На палетках слуцкіх

Слуцкія палкі

Над зямлёю Слуцкай стараны каханай

Уздымаўся ўгору жудасны віхор;

Наляцела хмарай‚ здрадна захаванай‚

Азіятаў войска на наш шыр-прастор.

Але ўжо ня згодны беларус гнуць сьпіну;

Досыць пацярпеў ён шмат гадоў палон;

Паўстае ён сьмела за сваю Краіну‚

За абліты потам дарагі загон.

У вачох бліскучых вызваленьня смага;

Хай грымяць гарматы! Надыйшлі вякі‚

Калі за свабоду з агнявой адвагай

Ў бітву рвуцца сьмела Слуцкія палкі.

Слуцак, лістапад 1920 г.

Сынкі мае

— Сынкі мае! — Гукнуў Бацька

Булак-Балаховіч‚

— Адцуралася нас доля‚

Шчасьце нам ня зорыць.

Чужынцы ў Краю пануюць‚

Цэрквы зачыняюць‚

Камісары на руінах

Баль-тэрор спраўляюць.

Ня мінуць нам зноў кайданаў‚

Ланцугоў няволі.

Край наш родны! Зрабаваны!

Край бяды! Нядолі!

Над Табою навальніца

Згушчаецца лосна‚

Над Табою Ленін з Троцкім

Снуюць свае кросны.

Паняволяць‚ закабаляць‚

Закуюць навекі‚

Адарвуць сыноў ад маткі‚

Аддадудць на зьдзекі.

Сынкі мае‚ сакаляты!

Ці-ж нам трэ няволя?

Ці-ж нам трэба паганяты

На нашым-жа полі?

Сынкі мае‚ сакаляты!

На каня! У зброю!

Бі наезьнікаў праклятых!

Гэй‚ наўскач! За мною!

Слуцак, лістапад 1920 г.

За Бацькаўшчыну

Ўжо нясуць хлапчука у зямлянку:

У грудзёх рана сьмяртэльна была;

Там чакала Матуля ад ранку —

Пераведаць сыночка прышла.

Палажылі яго каля ганку.

Акрываўлены ён застагнаў‚

Ў рукі крыжык далі й адразанку

Й засьпяшаліся: — Хлопча‚ бывай!

Ня стрымалася Маці: — Мой сыну!

Дарагі мой! Радзімы ты мой!

Ты радзіўся ў ліхую гадзіну.

Як мне жыць будзе беднай адной?

Пакажы‚ ці вялікая рана?

Мабыць‚ моцна пячэ і баліць?

— Ужо жыцьцё маё Богам забрана‚

Родна Матка! Ня доўга мне жыць.

Не баліць рана гэтак‚ як путы‚

Што прынёс нам з Масквы бальшавік.

Ў кайданы зноў Краіна закута‚

Зноў пад паншчыну трапіў мужык.

Рана‚ што у грудзёх‚ мне салодка:

Ў ёй ратунак Радзімы мае.

Гуртам зьнішчым аковы-калодкі‚

Гэта рана нам волю дае.

А цяпер… Мая родная Матка‚

Паміраю!.. Навекі бывай!

Даруй‚ Бацькаўшчына! Родна хатка!

Даруй‚ родны народ!.. Родны Край!..

І памёр наш юнак‚ і ня ўбачыў‚

Як крывавіўся Край у асьцёх;

З цяжкаю ранаю‚ але без плачу

Ён аддаў маладое жыцьцё.

Слуцак, лістапад 1920

Бацьку

Загінуў Ты за Край свой родны‚

За волю‚ шчасьце‚ за народ.

Цяпер ляжыш у зямлі халоднай

Сярод дажджоў‚ агню‚ грымот.

Ня мог сьцярпець тэрор чырвоных‚

Глядзець на град народных сьлёз.

На помсту зваў сыноў загонаў‚

Людзей гаёў‚ балот‚ бяроз.

Вучыў іх браць вінтоўкі ў рукі‚

Да сьмерці свой народ кахаць

І гэраічна ў жорсткіх муках

За лёс змагацца і ўміраць.

Цяпер ляжыш‚ а помста з сэрца

Ўзьнялася ўгору‚ кліча ў бой.

Мы прысягаем нашай сьмерцю

Аслабаніць Край родны свой.

