Першую вядомую ў летапісах беларускую дзяржаву больш як тысячу гадоў таму ўтварылі плямёны крывічоў. Называлася яна Полацкім княствам — па стольным горадзе Полацку, размешчаным пры ўпадзенні рэчкі Палаты ў Дзвіну. Сярод слаўных валадароў Полаччыны вядомыя князі з дынастыі Рагвалодавічаў — Брачыслаў і асабліва Усяслаў, празваны Чарадзеем.
Полацкае княства займала Сярэдняе Падзвінне — цэнтральны ўчастак гандлёвага шляху з «варагаў у грэкі», які злучаў Балтыйскае і Чорнае моры.
Умацаваўшы сваё гаспадарства, палачане захацелі пашырыць ўладанні. Ужо за Брачыславам (1003 – 1044 гг.) яны авалодалі паўднёваўсходнім краем сённяшняй Латвіі. Паставілі там некалькі моцных замкаў і выйшлі да Дняпра ў раёне Воршы. Асабліва настойліва полацкія дружыны прабіваліся да Ноўгарада. У гэтым некаторыя гісторыкі бачылі імкненне аднавіць колішнюю вялікую Крывіцкую дзяржаву. Аднак асноўнай мэтай гэтых намаганняў было апанаваць паўночную частку балтыйска-чарнаморскага гандлёвага шляху, каб выйсці да Фінскай і Рыжскай заток. Змаганне за марское ўзбярэжжа было працяглым і крывавым. Гэтая бітва за Варажскае мора (так у славянскіх летапісах звалася Балтыка) доўжылася дзесяцігоддзямі.
У 1021 годзе Брачыслаў з полацкай дружынай і наймітамі (варагамі з Скандынавіі) пайшоў на Ноўгарад і захапіў яго. Паводле гісторыка Длугаша, ён падначаліў усё Ноўгарадскае княства, пасадзіўшы ў ім сваіх намеснікаў.
Страта паўночных тэрыторыяў, а найболып выхаду ў Варажскае мора, ператварала Кіеўскую імперыю Рурыкавічаў у другарадную дзяржаву на Усходзе Еўропы. З гэтай прычыны кіеўскі князь Яраслаў паспешліва сабраў дружыны і пайшоў вайной на Брачыслава. Войскі сышліся на рэчцы Судоме — прытоку Шалоні. П асля зацятай бітвы Яраслаў, як сцвярджаюць некаторыя летапісы, нібыта перамог. Але дзіўная справа — у выніку «пераможац» перадаў «пераможанаму» важныя гарады Віцебск і Усвят. Гэтакім парадкам пад кантроль палачанаў траплялі волакі для гандлёвых караблёў не толькі з Ловаці ў Дзвіну, але і з Дзвіны ў Дняпро. Мабыць, не такі ўжо вялікі поспех быў у кіянаў, калі давялося задобрываць Брачыслава тэрытарыяльнымісаступкамі. Можа за гэта полацкі князь мусіў адмовіцца ад прэтэнзій на Ноўгарадчыну? Эймундава сага (сагамі называюць старажытныя скандынаўскія паданні) змяшчае зусім іншую версію падзеяў на Судоме: у палон трапіла жонка кіеўскага князя, таму кровапраліцця ўвогуле не было. У такім разе Віцебск і Усвят маглі стаць выкупам Брачыславу за вяльможную паланянку.
Сын Брачыслава славуты князь Усяслаў Чарадзей (1044 – 1101 гг.) працягваў традыцыйную полацкую экспансію ў бок Прыбалтыкі. (Экспансія — гэта пашырэнне ўладанняў.) У 1065 годзе яго дружыны напалі на Пскоў. А праз год палачане ўжо штурмавалі сцены самога Ноўгарада. Яны захапілі горад і знялі званы ў галоўным яго храме Святой Сафіі. Званы спатрэбіліся для толькі што збудаванай Полацкай Сафіі, якая была сімвалам незалежнасці і магутнасці гаспадарства. Праўда, Кіеў і на гэты раз імкнуўся не дапусціць узмацнення Полацка коштам сваіх земляў. Аб'яднаныя сілы трох князёў Яраславічаў напрадвесні 1067 года захапілі Менск, які тады знаходзіўся на вышнявіне ракі Пцічы. Яны вынішчылі абаронцаў горада і забралі ў палон жанчын і дзяцей. А трэцяга сакавіка таго года ў зацятай і крывавай бітве на Нямізе (на тэрыторыі сённяшняга Менска) перамаглі і дружыну самога Усяслава, які спяшаўся на дапамогу мянянам. Аднак на гэтым барацьба не скончылася. Воляю гістарычнага лёсу полацкі князь на нейкі час нават заняў вялікакняскі пасад у Кіеве. А праз два гады на ўзбярэжжы Фінскай затокі ён ужо ўзначаліў войска фінскага племя водзь і з ім зноў спрабаваў захапіць Ноўгарад.
