26 чэрвеня. Мне лягчэй. У мяне скончыўся ўвесь запас мяса, i я павiнен быў пайсцi на паляванне, хоць i адчуваў страшэнную слабасць. Забiў казу, ледзь прыцягнуў яе дадому, спёк кавалачак мяса на вуголлi i з'еў. Вельмi хацелася зварыць супу, але ў мяне няма нi каструлi, нi гаршка.

27 чэрвеня. Зноў лiхаманка, такая моцная, што я ўвесь дзень праляжаў без яды i вады. Я памiраў ад смагi, але не меў сiлы ўстаць i пайсцi па ваду.

28 чэрвеня. Ноччу мучыўся ад смагi, але нi ў палатцы, нi ў пячоры не было нi кроплi вады, i мне давялося пакутаваць да ранiцы. Толькi пад ранiцу здолеў заснуць. Падрыхтаваў сабе лекi: тытунёвую настойку i ром. Выпiў яго, i мяне пачало ванiтаваць. Але ўсё ж крыху палягчала.

30 чэрвеня. Я адчуваў сябе здаровым увесь дзень. Лiхаманкi не было. Пахадзiў са стрэльбай, але нядоўга: пабаяўся заходзiць далёка. У абед з апетытам з'еў чарапашыныя яйкi. Вечарам паўтарыў тыя ж лекi, якiя памаглi мне ўчора.

I ўсё роўна на другi дзень, 1 лiпеня, мне зноў зрабiлася кепска: мяне зноў калацiла лiхаманка, хоць гэты раз i менш, чым раней.

З 3 лiпеня мая лiхаманка больш не вярталася. Але канчаткова я ачуняў толькi тыднi праз два-тры...

Так пражыў я дзесяць месяцаў на гэтай самотнай выспе. Мне было зразумела, што выратавацца адсюль у мяне няма нiякай магчымасцi. Я быў цвёрда ўпэўнены, што да мяне тут нiколi не ступала нага чалавека.

Цяпер, калi маё жытло было абнесена трывалай агароджай, я вырашыў самым старанным чынам даследаваць выспу, каб даведацца, цi няма на ёй якiх-небудзь iншых жывёл i раслiн, якiя здолелi б прынесцi мне карысць.

З 15 лiпеня я пачаў агляд. Перш за ўсё я накiраваўся да той маленькай бухты, куды я прычальваў свае плыты. У бухту ўпадаў ручай. Прайшоўшы мiлi дзве ўверх па цячэннi, я ўпэўнiўся, што прылiў туды не даходзiць, таму што на гэтым месцы i вышэй вада ў ручаi аказалася прэснай, празрыстай i чыстай. Мясцiнамi ручай перасох, бо ў гэту пару года тут не iдуць дажджы.

Берагi ручая былi нiзкiя; ручай працякаў прыгожым лугам. Кругом зелянелi густыя, высокiя травы, а далей, на схiле пагорка, у вялiкай колькасцi рос тытунь. Разлiў не даходзiў да гэтых мясцiн, i таму тытунь тут аж буяў. Там былi i iншыя раслiны, якiх раней я нiколi не бачыў; магчыма, калi б я ведаў iх асаблiвасцi, я мог бы выкарыстаць iх з вялiкай карысцю для сябе.

Я шукаў касаву*.

* Касава - дрэўца, якое разводзiцца ў Амерыцы; у карэннi касавы многа спажыўнага крухмалу.

З кораня яе iндзейцы, якiя жывуць у гарачым клiмаце, робяць хлеб. Але я не знайшоў яе. Затое бачыў цудоўныя экземпляры альясу* i цукровага трыснягу.

* Альяс - трапiчная раслiна з сямейства лiлейных.

Але я не ведаў, цi можна прыгатаваць якую-небудзь ежу з альясу, а цукровы трыснёг быў дзiкi i таму не прыгодны для вырабу цукру.

На другi дзень, 16-га, я зноў пабыў у тых мясцiнах i прайшоў крыху далей туды, дзе канчалiся лугi. Там я знайшоў многа розных пладоў. Больш за ўсё было дыняў. А па ствалах дрэў вiлася вiнаградная лаза. А над галавой вiселi цяжкiя спелыя гронкi. Гэта адкрыццё i здзiвiла i ўзрадавала мяне. Вiнаград аказаўся вельмi салодкi. Я вырашыў нарыхтаваць яго ў запас - высушыць на сонцы i, калi з яго атрымаюцца разынкi, хаваць яго ў кладоўцы: разынкi такiя прыемныя на смак i карысныя здароўю. Для гэтага я сабраў, колькi здолеў, вiнаградных гронак i развесiў iх на дрэвах.

У гэты дзень я не вярнуўся начаваць, мне захацелася застацца ў лесе. Непакоячыся, што ўначы на мяне можа напасцi якi-небудзь драпежнiк, я, як i ў першы дзень, калi трапiў на выспу, ускараскаўся на дрэва i так прабыў усю ноч.

Спаў я добра, а ранiцой накiраваўся далей. Я прайшоў яшчэ мiлi чатыры ў ранейшым кiрунку на поўнач. У канцы дарогi я адкрыў новую цудоўную далiну. З вяршынi аднаго з пагоркаў браў свой пачатак сцюдзёны i быстрацечны ручай. Ён прабiваўся на ўсход.

Я пайшоў далiнаю. Справа i злева ўзвышалiся пагоркi. Усё вакол зелянела, квiтнела. Мне здавалася, што я ў духмяным садзе, дагледжаным стараннем чалавека. Кожны куст, кожнае дрэўца i кожная кветка стаялi ў пышным уборы. Какосавыя пальмы, апельсiнавыя i лiмонныя дрэвы раслi тут скрозь, але яны былi дзiкiя, i толькi некаторыя з iх мелi плады. Я нарваў зялёных лiмонаў i потым пiў ваду з лiмонным сокам. Гэты напiтак мяне вельмi асвяжаў i быў карысны для майго здароўя.

Толькi праз тры днi я вярнуўся дадому (так буду цяпер называць сваю палатку i пячору). Я з захапленнем успамiнаў цудоўную маляўнiчую далiну, якую я знайшоў, уяўляў яе гаi, з багаццем пладовых дрэў, думаў пра тое, як яна добра затулена ад вятроў, колькi там крынiчнай вады, i я прыйшоў да заключэння, што месца, дзе я збудаваў сабе дом, я выбраў няўдала: гэта найгоршая мясцiна на ўсёй выспе. А зрабiўшы такое заключэнне, я, натуральна, пачаў марыць пра тое, як бы мне перасялiцца ў тую квiтнеючую зялёную далiну, дзе такое багацце розных пладоў. Трэба было толькi адшукаць у той далiне адпаведнае месца i абгарадзiць яго ад нападу драпежнiкаў.

Гэта думка доўга хвалявала мяне: свежая зелянiна цудоўнай далiны так i клiкала мяне да сябе. Мара аб перасяленнi захапляла мяне i радавала. Але калi я дакладна абдумаў гэты план, калi разважыў, што зараз з мае палаткi я заўсёды бачу мора, а гэта азначае, маю хоць маленькую надзею на шчаслiвую змену ў маiм лёсе, я сказаў сабе, што мне нi ў якiм разе не варта перабiрацца ў далiну, з усiх бакоў закрытую пагоркамi. Можа ж так здарыцца, што хвалi занясуць на гэты бераг другога небараку, пацярпеўшага караблекрушэнне ў моры, i хто б ён нi быў, той няшчасны, я буду рады яму, як лепшаму сябру. Вядома, на такую выпадковасць надзеi было мала, але схавацца сярод гор i лясоў, у глыбiнi выспы, удалечынi ад мора, азначала б назаўсёды замураваць сябе ў гэтай турме i да самае смерцi забыць усякiя мары пра волю.

I ўсё роўна я так палюбiў тую далiну, што прабыў там амаль увесь канец лiпеня i зладзiў сабе там другое жытло. Я паставiў у далiне будан, абгарадзiў яго наглуха моцным двайным частаколам вышэй чалавечага росту, а прамежкi памiж частаколiнамi залажыў ламаччам; выходзiў жа з двара i заходзiў у двор, як i ў маiм старым жытле, па прыстаўных лесках.

Такiм чынам, мне i тут не было чаго баяцца нападу дзiкiх звяроў. Мне так падабалася быць у гэтых новых мясцiнах, што я часам затрымлiваўся там па некалькi сутак, i дзве-тры ночы запар я спаў у будане, i мне вельмi лёгка дыхалася.

"Цяпер у мяне на беразе мора ёсць дом, а ў лесе лецiшча", - казаў я сам сабе. Работы па збудаванню гэтага "лецiшча" забралi ў мяне ўвесь час да пачатку жнiўня.

3 жнiўня я ўбачыў, што мае развешаныя гронкi вiнаграду ўжо высахлi i з iх атрымалiся выдатныя разынкi. Я адразу ж пачаў iх збiраць. Трэба было спяшацца, iнакш iх сапсаваў бы дождж, i я пазбавiўся б амаль усiх сваiх зiмовых прыпасаў, а прыпасы ў мяне былi багатыя: напэўна, каля двухсот вельмi буйных гронак. I ледзь толькi паспеў я зняць з дрэва i занесцi ў пячору апошнюю гронку, як насунулiся чорныя хмары i хлынуў лiвень. Ён iшоў без супынку два месяцы: з 14 жнiўня да паловы кастрычнiка. Часам гэта быў сапраўдны патоп, i тады я не меў магчымасцi выйсцi з пячоры па некалькi дзён.

За гэты час, на маё вялiкае задавальненне, у мяне павялiчылася сям'я. Адна мая кошка даўно ўжо сышла з дому i дзесьцi прападала, я думаў, што яна загiнула, i мне было шкада яе, як раптам у канцы жнiўня яна вярнулася i прывяла траiх кацянят.

З 14 па 26 жнiўня дажджы не спынялiся, i я амаль не выходзiў з дому, таму што пасля хваробы асцерагаўся трапляць пад дождж, баючыся прастуды. Але пакуль я сядзеў у пячоры i чакаў добрага надвор'я, мае харчовыя прыпасы пачалi падыходзiць к канцу, i таму я разы два нават рызыкнуў схадзiць на паляванне. Першы раз я падстрэлiў казу, а другi, 26-га, злавiў вялiзную чарапаху, з якой згатаваў сабе цэлы абед. Наогул у той час маё харчаванне размяркоўвалася так: на снеданне гронка разынак, на абед кавалак казляцiны або чарапашынага мяса (спечанага на вуголлi, таму што, на жаль, у мяне не было ў чым варыць цi смажыць), на вячэру два цi тры чарапашыныя яйкi.

Усе гэтыя дванаццаць дзён, пакуль я хаваўся ў пячоры ад дажджу, я штодня па дзве цi па тры гадзiны займаўся землянымi работамi, бо даўно ўжо надумаўся павялiчыць свой склеп. Я капаў i капаў яго ўсё ў адзiн бок i, нарэшце, вывеў за агароджу.

Цяпер у мяне быў скразны ход, i я зрабiў тут патайныя дзверы, праз якiя мог заходзiць i выходзiць, не карыстаючыся прыстаўнымi лескамi. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жытло было агароджана з усiх бакоў, i я мог спаць, не баючыся ворагаў; цяпер жа прабрацца ў пячору было проста: доступ да мяне быў адкрыты! Не разумею толькi, як я тады не даўмеўся, што баяцца мне няма каго, таму што за ўвесь час я не сустрэў на выспе нiводнае жывёлiны, большай за казу.

30 верасня. Сёння сумная гадавiна майго жыцця на выспе. Я падлiчыў зарубкi на слупе, i выявiлася, што жыву я тут роўна трыста шэсцьдзесят пяць дзён!

Пашанцуе мне цi не калi-небудзь вырвацца з гэтай турмы на волю?

Нядаўна я выявiў, што ў мяне засталося вельмi мала чарнiла. Трэба будзе абыходзiцца з iм больш ашчадна. Да гэтага часу я вёў свае запiсы штодня i запiсваў розныя дробязi, цяпер буду запiсваць толькi выдатныя падзеi майго жыцця.

Да гэтага часу я паспеў заўважыць, што перыяды дажджоў чаргуюцца тут вельмi дакладна з сухiм сезонам, i, такiм чынам, я меў магчымасць загадзя падрыхтавацца i да засухi i да дажджоў.

Аднак вопыт гэты каштаваў мне вельмi дорага. Пра гэта сведчыць хоць бы такая падзея, якая здарылася са мною ў той час. Адразу ж пасля дажджоў, калi сонца прайшло ў Паўднёвае паўшар'е, я вырашыў, што настаў зручны час, каб пасеяць тыя мiзэрныя запасы рысу i ячменю, пра якiя гаварылася вышэй. Я пасеяў iх i з нецярпеннем пачаў чакаць ураджаю. Але надышлi сухiя месяцы, у зямлi не засталося нi кроплi вiльгацi, i нi адно зерне не ўзышло. Добра, што я адклаў у запас па жменьцы рысу i ячменю. Я так i сказаў сабе: "Лепш не высяваць усяго насення; я ж не ведаю добра яшчэ тутэйшы клiмат, i я не ведаю напэўна, калi сеяць i калi збiраць ураджай". Я вельмi хвалiў сябе за гэту перасцярогу, бо быў упэўнены, што ўвесь той пасеў загiнуў ад засухi. Але ж як я быў здзiўлены, калi праз некалькi месяцаў, як толькi пачалiся дажджы, амаль усё маё зерне ўзышло, як быццам я толькi што яго пасеяў!

Пакуль рос i паспяваў мой хлеб, я зрабiў адно адкрыцце, якое потым прынесла мне немалую карысць.

Як толькi спынiлiся дажджы i надвор'е ўсталявалася, недзе прыблiзна ў лiстападзе, я сабраўся на сваё лясное лецiшча. Я не быў там некалькi месяцаў i з радасцю ўпэўнiўся, што ўсё там засталося без змены, у тым самым выглядзе, як было i пры мне. Змянiлася толькi агароджа вакол майго будана. Яна была, як вядома, з двайнога частаколу. Агароджа была цэлая, толькi частаколiны, на якiя я высек маладыя дрэўцы не вядомай мне пароды, што раслi паблiзу, частаколiны мае пайшлi ў рост, гэтак як расце ў нас лаза, калi зрэзаць верхавiнку. Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы гэтыя свежыя галiны, i мне было вельмi прыемна, што агароджа мая ўся ў зелянiне. Я падстрыг кожнае дрэўца, каб па магчымасцi надаць iм усiм аднолькавы выгляд, i яны дзiвосна разраслiся.

Хоць круглая плошча майго лецiшча мела каля дваццацi пяцi ярдаў у дыяметры, дрэвы (так я мог цяпер называць свае частаколiны) хутка засланiлi яе сваiмi галiнамi i давалi такi густы цень, што ў iм можна было хавацца ад сонца ў любую пару дня. Таму я вырашыў ссекчы яшчэ некалькi дзесяткаў гэтакiх жа калоў i ўбiць iх паўкругам вакол агароджы майго старога дома. Так я i зрабiў. Я ўбiў iх у зямлю ў два рады, адступiўшы ад сцяны ярдаў на восем. Яны прынялiся, i неўзабаве ў мяне вырасла жывая агароджа, якая спачатку баранiла мяне ад спякоты, а пазней саслужыла мне i зусiм iншую, больш важную службу.

Да гэтага часу я канчаткова ўпэўнiўся ў тым, што на маёй выспе поры года трэба падзяляць не на летнi i зiмовы перыяды, а на сухi i дажджлiвы, прычым гэтыя перыяды размяркоўваюцца прыблiзна так:

-----

Палова лютага.

Сакавiк.

Палова красавiка.

Дажджы.

Сонца стаiць у зенiце.

-----

Палова красавiка.

Май.

Чэрвень.

Лiпень.

Палова жнiўня.

Суха.

Сонца рухаецца да поўначы.

-----

Палова жнiўня.

Верасень.

Палова кастрычнiка.

Дажджы.

Сонца ў зенiце.

-----

Палова кастрычнiка.

Лiстапад.

Снежань.

Студзень.

Палова лютага.

Суха.

Сонца рухаецца на поўдзенi.

-----

Дажджавы сезон можа быць даўжэйшы i карацейшы - гэта залежыць ад ветру, а ўвогуле я вызначыў iх правiльна. Паступова, з практыкi, я ўпэўнiўся, што мне вельмi небяспечна ў перыяд дажджоў знаходзiцца пад адкрытым небам: гэта шкодзiць здароўю. Таму перад пачаткам дажджоў я кожны раз рабiў запас правiзii, каб як мага радзей выходзiць за парог, i ўсе дажджлiвыя месяцы стараўся сядзець дома.

РАЗДЗЕЛ АДЗIНАЦЦАТЫ

Рабiнзон працягвае даследаваць выспу

Не раз спрабаваў я сплесцi сабе кош, але дубцы, якiя мне траплялiся, былi такiя крохкiя, што ў мяне нiчога не атрымлiвалася.

Дзiцем яшчэ любiў я хадзiць да карзiншчыка, якi жыў у нашым горадзе. Я ўважлiва назiраў, як ён робiць кашы. I цяпер гэта мне вельмi прыдалося. Усе дзецi назiральныя i любяць дапамагаць дарослым. Прыгледзеўшыся да работы карзiншчыка, я неўзабаве скемiў, як ён пляце свае кашы i карзiны, i, як умеў, хутка пачаў i сам памагаць яму. Паступова я навучыўся плесцi не горш за свайго прыяцеля... I вось цяпер у мяне не было толькi адпаведнага матэрыялу. Нарэшце мне прыйшла ў галаву думка: а цi не паспрабаваць мне дубцы тых дрэў, з якiх я гарадзiў свой частакол? У iх жа галiны павiнны быць гэтакiя ж гнуткiя, як у нашае лазы цi вярбы. I я вырашыў паспрабаваць.

На другi ж дзень я пайшоў на лецiшча, выбраў i зрэзаў некалькi самых тонкiх дубцоў i ўпэўнiўся, што яны як лепш не трэба прыгодныя для пляцення кашоў. У наступны раз я прыйшоў з сякераю, каб адразу насекчы дубцоў як найбольш. Мне не прыйшлося доўга шукаць iх, таму што дрэвы гэтай пароды раслi тут скрозь. Насечаныя дубцы я перанёс за агароджу майго будана i схаваў там.

