвярамі гэтых акцыяў было пераважна нявіннае мяйсцовае насельніцтва. Вёскі, у якіх стаялі партызаны, былі паленыя, насельніцтва іх пераважна забіванае на мейсцы, у рэдкіх выпадках працаздольная частка яго выбіралася і вывозілася на працу ў Нямеччыну. Такія карныя акцыі праводзіліся ў вайсковай і ў цывільнай зонах Беларусь Яны не зьмяншалі партызанскай сілы, а павялічвалі яе. Па адыходзе нямецкіх карнікаў пацыфікаваныя абшары ізноў займалі савецкія партызаны. Яны мардавалі ўцалелых жыхароў як нямецкіх прыхільнікаў. Насельніцтва, уцёкшае ў лясы ад нямецкіх карнікаў, якое хацела захаваць сваё жыцьцё, цяпер было на ласцы савецкіх партызанаў, якія забіралі да сябе маладзейшых людзей.

Ад самага пачатку вайны маскоўскі ўрад у сваёй прапагандовай акцыі заклікаў народ на сьвяшчэнную вайну для абароны бацькаўшчыны ад фашыстоўскіх захопнікаў. Камуністычныя лёзунгі зусім не былі ўжываныя. Былі ўведзеныя залатыя пагоны для афіцэраў арміі, як за царскіх часоў. У сярэдзіне 1943 году маскоўскі ўрад паклікаў Праваслаўную Царкву для падтрымкі духа барацьбы ў народных гушчах, дзе рэлігія была моцнай падпорай у цяжкім жыцьці. Новапастаўлены ў Маскве патрыярх Сяргей выдаў пасланьне да веруючых праваслауных людзей на акупаваных немцамі тэрыторыях. У пасланьні пісалася, што гэтыя людзі не павінны ніколі забывацца, што яны расейцы, і пад ніякім націскам немцаў яны не павінны здрадзіць сваю бацькаўшчыну. Царква выяўляла свой патрыятызм ня толькі малітвамі, але і ўчынкамі. Царква Сьв. Тройцы ў горадзе Горкі сабрала мільён рублёў у фонд абароны. У пасланьні заклікалася, каб праваслаўныя не супрацоўнічалі з немцамі і з нацыяналістычнымі цэрквамі, а дзялілі ўсе цяжкасьці і прыкрасьці расейскага народу.

Гэтае пасланьне было пашыранае савецкімі партызанамі на Беларусі. Партызаны прыходзілі ў цэрквы пад час богаслужэньняў і з шапкамі, на галовах чыталі пасланьне. Адначасна яны абвяшчалі, што ў Расеі ўсё зьмянілася, насталі свабоды і калгасы ліквідаваныя.

Немцы стасавалі розныя захады для барацьбы з савецкімі партызанамі на Беларусь У канцы 1943 году павет Дзятлава Наваградзкай акругі быў поўнасьцю заняты савецкімі партызанамі, за выняткам гораду Дзятлава, на які яны рабілі рабунковыя напады. Сюды рабілі напады таксама і польскія легіяністыя з суседняй Лідзкай акругі, рабуючы дабро і мардуючы беларускіх працаўнікоў адміністрацыі, настаўнікаў, БНС і іншых. Беларускія нацыянальныя партызаны выступілі супроць усіх чужынцоў, уключаючы і немцаў, аднак бяз большага посьпеху. Для пацыфікацыі павету неМцы прыслалі ў Дзятлава брыгаду Камінскага, якая адступала на захад перад савецкім фронтам. Немцы выехалі з Дзятлава і Камінскі неадкладна абсадзіў адміністрацыю гэтага павету сваімі людзьмі. Ён арганізаваў вялікую турму і сьледчы аддзел. Ён арыштоўваў і катаваў папярэдніх адміністратараў і багацейшых жыхароў, дамагаючыся ад іх золата і каштоўнасьцяў. Калі арыштаваны ня меў іх, то яго расстрэльвалі. У горадзе настаў голад і жыхары пачалі ўцякаць у іншыя гарады. Камінскі не змагаўся супроць партызанаў. Яго танкі выяжджалі некалькі разоў на 3 мілі ад гораду і варочаліся назад, каб забясьпечыць яго безадказную ўладу ў горадзе. Толькі перад надыходам савецкіх арміяў брыгада Камінскага адступіла на захад у Польшчу.

На мяжы з Латвіяй захавалася шмат лясоў, якія цягнуліся аж пад Полацк. Савецкія партызаны панавалі ад даўжэйшага часу ў гэтых лясох, а цяпер пасунулі на захад свае апэрацыі, перацінаючы камунікацыйныя шляхі, патрэбныя для немцаў. Нямецкае камандаваньне даручыла латыскай дывізіі СС ачысьціць гэты беларускі лясны абшар ад партызанаў. Партызаны адразу адступілі перад наступаючымі латышамі, але Асвея і аколіцы былі спаленыя, а насельніцтва вымардаванае поўнасьцю. Тут латышы вымардавалі звыш 15000 людзей. Зразумела, што латышы не хацелі бачыць розьніцы паміж расейскімі партызанамі і беларускімі сялянамі.

Новы гэнэральны камісар Беларусі фон Готтбэрг прабываў на Беларусі даўжэйшы час. Ён быў добра абазнаны з існуючай сытуацыяй і разумеў, што без дапамогі мяйсцовага насельніцтва яму будзе цяжка навесьці парадак на Беларусь Таму ён выступіў з ініцыятывай перад адпаведнымі дзейнікамі ў Бэрліне аб пакліканьні да жыцьця больш аўтарытэтнага ад папярадніх беларускага прадстаўніцтва, з шырэйшымі паўнамоцтвамі і з характарам беларускага ўраду. Гэтае беларускае прадстаўніцтва павінна было мець характар створанага самачынна беларусамі.

Фон Готтбэрг зьвярнуўся адначасна да Ю. Сабалеўскага, старшыні Галоўнай управы БНС, з прапановай абмяркаваць ягоны плян з беларускім актывам. Неадкладна 21 сьнежня 1943 году Сабалеўскі склікаў вузкую нараду сваіх давераных асобаў, а ў іх ліку Р. Астроўскага і М. Шкялёнка. Нарада пастанавіла прыняць прапанову фон Готтбэрга, ня гледзячы на непамысную сытуацыю немцаў на ўсходнім фронце. Дэлегацыя ў складзе Ю. Сабалеўскага» Р. Астроўскага і М. Шкялёнка ў гэты самы дзень наведала гэнэральнага камісара, паведаміла яго аб прыняцьці прапановы і высунула Р. Астроўскага на чало новага прадстаўніцтва — Беларускай Цэнтральнай Рады. Перад прыняцьцем прапановы Астроўскі паставіў наступныя .ўмовы для нямецкага кіраўніцтва: 1) дапамагчы арганізаваць Беларускую "Краёвую Абарону (БКА) і даць для яе зброю; 2) БКА не павінна быць высыланая на заходні фронт; 3) павінен быць скліканы Другі Усебеларускі Кангрэс. Фон Готтбэрг прыняў гэтыя ўмовы і абяцаў Астроўскаму поўную дапамогу.

Наступна фон Готтбэрг перадаў Астроўскаму Статут Беларускай Цэнтральнай Рады і высьвятліў, што намінацыя прэзыдэнта БЦР праз гэнэральнага камісара ёсьць толькі фармальнасьцяй, а сутнасьць палягае ў тым, што прэзыдэнта БЦР выбіраюць самі беларусы. Toe самае датычыць і сяброў Рады БЦР, якіх выбірае і прапануе прэзыдэнт БЦР, а гэнэральны камісар толькі апрабуе іх.

Статут БЦР у разьдзеле I пастанаўляў: «Беларуская Цэнтральная Рада зьяўляецца прадстаўніцтвам беларускага народу, пакліканым у межах нададзенага яму самаўраду». У разьдзеле II Статуту гаварылася: «Беларуская Цэнтральная Рада мае заданьне мабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму і прычыніцца гэтым да канчальнага вызваленьня беларускага народу з-пад ярма крывавага бальшавіцкага панаваньня». У разьдзеле III, побач іншага, гаварылася:«У межах пастаўленых ёй заданьняў яна (БЦР) будзе самастойна вырашаць і праводзіць усе неабходныя мерапрыемствы ў галінах сацыяльнага, культурнага і школьнага жыцьця». Разьдзел IV сьведчыў наступнае: «На чале Беларускай Цэнтральнай Рады стаіць прэзыдэнт, які вызначаецца і адклікаецца гэнэральным камісарам. Іншых сяброў вызначае гэнэральны камісар на прапанову прэзыдэнта».

Гэты Статут быў апрацаваны Гэнэральным камісарыятам. У ім не гаворыцца аб будучыні Беларусі па вайско-вай перамозе Нямеччыны. Статут БЦР не быў апублікаваны ўва «Урадавым Весьніку гэнэральнага камісара Беларусі». Па некаторым часе Ю. Сабалеўскі, віцэ-прэзыдэнт БЦР, пачаў дамагацца публікацыі Статуту ўва «Урадавым Весьніку». Ён матываваў, што немцы, калі гэта будзе ў іх інтарэсе, у любы час змогуць арыштаваць і зьліквідаваць увесь апарат БЦР як нелегальна паўсталы і дзеючы самачынна. Дзеля гэтага Статут БЦР быў апублікаваны ўва «Урадавым Весьніку» са спозьненай датай — і сакавіка 1944 г.

15 студзеня 1944 году прэзыдэнт БЦР паклікаў у Раду БЦР 14 асобаў, а 24 студзеня быў абраны прэзыдыюм Рады БЦР у складзе: Р. Астроўскі — прэзыдэнт, М. Шкялёнак — першы віцэ-прэзыдэнт, Ю. Сабалеўскі — другі віцэ-прэзыдэнт і сябры: Ф. Кушэль, У. Родзька, С. Кандыбовіч. Для бягучай працы пры БЦР былі створаныя аддзел асьветы, навукі і культуры — P. Астроўскі, прэзыдэнт БЦР; пададдзел навукі — Я. Кшель; пададдзел культуры і мастацтва — А. Калубовіч; пададдзел школаў — I. Скурат; аддзел прапаганды і прэсы — М. Шкялёнак; аддзел сацыяльнага забясьпячэньня — Ю. Сабалеўскі; аддзел фінансаў — М. Астроўскі; аддзел кантролю — вакансія; аддзел моладзі — У. Родзька; аддзел веравызнаньняў — М. Будзіловіч; аддзел агульна-адміністрацыйны — С. Кандыбовіч; аддзел гаспадарчы — Г. Барташэвіч; аддзел праектаў — П. Сьвірыд; аддзел Краёвай Абароны — Ф. Кушэль; бюро нацыянальнасцяў — вакансія.

Існуючыя беларускія арганізацыі былі падпарадкаваныя адпаведным аддзелам БЦР: Саюз Беларускай Моладзі — аддзелу моладзі; Культурнае Згуртаваньне — аддзелу культуры; Беларускае Навуковае Таварыства — аддзелу навукі; Самапомач, прафсаюзы і каса хворых — сацыяльнаму аддзелу.

Наступна загадам прэзыдэнта БЦР былі прызначаныя намесьнікі БЦР на акругі: Баранавічы — С. Станкевіч, Слонім — А. А. Аўдзей, Наваградак — К. Якуцэвіч і наступна Б. Рагуля, Глыбокае — I. Касяк, Вялейка — Я. Малецкі, Менск-акруга — П Жук, Слуцк — I. Гінько і наступна I. Хіхлуша. На акругі Ліда і Ганцавічы намесьнікі БЦР не прызначаліся. Мабілізацыя ў БКА там не прадбачалася дзеля польскага засільля ў адміністрацыі.

Адначасна на акругі былі прызначаныя акруговыя начальнікі Беларускай Краёвай Абароны (БКА) паводле прадстаўленьня начальніка Галоўнага кіраўніцтва БКА Ф. Кушэля: на Менск-акругу — капітан М. Пугачоў, на Слуцк — капітан С. Шнэк, на Баранавічы — лейтэнант У. Русак, на Слонім — старшы лейтэнант Я. Дакіневіч, на Наваградак — старшы лейтэнант Б. Рагуля, на Вялейку — лейтэнант Я. Бабіч, на Глыбокае — лейтэнант Р. Зыбайла.

Намесьнікі БЦР і акруговыя начальнікі БКА неадкладна паехалі ў прызначаныя ім акругі і распачалі працу па мабілізацыі ў БКА. Будынкі для казармаў у сакрэце пасьпешна рыхтавалі паветавыя старшыні па загадзе гэнэральнага камісара з Менска для акруговых камісараў і кіраўнікоў нямецкай паліцыі. Правядзеньне мабілізацыі на Беларусі праз нацыянальнае прадстаўніцтва (БЦР) было вельмі важным дзяржаўным актам. Першы раз у гісторыі Беларусі беларускі народ паклікаўся ў беларускае войска беларускімі ўладамі. Для абсьледваньня грамадзкай думкі і атрыманьня арыентацыйных дадзеных у справе мабілізацыі прэзыдэнт Астроўскі з начальнікам БКА Кушэлям і прадстаўніком штабу Готтбэрга капітанам Кум мэрам аб'ехалі Слуцкую, Баранавіцкую і Слонімскую акругі. На просьбу прэзыдэнта Астроўскага акруговыя камісары склікалі нарады старшынь паветаў, а на другі дзень — агульныя сходы насельніцтва. Усюды была агульная падтрымка справы мабілізацыі ў беларускае войска. Засьцярогі былі толькі ад некаторых старшыняў паветаў, дзе партызанскія злучэньні прабывалі пастаянна даўжэйшы час.

Ад самага пачатку рэалізацыі справы БКА паміж БЦР і Гэнэральным камісарыятам распачаліся разнагалосьсі. Немцы ўважалі, што БЦР мае толькі правесыіі мабілізацыю, а кіраваць змабілізаванымі людзьмі будуць яны самі. БЦР не пагаджалася з такім станам., а уважала, што пры арганізацыі і кіраўніцтве БКА павінна браць удзел і БЦР пры дапамозе свайго штабу. Па даўгіх дыскусыях паміж прэзыдэнтам Астроўскім і кіраўніком палітычнага аддзелу гэнэральнага камісара д-рам Маркусам было прынята канчатковае вырашэньне. Пры БЦР мае быць створаны аддзел БКА, які падрыхтуе і правядзе мабілізацыю ў БКА. У далейшым гэты аддзел будзе супрацоўнічаць са штабам Готтбэрга ў справах БКА датычна прапаганды, вайсковай падрыхтоўкі ды гаспадарчай і санітарнай частак. Уся апэрацыйная старана БКА мае належаць толькі да нямецкага штабу Готтбэрга, які прыняў на сябе абавязак належнага ўзбраеньня БКА. Прэзыдэнт Астроўскі прыняў на сябе абавязак абмундзіраваньня, якое мела быць цывільным, з нашыўкамі на каўняры паводля ўзору, апрацаванага БЦР. Харчаваньне БКА мелі забясьпечыць старшыні паветаў у паразуменьні з акруговымі камісарамі. Па гэтым узгадненьні ў палове лютага 1944 году начальнік галоўнага кіраўніцтва БКА Ф. Кушэль распачаў арганізацыю штабу. Ён паклікаў на свайго заступніка падпаручыка польскай арміі Віталія Мікулу, на кіраўніка канцылярыі — Аляксея Васіленю, на рэфэрэнта пэрсанальнага аддзелу — Сымона Раманчука, на начальніка санітарнай часткі — д-ра Прагожа, а пазьней д-ра Глеба Багдановіча, на кіраўніка прапагандовага аддзелу — Усевалада Родзьку, а пазьней — Уладзімера Гуцько, на гаспадарчыя функцыі — Барыса Плескачэўскага, Івана Скуратовіча і Касьпяровіча.

Галоўнае кіраўніцтва БКА, пры ўдзеле прэзыдыюму БЦР, неадкладна занялося распрацоўкай арганізацыі БКА і пляну мабілізацыі. 23 лютага 1944 году ў габінэцэ прэзыдэнта БЦР была скліканая зачыненая нарада для азнаямленьня з загадам Готтбэрга аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны. На гэтай нарадзе былі прысутныя: прэзыдэнт БЦР Астроўскі, першы віцэ-прэзыдэнт Шкялёнак, галоўны кіраўнік БКА Кушэль і яго заступнік Мікула, намесьнікі БЦР і акруговыя начальнікі БКА. Ад немцаў былі прысутнымі: начальнік штабу Готтбэрга падпалкоўнік Клейн з ад'ютантам, камандзір чужа-нацыянальнай паліцыі на Беларусі падпалкоўнік Каўфман з ад'ютантам, кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску Сэпп і нямецкія акруговыя каманданты паліцыі.

Ад'ютант падпалк. Клейна адчытаў сакрэтны загад Готтбэрга аб утварэньні БКА, у якім быў пададзены наступны плян.

Паклікаючыся на прапанову прэзыдэнта БЦР ад 18 лютага 1944 году, Готтбэрг загадаў утварэньне БКА для барацьбы супроць бальшавізму. Утварэньне БКА мае адбыцца на ўсім Гэнэральным абшары Беларусі, за выняткам акругаў Ганцавічы і Ліда. У існуючых ці заплянаваных абаронных вёсках мабілізацыя не праводзіцца. Мабілізацыя не праводзіцца ў раёнах: Менская акруга — Узда і Івянец; Вялейская — Валожына і Мядзела; Глыбоцкая — Браслаў; Слонімская — часткі Казлоўшчыны і Дзярэчына; Наваградзкая — частка раёну Дзятлава.

БЦР праз сваіх намесьнікаў спачатку мабілізуе былых афіцэраў векам да 57 гадоў і былых падафіцэраў векам да 55 гадоў. Аб звальненьні ад мабілізацыі вырашае акруговы камісар у паразуменьні з акруговым камандантам паліцыі.

Для мабілізацыі афіцэраў і падафіцэраў у акругах утвараюцца прыймовыя камісіі ў складзе: намесьніка БЦР як старшыні, акруговага афіцэра, аднаго старшыні павету, або акруговага гораду, двух лекароў.

Намесьнікі праз акруговых камандантаў паліцыі паведамляюць кіраўніка СС і паліцыі і БЦР аб колькасьці змабілізаваных; БЦР прызначае патрэбныя колькасьці з іх па паветах для вышкалу радавых, як і для высылкі ў Менск на перападрыхтоўку. Намесьнікі прызначаюць паветавых афіцэраў і сяброў мабілізацыйных камісіяў у паветах.

Падрыхтоўку для мабілізацыі радавых праводзяць намесьнікі БЦР праз паветавых старшыняў. Мабілізацыі падлягаюць гадавікі ад 1908 да 1917 году і ад 1921 да 1924 году. Прыймовыя камісіі творацца ў паветах у складзе: паветавы старшыня як старшыня камісіі, паветавы афіцэр; афіцэр, сябра камісіі; два лекары.

У кожным павеце, паводля інструкцыяў БЦР, паклікаецца каля 500 чалавек, вышкаленьне якіх распачынаецца неадкладна ў паветавых цэнтрах пад кіраўніцтвам паветавых і акруговых афіцэраў і пад наглядам акруговага каманданта паліцыі.

Перашкаленьне афіцэраў і падафіцэраў у Менску мае трываць тры тыдні, а лік аднаго курсу не павінен перавышаць 50 афіцэраў і 200 падафіцэраў. Вайсковую навуку праводзіць нямецкая СС паліцыя, а палітычную — БЦР у паразуменьні з прызначаным нямецкім паліцэйскім ураднікам. Курсы адбываюцца адзін за другім, да канца перашкаленьня ўсіх афіцэраў і падафіцэраў.

Курсанты атрымліваюць вайсковае харчаваньне. Харчаваньне аддзелаў БКА забяспячаюць старшыні паветаў у паразуменьні з акруговымі камісарамі.Афіцэры і радавыя застаюцца ў цывільнай вопратцы, на каўняры якой даюцца адзнакі паводля ўзору БЦР.

Курсанты атрымліваюць зброю ад вышэйшага камандаваньня СС, а радавыя — ад акруговых камандантаў паліцыі.

Пасьля кароткай дыскусыі над загадам Готтбэрга была ўстаноўленая дата мабілізацыі ў БКА — 10 сакавіка 1944 году.

Галоўнае кіраўніцтва БКА хутка распачало падрыхтоўку мабілізацыі і арганізацыю афіцэрскіх і падафіцэрскіх курсаў ў Менску. Камандзірам курсаў з нямецкага боку быў вызначаны штабам Готтбэрга капітан Шнайдэр, а з беларускага боку — лейтэнант Чабатарэвіч.

6 сакавіка 1944 году прэзыдэнт Астроўскі падпісаў загад аб мабілізацыі ў Беларускую Краёвую Абарону, у якім абвяшчалася:

«Для поўнай ліквідацыі бальшавіцкіх бандаў, якія рабуюць і нішчаць наш край, забіваюць нявіннае жыхарства і адбіраюць яго майно,— на аснове артыкулу 2 Статуту Беларускай Цэнтральнай Рады загадваю:

1. Арганізаваць Беларускую Краёвую Абарону для абароны нашай бацькаўшчыны Беларусі.

2. На дзень 7 сакавіка 1944 г. паклікаць у Краёвую Абарону ўсіх афіцэраў і падафіцэраў былых арміяў: царскай расейскай, польскай і савецкай, як і добраахвотніцкіх з 1918—1920 гадоў і іншых, у акругах: Менскай,Слуцкай, Баранавіцкай, Слонімскай. Вялейскай, Глыбоцкай і Наваградзкай. Гэтаму пакліканьню падлягаюць усе афіцэры ў веку да 57 гадоў і ўсе падафіцэры ў веку да 55 гадоў.

3. Адначасна паклікаць на службу ў Беларускай Краёвай Абароне ўсіх мужчын, народжаных у гадох: 1908,1909, 1910, 1911, 1912, 1913, 1914, 1915, 1916, 1917, 1921,1922, 1923 і 1924, вызначаючы пакліканьне іх у акругах, пералічаных у п. 2 на дзень 10 сакавіка 1944 г.

4. Пакліканьне ў акругах выканаюць намесьнікі Беларускай Цэнтральнай Рады, акруговыя начальнікі Беларускай Краёвай Абароны і старшыні паветаў.

5. Не пазьней як праз 3 гадзіны пасьля абвешчаньня гэтага загаду кожная асоба, падлягаючая пакліканьню,павінна ськіравацца на зборны пункт у воласьці, вызначаны старшынёй воласьці, адкуль яна будзе ськіраванаў паветавы цэнтр для мэдычнага агляду. Належыць узяць з сабой: вопратку і абутак у добрым стане, 3 пары бялізны, прылады для ежы і мыцьця (лыжка, ручнік), асабістыя рэчы.

6. Тыя, хто па атрыманьні гэтага загаду не зьявяццаў вызначаным часе і мейсцы, будуць уважацца за здраднікаў і будуць асуджаныя адмысловым судом на кару сьмерці.

7. Я як прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады буду асабіста наглядаць над арганізацыяй і пакліканьнем у Беларускую Краёвую Абарону. Ад імя Беларускай Цэнтральнай Рады я ўскладаю кіраўніцтва справамі пакліканьня на маёра Ф. Кушэля.

Я ўпэўнены, што кожны беларус выканае свой абавязак у справе хуткага ачышчэньня нашай бацькаўшчыны ад бальшавіцкіх бандаў, пасьля чаго асобы, пакліканыя гэтым загадам, змогуць вярнуцца да мірнай працы на гаспадаркак, фабрыках і заводах».

