Вечаровыя пацеры

Стане Віфлеемам сэрца…

* * * Каля гасподняй Дамавіны…

Каля гасподняй Дамавіны —

Укленчыць

І апасці ніц,

Як ліст,

Што адляцець павінны

Пад блаславенне бліскавіц.

Пліта халодная, як розум,

Паразумеецца з душой.

Спакой

Абдасць такім марозам,

Што ў гэтым свеце

Ўспомніш той.

Чый Бог

Адзін за ўсіх хварэе,

Смяецца з нашых звадаў

Лёс.

Бо ў старасці мы ўсе —

Яўрэі,

Як малады Ісус Хрыстос.

* * * Ён ступаў…

Ён ступаў

Па маладой зямлі,

Выратоўца, босаю нагою.

Дома доўга тлеюць вугалі,

Домам пахне родны дым ізгою.

Ён пакінуў

Босыя сляды

На спякотных камянях і ў чыстых

Душах.

І дагэтуль цень худы

К вечару расце

І пыл не выстыг.

Каб

Людскому не згарэць галлю,

З ласкі Боскай

Мусіць свет да скону

Найсвятую ўсёй зямлі

Зямлю

Уздымаць над прахам,

Як ікону!

Сцяна Плачу

Сцяна не адгароджвае.

Яна

Названа прышласцю

Сцяной Плачу.

Як покуць,

Свету цэламу відна.

Тут кожны думае:

Свой сум растрачу

І зробіцца нявіннаю віна.

А за Сцяною

Ці чуваць Яму

І наш самотны плач,

І наша гора.

Трымаюць сцены хату

І турму.

Адзін Гасподзь —

Надзейная апора

Ўсяму, што Ім задумана,

Ўсяму.

Паразбуралі нашы храмы ўсе.

І, мабыць, гэта перад развітаннем

Слёз ціхіх хмары

Ветрам прынясе,

І мы жывой Сцяною Плачу

Станем,

Каб заступіцца даць ад нас

Касе.

Стах страх.

Маўчыць таемнасць, як сцяна.

У небасхіла

Зацякла спіна…

Над Галілейскім морам

Затрапятаўся, быццам дабравесце,

Над Галілейскім морам галубок.

І ветру зажадалася прывесці

З маруднай рыбай

Сеткі трапяткія.

І ён бруёк блакітны павалок.

І дол сухі

Успомніў дотык кія.

Лянотаю зялёнай пальма млее.

Тут мусіў змаладзіцца свет стары.

І стала хроснай маткай

Галілея.

І Капернаўм чуе крок Хрыстовы.

І не змаўкае Слова на Гары.

Як наша каня,

Просіць піць прастора.

Русалка

Сонца бяссоннае паліць пальма.

Вецер, як заказытаны, шастае.

Ды позіркі ўсіхныя

Халодзіць подыхам

Некранутай красы

Русалка з возера спёкі —

Пальма:

Постаць лускастая,

Зялёныя валасы…

Ерусалім

Міхаілу А. Фарфелю

Млечны Шлях, як радасны кілім,

Любяць развінуць нябёсы поўначы,

Каб душа, йдучы ў Ерусалім,

Не блудзіла ў цемры,

Бога помнячы.

Колеры світання й палыну,

Колеры няспыннасці й нязменнасці

Апранаюць міг у даўніну,

Важаць час

Празрыстымі бязменамі.

Як на мулкіх зорах,

Горад лёг

На пагорках, дзе начуе раніца.

Блізка лог,

Дзе ўсіх збірацьме Бог

Судным днём,

Што ўсім апошнім станецца.

А вядуць не ўсе дарогі ў Рым,

У Ерусалім

Ідуць нястомнікі.

На магільніку, як дым, сівым,

Скалянелі камяні-паломнікі.

Тут да Бога блізка, як нідзе,

Аж чуваць,

Як Немінучасць дыхае.

З Вока яснага сляза ўпадзе —

Стане Віфлеемам сэрца ціхае.

* * * Страх свой не абтрасеш, як прах…

Страх свой не абтрасеш, як прах.

Цяжка смерці зазірнуць у вочы.

На Галгофу далёкі шлях,

Не чаканы,

Як сон сірочы.

У самім жа сабе згарыш,

Сам наблізіш сваю катастрофу,

Сам жа мусіш свой несці крыж,

Узысці на сваю Галгофу.

І праступяць у людзях,

У тлях

Цудадзейнасць,

Вар’яцтва,

Калецтва.

Да Галгофы кароткі шлях —

Даўжынёй на ўсё чалавецтва…

* * * Прыгадваю гарыстыя Бычкі…

Прыгадваю гарыстыя Бычкі

У горадзе, абраным панам Богам.

І кланяюся ранішнім дарогам,

Што пабягуць дадому нацянькі,

Дзе слова Быкава прапахла стогам,

Дзе п’е паўдзён яшчэ ў ракі з рукі,

Дзе цешацца разлогам скразнякі,

Затокай вадзянік, мядзведзь мярлогам.

Тут Еўфрасінні Полацкай чало

Зайшло ў імглу, а з Полацка вяло

Святло святое да Ерусаліма.

Радзімы без апостала няма.

Свой боль, свой сум, свой подых нездарма

Апосталу даверыла Радзіма.

Іярдан

Ад ценю дрэў зялёны Іярдан,

Напоўнены нябеснаю лагодай,

Цячэ ў душу Гасподняю гасподай,

Пустэльнасці аперазаўшы стан.

Густой вадой Хрысціцель Іаан

Хрысціў Хрыста, і леціў ахалодай

Ад ценю дрэў зялёны Іярдан,

Напоўнены нябеснаю лагодай.

Не пагасіўшы соль Хрыстовых ран,

Імкнецца свет умыць і ўцерці згодай

Ад ценю дрэў зялёны Іярдан,

Напоўнены нябеснаю лагодай.

* * * Камяняр крута камень куе…

Камяняр крута камень куе.

У рашучым настроі зубіла,

Быццам сіла,

Што старасць згубіла,

Зноў правы праявіла свае.

Іскры прагнуць паветры глыток.

Спёка

Рот разаўляе шырока.

Быццам выбіў ён словы прарока,

Паважае сябе малаток.

Апранае Ерусалім

Камяняр

Як заложнік знямогі.

І ў канцы яго мулкай дарогі

Замаўчыць

Толькі камень над ім.

Святарнае святло Трыпутнік

I

Ерусалім —

Хаціна Саламона.

Страха накрыта

Сонечнай сломаю.

Акропленае

Праведнасці лона

Слязой,

Як з мора Мёртвага,

Салёнаю.

II

Ад ускоту аж да закоту

Сонцу хапае сілы

Трымаць спякоту

І свой настрой прыўзняты,

Як бы цыбатацене

Паўдзён ні рос.

Ерусалімскія схілы,

Як тыя

Непад’ярэмныя асляняты.

І мроіцца ўяве нядрэмнае,

Што на неаб’езджаным недзе

У горад уедзе

Ісус Хрыстос.

III

Раскрыжаваныя рукі,

Нібы

Разнятыя для палёту крылы.

І голас архангельскае трубы

З крыніцы смагі

Нап’ецца сілы…

І ўбачыш такое ў сабе самім,

Што пабаішся пасвіць вачыма…

Аднойчы ўвайшоўшы ў Ерусалім,

Не зможаш

Выйсці з Ерусаліма…

Манастыр Латрун

Тут сам сябе саромеецца крок.

Халодных сцен халодная ахова.

Пятнаццаць год маўчаць

Далі зарок

Манахі,

Каб адчысцілася слова.

З манахамі маўчаць

Віна, бяда,

Трывога ды гарластыя навіны.

Гавораць моўчкі позіркі, хада.

Кранае цішу ўсмех

Ды ўсхліп нявінны.

І толькі манастырскае віно

Прыняць зарок не хоча

Надта хмуры.

Адно

За ўсіх смялей шуміць яно,

Вяшчуючы народзіны й хаўтуры…

І дагэтуль…

Тут жыў рыбак Сімон.

І камяні

Як быццам і дагэтуль

Пахнуць цінай.

Было,

Чакалі сеткі глыбіні,

Аблокамі навісшы над хацінай.

І мора галілейскае ўраджай

Не выпускала з хвалістых засекаў,

І рыбакі пачулі праз адчай:

— Я вас зраблю лаўцамі чалавекаў…

Назваў Сімона Пётрам Бог жывы,

Каб збыўся каменем царквы Ягонай.

І, гаспадар гарачай галавы,

Апостал не спяшаўся

Стаць іконай.

Ён завагаўся, морам ідучы,

І пеўнеў крык пачуў,

Каб адрачыся.

І ў вернасці да скону кленучыся,

Ад брамы раю атрымаў ключы.

Выхад

І праявіцца будзе час праяве,

А цеста закісліць няма калі,

І ўцёкам з рабства

Сам Гасподзь спрыяе,

І ў ценяў за плячыма хатулі.

Дык на вадзе ўчыняй муку няволі,

І цеста прэснае, як дні твае,

Кладзі на плечы —

Сонца агнявое

Хай праснакі пячы не прыстае.

І вёў Майсей…

І пёк пясок, як прысак…

Не скажуць ні дажджы, ні маразы:

У праснакоў саленаваты прысмак

Ад поту

Ці ад радаснай слязы…

* * * Чым Бог бліжэйшы да зямлі…

Чым Бог бліжэйшы да зямлі,

Тым Ён нябеснейшы…

І тут, відаць,

Прывычна дзіва здзейсніўшы,

Уборы, што з блакіту,

Лёгка скіне — і,

Нябачны, ўбачыцца

Сляпым і жабракам.

Як выдых, выйдзе

З ветрасценнай скініі,

За сынаў боль

Даруючы цвікам…

* * * Усходняя калючая краса…

Усходняя калючая краса

Сама сябе калючасцю бароніць.

На свет глядзіць,

Як быццам з-пад крыса,

Альбо ўтрымае цень,

Альбо аброніць…

Усё жыве,

Пакуль свой мае цень.

Паласкавеўшы,

Перакаці-поле

Згубіла цень

І марна дзень у дзень

Бяжыць.

Бо цень свой не дагнаць ніколі.

* * * Я царкву сваю ў душы нашу…

Я царкву сваю ў душы нашу

З алтаром святла, званіцай болю.

Правіць смутак мой па мне імшу,

Хоча хваласпеў злагодзіць долю.

Я хаджу, ўпавіты праз вякі,

Як шляхамі да сябе,

Грахамі.

Прычашчаюся з Яе рукі,

Спавядаюся прачыстай Маме.

З тлумам ды з малітваю жыву,

Паважаючы зямлю сырую.

І за тое,

Што нашу царкву,

Думаю, Ўсявышні мне даруе.

Мальба

Калі маю суцішыць галаву

Напханая габлюшкамі падушка,

І змоўклы запярэчу —

Я жыву,

Бо за мяне жыве мая дачушка!

Яна мая па духу, па крыві,

Крывіцкая крывінка,

Крывічоўна.

Святы Гасподзь,

Душой не пакрыві

І не падумай пра яе грахоўна.

Нябесны пыл ператварае ў бруд

Нахабны свет захаканы, шалёны.

Няхай не трапіць толькі ў перакрут,

Як з лёну тканая, душа Ілоны.

І на каленях аб адным малю,

Бо пачынаю адчуваць расстанне, —

Гасподзь,

Дачушку не забудзь маю,

Будзь Бацькам ёй,

Калі мяне не стане.

* * * А святлом да святла прабіцца…

А святлом да святла прабіцца

З паднявольнае глухаты

Можа толькі бягуха-крыніца

Ды яшчэ, мама вечная,

Ты.

Позірк

Нязмерклым позіркам ікон

Глядзіць на нас Прысуд халодны,

А ў позірку дакор, і кон,

І прага выбеліць палотны

Зямных шляхоў, —

На іх вякі,

Што будуць, што былі аднойчы,

Нібы сухія васількі,

Ляжаць,

Нябесны сум не тоячы.

Не змераць зорнаю вярстой

Жыццё.

