КАТАКОМБЫ НЯБЁСАЎ


Эдэм

Як вядома, Біблія надыктаваная самім Панам Богам. А паколькі першы поўны збор Бібліі запісаны іўрытам, дык адсюль быццам само сабой вынікае, што на тую пару Бог найлепей ведаў старую габрайскую мову. Хаця наўрад ці падобнае меркаванне адпавядае сапраўднасці, бо потым Бог яшчэ шмат з кім сумовіўся паасобку (прынамсі, сведчанняў таму ў святых кнігах даволі), і далёка не ўсе ягоныя сумоўнікі былі габраямі. Тым не менш усе яны разумелі словы Бога, як уласныя. З чаго будзе лагічна выснаваць, што Бог быў (і, пэўна, застаецца) паліглотам. Зрэшты, і дзіўна, каб яно было неяк інакш. Праўда, нельга выключыць, што ў звычайным, фанетычным разуменні Бог увогуле не размаўляе, а тэлепатуе свае думкі (абмінаючы нашыя вушы) напрасткі ў галаву ці сэрца, альбо адразу туды і туды...

Але гэтым разам мяне не столькі сам Пан Бог цікавіць, колькі гістарычная радзіма чалавека — Эдэм. І перадусім: на якой мове ў Эдэме размаўлялі Адам і Ева? Праўда, для шмат каго тут няма аніякага пытання. Маўляў, паколькі пра Адама і Еву апавядаецца ў Бібліі, а Біблія запісаная іўрытам, дык выглядае амаль бясспрэчна, што Адам з Евай таксама размаўлялі нейкай старажытнагабрайскай мовай.

Яно то і хай сабе. Аднак калі наследаваць гэтай логіцы і далей, дык атрымліваецца, што Адам і Ева былі габраямі. А калі Адам з Евай былі габраямі, то і ўсе мы, іх нашчадкі, таксама габраі... Вохці мне!

Зрэшты, людзі ніколі не мелі асаблівага даверу да логікі. Таму шмат навукоўцаў і проста неабыякавых да гэтай праблемы людзей у самыя розныя гістарычныя эпохі спрабавалі высветліць, на якой мове сапраўды размаўлялі ў Эдэме. Усіх меркаванняў на гэты конт ніколі не перакажаш, згадаю адно некаторыя з іх. Бельгіец Гаранус лічыў, што Адам з Евай размаўлялі па-фламандску («Узнікненне Антверпена», 1569 г.). А вось нехта Кэмпе, прыкладна ў тую самую эпоху, сцвярджаў, што Бог размаўляў па-шведску, Адам — па-дацку, а змяя спакушала Еву па-французску (апошняе вельмі верагодна, бо здавён вядома, што французская мова — мова спакусы). Мадзьяр Іштван Хорват, прааналізаваўшы біблейныя імёны, прыйшоў да высновы, што ў Эдэме карысталіся мадзьярскай мовай. Але найбольш мяне зацікавілі даследаванні немца Хасэ, які ў 1779 годзе ў Кёнігсбергу выдаў кнігу «Правы Прусіі на Прыбалтыку, на рай старажытных — першую калыску чалавецтва, з усеагульнай згоды абгрунтаваныя біблейскімі, грэцкімі і лацінскімі пісьменнікамі...». Натуральна, Хасэ перакананы, што адзінай дзяржаўнай мовай Эдэма была нямецкая. Я з такой катэгарычнасцю спадара Хасэ не магу пагадзіцца. Калі

«Прыбалтыка... рай старажытных — першая калыска чалавецтва», дык у Эдэме аніяк не маглі гаварыць па-нямецку, бо нямецкая мова не была ў Прыбалтыцы мовай карэннага насельніцтва.

Аспрэчыўшы філалагічны аргумент нямецкага навукоўца, далей я хацеў бы не тое што аспрэчыць, а толькі ўдакладніць, так бы мовіць, трохі падкарэктаваць і яго геаграфічны аргумент. Мяркую, што Эдэм знаходзіўся ўсё ж такі не ў самой Прыбалтыцы, бо інакш у біблейным расповедзе пра гэты эпізод абавязкова згадалася б мора. Казаць пра Эдэм у Прыбалтыцы і абмінуць увагай мора, якое з’яўляецца з ёй неад’емным цэлым — гэта немажліва! Таму я лічу, што Эдэм знаходзіўся не зусім у Прыбалтыцы, а недзе паблізу. А што найбліжэй да Прыбалтыкі? Відавочна — Беларусь! З чаго я і раблю адзіна магчымую выснову: Эдэм мясціўся недзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і Адам з Евай (што амаль напэўна) размаўлялі на нейкай прабеларускай мове.

Натуральна, пакуль гэта толькі гіпотэза. Але я не маю сумневу, што з цягам часу нашыя адмыслоўцы, прапрацаваўшы самыя розныя археалагічныя, этнаграфічныя, тапаграфічныя ды філалагічныя крыніцы, зробяць з маёй гіпотэзы навукова абгрунтаваную і непахісную ў стагоддзях тэорыю.

Так яно будзе, бо так яно было.


Кніга

Хто напісаў першую кнігу? Апошнім часам на гэтае пытанне перасталі шукаць пэўнага адказу. А шкада. Бо недарэчна лічыць першай кнігай папірусны скрутак, датаваны ўсяго толькі 3350 годам да Н.Х.

Між іншым, далёка не заўсёды да гэтай праблемы ставіліся з сучаснай абыякавасцю. У ХVІІ– ХVІІІ стст. ёй было прысвечана безліч прац, з якіх бяспрэчна вынікала, што аўтарамі першых кніг былі Адам і Ева.

Праўда, уласна Біблія пра гэта ні слоўка не кажа, але ж мы не адмаўляем існаванне кампутараў ці зубных шчотак толькі на той падставе, што пра іх не згадваецца ў гэтай святой, усеабдымнай і вечнай кнізе.

За тое, што Адам быў надзелены не абы-якім літаратурным талентам, сведчыць ягоная праца па наданні найменняў прадстаўнікам флоры і фаўны Эдэма. Кожны з пісьменнікаў ведае, як гэта складана — увесці ў літаратурны ўжытак хаця б адно новае слова. Самы геніяльны празаік свету, беларус з паходжання Хвёдар Дастаеўскі, вынайшаў толькі два новыя словы: першае — «стушеваться», а якое другое — я забыўся.

Зразумела, што ў Эдэме Адам з Евай кнігаў не пісалі, там яны займаліся толькі вуснапаэтычнай творчасцю і каханнем.

Пісаць кнігі яны сталі пазней, калі Бог адлучыў іх ад гістарычнай бацькаўшчыны і змусіў пладзіцца ды размнажацца.

На вялікі жаль, арыгіналаў вербальнай творчасці першалюдзей не засталося. Тым не менш, пасля карпатлівага вывучэння ўсяго, што толькі падлягала вывучэнню, даследчыкі прыйшлі да наступнай высновы: Адам напісаў дванаццаць кніг. Пералічу колькі з іх: «Альфабэт», «Кніга парадку», «Кніга пра сутнасць істотаў», «Кніга пакаяння», дзве кнігі пра стварэнне свету... Непасрэдна да красамоўнага творства мела дачыненне кніга паэтычных твораў Адама, якая, згодна Нірэнбергусу, складалася з 94 псалмоў (ён сам, паводле ягоных словаў, адшукаў два псалмы Адама ў бібліятэцы Эскарыяла; праўда, потым яны кудысьці зніклі).

Між іншым, Ева таксама напісала дзве кнігі

(«Прароцтвы Евы» і «Евангелле Евы»)...

