РАЗЬДЗЕЛ II Крадзеж


У гэты дзень я канчаў перапіс у раёне Кізыл-Рабата. Баі давалі зьвесткі неахвотна і глядзелі на мяне з падазрэньнем. Асабліва цяжка было праводзіць улік колькасьці юрт. Старшыны роду не дапускалі мяне падлічваць іх, сьцьвярджаючы, што сёлетні год нешчасьлівы для перапісу. На самай-жа справе як я разумею, яны баяліся ўвядзеньня на Паміры якога-небудзь падатку, чуткі аб якім пранікалі ў горы ў вельмі вялікай колькасьці. Тым ня менш перапіс праходзіў досыць удала. На паўночным беразе возера Зор-Куль мне ўдалося выявіць некалькі новых юрт, якія належылі кіргізам роду Найман. Апошнім месцам, дзе я павінен быў працаваць, аставаўся раён Кізыл-Рабата, які ўклініўся вострым рогам у падэшву бацькі гор — храбата Мустаг, там дзе сходзяцца граніцы трох дзяржаў — СССР, Кітаю і Афганістану.

Я падышоў да Кізыл-рабацкага валаснога савету, які знаходзіўся прыблізна ў 80 кілёмэтрах ад чырвонаармейскага пасту, юрта старшыні была раскінута на халодным схіле гары, заросшай рэдкімі кусьцікамі травы «бубук», якую любілі які. Дзьмуў рэзкі, ледзяны вецер круцячы ў паветры сухія рэдкія сьняжынкі, якія павольна апускаліся на травяны луг. На гэтай «крышы сьвету» ніколі ня бывае дажджоў і нават у летнія месяцы ападкі выпадаюць у выглядзе сьнегу. Іншы раз здаецца зусім незразумелым, як маглі кіргізы пасяліцца ў такой краіне, чаму не ўцякалі яны на поўнач, да сваіх стэпавых сабратоў, не перасяліліся нарэшце на Заходні Памір, дзе жывуць таджыкі, якія засяваюць палі пшаніцай і гімалайскім жытам. Пачынае здавацца, што ў іншым месцы яны-б і не маглі жыць што ім патрэбен холад, камень, вецер.

Старшыня вандроўнага валаснога савету ў Кізыл-рабацкім нагор’і меў выгляд каранастага шырокатварага таўстуна, з высунутымі ўперад скуламі і маленькімі вачыма, якія гнояцца ад хваробы трахомай. Як я чуў, ён быў абраны ў старшыні пад націскам родавых старшынь, да якіх належыў і ён сам. Усё гэта — спадчына старых ханскіх і бэкскіх часоў. Супроць нас, работнікаў, ведаючых мясцовыя мовы і знаёмых з бытам насельніцтва, часта выступае магутная родавая організацыя, якая ня церпіць замахаў на сваю уладу.

Старшыня па-эўропейску падаў мне руку, хрыпла пазнаёміўшыся:

— Бурханэдзінбай.

Жонка яго, доўгавязая і старая, узяла ў мяне каня і, зьняўшы з сядла клунак з маімі рэчамі і рэгістрацыйнымі ліюткамі, адкінула ўваход у юрту, адкуль шугаў салёны і смачна пахнуўшы дым. Юрта была поўна народу. Навакол раскладзенага пасярод юрты вагнішча, дзе на нізкіх трыножках кіпеў вялікі кацёл з разваравай баранінай, сядзелі грубыя шырокаплечыя кіргізы. Яны былі ў брудных і стракатых вопратках як не апранаюцца памірцы, якім уласьцівы толькі чорны і жоўты колеры. На галавах іх былі разьлезлыя сінія трывухі з футровай аблямоўкай, увешаныя бліскучымі амулетамі са скуры і срэбра. Іх чакмені былі расшыты рознакалёрнымі тасемкамі, а шырокія паясы зроблены з бледна-ружовага паркалю, падобнага на той, з якога шыюць сабе кажухі жанчыны Мунджана і Зейбака. Гэта былі, як відаць, ня тутэйшыя людзі.

Я сеў на карачкі каля катла, грэючы скачанелыя рукі над роўнай парай, якая клубілася ў юрце і выходзіла праз дымавую адтуліну. Маё зьяўленьне прымусіла ўсіх змоўкнуць і абмяняцца зьдзіўленымі поглядамі. Старшыня расьсеяў нялоўкасьць і замяшаньне.

— Гэта чыноўнік савецкай улады,— сказаў ён хмура і строга,— чыноўнік перапісу. Перапісвае жывёлу і чалавечыя душы. Ён хутка будзе і ў вас, і вы скажаце яму, колькі вы прывезьлі золата і кашмірскіх дыванаў пад кошмамі, хоць ў нас няма і анучкі. Ён запіша, колькі ў вас жонак, колькі баранаў і нават блох у вас у сяньніку. Усё яму трэба ведаць.