І зверыць час няма чым.

А можа, гэта позірк Той,

Што ўбачыць хочам

І не бачым?

* * * А камень на сэрцы…

А камень на сэрцы,

Каб вецер не знёс

І сэрца,

І нас, ветрагонаў.

Той камень ад жорнаў,

Дзе меле лёс

Авёс неўзараных загонаў.

І цёмныя жорны,

І зорны латак,

І смех,

Пабялелы ад мліва,

Пытаюць падтакліва:

Так ці не так?

І камень

Цяжэе маўкліва.

Па чарзе

Спачатку ловім мы жар-птушку,

Узняўшы ў небе зорны пыл.

А потым —

Палку-падпірушку,

Каб свой падперці небасхіл.

І засланяем шчыльна люшку,

Чакаючы з апошніх жыл,

Каб на апошнюю падушку

Упаў хоць цень

Анёльскіх крыл…

* * * Светлыя думкі твае…

Светлыя думкі твае,

Чорныя думкі твае

І непадуманыя

Той, хто жыццё нам дае,

Той, хто святло нам дае,

Ведае, бачыць і чуе.

Памятай,

Ты не адзін,

Следам за бегам гадзін

Ты не знікаеш таксама.

Думкі самотныя, сумныя.

А падкалодную, злую

Думку не пусціць да храма

Той, хто нам думкі дае.

* * * Мамы не стала — не стала радзімы…

Мамы не стала — не стала радзімы,

Дзе нарадзіўся старэць,

І падалася душа ў пілігрымы

З мараю маму сустрэць.

Доўга блукала,

Гукала дарэмна

Маму душа ў халадах,

А назбірала знявер’я бярэма

На перазяблых слядах.

Досвіткам бачыцца цень нелюдзімы

Голай душы на вятрах.

Мамы не стала — не стала радзімы.

Страх пасяліўся ў вірах.

Дзякуй! Даруй…

Дзякуй, што калыхала,

што з пачопкі нагу не вымала…

што ў рог падушкі клала й было мне

утульна й цёпла, як у гняздзечку.

Што з нічога нешта вымоджвала,

са старога новае перашывала,

каб бацьку цеслю было не сорам

мяне, хутаранчыка, паказаць мястэчку.

Даруй, што ночы твае маладыя ўкраў,

капрызамі, ці, калі па-вушацку казаць, —

урáгамі.

Што быў тваёй высакоснай трывогаю.

Што падторкваўся ўсюды,

бы ў прымаўцы чорт пад брагу.

Дагэтуль дзіўлюся з твайго цярпення

ўвогуле.

Дзякуй, што ў блакаду цягала,

як сваёй кацянятка кошка.

Што вылізвала, як карміцелька нашая

сваё цялятка-квалятка.

Што нецяжкою табе здавалася

ускуленая доляю ношка.

Над ракою жыцця ты гнулася,

як з песні зыбкая кладка.

Даруй, што пасаромеўся ўзяць

піражкі, якія ты мне прынесла

на перапынку вясновым у школу.

Ты маркотна казала: дурненькі,

усе ж ведаюць, чыя ж я мама.

Што ў сад аж у Арэхаўна

хадзіў з сябрукамі ў шкоду.

Што глядзеў на цябе часцей,

як восеньскі дзень, бо ласку маю

хлапечая сарамлівасць трымала.

Дзякуй, што газы ў газоўку

прыносіла ў цёплай бутэльцы,

каб мог рыхтаваць урокі.

Што абшывала як не ўсю Вушачу,

а сама была плюшаўцы рада.

Што вучыла мяне ксціцца й

пакланяцца святой Нядзельцы,

бо Божанька, ён адзін, а

мяняецца, як надвор’е, улада.

Даруй, што першы гурок,

які ты халадніку ахвяравала,

я ўпотайкі сашчыкнуў,

а ён мяне выдаў пахам.

Што не густа, а рэдка пісаў табе,

з’ехаўшы з дому.

Што апошнюю тваю перадачу

з аўтобусам рэйсавым не сустрэў.

Позна ўжо ўспамінаць са страхам,

як самаўпэўнена я хлусіў

сэрцу твайму святому.

Даруй, што спазніўся

пачуць тваё апошняе слова.

Без цябе давялося мне

жыццё пачынаць ад Адама.

Даруй, што шчырасць тваю

выстуджваў, як сівер, сурова.

Дзякуй табе за жыццё!

Даруй за няўдзячнасьць,

МАМА…

* * * Быццам у дзверы глухія…

Быццам у дзверы глухія,

Посахам грукаю ў дол,

Дзе стаяла бацькава хата.

Час не баіцца ні ківу, ні кія.

Не адгукаецца ўкарэлы падзол.

Доўжыцца ростані рата.

На бязвокім страху лаўлю

Сам сябе і на гэты раз:

Грэшна ў дачаснай мальбе

Грукам прыспешваць зямлю.

Каб стому маю забраць да сябе,

Сама расчыніцца ў час.

Дзве

Дзве жанчыны на свеце

Умеюць самаахвярна чакаць,

Гэта маці й старасць.

Хоць і не заўсягды

Іх чаканне збываецца,

З падумкамі разнаякімі,

З нецярплівасцю аднаякай

Чакаюць абавязкова

З пачатку свету…

* * * Старасць робіць жанчын сарокамі…

Старасць робіць жанчын сарокамі,

А кароў гаспадынямі цёплымі,

Вераб’ёў мітуслівых прарокамі,

Хмару цёмную светлай кропляю,

Дамаседам сабаку збеглага,

Бацяна лугавым філосафам,

Ды не зробіць чорнага з безвалосага.

Гэта ў старасці дні юначыя

Наракаюць,

Што іх з’іначылі.

* * * Чым больш старэю…

Чым больш старэю,

Болей хутарэю,

Ці не таму, што карані на хутары.

Цягну ў самой самоты латарэю,

Адно пакуль што

Сам з сабой не гутару.

Хачу, абгарадзіўшыся карчамі,

Маўчанне неба зразумець

Высокае.

Хачу, каб не шапталі, не крычалі,

Каб дружна дні мае не ўкарачалі.

А сум няўтульна

З позірку саскоквае,

Нібыта з воза зморанае кола,

Што мне гады круціла невясёла.

Хачу дагнаць свой сум,

І хутарэю,

І хахінуць мяне

Прашу завею.

Каля мяжы

Каля мяжы, дзе ўжо няма значэння

Быць ці не быць, маўчаць ці гаварыць,

Знячэўку згіне сон, душа значэе

І думка знічкай быстраю гарыць.

І да мяжы, дзе аніякай варты,

Усе і ўсіх сыходзяцца шляхі.

І халадзёнка льецца з меднай кварты

У лазні, дзе не змыюцца грахі.

Каля мяжы ніхто не мае ўлады,

Няверца ўспамінае аб крыжы.

Крывыя вечары сустрэчы рады

Каля тае мяжы…

Траецкія Дзяды

Марыі Андруховіч —

з падзякай за аер

У хаце дыхае аерам, маем.

Схаваўшы цень свой пад крысо,

Дзяды

Траецкія прыйшлі.

Мы іх прымаем,

Чым маем.

— Хоць спачніце ад хады!

Маўчаць Дзяды,

Маўчаць, як аблачыны,

Што мусілі праліцца цішынёй.

І прыцемкаў забытых

Пух качыны

Змятаецца нябачнай даланёй.

Траецкі дождж

Паволі любіць ліцца.

Чакаў,

Калі прыйшла пара касіць.

Стараецца дарэмна бліскавіца

Сама сябе за локаць укусіць.

На Радаўніцу

На Радаўніцу свечку запалю.

Схілюся. Замоўкну.

Ціха памалюся.

Даверыўшыся вусцішнасці й скрусе,

Успомню тых,

Хто паўтарыў зямлю.

Тут пры святле задуманага дня

Гаркотна стыць заплаканаму воску.

А там,

Дзе ўсё павінна быць па-боску,

Ці выплача сябе душа да дна?

Я помню ўсіх,

Старых і маладых.

З іх кожны мне

Сваю пакінуў звычку.

І полымя нявінную каплічку

Хістае

Чыйсці непрысутны ўздых.

* * * Усё сваёй чакае кары…

Усё сваёй чакае кары

Ад чалавека да пчалы.

Стае і ганьбы, і хвалы

Ўсім — ад красуні да пачвары.

Ды ганьба сцішыцца па часе,

Да іншых кінецца хвала.

І ўстане цяжка з-за стала

Бяда, што сваццяй набылася.

Махне рукою радасць-скнара,

Растане сум, як снег вясной.

Ды пойдзе першай за труной

Ягоная за кожным кара.

* * * Як матылёк свой кокан цёмны…

Як матылёк свой кокан цёмны,

Душа мая

Пакіне цела.

І сонечныя верацёны

Спрадуць сарочку,

Каб зіхцела!

Бо й нарадзілася, магчыма,

Душа ў сарочцы,

Раз паспела

Зжыць недаверлівае цела

І неба падтырмаць вачыма.

Зямное ўсё

Душы чужое.

Эклезіяст спяшаў зазначыць:

Усё вачыма лепей бачыць,

Чым цёмначы блукаць душою.

У руху ў несупынным коле

Душа адчуе

Подых Ойчы.

Зямлю наведае аднойчы,

Ды мной

Не будзе ўжо ніколі…

Купалле

На зямлі не злічыш сонцаў уначы.

Можа, зоркі свой патрэбны час праспалі?

Колы з’езджаныя паляць крывічы.

Перад цемрай правінілася Купалле.

На платах набралі ветру ў рот збанкі,

Самі просяцца ў агонь з паветкі дровы.

На плытах і на ганках плывуць вянкі,

І з вянкамі на рагах прыйшлі каровы.

Светла ў хатах селі продкі на куце.

А ў бары, які не ўвесь патрэба ссекла,

Кветка Папараць спалохана цвіце,

Як душа, што з раю вытурылі ў пекла.

Ад урокаў крапіва ды палыны:

Зві папружку дый тужэй аперажыся.

Дамавіты, дымавіты, смаляны

Дужы дух паблытаў долы й высі.

Белабог даў белы кужаль з туману

І чырвоны полыск вогнішча — Купалле,

Бел-чырвона-белы сцяг у даўніну

Нас вядзе,

Каб мы не счэзлі, не прапалі!

* * * На вуліцы хадою ціхаю…

На вуліцы хадою ціхаю

Ступае сабе старая,

І радасці той стае,

Што глухая зямля яе

Яшчэ адпіхвае,

Яшчэ не прымае…

Выдохрышча

Вадохрышча — воля вадзе,

Марозу — сцюдзёная доля.

Завея крысом Калядзе

Махае,

Знікаючы ў полі.

Прымае хрышчэнне вада —

Паганка ад першай крыніцы,

З-пад цёмнага лёду жуда

І ценю ад крыжа баіцца.

У проламцы цёпла вадзе —

Ад пары цяплей суравею.

Вада за сабой павядзе

Разводдзе вярбовага рэю.

Свянціцьмем хрышчонай вадой

І хаты, і борці, і труны,

Казу з барадой — на надой,

І руні азяблыя руны.

Хай руны вада прачытае —

На тое ж яна і святая!

* * * Сівая бабулька…

Сівая бабулька —

Як тая прасніца:

З парадзелай кудзелі

Ейных кудзёрак

Старасць —

Старанная пралля —

Пражу прадзе

На саян

Бязважкі, як вецер,

Белы,

Як сам туман…

Зняверанасць

Зняверанасць —

Жабрачка несусветная,

Як міласціну, ісціну жабруе.

Маўчыць,

Што за спіною апраметная,

А дбае пра шаршатку залатую,

Каб збольшага залапіць лахманы,

Бо лахманам яе няма цаны.

