- Паклiкаць да мяне капiтана!

Адзiн з нашых людзей урачыста падышоў да капiтана i сказаў:

- Капiтан, вас клiча начальнiк!

А капiтан не меней урачыста адказаў:

- Перадайце ягамосьцi, што я зараз з'яўлюся.

Пачуўшы гэта, пiраты зусiм панiклi. Яны паверылi, што непадалёку ад iх знаходзiцца сам губернатар з атрадам у пяцьдзесят чалавек.

Калi капiтан падышоў да мяне, я паведамiў яму, што хачу завалодаць караблём з дапамогай нашых палонных. Капiтан быў у захапленнi. Мы вырашылi заўтра ж прывесцi гэты намер у выкананне.

- Але для таго, каб дзейнiчаць пэўна, - сказаў я, - нам патрэбна адлучыць адных палонных ад другiх. Аткiнса з двума такiмi ж бандытамi мы пасадзiм у падзямелле; няхай Пятнiца i ваш памочнiк адвядуць iх туды. Астатнiм жа я знайду адпаведнае месца.

Так мы i зрабiлi: трох адвялi ў пячору, якая i сапраўды нагадвала даволi-такi змрочнае скляпенне, астатнiх жа я адправiў на сваё лясное лецiшча, туды, дзе стаяў мой будан. Высокая агароджа рабiла яе таксама даволi надзейнай турмой, тым больш што вязнi былi звязаныя i ведалi, што iх лёс залежыць ад iх паводзiн.

На другi дзень я паслаў да гэтых матросаў капiтана. Ён павiнен быў пагутарыць з iмi, даведацца, якi сапраўдны ў iх настрой i пачуццi, а потым зрабiць мне падрабязную справаздачу пра сваю гутарку. Я хацеў ведаць, у якой ступенi можна давяраць гэтым людзям i цi не будзе небяспечна ўзяць iх з сабой на карабель.

Капiтан павёў справу разумна i рашуча. Ён нагадаў матросам, у якiм крытычным становiшчы яны апынулiся па ўласнай жа вiне, i сказаў, што хоць начальнiк выспы цяпер i памiлаваў iх сваёй уладай, але, калi карабель прыйдзе ў Ангельшчыну, iх будуць судзiць як здраднiкаў i, няма сумнення, павесяць.

- Але, - дадаў ён, - калi вы дапаможаце мне адабраць у пiратаў мой карабель, тады начальнiк выспы, прымаючы да ўвагi, што вы па сваёй волi паслужылi добрай справе, паспрабуе прасiць, каб вам даравалася ваша злачынства.

Няцяжка здагадацца, з якiм захапленнем сустрэлi гэтыя людзi яго прапанову.

Яны ўпалi перад капiтанам на каленi i клялiся, што будуць бiцца за яго да апошняй кроплi крывi, што, калi ён выпрасiць iм памiлаванне, яны будуць усё сваё жыццё лiчыць сябе яго даўжнiкамi, пойдуць за iм, куды ён загадае, хоць на край свету, i будуць шанаваць яго, як роднага бацьку.

- Цудоўна, - сказаў капiтан, - пра ўсё гэта я далажу начальнiку выспы i, са свайго боку, буду прасiць яго, каб ён памiлаваў вас.

Затым ён вярнуўся да мяне, зрабiў мне падрабязную справаздачу пра сваю гутарку з матросамi i дадаў, што па яго перакананню мы пэўна можам спадзявацца на гэтых людзей.

Але я быў той думкi, што асцярожнасць нiколi не пашкодзiць, i таму сказаў капiтану:

- Вось што мы зробiм: мы возьмем пакуль што толькi пяцярых. Няхай не думаюць, што мы маем патрэбу ў людзях. Iдзiце i скажыце iм, што хоць у нас i дастаткова людзей, але, так, для выпрабавання, мы возьмем i пяцярых з iх; астатнiя ж двое, разам з тымi трыма, што сядзяць у крэпасцi (гэта значыць, у маёй пячоры), будуць пакiнуты начальнiкам выспы ў якасцi закладнiкаў, i, калi iх таварышы, якiя будуць прымаць удзел у нашай бойцы, парушаць сваю прысягу, усе пяцёра закладнiкаў будуць павешаны.

