P. S.


Агромністы чырвоны бык імчаў па небе з захаду на ўсход. Пад прагнымі малавыразнымі вачыма ў шырокай лбіне блішчала незямная зорка і два магутныя рогі над ёю ў сваім адзінстве здаваліся злавесным маладзіком у небе. Але найбольшай нечаканасьцю карціны была прыгожая ў натуральным выгля­дзе дзяўчына. Яна сядзела на сьпіне быка з расьплеценай ільнянаю касою, з якой на стрэчным ветры выбілася і ляцела белая стужка. Вакол быка з дзяўчынай плылі аблокі, а пад імі — палеткі, лясы, азёры.

Калісьці Зеўс, вышэйшы бог з усіх багоў Алімпа, ператварыўся ў быка і выкраў цудоўную Еўропу, дачку фінікійскага цара Агенора, і Міжземным морам памчаў у свае палацы на Алімпе. Загадка гвалту стагоддзі хвалявала мастакоў. Сюжэт пісалі і Рэмбрант, і Рафаэль, і Тыцыян, з бліжэйшых нам — Сяроў. Кожны, вядома, і бога-быка, і Еўропу бачыў па-свойму. У Сярова на невялікай адлегласьці ад Зеўса па моры плыў дэльфін, пільнуючы напэўна ж не быка — Еўропу. Каб ратаваць?..

І вось — сучасны беларускі варыянт вядомага сюжэту. Год? 1997. Як сьведчыць японскі каляндар, быў год чырвонага быка. Яго драпежны нораў якраз адчулі беларусы — пачаўся гандаль: краіну прадаваць кавалкамі ці цалкам?

Хто ж Зеўс, што паляваў не на старэнькую Еўропу — на маладую Беларусь з белае стужкай у касе ільнянай?..


Мастак у майстэрні зьбіраў сваю чарговую выставу. Адныя карціны апранаў у рамы, другія браў пад шкло. Былі такія, з якімі клопату вялікага ня меў: краса прыроды кожнаму па сэрцы. Але стаяў на подыуме гвалтаўнік.

— Куды яго?..

— У раму, — сказаў я мастаку.

— А потым?

— На выставу. Народ хай бачыць, ведае, думае.

— Выстава адчыніцца і зачыніцца. А далей куды?

— Прадасьце.

— Хто купіць?.. Людзі зьбяднелі. Галодным не да карцінаў.

— І ёсьць багатыя.

— Але багатым непатрэбная Беларусь. Ім патрэбныя прастытуткі.

— Падорыце самому зеўсу?..

— Але наш зеўс ня бог.

— Бугай калгасны...


Пра бугая мастак ня думаў доўга.

Ён адчуваў сябе дэльфінам.


Загрузка...