Зямля абяцаная

Нязломленасць

А неба глядзіць з-пад зялёных стрэх,

I сосны ягоным даверам бадзёрыя.

Ігліца,

Сыплючыся на снег,

Праносіць раскрылае V —

V

I

С

Т

О

R

I

А!

Матрыярхат

У паваеннай мамінай хаце

Сяк-так надзеты —

I неяк пад’еты

Я гадаваўся пры матрыярхаце,

Ловячы водсвет

Лучыннай асветы.

А мама казала:

Хата рагата.

Цямнелася хата не без прычыны.

I ёй не хапала патрыярхату,

I мне не хапала

Сухой лучыны.

* * * Дзе карані твае…

Дзе карані твае,

Адкуль твой род пачаўся,

Ці з прыцемкаў быцця,

Ці з цемры небыцця,—

Пытанні ўе і ўе,

Няўцямныя па часе,

Гадоў верацяно,

Няўцешнае яно.

На могілках старых,

На капішчы калішнім

Тых маміных вачэй

3 калыскавых начэй

Сустрэць пагляд, як міг,

Пасланы Усявышнім,

I ўзварушыць наноў

Усё ў гасподзе сноў.

Верацяно гудзе,

Гырчыць, якоча, ные.

I вытча палатна

Скупая памяць на

Лайно пытанням,

Дзе,

Адкуль, калі, якія

I карані твае,

I род твой паўстае.

Люблю

Люблю гліняныя міскі,

Люблю драўляныя лыжкі,

Люблю ілляныя кашулі.

Бо, можа,

Змяшаўшыся з глінай,

Аднойчы праб’юся галінай,

I лён,

Як той жаўранак нізкі,

На ўсе зазвініць зацішкі

I ўзрадуецца, што пачулі…

Убачыць сляза не павінна,

Як будзе дрыжаць галіна.

І ў дужках

А лес расце (яго карчуюць),

Угору йдзе (туга расце),

Гамоніць лес (яго не чуюць),

Маўчыць (прыволле глухаце),

Гусцее лес (чакае ляда),

Дужэе лес (не спіць пажар),

Лес хіліцца (сякера рада),

Ўсыхае лес (пілуй, трунар),

Цямнее лес (душа жывая),

Гайдае спеў (на злосць бядзе),

Лес — беларус (усе стрывае),

Маўчыць, як дол (а ствол гудзе!).

Алешнік

Зялёны анёл пасінелы, як грэшнік,

Прыгодны на дровы й на посах прарока.

Займае дзірван местачковец алешнік,

Ён Быкаву сніўся ад дому далека.

Тут стыгнуць кратовыя тэрыконы

I лесуновыя вянуць заломкі,

Змяркаюцца модлы цецеруковы,

Расой прычашчаецца голас салоўкі.

Тут з першай суніцай і першыя ўздыхі,

Тут цёткі збіраюць кульгавыя плёткі.

Тут вожыку досыць прасторы для пыхі,

Тут вечар кароткі,

Світанак салодкі.

Абначавалы ў дарозе начлежнік

Глядзеў на цяпельца з настроем вясёлым.

Патрэскваў лірычна алешнік,

Але ж нік

I ліст перажоўклы

Адпалым анёлам.

Я — арыец

Я — арыец,

Гэта значыць з аратаяў,

3 суверэнных, ссівярэлых крывічоў,

На зямлі яны жылі не для харчоў,

3 сёмым потам кнігу ворыва гарталі.

Ціміян ішоў смалісты ад карчоў.

I аралася й радзіла ўсё ў арыйцаў,

На сяброў у іх ставала дабрыні,

Не прымалі хцівасць, Божа барані,

I ставала злосці хціўцам не скарыцца,

Перамогу пераймалі на кані.

Ды суседзі, што мядзведзі з перасыпу,

Ледзь ад зайздрасці не грызлі валуны.

Род крывіцкі ненавідзелі яны,

Ненавідзяць гэтак трутні ў цвеце ліпу.

Аратаяў спавядалі перуны.

Крывічы крывіць душой

Не мелі моды.

Ад плугоў, а не ад мечаў мазалі.

Дзякуй, продкі,

Што ў радню сваю ўзялі!

Я — арыец,

Прысягаў на вернасць роду,

Як нарог,

Маёй крывіцкай араллі.

* * * Беларушчына…

Беларушчына —

Жаль птушыны

Па зялёных галінах залеў.

Для Пегаса рублены хлеў.

Несвянцоная кроў крушыны.

Беларушчына —

Крокі вязня.

Крутаброўе калядных дуг.

Вольны ўздых і высокі дух.

Дух Еўропы ў надрэчнай лазні.

* * * I свечкі — у святла святыя служкі…

I свечкі — у святла святыя служкі,

Крыжы, як цені продкаў,

Валуны,

I валатоўкі —

Волатаў падушкі

Вядуць душу на сцежкі даўніны.

Каб зоры, ў вочы гледзячы, Крычалі:

— Нашчадкі дойлідаў і ваяроў,

Вы у свет прыйшлі надоўга крывічамі,

Крывіцкая сябе шануе кроў.

Бо радавод наш памяць зберагае,

Беспамяцце гадуе жабрака.

3 вякамі роўная, як з берагамі,

Плыць будзе Беларускасці рака!

Паступовасць

Цялят паслухмянасці

Ноч заганяла ў хлявы.

За душу самагубцы

Спрачаліся чэрці.

У салдата з прастрэленай галавы

Выцякала думка аб смерці…

Сам-насам

I

Крумкач вячэрае на бервяне.

У яліны пер’е тапырыцца.

Беларусь,

Як удава па вайне,—

Hi апірышча, ні прыпірышча.

II

Ужо за парогам

Мы, як за мяжой,

I ў хаце сваей —

У запеччы.

Сваю не данёсшы,

Паклажай чужой

Дагодліва горбім плечы.

Не гэтак сумленню,

Як мулка спіне.

Мы дома,

Як у чужой труне.

III

Хто мы?

Адказаць павінны самі,

Каб, і адышоўшы на клады,

Прашумець дажджамі,

Як лясамі.

Хай за намі ўслед

Растуць гады!

Чужэнне

І чужэлі вякамі нашыя гарады,

Заставаліся роднымі хіба што вёскі.

І гусцелі хлуды,

Абрасталі імхамі клады.

Доля ехала ціха,

Воз не дужа быў возкі.

Нас пакінуць гарэла гарадам,

Як гадам.

За сваіх прызнаваць нас

Марыліся вёскі.

Дзе той вырасце яблык,

Што надкусіць Адам?

Нам за бацьку застаўся

Гнеў суцішаны боскі.

* * * Як і конь у даўнюю пару…

Як і конь у даўнюю пару,

І цягнік хутчэй бяжыць дадому.

Я навошта гэта гавару?

Ці каму цікава што?

Нікому.

Мне ўжо за бяседныя сталы

Бегчы думкай,

А нагой цягнуцца.

Паспяшае

Мой настрой былы

Да мяне дамоў,

Як ніцы нунцый…

Вечар бацькавага вяза

Вечар бацькавага вяза нада мною

Зелянее, развінаецца, купчасціцца,

Цішыню ліе,

Як сырадой з ручасціка,

Смутак сутак захінае гаманою.

Над травою — над зялёнаю маною

Ветах звіс

Шчарбатым секачом над сечывам.

Вечар мой

Сусрэўся з калыхлівым вечарам,

Каб прыціхнуць за ягонаю спіною.

Жаль пабраўся мой з журбою імянною,

З бацькавай журбою непачутаю.

І маўчыць,

Не разлучыўшыся з пакутаю,

Вечар бацькавага вяза над мною.

* * * Як цяжка было данесці буханку…

Як цяжка было данесці буханку

Ад прылаўка да ганку

Хаты,

Дзе нішчымнічала паслявайна.

Буханка —

Жывая была яна.

І ты трымаўся праз сілу,

Бо, гарачая, так і прасіла,

Каб ушчыкнуў яе,

Каб упіўся ў яе

Не толькі вачыма, —

Як пазней,

Калі з вечарынкі йшлі,

Зразумела, не па зямлі,

Гарачая не толькі ад скокаў

Дзяўчына…

* * * Вядома…

Вядома,

Дом й пекла — рай.

Хто болей любіць

Свой родны край,

Ці жаўранак — у вясны прымак,

Што пад мяжой,

Нечужой,

Зімуе,

Ці шпак,

Што ў цёплым выраі ўсмак

Па незабытай шпакоўні сумуе?

А песня раднейшая тая,

Што краю ў душу

Залятае.

Маё паданне

Я думаю,

Такое ёсць паданне:

Зраселы бог паганскі Вададых

Ад Перуна самога меў заданнне

Ваду святую падзяліць на ўсіх —

Пароўну

Поўдню, поўначы і ўсходу,

І захаду,

Каб у вачах азёр

Крывіцкі край раскалыхаў лагоду

Нябёсам хваравітым у дакор.

Нясе з павагаю ваду святую,

Як дарагую ношку,

Вададых,

Нясе ды чуе:

Каня лямантуе

І жаўранак казыча сонны слых.

Загледзеўся на ўзлескі, на паляны,

На ўзгоркі, на спакойныя лугі,

На параснік ад сіверу каляны,

Тут, кеміў,

Маюць спачываць багі.

Ці захмялеў ад гукаў ды ад пахаў,

Ды спатыкнуўся ён на ўсім хаду,

Разліў ашчадны Вададых з размаху

Ў мясціне нашай як не ўсю ваду.

Ад утрапення аж прысеў пагорак,

Дзе шчодры спатыкнуўся Вададых.

Уся пераліваецца ў азёрах

Ушацкая зямля з часінаў тых.

Недарэмна

Недарэмна, відаць, сады

Расцвітаюць у халады.

Белы цвет —

З чарнаты галля,

Белы дым — з нематы былля.

Трэба перакалець як след,

Каб сагрэць чысцінёю свет.

* * * Кроў марна баіцца праліцца…

Кроў марна баіцца праліцца,

Пайсці ў безыменны пясок.

Ёй сніцца,

Як хмарка раслінцы,

Нясмелы яшчэ галасок.

А той галасок паяднае

Парыў неадумны і клёк,

І песню аб сінім Дунаі,

І смутак палёў —

Васілёк.

Калоссямі трызніць іржэўнік,

Рака помніць хвалі свае.

І голас крыві

Аднакрэўнік

З натоўпу вякоў пазнае.

Якушоўка

Мемарыяльны камень вырас цяжка,

Дзе пасвіла маёнтак цішыня.

Бязважкая

Смугі зімовай дзяжка

Сціскае стан разлененага дня.

Снег за беспамяцце бялейшы зябне.

Прыгледзься лепш —

Убачыш Белавеж.

Ніхто не звягне,

Не зяхне, не зяпне.

Ў каго спытаць:

Ці ведаеш? Czy wiesz?

Разгорнутыя над рыпучай цішай

Стрэх шыферныя вокладкі відаць.

Тут белы страх

Гатоў мяняцца нішай

З зацятасцю, адчуўшы багадаць.

Не тоіцца,

Што вырасла на волі,

Бяроза —

Разгалінілася ўся.

Тут сыпалі й на хвост сароцы солі,

Хацелі чуць пра белага лася.

Касілі цёмны луг касіянеры.

Меў моцны дух набытак неслабы.

Зірні:

Няўжо на полі пасінелі,

Як шыбеніцы —

Вольныя слупы?

Каліновец

Як п’е гарэлку бедна басота,

Згадаўшы чуллівасці грэшны смак,

Спявае маркотна Зянон Пазняк

Караткевічаву песню любімую.

Ажно засаромелася пяшчота:

І я самоту слязьмі не вымыю…

Здалося,

Ранішні Каліноўскі

Марыську прымроіў,

Адчуўшы скон.

Зянон —

Беларуссю саснёны сон,

Што зноў пачувае сябе

Дзяржаваю.

Хутчэй з плячэй

Чужыя абноскі,

Няколка йсці маладой атаваю.

Тварыў бы, думаў

Сабе ў асалоду

Паэта, мысліўца, мастак,

Аднак

Пазьняк —

Як той перазяблы грак

Сагрэецца баразной узаранаю.

Пан Бог

Паслаў каліноўца народу

Вярнуць душу

І Айчыну забраную.

Скіба волі аржаная

Любіце хлеў

І заплывайце здорам,

Хто моліцца

На ўлежнасць ды на ўежнасць,

А тых,

Каго пячэ гаючы сорам,

Чакаюць

Воля, Роўнасць, Незалежнасць.

Хто любіць волю сэрцам апантаным,

Таму чужой няволі не бывае.

І лязгат кайданоў за акіянам

Такі ж сіберны,

Як і ў родным краі.

На волнасць у Расіі позірк косы,

Ён косіць луг нязломнікаў Касцюшкі,

Шматуе беларускія нябёсы

Сувораву на ордэнскія стужкі.

Дух сыціць

Скіба волі аржаная.

У роўнасці нязменнае найменне.

Над нашай Незалежнасцю лунае

Касьцюшкавага меча блаславенне.

* * * Без галавы…

Без галавы,

Каб не магла яна

І ў думках нават палічыць ахвяры,

Каб вочы ёй не выпекла віна,

Што звыкла піць пакуты

З поўнай чары.

Без рук,

Бо як адымеш мерцвякоў,

Якіх наўзмаш перахрысцілі мечы.

…Пасля за ўсіх далоні ад цвікоў

Не адвядзе Адзін

Па-чалавечы…

Ці ахінута ў воблака адна

Той радасці,

Што ў тагасвецці знікла.

Надкрыллі адрастуць.

І зноў вайна

Пачне маліцца:

— Уваскрэсні, Ніка!

Полацкі менталітэт

Уладзіміру Арлову

Ёсць полацкі менталітэт —

Ад Еўфрасінні, ад Скарыны,

Ад той абрынутай адрыны,

Дзе сон шукаў

Свой сонны след.

Ён цемры пазычаў святла,

Каб стала вечнасцю імгненне,

Ляцеў вышэй жаўрук здзіўлення,

Люцела рупнасці пчала.

Ад Полацка пачаўся свет.

Пра небачолых кажам:

З нашых!

Ёсць Беларусь,

А гэта значыць —

Ёсць полацкі менталітэт!

Любоў да Радзімы

Вочы маюць сляпыя,

Вушы маюць глухія,

І бязмозгія не без ілбоў.

Настальгія па настальгіі —

Гэта й ёсць

Да Радзімы любоў.

Ненасытнасць

Раскулачылі ноч і дзень,

Раскулачылі труны й калыскі,

Выкарчавалі сумлення пень,

Адлучылі лыжку ад міскі.

Атаму расшчапілі кулак,

Так назад і не сашчапілі.

І ніяк

Не нацешымся ўсмак

У сваёй ненасытнай сіле…

Беларусам у выраі

З дому гналі нас маскоўшчыны сівяры

Пры цары,

Род наш звесці хацелі на ветах

Пры саветах.