9 сакавіка ўвечары ў большай частцы Беларусі былі расклеяны вялікія абвешчаньні аб мабілізацыі. Наступнай раніцы мабілізацыйныя камісіі распачалі сваю працу. На будынках камісіяў былі ўзьнятыя беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі. Прызыўнікі масава пайшлі да мабілізацыйных камісіяў. З абшараў, занятых савецкімі партызанамі, прызыўнікі прабіраліся ляснымі сьцежкамі. Мабілізацыя спаткала партызанаў не прыгатаванымі. У некаторых мяйсцовасьцях яны варочалі прызыўнікоў назад да хаты. У іншых мейсцах яны казалі прызыўнікам ісьці ў БКА, браць зброю і біць немцаў.

На працягу трох дзён мабілізацыя дала вельмі добрый вынікі. Каля 28 000 чалавек прайшлі мабілізацыйныя камісіі. З іх было арганізавана 39 батальёнаў пяхоты, ад 500 да 600 чалавек у кожным. Батальёны былі разьмешчаныя па акруговых і паветавых цэнтрах. Адначасна былі арганізаваныя 6 сапёрных батальёнаў для патрэб направы дарогаў, чым у асноўным займалася нямецкая арганізацыя «Тодт». Сапёрный батальёны былі падпарадкаваныя нямецкай арміі 1 БЦР ня мела далейшага ўгляду ў справы гэтых фармацыяў. Яны атрымалі нямецкія ўніформы і узбраеньне, аднак моладзь не хацела ісьці туды, а жадала быць у баёвых батальёнах БКА. Сапёрныя батальёны былі разьмешчаныя: адзін у Барысаве, два ў Менску, два ў Слуцку і адзін у Баранавічах. Прадбачалася арганізацыя яшчэ пяці сапёрных батальёнаў, але гэта не было выканана.

Дзеля труднасьцяў з мяйсцовай аправізацыяй у хуткім часе БКА была забясьпечаная нямецкім вайсковым харчаваньнем. Вопратку мелі сваю і яна хутка зношвалася. Зброя была дастаўленая праз акруговыя аддзелы паліцыі,аднак дрэннай якасьці і ў малой колькасьці. Гэта былі італьянскія карабіны па 100 на батальён і 30 патронаў на карабін, некалькі польскіх або бэльгійскіх цяжкіх і лёгкіх кулямётаў, некалькі мінамётаў, трохі ручных гранатаў, ды пісталеты для афіцэраў. Пазьней былі дададзеныя францускія, галяндзкія, расейскія і польскія вінтоўкі. Аднак адна стрэльба прыпадала на 6 або 7 чалавек.

Батальёны праходзілі вайсковую падрыхтоўку з наяўнай зброяй. Прызначаныя прапагандовыя афіцэры праводзілі ідэялёгічную працу.

Было відавочна, што немцы ня мел! даверу да беларусаў і не хацелі дапусціць да стварэньня эфектыўнай беларускай збройнай сілы. Бо летам 1943 году добра ўзброеная, уключаючы артылерыю і танкі, апранутая ў нямецкія уніформы расейская брыгада пад камандай Родіонова, якая стаяла ў местачку Лужкі, абстраляла з артылерыі і спаліла местачка Каралеўшчына каля Глыбокага, разьбіла нямецкія абаронныя бункеры і перайшла на бок савецкіх партызанаў. Гэты факт меў для немцаў вялікую пераконваючую вагу.

Факт тварэньня беларускай збройнай сілы рабіў свой уплыў навакола. На заклік прэзыдэнта Астроўскага да партызанаў Случчыны пакінулі лясы і здалі зброю каля 4 500 мяйсцовых партызанаў.

У палове сакавіка 1944 году ў Менску распачаў працу курс перашкаленьня 50 афіцэраў і 200 падафіцэраў, а па сканчэньні яго, у канцы красавіка, распачаўся другі курс. Раўналежна з наступным трэцім курсам асобна была арганізавана афіцэрская школа для 280 маладых кадэтаў, якія яшчэ ня былі ў войску. Кіраўніком афіцэрскай школы быў прызначаны капітан Чабатарэвіч, а з нямецкага боку — капітан Шнайдэр.

25 сакавіка адбылася ўрачыстая прысяга БКА ў паасобных батальёнах. У Менску на Катэдральнай плошчы (плошча Волі) прысягу складалі курсанты афіцэрскай і падафіцэрскай школы ў прысутнасьці прэзыдэнта БЦР, гэнэральнага камісара Готтбэрга, прадстаўнікоў нямецкай арміі, цывільнай адміністрацыі і вялікага натоўпу народу.

Савецкія партызаны хутка распачалі начныя напады на паасобныя казармы БКА. У Варапаеве і Плісе Глыбоцкай акругі батальёны БКА былі заатакаваныя ў начы і разьбітыя, частка была ўзятая ў палон, а частка разьбеглася. У Шаркаўшчыне савецкія партызаны вялікімі сіламі напалі ў начы на ўвесь батальён і спалілі дзераўляныя казармы ды разагналі дзьве роты БКА. У мураваных казармах жаўнеры абараніліся і прагналі партызанаў. У Паставах Глыбоцкай акругі дзьве роты былі апанаваныя польскімі дывэрсантамі-афіцэрамі з сярэдзіны. Пад іх тэрорам гэтыя дзьве роты аднэй ночы пакінулі казармы і пайшлі са зброяй у лес да польскіх партызанаў. У Вялейскай і іншых акругах савецкія партызанскія напады на казармы ня мелі такіх посьпехаў, бо казармы былі ў гарадох.

Хутка падрыхтаваныя батальёны БКА ў паасобных акругах распачалі збройнае змаганьне з партызанамі. Большыя аддзелы БКА абходзілі свае паветы, заганялі партызанскія, банды ў глыбіню лясоў, даючы сялянам магчымасьць спакойна працаваць на сваіх гаспадарках. Пад канец красавіка батальёны БКА разам з нямецкімі аддзеламі змагаліся супроць савецкіх партызанаў у раёнах Плешчаніца і Бягомель. Беларускія батальёны выказалі вялікую вытрымаласьць і цьвёрдасьць у баёх.

У канцы траўня нямецкі штаб пастанавіў ужываць лепш падрыхтаваныя батальёны БКА для большых апэрацыяў супроць партызанаў. Першым быў 15-ты батальён з павету Гарадзішча, які стаяў у вёсцы Вольная. Атрымаўшы загад са штабу Готтбэрга, акруговы камандант нямецкай паліцыі Баранавіч зьвярнуўся да намесьніка БЦР, а той — да начальніка Галоўнага кіраўніцтва БКА па справе выкананьня загаду Готтбэрга. Начальнік БКА і намесьнік згадзіліся і батальён быў перавезены ў Менск, абмундзіраваны, пераўзброены і рэарганізаваны. Камандзір батальёну, Мануэй, быў мала ведамы Галоўнаму кіраўніцтву БКА, таму да батальёну быў прызначаны спэцыяльна ўпаўнаважаны ад Галоўнага кіраўніцтва БКА надлейтэнант У. Родзька. Батальён быў далучаны да апэрацыйнай акцыі, якая праводзілася пад камандай Готтбэрга, па ачышчэньні ад партызанаў абшараў у ваколіцах Лепеля і Барысава. У гэтай акцыі батальён БКА выказаў вялікую баёвую вартасьць. Па сканчэньні апэрацыі Родзька як фактычны камандзір быў узнагароджаны жалезным крыжам, а шмат іншых камандзіраў і стральцоў былі ўзнагароджаныя баявымі адзнакамі для ўсходніх народаў.

У палове чэрвеня 1944 году быў узяты ў акцыю супроць партызанаў 34-ты батальён БКА са Стоўпцаў, які папярэдня атрымаў сьцяг з рук прэзыдэнта Астроўскага і прыняў ягонае імя. Штаб Готтбэрга выслаў загад акруговаму каманданту паліцыі і той сам паехаў у Стоўпцы для перавозу батальёну. Не бачучы беларускага кіраўніцтва, жаўнеры разьбегліся. Прэзыдэнт Астроўскі заявіў прадстаўніку Готтбэрга, што без папярэдняга паведамленьня беларускага кіраўніцтва БКА батальёны БКА ня могуць быць забіраныя са сваіх казармаў. Да 34-га батальёну быў высланы маёр Мікула, які і выправіў яго ў акцыю. Батальён атрымаў нямецкае абмундзіраваньне, узбраеньне, эквіпунак і быў высланы на акцыю супроць партызанаў у Слонімшчыну. Ён разьбіў злучэньні савецкіх партызанаў, якія акружалі Пружанскі батальён БКА і пагражалі яму зьнішчэньнем.

Наваградзкі батальён у другой палове чэрвеня 1944 году прымаў удзел разам з нямецкімі аддзеламі ў акцыі супроць партызан на паўночны ўсход ад Глыбокага.

Урад СССР рабіў захады для параліжаваньня вызвольнай барацьбы беларускага народу. Шостая сэсыя Вярхоўнага Савету БССР у лютым 1944 году ў Гомелі прыняла пастанову аб стварэньні Народнага Камісарыяту замежных спраў БССР згодна з папярэдня прынятым законам СССР. Гэтым актам маскоўскі ўрад імкнуўся нейтралізаваць вызвольныя імкненьні беларусаў, а адначасна выкарыстоўваў БССР нібы «сувэрэнную» дзяржаву ў сваіх міжнародных махінацыях.

У красавіку 1944 году да Гэнэральнай акругі Беларусі былі далучаныя Пінская і Берасьцейская акругі. Сынод Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы прыняў у сваю юрысдыкцыю арх. Іоана як галаву Палескай і Берасьцейскай епархіі ўжо на пачатку красавіка 1944 году. 12 траўня 1944 году сабор япіскапаў Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы пастанавіў прыняць у Беларускую мітраполію мітрапаліта Палескага і Пінскага Аляксандра.

Беларуская Цэнтральная Рада прызначыла сваіх намесьнікаў у новадалучаныя акругі. У папярэднюю пару, калі Пінская і Берасьцейская акругі былі далучаныя да Гэнэральнага камісарыяту Украіны, там сьведама праводзілася палітыка ўкраінізацыі беларусаў. Характэрныя мэтады былі застасаваныя ўкраінцамі адносна беларускага батальёну № 104, які стаяў у Кобрыне.

Гэты батальён, арганізаваны нямецкім акруговым камісарам Берасьцейшчыны на пачатку 1943 году для аховы парадку і барацьбы супроць савецкіх партызанаў у гэтай акрузе, быў укамплектаваны з мяйсцовых людзей, беларусаў. Камандаваў ім беларус Ляўковіч, лейтэнантамі былі беларусы з Косава Луцэвіч, Тарашчык і іншыя. У хуткім часе батальён налічваў каля 1000 чалавекаў. Нутраной мовай у батальёне была беларуская. Батальён быў поўнасьцю ўзброены вінтоўкамі, кулямётамі, мінамётамі і гранатамі. Адначасна батальёну ахоўвала шлюзы Каралеўскага каналу; другая хадзіла на ачышчэньне акругі ад савецкіх партызанаў; трэцяя навучалася валоданьню зброяй. барацьбе супроць танкаў і іншай цяжкай зброі.

Па некаторым часе ў 1943 годзе да гэтага батальёну быў далучаны аддзел украінцаў з Галіцыі ў сіле 150 чалавекаў афіцэраў і жаўнераў. Трэба прыпушчаць, што гэтае далучэньне адбылося па захадах украінскага цэнтру, супрацоўнічаючага з немцамі, каб украінізаваць гэты беларускі батальён. Беларускае камандаваньне батальёну засталося бяз зьменаў, а ўкраінцам былі прызначаныя падпарадкаваныя становішчы. Украінцы распачалі прыдаваць батальёну ўкраінскі характар. Яны вывешвалі на ўрадавай дошцы абвесткі на ўкраінскай мове і аб украінскіх справах. Да гэтага часу ўсе абвесткі рабіліся на беларускай мове. Беларусы зрывалі і нішчылі абвесткі на ўкраінскай мове і жадалі захаваньня беларускай мовы ў нутраным жыцьці батальёну.

Нацыянальныя спрэчкі былі даведзеныя да ведама нямецкага каманданта паліцыі і акруговага камісара. Немцы над сваім кантролям правялі галасаванне аб нацыянальным складзе ўсяго батальёну, якое выявіла 91,5% беларусаў і 8,5% украінцаў. На гэтай аснове нямецкае кіраўніцтва вырашыла, што батальён павінен захаваць беларускі характар. Нямецкі акруговы камандант заявіў, што немцы ня могуць змусіць беларусаў стацца ўкраінцамі.

Трэба адзначыць, што ў часе гэтага галасаваньня групы ОУН (Арганізацыя Украінскіх Нацыяналістых) абыходзілі жыхароў і загадвалі ўсім запісвацца і галасаваць, што яны ўкраінцы. У адваротным выпадку іх чакала смерць.

Беларусы радзілі ўкраінцам перайсьці ўва ўкраінскія батальёны, але бяз посьпеху. Калі ўкраінцы пераканаліся, што ня возьмуць у свае рукі кіраўніцтва над 104-м батальёнам, то, праўдападобна, - пастанавілі справакаваць яго ліквідацыю. У траўні 1943 году батальён быў пераведзены ў местачка Драгічын. Тут зьявілася моцная група савецкіх партызанаў, рабуючых местачкі Гарадзец і Антопаль. На ачышчэньне гэтых абшараў ад савецкіх бандаў быў пасланы з батальёну зьвяз у складзе чатырох беларускіх лейтэнантаў і 150 стральцоў, куды было ўключана некалькі ўкраінцаў. Пасьля выкананьня акцыі супроць партызанаў аддзел вяртаўся ў Драгічын. Калі зьвяз праходзіў дарогай праз лес, то ўкраінцы, якія шлі паперадзе, пачалі страляць у беларускіх лейтэнантаў. Адразу пасьля гэтага ўсе ўкраінцы са зьвязу ўцяклі ў лес. Рэшта ўкраінцаў, якая засталася ў батальёне ў Драгічыне, таксама ўцякла з батальёну ў гэты самы дзень. Скора пасьля гэтага батальён № 104 быў зьліквідаваны, а людзі падзеленыя на часткі і пераведзеныя ў іншыя беларускія батальёны.

Украінскі тэрор супроць беларусаў на Палесьсі прыняў значныя і жорсткія памеры. Праваслаўны сьвятар Міхаіл Ражановіч і яго сямья былі беларусамі і служылі добрым прыкладам для сваіх прыхажанаў. Каб прысьпешыць украінізацыю аколіцы, група ОУН зарэзала яго трох дарослых сыноў. Наймалодшы сын схаваўся і ўцалеў, а сьвятара ў гэтую ноч ня было дома, таму ён і застаўся жывым.

У часе вайны і партызаншчыны на Беларусі працавалі з перабоямі пачаткавыя школы. На абшарах цывільнай адміністрацыі ў пачатку 1944 году былі наступныя колькасьці пачаткавых школаў па акругах:

Баранавіцкая 445 Менская (уключаючы Менск) 638

Вялейская 429 Наваградзкая 311

Ганцавіцкая 117 Пінская 126

Глыбоцкая 479 Пінская (украінскіх) 39

Лідзкая 397 Слонімская 224

Слуцкая 341

На абшарах вайсковай адміністрацыі існавалі наступныя колькасьці пачаткавых школаў па акругах:

Бабруйская 314 Гомельская 342

Барысаўская 147 Магілеўская 298

Віцебская 367 Смаленская 296

Сярэднія школы былі арганізаваныя ў абмяжаванай колькасьці, з націскам на прафэсыйныя школы. Сярэднія мэдыцынскія школы былі ў гарадох Баранавічы, Менск і Смаленск.

Гімназіі і матуральныя курсы былі ў гарадох Смаленск, Віцебск, Рудня, Орша, Магілеў, Быхаў, Баранавічы, Наваградак, Бранск, Гомель, Клінцы і Старадуб.

Гандлёва-адміністрацыйныя школы дзеінічалі ў гарадох Баранавічы, Валожын і Маладэчна.

Настаўніцкія сэмінарыі былі ў Нясьвіжы, Паставах, Наваградку, Манастыршчыне (Смаленская акруга), Слоніме, Вялейцы, Ганцавічах і Маладэчне. Рамесьніцкія школы існавалі ў гарадох Баранавічы. Клецк, Магілеў, Віцебск, Слонім, Слуцк і Быхаў.

Прагімназіі былі ў Баранавічах, Наваградку, Слоніме, Смаргоні і Глыбокім.

Мэдычны Інстытут быў адчынены ў Магілеве, а пазьней пераведзены ў Новую Вялейку.

XXXVI Другі Усебеларускі Кангрэс, яго прабег ды пастановы.

Упаўнаважаньне Беларускай Цэнтральнай Рады як народнага прадстаўніцтва, атрыманае ад нямецкіх акупацыйных уладаў, з абмяжаваным абсягам дзейнасьці, акрэсьленым у накінутым з гары Статуце, не адказвала беларускім нацыянальным імкненьням. Імкнучыся да адраджэньня беларускай самастойнай дзяржаўнасьці, БЦР хацела стварыць аўтарытэтнае нацыянальнае прадстаўніцтва, паходзячае з волі беларускага народу. Такая рэпрэзэнтацыя пры наяўнасьці собскай збройнай сілы магла-б быць дзейнікам, з якім нямецкія акупацыйныя ўлады мусілі-б лічыцца як з саюзьнікамі, а заходні сьвет — як з самастойным беларускім дзяржаўным фактарам. 3 гэтымі мэтамі БЦР звярнулася да немцаў з прапановаю аб скліканьні Другога Усебеларускага Кангрэсу перад прыняцьцем ад іх паўнамоцтваў. Фактычна кангрэс меў даць агульнанароднае паўнамоцтва для БЦР, уневажняючы гэтым нямецкі мандат. Неабходнасьць правядзеньня кангрэсу беларусы аргумэнтавалі важнай для немцаў у тым часе прапагандовай антысавецкай роляй кангрэсу Як прабег кангрэсу, так і ягоныя пастановы праектаваліся яго арганізатарамі ў духу і напрамку беларускіх нацыянальных патрэбаў бягучага часу.

Кангрэс быў скліканы Беларускай Цэнтральнай Радай на 27 чэрвеня 1944 году ў сталічным горадзе Менску. Паседжаньні кангрэсу адбываліся ў Менскім гарадзкім тэатры. Уваход у тэатр быў аздоблены беларускім дзяржаўным гербам «Пагоня» і беларускімі нацыянальнымі сьцягамі. У зале, над прэзыдыюмам, быў вялікі напіс: «3 Цэнтральнаю Радаю — за Вольную Беларусь!» Будынак тэатру пад час кангрэсу знаходзіўся пад аховай Беларускай Афіцэрскай Школы.

Кангрэс адчыніў прывітаньнем і пажаданьнем посьпехаў у працы прэзыдэнт БЦР Астроўскі. Прэзыдэнтам кангрэсу быў выбраны Яўхім Кіпель, шматгадовы вязень савецкіх канцэнтрацыйных лягероў, а цяпер кіраўнік навуковага аддзелу БЦР. Віцэ-прэзыдэнтамі былі выбраныя інж. Іван Касяк, намесьнік Глыбоцкай акругі, і Васіль Рагуля, былы сэнатар польскага сэнату. Сакратарамі былі выбраныя судзьдзі Менскага акруговага суду Леанід Галяк і Бранавіцкі.

Прэзыдэнт кангрэсу Кіпель у сваім прывітальным звароце сьцьвердзіў, што толькі два разы прадстаўнікі беларускага народу ўсёй Беларусі былі ў стане сабрацца і выказаць сваю волю: на Першым Усебеларускім Кангрэсе дваццаць шэсьць гадоў таму назад і цяпер. Бальшавіцкія зьезды на Беларусі не былі беларускімі народнымі прадстаўнікамі, таму што вялікая бальшыня ўдзельнікаў іх былі не беларусамі. Прэзыдэнт кангрэсу заклікаў дэлегатаў быць самаахвярнымі і мудрымі пры вырашаньні спраў, каб дапамагчы беларускаму народу выйсьці з гора і нядолі на вольны шлях да сьветлай будучыні.

Кангрэс прыняў прапанову запрасіць у прэзыдыюм удзельнікаў Першага Кангрэсу, пасьля чаго некалькі дзесяткаў дэлегатаў занялі мейсцы ў прэзыдыюме, а сярод іх прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі, былы пасол у польскім сойме Фабіян Ярэміч з Вільні, д-р Я. Станкевіч з Прагі, палкоўнік Канстанцін Езавітаў з Рыгі.

Наступна прэзыдэнт Астроўскі даў шырокую справаздачу з дзейнасьці БЦР за мінулыя шэсць месяцаў. На пачатку ён падаў гістарычны нарыс падзеяў на Беларусі ад часу Першага Кангрэсу да стварэньня БЦР. Падзел Беларусі Рыскім трактатам паміж Савецкай Расеяй і Польшчай у 1921 годзе прынёс чужацкую акупацыю і вельмі цяжкі прасьлед і вынішчэньні беларускаму народу. Аднак народ ператрываў іх і ў зьмененых абставінах распачаў працу і барацьбу за свае нацыянальныя інтарэсы. Вялікім асягненьнем у гэтай барацьбе зьяўлялася стварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады, якая задзіночыла нацыянальныя сілы. У гэты час уся Беларусь, за выняткам гарадоў, ужо ёсьць апанаваная партызанамі, і для перамогі над імі патрэбная барацьба ўсяго беларускага народу. Таму і была праведзеная мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, паасобныя батальёны якой ужо змагаюцца з савецкімі партызанамі.

Па акругах арганізаваныя намесьніцтвы БЦР, якім падпарадкаваныя аддзелы культуры і навукі, школы, сацыяльна-грамадзянская апека і Беларуская Народная Самапомач. У бліжэйшым часе да БЦР будзе перададзеная палата здароўя і Саюз Беларускай Моладзі. Кожны з аддзелаў БЦР прарабіў паважную працу ў сваёй галіне, аб чым прэзыдэнт падаў інфармацыі.

Наступна прэзыдэнт злажыў паўнамоцтвы свае і БЦР у рукі кангрэсу, які павінен вырашыць аб далейшым лёсе Беларусь

У дыскусыі над справаздачай прэзыдэнта прамаўлялі Эмануіл Ясюк, старшыня Стаўпецкага павету і Мікалай Дзямідаў, прадстаўнік беларусаў з Ліды. Ясюк падкрэсьліў вагу арганізацыі БКА як беларускай нацыянальнай збройнай сілы, пажадаў БЦР далейшых посьпехаў у працы. Дзямідаў зьвярнуў увагу на асягненьні БЦР у галіне беларускіх школаў і заклікаў да падтрымкі БЦР.

Прэзыдэнт кангрэсу Кіпель адзначыў асягненьні БЦР у розных галінах і прапанаваў уважаць БЦР за беларускі нацыянальны ўрад. Далей ён падаў да ведама паступіўшую ў прэзыдыюм наступную прапанову: «Другі Усебеларускі Кангрэс сьцьвярджае, што з гэтага моманту БЦР з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале зьяўляецца адзіным правамочным прадстаўніцтвам беларускага народу». Прапанова была прынятая кангрэсам аднагалосна.