І хаця, як ужо адзначалася, навукоўцы не мелі тэкстаў першакніг, але не былі б яны навукоўцамі, каб на падставе адсутнасці гэтых інкунабулаў не стварылі цэлую літаратуразнаўчую навуку, у дыскурсе якой было напісана мноства цудоўных прац. Не магу не згадаць хаця б адзін выдатны твор з бясконцага шэрагу выдатных. Гэта «Спроба ўводзінаў у гісторыю дапатопнай літаратуры», якую ў 1727 годзе выдаў слынны навуковец Рэйман.

Пэўна, у звязку з кнігамі Адама і Евы вам найперш закарціць спытацца: а якім альфабэтам яны карысталіся? Слушнае пытанне...

Вядома, напісанае застаецца, гэта значыць рана ці позна, але патрапіць камусьці на вочы. Так яно было і ў нашым выпадку. Аднойчы ў самым глухім закутку ватыканскай бібліятэкі нейкі няўрымслівы бібліяфіл адшукаў некалькі «матрыц» з нікому не вядомым альфабэтам, але з тлумачэннем, што тут выразаныя тыя самыя літары, якімі карысталіся Адам з Евай.

Біблейны альфабэт быў адразу надрукаваны, і навукоўцы ўсхапіліся яго расчытваць. Найбольшага плёну ў гэтай справе здабылі італьянец Анджэла Рока, ангелец Джэймс Хэпбёрн і немец Лаўрэнцій Шрадэр (між іншым, дарадца Фердынанда І). І хаця вынікі іх даследзінаў не супадалі паміж сабой, гэта ўжо не мела асаблівага значэння. Істотны быў сам факт: Адамаў (Евін?) альфабэт — рэальнасць, а значыць, рэальнасць і тыя кнігі, што яны стварылі. А тое, што ніхто іх не бачыў, — не аргумент. Нікому яшчэ не патрапіў на вочы арыгінал «Слова пра паход Ігаравы», але апошняе зусім не замінае нам лічыць гэтае «Слова» першым геніяльным творам беларускай і казахскай (гл. кнігу Алжаса Сулейменава «Аз і Я») літаратур.

Ды што там: бачылі — не бачылі адзін рукапіс... Ніхто, акрамя двух чальцоў навуковай экспедыцыі, якую папа Грыгорый ХІІІ спецыяльна паслаў у Абісінію, не бачыў бібліятэкі царыцы Саўскай, дзе былі нават кнігі Аўраама (па філасофіі) і Ноя (па матэматыцы). Аднак колькі пра гэтую бібліятэку казалася і пісалася ў свой час!

Слушна некалі заўважыў знакаміты рускі філосаф Казьма Пруткоў: «Не давай веры вачам сваім». Не давай веры — калі бачыш, і не давай веры — калі не бачыш. Зоры кожную ноч зіхацяць на небе, а анёла нават днём не ўгледзіш. Але з гэтага хіба адно недаверак які стане рабіць выснову, быццам зоры існуюць папраўдзе, а анёлы — толькі ў нашым уяўленні. І калі такі недаверак скажа мне:

— А хто анёла пальцамі мацаў?

Дык я яму ў адказ тое самае скажу:

— А хто зоры пальцамі мацаў?


На Беларусі Бог жыве

Гэта здарылася на трэцім месяцы пасля сыходу сыноў Ізраіля з егіпецкага палону. У сінайскай пустыні Майсей знянацку напаткаў Бога!.. Як вядома, вынікам гэтай сустрэчы сталася гандлярскае пагадненне. Высечаная на каменных скрыжалях дамова абавязвала сыноў Ізраіля ахвяраваць свае жыцці на карысць адзінага (на мове філосафаў — маністычнага) Бога, а той, ім у разлік, мусіў апекавацца габраямі давеку.

Ідзе час, мінаюць эпохі, але трымаецца хаўрус Бога і абранага ім народа. Таму людзі ва ўсім свеце моцна зайздросцяць габраям — што і зразумела. Не кожнаму выпадае такое шчасце — свайго чалавека на нябёсах мець.

Беларусы раней таксама моцна зайздросцілі, а цяпер ужо — не, не вельмі. І ўсё дзякуючы Уладзіміру Караткевічу. Нейкім годам яго доўгі час ніхто не бачыў, аднак потым ён усё ж такі аб’явіўся на людзі і адразу кажа: «На Беларусі Бог жыве!».

Пачуўшы такую навіну, беларусы аж галовы паўгіналі: гэта вам не жартачкі — Бога мець у суседзях. Адзін я галавы не ўгінаў, бо трохі ведаў Караткевіча. Ат, блюзнерыць паэт, — падумаў смехам. Але пасля, сёе-тое ўзважыўшы, аж раззлаваўся на сябе: а чаму, уласна кажучы, я мушу верыць нейкаму там Майсею, а не свайму чалавеку? Тым болей, што Караткевіч не з дуба ляснуўшы такое сказаў. Да таго ж ён сур’ёзна абгрунтаваў гэтую, хай сабе і нечаканую для тэолагаў усяго свету, версію.

Як на мой розум, дык аргументацыя Караткевіча ну проста бліскучая. Паслухайце:

І няхай давядзе мне

Іншая кроў, Што брашу,

Як сабачы сын, — А няма нідзе Вярнейшых сяброў

І прыгажэйшых жанчын.

Што за вытанчаная логіка, праўда? Які там Кант са сваімі антымоніямі. Бог жыве з намі, бо людзі ў нас на Беларусі ўвогуле неблагія, а жанчыны — як нідзе вабныя...

Ах, які вы разумнік, Уладзімір Сямёнавіч, як добра, як пераканаўча гэта сказана. І хай сабе Майсей гаворыць, што гаворыць, мы-то цяпер ведаем, хто з намі суседзіцца.

Хаця, з іншага боку, можа, я і дарэмна не даю лішне веры Майсею. Бо ў той дамове на скрыжалях Бог і не абяцаўся жыць на зямлі «абетаванай», а толькі казаў, што будзе апекавацца сынамі Ізраіля ў меру іхняй адданасці Яму...

І глядзіце, як усё ладна ды складна адно да аднаго пасуецца. Калі габраяў спачатку выгналі з іхняй гістарычнай радзімы, а пасля — з Заходняй Еўропы і не пусцілі праз мяжу аселасці ў Расею, дык дзе яны знайшлі сабе прытулак? Вядома — на Беларусі.

Раней усе лічылі, што гэтак выпадкова склалася — як пішуць у кніжках, «збегам гістарычных абставінаў». Аднак цяпер, пасля прамоўленага Караткевічам, мы добра ведаем, што тут да чаго. Натуральна, Богу, які прытуліўся на нашых абшарах, ямчэй было апекавацца габраямі, калі яны апынуліся ў Яго пад рукой. Вось Ён іх сюды неўпрыкмет і скіраваў ды тут запыніў.

Цікавая атрымліваецца гісторыя. Сыны Ізраіля, працерабіўшы сцежку да Бога, далі нам прытулак на нябёсах, а мы ім тут — на зямлі.

