Ад кішлака да кішлака

ГІСАРСКІ УПАМІН


Па жончыных прысмаках

не ўздыхай,

Даверся лепей носу,

нос не вешай.

Сусаніным

ідзе Рыгор Няхай,

Дзе пахне ўладна

смажанінай свежай.

Настрою хмурага

адкінь башлык,

Арэхі лушчы,

злосны перац трушчы.

Сквярэцца без датацыі

шашлык

На лютых вугалях

на ўласным тлушчы.

Здымай з бутэлькі

ўпартую чалму —

Шкляны халат

нявінны мае колер.

Буксуе,

сам не ведае чаму,

Ішак —

чатырохногі мотаролер.

На протары

кавалак барана —

Бяры яго зубамі,—

як са шпагі.

Сквірчыць у роце,

хоць глыток віна

Ён просіць,

захлынаецца ад смагі.

Усюды восень

смажыць шашлыкі,

Ад дыму сіне

над Таджыкістанам.

Завоблачны Памір

i кішлакі

Ад паху захмялелыя

хістае.

* * *


Сонца,

горы не экрань.

Рань.

Баркас,

спі.

Справа —

горад Ленкарань,

Злева —

Каспій.

Гэта я ў якім баку,

Сам не помню.

Першы раз пасля Баку

Бачу пойму.

Кругам ходзіць галава.

Захлынае

Ранішняя мурава,

Сакаўная.

Лашчу шэрыя стагі

Прагным вокам.

Не завыць бы ад тугі

Шэрым воўкам!

Верыць з раніцы сабе

Не бяруся.

Можа, проста я ў журбе

Ў Беларусі?

Ці за ноч даўгую, бач,

Покуль спаў я,

Туі выраслі ля Ўшач,

Нават пальмы?

Дзе ж бары маглі тады

Затуліцца,

Замялі свае сляды —

Hi ігліцы.

He сказалі:

— Досыць зім,

Лепей поўдзень!

Мы

у вырай не ўзляцім —

Значыць,

пойдзем.

Каспій

ад пустынь-разяў

Збег упрочкі,

Бег —

аж вымытых не ўзяў

Hi сарочкі?

І ў азёрнай старане

Пахне нафта?

Бачыць гэткае i ў сне

Ці не

надта?..

Край,

красой без лекаў рань.

Змрок,

Рака,

спi.

Прачынайся,

Ленкарань!

Не cпi,

Каспій!

СКРЫВЕРЫ


Настрой па сонцу выверы.

З вясёлай галавой

Ідзі на золку ў Скрыверы

Зялёнаю травой.

У студні дрэмлюць сіверы.

I весніцы услед

Засмягла склыгнуць:

— Скры-ве-ры.

Прывет,

зялёны свет!

Хмурынка б'ецца чаіцай.

Уецца дыму хмель.

I Даўгава спяшаецца,

Як удава ў пасцель.

Імчыць сабе да Балтыкі

Гуллівая Дзвіна.

— Зямлячка,

што за пал такі?..

Але маўчыць яна.

Узгоркамі, нізінамі

Хаваецца з вачэй.

Ад нафты хоча, сіняя,

Адмыць сябе хутчэй.

Паважнымі персонамі

Дубы ля берагоў,

Прапахлі сцежкі сонныя

Дрымотай мурагоў.

А заўтра ж ноч купальская.

Галіну, дуб, нагні!

У ціхім сэрцы паляцца

Ласкавыя агні.

Пад ранне месяц скрывіцца,—

Цыганская душа.

Пад ранне ўбачаць Скрыверы

Яго на дне каўша...

АД МАХАЧКАЛЫ ДА БАКУ


Джыгіт-цягнік,

імчы наўскач!

Шапчы скале,

скала!

Прыпынак пяць хвілін,

хоць плач.

Прабач,

Махач —

Кала!

У горь! цягнуцца з далін

Атары туманоў.

Курлыча жураўліны клін:

— Дом пакідаем зноў.

Да ачагоў

паслаў Каўказ

Папахі,

шашлыкі

I рогі гнутыя для вас,

Раўніўцы-вахлакі.

Хоць шыбіну рукой крані,

Спатнелую ад рос:

Ці гэта горац на кані,

Ці пачак папярос?

Джыгіт-цягнік,

цягні з усіх —

Яшчэ далёкі шлях.

Мы душымся ў купэ сваіх,

Як пеўні ў кашалях.

Да рэчкі йдуць таполі,

як

Гаранкі за вадой.

Вушамі хваліцца ішак

(Абы не галавой!).

Гэй, сонца,

хмары разгані,

Смугу начы сатры.

Гараць прывальныя агні,

Раскінуты шатры.

Ля грознай крэпасці былой

Бадзягі-цыганы,

Mo хочуць авалодаць ёй

Аблогаю яны.

Імчыць наўскач

цягнік-джыгіт,

Не стомлены зусім.

I Каспій,

як вясёлы гід,

Смяецца добра ўсім...

У КІЕВА-ПЯЧОРСКАЙ ЛАЎРЫ


Язык да Кіева давядзе,

Аўтобус дамчыць у момант.

Багдан Хмяльніцкі,

Крашчацік...

А дзе

Лаўра?