Слуцак, лістапад 1920

У вастрозе

Сяджу я ў вастрозе‚ а думкі мае

Імчацца да любае хаткі‚

Імчацца да мілых палеткаў‚ ганей‚

Да роднае старэнькае маткі.

Збалелыя грудзі ірвуцца ў прастор;

Гляджу ў далячынь праз ваконца‚

І хочацца чуць‚ як шуміць сіні бор‚

І хочацца яснага сонца.

Журботна на сэрцы. Сумую ўвесь дзень.

Як радасна‚ сьветла на волі!

Закрочу із кута у кут‚ быццам цень‚

Пакутны самотнага болю.

І зноў із-за кратаў гляджу у блакіт:

Праносяцца вольныя хмары‚

І ймчацца далёка‚ да мілых ракіт

Маскве непакорныя мары.

Слуцкі астрог, 1921 г.

Песьня вязьня

Ў Краіне «свабоднай»

Сяджу я ў турме

І суд «лжэ-народны»

Чакаю сабе;

Смакую шчасьлівы

Саўдэпіі «рай»‚

А ў вокна нудліва

Нясецца «слу-шай!..»

Але я ня першы

Папаў ў гэты «кут»;

Жытнёвыя вершы

Чакаюць прысуд;

Наўкола ад плачу

Калоціцца «рай»‚

І нудна наўдачу

Нясецца «слу-шай!»

Слуцкі астрог, 1921

Калі

Сяджу у лёхах я астрожных;

Наўкола цемра… Цішыня да болю…

А сэрца?.. Грукае трывожна:

Калі? Калі я прычакаю волі?

Слуцкая вязьніца, 1921 г.

З-за крат

З турмы савецкае із карцарнай каморы

Ірвуся думкамі да мілых‚ дарагіх;

Ўжо колькі месяцаў крывавіць сэрца гора;

Ні вестак‚ ні лістоў ня маю я ад іх.

Зірну ў вакно: праз краты бачу хмары;

Нясуцца ў вышыне няведама куды;

І цяжар роспачы прасочваецца ў мары‚

Ды душу раніць горыччу жуды…

І раптам ластаўка прысела на ўскрай кратаў‚

Зашчабятала штось ды зьнікла‚ нібы сон.

— Ляці ты‚ ластаўка‚ ляці да роднай хаты‚

Скажы‚ што сын іх трапіў у палон…

Слуцкі астрог, 1921

З падвалу сырога

Збалелыя грудзі

Занылі ад болю‚

Слязьмі затуманіла вочы;

Варожыя людзі‚

Зьнішчаючы волю‚

Пануюць над Краем‚ як хочуць.

Над ціхаю кручай

Пад ліпай шырокай‚

Дзе зь мілай сядзеў аж да раньня‚

Праз сьлёзы гаручы

У болі глыбокім

Угрунь адцьвітае каханьне.

Гляджу я ў вакенца

З падвала сырога;

Пяюць салаўі на прадвесьні‚

А ў душу ліецца

Каханьне… трывога…

Як любы вы‚ родныя песьні!

І лёгкія мары

Лунаюць да зораў

Пад сіні блакіт Беларусі.

Ніякія кары‚

Ніякая гора

Зрачыся Радзімы ня змусіць.

Слуцкі астрог, 1921

Песьня арыштанта

У падвале пад мокрым скляпеньнем

Арыштант галаву ўдол схіліў;

Па твары разьбягліся сьцені;

Ледзь-ледзь вуснамі ён шавяліў:

- І за што столькі цяжкае мукі

Мне ў юнацкія годы цярпець?

Як балюча мне зносіць разлуку!

З дня на дзень узірацца на сьмерць!

О‚ мой Божа магутныя сілы‚

Дай яшчэ колькі дзён мне пажыць!

Перад тым як зыйду я ў магілу‚

Дай паслухаць як пушча шуміць!

Дай пабачыць садок каля хаткі‚

Пачуць голас сясьцёр і братоў‚

Прытуліцца да роднае маткі‚

Рукі сьціснуць сябровак‚ сяброў!..

І ўзьняў галаву ў задуменьні —

Неба скрылік маркоціў вакно;

Раптам ясныя косы праменьняў

Зазірнулі ў вастрог на радно.

Любы тата! Харошы‚ мой мілы!

Каб ты ведаў‚ як цяжка мне тут‚

Ты устаў-бы з сырое магілы‚

Мяне вырваў-бы з гэтых пакут.