Як толькi пачалiся дажджы, я сеў за працу i пачаў плесцi кашы. Яны служылi мне на розныя патрэбы: я насiў iмi зямлю, складаў у iх розныя рэчы i г. д. Праўда, кашы ў мяне атрымлiвалiся не вельмi каб зграбныя, але яны былi трывалыя i добра апраўдвалi сваё прызначэнне. А мне гэта толькi i трэба было.

З таго часу мне нярэдка даводзiлася плесцi кашы: старыя ламалiся i зношвалiся i патрэбны былi новыя. Я плёў розныя кашы - i вялiкiя i маленькiя, але галоўным чынам назапашваў глыбокiя i шчыльныя кашы, каб хаваць збожжа: я хацеў, каб яны служылi мне замест мяхоў. Праўда, цяпер у мяне збожжа было яшчэ мала, але ж я меў намер назапашваць яго на працягу некалькiх год.

Я казаў ужо, што мне вельмi хацелася абысцi ўсю выспу i што я некалькi разоў даходзiў да ручая i яшчэ вышэй - да таго месца, дзе я збудаваў будан.

Адтуль лёгка можна было прайсцi да супрацьлеглага берага, якога я яшчэ нi разу не бачыў. Я ўзяў стрэльбу, сякеру, добры запас пораху, шроту i куляў, прыхапiў на ўсякi выпадак два сухары i вялiкую гронку разынак i падаўся ў дарогу. За мною, як заўсёды, пабег сабака.

Калi я дайшоў да свайго будана, я не спынiўся i рушыў далей на захад. I раптам, прайшоўшы з паўгадзiны, я ўбачыў перад сабою мора, а ў моры, на маё вялiкае здзiўленне, паласу зямлi.

Быў яркi сонечны дзень, я добра бачыў зямлю, але не мог пэўна вызначыць, мацярык гэта цi выспа. Высокае пласкагор'е цягнулася з захаду на поўдзень i знаходзiлася ад маёй выспы вельмi далёка - па майму разлiку, мiляў за сорак, калi не больш.

Я не меў анiякага ўяўлення, што гэта была за зямля. Адно я ведаў пэўна: гэта, безумоўна, частка Паўднёвай Амерыкi, што ляжала, як вiдаць, непадалёку ад гiшпанскiх уладанняў. Зусiм магчыма, што там жывуць дзiкуны-людаеды i што, калi б я трапiў туды, становiшча маё было б куды горшае, чым зараз.

Гэта думка мiжволi ўзрадавала мяне.

Значыць, зусiм дарэмна праклiнаў я свой горкi лёс. Жыццё маё магло б скласцiся куды горш. Значыць, я зусiм дарэмна мучыў сябе марным шкадаваннем, навошта бура выкiнула мяне менавiта сюды, а не ў нейкае iншае месца. Значыць, я павiнен радавацца, што жыву тут, на бязлюднай выспе.

Разважаючы такiм чынам, я не спяшаўся i паволi iшоў наперад, i пры гэтым на кожным кроку ўсё больш i больш пераконваўся, што гэта частка выспы, дзе я знаходзiўся зараз, была куды больш прывабнай, чым тая, дзе я збудаваў сваё першае жытло. Усюды тут распасцiралiся зялёныя квiтнеючыя паляны, цудоўныя гаi, звiнела спевам птаства.

Я заўважыў, што тут вадзiлася мноства папугаяў, i мне захацелася аднаго злавiць: я спадзяваўся прыручыць яго i навучыць гаварыць. Пасля некалькiх няўдалых спроб мне ўсё ж удалося злавiць маладога папугая: я падбiў яму палкаю крыло. Аглушаны маiм ударам, ён звалiўся на зямлю. Я падняў яго i прынёс дадому. Пазней мне ўдалося дабiцца, каб ён клiкаў мяне маiм iмем.

Я дайшоў да марскога берага i ўпэўнiўся,што лёс закiнуў мяне на самую горшую частку выспы.

Тут увесь бераг быў усеяны чарапахамi, а там, дзе я жыў, за паўтара года я знайшоў толькi тры. Тут была безлiч птушак разнастайных парод. Былi i такiя, якiх я нiколi не бачыў. Мяса некаторых здалося мне вельмi смачным, хоць я нават не ведаў, як iх завуць. Сярод вядомых мне птушак самымi лепшымi былi пiнгвiны.

Зноў паўтараю: гэты бераг быў лепшы ва ўсiх адносiнах i больш прывабны за мой. I ўсё роўна я не меў нiякага жадання перасяляцца сюды. Пражыўшы ў сваёй палатцы каля двух гадоў, я паспеў прывыкнуць да тых мясцiн; тут жа я адчуваў сябе падарожнiкам, госцем, тут я адчуваў сябе нiякавата, i мяне цягнула дадому.

Я выйшаў на бераг, павярнуў на ўсход i прайшоў узбярэжжам каля дванаццацi мiляў. Тут я ўмацаваў у зямлю высокi шост, каб прыкмецiць месца, таму што ў наступны раз я вырашыў прыйсцi сюды з другога боку. I накiраваўся назад. Я хацеў вярнуцца другiм шляхам.

"Выспа зусiм невялiкая, - думаў я, - i заблудзiць на ёй немагчыма. У крайнiм выпадку я падымуся на горку, агледжуся i ўбачу, дзе знаходзiцца маё старое жытло".

Аднак я зрабiў вялiкую памылку. Адышоўшы ад берага не болей дзвюх-трох мiляў, я непрыкметна спусцiўся ў шырокую далiну, якую так цесна абступалi пагоркi, парослыя густым лесам, што я нiяк не мог разабраць, дзе я знаходжуся. Я мог бы кiравацца па сонцу, але для гэтага патрэбна было дакладна ведаць, дзе знаходзiцца ў гэты час сонца. Горш за ўсё было тое, што на працягу трох цi чатырох дзён, пакуль я блукаў па далiне, надвор'е стаяла пахмурнае i сонца зусiм не паказвалася. У рэшце рэшт мне давялося зноў вярнуцца да берага мора, на тое самае месца, дзе стаяў мой шост.

Адтуль я вярнуўся дадому ранейшай дарогай. Я iшоў не спяшаючыся i часта садзiўся адпачыць, таму што было вельмi горача, а мне давялося несцi многа цяжкiх рэчаў - стрэльбу, зарады, сякеру.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Рабiнзон вяртаецца ў пячору. - Палявыя работы.

У час гэтага падарожжа мой сабака спалохаў казляня i схапiў яго, але загрызцi не паспеў: я падбег i адабраў яго. Мне вельмi хацелася забраць яго: я страшэнна марыў набыць як-небудзь дваiх казлянят, каб развесцi статак i забяспечыць сябе мясам на той час, калi ў мяне скончыцца ўвесь порах. Я змайстраваў казляняцi нашыйнiк i павёў яго на вяроўцы; вяроўку я даўно ўжо звiў з пянькi ад старых канатаў i цяпер заўсёды насiў яе ў кiшэнi. Казляня ўпiралася, але ўсё роўна iшло. Дабраўшыся да свайго лецiшча, я пакiнуў яго ў загарадзi, а сам пайшоў далей: мне хацелася хутчэй апынуцца дома, бо я падарожнiчаў ужо больш за месяц.

Не магу выказаць, з якiм задавальненнем вярнуўся я пад дах свайго старога дома i зноў разлёгся ў гамаку. Бадзянне па выспе, калi ў мяне не было дзе прыхiлiць галавы, так стамiла мяне, што мой уласны дом (як зваў я цяпер сваё жытло) здаўся мне надзвычай утульным.

З тыдзень я адпачываў i цешыўся хатняй ежаю. Большую частку гэтага часу я быў заняты важнай справай: майстраваў клетку для Попкi, якi адразу ж зрабiўся хатняю птушкаю i надзвычай хутка прывык да мяне.

Затым я ўспомнiў пра беднае казляня, якое сядзела ў палоне на лецiшчы. "Напэўна, яно ўжо з'ела ўсю траву, - думаў я, - i выпiла ўсю ваду, якую я пакiнуў яму, i цяпер галадае". Трэба было схадзiць па яго. Прыйшоўшы на лецiшча, я застаў яго там, дзе пакiнуў. Зрэшты, яно i не магло нiкуды пайсцi. Яно памiрала з голаду. Я нарэзаў галiн з блiжэйшых дрэў i перакiнуў яму за агароджу.

Калi казляня пад'ела, я прывязаў яму за нашыйнiк вяроўку i хацеў весцi яго, як раней, але, нагаладаўшыся, казляня зрабiлася такое ручное, што вяроўка яму ўжо была непатрэбна: яно пабегла следам за мною, як сабака.

Па дарозе я ўвесь час кармiў яго, i, дзякуючы гэтаму, яно стала такiм жа паслухмяным i рахманым, як i астатнiя жыхары майго дома. Казляня так да мяне прызвычаiлася, што не адыходзiла нi на крок.

Надышоў снежань, калi павiнен быў узысцi рыс i ячмень. Уроблены мною кавалак зямлi быў невялiкi, таму што, як я казаў ужо, засуха загубiла амаль усю маю сяўбу першага года i ў мяне заставалася не больш за васьмушку бушаля* кожнага гатунку збожжа.

* Бушаль - ангельская мера сыпкiх цел; роўна 36 лiтрам.

Гэты раз можна было чакаць цудоўнага ўраджаю, як раптам выявiлася, што ў мяне ёсць пагроза зноў страцiць яго ўвесь, таму што маё поле спустошвае процьма разнастайных ворагаў, ад якiх немагчыма абаранiцца. Гэтымi ворагамi былi козы, а таксама тыя дзiкiя звяркi, якiх я назваў зайцамi. Салодкiя сцяблiны рысу спадабалiся iм: яны прападалi на полi дзень i ноч i паядалi маладыя парасткi перш, чым яны паспявалi закаласаваць.

Супроць нашэсця гэтых ворагаў быў адзiн толькi сродак: абгарадзiць усё поле плотам. Я так i зрабiў.

Але гэта работа была вельмi цяжкая, галоўным чынам таму, што трэба было спяшацца: шкоднiкi няшчадна знiшчалi калоссе. Праўда, палетак мой быў такi невялiкi, што за тры тыднi агароджа была гатова.

Агароджа аказалася даволi спраўнай. Пакуль яна не была скончана, я адпужваў шкоднiкаў стрэламi, а на ноч прывязваў да агароджы сабаку, якi брахаў да ранiцы. Дзякуючы ўсiм гэтым мерам перасцярогi шкоднiкi пакiнулi мяне ў спакоi, а мае каласы пачалi налiвацца зернем.

Але ледзь толькi хлеб закаласiўся, як з'явiлiся новыя ворагi: наляцела процьма пражэрлiвых птушак i пачала кружыць над полем, чакаючы, калi я пайду, каб накiнуцца на збажыну. Я зараз жа выпусцiў на iх зарад шроту (я нiколi не выходзiў без стрэльбы), i не паспеў я стрэлiць, як з поля ўзнялася другая чарада, якой я спачатку не заўважыў.

Я быў не на жарт устрывожаны.

"Яшчэ некалькi дзён такога разбою - i бывайце, усе мае надзеi, - сказаў я сабе, - у мяне няма больш насення, i я застануся без хлеба".

Што было рабiць? Як пазбавiцца ад гэтай новай напасцi? Нiчога прыдумаць я не мог, аднак цвёрда вырашыў: чаго б гэта нi каштавала, абаранiць свой хлеб, нават калi б мне давялося вартаваць яго цэлыя суткi.

Спачатку я абышоў усё поле, каб упэўнiцца, цi многа шкоды нарабiлi мне птушкi. Аказалася, што нямала. I ўсё ж з гэтай стратай яшчэ можна было б змiрыцца, калi б удалося захаваць астатнi ўраджай. Птушкi стаiлiся на блiжэйшых дрэвах: яны чакалi, каб я пайшоў. Я зарадзiў стрэльбу i зрабiў выгляд, што адыходжу. Зладзеi ўзрадавалiся i шуганулi на мой палетак. Гэта мяне страшэнна ўзлавала. Спачатку я думаў пачакаць, каб села ўся хмара, але ў мяне не хапiла цярпення.

"Гэта ж з кожнага зярняцi, якое яны здзяўбуць зараз, я, можа, у будучым губляю цэлы бохан хлеба", - сказаў я сам сабе.

Я падбег да агароджы i пачаў страляць; тры птушкi засталiся на месцы. Я падняў iх i павесiў на высокiм слупе, каб напалохаць астатнiх. Цяжка нават уявiць сабе, якое ўздзеянне гэта зрабiла: нi адна птушка больш не села на мой палетак. Усе паляцелi з гэтай часткi выспы; ва ўсякiм разе я не бачыў нiводнай за ўвесь час, пакуль вiселi мае пудзiлы на слупе. Няма чаго i казаць: гэта перамога над птушкамi прынесла мне вялiкае задавальненне.

К канцу снежня збажына паспела, i я сабраў другi ўраджай у гэтым годзе.

У мяне, на жаль, не было нi касы, нi сярпа, i пасля доўгiх разваг я вырашыў скарыстаць у сваёй палявой працы шырокую шаблю, якую я ўзяў на караблi разам з iншай зброяй. Праўда, збажыны ў мяне было не так ужо многа, i таму зжаць яе было зусiм не цяжка. Ды i жаў я сваiм адметным спосабам: зразаў толькi каласы i зносiў iх з поля ў вялiкiм кашы. Калi ўсё было прыбрана, я перацёр каласы рукамi i ў вынiку з адной восьмай часткi бушаля насення кожнага гатунку атрымаў каля двух бушаляў рысу i два з паловай бушалi ячменю (зразумела, па прыблiзнаму падлiку, таму што ў мяне не было меркi).

Ураджай быў выдатны, i такi поспех натхнiў мяне. Цяпер я мог спадзявацца, што праз некалькi гадоў у мяне будзе пастаянны запас хлеба. Але разам з тым у мяне ўзнiкалi i новыя цяжкасцi. Як, не маючы нi млына, нi нават жорнаў, ператварыць зерне ў муку? Як прасеяць муку? Як змясiць з мукi цеста? Як, нарэшце, спячы хлеб? Нiчога гэтага я не ўмеў. Таму я вырашыў не чапаць свайго ўраджаю i пакiнуць усё збожжа на насенне, а тым часам, да наступнага пасеву, прыкласцi ўсе намаганнi да таго, каб вырашыць галоўную задачу - навучыцца ператвараць збожжа ў хлеб.

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

Рабiнзон вырабляе посуд

У дажджы, калi нельга было выйсцi з дому, я мiж iншым вучыў свайго папугая гаварыць. Гэта вельмi мяне пацяшала.

За некалькi ўрокаў ён ужо ведаў сваё iмя, а потым, хоць i не хутка, вывучыўся даволi гучна i выразна вымаўляць яго.

"Попка" было першае слова, якое я пачуў на выспе з чужых вуснаў.

Але гаворка з Попкам была не заняткам, а падмогай у рабоце. У той час у мяне была вельмi важная справа. Даўно ўжо ламаў я галаву над тым, як вырабляецца глiняны посуд, у якiм я меў пiльную патрэбу, але нiчога не ўмеў прыдумаць: не было адпаведнай глiны.

"Каб толькi знайсцi глiну, - думаў я, - i мне будзе зусiм няцяжка зляпiць нешта накшталт гаршка цi мiскi. Праўда, i гаршчок i мiску неабходна абпальваць, але ж я жыву ў гарачым клiмаце, дзе сонца гарачэй за ўсякую печ. Ва ўсякiм разе мой посуд, прасохшы на сонцы, будзе дастаткова трывалым. Яго можна будзе браць у рукi, можна будзе трымаць у iм збожжа, муку i захоўваць сухiя прыпасы ад сырасцi".

I я вырашыў, што, як толькi знайду прыгодную глiну, абавязкова вылеплю некалькi вялiкiх пасудзiн, каб захоўваць збожжа. Пра такi глiняны посуд, у якiм можна было б варыць ежу, я пакуль што i марыць не мог.

Чытач, напэўна, пашкадаваў бы мяне, а магчыма, i пасмяяўся б з мяне, калi б я яму расказаў, як няўдала пачаў я сваю работу, якiя нязграбныя, недарэчныя рэчы атрымлiвалiся ў мяне на першым часе, колькi маiх вырабаў разбуралася толькi таму, што я недастаткова крута замешваў глiну i яна не вытрымлiвала ўласнага цяжару. Адны гаршкi ў мяне патрэскалiся таму, што я паспяшаўся вынесцi iх на сонца, калi яно палiла, як агнём; iншыя рассыпалiся на дробныя чарапкi яшчэ да прасушкi, як толькi я дакранаўся да iх. Два месяцы я працаваў, не разгiнаючы спiны. Шмат часу пайшло ў мяне на пошукi добрай ганчарнай глiны, на тое, каб накапаць яе, прынесцi дадому, апрацаваць. I ўсё роўна, нягледзячы на ўвесь гэты клопат, у мяне атрымалiся ўсяго дзве нязграбныя глiняныя пасудзiны - назваць iх збанамi было нiяк немагчыма.

I ўсё ж гэта былi вельмi карысныя рэчы. Я сплёў з дубцоў дзве вялiкiя карзiны i, калi мае гаршкi на сонцы добра высахлi i зацвярдзелi, асцярожна прыўзняў iх адзiн за адным i паставiў у карзiны. А для большай бяспекi, каб гаршкi не пабiлiся, пустое месца памiж карзiнай i пасудзiнай запоўнiў рысавай i ячменнай саломай. Гэтыя першыя свае гаршкi я выкарыстаў пакуль што для захоўвання сухога збожжа. Я баяўся, што яны адсырэюць, калi буду трымаць у iх вiльготныя прадукты. Пазней я збiраўся ссыпаць у iх муку, калi знайду спосаб малоць маё збожжа.

Вялiкiя вырабы з глiны атрымалiся ў мяне няўдалыя. Куды лепш удавалiся мне вырабы дробнага посуду: маленькiя круглыя гаршчочкi, талеркi, гладышыкi, кубкi, мiскi i iншыя рэчы. Дробныя рэчы было лягчэй ляпiць, апрача таго, яны раўней абпальвалiся на сонцы i таму былi больш трывалыя.

Але ўсё роўна галоўная мая задача заставалася нявырашанай. Мне патрэбен быў посуд, у якiм бы я здолеў варыць: ён павiнен быў вытрымлiваць агонь i не прапускаць ваду, а для гэтага мае гаршкi былi не прыгодныя.

Але вось аднойчы я расклаў вялiкi агонь, каб падсмажыць на вуголлi мяса. Калi яно спяклося, я хацеў затушыць вуголле i выпадкова ўбачыў чарапок, якi трапiў у агонь ад разбiтага глiнянага збана. Чарапок так накалiўся, што быў чырвоны, як чарапiца, i зацвярдзеў, як камень. Мяне гэта адкрыццё прыемна ўразiла.