Запытацца

— Дарагія гаспадары,

Вам ці не надакучылі госці? —

Запытацца ў лагчыны, ў гары,

У ракі ды ў лясіны ў бары,

Ў аблачыны, Яе Высакосці,

Запытацца ва ўсіх мусім мы,

Покуль нас яшчэ слухае слова,

На кватэру да вечнай зімы

Адыходзячы абавязкова…

* * * Нарэшце і я ў тым веку…

Нарэшце і я ў тым веку,

Калі ўжо не верыш,

Што выйдзеш з вады сухі,

Калі залічваюцца чалавеку

Ягоныя ўсе грахі.

Бо стаяць перад Госпадам мне,

Як на завозным млыне,

З грахамі,

Быццам з тымі

Непустымі мяхамі,

Непачутым у гамане…

* * * А свечкі ўсе васковаабавязаныя…

А свечкі ўсе васковаабавязаныя

І ўсе павінны ў воску адслужыць,

І ўсе адной суровай ніткай звязаныя,

Як доляй той,

Што з полымем дрыжыць.

Па крапіве, па лотаці, па блёкаце

Са старасветчыны ступае страх.

Самаасвечаны стаіць на покуці

Васковы посах у апошні шлях.

Колькі разоў

Колькі разоў засынаем,

Гэтулькі й паміраем,

Прывыкаючы да вечнае

Нематы й глухаты.

У гэтым свеце мы,

Гараджане й сяляне, —

Усе паміране.

Памірацьмем,

Каб не баяўся той свет,

Што застанецца пусты.

* * * Дзюравы камень…

«Дзюравы камень» —

Скамянелы бог

Дажджоў густых,

Прыплоду ды старання.

Хто да яго даткнецца, акрыяе.

Сваю карону лось кладзе да ног

Яму.

І папараць кахання вяне.

Цвярдое цемя ацяняе мох.

У ямінцы стае жывой вады.

Чарпнеш —

І памаладзеюць вочы.

І ўявіцца,

Што хоча рух прарочы

Перахітрыць паганскі дух бяды.

Балота зыбістае ў перакроччы —

Хацелі з твані вырвацца сляды,

Ды трэці певень быў пяяць ахвочы.

Халодны госць халоднай айкумены

Трымае страх за пазухай каменнай.

* * * Старасць…

Старасць —

Багавейнае старанне

Выстарацца —

Значыць пастарацца

Старасці капрызнай падабацца,

Бо абы-каго чакаць не стане.

На цябе, нялюбага, не гляне,

Да другога, дарагога, пойдзе.

Бохан моцы, спечаны на подзе,

Паднясе яму ў замілаванні.

Старасць —

Пераборлівая скнара —

Ведае свой талент дасканала.

Асяніны

Унучка —

Першы званочак, які

Напамінае шчасліваму дзеду:

Звыкайся пакінуць зямную бяседу,

Збірайся да гурту Дзядоў нацянькі.

Дзяды маюць ласку

Наведаць радню

На адпаведнае даўняе свята.

Б’юць дзіды лядовыя

Цемру зацята,

Каб звідніць дарогу

Наступнаму дню.

Калі не з Траецкімі па вясне,

Дык хоць жа

Са Змітраўскімі Дзядамі,

Як дзікі дзядоўнік,

Што ссохне з гадамі,

Наведаю кут,

Дзе чакаюць мяне.

Хоць колкі сяннік,

Напіханы журбой,

Пасцелюць Дзяды —

Іх завуць Асяніны —

І сон недаснёны

Расчыніць дзвярыны,

Сарваўшы

Замовы зімовы прабой.

* * * У свата цераз плячо…

У свата цераз плячо,

На покуці на абразах,

На крыжах на магільніках,

На раздарожжах,

На смутных вачах,

На вясёлых вазах

Ручнік — ілляная дарога

У цёплых слядах

Ног босых Божых.

Грэюцца на ручніках караваі,

І нябожчык на ручніках

Адплывае

У вякі.

І зямля,

Яшчэ ўсё сырая,

Расу выцірае

Ручніком, які

Сівярáць скразнякі…

Ручнік прыручаны

Давярае

Негаваркому руху рукі.

Толькі

Жыццё — пераезд з небыцця ў небыццё

Таму й дзень наступны — як вызваленне,

Таму ж і ўначы пачуваешся,

Як у абавязковым астрозе,

Таму й дзякуеш загадзя

За дамавіну лясам,

Таму й дрыжыш рыбаком

Над ветрахвостым уловам,

Таму й не маеш упэўненасці вяртацца.

Багавейнае

Унесла мне ў суботу Дамінічка

Свянцоную запаленую свечку.

А заўтра свята яснае —

Вялічка.

Святло сваю

Прадоўжыць з цемрай спрэчку.

І сонейка — чырвонае яечка —

Знясе святая раніца ў аблокі.

Унуччыны анёлкавыя крокі

Пяюць.

Дрыжыць нутром гарачым свечка.

І хочацца памаладзець хадою,

Дастаць ручнік —

Хай куфру крыкне вечка, —

Памыцца з міскі летняю вадою:

На дне ляжыць

Свянцонае яечка…

Госць

Смага нажытку зайздросніка смажыць

Болей і болей нажыць.

Толькі не думаюць хціўцы, што нажыць

Доўга не ўлежыць,

Далей пабяжыць.

Ці да суседа,

Што дзецьмі, як бобам,

Густа абсыпаны,

Ці да кумы,

Што са сваім мужыком-дзецяробам

Хоча дажыцца да цёплай зімы.

Вечнае што?

Толькі вечнасць нямая,

Ды не таму, што няма языка,

Проста з імгненнем жадання не мае

Гутарыць,

Нават шкадуе кіўка.

Госць,

Казытнецца касою твой карак,

Век твой пазычаны ледзьве ліпіць.

Вечнасць душу,

Як ад свечкі агарак,

Возьме тваю,

Каб спачатку ляпіць.

* * * Вудаўё дрыжыць ці рука?

Вудаўё дрыжыць ці рука?

Рыба спрытная, маладая,

Дзе глыбей ідзе,

Пакідае

Звечарэлага рыбака.

А зрываецца больш з кручка,

Застаецца ўлову нядужа.

Дыхае за спіною сцюжа

У ссівелага рыбака.

На губах дагарае луска

Пырскамі

З рыбіны шанцавання.

І самота,

Капрызная паня,

Смела туліцца да рыбака.

* * * Не адлучаўся я зусім…

Не адлучаўся я зусім

З вушацкай хаты анікуды.

Дратоў з’інелых перагуды

Мой цягнуць сон

З далёкіх зім.

І дні спяшаюцца ўпадбеж

Вярнуцца ў цішыню нязлую.

Там толькі,

Дзе душа начуе

І прачынаецца,

Жывеш…

Хай абмінае!

Яшчэ мне плача

Сініца ў пляніцы

З марозных малечых дзён,

А ўжо Дамініцы

Надумаў прысніцца

Першы сон.

…І шэпча сонна,

Што мама Ілона

Мела пушысты занятак —

Венікам з хаты

Выганяла заўзята

Куранятак.

А Дамініка (хай расце вяліка!)

Грэлася пры сонейку,

Чуўся

Крылкаў кароткі лопат.

І, калі верыць сонніку,

Дык куры — гэта клопат.

Некалі ж прабабка Дамініччына

Куліна

Спявала, як выпадала

Святлейшая хвіліна:

Курачкі, не сакачыце,

Галоўкі не клапачыце,

Ёсць у мяне рэшата пшаніцы,

Буду я дзетак жаніці…

Дамінічцы прысніліся кураняткі

За першым разам,

Значыць, клопат

З дуронкаю, распушчонкаю

Разам

Пачынае расці,

Каб потым за ёй ісці

Па жыцці.

А Дамінічка

Пад хусцінкаю,

Як сунічка пад лісцінкаю, —

Гэтакая маленькая,

Гэтакая саладзенькая.

Хай абмінае яе да пары

Клопат —

Дзед стары

З кавенькаю

У людскім бары…

Bono sensu

Не толькі грэцца ля цёплай грубы

Ды чаравата хварэць на пана,

Агні, й воды, й медныя трубы

Прайсці ў жыцці нам наканавана.

Агні гартуюць, халодзяць воды,

А трубы медныя лашчаць зманна.

Ля крупадзёрні чакаем лагоды,

Там, дзе дзярэцца нябесная манна.

Калі ж мы вернемся да гасподы

Той самай,

Дзе ў печы гліняныя поды,

І вусны жвіровыя сцісне магіла,

Не запытаўшы нашае згоды,

Наноў разбудзіць агні й воды

Труба Гаўрыіла.

Трысцё

Лявону Баршчэўскаму

Жыві самотна.

Без цябе

Тваё жыццё хутчэй прамчыцца.

І можа, цельная ваўчыца

Завые ў лесе не ў жальбе,

А ў радасці,

Што ўсё яшчэ

Трывацьме доўга

Род ваўчыны —

І пах крыві,

І дух аўчыны

Халодны голад урачэ.

Жыві няўтульна.

Дабрабыт

Цябе ў сваё нутро зацягне,

І глухнуць будзеш,

Як у багне,

І прагнасць свой пакажа спрыт.

Жыві вясёла.

Без цябе

Пакумяцца твой сум з тугою,

А смех званочкам пад дугою

На ўсіх забудзецца ў гульбе.

А кум куме рад,

Павёў куму ў вінаград:

— Шчыпі, кума, ягодкі,

Каторыя салодкі.

Каторыя горкі,

Для маёе жонкі,

Каторыя сладкі,

Ды для маёй маткі.

Ці вінаград,

Ці віны грады —

Жыццё?

Не скажа забыццё.

Лес малады заселіць лды,

Звяселіць берагі трысцё.

* * * Бог спачатку неба стварыў…

Бог спачатку неба стварыў,

А пасля ўжо зямлю надумаў.

Бёрны сплавіў з захмарных румаў,

Свет зрабіў,

Як святы наіў.

Тумановы клубіўся дым

Над яшчэ не патайнай вячэрай.

Не сякерай рубіў,

А верай

Свет,

Жагнаючыся духам святым.

Нам у доме паначаваць,

А прачнуцца ўжо ў дамавіне.

Свет — наш дом.

Позірк неба сіні

Нам у душы шле багадаць.

Ашуканка

Мама мая ашуканкай была.

Каля стала

У дзяльбе

Ашуквала сябе,

Калі дзяліла

Апошнюю скібку —

Меней сабе,

Сыну болей.

Доля маму

Абдзірала як ліпку,

Ды мама ішла

У перахітрыкі з доляй.

Ашуквала голад

Крапівою ці шчаўем,

Ашуквала холад

Паветкай дашчанай,

Ашуквала сон —

Уставала з расою,

Ашуквала соль —

Нішчымніцу саліла

Слязою.

Сын ашуканкі,

Душой халадзею,

Ці не ашукаў я

Яе надзею?

* * * Плытчэе, святлее…

Плытчэе, святлее

Гадоў бруя,

А сорам саломы палае.

Душа твая,

Як і ўнучка твая,

Гарэзлівая й маладая.

Пястунка дазволіць

Сябе забаўляць,

Люляць

І насіць на шыі.

Пакуль твае плечы

Не забаляць

І стома торбу пашые.

І смеху жаўрук

Заціхне ўвушшу.

Абрынецца

Радасці восець.

Спытаюць:

— Што робіш?

— Душу нашу.

А можа, яна

Мяне носіць?

* * * Сапернік вечнага Тварца…

Сапернік вечнага Тварца,

О скульптар,

Дужы глінамесец,

Зляпіць ці можаш

Поўны месяц

Ці хоць бы веташок з канца?

Ты з гліны месіш продкаў прах,

Як заўважаў Хаям цвярозы.

Табе чалядніцамі крозы,

Табе дарадцам боскі страх.

Гарнушкі, міскі ды гаршкі,

Вядома, ў гаспадарцы трэба.

Ды атрымай заказ ад неба

Ты на бажкоў і веташкі!

* * * Прыйшлі канцы к гародам…

«Прыйшлі канцы к гародам» —

Прыйшлі з Вушачы словы.

Як на паўдзён каровы.

І вочы есць куродым.

Бязладзіца ў гародах —

Ва ўсіх гадах мінулых.