І няўжо ты ня чуеш‚ ня бачыш‚

Як нязломна стаю ў барацьбе;

Не пачуць ім ні енкаў‚ ні плачу…

Я — твой сын… Я іду да цябе.

Усё цішэй словы з вуснаў зьляталі:

— Родны тата‚ хадзі ка мне ў кут!

Маё сэрца цябе прычакала…

Не баюся ніякіх пакут…

Слуцкі астрог, 1921 г.

Як памру

Як памру‚ дык пахавайце

Ў Случчыне‚ дзе жыў;

Крыж і стрэльбу ў рукі дайце‚

Каб я й там служыў‚

Каб мой дух у блакіце сьнежным

Воляю лунаў‚

За Краіны незалежнасьць

Да змаганьня зваў.

Да змаганьня за спадчыну‚

За лясы‚ палі‚

За сум песень тых матчыных

Роднае зямлі.

Над гаямі хмары дымяцца‚

І пыліцца шлях;

Час надыйдзе і ўздымецца

Зноў Пагоні сьцяг.

Слуцкі астрог, 1921

Успамін

З-за сьцен высокіх сумна выглядае

Аблуплены цагельны шэры дом;

Ні сьпеў‚ ні сьмех з-за крат ня вылятае —

Усё агорнута сьмяротным сном.

Схіліўся вечар на гаі‚ палеткі;

Над домам плямы чорныя ляглі;

Галоўкамі ківалі сонна кветкі‚

Й здавалася‚ кудысьці ўдаль паўзьлі.

Раптоўна енк пачуўся за сьцяною;

Балючы стогн запоўніў ўвесь харом.

І сьціхла ўсё. І цяжкім сном‚ журбою

Чарнеў з-за сьцен цагельны шэры дом.

Ціхарэцкая — Каўказ, 23 чэрвеня 1924 г.

Шапелю Хведару

Хоць каты чырвоныя ў Слуцку ізноў‚

Хоць мы на далёкай чужыне‚

Пакуль у нашых жылах хвалюецца кроў‚

Датуль Беларусь не загіне.

Кіргхайм — Аўстрыя, 30 чэрвеня 1948 г.

Край

О‚ Край мой прыгожы! Край мілы‚ каханы!

Куды-б мяне лёс ні закунуў —

Усюды Табе я бязьмерна адданы‚

З Табою я ў кожнай хвіліне.

Цябе пакахаў я зь дзяцінай калыскі‚

Калі Маці песьню сьпявала‚

Калі да вакна нахіліўшыся нізка

Зязюля ў гальлі кукавала.

З тых пор я кахаю і сумныя песьні‚

І косы іскрыстых праменьняў‚

І краскі‚ што ўсходзяць у нас на прадвесьні

І нас ажыўляюць натхненьнем.

Кахаю Краіны крывавыя раны —

Ахвяры у Слуцкім паўстаньні‚

О меч‚ што для волі зь зялеза каваны‚

І Сьцяг‚ што лунае змаганьнем.

Скрыбава, 8 студзеня 1944 г.

То несьмяротны

Абапал ціхае ракі

Грымелі ў Случчыне гарматы;

Гайсалі ў вёсках гайдукі —

Апрычнікі чырвоных катаў‚

Ды толькі быў то год дваццаты.

Із-пад саломянай страхі‚

З стагоў‚ із ямы пад вярбою

Случчак выцягваў сваю збраю;

Каб бараніць свае шляхі‚

Адрэз гатовы быў да бою.

Ўьвіліся вольныя сьцягі

Над кожнаю сялянскай хатай;

Няволі рвуцца ланцугі‚

Ушчэнт пакрышаныя краты —

У бой крывавы йдзе араты.

За бацькам усхапіўся й сын;

Адзеты ў зрэбную кашулю‚

Хлапец схіліўся да Матулі:

— Даруй мне‚ Мама! Плакаць кінь!

Багаславі! Іду пад кулі.

— Даруй‚ Матуля і бывай!

У крыж чырвоны йдуць дзяўчаты‚

Ідуць на сьмерць за родны Край…

Ўзьнялася Случчына заўзята…

То Несьмяротны Год Дваццаты!

Парыж — Францыя, 20 верасьня 1955 г.