Наступна былі выбраныя мандатныя і рэзалюцыйная камісіі, якія неадкладна прыступілі да сваёй працы, а пленум кангрэсу ў тым часе заслухаў пісьмовыя і вусныя прывітаньні. Па адчытаньні прывітальнага ліста ад гэнэральнага камісара Беларусі фон Готтбэрга кангрэс прыняў тэкст ліста ў адказ на прывітаньне. З прывітаньнем ад БКА выступіў капітан В. Чабатарэвіч, пісьмовыя прывітаньні паступілі ад Кэнігсбэргскага аддзелу БНС і ад жаўнераў Службы парадку з усходняга фронту. Кангрэс таксама віталі ад Саюзу Беларускай Моладзі Міхаіл Ганько ў асысьце д-ра Надзеі Абрамавай і групы юнакоў і юначак; ад сялян, работнікаў і інтэлігэнцыі настаўніца Апалёнія Савёнак; ад беларускага праваслаўнага духавенства архіяпіскап Філафей; ад баптыстых прэсьвіцер Дзекуць-Малей; ад рыма-каталіцкага духавенства кс. Пётра Татарыновіч.

Справаздачу мандатнай камісіі адчытаў праф. Іван Жарскі. У кангрэсе прымалі ўдзел 1039 дэлегатаў ад усёй Беларусі і замежных беларускіх арганізацыяў. Прысутнічалі дэлегаты ад акругаў Гэнэральнага камісарыяту Беларусі і ад вайсковай зоны, уключаючы Смаленскую, Бранскую, Чарнігаўскую, Арлоўскую, Берасьцейскую, Пінскую, Гомельскую і іншыя. Беларускія тэрыторыі, далучаныя да іншых краёў, як Вялейшчына, Беласточчына і Дзьвіншчына, таксама прыслалі дэлегатаў на кангрэс. Прыехалі прадстаўнікі ад беларускіх арганізацыяў з Рыгі, Варшавы, Лодзі, Кракава, Кэнігсбэргу, Бэрліна і Вены. Паводля прафэсыі было: настаўнікаў 276, сялянаў 245, работнікаў 142, службоўцаў 234, інжынераў 31, юрыстых 25, журналістых 14, аграномаў 13 і розных іншых 34. Паводля веравызнаньня было: праваслаўных 903, рыма-каталікоў 125, эвангэлікаў 5, старавераў 5 і магамэтанаў 1.

Наступна выступіў першы віцэ-прэзыдэнт БЦР М. Шкялёнак з дакладам на тэму «Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу». Ён адзначыў, што ўсе пастановы і трактаты ўрадаў СССР і былой Польскай дзяржавы адносна Беларусі і ейнага народу рабіліся бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу і былі накіданыя Беларусі гвалтам чужынцоў. Беларускі народ ніколі не ўважаў іх за акты права, але за акты чужацкага паняволеньня. У сучаснасьці вайна зьмяла з Беларусі ранейшыя польскія і бальшавіцкія дзяржаўныя парадкі і дала магчымасьць стварэньня новага ладу, пры якім беларускі народ хоча быць суб'ектам права. Аднак як урад СССР, так і польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане імкнуцца зьвярнуць сваё ранейшае панаваньне на Беларусі, паклікаючыся на свае ранейшыя дагаворы. Таму Другі Усебеларускі Кангрэс павінен на ўвесь сьвет заявіць аб запраўдных жаданьнях і волі беларускага народу.

Крыніцамі расейска-польскіх прэтэнзыяў да Беларусі ёсьць звычайнае захопніцтва і гвалты. А вынікам іхняга панаваньня на Беларусі зьяўляюцца нязьлічаныя шкоды для беларускага народу ў палітычнай, культурнай і гаспадарчай галінах. Разгром Беларускай Народнай Рэспублікі, падзел Беларусі паміж Савецкай Расеяй і Польшчай трактатам у Рызе ў 1921 годзе былі актамі супольнага гвалту расейскіх пралетараў і польскіх паноў. Такім самым гвалтам была акупацыя Заходняй Беларусі савецкімі арміямі ў 1939 годзе. Цынічнае санкцыянаваньне гэтага гвалту праз галасаваньне бязвольнага Народнага Сабраньня ў Беластоку ня можа зьмяніць сутнасьці насільля. Мы адкідаем назаўсёды ўсе ланцугі чужацкай няволі і адмаўляем ім у праве дзеіць ад імя беларускага народу.

У дыскусыі над рэфэратам Шкялёнка выступалі гэнэрал К. Езавітаў і д-р Я. Малецкі. Езавітаў сьцьвердзіў рост беларускай нацыянальнай сьведамасьці і імкненьняў да незалежнасьці беларускага народу за 25 гадоў, праўшоўшых ад часу Першага Усебеларускага Кангрэсе. Пануючы сягоньня погляд — гэта дзяржаўная незалежнасьць для Беларусі, чаго ня могуць зламіць ні ранейшыя, ні новыя дагаворы, — зазначыў ён. Малецкі заявіў, што Маскоўшчына і Польшча заўсёды былі ворагамі Беларусі, •а іх трактаты — варожыя. Беларускі народ заўсёды пратэставаў супроць іх і цяпер яны для яго зьніклі.

Пасьля перапынку на абед далейшае паседжаньне кангрэсу распачалося дакладам Аўгена Калубовіча, сябра БЦР, «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». Рэфэрэнт зрабіў кароткі агляд падзеяў на Беларусі ад Першага Усебеларускага Кангрэсу, падаючы акт 25 сакавіка 1918 году, які абвесьціў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, як і збройную барацьбу Слуцкага паўстаньня ў абароне незалежнасьці. Аднак Савецкая Расея, працягваючы калёніяльную палітыку царскай Расеі, не дапусьціла да самастойнай беларускай дзяржавы. Яна стварыла Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, маскоўскую фікцыю дзяржаўнасьці. Дзейнасьць усіх дзяржаўных органаў БССР накіроўвалася дзяржаўнымі органамі СССР з Масквы. У БССР ня было наркаматаў абароны, замежных спраў, замежнага гандлю, шляхоў зносін, сувязі (пошта, тэлефон, радыё), авіяцыйнай прамысловасьці, боепрыпасаў, узбраеньня і г. д. Беларусь трактавалася як нутраная калёнія ў межах СССР. Абшар Беларусі Масква дзяліла і перадзельвала паводля сваіх меркаваньняў. Даўшы спачатку эканамічную і нацыянальную перадышку пад час нэпу, ад 1928 году маскоўскі ўрад распачаў пагром палітычнага і нацыянальна -культурнага, а ад 1929 году і эканамічнага жыцьця. Беларусы былі звольненыя з высокіх дзяржаўных і навуковых становішчаў і замененыя небеларусамі. Пад час калектывізацыі сельскай гаспадаркі было арыштавана, расстраляна або дэпартавана ў Сібір і Казахстан звыш 1 500 000 апорных сялянаў. Арыштаваныя і дэпартаваныя ў канцлягеры беларускія вучоныя і інтэлігэнцыя: настаўнікі, лекары, пісьменьнікі і паэты. Арыштаваныя і дэпартаваныя ў сібірскія канцлягеры ў 1938 годзе былыя паслы польскага сойму і іншыя ўцалелыя беларускія дзеячы навукі, культуры і грамадзкага жыцьця. Усё кіраўніцтва на Беларусі ахапілі небеларусы. Яны выкарчоўвалі беларускасьць і пашыралі расейшчыну, бальшавізм і інтэрнацыяналізм. Замест беларускай мовы ў школах, адміністрацыі, публікацыях, прэсе і г. п. была ўведзеная расейская мова.Былі зьнішчаныя вялічэзныя беларускія бібліятэчныя і архітэктурныя багацьці. Нават Барысаў Камень з XII стагодзьдзя пад Талачыном быў узарваны камсамольцам Хайкіным.

Рэлігійнае жыцьцё было гвалтоўна разбурана, усе 1600 цэркваў і манастыроў былі зачыненыя, 8 япіскапаў і каля 1400 сьвятароў былі арыштаваныя, замораныя голадам, турмамі або дэпартаваныя ў канцлягеры.

Самі беларусы ніколі не нішчылі-б сваёй лепшай часткі народу і не разбуралі-б свайго нацыянальнага і культурнага жыцьця. Кангрэс павінен прызнаць, што БССР — гэта чужацкая маскоўская форма дзяржаўнасьці; што голас Масквы ў беларускіх справах не павінен мець ніякай праўнай сілы; што твораныя Масквой урады БССР не маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў.

У дыскусыі над прамовай Калубовіча выступілі А. Комар — старшыня гораду Менска, Анішчык-Чэмер — публіцысты і Лявон Случчанін — настаўнік.

У сваіх выступленьнях яны заявілі, што беларусы не жадаюць нічыёй «апекі», а тым больш апекі з боку Масквы і Варшавы, саюзьнікам можа быць толькі той, хто дапаможа парваць ланцугі векавой няволі і выйсьці да жыцьця ў вольнай і незалежнай Беларусі. Усе іншыя намеры ў адносінах да нашай Бацькаўшчыны вызнаюцца варожымі і патрабуючымі адпору.

Наступна ад рэзалюцыйнай камісіі выступіў К. Езавітаў, які прачытаў праект рэзалюцыі: «Другі Усебеларускі Кангрэс, сабраўшыся ў Менску праз чвэрць стагодзьдзя пасьля Першага Усебеларускага Кангрэсу і выслухаўшы даклады аб падзеях на Беларусі ў часе паміж абодвума кангрэсамі, аднагалосна пастанавіў:

1. Вызнаць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,якая, маючы паўнамоцтвы Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917 году, на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 году ўрачыстай 3-й Устаўнай граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай у ўсіх яе формах.

2. Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі ня прызнаваў, ня прызнае цяпер і ніколі ня прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.

3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а усе твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца беларускім народам.

Таму ўсе ўмовы ці аднабаковыя пастановы ўрадаў СССР, былой Польшчы і сучаснага гэтак званага эміграцыйнага ўраду Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі і беларускага народу і якія былі зроблены раней або будуць зробленыя ў будучыні, Другі Усебеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякай праўнай сілы; як ня будуць мець сілы і ўсялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаў і народаў.

4. Адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу і ягонага краю зьяўляецца сягоньня Беларуская Цэнтральная Рада з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале».

Рэзалюцыя была прынятая аднагалосна.

У сваёй заключнай прамове прэзыдэнт Астроўскі сказаў, што Другі Усебеларускі Кангрэс закончыў працу Першага Усебеларускага Кангрэсу, якому бальшавіцкая Масква не дала магчымасьці яе закончыць. Такім чынам, беларускі народ бязупынна імкнецца да волі і змагаецца за сваю свабоду.

Прэзыдэнт кангрэсу Кіпель у сваёй заключнай прамове заявіў, што Другі Кангрэс умацаваў прынцыпы Першага Кангрэсу. Як нацыянальна-беларускі Другі Кангрэс пастанавіў, што беларускі народ ня хоча ні маскоўскага, ні польскага панаваньня на Беларусь Са зброяй у руках ён будзе змагацца супроць сваіх векавечных ворагаў за волю Беларусі.

На гэтым кангрэс быў зачынены.

XXXVII Эвакуацыя з Беларусі. — Дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады ў Нямеччыне. — Беларускія жаўнеры ў 30-й дывізіі Зіглінга. — Арганізацыя 1-га кадравага батальёну БКА ў Бэрліне. — Прыняцьце новага Статуту БЦР. — Батальён парашутыстых у Дальвіцы. — Арганізацыя штурмовай брыгады «Беларусь». — Вайсковыя зьнішчэньні на Беларусі і савецкі тэрор.

Нямецкія ўлады трымалі ў тайніцы ад беларусаў фактычныя падзеі на ўсходнім фронце. Ані прэзыдэнт БЦР, ані камандуючы БКА, ані прэса ці радыё не атрымлівалі ніякіх паведамленьняў аб неспадзяваных і хуткіх зьменах на ўсходнім фронце. А ўжо 23 чэрвеня 1944 году савецкія арміі распачалі вялікае наступленьне на Беларускім фронце. 28 чэрвеня яны акружылі нямецкія войскі каля Віцебску і каля Бабруйску ды хутка ішлі на захад па ўсёй лініі фронту, набліжаючыся да Менска.

Ужо 27 чэрвеня нямецкія ўлады атрымалі загад аб эвакуацыі Менска. Пад вечар 27 чэрвеня начальнік нямецкага штабу, палкоўнік Родэ, запрасіў да сябе ў штаб начальніка БКА Кушэля і сказаў, што па аўтастрадзе з Барысава на Менск ідуць масы дэзэртыраў нямецкай арміі. Палявая жандармэрыя ня можа даць рады з імі. Патрэбны батальён БКА, які пад камандай начальніка палявой жандармэрыі абойме службу на гэтай аўтастрадзе і дапаможа затрымаць масы дэзэртыраў. Начальнік БКА меў два батальёны блізка ад аўтастрады: у Рудзенску і ў Менску. Аднак гэтыя батальёны не былі абмундзіраваныя і таму іх нельга было ўжыць у дадзенай сытуацыі.

28 чэрвеня Гэнэральны камісарыят паведаміў прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыі Менска, прызначаючы для БЦР горад Кэнігсбэрг. Начальнік БКА Кушэль зьвярнуўся да начальніка нямецкага штабу па справе эвакуацыі БКА, аднак той сказаў, што гэнэрал Готтбэрг ужо даў загад, каб БКА адступала на захад разам з нямецкай паліцыяй і пад камандай акруговых камандантаў паліцыі; як далёка яны будуць адступаць, зараз нельга прадбачыць.

Прэзыдэнт БЦР вырашыў, што Галоўнае кіраўніцтва БКА мае ехаць з БЦР у Кэнігсбэрг, куды яны і прыбылі 5 ліпеня.

Афіцэрская школа БКА, у ліку каля 280 кадэтаў, 29 чэрвеня была накіраваная з Менску пешым маршам на Вільню. Капітан Шнайдэр і капітан Мікула кіравалі школай у паходзе. З Вільні кадэтаў цягніком накіравалі ў Кэнігсбэрг, а пазьней — у брыгаду Зіглінга, якая рэарганізавалася каля Ломжы ў Польшчы.

Эвакуацыя з акругаў, паветаў і валасьцей беларускай адміністрацыі, БКА, БНС, духавенства, інтэлігенцыі і насельніцтва, якія хацелі ўнікнуць савецкіх рэпрэсыяў і паднявольнага жыцьця, адбывалася разам з эвакуацыяй нямецкай адміністрацыі. Камандзіры слаба падрыхтаваных батальёнаў БКА звальнялі да хаты ўсіх тых, хто не хацеў эвакуавацца. Камандны склад БКА пераважна выяжджаў на захад. Абмундзіраваныя і добра ўзброеныя батальёны БКА эвакуаваліся на захад. Некаторыя з адступаючых батальёнаў БКА трапілі ў савецкае акружэньне.

Некаторыя абозы бежанцаў на конях былі захопленыя савецкімі партызанамі. Расправа савецкіх расейцаў з беларускімі жаўнерамі і бежанцамі была самая жахлівая.Бежанцы, едучыя цягнікамі, пераважна трапілі ў Польшчу, а адтуль у Нямеччыну. Іх памяшчалі ў лягеры і прызначалі на працу ў фабрыках або у баўэраў (фермераў). Увесь япіскапат Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы з Мітрапалітам Панцялейманам на чале эвакуаваўся на захад. Ён знаходзіўся ў абсягу апекі БЦР і атрымаў мейсца на жыхарства ў Францэнсбадзе ў Чэхіі. Япіскапы і сьвятары абслугоўвалі рэлігійныя патрэбы беларускіх работнікаў. Япіскап Віцебскі і Полацкі Афанасі быў прызначаны для абслугоўваньня рэлігійных патрэб збройных аддзелаў казакаў, якія былі пад камандай атамана Краснова.

Усе шэсьць сапёрных батальёнаў БКА, якія былі пад камандай нямецкай арміі, былі эвакуаваныя ў Бэрдуцк каля Пазнані. Там яны былі рэарганізаваныя ў два будаўнічыя батальёны. Надалей яны былі па-за абсягам БЦР, у складзе нямецкай арміі. Гэтыя батальёны існавалі да канца вайны, выконваючы фартыфікацыйныя работы.

На пачатку ліпеня 1944 году роты беларускай чыгуначнай паліцыі эвакуаваліся на захад, разам з нямецкай чыгуначнай паліцыяй. З Баранавіч эвакуаваўся аддзел у колькасьці 300 чалавек, пры якім быў лейтэнант Я. Сажыч. Гэты аддзел даехаў да францускай мяжы ў Саарляндзе. Там немцы абяззброілі беларусаў, падзялілі іх на некалькі групаў, якія прызначылі да паасобных чыгуначных станцыяў. Беларускія групы дапамагалі нямецкім пры ачышчаньні станцыяў і направах пасьля паветраных бамбардаваньняў заходнімі аліянтамі.

У ліпені 1944 году разьмешчаны кал я Ломжы аддзел Зіглінга пачаў хутка расьці. Ён улучаў да сябе паліцыйныя і вайсковыя фармацыі розных нацыянальнасьцяў (беларусаў, украінцаў, літоўцаў, казакаў, расейцаў і іншых), якія ішлі з усходу на захад. Вялікую бальшыню жаўнераў тут станавілі беларусы, сярод афіцэраў было больш расейцаў. У хуткім часе гэта была дывізія, маючая звыш 10 000 чалавекаў, зложаная з 4 брыгадаў. Афіцыйная назва дывізіі была «30-я дывізія СС» (30 SS Waff en Division). Беларуская Афіцэрская Школа з Менска, уключаная ў гэтую дывізію, атрымала нямецкія вайсковыя уніформы і поўнае вайсковае ўзбраеньне. Яна захоўвала там склад асобнай фармацыі. Дывізія была падпарадкаваная нямецкаму вайсковаму камандаваньню і БЦР не дапушчалася да кантактаў з ёй. Беларускія афіцэры, як Мікула і іншыя, імкнуліся да ўтрыманьня асобнага беларускага характару для беларускіх фармацыяў гэтай дывізіі і шукалі кантакту з БЦР. Аднак нямецкае камандаваньне не дапушчала да гэтага.

Менскі 13-ты батальён, які да гэтага часу вырас да сямі ротаў, быў у партызанскіх акцыях у розных частках краю. Пад час эвакуацыі гэты батальён сабраўся каля Аўгустова. Адна рота, пад камандай Бандыка, пакінула батальён і пайшла ў Аўгустоўскія лясы. Пасьля гэтага нямецкае камандаваньне адсунула ад батальёну ўсіх беларускіх камандзіраў, заступіўшы іх немцамі, а батальён перавезьлі і ўключылі ў дывізію Зіглінга. Беларускія афіцэры пераважна паехалі ў Бэрлін і былі ўключаныя ў кадравы батальён БКА пад кіраўніцтвам БЦР.

Па кароткім перашкаленьні дывізію Зіглінга скіравалі на Прусію, а наступна ў Францыю на фронт. У канцы 1944 году дывізія займала частку фронту каля Страсбургу. Пад час агульнага адступленьня нямецкага фронту адзін беларускі батальён, каля 300 чалавек, перайшоў на бок французаў і амэрыканцаў. Гэта выклікала вострую рэакцыю Зіглінга. Дывізію перавялі ў тыл, у Эльзас. Няпэўную дывізію немцы раззброілі. Групу няпэўных беларускіх афіцэраў, уключаючы Мікулу, немцы аддзялілі і вывязьлі з дывізіі ды пазьней зьнішчылі ў Дахаў. Частку няпэўных вайскоўцаў выслалі ў лягеры работнікаў. Рэшту жаўнераў ахапілі нямецкімі камандзірамі і памясьцілі ў вайсковым лягеры ў Гіршаў. Беларускіх камандзіраў выдзялілі з фармацыяў, трымалі асобна і школілі з новай зброяй.

Перайшоўшыя ў палон да французаў, беларускія жаўнеры спачатку былі памешчаныя ў гатэлях і мелі добрае ўтрыманьне. Хутка іх перадалі амэрыканцам, якія зьмясьцілі іх у лягеры вайсковапалонных. Як польскія грамадзяне гэтыя вайскоўцы згалашаліся добраахвотнікамі ў польскую армію Андэрса. Іх абсьледвала польская разьведка ў Марсэлі і прынятых перавозілі ў Італію, на папаўненьне польскіх фармацыяў другога корпусу пад камандай гэн. Андэрса. Там іх уключалі ў аддзелы адпаведнай зброі і яны ваявалі далей, але за польскія нацыянальныя інтарэсы.

Трэба зацеміць, што гэтае абсьледваньне праводзілася вельмі сурова. Пад час праверкі дакумэнтаў надлейтэнант БКА Рыгор Зыбайла прыпадкова выпусціў на падлогу фатаграфію, на якой ён быў зьняты ў форме лейтэнанта БКА. Разьведчыкі зажадалі пабачыць гэтую фатаграфію, а наступна і ўвесь бумажнік. Агледзеўшы ўсе паперы, яны вывялі Зыбавдіу праз заднія дзьверы. Ніхто не бачыў яго жывым пасьля таго. Прыпушчальна, ён быў застрэлены польскай разведкай.

Летам 1946 году ўся польская армія Андэрса была перавезеная з Італіі ў Англію, дзе ў 1947 годзе яна была дэмабілізаваная. Беларускія вайскоўцы ўладзіліся там на працу. стварылі беларускія арганізацыі і праваслаўныя прыходы. Пазьней частка з іх выехала ў іншыя краіны, пераважна ў ЗША і Канаду, дзе яны ўліліся ў беларускія арганізацыі.

Беларуская Цэнтральная Рада неўзабаве атрымала ад нямецкіх уладаў памяшчэньні ў Вайсэнзээ, у прадмесьці Бэрліну, куды яна пераехала з Кэнігсбэргу, і прыступіла да працы як беларускае прадстаўніцтва ў Нямеччыне. Яна апрацавала статут і праграму для новай арганізацыі — «Саюз Вызваленьня Беларусі». Адначасна БЦР занялася ўспраўненьнем беларускай прэсы: газэтаў «Раніца» і «Беларускі Работнік». У гэтым часе ў склад сяброў былі пакліканыя прадстаўнікі Саюзу Беларускай Моладзі М. Ганько і Н. Абрамава. 13 верасьня 1944 году было створана Кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР з палкоўнікам К. Езавітавым на чале. Камандуючым БКА быў прызначаны капітан Кушэль.

Візыта прадстаўнікоў БЦР у нямецкай вайсковай установе 26 верасьня 1944 году паказала, што нямецкія вайсковыя ўлады згаджаюцца на арганізацыю беларускіх збройных сілаў. Пачаць меркавалася ад перашкаленьня афіцэраў і падафіцэраў. Плянавалася стварыць дзьве дывізіі — баявую і рэзэрвовую. Усе тэхнічныя пытаньні забавязваліся вырашыць нямецкія вайсковыя ўлады. 12 кастрычніка 1944 году загадам кіраўніка вайсковых спраў БЦР палкоўніка Езавітава ў Бэрліне быў створаны першы кадравы батальён БКА для перападрыхтоўкі афіцэраў і падафіцэраў, а таксама для падрыхтоўкі кадраў новых падафіцэраў. Камандзірам афіцэрскіх курсаў і часовым камандзірам батальёну быў прызначаны капітан П. Касацкі. Камандзірам падафіцэрскіх курсаў — капітан А. Сокал-Кутылоўскі. Усе афіцэры, падафіцэры і жаўнеры БКА і іншых беларускіх вайсковых аддзелаў, якія тады не былі на вайсковай службе, ад 5 кастрычніка 1944 году былі залічаныя ў рэзэрву беларускіх вайскоўцаў пры Галоўным кіраўніцтве вайсковых спраў БЦР. Для вайсковых патрэб БЦР атрымала вялікі будынак на Ліхтэнштрассэ ў Бэрліне. За некалькі дзён кадры батальёну ў колькасьці 344, а трохі пазьней — 492 асобаў былі зацьверджаныя прэзыдэнтам БЦР.

