РАЗЬДЗЕЛ ІІІ Да вышнявін ракі Інд


Такім чынам, мяне перавезьлі праз другую граніцу, у межы Індыі. Нажаль, гэта імя, якое незразумела і прывабна гучэла для мяне ў гады дзяцінства, ня прынесла мне ніякай радасьці. Я быў палоньнікам на чужой зямлі. Лугі Паміра, Каракорум і Гіндукуш асталіся за маёй сьпіной.

На трэці дзень падарожжа мы спаткалі першага прадстаўніка англійскай улады — зборшчыка падаткаў у вандроўных раёнах. Гэта быў стараваты і сумны індус, які моцна кашляў ад вялікага холаду і закручваўся ў мядзьвежае футра. Ён жыў у прасторным прагумаваным шатры, усланым унутры лямцавымі дыванамі. Побач з шатром, у нізкіх зямлянках, быў разьмешчан маленькі атрадзік канджуцкіх салдат.

На мяне індус нават не па-глядзеў, ляніва выслухоўваючы лісьлівы расказ Шыха-Буры. Я адразу зразумеў, што стары хітрэц хацеў, захапіўшы мяне, выслужыцца перад «саібамі» (панамі) і апраўдаць свае незаконныя пераходы праз граніцу. Чыноўнік, аднак, прыкра і з нудой адмахнуўся ад яго і задаў мне некалькі пытаньняў на вельмі добрай англійскай мове. У адказ я патрабаваў безадкладнага вызваленьня, адпускаючы досыць непераканаўча гучэўшыя ў маім становішчы пагрозы па адрасу яго і англійскага ўраду, калі толькі мяне паспрабуюць затрымаць сілкам.

— Вельмі добра, вельмі добра,— сказаў індус пазяхаючы,— гэта ня ў маёй компэтэнцыі. Я абавязан даставіць вас у Бальтыт, як перайшоўшага граніцу без дазволу. Вы можаце нарэшце аскардзіць мае дзеяньні перад панам рэзыдэнтам. Ідзіце.

Зараз-жа вакол мяне, вырасла некалькі сіпаеў, у цюрбанах і з адзінаццацізараднымі англійскімі вінтоўкамі. Кіргізы, захапіўшыя мяне ў палон, пад шумок рушыліся з усёй сваёй жывёлай па шырокай сьцежцы кудысьці ў гору.

Тут, поблізу, як відаць была паша, пакінутая імі ў мінулым годзе.

Прайшла яшчэ адна ноч. Я прачнуўся ў душнай каравулцы посту ад таго, што над маёй галавой нахіліўся нейкі вусаты тлустаносы салдат, які моцна крычаў, каб разбудзіць мяне і падрыхтаваць да дарогі.

Адсюль і далей на поўдзень дарога крута ішла ўніз рака Канджут, якая працякала каля вытокаў пустыннымі і абледзянелымі берагамі, тут ператваралася ў бурны і вясёлы струмень, які ўводзіць у густыя зарасьлі вечназялёнага ялаўцу. Я ішоў пехатою пад аховай чатырох сіпаяў. З кожным кілёмэтрам станавілася цяплей, і дыхаць было лягчэй. Здавалася, што раптоўна наступіла вясна — вясна ў небе з высокімі воблакамі, у паветры, вільготным і свабодным, у нас саміх.

«Вось я і пакінуў Памір,— думалася мне.— Ці мог я ўявіць калі-небудзь, што мне давядзецца пакідаць яго пад канвоем салдат з вінтоўкамі, якія вядуць мяне, куды не ганяць цялят Макару! У горы Індыі...»