Лістапад

Агарнуў зямельку восеньскім надвор'ем

Ў золаце пажоўклы месяц лістапад.

Горасна шапоча колішнім прывольлем

Зноў асірацелы паўразьдзеты сад.

Родная зямелька‚ зноў Ты закавана!

Рэжуць Твае грудзі раўчукі ад сьлёз.

Гоняць Тваіх дзетак ў сьвітках саматканых

Ўдалеч ад радзімых імшароў і лоз.

Зморшчылася маці‚ плача па сыночку‚

Плача жонка‚ дзеткі‚ таты шкода ім.

«Чорны Воран» цёмнай восеньскаю ночкай

Роднага іх тату вырваў із сям'і.

Цяжка пераносіць зьдзекі ад чужынцаў‚

Слухаць бязупынны ад кайданаў звон.

Вёскі саламяны‚ местаў камяніцы —

Ўся краса Краіны трапіла ў палон.

Пушча Белавежа злосьціцца ад болю;

Помстаю крывавай вышчарыўся гай;

Грознаю лавінай рвецца із няволі

Ў вогнішчы змагарным Беларускі Край.

Кліўленд — ЗША, лістапад 1958 г.

Гудзе над Случчу

Гудзе над Случчу навальніца‚

Дрыжыць‚ калышацца зямля‚

Ў Вагні пажараў Край дыміцца‚

Край мірнай працы‚ Край сялян.

Ўгары крумкач драпежыць чорны‚

Цікуе штось скрозь едкі дым‚

Але на варце непакорны

Стаў бацька з сынам маладым.

Насупілася пушча строга‚

Шапоча гальлё галін‚

Шуміць узрушанай трывогай‚

Заве паўстаць на збройны чын.

І паўстаюць з сутоняў цьмяных

Сыны лясоў‚ багны‚ балот;

За Край свой родны‚ патаптаны‚

Няма нідзе ім перашкод.

Ды барацьба была няроўна.

Загінуў дзед‚ і бацька‚ й сын.

Зноў Край у цемрадзі астрожнай…

Ды зорыць Слуцкі слаўны чын.

Міналі дні. Краіна ў ранах‚

Народ урынуты ў спалох‚

Але чын Случчыны ахвярнай

Праменіць шлях да перамог.

Кліўленд — ЗША, 1958

То быў Дваццаты

Нахмурыў бровы сіні ранак‚

Туманіў дымам далягляд.

Дрыжэў‚ крывавіўся ў ранах

Ад выбухаў цяжкіх гармат

Ў дваццатым годзе лістапад.

І ўзьвіўся Бел-Чырвона-Белы‚

Палошча ў сіню далячынь‚

Заве на бой адважных‚ сьмелых.

Супроць варожае начы

Заве на слаўны‚ горды чын.

І йшлі сыны палёў жытнёвых‚

Кашуляў зрэбных і былін‚

Бадзёра‚ поступам суровым

Ішлі із пушчаў‚ із нізін —

За Край паўсталі як адзін.

За Край зрабованы паўсталі‚

Адважна рушылі ў паход‚

Крывёй загоны палівалі‚

Каб Край ня ўмёр‚ каб жыў народ.

То быў Дваццаты слаўны год.

Кліўленд — ЗША, 15 лістападу 1961 г.

Месяц Лістапад

Ходзіць шляхам зорным‚

Ходзіць ля прысад

Даўні‚ непакорны

Месяц Лістапад.

Штось шапоча ў вецьці

І ляціць‚ ляціць‚

Залатым амецьцем

Сыпле‚ шалясьціць.

Смуткам плешчуць хвалі

Ў Лані берагі‚

Дзе калісь луналі

Слуцкія сьцягі.

Кожную палянку‚

Кожны куст‚ ручай

Трапнай адразанкай

Бараніў Случчак.

Ў барацьбе заўзятай

Ён ня чуў пакут‚

Бараніў зацята

Свой сялянскі кут.

І плюскочуць хвалі.

Шамаціць трысьцё:

Там ахвяравалі

Случчакі жыцьцё.

Гаманілі й ветры

З гольлем верхалін‚

Зазіралі ў нетры‚

На мурог-кілім.

Ды не падлічылі

Тых палян лясных‚

Што крывёй скрапілі

Случчыны сыны.

Кліўленд — ЗША, лістапад 1962 г.