Гэта была выключна суровая ўмова. Калi капiтан перадаў палонным мой адказ, яны зразумелi, што з начальнiкам выспы жарты кепскiя. I, вядома, iм заставалася адно: прыняць мае ўмовы.

Закладнiкi самi пачалi горача ўпрошваць сваiх вызваленых таварышаў, каб тыя не здрадзiлi капiтану.

Вось поўны склад нашай армii напярэдаднi вялiкай бiтвы: па-першае, капiтан, яго памочнiк i пасажыр; па-другое, двое вызваленых палонных, за якiх паручыўся сам капiтан; па-трэцяе, яшчэ двое, тыя, што сядзелi ў маiм будане (цяпер па просьбе капiтана iх таксама вызвалiлi); па-чацвёртае, тыя пяцёра з другой партыi, якiх мы вызвалiлi пазней за iншых; такiм чынам, усяго дванаццаць чалавек, апрача тых пяцярых, якiя засталiся ў маiм скляпеннi закладнiкамi.

Я спытаў капiтана, як ён мяркуе, цi магчыма напасцi на карабель з такой малой сiлай. Мне i Пятнiцу немагчыма было адлучацца: у нас на руках заставалася сямёра чалавек, якiх мы павiнны былi вартаваць i кармiць.

Пяцярым закладнiкам, якiя сядзелi ў пячоры, я вырашыў нi ў чым не патураць. Два разы ў дзень Пятнiца насiў iм ежу i ваду i сам кармiў iх, таму што мы нават не развязалi iм рукi. Астатнiм жа мы далi некаторае паслабленне.

Гэтым двум я вырашыў нарэшце паказацца. Я прыйшоў да iх разам з капiтанам. Ён сказаў iм, што я - давераная асоба начальнiка выспы, якi даручыў мне нагляд за ваеннапалоннымi, таму яны не маюць права нiкуды адлучацца без майго дазволу, i пры першай жа спробе непаслушэнства iх закуюць у кайданы i пасадзяць у губернатарскую крэпасць.

З гэтага часу я нi разу не паказваўся палонным у якасцi начальнiка выспы, а заўсёды як яго давераная асоба, прычым кожны раз я нагадваў пра начальнiка, пра гарнiзон, пра гарматы i крэпасць.

Цяпер заставалася толькi падрыхтавацца да будучай бiтвы: старанна адрамантаваць абедзве лодкi, прыладзiць снасцi i прызначыць каманду на кожную з iх.

Усе гэтыя клопаты я ўсклаў на капiтана.

Ён прызначыў камандзiрам шлюпкi свайго пасажыра i даў яму чатырох чалавек; сам жа капiтан, яго памочнiк i з iм пяцёра матросаў складалi экiпаж баркаса. Капiтан сцвярджаў (зусiм справядлiва), што лепш за ўсё падысцi да карабля ў цемры, i ў блiжэйшы ж вечар адчалiў ад берага.

Калi апоўначы на караблi пачулi ўсплёскi вёсел i, паводле марскога звычаю, аклiкнулi шлюпку, капiтан загадаў Джымi Рою, каб ён адзiн адгукнуўся, а астатнiя каб маўчалi.

Джымi Рой крыкнуў, што ён прывёз усiх матросаў, але прыпазнiўся, бо доўга шукаў iх, а потым пачаў падрабязна плесцi i выдумляць розныя байкi наконт гэтага.

Пакуль ён балбатаў такiм чынам, баркас i шлюпка прычалiлi да борта.

Капiтан i яго памочнiк першыя ўскочылi на палубу са зброяй у руках i адразу ж збiлi з ног ударамi прыкладаў двух пiратаў, якiя, нi аб чым не здагадваючыся, выйшлi iм насустрач; выявiлася, што гэта карабельны цясляр i другi памочнiк капiтана, якiя перайшлi на бок пiратаў.

Увесь капiтанскi атрад дзейнiчаў дружна i адважна. Усе матросы, што знаходзiлiся на палубе, былi схоплены, пасля чаго капiтан загадаў замкнуць люкi, каб усiх астатнiх затрымаць унiзе.

Тым часам падаспелi камандзiр i матросы другой шлюпкi; яны занялi ход у карабельную кухню i ўзялi ў палон яшчэ трох чалавек.