Але што гэта я ўсё пра габраяў турбуюся? Яны і самі не зломкі... Тым болей, што ў мяне апошнім часам свая вярэда завялася. Хоць ты бяры драбіну і лезь на тыя самыя нябёсы, каб запытаць Уладзіміра Сямёнавіча, якім такім чынам ён даведаўся пра жытло Бога: ці сам-насам з ім сустракаўся, як Майсей, ці неяк інакш гэта было? І чаму я раней у яго не пацікавіўся? Праўда, калі ўважліва пачытаць пасланне Караткевіча, дык вынікае, што ніякай таямніцы тут увогуле няма, бо беларусы аб гэтым заўсёды ведалі, толькі чамусьці свайму веданню не надавалі належнай увагі. Паслухаем зноў нашага валхаўца:

І тая памяць жыве не ў царкве, А ў кожнай жыве галаве:

«На Беларусі Бог жыве...» І хай сабе жыве...

Дарэчы, гэтая відушча Караткевіча, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і тлумачыць, чаму беларуса ў царкву толькі носяць (адзін раз — хрысціць, а другі — адпяваць), а каб сваімі нагамі пайшоў — дык калом не загоніш... Бо навошта яму гэта патрэбна? Хай у храмы на маляваныя партрэты Бога ходзяць глядзець там, дзе Яго жывым на свае вочы ніхто не бачыў. А ў нас адразу за плотам падворка, куды вока ні кінь (на дарогу, поле ці лес) — усюды Ён. Як казаў усё той жа Караткевіч:

Гэты край —

Твой дом і сабор...

Слушна. Дзе сабор — там і Бог. А сабор на Беларусі ўсюды, і таму ўся Беларусь, а не толькі ўкрыжаваныя камяніцы — Дом Божы.

Пэўна, тут які недаверак падхопіцца, каб мяне папікнуць: маўляў, як гэта шэрая, нішчымная Беларусь, краіна гнілых балотаў і ніцых хмызоў, дзе сонца калі і свеціць, дык не грэе, а ў туманах нават дарогі губляюць свае шляхі — дык вось, як гэтая выклятая зямля можа быць храмам для Валадара ўсіх Сонцаў і Сусветаў?

— Яшчэ як можа, — без ваганняў запэўніваю недаверка. А для лепшага паразумення дазволю сабе прыклад з матэматыкі. У сусвеце лічбаў ёсць толькі адно месца, дзе Бог можа атабарыцца ва ўсёй сваёй абсалютнай паўнаце. Гэта нуль. Бо там, у нулі, нітуецца ў непрыкметнасці ўсё, што хоць дзе ёсць, і ўсё, чаго хоць дзе няма... Гэтаксама і на зямлі. Спавітая туманамі, адсутная ў сваёй прысутнасці Беларусь, дзе нават дарогі блытаюць свае шляхі, а людзі ніколі не прыходзяць туды, куды выпраўляюцца, — ёсць найлепшым аргументам на карысць таго, што менавіта ў нашых краях прытуліўся да зямлі Бог. Дайце веры Караткевічу: якраз на гэтых абшарах Бог накрэсліў сабе круг, які ў матэматыцы называецца нулём. Таму ўсё, што тут становіцца большым ад нуля (людзі, падзеі, з’явы), Яго рука выштурхоўвае ў іншыя прасторы, пакідаючы гісторыі гэтай зямлі і гэтых людзей толькі іхнюю адсутнасць...

Цяпер вы, пэўна, зразумееце, чаму я кожным ранкам з трывогай падыходжу да акна — а ці не рассеяліся густыя туманы над Беларуссю, а ці не выпрасталіся дарогі, а ці не ўзножыліся на ясным даляглядзе пыхлівыя хмарачосы?! Бо калі такое аднойчы здарыцца і мы паўстанем перад светам ва ўсім сваім багацці і велічы, дык гэта будзе азначаць толькі адно: Бог нас разлюбіў і выправіўся адсюль за небакрай. Таму наастачу мне нічога іншага не застаецца, як у каторы раз паўтарыць малітву Уладзіміра Караткевіча:

На Беларусі Бог жыве,— І няхай давеку жыве.


Дыялогі з Богам

Патыліца да патыліцы, ды так шчыльна, што куды ні абярнуся, Ён заўсёды за спінай.

Шалеючы, мармычу скрозь зубы:

— Цябе няма.

І адразу хрыбтом адчуваю цяжар нябёсаў, і сэрцу робіцца млосна.

Хай сабе.

Цябе няма. На каменных скрыжалях Майсей высек не дамову з Табой, а першую літаратурную містыфікацыю. Ён затлуміў нам галаву універсальнай метафарай, і ніхто не даўмеўся запытацца Майсея: навошта Богу тая пісанка?

Цябе самога пытацца дарэмна. Ты — маўчыш. Твой схарон у бязмоўі. Ты — толькі падстава для дыялогу...

Чалавеку няма з кім гаварыць, ён страшэнна адзінокі. Ён спрабуе пазбавіцца адзіноты, прамаўляючы словы да жанчыны, дзяцей, людства, але ў адказ чуе толькі рэха. І тады ён змаўкае і застаецца самнасам. Цяпер яму няма з кім нават маўчаць, акрамя Цябе. Затое Твае моўчы яму хопіць назаўжды.

Ты — выбаўленне адзіноты.

Але Ты і самая вусцішная адзінота, якую толькі можна сабе ўявіць.

І таму я пытаюся: можа, Ты выдумаў мяне, адно каб самому ўнікнуць нуды? Можа, сапраўды Ты мяне вымавіў, каб было каму гаварыць з Табой?

Ты — жорсткі і панылы Шахрыяр, які нудзіцца тысячагоддзі і не мае сну ні днём, ні ўначы...

— Ты і на гэта маўчыш?

Я зважаю, што калі Ты — Слова, дык кожнае маё пытанне — гэта перадусім Твой адказ.

Больш за тое, я мяркую, што Ты — толькі слова.

Пра што кажа і Іаан: «На пачатку было слова... І Богам было Слова».

Цуд маўлення — найвялікшы з магчымых на гэтым свеце. Што існае без слова? Сказаць «нішто» — значыць нічога не сказаць.

Натуральна, Слова — Бог. Яно перастварыла вусцішную фантасмагорыю ў ветлую рэальнасць, і калі што абагаўляць, дык нішто іншае, як Слова.

Таму кожны раз, прамаўляючы хоць нешта, мы прамаўляем Тваё імя. Лаянка і мальба, споведзь і хлусня, патаемная думка і енк — усё Ты.

Забі — Ты. Злітуйся — Ты. Мы — Ты. Я — Ты.

Ты — Слова, персаніфікаванае ў слове «Бог». Паўторанае за тысячагоддзі безліч разоў Тваё імя зацвярдзела ад дотыкаў вуснаў, а рэха матэрыялізавала прастору Твайго бытавання.

Вызначаючы лёсы людзей, народаў і ўсяго людства, слова «Бог» само мацавалася чалавечай моцай, збіралася чалавечымі высілкамі ў магутную дзейсную волю.

А пасля ўкрыжавання Ісуса яно набыло яшчэ важкасць маральнага абсалюту.

Бог — толькі імя слова.

Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосць у сэрцы? Ты — толькі слова «Бог». І гэта напэўна. Аднак давай на момант уявім, што некалі Ты сапраўды быў. Але хіба Ты быў Богам, пакуль не стварыў прамень, верас, пчалу, мяне? Хіба Ты быў Богам, калі самотнай зданню блукаў у прыцемках вечнасці ці недзе ў кутку Нічога, згарнуўшыся ў Нішто, нэндзіў самнасам, як засунутае ў мех шчанё?

І калі мы ўсе знікнем дазвання, што застанецца ад Цябе? Кволае трымценне спарахнелага шматка Нішто ў ацвілым кутку Нічога?

— Маўчыш? Маўчы!

Урэшце, адзінае, што я хацеў бы пачуць ад цябе, — гэта:

— Чаму?

І, можа:

— Навошта?