Нам турму муравалі

Чырвоныя муляры

Ў радасных бальшавіцкіх дэкрэтах.

Кралі наша і бралі, што маглі,

Маскалі,

Смакавалі з пагардай прысмакі

Палякі.

У каго дык гулі

Ашалела гулі,

Мы з хаўтураў брылі, небаракі.

Мы сплаўляем вякі,

Асначы крывічы,

Мы не знікнем на радасць чужынцам.

І завём,

З выраю думкамі летучы,

Млечны Шлях Беларускім Гасцінцам, —

Да яго не дацягнуцца каты,

Ім вяртаюцца душы дахаты…

Ды як?

Спісяжваў нам спіны

Варшаўскі бізун,

Спасажваў з роднае хаты

Маскоўскі бот,

Узважваў наш лямант

Берлінскі штых.

Ды нас ад вятроў затуляў

Лясун,

Дрыжаў за нас на марозе

Чарот.

Мы з тых,

Хто на зорах калыша

Свой род.

Плечы горбілі нам

Абраз хатулі,

Гнеў свой насілі мы

У рэзгінах ды ў бярэмцах.

Мы былі, мы жылі

Пры паляках, расейцах,

Пры немцах.

Маўчалі ў кулак.

Ды як,

Адвіхурыўшыся ў завірусе,

Стаць нам

Гаспадарамі свае зямлі,

Беларусамі ў Беларусі?

Ці засвярбяць,

Ці хоць забаляць калі

Сціснутыя ў кулаку мазалі?

БЗВ

БЗВ — Бог Заклікаў Вас,

Беларускага Войска воі.

БЗВ — так чытае час:

Беларусь Заваюе Волю!

БЗВ — Быць Заўжды Вякам

Даўжнікамі ў крывіцкай славы.

Нашай не аддамо чужакам

Ні сцяжыны, а ні канавы.

Хросным бацькам

Пан Грунвальд быў,

Пані Ворша — маткаю хроснай.

Беларускага Войска парыў

Ткаўся на высакосных кроснах.

У Айчыны світае чало.

Досыць нас вадзілі па хлудзе.

Беларускае Войска было.

Беларускае Войска будзе!

На жалезны характар

Руды

Мае наша зямля святая.

Ведаем, дзе віры, дзе брады.

БЗВ — Бой Змаганцаў Вітае!

Вернута быць павінна

Спадчына —

Гэта не штосці такое смачнае,

Гэта тое святое,

Што часам страчана,

Што вернута быць павінна.

Спадчына —

Пупавіна,

Што лучыць з Сусветам, з прасветам,

З прабацькаўшчынай, з праайчынай,

І досвіткавай лучынай

Доўжыць імгненне

Прапрашчураўскага агменю.

Спадчына —

Неўмірушчая мачына,

З якой расцвітае

Полымя,

Што на папялішча вяртае.

Спадчына —

З-пад чаўна развагі

Хваля здагадак,

Што заплывае ў абсягі сагі,

Якую чытацьме нашчадак,

Каб працяг адчуў свой пачатак.

Беларускае слова

Валянціну Рабкевічу

Беларускае слова ад спеву,

Бо спявае ў ім даўніна.

Беларускае слова ад гневу,

Ад Ярылы, ад Перуна.

Беларускае слова ад ласкі —

Сведчаць вусны ды салаўі, —

Не наймалася ні ў падпаскі,

Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.

Беларускае слова ад злосці

Да няпрошаных прыбышоў,

Асалоду п’е з чараў мілосці,

Медавуху духу — з каўшоў.

Беларускае слова ад славы,

Ад ракі, дзе светлае дно.

Госці ўстануць з застольнай лавы,

Як у хату зойдзе яно.

Беларускае слова ад Бога,

Слову нашаму Бог дапамог.

Хто не любіць яго, ад тога

Назаўсёды адвернецца Бог!

Курапаты

Свечка пацепвае

Павекам успалымнелым —

У гарачае вока запала

Парушынка ляманту.

Крыж паўтарае

Паставу Хрыста.

Старыя хіляцца

Абнылымі каласамі,

З якіх

Павыдзяўбаныя зярняты…

Негабляваная дамавіна

Прывітаўшы балацявіністыя Агароднікі,

Льга палуднаваць цішынёй

На радзіме Дубоўкі,

І захацець, і пачуць аднекуль вокліч:

«…мой родненькі»,

Але нельга адбыць за паэта радоўкі,

Радоўкі радка, як і ён, беспрытульніка.

Хата вочы субожыла, адчуваючы здраду.

Плот надумаў валіцца.

Злубела дуддзё шчавульніка.

Іржавее дрот дзікавага вінаграду.

Тут роспач локці кусаць павінна.

Ліст, як нязважаны грэх,

За каўнер недаверу падае.

Без паэта радзіма —

Негабляваная дамавіна,

Успамінамі жывымі шурпатая.

8 верасня 1514 года

Як гаварцьмем з рознаю поршаю,

З той,

Што сябе называе вялікаю,

Мы даказалі

У бітве пад Воршаю

Не толькі мечам,

Не толькі пікаю.

Мы даказалі воляй крывіцкаю,

Канстанціна Астрожскага геніем.

І выжлам прадажным

Дух наш не выцкаваць.

Мы будзем жывыя

І стаўшы ценямі!

Суцяшэнне

Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных; церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасць мае, калі хто б’е вас па твары.

Другое пасланне Апостала Паўла да карынфенаў 11:19,20

Няўжо цярпець, як і цярпелі мы,

Ці толькі нам стае на ціхасць моцы,

Няўжо нямыты прыхадзень нямы

Чысцейшы, чымся нашыя прамоўцы.

Ці ў роднай хаце, рубленай з вякоў,

Мы будзем глухнуць, быццам кватаранты,

Каб злыдні мелі нас за дзівакоў,

Хвалілі люта: люд вы талерантны!

Каб пастка пашчу шчэрыла шырэй,

Каб рукі ў кайданах былі абедзве,

Каб абіралі нас яшчэ шчырэй,

Нам пакідалі воўчае аб’еддзе.

Каб зброд, няварты нашае гразі,

Меў за нікчэмнасць нас

Ды біў па твары,

Каб здзірца быў у рызе,

Мы — ў рыззі,

Каб мы прасілі ў ката самі кары.

Здаецца, род наш

Радавод вядзе

З таго, калі Гасподзь яшчэ ў лагодзе

Прымеркаваў, каго сяліць і дзе,

Суцешыў крывічоў:

Трывай, Народзе!

Пераганяем мы бяду ў хадзе.

Калі ж Гасподзь трываць нам скажа:

Годзе?!

Мы ёсць таму

Мы ёсць таму,

Што слова Бога

Назвала літасціва нас

І рупіцца на пэўны час

Асцерагаць ад вока злога.

Так і не ўцяміўшы нічога,

У цемру йдзём,

Адкуль прыйшлі.

Дасць іншым памяць на зямлі,

А нас забудзе

Слова Бога…

Табе

Скінь кляймо варожых трантаў.

Хай твой стан не абражае.

Мова ўсьлед ідзе чужая,

Як дзіця ад акупантаў, —

Хоць твае смактала грудзі,

Вырасла з душой сытою.

Аднакрэўцы сіратою

Выбіцца нялёгка ў людзі.

Ты вякуеш удавою,

Па чужых блукаеш хатах,

Пакаёўкаю ў багатых —

Ні пакоя, ні спакою.

А сыны?

Яны зацята

Чубяцца паміж сабою.

Сэрца не шчыміць журбою,

Што гніе ў матулі хата.

Як сваю патраціш сілу,

Свет твайго не ўчуе кроку,

Шашаль помслівы папроку

Сточыць сцены небасхілу.

* * * Што валун?

Што валун?

Толькі бокі вылежвае

У злінялым сваім каптане.

А зямля з-пад рыдлёўкі

Вясною

І абветранай баразною,

І магілай свежаю

Тхне.

І пасланніцай Усявышняга

На грахоўнай зямлі сьвятая

Маладзенькая вішня

Першы раз зацвітае.

…Што магіла,

Што градка —

Адна ў іх апратка…

Агонь

Юр згадаўшы, расплыўся ва ўсмешцы Ярыла,

І зляцела іскрынка з усмешкі ягонае —

І прачнуўся агонь,

Полымя завірыла,

І пажар пакаціўся ярамі, адхонамі.

І курылася купа, стагналі аблогі,

Вывіваўся ўшалела агонь у агоніі.

Хмара чухала бок чарналессю аб рогі,

Туманом слаўся дым над загнанымі гонямі.

Навальніца-нявольніца шал затушыла,

Задушыла рахрыстанага залеваю.

Па сваім нарачонку цямней затужыла

Беспрасветная цемра ўдавою ззалелаю.

Цемра думае суха ў зацятай жалобе,

Як бы выкрасці ёй бліскавічнае крэсіва.

Да пары спіць у дрэве, ў заломе, ў сломе

Нецярпліўца агню гаманкая экспрэсія.

Слуцкім паўстанцам

Пакутнікаў хапала нацыі,

Змаганцаў не было каб густа.

Паўстанцы слуцкія!

Выгнанацамі

Акрыла вас жалобы хуста.

Як і ў часіны Каліноўскага,

Паўстала шляхта й аратаі.

Анёлы —

Воі войска боскага

Хацелі быць у вас братамі.

Вы не чакалі раю скорага,

Да чужакоў не мелі веры.

Вам з двух бакоў хапала ворага.

Вам адчынялі ў пекла дзверы.

Паўстанцы!

Ва ўвайшлі ў гісторыю,

Трывацьме у ёй ныне й прысна.

Свая зямля была апораю.

У сведках Семежава й Вызна.

Палеглі вы,

Ды жыць працягвае

Гнеў, незатушаны гадамі.

Дасюль ваш спеў гучыць прысягаю:

— Мы выйдзем шчыльнымі радамі…

* * * Язэп Драздовіч…

Язэп Драздовіч —

Павятовы Мікеланджэла

Знаёмы быў з Сатурнам і з Ярылам.

А доле

Па-скупечы доля ўсмешку важыла,

Не дазваляла развінуцца крылам.

І ён, адкопваючы замчышчы й паганішчы,

Вяртаў дамоў крывіцкі дух забраны.

Пусты булён

На посным вогнішчы таганячы,

Стаяў каля апостальскае брамы.

Ніжэліся пад мастаковымі паглядамі

У церамы Ўсяслававы парогі.

Драздовічавымі кілімамі пулятымі

Ўсланы ў беларускі дзень дарогі.

Рупліўка ластаўка вяшчуе дзень,

Гняздо ўючы,

І праллі лёсу натамляюць верацёны.

Язэп і хлеб

Перагукаліся Драздовічу.

Духоўны стаў

Ягоны хлеб надзённы.

Няма кладачкі…

Ну, вядома, што не забывалася,

Не заелася хітрымі стравамі.

Зноў крывіцкае сэрца забілася

Ці ў Амерыцы, ці ў Аўстраліі.

Прыгадала снягі сыпучыя

І самое сябе засмучвае.

…Там на хрэсьбінах,

На запоінах

Ці завеі, ці йскрыпкі пілікаюць.

І ў лясах успамінаў замроеных

Цёпла выюць ваўкі ў Піліпаўку.

Ах, Калядачкі,

Бліны-ладачкі!..

Ды няма

Цераз мора кладачкі…

Ідылія

…Хітравокая рэчка.

Спрэчка

Плыні з цёмнымі берагамі.

Ные промнева свечка.

Вечка

З куфра смагі смуга зберагае.

…Шчэбет. Свіст. Патуранне.

Ранне

Пацягнулася з перасыпу.

Жаўранкі-хутаране

Гранне

Смутных гукаў даводзяць да ўсхліпу.

…Ходзіць ляска, Падласка,

Казка?

Пысай статак туманіць выпас.

Лепш за пугу ў падпаска

Ласка.

З жыватом пастуховым на вы пас.

…Мне мамін голас плыве здалёку

Хмурынай сэрцу, слязінай воку:

А ўжо кароўкі ля дуброўкі,

Дробныя статкі ў даліне,

Ты маладая яшчэ ў

Пярыне…

Ярыне цёпла ў сьне.

Рыне

Не ўсё душа ва ўспаміне.

І ў глухім палыне сніцца крыло

Перынé…

Паэтам на чужыне

Адзінакроўныя браты,

Адзінамоўныя паэты,

Вяртаецеся з небыцця,

Вяртаецеся з нематы,

Як злом замглёныя планеты,

Што дажылі да адкрыцця.

Тугой душэўныя браты,

Пяшчотай гнеўныя паэты.

Люляюць рэкі сон зліцця.

Не раздзялілі нас драты

І цёмны шлях да светлай мэты.

Астыла посная куцця.

Дух прашчураў трымае выш,

Каб думцы вырасту хапала.

І, абапёршыся на крыж,

Вас хоча распазнаць Купала.

Крывічанка

У душы жыла ты.

Хатняй быць даволі!

Дык выходзь жа з хаты,

Прывыкай да волі.

Нашых злыдняў мошчы

Вытлеюць у хлудзе.

Дык выходзь на плошчы,

Дык выходзь на людзі!

На плячах світае

Хустка-ахінанка.

Ты ў вякоў святая,

Мова-крывічанка.

Без цябе нямыя

Дачакаем скону.

І цябе абмые

Смутак,

Як ікону.

Тады

Не толькі думаць,

Дыхаць трэба

На мове роднай, і тады

Табой не будзе неба грэбаваць,

Да той далучыць чарады,

Што просіць сонца ў край айчынны

Прыйсці па смелай ярыне,

Што белы цень ад аблачыны

Крылом ніводным не кране.

З той чарадой

Памкнешся з верай

У вырай лёсу,

Каб пасля

Сніць раніцу ў хусцінцы шэрай,

А як зязюлька,

Як ралля…

Трывершнік

Чытае Вера Рыч «Пагоню»

Ля помніка, што ў стольным Менску,

Чытае Вера Рыч «Пагоню»,

Ад асалоды па-блазенску

Лацвей зажмурыцца сутонню.

Нібыта за спіной папаску

Трымае ў кайстры маладзіца,

І развінаецца па-наску

На Тэмзе шытая спадніца.

З чарнобыльскага чаду цвёрда

Насустрач маладому лету

На ветразевай мове лорда

Гаворыць Багдановіч свету,

Што быць сьляпымі немагчыма,

Цямрэчы трэба нішчыць ловы.

Рыч,

Ракуцёўшчына,

Радзіма —

Пярун качае ў горле словы.

Святло

«Кінь вечны плач свой аб старонцы!

Няўжо жа цёмнай ноччу ты

Не бачыш…»

Як вясёлы стронцый

Дабавіць хоча віднаты.