Калi на палубе i на шканцах* не засталося ўжо нiводнага ворага, капiтан загадаў свайму памочнiку ўзяць трох чалавек з каманды i пайсцi ўзламаць дзверы галоўнай каюты, дзе, пачуўшы першыя гукi трывогi, замкнуўся новы капiтан, абраны пiратамi, i з iм два матросы i юнга.

* Шканцы - пляцоўка на верхняй палубе судна.

Яны паспелi захапiць з сабой зброю, так што, калi памочнiк капiтана са сваiмi людзьмi высадзiлi дзверы каюты, iх сустрэлi стралянiнай. Памочнiку раздрабiла руку мушкетнай куляй, двух матросаў таксама паранiла, але нiхто не быў забiты.

Памочнiк капiтана крыкнуў: "На дапамогу!" Не звяртаючы ўвагi на сваю цяжкую рану, ён уварваўся ў каюту з пiсталетам у руцэ i прастрэлiў новаму капiтану галаву. Той звалiўся, не паспеўшы прамовiць i слова: куля трапiла яму ў рот. Пасля гэтага астатнiя здалiся без бою, так што больш не пралiлося нi кроплi крывi.

Як толькi капiтан стаў гаспадаром свайго карабля, ён загадаў даць сем гарматных стрэлаў. Гэта быў умоўны сiгнал, якiм ён паведамiў мне пра паспяховае заканчэнне справы. Чакаючы гэтага сiгналу, я праседзеў на беразе дзве гадзiны i быў невыказна рады, калi пачуў яго.

З супакоеным сэрцам я адразу ж вярнуўся дадому, лёг i iмгненна заснуў, таму што быў вельмi стомлены трывогамi гэтага дня.

Мяне абудзiў новы стрэл. Я ўскочыў i пачуў, што нехта клiча мяне:

- Начальнiк! Начальнiк!

Я адразу ж пазнаў голас капiтана. Ён стаяў над маёй крэпасцю, на гары. Я схапiў лескi i ўзлез да яго. Ён абняў мяне i сказаў, паказваючы на мора:

- Мой дарагi друг! Мой выратавальнiк! Вось ваш карабель. Ён ваш, i ўсё, што на iм, ваша таксама! I ўсе мы таксама вашы!

Я глянуў у той бок, куды ён паказваў: карабель стаяў ужо на другiм месцы, менш чым за паўмiлi ад берага.

Выявiлася, што, расправiўшыся з пiратамi, мой сябар капiтан зараз жа загадаў зняцца з якара i, карыстаючыся спадарожным ветрыкам, падышоў да тае бухты, дзе я некалi прычальваў са сваiмi плытамi, затым, дачакаўшыся прылiву, ён на ялiку зайшоў у бухту i заспяшаўся да мяне, каб паведамiць, што яго карабель знаходзiцца, можна сказаць, ля маiх дзвярэй.

Ад гэтай нечаканай радасцi я ледзь не страцiў прытомнасць: я ж на ўласныя вочы бачыў цяпер сваю доўгачаканую волю! Яна была тут, у мяне ў руках! Да маiх паслуг быў вялiкi карабель, якi гатовы быў везцi мяне, куды я захачу.

Я да таго ўзрадаваўся, што ў першы момант не здолеў адказаць капiтану нi слова, i пэўна павалiўся б на зямлю, калi б ён не падтрымаў мяне.

Убачыўшы, што я канчаткова знясiлеў ад раптоўнага шчасця, ён выцягнуў з кiшэнi шклянку з нейкiмi лекамi, якiя ён прыхапiў для мяне. Сербануўшы глыток, я цiха апусцiўся на зямлю. I хоць свядомасць вярнулася да мяне, усё ж я доўга не мог загаварыць.

Бедны капiтан быў усхваляваны не менш, чым я. Каб вярнуць мне мае душэўныя сiлы, ён шаптаў мне тысячы ласкавых шчырых слоў. Але грудзi мае былi перапоўнены нахлынуўшым шчасцем, i я кепска разумеў, што ён гаворыць. Нарэшце я заплакаў ад радасцi, i толькi пасля гэтага да мяне вярнулася здольнасць гаварыць. Тут я, у сваю чаргу, абняў свайго новага сябра i ад усяго сэрца павiншаваў яго. Мы абодва былi радасныя i ўсцешаныя.