А менавіта — з якой такой патрэбы Ты раптам усхапіўся да працы, каб зрабіць верас, пчалу, мяне?..

Я кленчу перад Табой і схіляю да масніцаў галаву перад Тваёй кемлівасцю. З нічога, з абсалютнага нічога, з сусветнага гвалту абсмактанай пустэчы ўзбіцца на ідэю Нечага, на ідэю формы — гэта... Калі я скажу, што гэта — геніяльна, мне першаму будзе няёмка за ўбоства чалавечае мовы.

Са зместам, пагодзімся, ужо было значна прасцей, а што да тэхналогіі абнаяўлення свету, дык, паводле Бібліі, за выняткам апошняга акту тварэння, праблемаў увогуле не было.

Але навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?

— Скажы!

Можа, Табе абрыдла быць Нікім, і Ты вырашыў, што лепей памерці ў сваім тварэнні аднойчы і назаўжды, чым доўжыць яшчэ невядома колькі дурную бясконцасць панылага існавання сам-насам?..

І Ты памёр у чалавеку, як памірае скінутае ў глебу зерне.

Адам убачыў Цябе ўжо старым, задаволеным сабой, але, па боскай меры, нямоглым. І гэты вобраз спрацаванага ціхамірнага дзеда на прызбе — адзіны ўспамін пра Цябе, які досыць выразна перадаваўся потым праз пакаленні.

Пэўна, пачынаў Ты работу маладым і дужым, аднак, мабыць, не разлічыў моцы свайго духу і Адама ўжо давялося ляпіць рукамі з кавалка гліны, адно пахукаўшы трохі на пальцы. А Еве нават і хуку не засталося. Як парастак прышчапляюць да галінкі, так прышчапіў Ты скабу Адама да дрэва жыцця.

І ўсё ж такі: навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?

Дарэчы, чаму гэта мы Цябе ўхваляем, чаму гэта Табе дзячым за жыццё? Каб мы ўваходзілі ў Тваю задуму, каб Ты меў намер растыражаваць нас да бясконцасці, дык, як зораў на небе, нарабіў бы людзей на зямлі. Але Ты палічыў, што даволі і гэтых двух. І вымыў рукі...

А калі б Ева не аслухалася Цябе?..

І па сёння сярод хмызоў Эдэму бадзяліся б толькі два големы, лыпалі вачыма, пазяхалі раз-пораз і, казычучы адзін аднаго пад пахамі, па-дурному рагаталі, гэтым рогатам акрэсліваючы ўвесь змест быцця.

Не Табе, а ім, якія саступілі ў грэх, трэба дзячыць за тое, што мы ёсць, не Табе, а ім я абавязаны магчымасцю чытаць кнігі, баляваць з сябрамі, кахацца з жанчынай і караскацца па высокіх гарах у салодкім прадчуванні вяртання на бацькаўшчыну.

Не Ты — Грэх наш бацька. І ўсе мы — ягоныя дзеці. Гэта так.

Застаецца пачуць адказ на пытанне:

— Чаму Ты дазволіў граху быць?

Адно не кажы, што Ева сама зрабіла тое, што зрабіла. Смешна слухаць: без Твае волі і па-за Тваім веданнем здарылася самая вялікая падзея ў гісторыі людства...

Яно з’явілася!

Але якраз на гэтае пытанне, нават аказаўшыся, Ты, пэўна, ніколі не адкажаш. Бо наш грэх — Твой сорам. А можа, і нешта горшае, пра што далей...

— А Ты пярэч.

У нейкі момант Ты зразумеў, што Твая праца па стварэнні Сусвету, лічы, была марнай. Бо, зрэшты, нічога не змянілася ў параўнанні з тым, калі не было нічога. Мігцяць зоры, калыхаецца Зямля, сноўдаюць па ёй розныя істоты, але нічога нідзе не адбываецца. Быццё быццам ёсць, і разам з тым яго як няма. Яно здарылася аднойчы, а цяпер толькі нерухома прысутнічае ў сваім здарэнні, як у гасцёўні карціна — на ўспамін пра колішні акт творчасці.

Хаця параўнанне з карцінай, бадай, не зусім дакладнае. Лепей згадаем тэатр, дзе Ты — рэжысёр і глядач у адной асобе.

Напачатку Цябе ўсё бавіла: і велічныя дэкарацыі, і жвавыя статысты, і вабная гераіня побач з цнатлівым героем у багатым інтэр’еры з размаітай квецені («І гэта хораша», — раз-пораз паўтараў Ты).

Але колькі можна глядзець адну і тую самую дзею, у якой ніколі нічога не адбываецца?

І некалі Табе ўсё гэта абрыдла. Зусім верагодна, што, калі б у Цябе яшчэ заставалася былая моц жыццядайнага духу, Ты ўшчэнт пабурыў бы гэты свет і зладзіў што-кольвек іншае, каб наноў уведаць асалоду творчага здзяйснення. Аднак ад той першапачатковай моцы ў Цябе, пэўна, ужо амаль нічога не захавалася. І Ты аднойчы падумаў, што зусім не абавязкова ўсё перарабляць ад пачатку, даволі будзе, калі з гэтымі лянотнымі, ні да чаго не здатнымі стварэннямі аднойчы нешта здарыцца.

З імі ўвесь час нешта мусіць здарацца! Тады статычнасць быцця зрушыцца са свайго пастамента, і яно само закруціцца ў шалёнай віхуры пераменаў.

Цяпер Табе заставалася вынайсці тое, што потым само будзе вечна рухаць дзею.

Твая прыдумка з гледзішча чалавека была жахлівай! Аднак, нават жахаючыся Тваёй жорсткасці, давядзецца пагадзіцца, што нічога роўнавялікага потым ні Ты, ні хто іншы не змог вынайсці.

Новая канцэпцыя свету прадугледжвала замену пануючай у Эдэме тэорыі бесканфліктнасці на абвальную трагедыю.

Гэта сёння мы, выгадаваныя смерцю, успрымаем трагічнасць свету як апалае лісце ўвосень — з абыякавым одумам...

А я ўяўляю тагачасную сітуацыю, дзе ўсё толькі кагадзе было створана і ніхто не ведаў, што значыць загінуць; не схавацца ў кустах на хвіліну, а знікнуць назаўсёды. Больш за тое — ніхто нават не здагадваўся, што гэта ў прынцыпе магчыма...

З жыцця прыдумаць смерць, як з нічога — форму... Гэта неверагодна!!! (Кленчу, зноў кленчу перад Тваім эўрыстычным геніем.)

Гэтыя дзве Твае ідэі і прадвызначылі ўсе наступствы. Тады мы і займелі тое, што маем і, відаць, ужо будзем мець заўжды, пакуль будзем хоць нешта мець.

Пэўна, калі ідэя смерці прыйшла Табе да галавы, Ты запляскаў у ладкі ад захаплення сабой...

Узяў рыдлёўку і пасадзіў на самым бачным месцы Эдэма дрэва ведання і ліха.

А каб прыспешыць падзеі, падбухторыў гада. Ува ўсім гэтым абы-як, наспех злепленым сцэнары выгнання Адама і Евы з жыцця ў смерць мяне засмучае не слабая драматургія, а нямоглая годнасць —Твая.

Ты ўсведамляў, што робіш, і таму не адважыўся без хоць якой падставы адчыніць браму Эдэму і сказаць як ёсць:

— Ідзіце ад мяне. Жывіце і памірайце самі.