Беларускае войска тварылася на добраахвотнай аснове. Для прыйманьня добраахвотнікаў 16 лістапада была створаная прыймовая камісія Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР. Камісія неадкладна распачала працу і накіроўвала прынятых афіцэраў і жаўнераў у распараджэньне камандаваньня БКА.

У сьнежні 1944 году Камітэт вызваленьня пад кіраўніцтвам расейскага гэнэрала А. Уласава разгарнуў у Нямеччыне акцыю за падпарадкаваньне сабе дзеючых арганізацыяў усіх падсавецкіх нерасейскіх народаў. БЦР на сваім паседжаньні 12 сьнежня разважала гэтую справу і вялікай бальшынёй адкінула падпарадкаваньне расейцам, устрымліваючы сваё незалежнае нацыянальнае становішча і самастойную дзейнасьць.

18 сьнежня 1944 году пленум БЦР разважаў справу Статуту БЦР. Статут БЦР, выдадзены гэнэральным камісарам Готтбэргам на Беларусі, цяпер стаўся неактуальным дзеля пастаноў Другога Усебеларускага Кангрэсу. Запрапанаваны для разгляду праект новага Статуту пастаноўлена было раздаць радным для запазнаньня і для дыскусыяў на наступным паседжаньні пленуму БЦР. Пазьней прэзыдыум пленуму БЦР разважаў праекты Статуту БЦР, як і робленыя прапановы адносна іх зьменаў. Новы Статут БЦР, улічваючы пастановы Другога Усебеларускага Кангрэсу і факт прабываньня БЦР на чужыне, быў прыняты пленумам БЦР на сэсыях ад 14 да 17 студзеня 1945 году, ён меў характар дзяржаўнай канстытуцыі.

Паводле гэтага Статуту БЦР зьяўлялася адзіным праўным прадстаўніком сувэрэнных правоў беларускага народу, пакліканым Другім Усебеларускім Кангрэсам у Менску 27 чэрвеня 1944 году, які вызначыў палітычныя заданьні БЦР. Галоўным палітычным заданьнем БЦР ёсьць арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змаганьня за вызваленьне Беларусі і здабыцьцё ейнай незалежнасьці. Апроч таго, БЦР ажыцьцяўляе праўную, сацыяльную і культурную апеку над усімі беларусамі, якія апынуліся па-за межамі Беларусь Паўнамоцтвы БЦР маюць трываць да часу скліканьня Трэцяга Усебеларускага Кангрэсу на вызваленай Беларусі.

На чале БЦР стаіць прэзыдэнт, кампэтэнцыі якога акрэсьленыя ў якасьці галавы дзяржавы. Сяброўства БЦР з часу кангрэсу было павялічана; да іх былі дададзеныя прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў і ўстаноў, ды пакліканыя індывідуальна беларускія дзеячы. Лік сяброў БЦР не павінен перавышаць 25 асобаў, каб захаваць ідэйны характар, рэпрэзэнтаваны сябрамі БЦР з часоў кангрэсу. Вырашаючым органам БЦР зьяўляецца пленум, якім кіруе выбіраны на адзін год прэзыдыюм у складзе старшыні, заступніка старшыні і сакратара. Кампэтэнцыі пленуму БЦР акрэсьленыя ў характары кампэтэнцыяў сэсыяў парляманту.

Выканаўчым органам БЦР устаноўленая калегія БЦР. Шэфа калегіі прызначае прэзыдэнт БЦР. Шэф калегіі прадстаўляе кіраўнікоў аддзелаў калегіі для апрабаты пленуму Рады, а пасьля гэтага — на зацьверджаньне прэзыдэнта БЦР. Калегія выконвае ўсю працу БЦР у галінах і кірунках, вызначаных пленумам Рады і прэзыдэнтам БЦР.

25 студзеня 1945 году па атрыманьні згоды ад нямецкага ўраду БЦР распачяла арганізацыю першай штурмовай брыгады «Беларусь», часамі званай 20-я дывізія «Беларусь». Гэтая брыгада плянавалася як аснова для наступных штурмовых дывізіяў Беларускага вызвольнага войска. Брыгада тварылася на аснове добраахвотнасьці. У яе склад былі ўключаныя і рэшткі дывізіі Зіглінга. Брыгада «Беларусь» складалася з трох батальёнаў пяхоты пад камандай Касацкага, Чайкоўскага і Сокал-Кутылоўскага лікам звыш 2000 чалавек. Да гэтага даходзіў эскадрон кавалерыі ў складзе 150 чалавек. На пачатку камандзірам брыгады быў Зіглінг, але хутка яго мейсца заняў стары маёр Гэррэнфэльд. Калі ў брыгаду прыбыў камандуючы БКА Кушэль, то ён атрымаў поўную свабоду кіраўніцтва. Брыгаду наведаў прэзыдэнт Астроўскі і прыняў ўрачысты парад.

3 лютага 1945 году ў Ялце распачалася канфэрэнцыя Рузвэльта, Сталіна і Чэрчыля, дзе былі распадзеленыя сфэры вайсковай акупацыі Нямеччыны, як і ўплываў у сярэдняй Эўропе, і разважаліся справы вайны на Далёкім Усходзе.

Вайна з Нямеччынай набліжалася да канца. Савецкі фронт хутка ішоў на захад і 16 красавіка расейскія арміі распачалі штурм Бэрліна. Фронт заходніх аліянтаў хутка пасоўваўся на ўсход і 19 красавіка амэрыканскія арміі здабылі Лейпцыг.

У красавіку брыгада «Беларусь», расейскія фармацыі РОА і вайсковыя часткі іншых падсавецкіх народаў былі скіраваныя ў Чэхію, да лініі фронту амэрыканскіх войскаў. Камандзір брыгады «Беларусь», палкоўнік Кушэль, увайшоў у кантакт з камандзірам часткі РОА гэнэралам Мальцавым. Была навязаная сакрэтная лучнасьць з амэрыканскім камандаваньнем і дамоўлена аб пераходзе брыгады «Беларусь» і РОА на бок амэрыканцаў. 1 траўня гэтыя вайсковыя фармацыі перайшлі на бок амэрыканцаў. Амэрыканцы раззброілі іх, перавезьлі і памясьцілі ў лягер каля Каму ў Баварыі.

7 траўня 1945 году гэнэрал Едль падпісаў бязумоўную здачу нямецкіх арміяў амэрыканскаму гэнэралу Эйзэнгаўэру ў Рэймсе, а 8 траўня гэнэрал Кэйтэль падпісаў здачу савецкаму гэнэралу Жукаву каля Бэрліна. Вайсковыя дзеяньні спыніліся.

Беларуская Цэнтральная Рада выехала з Бэрліна перад яго акружэньнем на захад Нямеччыны. Частка сяброў БЦР і сьвіта прэзыдэнта пасяліліся ў местачку Гокстэр у Вэстфаліі. Іншыя сябры БЦР разьехаліся па іншых гарадох Нямеччыны. Беларуская Цэнтральная Рада ўстрымала сваю дзейнасьць.

З канцом вайны мноства беларускіх эмігрантаў уцякалі з абшараў, займаных савецкімі арміямі, на захад Нямеччыны ў зоны, займаныя амэрыканцамі, ангельцамі і французамі. Згодна з дамоўленасьцямі вялікай тройкі Рузвэльта, Сталіна і Чэрчыля, усе савецкія грамадзяне павінны былі быць прымусова зьвярнутыя ў СССР. Гэта датычыла ўсіх вайсковых, цывільных работнікаў і палітычных эмігрантаў. Ува ўсіх акупацыйных зонах Нямеччыны былі арганізаваныя лягеры для перамешчаных вайной людзей, якія былі ўтрымліваныя міжнароднай арганізацыяй УНРРА, якая мела рэпатрыяваць усіх перамешчаных людзей да краінаў іх паходжаньня. Вынятак быў зроблены для жыдоў, палякоў, балтыцкіх народаў, чэхаў, мадзяраў і іншых народаў сярэдняй Эўропы. Савецкія рэпатрыяцыйныя місыі езьдзілі па ўсіх зонах Нямеччыны і прымусова забіралі ў свае лягеры як грамадзян СССР, так і не грамадзян СССР, паходзячых з сярэдняй Эўропы, якія прыпадкова траплялі ім пад рукі, у чым ім дапамагалі заходнія аліянты. Беларусы з Заходняй і з Усходняй Беларусі рэгістраваліся ў лягерох УНРРА, як і ў нямецкіх уладах, грамадзянамі Польшчы, Балтыцкіх краінаў і Чэхаславаччыны, для якіх не стасавалася прымусовая рэпатрыяцыя.

Савецкія місыі пашыралі весткі, што цяпер у СССР адбываліся вялікія перамены, усім дараваныя іх правіны і ўсе могуць бясьпечна варочацца на бацькаўшчыну. Значная колькасьць людзей паверыла гэтым весткам і добраахвотна паехала ў савецкія лягеры. Але большую частку бежанцаў пры дапамозе заходніх аліянтаў і місыі УНРРА прымусова перавозілі ў савецкія лягеры. Там Сьмерш праводзіў сьледства і вырашаў іх лёс: частка была расстраляная, а рэшта вывезеная ў канцэнтрацыйныя лягеры СССР на катаржныя работы.

Вайсковапалонных з былой брыгады «Беларусь» больш тыдня трымалі амэрыканцы. Вайсковапалонныя пачалі ўцякаць з лягеру і стараліся трапіць у цывільны беларускі лягер УНРРА ў Рэгэнсбургу.

Частку вайсковапалонных беларусаў з лягеру каля Каму, выснажаных голадам і холадам, страціўшых надзею на вызваленьне, амэрыканцы прымусова вывезьлі ў іншы лягер каля Нюрнбэргу, а пазьней — у савецкі рэпатрыяцыйны лягер у Шэрбургу ў Францыі, Сярод іх быў палкоўнік Сокал-Кутылоўскі і іншыя афіцэры БКА, як і камандзіры і жаўнеры РОА. Іх павезьлі савецкім параплавам у СССР і лёс іх застаўся няведамы.

Лёс сяброў БЦР быў розны. Сябра БЦР гэнэрал Езавітаў пасьля хірургічнай апэрацыі ў 1945 годзе пад чужым прозьвішчам дастаўся на Беларусь, дзе працаваў настаўнікам. На настаўніцкай канфэрэнцыі ён быў распазнаны і пазьней павешаны ў Віцебску, дзе нарадзіўся.

Сябра БЦР М. Шкялёнак па дамоўленасьці з Дэмідовічам-Дэмідэцкім, працаўніком БЦР, у 1945 годзе пад чужым прозьвішчам паехаў у Польшчу, але быў выдадзены паліцыі і расстраляны ў Варшаве. Дэмідовічам-Дэмідэцкім апекаваўся прэзыдэнт Польшчы Берут, якога той разам з В. Іваноўскім перахоўваў у Менску пад час нямецкай акупацыі. Пасьля сьмерці Берута на Крыме Дэмідовіч-Дэмідэцкі быў арыштаваны савецкімі ўладамі і пазьней расстраляны ў Маскве.

Сябра БЦР Калядка добраахвотна паехаў у СССР у 1945 годзе і па ім загінуў усялякі сьлед.

Прэзыдэнт БЦР, як і іншыя сябры, якія засталіся ў Заходняй Эўропе пад уладай заходніх аліянтаў, ператрывалі часы паляваньня савецкай агэнтуры і праводзілі беларускую нацыянальную працу.

На працягу другой сусьветнай вайны беларускаму народу, беларускай культуры і гаспадарцы былі зробленыя вялічэзныя шкоды. На абшары БССР было зьнішчана 627 вёсак разам з насельніцтвам; 4258 вёсак разам з часткай іх насельніцтва; 209 гарадоў і раённых местачак было спалена і разбурана ў вялікай іх частцы, як Менск, Віцебск, Орша, Ліда, Гомель, Магілеў, Рагачоў, Жлобін, Быхаў, Полацк, Слуцк. Многія раёны былі амаль цалкам выпаленыя, як Суражскі, Мехаўскі, Дубровенскі, Лельчыцкі, Расонскі, Асвейскі, Бягомельскі, Плешчаніцкі і іншыя.

Адступаючыя ў 1941 годзе савецкія войскі забіралі з Беларусі ўсё: абсталяваньне прадпрыемстваў, запасы сыравіны, харчоў, жывёлу і працаздольных людзей, і палілі ўсё, чаго не маглі забраць з сабой, пакідаючы немцам спаленую зямлю.

У першым часе акупацыі на Беларусі было спакойна. Немцы не палілі вёсак і не мардавалі беларускага насельніцтва, а забіралі патрэбныя ім падаткі ў натуры і сыравіну. Жыдоўскае насельніцтва было адразу трактаванае ў нялюдзкі спосаб.

Арганізаваная ўрадам СССР дывэрсыйная і партызанская акцыя на Беларусі вынішчала беларускае нацыянальна сьведамае насельніцтва і правакавала немцаў да змаганьня з партызанамі і мардаваньня мяйсцовага насельніцтва. Такім чынам, адказнасьць за вялікія вынішчэньні беларускага насельніцтва і яго гаспадаркі ляжыць на маскоўскім урадзе, які трактаваў Беларусь як варожы край. Маскоўскі ўрад вынішчаў беларусаў сваімі рукамі і рукамі немцаў. Агулам у пару нямецкай акупацыі ў БССР было зьнішчана амаль паўтара мільёна мірнага насельніцтва. Да гэтага трэба дадаць каля 250 000 беларускіх жыдоў, якіх немцы вымардавалі згодна сваёй расавай тэорыі.

Па акупацыі Беларусі ў 1944 годзе вынішчаньне беларускага насельніцтва працягвалася далей. Савецкія ўлады адразу змабілізавалі ўсё мужчынскае насельніцтва ў вайсковазабавязаным веку. З іх арганізавалася «апалчэньне», дрэнна ўзброенае І не абвучанае да вайны, якое адразу высылалася на першую лінію фронту. Гэта была адна з укрытых формаў вынішчаньня няпэўнага беларускага насельніцтва пад час вайны.

Наступна на Беларусь быў прысланы Сьмерш (тэрарыстычная арганізацыя пад назовам «Сьмерць Шпіёнам»), які прасеяў усё ацалелае насельніцтва Беларусі. Сьмерш арыштоўваў і вынішчаў рэшткі ўяўных ворагаў савецкай улады Замест нямецкіх шыбеніц па ўсім краю зьявіліся савецкія. Сярод шматлікіх ахвяраў на шыбеніцах згінулі летам 1944 году артыстыя Смаленскага і Менскага тэатраў, працаўнікі адміністрацыі, Самапомачы, настаўнікі, сьвятары і сяляне. У Вялейцы ў канцы 1944 году згінулі на шыбеніцы ў адзін дзень інж. К. Касяк, Л. Сапешка і іншыя працаўнікі адміністрацыі, агулам 23 асобы.

Савецкія вайсковапалонныя з Нямеччыны былі спраўджаныя праз Сьмерш і частка з іх расстраляная, а рэшта высланая ў канцлягеры. Такі лёс спаткаў і шмат каго з беларусаў, вывезеных на працу ў Нямеччыну.

Выдатнейшых беларусаў, схопленых савецкімі ўладамі у Нямеччыне, не стралялі на мейсцы, а вязьлі ў горад іх дзейнасьці і там публічна вешалі ў прысутнасьці сабранага насельніцтва. Так загінуў у Наваградку Павал Якуцэвіч, былы намесьнік БЦР, у Менску так загінуў Іван Жарскі, дацэнт. Менскага Унівэрсытэту, былы працаўнік БНС; у Нясьвіжы — А. Ясюк, камандзір аддзелу БКА.

Сьмерш расшукваў беларусаў, пражываўшых за мяжой шмат гадоў, якія былі грамадзянамі замежных краінаў. Іх арыштоўвалі і вывозілі ў СССР, дзе іх спаткаў розны лёс. Інж. Душ-Душэўскі, былы ўраднік БНР, быў арыштаваны ў Коўні і зьнік. Інж. В. Русак, дзеяч Слуцкага паўстаньня 1920 году, быў арыштаваны ў Празе Чэскай і прапаў. Забэйда-Суміцкі, сьпявак Міланскай опэры, арыштаваны ў Празе Чэскай і высланы ў канцлягеры Сібіру. Д-р А. Гэніюш, былы працаўнік БНС, і яго жонка Л. Гэніюш, паэтэса, арыштаваныя ў Празе Чэскай і высланыя ў канцлягеры Сібіру. Байкоў, выдатны вучоны, і Бакач, навуковы працаўнік, былі арыштаваныя ў Нямеччыне і высланыя ў канцлягеры Сібіру.

Л. Цанава, кіраўнік НКВД у БССР, пісаў у 1951 годзе, што бальшыня беларускіх нацыяналістых, будучы вылаўленымі і выкрытымі, ужо знайшлі магілу, уцалеўшыя таксама ня ўнікнуць заслужанай кары4.

Актыўныя чырвонаармейцы, якія даўжэйшы час былі стацыянаваныя ў краінах Заходняй Эўропы, па дэмабілізацыі высылаліся не да хаты, а у канцлягеры як заражаныя капіталістычнымі парадкамі.

Некаторае ўяўленьне аб вынішчэньні насельніцтва БССР за гэтыя часы паказваюць наступныя дадзеныя. У верасьні 1939 году насельніцтва БССР станавіла прыблізна 10,5 мільёна. Дваццаць гадоў пазьней, паводля перапісу насельніцтва, у БССР было толькі 8 054 600 чалавек. Апошнюю лічбу яшчэ трэба зьменшыць на вялікую колькасьць расейцаў, прысланых у БССР зараз па другой сусьветнай вайне. Можна прыпушчаць, што падобная прапорцыя вынішчэньня насельніцтва была і на беларускіх абшарах Смаленшчыны, Браншчыны і Вялікіх Лукаў, далучаных да Расейскай СФСР.

XXXVIII Узнаўленьне БССР маскоўскім урадам.— БССР — сябра ААН.— Русыфікацыя Беларусі і эксплёатацыя яе для імпэрскіх мэтаў Савецкай Расеі.

Па сканчэньні другой сусьветнай вайны СССР стаўся вялікім пераможцам. У Сярэдняй Эўропе савецкія арміі занялі Польшчу, Чэхаславакію. Мадзяршчыну, Румынію, Баўгарыю і частку ўсходняй Нямеччыны. Усходнюю Прусыю Савецкі ўрад падзяліў на дзьве часткі, далучаючы паўдзённую да Польшчы, а з паўночнай стварыў Калінінградзкую акругу, далучаную да РСФСР. Беларусь з прыгранічнай краіны СССР стала нутранай краінай.

Маскоўскі ўрад аднавіў БССР у перадваенных межах, адступаючы Польшчы Беласток з беларускімі паветамі. Па-ранейшаму этнаграфічныя беларускія акругі з гарадамі Смаленск, Рослаўль, Бранск, Клінцы, Вялікія Лукі іншыя былі далучаныя да Расейскай СФСР. Дзьвінск беларускімі воласьцямі быў далучаны да Латвійскай ССР. Вільня з беларускімі паветамі была далучаная да Летувіскай ССР. Абшар БССР быў падзелены на 7 акругаў: Гарадзенскую, Берасьцейскую, Гомельскую, Менскую, Маладэчанскую, Магілеўскую і Віцебскую.

На канфэрэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 году было адхіленае жаданьне Сталіна, каб усе 16 савецкіх саюзных рэспублік прыняць сябрамі творанай міжнароднай Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, а прынята сябрамі-закладчыкамі дьзве: БССР і УССР як «сувэрэнныя» дзяржавы, найбольш пацярпелыя ад нямецкай напасьці. Сталін хацеў мець больш галасоў у ААН, каб уплываць на вырашаньне міжнародных спраў праз гэтую ўстанову. Як правіла, на сэсыі ААН ад БССР высылаліся дэлегатамі расейцы. Да іх дадавалася некалькі беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і артыстых, каб пры патрэбе дэманстраваць для вонкавага сьвету беларускасьць дэлегацыі. На сэсыях ААН у Нью-Йорку савецкія дэлегацыі ад БССР, УССР і СССР памяшчаліся ў будынку СССР. Расейская дэлегацыя СССР кіравала, наглядала і кантралявала дэлегацыі ад БССР і УССР. На працягу ўсіх мінулых гадоў не здаралася, каб дэлегацыі БССР і УССР зрабілі адхіленьні ад становішча СССР на форуме ААН. Толькі настаўніца Касэнкіна выскачыла праз акно з будынку місыі СССР на волю, дэманструючы на ўвесь сьвет існуючыя там парадкі.

Для дэманстраваньня набліжэньня СССР да стандартаў заходняга сьвету Вярхоўны Савет СССР 15 сакавіка 1946 году прыняў закон аб перамене назоваў Савету Народных Камісараў СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у Саветы Міністраў.

Тэй самай мэце ашукваньня вольнага сьвету служылі зьмены канстытуцыяў СССР, БССР і іншых рэспублік. Зьмененая канстытуцыя БССР у часе ад 23 сьнежня да 11 ліпеня 1947 году прадбачала, што Беларуская ССР мае права свабодна выйсьці са складу Саюзу ССР (арт. 15); што тэрыторыя БССР ня можа быць зьмененая бяз ейнай згоды (арт. 16); што БССР мае свае рэспубліканскія вайсковыя фармацыі (арт. 16 а); што БССР мае права ўваходзіць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы і мець дыплёматычных і кансулярных прадстаўнікоў (арт. 166). Усе гэтыя лібэральныя зьмены канстытуцыяў засталіся толькі на паперы.

Найсьціплейшая спроба рэалізацыі гэтых артыкулаў каралася як цяжкае дзяржаўнае злачынства супроць савецкай улады.

Тэй самай мэце ашукваньня служыла і зьмена дзяржаўнага сьцягу БССР з 25 сьнежня 1951 году — ніжэйшая траціна сьцягу была замененая на зялёны колер ды быў дададзены арнамант з беларускай народнай вышыўкі ўздоўж краю сьцягу каля дрэўца.

Уздым беларускага нацыянальнага духу ў народзе на ўсёй Беларусі пад час нямецкай акупацыі змусіў маскоўскі ўрад прыняць драконскія мерапрыемствы дзеля вынішчэньня патэнцыяльных карэньняў для адраджэньня гэтага нацыяналізму. Скуткоўным сродкам на гэта мела быць сыстэматычная і пасьлядоўчая русыфікацыя Беларусі. Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай Камуністычнай Партыі ў 1946 годзе прыняў пастанову аб адукацыі і пераадукацыі камуністычных і савецкіх кіраўнікоў. Сыстэма партыйных школаў густой сеткай пакрыла Беларусь: адна вышэйшая школа, 177 сярэдніх і 2500 ніжэйшых партыйных школаў неадкладна былі пушчаныя ў працу. Адначасна пачалася чыстка партыйнага апарату. У сярэдзіне 1946 году было звольнена са становішчаў 90% акруговых сакратароў партыі, 96% акруговых і гарадзкіх адміністрацыйных ураднікаў і 82% старшыняў калгасаў. Асабліва моцны быў тэрор у 1947—1948 гадох. Тады партыю ачышчалі ад касмапалітаў і ад уплываў з Заходняй Эўропы. У партыі адсоўвалі ад кіраўніцтва жыдоў і беларусаў, а заступалі іх расейцамі. 7 сакавіка 1947 году былі аддзеленыя становішчы першага сакратара ЦК партыі ад Старшыні Рады Міністраў БССР. Першым сакратаром ЦК партыі быў прызначаны расеец Ніколай Гусаров, а Старшынёй Рады Міністраў — расеец А. Клешчов. Прэзыдэнт Вярхоўнага Савету БССР, ён-жа і віцэ-прэзыдэнт Савету Нацыянальнасьцяў ССР, Мікола Наталевіч, беларус, 18 сакавіка 1948 году быў звольнены з гэтых становішчаў, пазбаўлены ордэну Леніна і тытулу «Героя Савецкага Саюзу». Яго наступнікам быў прызначаны расеец Б. Н Козлов. Да канца 1948 году ўсе беларусы камуністыя былі звольненыя з вышэйшых становішча і замененыя расейцамі. У 1951 годзе ўрад БССР у ліку 33 асоб складаўся з 22 расейцаў, 1 жыда, 1 грузіна і 9 беларусаў. У сакавіку 1952 году міністрам Дзяржаўнай бясьпекі (МГБ) быў прызначаны М. Баскаков, міністрам мэліярацыі А. Макаров, міністрам прамысловасьці будаўнічых матар'ялаў В. Ісідоров; прэзыдэнтам Вярхоўнага Савету БССР I. Болдырев. Усе яны былі расейцамі.