Былі гэроі

— Скажы мне‚ тата‚ ці то праўда‚

Што наш народ калісь з пагардай

Адкінуў рускае ярмо?

Ўхапіўся ён за зброю дружна‚

І залунаў кліч сьмелых‚ мужных:

«Лепш сьмерць‚ чым Волю аддамо».

— Было‚ сынок… Было ў нас золка‚

Ды раптам залунаў вясёлкай

Наш Дваццаць Пяты Сакавік.

І радасьць расплылася ў хатах:

Вяселяцца хлапцы‚ дзяўчаты‚

А за стырно стаў наш мужык.

Але чырвонай бліскавіцай

З Масквы ўзьнялася навальніца

І засланіла небасхіл.

Забіў народ наш на трывогу

І засланіў грудзьмі дарогу;

На сонцы бліснулі штыхі‚

Гулі гарматы‚ кулі пелі‚

Ад дыму людзі пашарэлі‚

Страчыў няўтомны кулямёт;

Крывёю кожны крок быў зьліты‚

Чарнела поле ад забітых —

Так бараніўся наш народ.

Але ня нам спрыяла доля‚

Не дзеля нас бліснула Воля.

Ахвярныя ў зямлю ляглі…

Дык вось‚ сынок… Былі гэроі‚

Стаялі да канца са зброяй…

Спачылі у сырой зямлі…

Кліўленд — ЗША, лістапад 1962 г.

Паслухай, што кажа курган

Аднойчы улетку па Слуцкай зямлі

Ледзь бачнаю сьцежкай паволі мы йшлі;

Вакол нас сінеўся лес цёмны густы,

Аб нечым таемна шапталі кусты,

Курган уздымаўся, як сьведка забавы,

Як сьведка былой Беларускае славы.

На ім дуб-асілак ўвесь мохам парос;

Ён шмат наглядзеўся на мора ад сьлёз;

Зялёны мох вылез з глыбокіх маршчын,

Шырокі цень кідалі шапкі галін,

Дуб нас заклікаў, даючы адпачынак,

Пад свой густалісты зялёны абдымак.

Бадзёра падходзім пад цень, нібы ў дом;

Шапочуць аб нечым лісточкі кругом;

Мы селі (Нас хутка агортвае сон)

I чуем, — здалёк набліжаецца звон.

Курган застагнаў, дуб над ім нахіліўся,

А зь лісьцяў зялёных сьпеў дзіўны паліўся.

Сьпеў дзіўны асілкаў Славян-Крывічоў,

Зь ім раптам злучыўся напеў дрыгвічоў,

Азваўся ён рэхам сярод Севяран,

Радзімічаў, Вяцічаў, сьмелых Драўлян,

Высока ў блакітную далеч узьвіўся,

Магутнаю славай над Краем расплыўся.

Сьпявалі, як князь Рагвалод ваяваў,

3 чужацкай апекі народ вызваляў,

Як княжна Рагнеда любіла народ,

Як князь Чарадзей сабіраўся ў паход,

Як воўкам вяртаўся сярод цёмнай ночы —

Гарэлі агністыя князевы вочы.

Як княжна Прадслава на перапіс кніг

Найлепшых гадоў не шкадуе сваіх,

Як Клімант Смаляціч, Смаленскі Аўрам,

Кірыла із Турава роднага нам,

Інкогніта «Слова аб Полку Ігора»

Культуру народу ўздымалі угору.

Сядзім, не варушымся; як скрозь туман,

Шмат войска выходзіць зь лясістых палян;

Вакол вецер стогне, галосіць, сквіліць —

То Міндаўг выходзіць свой Край бараніць,

(Адзін із славутых князёў Наваградку

Ўстаўляў Беларускага Права парадкі).

Мы слых навастрылі; звон гучна званіў;

I чуем: Вялікім палітыкам быў

Князь дзейны й разумны ваяк Гедымін;

Пасьля Гэдыміна Альгэрд, яго сын,

Краіну сваю бараніўшы з Усходу,

Вялікую славу здабыў для народу.

На Захад і Поўнач харобры Кейстут

Дружыну вадзіў, бараніў родны кут.

Гучней у званы б'е Сафійскі званар;

Гудзе звон, як Вітаўт — Вялікі Ўладар

Народ бараніў ад Усходняй пакуты

Й далёка за межы быў знаны, славуты.