"Калi глiняны чарапок так зацвярдзеў на агнi, то значыць з такiм жа поспехам можна абпальваць на агнi i глiняны посуд", - вырашыў я.

Я думаю, што нiводзiн чалавек у свеце не радаваўся гэтак з такой нязначнай прычыны, як радаваўся я, упэўнiўшыся, што мне ўдалося вырабiць гаршкi, якiя не баяцца нi вады, нi агню.

Я ледзь здолеў дачакацца, калi астынуць мае гаршкi, каб можна было налiць у адзiн з iх вады, паставiць зноў на агонь i зварыць у iм мяса. Гаршчок аказаўся выдатны. Я зварыў сабе з казляцiны вельмi смачны булён, хаця, вядома, калi б пакласцi ў яго капусты i цыбулi ды заправiць яшчэ аўсянкаю, ён атрымаўся б яшчэ лепшы.

Цяпер я задумаўся аб тым, як зрабiць каменную ступку, каб малоць, цi, дакладней, таўчы ў ёй збожжа; таму што пра такое выдатнае вынаходнiцтва, як млын, i гаворкi не магло быць: адной пары чалавечых рук не пад сiлу было ажыццявiць гэткую работу.

Але зрабiць ступку было таксама не проста: у рамястве каменячоса я быў такiм жа невукам, як i ва ўсiх iншых, i, апрача таго, у мяне не было патрэбных прылад. Не адзiн дзень змарнаваў я на пошукi адпаведнага каменя, але нiчога не знайшоў. Тут патрэбны быў вельмi цвёрды камень i да таго ж дастаткова вялiкi, каб у iм можна было выдзеўбаць паглыбленне.

На маёй выспе былi скалы, але пры ўсiх маiх намаганнях я не мог адкалоць ад iх абломка патрэбнага памеру. Да таго ж на ступку гэты крохкi порысты камень з пароды пясчанiкаў усё роўна быў непрыгодны: пад цяжкiм таўкачом ён бы крышыўся i ў муку трапляў бы пясок.

Такiм чынам, змарнаваўшы шмат часу на бескарысныя пошукi, я адмовiўся ад думкi пра каменную ступу i вырашыў змайстраваць яе з дрэва - матэрыял знайсцi было лягчэй.

Сапраўды, я хутка адшукаў у лесе вельмi цвёрдую калоду, такую вялiзную, што з цяжкасцю здолеў зрушыць яе з месца. Я абчасаў яе сякераю, каб надаць ёй па магчымасцi патрэбную форму, а затым распалiў агонь i пачаў выпальваць у ёй паглыбленне. Так робяць бразiльскiя чырвонаскурыя, калi будуюць лодкi. Няма чаго i казаць, што гэта работа каштавала мне немалых намаганняў.

Скончыўшы ступу, я вычасаў з так званага жалезнага дрэва цяжкi таўкач. I ступу i таўкач я схаваў да наступнага ўраджаю. Тады, па маiх разлiках, я павiнен буду атрымаць дастаткова збожжа, частку якога здолею стаўчы на муку.

Цяпер трэба было падумаць пра тое, як я буду замешваць хлеб, калi нарыхтую мукi.

Перш за ўсё я не меў закваскi; зрэшты, гэтай бядзе ўсё роўна немагчыма было памагчы, i таму пра закваску я не клапацiўся. Але як было абысцiся без печы? Вось гэта была сапраўды галаваломка. I тым не менш я ўсё ж даўмеўся, чым яе замянiць.

Я зляпiў з глiны некалькi вельмi шырокiх i мелкiх пасудзiн накшталт талерак, як мае быць абпаленых на агнi. Я падрыхтаваў iх яшчэ задоўга да пачатку жнiва i паставiў у кладоўцы. Яшчэ раней у мяне быў зроблены ачаг роўная пляцоўка на зямлi з квадратных (вядома, калi казаць усур'ёз, далёка ад квадратных) цаглiн, таксама ўласнага вырабу i таксама добра абпаленых.

Калi прыйшла пара пячы хлеб, я расклаў на гэтым ачагу вялiкi агонь. I калi дровы выгаралi, я разгроб вуголле па ўсiм ачагу i даў яму паляжаць з паўгадзiны, каб ачаг напалiўся да чырванi. Тады я згроб жар у адзiн бок i паклаў на ачаг свой хлеб, накрыўшы яго перавернутым дагары блюдам, а блюда засыпаў гарачым вуголлем.

I што ж? Мой хлеб пёкся, як у самай лепшай печы.

Прыемна было мне паспытаць свежага, толькi што спечанага хлеба! Мне здавалася, што нiколi ў жыццi не спытваў я такога ласунку.

Наогул за вельмi кароткi тэрмiн я зрабiўся выдатным пекарам; не кажучы пра звычайны ўжо хлеб, я навучыўся пячы пудзiнгi i праснакi з рысу. Толькi пiрагоў я не пёк, бо, апрача казляцiны i птушынага мяса, у мяне не было нiякай iншай начынкi.

На гэтыя гаспадарчыя работы ў мяне пайшоў увесь трэцi год майго жыцця на выспе.

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Рабiнзон будуе лодку i шые сабе новае адзенне

Вы можаце не сумнявацца, што ўвесь гэты час мяне не пакiдалi думкi пра зямлю, што вiдаць была з другога берага. У глыбiнi душы я не пакiдаў шкадаваць, што пасялiўся не на тым беразе: мне ўсё здавалася, што, калi б я бачыў перад сабою тую зямлю, як-небудзь я знайшоў бы магчымасць дабрацца да яе. А ўжо калi б я дабраўся да яе, то мне, магчыма, удалося б i выбрацца з гэтых мясцiн на волю.

Вось калi я не раз успамiнаў свайго маленькага прыяцеля Ксуры i сваю доўгую шлюпку з бакавым ветразем, на якой я прайшоў уздоўж афрыканскiх берагоў больш за тысячу мiляў.

Я вырашыў зiрнуць на наш карабельны бот, якi яшчэ ў тую буру, калi мы пацярпелi караблекрушэнне, выкiнула на выспу за некалькi мiляў ад майго жытла. Гэта лодка ляжала непадалёку ад таго месца, куды яе выкiнула. Прыбоем яе перакулiла дагары дном i аднесла крыху вышэй, на пясчаную водмель; яна ляжала на сухiм месцы, i вады вакол яе не было.

Калi б я здолеў адрамантаваць i спусцiць на ваду гэту шлюпку, я змог бы без асаблiвай цяжкасцi дабрацца да Бразiлii. Але для такой работы адной пары рук было мала. Мне няцяжка было зразумець, што аднаму мне зрушыць гэту шлюпку з месца гэтак жа немагчыма, як, скажам, зрушыць з месца маю выспу. I ўсё роўна я вырашыў паспрабаваць. Я накiраваўся ў лес, насек тоўстых жэрдак, якiя павiнны былi служыць мне рычагамi, вычасаў з чурбакоў два каткi i ўсё гэта перацягнуў да шлюпкi.

"Каб толькi мне здолець перавярнуць яе на дно, - казаў я сабе, - а адрамантаваць яе - справа няцяжкая. Атрымаецца такая выдатная лодка, што на ёй смела можна будзе рушыць у мора".

I я не пашкадаваў сiлы на гэту бескарысную работу.

Я патрацiў на яе тры цi чатыры тыднi. Мала таго: калi я, нарэшце, зразумеў, што ў мяне не хопiць сiлы зрушыць такое цяжкае судна, у мяне ўзнiк новы план. Я ўзяўся адкiдаць пясок ад аднаго борта лодкi, разлiчваючы, што, калi лодка пазбавiцца пункту апоры, яна сама перавернецца i стане на дно; адначасова я падкладаў пад яе аскабалкi дрэва, каб, перавярнуўшыся, яна стала менавiта туды, куды было мне патрэбна.

Лодка сапраўды стала на дно, але гэта зусiм не наблiзiла мяне да мае мэты: я ўсё роўна не мог спусцiць яе на ваду. Я нават не мог падвесцi пад яе рычагi i нарэшце быў вымушаны адмовiцца ад свае задумы. Але гэта няўдача не адбiла ў мяне ахвоты зрабiць яшчэ спробу дабрацца да мацярыка. Наадварот, калi я ўбачыў, што ў мяне зусiм няма нiякай магчымасцi адплыць ад абрыдлага берага, маё жаданне пусцiцца ў акiян не толькi не аслабела, а, наадварот, зрабiлася яшчэ мацнейшае.

Нарэшце мне прыйшло ў галаву: а цi не паспрабаваць мне самому зрабiць лодку або, яшчэ лепш, пiрогу, накшталт тых, якiя робяць у тутэйшых шырынях туземцы?

"Каб зрабiць пiрогу, - разважаў я, - не патрэбна амаль нiякiх прылад, таму што яе выдоўбваюць з суцэльнага ствала дрэва; такую работу адолее i адзiн чалавек".

Адным словам, зрабiць пiрогу, здавалася мне, не толькi магчыма, але нават i вельмi лёгка, i думка пра гэту работу была для мяне вельмi прыемная. З вялiкiм задавальненнем думаў я пра тое, што мне будзе лягчэй нават чым дзiкунам справiцца з гэтай справай.

Я не задаваў сабе пытання, як я спушчу сваю пiрогу на ваду, калi яна будзе гатова, а мiж тым гэта перашкода была куды больш iстотная, чым недахоп iнструмента.

Я з такiм захапленнем марыў пра маё будучае падарожжа, што нi на секунду не спыняўся на гэтым пытаннi, хоць было зусiм вiдавочна, што куды лягчэй правесцi лодку сорак пяць мiляў морам, чым цягнуць яе сорак пяць ярдаў па зямлi, якая аддзяляе яе ад мора.

Адным словам, у гэтай гiсторыi з пiрогай я паводзiў сябе такiм дзiваком, якога толькi можа разыграць чалавек пры поўным розуме.

Я цешыўся сваёй выдумкай, нават не паспрабаваўшы ўзважыць, а цi хопiць у мяне сiлы, каб здзейснiць яе.

Нельга сказаць, каб думка пра спуск пiрогi на ваду не прыходзiла мне ў галаву - не, яна прыходзiла, але я не даваў ёй ходу, заглушаючы яе кожны раз недарэчным довадам: "Спачатку зробiм лодку, а там падумаем ужо, як яе спусцiць. Не можа быць, каб я нiчога не прыдумаў!"

Вядома ж, усё гэта было вар'яцтва! Але мая распаленая мара аказалася мацней за ўсякiя развагi, i я, доўга не думаючы, узяўся за сякеру. Я ссек цудоўны кедр, якi меў пяць футаў дзесяць дзюймаў у папярэчнiку ўнiзе ля камля, а ўверсе, на вышынi дваццацi двух футаў, - чатыры футы адзiнаццаць дзюймаў; затым ствол паступова танчэў i, нарэшце, разгалiноўваўся.

Можна ўявiць сабе, як лёгка было мне звалiць гэта велiзарнае дрэва!

Дваццаць дзён я сек толькi адзiн ствол, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, ды яшчэ чатырнаццаць дзён мне спатрэбiлася, каб ацерабiць галiны. Цэлы месяц часаў я сваю калоду, намагаючыся вычасаць хоць нешта падобнае на кiль, таму што без кiля пiрога не здолела б трымацца на вадзе прама. А тры месяцы пайшло яшчэ на тое, каб выдаўбаць яе знутры. На гэты раз я абышоўся без агню: усю гэту непамерную работу я зрабiў малатком i долатам. Нарэшце ў мяне атрымалася цудоўная пiрога, якая смела магла падняць чалавек дваццаць пяць, а гэта значыць i мяне з усiм маiм грузам.

Я быў у захапленнi ад цуда свае працы: нiколi ў жыццi я не бачыў такое вялiкай лодкi з цэлага дрэва. Затое ж i каштавала яна мне дорага! Колькi разоў давялося мне, знемагаючы ад стомы, прыкласцiся да гэтага дрэва сякерай!

Аднак, як бы там нi было, палова справы была зроблена. Заставалася толькi спусцiць лодку на ваду, i я не сумняваюся, што, калi б гэта мне ўдалося, я накiраваўся б у самае вар'яцкае i самае адчайнае з усiх марскiх падарожжаў, якiя калi-небудзь распачыналiся на зямным шары. Але ўсе мае намаганнi спусцiць яе на ваду аказалiся марныя: мая пiрога засталася там, дзе была!

Ад лесу, дзе я збудаваў сваю лодку, да вады было не больш за сто ярдаў, але лес стаяў у катлавiне, а бераг быў высокi, абрывiсты. Гэта была першая перашкода.

Праўда, я адважна вырашыў яе знiшчыць: трэба было зняць усю лiшнюю зямлю такiм чынам, каб ад лесу да берага ўтварыўся пакаты нахiл. Страшна ўспомнiць, колькi сiлы ўклаў я ў гэту працу, але хто пашкадуе свае апошнiя сiлы, калi гаворка iдзе пра тое, каб дабiцца волi!

Такiм чынам першая перашкода была знiшчана: дарога для лодкi гатова. Але гэта не дало вынiкаў: колькi я нi бiўся, я не мог зрушыць з месца маю пiрогу, як раней не мог зрушыць карабельную шлюпку.

Тады я змераў адлегласць, якая аддзяляла пiрогу ад мора, i вырашыў выкапаць канал: калi нельга было правесцi лодку да вады, тады заставалася ваду прывесцi да лодкi. I я пачаў быў ужо капаць, але калi прыкiнуў у думках патрэбную глыбiню i шырыню маючага быць канала, калi падлiчыў, за якi прыкладна час здолее зрабiць такую работу адзiн чалавек, то выявiлася, што, каб давесцi яе да канца, мне спатрэбiцца не меней дзесяцi - дванаццацi год.

Нiчога не зробiш, сцiснуўшы зубы, давялося адмовiцца i ад гэтай задумы.

Я быў бясконца засмучаны, аднак тут жа разважыў, што брацца за справу, не разлiчыўшы папярэдне, колькi часу i працы на яе спатрэбiцца, не ўзважыўшы, цi хопiць у цябе сiлы скончыць яе, - неразумна.

За гэтым бязглуздым заняткам сустрэла мяне чацвёртая гадавiна майго жыцця на выспе.

Да гэтага часу большасць рэчаў, якiя я ўзяў на караблi, або зусiм у мяне ўжо знасiлася, або канчала свой век. Карабельныя харчовыя запасы таксама былi ўжо на астатку.

Адразу ж за чарнiлам у мяне скончыўся запас хлеба, дакладней не хлеба, а карабельных сухароў. Я эканомiў iх як толькi мог. За апошнiя паўтара года я з'ядаў у дзень не болей аднаго сухара. I ўсё роўна да таго часу, калi я сабраў са свайго поля ўжо столькi збожжа, што яго можна было ўжываць i ў ежу, я амаль год не спытваў i крошкi хлеба.

Адзежа мая да гэтага часу канчаткова знасiлася. У мяне былi толькi кашулi ў клетку (каля трох тузiн), якiя я знайшоў у куфэрках матросаў. Iх я насiў асаблiва ашчадлiва; на маёй выспе вельмi часта было так горача, што даводзiлася хадзiць у адной кашулi, i не ведаю, што б я рабiў, каб у мяне не было гэтага запасу.

Вядома, у гэтым клiмаце я здолеў бы хадзiць i голы. Але, калi на мне была адзежа, я лягчэй пераносiў спякоту. Ад пякучых промняў трапiчнага сонца на скуры заставалiся пухiры, кашуля ж баранiла яе ад сонца, i, апрача таго, мяне ахалоджваў рух паветра памiж кашуляй i целам. Не мог я таксама звыкнуць хадзiць на сонцы з голай галавой; кожны раз, як толькi я выходзiў без шапкi, у мяне пачынала балець галава.

Патрэбна было найлепш выкарыстаць тыя запасы адзежы, якiя ў мяне яшчэ заставалiся.

Перш за ўсё мне патрэбна была куртка; усе, якiя ў мяне былi дагэтуль, я знасiў. Таму я вырашыў паспрабаваць перашыць на курткi матроскiя бушлаты, якiя ўсё яшчэ ляжалi ў мяне без патрэбы. У такiх бушлатах матросы стаяць зiмовымi начамi на вахце.

I вось я ўзяўся за кравецтва! Кажучы шчыра, я быў даволi-такi няўдалы кравец, але, як там нi кажы, дзве цi тры курткi я ўсё ж сяк-так агораў.

На мой разлiк, iх павiнна было хапiць мне надоўга.

Пра першую ж маю спробу пашыць сабе штаны лепш i не казаць: скончылася яна сорамам i няўдачай.

Аднак неўзабаве пасля таго я вынайшаў новы спосаб апранацца i з таго часу не меў недахопу ў адзежы.

Справа ў тым, што ў мяне захавалiся шкуры ўсiх жывёл, на якiх я паляваў. Кожную шкуру я высушваў на сонцы, расцягнуўшы яе на жэрдках. Толькi спачатку я, не маючы практыкi, вельмi доўга трымаў iх на сонцы, i таму першыя шкуры былi такiя каляныя, што iх нельга было выкарыстаць. Затое астатнiя былi выдатныя. З iх я i пашыў перш за ўсё сабе вялiкую шапку поўсцю наверх, каб яна не баялася дажджу. Футравая шапка была такая ўдалая, што я вырашыў з такога ж матэрыялу змайстраваць сабе яшчэ i поўны гарнiтур, гэта значыць штаны i куртку. Штаны я пашыў кароткiя, да каленяў, i вельмi прасторныя; куртку таксама зрабiў вольную, таму што i тое i другое патрэбна было мне не так для цеплынi, як для таго, каб баранiцца ад сонца.

Мой крой i шытво, кажучы шчыра, не варты былi добрага слова. Цясляр я быў нiякi, а кравец - i яшчэ горшы. I тым не менш, мая адзежа, пашытая ўласнаручна, служыла мне як не трэба лепш, асаблiва калi мне здаралася выходзiць з дому ў дождж: уся вада сцякала па доўгай поўсцi, i я заставаўся зусiм сухi.

Пасля курткi i штаноў я надумаўся змайстраваць сабе парасон.