Калi ж мы крыху апамяталiся, капiтан сказаў мне, што прывёз мне сякiя-такiя рэчы, якiя, на шчасце, не паспелi раскрасцi бандыты, якiя столькi часу гаспадарылi на яго караблi.

- Мне здаецца, што гэтыя рэчы будуць не зусiм бескарысныя для вас, сказаў капiтан.

Ён крыкнуў сваiм матросам, якiя заставалiся ў лодцы:

- Гэй, цягнiце сюды пакункi, якiя мы прывезлi начальнiку выспы.

Гэта быў сапраўды багаты падарунак: капiтан прывёз так многа самых разнастайных рэчаў, як быццам я збiраўся заставацца на выспе да канца свайго жыцця.

У пакунках былi: дванаццаць велiзарных кавалкаў саланiны, шэсць кумпякоў вяндлiны, мех гароху, каля ста фунтаў сухароў. Ён прывёз мне таксама скрынку цукру, скрынку мукi, мех лiмонаў i дзве бутэлькi лiмоннага соку.

Але, вядома, у тысячу разоў больш патрэбна была мне адзежа. I таму я бясконца ўзрадаваўся, калi выявiлася, што мой сябар капiтан прывёз мне паўтузiна новых, зусiм чыстых сарочак, шэсць цудоўных хусцiнак на шыю, дзве пары пальчатак, капялюш, чаравiкi, панчохi i свой выдатны, зусiм новы яшчэ гарнiтур - словам, ён апрануў мяне з галавы да ног.

Падарунак быў прыемны i вельмi карысны, але вы не можаце сабе ўявiць, якi быў у мяне няўклюдны выгляд, калi я апрануўся ў новы гарнiтур, як мне на першым часе было ў iм нязручна!

Закончыўшы агляд падарункаў, я загадаў занесцi iх у маю крэпасць i пачаў раiцца з капiтанам, як нам абысцiся з нашымi палоннымi: забраць iх з сабою цi пакiнуць тут.

- Браць iх з сабою вельмi небяспечна, - казаў капiтан. - Гэта сапраўдныя галаварэзы. Асаблiва ненадзейныя двое з iх, непапраўныя зладзеi i разбойнiкi. Калi б я нават i рызыкнуў везцi iх на сваiм караблi, то не iнакш як арыштантаў. Я закаваў бы iх у кайданы i аддаў бы ў рукi судовых улад у першай жа ангельскай калонii, у якую давядзецца нам зайсцi.

- У такiм выпадку, - сказаў я капiтану, - лепей будзе пакiнуць iх тут. I я бяруся зрабiць так, што гэтыя два разбойнiкi самi пачнуць нас упрошваць, каб мы пакiнулi iх на выспе.

- Калi вам гэта ўдасца, буду вельмi задаволены, - адказаў капiтан.

- Добра, - сказаў я, - я зараз пагавару з iмi ад вашага iмя.

Затым я паклiкаў да сябе Пятнiцу i двух матросаў-закладнiкаў (якiх мы цяпер вызвалiлi, бо таварышы iх стрымалi слова, якое давалi) i загадаў iм перавесцi пяцярых нашых палонных з пячоры ў будан.

Праз некаторы час мы з капiтанам накiравалiся туды (я ў сваiм новым гарнiтуры i на гэты раз ужо ў якасцi начальнiка выспы). Падышоўшы да агароджы майго лецiшча, я загадаў вывесцi да сябе арыштаваных i сказаў iм наступнае:

- Мне вядомы ўсе вашы злачынствы. Я ведаю, што вы напалi на безабаронных пасажыраў i забiлi iх. Ведаю i тое, што вы хацелi зрабiцца пiратамi, каб рабаваць мiрныя караблi... Цяпер ведайце, што па майму загаду карабель вернуты капiтану. Варта мне загадаць - i вас павесяць як разбойнiкаў, злоўленых на месцы злачынства. Таму, калi ў вас ёсць што сказаць у сваё апраўданне, кажыце, бо я маю намер пакараць вас як забойцаў i здраднiкаў.

Адзiн з iх адказаў за ўсiх, што iм няма чаго сказаць у сваё апраўданне.

- Але, калi нас арыштавалi, капiтан абяцаў нам лiтасць, i мы пакорна молiм вас змiласцiвiцца над намi i дараваць нам жыццё.