І слаўгарадцы, і расонцы —

Зямлі ўчарнобленай браты

Жывыя свецяцца,

Як здані —

Аж бачаць іншапланецяне,

Што вышчарбленае святло

Чало старонцы абвіло

Вянком пакуты.

Ён не вяне.

«Ў краіне светлай…»

Беларусь, як далягляд,

Далёкая,

А хвароба блізкая такая.

Радасць асцярожлівай палёўкаю

У нару панурасці ўцякае.

Ён няродны,

Ён халодны спёкаю

Бераг урасоленага Крыма.

Дзе ты, слова крывічоў

Высокае?

Чым далей, яна мілей,

Радзіма.

І спяшаецца здалёк,

Як сцежка вольная,

Да паэта

Гамана застольная:

— А як пані ды ўдава

Паехала па драва,

Зачапілася за пень,

Прастаяла цэлы дзень.

Каб ня тыя панічы,

Прастаяла б да начы,

Каб ня тыя кавалеры,

Прастаяла б да вячэры…

З гаманы

Пускаецца ў галоп паніч,

А прыгожы, — як Юры святы.

Аб карчы скакун збівае капыты,

Да паэта

Галяпуе з-пад Халопеніч.

Маладзік узыдзе,

Неба багну новячы,

Матылёк,

Як марная парада, ўецца.

Сум-туга Максіма Багдановіча

Лесуну ў сырым бары

Перадаецца.

Паштоўка

Праз вякі будзе заўтрам

Чорнае ўчора.

Жыццё скранулася ў красавіку.

Не знікнуць нікуды ад гора

Ні няўклюдствам, ні спрытам.

Нікому не быць ад бяды

Ні ўбаку,

Ні збоку.

Бо жаху —

Бацьку жуды

Няма ні ўседу, ні ўлогу.

Гарачым графітам

З чацвёртага блока

Што напісаць

І куды?

Толькі на неба.

Богу.

Грунвальд

Алесю Марачкіну

Грунвальд — курган і груган,

Грунвальд — дзядоўнік і дзіда,

Губы паганскім багам

Крывіць ад здрады агіда.

Грунвальд — след страху крывы,

Грунвальд — адвага нямая,

Грунвальд — крывіцкай крыві

Голас, што змогі не мае.

Бітвы трываляць народ —

Прэсам, глухім да спагады,

Трушчаць плямёнаў чарот,

Смерцю карчуючы ляды,

Каб узышла на раллі

Вечнасці

З ласкі Гасподняй

Мова жаданай зямлі

Зорнаю зводняй —

Паходняй.

Слава,

Харугвы злічы —

Пушчамі гневу пасталі!

Мечы б’ючы,

Крывічы

Рэхам праверылі далі.

Зрэшты, ляжаць чужакам

Доле —

Ваяцкая доля,

Згадвае ўсім крыжакам

Грунвальд —

Зялёная воля.

Дарожная граматыка

Запамінае восень слова

Kalt

Далёка йшчэ да белых падзяжоў.

Надледзянелы з раніцы асфальт

Прабіты пасашкамі капяжоў.

Абцас дакладны

Тут ступаў няраз,

Брук, як свайго, дапытваў:

— Was ist das?

Калі са шпорай бот

Ляцеў на фэст,

Пыталіся прысады:

— Co to jest?

І каблучок,

Пацокваючы смела,

Вяз у асфальце спёкаю:

— В чём дело?

Гамаш з падэшваю

Працёрта-мяккаю

Ашчэраны

Адно спрагае:

— Дзякую!

* * * Горад — той жа гарод…

Горад — той жа гарод,

Толькі лехі каменныя,

І каменны пасеў,

І каменны ўмалот.

І адною каметаю

Бласлаўляецца год.

Вырай смуткам густым

На зіму спасылаецца.

Лебяда есць гарод.

Горад чэзне, што дым,

Бур’яном засяляецца.

Як і некалі

Рым.

Чорныя чары

Каб варыва ў печы крычала,

Кіпелі ў гаршках адгалоскі,

Круціся круцей,

Кружала!

Ганчарства — занятак боскі.

Ад смалякоў звечарэе

У печы падземнай імгліца.

У гліны свярбіць падчарэўе —

Пачухай, ганчар, з правіцы.

Нагой, у шкарпэтцы дранай

Круці, як той бусел, кола.

Самотна ў ганчарні цьмянай.

І ў гліне ляжаць невясёла.

Пячорныя, чорныя сілы

Учэрняць светлую гліну.

Счарнелыя небасхілы

Паўторацца без адхлыну.

Ганчарству — ўначэламу чарству

Зайздросцяць світальныя чары.

Ганчар,

Прысягні штукарству —

Напоўні чорныя чары!

Збіраюся

Збіраюся ў вушацкія мясціны…

Не прасыхаюць там у сумным мосце

Таксама, як і п’яніцы, масціны

І па-старэчы бёрнам ломіць косці.

Я думаю,

Калі туды вярнуся,

Сустрэне ўсё, як некалі, такое.

І я ўсміхнуся

Смела ў вочы скрусе,

Схаваўшы смех,

Як яблык, за шчакою…

У матчыным краі

Я раскланьваюся са старымі,

Бо не ведаю маладых,

Як не ведаю,

Хто са старых

Мой паклон землякоўскі прыме…

Завошта?

Бывала, калі прыязджаў раньком,

На патэльні скварыліся скваркі,

Як грэшныя душы ў пекле.

Калі прыязджаў удзень,

З бакоўкі на стол не спазняліся

Паўднёвішняе малако

У ручасціку з адтапарынаю губой

І масла (каб не растаць ад радасці)

У хустачцы з лісцінкі капуснай.

Калі прыязджаў апоўначы,

Грукаў у шыбіну цёмную,

І зоркай каляднаю

Пад столлю загаралася лямпачка,

Гатовая загаварыць,

Намучыўшыся ў цемрыве.

Цяпер, калі б я ні прыязджаў,

Сустракае

То нясмелай яшчэ травою,

То спасаўскім яблыкам,

То здрыжэлым апошнім лістом,

То ганарыстым снегам

Вечная маміна хата.

А мама сама не выйдзе.

Завошта дагэтуль

На сына ў крыўдзе?

Я ведаю…

* * * Трава…

Трава —

Гаспадыня-парадніца

Парадак ва ўсім прызнае.

Купалле,

Сёмуха,

Радаўніца —

Зялёныя служкі яе.

Трава засцілае наўкол

Усё,

Як сурвэткаю стол.

Чмялю ў мураве

Гдзецца гусцей.

Самоце святлей

Чакаць перавозчыка.

Засланы стол —

Вельмаваць гасцей,

А голы стол —

Абмываць нябожчыка.

* * * Ноч выбралася спаць…

Ноч выбралася спаць

На маміным двары.

Врнулася здалёк

Здарожаная звычка.

І чуе бацькаў вяз,

І чуе сад стары:

Пара! Бяжы дамоў,

Лісічка — Дамінічка!

Я адыходжу ў змрок,

Падвойны цень дачкі.

Садовымі зрабіць

Цярплівасць можа дзічкі.

На яблыкі гляджу,

Яны — як кулачкі

Атожылка майго

Змяркання — Дамінічкі.

Стук яблыка ў траву

У сон глухі вазьму.

І падрасце, як сад,

Той хлопчык невялічкі,

Што яблыкі ў смузе

Убачацца яму,

Як смелыя грудкі

Світальнай Дамінічкі.

* * * Возера пры дарозе…

Возера пры дарозе,

Дзе любіць спыняцца Быкаў,

Калі едзе ў Вушачу.

Зыбістая балацявіна.

Чарнахмыз развідніваецца ўсмешкай

Двух конскіх зубоў

З перагаментнага чэрапа,

Што прэе ў бузе

Па самыя сківіцы.

На сцежцы ў сухой ігліцы

Прыглушана цьмее

Млечны шлях мурашыны.

Усё ахінае

Халаднаватым спакоем

Лясны космас,

Які, набраўшы ветру ў рот,

Вучыцца вымаўляць

Пукатае слова возера.

* * * Кактуса, спякотай абсмаленага…

Кактуса, спякотай абсмаленага,

Усівярэлы сваяк,

У сенцах лета цвіце дзядоўнік,

Засаромеўшыся, як дзед,

У маладую закаханы да пасівення.

І гэтакі ён расчулены,

Ажно забыўся,

Што мусіць калоцца.

Хоць прыкладай да раны

Бурачкова-юлёвы цвет.

Адцвіўшы,

Дзядоўнік спахопіцца

І будзе суровасцю

Пяшчоту сваю бараніць

Ад усіх

І ад сваёй сентыментальнасці.

* * * Трысцё, дрыжучы ў расе…

Трысцё, дрыжучы ў расе,

Шаптала, як брату, посаху:

Дуб любіць расці ў кажусе,

Але з галавою босаю.

Трымценне жыве ў трысці,

Ды мне,

Каб і ўсё адрынула,

Да дуба не дарасці

Ні постаццю, ні чупрынаю.

Іду я, іду я, ды

Не выйду я з дна вады.

Не веру вірастаму позяху.

Табе хоць паскарджуся,

Посаху…

* * * Пасля вайны…

Пасля вайны

Быў самы багаты той,

У каго быў бацька жывы.

Маладзіцы рады былі

Хоць кавалку мужчыны.

Новыя нараслі палыны,

І можна быць

Пры жывых бацьках сіратой.

Прыгавор забыўся:

Лепш першы хлеб аржаны,

Чым другі палавы.

Дзецяробы пайшлі ў бабылі.

Ні ўчынак, ні хлеб учыніць

Няма рашчыны.

* * * Жыццё задумала…

Жыццё задумала,

Як вандроўнікаў, нас

З прагнымі да небасхілу вачамі.

Пагаварыць у дарозе

Здараецца час,

Ды развітацца

Часу няма звычайна.

* * * У краіну ценяў…

У краіну ценяў

Адыходзяць сябры, як дрэвы.

Толькі засень

На зямлі нябачна трывае…

Печ даўно адкурэла,

Пасма дыму яшчэ жывая…

Наважыўся…

Наважыўся яблык упасці з галіны,

Шапчу яму: «Падай…»

Рашучасць трымаюць нябачныя ліны,

Напятыя здрадай.

Наважыцца,

Значыць спакой свой шчыры

Кульнуць на вагу без развагі.

Аблокі — як шалі,

І зоркі — як гіры.

Сад слухае ветравы сагі…

Аж

Смяецца цяпельца —

Аж іскры з вачэй,

А вецер пад пахі казыча

Ды полымя цвеліць:

— Шугай высачэй!

І змрок

Аж святлее з аблічча.

Чарната

Нахлынна ўсё палын бярэ ў палон.

Да Бог шлях ад шчырых слёз разгруз.

І ў чорны небасхон

Смяецца лён —

Апошні сінявокі беларус.

Неба

А Дамінічка просіць:

— Нясі мяне, як неба.

Хоць мне не давяралі

Насіць яго,

Па-ўшацку

Бяру я коцы-боцы

Блакіцінку, якую

Высокае паслала

Растанню на ўспамін.

Прымаўка

Прыйшла Ілля,

Нарабіла гнілля.

След матыля

Дрыжыць ля былля…

Прыйшла Ілля

Па вішшу, па грушшу,

Укінула ў рэчку ільда

На самае дно

І ў маю душу

Заадно…

* * * Берагам асачыста й палынна…

Берагам асачыста й палынна.

Востраў недзе ў нябёсах плыве.

Свет трымаецца на галаве,

Перакулены ў возера Пліна.

Чаратоў чапурыстых чупрына

Чэшацца аблянелым вяслом.

Ціша мокрым аерным вузлом

Прывязана да возера Пліна.

Зорка пыхнула, быццам пыліна,

Затухаючы глуха ў бузе.

Сумны човен сутонне вязе

Ціхаплынна да возера Пліна…

Сасна

А дрэва з майго гараскопа — сасна.

І я падрастаў, гледзячы на сасонкі.

І восень з арэхамі несла ясёнкі.

Бор шчыры дзяліўся лясінамі на

Сасновыя йзрубы, сасновыя тронкі.

Жывіцы хацелася стаць бурштыном —

І з мяккага цвёрды характар рабіла.

Сякера сасне сукаватай грубіла.

Хадзіў буралом медзвядзём-шатуном,

І рэха будзіць баравіны любіла.

Пашыць небаверхі шацёр з цішыні,

Здаецца, калолася кожнай іголцы.

Пярэчыла сойка ў стракатай саколцы.

Чакай, памінкі,

На зрэзаным пні

Лічыць маіх год перацятыя колцы.

Помах

Я ад’язджаў.

Было відаць далёка.

Прысады адбягаліся разгала.

На развітанне ўшацкая сарока

Ў дзве хустачкі бяленькія махала.

Яшчэ бялелі стрэхі беластога.

Хусцінкай ахіналася завея.

У валачобніка немаладога

Дасюль

Ад помаху ў душы святлее.

Навелы

Імёны жанчын забытыя,

Як затанулыя караблі,

Усплываюць з мулкага дна

Памяці аўдавелае.

І дні, што ў бяссонных чаўнах

Санетамі ранішнімі плылі,

Вечарэюць у ссохлым быллі

Змаркочанымі навеламі.

Паперагаралі зоркі.

Туманы засталіся ў сведках.

Вачыма прыцьмелымі,

Чытач пасівелы,

Пры знерваваных электрасвечках

Старайся нанач спакойна

Перачытаць навелы…

Беларускія татары

Якаву, сыну Адамаваму, Якубоўскаму

На Белаусь нашэсце вашае

Вітаю,

Мірныя татары!

Вы дбалі —

Будавалі, важылі,

Аблокаў пасвілі атары.

Былі гароднікамі ўпартымі,

Кажушнікамі, макалямі,

Прэч гора адганялі жартамі,

Кулямі смутак затулялі.

Вы засланяліся правіцаю

Кайданнікамі на этапах,

Вы мову збераглі крывіцкую

І ў сэрцах вашых,

І ў кітабах.

Пытанне ўсім на вуха дыхае:

Каму зашкодзілі,

Скажэце,

Татарскія магілкі ціхія,

Маладзічковыя мячэці?

Хапіла ж нашым мовам

Смеласці,

Сышоўшыся, не разгубіцца,

А ў маладой паразумеласці,

Як дзвюм крыніцам,

Светла біцца.

На Шчары,

Нарачы,

На Свіцязі

Схаўрусіць хай

З салам алей кум.

Татары!

Множыцеся й пладзіцеся,

Вы нашыя.

Салям алейкум!

Квактуха

Расія, як тая квактуха,

Сядзела трывала й глуха

На яйках, а выявілася —

На мінах,

На яйках курыных, качыных,

Гусіных, арліных, —

Усе пад сябе падграбала,

А ўсё здавалася мала.

Растапырвала крылы смела

І клопатаў мець не мела,

Пакуль у сценкі шкарлупак

Не дзюбнулі шыльцы дзюбак,

Не вылупіліся без таты

Краняты, качаняты,

Гусяняты, арляняты.

