Максім Гудаў, вядома, разумеў, што каманда не здолее змяніць манеру гульні адразу, як чалавек, які не можа нацягнуць на сябе іншую скуру. Стыль той самай гульні — гэта тое, што назапашваецца гадамі і ўкараняецца назаўсёды. Прадбачліва вывучыць асаблівасці гульні саперніка — значыць выведаць яго планы і ў выніку — перамагчы.
Канцоўка матча яўна збівалася на шэраг істэрычных эпізодаў. Гаспадарам пляцоўкі была неабходная перамога, і не ў адных прызавых грашах тут была справа. Дзясяткі тысяч заўзятараў чакалі, няўмольна патрабавалі яе ад сваіх пестуноў. Дзеля чаго яны прыходзілі сюды, на стадыён, гублялі асабісты час? Пэўна, яшчэ і таму, што кожны з іх па-свойму любіў футбол — гэтую самую папулярную гульню ў свеце, і цяпер хацеў ад сваіх улюбёнцаў поўнай аддачы. Чаго яны, урэшце, сюды і зараз прыйшлі, купілі далёка не танныя білеты? Каб усцешыцца перамогай — вось чаго.
Максім, між тым, усё часцей выходзіў на перахват, бо мяч падоўгу затрымліваўся на яго палавіне поля, крычаў з-за таго на сваіх абаронцаў. Ушчуваў іх. Як ні дзіўна, хоць ён, лічы, выпадкова заняў месца Сяргея Румаша, яму бездакорна падпарадкоўваліся. Палыч ужо нічога не мог зрабіць. Ні парадай, ні дапамагчы чым іншым. Ды яго б і не пачулі. Няўмольны Стайлз, дарэчы, зрабіў яму папярэджанне за залішнюю актыўнасць ля броўкі.
Прыкладна хвілін за пяць да канца матча Бурэ выскачыў з ім адзін на адзін, але далёка адпусціў мяч, і Максім літаральна «зняў» яго з нагі форварда. Бурэ, якому ў гэты дзень яўна не шанцавала, тым не менш каварна скарыстаў момант і адчувальна заехаў яму буцай у грудзі. Што ж, прамільгнула ў галаве ў Максіма, гэта балюча, але і гэта можна выкарыстаць сабе на карысць, пацягнуць час. Дзесяць, дваццаць, трыццаць секунд могуць вырашыць усё. Тым больш, Стайлз усё бачыў і не стане яго вініць. Дарэчы, колькі хвілін ён дадасць да асноўнага часу?
Максім урэшце падняўся на ногі, зрабіў супакойваючы жэст сваім і выкінуў мяч у поле свабоднаму хаўбеку. Гульня працягвалася. А яшчэ праз паўхвіліны гаспадароў пляцоўкі ледзь не злавілі на контратацы. Толькі жорсткі знос за дзясятак метраў ад штрафной выратаваў іх ад гола. Стайлз у чарговы раз узняў угору жоўтую картку. А потым зноў выдатны сэйв выдаў іх варатар Жуль Дзюпон — выцягнуў мяч з-пад перакладзіны. Асістэнты, між тым, высвецілі банэры — рэферы дадаў тры хвіліны дадатковага часу.
Напруга матча дасягнула, між тым, найвышэйшай адзнакі. Час быццам цягнуўся бясконца. Гаспадары ліхаманкава атакавалі і зноў ледзь не пацярпелі ад контратакі, хіба што вынеслі мяч на вуглавы.
Корнер. За хвіліну, максімум за дзве да фінальнага свістка, — падумаў ён і кінуў позіркам да «банкі». Там, за броўкай, ужо ліхаманкава ўздымаў угору рукі Палыч. Значыць, справы ў групе для іх — не вельмі, і нічыя ўжо нічога не вырашае. Хвіліна да свістка Стайлза. Так, хвіліна, не больш. «Пара», — падумаў зноў, скінуў пальчаткі і імкліва рушыў наперад, пакідаючы сваю штрафную, да цэнтральнага круга і за яго, насустрач здзіўленаму гулу стадыёна — туды, да чужых варот. Што будзе там, ён не мог і не здольны быў прадугледзець, але нешта неасэнсаванае гнала яго туды. Так іншым разам рабіў яго кумір, вялікі Чылаверт. І няхай трэнеры, спецы ад футбола, журналюгі лічылі і лічаць таго апантаным, вар’ятам, праўда, з агаворкай — геніяльным вар’ятам, — ён быў лепшы сярод лепшых — і гэта ўжо і ёсць сапраўдны футбол, у які той гуляў, і ў які варта гуляць і яму.