— Іншэле,— адказваў яму адзін з гасьцей,— калі захоча бог, то і чыноўнік нас не зачэпе. I чыноўнік знаходзіцца ў руках яго і пакараецца яго законам.

Затым ізноў усе змоўклі. Старшьшя сказаў кароткую малітву, госьці крыкнулі «амін» і пасьпешна ўзяліся цягаць з катла тлустыя кавалкі мяса. Паеўшы, госьці, ня згінаючыся, шмыгнулі за шырокую кашму, якая закрывала ўваход у юрту. Я пацікавіўся, хто яны.

— Аб іх ты не клапаціся, таварыш,— прабурчэў старшыня,— рабі сваю справу. Гэтыя людзі — падданыя англійскага цара, кіргізы з ракі Шымшал. Апошняе насеньне нашага народу ў горах. Ад іх далей на поўдзень, да самаго Вялікага акіяну, ня жыве ні адзін кіргіз.

— Што яны робяць на зямлі Горнабадахшанскай вобласьці? Ці даўно яны вандруюць тут? Яны перавандравалі назаўсёды?

— Яны ня робяць нічога. Прышлі, бо горы-ж не належаць нікому. Хіба ваша дзяржава пабудавала гэтыя горы? Для нас няма граніц, Індыя, Кітай, Коканд, увесь сьвет — гэта лугі, дзг могуць пасьвіцца які. Там, дзе ня жыве як, няма для нас зямлі. У мінулым годзе на пашах Верхняга Шымшалу быў джут — галалёд. Выпала шмат сьнегу, і ён растаяў і ізноў замёрз. Усё іх стада загінула-б, калі-б яны не перайшлі на новыя лугі. Яны перайшлі ў нашы землі — на Козьзі валун і халодныя лугі Жоўтага возеру. Джут прайшоў — яны ідуць назад.

Пачуўшы аб такой нязвычайнай падзеі, як пераезд цэлага племя цераз граніцу, я, зразумела, адразу-ж рашыў, што я павінен што-б там ня было бачыць іх. Колькі мне вядома, племя індыйскіх кіргізаў, або гурама, адкрытае англійскім географам Т. М. Фэрстэрам у 1896 г., яшчэ ня было дасьледвана ні адным савецкім работнікам. Зразумела, я ня мог упусьціць такога спрыяючага моманту і ў той-жа дзень адлажыў перапіс Кізыл-рабацкай воласьці, выехаў ў кірунку пагранічнага вурочышча, насіўшага дзіўную назву Козьзі валун. Мяне суправаджаў 16-гадовы кіргіскі хлапчук паказваючы мне дарогу.

К вечару мы дасягнулі вурочышча. Сьцежка ўвесь час падымалася па роўным шырокім схіле кудысьці ўверх. Ва ўрочышчы былі раскінуты прысадзістыя і нізкія, рваныя лямцавыя юрты іншакраінных гасьцей. Навокал, пашчыпваючы траву, хадзілі нізкарослыя, шырокарогія худыя, аблезлыя які. У той момант, калі мы пад'ехалі да самай вялікай юрты, каля ўваходу ў якую вісеў «туг» — бунчук, аздоблены чорным конскім хвастом, з усіх бакоў нас абкружылі людзі ў белых аўчынах і з куцымі крэмнёвымі карабінамі ў руках. Пазнаўшы, што я рускі, яны закрычалі: «Мамур! Мамур!» (чыноўнік) і хутка аб нечым загаманілі. Мне цяжка было прасачыць за сэнсам іх слоў. Мова іх была грубая, цьвёрдая і вельмі адрозьнівалася ад звычайнага дыялекту горных кіргізаў.

Я запытаўся, дзе галоўныя роду, кіруючыя справамі іх стаянкі. Зараз-жа ўваход ў юрту расчыніўся, і адтуль выйшаў згорблены старык у выцьвіўшым лісьсім малахаі, з тонкімі рукамі і вострай хітрай бародкай.

— Вось ён! — закрычалі людзі ў белых аўчынах. Гэта Шыха-Буры-Татар, Горны Воўк, галава нашага роду.

Убачыўшы яго, я адразу зразумеў што нам не згаварыцца. Вышаўшы з юрты, стары спыніўся і раптам загаласіў, размахваючы шчуплымі рукамі і пырскаючы сьлінай ва ўсе бакі. Ён крычаў, глытаючы словы, і тыцкаў мне ў твар неккай доўгай паперай з каляровай пячаткай.