Каго прывабіў ставок глыбокі,

Каго да сябе запрасілі аблокі,

Каго паклікалі высі,

Адны кураняты,

Пыл упадабаўшы ўзняты,

Каля сметніка засталіся.

Застаецца пашкадаваць квактуху —

Ні пер’я, ні пуху!

Чырвоныя акуні

Міхасю Рагалевічу

Божа, душу памяні,

Калі яна ёсць у рыбіны.

Чырвоныя акуні,

Як дзве калючыя глыбіны.

Нож у няцвёрдай руцэ.

Кут пазірае іконаю.

Яшчэ акуні ў лусцэ,

Ад прадчування чырвоныя.

Адлучаныя ад глыбіні,

Ратунку ў ракі не просячы,

Чырвоныя акуні

Вачыма змяркаюцца ў роспачы.

Акрайчык

Акрайчык возера

Адбіўся ў небе

Акрайчыкам маладзічка.

Часіны года,

Як прыгонныя жорны,

Мелюць зярняты зораў

На мяккі снег,

На бязважкі блакіт,

На мірглівыя залацінкі

Люцікаў заказытаных.

Імгненныя пчолы

Носяць у галодныя вуллі

Вечны мёд.

І гэтакі пах кіпіць,

Ажно палыну

Хочацца аблізнуцца салодка.

* * * Ад пошты адлік свой шлякаты…

Ад пошты адлік свой шлякаты

Дарога вядзе трывала.

А я канец і пачатак

Сваіх дарог як мог

Прывязваў, бывала,

Да парога матчынай хаты.

Цяпер дарогі мае

Пачынаюцца ад хаты тае,

Дзе ні дзвярэй, ні парога,

Адкуль мяне, ўжо старога,

Не сустрэне мама.

Дзе, ўпоплечкі выгарбіўшыся,

Таксама

Зарасце травой вінавата

І мая апошняя хата.

Смалістыя вершы

Вершаліны —

Смалістыя вершы, якія

Разгайдалі

Падумку лясную ў нябёсах.

Не апусціць іх дол

Да жабрачага кія,

Лепей хай аблачына

Прыдбае на посах.

Вершаліны ідуць

Долам неба,

І цені

У сваім жа губляюцца

Перапляценні…

Шкадаванне

Нам не сагрэць

У чатыры вокі імжу,

Не сарвацца

У апраметную азалелую.

Нам не зліцца,

Як лістападаўскаму дажджу

З травеньскаю залеваю.

У

Іржала ноч, як жарабіца,

Збівала ў шале капыты.

Цярпенне мусіла разбіцца,

Не вытрымаўшы нематы.

Плылі мы ў блудзе

Ці ў аблудзе

На чоўне радасці пазной.

І пахлі яблыкамі грудзі.

Гарчылі губы навізной…

Каля

Каля вогнішчаў чужых

Грэцца не сагрэцца.

Бліскавіца жыг ды жыг,

Маладзіцца ў рэчцы.

Думка ласая сябе

Халадзіць не хоча,

Тлуміць голаў варажбе,

Дзе ён, шал, якоча?

Ад агню начных бажых

Нецярпенне дыбам.

Ля гарэлішчаў чужых

Смела грэйся дымам!

Свята

У тым, у чым на свет прыйшлі,

Святкуем свята ночы.

Ён будзе,

Покуль быць зямлі,

Загадкай страх жаночы.

Мы ўсе —

Дрыжы ці не дрыжы —

Надбітая паліва.

Убач,

Як нашыя крыжы

Цалуюцца мігліва.

Альбомнае

Альбом.

Даль. Бом.

Сквар. Змрок.

Твар. Крок.

Рух рук.

Крык воч.

Шал. Грук.

Жаль. Ноч.

* * * І чаго давялося…

І чаго давялося

Здрыгануцца стрыгнатцы?

Што змушае сцяжыну

Ад сцягу натоўпу хавацца

За пазухаю ўспаміну,

Дзе конікі лугавыя

Цішыню абтрасалі,

Дзе хмары,

Ад неба намуляўшы шыі,

Абменьваліся адрасамі?

* * * Як у мястэчку час, ідзе паром…

Як у мястэчку час, ідзе паром.

Надыхалася восенню рака.

Халодным адчуваючы нутром

Бяду,

Глыбей хавае шчупака.

Чакае прыпарамак гаваркі,

Удосыць нахлябтаўшыся вады,

Калі паром уперыць пад бакі,

Каб зарыпець ад тупаткой хады.

А за душой хоць пакаці шаром

У мокрага каната-дзівака.

І скрыпкаю ў руцэ ракі паром —

Зайграла б,

Ды не падбярэ смыка…

Упартасць

Будуюцца,

Значыць, збіраюцца жыць

Нявечныя людзі.

Ім лешкі лешыць

І сцежкі сцяжыць,

Купацца і ў цудзе і ў брудзе.

Дах рухне,

І сцежка травой зарасце

На перавозе.

Ляжацьме нябожчык,

Як госць на куце,

І радасць жабрачкай

Стаяцьме ў парозе…

Чакаюць улазінаў дамавікі.

І крыкі, і крокі.

Ілбы малатку

Падстаўляюць цвікі.

Ідуць баразною

Гракі, як прарокі…

Серп і кій

Загінае свой палец серп,

На давер выклікае калоссе.

Хоць калоссю трываць няўсцерп,

Ды ад страху яно галосіць.

Кій збівае свой востры нос

Аб карчэўе ды аб каменне.

Кій да павадыра дарос,

Каб дарога кружыла меней.

Не абразь іх і не знявеч,

Кожны быў спаконвеч

Самавукам.

І выпростваўся серп на меч,

Кій згінаўся,

Каб стацца лукам.

* * * Мы заўважаем па сябрах…

Мы заўважаем па сябрах,

Наколькі пастарэлі самі.

Не за дрымучымі лясамі —

Ён з намі,

Неўміручы страх.

Страх адысці і не прыйсці,

І, свой пражыўшы веку,

Не збыцца,

І ў мітусні згубіцца,

Быццам

Апошні яблык у лісці.

І колькі б дух, як дых,

Ні праг,

Яго адна здаволіць мэта.

Наколькі мы жывыя,

Гэта

Пасведчыць сон вячніны —

Прах…

Адны

Мы, як і нашыя дамы,

Пабудаваныя на снезе,

Не на пяску.

На згон зімы

Снег з далані зямное злезе.

І зноў гаспода валуноў

І кажушыстай руні ўлада.

Мы — толькі цені ў храме сноў,

Пагонь

На свежых ранах ляда.

Ля Верачовачкі стаю.

Ралля шарэе ў снегастоі.

Час

Памяць заараў маю,

Маленства капішча святое.

Згарбеў пагорак ад пакут.

Няўтульна небу.

Долу гола.

Адны, відаць, жывыя тут

Плач мамін,

Бацькаў ціхі голас.

* * * Віднее паволі, знянацку цямнее…

Віднее паволі, знянацку цямнее.

Зіма за плячыма. Зіма.

Я восені даў бы імя Паланея,

Палае і зябне сама.

Маліся на дзень

Да дрыготкі кароткі,

Свой дзень ад вятроў захіні.

Прасі ў Паланеі,

Ў разгубленай цёткі,

Не гарачыні — дабрыні.

Расінка

Ў апошняга яблыка ў садзе

Сцячэ па крамянай шчацэ.

Дабранач скажы

І даверу і здрадзе,

Каб дзень паўтарыўся

Яшчэ.

Vita

У горадзе сеюць траву,

А столькі пратсоры травее.

Каля помніка дрэвы,

З лесу прывезеныя,

Прывыкаюць памалу

Да свайго гарадскога лісця.

Імжыць

Дождж-імжыніст.

Як галава Іаана Хрысціцеля,

Поўня ляжыць

На місе набеглай хмурынкі.

Адкапанаю косткай маманта

Вежавы кран

Над катлаванам тырчыць.

Ці палын, ці бензін

На губах гарчыць…

* * * На сябе нацягваюць коўдру…

На сябе нацягваюць коўдру

Сексуальныя схілы Капет-Дага.

Кажаны з абымшэлымі крыламі

Цені свае ж даганяюць, блытаюць,

Перасякаюць —

Ажно ў саладкаватым вечары

Шоргат стаіць ппяшчотны.

* * * Інтэлігент у першым пакаленні…

Інтэлігент у першым пакаленні,

А гэта значыць,

Што малы, яшчэ

Кроў у малым ад нормы адхіленні

Па жылах першародная цячэ.

Інтэлігент у першым пакаленні,

А гэта значыць,

Што калі, калі

У небе згаснуць вечныя імгненні,

У даланях насіцьме вугалі.

Інтэлігент у першым пакаленні,

А гэта значыць,

Што пакуль, пакуль

Сыходзяць мазалі, як тыя цені,

Пад цэпам развітання стогне куль.

За ім зачыняцца нябыту сені,

Знябудзецца, забудзецца зусім

У пакаленнях,

Што ідуць за ім,

Інтэлігент у першым пакаленні.

Наступнік будзе лепшы

Ці халершы —

Пра гэта не даведаецца першы.

Радоўка

А ранняя вясна

І ранняя зіма,

Світанне ды змярканне

Між сабою

Падобныя.

І розніцы няма

Між ворывам, жнівом

І між сяўбою.

Пяройдзе смех у плач,

Брэх — у выццё,

У смерць — жыццё.

Імгненне

І цень звініць,

І дол пяе,

І смутак будзіцца калішні.

А вочы спелыя ў яе,

Як неабтрэсеныя вішні.

А бровам пырхнуць бы ў гульбе,

Як лёгкім крылам з-пад узмежка.

Зірнеш і чуеш —

У цябе

На вуснах маладзее ўсмешка.

* * * Я ўсё збіраўся жыць…

Я ўсё збіраўся жыць

Разважліва, як людзі,

Ды ў вечным перапудзе

Ўсё бег сябе тушыць.

Не бачыў лісця ў траў

Ад клопатаў дарэмных

І ў думках пад’ярэмных

Паціху дагараў.

І так прайшло жыццё,

Я не астыў ад спешкі.

Датушыць галавешкі

Глухое забыццё.

Надзею напавер

Бяру, што нешта будзе.

Паважна жыць, як людзі,

Зьбіраюся й цяпер.

А дождж імжыць: ім жыць,

Наступнікам настрою.

І кладка над вадою

Дрыжыць…

А цень бяжыць.

Да партрэта Ваўчэнскага возера ў гуках

Картавы крумкат крумкача.

Чабохканне ўсычэлых качак.

Галантны горнецца гарлачык

На край каравага карча.

Падрыць спрабуе бераг крот.

Хмель млявы лёгкі на ўспаміне.

Любіць лабатыя глыбіні

Ці не,

Вагаецца чарот.

Ляшчыннік моліцца на лог.

Маліннік млее ад блазенства,

На возе возера вязецца

Аблокаў малады мурог.

Жыві і доўжы цень!

Жыві і доўжы цень сваім дарогам,

Пакуль вязуць твой воз

Наіву колы,

Пакуль не здасца белы свет астрогам

І ты не станеш перад панам Богам,

Як і твая душа,

Таксама голы.

* * * Вясёлы і ў сваёй пакуце…

Вясёлы і ў сваёй пакуце

І сумны —

Радасці назло —

Гук выдзімаюць, як у гуце

Са шкла гарачага святло.

Бярэ знямогласць на парукі

Апошні ўскрык,

Апошні ўздых.

Змаўкаем.

І змаўкаюць гукі —

Чакаюць вуснаў маладых.

* * * Вякі перасвістваюцца скразнякамі…

Вякі перасвістваюцца скразнякамі.

Маўчання ў рот набіраюць званы.

Датуль чалавек у нябыт не знікае,

Пакуль жывуць ягоныя сны.

І п’юць, і сварацца, як суседзі,

Яны мілуюцца, як мілуны,

Зязюльку ўчуўшы,

Бразгаюць меддзю,

Вандруюць сны

І жабруюць сны.

Сны аржаныя,

Сны баравыя —

Свае ў русалак, у лесуноў.

Мы ўсе, і мёртвыя і жывыя, —

Начлежнікі толькі

Ў гасподзе сноў.

Бясконцасць

Бясконцасць болей дбае аб касьбе,

Касу трымаючы напагатоўку,

Знакі вякоў саскрэбвае з сябе,

Нібы з рукі татуіроўку.

І застаецца толькі рэк зліццё

І нашай прагі яміна пустая.

Бясконцасць чыстая, як забыццё,

На дробязь часу ўвагі не звяртае.

Брэх

Сабака аж давіцца брэхам —

Быццам глыбока ў горла

Зелле горкае

Заліваюць спехам.

З ёкатам замаўкае —

За ваўкамі

Наўскоч пабег

Азяблы брэх

Па мулкай араллі.

Хоць ваўкоў звялі,

Вочы сабачыя

У падхартаным сне

Зграю ўбачылі.

* * * Смерць як жыццё…

Смерць як жыццё.

Жыццё як смерць.

І немінучасць і мінучасць.

Жыві

І ў гэтым свеце сцвердзь,

І ў тым

Сваю нежывучасць.

Ave!

Чатырохнога табурэткі

Хадзіць вучыліся па зале.

Нябожчыкамі пахлі кветкі,

Што з вокнаў ранішніх звісалі.

* * * Мы, як апошнія ваўкі…

Генадзю Бураўкіну

Мы, як апошнія ваўкі,

Пасляваеннікі-паэты.

Ужо настаўлены цвікі,

Каб шкуры нашыя з імпэтам

Распяць на прыцемнай сцяне,

Дзе рэбрацца старыя бёрны.

І ўрэшце сківіцы сцяне

Апошні адвячорак чорны.

Мы па інерцыі бяжым,

У свет яшчэ знаёмы выем,

Ды цені тоіць кожны выем

У змроку покуль што чужым.

* * * Гібее пад ільдом рака…

Гібее пад ільдом рака,

Каб адагрэцца крыгаломам,

Каб веснаход пачаць з рыўка,

Каб безбярэжнай

Стаць з раўка,

Паказытаўшы спіны стромам,

Не пакідаць ні астраўка

Адмелінам —

Былым знаёмым.

Прыняць, як веру, раўнавагу,

Але зімовую знявагу

Трымаць у памяці бруйка.

* * * Чуючы цёмную сілу ў слове…

Чуючы цёмную сілу ў слове

І не дужа верачы ў словы свае,

Чалавек найменні дае

Сабаку, каню, карове.

Каб клікаць і смакаваць уладу:

— У хлеў, Лысоня!

— Лыска, на двор!

Ды, Ўсявышняга лепшы твор,

Чалавек не дасць сабе зладу.

Загадвае жабракам багаты:

— Іван, маўчы!

— Стахван, бяжы!