Даваенныя савецкія парадкі на Беларусі былі поўнасьцю адноўленыя. У Заходняй Беларусі са спазьненьнем савецкі ўрад пачаў прымусова ўводзіць калгасы. Сяляне не хацелі ісьці ў іх і рабілі супраціў. Савецкія ўлады жорстка распраўляліся з апорнымі, клеймячы іх «бандытамі», расстрэльваючы і масава дэпартуючы ў канцлягеры Мардовіі і Караганды. Для ўмацаваньня калгасаў у Заходняй Беларусі ў 1950 годзе пры МТС былі створаныя палітаддзелы, якія, стасуючы тэрор, сачылі за ўсёй земляробчай гаспадаркай. У гэтым самым годзе ўва ўсей БССР адбылося ўзбуйненьне 11242 калгасаў у 3852 вялікія аграгарады, што аблягчала дзяржаўнае кіраўніцтва і кантроль, але не павялічвала ўраджаяў з зямлі.

Кіраўніцтва МТС і калгасаў абсаджвалася расейцамі. У 1953 годзе партыйная арганізацыя з Ленінграду накіравала на Беларусь каля 200 інжынераў і тэхнікаў. У ліку трыццацітысячнікаў тры тысячы чалавек партыйнага і савецкага апарату з прадпрыемстваў і ўстановаў згаласілася на працу ў земляробстве. 3 іх было выбрана 930 чалавек старшынямі калгасаў. У 1953—1954 гадох у калгасы Беларусі было накіравана 5720 аграномаў I заатэхнікаў. Для кантролю і інтэнсіфікацыі прыгону ўсяго беларускага сялянства былі ўзмоцненыя існуючыя і створаныя новыя партыйныя арганізацыі ў калгасах. Ад 1954 да 1956 году была створана 1421 новая партыйная арганізацыя.

Прамысловасьць Беларусі адбудоўвалася не з пункту гледжаньня мяйсцовых рэсурсаў і патрэбаў, а будавалася цяжкая прамысловасьць згодна імпэрыяльным плянам маскоўскага ўраду. Беларусь знаходзілася ў глыбокім тыле заходніх межаў, абсаджаных савецкімі арміямі. Для эвэнтуальных апэрацыяў савецкіх арміяў у Заходняй Эўропе патрэбныя былі прадпрыемствы па рамонце цяжкай зброі ў блізкім тыле. Таму былі збудаваныя вялікія аўтамабільны і трактарны заводы ў Менску, якія можна было пераставіць на патрэбы прадукцыі цяжкай зброі. Менскі матацыклавы і вэласіпэдны заводы маюць такі-ж самы характар. Станкабудаўнічыя заводы імя Варашылава і імя Кірава ў Менску, як і заводы ў Гомелі, Віцебску і Оршы, маюць тое-ж прызначэньне. Заводы будовы кранаў, электраматораў і падшыпнікаў у Менску ды шмат іншых належаць да тэй самай катэгорыі. Уся сыравіна для гэтай машынавай прамысловасьці прывозіцца з далёку з Расеі, а прадукцыя высылаецца па ўсім сьвеце згодна загадам з Масквы.

Патрэбы беларускага насельніцтва стаяць на далёкім канцы ў маскоўскіх плянаваньнях. Больш за дзесяць гадоў па сканчэньні вайны масы беларускага насельніцтва галадалі і недаядалі ды жылі ў зямлянках. Маскоўскім урадам пяршынство аддавалася захопніцкай акцыі СССР у Іране, дывэрсыі ў Грэцыі, блёкадзе Заходняга Бэрліну, падпарадкаваньні сабе Югаславіі і Кітаю ды ўтрымваньні свайго панаваньня ў захопленых краінах Сярэдняй Эўропы.

Ад першай паловы 1946 году ў БССР прысылалася дапамога харчамі з УНРРА для шпіталяў і дзіцячых дамоў. Амэрыканскі Чырвоны Крыж прыслаў для многіх шпіталяў харчы і розную бялізну. Аднак гэта дапамога больш служыла савецкай экспансыі, чым уцісканаму беларускаму народу.

Гісторыя БССР была ізноў перапрацаваная па загадзе з Масквы. Цяпер быў паложаны націск на выдуманы факт, што беларускі народ заўсёды імкнуўся да аб'яднаньня з расейскім народам у аднэй славянскай сямьі, дзе глёрыфікавалася кіруючая роля расейцаў. Залаты век беларускай культуры ў XVI стагодзьдзі прадстаўляўся як выдумка рэакцыйных беларускіх нацыяналістых і павінен быў быць адкінуты.Мастацкая літаратура ўціскалася ў казённыя рамы нацыянальнай па форме, а савецка-расейскай па духу. Савецка-расейская тэматыка датычна айчыннай вайны і перамогі мела быць дамінуючай. Працы беларускіх пісьменьнікаў з 1945—1948 гадоў, прысьвечаныя беларускім пісьменьнікам народнікам, як Баршчэўскі, Чачот, Рыпінскі, Ельскі, Гарун і іншыя, крытыкаваліся савецкімі публіцыстымі за беларускі характар гэтых пісьменьнікаў, адцягваючы беларусаў ад супольнага з расейцамі рэвалюцыйнага руху. Працы, прысьвечаныя В. Дуніну-Марцінкевічу, М. Багдановічу і іншым, крытыкаваліся савецкімі публіцыстымі як нацыяналістычны ўхіл. У дадатку, беларускія пісьменьнікі гэтага часу абміналі сувязь беларускай літаратуры з расейскай дэмакратычнай літаратурай.

Гэтая крытыка і скаваньне расейцамі беларусаў мелі на мэце зьнішчыць самастойныя асновы беларускай гісторыі і літаратуры і паставіць іх у становішча, падпарадкаванае расейскай гісторыі і літаратуры.

Расейская мова зьяўлялася ўрадавай мовай у БССР. Навучаньне ў вышэйшых, сярэдніх і ніжэйшых школах адбывалася на расейскай мове. Толькі частка калгасных школаў ужывала беларускую мову навучаньня. Усе навуковыя і дасьледчыя ўстановы ўжывалі расейскую мову. Кнігі, газэты і часапісы ў БССР выдаваліся на расейскай мове. Толькі дробная частка газэт, часапісаў і мастацкай літаратуры выдаваліся малымі тыражамі на беларускай мове. Але і гэта зрусыфікаваная беларуская мова русыфікавалася далей па загадзе з Масквы. Вучоныя і пісьменьнікі мелі ўказаньне браць словы з расейскай мовы, для якіх не было адпаведніка ў сваёй мове. З РСФСР прывозілася мноства кнігаў, газэт і часапісаў на расейскай мове, уключаючы школьныя падручнікі. Па гарадох БССР людзі асьцярагаліся гутарыць пабеларуску, каб не стаць падазронымі ў «буржуазным нацыяналізме».

Мноства расейцаў, прысыланых ў БССР на працу і пастаяннае жыцьцё, прыдавалі ўсяму краю расейскі характар. Яны займалі кіруючыя становішчы, арганізоўвалі ўсюды гурткі расейскай фольклёрнай самадзейнасьці і рэпрэзэнтавалі насельніцтва Беларусі перад наведваючымі чужынцамі як расейскае. Улады Савецкай Расеі вынішчылі пануючыя грамадзкія станы, якія былі да бальшавіцкай рэвалюцыі. Цяпер пануючы грамадзкі стан на Беларусі становяць расейцы, якія зьяўляюцца ўпрывілеяванай кіруючай элітай краю. Працоўны беларускі народ зьяўляецца падпарадкаванай, выканаўчай і прыгнятанай часткай насельніцтва Беларусі.

Іншых нацыянальнасьцяў, як палякоў, жыдоў, татараў і інш., ёсьць вельмі мала і яны дзеляць долю беларусаў.

Усё новае будаўніцтва гарадоў на Беларусі адбывалася ў характары савецкай расейскай архітэктуры, што надавала гарадам Беларусі расейскі выгляд. Архітэктурныя помнікі арыгінальнага беларускага характару зьнішчаліся праз увесь час савецкага панаваньня. Ужо па другой сусьветнай вайне былі зруйнаваныя ў сталічным Менску на пляцы Волі старажытная вежа сярэднявяковай ратушы гораду, былі зрэзаныя высокія вежы рыма-каталіцкай катэдры, а з фронту дабудавана псэўдаклясычная калёнада, каб засланіць скалечаную катэдру, якая стаяла побач ратушы. Савецкія новабудоўлі надаюць пляцу Волі расейскі характар.

Адбудова Менска і ўсіх іншых гарадоў Беларусі, моцна зруйнаваных вайной, плянавалася і праектавалася ў характары агульнасавецкай архітэктуры ў Маскве і Ленінградзе. Такім чынам, архітэктура служыла русыфікацыйнай палітыцы маскоўскага ўраду.

Назовы вуліцаў, пляцаў, паркаў, школаў, навуковых устаноў, прадпрыемстваў і г. над. напісаныя ў расейскай мове і прысьвечаныя расейскім царскім і савецкім дзеячам палітыкі і культуры. Вельмі рэдка можна было спаткаць беларускае імя, і то на глухой вуліцы.

Маскоўскі ўрад у вялікіх памерах выкарыстоўваў беларускае насельніцтва пры апрацоўцы новых цалінных земляў у далёкім Казахстане. У 1954 годзе, на самым пачатку асваеньня цаліны, іуды было выслана звыш 4500 моладзі з Беларусі, а ў 1955 годзе — звыш 16000 чалавек. Беларусы былі аднымі з першых пры арганізацыі новых 25 саўгасаў Казахстану. У наступным годзе на цаліну было выслана з БССР 30 000 моладзі. Тады-ж з БССР было выслана звыш 20 000 моладзі на цаліну для збору ўраджаю.

Беларуская моладзь, якая заканчвала вышэйшыя навучальныя ўстановы ў БССР, як правша, высылалася на практыку і на працу ў іншыя савецкія рэспублікі: у Казахстан, Эстонію, Лацьвію і іншыя. Там гэтых прафэсыяналаў расейскія ўраднікі трактавалі як расейцаў, давалі ім лепшыя ўмовы і яны заставаліся там на пастаяннае жьщьцё як русыфікацыйны дзейнік. Мяйсцовую маладую інтэлігэнцыю з гэтых краінаў высылалі ў іншыя савецкія рэспублікі. Такім чынам маскоўскі ўрад аслабляў мяйсцовы нацыянальны патэнцыял і русыфікаваў нерасейскія краі.

XXXIX Беларускія бежанцы ў Нямеччыне.— Падзел эмігрантаў на беларусаў і «крывічоў».— Нутраное змаганьне паміж палітычнымі напрамкамі эмігрантаў.

Міжнародная Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў стварыла ў 1943 годзе адмысловую агэнцыю для матар'яльнай дапамогі (УНРРА)*, якая займалася рэпатрыяцыяй і рассяленьнем бежанцаў і перамешчаных асобаў (ДП) з часоў мінулай вайны ды дапамагала краінам, пацярпеўшым ад вайны. Пераможаная Нямеччына была падзеленая на акупацыйныя зоны, якія займалі ЗША, Англія, Францыя і СССР. Бэрлін знаходзіўся ў сярэдзіне савецкай зоны, але быў таксама падзелены на чатыры акупацыйныя зоны паміж гэтымі-ж дзяржавамі. У савецкай зоне Сьмерш хутка палагодзіў справу бежанцаў, частку ліквідуючы, а бальшыню высылаючы ў канцлягеры СССР. У зонах заходніх аліянтаў УНРРА арганізавала лягеры для бежанцаў, з харчаваньнем, памяшканьнямі для жыцьця, дапамогай вопраткай і лекарскай апекай. У гэтыя лягеры прыбывалі савецкія рэпатрыяцыйныя місыі з палітрукоў і разам з ураднікамі УНРРА абвяшчалі, каб усе савецкія грамадзяне варочаліся ў СССР. Было мноства выпадкаў, калі бежанцаў супроць іх волі гвалтам забіралі і адвозілі ў савецкія лягеры.

Аднак хутка адносіны паміж урадам СССР і заходнімі аліянтамі сапсаваліся. Утрыманьне савецкай акупацыі краінаў Сярэдняй Эўропы і гвалты прымусовай рэпатрыяцыі савецкімі місыямі зрабілі немагчымым далейшае супрацоўніцтва заходніх аліянтаў з імі ў арганізацыі УНРРА. Таму заходнія аліянты заснавалі новую Міжнародную Арганізацыю для Бежанцаў (ІРО)**, у якой ня было савецкіх прадстаўнікоў. Гэта арганізацыя ў 1947 годзе заступіла УНРРА, якая спыніла сваю дзейнасьць. Ад гэтага часу спыніліся наведваньні лягероў савецкімі місыямі і прымусовая рэпатрыяцыя.

Лягеры ІРО арганізаваліся па нацыянальным прынцыпе, а шматнацыянальныя лягеры складаліся з нацыянальных частак.

У Амэрыканскай зоне беларускі лягер быў арганізаваны ўлетку 1945 году ў Гангтофэрзідлюне каля Рэгэнсбургу як частка шматнацыянальнага лягеру. Пазьней ён быў перавезены ў Міхэльсдорф каля Каму. Беларускі мітрапаліт, япіскапы і некалькі сьвятароў з семьямі ды дапаможны пэрсанал атрымалі лягер ІРО ў Тырогайме, як і частку балтыцкага і жыдоўскага лягеру ў Марктрэдвіцы. Пазьней беларускі лягер быў арганізаваны ў Майнлёзе. Беларускія лягеры павялічваліся, бо да іх перасяляліся беларусы з іншанацыянальных лягероў. Засноўваліся новыя беларускія лягеры пры масавым выдзяленьні беларусаў з іншанацыянальных лягероў. Некаторыя беларускія лягеры дзяліліся на грунце за кіраўніцтва лягерам паміж прыхільнікамі БЦР і прыхільнікамі «крывіцкай» БНР. Такім чынам паўстаў лягер у Віндзішбэргэрдорфе. Наступна зарганізаваўся лягер ў Остэргофэне. У Розэнгайме пазьней быў таксама створаны беларускі лягер з перавезеных лягероў з Віндзішбэргэрдорфу і Остэргофэну.

Сярод лягероў Амэрыканскай зоны, кіраваных прыхільнікамі БЦР, найбольшую ролю адыгрываў лягер у Міхэльсдорфе. Тут была праваслаўная царква, гімназія, курсы машынапісу, курсы для шафёраў і інш. У грамадзкай залі ладзіліся выступленьні хору, танцавальных гурткоў, ставіліся пьесы і адбываліся грамадзкія зьезды. Тут выдавалася друкам газэта «Беларускае Слова», і рататарам часапіс «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі», як і зборнікі паэзіі. Тут арганізавалася Сялянска-Работніцкая Партыя Вызваленьня Беларусі. Моладзь была ахоплена аддзелам беларускіх скаўтаў, якія прымалі ўдзел у зьлётах скаўтаў ДП розных нацыянальнасьцяў.

Сярод лягероў, кіраваных прыхільнікамі «крывіцкай» БНР, найбольшую ролю мелі лягеры ў Остэргофэне і Віндзішбэргэрдорфе, дзе знаходзілася кіраўніцтва «крывічоў», якое дзеіла ўва ўсіх зонах заходняй Нямеччыны. Тут выдавалася газэта «Бацькаўшчына», часапіс «Сакавік» і інш. Былі арганізаваныя цэрквы, школы, гурткі культурнай самадзейнасьці, скаўцкія аддзелы, чыталіся лекцыі па беларусазнаўстве.

З поступам эміграцыі ў заакіянскія краіны лягеры кансалідаваліся і зачыняліся. Так, бежанцы з Міхэльсдорфу і Майнлёйзу былі перавезеныя ў лягер у Бакнангу.У Ангельскай зоне зараз па сканчэньні вайны ў 1945 годзе пачаў дзейнасьць Беларускі Нацыянальны Камітэт, заснаваны інж. А. Шкутко. Гэты камітэт адчыніў Беларускае Бюро ў Браўншвэйгу, якое апекавалася беларусамі, забясьпячаючы іх харчовымі карткамі, дапамагаючы памяшканьнямі; бюро ўтрымлівала лучнасьць з ангельскім камандантам гораду і з нямецкім магістратам. Гэта бюро старалася арганізаваць асобныя лягеры УНРРА для беларусаў. У пляне гэтых стараньняў надзвычайную ініцыятыву і дзейнасьць праявіў С. Коўш. Ён дабіўся ад УНРРА прызначэньня баракаў у Ватэнштэце для беларускага лягеру і сабраў туды беларусаў з іншанацыянальных лягероў. Гэты лягер разгарнуў шырокую працу ўва ўсіх галінах беларускага нацыянальнага жыцьця. Тут была пабудаваная праваслаўная царква, народны дом для грамадзкіх імпрэзаў, была адчыненая гімназія і заснаваны аддзел скаўтаў. У гэтым лягеры былі друкаваныя на рататары часапісы («Шляхам Жыцьця», «Царкоўны Голас»), школьныя падручнікі, мастацкія, культурныя і палітычныя творы, кніжкі для дзяцей, скаўцкія выданьні.

У Ангельскай зоне існавалі беларускія лягеры ў Госьляры і ў Варбэргу. У лягерох ДП іншых нацыянальнасьцяў, як польскіх, расейскіх і ўкраінскіх, пражывала значная колькасьць беларусаў, якія не пераяжджалі ў беларускія лягеры. Большыя беларускія групы былі ў лягерох ІРО ў Браўншвэйгу, Ганновэры, Білефэльдзе і іншых, дзе яны ўтрымлівалі свой асобны беларускі характар. У Францускай зоне ня было асобных беларускіх лягероў для перамешчаных асобаў. Беларусы пражывалі там пераважна ў польскіх лягерох як былыя польскія грамадзяне. У адным з такіх лягероў камандантам быў Э. Ясюк, які дапамагаў беларусам уладзіцца ў кіраваным ім лягеры. Калі палякі даведаліся, што Ясюк зьяўляецца беларускім дзеячом, то ён мусіў уцякаць і ратавацца ў Амэрыканскай зоне.

Па сканчэньні вайны прызнаньне заходнімі аліянтамі лёнданскага польскага ўраду ў эміграцыі было спынена адначасна з прызнаньнем польскага Ураду Нацыянальнага Адзінства. Гэты апошні ўрад быў сфармаваны Сталиным у Маскве 17—24 чэрвеня 1945 году з палякоў камуністых, куды Чэрчыль далучыў Мікалайчыка з некалькімі яго прыхільнікамі з Лёндану, спадзяючыся на магчымасьць адбудовы незалежнай Польскай дзяржавы. Аднак маскоўскі ўрад разбудоўваў у Польшчы камуністычнае і прасавецкае панаваньне і ў 1948 годзе Мікалайчык мусіў патаемна ўцякаць з Польшчы. Польскі эміграцыйны ўрад, вайсковае камандаваньне і новая польская эміграцыя спадзяваліся на адбудову незалежнай Польскай дзяржавы і на вяртаньне туды ў хуткім часе. Такія спадзяваньні меў шмат хто ў заходнім сьвеце, як ватыканскія дзейнікі. Такую надзею мелі і беларусы, пераважна рыма-каталікі. Магчыма, што такія мяркаваньні былі спушчаныя беларускім каталіцкім кіраўнікам з Ватыкану, які ў гэтым часе актывізаваў сваю вуніяцкую дзейнасьць сярод беларускіх эмігрантаў. Цяпер гэта частка эміграцыі распачала энэргічную дзейнасьць з намерам узяць кіраўніцтва ўсёй беларускай нацыянальнай справай на эміграцыі ў свае рукі. На чало гэтай групы высунуўся Мікалай Абрамчык. У 1945 годзе ў Празе Чэскай ён атрымаў ад Ларысы Гэніюш пісьмовае паўнамоцтва на захоўваньне спадчыны Рады БНР, якое яна атрымала ад свайго сваяка, Васіля Захаркі, перад яго сьмерцяй у 1943 годзе. Л. Гэніюш са сваім мужам ня мелі намеру ўцякаць на захад перад наступленьнем савецкіх арміяў, I таму яна перадала паўнамоцтва М. Абрамчыку. Ад гэтага часу М. Абрамчык пачаў прадстаўляць сябе за прэзыдэнта БНР на чужыне. Ён наведаў Ватыкан, перайшоў з праваслаўя ў вунію і ўвайшоў у зносіны з польскім урадам у Лёндане. Разам са сваімі прыхільнікамі Л. Рыдлеўскім і В. Шыманцом Абрамчык пачаў выдаваць у Парыжы газэту на беларускай мове «Беларускія Навіны», якая пашыралася ў лягерох ІРО ў Нямеччыне і сярод беларусаў у Англіі ды ў іншых краінах. Абрамчык часта наведваў лягеры ІРО ў Нямеччыне, стараючыся апанаваць сваімі людзьмі іх кіраўніцтва. Абрамчык і яго прыхільнікі на пачатку дзеілі кансьпірацыйна. Яны зрабілі захад для ліквідацыі БЦР, каб мець у сваіх руках беларускую дзяржаўную рэпрэзэнтацыю. Група сяброў БЦР (С. Станкевіч, Ф. Кушэль, А. Калубовіч, С. Кандыбовіч і іншыя) дамагліся ад прэзыдэнта БЦР P. Астроўскага скліканьня паседжаньня сяброў БЦР у канцы 1945 году. На гэтае паседжаньне прыбылі сукрытыя прыхільнікі Абрамчыка. Нічога не падазраючы, Астроўскі згадзіўся з прапановай паўстрымаць дзейнасьць БЦР, а стварыць для кіраўніцтва беларускімі справамі ў зьмененых абставінах нацыянальныя беларускія грамадзкія арганізацыі. Беларускі Нацыянальны Камітэт, выбраны на зьезьдзе беларусаў у Рэгэнсбургу ў 1945 годзе, гэта група адразу захапіла ў свае рукі, выбіраючы сваіх людзей. На першым паседжаньні гэтага камітэту яны распачалі безпадстаўна чарніць сяброў камітэту не свайго напрамку, жадаючы выключэньня іх са складу камітэту.

Па нейтралізацыі БЦР і Астроўскага група разгарнула акцыю дыскрэдытацыі ўсёй беларускай нацыянальнай дзейнасьці і барацьбы пад час другой сусьветнай вайны супроць савецкай і польскай дывэрсыі на Беларусі. Ачоліваючыя дзейнасьць гэтага часу асобы, як Ермачэнка, Астроўскі і іншыя дзеячы праваслаўнага веравызнаньня, чарніліся як ворагі беларускага народу. А каталікі, як В. Іваноўскі, Ф. Кушэль і іншыя, прадстаўляліся нацыянальнымі гэроямі. У гэтым асяродзьдзі зьявілася жаданьне і прапановы неадкладна зьмяніць назоў народу з беларусаў на крывічоў, што выклікала называньне гэтай групы «крывічамі».