Спяць шулякі на шулах.

Дождж сохне ў азяродах.

Бязлюдзіца ў гародах —

Тваіх усмяглых летах.

Яшчэ нязніклы ветах —

У небе смутку продых.

Гаротнасць у гародах —

Тваіх апалых вёснах.

З усмешкаю на вуснах

Пачуў халодны подых.

Зайздросцячы чародам,

Пашлі хоць думку ў вырай.

Будзь сам сабе апірай.

Прыйшлі канцы к гародам.

Ліст у Межава

Алесю Лобкісу

Маладзенькім яблынькам тваім

Б’ю чалом,

Як спелы яблык долу,

За дары з зялёнага прыполу.

Мы садамі ўсохлымі стаім,

Каранямі мерзнем ад падзолу.

Дружа мой з вушацкае пары

Той, дзе сум

Здаваўся лёгкай ношкай,

Той, дзе хцівасць

Адзічэлай кошкай,

Помніш,

Не тачыла кіпцюры.

Там ні гуку ў цішыні старожкай.

Яблык кожны ў кулаку цвярдым

Сціснуў цёмнай ісціны зярняты.

Кожны яблык сам сабой заняты.

Таямніца яблыні і ў тым,

Што сваёй усім хапае раты.

Яблык падае —

І мы за ім…

Tibi et igni

Tibi et igni — табе і агню,

Не папраўляю лаціну.

Попелу дзьмушку на вецер ганю,

Рыфму спыняю ля тыну.

Стыну,

Пакуль дагараюць радкі,

З тыну

Ганю павуціну.

Грудкі твае нагадалі грудкі.

Гнаць мне ганкі па віціну.

Сцісне віціна ў цяжкую далонь

Мокрыя пальцы бярвення.

Можа, пакіне агонь

Абалонь.

Неба ахопіць барвенне.

Будуць палаці палаць.

Насланню

Жах спалатніць палатніну.

Tibi et igni — сябе не віню,

Клічу на змову лаціну.

* * * Homo homini lupus est…

Homo homini lupus est —

Словы не прыскакалі з лесу,

З кіпцюроў сталёвых прагрэсу

Вырываўся канкрэтны змест.

Чалавек чалавеку воўк,

Воўк у лес глядзіць, як вядома.

І ваўчэе, карчэе homo.

Навісае цяжка дамок–

лаў меч,

І, нібы на фэст,

Распаўзаюцца з цемры жахі

У крыві па самыя пахі.

Homo homini lupus est.

Лёгка

Я лёгка сябе пачуваю —

Ні славы, ні грошай няма.

І радасць надзіва жывая

Вяртаецца ціха з найма.

Старалася ў наймітках

Радасць,

Цярпела прыгнёт і прымус

За хлеба надзённага кус,

Чакала, што нехта

Дабра дасць.

Бо радасць —

Жабрачка святая,

Як мае,

Хутчэй раздае.

Туга неабдымна сытая

З закутка глядзіць на яе.

Сядзіць на куфрах

Ды на клумках

І толькі зайздросціць туга.

Шкада адламаць пірага —

Скупая і ў кумках, і ў думках.

Адчай за ракою рыкае —

Бугай гэны ўсіх забадзе.

Вясёлая радасць чакае,

Каму засмяяцца ў бядзе.

Васілю Быкаву ў светлы дзень

Хрыстос васкрос! — і ўваскрасае

Душа, што смутная была,

І з цвёрдай веры выкрасае

Усмешку добрую святла.

Хрыстос васкрос! — лягчэй нябёсам

Трымаць аблокі дум цяжкіх!

Хрыстос васкрос! — спаткацца з лёсам

Дазволіў міг, стаіўшы дых.

Хрыстос васкрос! — грэх цёмны плача

І не саромеецца слёз.

Расцвіў з вярбою кій жабрачы.

Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос!

* * * Гадавыя…

Гадавыя

Прайшоўшы свае паравіны,

Сад вушацкі мой

Чуе хаду халадоў:

Караніны ў зямлі,

У нябёсах галіны,

Ствол хавае сляды

Адбалелых гадоў.

* * * А прымаўка гэтая яўна старая…

А прымаўка гэтая яўна старая,

Вякамі задымленая, як загнет:

Бог не гуляе,

А свет мяняе.

Але не дужа мяняецца свет.

А раптам Бог у сваю ахвоту,

Каб не старэць,

Каб адпэндзіць спакой,

Такую прыдумаў сабе работу,

Якую не здужаць

Людской талакой?

І ціснуць нашы грахі камянямі,

Не полецца нашай ляноты гарод.

Па прыкладзе Бога

І мы мяняем

Гаршкі на гліну

Ці наадварот?

* * * Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной…

Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной,

Ад каго з нашчадкаў ягоных

На зямлі застаецца гной,

Хто з’аблічыцца на іконах.

Што больш трэба,

Ці дух, ці гной,

Не адкажа зямля збажыной.

Эміграцыя

Эміграцыя — вечны рух.

Эмігруюць птушкі ў выраі.

А куды

Эмігрыруе дух,

Калі

З цела душа эмігрыруе?

* * * Сум…

Сум,

Як прывід старажытнай Грэцыі,

Здаўшыся аднойчы, не знікае.

Толькі дай

Дрывам журбы ўгарэцца,

Дым гняздо саўе над хмызнякамі.

У залёты да спадзеўкі лётай,

Суцяшай душу гадзінай шарай.

Радасць суцішай сваю самотай,

Марай гнеў карай,

Як цёмнай карай.

Час папрасіў

І прала роспач воўну часу,

Счасаную на ваўначосцы

Гняўлівасці ды неціхоцця.

І ткала роспач коўдру часу

На мулкіх кроснах,

Якія Хронас змайстраваў.

І засцілала роспач ложак,

Пакуль Харон смаліў свой човен,

Каб перавезці з часу ў бесчась.

Сасновы сон

Снег лясны ўрачысты, як вясковец,

Што на фэст прыспеў раней за ўсіх,

Свеціцца — аж сосны зелянеюць

Ад святочнай радасці ягонай.

Свеціцца — аж збіўся з панталыку

Малады лясун, бо перазімак

Белаты не бачыў. Атрасае

Рыжыя іглінкі з каўняра.

Снег лясны, як ціхі сон пра маму

І забыты, і наноў саснёны

У сасновай хаце даўніны,

Сніцца… сніцца…

Аж прачнуцца страшна.

* * * Плылі з блудадзейнага Рыма…

Плылі з блудадзейнага Рыма

З заразай маралі вазы.

Айчына шукала айчыма

І лоб непакорны гузы.

І грукалі здані дзвярыма.

Паганцаў гнялі абразы.

Прарокі праходзілі міма.

І чэрці ўцякалі з лазы.

Світанне сухімі вачыма

Вітала снягі й маразы.

Разгадвала роспач, магчыма,

Загадку слязы…

Засынаючы

Веча мае свой рот —

Ад роспачы круглы звон.

І на веча ідзе народ,

І, як звон,

Гудзе ён.

Звон мае свой язык.

У людзей языкі свае.

Даганяюць адзін аднаго

Зык і сык.

І кожнаму спрыту стае.

Туманеюць галовы.

Ракою плыве чарот.

Вечна галодны

У веча рот.

Незадаволенае, як прыблуднае,

Чэрава —

Не палуднавала,

Не вячэрала

Нідзе.

Таму й гудзе…

* * * А гарады — як мужчыны ў гадах…

А гарады — як мужчыны ў гадах,

Не спатоліўшыся прыгажосцю,

Пачынаць дбаць

Пра ложак і дах,

Радавацца нехаджаламу госцю.

Позірк — паломнік.

Страх — пілігрым.

Іх разумее здароджаны подзіў.

Віцебск —

Расхрыстаны Ерусалім

Слухае неба

На схілах стагоддзяў.

Відаць…

Відаць, не без падстаў

У радасці й журбе

Ранейшага сябе

Я забывацца стаў.

Ці проста горшы стаў,

Ці лепшы, як сказаць.

Я ўзелянеў, як стаў,

Зарос, як сенажаць.

Забыў, як спіць агонь,

Як трызніць цень труной,

Як сохне свежы гной,

Як пахне потны конь.

Калядныя перагукі

Каляным снегам заслаліся ўзгоркі.

Крыгамі грымнуў мароз нягеглы.

Пралегла па лёдзе калядным

Да зоркі сцежка ўздрыглівая.

* * * Маё маленства — маё маленства…

Маё маленства — маё маленства

Айцу, й Сыну, й Духу Святому.

Маё маленства — шчырае ўкленства

Пачутаму сэрцам, нябачнаму Тому,

Што мне дазволіў

Быць госцем свету,

Што неба ў полі назваў Айчынай.

Радком ягонага Запавету

Я вылушчаны на святло ляшчынай,

Якая доляй маёй названа.

І ацянінка яе лісціны

Была даланёю бацькі Івана,

Была хусцінай мамы Куліны…

Не чуе…

Увечарэлы змрок плыве, плыве,

Лагчыны засцілае белым дымам.

Сумёт не чуе,

Як на галаве

Ад сцюжы быльняжынкі сталі дыбам…

На змярканні

Міколу Плавінскаму

Збіваючы босыя ногі

Аб каменьчыкі, аб валуны,

Падаткнуць не паспеўшы

Падол гарачы,

Віцьба бяжыць

Прасіць ратунку ў Дзвіны

Высахлай, спрацаванай прачкай.

Гадзіннік глынае гадзіну

Яшчэ адну.

І ратуша слухае,

Як гук у каменных грудзях сціхае.

Успенская горка

Трымае будыніну, як труну,

І ёй спачувае восень

Яшчэ не глухая.

Дзвіна хоча ў Рыгу з’явіцца

У тумановых шаўках.

У бурштыновых каралях Балтыка

З крывічанкай мусіць лічыцца.

І сучка віцебская

З жыватом у жывых сучках

Вачыма шукае костку.

Пастава рымскай ваўчыцы.

Выкні!

Хмарыцца цёмнааблока.

Выкні, мой настрою.

Песні маміны далёка —

За гарою сырою.

Затрымацца не хацелі,

Як на рэчцы хвалі,

Леты маміны зляцелі —

Вырай даганялі.

Песні спеты,

Зжаты леты —

Не вернуцца з прочак.

Усе цветы пустацветы,

Адзін васілёчак…

Урэшце

Стаміцца ў варажбе,

З самім сабой застацца,

Прывыкнуць да сябе —

Капрызнае мастацтва,

Каб чуць,

Як час звініць,

Як моц бярэ знямога.

Ва ўсім вініць

Сябе самога.

* * * Адчуваю, сочыць за мною…

Адчуваю, сочыць за мною…

Адчуваю, пагляд гарыць…

Адчуваю, дыхае за спіною…

Аж часам загаварыць

Хочацца з Ёю…

Ды трымаюся, хоць чакаю…

Бо яшчэ не знікаю…

* * * Гэтулькі часу на гэтай зямлі…

Гэтулькі часу на гэтай зямлі

Нас і трывае Адзіны,

Колькі спатрэбіцца нам,

Каб маглі

Нашы грахі й правіны

Перад матулямі выкупіць,

Ды

І неўміручасці мала,

Каб пакаяння нямыя пуды

Шаля спагады ўтрымала.

Шчодра нам плоціцца:

Злосцю за злосць

І за пакуту — пакутай,

Покуль ліхвярна душу

Ягамосць

Возьме даўжніцай разутай.

І даганяе матулю душа,

Грэх несучы за сабою.

Там жа, напэўна,

Такая шаша —

Што ні слядоў, ні выбояў…

* * * Хай слёзы ці бобам, ці градам…

Хай слёзы ці бобам, ці градам —

Каза твае долі някозная.

Ужо ты за тым даляглядам,

Адкуль азірнуцца позна.

І як ні круціся, нябога,

Назад не павернеш нічога.

Уперад глядзі,

Дзе блізкаю

Душа твая ўздрыгвае пліскаю.