У Цябе не хапіла мужнасці ўзваліць на сябе адказнасць за ўтвораную Табой смерць, і Ты вынайшаў, як перакласці гэтую адказнасць на першалюдзей, абвінаваціўшы іх у непаслухмянасці.

Ты не толькі стварыў першую трагедыю, Ты сам выканаў у ёй ролю адмоўнага героя пад маскай суровага, але справядлівага суддзі.

Нездарма акцёраў і па сёння называюць ліцадзеямі.

— Я не магу Цябе мераць сваёй чалавечай мерай? Але чаму?

Калі Ты важыш мяне на вагах дабрыні і зламыснасці, калі этычныя законы, законы чалавечае маральнасці, зразумелыя мне, як і кожнаму, — крытэр, каб патрапіць у Тваё Гаспадарства, дык, натуральна, і я магу і павінен патрабаваць ад Цябе маральнае дасканаласці і падпарадкавання этычнаму закону ў стасунках са мной і з кім заўгодна іншым. Інакш, выбачай, атрымліваецца «двайная бухгалтэрыя». Мне — этычны імператыў, Табе — крывавая сваволя. Я мушу дараваць сваім ворагам «сем усямёра», а Ты не захацеў пашкадаваць аднойчы Адама і Еву. Больш за тое, Твой праклён стаўся наканаваннем для ўсяго людства, і мы, колькі нас было, ёсць і будзе, мусім цярпець ад Цябе за той адзіны грэх першае людзіны.

Мне і сёння, праз тысячы год, бывае балюча, калі я згадаю, як Ты абышоўся з Адамам і Евай. Па сутнасці, Ты выкляў дзяцей (бо розумам яны і былі дзецьмі) за іх дзіцячую цікаўнасць. Выкляў і выгнаў у сцюдзёную завіруху жыцця.

Ведаеш, у мяне таксама ёсць малыя. Цяпер яны падраслі і трохі пачалі слухацца бацьку. А раней, што ні кажы, усё наадварот зробяць. І калі б я, сыходзячы з дому, паклаў навідавоку крамяны яблык, хай сабе побач з папругай, дык, мяркую, яблык нядоўга б там улежаў.

Праўду кажучы, здаралася — так дапякуць, што лупцанеш пад гарачую руку. Але ж, натуральна, мне і да галавы не было выгнаць іх на вуліцу і замкнуць дзверы, каб яны лямантавалі ў вусцішы. Як не прыходзіць такое ў галаву ніводнаму нармальнаму чалавеку. А той, хто падобнае зробіць, уважаецца сярод людзей нават не за злачынцу, а за вар’ята.

З гэтага вынікае пытанне: хто нас будзе судзіць падчас Апакаліпсісу?

— Ты нас будзеш судзіць?!

Ты, які выгнаў дзяцей у сцюжу.

Ты, які патапіў амаль усё людства, усё жывое з немаўлятамі і ягнятамі сусветнай паводкай.

Ты, які ўшчэнт пабурыў Садом і Гамору з кожным вінаватым і кожным бязвінным.

Ты, які загадаў Абрагаму зарэзаць свайго адзінага, любага сына.

Ты, які прамаўчаў у адказ на адчайны лямант

Ісуса: «Ілі, ілі! Лама савахфані?» Ты, які...

Зрэшты, каб пералічыць усё, давялося б ушчэнт высечы на паперу лясы і выскубсці чарот да апошняй чарацінкі.

Пэўна, трэба было б не чакаць Твайго Другога

Прыйсця, а даслаць Табе позву зараз.

Каб адно толькі ведаць — куды?!

Здаецца, Стэндаль казаў: Бога апраўдвае адно тое, што Яго няма.

Ты — не хрысціянін.

Калі тут сцвярджаецца, што Ты — не хрысціянін, што ад хрысціянскай маралі Ты далей за найвялікшага з нявернікаў, дык гэта тая праўда, большае за якую амаль не бывае...

— А Ніневія?

Так, Ты пашкадаваў Ніневію і сто дваццаць тысячаў яе жыхароў. Ты ўратаваў Ноя з сынамі, вярнуў Ёву (пасля нялюдскіх здзекаў) удвая багацця і здароўя... Можна яшчэ згадаць сёе-тое, але колькі ўсяго — хопіць пальцамі згарнуць. І кожная з тых дабрачыннасцяў праўдзілася не літасцю сэрца, а прыхамаццю сваволі ці ідэалагічным разлікам. Ты ніколі не ведаў дабрыні як нязмушанага памкнення да шкадобы грэшнага чалавека. І таму нічым іншым, як татальным насланнём, нельга растлумачыць атаясамліванне Цябе з хрысціянствам — за выняткам таго выпадку, калі Ты аднойчы пражыў чалавечае жыццё чалавекам.

Той момант, з якога боку ні глядзі, — надзвычай цікавы. І аднолькава загадкавы. Хаця, мяркую, не аднаму мне жадалася б ведаць хіба адно:

— Што папраўдзе ссунула Цябе з нябёсаў на зямлю?

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб надыктаваць новы закон да лепшага жыцця. Магчыма. Але ў сітуацыі з Майсеем Ты абышоўся без антрапаморфных хітрыкаў (хаця і не ўнікнуў аргументацыі цудам).

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб на асабістым прыкладзе патлумачыць кодэкс паводзінаў чалавека гуманнага. Магчыма. Але Ты мог гэта зрабіць, не калечачы падэшвы аб жарству. Як было ў Цябе з Ёвам.

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб прыняць на сабе пакуты за грахі нашыя. Магчыма, і — дзякуй. Але за чые грахі гаравалі тыя, што гінулі забітыя, ссечаныя, на крыжах, вогнішчах, у лютым холадзе і голадзе, на каламутным вятры і пад спякотным сонцам?

Кажуць... Магчыма...

А мне чамусьці здаецца, што Ты прыйшоў пабыць разам з намі, каб хоць нейкім імгненнем свайго існавання прылучыцца да той гаротнай долі, якую Ты нам і наканаваў.

Мне хочацца верыць, што аднойчы Ты адчуў сорам. Пякельны, невыносны сорам за тое, што вытварыў з Адамам і Евай, дапатопнай цывілізацыяй, Абрагамам, Ёвам, месцічамі Садома і Гаморы... з намі ўсімі, якія былі, ёсць і будуць.

Пэўна, Табе было нялёгка вырашыць, што можна зрабіць, каб хоць неяк апраўдацца перад чалавекам за ўсё тое ліха, да якога Ты прычыніўся.

Ты яшчэ многае мог, але нават Табе было не па сілах выцерці тыя слёзы, што ўжо даўно павысыхалі самі...

Верагодна, былі іншыя варыянты, аднак Ты спыніўся на гэтым: пражыць чалавекам ад пачатку да канца, нічога не прамінаючы — ні задухі жаночага ўлоння, ні пякучае волі крыжа.

І вось аднойчы Анёл Гасподні паведаміў Язэпу:

— Язэпе, сыне Давідаў! Не бойся прыняць Марыю, жонку Тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога.

Неўзабаве над Віфлеемам запалілася зорка, а праз нейкі час у Гефсіманіі праспяваў певень...

Так, пасля Галгофы ніхто не скажа, што Ты пакутаваў меней ад каго з нас. Ці лягчэй нам ад гэтага? Але Табе, магчыма, палягчэла. Ты не толькі чыніў нам ліха. Ты і сам трываў і адольваў яго. І мы на гэта ніколі не забудземся. У той апошні дзень, калі вострае лязо прысуду будзе няўпэўнена вагацца над Табой, шукаючы справядлівага апірышча, нехта з нас узгадае пра «сем усямёра», якія Ты вымавіў, пэўна, зважаючы прышласць самога сябе.

