Хочацца жыць, нават калі ня хочацца жыць
Калі сьнег пачынае падаць
калі лепіцца ў горле ком
не таму што ты хочаш плакаць
а таму што зіма вакол
калі сьнег перастаў на вейках
таяць, людзі пад ліхтаром
танчаць рэгі на сьлізкіх рэйках
і дарма што зіма кругом
ты глядзіш з-за высокіх кратаў,
а ў вачох ўсё дрыжыць дрыжыць
не таму што ты ўжо заплакаў
а таму што жыцьцё імжыць
не ідзе, не вальсуе ў танцы,
не бурліць, не цячэ-бяжыць.
разумееш, што нават зараз
хочаш жыць