* * * Мы сваёю здаволімся пашаю

Мы сваёю здаволімся пашаю,

Лепшай так за свой век

І не ўбачылі.

Дзеці — роспач дарослая нашая,

Унукі — спадзяванні дзіцячыя.

* * * Куртаты ўнуччын…

Куртаты ўнуччын

І мой цыбаты

Без слоў два цені

Вядуць дэбаты.

Два цені моўчкі

Вядуць размовы,

Унуччын ранішні,

Мой вечаровы.

Трава прыціхла

Ў хатраспляценні.

Лятуць два цені,

Як летуценні.

Бяжыць Дамініччын

За матылькамі,

А мой ніцее,

А мой знікае.

* * * Душа глядзіць, як цела адмірае…

Душа глядзіць, як цела адмірае,

Надзённая, відушчая яна

Глядзіць з таго нябачнага акна,

Адкуль відаць ёй

Хата з краю раю.

А ведае, паспеецца яшчэ

У хату новую перасяліцца.

Цячэ жывіца,

Сыплецца ігліца,

Пакуль на подруб сосны

Час сячэ.

Каляды

Цераз пушчы, цераз гаці,

Цераз ляды

Абагрэцца куццёю ў хаце

Ішлі Каляды.

Сена грэлася пад абрусамі.

Свечкі грамнічныя не гаслі.

Коні загадвалі гаспадару самі

Мурагом не абносіць яслі.

Не елі й не пілі

Старыя дзяды,

Пільнавалі, калі

Народзіцца зорка Калядная

І маладзік малады

На адлігу ці на халады

Засвеціць каля яе,

Каля аднае.

І мароз хоць раз у жыцці

Запрашалі паспытаць куцці:

— Будзь, мароз, пры сіле,

Толькі нас не ўшчыкні,

Не ўкалупні.

І ты, васілёк, не бойся,

Нябёсся ў жыце! —

Жадалі.

І яшчэ прасілі:

— А вы, вераб’і,

Нашых не малаціце,

Ляціце

На Дзямідавы калапні!

А каля рэчкі

Каля Доўжыцы

Ад спрэчкі прэчкі

Ішлі калядоўшчыкі,

Калядавалі,

Дзякавалі,

Калі давалі.

Ішлі

З торбамі й мяхамі.

Кашалі

Здорам ім махалі

Часам,

Не ўпікалі

Калядоўшчыкаў

Кавалкам ласым.

Запрашаюцца Каляды

За сталы

Крывічанкамі й крывічамі.

З ласкаю

І малы й сталы

Прывячае

Свята наскае,

Крывіцкае.

А над яслямі карова

З ціхімі вачамі

Дыхае сабе

Цёплымі пыцкамі,

А ў каровы зорачка ў ілбе.

Сухары надзеі

Па летах пазнаеш палетак,

Па восені посіні подых.

Вятры па загонах палеглых,

Тугу па струхнелых калодах.

Трымаючы боханаў поўні,

Не грэбуй, багач, сухарамі.

Вясною заўважаны,

Помні —

Зіма твая не за гарамі.

Зіму сустракай праснакамі,

Вясну сухарамі надзеі.

Каб цёпла з зайцамі завеі

Апошнія дні прыскакалі.

* * * Ці ўчула свой закот чало…

Ці ўчула свой закот чало,

Ці ўжо сябе стаміла праца,

Мяне цікавіць пачало,

Якія сны ў магілах сняцца.

Перанасельнікі магілаў

Па колькі бачаць небасхілаў?

* * * Сам ад сябе з дакукі лямантую…

Сам ад сябе з дакукі лямантую.

Я знелюбеў табе,

Мая душа.

Цябе я абганяў, як бульбу тую,

Сахой тугі

І клаў на дно каша,

Каша, што сплецены

З лазы намераў

Ісці ў няволю, волю даць табе.

Я гэтулькі дарог сабе намераў,

А ты цяляткамі з зоркаю ў ілбе

Ірвешся з вытаптанай тлумам пашы

На іншыя, густыя мурагі,

Дзе ўжо цябе чакаюць берагі,

Да цёмных водаў

Шчокамі прыпаўшы.

Высока

Ные высока самалёт,

Як зуб сцямнелага неба.

Ноч захварэла

Забытай хваробай —

Паветранай трывогаю.

Небу да шчакі прыкласці

Грэнландыю трэба.

А як чалавек

Баліць Богу?

Там і тут

Жыццё маўкліва загоніць у вугал

Перад тым,

Як пакласці на кут.

Жывое дрэва счэрніць на вугаль

Халодны агонь пакут.

І як ні старайся ўкусіць

Свой локаць,

Ты мусіш палохацца

Тут,

Што мала надзеі

Там

Сесці на покуць,

Тут болей гарантыі

Легчы на кут.

* * * Бальшыня сваякоў і сяброў…

Бальшыня сваякоў і сяброў

Перасялілася ў царства ценяў,

І з кожным годам часцей

Сустракацца даводзіцца з імі,

Гутарыць, смуткаваць, радавацца,

Як і ў гэтым жыцці калісьці,

У снах,

Што маюць трывалую памяць.

Гэта прыходзяць нагадаць пра сябе

Самота,

Старасць

І настойлівы напамін адтуль.

Не дужа!

Не дужа, манашка-каплічка,

Чарнейся ў вячэрняй траве.

Па-ранішняму крынічка

Звініць —

Ёй імя Дамінічка.

У хаце крынічка жыве.

Не рупся, няпоўная брычка,

Каціцца па мулкай жарстве.

Майго развітання крынічка

Звініць —

Ёй імя Дамінічка.

У сэрцы крынічка жыве!

* * * Як лугавіну каса ні жане…

Як лугавіну каса ні жане,

Хоча адскочыць атавіца.

Ціхну, старэю —

І да мяне

Маміны словы вяртаюцца.

То вытыркаюцца з-за каптура,

То датыкаюцца пысамі,

То да цыбулінага пяра

Цягнуцца —

Земскія пісары.

Быццам адчулі,

Што без мяне

Ім заставацца сіротамі,

Стыць і гарэць

У сваёй старане

Разам з чужымі чародамі.

Дзелімся мы й навіной і віной,

Тужым з вушацкімі доламі.

Я не знікаю,

Бо нада мной

Маміны словы — анёламі.

Дым

Цётка Марыя —

Цёзка біблейскай святой,

У дзявоцтве Міцкевіч,

Як бальшыня вяскоўцаў

З лясной Кавалейшчыны,

У хаце, выстуджанай слатой,

Печ зацепліла —

І з коміна, ад вятроў азалеўшага,

Пайшоў на вуліцу дым.

А цётка Марыя засталася

Пры катлах, пры патэльні,

Пры чапяле.

І, парушыўшы досвіткавы інтым,

Шоргат, бразгат, грукат

Акрэсліўся на святле

Засквараным рухам.

Цётка Марыя грэе хату

І варыць варыва.

Дым вырываецца з коміна,

Як уздых.

Цёзка біблейскай святой

Грэе неба і ў небе хмарыва.

З раніцы клопат пра ўсіх.

На перавозе

Хачу пабыць на перавозе,

Каб перавознік малады,

Не вымаклы ў будзённай прозе,

Бы ў песні той,

Мае гады

Зноў перавёз на ціхі бераг,

Як маладзенькіх жарабят,

На бераг,

Дзе ў сваіх намерах

Святлее ўночы зарапад.

Каб зрання

Вымкнула старанне,

Каб чуць,

Як з восеньскіх такоў,

І нецуглянае іржанне,

І цокат цупкіх капытоў.

Ды, конюх радасці кароткай,

Чакаю свой табун дарма.

Стаю ў руках з пустой аброткай,

А перавозніка няма…

Нашча

Заходзіць лета

Туман наклаў сырое вета

На вецця перасохлы ўзмах,

І кроў зарэзанага лета

Распырскаў шарахлівы мак…

Сокат

Адсырэў ў аблоках ветах.

Уцякаюць ад навальніцы

Конікі на веласіпедах —

Толькі часта сакочуць спіцы.

Браты

Для хмар

Над дахам ці над вольхаю

Дождж і пажар

Шумяць аднолькава…

Каменьчыкі

Вершы,

Што каменьчыкі марскія —

Мокрыя зіхцяць на далані.

З далані іх захапленне скіне —

Шэрым сохнуць сумна ў глушыні.

Хвораст

Слава,

Быццам з хворасту агонь,

На якім і бульбу не зварыць, —

Хутка загарыцца і згарыць.

…Толькі прысак ападзе на скронь.

Зімее…

Смуга не каецца ў сваёй правіне.

У суравея прападае пыха.

Счарнелыя вулканы кратавіння,

Прысыпаныя снегам,

Стынуць ціха…

Старыя

Стары распяць імкнецца парасон,

Прысеўшы на краёк ламанай лавы.

І парасон свой адчувае скон —

Не слухаюцца і яго суставы.

Райцэнтр

Райцэнтр — абрабаванае мястэчка,

Свянцонае савецкім мацюком,

Як тое велікоднае яечка,

Разбітае фальшывым мацаком.

P.S

У абліччах старых ведае кожны штрых,

Што на іншы ніхто яго не памяняе.

Узнагароды вясёлы звіняць на жывых

І ціснуць мёртвых ахрыплымі камянямі.

Завулак

Няма чым месту прыкрыць свой плех,

У засені ўзнікнуць бы нанаў.

На шалях ляжаць,

Як нязважаны грэх,

Сцюдзёныя пальцы бананаў.

Кунега

Усё ў кунежна-белым сне.

Бог нават затаіў дыханне.

Ледзь Ён расчулена ўздыхне —

Святла не стане,

Сон растане…

Раптам…

Снегу гэтулькі шмат,

І да таго ён белы,

Што, як таму каню,

Захочацца раптам травы

Сырой, нявыспанай,

Такой — каб аж цуглі пазелянелі.

Пачулася…

Мароз. Прытома. Беласцежжа.

Лянее люты ля мяжы.

І мне пачулася з разбежжа:

Сініцы точаць лемяшы…

* * * Белая робіцца барада…

Белая робіцца барада,

Фарба ліняе любая.

Не выцвітае толькі жуда,

Цемра не выгарае.

Ледзьве запусціць жуда кіпцюр,

Выпусціць не пажадае.

Неба ўцямнее,

Як даўні мур,

Ззябне надзея худая.

Стане самога сябе шкада —

Цёмна з душою цяжкою.

Вольна вяльмуецца ў цемры

Жуда

Цемрынай любай дачкою.

Папахадзі

Па лам’і, па хлуддзі,

Збіўшыся з тропу за хаткай,

Выйшаўшы з цемры,

У цемру йдзі

Згадкай святла

І загадкай.

* * * У глыбіні не мае дна…

У глыбіні не мае дна,

Ірвецца — не парвецца,

Бо неўміручая яна,

Таму й душой завецца.

Ідзе балюча па жарстве

Да берагоў Элады.

І той,

У кім душа жыве,

Над ёй не мае ўлады.

Яна парчу,

Як і паршу,

Умее зрынуць смела.

І нельга вынесці душу,

Як дамавіну,

З цела.

Даенне аблокаў

Воўна — аблачына,

Прывязаная чынна

Да прасніцы.

І пралля

Цягне аблачыну за вымя,

Доіць і доіць яе

Пад вуркатанне

Калаўрота й ката.

Цупкі, асачысты струмок

Цячэ й цячэ,

Рэжучы пальцы пралліны

На скіпучыя каляінкі.

І пасля з каляных цуркоў

Цёплае аблачыны

Ткуць адзенне, аблачэнне,

Абвалачэнне,

Пасланае небам самім

Праллям, ткаллям

І ўсім-усім…

Радня

І адварочваецца спіной —

Не цырымоніцца літасць скупая.

І адчуваю, як смела за мной

Блізкай раднёй

Галеча ступае.

Крыўдзіцца дарагая радня,

Што на яе забыўся… да часу!

Хоць, як казалі, радня да дня.

Нішчымніца толькі

Помніць закрасу.

Ад роду не ў воду!

З пустых каўшоў

Накорміш голад хіба дакорам.