Воз чутак цягнучы, рве гужы,

Чалавек наступае сабе на пяты.

Не развязваецца са страхам клумак,

Хоць не пусты на карку

Носіць збанок,

Дрыжыць на крык,

Бяжыць на званок

Чалавек,

Паслугач сваіх жа прыдумак.

Цішыня

Вякі вячыстыя і дні,

Жывое й нежывое —

Усё належыць цішыні

З паніклай галавою.

Ці зорную бяром сяўню,

Ці назаляем ліху,

Мы толькі будзім цішыню —

Глухую парадзіху.

Такога б закілзаць каня,

Каб устурыў —

Ды дзе там!

Як ні крычым,

А цішыня

Валодае Сусветам.

Мы толькі плодзім мітусню

І робім тлум усіхнім,

Нахабна будзім цішыню —

І ўрэшце самі ціхнем.

Свінец

Нябёсы ў жудасці сумеліся,

Ды помняць тую хмару шэрую,

З якой зямля

Яшчэ пры Велесе

Свянцілася паганскай вераю.

Цяпер наш свет —

Парнік пад плёнкаю,

Дзе дбаюць аб надзённым сіласе.

Свянцонку б лепш назваць

Свінцонкаю —

Цяжкім свінцом вада свянцілася.

Вясёлка неба дах змацоўвае.

Хаўтурам галасней галосіцца.

І хмары робяцца свінцовыя,

І гоні ўсцяж свінцом калосяцца.

Нам піць свінец,

Нам жаць свінец.

Карцам карэць,

Сярпам звінець…

Бо

Бо пачынаю глухнуць без яго я,

Як дзень, старэць, як прысмерк, вечарэць

І разумець калючы лёс ізгоя.

Час, рэдзь ніты, але пакінь хоць рэдзь,

Каб выткалася слова дарагое,

Якое б выбегла мяне сустрэць.

Там, дзе Нёман б’е хвастом

І сапраўды, як хатняя рака,

Тутэйшы Нёман —

Б’е хвастом ля ганка.

І вусны песцяць казку-інтрыганку,

І пражу грэе цёплая рука.

У рэшаце падскоквае клубок,

І дзед-штукар дапамагае бабе.

Славутасць у падпечкавым маштабе,

Каток, вядома ж, залаты лабок

Зацягвае маркотную курню,

Марцовай кошцы дзён да марца мала.

І песня,

Што на момант прыдрамала,

Адчула:

Цісне столь высачыню.

І паплыла,

На Нёман павяла

Ад ступы, ад красён, ад памяла

Спякотны голас

На марознай ноце:

Сядзела Купалка на плоце,

Яе ўся галоўка ў залоце,

Ды прасіла ў Бога пагоды:

Ой, дай пагоду на ўсю ноч,

Ой, дай сонейка на ўвесь дзень.

А казка нахінула гарлачок,

Дзе з сыру печ,

Дзе з масла лавы.

А баба з казкі

Просіць пень трухлявы:

Вышэй, вышэй, пеньчучок,

Бо ўжо выбег ваўчучок!

А я прашу,

Як сон забытых сноў:

Ручай гаворкі беларускай,

Булькай

У цераме спадарыні Цыбульскай

У вёсцы,

Што завуць Магільным зноў.

У альбом, (шукаючы форму)

Няма, няма, няма,

Цябе няма са мною.

Таму й прыйшла зіма.

Была, была, была

Ты восеньскай вясною,

Вятрыстая датла.

Адна, адна, адна

Туга ўсяму віною.

А можа, не яна?

Адзін, адзін, адзін

Зарукай неспакою

Раз’юшаны ўспамін.

Калі, калі, калі

Адпушчаны табою

Зноў буду на зямлі?

Адкуль лебедзі зімой

Мароз снегавічоўну лепіць,

Завейна гладзіць бараду.

Перадыхне —

Бялее лебедзь.

Пускай, дзядуля, на ваду!

Снег ёсць, і рупнасці хапае,

Снегавічоўны ўсё няма.

Сняжыца ў вочы б’е сляпая.

Глядзіш, і скончыцца зіма.

І склыгаюць ад злосці льдзіны,

Што мыецца вада вадой.

Марозаў клопат лебядзіны

Плыве ў бязлёддзе чарадой.

* * * Аглухлай, гарбатай…

Аглухлай, гарбатай

Дарозе не выпрастаць спіну,

Бо руху няма супыну,

Як з цішай ні сватай.

Трывае надзеяй,

Што недзе за даляглядам

Зноў стане балотам, лядам

На волі,

Ды дзе ёй

Схавацца, стаіцца?

Калі на світанні, змярканні

Вядуць яе на аркане

Мястэчкі, сталіцы.

* * * Толькі коні твар свой захавалі…

Толькі коні твар свой захавалі,

Мы свой — страцілі

І знебылі.

Пахавалі шчырасць нашу ўзваллі,

Смех здзічэў наш

У глухім быллі.

Верым зорам,

Шчэрым зубы церням.

Саступаем сцежку валунам.

І надзеяй грэемся,

Што вернем

Твар,

Які Гасподзь пазычыў нам.

Ілляны абразок

Іллянішча топчуць вятры-вазакі.

Надвор’е імжу прасявае на сіце.

Завязвае клопат снапоў вузялкі

На памяць аб леце,

Аб цёплым блакіце.

Да сэрца прыхілістыя з даўніны

Ад светлых радзін

Да пахмурных хаўтураў

Бялёвы насоў

І ручнік ілляны,

З марозу,

Як гурба, каляны каптурык.

І верым,

Падзёншчыкі ўцехі зямной,

Што нам з глухаты,

З духаты,

З перастыгу

Сасновай труной

І кашуляй лляной

Аддзячыць скупое жыццё

За фатыгу.

Хоць

Галалёддзе. Слата.

Перазяблі муры.

Марната, чарната

На душы, на двары.

Хоць ты зроку даводзь,

Каб да змроку прывык,

Што забыўся Гасподзь

Светлых дзён чарнавік.

Кола

Рыгору Яўсееву

Кола круцяць

Ці само

Круціцца з адчаю.

Хіба сам сваё ярмо

Нехта прывячае!

А ні выпрастаць гарба

Гнутаму ніколі.

Радасць войкне

Ці журба

Зарыпіць у коле.

Цягне ток

Ці жарабок —

Бі паклоны долу.

У які круціцца бок —

Усё роўна колу!

* * * Сон неўмежаванае аблогі…

Сон неўмежаванае аблогі

Не пачуе дотыку былля.

Колькі ні аруць яе нарогі,

А яна цнатлівая,

Зямля.

Пасівее дзень каля парога,

Счырванее золак ад абраз,

Маладзей, глыбей

Аруць аблогу,

Толькі кожны раз —

Як першы раз.

Усплывае

Завіруха соўкі

Шуфель прытурыла.

Матылёк газоўкі

Б’ецца аднакрыла.

Мне назаўтра ўрокі

Вывучыць не спіцца.

На хвасце сарокі,

У гіля на спінцы.

Страхі ды навіны.

Шыбы — як мядзведзі.

Позірк мой наіўны

Нешта ўгледзеў недзе.

…Той зімовы вечар

З матыльком газоўкі

Усплывае золк,

Як з сярэднявечча.

Сумна

На дратах дрыжаць шпакі.

Зябнуць шыферныя дахі.

Важна ходзяць індыкі —

Местачковыя манахі.

На вясёлым скразняку

Любата матку цыбулі.

Дзень знікае неўзнаку,

Быццам пенсія ў бабулі.

Час імчыцца наўпрамець.

Вечар рады ціхай вестцы.

Пачынаеш разумець:

Стома старасцю завецца…

Звысоку

Звысоку варта паглядзець на горад,

Свой позірк адарваўшы ад зямлі,

І ўбачыць,

Як на радасць ці на гора

Быллём антэнаў дахі зараслі.

Уздрыгвае пакоша драцяная,

Павышчарбіўшы бліскавіц сярпы.

І толькі чорных вестак

Боль тупы

Іржавае цярпенне працінае.

Збіранне жалудоў

Як няма чым акалочваць грушы,

Дык збірай паціху жалуды.

Як Няклееў кажа, без булды

Праца.

Толькі клопату па вушы.

Можаш імі частаваць свіней,

Можаш любавацца жалудамі,

Можаш нанізаць каралі даме —

Бачыцца забытае мадней.

Можаш намалоць ручным млынком

І напіцца жалудовай кавы,

Каб успомніць

Даўні смак гаркавы

Кавы з некуплёным малаком.

Тым часам

З гадамі ўжо не да авацый.

З гадамі

Сабе самому падабацца

Цяжэй, чым даме.

Святло ліняе,

Свет імжыцца,

І позірк халадае.

Цяжэй

З самім сабою ўжыцца

З гадамі.

Глушэй

Знямелая знямога

Пра ўсё згадае.

Але збіраць

Сябе самога

Цяжэй, чужэй

З гадамі.

Перайманне

Жадаю лесу зялёнага лёсу,

Жадаю долу жніўнае долі,

Касе жадаю смачнага ўкосу,

Жадаю наўколлю

Вярбовага колля.

Жадаю брэху гучнага рэха,

Кары жадаю не помніць кары.

Багаслаўляў жа Сэсар Вальеха

Таго, хто цень свой

Згубіў на пажары.

Хадакі

Магільнік шэпча:

– Ідуць мерцвякі…

Глядзяць жабракі:

– Ідуць медзякі…

Смяюцца грубкі:

– Ідуць мерзлякі…

Скрыпяць вазы:

– Ідуць ездакі…

Зяхаюць харчэўні:

– Ідуць едакі…

Па-свойму ўсе хадакі —

Сваякі.

На кожнага ў іншага

Позірк такі.

Васількі

Пялёстка-ветраковы васілёк —

Вясёлы плён

Нятленнасці й нябыту.

Ў зялёным жыце

Ясны вугалёк,

З якога ўзыдзе полымя блакіту.

Гасподзь апоўдні гляне з-пад рукі

На незабытую сваю гасподу

І ўбачыць васільковыя цвікі,

Што ўкрыжавалі млявую лагоду.

Затулены вякамі

Вугалькі

Ў зялёным жыце

Космасу глухога.

Маіх азёр вушацкіх васількі,

Відаць, блакітным робяць

Позірк Бога.

* * * Учора, здаецца…

Учора, здаецца,

Дальбог жа, ўчора

Пячурка цямнелася,

Быццам пячора.

Клёцкі ў барознах

Сядзелі трывала.

Малако ў паўдзён гізавала.

Паветраны шарык рохкаў,

Пасля ў яго насыпалі гароху,

І ён бразджэў без супыну.

Шапка-вушанка

Вусата хрумстала канюшыну.

У пашчу сурочаную

Няўклюднай мяліцы

У званочках сарочку

Клалі маміны пальцы.

Бляялі кажух з рукавіцамі.

Ад соку хмялелі

Жалейкі ніцыя.

А потым —

У кіпені яблык

Назваўся кампотам.

З прораззю сала

Беконам стала.

І словы крэўныя з часам

Назваліся

Слоўнікавым запасам.

У горле песні

Радасць няспуджаная перасела.

Кожны сваё

Адгарцаваў, адбрыкаў.

Усё хутчэй перасела

З саней ды з брыкаў

У цягнікі ды машыны.

Кашулі ды кажухі

Скарацілі шляхі

У крамы ды ў магазіны.

Усё фасуецца.

Усё ў фасоне.

Прагрэс

Цераз пахілены плот пералез

Сёння.

Як сыр у масле

Я не помсціў нікому ў шаленстве,

Нават сабаку суседскага не зачапіў.

Калі й біў я каго ў маленстве,

Дык адно толькі масла біў.

І цяпер задыхаюся ва ўспаміне

І ад стомы валюся

На аерны сяннік, як цэп.

Масла біць у вузкагорлым графіне —

Гэта не тое, што рэзаць яго

І намазваць на хлеб.

Чаму графін?

Растлумачыць мушу.

Вайна дык і бойкі звяла.

А мы пасля вайны разжыліся

На графін з зялёнага шкла.

І я, калі масла ў ім біў,

Яго не любіў, як душу,

Ды калаціў, як ігрушу —

Ажно не хапала зла.

Трасеш, калоціш графін штосілы,

Здаецца, дарослы станеш,

А масла ўсё не відаць.

А голас унутраны кпіць:

«Тады была сіла,

Як маці на гаршчок насіла.

Падсмецення на патэльні

Не паспытаеш, відаць».

А ўсяго калоцяць адразу

Трасца, гарачка ды малярыя.

І ты ўжо не бачыш,

Дзе горла ў графіне, дзе дно.

Ды ўрэшце ў крупінкі збіраюцца

Вяршынкі густыя,

І тут галоўнае самае адно:

Не празяваць і выліць у час

Вязкаватую масу ў місу,

Бо імгненне — і ў горле графіна

Перасядае камяк,

І яго — хоць графін разбівай —

Не дастанеш ніяк.

Трэба паспець, як на сходах казалі,

Падвесці рысу.

А з маслам голад не страшны.

З маслам і гаўно смашна.

З маслам і зямелькі глынеш.

Прыгаворы маміны ўспомніш

І ўзмашна

Трасеш графін,

Масла б’еш, б’еш, б’еш.

Толькі б не перастарацца,

Спыніцца паспець.

І мяне, як масла, збівае праца.

Адчуваю, застаецца ледзь-ледзь…

Смех вазоў

Вальдко Калініну

Вальдко —

І цокаюць падковы,

Вальдко —

Стукочуць капыты,

Вальдко —

Інее дзень зімовы,

Вальдко —

Захакалі харты.

Увесь наш свет — вялікі табар,

І ўсе мы — трохі цыганы.

Вымольваем у сонца хабар,

У тым не чуючы віны.

Нам не зашкодзіць паганяты —

Мы па натуры лайдакі.

І нашы думкі —

Цыганяты,

Ім нешта б выпрасіць з рукі.

І ўсе цацанкі-абяцанкі

Крычаць, як рыба на пяску.

Надзеі ходзяць,

Як цыганкі,

І просяць залаціць руку.

Страсае светлякоў з цыгаркі

На росы прыцемак-хвалько.

У песню едзе рэй цыганскі?

У цыганкі хвартух новы,

А ў цыгана кій дубовы…

Ты чуеш смех вазоў,

Вальдко?

* * * Павук, як іншапланецянін…

Павук, як іншапланецянін,

На павуцінні за акном

Павіс.

І вечар ціха цяміць,

Хто ўніз чалом,

Хто ўгору дном?

Усё адносна ў гэтым свеце

І, думаецца, ў свеце тым.

З хвастом падпаленым

Камеце

Няма як думаць пра інтым.

Павіс павук ці павучыца?

А можа, не павіс —

Плыве

Ці проста хоча павучыцца

У нас

Хадзіць на галаве?..