— Паспурт, глядзі нам паспурт! — галасіў ён.— Мы ня ваш райат, ня вашы даньнікі. Мы райат англійскага караля. Паглядзі на гэту паперу, тут усё напісана. Мы заплацілі даніну англічаніну, які зьбірае даніну з кіргіскай жывёлы каля перавалу Вахджыр. Гэты сын грэху ўзяў з нас 500 рупі. Больш мы ня хочам ніякіх чыноўнікаў. Мы прыйшлі на вашы землі за травой для якаў. Вось наш паспурт. Цяпер голад скончан. Мы варочаемся назад.

Папера, якую ён трымаў, была напісана на індыйскай і на англійскай мовах. Гэта быў тыповы пашпарт, спэцыяльна для вандроўных плямёнаў выданы яшчэ ў часы намесьніцтва Керзона. Аб гэтым гаварылася ў пачатку: «Мы, Джордж Натанісль, граф Керзон, маркіз-оф-Кедльстан, галоўны сакратар яго вялікасьці па іншакраінных справах, віцэ-кароль Індыі і інш. і інш.... «Пашпарт быў выдан усяму роду, на імя яго галавы — Шыха-Буры. Я спрабаваў растлумачыць, што я ня чыноўнік, які зьбірае подаць і што не пайду ад іх, пакуль не перапішу ўсіх юрт і людзей, якія ў іх ёсьць. Яны знаходзяцца на зямлі нашай дзяржавы, і мы павінны ведаць, колькі іх. Выслухаўшы мяне, стары адвярнуўся і зноў пайшоў у юрту. Мяне апанавала няпрыемнае маўчаньне. Зьнешне, аднак, на мяне амаль перасталі зварочваць увагу, аддаўшы мяне самому сабе.

Я сеў каля вогнішча, каля якога прыгожыя і брудныя дзяўчаты зьбіралі вячэрні ўдой якаў у сьмярдзючыя казіныя бурдзюкі. Вецер, якімучыў нас увесь дзень, нарэшце трохі сьціх. Ударыў мароз, скаваўшы лужыны вады ломкім лёдам. Мне выразна ўспомнілася ў гэты момант, што зараз чэрвень месяц, лета, у Расіі, гарачыня і камары.

Я дастаў з клунка «пасяленыя» блянкі і запісаў на паперу наступныя весткі: «Паселішча Шыха-Буры. Лік хат — 12 пераносных юрт. Месцапалажэньне — канцовая лінія ўсьцяж граніцы Вялікага Паміру. 37о 23’ п. ш., 42о 7’ у. д. ад пулкоўскага мэрыдыяну».

Вогнішча разгаралася і рэзкім бліскучым полымем паліла мне твар. Тым ня менш у ногі і сьпіну было холадна, і я варочаўся, корчыўся і мёрз, як цыган у пекле. Кіргізёнак, з родзічаў валаснога старшыні, падсеў да мяне, зьдзіўлена сочачы за рухам алоўка ў маёй руцэ.

— Ай-ай-ай, без карысьці ты чаруеш! — сказаў ён.— Гэтыя гурама — адчайнае племя. Калі хацеў да іх ісьці, чаму ня ўзяў таварыша Тымур-Султана з Памірскага посту? Чаму ня ўзяў яго адважных кіпчакоў — міліцыянэраў?

Я нешта адказаў яму, прадаўжаючы пісаць. Помніцца, я сказаў яму, што ён можа вярнуцца назад, калі хоча. Кіргізёнак пакланіўся і,азіраючыся, пайшоў да свайго каня, прывязанага каля юрты старэйшыны роду. Адтуль, насустрач яму, выступіў нейкі бязносы волат закручаны ў старую шубу з воўчых скур.

— Стой! — прамармытаў ён, зьбіўшы хлопчыка з ног цяжкім ударам кулака.— Куды цябе паслаў чыноўнік? Ён паслаў цябе за салдатамі, каб узяць у палон? Гавары, пракляты шайтан!

З усіх бакоў стаянкі раздаліся злосныя крыкі. З юрты адзін за другім выбягалі вандроўнікі, на хаду шчоўкаючы вогнівам і запальваючы кнаты сваіх крэмнявых стрэльбаў. Я кінуўся на дапамогу хлопчыку, стараючыся адштурхнуць ад яго зьверападобнага волата, які здавалася, гатоў быў яго раздушыць. У гэты момант раздаўся перасьцерагаючы крык, і вакол майго цела абвілася вяроўка, якая ўдарыла мяне нейкай цяжкой гіркай, прымацаванай на канцы гэтай вяроўкі. Я паваліўся на зямлю амаль бяз прытомнасьці. Зараз-жа са ўсіх бакоў з гучным крыкам пазьбягаліся кіргізы і туга зьвязалі мяне, топчачы і штурхаючы нагамі. Вяроўка моцна ўелася ў маё цела. Я ня мог рушыцца. Затым я быў кінуты на сырую калючую траву і прыкрыт, каб ня зьмерзнуць, нейкімі вашымымі і сырымі лахманамі. Я пачуў, як стагнаўшага і плакаўшага хлопчыка, павялі ў адну з юрт. Я астаўся ляжаць адзін, чуючы чвяканьне жаваўшых над маёй галавой жвачку якаў.