Галечу помню —

З галечы прыйшоў,

Ды зноў

Прызнаваць за радню яе —

Сорам!

* * * Я па чарзе зняволенай вадзе…

Я па чарзе зняволенай вадзе

Па-хрысціянску падстаўляю шчокі.

Наводліў б’е струмень,

Пачаўшы скокі,

І ад яго халоднасці нідзе

Я не схаваюся ні на зямлі,

Ні пад зямлёй,

Пакуль патрэбен стоме

І цень мой не спадобіўся саломе,

Што сціснулі ў аглухлыя кулі.

За ўсіх, хто змоўкнуў,

Гаварыць вадзе,

Пакуль туман ідзе,

Плывуць аблокі.

Падставім шчокі,

Дзень мой яснавокі:

Ручнік дадуць

На незямным судзе…

* * * Пачынаю восень адчуваць…

Пачынаю восень адчуваць

І вясне не верыць паступова.

І гусцей смуга,

І пастухова

Мне туга нашчадная чуваць.

Кожны з нас, ці ўдачлівы пастух,

Ці няўдаліца,

Сваю радоўку

Адбываць памалу ці падоўгу

Мусім,

Покуль прысак не патух.

Грэецца ля вогнішча бяда,

Лёс пасём свой,

Парабкуем, княжым.

І, галодная, за лёсам нашым

Сочыць ваўкарэзінай жуда.

Выскачыць з рабінавых начэй

Радасці маланка шаравая.

Пераміргваецца з журавамі

Вогнішча самотнае вачэй.

Датрачваю

Спадчыну апошнюю датрачваю,

Спадчыну датклівага маленства.

З рупнасці скупечага шаленства

Я дрыжу над рэштай,

Над астачаю.

Не стае блакітнага, рудовага

Колераў нябеснага спакою.

Крыўда рэжа злою асакою,

Здрада, дзе ні ступіш,

Вывіжоўвае.

Тым жыву,

Што спадчыну датрачваю.

Старасць без пасагу пакідаю.

А душа, вядома ж, маладая

Не жадае

Долю мець жабрачую.

Непадуладны

Жыццю непадуладны сон,

Што снёны кімсці,

Новым стане.

Каб спачувала ране ранне,

За сон схавацца хоча скон.

Бо прыручае сон зямны

Да непрабудна-незямнога.

І сніць груклівы сон дарога,

І сняць павеўны сон званы.

І яўна ведаюць яны:

Ёсць толькі сон

І больш нічога…

* * * Нада мной дагарэла знічка…

Нада мной дагарэла знічка,

Загадаць толькі я й паспеў,

Ці не мерзне мая сінічка,

Ці звініць яе сіні спеў.

Сіні-сіні, як тыя хвалі,

Што прысніцца могуць адно.

Сіні, як нябесныя палі,

Што пярун забівае ў дно.

І пакуль чарнатою жычка

Дом глухі мой не абаўе,

Мне звініць у душу сінічка,

Дамінічкай завуць яе…

* * * Каб светла стала, так трэба мала…

Каб светла стала, так трэба мала,

Бо радасць сочыць за словамі.

Мне Дамінічка прапанавала:

— Давай мяняцца галовамі!

Трымае досыць змроку густога

Мая сівая, балючая.

Хапала шуму, ставала стогну,

Як той вярбіне над кручаю.

Вядома, гэта незразумела

Усмешцы лагоды —

Унучачцы.

Сваю галоўку мяняе смела,

Каб з дзедавай мулкай мучыцца.

Ды, як шчаслівы дурань з дзвярыма,

Нашуся я з прапановаю.

Шкадую ўпотай, што немагчыма

Пабыць з галавою новаю.

А старасць — хцівая маладзіца

Свой клопат адно і ведае.

І Дамінічцы магла б згадзіцца

Яе галоўка светлая.

* * * Бабульцы нялёгка стаіць…

Бабульцы нялёгка стаіць

Сваю непатрэбнасць, галечу.

А дзе мая старасць стаіць,

Ці з хлебам,

Ці з торбай заплеччу?

Ці недзе на познім таргу

Лягчэйшы кіёк выбірае?

І сам адказаць не магу,

Не скажа й дамоўка сырая.

Ці гэта на кожным рагу

Я старасць сваю сустракаю,

Ўступаю чаргу па тугу,

За ёй назіраючы з краю.

А старасць шукае мяне,

Я выгляд раблю, што не тая,

Якую, сівеючы ў сне,

Прысніў,

Неадступна ступае.

Мне сталасцю старасць лягчэй

Назваць

І спагадней для слыху.

Змаўкай

Ці, як шлях, язычэй,

Аднолькава радасці й ліху.

Чорны грай

Голова моя машет ушами.

Сяргей Ясенін

Як восеньскі лес,

Галава

Ад чорнага граю цяжкая.

І рэха,

Нібыта знава,

З былой бліскавіцай блукае

Па сцежкай,

Дзе памяць мая

Хадзіла яшчэ маладая,

Цяпер з-пад рукі ручая

Той след

Забыццё выглядае.

Пуляціцца страху сава.

Шуміць

І на страх не зважае,

Як восеньскі лес,

Галава

Чужая

Аж да небакраю.

* * * Хвалям разгубленага ўспаміну…

Хвалям разгубленага ўспаміну

На цьмяны бераг не прыгайдаць

Здрадай падкупленую хвіліну,

Пра гаць дарозе не прыгадаць.

Уцякаючы ў забыццё,

Як у гета,

Вар’яцеючы ў цішыні,

Памяць сабе заслужыла

Хоць гэта —

Права на выхадныя дні.

Пад ціхую старасць

Звыкаюць сівець аблачыны

І цёпла зрадняцца з дымамі.

Пад ціхую старасць жанчыны

Падобныя болей да мамы

Паглядам, хадою, журбою,

Лагодай, няспешнасцю, стомай

І нават хусцінкай рабою,

І грозьбай да плачу знаёмай.

Таму, пэўна, памяць трымае

Нясмелы акрайчык надзеі,

Каб думаць,

Што мама жывая,

Аднекуль вярнуцца паспее…

Буслова нарачонка Паэма кону

Крылы не развінуў у палёце,

Адляцелі ў вырай чароды.

Ён зазімаваў на балоце.

Перамерзлі цёплыя броды.

Выйшаў парабак да жывёлы.

Босы бусел ходзіць па снезе.

Белы — як зіма. Невясёлы.

Нават сны не сніць аб начлезе.

Ногі, зябнучы, ппадымае,

То адну нагу, то другую.

Ні парады, ні рады не мае,

Як зіму перажыць даўную.

Глянуў парабак на пакуты

І сказаў, як роднаму брату:

— Не калей раздзеты, разуты.

Буслік! Буслік! Хадзем у хату.

Гаспадыня ткала красенцы

І сказала:

— У хаце пакіньце.

Ён ад холаду ўвесь трасецца.

Ды ў яго ж чалавечыя кіпці…

Пачала ў невядомым страху

Узірацца ў кіпці наўскоса.

Маладзіцы бусел з размаху

Дзюб — і выдзеўб палову носа.

— Бусле! Што ж ты зрабіў ліхое!

Я калекаю засталася.

Бусел кажа:

— Ляці са мною.

Выгаю ўсё па хуткім часе.

— Як ляцець мне, бяскрылай? —

Пытае.

— Апрану цябе, — кажа, — ў крылы.

Выйшлі ў двор,

І хвіліна тая

Таямніцаю ўсё акрыла.

Узняліся ды паляцелі.

І зрабілася цёмна ў хаце.

Дзеці дробныя асірацелі,

Засталіся яны без маці.

Маладзіца ў гасподзе новай

Новыя навяла парадкі.

Стала жонкай яна бусловай.

Нарадзіліся бусляняткі.

Ды зрабілася сумна гэтак.

Просіць мужа:

— У край паляцім мы,

Дзе пакінула першых дзетак.

Прыпаду хоць крылом да радзімы.

З буслянятамі прыляцела,

Села на сваім азяродзе.

Галаву закідвае смела

І клякоча,

І ў ціхай згодзе

Памагаюць ёй бусляняткі

Клекатаць:

— Кле, кле, кле! — на палеткі

Льецца клёкат.

— Бы ў нашае маткі

Голас, —

Кажуць першыя дзеткі.

Дай жа ў клетку зловім бусліху, —

Дзеці раяцца.

З азярода

Не ўцякае бусліха.

Паціху

Захінаюць сетку.

З гарода

Дзеці ў хату ўнеслі бусліху,

А на грушыне бусляняткі.

Пачакаўшы на моры крыху,

Прыляцеў бацька бусел,

Бы ў ладкі,

Плешча крыламі ды клякоча.

У акно як ударыць дзюбай —

Шыба дзынкнула па-сірочы.

Бусляняткі да маткі любай.

І паселі на стол бусляняткі.

— Кле, кле, кле, —

Цыбаюць на палаці.

Дзеці першыя, як ападкі,

Плачуць:

— Кажуць, ты нашая маці?

— Кле, кле, кле,

Дзеткі, я ваша мамка,

Ды вярнуць мне няўзмогу страту:

Зашчапіла кутая клямка

Дзверы ў зачараваную хату.

Бусляняткам быў край нямілы.

Пер’е ў маці ўчарніла гора.

…Дзеці вывелі птушак за крылы.

Паляцелі яны за мора…

Як трываеш?

І як хапае ў цябе дабрыні

І цярпення ўвогуле,

Каб у свае несканчоныя дні

Чуць столькі хлусні,

Бачыць гэтулькі погані,

Гэтулькі поскудзі,

Як ты трываеш,

Госпадзі!

* * * За ўсё ў гэтым хуткім жыцці…

За ўсё ў гэтым хуткім жыцці

Сваім жа жыццём заплаці,

Каб ціха паспець развітацца,

Але ў даўжніках не застацца

Ў зямлі,

Дзе вузельчыкам ты

Жыццём завязаны на памяць,

Каб мог і наступнік твой цяміць,

Што доўг закрычыць з нематы.

Прарэжацца голас адчаю

І ўзыдуць кругі на кругі.

Жыццё нам усё пазычае,

Каб смерць спаганяла даўгі.

Баюся

Наказ свой напісаць хачу, але баюся

І напамінам разбудзіць бяду.

Пакуль жыву,

Датуль малюся Беларусі

І да сваіх з малітвай гэтай адыду.

З сабою Беларусь насіў па белым свеце,

Дзе толькі я ступаў,

Там і яна была.

Нашчадак крывічоў,

Я меў адно на мэце —

Як кужаль, адбяліць і слова дабяла.

Каб ручніком кужэльным выцер вочы

Наступнік мой і позіркам з’яснеў.

Мне сонечнілі дзень

І ранішнілі ночы

Крывіцкая мілосць,

Крывіцкі рупны гнеў.

Калі адчую,

Што прыйшло маё бяссілле,

Прасіць пачну

Як самай боскай мілаты,

Каб і вятры па-беларуску галасілі,

Нудзіліся па-беларуску чараты.

Ідзе мой цень замроенай травою,

Сцяжына з дому і дамоў вядзе адна.

Не томіцца трымаць зялёнай галавою

Вушацкі небасхіл

Вушацкая сасна.

Жыві!

Смех давіцца журбою,

Зайздросціць шчасцю гора.

Жыві самім сабою,

Ты сам сабе апора.

З табой твае трывогі,

Куды б цябе ні ўпекла.

Адны і тыя ж ногі

Вядуць у рай, і ў пекла.

Бяжыць і пралятае

І чарада, і зграя.

Рука адна і тая

І лашчыць, і карае.

Здадуцца зоркі ўночы,

Што ў цёмнай місе груца.

Адны і тыя ж вочы

І плачуць, і смяюцца…

* * * Я — пасівелы бацька дзён маіх…

Я — пасівелы бацька дзён маіх,

Дзён маладых,

Што ў свеце разбрыліся.

Чакаю іх,

Гукаю марна іх —

Мне не сабраць усіх

Пры поўнай місе.