Я бачыў, як робяць парасоны ў Бразiлii. Там гарачыня такая страшэнная, што без парасона нельга абысцiся. А на маёй выспе было не халадней, наадварот, бадай, нават яшчэ гарачэй, таму што ён блiжэй да экватара. Хавацца ад гарачынi я не мог, большую частку свайго часу я праводзiў пад адкрытым небам. Неабходнасць прымушала мяне выходзiць з дому ў рознае надвор'е, а часам i падоўгу блукаць пад дажджом i сонцам. Адным словам, без парасона я быў як без рук.

Доўга я калупаўся i многа часу адабрала ў мяне гэта работа, перш чым здолеў змайстраваць нешта крыху падобнае на парасон. Разы два цi тры, калi я думаў, што ўжо дасягнуў мэты, у мяне атрымлiвалася такое непадабенства, што даводзiлася зноў пачынаць усё спачатку. Але ў рэшце рэшт я ўсё ж дабiўся свайго i зрабiў даволi прыстойны парасон. Справа ў тым, што я хацеў, каб ён раскрываўся i закрываўся, - у гэтым вось i была ўся загваздка. Вядома, зрабiць яго нерухомым было вельмi лёгка, але тады давялося б насiць яго заўсёды раскрытым, а гэта было нязручна. Як я ўжо сказаў, я адолеў i гэту цяжкасць, i мой парасон адкрываўся i закрываўся. Я нацягнуў на яго казiныя шкуры поўсцю наверх: дажджавая вада сцякала па поўсцi, як па нахiленай страсе, i самыя гарачыя сонечныя промнi не маглi пранiкнуць скрозь мой парасон.

З гэтым парасонам я не баяўся нiякага дажджу i не пакутаваў ад сонца нават у самае гарачае надвор'е.

Калi ён быў мне не патрэбны, я складваў яго i нёс пад пахай.

Так я i жыў на сваёй выспе, спакойны i задаволены.

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Рабiнзон будуе другую лодку, меншых памераў, i спрабуе аб'ехаць вакол выспы.

Мiнула яшчэ пяць гадоў, i за гэты час, як я памятаю, не адбылося нiчога асаблiвага.

Жыццё маё iшло па-ранейшаму - цiха i спакойна, жыў я на старым месцы, i па-ранейшаму ўвесь мой час быў у працы i на паляваннi.

Цяпер у мяне было ўжо столькi збожжа, што майго ўраджаю хапала мне на цэлы год; вiнаграду таксама было ўдосталь. Але з гэтай прычыны мне даводзiлася працаваць у лесе i ў полi яшчэ больш, чым раней.

Аднак галоўным маiм клопатам было збудаванне новай лодкi. На гэты раз я не толькi зрабiў лодку, але i спусцiў яе на ваду: я вывеў яе ў бухтачку па вузкiм канале, якi мне давялося выкапаць на працягу паўмiлi.

Першую сваю лодку, як ужо ведае чытач, я зрабiў такога велiзарнага памеру, што вымушаны быў пакiнуць яе на месцы пабудовы, як помнiк уласнай дурноце. Ён заўсёды нагадваў мне пра тое, што ў далейшым мне трэба быць больш разумным.

Цяпер я ўжо быў спрактыкаваны. Праўда, на гэты раз я збудаваў лодку амаль за паўмiлi ад вады, таму што блiжэй не знайшоў адпаведнага дрэва, але я быў упэўнены, што здолею спусцiць яе на ваду, бо бачыў, што справа, якую задумаў, гэтым разам была мне па сiле, i цвёрда вырашыў давесцi яе да канца. Амаль два гады пайшло ў мяне на збудаванне лодкi. Мне так страшэнна хацелася атрымаць нарэшце магчымасць плаваць па моры, што я не шкадаваў нiякае працы.

Трэба, аднак, заўважыць, што будаваў я гэту новую пiрогу зусiм не для таго, каб пакiнуць сваю выспу. З гэтай марай я даўно ўжо развiтаўся. Лодка была такая малая, што не было чаго i думаць пераплысцi на ёй сорак цi болей мiль, якiя ляжалi памiж маёй выспаю i мацярыком.

Цяпер у мяне была больш сцiплая мэта: аб'ехаць вакол выспы - i толькi. Я ўжо аднойчы пабываў на супрацьлеглым беразе, i адкрыццi, якiя я там зрабiў, так зацiкавiлi мяне, што мне яшчэ тады захацелася агледзець усё ўзбярэжжа, якое мяне акружала.

I вось цяпер, калi ў мяне з'явiлася лодка, я вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, аб'ехаць сваю выспу морам. Перш чым рушыў у дарогу, я старанна падрыхтаваўся да свайго падарожжа. Я змайстраваў для свае лодкi невялiчкую мачту i пашыў такi ж невялiчкi ветразь з кавалкаў парусiны, якой у мяне было яшчэ дастаткова ў запасе.

Калi лодка была аснашчана, я выпрабаваў яе ход i ўпэўнiўся, што пад ветразем яна iдзе даволi прыстойна. Тады я прыбудаваў на карме i на носе невялiчкiя скрынкi, каб захаваць ад дажджу i хваль правiзiю, зарады i iншыя неабходныя мне рэчы, якiя я буду браць з сабой у дарогу. Для стрэльбы я выдзеўбаў у дне лодкi вузкi жолаб.

Затым я ўмацаваў раскрыты парасон, нахiлiўшы яго так, каб ён быў якраз над маёй галавой i баранiў мяне ад сонца ўсё роўна як стрэшка.

Дагэтуль час ад часу я рабiў невялiкiя прагулкi морам, але нiколi не заходзiў далёка ад свае бухты. Цяпер жа, калi я меў намер агледзець межы свае маленькае дзяржавы i падрыхтаваў сваё судна для далёкага плавання, я занёс на яго палову казiнай тушы, глiняны гаршчок падсмажанага рысу i ячменныя праснакi, якiя я ўжо сам пёк.

6 лiстапада я накiраваўся ў дарогу.

Праездзiў я куды больш, чым разлiчваў. Справа ў тым, што хоць мая выспа i была сама па сабе невялiкая, але калi я павярнуў да ўсходняй часткi яе ўзбярэжжа, перада мной узнiкла непрадбачаная перашкода. У гэтым месцы ад берага адыходзiць вузкая града скал; iншыя з iх тырчаць з вады, iншыя схаваны ў вадзе. Града заходзiць мiль на шэсць у адкрытае мора, а далей, за скаламi, яшчэ мiлi на паўтары цягнецца пясчаная водмель. Такiм чынам, каб абагнуць гэту касу, давялося даволi далёка ад'ехаць ад берага. Гэта было вельмi небяспечна.

Я хацеў нават павярнуць назад, таму што не мог з дакладнасцю вызначыць, як далёка мне давядзецца прайсцi ў адкрытым моры, пакуль я абагну граду падводных скал, i баяўся рызыкаваць. I, апрача таго, я не ведаў, цi здолею павярнуць назад. Таму я кiнуў якар (перад тым як адправiцца ў дарогу, я змайстраваў сабе нешта накшталт якара з абломка жалезнага крука, якi я знайшоў на караблi), узяў стрэльбу i сышоў на бераг. Убачыўшы непадалёку даволi высокую горку, я ўзлез на яе, змераў на вока даўжыню скалiстай грады, якая адсюль была добра вiдаць, i вырашыў рызыкнуць.

Але не паспеў я дабрацца да гэтай грады, як апынуўся на страшнай глыбiнi i следам затым трапiў у магутны струмень марскога цячэння. Мяне закруцiла, як у шлюзе вадзянога млына, падхапiла i панесла. Пра тое, каб павярнуць да берага цi звярнуць убок, не было чаго нават i думаць. Усё, што я мог зрабiць, гэта трымацца каля самага краю цячэння i старацца не трапiць у сярэдзiну.

Мiж тым мяне зносiла ўсё далей i далей. Калi б быў хоць невялiкi ветрык, тады б я здолеў узняць ветразь. Але на моры стаяў поўны штыль. Я працаваў вёсламi з усяе сiлы, аднак справiцца з цячэннем не мог i ўжо развiтваўся з жыццём. Я ведаў, што праз некалькi мiляў тое цячэнне, куды я трапiў, сальецца з другiм цячэннем, якое абгiнала выспу, i што, калi да таго часу я не здолею звярнуць убок, я беззваротна загiну.

А мiж тым я не бачыў нiякай магчымасцi звярнуць.

Выратавання не было: мяне чакала верная смерць - i не ў марскiх хвалях, таму што мора было спакойнае, а з голаду. Праўда, на беразе я знайшоў чарапаху, такую вялiкую, што ледзь здолеў падняць яе, каб узяць з сабой у лодку. Быў у мяне таксама добры запас прэснай вады - прыхапiў свой самы большы глiняны збан. Але што гэта азначала для няшчаснай iстоты, якая трапiла ў бязмежны акiян, дзе можна праплыць тысячу мiляў i не ўбачыць нават прыкмет зямлi!

Пра сваю пустэльную, закiнутую выспу я ўспамiнаў цяпер як пра зямны рай, i адзiным маiм цяпер жаданнем было вярнуцца ў гэты рай. Я аддана прасцiраў да яго рукi.

- О мая пустыня! Ты падаравала мне шчасце! - усклiкваў я. - Мне ўжо нiколi цябе не пабачыць. О, што цяпер будзе са мною? Куды занясуць мяне бязлiтасныя хвалi? Якi ж няўдзячны я быў, калi наракаў на сваю адзiноту i праклiнаў гэтую цудоўную выспу!

Цяпер ён для мяне быў такi дарагi i мiлы, i мне было горка думаць, што я павiнен ужо навек развiтацца з надзеяй яго ўбачыць зноў.

Мяне несла i несла ў бясконцую водную далячынь. Але хоць я i адчуваў смяротны страх i адчай, я ўсё ж не паддаваўся гэтым пачуццям i веславаў з усяе сiлы, стараючыся скiраваць лодку на поўнач, каб перасекчы цячэнне i абагнуць рыфы.

Раптам апоўднi пацягнуў ветрык. Гэта мяне падбадзёрыла.

Але ўявiце сабе маю радасць, калi ветрык пачаў хутка свяжэць i праз паўгадзiны зрабiўся ўжо добрым ветрам!

Да гэтага часу мяне адагнала ўжо далёка ад маёй выспы. I каб выпадкова ў тую пару ўзняўся туман, мне быў бы канец!

У мяне не было компаса, i калi б я згубiў з вачэй сваю выспу, я не ведаў бы, куды кiраваць шлях. Але, на маё шчасце, быў сонечны дзень i нiшто не прадказала туману.

Я паставiў мачту, узняў ветразь i пачаў кiраваць на поўнач, каб выбiцца з цячэння.

Як толькi мая лодка павярнула з ветрам i пайшла насуперак цячэнню, я заўважыў у iм змену: вада зрабiлася куды святлейшая. Я зразумеў, што цячэнне па нейкай прычыне пачынае слабець, тады як раней, калi яно было хуткае, вада ўвесь час была ўскаламучаная. I сапраўды, хутка я ўбачыў справа ад сябе на ўсходзе скалы (iх можна было адрознiць здалёку па белай пене хваль, што бурлiла вакол кожнай з iх). Вось гэтыя скалы i запавольвалi цячэнне, перапыняючы яму шлях.

Неўзабаве я ўпэўнiўся, што яны не толькi запавольваюць цячэнне, а яшчэ i разбiваюць яго на два струменi, з якiх галоўны толькi крыху адхiляецца на поўдзень, пакiдаючы скалы злева, а другi крута паварочвае назад i накiроўваецца на паўночны захад.

Толькi той, хто з вопыту ведае, што значыць атрымаць памiлаванне, стоячы на эшафоце, цi выратавацца ад бандытаў у тую апошнюю хвiлiну, калi нож прыстаўлены да горла, толькi той зразумее маю радасць пры гэтым адкрыццi.

Маё сэрца бiлася ад радасцi, калi я накiраваў сваю лодку ў адваротны струмень, што цёк назад, падставiў ветразь спадарожнаму ветру, якi яшчэ больш пасвяжэў, i весела паплыў да выспы.

Каля васьмi гадзiн вечара я падплыў да берага i, нагледзеўшы зручнае месца, прычалiў.

Немагчыма апiсаць тую радасць, якая перапаўняла мяне, калi я адчуў пад сабою цвёрдую зямлю!

Якiм мiлым здалося мне кожнае дрэўца маёй цудоўнай выспы! З гарачай пяшчотай глядзеў я на гэтыя ўзвышшы i далiны, якiя толькi ўчора яшчэ выклiкалi сум i тугу ў маiм сэрцы. Як я быў рады, што зноў убачу свае палi i гаi, сваю пячору i свайго адданага сабаку, сваiх коз! Якой прыгожай здалася мне дарога ад берага да майго будана.

Быў ужо вечар, калi я дабраўся да свайго ляснога лецiшча. Я пералез цераз плот, лёг у цень i, адчуваючы страшэнную стому, неўзабаве заснуў.

Але якое ж было маё здзiўленне, калi мяне абудзiў нечы голас. Так, гэта быў чалавечы голас! Тут, на выспе, быў чалавек, i ён моцна крычаў сярод начы:

- Робiн! Робiн! Робiн Круза! Бедны Робiн Круза! Куды ты трапiў, Робiн Круза? Куды ты трапiў? Дзе ты быў?

Змучаны доўгiм веславаннем, я спаў такiм моцным сном, што не адразу здолеў абудзiцца, i мне доўгi час здавалася, што я чую гэты голас у сне.

Але крык настойлiва паўтараўся:

- Робiн Круза! Робiн Круза!

Нарэшце я прачнуўся i зразумеў, дзе я. Першым маiм пачуццём быў жахлiвы страх. Я ўсхапiўся, дзiка азiраючыся вакол, i раптам узняў галаву i ўбачыў на агароджы свайго папугая.

Вядома, я адразу ж здагадаўся, што гэта ён i выкрыкваў гэтыя словы: дакладна такiм жа жаласным голасам я сам часта казаў пры iм гэтыя словы, i ён добра iх завучыў. Сядзе, бывала, мне на палец, наблiзiць дзюбу да майго твару i пачынае паныла паўтараць: "Бедны Рабiнзон Круза! Дзе ты быў i куды ты трапiў?"

Але нават упэўнiўшыся, што гэта быў папугай, i, разумеючы, што, апрача папугая, тут няма каму быць, я яшчэ доўга не мог супакоiцца.

Я зусiм не разумеў, як ён, па-першае, трапiў на маё лецiшча, па-другое, чаму ён прыляцеў менавiта сюды, а не ў iншае месца.

Але таму, што ў мяне не было нiякага сумнення, што гэта ён, мой верны Попка, я паклiкаў яго i працягнуў яму руку. Гаманкая птушка адразу ж села мне на палец i паўтарыла зноў:

- Бедны Рабiнзон Круза! Куды ты трапiў?

Попка нiбыта радаваўся, што зноў бачыць мяне. Пакiдаючы будан, я пасадзiў яго на плячук i панёс з сабою.

Непрыемныя прыгоды маёй марской экспедыцыi надоўга адбiлi ў мяне ахвоту плаваць морам, i многа дзён успамiнаў я пра тую небяспеку, якая пагражала мне, калi мяне несла ў акiян.

Вядома, добра было б мець лодку на гэтым баку выспы, блiжэй да майго дома, але як прывесцi яе адтуль, дзе я пакiнуў яе? Абагнуць маю выспу з усходу толькi ад аднае думкi пра гэта ў мяне сцiскалася сэрца i стыла кроў. Што там робiцца, на другiм баку выспы, я не меў нiякага ўяўлення. А што, калi цячэнне i з таго боку гэтакае ж iмклiвае, як i з гэтага? Хiба не можа яно шпурнуць мяне на ўзбярэжныя скалы з той жа сiлай, з якою другое цячэнне зносiла мяне ў адкрытае мора? Адным словам, хоць на пабудову гэтай лодкi i спуск яе на ваду я паклаў i нямала сiлы, аднак я вырашыў, што ўсё ж лепей застацца без лодкi, чым рызыкаваць праз яе жыццём.

Трэба сказаць, што цяпер я ўжо добра налаўчыўся ва ўсiх ручных работах, якiх патрабавалi ўмовы майго жыцця. Калi я адразу апынуўся на выспе, я не ўмеў трымаць сякеры ў руках, а цяпер, пры выпадку, я мог бы палiчыцца неблагiм цесляром, асаблiва калi ўзяць у разлiк тыя абставiны, што ў мяне было зусiм мала iнструментаў.

Я i ў ганчарнай справе (зусiм нечакана!) зрабiў прыкметны крок наперад: наладзiў станок з кругам, якi круцiўся. Таму работа мая стала i больш хуткай i лепшай: цяпер замест нязграбных вырабаў, на якiя не хацелася глядзець, у мяне атрымлiваўся зусiм прыстойны посуд даволi правiльнай формы.

Але нiколi я, здаецца, так не радаваўся i не ганарыўся сваiм вынаходнiцтвам, як у той дзень, калi мне ўдалося зрабiць люльку. Вядома, мая люлька мела першабытны выгляд - са звычайнай абпаленай глiны, як i ўсе мае ганчарныя вырабы, i атрымалася яна не вельмi прыгожая. Але яна была дастаткова моцная i добра прапускала дым, а галоўнае - гэта была ўсё-такi люлька, пра якую я столькi марыў, таму што прывык курыць з вельмi даўняга часу. На нашым караблi былi люлькi, але, перавозячы адтуль рэчы, я не ведаў, што на выспе расце тытунь, i вырашыў, што не варта iх браць.

Да гэтага часу я заўважыў, што мае запасы пораху пачынаюць прыкметна змяншацца. Гэта надзвычай устрывожыла i засмуцiла мяне, таму што новага не было дзе ўзяць. Што ж я рабiць буду, калi ў мяне выйдзе ўвесь порах? Як я тады буду паляваць на коз i птушак? Няўжо да канца сваiх дзён я застануся без мясной стравы?

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

Рабiнзон прыручае коз

На адзiнаццатым годзе майго жыцця на выспе, калi порах у мяне пачаў канчацца, я пачаў сур'ёзна думаць, як бы знайсцi спосаб лавiць дзiкiх коз жывымi. Больш за ўсё мне хацелася злавiць матку з казлянятамi.

Спачатку я ставiў сiлкi, i козы нярэдка траплялi ў iх. Але мне ад гэтага было мала карысцi: козы з'ядалi прынаду, а потым разрывалi сiлкi i зусiм спакойна ўцякалi на волю. На жаль, у мяне не было дроту, i сiлкi даводзiлася рабiць вераўчаныя.