Кілёмэтрах у дзесяці, прыклад,на, ад паста, ці «тупханы», як гаварылі мае канвойныя, я ўбачыў першы пасёлак канджутцаў. Гэта былі рослыя, прыгожыя людзі з гарбатымі насамі, насіўшыя белыя сарочкі і белыя расшытыя шапачкі на галаве. Яны гаварылі на невядомай мне мове, у якой, аднак, пападалася досыць шмат знаёмых мне пэрсыдзкіх і індыйскіх слоў. Убачыўшы салдат, яны выносілі на вялікіх хустках пачастунак — кіслае малако, вараных курэй і талакно з тутавых ягад. Салдаты прымалі ўсё, як няўнікнёнае і патрэбнае, груба пакрыкваючы і штурхаючы частаваўшых. Вёскі рабілі сумнае і няпрыемнае ўражаньне галечы. Ральля была завалена каменьнямі, і на ёй корпаліся згорбленыя старыя, калупаючы зямлю матыгай. Хаты былі складзены з грубага, неабчэсанага каменьня і былі падобны на вялікія куратнікі бяз вокан і з маленькімі нізкімі дзьвярыма, адкуль шугаў дым. Канджутцы жылі ў курных хатах.

Прызнаюся, што, ня гледзячы на сваё становішча нявольніка, я назіраў за ўсім гэтым з некаторай цікавасьцю. Аказалася, значыцца, што гэта краіна, якая належыць культурным англічанам, адстала ад нас, таму што толькі сёлета на Паміры зьявіўся першы трактар, таму што ў Харозе — цэнтры савецкага Паміру — гарыць электрычнасьць, пабудаваны эўропэйскія дамы, больніцы.

Чым больш мы спускаліся з нагор’я ўніз, вёскі канджутцаў пападаліся ўсё часьцей і зеляніна вакол іх была пышней. Раніцою наступнага дня мы мінулі вусьце ракі Шымшал і вышлі да нявысокага, узьнятага пад пахаць перавалу, адкуль я першы раз у жыцьці ўбачыў балоцісты Бальтыт, акружаны гарамі. Бадай, я мог-бы ганарьшца гэтым, калі-б папаў сюды па сваёй волі. Да мяне ў гэтай краіне быў толькі адзін рускі — царскі падпалкоўнік Грамбчэўскі — трыццаць год назад. Цяпер, калі ўсё гэта ў мінулым, я амаль гатоў шкадаваць, што ніколі мне ня давядзецца быць у гэтых мясцох ізноў. Аднак, можа ўлада паноў Дзьюрэнці ня так ужо даўгавечна ў гэтай краіне, як думаюць яны самі, а тады... Аб гэтым варта было-б спытацца ў корэспандэнта «Алахабад-Ньюс».

Сталіцу Канджуцкага ханства мы ўбачылі перад сабой далёка ўнізе; яна выглядала прасторнай і квітнеючай лагчынай, дзе жаўцелі хаты, прыкрытыя двухспаднымі дахамі, мігацелі залітыя вадой чатырохвугольнікі рысавых палёў і ў густой садовай зеляніне, як маякі, падымаліся тонкія топалі. Стаяла сырая стомная гарачыня. Канвойныя сіпаі зьнялі боты і, падштурхоўваючы мяне, пабегла наперад з радаснымі, ажыўлёнымі крыкамі.

Амаль бегам мы ўвайшлі на вуліцу гораду. Па сутнасьці, гэта быў ня горад, а вялікае паселішча, з кучай хат, акружаных тапалямі і прысадзістыма платанамі, з хутка бягучай у разгароджаных канаўках вадой. Мы ўступілі на рынак, дзе рыжыя пенджабскія купцы гандлявалі ўсякай дробязьзю, накшталт люстэркаў, фарбаў і парафінавых сьвечак. Каля харчэўняў, дзе дыміўся рыс і смажаная бараніна, каля груд вінаграду і пэрсыкаў, сядзелі чорныя хлопчыкі, крычучы: «Ек пао адх анна» [1]. На кожным разе, каля маленькіх, страката размалёваных мусульманскіх мячэй з выразанымі драўлянымі колёнкамі, вар’яваліся махнатыя і голыя, як малпы, факіры, выпрашваючы грашовую падачку. Усё гэта аглушыла мяне сваім бязладзьдзем, нікчэмнай таўкатнёй, такой дзіўнай і непадобнай на сумнае адзіноцтва высокіх гор. Мае канваіры з праўвялічана ўрачыстым выглядам узялі стрэльбы на перавагу і, расштурхоўваючы натоўп, павялі мяне некуды ўперад. Убачыўшы нас, усе жыхары Бальтыту кідалі свае справы і беглі за намі крычучы: «Урус-ка, ўрус!» Яны беглі за мной і глядзелі на мяне з такім зьдзіўленым расчараваньнем, як быццам да гэтага думалі, што ва ўсіх рускіх на плячох лісьсі хвасты замест галоў. Як я ўпасьледку даведаўся, яны нібы аб гэтым і гаварылі.