Ні весткі з невядомай стараны,

Дзе будуць дні мае старэць паволі.

На бацьку забываюцца сыны,

Як быццам не было яго ніколі.

З душы не вгнаць,

Што сплыло з вачэй.

Былая баравіна ные пнямі.

Трасуся над сваімі, як кашчэй,

Асатнімі распешчанымі днямі.

* * * І пакуль мы старэем, датуль і жывём…

І пакуль мы старэем, датуль і жывём.

Харахорымся, пнёмся,

А старасць чакае.

П’ём маркоту нагбом,

Б’ёмся ў радасць ілбом.

Дарагое пітво,

Чара ўкоптур цяжкая.

Мы залежым усе, як агонь, ад красы,

Ад надзеі, нагоды або ад нагодкі.

Нас убачыўшы,

Ціха старэць лясы.

Не старэюць нябожчыкі,

Як аднагодкі.

Шкада

І зробіцца сябе шкада,

Ссівелага каня старога,

Калі адчуеш,

Як сторога

Падступіць да цябе бяда.

І кожны рог са ста рагоў

Яшчэ цябе не працінае,

А ўжо лагода незямная

Дыхнула на тваіх багоў.

І на цябе дыхнуў той пах,

Якім наскрозь прапахнуць мусіш.

Не скажаш праўду

Дый не схлусіш,

Зямлю адчуўшы на губах.

Паклон

Паклон кужэльнаму сувою —

Бярог і ў сквар, і ў маразы.

Іголцы з ніткай суравою

Хвала.

Я іх за абразы

Паклаў бы,

Бо на гэтым свеце

Нас атулялі

І на той

Не выпускалі галатой

Ад’ехаць у глухой карэце.

Пазначыў рупны рух іголкі

Хмурыну кужалю ў крыжы,

Каб блаславілі шлях анёлкі

Аж да апошняе мяжы.

Яно

Яно пачаткам маім было.

І першым слова мяне сустрэла.

Я рос і старэў,

А яно не старэла,

Было высокім яго чало.

Я траціў і набываў сяброў,

Былі са мною мае анёлы.

Але зрабіўся як вецер голы,

Знізеў з вадой забытлівай роў,

Дзе я намацваў на броды дно.

І зразумеў,

Што адно магчыма —

Са словамі ціха сустрэцца вачыма,

Чакаць,

Што на ростань мне скажа яно.

Тры цені

У лёгкім змроку, як у сне,

Іду з гарачым цемем.

Два цені ўперадзе мяне.

І сам я трэцім ценем.

Як ад забытых хутароў,

Ад ліхтароў трымценне.

Маё

За трох павадыроў

Трымаецца знікненне…

Думаецца

Думаецца, што й ваўку сярмяжка

Знелюбела ў шэрым жыцці.

Выйсці з сябе не цяжка,

Цяжка ў сябе ўвайсці,

Каб потым сярод лам’я

Сваё распазнаць імя…

* * * З адной і той жа прыгнечанай гліны…

З адной і той жа прыгнечанай гліны

Маўкліва сціснутыя цагліны

Узносяць бажніцу,

Трымаюць турму.

І не цагліны таму віною,

Што спеў і праклёны

За іхняй спіною.

Не ў іх пытацца трэба —

Чаму?

Пазыка

Час пазыку вяртае

Са скідкай на страх,

А каму аддае,

Сам пра гэта не ведае.

Залатою манеткай

Хадзіла жыццё па руках,

І манетка рабілася

Медная.

Багіня

А мама багіняй была.

Куліна —

Багіня кухні.

Устаючы да святла,

Багоўнічала ля катла,

Каб з голаду мы не пухлі.

Мы — гэта я, певень, кот,

Карова, парсюк ды казкі.

Вітаючы сонца ўсход,

Мы дбалі пра свой жывот,

Чакалі ад мамы папаскі.

На кут дакульгваў услон,

У сенцах мерзлі кадушкі.

Булён быў слязьмі бялён.

На жар клаў далоні клён.

Грэў жарт ад пяра жар-птушкі.

Працавітая, што вада,

Не ведала мама ні ўседу, ні ўлогу.

Хоць першы паспытак рабіла бяда,

Да ўшацкай багіні кухні яда,

Я веру, прыйшлася б да смаку

Богу.

* * * І пасыплецца клопат…

І пасыплецца клопат,

Нібыта з сяўні,

І наважыцца лёс

У айчымы йсці.

І затужыш на старасць гадоў

Па сям’і

Патрыярхальнай да немагчымасці.

…Каб, як прысвятак ладзіць,

Садзіцца за стол,

Мёд адкройваць

Спякотнай лядзінаю.

Каб галінаю кожнай

Трымацца за ствол

Радаводнага дрэва — радзінаю.

…Каб пачуць, як павук

Сабе лапці пляце,

Як прабабка-ўніятка моліцца.

Каб Гасподзь у душы,

Абразы на куце.

Хоць на момант

Забыцца на могліцы…

* * * Вечаровыя пацеры…

Вечаровыя пацеры —

Гэта з небам размова.

Як на ранішнім шпацыры

Пачуваецца слова.

Шпацыр той за аблокамі,

Дзе ні тлуму, ні пылу,

Дзе сваё адгалёкалі

Крыўды —

Да небасхілу.

Адхінуўшыся скрухаю,

Сніць душа маладая:

Зорнаю пацярухаю

Марнасць дзён ападае…

* * * А я, пасівелы дзядоўнік…

А я, пасівелы дзядоўнік,

Стаю пры апошняй вярсце.

Яшчэ на зямлі я назоўнік,

А мне ўжо займеннік расце…

Мусіць!

Цар-звон,

Што голасу свайго не чуў ніколі,

І цар-гармата,

Што ядра не праглынула,

Народ вялікі,

Што не меў маленькай волі,

Двор непрылюджаны,

Дзе ні кала, ні шула…

Хто марнай марай цараваць

Жыве,

Той мусіць мець цара

У галаве!

Задужа

Радзімапрадаўцы,

Вам гэта ўсё роўна,

За колькі, каго прадаваць і калі.

Глядзіць Беларусь —

Маладая князёўна,

Што вы да запятка ёй не дараслі.

За лыжку сачыўкі,

За потарг улады

Нашчадкаў і прашчураў вы прадалі.

Укленчыць рублю папяроваму рады,

А срэбранікі ўсё ж са срэбра былі.

За трыццаць задужа

За фунт сушоных

Старых валуёў,

А не баравікоў.

Трымаць у рублёвых

Чарнобыльскіх зонах

Вам хочацца ўсіх нас,

Як тых здыхлякоў.

Вядома, кім сплецена

Ваша лапцюжка,

Каб тэпаць нячутна

На цёмны базар.

Так, трыццаць за ўсіх вас

Адсыпаць задужа.

І дні небазарныя й танны тавар.

Суботні вечар

Прытушаны вечар суботні

Асвечаны маладзіком.

Неонавым малаком

Аблітыя ўсе падваротні.

Уцёкшы з будзённай турботні,

Прытулак укае настрой.

На вулцы ад крокаў старой

Субожыўся вечар суботні…

Абкладзіны

Абкладзіны — смутная праца.

Рыдлёўка яшчэ не тупая

І тая не хоча старацца,

Капае,

Нібыта ступае

За згорбленаю дамавінай.

Ды просіць знямогла магіла

Абкласці яе дзернавінай —

Зямля ўжо асела, астыла.

Мы, будучыя навасельцы

Кладоў гэтых,

Нешта гаворым:

Нам чарка

І скварка зямельцы…

І кропляю дзелімся з горам.

Сарачыны па Алесю Адамовічу

Сарачыны перад саракамі.

Свой кажух карэлы

Скіне год.

Медзвядзём заспаным зарыкае

Крыгалом,

Збудзіўшы крыгаход.

Паплывуць зямных пакутаў крыгі

Па рацэ,

Дзе берагоў няма.

І зямлю перасмыкнуць уздрыгі,

І жальба пасеецца сама.

Цень адскочыць ад нябачных колаў

Астудзіць пякучую жарству.

І душа падасца да анёлаў.

І надзея выйдзе на траву.

* * * Страх напаў…

Страх напаў.

Змрок найшоў.

Ноч залегла намоклай калодкаю.

Праз зашклёныя вочкі

Каменных кашоў

Хоча выліцца

Электрасвятло халоднае…

Кусман сну

Ціхая ласка сына —

Газаю ў ліхтары.

Дыхае на вятры

Пыхаю парусіна.

Будзе шукаць хутары

Цень незабытага страху.

Дотыкам вечнага праху

Лоб ахалодзяць яры.

Збедніцца змрок-ліхвяр.

Дол падмяце слата.

І праглыне ліхтар

Цупкі язык кната.

На двойчы сёмым небе ў Алега Маціевіча

Вока жмурыцца.

Душа піцуе.

Пасмы ўгору. Барада набок.

Толькі пэндзаль у руках гарцуе,

Як перастаялы жарабок.

Змрок

Па апраметнай цемры тужыць.

А вагар святла журбу хіне,

То раздзьмухвае,

То цішыць, тушыць

Фарбавы пажар на палатне.

Успамінам цесна,

І цяперака

Хочуць як даўжэй застацца там

З Елісейскіх поймаў мільянерка

І змяя пяшчоты з менскіх дам.

Таямніца прыцемку і зерня.

Цені на калінавых мастах.

Містыка. Містэрыя. Майстэрня.

Маці,

Маціевіч. Маг. Мастак.

* * * Калі на ўчарнелым лёдзе класнае дошкі…

Калі на ўчарнелым лёдзе класнае дошкі,

Нібы скарчанелым пальцам завеі,

Я крэйдай выводзіў бяскроўныя літары,

Надзею цепліў сагрэцца агнём,

Што сухім і ўедлівым прыскам

Бяліў, нябачны, наіўныя пальцы.

Запылены, як размазняваты млынар,

І чуць не чуў,

І слухаць не слухаў

Скрыпучую крыўду крэйды,

Якую зразаў нашчэнт,

Выкрасаючы белыя іскры.

Ледзь не забытае

Іскры гуляюць у жмуркі,

Не турбуючы цішыню.

Нацешыўшыся — бо распрэжаныя —

Подбрыкамі ды галопамі,

Утуманелыя коні

Падыходзяць бліжэй да агню

І па-буслінаму згодліва

Матляюць галовамі.

А полымя гарачагрывае

Вывіваецца — віх ды віх.

У дол узіраюцца зоркі

Позіркамі неатухлымі.

І коней зоркі шкадуюць,

Думаючы, што ў іх

Забралі белыя крылы

Разам з хамутамі й цуглямі.

Зразумеў

Я цяпер зразумеў,

Што такое

Засохлыя карані —

Гэта, калі вада

Іх пакідае.

Ты паехала,

Мне засталося

Стаць вартаўніком цішыні.

Я пастарэў,

Я бяда

Засталася са мной,

Як і ты,

Маладая.

* * * Час паветра не знішчыў…

Час паветра не знішчыў.

І вякуюць вякі

Жывадухі гарышчаў —

Галубы й мастакі.

Неба стомленым дахам

І памостам цвярдым.

Перамогу над страхам

Святкаваць будзе дым.

З воблакамі, з кастрою

Тут усе як свае.

Міласціну настрою

Вышыня падае.

* * * Надзея абяцаць умее…

Надзея абяцаць умее,

Як не ўлашчвай і не гневай,

Надзея падвучыла змея,

Як спакусіць Адама Евай.

Надзея —

Цёплая завея

Развідніць шлях блуканца

Горкі

І так да дрыжыкаў сагрэе,

Што ў небе пералічыш зоркі.

Хінецца да надзеі вера,

Але жартуюць англічане:

Надзея — добрае сняданне,

Ды незайздросная вячэра.

Якубу Коласу

Зарнятка просіцца ў раллю з сяўні,

Каб стаць увосень коласам шурпатым,

Каб стомлены ўраджай вусатым сватам

Яго вагу адчуў на далані.

Вітае хмара колас з вышыні,

І вецер горнецца крылатым братам.

