Я паказаў на яго ўцекачу:

- Вораг твой яшчэ жывы, бачыш!

У адказ ён прамовiў некалькi слоў, i хоць я нiчога не зразумеў, але нават гукi яго голасу здалiся мне прыемнымi i мiлагучнымi: бо за ўсе дваццаць пяць гадоў свайго жыцця на выспе я ўпершыню пачуў чалавечы голас!

Аднак у мяне не было часу доўга думаць пра гэта: людаед, якога я аглушыў, настолькi апрытомнеў, што падняўся i ўжо сядзеў на зямлi, i я заўважыў, што мой дзiкун зноў пачынае баяцца яго. Трэба было супакоiць няшчаснага. Я ўжо быў прыцэлiўся ў яго ворага, але тут мой дзiкун пачаў паказваць мне знакамi, каб я даў яму шаблю, якая вiсела ў мяне за плячыма. Я падаў яму шаблю. Ён iмгненна схапiў яе, кiнуўся на свайго ворага i адным узмахам адсек яму галаву.

Такое майстэрства вельмi здзiвiла мяне: нiколi ж у жыццi гэты дзiкун не бачыў iншае зброi, апрача драўлянага мяча. Пазней я даведаўся, што тутэйшыя дзiкуны выбiраюць для сваiх мячоў настолькi моцнае дрэва i востраць яго так выдатна, што такiм мячом можна адсекчы галаву не горш, чым стальным.

Пасля гэтай крывавай расправы са сваiм праследавацелем мой дзiкун (з гэтага часу буду называць яго толькi сваiм дзiкуном) з вясёлым смехам вярнуўся да мяне, трымаючы ў адной руцэ маю шаблю, а ў другой - галаву забiтага. Зрабiўшы перада мною шэраг нейкiх незразумелых для мяне рухаў, ён урачыста паклаў галаву i зброю на зямлю каля маiх ног.

Ён бачыў, як я застрэлiў аднаго з яго ворагаў, i гэта ўразiла яго: ён не мог зразумець, як гэта можна забiць чалавека на такой вялiкай адлегласцi.

Ён паказаў на забiтага мною i на мiгах папрасiў у мяне дазволу збегаць зiрнуць на яго. Я таксама, гэтак жа на мiгах, пастараўся даць яму зразумець, што не забараняю яму выканаць гэта жаданне, i ён адразу ж пабег туды.

Наблiзiўшыся да трупа, ён знямеў i доўга ў здзiўленнi глядзеў на яго. Потым нахiлiўся над iм i пачаў паварочваць яго то на адзiн, то на другi бок. Убачыўшы ранку, ён пачаў уважлiва разглядаць яе. Куля трапiла дзiкуну якраз у сэрца, i крывi выйшла мала. Адбылося ўнутранае кровазлiццё, смерць надышла iмгненна.

Зняўшы з мерцвяка яго лук i калчан са стрэламi, мой дзiкун зноў падбег да мяне.

Я адразу ж павярнуўся i пайшоў адсюль, запрашаючы яго iсцi за мною. Я паспрабаваў растлумачыць яму на мiгах, што заставацца тут немагчыма, таму што дзiкуны, якiя знаходзяцца на тым беразе, могуць кожную хвiлiну кiнуцца за iм у пагоню.

Ён адказаў мне таксама знакамi, што варта было б спачатку закапаць мерцвякоў у пясок, каб ворагi не ўбачылi iх, калi прыбягуць на гэта месца. Я даў сваю згоду (таксама з дапамогай знакаў), i ён адразу ж узяўся за работу. Са здзiўляючай хуткасцю ён выкапаў рукамi ў пяску такую глыбокую яму, што ў ёй лёгка мог змясцiцца чалавек. Затым ён зацягнуў у гэту яму аднаго забiтага i засыпаў яго пяском; з другiм ён зрабiў тое ж самае, - карацей кажучы, за якую-небудзь чвэрць гадзiны ён пахаваў iх абодвух.

Пасля гэтага я загадаў яму iсцi за мною, i мы рушылi ў дарогу. Iшлi мы доўга, таму што я павёў яго не ў крэпасць, а зусiм у другi бок - у самую далёкую частку выспы, дзе быў мой новы грот.

У гроце я даў яму хлеба, галiнку разынак i крыху вады. Вадзе ён асаблiва ўзрадаваўся, таму што пасля хуткага бегу адчуваў моцную смагу.

Калi ён падмацаваўся, я паказаў яму куток пячоры, дзе ў мяне ляжаў ахапак рысавай саломы, прыкрыты коўдраю, i знакамi растлумачыў яму, што ён можа легчы тут i начаваць.

Бедалага лёг i iмгненна заснуў.

Карыстаючыся момантам, я пастараўся лепш разгледзець, як ён выглядае.

Гэта быў прывабны малады чалавек, высокага росту, цудоўнага складу, рукi i ногi меў мускулiстыя, моцныя i ў той жа час надзвычай зграбныя; на выгляд яму было гадоў дваццаць шэсць. У твары яго я не заўважыў нiчога панурага цi жорсткага; гэта быў мужны i ў той жа час пяшчотны i прыемны твар, i на iм нярэдка з'яўляўся выраз лагоднасцi, асаблiва калi ён усмiхаўся. Валасы ў яго былi доўгiя i чорныя; яны падалi на твар гладкiмi пасмамi. Лоб высокi, адкрыты; колер скуры цёмна-карычневы, вельмi прыемны для вока. Твар круглы, шчокi поўныя, нос невялiкi. Рот прыгожы, губы тонкiя, зубы роўныя, белыя, як слановая косць. Спаў ён не больш паўгадзiны, нават не спаў, а драмаў, потым усхапiўся на ногi i выйшаў з пячоры да мяне.