Не прабіўшыся да Варажскага мора праз рэкі Ловаць і Волхаў, нашы продкі трапілі да яго ўзбярэжжа Дзвінскім шляхам — конна, пешкі, на караблях. Яны падпарадкавалі болыпасць латышскіх плямёнаў, а таксама фінскае племя ліваў, якое займала землі каля Рыжскай затокі. Адсюль наша дзяржава атрымлівала не толькі даніну, але і збройную дапамогу ў войнах з Кіевам. Для ўмацавання сваіх пазіцый на Ніжнім Падзвінні палачане збудавалі шэраг замкаў, сярод якіх вядомыя Кукенойс, Герсіка, Асота, Волінь. Пазней у тутэйшым краі ўтварыліся і невялікія крывіцкія княствы з сваімі валадарамі. Цяпер купцы маглі без перашкодаў гандляваць з краінамі Паўночнай і Заходняй Еўропы. Гэтым узрастала багацце і магутнасць Полацка.
Спрабавалі палачане рухацца да мора і праз Вяллю ды Нёман, хоць гэтыя рэкі былі і нязначным адгаліненнем шляху «з варагаў у грэкі». Клін іх каланізацыі прасунуўся ажно за сённяшнюю Вільню. Апорнымі пунктамі тут былі Крывы Горад пры вусці Віленкі, Лоск (на поўначы Валожыншчыны) ды іншыя замкі.
У канцы трынаццатага стагоддзя германскія хрысціянскія місіянеры папрасілі ў тагачаснага полацкага князя Валодшы дазволу пасяліцца ў вусці Дзвіны, за гэта яны абяцалі яму «ліўскую даніну». Князь дазволіў, што было ягонай страшнай памылкай. За святарамі з'явіліся рыцары. У 1201 годзе ў вусці Дзвіны быў закладзены горад Рыга і збудаваны мураваны замак. А налета тут асталяваўся нямецкі ордэн манахаў-рыцараў, якія называлі сябе мечаносцамі. Узброеныя заморскія прыхадні пачалі ўзводзіць новыя замкі і прасоўвацца ўверх па Дзвіне і яе прытоках. Яны захоплівалі землі падпарадкаваных Полацку мясцовых плямёнаў. Полацкі князь Валодша і асабліва валадары тутэйшых княстваў арганізавалі супраціў гэтаму наступу. Сярод іх асаблівай стойкасцю і мужнасцю вызначыўся Вячаслаў (Вячка) Кукенойскі. Аднак латышскія апалчэнцы і полацкія дружыны ўрэшце вымушаныя былі адступіць перад высокімі каменнымі сценамі ды закаванымі ў жалеза рыцарамі. Да таго ж у 1216 годзе, якраз рыхтуючы вызваленчы паход на Рыгу, нечакана памёр полацкі князь Валодша. Па нейкім часе, абараняючы эстонскі горад Тарту, загінуў і Вячка. А праз паўстагоддзя ўся тэрыторыя Латвіі была захопленая мечаносцамі. I наша краіна, такім чынам, была адрэзаная ад Балтыкі. Ажно да другой паловы шаснаццатага стагоддзя.
Аднак гордыя палачане заўсёды памяталі, што іх продкі жылі ў дзяржаве, якая выходзіла да шырокага мора. Нездарма на старажытным гербе іх горада красуецца марскі трохмачтавы карабель з узнятымі ветразямі.