***
Што мне рабіць з табою,
такой прыгожаю?
Калі ты стаіш на кухні
ў адных шкарпэтках
і варыш каву мне
ў маёй кватэры, –
Глядзець на цябе.
Што мне рабіць з табою,
такой разумнаю?
Калі ты расказваеш
мне з захапленьнем
пра фільм, які паглядзела,
пакуль я была на працы, —
Слухаць цябе.
Што мне рабіць з табою,
такой пяшчотнаю?
Калі ты ўсьміхаесься
і кратаеш мяне за руку
сваёю рукой
пяшчотнай, як ты ўся, —
Абдымаць цябе.
Што мне рабіць з табою,
такою дзікай?
Калі ты ператвараесься
у ваўчыцу, і я
імгненна
ператвараюся ў ваўка, —
Спаць з табой.
Што мне рабіць з табою,
такою зьменлівай?
Кожны дзень рознаю,
непасрэднаю,
пазбаўленай лёгікі, ды
нявечнаю, —
Быць з табой.