Спякотным летнім вечарам, а ў наваколлі стаяла ўстойлівая гарачыня, у кватэры дырэктара і адначасова трэнера абласной дзіцячай футбольнай школы Міхаіла Катовіча прагучаў званок. Катовіч зняў слухаўку. Званіў дзіцячы трэнер з раённай спартшколы, яго даўні знаёмы Пётр Сманцар.
— Міхась! — сказаў ён пасля некалькіх дзяжурных фраз, — я знайшоў у пасёлку Лаўніца — гэта тэрыторыя нашага раёна — цікавага хлопчыка. Яму трынаццаць год, і ён гуляе ў незвычайны футбол. Табе варта залічыць яго да сябе — не пашкадуеш.
— Што ж у ім такога незвычайнага, Пётра?
— Гэта — будучы варатар ад Бога. Я выпадкова паглядзеў адну мясцовую дзіцячую гульню. Ён адзін варты ўсёй каманды. Заўтра ў іх фінал на мясцовай «паляне». Ты б падаслаў каго са сваіх скаўтаў.
— Не магу. Сам ведаеш — час адпачынкаў. Схадзі, калі зможаш. За мной, як кажуць, не прападзе.
— Атлусцеў ты там у вобласці. Ведаеш, што і я — у адпачынку, і футбол — не мой профіль. Бывай!
І трэнер Пётр Сманцар раздражнёна кінуў слухаўку на рычаг.
Але назаўтра, калі крыху астыў, ён, быццам нехта штурхаў, усё-такі пайшоў на лаўніцкі мясцовы стадыёнчык, занядбаны і неўпарадкаваны, дзе ўжо пачыналася традыцыйная летняя фінальная гульня дзіцячых каманд. Гульня, амаль без заўзятараў, праходзіла спачатку даволі вяла. Варатар Максім Гудаў, які і быў мэтай яго інтарэсу, высокі, гнуткі хлопец, узяў пару мячоў, адзін з якіх, на думку трэнера Сманцара, быў стоадсоткава галявы, потым засумаваў, але неўзабаве стаў праяўляць сваю незвычайную актыўнасць: камандаваў абаронцамі, гнаў іх наперад, выбягаў з варот далёка за штрафную, і, урэшце, выканаў пенальці: сам забіў гол.
Трэнер Сманцар, між тым, вырашыў давесці сваю добраахвотную місію да канца, вылавіў пасля гульні хлопчыка, прадставіўся і прапанаваў:
— Не супраць, калі я пагавару з тваімі бацькамі? Пара табе, братка, рэалізавацца ў жыцці.
Высокі, пад сто восемдзесят — вызначыў Пётр Сманцар — хлопчык, зацікаўлена агледзеў незнаёмага дзядзьку шэрымі вачыма, нерашуча правёў далонню па коратка стрыжанай светлавалосай галаве.
— Навошта? І пры чым тут бацькі?
— Табе варта пачаць ездзіць на трэніроўкі ў абласную футбольную школу. Упэўнены — цябе залічаць.
— Праўда? — вочы хлопчыка ўспыхнулі радасцю.
— Зуб стаўлю, — пажартаваў трэнер Пётр Сманцар. — Там у мяне сябра дырэктарам — Міхась Катовіч. Былы футбаліст. Можа, чуў пра такога?
— Чуў, — памаўчаўшы, сказаў хлопчык, — ён калісьці гуляў за «Дынама». Так?
— Добра, што ты ведаеш. Дык згода? Тады паехалі. Вунь і мая тачка стаіць.
Але адказам на прапанову была нечаканая зацятасць. Максіма нешта турбавала.
Усё высветлілася, калі трэнер Сманцар разам з хлопчыкам зайшлі да таго ў кватэру. Яшчэ ў кутку, у прыхожай, ля вешака, ён мелькам убачыў сетку з пустымі бутэлькамі, убогую мэблю, пашарпаныя шпалеры, пачуў пах тытуню. І ўвогуле, пах неўладкаванасці і галечы.