* * * Ты ад маці, ты матчына…

Ты ад маці, ты матчына,

Беларуская мова.

Зорамі растлумачана

Сэрцу кожнае слова.

Ты, як раніца, шчырая,

Маеш цёплыя рукі.

І вяртаюцца выраі —

Толькі б чуць твае гукі.

Там, дзе ёсць ты, — пагодліва,

Дзе няма — там зімова.

Будзь для ўдзячных паходняю,

Беларуская мова!

Цвітуць дзьмухаўцы

Гэта Травень купіў у інкубатары

Маленькіх пісклянятак,

І нёс іх у карабку з-пад абутку,

Пабіўшы порыўку ў дзіркі,

Каб не затохліся камячкі жывыя.

Нёс у вёску, вядома,

Ды на першай прызбе прысеў

І выпусціў куранятак жаўтлявых

Папасвіцца на маладой траве.

Задрамаў Травень,

Бо дух травяны размарыў,

А піскляняткі разбегліся,

Дзе толькі льга.

Прахапіўся Травень

І да таго разгубіўся,

Ажно ўваччу пажаўцела…

Восеньскі настрой Белавежы

Дрымотнасць

Лета тлела даўгое й душнае,

І пакуль сцюжы не зараўлі,

Сонны дождж

Марасіста датушвае

Галавешкі варон на раллі.

Прычынацца лянуецца раніца,

Пазяхае,

Праспаўшы пру.

Восень хітра ў душу занураецца,

Як лісіца ў глухую нару.

Капелюшы долу!

Чолаў задумлівых гаспадары,

Капелюшы кіньце долу, панове!

Зноў Белавежа ў пулятай панёве

Восені шэпча:

— Тугу паўтары.

У Белавежы багаты пасаг.

Доўга мароз не наважыцца ў сваты.

Сыпле наўзваж маладуха дукаты

Ў цераме, мшоным

Вятрамі ў пазах.

Рэха, як заяц, імчыцца наўскач.

Стынуць сукоў ззелянелыя змеі.

Гэта бяду чарнатой разумее —

Аж надрываецца ў небе крумкач.

Мусіць доўжыцца

Ліставейны лівень Белаввежы,

Цёплы град зрудзелых жалудоў.

Зубрант вятрыстае начлежжа.

Ціхі смех няпуджаных слядоў.

Мох, расчулены баравікамі.

Мокрыя бабровыя хлуды.

Гэта мусіць доўжыцца гадамі,

Успамінам грэць у халады.

Традыцыйнае

Журавы пасуцца на балоце,

Грэюцца ў дарогу журавінамі.

А туга стаілася на ўзлёце,

Каб знікаць сваімі пуцявінамі.

Журавы падымуцца ў нябёсы

Даганяць тугу далёка ў выраі.

Восеньскі настрой перапялёсы

Зябкавата пер’е натапырвае.

У ставок вада цішэй сцякае.

А над чаратамі,

Па-над пушчаю

З туманом плыве і не сціхае —

Як пачуць —

Курлыканне скрыпучае…

Турлюй

Тураў рог

І паляўнічы рог

Ладзілі ймяніны баравіне.

Сам паганскі дух яе сцярог,

Лёгкую ў аблокаў на паміне.

Не адзін віхор

Зламаў язык,

А Турлюй не вымавіў з разгону.

На імхі

Пад закіпелы рык

Лось губляе

Галаву й карону.

Цяжка

Дзяцел ісціну даводзіць дзюбай,

Толькі пра сваё шуміць сасна.

У сасны з вясны дума адна —

Высіцца й не гнуцца перад згубай.

Беразняк

Усмешкай белазубай

Так і прасмяецца давідна.

На хвасце ў сарокі пер’іна

Пераважыць ісціну рахубай.

Біся лобам

Ці сякерай дзюбай —

Не памірыцца з маной віна.

І лясная знае даўніна —

Цяжка

Ісціну даводзіць дзюбай.

Імша

Сцішаю свой спех і з пашанай

У шуму спагады прашу.

Тут правіць

У світцы імшанай

Лясун па спакоі імшу.

У пнёўе ўпіраюцца пяты.

На шыі дарогі пятля.

Дажджамі абмыты,

Працяты

Вятрамі,

Нябожчык каля

Магілы свае спачывае.

А грукат балюе смялей.

І ў лесу душа як чужая.

Хоць ёй на смаляк усмалей.

Ад хмар хваравіта і шэра

На сэрцы ў нябёс

І ў вачах.

Не хоча паганская вера

Са сценьмі

Згасаць у карчах…

Памяці Валянціна Ждановіча

Ты вёў свой рызыкоўны торг з нябытам —

Хацеў даўжэй пакінуць на зямлі

Жывых і тых, што ціха адышлі

Ды засталіся быць святлом адбітым.

Жыццё радзейшым, смерць гусцейшым сітам

Прасейвае чаго, каго, калі.

Тваіх вачэй турботныя чмялі

Спалохана віталіся з блакітам.

Сяброў усмешкі і зласліўцаў кпіны —

Ты ўсё ў сябе прымаў, як вечны дол,

Абавязкова за людзей павінны.

Ды хто прыспешыў твой жалобны стол?

Чаму ж ён не адвёў абвіў змяіны,

Рахманы, як і сам ты, твой анёл?

Знаёмае

Чарсцьвяды. Чаравэчча.

Завыдрана. Павулле.

І вечар горбіць плечы

У дажджавой затуле.

Палын нудзьгуе горка.

Дыміць туман ядлова.

І скача,

Як вавёрка,

На вусны з вуснаў слова.

Начуе золь па шатах.

Па некім каня плача.

Вушача —

Мой пачатак,

І мой канец —

Вушача!

Залачу далонь

Я сцяжыне далонь залачу

Жаўталісцем

З бяроз Беразвечча.

Я з табою сустрэцца хачу

Ў варажбітна заснежаны вечар.

Каб ад шпаркай хады

Халады

Чырванеліся шчокамі ў белі.

Каб аж да Беразвечча сляды

Учарнелі.

Ад бяды.

* * * Бацька хату «ў пальчыкі» рубіў…

Бацька хату «ў пальчыкі» рубіў,

Мама капу ткала,

Ткала «ў дымкі».

Бацька сына песціў і любіў.

Я трапляў з абдымкаў у абдымкі.

Бацька на Вялікадня зубіў

Яйка —

Выбіраў мацак найсамы.

Бацька сына,

Бацьку сын згубіў,

І застаўся я ды смутак мамы.

Пад настрой

Мой лёс лагодны быў —

Дождж нязолкі слаў,

Пярун нягрымкі.

Трапіць

Ласку я сабе набыў

Да зямлі ў апошнія абдымкі.

Цямнее

Хутчэй цямнее вечар шчыры.

Нарыў цярпення нарывае.

І нерастуюць пасажыры

У перапоўненым трамваі.

Няпэўны снег

Дзеці гурбіну лепяць

З няпэўнага снегу

І валяюць яе

Па траве, па сцяжыне.

Да бакоў жаўталіст

Наліпае з разбегу,

Быццам сум на душу

Па сваім на чужыне.

Снег няпэўны растане,

І, напэўна, атава

Да марозу адскочыць.

Ліст зялёны не стане,

Жоўты, ён не сагрэе

Камячыну ласкава,

Як і ліст ад цябе,

Што вяшчуе растанне.

Прымхі

Так раўнаваць,

Каб слепнуць ад святла,

Маланка толькі можа

Не памалу…

Каго ж так

Навальніца пракляла,

Што свечкаю

Бярозу заламала?

Звыканне

Кашары,

Пахне кажух ваўкамі,

Ваўкам

Кажушына пахне кашараю.

І вока

Бачыць сябе звыкае,

І страх

Даганяе бяду паджарую.

Яліна

Бароніць сябе сукамі,

І цемра

Мажнее гадзінаю шараю.

Да гадзінніка

Гадзіннік мой,

Доля роўная ў нас:

Ісці не цішачы ход,

Як свой, лічыць

Пазычаны час,

Пакуль не сыдзе завод.

Гучней

Малаточкам сваім грукачы,

Нябачным, па забыцці.

Цікуюць з пляча начы

Крумкачы

За намі, а нам ісці.

Ты стаў спыняцца,

Стаміў душу,

А я стараюся йсці.

Не дужа спяшайся паказваць,

Прашу,

Гадзіну поснай куцці.

Яшчэ

Акраец хлеба,

Шклянка малака.

Хлеб у руцэ,

А малако ў кішэні.

Натоўп штурхае злёгку юнака.

Трамвай грукоча нешта ў суцяшэнне.

Забыцца не паспеў, як хлеб расце,

Як сырадой смяецца ў белай пене й

Туман пацягваецца ў духаце.

Амаль яшчэ ў ізрэбнай светлаце

Звыкаецца з сабой

Магчымы геній…

Шаблон

Горад вецер падмёў,

Смецце ў кучах адзіных

Ад панельных дамоў

Да панельных бландзінак.

Уздых уздагон

Няма ў жыцці пабочных ці старонніх,

Верш Панчанкаў,

Нібы адчаю ўздых:

«Пара забыць вясёлых, спрытных, стройных,

Не сніць ніколі любак маладых…»

Не скажаш сэрцу, біцца ці не біцца,

Сабе не загадаеш знелюдзець.

Як на вясёлых сумнаму забыцца,

На стройных як пагляду не глядзець?

Як адарваць ад губ сваіх жа кубак,

Як заглушыць крыві свае званы.

І маладых чаротаспінных любак

Хоць будзеш сніць,

Пакуль прыходзяць сны.

Urbi et orbi

I

Горад — тая зямля,

Якую пазбавілі

Лесу, рэчкі, поля.

Горад — тая зямля,

Якую ўтаймоўваюць

Жалезам, асфальтам, каменем.

Горад — тая зямля,

Якую падахвоцілі

Даганяць небасхіл.

А небасхіл там,

Дзе лес, поле, рэчка

Яшчэ на волі.

II

Пад’езды ў цёплых воллях, як страх,

Пераварваюць чуткаў дыету.

Спрабуе акрэсліцца Млечны Шлях,

Як вуліца запыленая Сусвету.

III

Снег толькі-толькі выпаў

І на ляту

З халоднай прагай выпіў

Гаркоту, чарнату.

Снег прыглушыў вітрыны,

Смех у двары,

І ягадаў рабіны

Нерастаптаны страх.

Закот гарыць крывава —

Да знебыцця,

І палазня крывая,

Як лінія жыцця.

IV

Цемра хрыпне

Злоўленай варонаю,

Горад ціхне,

Быццам бохан надламаты.

І самотнеюць

Безабаронныя

Вуліцы,

Дзяўчаты,

Тэлефоны-аўтаматы.

V

Ціха ад піўняка да турмы.

Шчокі горада ветрам паголены.

Як хранічныя алкаголікі,

Закадзіраваны дамы.

VI

Гораду сняцца

І негарадскія сны —

Загарадныя,

Прыгарадныя

І з даўніны —

Местачковыя,

Пулятыя, стракатыя,

Як палотны мастачковыя;

І вясковыя,

Васковыя,

Кужэльныя й шарачковыя,

Дзе гнецца маладзік

Над стрэхамі,

А маладзіца

Над лехамі

Урачкоўвае.

Ноч думкі скаромныя

Параскоўвае,

Ды «Хуткая дапамога»

Ад болю завойкае.

Збялеецца дасвецце

За вокнамі,

Як малако парашковае.

VII

Захацелася urbi

Пакачацца ў гурбе,

Абцерусіцца,

Абеларусіцца.

Дзе конь качаецца,

Там поўсць астанецца,

Дзе слова заручаецца,

Там кігіча чаіца.

Зажадалася orbi

Пабыць у торбе

Ды патупаць па ворбе.

Дзе слова ступіць па раллі,

Там ходзяць з песні жураўлі.

Гораду й свету

Доўгія леты!

Зноў пра паэзію

Кабета надумала піва варыць

(Ад мамы помню показку гэтую),

І будзе да хмелю яна гаварыць:

— Сто год

Хай твой род і зімуе й летуе!

Ты ў піва за кума,

Чубаты мой хмелю,

Дарадца застолля адзіны.

З цябе ж і вяселле,

З цябе ж і пахмелле,

Ігрышчы, гульбішчы, радзіны.

А хмель паварушвае кутасамі,

А кутасы ў рукі просяцца самі.

Кабета ўзлезла на дуб

І гала

На піва хмель

З асалодай ірвала.

Ды не ўтрымалася,

Рухнула з дуба.

І ўсё кабеце стала нялюба.

І хмель хвалёны,

Яшчэ зялёны,

Аж пажаўцеў,

Як пачуў праклёны:

— Ты звадыяш,

Зелянейшы ад змея,

Твой дух адно што чмурыць умее.

З цябе блазенства,

З цябе шаленства,

З цябе махлярства,

З цябе курвенства…

Шпарчэй падганяю

Радкоў чараду маю

І зноў пра паэзію

Сумна думаю.

* * * Паэма, закончаная толькі што…

Паэма, закончаная толькі што,

Толькі, нібы дзяўчына, з якой быў

Толькі што блізкі:

І вочы сыплюць яшчэ

Бессаромныя ўзбліскі,

І цела перасмыкаюць яшчэ

Нецярплівыя колькі.

* * * Чайнік з забінтаванм носам…

Чайнік з забінтаванм носам

Разлівае зялёны чай.

Пацвяліць завейны адчай

Замігцелася белым восам.

Сырадойна дымяцца горы.

Снег няўпэўнена растае.

І з нагоды

Лагоды тае

Чай дыміцца ў зялёным гуморы.

Тут, як з сябрам,

Сустрэўшыся з лёсам,

З вышынёй яго заручай.

Хай смяецца бяседы ручай

Душным краскам,

Скрушным нябёсам.

Разлівае зялёны чай

Чайнік з забінтаваным носам.

* * * Замчышча — як бульбяная яма…

Замчышча — як бульбяная яма.

Уздрыгвае Касплі халодная свечка.

На магазіне «Прадукты» аб’ява:

«Прадаецца маладая авечка».

У далечы глуха, як у сычоўні.

Берагі пагойдваюцца аблачынна.

Палошча бялізну,

Стоячы ў чоўне,

На сярэдзіне плыні жанчына.

Мужчына човен вяслом трымае.

І сушыць хвост на карме сабака.

У слядах дажывае

Вада дажджавая.

Сагрэцца не можа ніяк імжака.

Дзягай маланкі

Хмару не перапсюрыш.

Не хмурыцца неба стараецца шчыра.

Па бульбянішчы

Дыбае ў ботах Сураж.

Суравейна.

Самнасамна.

Сыра.

* * * Як з небасхілу маладзік…

Памяці

Якава Абрамавіча Серпера

Як з небасхілу маладзік,

З крывіцкіх местаў і мястэчкаў,

Не распачаўшы

З лёсам спрэчкаў,

Калі

Яўрэйскі профіль знік?