Сіпаі спыніліся перад невялікім шырокатэрасным домам лёгкай паўдневай будоўлі, над якім быў паднят выцьвіўшы брытанскі сьцяг. Хавальдар [2] увайшоў у сярэдізну. У доме наступіла лёгкае замяшаньне, пачуліся нейкія крокі і галасы. 3-за жалюзы выглянула нейчая галава і, уважліва аглядзеўшы мяне, зьнікла. Нарэшце мяне ўвялі ў шырокі габінэт, адкуль даносіўся гураганны стук пішушчай машынкі. Каля стала, дзе пачцівы сакратар з лякіраваным прыборам адстукваў лісты, стаяў нейкі нізкарослы голены пан з тоўстай налітай крывёй шыяй. Ён паглядзеў на мяне ацэньваючы поглядам фотографа-моменталіста і ўказаў на крэсла рукой.

— Сядайце,— сказаў ён вельмі старанна на рускай мове, аддуваючыся, як ад цяжкой работы.— Я англійскі рэзыдэнт для граніц Расіі, Кітаю і Афганістану на тэрыторыі Канджуцкага ханства, Уолтер Дзьюрэньці. Ваша разуменьне мяне дае права выводзіць з гэтага сьвядомасьць у тым, што вы з СССР. Калі вы не прызнаваеце гэта факт, то я магчым гаварыць з вамі на рознай іншай мове, туземнай і іншакраіннай.

Я адказваў на гэту жвачку рашучым і гучным протэстам супроць гвалту, утворанага ў даным выпадку над грамадзянінам СССР, якога, парушыўшы ўсе прынцыпы міжнароднага права, укралі з тэрыторыі яго бацькаўшчыны, завёзшы на землі падлеглага Англіі ханства.

Рэзыдэнт слухаў мяне нахабна і няўважліва, пастукваючы па стале пальцамі, быццам усё, што я ні скажу, вядома яму ўжо раней і ён рашыў не зварочваць на гэта ўвагі.

— Вы,— адказаў ён кісла, калі увесь запас маіх довадаў прышоў к канцу,— кіньце гаварыць ваш хумдрум і нонсэнс (ерунду). Вы — сукін сын! Я магу выглядаць вашу справу толькі з аднаго пункту гледжаньня. Вас затрымаў на граніцы

Індыі пандыт [3] Матападья і для мяне вы ёсьць рускі шпіён. Калі вы папярова ня выкладзеце конструкцыйны плян вашай організацыі, то я вас адпраўлю ў Гільгіт, і вы будзеце павешаны. Гэта будзе оучен карашо. Цяпер я буду перадаць вас на рукі туземных улад, і вы прувіруеце усходняе турэмнае зьняволеньне да дня дарбара, (прыдворны прыём).

Вакол мяне ізноў вырас канвой, і мяне павялі праз рынак у кірунку да невялікай цытадэлі з глінянымі сьценамі, дзе каля акаванай жалезам брамы, накурыўшыся гашышу варта з бяссэнсным сьмехам дулася ў косьці. Забражджэла брама, змардаваны начальнік турмы адамкнуў нейкі люк, і я быў кінуты ў цесны і смуродны з мокрымі сьценамі падвал, у якім павольна корпаліся зьняволеныя.


Загрузка...