Тады я вырашыў пакапаць воўчыя ямы. Ведаючы мясцiны, дзе козы хадзiлi часцей за ўсё, я выкапаў там тры глыбокiя ямы, накрыў iх пляцёнкамi ўласнаручнай работы i паклаў на кожную пляцёнку ахапак каласоў рысу i ячменю. Хутка я ўпэўнiўся, што козы наведваюць мае ямы: каласы былi з'едзены i вакол былi вiдаць сляды казiных капытоў. Тады я прыдумаў сапраўдныя пасткi i на другi ж дзень знайшоў у адной яме вялiзнага старога казла, а ў другой трох казлянят: аднаго самца i дзвюх самак.

Старога казла я выпусцiў на волю, бо не ведаў, што з iм рабiць. Ён быў такi дзiкi i злосны, што ўзяць яго жывога было немагчыма (я баяўся зайсцi да яго ў яму), а забiваць яго не было патрэбы. Як толькi я падняў пляцёнку, ён выскачыў з ямы i прыпусцiў з усiх ног наўцёкi.

Пазней мне давялося ўпэўнiцца, што голад утаймоўвае нават iльвоў. Але тады я гэтага не ведаў. Калi б я прымусiў казла пагаладаць днi тры-чатыры, а потым прынёс яму вады i крыху каласоў, ён бы ўцiхамiрыўся i быў бы спакойны не горш за маiх казлянят.

Козы наогул вельмi разумныя i паслухмяныя. Калi з iмi добра абыходзiцца, iх зусiм не цяжка прыручыць.

Але, паўтараю, у той час я гэтага не ведаў. Выпусцiўшы казла, я падышоў да тае ямы, дзе сядзелi казляняты, выцягнуў iх усiх траiх па адным, звязаў разам вяроўкаю i ледзьве прывалок iх дадому.

Даволi доўга я не мог прымусiць iх есцi. Апрача малака мацi, яны яшчэ не ведалi iншай ежы. Але калi яны добра выгаладалiся, я кiнуў iм некалькi сакавiтых каласоў, i яны памалу ўзялiся за ежу. Неўзабаве яны прывыклi да мяне i зрабiлiся зусiм ручныя.

З таго часу я пачаў разводзiць коз. Мне хацелася, каб у мяне быў цэлы статак, таму што гэта быў адзiны сродак забяспечыць сябе мясам да таго часу, калi ў мяне скончыцца порах i шрот.

Гады праз паўтара ў мяне ўжо было не менш дванаццацi коз, лiчачы з казлянятамi, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я збудаваў пяць загароджаных загонаў; усе яны злучалiся памiж сабой варотцамi, каб можна было пераганяць коз з аднаго лужка на другi.

У мяне цяпер быў невычарпальны запас казiнага мяса i малака. Кажучы па шчырасцi, калi я толькi браўся разводзiць коз, я нават i не думаў пра малако. Толькi пазней я пачаў iх даiць.

Я думаю, што нават самы пануры чалавек не стрымаўся б ад усмешкi, каб убачыў мяне з маiм сямействам за абедзенным сталом. На галоўным месцы сядзеў я, кароль i ўладар выспы, якi поўнаўладна распараджаўся жыццём усiх сваiх падданых: я мог караць i мiлаваць, дараваць i адбiраць волю, i сярод маiх падданых не было нiводнага бунтаўшчыка.

Трэба было бачыць, з якой каралеўскай пышнасцю я абедаў адзiн, акружаны маiмi прыдворнымi. Толькi Попку, пястуну, дазвалялася размаўляць са мной. Сабака, якi даўно ўжо састарыўся, садзiўся заўсёды з правай рукi свайго ўладара, а злева сядалi каты, чакаючы падачкi з маiх уласных рук. Такая падачка лiчылася знакам асаблiвай каралеўскай мiласцi.

Гэта былi не тыя каты, якiх я прывёз з карабля. Тыя даўно памерлi, i я сам пахаваў iх непадалёк ад свайго жытла. Адна кошка ўжо на выспе акацiлася; я пакiнуў у сябе двое кацянят, i яны выраслi ручнымi, а астатнiя збеглi ў лес i здзiчэлi. Паступова на выспе распладзiлася такое мноства катоў, што ад iх не было адбою: яны лазiлi да мяне ў кладоўку, цягалi правiзiю i пакiнулi мяне ў спакоi толькi тады, калi я прыстрэлiў двух цi трох.

Паўтараю: я жыў сапраўдным каралём, нi ў чым не маючы патрэбы; вакол мяне заўсёды быў цэлы штат адданых мне прыдворных - не было толькi людзей. Аднак, як убачыць чытач, неўзабаве прыйшоў час, калi ў маiх уладаннях з'явiлася нават вельмi многа людзей.

Я цвёрда вырашыў нiколi больш не распачынаць небяспечных марскiх падарожжаў, i ўсё роўна мне вельмi хацелася мець пад рукамi лодку - хаця б для таго, каб плаваць на ёй каля самага берага. Я часта думаў пра тое, як бы мне перавесцi яе на той бок выспы, дзе была мая пячора. Але, разумеючы, што ажыццявiць гэты план цяжка, кожны раз я супакойваў сябе тым, што мне добра i без лодкi.

Аднак, сам не ведаю чаму, мяне вельмi цягнула да тае горкi, куды я ўзбiраўся ў час мае апошняе паездкi. Мне хацелася яшчэ раз паглядзець адтуль, якiя абрысы берагоў i куды накiроўваецца цячэнне. У рэшце рэшт я не вытрымаў i падаўся ў дарогу - на гэты раз пехатой, уздоўж берага.

Калi б у нас, у Ангельшчыне, з'явiўся чалавек у такой адзежы, якая была на мне ў той час, усе прахожыя, я ўпэўнены, разбеглiся б ад страху або пакацiлiся б са смеху; ды i сам я не раз, гледзячы на сябе, мiжвольна ўсмiхаўся, уяўляючы сабе, як я шпацырую па родным Йоркшыры з такой свiтай i ў такiм убраннi.

На галаве ў мяне ўзвышалася спiчастая няўклюдная шапка з казiнага футра. Яна спаўзала мне на патылiцу, каб прыкрываць маю шыю ад сонца, а ў час дажджу не даваць вадзе лiцца за каўнер. У гарачым клiмаце няма нiчога больш шкоднага, чым дождж, якi трапляе за адзежу на голае цела.

Затым на мне быў доўгi камзол з таго ж матэрыялу, амаль да каленяў. Штаны былi са скуры вельмi старога казла з такой доўгай поўсцю, што яны закрывалi мне ногi амаль да паловы лытак. Панчох у мяне зусiм не было, а замест чаравiкаў я змайстраваў сабе - не ведаю, як i назваць, - боты не боты з доўгiмi шнуркамi, якiя завязвалiся збоку. Абутак гэты быў вельмi дзiўны, як, зрэшты, i ўсё астатняе маё ўбранне.

Камзол я падпярэзваў шырокай папругай з казiнай скуры; спронжку мне замянiлi два шкурацiкi, а з бакоў я прышыў па пятлi - не шпагу i кiнжал насiць, а для пiлы i сякеры.

Апрача таго, я надзяваў скураную перавязь цераз плячо з такiмi ж засцежкамi, як i на папрузе, толькi крыху вузейшымi. Да гэтай перавязi я прымацоўваў дзве сумкi так, каб яны знаходзiлiся пад левай рукой: у адной быў порах, у другой шрот. За спiною ў мяне вiсела карзiна, за плячыма стрэльба, а над галавою - вялiзны футравы парасон. Парасон быў брыдкi, але ён быў, бадай, самай неабходнай прыналежнасцю пры маiх дарожных зборах. Больш патрэбная за парасон - была хiба толькi стрэльба.

Колерам твару я найменш, чым можна было чакаць, нагадваў негра, улiчваючы тое, што я жыў непадалёк ад экватара i нiколькi не баяўся загару.

Спачатку я адпусцiў сабе бараду. Барада вырасла непамернай даўжынi. Потым я пагалiў яе, пакiнуўшы толькi вусы; але затое вусы выгадаваў незвычайныя, сапраўдныя турэцкiя. Яны былi такой страшэннай даўжынi, што ў Ангельшчыне палохалi б прахожых.

Але пра ўсё гэта я зазначаю мiж iншым: не надта многа было на выспе гледачоў, якiя маглi б захапляцца маiм тварам i паставай, - дык цi не ўсё роўна, якая была ў мяне знешнасць! Я загаварыў пра яе проста таму, што прыйшлося да слова, i больш ужо не буду весцi гаворкi на гэту тэму.

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

Нечаканая трывога. - Рабiнзон умацоўвае сваё жытло.

Неўзабаве адбылася падзея, якая рашуча парушыла спакойнае цячэнне майго жыцця.

Было пад поўдзень. Я iшоў берагам мора, накiроўваючыся да свае лодкi, i раптам, на вялiкае здзiўленне i жах, убачыў на пяску выразны след босай чалавечай нагi!

Я спынiўся i не мог крануцца з месца, як быццам мяне ўдарыла громам, як быццам я ўбачыў здань.

Я пачаў прыслухоўвацца, я азiраўся навокал, але не чуў i не бачыў нiчога падазронага.

Я ўзбег наверх па ўзбярэжнаму схiлу, каб лепш агледзець увесь краявiд; зноў спусцiўся да мора, прайшоў уздоўж берага - i нiдзе не знайшоў нiчога: нiякiх прыкмет прысутнасцi людзей, апрача гэтага адзiнага адбiтка нагi.

Я вярнуўся яшчэ раз на тое ж месца. Мне хацелася даведацца, цi няма там яшчэ адбiткаў. Але другiх адбiткаў не было. Магчыма, мне здалося? Магчыма, гэты след не належаў чалавеку? Не, я не памылiўся! Гэты быў несумненна след нагi чалавека: я выразна адрознiў пяту, пальцы, падэшву. Адкуль тут узяўся чалавек? Як ён сюды трапiў? Я губляўся ў здагадках i не мог спынiцца нi на чым пэўным.

Страшэнна растрывожаны, не чуючы зямлi пад нагамi, заспяшаўся я дадому, у сваю крэпасць. Думкi блыталiся ў маёй галаве.

Праз кожныя два-тры крокi я азiраўся. Я баяўся кожнага куста, кожнага дрэва. Кожны пень здалёку я прымаў за чалавека.

Немагчыма апiсаць, якую нечаканую i палахлiвую форму набывалi раптам усе рэчы ў маiм узбуджаным уяўленнi, якiя дзiкiя фантастычныя думкi хвалявалi мяне ў той момант i якiя бязглуздыя намеры прыходзiлi мне ў галаву па дарозе.

Дабраўшыся да свае крэпасцi (так я пачаў з таго дня называць сваё жытло), я iмгненна апынуўся за агароджай, нiбыта за мною гналася пагоня.

Я нават не мог успомнiць, пералез я цераз агароджу прыстаўнымi лескамi, як заўсёды, цi зайшоў праз дзверы, гэта значыць знадворным праходам, якi я выкапаў у гары. Я i на другi дзень не здолеў прыпомнiць гэтага.

Нiводзiн заяц, нiводзiн лiс, ратуючыся ад зграi сабак, не ўцякалi так у сваю нару, як я.

Усю ноч я не мог заснуць i тысячу разоў задаваў сабе адно i тое ж пытанне: якiм чынам здолеў трапiць сюды чалавек?

Магчыма, гэта адбiтак нагi якога-небудзь дзiкуна, якi трапiў на выспу выпадкова. А можа, дзiкуноў было многа? Магчыма, яны выйшлi ў мора на сваёй пiрозе i iх прыгнала сюды цячэннем цi ветрам? Зусiм магчыма, што яны пабылi на беразе, а потым зноў выйшлi ў мора, таму што ў iх, вiдаць, было гэтак жа мала жадання заставацца ў гэтай пустынi, як у мяне - жыць па суседству з iмi.

Вядома, яны не заўважылi мае лодкi, iнакш здагадалiся б, што на выспе жывуць людзi, пачалi б шукаць iх i напэўна знайшлi б мяне.

Але тут мяне апякла страшэнная думка: "А што, калi яны бачылi маю лодку?" Ад гэтай думкi я пакутаваў.

"Праўда, - казаў я сабе, - яны зноў пайшлi ў мора, але гэта яшчэ нiчога не даказвае; яны вернуцца, яны абавязкова вернуцца з цэлым натоўпам другiх дзiкуноў i тады знойдуць мяне i з'ядуць. А калi iм i не ўдасца знайсцi мяне, усё роўна яны ўбачаць мае палi, мае загарадкi, яны знiшчаць увесь мой хлеб, згоняць мой статак, i мне давядзецца загiнуць з голаду".

Першыя трое сутак пасля майго жахлiвага адкрыцця я нi на хвiлiну не пакiдаў свае крэпасцi, так што пачаў нават галадаць. Я не трымаў дома вялiкiх запасаў харчавання, i на трэцiя суткi ў мяне заставалiся толькi ячменныя праснакi i вада.

Мяне мучыла таксама i тое, што мае козы, якiх я звычайна даiў кожны вечар (гэта была штодзённая забава), цяпер заставалiся нядоеныя. Я ведаў, што бедныя жывёлiны праз гэта павiнны былi вельмi пакутаваць; апрача таго, я баяўся, што ў iх можа загiнуць малако. I мой страх спраўдзiўся: большасць коз захварэла i амаль перастала даваць малако.

На чацвёртыя суткi я набраўся адвагi i выйшаў. А тут яшчэ ў мяне з'явiлася адна думка, якая канчаткова вярнула мне маю ранейшую бадзёрасць. Якраз тады, калi мой страх, здавалася, дасягнуў вяршынi, калi ад адной здагадкi я кiдаўся да другой i нi на чым не мог спынiцца, мне раптам прыйшло ў галаву, а цi не выдумаў я ўсю гэту гiсторыю са следам чалавечай нагi i цi не мой гэта ўласны след. Ён жа мог застацца на пяску, калi я перадапошнi раз хадзiў глядзець сваю лодку. Праўда, вяртаўся я звычайна другой дарогай, але гэта было даўно, i хiба мог я з ўпэўненасцю сцвярджаць, што iшоў тады менавiта той, а не гэтай дарогай?

Я пастараўся запэўнiць сябе, што так яно i было, што гэта мой уласны след i што я быў падобны на таго дурня, якi выдумаў байку пра нябожчыка, што ўстаў з труны i сам жа палохаўся свае байкi.

Вядома, гэта быў мой уласны след!

Упэўнiўшы сябе такiм чынам, я пачаў выходзiць з дому па розных гаспадарчых справах. Я пачаў кожны дзень бываць у сябе на лецiшчы. Там я даiў коз, збiраў вiнаград. Але калi б вы пабачылi, як я баязлiва iшоў туды, як часта азiраўся па баках, гатовы ў любы момант кiнуць сваю карзiну i сам кiнуцца ўцякаць, вы, напэўна, падумалi б, што я нейкi страшэнны злачынца, якога прыгнятаюць пакуты сумлення.

Аднак прайшло яшчэ два днi, i я зрабiўся куды смялейшы. Я канчаткова ўпэўнiў сябе, што ўвесь мой страх - не iнакш як вынiк недарэчнай памылкi, але, каб ужо не заставалася нiякiх сумненняў, я вырашыў яшчэ раз схадзiць на той бераг i параўнаць таямнiчы след з адбiткам мае ўласнае нагi. Калi i той i мой след будуць аднолькавых памераў, то я магу быць упэўнены, што след, якi мяне напалохаў, быў мой уласны i што я спалохаўся сябе самога.

З гэтым рашэннем я i падаўся ў дарогу. Але калi я прыйшоў на тое месца, дзе быў таямнiчы след, для мяне, па-першае, стала зразумела, што, калi я выйшаў той раз з лодкi i вяртаўся дадому, я нiякiм чынам не мог апынуцца на гэтым месцы, а па-другое, калi я для параўнання паставiў сваю нагу, выявiлася, што мая нага была куды меншая!

Сэрца маё напоўнiлася новым страхам, я дрыжаў як у лiхаманцы, вiхор новых здагадак закружыўся ў маёй галаве. Я пайшоў дадому зусiм перакананы, што там, на беразе, пабыў чалавек - i, магчыма, не адзiн, а пяць цi шэсць.

Я нават гатоў быў дапусцiць, што гэтыя людзi зусiм не прыязджалi, што яны жыхары выспы. Праўда, да гэтага часу я не заўважаў тут нiводнага чалавека, але магчыма, што яны ўжо даўно хаваюцца тут, а значыць, кожную хвiлiну могуць захапiць мяне знянацку.

Я доўга ламаў сабе галаву, як мне абаранiць сябе ад гэтай небяспекi, i ўсё роўна не мог нiчога прыдумаць.

"Калi дзiкуны знойдуць маiх коз, - казаў я сам сабе, - i ўбачаць палi, на якiх каласуе мая збажына, яны будуць заўсёды вяртацца на выспу па новую здабычу, а калi яны яшчэ заўважаць i мой дом, яны абавязкова возьмуцца шукаць яго насельнiкаў i ў рэшце рэшт дабяруцца i да мяне".

Таму, з гарачкi, я спачатку вырашыў зламаць загарадкi ўсiх маiх загонаў i выпусцiць усю маю скацiну, затым, перакапаўшы палi, знiшчыць усходы рысу i ячменю i зруйнаваць свой будан, каб вораг не мог знайсцi нiякiх прыкмет чалавека.

Такое рашэнне ўзнiкла ў мяне адразу ж пасля таго, як я ўбачыў гэты жахлiвы адбiтак нагi. Чаканне небяспекi заўсёды страшней за самую небяспеку, i чаканне бяды ў дзесяць тысяч разоў горш за самую бяду. Усю ноч я не мог заснуць. Затое пад ранiцу, калi я аслабеў ад бяссоннiцы, я заснуў як забiты i прачнуўся такiм бадзёрым i свежым, якiм даўно ўжо не адчуваў сябе.

Цяпер я пачаў разважаць спакайней i вось да якога прыйшоў рашэння. Мая выспа - адна з цудоўнейшых мясцiн на зямлi. Тут вельмi добры клiмат, многа дзiчыны, многа раскошных раслiн. I паколькi яна знаходзiцца паблiзу мацярыка, няма нiчога дзiўнага, што дзiкуны, якiя там жывуць, прыплываюць да яе берагоў у сваiх пiрогах. Зрэшты, магчыма, што iх прыганяе сюды цячэннем або ветрам. Вядома, карэнных жыхароў тут няма, але заезджыя дзiкуны тут, безумоўна, бываюць. Аднак за тыя пятнаццаць гадоў, што я пражыў на выспе, да гэтага часу я не бачыў чалавечых слядоў, значыць, калi дзiкуны i з'яўляюцца тут, яны нiколi не застаюцца тут надоўга. I калi яны да гэтага часу не знаходзiлi для сябе зручнасцей i выгады, каб заставацца тут на даволi працяглы час, то, трэба меркаваць, так яно будзе i далей.