Мне не хапае дружбака,

Суседа, лекара, дарадцы.

Бяседа стала папярхацца,

Як п’яніца ад першака.

Без коміна няўтульна хатцы,

А небу —

Без маладзіка…

Восень паспела

І здасца, журыцца няма прычыны.

Хлапчо,

Ці анёлак з цёплага раю

Кусае мёд з адломка вашчыны,

Нібы на губным гармоніку грае.

Лісцё не апала —

Яшчэ не паспела —

А восень абласавацца паспела.

* * * Трамвайшчык…

Трамвайшчык

Голасам адсырэлым

Аб’яўляе:

— Трамвай на возера йдзе…

Калючым дротам дажджу

Дзялянку горада

Угароджвае восень.

Пасля

У памяць пастановай не ўвайсці,

І гнеў людскі

Гранітам не зацерці.

Як сумна ўзносяць помнік

Пры жыцці,

Дык зносяць з веласялосцю

Пасля смерці.

Ужо

Нахабна зіркне малады,

Як сам ты

З тых гадоў забытых,

Дзе ў роспытах і перапытах

Іне задумваўся тады,

Што й на цябе калісці так

Зірне юнак,

Як на старэчу.

Ну вось, і прычакаў сустрэчу!

Хвалі, жабрак,

Сваю галечу,

Дзе ззяе золатам мядзяк.

Ты па інерцыі адно

Смыліш яшчэ

Ў цяперльца служкай,

А час цябе

Жарынкай-дзьмушкай

Здзімае, як і ўсіх,

На дно.

Хачу сустрэцца

Урэшце ўсё сатрэцца,

Патухне медзяком.

На схіле год сустрэцца

З забытым юнаком,

З чубатым і насатым,

Няўклюдным, вінаватым —

Хачу сустрэцца ціха,

Сам-насам памаўчаць,

Адыдуць гнеў і ліха.

А ўсё наноў пачаць.

Захочацца сустрэчы.

І палец качарга

Загне ў гарачай печы,

І выць па-чалавечы

Пачне туга.

Хачу на быстрай рэчцы

З самім сабой сустрэцца,

Зноў сынам называцца,

Рунець, красаваць, налівацца…

* * * Чыстыя ад гаманы й маны

Чыстыя ад гаманы й маны,

Дзе толькі не палуналі

Словы ўсявышнія?

Пахнуць яны

Снамі ды палынамі.

Вешчыя сны

Адасніліся нам,

Зніклі калыскі чаўнамі.

І засталося цяпер палынам

Раскашавацца над намі.

Інструкцыя

А ўсмешка б’е нуду,

Як пуга пастухова.

Расчэсваць бараду

Звыкаю паступова.

Лагодна час брыдзе,

Ўцякаюць прэч абразы.

Здаецца, ў барадзе

Растуць на ўсё адказы.

І сцені на сцяне

Праходзяць чарадою.

Пытанне: «Быць ці не?»

Таксама з барадою.

Нашто шукаць брады,

Як рэчка перасохла.

Наяўнасць барады

Змушае філасофстваваць.

Ні пад чыю дуду

Не след збіваць падковы.

Расчэсваць бараду —

Занятак разумовы.

Каб ашукаць бяду

І заставацца з краю,

Расчэсваць бараду

Усім рашуча раю!

Рыпі!

Пяро! Паперу леш,

Чарніла цэбар выпі.

Рыпі, бо ў рыпе лепш

Зайсціся, чым ва ўсхліпе.

Рып змоўніцкіх дзвярын

І крокаў рып на снезе.

І рып —

Аж да жмурын! —

На маладым начлезе.

Хапала й чарнаты.

Страх рупіўся ўтрупела.

Ды ні на кога ты

Употай не рыпела!

* * * Дыхнула блізкасцю з пакоя…

Дыхнула блізкасцю з пакоя.

І ты канкрэтная…

І мне

Так захацелася спакою,

Каб там з табой,

З адной табою,

Быць у магчымай старане,

Дзе можна прачынацца разам,

Задуманыя бачыць сны,

Дзе сад

І плот з патайным лазам,

Дзе, непадлеглая абразам,

Адчуе радасць смак віны.

Але…

Пра гэта іншым разам.

Лістападаўскае

Скруціў вятрышча ялінавы млён,

Не дамалоўшы парошу ў муку.

Залістападзіла.

Скалануўся клён:

Дрыгатлівы агонь

Павесіўся на суку…

Пад вечар

Ступаю па лістах,

Што па слюдзе,

Так і не ўгледзеўшы,

Як дзень паменеў.

Паперадзе

Мой цень бязгучна йдзе,

Напамінаючы

Пра царства ценяў…

Вачыма селяніна

Па авечках тужаць ваўначоскі.

Весялей па бруку скача воз.

Горад рос, як горб,

Заплеччу ў вёскі

І, нарэшце, вёску перарос.

Як спытаць,

У згодзе ці ў кляцьбе

Вёска пачуваецца ў гарбе?

З якой бяды?

На гараджан, як на штукароў,

Глядзяць задуманыя вяскоўцы.

Праспект страшнейшы за цёмны роў.

Роў пераскочыў

І будзь здароў.

Сцюдзёна — плечы давер ватоўцы.

У склепе — бульба, сала ў хляве,

У лесе дровы, вада ў крыніцы.

А клёк вядома дзе — ў галаве.

У вёсцы

Пакуль чалавек жыве,

Яму ад клопатаў не адбіцца.

А гараджане ўсе штукары,

Аруць і сеюць ля тэлеэкрана.

Яны, як тыя дрэвы ў кары,

Незагароджаныя двары

Пільнуюць,

Распусціўшыся рана.

Штодня —

Аж іхніх падэшваў шкада —

Цякуць асфальтам, быццам вада

З сарванага крана…

Там штукары,

Дык з якой жа бяды

Выпіхваюць дзетак у гарады

Задуманыя вяскоўцы старанна?

* * * Я ўсё-ткі з цёмнага застою…

Я ўсё-ткі з цёмнага застою

На волю выпускаю гнеў.

Мой гнеў ступае пехатою,

А некалі ж ляцець умеў.

А можа, гэты гнеў і ёсць

Ці не найсамае чаканне,

Няўцямнае, як сканаванне?

І пераходзіць гнеў у злосць…

У адпаведнасці

Разам з восенню

Настрой свой Менск мяняе.

Дол гарыць

Ад лістападавых слядоў.

Каштанамі,

Як рудымі камянькамі,

Адбіваецца каштан ад халадоў.

Усё жыве

Абгароджаны малыя саджанцы

Дрэвамі былымі, быццам сценамі,

Што з нябыту ўсталі, як нябожчыкі,

Каб убачыць: зелянее змена.

Жабурынне нерастуе ў сажалцы,

У здзіўленні хата водзіць сценамі,

Салаўёў заснулых будзяць пошчакі,

Воку змроку фарбы хлусяць смела.

Хаценне

Я — Карфаген, разбураны табою,

Мне не падняцца ў неба з-пад руін.

Глухі палын

І прыцемны ўспамін

Не разбудзіць Архангельскай трубою.

Яшчэ дасюль душа не верыць болю.

Вятры, вяртаючыся з пагасцін,

З сабою знеслі весніцы вясцін,

Дзе радасць разміналася з журбою.

Як белы свет,

Самотнею адзін,

Я — Карфаген, разбураны табою…

* * * У гарадах бялеецца бярэзіна…

У гарадах бялеецца бярэзіна,

Як і душа на скразняках жыцця.

З-пад Пцічы,

З-пад Бярэзіны прывезена

Бярэзіна,

Сваіх лясоў дзіця.

Вятрамі газавітымі мілуецца,

Радзей сваіх аднашумлівак сніць,

Урбанізуецца,

Асімілюецца,

Губляючы зялёных думак ніць.

Тугу ўзвярэдзіць

Гул матораў сцішаны,

Абудзіць сонны ток ад забыцця,

Як маладыя грудзі парадзішыны,

Што раптам

Страцілі дзіця…

Над возерам ля Глыбачкі

Сяргею Законнікаву

Настрой як стаў на дыбачкі,

Так і звякуе.

Над возерам ля Глыбачкі

Зязюля кукуе.

Лілейнай пупавінаю

Перапавіта скруха.

Ў імя Айца й Сына і

Святога Духа,

Кукуй, вяшчуха.

Гукні на ўсё наўколішча

Навіну такую,

Пад гэтым небам колькі йшчэ

Я пракукую?

Мне, куфру ўжо бязвекаму,

Не ў страхі страта.

Хоць некаму, хоць некаму

Наабяцай багата.

Ніхто й хвіліны —

Веру я —

Мне не пазычыць.

Табе ж ці лёгка,

Шэрая,

Паабяцаць, пазычыць?

Спёка-92

Аблокі, дзе ваш лёд высокі?

Сухмень,

Пакінь свае пракуды!

Нікому не ўцячы ад спёкі,

Нібы ад старасці,

Нікуды.

Злятае яблык вялабока.

Зямля пытае:

— Я сырая?

Здаецца,

Толькі слова спёка

Усё засмягла паўтарае.

Свет выгарыць, згарыць,

Здаецца,

Цень у палон святла

Здаецца.

Дзяўчаты з маладой пары

Дзяўчаты з маладой пары,

Дзе вашы станы, вашы рукі,

Дзе спадкаемцы скрухі — рухі,

Што маладзілі дол стары?

Вы тут, а я вас бачу там,

Дзе вы былыя, маладыя,

Сваёй нясмеласцю худыя,

Непадуладныя гадам.

Мне вашы з даўніх вечароў

У непадробленым суроку

Ўсплываюць позіркі здалёку,

Кругі нібыта з дна віроў.

Бурштынавы тост

Як вечнасць у бурштыне,

Не стынь у душы на дне.

Праменься,

Пакуль душа

Не рупіцца з кірмаша.

Шалее табой душа,

Як акіянамі ЗША!

* * * Ціха прывыкаеш да красы…

Ціха прывыкаеш да красы,

Як сняданак посны да закрасы.

У цябе,

Што ў цёмныя лясы,

Адчуваеш,

Сівярок закраўся.

І жывеш ужо не ў забыцці,

Трацячы нязнойдзенае штосьці.

Ростань тут жа рупіцца прыйсці

Міласэрнаю сястрой мілосці.

Не хочацца

Адвіхурыцца сцюжа,

Спёка з выраю вернецца,

А не хочацца дужа

Жыць душы па інерцыі.

Па інерцыі рання,

Па інерцыі вечара.

Думка росная вяне,

Як ахрап’е,

Што ў сечыве.

Аж з запасам насеклі,

Ад старання пацеючы.

Час,

Заўчасна ніцеючы,

Усміхаецца здзекліва.

Самаіранічнае

На ўснежанай галіне

Чарнеецца варона.

Імгненне гэта згіне,

Закруціць вір шалёна.

Вір клопату пустога,

Вір звягі, вір знявагі.

Стажар’ю стыць без стога.

Масніцам славіць лагі.

І недзе ва ўспаміне

Сарвецца жалю грона:

Датлела на яліне

Былой тугі варона.

Твая мілосць з вачыма лані

Табой напоўнена да краю

Мая душа,

Ты ведаеш сама.

Сябе з ахвотай дакараю,

Што месца мне ў маёй душы

Няма.

Ці насланнё, а ці пасланне

З нябёс,

Дзе толькі Бог ды лёс

Жыве?

Твая мілосць з вачыма лані,

Напэўна,

Знае толк у ведзьмаўстве.

Бяда й спагада —

Ўсё ад Бога.

Твой стыне гнеў,

Як іней хрупаткі.

Ці ў грудзі грукае трывога,

Ці гэта

Лёгкай лані капыткі?

Тлумачальная запіска

Не разгадаў я ласку акварэлі.

Вясёлцы я не закасаў рукаў.

І ў даўніх тых, што сэрца мне сагрэлі,

Я падабенства да цябе шукаў…

Белыя замовы

З аблокамі абшар на «ты».

Зімовы дзень. Настрой зімовы.

І снегу белыя замовы

Ад голасці, ад чарнаты.

І вырывае вецер словы —

Там… пра хвасты… пра капыты…

Пра крыгаломныя падковы…

Да глухаты.

* * * Сарочкай, досвіткам недаспаным забытаю…

Сарочкай, досвіткам недаспаным забытаю,

Сарока бялеецца ў гарадскім двары.

Пытае, бы тая вяскоўка, ды перапытвае,

Чаму заляцела ў муры,

Як у бор сыры.

Можа, бабкаю, а ці прабабкаю

Быў абстракатаны

Гэты ўзлесак былы.

Сарока асфальт нехалодны

Мацае лапкаю.

І мне не хапае паху

Баравое смалы.

* * * Вадой замерзлай затоплены човен…

Вадой замерзлай затоплены човен,

Як след ад нагі босай велікалюда.

Чарот парудзеў ад зімовых абновін.

Трашчаць берагі ад лядовага склюда.

Вада падмывае крысо небакраю.

Варона крыло апускае абныла.

Збялелы бярэзнік салодка згарае.

І Нарачы чару смуга падгубіла.

* * * А жонка сябрава з другім…

А жонка сябрава з другім,

Як не зусім,

Дык трошкі мужам.

А мы гарым

На белы дым.

У вернасці клянёмся, тужым.

А гэтая радня да дня,

Што, як і муж,

Наступным стане.

І юрлівосці зайчаня

Пасецца на чужой паляне.

А сябра ўжо даўно няма.

А жонка тую

Маладую

Сябе забылася й сама.

Я помню

І сябе шкадую.

Канструкцыя

І восень укручвае коламі дні,

Аж стогнуць вазы ад даніны.

На полазе едзе ўспамінам зіма.

І ад каляіны той да палазні

З казіны скок езданіны.

І сцень той

Цянейшы за хвост у сама.

Скалеюць зялёнага лёду скрылі

І цёплага дыму калоны

Нябесную столь падапруць да цяпла.

Трава пажаўцее ў чаканні,

Калі

Іржаць будзе конік зялёны,

Змахне небасхіл

Вечарніцу з чала…

* * * Туга ў вачах згасае ціха…

Туга ў вачах згасае ціха,

Аж дзень начэе ад дзяўчат.

Туга ў самоце, як зайчыха,

Што пагубляла зайчанят.

Яны разбегліся на волі,

Дзе іх чакае шрот і дрот.

І не звядзецца аніколі

Мурожны лог,

Трывожны род.

Глядзі,

Чадзей злёным чадам.

Вясна ўсё хмеліць у жыцці.

Штогоду маладзець дзяўчатам

І ў водмаладь тузе ісці.

Выдыхаючы Парыж Маладзічок вершаў

* * * Без лістоў…

Без лістоў,

У ягадах рабіна,

Як начны Парыж, гарыць

У снезе.