- Я не ведаю, якую лiтасць я здолею зрабiць для вас, - адказаў я. - Я маю намер пакiнуць выспу з усiмi маiмi людзьмi: мы ад'язджаем на радзiму. Што ж датычыць вас, то паводле слоў капiтана ён павiнен закаваць вас у кайданы i, прыехаўшы ў Ангельшчыну, аддаць вас пад суд за здраду. А суд адразу ж вынесе вам смяротны прысуд. Iншага прысуду i быць не можа. Смерць на шыбенiцы - вось што чакае вас у Ангельшчыне. I таму наўрад цi будзеце вы задаволены, калi мы возьмем вас з сабою. У вас ёсць адно выратаванне - вы павiнны застацца на выспе. Толькi пры гэтай умове я здолею вас памiлаваць.

Яны з радасцю згадзiлiся на маю прапанову i доўга дзякавалi мне.

- Лепей жыць у пустынi, - казалi яны, - чым вярнуцца на радзiму, дзе нас чакае шыбенiца.

Я загадаў развязаць iх i сказаў:

- Iдзiце ў лес на тое месца, дзе вас схапiлi, i заставайцеся там, пакуль па вас не прышлюць. Я загадаю пакiнуць вам сякую-такую зброю, харчовыя запасы i дам неабходныя ўказаннi на першы час. Вы здолееце цудоўна тут жыць, калi будзеце настойлiва працаваць.

Пасля гэтых перагавораў я вярнуўся дадому i пачаў рыхтавацца ў далёкае плаванне. Я, аднак, папярэдзiў капiтана, што мне спатрэбiцца некаторы час, каб сабрацца ў дарогу, i папрасiў яго адпраўляцца на карабель аднаго, без мяне, а ранiцой прыслаць па мяне шлюпку.

Калi капiтан адчалiў, я загадаў паклiкаць да сябе палонных i завёў з iмi сур'ёзную гутарку.

Я зноў сказаў iм, што, па-мойму, яны робяць разумна, застаючыся на выспе, таму што калi б капiтан узяў iх з сабою, iх абавязкова павесiлi б.

Я падрабязна расказаў iм, як я сам трапiў на гэтую выспу, як патроху паляпшаў сваю гаспадарку, як збiраў вiнаград, як сеяў рыс i ячмень, як навучыўся пячы хлеб.

Я паказаў iм сваё ўмацаванне, свае каморы, свае палi i загоны - словам, зрабiў для iх усё, каб жыццё iх на выспе не здавалася такiм цяжкiм.

Я пакiнуў iм сваю зброю (гэта значыць пяць мушкетаў, тры паляўнiчыя стрэльбы i тры шаблi), паўтары бочачкi пораху i даў падрабязныя парады, як даглядаць коз, як даiць i адкормлiваць iх, каб яны былi тлусцейшыя, як рабiць масла i сыр.

Такiм чынам, мне давялося расказаць гэтым людзям усю доўгую гiсторыю майго цяжкага, працавiтага i адзiнокага жыцця на выспе на працягу дваццацi васьмi год.

Развiтваючыся з iмi, я абяцаў, што папрашу капiтана пакiнуць iм яшчэ дзве бочачкi пораху, а таксама насенне гароднiны, i расказаў iм, як цяжка было без гэтага насення.

Мех гароху, якi капiтан прывёз мне, каб я ўжываў яго ў ежу, я таксама аддаў iм i пры гэтым параiў выкарыстаць для пасеву ўвесь гарох, каб яго потым было больш.

Пасля гэтай гутаркi я на другi ж дзень, ранiцой, перабраўся на карабель.

Хоць нам i вельмi не цярпелася хутчэй падняць ветразi i рушыць у далёкае плаванне, усё-такi на якары мы прастаялi яшчэ цэлыя суткi.

На другi дзень ранiцой мы ўбачылi, што да карабля плывуць два чалавекi. Выявiлася, што гэта двое з тых пяцярых, якiх мы пакiнулi на выспе.

- Вазьмiце нас з сабою! - крычалi яны. - Лепей павесьце нас, толькi не пакiдайце на выспе! Там усё роўна нас заб'юць.

У адказ на iх просьбу капiтан заявiў, што не можа ўзяць iх без майго дазволу. У рэшце рэшт, прымусiўшы iх даць урачыстую прысягу, што яны выправяцца i будуць паводзiць сябе добра, мы ўзялi iх на карабель.

