У нядзелю Максім прачнуўся рана, бо з вечара ўключыў будзільнік на мабільным тэлефоне. Апрануўся ў лепшае і паехаў на аўтавакзал, узяў білет на маршрутны аўтобус. З сабой вёз падарункі цётцы Любе (атрымаў грошы за зборы і першыя выступленні за юнацкую каманду краіны) і ў кішэні — чырвоную аксамітавую каробачку, у якой ляжаў заручальны пярсцёнак для Юлі.
Дзяўчына сустрэла яго на плошчы. Паводзіла сябе даволі дзіўнавата. Выйшла з цёмна-сіняй «мазды», скіравала да камерцыйнага шапіка, азірнулася, памахала рукой вадзіцелю іншамаркі, якая адразу і ад’ехала. Толькі тады заспяшалася да яго.
Юля была ў шыкоўным летнім строі, высокая, смуглявая — паспела загарэць на чэрвеньскім сонцы. Яна днямі, таксама як і Максім, скончыла школу. Месяцы два яны ўвогуле не бачыліся, і Максім быў цяпер вельмі рады і ўсхваляваны. Нават не спытаў, хто яе падвозіў.
Дзяўчына стрымана пацалавала яго.
— Ну ты і расцеш, — сказала, белазуба ўсміхаючыся.
Сапраўды, юнак, які стаяў перад ёй, ужо пераваліў за сто дзевяноста сантыметраў, раздаўся ў плячах, узмацнеў.
— Хто гэта цябе сюды прывёз? — раптам адразу ўспомніў Максім.
— Ды так, адзін знаёмы. Праехалі, як кажуць. І дадала рассеяна:
— Куды мы зараз? Што прапануеш?
— А пайшлі ў кавярню. Памятаеш, дзе мы пабіліся з гопнікамі?
— Ну, а што — прыкольна. Пайшлі.
У кавярні мала што змянілася. Працаваў музычны аўтамат. Гучала папса. Яны выбралі столік, незнаёмая маладая афіцыянтка прыбегла з меню, круцілася побач, назвала Максіма «дарагім госцем».
— Што гэта яна? Запала на цябе? — здзівілася Юля. — Хоць што тут дзіўнага? Ты — відны. Дзеўкі цябе любяць.
— Мяне пазнаюць. Заўзятары. Паўсюль цікавяцца футболам. Але чакай, вось. — Максім выцягнуў з кішэні аксамітавую каробачку, пасунуў да дзяўчыны.
— Табе.
Юля марудна раскрыла яе, выцягнула пярсцёнак.
— Ты сур’ёзна — Максім? — яна чамусьці разгубілася, нават пабляднеў твар.
— Больш чым. Прапаную табе разам з гэтым сімвалам сваё сэрца. Як ты — згодная?
— Дзякуй. Я расчулена. Але, але… з’явіліся новыя абставіны.
— І што за яны, Юля? — праз паўзу спытаў Максім. Ён ужо зразумеў: нешта пайшло не так, як варта было. Быццам падзьмуў халодны паўночны вецер. Даўняе пачуццё самоты на кароткі момант ахапіла яго.
— Паслухай, Максім, — мне думаецца, ты варты нечага большага. Ну, чым гэты твой футбол цябе ачмурыў? Вядома, ты становішся папулярны, нават мясцовыя гопнікі цябе ведаюць і быццам паважаюць, але ў свеце столькі магчымасцей. Няўжо табе так важна, што тысячы няўдачнікаў на стадыёне — ты толькі паглядзі на іх твары буйным планам — будуць, як кажуць «ташчыцца» ад таго, што ты ўдала зловіш нейкі мячык, ці адаб’еш яго? Ты мог бы стаць якім адвакатам, урачом, акцёрам, спеваком, мала кім яшчэ.
— Па-твойму, які-небудзь выскаляка на сцэне робіць для людзей больш? Я не ўпэўнены. І потым, футбол — маё прызванне. Тут ужо нічога не перагледзіш. Я сам захацеў гэтага.
— І твой анёл, які назваўся Херувімам, адобрыў? Так?
— Так.
— І ты верыш у такую лухту?
— Я толькі выказаў жаданне. А ён дапамагае яго здзейсніць. Я буду вялікім галкіперам. Можа, нават такім, як Чылаверт.
— Ну, спорт — гэта не тая мэта, да якой, на мой погляд, трэба імкнуцца. Большасць тых спартняжак к старасці проста вартыя жалю. Гаротныя, нікому не патрэбныя людзі. А дзе гарантыя, што ты не станеш такім? У той большасці?
— Так, я лічу, што ў тваіх словах ёсць нейкая рацыя. Але, толькі частка яе. Бадай што, пасля таго, як скончу выступаць ці ў выніку якога няшчаснага выпадку, траўмы — мне давядзецца застацца сам-насам з цяжкасцямі, і, магчыма, нікому з тых, хто цяпер апякае мяне, мае праблемы не вельмі будуць патрэбныя. Але брамнік, як я даўно зразумеў, часам адзінокі. Нават заўсёды самотны. Бо ён вартаўнік, і на ім адным адказнасць за тую браму, якую ён сцеражэ. Неістотна — якую. Прабач за рыторыку, але гэта па жыцці. І я пастараюся сустрэць пераход да новага жыцця падрыхтаваным. Буду вучыцца, магчыма, стану трэнерам. Урэшце, тое, што я здолею зарабіць за дзесяць — пятнаццаць год выступленняў, столькі я наўрад ці атрымаю, як адвакат, доктар, інжынер. Хіба што знакамітыя дураплясы маюць больш. Але які з мяне дурапляс?