Цыгана няма,

А ёсць драбіна,

Каб палезці ў неба,

Аб начлезе

Думаючы.

Там і ў дождж шалёны

Можна ўкрыцца

Зорнай бараною.

Тут шаломы

З яравой саломы

Мог бы прызімак

Прымераць Ною.

Далягляду

Хістка ад патопу,

Што заліў

Каляды з берагамі.

Хоча —

Аж тапырыцца рагамі —

Бык завеі

Выкрасці Еўропу…

Памінанне Міхася Стральцова

Калісьці любілі мяне мерцвякі —

Услед паўтараю за Апалінэрам.

Іх цені яшчэ не зніцелі,

якія сніліся птушкамі на досвітку шэрымі,

межы, сумежыўшы ўсе, да ракі

Ва ўрочышчы ценяў прыпалі з даверам.

На мёртвай рацэ, дзе чаўнарыць Харон,

Нікому звалі яшчэ не ўсміхаліся,

зоркі не спелі пулятымі гронкамі,

дзе пажалі сярпамі жалю

Вачніцы сон незямны, як закон,

Звязаўшы снапы, пазямнелі амаль імі.

Мглісты Міхась, як з сузор’я Стральца,

Глядзеў на мяне з-пад нябёс Нотр-Дама.

І я, як жывому, яму абяцаў

адведаць забытыя сны нашы ды маразоў,

і паднесці з карца,

З якога паіла крыніца, як мама…

Драўляны галубок

Ляцеў,

Ляцеў

І ўбок

Упаў

На дол нясвежы

Драўляны галубок

Ля Эйфелевай вежы.

І чорная рука

Крылу імпанавала,

Слабога галубка

Купіць прапанавала.

Не ўзяў і не купіў

Нягеглае стварэнне.

Парыж і піў, і кпіў,

І статуі старэлі.

І галубок наноў

І трапятаўся, й падаў.

Хто наскіпаў са сноў

Лучыны для прыгадаў?

Загадка пра клубок

— Крыж на крыжы,

Калі знаеш, не кажы.

— Клубок!

— Скулле табе ў бок!

Кальнула напамінам.

…Клубіўся галубок…

Не даўся ў рукі кпінам…

І расстаўляў лубок

Няхітрыя мярэжы,

Каб падаў галубок

Ля Эйфелевай вежы…

Вушацкі сон

Я загадваў няраз, цот ці ліш

Засталося мне ў долі ў прыполе.

І прысніўся ў Вушачы Парыж.

Заблудзіўся я ў ім,

Як у полі.

І, як гэта заведзена ў сне,

Я спазніўся,

Таму ж і не ўбачыў

Нечага.

І хацелася мне

Перанесці, як хату, Вушачу ў

Падсуседзі Парыжу,

Каб вяз,

Бацькаў вяз на палях Елісейскіх

Зелнеўся на яблычны Спас,

Як зямляк

На азёрах усвейскіх.

Каб у гіз,

Разганяючы кроў,

Паспытаўшы з гарода грыжанкі,

На паўдзён заганялі кароў

У шкляныя хлявы парыжанкі.

І прачнуўся.

Прыхмарваўся дзень,

Як прытомлены думнік Радэна.

І лавіла свой цень-круцень

Над страхой у суседа антэна.

Парыжам поўная галава

Анёл вясёлы лыжы

Настроіў на Парыж.

І я жыву ў Парыжы,

Бо смутак мой,

Як віж,

За радасцю цікуе,

Што там маёй была,

І похапкам цюкуе

Парыжскага святла

Бязважкасцю цяжкія,

Як воблакі, цюкі.

І смутку рэжуць шыю

Дакору асцюкі.

З Булонскага, былога,

У лес вушацкі свой

Яму ляжыць дарога

З лірычнаю жарствой.

Хай смутак пакарпее!

А я наўспыш, як пыж,

Са стрэльбы нецярпення

Лячу —

Абы ў Парыж!

Запомнілася

Карласу Шэрману

Гляджу на афішы,

І забірае ахвота

Забраць дадому,

Каб прымацаваць на фіранцы

Гэтае

На фоне нацыянальнага сцяга

Каляровае фота

Найлепшае срачкі Францыі

тысяча дзевяцьсот дзевяноста першага года…

Выходзіць…

Туга, як пад венікам мыш,

Чакае тае хвіліны,

Каб зноўку сасніўся Парыж

Лятучы

Як рой чмяліны.

Каб вуліцу перайшла,

Як рэчаньку, парыжанка,

Пакуль набірае цяпла

У хаце свая ляжанка.

Хай пал прабяжыць наўздрыж,

Нібы той цягнік з адхону…

Выходзіць з мяне Парыж,

Як градусы з самагону.

* * * У запушчаным…

У запушчаным,

Пушчаным на самапас

Садзе

Гвалт падымаюць сарокі.

Аблачыны маўчаць, як сурокі.

Пазірае на ўсё ясназоркі

Час,

Набраўшы маўчання ў запас.

Што вяшчуюць —

Бяду, навіну

Траскатухі ў прытомленым садзе?

Мне б хацелася вырваць віну,

Як з глухое ляхі травіну,

Павініцца, пакрыўдзіцца

Звадзе,

Што мяне пасварыла са мной,

Што звяла мяне з сумам, самотай,

Сцежак шмат натаптала з адной,

З той адной, што ўцякала з вясной

І душы маёй раіла: лётай!

Я зусім заблудзіўся на сцежках чужых,

Я згубіў сваю сцежку спакою.

Дзякуй, сад,

Што са мною таемна заціх.

Твой,

Паганец зялёны,

І ўздых, і ўскалых

Я хрышчу абмялелай ракою…

Расчуленае перадзім’е

Радзіславу Лапушыну

Калі б у свеце ўсім адзін такі,

Як Вы, застаўся,

Жыць на свеце варта.

Чужэюць, халадзеюць дружбакі,

І з хмелем шчырасці мялее кварта,

З якое ў маладосці п’еш нагбом,

Як у люстэрка, ў дно

Глядзіш на схіле.

Званец на лузе,

На званіцы бом,

Здаецца, адцвілі, адгаманілі.

І ўзнікне звонка

Сябра малады,

Як гук,

Што сум на глухасць правярае.

Адлежна пацяплеюць халады,

І крыўдаў і хвароб адстане зграя.

І возера паверыць астравам,

І абмакнецца ў дождж

Блакіту луста.

Я словы Вашыя вяртаю Вам:

Без Вас у пана Бога будзе пуста.

Зялёны ўспамін

* * * Пушча…

Пушча —

Зялёны ўспамін планеты

Пра тыя часіны спакою,

Калі

Ўсё буяла па ўсёй зямлі,

Калі збываліся прыкметы.

Пушча — недашаптаная казка,

Дзе сняцца борцям мядзведжыя сны,

Дзе хочуць рэха ўцвяліць лесуны,

А ў восені воўк наняцца падпаскам.

Пушча —

Пушчаны голас на волю,

Гул капыту

І разгул лычу,

Грахі, адпушчаныя крумкачу,

Што сыціўся дзікім мясам без солі.

Спытаецца вецер:

— Куды вы, аблокі?

Адкажуць дажджамі:

— У Налібокі.

Быццам

Быццам просіць душа глухая:

Не міні мяне,

Памяні.

Ціхі дождж ідзе й не сціхае.

Аж чуваць, як растуць камяні…

На валожынскіх могілках

На могілках ні дрэўца.

І здалёку

Падасца — крушні ўсе разварушылі.

Ці нават цень трымаць нялёгка лёху,

Дзе ўсе

Зямны свой клопат патушылі.

Імшэе мірна з зоркаю Давіда

Менора,

Што як восці з рэчку смутку.

Дзядоўніку надломаная дзіда

Трымае ля сцяны благую чутку.

Конь белы,

Дзве казы

Ды тры авечкі

На восеньскай скупой пасуцца пашы.

Палеглых камянёў глухія вечкі

Схацелі засланіць магілам пашчы.

Як з Бібліі авечкі,

Козаў быццам

Прыгнаў Шагал,

І конь з яго размаху.

Грэць дол ужо астылы

Звычна пыцкам.

Скубуць траву,

Што прарастае з праху.

* * * Гэта, як з цыганчынай маны…

Гэта, як з цыганчынай маны:

Вечны дом, далёкая дарога.

Адыходжу я ад гаманы,

Адыходжу ад сябе самога.

Скрытна ад мяне ўцякае спрыт.

Круціць сумна дні мае кружала.

Рыба куплена, і воз накрыт,

Як радня апошняя казала.

Спадабаецца траве мой след.

Можа, зноў вяртаюся дадому.

А чаго прыходзіў я на свет,

І не адкажу сабе самому.

* * * І вянец, і вянец, і яшчэ вянец…

І вянец, і вянец, і яшчэ вянец.

І аблокі і зруб імшылі.

І звінеў пушчанскі званец —

Івянец.

І дажджы сум птушыны тушылі.

І надумаліся халады

У балоты ды ў ляды выслаць,

Цяжка ў торбу паклаўшы ляды,

Быццам падчарку з казкі,

Іслач.

Хоць гарэў, ды не грэў

Веташка каганец,

Як вісеў над зялёнай заслонай.

Пушча

З пошумам згодная йсці пад вянец.

Іслач —

Шаферкаю сцюдзёнай.

Завоз

Генадзю Равінскаму

У млыне з сілікатнай цэглы

Як апошняе вытрасаюць.

Іскры белыя выкрасаюць

З зерня пад маразок набеглы.

І нясуць у мяхах на падводы —

Так нясуць хіба сонных дзетак.

Сумнай пляшкі зялёны ветах

Затрымаў самагонны подых.

Гулка,

Пыльна.

Завозна.

Золка.

Млын жыцця —

Ён таксама тлумкі.

Забярэш свае мукі клумкі,

Запыліўшы крыло анёлка.

Двор прапах, як млынар, мукою.

Смачна квокча страха-чубатка.

З белай лысінкай жарабятка

Сыціцца трасянкай мяккою.

* * * Забыццё — не асцё…

Забыццё — не асцё,

Ды нагадліва коле,

Успамін — не язмін,

Ды ўквячае сляды.

Муравой захінаецца

Слова «ніколі»,

У мурах адгукаецца

Слова «тады»…

Кромань

Казіміру Камейшу

Пушчанскае возера Кромань

З крамянай,

З крамянёвай вадою.

Ці тут гэта ісціны промень

Намацвае ў цемры прадонне.

Ніяк не ўзляціць да чародкі

Чарот —

Хмары восеньскай хрэсьнік.

Адбегся ад возера ўсё-ткі

Прамерзлы на костку

Бярэзнік.

Знікаючы,

Пушча таропка

Шукае гаючага трунку.

І Кромань —

Балючая кропка

У сказе,

Што просіць ратунку.

Івянецкі зазімак

Даланя й дзве свячыны

ўніяцкага храма

Бласлаўляюць мястэчка

й вятрыстае ранне.

Ціха стыне

стаўка перашклёная рама,

І надрэчная вулка

хацінамі вяне,

Як галіна лістамі,

што звыклі вініцца.

Сад стаіць галаруч.

І не чыняць турботы

Недасмалак вароны,

імглінка сініцы,

Акалелага яблыка

страх круглароты.

Памяці ліпы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча

Тут са стагоддзямі вялі вайну,

Не толькі палявалі на дзічыну.

Адстрэльвалі святую даўніну.

Тут выбівалі думку пра Айчыну.

І жах, і кроў

Перапаўнялі роў,

Што рылі чужакі,

Забыўшы стому.

Прах ваяроў,

Сядзібы песняроў

Кідалі ў пашчу полымю сляпому.

Гукні ў абсяг у голай цішыні

І хворае пачуеш адгалоссе,

Ад пушчы пні,

Ад гмахаў камяні —

Адно, што для нашчадкаў

Засталося.

Якая ж гэта д’ябальская сіла

Скасіла нас

І веру пагасіла?

Параненае рэха

Стогн захлынаўся, рэха шугала,

І захапілі вятры для разгулу

Памяці даўняй глухія прагалы,

Поўныя перастаялага гулу.

Абараняючыся, абаранялі

Лёс,

Што цяпер жа на іх наракае,

Людзе з падсечанымі каранямі,

Дрэвы з адсечанымі рукамі.

* * * Як гэта ты, маладзіца-зіма…

Як гэта ты, маладзіца-зіма,

Выплыла неяк ціха?

Енчыць завея —

Ратунку няма —

Белая спарадзіха.

Дзень нараджаецца белы, як свет,

Хмарамі не спавіты.

Белы на чорнай бяскрайніцы след —

Восень здала іспыты.

Грэйся, зіма, з маразамі ў шатры,

Не ўспамінай аб марцы.

З лёгкімі торбамі

Прыйдуць вятры —

Змерзлыя старцы.

Усё роўна

Каб нават зрабіўся анёлам,

Дык, твой пралятаючы дом,

Зваліўся б,

Бо я зачапіўся б крылом

Ці дужа рагатым нечым,

Па-грэшнаму чалавечым…

Сагнуліся

Сагнуліся

Прыдарожных бярозаў цвікі,

Золь

Забівае іх ціха ў сутонне.

Храпуць

Гарабатыя грузавікі,

Як нейкія

Марсіянскія коні.

А недзе

Вячэра расселася ля катла,

Стамілася

Супраціўляцца пакора.

У заўтра

Дарога спяшаецца да святла,

Каб

З цёмным

Вярнуцца паспець ва ўчора.

* * * І хочацца дабрадзею…

І хочацца дабрадзею

У гэтым зябкім жыцці,

Назваўшы жонкай надзею,

Да скрухі пайсці ў зяці.

Са скрухай думаць аб страце,

З надзеяй зіму перажыць.

Ліпець у прымацкай хаце

І вока не запарушыць.

Кастрыцай благога настрою,

Як клопат сатрэ свой лён.

З усмешкай —

З вясёлай сястрою

Сустрэць невясёлы скон.

* * * Аглухне…

Аглухне

І адчырванее медзь

Ад сораму перад самой сабою.

Не ўсё ж грымець.

Час цьмець

І зелнець

Ад зайздрасці.

Яна ж была трубою…

* * * А з дна калодзежа святлей…

А з дна калодзежа святлей

Свет бачыца над галавою.

Ад холаду аслеплы глей

Хацеў бы

Зелянець травою.

Але траве не ў галаве,

Што не адна яна жывая.

Цячэ вада,

І глей плыве,

І дно паволі заплывае.

А свет

Святлее ўсё адно

Рамонкам

У сусветнай багне.

Пакуль ёсць дно,

Датуль яно

Забраць таго, хто ўверсе,

Прагне.

* * * Зноў ісціна з прадоння цемры выплыве…

Зноў ісціна з прадоння цемры выплыве

І цьмяна блісне, як нарог ратая:

Тваё жыццё —

Апошні сказ у бібліі,

А першы сказ наступнік разгадае.

Загрузка...