Значыць, мне магла пагражаць адзiная небяспека - наткнуцца на iх у тыя часы, калi яны будуць гасцяваць на маёй выспе. Але, калi яны i прыедуць, наўрад цi мы сустрэнемся з iмi, таму што, па-першае, дзiкунам тут няма чаго рабiць, i, прыязджаючы сюды, яны, вiдаць, кожны раз спяшаюцца вярнуцца дадому; па-другое, можна з упэўненасцю сказаць, што яны заўсёды прыстаюць да таго боку выспы, якi найболей аддалены ад майго жытла.

А таму, што я вельмi рэдка хаджу туды, у мяне няма прычыны асаблiва баяцца дзiкуноў, хоць, вядома, варта ўсё-такi падумаць пра бяспечны прытулак, дзе б я здолеў схавацца, калi яны зноў пакажуцца на выспе.

Цяпер мне давялося горка раскайвацца ў тым, што, пашыраючы сваю пячору, я вывеў з яе знадворны ход. Трэба было так цi iнакш папраўляць гэту памылку. Пасля доўгiх разваг я вырашыў пабудаваць вакол свайго жытла яшчэ адну агароджу на такой адлегласцi ад першай сцяны, каб выхад з пячоры застаўся ўнутры ўмацавання.

Зрэшты, мне нават не спатрэбiлася будаваць новую сцяну: падвойны рад дрэў, якiя я гадоў дванаццаць назад пасадзiў паўкругам уздоўж старое агароджы, быў ужо сам па сабе надзейнай абаронай - так густа былi пасаджаны гэтыя дрэвы i так моцна яны разраслiся. Заставалася толькi забiць калы ў прамежках мiж дрэвамi, каб ператварыць увесь гэты паўкруг у суцэльную моцную сцяну. Я так i зрабiў.

Цяпер маю крэпасць акружалi дзве сцяны. Але на гэтым мая праца не спынiлася. Усю плошчу за знадворнай сцяной я засадзiў тымi ж дрэвамi, што былi падобны на вярбу. Яны так добра прымалiся i раслi з незвычайнай хуткасцю. Мне здаецца, што я пасадзiў iх не меней за дваццаць тысяч дрэўцаў. Аднак памiж гэтым гаем i сцяною я пакiнуў даволi вялiкую прастору, каб можна было здалёку заўважыць ворагаў, iнакш яны б здолелi, прыкрытыя дрэвамi, падкрасцiся да мае сцяны.

Праз два гады вакол майго дома зазелянеў малады гай, а яшчэ гадоў праз пяць-шэсць мяне абступiў з усiх бакоў дрымучы лес, зусiм непралазны - з такой неверагоднай хуткасцю разрасталiся гэтыя дрэвы. Нiводзiн чалавек, цi то дзiкун, цi то белы, не здолеў бы цяпер здагадацца, што за гэтым лесам хаваецца дом. Каб зайсцi ў сваю крэпасць цi выйсцi з яе (таму што я не зрабiў прасекi ў лесе), я карыстаўся лескамi, якiя прыстаўляў да гары. Калi ж лескi прымалiся, нiводзiн чалавек не здолеў бы прабрацца да мяне, не зламаўшы шыi.

Вось колькi непасiльнай працы ўзвалiў я на свае плечы толькi таму, што мне памроiлася, нiбыта мне пагражае небяспека! Жывучы столькi гадоў пустэльнiкам, удалечынi ад людзей, я паступова адвык ад iх, i людзi пачалi мне здавацца страшнейшымi за звяроў.

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Рабiнзон упэўнiваецца, што на яго выспе бываюць людаеды

Мiнула два гады з таго дня, калi я ўбачыў на пяску след чалавечай нагi, але ранейшы душэўны спакой так i не вярнуўся болей да мяне. Скончылася маё цiхамiрнае жыццё. Кожны, каму даводзiлася на працягу доўгiх год адчуваць пакутлiвы страх, зразумее, якiм сумным i змрочным зрабiлася з таго часу маё жыццё.

Аднойчы ў час маiх блуканняў па выспе я дайшоў да яе заходняга краю, дзе яшчэ нiколi не быў. Не даходзячы да берага, я падняўся на пагорак. I раптам мне здалося, што ўдалечынi, у адкрытым моры, бачна лодка.

"Напэўна, мяне падманвае зрок, - падумаў я. - За ўсе ж гэтыя доўгiя гады, з дня ў дзень углядаючыся ў марскiя прасторы, я нi разу не бачыў тут лодкi".

Шкада, што я не ўзяў з сабою падзорнай трубы. У мяне было некалькi труб; я знайшоў iх у адным з куфэркаў, якiя я перавёз з нашага карабля. Але, на жаль, яны засталiся дома. Я не мог разгледзець, сапраўды гэта была лодка цi не, хоць углядаўся ў мора так доўга, што ў мяне забалелi вочы. Спускаючыся з пагорка да берага, я ўжо нiчога не бачыў; так i да гэтага часу не ведаю, што гэта было такое. Давялося адмовiцца ад усякiх далейшых назiранняў. Але з таго часу я даў сабе слова нiколi не выходзiць з дому без падзорнай трубы.

Дабраўшыся да берага - а на гэтым беразе, як ужо гаварылася, я нiколi не быў, я ўпэўнiўся, што сляды чалавечых ног зусiм не такая ўжо рэдкасць на маёй выспе, як здавалася мне ўсе гэтыя гады. Так, я ўпэўнiўся, што, калi б я жыў не на ўсходнiм узбярэжжы, куды не прыставалi пiрогi дзiкуноў, я б даўно ўжо ведаў, што на маёй выспе яны бываюць нярэдка i што заходнi яе бераг служыць iм не толькi сталай гаванню, але i тым месцам, дзе ў час сваiх жорсткiх разгулаў яны забiваюць i ядуць людзей!

Тое, што я ўбачыў, калi спусцiўся з прыгорка i выйшаў на бераг, скаланула мяне i ашаламiла. Увесь бераг быў усеяны чалавечымi шкiлетамi, чарапамi, касцямi рук i ног.

Не магу выказаць, якi жах мяне ахапiў! Я ведаў, што дзiкiя плямёны заўсёды ваююць памiж сабою. У iх часта бываюць марскiя бiтвы: адна лодка нападае на другую.

"Напэўна, - думаў я, - пасля кожнага бою пераможцы прывозяць сваiх ваеннапалонных i тут, па свайму бесчалавечнаму звычаю, забiваюць i з'ядаюць iх, таму што ўсе яны людаеды".

Тут жа непадалёку я заўважыў круглую пляцоўку, пасярод якой вiдны былi рэшткi вогнiшча: тут, вiдаць, i сядзелi гэтыя дзiкiя людзi, калi паядалi целы сваiх палонных.

Жахлiвае вiдовiшча да таго ўразiла мяне, што ў першы момант я забыў пра небяспеку, якая пагражала мне на гэтым беразе. Абурэнне зверствам выцiснула з мае душы ўсякi страх.

Я часта чуў пра тое, што ёсць плямёны дзiкуноў-людаедаў, але нiколi да таго часу мне не здаралася самому бачыць iх. З агiдай адвярнуўся я ад рэштак гэтага жудаснага балявання. Мяне званiтавала. Я ледзь не страцiў прытомнасць. Мне здалося, што я ўпаду. А калi апамятаўся, то адчуў, што нi адной хвiлiны я не здолею тут застацца. Я ўзбег на пагорак i памчаўся назад да свайго жытла.

Заходнi бераг застаўся далёка ззаду, а я ўсё яшчэ не мог канчаткова прыйсцi да памяцi. Нарэшце я спынiўся i пачаў збiрацца з думкамi. Дзiкуны, як я ўпэўнiўся, нiколi не прыязджалi на выспу па здабычу. Напэўна, яны нi ў чым не мелi патрэбы, а магчыма, былi ўпэўнены, што нiчога каштоўнага тут немагчыма адшукаць.

Не магло быць нiякага сумнення ў тым, што яны не адзiн раз пабылi ў лясной частцы маёй выспы, але, вiдаць, не знайшлi там нiчога такога, што магло б iм спатрэбiцца.

Значыць, трэба быць толькi вельмi асцярожным. Калi, пражыўшы на выспе амаль васемнаццаць год, я да самага апошняга часу нi разу не знайшоў чалавечых слядоў, то, магчыма, я пражыву тут яшчэ васемнаццаць гадоў i не траплю на вочы дзiкунам, хiба толькi наткнуся на iх выпадкова. Але такой выпадковасцi няма чаго баяцца, таму што з гэтага дня маiм адзiным клопатам будзе клопат пра тое, як найлепш схаваць прыкметы майго iснавання на выспе.

Я мог бы ўбачыць дзiкуноў адкуль-небудзь з засады, але я не хацеў i глядзець на iх - такiя агiдныя былi мне гэтыя крыважэрныя драпежнiкi, якiя паядалi адзiн аднаго, як звяры. Адна думка пра тое, што людзi могуць быць такiя бесчалавечныя, гняла мяне i наводзiла на мяне страшэнны сум.

Каля двух гадоў пражыў я бязвыхадна ў той частцы выспы, дзе знаходзiлiся ўсе мае ўладаннi - крэпасць пад гарой, будан у лесе i тая лясная палянка, дзе я збудаваў загарадзь для коз. За гэтыя два гады я нi разу не схадзiў зiрнуць на сваю лодку.

"Лепей я, - думалася мне, - пабудую сабе новае судна, а ранейшая лодка няхай застаецца там, дзе зараз. Выехаць на ёй у мора было б небяспечна. Там на мяне могуць напасцi дзiкуны-людаеды, i няма сумнення, што мяне яны разарвуць, як i iншых сваiх палонных".

Але мiнула яшчэ з год, i я, нарэшце, усё ж адважыўся вывесцi адтуль сваю лодку: вельмi ж ужо цяжка было рабiць новую! Ды i гатова б яна была, гэтая новая лодка, толькi гады праз два-тры, а да таго часу я па-ранейшаму не меў бы магчымасцi плаваць па моры.

Мне ўдалося шчаслiва перавесцi сваю лодку на ўсходнi бок выспы, дзе для яе знайшлася вельмi зручная бухта, атуленая з усiх бакоў стромкiмi скаламi. Уздоўж усходнiх берагоў выспы праходзiла марское цячэнне, i я ведаў, што дзiкуны нiзашто не адважацца высадзiцца там.

Чытачу наўрад цi здасца дзiўным, што пад уплывам усiх гэтых жахаў i хваляванняў я зусiм перастаў клапацiцца пра свой дастатак i дабрабыт. Мой розум страцiў усю сваю вынаходлiвасць. Не да таго мне цяпер было, каб клапацiцца пра паляпшэнне харчавання, калi я толькi i думаў, як бы ўратаваць сваё жыццё. Я не адважваўся нi ўбiць цвiка, нi раскалоць палена, таму што мне ўвесь час здавалася, што дзiкуны могуць пачуць гэты гук. Страляць я тым болей не асмельваўся.

Але галоўнае - мяне кожны раз ахоплiваў пакутлiвы страх, як толькi мне даводзiлася распальваць агонь, таму што дым, якi днём вiдаць на вялiкай адлегласцi, заўсёды мог мяне выдаць. З гэтай прычыны ўсе работы, для якiх патрабаваўся агонь (напрыклад, абпальванне гаршкоў), я перанёс у лес, у сваю новую сядзiбу. А для таго, каб у сябе дома рыхтаваць ежу i пячы хлеб, я вырашыў запасцiся драўляным вуголлем. Гэтае вуголле, згараючы, амаль не дае дыму. Яшчэ хлапчуком, у сябе на радзiме, я не раз бачыў, як здабываюць яго. Трэба насекчы тоўстых дроў, скласцi iх у адну кучу, прыкрыць слоем дзёрну i спалiць. Калi вугаль быў гатовы, я пераносiў яго дадому i карыстаўся iм замест дроў.

I вось аднойчы, калi я, пачынаючы нарыхтоўку вугалю, ссек ля падножжа высокай гары некалькi вялiкiх кустоў, я заўважыў пад iмi нару. Мяне зацiкавiла, куды яна можа весцi. З вялiкай цяжкасцю я працiснуўся ў яе i апынуўся ў пячоры. Пячора была вельмi прасторная i такая высокая, што я тут жа, адразу каля ўвахода здолеў стаць на ўвесь рост. Але прызнаюся, што вылез я куды хутчэй, чым залез.

Углядаючыся ў цемру, я ўбачыў, як проста на мяне глядзелi два вялiзныя палаючыя вокi; яны гарэлi, як зоркi, адбiваючы слабае дзённае святло, якое пранiкала ў пячору знадворку i падала проста на iх. Я не ведаў, каму належаць гэтыя вочы - нячысцiку цi чалавеку, але, перш чым паспеў што-небудзь сцямiць, кiнуўся прэч з пячоры.

Праз некаторы час я, аднак, апамятаўся i тысячу разоў аблаяў сябе дурнем.

"Хто пражыў дваццаць гадоў у адзiноце на бязлюднай выспе, таму смешна баяцца чарцей, - сказаў я сам сабе. - Напраўду ж у гэтай пячоры не можа быць нiкога страшнейшага за мяне".

I, набраўшыся адвагi, я ўзяў галавешку, якая гарэла, i зноў палез у пячору. Не паспеў я ступiць i трох крокаў, асвятляючы дарогу сваёй паходняй, як зноў напалохаўся, яшчэ больш, чым адразу: я пачуў цяжкi ўздых. Я адхiнуўся назад i скамянеў ад жаху; усё цела маё пакрылася халодным потам, а валасы сталi дыбам. Калi б у мяне на галаве быў капялюш, ён напэўна звалiўся б на зямлю. Але, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, я зноў рушыў наперад i пры святле галавешкi, якую трымаў над галавой, убачыў на зямлi страшэнную пачвару вялiзнага старога казла!

Казёл ляжаў нерухома i цяжка дыхаў у перадсмяротнай агонii, ён памiраў, вiдаць, ад старасцi. Я злёгку штурхнуў яго нагою, каб даведацца, цi здолее ён устаць. Ён паспрабаваў падняцца, але не змог.

"Няхай сабе ляжыць, - падумаў я. - Калi ён напалохаў мяне, то як павiнен напалохацца якi-небудзь дзiкун, якi надумаецца падацца сюды!"

Аднак я ўпэўнены, што нiводзiн дзiкун i нiхто iншы не адважыўся б пранiкнуць у пячору. Ды i наогул толькi чалавеку, якi, накшталт мяне, меў патрэбу ў бяспечным сховiшчы, магло прыйсцi ў галаву лезцi ў гэту пячору.

На другi дзень я ўзяў з сабою шэсць вялiкiх свечак уласнаручнай работы (да гэтага часу я вывучыўся рабiць выдатныя свечкi з казiнага тлушчу) i вярнуўся ў пячору.

Ля ўвахода пячора была шырокая, але паступова яна рабiлася ўсё вузейшай, так што недзе ў глыбiнi яе мне давялося стаць на карачкi i каля дзесяцi ярдаў паўзцi наперад, што было, сказаць праўду, даволi смелым учынкам, таму што я зусiм не ведаў, куды вядзе гэты ход i што мяне чакае наперадзе. Але вось я адчуў, што з кожным крокам праход робiцца ўсё шырэйшы i шырэйшы. Крыху пазней я паспрабаваў устаць на ногi, i выявiлася, што я магу стаяць на ўвесь рост. Скляпенне пячоры ўзнiмалася футаў на дваццаць. Я запалiў дзве свечкi i ўбачыў такую цудоўную карцiну, якой у жыццi нiколi не бачыў. Я знаходзiўся ў прасторным гроце. Полымя маiх дзвюх свечак адбiлася ў яго ззяючых сценах. Яны адсвечвалi сотнямi тысяч рознакаляровых агнёў. Цi то былi ўкрапаныя ў камень пячоры дыяменты цi iншыя каштоўныя камянi? Гэтага я не ведаў. Вiдаць, гэта было золата.

Я нiколi не спадзяваўся, што зямля можа хаваць у сваiх нетрах такiя дзiвосы. Гэта быў чароўны грот. Дно ў яго было сухое i роўнае, пакрытае дробным пяском. Нiдзе не заўважалася нi агiдных макрыц, нi чарвякоў, нiдзе нi на сценах, нi на скляпеннях - не было i знаку вiльгацi. Адзiная нязручнасць - вузкi ўваход, але для мяне гэта нязручнасць была надзвычай каштоўная: я столькi часу шукаў бяспечнага сховiшча, а бяспечней за гэта цяжка было знайсцi.

Я так узрадаваўся сваёй знаходцы, што вырашыў адразу ж перанесцi ў грот большую частку тых рэчаў, якiя былi мне асаблiва дарагiя, - перш за ўсё порах i ўсю запасную зброю, гэта значыць дзве паляўнiчыя стрэльбы i тры мушкеты.

Перацягваючы рэчы ў маю новую кладоўку, я ўпершыню адкаркаваў бочачку з падмочаным порахам. Я быў упэўнены, што ўвесь гэты порах нiкуды не варты, але выявiлася, што вада пранiкла ў бочачку толькi на тры-чатыры дзюймы кругом; порах, якi падмок, зацвярдзеў, i ўтварылася трывалая скарынка; пад гэтай скарынкай увесь астатнi порах захаваўся зусiм несапсаваны, як ядро арэха ў шкарлупiне. Такiм чынам, зусiм нечакана я зрабiўся ўладальнiкам новых запасаў выдатнага пораху.

Як я ўзрадаваўся такой нечаканасцi! Увесь гэты порах - а яго было не менш шасцiдзесяцi фунтаў - я перанёс у свой грот для больш надзейнага схову, пакiнуўшы ў сябе пад рукамi тры цi чатыры фунты на выпадак нападу дзiкуноў. У грот я перацягнуў i ўвесь запас свiнцу, з якога я рабiў кулi.

Цяпер мне ўяўлялася, што я падобны на аднаго з тых старадаўнiх волатаў, якiя, паводле паданняў, жылi сярод скал i ў пячорах, куды немагчыма было пранiкнуць нiводнаму чалавеку.