Ватыканская дзейнасьць сярод беларусаў праводзілася сугучна з палітычнай акцыяй «крывічоў». У мяйсцовасьцях, дзе пражывалі беларускія бежанцы, былі прызначаныя вуніяцкія духаўнікі, зьвязаныя з «крывічамі»: ў Францыі кс. Л. Гарошка, у Нямеччыне кс. В. Macкалік, у Англіі кс. Ч. Сіповіч і ў Італіі кс. П. Татарыновіч. Апостальскі візытатар і адміністратар вуніяцкай царквы ў Нямеччыне а. М. Воякоўскі ськіраваў да беларусаў адмысловае пасланьне, заклікаючы іх запісвацца ў вуніяцкіх духаўнікоў. Вялікая бальшыня беларускіх бежанцаў былі праваслаўнымі, толькі невялікая частка былі рыма-каталікамі, а вуніятаў зусім ня было.

У паразуменьні «крывіцкага» кіраўніцтва з ватыканскімі дзейнікамі была арганізаваная дапамога беларусам, каталікам і праваслаўным пры студыях у рыма-каталіцкім унівэрсытэце ў Лювэне, Бэльгіі ў 1948 годзе. Там быў арганізаваны інтэрнат для беларускіх студэнтаў і прызначаліся стыпэндыі. Прыйманьне і кіраўніцтва студэнтамі было даручана Б. Рагулі, які стаў актывістам «крывічоў». Бэльгійскі духаўнік Пэр Робэрт, апякун над гэтай акцыяй, поўнасьцяй падтрымліваў усю дзейнасьць Рагулі. Прынятыя студэнты мусілі ўкладвацца ў «крывіцкі» напрамак.

Праваслаўны беларускі япіскапат у тайніцы ад беларускага грамадзтва рабіў стараньні аб уваходзе ў склад Расейскай Зарубежнай Царквы ў Нямеччыне. Калі аб гэтым стала агульна ведама, то Беларускі Царкоўны Камітэт у Рэгэнсбургу з прот. М. Лапіцкім на чале склікаў царкоўны зьезд з прадстаўнікоў ад япіскапаў. духавенства і вернікаў з трох зонаў Нямеччыны. Зьезд адбыўся ў Рэгэнсбургу 5 траўня 1946 году. Па дыскусыях была прынятая пастанова аб захаваньні арганізацыйнай самастойнасьці Беларускай Праваслаўнай Царквы і не ўваходзе беларускіх япіскапаў у склад Расейскай Зарубежнай Царквы. Аднак япіскапы поўнасьцю зігнаравалі пастановы зьезду і ўвайшлі ў склад Расейскай Зарубежнай Царквы. Беларускія япіскапы атрымалі становішчы вікарных япіскапаў у розных гарадох Нямеччыны і адзін з іх увайшоў у склад Сыноду Расейскай Зарубежнай Царквы. Пасьля гэтага «крывічы» распачалі дыскрэдытацыю беларускіх япіскапаў, паніжаючы ня толькі іх, але і праваслаўе. Нарэшце 5 чэрвеня 1948 году яны склікалі падсабор у Канстанцы. Па папярэднім узгадненьні Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква дэлегавала на падсабор свайго япіскапа Сяргея Охотенко, які аказаўся некананічным, які і кіраваў падсаборам. Падсабор пастанавіў стварыць Праваслаўную Аўтакефальную Беларускую Царкву, галавой якой ён абвесьціў яп. Охотенко. Ад гэтага часу сярод праваслаўных беларусаў на эміграцыі паўстаў падзел Беларускай Праваслаўнай Царквы на кананічную і некананічную. Можна прыпушчаць, што «крывіцкім» кіраўнікам хацелася, сьпіхаючы Правзслаўную Беларускую Царкву з кананічнага на некананічны стан, ня толькі панізіць яе, але і зрабіць больш падатнай для прыняцьця вуніі. У канцы 1948 году ў сан беларускага япіскапа быў пастаўлены ўкраінскімі некананічнымі япіскапамі Уладзімір Тамашчык, які ня меў ніякай багаслоўнай асьветы.

Пераканаўшыся аб шкоднасьці дзейнасьці «крывічоў», беларускі актыў зьвярнуўся да прэзыдэнта БЦР Астроўскага з прапановай узнавіць дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады як агульнай беларускай дзяржаўнай рэпрэзэнтацыі. Прэзыдэнт згадзіўся і склікаў чарговы пленум БЦР у лягеры IPO ў Эльвангэне ў 1947 годзё. Пленум апрабаваў узнаўленьне дзейнасьці БЦР, абраў сталы прэзыдыюм і апрабаваў склад калегіі БЦР. Дзейнасьць Абрамчыка і «крывічоў» была прызнаная за шкодную, разьбіваючую беларускае нацыянальнае адзінства, якое існавала ад 1939 году.

На зьезьдзе беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у Рэгэнсбургу было абранае Беларускае Цэнтральнае Прадстаўніцтва, старшынёй якога быў абраны інж. А. Русак.

Абодва бакі арганізавалі публікацыі рознага характару, прапагандуючы свае погляды і крытыкуючы другі бок. «Крывічы» выдавалі газэту «Бацькаўшчына» і часапіс «Сакавік». Беларусы выдавалі газэту «Беларускае Слова».

У гэтым пэрыодзе актывізаваліся беларускія палітычныя партыі. Д-р Ян Станкевіч вярбаваў сяброў у «крывіцкую» партыю, Я. Кіпель — у Беларускую Народную Партыю. Беларусы арганізавалі Сялянска-Работніцкую Партыю Вызваленьня Беларусі, вядучымі яе сябрамі былі Р. Астроўскі, Ю. Сабалеўскі, М. Шчорс, А. Русак і іншыя. В. Рагуля ўгрымліваў традыцыю Беларускага Сялянскага Саюзу з краю. Тры апошнія партыі аргані-завалі ў 1948 годзе зьезд, на якім пастанавілі выступаць супольным фронтам у беларускай нацыянальнай справе.

Трэба адзначыць частае разыходжаньне з праўдай пры трактаваньні гістарычных падзеяў на Беларусі праз «крывійкіх» кіраўнікоў гэтай пары. У брашуры «Bielorussie», апрацаванай Л. Рыдлеўскім і В. Шыманцом і выдадзенай на францускай мове ў Парыжы ў 1948 годзе, савецка-расейскія партызаны на Беларусі ў колькасьці 250 000 чалавек прадстаўляюцца за беларускія. Непраўдзіва падаецца дзейнасьць беларускіх дзеячоў з часоў другой сусьветнай вайны: Ермачэнкі, Астроўскага і кіраваных імі ўстановаў. Але польска-ватыканская агрэсыя на Беларусі на працягу мінулых стагодзьдзяў, іх гвалты над беларускім народам поўнасьцю прамоўчваюцца, нібы іх ніколі ня было.

XL Эміграцыя беларускіх бежанцаў (ДП) з Нямеччыны.— Прыезд беларускіх бежанцаў у ЗША ды іх грамадзкая дзейнасьць.— Захаваньне падзелу беларусаў на прыхільнікаў БЦР і БНР.— Грамадзкая дзейнасьць беларусаў у Канадзе, Аўстраліі, Заходняй Нямеччыне і Англіі.

Пачынаючы ад 1946 году распачалася паступовая эміграцыя бежанцаў з лягероў ІРО ў Нямеччыне ў розныя краіны. Англія, Францыя, Бэльгія, Аргэнтына, Марокко, Аўстралія, Канада і, нарэшце, ў 1949 годзе ЗША пачалі прымаць эмігрантаў на сталае жыцьцё. Беларусы выяжджалі ў розныя краі, але пераважна ў Аўстралію, Канаду і ЗША. У асноўным эміграцыя з Нямеччыны закончылася ў 1951 годзе. Невялікая колькасьць беларусаў засталася жыць у Нямеччыне.

У краінах сталага пасяленьня беларусы былі спачатку расьцярушаныя, бо мусілі ехаць на працу да спонсара. З часам яны гуртаваліся ў паасобных мяйсцовасьцях, дзе тварылі свае грамадзкія і рэлігійныя асяродзьдзі. Аднак значная колькасьць беларусаў засталася расьцярушанай або ўлілася ў чужанацыянальныя асяродзьдзі па рэлігійным прынцыпе: праваслаўныя ўліваліся ў расейскія, а каталікі ў польскія цэрквы і грамадзкія арганізацыі, Яны былі страчаныя для беларускага грамадзкага жыцьця.

Падзел беларусаў на прыхільнікаў БЦР і БНР быў перанесены з Нямеччыны ў краіны сталага пасяленьня. Тут пачалі працаваць дзьве асобныя дзяржаўныя рэпрэзэнтацыі: БЦР і БНР, былі арганізаваныя падвойныя грамадзкія, рэлігійныя, культурныя і выдавецкія арганізацыі і ўстановы.

У ЗША ў 1948 годзе была заснаваная новымі беларускімі эмігрантамі дапамаговая арганізацыя. Яна была выкліканая патрэбай несьці дапамогу беларусам эміграваць з Нямеччыны ў краіны сталага пасяленьня. Новапрыбылыя эмігранты М, Філіповіч, I. Ермачэнка, Б. Кіт, В. Чабатарэвіч і іншыя заснавалі Злучаны Беларуска-Амэрыканскі Дапамаговы Камітэт, для дзейнасьці якога атрымалі чартэр. Цэнтраля камітэту была ў Нью-Йорку, а аддзелы хутка паўсталі ў Саўт-Рывэры, Пассэйку (штат Нью-Джэрсі), а пазьней і ў Галівудзе (штат Каліфорнія). Мэтамі арганізацыі былі: матар'яльная дапамога беларусам у Амэрыцы і ў іншых краінах; дапамога беларусам-бежанцам (ДП) эміграваць з Нямеччыны ў Амэрыку; утрымліваньне ў сваім асяродзьдзі беларускай культуры а й спадчыны; захады перад амэрыканскім урадам у беларускай нацыянальнай справе; утрымліваньне сувязі з іншымі нацыянальнымі прадстаўніцтвамі ў Амэрыцы.

У 1950 годзе, калі ў ЗША масава пачалі прыбываць беларускія эмігранты, тут распачалі працу ўстановы, прывезеныя з Эўропы: БЦР (ачоліваў Ю. Сабалеўскі), Беларускае Нацыянальнае Прадстаўніцтва (ачоліваў А. Русак), Беларуская Праваслаўная Царква (ачоліваў прот. М. Лапіцкі), згуртаваньне беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў «Шыпшына» (ачоліваў Ю. Стукаліч). Д-р М. Шчорс ачоліў Задзіночаны Беларуска -Амэрыканскі Дапамаговы Камітэт.

Царкоўная Управа Беларускай Праваслаўнай Царквы Сьв. Эўфрасіні ў Саўт-Рывэры, мяйсцовы праваслаўны актыў з прот. М. Лапіцкім у 1950 годзе прыйшлі да выснаву аб неабходнасьці ўвайсьці ў юрысдыкцыю Экзарха

Канстантынопальскай Патрыярхіі ў Амэрыцы. Беларускія япіскапы ўвайшлі ў склад Расейскай Зарубежнай Царквы і пакінулі праваслаўных беларусаў іх собскаму лёсу. Архіяйіскап Міхаіл узяў пад сваю апеку Саўт-Рывэрскі прыход і аказваў патрэбную дапамогу. З бегам часу іншыя засноўваныя беларускія праваслаўныя прыходы пайшлі гэтым кананічным шляхам. Праваслаўны прыход сьв. Юрыя ў Чыкаго пасьля цяжкіх спробаў і перажываньняў таксама стаў на гэты шлях. Арганізаваны пазьней, 10 лістапада 1968 году, праваслаўны прыход Сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычмонд Гілл, Нью-Йорк, з часам пабудаваў новую царкву і адразу пайшоў шляхам кананічнай царквы.

У 1969 годзе ў ЗША прыехаў запрошаны з Польшчы ігумэн манастыра ў Яблачыне, іераманах Язэп Строк. Рада Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Саўт-Рывэры распачала стараньні перад арх. Якавам, Экзархам Канстантынопальскага Патрыярха ў Амэрыцы, аб хіратоніі яго ў сан япіскапа для Беларускай Царквы. Неўзабаве арх. Якаў атрымаў паведамленьне ад Канстантынопальскага Патрыярха, што дзьве праваслаўныя цэрквы запратэставалі супроць устанаўленьня асобнага япіскапа для беларускіх цэркваў Амэрыкі. Яны цьвердзілі, што праваслаўныя беларусы Амэрыкі ўжо маюць апеку япіскапаў, падлягаючых Маскоўскай Патрыярхіі. Апрача гэтага, пратэстуючыя цэрквы, Маскоўская Патрыярхія і ўстаноўленая ёй Польская Мітраполія, абвінавачвалі ігумэна Язэпа ў самавольным выезьдзе ў Амэрыку, прысабечаньні манастырскіх грошай ды забаранілі яго ў сьвяшчэннаслужэньні.

Гэтыя абвінавачаньні былі зусім безпадстаўнымі, аднак яны разам з пратэстамі перашкодзілі хіратоніі ігумэна Язэпа ў сан япіскапа для Беларускай Царквы Амэрыкі.

27 і 28 сакавіка 1970 году ў Саўт-Рывэры адбыўся царкоўны зьезд духавенства і вернікаў ад прыходаў: Торонто (Канада); Чыкаго (Ілліноіс); Нью-Йорк; Саўт-Рывер (Нью-Джэрсі). Зьезд прыняў абшырны мэморандум да Сусьветнаіа Патрыярха Афінагора, просячы аб высьвячэньні беларускага япіскапа для кіраўніцтва беларускімі прыходамі ў краінах вольнага сьвету. Пастановай Сыноду ў Канстантынопалі (6 траўня 1971 году, пратакол № 424) Беларуская Праваслаўная Царква атрымала пацьверджаньне аб прыняцьці яе ў духоўную юрысдыкцыю Сусьветнага Канстантынопальскага Патрыярха, як і права на беларускага япіскапа. У 1972 годзе прыход Саўт-Рывэру пабудаваў новую царкву, а наступна царкоўна-грамадзкі будынак, у якім адбываецца масавае жыцьцё прыходу і беларускай грамадзкасьці.

Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Амэрыцы расло, зьяўляліся новыя арганізацыі, як Беларуска-Амэрыканскія Вэтэраны, Арганізацыя Беларуска-Амэрыканскай Моладзі, Арганізацыя Беларускіх Студэнтаў Амэрыкі, Арганізацыя Беларускіх Жанчын, спартовы клюб «Нёман» і іншыя. Паступова зьявілася патрэба скансалідаваць беларускае прадстаўніцтва Амэрыкі ў аднэй арганізацыі для рэпрэзэнтацыі беларускіх арганізацыяў навонкі. Была высуненая прапанова аб агульнаамэрыканскім кангрэсе прадстаўнікоў ад беларускіх арганізацыяў ЗША, які і абраў-бы такое прадстаўніцтва. З гэтай мэтай у жніўні 1950 году была апублікаваная адозва да беларускай арганізаванай грамадзкасьці ў ЗША за подпісамі д-ра М. Шчорса (ад Галоўнай управы ЗБ-АДК); інж. А. Русака (ад Беларускага Цэнтральнага Прадстаўніцтва) і Л. Брылеўскай (ад Згуртаваньня Беларускіх Жанчын у ЗША).

11 лютага 1951 году ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрсі) адбыўся Першы Кангрэс Беларусаў Амэрыкі. Кангрэс прадыскутаваў наяўную сытуацыю, прыняў адпаведныя рэзалюцыі і абраў Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амэрыкі ў складзе: д-р М. Шчорс — старшыня, I. Лабач І Б. Кіт — заступнікі старшыні, I. Хіхлуша — сакратар, М. Філіповіч, С Коўш, інж. А. Русак, М. Сенько, д-р А. Сабалеўская і С. Жамойда — сябры. Аб гэтай пары Беларускі Кангрэсавы Камітэт (БККА) бесперапынна праводзіў сваю дзейнасьць, выбіраны што тры гады. БККА пераняў усю дзейнасьць ЗБ-АДК навонкі, пашырыў яе абсяг, пакідаючы для ЗБ-АДК матар'яльную дапамогу патрабуючым. БККА рабіў захады перад урадам і кангрэсам у Вашынгтоне па беларускай нацыянальнай справе; перад губарнатарамі і мэрамі гарадоў, у якіх пражываюць беларусы; перад ААН у Нью-Йорку; супрацоўнічаў з арганізацыямі іншых паняволеных народаў у вызвольнай дзейнасьці супроць акупацыі іх краінаў праз Савецкую Расею. БККА выдаваў газэту «Беларуская Трыбуна», рэдагаваную д-рам Шчорсам.

Пазьней быў выдаваны часапіс «Беларуская Думка», рэдагаваны А. Даніловічам, а некаторы час М. Кавылём. Выдаўцом часапісу быў ЗБ-АДКамітэт.

Ад 1950 году выходзіць друкам рэлігійны часапіс «Царкоўны Сьветач», рэдагаваны прот. М. Лапіцкім, а пасьля яго сьмерці — прот. С Каўшом.

Беларуская Цэнтральная Рада ў 1956 годзе апублікавала кнігу I. Касяка «З гісторыі Праваслаўнай Царквы беларускага народу».

У 1955 годзе распачаў выдавецкую працу Уладзімір Пелеса. Ён выдаў некалькі зборнікаў вершаў сучасных паэтаў, а сярод іх «Ля ціхай брамы» Масея Сяднёва, «Шорах моўкнасьці» Я. Юхнаўца і іншыя.

Задзіночаны Беларуска-Амэрыканскі Дапамаговы Камітэт таксама выдаваў зборнікі сучасных паэтаў, як «Пад зорамі белымі» (1954), «Цяжкія думы» (1961) Міхася Кавыля і інш, Пры часапісе «Беларуская Думка» былі выдрукаваныя: «Смаленшчына — адвечная зямля беларускага народу» Уладзіміра Глыбіннага (1963), аповесьць «Браты» А. Саковіч (1973) і інш.

Управа Беларускай Праваслаўнай Царквы Сьв. Эўфрасіні ў Саўт-Рывэры ў 1968 годзе апублікавала «Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу» Петры Палягошка.

З друку выходзілі кнігі і высілкам паасобных выдатных дзеячоў, як «На берагох пад сонцам» Уладзіміра Глыбіннага (1964), «Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім за часоў панаваньня Уладыслава Ягайлы» прот. М. Лапіцкага (1978), «Творы» Янкі Золака (1979), «Русалчына Бальляда» (1980) і «Беларускі лягер у Ватэнштэт» (1981) С. Коўша і інш.

Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амэрыкі ў 1958 годзе выдаў брашуру, прысьвечаную 40-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў 1968 годзе ён зрабіў захады перад кангрэсманам Гэнры Гэльстоскі, які апублікаваў адмысловы Кангрэсавы Рэкорд, прысьвечаны 50-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці БНР. Ад 1959 па 1968 г. Беларускі Кангрэсавы Камітэт рабіў стараньні перад кангрэсманамі аб публікацыі адмысловых Кангрэсавых Рэкордаў, прысьвечаных абвешчаньню незалежнасьці БНР, што пераважна і выконвалася.

Каб успраўніць друк беларускіх кніг і прэсы на пачатку 1970-х гадоў ЗБ-АДКамітэт купіў старую друкарню і паставіў яе ў Саўт-Рывэры. Аднак старыя машыны часта псаваліся і дапамога з друкарні была слабая.

У Саўт-Рывэры праводзілася культурна-мастацкая праца ў даволі шырокім абсягу. Тут адразу быў арганізаваны царкоўны, а наступна і сьвецкі хор пад кіраўніцтвам камп. Д. Верасава для выступленьняў навонкі. Жаночы хор «Каліна» пад кіраўніцтвам камп. К. Барысаўца быў арганізаваны для выступленьня на. міжнароднай выстаўцы ў Нью-Йорку ў 1964 г. Гэтыя хоры выступалі на беларускіх і міжнацыянальных імпрэзах у розных гарадох Амэрыкі.

На пачатку 1970-х гадоў у Саўт-Рывэры паўстала Літаратурна-мастацкае і навуковае аб'яднаньне (старшыня А. Даніловіч). Гэтая арганізацыя кожны год ладзіць мастацкія выстаўкі ў Беларускім Грамадзкім Цэнтры ў Саўт-Рывэры. Тут даюцца паказы беларускіх мастакоў, прафэсыяналаў і аматараў, з галінаў маляваньня, скульптуры, графікі, мэталёвых вырабаў, як і этнаграфічных ткацкіх, вышывальскіх, інкрустацыйных і іншых тэхнікаў.

У 1970-х гадох адбываліся беларускія мастацкія этнаграфічныя выстаўкі і эстрадныя выступленьні ў паселішчы Голмдэль (штат Нью-Джэрсі). Ад 1976 году яны былі арганізаваныя беларусамі розных палітычных напрамкаў. Гэтую працу арганізаваў Вітаўт Кіпель.

15 кастрычніка 1962 году была заснаваная беларусамі штатаў Нью-Йорк і Нью-Джэрсі карпарацыя «Рэсорт Бэльэр Менск», якая купіла і ўтрымлівала ў курортным местачку Глен Спэй (штат Нью-Йорк) дачную маемасьць для адпачынку беларусаў. З усёй Амэрыкі і Канады беларусы прыяжджалі сюды адпачываць, моладзь ладзіла спартовыя спаборніцтвы, а старэйшае грамадзтва арганізавала тут грамадзкія зьезды. Карпарацыя Ня вытрымала фінансава і прадала гэтую маемасьць за намінальную цану беларускім праваслаўным прыходам у Саўт-Рывэры і Рычмонд Гілл 30 траўня 1970 году. Ад гэтага фінансавая гаспадарка рэсорту паправілася і ён далей служыць тым самым мэтам.

У 1951 годзе беларусы распачалі арганізацыю ўстановы па фінансавым забяспячэньні. Яны зьвярнуліся да «Украінскага Рабочага Саюзу» з просьбай заснаваць пры ім беларускія аддзелы з тым, што калі беларускія аддзелы будуць у стане існаваць самастойна, каб яны, маглі аддзяліцца са сваімі фінансавымі фондамі. Атрымаўшы вусную згоду, беларусы распачалі арганізацыю аддзелаў у Нью-Йорку, Саўт-Рывзры, Пассэйку і Чыкаго. Аддзелы расьлі досыць пасьпяхова. Тады сябры пачалі дамагацца ад УРС умовы на пісьме. На скліканай канфэрэнцыі беларускіх сяброў старшыня УРС Бацюк асьведчыў, што такой умовы аб аддзяленьні беларускіх аддзелаў з фондамі ён даць ня можа, бо яна не прадбачана іх статутам. Беларукія аддзелы ня могуць выступаць з фондамі, а толькі індывідуальныя сябры і бяз фондаў на асновах, прадбачаных статутам. Такім чынам зьнікла патрэба арганізацыі беларускіх аддзелаў пры УРС, а існуючыя беларускія аддзелы пачалі паволі заміраць.

У 1960 годзе ў ЗША пераехаў на сталае жыцьцё прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі. Ён выдаваў адозвы да беларускай грамадзкасьці, наведваў беларускія асяродзьдзі і праводзіў працу ў абсягу БЦР пад час займаньня гэтага становішча. Памёр ён у 1976 годзе і быў урачыста пахаваны на беларускім могільніку ў Саўт-Рывэры (штат Ныо-Джэрсі).