Паколькi неўзабаве пачаўся прылiў, на бераг была адпраўлена шлюпка з рэчамi, якiя я абяцаў пасяленцам. Да гэтых рэчаў капiтан дадаў, па маёй просьбе, скрыню, напакаваную рознай адзежай. Яны ўзялi гэты падарунак з вялiкай удзячнасцю.

Трэба сказаць, што, развiтваючыся з iмi, я даў слова, што не забуду пра iх i што, калi толькi ў якiм-небудзь порце мы сустрэнем карабель, шлях якога будзе ляжаць паўз маю выспу, я папрашу капiтана таго карабля зайсцi па iх i забраць у родныя краi.

Калi я пакiдаў гэтую выспу, я ўзяў з сабою на памяць вялiкую востраканечную шапку, якую я ўласнаручна пашыў з казiнага футра, парасон i аднаго з маiх папугаяў.

Не забыў я ўзяць i грошы, але яны так доўга ляжалi ў мяне без ужытку, што зусiм пацямнелi.

Толькi старанна пачысцiўшы iх, можна было ўбачыць, што гэта срэбра. Прыхапiў я таксама i залатыя манеты, якiя знайшоў на разбiтым гiшпанскiм караблi.

Як я потым удакладнiў па карабельным журнале, мой ад'езд адбыўся 19 снежня 1686 года. Такiм чынам, я пражыў на выспе дваццаць восем год, два месяцы i дзевятнаццаць дзён.

Вецер быў спадарожны. Карабель iмчаўся на ўсiх ветразях. Мне было радасна думаць, што з кожнай хвiлiнай я ўсё блiжэй да родных берагоў. Калi ж нарэшце паказалiся ў туманнай далечынi белыя скалы радзiмы, якую я не бачыў столькi гадоў, я ледзь не страцiў розум ад хвалявання i шчасця. Я толькi тое i рабiў, што падбягаў да капiтана i крычаў: "Хутчэй! Хутчэй!"

Як толькi мы кiнулi якар, я развiтаўся з усiмi маiмi спадарожнiкамi i ў суправаджэннi адданага Пятнiцы заспяшаўся ў той горад, дзе прайшло маё дзяцiнства. Бацькоў я ўжо не спадзяваўся ўбачыць жывымi. Бо нават у тую далёкую пару, калi я ўпершыню толькi адплываў у далёкiя краi, яны былi такiя старыя i слабыя, а з таго часу мiнулi дзесяткi гадоў!

Вось i наша вулiца, вось i наш стары дом, якi я так безразважна пакiнуў. Са здзiўленнем сустрэлi мяне жыхары гэтага дома, калi я, усхваляваны да слёз, паведамiў, хто я такi. У першы момант мне не паверылi, але калi ўпэўнiлiся, што я сапраўды Рабiнзон Круза, мяне ледзь не задушылi ў абдымках. Асаблiва ўзрадавалiся мне мае сёстры i iх дзецi - хлапчукi i дзяўчаткi, якiя нiколi раней не бачылi мяне. Усе даўно лiчылi, што я памёр, i цяпер глядзелi на мяне, як на дзiва, нiбыта я ўваскрэс з магiлы.

Пасля першых прывiтанняў i абдымкаў усе наперабой пачалi распытваць, дзе я прападаў столькi гадоў, што я бачыў у заморскiх краiнах, якiя былi ў мяне прыгоды, i хто такi Пятнiца, i адкуль узялася ў мяне такая дзiвосная вастраверхая шапка, i чаму ў мяне такiя доўгiя валасы i такi загарэлы твар. Калi я ўбачыў, што iх распытванням не будзе канца, я пасадзiў iх усiх, i дарослых, i дзяцей, ля камiна i пачаў падрабязна расказваць iм усё тое, пра што напiсана тут, у гэтай кнiзе. Яны слухалi мяне з вялiкiм захапленнем. Распавядаў я з ранiцы да ночы, а папугай сядзеў у мяне на плечуку i часта перабiваў маё апавяданне выгукамi:

- Робiн, Робiн, Робiн Круза! Шчаслiвы Робiн Круза! Куды ты трапiў, Робiн Круза? Куды ты трапiў? Дзе ты быў?

Пераклад: Алена Васiлевiч

Загрузка...