"Няхай сабе, - казаў я сам сабе, - няхай хоць пяцьсот дзiкуноў шныраць па ўсёй выспе, шукаючы мяне; яны нiколi не знойдуць майго тайнiка, а калi i знойдуць, нiзашто не адважацца зрабiць на яго напад!"

Стары казёл, якога я знайшоў тады ў сваёй новай пячоры, здох на другi дзень, i я закапаў яго ў зямлю на тым месцы, дзе ён ляжаў: гэта было куды лягчэй, чым выцягнуць яго з пячоры.

Iшоў ужо дваццаць трэцi год майго жыцця на выспе. Я паспеў да таго звыкнуцца i прызвычаiцца да яе прыроды i клiмату, што, калi б не баяўся дзiкуноў, якiя маглi кожную хвiлiну тут з'явiцца, я ахвотна згадзiўся б дажыць тут, у гэтым зняволеннi, усю рэшту сваiх дзён да апошняй гадзiны, калi я лягу i памру, як гэты стары казёл.

У апошнiя гады, пакуль я яшчэ не ведаў, што мне пагражае напад дзiкуноў, я прыдумаў сабе сякiя-такiя забаўкi, якiя пры маёй адзiноце вельмi ўсцешвалi мяне. Дзякуючы iм я праводзiў свой час куды весялей, чым раней.

Па-першае, як ужо гаварылася, я навучыў свайго Попку размаўляць, i ён так прыязна балбатаў са мною, вымаўляючы словы так падзельна i выразна, што я слухаў яго з вялiкiм задавальненнем.

Сумняваюся, каб яшчэ якi-небудзь iншы папугай умеў гаварыць лепш за яго. Ён пражыў у мяне не меней за дваццаць шэсць год. Цi доўга яшчэ яму заставалася жыць, я не ведаю; жыхары Бразiлii запэўнiваюць, што папугаi жывуць да ста гадоў.

Было ў мяне яшчэ два папугаi, яны таксама ўмелi гаварыць i абодва выкрыквалi "Робiн Круза!", але далёка не так добра, як Попка. Праўда, яго я вучыў i патрацiў часу i намаганняў куды больш.

Мой сабака быў маiм шчырым таварышам i добрым спадарожнiкам на працягу шаснаццацi год. Потым ён спакойна сканаў ад старасцi, але я нiколi не забуду, як аддана любiў ён мяне.

Тыя каты, якiх я пакiнуў у сваiм доме, таксама даўно ўжо зрабiлiся паўнапраўнымi членамi мае немалой сям'i.

Апрача таго, я заўсёды трымаў пры сабе двух цi трох казлянят, якiх прывучаў есцi з маiх рук. I заўсёды ў мяне вадзiлася вялiкая колькасць птушак; я лавiў iх на беразе, падразаў iм крылле, каб яны не маглi паляцець, i хутка яны рабiлiся ручнымi i з вясёлым крыкам збягалiся да мяне, як толькi я паказваўся на парозе.

Маладыя дрэўцы, якiя я пасадзiў вакол крэпасцi, даўно разраслiся ў густы гай, i ў гэтым гаi таксама пасялiлася мноства птушак. Яны рабiлi свае гнёзды на невысокiх дрэвах i выводзiлi птушанят, i ўсё гэта жыццё, што кiпела вакол мяне, суцяшала i радавала мяне ў маёй адзiноце.

Такiм чынам, паўтараю, мне жылося б вельмi добра i ўтульна i я быў бы зусiм задаволены сваiм лёсам, калi б не баяўся, што на мяне ў любы момант могуць напасцi дзiкуны.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

Дзiкуны зноў наведваюць выспу Рабiнзона. - Крушэнне карабля.

Надышоў снежань, i час было збiраць ураджай. Я працаваў у полi з ранку да вечара. I вось аднойчы, выйшаўшы з дому, калi яшчэ не зусiм развiднела, я, на вялiкi свой жах, убачыў на беразе, мiлi за дзве ад мае пячоры, полымя вялiкага вогнiшча.

Я спынiўся як укопаны. Значыць, на маёй выспе зноў з'явiлiся дзiкуны!

I з'явiлiся яны не ў тым баку, дзе я амаль нiколi не бываў, а тут, непадалёку ад мяне.

Я стаiўся ў гаi, што акружаў мой дом, не адважваючыся ступiць кроку, каб не наткнуцца на дзiкуноў.

Аднак i застаючыся ў гаi, я ўсё роўна быў вельмi занепакоены: я баяўся, што, калi дзiкуны пачнуць шнырыць па выспе i ўбачаць мае ўробленыя палеткi, мой статак, маё жытло, яны адразу ж здагадаюцца, што на выспе жывуць людзi, i не супакояцца, пакуль не адшукаюць мяне. Марудзiць было немагчыма. Я хутка вярнуўся да сябе за агароджу, падняў за сабою лескi, каб не пакiдаць слядоў, i пачаў рыхтавацца да абароны.

Я падрыхтаваў усю сваю артылерыю (так я зваў мушкеты, якiя стаялi на лафетах уздоўж знадворнай сцяны), агледзеў i зарадзiў абодва пiсталеты i вырашыў абараняцца да канца.

Я праседзеў у сваёй крэпасцi каля дзвюх гадзiн, ламаючы галаву, што б мне яшчэ такое прыдумаць для абароны майго ўмацавання.

"Як шкада, што ўсё маё войска складаецца з аднаго толькi чалавека! падумаў я. - У мяне няма нават лазутчыкаў, якiх я здолеў бы паслаць у разведку".

Што робiцца ў лагеры ворага, я не ведаў. Гэта няпэўнасць прыгнятала мяне. Я схапiў падзорную трубу, прыставiў лескi да крутога схiлу гары i дабраўся да вяршынi. Там я лёг нiцма i направiў трубу на тое месца, дзе бачыў агонь. Дзiкуны, iх было дзевяць чалавек, сядзелi вакол невялiкага вогнiшча зусiм голыя.

Вядома, вогнiшча яны расклалi не для таго, каб пагрэцца, - у гэтым не было патрэбы, таму што стаяла страшэнная гарачыня. Не, я быў упэўнены, што на гэтым вогнiшчы яны смажылi свой жахлiвы абед з чалавечага мяса! "Дзiчына", вядома, была ўжо нарыхтаваная, толькi жывая цi забiтая - гэтага я не ведаў.

Людаеды прысталi да выспы на дзвюх пiрогах, якiя цяпер стаялi на пяску: быў час адлiву, i мае жудасныя госцi, вiдаць, чакалi прылiву, каб плыць назад.

Так i здарылася: як толькi пачаўся прылiў, дзiкуны кiнулiся да лодак i адчалiлi. Я забыў сказаць, што за гадзiну цi паўтары да ад'езду яны скакалi па беразе: з дапамогай падзорнай трубы я добра бачыў iх дзiкiя скокi.

Як толькi я ўпэўнiўся, што дзiкуны пакiнулi выспу i знiклi, я злез з гары, ускiнуў на плечы абедзве стрэльбы, заткнуў за пояс два пiсталеты, а таксама сваю вялiзную шаблю без ножнаў i, не трацячы часу, накiраваўся да таго пагорка, адкуль рабiў свае першыя назiраннi пасля таго, як заўважыў на беразе чалавечы след.

Дабраўшыся да гэтага месца (што заняло часу не меней дзвюх гадзiн, бо я быў нагружаны цяжкою зброяй), я зiрнуў у бок мора i ўбачыў яшчэ тры пiрогi з дзiкунамi, якiя плылi ад выспы да мацерыка.

Гэта прывяло мяне ў жах. Я пабег да берага i ледзь не закрычаў ад гневу, калi ўбачыў рэшткi таго жудаснага балявання, якое там адбывалася: кроў, косцi i кавалкi чалавечага мяса, якое гэтыя лiхадзеi толькi што паядалi ў скоках i весялосцi.

Мяне ахапiла такое абурэнне, я адчуў такую нянавiсць да гэтых забойцаў, што мне захацелася жорстка адпомсцiць iм за iх крыважэрнасць. Я пакляўся, што, калi наступны раз зноў убачу на беразе iх агiднае баляванне, я нападу на iх i знiшчу ўсiх, колькi б iх нi было.

"Няхай я загiну ў няроўным баi, няхай сабе яны разарвуць мяне, - казаў я сабе, - але не магу ж я дапусцiць, каб у мяне на вачах людзi беспакарана елi людзей!"

Аднак прайшло адзiнаццаць месяцаў, а дзiкуны не з'яўлялiся. За ўвесь гэты час мой ваяўнiчы запал нiколькi не астыў: я толькi i думаў пра тое, як бы мне знiшчыць людаедаў.

Я вырашыў напасцi на iх знянацку, асаблiва калi яны зноў падзеляцца на дзве групы, як гэта было ў апошнi iх прыезд.

Я не падумаў тады, што калi нават i пераб'ю ўсiх дзiкуноў, што прыедуць да мяне (дапусцiм, iх будзе дзесяць цi дванаццаць чалавек), то на другi дзень цi праз тыдзень, а можа, праз месяц мне давядзецца мець справу з новымi дзiкунамi. А там зноў, зноў... I так бясконца, пакуль я сам не ператваруся ў такога ж жахлiвага забойцу, як i гэтыя няшчасныя, што паядаюць уласных братоў.

Пятнаццаць цi шаснаццаць месяцаў я правёў у няспыннай трывозе. Я кепска спаў, кожную ноч снiў жахлiвыя сны i часта ўсхоплiваўся з пасцелi, дрыжучы ад страху.

Часам мне снiлася, што я сам забiваю дзiкуноў, i мне падрабязна малявалiся ў сне моманты нашых боек.

Днём я таксама не меў нi хвiлiны спакою. Зусiм магчыма, што такое напружанне i трывога ў рэшце рэшт давялi б мяне да вар'яцтва, калi б раптам не здарылася падзея, якая адразу ж адцягнула ўсе мае думкi ў другi бок.

Гэта адбылося на дваццаць чацвёртым годзе майго жыцця на выспе, у сярэдзiне траўня, калi верыць майму несамавiтаму драўлянаму календару.

Увесь гэты дзень, шаснаццатага траўня, грымеў гром, блiскала маланка i навальнiца не сцiхала нi на хвiлiну. Позна вечарам я чытаў кнiгу, стараючыся забыць свае хваляваннi. Раптам я пачуў гарматны стрэл. Мне здалося, што ён данёсся да мяне з мора.

Я сарваўся з месца, у момант прыставiў лескi да схiлу гары i хутка-хутка, дарэмна баючыся патрацiць нават адно iмгненне, стаў караскацца па лесках уверх. Якраз у тую хвiлiну, калi я апынуўся на вяршынi, перада мною далёка ў моры блiснуў агеньчык, а праз паўхвiлiны пачуўся другi гарматны стрэл.

"У моры гiне карабель, - сказаў я сам сабе. - Ён падае сiгналы, ён спадзяецца, што будзе выратаваны. Напэўна, непадалёку знаходзiцца другi якi-небудзь карабель, у якога ён просiць дапамогi".

Я быў вельмi ўсхваляваны, але нiколькi не разгубiўся i паспеў сцямiць, што хоць я i не маю сiлы памагчы гэтым людзям, затое, можа, яны дапамогуць мне.

У адзiн момант я сабраў усё ламачча, якое ляжала паблiзу, склаў яго ў кучу i падпалiў. Дрэва было сухое, i, нягледзячы на моцны вецер, полымя вогнiшча ўзнялося так высока, што з карабля, калi гэта сапраўды быў карабель, не маглi не заўважыць майго сiгналу. I агонь быў несумненна заўважаны, таму што, як толькi ўспыхнула полымя вогнiшча, пачуўся новы гарматны стрэл, потым яшчэ i яшчэ, усё з таго ж боку.

Я падтрымлiваў агонь усю ноч - да ранiцы, а калi зусiм развiднела i перадранiшнi туман крыху развеяўся, я ўбачыў у моры, прама на ўсходзе, нейкi цёмны сiлуэт. Але што гэта было: корпус карабля цi ветразь, я не мог разгледзець нават у падзорную трубу, таму што было вельмi далёка, а мора ўсё яшчэ засцiлаў туман.

Усю ранiцу я назiраў за морам i тым прадметам i пераканаўся, што ён нерухомы. Можна было меркаваць, што гэта карабель, якi стаiць на якары.

Я не вытрымаў: схапiў стрэльбу, падзорную трубу i пабег на паўднёва-ўсходнi бераг, да таго месца, дзе пачыналася каменная града, што выходзiла ў мора.

Туман ужо развеяўся, i, забраўшыся на блiжэйшы ўцёс, я мог выразна распазнаць корпус карабля. Сэрца маё сцiснулася ад гора. Вiдаць, няшчасны карабель наскочыў на нябачныя падводныя скалы i разбiўся на тым месцы, дзе яны заступалi шлях шалёнаму марскому цячэнню. Гэта былi тыя ж самыя скалы, што некалi пагражалi i мне.

Калi б тыя, што пацярпелi крушэнне, заўважылi выспу, яны напэўна спусцiлi б шлюпкi i паспрабавалi б дабрацца да берага.

Але чаму яны стралялi з гармат адразу пасля таго, як я запалiў сваё вогнiшча?

Магчыма, убачыўшы касцёр, яны спусцiлi на ваду выратавальную шлюпку i пачалi кiравацца да берага, але не мелi сiлы адолець шалёную буру, iх знесла ўбок i яны ўсе патанулi? А магчыма, яшчэ да крушэння яны засталiся без лодак? У час жа буры здараецца i так: калi судна пачынае тануць, людзям часта даводзiцца, каб аблегчыць груз, выкiдаць свае шлюпкi за борт. Магчыма, гэты карабель быў не адзiн? Можа, разам з iм у моры было яшчэ два цi тры караблi i яны, пачуўшы сiгналы, падплылi да няшчаснага сабрата i падабралi яго экiпаж? Праўда, гэтак наўрад цi магло здарыцца: другога карабля я не бачыў.

Але якi б лёс нi напаткаў тых няшчасных, я не мог iм дапамагчы, i мне заставалася толькi аплакваць iх пагiбель.

Мне было шкада i iх i сябе.

Яшчэ больш пакутлiва, чым раней, я адчуў у гэты дзень увесь жах свае адзiноты. Ледзь толькi я ўбачыў карабель, я зразумеў, як страшэнна змаркоцiўся я без людзей, як страшэнна мне хочацца бачыць iх твары, чуць iх галасы, пацiскаць iм рукi, размаўляць з iмi! Мае вусны мiжвольна i бясконца паўтаралi словы: "Ах, калi б хоць два цi тры чалавекi... не, няхай сабе нават хоць адзiн толькi выратаваўся i прыплыў да мяне! Ён быў бы мне таварышам, сябрам, i я здолеў бы дзялiць з iм гора i радасць".

Нi разу за ўсе гады мае адзiноты не адчуваў я такога палкага жадання сустрэчы з людзьмi.

"Няхай бы хоць толькi адзiн! Ах, хоць бы адзiн!" - паўтараў я тысячу разоў.

I гэтыя словы распальвалi ва мне такi сум, што, вымаўляючы iх, я сутаргава сцiскаў кулакi i так моцна сашчэплiваў зубы, што потым доўга не мог iх расцяць.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

Рабiнзон робiць намер пакiнуць сваю выспу

Да апошняга года майго жыцця на выспе я так i не даведаўся, цi выратаваўся хто-небудзь з таго карабля, якi загiнуў.

Праз некалькi дзён пасля караблекрушэння я знайшоў на беразе, насупраць таго месца, дзе разбiўся карабель, цела юнгi. Я глядзеў на яго, шчыра сумуючы. У яго быў такi мiлы, такi дабрадушны малады твар! Магчыма, калi б ён застаўся жывы, я палюбiў бы яго, i жыццё маё зрабiлася б куды шчаслiвейшым.

Але не варта плакаць па тым, чаго ўсё роўна не вернеш. Я доўга блукаў па ўзбярэжжы, а потым зноў падышоў да тапельца. На iм былi кароткiя палатняныя штаны i матроская куртка. Не было нiякiх прыкмет, па якiх можна было б вызначыць, якой ён нацыянальнасцi: у кiшэнях у яго я не знайшоў нiчога, апрача дзвюх залатых манет i люлькi.

Бура сцiхла, i мне страшэнна захацелася ўзяць лодку i дабрацца на ёй да карабля. Я не сумняваўся, што знайду там нямала карысных рэчаў, якiя могуць мне спатрэбiцца. Але не толькi гэта спакушала мяне: больш за ўсё мяне хвалявала надзея, што, магчыма, на караблi засталася якая-небудзь жывая iстота, якую я здолею выратаваць ад смерцi.

"I калi я выратую яе, - казаў я сабе, - маё жыццё будзе куды больш светлым i радасным".

Гэта думка завалодала ўсiм маiм сэрцам: я адчуваў, што нi днём нi ноччу не буду ведаць спакою, пакуль не наведаю разбiтае судна. I я сказаў сабе: "Няхай будзе што будзе, а я паспрабую дабрацца туды. Чаго б гэта мне нi каштавала, я павiнен адправiцца ў мора, калi не хачу, каб мяне замучыла сумленне".

З гэтым рашэннем я паспяшаўся вярнуцца да сябе ў крэпасць i пачаў рыхтавацца да цяжкай i небяспечнай паездкi.

Я ўзяў хлеба, вялiкi збан прэснай вады, бутэльку рому, карзiну з разынкамi i компас. Узвалiўшы сабе на плечы ўсю гэту каштоўную паклажу, я накiраваўся да таго берага, дзе стаяла мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я склаў у яе рэчы i вярнуўся па новы груз. На гэты раз я прыхапiў з сабою вялiкi мяшок рысу, другi збан прэснай вады, дзесяткi два ячменных праснакоў, бутэльку казiнага малака, кавалак сыру i парасон.

Усё гэта я з вялiкай цяжкасцю перанёс у лодку i адчалiў. Спачатку я пайшоў на вёслах i трымаўся, па магчымасцi, блiжэй да берага.

Калi я дасягнуў паўночна-ўсходняга канца выспы i трэба было ўзняць ветразь, каб пусцiцца ў адкрытае мора, я спынiўся ў нерашучасцi.

"Iсцi цi не iсцi? Рызыкаваць цi не?" - пытаўся я сам у сябе.

Я зiрнуў на хуткi струмень марскога цячэння, што абгiнала выспу, i ўспомнiў, якая страшэнная небяспека пагражала мне ў час мае першай паездкi. I памалу мая рашучасць пачала слабець. Тут абодва цячэннi сутыкалiся, i я добра бачыў, што ў якое б цячэнне я нi трапiў, любое з iх знясе мяне далёка ў адкрытае мора.