Пытаем, вядома.

У Кіеве быць i яе не пабачыць?!

Такога нельга сабе прабачыць!

Бабкі, прабабкі

Ішлі пехатой,

Ішлі месяцамі

Да Лаўры святой.

Давалі зарок.

Халадалі, пасцілі,

Каб ix ацанілі,

Грахі адпусцілі.

I вось мы, нарэшце,

Ля Лаўры слыннай.

З нас кожны бязгрэшны,

З душою нявіннай.

Тут ад мірской мітусніны

Схоў.

Вінен,

Дык лахі пад пахі!

За браму зайшоў —

Палова грахоў,

А рэшту —

Адпусцяць манахі.

Тут іншы выходзіў

З вады сухі,

Другі —

На дно ішоў,

Як палена,

Дзямідаву

Адпусцілі грахі

Аж да апошняга, пэўна,

Калена.

За тыя для храма бязгрэшна

Пліты,

Што грэшнікамі былі

На Урале адліты.

А пліты гладкія,

Як мазалі.

Па сходцах

У падзямелле сходзім.

Ідзём,

Па-сучаснаму мысліць калі,

У метро

Дванаццатага стагоддзя...

Каб глянуць на мошчы,

Спускаемся доле.

А пад сонцам даверлівым

На Падоле

Салаўі заліваюцца

Так няшчадна.

...Так мошчы б чынуш

Захаваць для нашчадкаў.

Няхай бы паказвалі

Гордыя гіды

I ў душах будзілі

Паболей агіды.

За святатацтва

Даруй мне, Лаўра.

Ступені не маючы бакалаўра,

У мяне будзённыя параўнанні.

Лаўра, бывай!

Стольны град,

Да спаткання!

ПРЫПАР


Hi рыбакоў,

Hi лайдакоў,—

Сягоння ў адгуле

Возера Павулле.

І ўся,

Ад пят да макаўкі,

У сене вёска Якаўкі.

Зімой быць хочаш з малаком,

Мянціць не будзеш языком!

Мянці касу,

Будзі расу!

Займай пашырай паласу!

З пагодай не кажы да трох.

Цвялі касу,

Валі мурог.

Абы цябе мурог

Не змог!

А не накосіш мурагу,

Аб тым карове — ні гу-гу!

Машынкі рэдакцыйнай стук

Забудзься,

Друг каханы,

Шчырэй з касой,

Алег Салтук,

Далёкі цёзка хана!

Са школы помніш,

Што Кальцоў

Быў не апошні між касцоў!

Тапчэўскі Фелікс,

Твой зямляк,

I ў гэтай справе

ведаў смак.

Адбілася

Вада ад рук.

Урочышча,

Як вулей.

Ляціць з балота

Цецярук

Напіцца у Павуллі.

Там ценям чаратоў

Кулік

Вядзе

Дакладнейшы падлік.

Над польным морам чаіцца

Сама з сабой спрачаецца.

Валун

Адлежвае бакі,

Як пастамент,

Чакае,

Хто стане на яго такі?

Ці ёсць

Патрэба тая?

А ноччу,

Млоснай ноччу

Стагам давераць вочы

Ён i яна,

Яна i ён.

I да відна

Забудуць сон.

I песню ранішняй тугі

Пачуюць зноўку берагі:

— Ах, мой смутак,

Ну чаму так

Я журыцца змушана?

Толькі рута

Не кранута,

Грушына

Не рушана...

БУЗКАШЫ


Ты не бачыў аніколі

Бузкашы?

Ты таджыку пра такое

Не кажы!

Не застольная бяседа —

Бузкашы:

Захапі казла ў суседа

I скачы.

Не зважаюць на начальства.

На радню,

Капыцяць і рвуць на часткі

Цішыню.

І чыны й пасады зніклі,

Зло — на злом!

Галава адно панікла

Над казлом.

Гэты козлік адпушчэння

Два пуды,

Не схаваеш у кішэні —

Паўбяды!

Жарабца хлапец асмуглы

Закасіў.

Сам бізун, як тыя цуглі,

Закусіў.

Горды дзед

белагаловы,

Як Памір,

Б'е галопам, б'е галопам

Жоўты жвір.

Зашчаміў казла нагою,

Вецер — друг.

Мчыць пагоня, не нагоніць —

Блізка круг.

Не відаць у тлуме, ў гуле

Ну ані —

На казле ляціць дзядуля?..

На кані?..

Кінуў чорнага i крэкча,

Перамок.

Мо ў апошні раз старэча

Перамог.

Раздзімаюць горны-храпы

Скакуны.

Тут не возьмеце нахрапам,

Крыкуны.

Мы ў даліне ўтульнай спеем,

Бы ў кашы.

Не да працы, не да спеваў —

Бузкашы!

Валам валяць людзі звыкла

З кішлакоў,

Заганяюць матацыклы,

Ішакоў.

Піялу з зялёным чаем

Асушы —

І прыпомніш ты з адчаем

Бузкашы.

У прэзідыумах млеюць —

Бузкашы,

На паважных асамблеях —

Бузкашы.

I на зборышчах паэтаў —

Бузкашы.

Ды таджыку ты пра гэта

Не кажы!..

Загрузка...