Эмігранты напрамку «крывічоў», прыехаўшыя ў ЗША, пачалі засноўваць свае арганізацыі і ўстановы. Агульнай арганізацыяй, гуртуючай і рэпрэзэнтуючай беларусаў гэтага напрамку, было арганізаванае ў 1950 годзе Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне з галоўнай гасподай у Нью-Йорку і аддзеламі ў Нью-Брунсьвіку (штат Нью-Джэрсі); Клевэляндзе (штат Огайо); Дэтройце (штат Мічыган). У Нью-Йорку праводзіла працу Крывіцкае (Беларускае) Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны пад кіраўніцтвам д-ра Я. Станкевіча. Гэтае таварыства выдавала непэрыядычны навукова-літаратурны часапіс пад назовам «Веда». «Крывіцкая» група арганізавала выданьне газэты «Беларус» і ладзіла папулярныя лекцыі з беларусаведы ў Нью-Йорку.

Пазьней гэтая група арганізавала Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва са старшынёй д-рам В. Тумашам на чале. Гэты інстытут непэрыядычна выдаваў часапіс навукова-мастацкага зьместу «Запісы». Тут былі выдадзеныя кніга В. Тумаша, прысвечаная Ф. Скарыну, творы Янкі Купалы і паэзія Н. Арсеньневай.

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (некананічная) была перавезеная з Нямеччыны ў Амэрыку. Тут былі арганізаваныя прыходы: у Брукліне (штат Нью-Йорк); у Нью-Брунсьвіку (штат Нью-Джэрсі); у Клевэляндзе (штат Огайо) і ў Дэтройце (штат Мічыган). Галавой гэтай царквы быў яп. Тамашчык, які пераехаў сюды з Нямеччыны. Пазьней быў высьвячаны на япіскапа сьв. Андрэй Крыт, які па сьмерці яп. Тамашчыка быў узьведзены ў сан мітрапаліта.

Абрамчык прызначыў прадстаўнікоў ураду БНР у ЗША, якія дзеілі пад яго кіраўніцтвам.

Характэрна, што кіраўнічыя становішчы ў арганізацыях «крывіцкай» групы займалі беларусы рыма-каталіцкага веравызнаньня, або праваслаўныя, перайшоўшыя ў вунію. Праваслаўныя кіраўнікі адсоўваліся ад становішчаў досыць хутка, як гэта было з А. Калубовічам, К. Мерляком, Л. Галяком і іншымі.

У 1950 годзе камуністычная Паўночная Карэя пры падтрымцы ўраду СССР і камуністычнага Кітаю напала на Паўднёвую Карэю з мэтай заняць яе. Можна было спадзявацца, што гэта пачатак большай камуністычнай экспансыі. ААН выступіла са збройнай контракцыяй. Уплывовыя колы ў ЗША стварылі Амэрыканскі Камітэт Для Вызваленьня ад Бальшавізму, які арганізаваў радыёстанцыю «Вызваленьне» для радыёперадачаў у СССР на мовах розных народаў, уключаючы і беларускую. Нацыянальна-палітычная плятформа гэтага камітэту была накіненая згары арганізатарамі яго ў форме «не прэдрэшаць» цяпер будучыні нерасейскіх народаў СССР, якая мае быць вырашаная будучай канстытуцыйнай асамблеяй СССР па вызваленьні ад бальшавізму. Абрамчык са сваёй групай пагадзіўся на гэтую плятформу і пайшоў на супрацоўніцтва з «непрэдрэшэнскім» камітэтам. Арганізацыі іншых нерасейскіх падсавецкіх народаў, якія пайшлі супрацоўнічаць з «непрэдрэшэнскім» камітэтам, стварылі міжнацыянальную арганізацыю «Парыскі блёк», да якога не належалі паважнейшыя арганізацыі нерасейскіх народаў СССР. Некаторы час старшынёй «Парыскага блёку» быў М. Абрамчык.

У гэты час кангрэс стварыў Адмысловы Камітэт для абсьледваньня камуністычнай агрэсыі, які праводзіўдосьледы аб заваяваньні і камуністычнай палітыцы ўраду СССР адносна нерасейскіх народаў. Д-р М. Шчорс, старшыня БККА, наведаў гэты камітэт, сабраў сьведкаў і падрыхтаваў матар'ялы для гэтага камітэту. Ён атрымаў даручэньне падрыхтаваць гістарычны матар'ял у гэтай справе. Матар'ял ад прэгісторыі да першай сусьветнай вайны напісаў мгр. Л. Галяк; ад першай сусьветнай вайны да пачатку другой сусьветнай вайны — д-р М. Шчорс; за часы другой сусьветнай вайны — інж. I. Касяк. Гэтыматар'ял быў прагледжаны кансультантамі Джоржтаўнскага Унівэрсытэту, як і Адмысловым Камітэтам,і апублікаваны кангрэсам асобнай брашурай над назовам «Захоп камуністымі і акупацыя Беларусі» ў 1955 годзе.

У праграме дзейнасьці БЦР і БВФ (Беларускі Вызвольны Фронт, арганізацыя, заснаваная ў 1955 г. у Нямеччыне. Начальнік Галоўнага Штабу — Д. Касмовіч. Аддзелы БВФ існавалі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, Канадзе і Нямеччыне) з Амэрыкі былі дэлегаваныя прадстаўнікі БВФ для ўдзелу ў канфэрэнцыях ВАКЛу — Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі. На канфэрэнцыі ў Вашынгтоне (ЗША, 1974) прымалі ўдзел інж. I. Касяк і д-р Плескачэўскі; у Рыо-дэ-Жанэйро (Бразылія, 1975) — інж I. Касяк; у Вашынгтоне (ЗША, 1978) — інж. I. Касяк, мгр. А. Касоўская і матушка В. Лапіцкая; у Асунціоне (Парагвай, 1979) — інж. I. Касяк. На канфэрэнцыі ў Рыо-дэ-Жанэйро арганізацыя БВФ была прынятая на звычайнага сябру ВАКЛу і пераклясыфікаваная з папярэдніх у спалучаныя (associated) сябры. Дэлегаты БВФ заўсёды падавалі на канфэрэнцыях свае, загадзя падрыхтаваныя праекты рэзалюцыяў па беларускай справе, як і інфармацыйныя матар'ялы адносна Беларусі, акупаванай Савецкай Расеяй. Беларускія праекты прымаліся камісіямі і пленумам! канфэрэнцыяў разам з іншай дакумэнтацыяй.

У 1970-х гадох у горадзе Гранд Рапідс (штат Мічыган) пачаў выходзіць часапіс «Беларускі Сьвет», рэдактарам і выдаўцом якога зьяўляецца Ніколяс Прускы. Гэты часапіс зьмяшчае пераважна перадрукоўваныя беларускія апавяданьні, вершы, жарты, нарысы ды ілюстрацыі дасавецкай і савецкай пары, дадаючы трохі нованапісанага матар'ялу. Часапіс трымаецца агульнанацыянальнай беларускай праблематыкі, абмінаючы партыйна -груповыя пытаньні.

У верасьні 1973 году ў Эрыё (Пэнсыльванія) адбыўся зьезд беларускіх эвангельскіх баптыстых. На зьезьдзе было пастаноўлена стварыць Беларускае Эвангельска -Баптыстскае Брацтва, на старшыню якога быў выбраны прэсьвіцер Даніла Ясько. Адначасна было пастаноўлена выдаць беларускі рэлігійны сьпеўнік, распачаць беларускія рэлігійныя радыёперадачы на Беларусь і выдаваць бюлетэнь пабеларуску.

Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Канадзе распачалося з прыбыцьцём у гэты край беларускіх эмігрантаў па другой сусьветнай вайне. Гэтыя эмігранты прыяжджалі з лягероў IPO з Нямеччыны і па дэмабілізацыі польскай арміі пад брытанскай камандай, як і Другога корпусу пад камандай генэрала Андэрса з Англіі. У 1948 годзе ў Торонто была заснаваная першая арганізацыя — Згуртаваньне Беларусаў у Канадзе (ЗБК). Заснавальнікамі яе былі К. Акула (Качан), Я. Пітушка, Ц. Салановіч, М. Пашкевіч і іншыя, разам 14 асобаў. Мэтамі арганізацыі былі: дапамога беларусам у Канадзе, інфармаваньне чужынцоў аб Беларусі, прапаганда і дапамога вызваленьню Беларусі з расейскай няволі, падтрымка БНР з М. Абрамчыкам на чале і іншае. З бегам часу колькасьць сяброў арганізацыі расла і дзейнасьць яе разгортвалася. У Торонто існавала цэнтраля ЗБК, а аддзелы паўсталі ў Торонто, Гамільтоне, Судбуры і Монтрэалі. 17—18 траўня 1952 году на зьезьдзе ЗБК адбыўся падзел паводля прыхільнікаў дзяржаўных устаноў БЦР і БНР. Прыхільнікі БЦР заснавалі Беларускае Нацыянальнае Аб'яднаньне ў Канадзе (БНА). Мэты гэтай арганізацыі былі ідэнтычныя да беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у кожным краі.

У 1950 годзе беларусы Вінніпэгу заснавалі Беларускі Нацыянальны Камітэт, старшынёю якога абралі Г. Галожына, сакратаром М. Сільвановіча. У гэтым самым годзе камітэт арганізаваў адзначэньне дня 25 сакавіка як беларускага дзяржаўнага юбілею. Сябры камітэту разгарнулі дзейнасьць у галіне рэпрэзэнтацыі беларускага фольклёру, супрацоўнічаючы з УМСА. У гэтай дзейнасыці вялікім посьпехам карыстаўся таленавіты сьпявак М. Радчанка. У 1955 годзе Беларускі Нацыянальны Камітэт зьмяніў свой назоў на Беларуска-Канадзкае Нацыянальнае Аб'яднаньне.

У студзені 1952 году беларусы Монтрэалю склікалі сход і арганізавалі Згуртаваньне Беларусаў у Монгрэалі з тым, што гэтая арганізацыя не будзе належаць да ніякага беларускага дзяржаўнага прадстаўніцтва, а будзе займацца толькі культурнымі, адукацыйнымі і інфармацыйнымі беларускімі справамі.

У 1950 годзе ў Торонто быў арганізаваны прыход Беларускай Праваслаўнай Царквы імя Сьв. Эўфрасіні Полацкай, настаяцелям якога быў сьв. Міхаіл Мігай.На пачатку службы адбываліся ў залі англіканскай царквы, наступна пры ўкраінскай праваслаўнай царкве,а пазьней прыхажане купілі дом пры вуліцы Куннінггам, які перабудавалі на царкву. У 1952 годзе сход прыхажан пастанавіў сваёй вялікай бальшынёй увайсьці ў юрысдыкцыю Экзарха Канстантынопальскай Патрыярхіі. У канцы гэтага самага году Экзарх прыняў прыход пад сваю апеку. У 1957 годзе быў куплены большы будынак пры Довэркоўрт Роад, які быў дастасаваны для патрэбаў царквы, куды і быў пераведзены прыход. Да прыходу належыць група казакаў і група румынаў.

Пасьля падзелу беларускай грамады на сяброў ЗБК і БНА хутка адбыўся і царкоўны падзел. Сябры ЗБК

(прыхільнікі БНР, званыя «крывічамі») арганізавалі сваю асобную царкву імя Сьв. Кірылы Тураўскага ў юрысдыкцыі яп. Тамашчыка, што было завершана 20 лістапада 1954 году. Настаяцелем тут быў прызначаны сьв. Міхаіл Мацукевіч. Пазьней гэты прыход купіў дом пры Ст. Кларэнс Авэню ў Торонто і перабудаваў яго для царкоўных патрэбаў.

Арганізацыі абодвух напрамкаў, БНА і ЗБК, арганізавалі гурткі самадзейнасьці моладзі, якія вывучалі беларускія народныя танцы, сьпевы і займаліся спортам.

Беларускае Нацыянальнае Аб'яднаньне ў 1954 годзе арганізавала Беларускае Страхавое Таварыства «Пагоня» як аўтаномны аддзел Украінскага Работніцкага Саюзу ў Торонто. Старшынёй таварыства быў абраны Б. Сладкоўскі.

У Вінніпэгу ў 1957 годзе стварылася арганізацыя Беларускі Вызвольны Фронт. На пачатку дзейнасьці яна адзначыла 50-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі.

Беларусы гораду Ошава ў 1961 годзе арганізавалі Беларускую Самапомач. Мэтамі арганізацыі былі маральная і фінансавая дапамога сябрам, забясьпячэньне іх культурных патрэбаў, удзел у беларускіх нацыянальных сьвятах і ў канадзкіх гарадзкіх і краёвых імпрэзах.

У 1966 годзе прыхільнікамі абодвух напрамкаў з мэтай заснаваньня агульнага адпачынковага рэсорту была купленая ферма каля Парры Соунд у Онтарыё, названая «Слуцак». Там быў арганізаваны прыход, які заняла Аўтакефальная Беларуская Праваслаўная Царква. Астаточна собсьнікамі гэтага рэсорту сталіся прыхільнікі аднаго напрамку ЗБК.

У 1967 годзе ў Торонто быў заснаваны Беларускі Выдавецка-Мастацкі Клюб «Пагоня». Мэтамі клюбу былі выдаваньне кніг і іншых публікацыяў аб Беларусі, як і прадукцыя беларускіх музычных і харавых запісаў.

У канцы 1970 году ў Торонто заснавалася Беларуска-Канадзкае Аб'яднаньне Моладзі.

Гэтая арганізацыя пастанавіла быць незалежнай ад абодвух напрамкаў — ЗБК і БНА. Сваёй мэтай яна паставіла захоўваць і культываваць беларускую спадчыну ў Канадзе. Неўзабаве гэтая арганізацыя далучылася да Беларуска-Канадзкага Коордынацыйнага Камітэту.

У 1971 годзе дзень Беларускай Дзяржаўнай Незалежнасьці 25 сакавіка быў адзначаны ў Вінніпэгу разам: Беларускім Вызвольным Фронтам і Беларускім Нацыянальным Аб'яднаньнем. Гэтым разам тут адбылося першы раз беларускае праваслаўнае богаслужэньне.

Канадзкая Рада Этнічных Мастацтваў ад 1972 году пачала арганізаваць у Торонто этнічныя імпрэзы, у праграме якіх беларускія групы арганізавалі ў сваіх залях выстаўкі фольклёрнага мастацтва, нацыянальную кухню і праграмы нацыянальных танцаў, песьняў, музыкі і інш.

У 1972 годзе ў Торонто адбылася Онтарыйская Канфэрэнцыя Этнічнай Спадчыннасьці, у якой прымалі ўдзел беларусы ад некалькіх арганізацыяў напрамку ЗБК і ад газэты «Беларускі Голас».

Ад 1950 году ў Монтрэалі знаходзіцца прадстаўнік БЦР — В. Гуцько. Прыблізна ад таго самага часу ў Торонто знаходзіўся прадстаўнік Рады БНР, а ад 1970 году — Старшыня Рады БНР Вінцук Жук-Грышкевіч.

На пачатку 1967 году ў Торонто заснаваўся Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, які арганізуе лекцыі беларусазнаўства, выстаўкі беларускага народнага мастацтва і інш.

У 1974 годзе ў Канадзе выйшла друкам кніга, падручнік беларускай мовы для англамоўных вучняў — «Асновы беларускай мовы» (Fundamental Byelorussion), апрацаваная В. Пашкевічавай. На друк кнігі была атрыманая датацыя фэдэральнага ўраду ў квоце 15 000 даляраў. У 1978 годзе выйшла другая частка гэтай кнігі.

У 1948 годзе ў Торонто пачала выходзіць месячная газэта «Беларускі Эмігрант», якая ў 1954 годзе спынілася. Выдавец яе, К. Акула, пазьней пачаў выдаваць часапіс беларускіх вайскоўцаў «Зважай» пад фірмай Камітэту Сувязі Былых Беларускіх Вайскоўцаў. Абедзьве гэтыя публікацыі падтрымлівалі БНР і крытыкавалі БЦР, часта адхіляючыся ад фактычнага стану спраў.

Ад 1952 году ў Торонто выходзіць месячная газэта «Беларускі Голас», выдаваная і рэдагаваная С. Хмарам (Сіняк), агульна ведамая з тэндэнцыйнага перакручваньня праўды.

Ад 1960 году ў Канадзе існуе Коордынацыйны Камітэт, які ладзіў супольнае адзначаньне беларускіх нацыянальных юбілеяў праз усе існуючыя беларускія групы. Аднак прыхільнікі «крывіцкай» БНР выкарыстоўвалі гэтыя супольныя імпрэзы для сваёй групы, прамоўчваючы іншых. Таму гэтыя супольныя сьвяткаваньні спыніліся і па 1970 годзе кожная трупа арганізавала іх асобна ў сваім абсягу.

У Аўстралію першы транспарт беларускіх бежанцаў (ДП) прыехаў з Заходняй Нямеччыны 14 траўня 1948 году, наступна прыяжджалі далейшыя транспарты. Агулам да 1952 году ў Аўстралію эмігравалі каля 4000 беларускіх ДП. На пачатку яны наведвалі і ў бальшыні належалі да новаствораных беларускіх арганізацыяў. З бегам часу гэтая лічба малела і ў 1981 годзе да беларускіх арганізацыяў належалі каля 330 асобаў.

У гэтым часе ў Аўстраліі было каля 50 беларусаў з вышэйшай асьветай, здабытай пераважна ў Аўстраліі. Яны працавалі архітэктарамі, лекарамі, інжынерамі, настаўнікамі і юрыстамі. Бальшыня беларусаў працавала работнікамі на фабрыках. 3 часам некаторыя з іх станавіліся кіраўнікамі аддзелаў на прадпрыемствах. Больш ініцыятыўныя здабывалі спэцыяльнасьці мэханікаў, цесьляроў, вадаправодчыкаў, сьлесароў, зваршчыкаў мэталю, бюровых працаўнікоў, агэнтаў па прадажы дамоў, некаторыя сталі фермэрамі.

У некаторых гарадох паасобных правінцыяў былі заснаваныя беларускія арганізацыі. Першая арганізацыя была заснаваная 28 студзеня 1950 году ў Сыднеі пад назовам Беларускае Аб'яднаньне ў Новай Паўдзённай Валіі (БАуНПВ). 7 кастрычніка 1950 г. у Мэльбурне было заснаванае Беларускае Аб'яднаньне ў Вікторыі. Адначасна была прынятая пастанова аб задзіночаньні і супрацоўніцтве з БАуНПВ і выбраньні супольнага кіраўніцтва — Галоўнай управы. Згодна з гэтым БАуНПВ 15 кастрычніка 1950 году пераназвала сябе на Беларускае Аб'яднаньне ў Аўстраліі (БАуА), была абраная супольная Галоўная ўправа. На старшыню быў абраны М. Зуй, а на гэнэральнага сакратара і рэфэрэнта вонкавай сувязі — А. Алехнік. Бальшыня сяброў гэтай арганізацыі падтрымлівала Беларускую Цэнтральную Раду. Калі-ж «крывічам» не ўдалося знейтралізаваць палітычную працу гэтай арганізацыі, тады яны выступілі з яе і 25 лютага 1951 г. заснавалі сваю асобную арганізацыю з 28 сяброў — Беларускае Аб'яднаньне ў Новай Паўдзённай Валіі.

Галоўная ўправа БАуА пастанавіла як найшырэй прапагандаваць Беларусь у Аўстраліі і ў іншых краінах вольнага сьвету. Была навязаная сувязь з арганізацыямі паняволеных Расеяй народаў і міжнацыянальнымі арганізацыямі, у склад якіх БАуА ўвайшла сябрам, як Аб'яднаная Рада Эмігрантаў, Эмігранцкая Дарадчая Рада Лібэральнай Партыі, Рада Добрага Суседа Новай Паўдзённай Валіі, Антыбальшавіцкі Блёк Народаў і іншыя.

Ад 1950 году Беларускае Аб'яднаньне выдавала месячны часапіс «Новае Жыцьцё» на беларускай мове, які выходзіў на працягу пяці гадоў. У 1953 годзе Беларускае Аб'яднаньне арганізавала мяшаны хор, які выступаў на міжнацыянальных імпрэзах і нацыянальных сьвятах. Ён існаваў пяць гадоў і яго сьпеў быў запісаны на пяці беларускіх кружэлках. Па сьмерці рэгента С. Анічкава гэты хор перастаў існаваць.

У 1954 г. А. Алехнік быў выбраны ў Сіднэі дэлегатам на Канвэнцыю Аўстралійскага Грамадзянства, якая адбылася ў сталіцы Канбэры, дзе разважаліся і плянаваліся справы эміграцыі на будучыню. У 1967 г. А. Алехнік быў прыняты адзіным прадстаўніком ад паняволеных Расеяй народаў у склад Камітэту Аб'яднаных Нацыяў у Новай Паўдзённай Валіі. Пасол СССР зарэагаваў супроць прысутнасьці незалежнага беларускага прадстаўніка, прынятага на роўні з дэлегатамі ўсіх краін сьвету, з якімі Аўстралія мела дыплёматычную сувязь. Прадстаўнік СССР пачаў байкот гэтага камітэту і беларускі прадстаўнік стаўся адзіным рэпрэзэнтантам Беларусі, а беларускі бел-чырвона -белы сьцяг займаў мейсца сярод сьцягоў усяго сьвету.

На працягу першых 15 гадоў дэлегаты Беларускага Аб'яднаньня прымалі ўдзел у міжнацыянальных спатканьнях. наведвалі ўрадавых прадстаўнікоў уключна з прэм'ер-міністрамі, знаёмячы іх з беларускай праблемай. Аўстралійская газэта «Лібэральная Думка» (Liberal Opinion) зьмяшчала артыкулы пра Беларусь.

Для пашырэньня антыкамуністычнай дзейнасьці на ўвесь сьвет Антыкамуністычная Ліга Азыяцкіх Народаў арганізавала Сусьветную Антыкамуністычную Лігу. Ад гэтага часу Беларускае Аб'яднаньне разам з аддзеламі БВФ у Сіднэі і Мэльборне высылалі дэлегата на канфэрэнцыі ВАКЛ. У. Сідлярэвіч і П. Гуз у Мэльборне арганізавалі дапамогу ў гэтай справе. Канфэрэнцыі ВАКЛ пры ўдзеле беларускага дэлегата А. Алехніка адбыліся ў далейшым часе: у 1968 г. у Сайгоне (Ветнам), у 1970 г. у Токіо (Японія), у 1971 г. у Маніллі (Філіпіны), у 1972 г. у Тайпэй (Фармоз) і ў 1977 г. у Сэўле (Карэя).

Беларускі актыў Мэльборну і Сіднэю на супольнай нарадзе 26 траўня 1980 г. пастанавіў аплочваць складку ў Беларускі Нацыянальны Фонд БЦР па 50 даляраў ад працуючага і па 10 даляраў ад пэнсыянера на год. З гэтага фонду аплочваюцца складкі да міжнародных арганізацыяў, як і пакрываецца аплата падарожжа на міжнародныя канфэрэнцыі, якая прыпадае на Аўстралію.22 сакавіка 1953 г. Беларускае Аб'яднаньне заснавала Беларускі Культурна-Асьветны клюб. Гэты клюб быў зарэгістраваны як самастойная арганізацыя ў адміністрацыйных уладах 14 сьнежня 1973 г. і набыў невялікі будынак для сваіх патрэбаў.

У 1974 годзе Беларускае Аб'яднаньне арганізавала беларускую школу для дзяцей, якая існавала каля чатырох гадоў.