Падаваць вуглавы пабег правы хаўбек, нястомны Алесь Саковіч, але і здалёк было бачна, як ён стаміўся. У штрафной сапернікаў — мітусня, разборка па персонах, звыклы прэсінг. На яго, варатара з чужой штрафной, які ўзнік за спінамі, у той момант ніхто асабліва не зважаў. Яшчэ не разабраліся. Ужо ўклініваючыся ў гэты гармідар, ён ускінуў руку, даваў знак Саковічу, каб падаваў на дальнюю стойку, і адначасова рвануўся туды, на свабодны пятачок, не губляючы бакавым зрокам палёт мяча, няблага закручанага Алесем, і, урэшце, у падзенні «злавіў» яго галавой ля самай стойкі.
Стадыён ахнуў у адзін голас і — наступіла цішыня. Мяч праслізнуў у сетку варот.
Ён убачыў, як Стайлз паказаў на цэнтр, як потым перавёў позірк на свой судзейскі гадзіннік, і што было сіл, быццам на стометроўцы, ірвануў назад, да сваіх варот: яшчэ заставаліся хоць і лічаныя, але з дзясятак секунд, і магло здарыцца ўсё, што заўгодна, а на броўцы падскокваў, радасна крычаў нешта і трыўмфаваў Палыч.
Вароты ўжо на ўсялякі выпадак страхаваў абаронца Дзіма Гуркоў, але раптам зухавата ўхапіў рукамі перакладзіну і павіс на ёй, дэманструючы сваё захапленне, забоўтаў нагамі, і тут жа ззаду прагучаў свісток Стайлза аб заканчэнні гульні. Да яго, брамніка, ужо беглі, абдымалі, павалілі на траву.
Перамога. Яны выйшлі з групы.
Пасля мітусні дарожных збораў у самалёце «БелАвія» ўсёй камандай вярталіся дамоў. Максім уладкаваўся ля ілюмінатара на ганаровае месца побач з трэнерам. Палыч свяціўся ад радасці. Краявіды з вышыні раз-пораз прыцягвалі Максімаў позірк сваёй маляўнічай дасканаласцю.
Маўчалі.
Маладзенькая сцюардэса прынесла на разносе каньяк, шакалад.
— Гэта ад экіпажа. Яны ўчора глядзелі тэлерэпартаж.
— Не адмовімся.
«Коўч» Грак, ён жа Палыч, згодна кіўнуў. Радасная ўсмешка не пакідала яго твар.
— Дзякуем. Усім вам і пілотам прывет ад нашых пацаноў.
— І вось яшчэ газета. Ліёнскія спартыўныя экспрэс-навіны. Тут у асноўным пра вас, Максім. Я крыху ведаю мову. Перакласці? Не ўсё, але паслухайце:
…Гэтая яшчэ год-два таму малавядомая каманда з Беларусі, сябры якой у большасці гуляюць у ахвотку, за невялікія грошы, сенсацыйна выйшла з плэй-оф. Але самае сенсацыйнае — тое, што каманда прывезла з сабой невядомага галкіпера, які ў будучым магчыма стане побач з легендамі сусветнага футбола, і чый клас гульні напомніў нам вялікага Луіса Чылаверта… Дэбют Максіма Гудава — адкрыццё матча, і ўвогуле групавых гульняў…
У Мінскі аэрапорт прыляцелі запозна, але іх чакалі. Журналісты, той-сёй са сваякоў. Пасыпаліся радасныя воклічы, усе загаманілі. Нават пануры «асноўнік» Румаш (разумеў, што яго месца ў асноўным складзе каманды пахіснулася) заўсміхаўся насустрач жонцы.
Максіма Гудава асабіста не сустракаў ніхто.