"Мая ж лодка такая малая, - казаў я сабе, - што варта ўзняцца свежаму ветру, i яе зараз жа захлiсне хваляй, i тады мая пагiбель немiнучая".

Пад уражаннем гэтых думак я зусiм аслабеў i ўжо гатовы быў адмовiцца ад свае задумы. Я зайшоў у невялiчкую бухтачку, прычалiў да берага, сеў на пагорак i глыбока задумаўся, не ведаючы, што мне рабiць.

Але неўзабаве пачаўся прылiў, i я ўбачыў, што справа выглядае ўжо зусiм не так кепска: выявiлася, што адлiў iдзе з паўднёвага боку выспы, а цячэнне прылiву - з паўночнага, так што калi я, вяртаючыся з разбiтага судна, буду трымаць курс да паўночнага берага выспы, то застануся жывы i здаровы.

Значыць, баяцца няма чаго. Я зноў падбадзёрыўся i вырашыў заўтра ж, на свiтаннi, выйсцi ў мора.

Надышла ноч. Я пераначаваў у лодцы, накрыўшыся матроскiм бушлатам, а ранiцай рушыў у дарогу.

Спачатку я ўзяў курс у адкрытае мора, прама на поўнач, пакуль не трапiў у струмень цячэння, якое накiроўвалася на ўсход. Мяне панесла вельмi хутка, i менш чым за дзве гадзiны я даплыў ужо да карабля.

Змрочнае вiдовiшча адкрылася маiм вачам: карабель (вiдаць, гiшпанскi) уткнуўся носам памiж двух уцёсаў.

Карма была знесена; уцалела толькi насавая частка. I грот-мачта i фок-мачта былi спiлаваны.

Калi я падышоў да борта, на палубе паказаўся сабака. Убачыўшы мяне, ён пачаў кiдацца i скавытаць, а калi я паклiкаў яго, ён скочыў у ваду i падплыў да мяне. Я ўзяў яго ў лодку. Сабака памiраў з голаду i смагi. Я даў яму кавалак хлеба, i ён накiнуўся на яго, як згаладалы ў снежную зiму воўк. Калi сабака наеўся, я даў яму крыху вады, i ён пачаў так прагна хлябтаць, што напэўна лопнуў бы, калi б даць яму ўволю.

Затым я падняўся на карабель. Першае, што я ўбачыў, гэта былi два трупы: яны ляжалi ў рубцы, моцна счапiўшыся рукамi. Вiдаць, калi карабель наскочыў на скалу, яго ўвесь час залiвала велiзарнымi хвалямi, таму што была страшэнная бура, i гэтыя два чалавекi, баючыся, каб iх не змыла за борт, ухапiлiся адзiн за аднаго ды так i захлынулiся. Хвалi былi такiя высокiя i так часта захлiствалi палубу, што карабель, па сутнасцi, увесь час знаходзiўся пад вадой, i тыя, каго не змылi хвалi, захлынулiся ў каютах i ў кубрыку.

Апрача сабакi, на караблi не засталося нiводнай жывой iстоты.

Большую частку рэчаў, вiдаць, таксама змыла ў мора, а тыя, што засталiся, прамоклi. Праўда, у труме стаялi нейкiя бочкi з вiном цi з гарэлкай, але яны былi такiя вялiкiя, што я нават не спрабаваў скрануць iх з месца.

Было там яшчэ некалькi скрыняў, якiя, вiдаць, належалi матросам; дзве скрынi я знёс у лодку, нават не паспрабаваўшы адчынiць iх. Калi б замест насавой часткi ўцалела карма, мне, напэўна, трапiлася б нямала дабра, таму што нават у гэтых дзвюх скрынях я пасля знайшоў сякiя-такiя каштоўныя рэчы. Карабель, вiдаць, быў вельмi багаты.

Апрача скрынь, я знайшоў на караблi бочачку з нейкiм спiртным напiткам. У бочачцы было не менш за дваццаць галонаў, i мне давялося нямала памучыцца, каб перацягнуць яе ў лодку. У каюце я знайшоў некалькi стрэльбаў i вялiкую парахаўнiцу, а ў ёй фунты чатыры пораху. Стрэльбы я пакiнуў, бо яны мне былi не патрэбны, а порах узяў. Узяў я таксама шуфлiк i шчыпцы для вугалю, яны мне былi вельмi патрэбны. Узяў два медныя кацялкi i медны кафейнiк.

З усiм гэтым грузам, а таксама з сабакам я адчалiў ад карабля, бо пачынаўся прылiў. У той жа дзень, недзе к гадзiне ночы, я вярнуўся на выспу стомлены i змучаны ўшчэнт. Я вырашыў перанесцi сваю здабычу не ў пячору, а ў новы грот, таму што туды было блiжэй. Ноч я зноў пераначаваў у лодцы, а ранiцой, падмацаваўшыся снеданнем, выгрузiў на бераг прывезеныя рэчы i ўважлiва iх перабраў i перагледзеў. У бочачцы быў ром, але, сказаць па праўдзе, няўдалы, куды горшы за той, якi мы пiлi ў Бразiлii.

Затое, калi я адчынiў скрынi, я знайшоў у iх многа карысных i каштоўных рэчаў.

У адной з iх быў, напрыклад, куфэрак вельмi зграбнай i мудрагелiстай формы. У куфэрку было многа бутэлек з прыгожымi срэбнымi коркамi; у кожнай бутэльцы не менш трох пiнт выдатнага духмянага лiкёру.

Там жа я знайшоў чатыры бляшанкi цудоўнай зацукраванай садавiны; на жаль, дзве з iх былi сапсаваны салёнай марской вадой, але дзве былi так шчыльна закаркаваны, што ў iх не пранiкла нi кроплi вады. У скрынi я знайшоў некалькi зусiм яшчэ моцных сарочак, i гэта знаходка мяне вельмi ўзрадавала; затым паўтары тузiны каляровых шыйных хусцiнак i столькi ж белых палатняных насавых хусцiнак, якiя мяне вельмi ўзрадавалi, таму што няма нiчога прыемней, як у гарачыню выцiраць спацелы твар тонкай палатнянай хусцiнкай.

На дне скрынi я знайшоў тры мяшэчкi з грашыма i некалькi невялiкiх злiткаў золата, вагою, мне здаецца, каля фунта.

У другой скрынi былi курткi, штаны i камзолы, даволi паношаныя, з таннай матэрыi.

Прызнацца, калi я збiраўся на гэты карабель, я думаў, што знайду на iм куды больш карысных i каштоўных рэчаў. Праўда, я разжыўся на даволi прыстойную суму грошай, але ж грошы цяпер былi для мяне непатрэбным смеццем! Я ахвотна аддаў бы ўсе тыя грошы за тры-чатыры пары самых звычайных чаравiкаў i панчох, якiх не насiў вось ужо некалькi год.

Склаўшы здабычу ў надзейным месцы i пакiнуўшы там сваю лодку, я рушыў назад пехатой. Была ўжо ноч, калi я вярнуўся дадому. Дома ўсё было ў поўным парадку: спакойна, утульна i цiха. Папугай прывiтаў мяне ласкавым словам, а казляняты з такой радасцю кiнулiся да мяне, што я не мог не пагладзiць iх i не даць iм свежых каласоў.

Ранейшыя мае страхi з таго часу як быццам развеялiся, i я зажыў па-старому, без усякiх хваляванняў, урабляючы свае палi i даглядаючы жывёлу, да якой прывык яшчэ мацней, чым раней.

Так я пражыў амаль два гады, у поўным дастатку, не ведаючы нiякiх нягод. Але ўсе гэтыя два гады я толькi i думаў пра тое, як бы мне пакiнуць маю выспу. З той хвiлiны, як я ўбачыў карабель, якi абяцаў мне волю, мая адзiнота зрабiлася для мяне яшчэ больш ненавiснай. Днi i ночы праводзiў я ў думках пра ўцёкi з гэтай турмы. Калi б я меў баркас, хоць бы накшталт таго, на якiм я ўцёк ад маўраў, я без роздуму рушыў бы ў мора, нават не думаючы пра тое, куды занясе мяне вецер.

Нарэшце я прыйшоў да пераканання, што мне ўдасца вырвацца на волю толькi ў тым выпадку, калi я захаплю каго-небудзь з дзiкуноў, якiя наведваюць маю выспу. Лепш за ўсё было б захапiць аднаго з тых няшчасных, якiх гэтыя людаеды прывозiлi сюды, каб разарваць i з'есцi. Я выратую яму жыццё, i ён дапаможа мне вырвацца на волю. Але план гэты вельмi цяжкi i небяспечны: для таго, каб захапiць патрэбнага мне дзiкуна, я павiнен буду напасцi на натоўп людаедаў i перабiць усiх да адзiнага, а гэта наўрад цi мне ўдасца. Апрача таго, мая душа жахалася пры адной толькi думцы, што мне давядзецца пралiць столькi чалавечай крывi няхай сабе i дзеля ўласнага выратавання.

Доўга гэтак змагаўся я сам з сабою, пакуль, нарэшце, палымяная прага волi не перамагла ўсе довады развагi i сумлення. Я вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, захапiць аднаго з дзiкуноў у першы ж раз, як яны прыедуць на маю выспу.

I вось я пачаў амаль штодня падкрадвацца ад свае крэпасцi да таго далёкага берага, да якога найбольш пэўна маглi прычалiць пiрогi дзiкуноў. Я хацеў захапiць iх знянацку. Але прайшло паўтара года - i нават болей, - а дзiкуны не паказвалiся. У рэшце рэшт нецярпенне маё зрабiлася такое неадольнае, што я зусiм забыў пра асцярожнасць i ўявiў сабе чамусьцi, што, калi б мне давялося стрэцца з дзiкунамi, я лёгка справiўся б не толькi з адным, але i з двума i нават з трыма.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Рабiнзон выратоўвае дзiкуна i дае яму iмя Пятнiца

Уявiце ж сабе маё здзiўленне, калi аднойчы, выйшаўшы з крэпасцi, я ўбачыў унiзе каля самага берага (гэта значыць зусiм не там, дзе я чакаў iх убачыць) пяць цi шэсць iндзейскiх пiрог. Пiрогi стаялi пустыя. Людзей не было вiдаць. Напэўна, яны выйшлi на бераг i некуды схавалiся.

Ведаючы, што ў кожную пiрогу звычайна садзiцца чалавек па шэсць, а то i болей, прызнацца, я вельмi разгубiўся. Я нiяк не чакаў, што мне давядзецца ўступiць у бойку супроць такой вялiкай варожай сiлы.

"Iх не меней за дваццаць чалавек, а то, бадай, усе трыццаць будзе. Хiба я адзiн усiх iх адолею!" - занепакоена падумаў я.

Я быў у нерашучасцi i не ведаў, што мне рабiць, але ўсё ж засеў у сваёй крэпасцi i падрыхтаваўся да бою.

Навокал была цiшыня. Я прыслухоўваўся, цi не пачуюцца з таго боку крыкi або песнi дзiкуноў. Нарэшце мне надакучыла чакаць. Я пакiнуў сваю стрэльбу пад лескамi i падняўся на вяршыню ўзгорка.

Высоўваць галаву было небяспечна. Я схаваўся за гэтай вяршыняй i пачаў глядзець у падзорную трубу. Дзiкуны цяпер вярнулiся да сваiх лодак. Iх было не меней за трыццаць чалавек. Яны расклалi на беразе вогнiшча i, вiдаць, гатавалi на агнi нейкую ежу. Што яны гатавалi, я не мог разгледзець, бачыў толькi, што яны скачуць вакол вогнiшча нейкi шалёны танец, як заўсёды звычайна скачуць дзiкуны.

Працягваючы назiраць за iмi ў падзорную трубу, я ўбачыў, што яны падбеглi да лодак, выцяглi адтуль двух чалавек i павалаклi да вогнiшча. Вiдаць, яны мелi намер забiць iх.

Да гэтай хвiлiны няшчасныя, вiдаць, ляжалi ў лодках са звязанымi рукамi i нагамi. Аднаго з iх iмгненна збiлi з ног. Вiдаць, яго стукнулi па галаве дубiнай цi драўляным мечам, гэтай звычайнай зброяй дзiкуноў; зараз жа на яго накiнулася яшчэ двое цi трое i ўзялiся за работу: распаролi яму жывот i пачалi патрашыць.

Другi палонны стаяў тут жа, чакаючы свае чаргi.

Узяўшыся за першую ахвяру, мучыцелi забылi пра яго. Палонны адчуў сябе на волi, i ў яго, вiдаць, узнiкла надзея на выратаванне: ён раптам кiнуўся наперад i з незвычайнай хуткасцю прыпусцiў наўцёкi.

Ён бег пясчаным берагам у той бок, дзе было маё жытло.

Прызнаюся, я страшэнна напалохаўся, калi заўважыў, што ён бяжыць проста на мяне. Ды i як было не напалохацца: у першую хвiлiну мне здалося, што даганяць яго кiнулася ўся шайка. Аднак я застаўся на месцы i хутка ўбачыў, што за ўцекачом гоняцца ўсяго толькi два цi тры чалавекi, а астатнiя, крыху прабегшы, патроху пачалi адставаць, а потым зноў павярнулi назад да вогнiшча. Гэта надало мне бадзёрасцi. Але канчаткова я супакоiўся, калi ўбачыў, што ўцякач далёка апярэдзiў сваiх ворагаў: было зразумела, што, калi ён здолее прабегчы з такой хуткасцю яшчэ з паўгадзiны, яны яго нi ў якiм разе не зловяць.

Дзiкуноў, якiя беглi берагам, i маю крэпасць падзяляла вузкая бухта, пра якую я расказваў не раз, - тая самая, куды я прычальваў са сваiмi плыгамi, калi перавозiў рэчы з нашага карабля.

"Што ж ён будзе рабiць, гэты бядак, - падумаў я, - калi дабяжыць да бухты? Ён павiнен будзе пераплысцi яе, iнакш яму не ўцячы ад пагонi".

Але я дарэмна непакоiўся за яго: уцякач не думаючы кiнуўся ў ваду, хутка пераплыў бухту, вылез на другi бераг i, не запавольваючы кроку, пабег далей.

З трох людаедаў, што гналiся за iм, толькi двое кiнулiся ў ваду, а трэцi не адважыўся: вiдаць, ён не ўмеў плаваць; ён пастаяў на тым беразе, паглядзеў услед двум другiм, потым павярнуўся i, не спяшаючыся, накiраваўся назад.

Я з радасцю заўважыў, што два дзiкуны, якiя гналiся за ўцекачом, плылi разы ў два павольней за яго.

I вось тут я зразумеў, што надышоў час дзейнiчаць. Сэрца маё загарэлася.

"Цяпер або нiколi! - сказаў я сам сабе i памчаўся наперад. - Выратаваць, выратаваць гэтага няшчаснага, чаго б гэта нi каштавала!"

Не трацячы часу, я збег па лесках да падножжа гары, схапiў пакiнутыя там стрэльбы, затым з такой жа хуткасцю зноў узабраўся на гару, спусцiўся з другога боку i пабег наўскасяк проста да мора, каб спынiць дзiкуноў.

I таму, што я бег унiз па схiле пагорка самай кароткай дарогай, то хутка апынуўся памiж уцекачом i яго праследавацелямi. Ён уцякаў, не азiраючыся, i не заўважыў мяне.

Я крыкнуў яму:

- Стой!

Ён азiрнуўся i ў першы момант, здаецца, спалохаўся мяне яшчэ больш, чым сваiх праследавацеляў.

Я зрабiў яму знак, каб ён наблiзiўся да мяне, а сам пайшоў павольным крокам насустрач тым двум дзiкунам, якiя гналiся за iм. Калi пярэднi параўняўся са мною, я нечакана кiнуўся на яго i прыкладам стрэльбы збiў яго з ног. Страляць я баяўся, каб не спудзiць астатнiх дзiкуноў, хоць яны былi далёка i наўрад цi маглi пачуць мой стрэл, а калi б i пачулi, то ўсё роўна не здагадалiся б, што гэта такое.

Калi адзiн з пагонi ўпаў, другi, вiдаць, спалохаўшыся, спынiўся. Я мiж тым спакойна наблiжаўся да яго. Але калi, падышоўшы блiжэй, я ўбачыў, што ў руках у яго лук i страла i што ён цэлiцца ў мяне, мне мiжволi давялося стрэлiць. Я прыцэлiўся, спусцiў курок i паклаў яго на месцы.

Няшчасны ўцякач, нягледзячы на тое, што я забiў яго абодвух ворагаў (ва ўсякiм разе так яму павiнна было здавацца), быў да таго напалоханы агнём i гукам стрэлу, што страцiў здольнасць рухацца; ён стаяў, як прыкаваны да месца, не ведаючы, на што адважыцца: бегчы цi застацца пры мне, хаця, напэўна, хацеў бы ўцячы, калi б мог.

Я зноў пачаў крычаць яму i паказваць на мiгах, каб ён падышоў блiжэй. Ён зразумеў: зрабiў два крокi i спынiўся, потым зрабiў яшчэ некалькi крокаў i зноў стаў як укопаны.

Тут я заўважыў, што ён увесь дрыжыць; няшчасны, вiдаць, баяўся, што, калi ён трапiць да мяне ў рукi, я зараз жа заб'ю яго, як i тых дзiкуноў.

Я зноў зрабiў яму знак, каб ён наблiзiўся да мяне, i наогул iмкнуўся як-небудзь яго падбадзёрыць.

Ён падыходзiў да мяне ўсё блiжэй i блiжэй. Праз кожныя дзесяць-дванаццаць крокаў ён падаў на каленi. Вiдаць, ён хацеў выказаць мне падзяку за тое, што я выратаваў яму жыццё.

Я ласкава ўсмiхаўся яму i з самым прыветным выглядам вабiў яго да сябе рукой.

Нарэшце дзiкун падышоў зусiм блiзка. Ён зноў упаў на каленi, пацалаваў зямлю, прыцiснуўся да яе лбом i, прыўзняўшы маю нагу, паставiў яе сабе на галаву. Гэта, напэўна, павiнна было азначаць, што ён клянецца быць маiм рабом да апошняга дня свайго жыцця.

Я падняў яго i з той жа ласкавай прыязнай усмешкай стараўся паказаць яму, што яму не трэба мяне баяцца.

Але трэба было дзейнiчаць далей. Раптам я заўважыў, што той дзiкун, якога я стукнуў прыкладам, не забiты, а толькi аглушаны. Ён заварушыўся i апрытомнеў.

Загрузка...