На пачатку 1970 году ў Сіднэі арганізавалася Беларускае Аўстралійскае Незалежнае Аб'яднаньне ў Новай Паўднёвай Валіі. Гэтая арганізацыя была прыхільная да БЦР, але яна не праводзіла шырэйшай грамадзкай дзейнасьці.

Трэба адзначыць, што да 1975 год> Беларускае Аб'яднаньне было адзінай знанай беларускай арганізацыяй і толькі яна была зарэгістраваная аўстралійскімі ўладамі.

Пачынаючы ад 20 ліпеня 1976 году Беларускі Радыёвы Камітэт раз на тыдзень перадае аднагадзінную радыёперадачу на беларускай мове. Яна называецца «Спэцыяльная радыёвая абслуга» (Special Broadcasting Service) і фінансуецца ўрадам Аўстраліі.

Іншыя беларускія арганізацыі Аўстраліі не праводзілі дзейнасьці навонкі. Каб прыцягнуць іх да супрацоўніцтва, у 1977 годзе была арганізаваная Фэдэральная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. Гэтая Рада арганізуе раз на два гады зьезды-сустрэчы беларусаў Аўстраліі.

Галоўныя арганізацыі пастаянна арганізуюць акадэміі на ўгодкі 25 сакавіка, Другога Усебеларускага Кангрэсу, Беларускай Краёвай Абароны, Слуцкага паўстаньня і іншых нацыянальных юбілеяў.

У Мэльборне (правінцыя Вікторыя) у 1963 годзе быў заснаваны Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі. У гэты камітэт уваходзяць усе беларускія арганізацыі Мэльборна, уключаючы «крывічоў». Ад часу заснаваньня Беларускага Цэнтральнага Кампэту не паўстала ніякая «крывіцкая» арганізацыя, а маюцца толькі іх паасобныя прыхільнікі. У 1975 годзе быў заснаваны Беларускі Жаночы Камітэт у Вікторыі. У 1958 годзе ў Мэльборне была заснаваная Каапэратыва Беларускага Дому ў Мэльборне.

Ад 15 траўня 1958 году ў Мэльборне існуе Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. У канцы 1981 году адбылося высьвячэньне свайго царкоўнага будынку. Цяпер да прыходу належаць каля 40—50 вернікаў. Настаяцель прыходу, а. Кулакоўскі, выдае кожны год беларускі праваслаўны каляндар-кніжку. Гэты прыход належыць да юрысдыкцыі мітрапаліта Андрая (Крыта), які пражывае ў ЗША. Ад 1950 году ў Мэльборне існуе беларускі мяшаны хор, які выступае на беларускіх нацыянальных імпрэзах.

У Адэляідзе (Паўдзённая Аўстралія) у 1978 годзе было заснаванае Беларускае Аб'яднаньне ў Падзённай Аўстраліі. Там была арганізаваная танцавальная група «Лявоніха», існуе беларуская пачаткавая школа для дзяцей пры царкве. У палове 1950-х гадоў там паўстаў прыход Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Паўдзённай Аўстраліі. У 1981 годзе прыход налічваў 80 дарослых і 16 дзяцей. Маецца мяшаны хор для царкоўных і грамадзкіх патрэбаў.

У 1960 годзе ў Мэльборне выйшла з друку гістарычная аповесьць У. Случанскага (Шнэка) «Драбы». У Адэляідзе выдрукаваныя дзьве кніжкі вершаў Янкі Ролсана (Цьвірка): «Кліч» і «З глыбін мінулага жыцьця».

У 1950-х гадох невялікая група беларусаў у Пэрце (Заходняя Аўстралія) заснавала арганізацыю Згуртаваньне Беларусаў у Заходняй Аўстраліі, якая ладзіць беларускія нацыянальныя сьвяткаваньні.

У Заходняй Нямеччыне пасьля выезду ДП і эмігрантаў у іншыя краіны на пастаяннае пасяленьне па 1951 годзе толькі невялікая колькасьць беларусаў засталася жыць на мейсцы. Гэта былі некалькі грамадзкіх дзеячоў і некалькі сотняў інвалідаў вайны, працы, а таксама семьі са старымі і хворымі. Грамадзкія дзеячы разгарнулі энэргічную беларускую дзейнасьць. Сярод іх надалей існаваў падзел на прыхільнікаў БЦР і БНР, яны ўтрымлівалі сувязь з кіраўніцтвамі гэтых установаў, якія пазьней пераехалі ў іншыя дзяржавы.

15 сакавіка 1953 году ў Штутгарце быў арганізаваны Беларускі Камітэт Сацыяльна -Праўнай Апекі (БКСП Апекі), старшынёй якога была Надзея Касмовіч. Гэта ўстанова была агульнай панадгруповай. Мэты яе былі: абарона правоў беларускіх эмігрантаў у Заходняй Нямеччыне перад нямецкімі дзяржаўнымі ўладамі і прыватнымі прадпрыемствамі і ўстановамі; матар'яльная дапамога найбольш патрабуючым беларусам і іх семьям.

БКСП Апекі супрацоўнічаў з установамі Гэнэральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па справах бежанцаў, з міжнароднымі харытатыўнымі і рэлігійнымі хрысьціянскімі арганізацыямі, якія дапамагалі бежанцам, з Нямецкім Чырвоным Крыжам і з беларускімі арганізацыямі ў вольным сьвеце, асабліва з Аб'яднаным Беларуска -Амэрыканскім Дапамаговым Камітэтам у ЗША з сядзібай у Саўт-Рывэры. Пасьля ліквідацыі ІРО, ад 1953 году, БКСП Апекі на працягу дзесяткаў гадоў супольна з Дэлегатурай БЦР дапамагаў беларусам у Нямеччыне ў атрыманьні належнай пэнсыі, сацыяльнай і матар'яльнай дапамогі.

Для інфармацыі і дакумантацыі аб апошніх дзяржаўных падзеях на Беларусі БЦР апублікавала ў 1954 годзе кнігу «Другі Усебеларускі Кангрэс», якая была шырака распаўсюджаная па краінах вольнага сьвету.

3 кастрычніка 1954 году выканаўчы ворган БЦР прызначыў Касмовіча старшынёй дэлегатуры БЦР на Нямеччыну, а наступна і на Эўропу.

27 кастрычніка 1954 году паўстала арганізацыя Беларускі Вызвольны Фронт (БВФ). Палітычнай праграмай БВФ зьяўляецца Акт 25 Сакавіка 1918 г. і пастановы Першага і Другога Усебеларускіх Кангрэсаў. Галоўная Мэта БВФ — вызваленьне Беларусі з савецка -расейскай акупацыі і абарона вызваленай Беларусі ад усякіх спробаў паняволеньня. У Штутгарце быў арганізаваны Галоўны Штаб БВФ, які ачоліў Д. Касмовіч. Краёвыя Штабы БВФ былі арганізаваныя ў Англіі, Аўстраліі, ЗША і Канадзе.

У 1954 годзе Д. Касмовіч быў вызначаны выканаўчым ворганам на прадстаўніка БЦР пры Цэнтральным Камітэце Антыбальшавіцкага Блёку Народаў (ЦК АБН).

Як начальнік Галоўнага Штабу БВФ Д. Касмовіч разгарнуў шырокую інфармацыйную працу ў дзяржавах Заходняй Эўропы. Ён прымаў удзел у міжнародных і міждзяржаўных канфэрэнцыях, на якіх выступаў з прамовамі, падаваў праекты рэзалюцыяў, інфармацыйныя матар'ялы і мэморандумы як у гістарычным аспэкце, так і аб сучасным стане Беларусі пад расейска-камуністычнай уладай.

У 1955 годзе Касмовіч наладжвае супрацоўніцтва БВФ і БЦР з Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азыі (АПАКЛ). Наступна ён навязаў супрацоўніцтва БВФ з Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, якую ўзначальваў адмірал Бразыліі Карлос Понтэ Ботто; з Міжнароднай Фэдэрацыяй для Перамогі над Камунізмам; з Канфэрэнцыяй адносна Палітычнай Вайны Саветаў; з Эўрапэйскай Акадэміяй Навук у Бруксэлі (Бэльгія); з антыкамуністычнымі арганізацыямі ў Эўропе, Мальце і з Панэўрапэйскім Саюзам, як і з паасобнымі дзяржаўнымі прадстаўнікамі, пасламі, сэнатарамі, вышэйшымі царкоўнымі кіраўнікамі розных веравызнаньняў і г. пад. Праз нямецкае радыё і прэсу Касмовіч знаёміў народы Эўропы з беларускай нацыянальна -вызвольнай справай. У 1964 годзе ён выступаў у Эўрапэйскім Парляманце ў Штрасбургу, а ў 1968 годзе ў Брытанскім Парляманце. Яго запрашалі на афіцыйныя прыняцьці прыязныя беларусам паслы розных краін Эўропы.

У 1968 годзе, юбілейным годзе правоў чалавека, Касмовіч разаслаў мэморандум, насьвятляючы расейска-камуністычны калёніяльны ўціск Беларусі, для місыяў заходніх дзяржаў пры ААН, урадам заходніх дзяржаў, канфэрэнцыям правоў чалавека ў Тэгэране і Парыжы.

У 1967 годзе Касмовіч прымаў дзейны ўдзел у стварэньні Эўрапэйскай Рады Свабоды як вольнага парляманту Эўропы. У склад яе ўвайшлі выдатныя палітычныя і грамадзкія дзеячы з розных краін Эўропы. Касмовіч увайшоў у склад ЭРС ад Беларускага Вызвольнага Фронту, рэпрэзэнтуючы Беларусь і належачы да эгзэкутывы ЭРС. Іншыя паняволеныя Расеяй народы прадстаўленыя ў ЭРС праз АБН, за выняткам Ураіны, якая мае сваю нацыянальную рэпрэзэнтацыю.

У 1967 годзе была арганізаваная Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, у якой дзейнасьць беларускага прадстаўніцтва БВФ мела падтрымку Касмовіча. У 1980 годзе канфэрэнцыя ВАКЛ адбылася ў Швайцарыі, дзе прадстаўнікамі ад БВФ былі Д. Касмовіч і Н. Касмовічава.

Ад 1955 году гэн. Касмовіч выдае часапіс «Барацьба», прысьвечаны дзейнасьці БВФ і іншых арганізацыяў, ды справе барацьбы за вызваленьне Беларусі з няволі Савецкай Расеі.

Шырокую беларускую выдавецкую дзейнасьць у Заходняй Нямеччыне праводзіць пісьменьнік і публіцысты Грыгор Попко. Ее выдае на беларускай мове шэраг непэрыодычных часапісаў, якія рассылае па большых бібліятэках і ўстановах заходніх краінаў, якія цікавяцца нацыянальнай праблемай СССР.. Ад 1955 году ён выдае часапіс беларускай паступовай думкі «Вехі», ад 1964 году — часапіс нацыянальна-дзяржаўнай думкі «Беларуская Праўда» і часапіс беларускіх рэвалюцыянераў «Наш Сьцяг». У 1981 годзе Попко распачаў арганізацыю беларускага музэю ў горадзе Лэймэн у Нямеччыне.

Пад фірмай «Беларускі Працоўны Гурток» Уладзімір Сенька ў 1979 годзе пачаў выдаваць на нямецкай мове «Інфармацыйныя Сшыткі», якія зьяўляюцца раз на паўгоду. Зьмест іх прысьвечаны бягучым падзеям у БССР ідзейнасьці беларусаў, пражываючых у краінах вольнага сьвету. Гэтыя публікацыі рассылаюцца ў большыя бібліятэкі і ўстановы, якія цікавяцца справамі падсавецкіх народаў, па многіх краінах вольнага сьвету.

Прыхільнікі БНР «крывіцкага» напрамку працягвалі сваю дзейнасьць у Нямеччыне, але ў сьціплым абсягу. Некаторы час выходзіла газэта «Бацькаўшчына», якая выдала паэму «Новая Зямля» Я. Коласа ў 1952 годзе.

У Заходняй Нямеччыне ад 1950 году праводзіць працу Амэрыканскі Камітэт для Вызваленьня ад Бальшавізму. Ён арганізаваў радыёстанцыю «Вызваленьне», пазьней пераназваную на «Свабода», якая на розных мовах падсавецкіх народаў, уключаючы і беларускую, перадае праграмы да гэтых народаў.

Той самы Амэрыканскі Камітэт стварыў ад пачатку ў Мюнхэне Інстытут для вывучэньня СССР, дзе быў і беларускі аддзел, які выдаў шэраг публікацыяў на рататары, прысьвечаных беларускім справдм.

Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Англіі пачалося зараз па другой сусьветнай вайне. Пад час гэтай вайны беларусы служылі ў польскіх вайсковых фармацыях пад ангельскай камандай у Англіі і ў Другім корпусе пад камандай гэн. Андэрса, які ў восені 1946 году быў перавезены з Італіі ў Англію. На пачатку 1947 году ў Англію пачалі прыяжджаць на працу беларусы з лягероў ДП, якія былі ў Заходняй Нямеччыне.

Агульная колькасьць беларусаў у Англіі ў гэтым часе была каля 12 000 чалавекаў. Частка з іх неўзабаве выехала ў розныя краіны для сталага пасяленьня, як ЗША, Канада, Аўстралія і інш. Частка з іх улілася ў польскія або ўкраінскія асяродзьдзі, а частка не далучылася да ніякай нацыянальнай трупы. Пры беларускіх асяродзьдзях і арганізацыях згрупавалася каля 500 чалавекаў. З бегам часу гэтая колькасьць змяншалася.

Па ліквідацыі польскіх вайсковых фармацыяў у Англіі беларусы пачалі тварыць свае нацыянальныя арганізацыі. На пачатку 1947 году было заснаванае Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), ініцыятарам якога быў Вінцук Жук-Грышкевіч. Гэтая арганізацыя гуртавала ўсіх беларусаў, аднак яе кіраўнікі супрацоўнічалі толькі з групай Мікалая Абрамчыка. З часам яны пачалі займаць адчынена варожае становішча адносна напрамку Беларускай Цэнтральнай Рады. Гэта выклікала супраціў у часткі сяброў. На другім агульным зьезьдзе сяброў ЗБВБ 2 траўня 1948 году частка ўдзельнікаў запрапанавала рэзалюцыю, клеймячы ЗБВБ як недэмакратычную і аднапартыйную арганізацыю, пакінула зьезд і выступіла з гэтай арганізацыі. Увосені 1948 году» выступіўшыя сябры заснавалі ў Лёндане новую арганізацыю — Хрысьціянскае Аб'яднаньне Беларускіх Работнікаў у Вялікай Брытаніі (ХАБР). Арганізатарамі яе былі Весялкоўскі, Б. Суравы, Варава і іншыя. Гэтая арганізацыя мела агульнабеларускі характар і пазытыўна ставілася да карыснай працы ўсіх беларускіх групаў. Аднак ад гэтага часу ў Англіі пачалі працаваць два беларускія палітычныя напрамкі: БНР і БЦР. ЗБВБ было цалком зьвязана з беларускімі вуніятамі і Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквой япіскапа Тамашчыка.

У Англіі быў арганізаваны Людвікам Зарэчным трэці напрамак у беларускім грамадзкім жыцьці ў форме Беларускага Вызвольнага Руху. 29 жніўня 1954 году ў Манчэстэры адбыўся зьезд гэтай трупы, на якім быў прыняты статут і абраныя кіруючыя ворганы. Гэтая група не змагла разгарнуць шырэйшай дзейнасьці як у беларускім асяродзьдзі, так і навонкі. Яна трымае сувязь з А. Яцэвічам у Клевэляндзе (ЗША) і з Сіняком (Хмарам) у Канадзе.

Дзьве першыя групы стварылі асобныя арганізацыі ўва ўсіх магчымых сфэрах дзейнасьці. Яны ладзілі культурныя імпрэзы, таварыскія вечарыны, калядныя і новагоднія грамадзкія святкаваньні. Больш урачыста яны адзначалі ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — дзень 25 сакавіка і ўгодкі Слуцкага паўстаньня. Напрамак БЦР адзначаў і ўгодкі Другога Усебеларускага Кангрэсу. Беларусы прымалі ўдзел у міжнацыянальных выступленьнях, як адзначаньне Тыдня паняволеных народаў і іншыя.

Колькасьць беларускіх арганізацыяў з часам павялічвалася, ахонліваючы розныя галіны нацыянальнага жыцьця. Цэнтраля ЗБВБ знаходзілася ў Лёндане, а таксама мела аддзелы ў Лёндане, Манчэстэры, Бірмінгаме і Брадфордзе. Цэнтраля ХАБР была ў Лёндане, а яе аддзелы — у Лёндане, Манчэстэры і Брадфордзе.

Віктар Астроўскі заснаваў у 1960 годзе (?) Саюз Былых Палітвязьняў Беларусі. Туды належала каля паўтузіна сяброў, але гэтая арганізацыя не выяўляла ніякай дзейнасьці.

Ад 1955 году, калі быў заснаваны Беларускі Вызвольны Фронт, аддзелы БВФ паўсталі і ў Англіі. Кіраўніком аддзелу БВФ і старшынёй дэлегатуры АБН на Англію быў

К. Глінскі. Гэтая арганізацыя ўвайшла ў склад Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі (ВАКЛ), галоўная кватэра якой была ў Сэўле (Паўдзённая Карэя). БВФ высылаў сваіх дэлегатаў на канфэрэнцыі ВАКЛ, якія адбываліся штогод у розных краінах сьвету. Беларускія дэлегаты праводзілі свае рэзалюцыі адносна Беларусі і пашыралі свае інфармацыйныя публікацыі адносна акупацыі Беларусі Савецкай Расеяй.

15 траўня 1971 году ў Лёндане была адчыненая Беларуская Бібліятэка і Музэй імя Францішка Скарыны. Арганізатарам гэтай установы быў кіраўнік Беларускай Каталіцкай Місыі ў Англіі ад 1947 году кс. Часлаў Сіповіч. У 1960 годзе ён быў высьвячаны на біскупа і прызначаны Апостальскім Візытатарам для беларусаў. Бібліятэка і музэй маюць паважныя фонды беларускіх кнігаў, газэт, часапісаў, картаў і старажытных гістарычных дакумэнтаў.

У 1954 годзе ў Лёндане было заснаванае Ангельска-Беларускае Таварыства з мэтай пашыраньня веды аб гісторыі і культуры Беларусі ў Англіі.

У Брадфордзе ў 1973 г. паўстала арганізацыя «Васілёк» з асоб, адыйшоўшых ад ЗБВБ. Гэтая невялікая актыўная група трымаецца мяйсцовага абсягу дзейнасьці.

Праваслаўныя беларусы ў Англіі падзеленыя юрысдыкцыямі, як і ў іншых краінах. «Крывіцкая» група належыць да БАПЦ, а пайменна: прыход у Манчэстэры (каля 60 асобаў), дзе ёсьць свая царква; прыход у Нотынгаме (каля 35 асобаў), дзе ёсьць капліца на могілках; і прыход у Брадфордзе (каля 50 асобаў), дзе служаць у англіканскай царкве. Першым сьвятаром там служыў а. Крыт да выезду ў ЗША. У 1982 годзе сьв. Абабурка абслугоўваў гэтыя прыходы. Да гэтай самай юрысдыкцыі належыць і сьв. Пекарскі, які абслугоўваў у тым самым часе прыходы ў Лёндане (каля 15 асобаў), Кэмбрыджы (каля 30 асобаў) і Вульвэргамтоне (каля 30 асобаў).

У Манчэстэры існуе іншы беларускі прыход (каля 70 асобаў), які падлягае непасрэдна грэцкаму экзарху. Там служаць беларускі сьвятар а. Іскрыцкі і ангельскі праваслаўны сьвятар а. Кірыла. А. Іскрыцкі быў у пастаяннай сувязі з прот. М. Лапіцкім у ЗША аж да сьмерці гэтага апошняга.

У Лёндане існуе праваслаўны прыход прыхільнікаў БЦР. Ён належыць да грэцкага экзарха праз Польскую Праваслаўную Царкву за Мяжой. Першым сьвятаром тут быў а. О. Мірановіч, а пасьля ягонага выезду ў ЗША — а. П. Вялікі. На агульным гадавым сходзе прыхажанаў у 1969 годзе быў прыняты назоў апякункі прыходу «Сьв. Эўфрасіні Полацкай». Стараньнямі настаяцеля а. Вялікага, протодыякана а. Мароза і старшыні Царкоўнай Рады С. Дзейко англіканскія духоўныя ўлады прыдзялілі для гэтага прыходу частку сваёй царквы Holy Jnnocents Church. Там быў пабудаваны іконастас і ўсё ўстаткаваньне згодна традыцыі з Беларусь Вясной 1973 г. а. Вялікі выехаў у Канаду і настаяцелем стаў а. Вячаслаў Тарановіч. Богаслужэньні там правяцца на царкоўна -славянскай мове, а апостала чытае М. Залога пабеларуску.

У 1981 г. галава Польскай Праваслаўнай Царквы за Мяжой, япіскап Мацей, пайшоў на супачынак. На ягонае становішча экзарх прызначыў япіскапа Калістоса, ангельскага паходжаньня.

У Сьвіндоне ёсьць каля 45 праваслаўных беларусаў,для якіх раз у месяц служыў абедню і выконваў трэбы сьв. П. Вялікі. Пасьля ягонага выезду ў Канаду службы там спыніліся.

У Лёндане існуе беларуская царква грэка-каталіцкага абраду (вуніяцкая). Там рэгулярна адбываюцца службы, на якія прыходзяць праваслаўныя беларусы «крывіцкага» напрамку, некалькі расейцаў і ангельцаў. З ангельцаў туды належаць грэка-каталік адвакат дэ Пікарда, які ёсьць рэгентам царкоўнага хору. Гэтую царкву арганізаваў і служыў у ёй біскуп Сіповіч.

Арганізацыі паасобных беларускіх напрамкаў у Англіі выдавалі на беларускай мове свае публікацыі. Аднэй з першых быў грамадзка-літаратурны часапіс «Аб'яднаньне», друкаваны на рататары пачынаючы ад 1948 году, а выдаваны ХАБРам. Даўжэйшы час рэдактарам яго быў Весялкоўскі, а ад 99-га нумару яго выдаваў Віктар Астроўскі. Наагул гэтага часапісу выйшла 108 нумароў і выдаваньне яго спынілася ў чэрвені 1966 году.

Ад 30 чэрвеня 1974 году Лёнданскі праваслаўны прыход разам з групай з Манчэстэру пачалі выдаваць на рататары часапіс «Званіца». Нутраныя разыходжаньні спрычынілі пераняцьце выдаваньня гэтага часапісу праз лёнданскае асяродзьдзе.

Пачынаючы ад 1953 году вуніяцкае беларускае асяродзьдзе ў Лёндане рэгулярна выдае друкам рэлігійны часапіс «Божым Шляхам».

Ангельска-Беларускае Таварыства ў Лёндане выдае на ангельскай мове часіапіс -гадавік «Журнал Беларускіх Студыяў» (The Journal of Byelorussian Studies). У ім супрацоўнічаюць пераважна прафэсары і лекары з Англіі, ЗША і Ізраіля.

На пачатку свайго існаваньня ЗБВБ выдавала часапіс «На Шляху» і «Беларус на Чужыне». Сьв. Іскрыцкі выдаваў часапіс «Вольная Беларусь», якога выйшла каля 12 нумароў.

У Італіі, Францыі, Гішпаніі, Бэльгіі і іншых краінах у гэтым часе пражывалі невялікія групы беларусаў. Яны гравітавалі да ватыканскага цэнтру, але значнейшай беларускай дзейнасьці навонкі не праводзілі.

Загрузка...