Ты — чысты аркуш паперы, на якім я пішу гэтыя словы.

Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосць у сэрцы?


Метафізічнае фэнтэзі

Алесю Анціпенка

Канцуючы нізку «сакральных» тэкстаў, я дазволю сабе наастачу яшчэ трохі гуллівых развагаў…

Якая, кажучы мовай чалавека, прырода Бога? Па сутнасці мы нічога пра гэта не ведаем. Мы толькі ведаем, што Ён — наша ўсё! Бо гэта Ён стварыў Свет, ды не проста так з абы нічога, а каб было дзе аб’явіцца чалавеку. Праўда, і па сёння ніхто не даў рады зразумець, на якую халеру Яму гэта было патрэбна?! Але галоўнае, што мы зусім не ведаем па якіх законах Бог сам зладжаны і як Ён функцыянуе паводле самога сябе. Праблема для нашай эўрыстыкі найперш у тым, што ў вядомым нам свеце нішто не сведчыць пра магчымасць такой Ініцыяцыі, якая магла б уласнаруч (ды яшчэ за кароткі час) выштукаваць гэткую, нічым не вымерную касмагонію. Інакш кажучы, тыя фізічныя (паводле нашай эмпірычнай веды) законы, якімі арганізаваны і трымаецца гэты Свет, не даюць ніякай падставы меркаваць, быццам Нешта можа быць патэнцыйна настолькі крэатыўным ды магутным, каб з уласнай сваволі вымудрыць не проста сонца ды колькі планетаў, але і мільёны галактык. Дарэчы, калі Бог ствараў Свет выключна дзеля таго, каб было куды аб’явіцца чалавеку (Эмануэль Сведэнборг нават лічыў, што Свет мае форму вялізнага чалавека.), дык навошта яму былі яшчэ і тыя «мільёны галактык»? Ці не хапіла б чалавеку адной сонечнай сістэмы (ну хай сабе адной галактыкі)? Не зразумела! Таму давайце звернемся да таго, што мы разумеем ці, калі нават не разумеем, дык чаму даем веры.

Найперш мы верым, што Бог усё можа. Гэта значыць, што для Яго няма нічога немагчымага. Апошняе прынцыпова дзеля майго здумлення. Тут толькі варта заўважыць, што «усё можа» зусім не азначае, быццам Ён для кожнай дзіркі затычка. Калі нешта здольнае аб’явіцца само па сабе, дык з чаго Богу дарэмна марнаваць уласныя сілы? Гэтак меркавалі і дэісты, якія з Богам звязвалі адно стварэнне Свету, а ўсё наша зямное аб’яўлялі прэрыгатывай прыроды і самога чалавека. Але я не адэпт Дэізма. Последам за рознымі іншымі адмыслоўцамі,скажам, тым жа Стывенам Хокінгам, я схільны думаць, што паколькі Свет і без боскай помачы абавязаны быў узнікнуць сам з сябе дзякуючы гравітацыі, дык Бог і не займаўся гэтай справай. А чым Ён займаўся? Паводле Бібліі, Бог стварыў толькі ласкавае сонейка (ну і колькі жменяў зорак дзеля прыўкрасы нашаму воку), якое штодня па колу абплывае зямлю (таксама Ягоных рук справа), каб ніхто і з ніякага боку на ёй лішне не мёрзнуў. Аднак, пра што вышэй ужо казалася, сонейка і зямля ў Ягоным праекце былі зусім не загалоўнымі чыннікамі, і нават мора з кітамі такім не былі. Бо усё тут згаданае, і безліч усяго не ўлічанага, адмыслова штукавалася адно дзеля Чалавека.

Якраз у такой прапорцыі – сонейка, зямля, чалавек,— усё выглядае надзвычай гарманічна, як і мае быць у Бога. Але паспрабуйце сюды дадаць мільёны тых галактыкаў з чорнымі дзірамі, патухлымі сонцамі, рознымі белымі і чырвонымі карлікамі, пратуберанцамі ды ўсялякім іншым страхоццем, і ад боскай гармоніі знаку не застанецца. Як і ад боскага стварэння (чалавека), бо ў такой бясконца пачварнай праекцыі ён робіцца маленькім і пустым, як дзірка ў голцы. А хіба Бог столькі вымагаўся дзеля таго, каб у мностве павялічыць колькасць дзірак у Свеце? Зразумела, не дзеля гэтага...

Толькі далей мы збочым у трохі іншы, больш актуальны для нас накірунак. Пра тое, як Богам ствараўся гэты Свет існуе даволі самых розных паданняў, аднак мне нідзе не сустракалася хаця б згадка, як майстраваўся той Свет — ён як бы дадзены нам a priori. Хаця якое тут можа быць апрыёры, калі Бог праз «Біблію» усім патлумачыў, што пачаў ствараць Свет лічы з нуля, ex nihil. А значыць і таго Свету раней таксама не было. З апошняга вынікае, што той Свет мусіў стварыцца пасля гэтага, ў восьмы ці нейкія наступныя дні, паколькі ў першых сямі працаднях Бога пра яго няма хоць якога напамінку. Ну то і хай сабе. Але ж ці не дзівіць вас той факт, што і потым Біблія, распавядаючы пра шматлікія штукарствы Бога, ні словам не згадвае аб тым, як Ён вымудрыў той Свет. Хаця менавіта гэты акт тварэння для чалавека ёсць самым цікавым ва ўсіх боскіх справах, бо тут чалавек адно між іншым, а туды ён патрапляе назаўжды.

Як ужо казалася, каб паўстаў гэты Свет, дапамога Бога была без патрэбы. Затое той Свет – на маё уласнае маркаванне, —стварыць мог толькі Бог. Ужо хаця б таму, што патойбочны космас прэзентаваны як існы насуперак усіх вядомых нам законаў фізікі, біялогіі, матэматыкі, логікі… усіх. А гэта значыць, што вымудрыць яго мог адно той, для каго няма нічога немагчыма. Менавіта такога адмыслоўца мы і называем Бог.

Вось тут якраз і паўстае пытанне, чаму пра сваю самую галоўную і ўжо менавіта боскую справу Бог ані гу-гу?! Зразумела, на гэты конт могуць быць самыя розныя версіі: каб людзям як найдаўжэй заставалася інтрыга Быцця, каб наперад не пералякаліся і з гэтага дзяцей не кінулі штукаваць, каб не пабурылі ўсе цэрквы, а папоў не выправілі бародамі ўнітазы шкрэбсці ну і г. д. і да т. п. Хаця асабіста я мяркую, што справа зусім у іншым. Створаны насуперак усіх законаў прыроды (і чалавека ў прыватнасці) той Свет з яго з’явамі, падзеямі ды атрыбутамі проста ў прынцыпе не можа быць перакладзены на мову гэтага Свету. Таму патлумачыць людзям, як ён абнаяўляўся ў факт і як цяпер функцыянуе абсалютна немагчыма нават Богу, які ўсё можа. Бо чалавек, раўнуючы з Богам, мае глуздаў усяго нічога. Дык што яму ўцяміш? Бог адно патлумачыў Майсею на скрыжалях, як можна патрапіць на той Свет. Калі не зважаць на ўсялякае другаснае, дык шлях туды выглядае досыць простым, а менавіта: дай веры Богу і любі Бога! Вось чаму, па сутнасці, усе фэнтэзі, якія людзі ў безлічы панавыдумлялі пра той Свет, ёсць толькі разгорнутымі інтэрпрэтацыямі шляху да таго Свету, а не рэпрадукцыямі ўжо уласна яго самога. Прыкладам, слынная «Боская камедыя» Дантэ Альегеры. Альбо вандроўныя занатоўкі гэтаксама слыннага Эмануэля Сведэнборга, які сцвярджаў, што цягам дваццаці год рэгулярна наведваў той Свет. Між іншым, расповеды Сведэнборга зусім не падобныя на тое, што мы чытаем у тэрцынах Дантэ. Але мяне найбольш уразіла, што, паводле назіранняў Сведэнборга, анёлы, як і людзі, дзеляцца па полавых прыкметах. З чаго лагічна вынікае, што яны, як і мы, займаюцца любошчамі – толькі дзецей з гэтага не маюць. Ясная рэч, скуль могуць быць дзеці ў месцы, аніяк не прыстасаваным ні для нараджэння, ні для смерці, а толькі для вечнасці… Аднак мяне зноў звярнула ўпрочкі, бо што нам да тых анёлаў, калі мы яшчэ не вызначыліся з галоўным. Гэта значыць, мы пакуль не ведаем, калі і дзеля чаго Бог выштукаваў той Свет, на якіх прынцыпах ён функцыянуе і дзе месціцца?