Алмазнасць зерня дарагім каратам

Не ацаніць на вечнасць дабрыні.

У коласа не пра сябе самога —

Пра хлеб надзённы клопат з даўніны,

Калі праснак рукою пана Бога

Надлоемлены насыціць род зямны.

Сярпы, цапы, залеваў бізуны

Катуюць колас, ды ў яго святога

Займаюцца нябеснай рунню сны.

Ды…

Вагаўся,

Ці йсці, ці не йсці яму,

Ушацкі дождж-марасель.

І мне,

Не ведаю сам, чаму

Прымроіўся млосны Марсэль.

Я плыў упоплечкі з хвалямі

І ў

Падумках у неба заплыў.

А ля небакраю быў замак

Іў

І на падумкі рабіў уплыў.

Ці я, ці вецер хакаў, як

Хорт?

Я чуў і подых, і потых вады.

І спіну вечна мокрую

Порт

Хацеў бы выпрастаць,

Ды…

Філалагічны дыпціх

а

Імгненне —

І я слязой пацяку

І знікну ў расчуленай гліне.

Пацалавала мяне ў шчаку

Студэнтка-філалагіня.

Яшчэ не зусім такі карчаку,

Мне стала для радасці мала.

Пацалавала мяне ў шчаку,

Як дзеда, пацалава…

в

Тры цюльпаны ад філалагіні,

Як намёк сівому цельпуку,

Што твая магчымасць ва ўспаміне

Выбрыкам ды подбрыкам ку-ку.

Тры…

Трохкроп’е нецярплівых знічак

На зялёнай прывязі журбы.

Задзірае кпіна ўпарта лычык:

Не забудзься на часціцу бы.

Цяцівіна

Чытаю: Іна — і на

Імгненне ціхае нейкае

Пачую, як даўніна

Іначыць усё і некае.

Не! — кажу забыту вякоў

Шляхетнага роду цяцівіна.

І мутныя вочы крукоў

Святлеюць — з смеласці дзівяцца.

І памяць кросны снуе,

І лесуны барукаюцца.

Шляхі разышліся яе

З бязроднымі выраканцамі.

У прышласць цячы шпарчэй,

Грамнічная кроў крывіцкая!

Сінечу іконных вачэй

Сабачая зграя не выцкуе.

У Полацку ціхнуць званы.

Пан гром пярсцёнак ёй

З мар скуе.

І сняцца вешчыя сны.

Яна ж недарэмна

Снарская!

Васіль ды Васілішка

Дачушка з бацькам праз акіян

Усхліпваюць у тэлефонныя трубкі.

Сям’ю,

Быццам яйка з гняздзечка бацян,

Хто скінуў?

Каму падбіраць шкарлупкі?

Ці ўсё пачынаць нанова з канца,

Як тую куртатую казку пра Бая.

Чуллівая хваля

Дрыжыць за плыўца…

Самота пра страх свой

Пакуль што не дбае…

Марына мары на моры

За пазухай у Бога мой настрой.

Зляцела з неба сіняя іскрына.

Дазвольце мне

Вам пазваніць парой,

Марына.

Зусім неабыякавай карой

Ахоўваецца ў дрэва сарцавіна.

Дазвольце мне

Прысніцца Вам парой,

Марына.

Вясна паснедае расой сырой,

І восень павячэрае хмурынна.

Дазвольце мне

Хоць выгукнуць парой

Імя з марудным мармурам

Мары-на!

Паляшуцкае Вялічка

Васілю Сёмуху

Сонца ў воблака з валлічка

Выпала паволі.

Паляшуцкае Вялічка,

Развінай павоі!

Не няволь вала цярпення

У блуклівым лесе.

Хай нямогласці рапеня

На тырчаку лезе.

Смех устурыць паляжучку,

Сцішыць пабягая.

Даганяе паляшучку

Паляшук да гаю.

Маладзець

Пружанскі, Мірскі

Замкі ўсе гатовы.

Разлятаюцца на пырскі

Словы Васілёвы.

Добра пасвіцца падпаску.

Хмельна ў кожнай ятцы.

Адгулялі дзеўкі паску,

Адкачалі яйцы…

Дзяннік

Быццам булён малаком,

Снегам прысіўлены трошкі

Ранак нясмелага сакавіка.

Ручніку невісіцца,

Сарвацца з цвіка

І на волі

Хоць чорту напяцца на рожкі.

Як бяліўся, калеў,

Калянеў на туманлівых поймах,

Дзе ллянела душа,

Не забыўся ручнік.

Учарнелы ад выспяткаў,

Прыгадае дзяннік,

Як рыпелася ганку

Быць у цішы на соймах…

Жняя

Людміле Мазанік

Як тая жняя на знядбанай палосцы,

Журбы немаўлятка стаіўшы пад полаг,

Слугуючы літары кожнай і косцы,

Нябытак з нябыту

Вяртае тэкстолаг.

Ратуе, бінтуе, рэабілітуе

І думку, й намёк,

І падтэкст, і задуму.

Сабой ахвяруе

На справу святую,

У келлі самоты

Пазбыўшыся тлуму.

…Пакутныя душы

Збавення прасілі.

Бядой набрынялае ныла калоссе.

…І грэлася

Зорка святой Еўфрасінні

У жнейчыным зірку,

У знейчыным лёсе…

Акрааўтограф

Туман. Зняверанасць. Самотнасць.

Акрайчык месячка ў расе.

Надзеі прагнай небаўлётнасць.

І слова вернае красе.

Бярыце гэта ўсё з сабою,

Аддайце радасці даўгі.

Радзей вітайцеся з журбою.

Даверце ласкі ланцугі

Зямным імгненням і гадзінам.

Іначце самі дні свае,

Якія подыхам адзіным

На памяць вечнасць раздае.

* * * І толькі ашалелы вецер…

І толькі ашалелы вецер,

Пэўна,

І застанецца ў памяці вякоў.

Ачахне соллю

Хваляванняў пена.

І перасохне скруха васількоў.

А вецер пыл садзьме

З магіл забытых

І намяце навеі ў лістабой,

Перачытае

Надпісы на плітах

І не забудзе ўспомніць

Нас з табой.

Незабыты экспромт

Алегу Лойку

Над Сенаю я ўспомніў Шчару

І на прыслонку свету —

Слонім.

І асушыў у думках чару,

І пакланіўся тым далоням,

Што ціха ўзгадавалі сына,

Каб суцяшаў свой Край у горы.

І Сена ціхаплынна, слынна

Параіла зірнуць на зоры,

Якіх не ўгледзіш над Парыжам,

А ім над Слонімам — раскоша.

Там, гордая сваім прэстыжам,

Хмялее свежая пакоша.

Спаць цені клаліся ў разоры,

І Слонім плыў бяседай ленай,

І чокнуцца хацелі зоры

З нябачнымі над смутнай Сенай.

01.05.1991

Парыж

* * * І даводзіцца вепруку…

І даводзіцца вепруку

Трапезу падзяляць сырую.

Чорны бусел

У хлеўчуку

Да наступнай вясны кватаруе.

Белавежа прымежным крысом

Ад бяды засланяе да часу.

Гаспадыні нешта праз сон

Шэпчацца пра красу й закрасу.

Лыч з крылом

Не сіло звяло.

Клёкат збег бы пагрэцца ў пушчу.

Зажывае для ўзлёту крыло,

Лыч, як поўня, цяжэе

Для тлушчу…

Сабе на дзень нараджэнння

Дзён, як знаёмых, менш і менш.

Маўчыць туга ўсыцелая.

І ўжо не адчуваеш меж

Між прыцемкамі й цемраю.

А потым

На гэтай настылай зямлі,

У гэтым халодным свеце

Нам Госпад дазволіў:

Сівейце,

Пакуль растуць мазалі,

А потым пясок шчырэц

Нас прыме ўсіх без разбору.

І кожны,

Хто з двору, хто з бору,

Свой конавы п’е карэц.

Сум сочыць,

Каб параслі

Нябытам і заўтра й сёння,

І ў могліц

Сышлі з далоняў

Магілак глухіх мазалі…

Шкляр

Узрост, як шкляр,

Стараецца хутчэй

Прыцьмела-затуманенай слюдою

Зашкліць усё прынадна маладое,

Адгарадзіць ад рук і ад вачэй.

Глядзіш на маладух, як на ваду

Вандроўнік,

Што прагнаць не хоча смагу.

Жывеш,

Як у празрыстым саргафагу,

І хлусіш старасці:

іду… іду…

Дыханне

Здаецца,

Рака сабе вены ўскрые.

Рыбацкае шчасце

Давязвае сетку.

Спакойна

Зношаныя старыя

Пра смерць гавораць,

Як пра суседку…

Спрыяюць

Пашаны срэбра, няўвагі медзь

І дамавіны адкрытасць

Спрыяюць бядзе зразумець

Няшчадную літасць.

* * * Гэты звон…

Гэты звон,

Як дабравесце вязню, —

Звон ключоў,

Што адмыкаюць волю.

І ланцуг бліскучы

Долу бразне.

І прамень сагрэе

Змрок пад столлю.

Звон ключоў

На гэтым свеце дзённым

І на тым,

Дзе час цячэ начамі.

Брама ў рай

Сустрэне цёмным звонам —

Зазвініць

Святы Пятро ключамі…

* * * І раптам хлопец малады…

І раптам хлопец малады

З абліччам Міхася Стральцова,

Расчырванелы ад хады,

Узнікне,

Быццам выпадкова.

І пацяплеюць халады.

Замлеюць каташкі марцова.

Дамы заселяць гарады,

Як дáмы Міхася Стральцова.

Праступяць праз траву сляды.

Ад снегу абтрасецца слова.

Пайду да Міхася Стральцова

На шклянку думкі.

Як тады…

* * * Калі дайсці да рысы…

Калі дайсці да рысы,

За якой

Сябе самога ўжо не будзе шкода,

Душу насмеліцца прыняць спакой,

І незямной лагоды ахалода

Астудзіць пал,

Як на гасцінцы пыл,

Дзе дні твае ішлі,

Падняўшы крыссе.

І прыцемна ўсміхнецца небасхіл,

Аб стому баючыся апячыся…

* * * Прашчуры стараліся…

Прашчуры стараліся,

Каб прашча

Камень гневу кінула далей.

Продкі ў попрадкі хадзілі

Нашча,

Пралі нітку лёсу

Ды алей

Ціснулі на пост

Ды на лампадкі,

Каб цяплела

На душы ў багоў.

Моцна

Перавязваліся спадкі

Ніткай лёсу,

Доўгай ад даўгоў.

А каму й за што

З нас кожны вінны,

Дню — за тлум

Ці за спакой — начы?

Не дадуць адказ,

Хоць закрычы,

Вусны сціснутыя дамавіны…

* * * Да суму трэба дарасці…

Да суму трэба дарасці,

Каб зразумець і тых,

Якія

Аднойчы ўжо дайшлі ў жыцці

Да радасці на помах кія.

Ды быць любімцамі ў яе

Ім не дазволіў сум раўніва.

Ім толькі радасці стае

Сніць неўгароджанае сніва.

Вір задыхаецца гусці,

У глыбакосці глухне яма.

Да суму трэба дарасці,

Як і да сораму,

Таксама…

* * * Дзякуй Госпаду за дазвол…

Дзякуй Госпаду за дазвол

Папрысутнічаць на бяседзе,

Дзе на ўсіх засцілаўся стол,

Дзе прыткнуўся я

Збоку недзе.

Дзякуй Госпаду за дазвол

Слова мовіць на той бяседзе,

Дзе стагнаў ад рогату стол,

Сум яшчэ не прасіўся ў суседзі.

Дзякуй Госпаду за дазвол

Затрымацца на той бяседзе,

Дзе трымаўся,

Як плот за кол,

Змрок за зорку ў капытным следзе.

Час усё скапыціў наўкол.

Свет цямнець навучыўся ў медзі.

І прыходзіць канец бяседзе.

Дзякуй Госпаду за дазвол!

Загрузка...