Бацька Максіма, азызлы, з нездаровым тварам, сядзеў на кухні і паліў. Ад яго да таго ж ледзь улоўна несла алкаголем.
— У спартыўную школу? — спытаў ён. — Ну, дык у чым праблема? На здароўе. Няхай трэніруецца.
Трэнер Пётр Сманцар сеў на зэдлік, які яму прапанавалі, і пачаў тлумачыць. Да школы адсюль каля пятнаццаці кіламетраў. Туды ходзіць аўтобус. Трэніроўкі спачатку па тры разы на тыдзень.
— Аўтобус бясплатны? — перапыніў яго бацька хлопчыка.
— Не. Білеты і ўзмоцненая пайка — гэта ўжо ваш клопат.
— Тады, я — пас. Вам трэба — вы і аплачвайце.
Нічога акрэсленага не сказала і маці хлопчыка, якая вярнулася з працы (бацька, як аказалася, быў увогуле часова беспрацоўны), крывіла вусны ў няшчырай усмешцы, таксама запаліла. Ёй было відавочна цяжка ад прысутнасці незнаёмца.
Трэнер Пётр Сманцар развітаўся і сышоў.
— Не крыўдуй на нас, Максімка, — адразу звярнулася да сына маці. — Прысядзь, паеш. Вось бацька ўладкуецца на працу — адразу замовім табе, што трэба.
— А пакуль тое, можа, па бутэлечку для вас збегаць? — з’едліва спытаў ён. — Ці пустую тару здаць? — І, грукнуўшы дзвярыма, выскачыў з кватэры. Так, ён крыўдаваў на бацькоў. І не за тое, што не знайшлі сябе ў жыцці, а за тое, што пачалі піць. З іншага боку — бацькоў не выбіраюць. Вось вырасце крыху — і ўсё будзе інакш. Гэ-х-х, як яму хочацца паступіць у тую знакамітую школу, стаць футбалістам! Галкіперам. Такім, як вялікі Луіс Чылаверт. Напісаць бы яму ліст, спытаць парады. Але.
Максім спыніўся ў роспачы. Сонца перайшло ў зеніт. У двары было пуста. Пагаварыць з кім? Няблага б з Юляй, дзяўчынкай з паралельнага шостага «Б», з якой зусім нядаўна пачаў сябраваць. Дык яна, пэўна, на лецішчы. Пайду да цёткі — урэшце вырашыў Максім.
— Заходзь, — абрадавалася пляменніку цётка Люба. — Абедаў сёння? Гавары праўду.
— Не паспеў.
— Нешта ты змрочны. Зноў з бацькамі дрэнна? Ну, можаш не адказваць, і так усё бачна. Сядай за стол — будзеш есці.
Праз гадзіну ён выклаў цётцы ўсё. Любіў яе. І што бацькі п’юць, і што ён вельмі хоча трэніравацца ў спартыўнай футбольнай школе, і што няма грошай на праезд. І ўвогуле — у яго дома няма нават якога таннага камп’ютара і таго горш — ён не мае мабільніка. А ён так хоча глядзець у запісе матчы з удзелам свайго ўлюбёнага Луіса Чылаверта. І што надакучыла і сорамна прасіць, каб яму далі гэтых запісаў-праглядаў, асабліва чэмпіянатаў свету, у сяброў аднакласнікаў, калі заходзіць да тых у госці.
Цётка Люба слухала, ківала, думала нешта сваё.
А праз дзень уручыла яму мабільны тэлефон і грошы — на праезд.
— Месяцы на тры хопіць, — дадала яна, — а потым разбяромся. Не згубі мабільнік. Гэ-х ты, сваяк мой гаротны. А камп’ютар, ужо прабач, пабагацееш — купіш сам. Ахвярую, чым магу.
Ён горача дзякаваў. Абяцаў цётцы дапамагаць, чым можа. Ведаў і ўвесь час памятаў, што цётчына дачка Вольга захварэла на анкалогію і памерла ў дзіцячым узросце, а муж сышоў да маладой, і што цётка Люба ўвесь час адна. І не сказаць, што заможная.