Што праўда, асноўную парадыгму таго Свету раней я ўжо трохі пазначыў, але гэты момант залішне істотны, каб яго пакінуць у фармаце кароткай зацемы. Як вышэй казалася, галоўная характарыстыка Свету, створанага непасрэдна Богам, палягае на тым, што там няма месца Нішто, бо ў такім разе той Свет тоесніўся б з гэтым у яго галоўнай канстанце. Пакуль я не ведаю, з чаго Бог здумеўся выштукаваць свой апрычоны Космас, аднак зыходзячы з Ягонай канцэпцыі выглядае, што Яму было недаспадобы тое ўладкаванне, якое ўзнікла паводле самаадвольнага паўставання гэтага Свету. Вось Ён і выставіў насуперак яму свой варыянт, радыкальна і прынцыпова адрозны ад таго, які ўжо існаваў. Дарэчы, таму мяне моцна дзівіць ідэя, якая ў даўнейшыя часы вандравала з эпохі ў эпоху: «Што ўверсе, тое і ў нізе»; інакш кажучы, люстраная тоеснасць паміж тым і гэтым Светамі. Якая тут можа быць тоеснасць, калі там нішто ніколі не нараджаецца і не гіне, а ўсё толькі вялічыцца ў вечнасці за кошт прыбытку ад нашых душаў (хаця апошняе – «вялічыцца», — выглядае досыць спрэчна для таго, хто даў веры манадалогіі Лейбніца).Гэта прыблізна як было ў Эдэме, дзе Адам мог схвацца ад Евы за які кусцік, аднак знікнуць увогуле, нават калі б паспрабаваў засіліцца на адной з галінаў таго знакамітага дрэва з яблыкамі — ні ў якім разе. Карацей кажучы, на тым Свеце, у адрозненне ад нашага, нішто не бурыцца, не знікае, не сплывае ў невараць… Няма там ніякай невараці! Эйнштэйн, хто спрачаецца, быў вялікім чалавекам, толькі і ён не здаўмеўся, што менавіта ў гэтым якраз і выявіўся персанальны выбар Бога («Які выбар быў у Бога, калі Ён ствараў Свет?»). Бог якраз магутна прадэманстраваў гэты выбар, супрацьпаставіўшы ўласны праект усяму таму, што нарабіў Вялікі выбух.

А далей мне карціць здагадацца, калі тое адбылося? З усяго сказанага раней зразумела, што я не маю сумневу наконт, так бы мовіць, «анталагічнага» месца ў часе гэтай падзеі. У тым сэнсе, што яна здарылася пасля таго, як гэты Свет ужо існаваў. І досыць даўно. Сучасная веда сцвярджае, што Свет абнаявіўся, калі лічыць з моманту Вялікага выбуху (а болей пакуль няма з чаго лічыць), як меней 13,5 мільярдаў год назад. Праўда, наша Сонечная сістэма пачала фармавацца значна пазней — прыкладна 4,6 мільярдаў год таму. (Ну то і хай сабе — у людзей болей часу застаецца наперадзе.) Адпаведна і наша Зямля мае прыкладна такі ж узрост. А вось Homo sapiens з’явіўся ўсяго недзе 200 тысяч год назад (хаця гады папярэднікаў «чалавека разумнага» лічацца на мільёны). І апошняя лічба. Паводле «Бібліі» і, адпаведна, календара сыноў Ізраіля, Бог стварыў тое, што Ён стварыў за 3761 год да Р.Х.

Я шмат думаў над гэтымі «як меней 13,5 мільярдамі год», спрабуючы здагадацца, калі наш Творца мог выявіць сябе ўжо дзейна. Дарэчы, я б цалкам не выключаў, што Бог таксама мог быць непасрэдным вынікам Вялікага выбуха — як яго апрычоная анамалія. Але тады не зразумела, чаму Ён марудзіў столькі мільярдаў часу, каб выявіць сябе ў нашых прасторах? Таму на мапе Свету я не бачу месца Богу да таго, як на Зямлі з свайго папярэдніка (Homo anteessor) спакваля не выкшталтаваўся Homo sapiens. І ніяк не раней, бо які сэнс быў Богу хаўрусавацца з шымпанзе, якія не пазналі б у ім Бога ні на гэтым, ні на тым, ужо ўласна ягоным, Свеце?

Бог вымудрыў альтэрнатыўны Свет за 3761 год да Р.Х.

Я спыняюся на гэтай даце, заканстытуяванай у летазлічэнні юдзеяў адно таму, што на нечым трэба спыніцца. Інакш канца краю майму тэксту не будзе, калі я пачну аналізаваць пачатак пачаткаў Свету ва ўсіх міфах ды рэлігіях. (Чаго варты хаця б век Брахмы ці Маха-Кальпу ў індусаў – прыкладна 311 трыльёнаў год!) Да таго ж мне гэта зусім і не патрэбна, паколькі я здагадаўся пра галоўнае для мяне ў гэтай пазіцыі: быў Бог ужо раней ці не, у кожным разе Ён мусіў чакаць, пакуль з’явіцца чалавек, як sapiens. А калі дачакаўся, дык сярод іншых вылічыў Майсея з ягоным хаўрусам, каб заахвоціць іх у першыя каланісты Новага Свету.

А цяпер нам трэба вызначыцца з тапаграфіяй тых прастораў, што Бог падрыхтаваў дзеля перасяленцаў з гэтага Свету. Зразумела, на тую пару, калі Бог падхапіўся да сваёй адмысловай працы, ўсё ўжо было не толькі ў касмаганічных нябёсах, але і на Зямлі ўсё ужо было, улучна з чалавечай цывілізацыяй (хай сабе яшчэ толькі злёгку цывілізаванай). Дык дзе шукаць Ягонае царства? Адкрыць той Свет бадай яшчэ больш складана, чым Амерыку. Тым болей, што адтуль яшчэ ніхто ў цвярозым розуме назад не вяртаўся (показкі a priori ачмурэлых містыкаў не лічым).