Ноч прайшла ў муках і ў трывозе. Я ня спаў, рыхтуючыся сустрэць самае што можа быць цяжкае, а можа і сьмерць. На сьвітаньні з галавы маёй зьнялі анучы, якімі яна была закутана, і нейкі кіргіз паднёс мне малако ў іржавай бляшаніцы. Я убачыў, што стаянка была сабрана і гатова ў дарогу. Дзе-ні-дзе яшчэ тырчэлі дзіравыя як рэбры, оставы юрт, каля якіх жанчыны выцягвалі паўбіваныя ў зямлю калы.

Калі добра расьсьвітала вандроўе зрушылася на поўдзень, паганяючы гарбатых якаў, трусіўшых дзіўным кароўім трушком. Не разьвязваючы, мяне прыкруцілі да мяккага «палану» — уючнаму сядлу ўмацаванаму на сьпіне яка.

Сонца узыйшло жоўтае і хмурае, бяз усякіх сьветлавых эфэктаў. Цяпер можна было бачыць адзінокае нагор’е з усіх бакоў абкружанае дзівоснымі горамі, пакрытымі з самай асновы сьнегам.

На дзесяткі кілёмэтраў адсюль ня было ніводнага чалавечага жыльля. Тут панавала прыгнятаючая цішыня, і на гэтых вялізарных прасторах вандроўе кіргізаў здавалася нібы выпадкова трапіўшым і надзвычай маленькім. Кіргізы немым голасам паганялі якаў (рэдкае паветра кепска перадае голас), немым голасам лаячы і праклінаючы адзін аднаго. Каля поўдня мы пераправіліся ў брод праз ледзяны і няглыбокі ручай Ак-Су, на другім баку якога пачынаўся новы пад’ём, які вёў да высокага горнага хрыбта, бліскаўшаму на поўдні.

— Разьвітайся са сваёй зямлёй,— сказаў мне адзін з кіргізаў, які ехаў поплеч,— цяпер мы ідзем па зямлі Афганістану. За тым перавалам — Канджут.

Я аглядзеўся вакол, наколькі дазвалялі мне вяроўкі. Нічога не зьмянілася, хоць мы і былі па той бок граніцы. Дзьмуў той-жа халодны вецер, пуст быу кругавод, і з зямлі рэдкімі купкамі тырчалі кусьцікі чахлай і калючай травы. Тут кіргізы не баяліся больш пагоні. Мяне разьвязалі і дазволілі зьлезьці з яка і ісьці пехатой, каб разьмяць ногі. Аднак доўга ісьці пехатой было немагчыма. Грудзі сьціскала біцьцё сэрца — гэта была хвароба вышыні.

Мы рухаліся на поўдзень, ад начлегу да начлегу, падымаючыся ла вельмі высокія ледзяныя спады, ізноў выходзячы на голыя, бястраўныя ўзгор’і, якія ляжалі адно вышэй за другое. Справа ад нас паказалася і зьнікла возера. Вялікіх крамянёў, воды якога, бліскучыя і ярка блакітныя затокай упадалі ў бязьмеж’е вечнага лядніку. Мы мінулі сьнежныя гураганы перавалу Вахжыр і асыпы перасала Кіліл, дзе ніколі не праходзіў нагружаны конь. У каня ад напружаньня ў разрэджаным паветры, здарыўся-б параліч сэрца. Так казалі мне кіргізы. Вышьшя гэтых перавалаў, мяркуючы па карце, блізка да 6 км над узроўнем мора.

Зараз-жа за перавалам Вахджыр я ўбачыў нявысокі каменны насып, які лічылі, як відаць сьвятыняй у вандроўнікаў. У каменьні былі ўторкнуты бунчукі і рогі горных бараноў, зьвязаныя анучкамі і стракатымі кавалачкамі.

Я абышоў насып і на самой яго вяршыні, на гладкім ілбе вялікага каменю, убачыў надпіс на англійскай мове: «Пагранічны знак №281, Вахжырскі вучастак. Пастаўлен у 1896 г. капітанам 3-й сапёрнай роты паўночна-заходняга пагранічнага палка Г. Тгоузерсом».


Загрузка...