— Па-мойму, гэта не зусім сур’ёзна. Не крыўдуй, але… але я пакуль не змагу прыняць тваю прапанову, — дзяўчына адсунула каробачку. — Яшчэ раз — не крыўдуй. Ты ўвесь час далёка, раз-пораз бяруць на спартыўныя зборы, цябе могуць прызваць і ў войска, а дзеўка з узростам, як кажа маці, «заляжалы тавар». Прабач.
Максім скамянела маўчаў. Ніколі б не падумаў, не чакаў такога. Раптам успомніў, спытаў:
— У цябе нехта з’явіўся? Гэта ён цябе падвозіў на «маздзе»?
— Так.
— І хто гэты шчаслівец, калі не сакрэт? Ці не з яго голасу ты зараз гаворыш?
— Хаваць не буду. Ён паспяховы бізнесовец. У сталіцы мае дзве крамы. На дзесяць год старэйшы. Але цікавіцца музыкай. Спявае. Кірыл нас пазнаёміў. Ну, я — такая вось аказалася. Не ідэал. Сцерва. Думай, што заўгодна. Застанёмся сябрамі? Хочаш — я табе і ўсю ноч ахвярую? Толькі скажы.
Слёзы нечакана з’явіліся на вачах дзяўчыны. Нешта ў яе словах было штучна нацягнутае, нейкі душэўны надрыў — ён гэта добра адчуваў. Ці кажа яна яму праўду? Нешта было не так.
— Я не супраць, — вырвалася ў яго пасля працяглага маўчання.
— Не думала, што ты згодзішся. Меркавала — «сядзеш на крыўду» і расход… Але… але я таксама не магу так лёгка з табой разысціся. Мы так даўно разам. Ну, што за жыццё такое клятае?
Максім задумаўся на секунду.
— Сёння цётка Люба паехала на лецішча. У яе там чатыры соткі. Вернецца праз суткі, не раней. Асобны пакойчык у яе кватэры мой, ты ж ведаеш, — прапанаваў ён.
— Тады вядзі. Куды хочаш. Толькі патэлефаную сваім, скажу, што затрымаюся ў сяброўкі.
Ключ ад цётчынай кватэры заўсёды быў з ім. Максім адчыніў дзверы, прапусціў дзяўчыну наперад. І адразу нібы нейкая сіла кінула іх адно да аднаго. Не было ўжо ніякіх думак, спадзяванняў, крыўдаў, — толькі спрадвечнае жаданне поўнай блізкасці.
Праз нейкі час, калі яны, урэшце сцішыўшыся, ляжалі ў спусташальнай цішыні, Максім, спытаў:
— Дык што здарылася, Юля?
Дзяўчына доўга маўчала, пасля чаго парушыла паўзу.
— Мяне прайгралі ў покер.
…Паўза.
— Ты хоць у тэму? А сур’ёзна?
— Куды ўжо сур’ёзней. Атрымалася наступнае. Кірыл па дурноце сеў за картачны стол з «каталамі» ці нейкімі шулерамі са сталіцы. Ён і раней часта пагульваў і даволі ўдала, але ж, як аказалася на гэты раз, да пары. Прагуляў вялікія грошы. А іх трэба было неадкладна вяртаць. Бандосы адразу паставілі яго «на лічыльнік». Намаляваліся, як кажуць, больш «рэальнымі», чым ён мог сабе ўявіць. Бадай, яго б маглі і забіць. Ён кінуўся туды-сюды — ніхто не даў яму і стольніка. Патлумачылі папулярна: час такі, што пазычаць больш як пяць умоўных адзінак нікому не варта. Брат брата «кідае». Вось тады ён і звярнуўся да, ну таго самага сябра, бізнесоўца. Той даў грошы, але з умовай, што сястра, я значыць, пайду за яго замуж. Высветлілася, што даўно ўжо выглядзеў мяне, спакваля прасвятліў, як рэнтгенам і чамусьці вырашыў, што я яму, як кажуць, у масць. Кірыл стаў перада мной на калені і… папрасіў. Я… я не жадала, каб ён памёр. Я бачыла тых бандосаў — гэта вельмі сур’ёзна.
— А калі падключыць міліцыю?
Дзяўчына горка ўсміхнулася.
— Не будзь такі наіўны. Што ім менты прад’явяць? Пустату? Патрэбныя ж доказы махлярства, ашуканства, шантажу. Іх няма. А тое, што нехта з некім гуляў у покер, дык які тут крымінал?
— Твой брат — ідыёт. Нікчэмнасць. Як ён мог падстаўляць цябе?
— Вось так і падставіў. Ён лічыць, што да ўсяго робіць мне вялікую паслугу. Уладкоўвае жыццё. І што ты са сваім футболам — звычайны няўдачнік. Несамавіты. Без падтрымкі. Без перспектываў на будучыню.
— І аніяк нельга адпасаваць назад?
— Нельга, Максім. Я не жадаю. Каб ты ведаў, як мне цяжка.
Па дарозе дадому, варта ж было паказацца бацькам, Максім выняў з кішэні каробачку з пярсцёнкам, размахнуўся і закінуў далёка ў прыдарожнае кустоўе.
«Каму Бог пашле», — з горыччу ўсміхнуўся сам сабе.