Перад тым, як выправіць туды экспедыцыю, паглядзім, што мы маем у дарогу. Найперш адзначым, што таго Свету няма і не можа быць у хоць якіх знаёмых нам каардынатах — ні на зямлі, ні на нябёсах (зрэшты, і які сэнс Яму быў да нас уплішчвацца?). Затым, раўнуючы з нашым, свет Бога мусіць, як на здаровыя глузды, выглядаць абсурдна ва ўсіх сэнсах: ад фізічных да сімвалічных. А яшчэ мы ведаем, што там усё толькі ёсць і нічога нікуды не знікае. Вядомы нам і той прыкры факт, што патрапіць туды можна адно памёршы і не ўсім цэлым чалавека, а толькі яго інфернальным кантынуумам, які звычайна называюць душой. Апошняе, магчыма, сведчыць пра эканомію ці недахоп абетаваных земляў на тым Свеце. Хаця, што больш верагодна, — пра яго не зусім матэрыяльную структуру. Натуральна, мы не прамінем увагай і яшчэ адзін, бадай самы важны для нас момант. Тут я маю на ўвазе хрысціянскую версію стварэння свету. А менавіта – Бог стварыў свет ex nihil. У Бібліі (Другая кніга Макавеяў) чытаем: «Малю цябе, дзіця маё, паглядзі на неба і зямлю і, пабачыўшы ўсё, што на іх, спазнай, што ўсё стварыў Бог з нічога (курсіў мой — В. А), і што так паўстаў род чалавечы». Для хрысціянаў (але толькі праваслаўных і каталікоў), стварэнне Свету з нішто – і аксіёма, і дагмат. А вось юдзеі, мусульмане і пратэстанты не надта даюць гэтаму веры, маўляў, з нішто можа атрымацца адно нішто, і нічога болей. Дзіўныя людзі, яны раўнуюць Бога з ганчаром, які без гліны і гаршка зляпіць не можа. Пра гэта пісаў яшчэ Феафіл Анціахійскі: «Што вялікага, калі Бог стварыў свет з нарыхтаванай матэрыі? Чалавек-мастак, як атрымае ад каго матэрыял, вырабляе з яго, што захоча. А магута Бога яраз і выяўляецца ў тым, што ён з нічога творыць, што захоча». Праўда, Феафіл Анціахійскі меў на ўвазе абнаяўленне з нішто гэтага Свету, а я ў ex nihil бачу моцны аргумент на карысць таго, што Бог не проста стварыў той Свет, а стварыў яго ў нідзе, прынамсі паводле нашых прасторава-часавых вымярэнняў.

Ex nihil (з нішто) і нідзе – вось дзьве базавыя кардынаты (мерыдыян ды паралель), па якіх мы можам дакладна вызначыць месца таго Света. Толькі не спяшайцеся сюды дадаць яшчэ і трэцюю (якая так і просіцца) – няма. Якраз усё цалкам наадварот – там няма няма. Вымыкаючы свой Свет з нішто і ўладкоўваючы яго пасярод нідзе, Бог якраз і мерыўся пераадолець дэтэрмінацыю Нішто (несупыннае ніштажэнне), якім рэгулюецца і карэлюецца наш (не ім вымудраны) Свет. Таму ў ягоным Свеце ёсць толькі ёсць, тут месца абсалютнай і вечнай прысутнасці. Гэтым праектам Бог публічна запрэзентаваў сябе як Бога, прадэманстраваўшы, што сапраўды можа ўчыніць ўсё, што Яму заманіць і нават насуперак ды ўскос усіх базавых (і похапкам факультатыўных) законаў фізічнай натуры свету. Я больш магутны за Прыроду з яе мільёнамі галактык, — кажа гэтым артэфактам Бог. І пасля паузы сціпла канстатуе: — Таму я і Бог.

На гэтым я мог бы і завершыць сваё метафізічнае фэнтэзі. Але ж людзей метафізіка звычайна мала вярэдзіць, бо самі яны свае жыткі адбываюць непасрэдна і ў цалкам канкрэтных абставінах. З гэтага людзей найбольш цікавяць праўдзівыя і рэальныя факты. Таму я на колькі словаў падоўжу свой расповед.

Валадарства Божае знаходзіцца ні недзе там у апошнім касмаганічным закутку, а ўсутыч з нашым Светам, каб было меней мітрынгаў з перасяленнем душаў. Асноўная яго адметнасць у тым, што яно не мае прасторавых кардынатаў. Гэта значыць, што усё Валадарства Божае месціцца не вонкі, а ўнутры самога Бога. Дарэчы, інтуітыўна беларусы пра гэта заўсёды ведалі. Нашае выслоўе «Патрапіць да Бога за пазуху» абсалютна дакладна характарызуе сітуацыю.

Яшчэ я хацеў бы заспакоіць тых, хто палохаецца пякельнай адплаты за свае грахі. Грашыць не душа, а толькі цела, якое назаўжды застаецца ў гэтым Свеце. Між іншым, яшчэ Святы Аўгусцін запэўніваў: «Любі Бога і рабі што хочаш». Але туды патрапляе далёка не кожны, а толькі той, хто дае веры Богу і любіць Яго. На жаль, я мушу паведаміць і пра трагічнае — немаўлятам там няма месца. Як няма там месца і кожнаму, хто нічога не чуў пра Бога, як, да прыкладу, тыя людзі, што жылі ў эпохі, калі ягоны Свет яшчэ не быў створаны, прынамсі, публічна не быў прэзентаваны. Рэч у тым, што душа ні што іншае, як вера ў Бога і любоў да Яго. Больш за тое, Бог сам і стварыў душу, як адмысловы вынятак з чалавека, які б па смерці можа было лёгка транспартаваць ў Ягонае Валадарства і натуральна задзіночваць з Ім. (Тут у мяне атрымліваецца радыкальная пярэчва вельмі шанаванаму мной Лейбніцу, які сцвярджаў: «Не бывае душаў зусім адлучаных ад целаў». Але паходзіць яна толькі з таго, што Лейбніц традыцыйна лічыў Бога стваральнікам і гэтага Свету.) А вось усе не абазнаныя ў Богу разам з недаверкамі знікаюць ва ўласнае няма на тым самым месцы, дзе іх заспее апошні час — і гэтым вялічаць дыскурс Нішто. Апошніх я магу суцешыць адно эўрыстычным здумленнем Ніцшэ, якое атрымала назву «вечнае вяртанне». Сутнасць яго ў тым, што ўсё былое некалі вяртаецца такім самым, як было і наноў паўтарае сваё існаванне (і так ад веку да веку). Ніцшэ і сам не змог уцямна патлумачыць як такое можа быць і таму яго шалёную інтуіцыю залічылі ў інтэлектуальныя забаўкі. Але цяпер, калі я зразумеў сэнс Нішто, як месца, куды патрапляе і дзе захоўваецца ў сваёй адсутнасці ўсё былое, дык пачынаю думаць, што можа праз нейкі адмысловую працэдуру былое насамрэч некалі вяртаецца з няма ў ёсць і потым зноў знікае ў Адсутнае да наступнага разу. І раптам мы з вамі некалі (праз колькі мілярдаў ці трыльёнаў год ) яшчэ сустрэнемся на гэтым Свеце?! А што да таго Свету, які заканцаваны на самім Богу, дык пра яго мне ўжо і няма чаго болей сказаць, бо там заўсёды адно тое самае.

Урэшце, Бог – гэта вялікі акварыўм, у якім нашыя душы плаваюць як залатыя рыбкі. Можа, праз адну-другую вечнасць Богу гэта надакучыць і Ён разбурыць шкляныя сценкі акварыўма. Тады душы выплюхнуцца навонкі і змяшаюцца з зорным пылам. Бог паглядзіць на іх з сумам і прыдбае сабе новую забаву ці схаваецца назаўжды ў Нішто.

А я з гэтай нагоды складу яшчэ адно метафізічнае фэнтэзі.

Загрузка...