А князь Жыгімонт, што ліць звон загадаў,

Аб славе Радзімы званіў і сьпяваў;

Сапега Леў — спрытны ў палітыцы сват,

Ваяка ў вайне, ў мірны час — дыплямат;

Набаба Антон — атаман беларусаў —

Паўстаньне узьняў супроць панскіх прымусаў;

Франціш Скарына — беларускі друкар —

Ён вынес наш друк на шырокі абшар;

Зьвініць, што мы маем «Літоўскі Статут»,

Ў ім «Права» на землю, на ўласны свой кут,

А Земскія Ўрады ўсе абавязкова

Павінны ўжываць беларускую мову;

Зьвініць, інто Цяпінскі пісаў і жадаў,

Каб родны народ сваю мову ўжываў;

Князі Радзівілы, Сапегі й хто мог

Спрыялі друкарству ўва ўласных дварох;

Мамонічы-ж родам із-пад Магілёва

Друкарствам праславілі роднае слова;

Зізаніна «Лексіс» выходзіць у сьвет,

Граматыку выдаў Сматрыцкі Малет,

Сымона-ж Буднога сам цар запрасіў,

Каб ён люд Маскоўскі культуры наўчыў,

I радасным зьзяньнем ўзыходзіла сонца

У наш «Залаты Век» на роднай старонцы.

Гучней і гучней разьліваецца звон,

Пяе аб жыцьці беларускіх старон;

I песьня нясецца далёка ў прастор,

Ў блакітнае неба, да сонца, да зор,

Зьвініць пералівамі музыка жвава,

Разносіцца ў сьвет Беларуская слава;

Пяюць Ян Баршчэўскі, Рыпінскі, Чачот,

Што ў Краю жыве Беларускі народ;

Дунін-Марцінкевіч — пісьменьнік буйны

У творах адбіў быт свае стараны,

Франціш Багушэвіч — паэт Адраджэньня

I «Дудкай» і «Смыкам» натхняў пакаленьне;

Кастусь Каліноўскі, што сьмела паўстаў,

Жыцьцё за народную волю аддаў;

Зьвініць: Няслухоўскі «Вязанку» зьвязаў,

Ядвігін Ша зь Цёткай у «Ніве» сьпяваў,

Карусь Каганец напiсаў «Шляхцюк Модны»,

Паўловіч Альбэрт — гумарысты народны

— Усе праслаўлялі любімы свой Край,

I славай зьвінелі палеткі і гай;

Гарун — беларускі паэта-змагар

У скарбніцу нашу ўлажыў «Матчын Дар»,

Канстанцыя Буйла «Курганнаю Кветкай»

Праславіла гай, сенажаці, палеткі;

Максім Багдановіч — мастацтва паэт —

Пэнтамэтр — пяць дактыляў, стройны санэт,

Тэрцыны, октавы, рондо, трыялет

Каваў, гартаваў і званіў у сусьвет;

А зь Нівы зьвініць, разьліваецца голас —

Купала, Гарэцкі, Бядуля, Ўласт, Колас,

Гурло, Галубок, Аляхновіч, Чарот,

Зязюля й шмат іншых ідуць у паход;

I Лёсік Язэп — Адраджэньня салдат,

Сьвядомы змагар, беларус дэмакрат,

Грамыка, Сваяк, Цішка Гартны ды Леўчык

Народ вызвалялі ад цемры адвечнай.

Грыміць навальніца, палае вайна,

Крывавіцца восень, зіма і вясна,

Ў крыві захлынаецца трэйці ўжо год,

Але Пярун ляснуў, і ўзьняўся народ,

Ідзе закладаць свой дзяржаўны падмурак,

Свой Край адраджаць скрозь завеі і буры.

Прышоў Васемнаццаты радасны год,

Сваю незалежнасьць сьвяткуе народ;

Іскрыць Дваццаць Пяты ў Краю Сакавік,

Стырно ухапіў наш араты мужык;

Успомніў народ сваіх прашчураў славу,

Будуе сваю Незалежну Дзяржаву.

Ідэя яе знайшла плённы свой грунт:

Варонка, Аўсянік, Крэчэўскі, Скірмунт,

Карач, Аляксюк, Бадунова, Козіч,

Ваяк гэнэрал Кандратовіч — крывіч,

Ластоўскі, Мамонька, Душэўскі, Цьвікевіч,

Уласаў, Лянкоўскі ды Смоліч, Лункевіч,

Ладноў, Серада, Іваноўскі і Грыб,

Бялевіч, Захарка, Заяц, Езавіт,

Макрэяў, Вяршынін ды шмат змагароў

Даў Полацак, Віцебск, Смаленск, Магілёў,

Менск, Горадня, Вільня, Палесься нізіны,

Каб Край адрадзіць з-пад адвечных руінаў.

I ў Случчыне створаны свой Камітэт;

Сьмяецца і плача ад радасьці дзед.

Ды чорнаю хмарай прышоў бальшавік

I зьнішчыў нам волю, што даў Сакавік,

Жаўрыд з Камітэту заарыштаваны,

Ў чужую Краіну на зьдзекі сасланы.

Але Незалежнасьць зрабіла свой крок,

I ў Краю разьвеяўся жудасны змрок,

Нядоля, як дым, адыйшла ў забыцьцё,

Ізноў Беларусы кіруюць жыцьцём;

Зьезд Случчыны вызначыў Слуцкую Раду,

Каб Край бараніць ад чужынцаў нападу.

Пануе у Слуцку ізноў свой Урад;

Зьвіняць за ваколіцай песьні дзяўчат;

I ў кожным сяле з-пад саломяных стрэх

Званочкамі льлецца вясёлы іх сьмех;

Як толькі-ж Масква небясьпекай навісла,

Ўся Случчына дружна са зброяю вышла;

Ідуць батальлёны, праходзяць палкі,

Грудзьмі за Радзіму стаяць Случчакі,

Адважна і сьмела імчацца у бой,

За волю, за чын ахвяруюць сабой,

Вішчаць, разрываюць паветра шрапнэлі,

Шапочуць стрывожана сосны і елі.

Iзноў завіруха мяцеліць, сьняжыць,

Пакутнай няволяй над Краем імжыць,

Ды толькі Пагоні ня зьнішчаны Сьцяг,

Наш Бел-Чырвон-Белы ў надзейных руках —

Крэчэўскі з Захаркаю моцна трымаюць,

Ў палон не здаюцца, галоў ня схіляюць.

Расьце наш народ, і расьце яго дар:

Дубоўка, Зарэцкі, Дарожны, Дудар,

Хадыка, Бандарына, Вольны, Багун,

Грышкевіч, Вішнеўская, Танк, Салагуб,

Язэп Падабед, Маракоў, Шашалевіч,

Кляшторны, Лужанін, Бартуль, Ільляшэвіч,

Мікуліч, Цьвікевіч, Знаёмы, Скрыган,

Калюга, Радзевіч, Грыневіч, Пфляўбаум,

Арсеньнева, Геніюш, Чорны, Машара,

Жылка, Салавей, Бабарэка і Хмара,

Баркоўскі, Талерка, Сакол, Нікановіч,

Казлоўскі, Пятрусь, Іванова, Міровіч,

Пятро Глебка, Моркаўка, Трус, Галавач,

Язэп Пушча, Івэрс, Ванаг, Крапіва,

Крушына, Случчанін, Вольны, Хведаровіч,

Зосім, Лебяда, Звонак, Аляксандровіч,

Клішэвіч, Кавыль, Золак, Віцьбіч, Сяднёў

— Сыны сенажацяў, вазёр і гаёў.

А годы мінаюць, мінаюць угрунь,

Ў Краю каласуе паўстаньчая рунь,

Вайною зь няволі ірвецца народ,

Ідзе на Вялікі Народны свой Сход,

Падтрымвае дружна загад Прэзыдэнта,

Каб лютага ворага зьнішчыць дашчэнту.

Над поплавам белы расплыўся туман,

Стагнаў старажытны асілак курган,

Наўкол залаціліся жытні палі,

Валошкі у жыце сінелі, цьвілі,

Зязюля ў гаю, «колькі жыць», кукавала,

Глыбока у сэрцы туга замірала,

Трымцелі над намі галінак лісты,

Іх шэпт таямніча ў паветры застыў,

Ў вушах звон цудоўны аб славе гудзеў,

Зьвінеў пераможны ваяцкі напеў;

Ён зваў да змаганьня адважных і сьмелых

За Волю, за Край пад сьцяг Бел-Чырвон-Белы.

Скрыбава, красавік-ліпень 1944 г.

Загрузка...