Я тут жа ў загоне даiў сваiх коз. Як толькi ён убачыў мяне, ён тут жа падбег i зноў упаў перада мною на зямлю, усяляк выказваючы самую пакорную падзяку i адданасць. Прыпаўшы тварам да зямлi, ён зноў паставiў сабе на галаву маю нагу i ўвогуле, як толькi ўмеў, усiмi даступнымi яму сродкамi iмкнуўся даказаць мне сваю бязмежную пакору, намагаўся растлумачыць, што з гэтага дня ён будзе служыць мне ўсё жыццё.

Я шмат зразумеў з таго, што ён iмкнуўся мне сказаць, i пастараўся запэўнiць яго, што я iм вельмi задаволены.

З таго дня я пачаў вучыць яго самым неабходным словам. Перш за ўсё я сказаў яму, што буду называць яго Пятнiца (я выбраў яму гэта iмя ў напамiнак таго дня, калi я выратаваў яму жыццё). Затым я навучыў яго вымаўляць маё iмя, навучыў таксама вымаўляць "так" i "не" i растлумачыў яму значэнне гэтых слоў.

Я прынёс яму малака ў глiняным збану i паказаў, як трэба мачаць хлеб у малако. Ён адразу навучыўся ўсяму гэтаму i пачаў на мiгi паказваць, што мая пачостка яму спадабалася.

Мы пераначавалi ў гроце, але адразу, як толькi надышла ранiца, я загадаў Пятнiцы iсцi за мною i павёў яго ў сваю крэпасць. Я растлумачыў, што хачу падарыць яму сякое-такое адзенне. Ён, вiдаць, вельмi ўзрадаваўся, таму што быў зусiм голы.

Калi мы iшлi паўз тое месца, дзе былi пахаваны забiтыя ўчора два дзiкуны, ён паказаў мне на iх магiлы i ўсяляк iмкнуўся мне растлумачыць, што нам варта адкапаць абодва трупы, каб зараз жа з'есцi iх.

Тут я зрабiў выгляд, што страшэнна ўзлаваўся, што мне агiдна нават слухаць пра такiя рэчы, што мяне пачынае ванiтаваць ад аднае думкi пра гэта, што я ўзнелюблю i ўзненавiджу, яго, калi ён толькi дакранецца да забiтых. Нарэшце я зрабiў рашучы рух рукою, загадваючы яму адысцi ад магiл; i ён адразу ж вельмi пакорна адышоў.

Пасля гэтага мы з iм паднялiся на пагорак: мне хацелася паглядзець, цi тут яшчэ дзiкуны.

Я дастаў падзорную трубу i навёў яе на тое месца, дзе бачыў iх учора. Але iх i след прастыў: на беразе не было нiводнай лодкi. Я не сумняваўся, што дзiкуны паехалi, нават не паспрабаваўшы шукаць двух сваiх таварышаў, якiя засталiся на выспе.

Я, вядома, узрадаваўся гэтаму, але мне хацелася мець больш дакладныя звесткi пра маiх нязваных гасцей. Бо цяпер я ўжо быў не адзiн, са мною быў Пятнiца, i таму я зрабiўся куды смялейшы, а разам са смеласцю ў мяне абудзiлася i цiкаўнасць.

У аднаго з забiтых засталiся лук i калчан са стрэламi. Я дазволiў Пятнiцы ўзяць гэту зброю, i з таго часу ён не разлучаўся з ёю нi днём нi ўначы. Хутка мне давялося ўпэўнiцца, што лукам i страламi мой дзiкун валодае па-майстэрску. Апрача таго, я ўзброiў яго шабляй, даў яму адну сваю стрэльбу, а сам узяў дзве другiя, i мы рушылi ў дарогу.

Калi мы прыйшлi на тое месца, дзе ўчора балявалi людаеды, нашым вачам адкрылася такое жахлiвае вiдовiшча, што ў мяне замерла сэрца ў грудзях i застыла ў жылах кроў.

Але Пятнiца быў зусiм спакойны: такiя вiдовiшчы былi яму не ўпершыню i зусiм яго не здзiўлялi.

Зямля ў многiх мясцiнах была залiта крывёю. Вакол валялiся кавалкi смажанага чалавечага мяса. Увесь бераг быў усыпаны касцямi людзей: тры чарапы, пяць рук, косцi ад трох цi чатырох ног i мноства iншых частак шкiлета.

Пятнiца расказаў мне з дапамогай знакаў, што дзiкуны прывезлi з сабою чатырох палонных: траiх яны з'елi, а ён быў чацвёрты. (Тут ён тыцнуў сябе пальцам у грудзi.)

Вядома, я зразумеў далёка не ўсё з таго, што ён расказваў мне, але сёе-тое ўсё ж здолеў сцямiць. Паводле яго слоў, некалькi дзён назад у дзiкуноў, якiя былi пад уладай аднаго варожага князька, адбылася вялiкая бойка з тым племенем, да якога належаў ён, Пятнiца. Чужыя дзiкуны перамаглi i забралi ў палон вельмi многа народу. Пераможцы падзялiлi палонных памiж сабою i павезлi iх у розныя мясцiны, каб забiць i з'есцi гэтак жа, як зрабiў той атрад дзiкуноў, якi выбраў месцам балявання адзiн з берагоў маёй выспы.

Я загадаў Пятнiцы раскласцi вялiкае вогнiшча, затым сабраць усе косцi, усе кавалкi мяса, звалiць iх у гэта вогнiшча i спалiць.

Я заўважыў, што яму вельмi хочацца паласавацца чалавечым мясам (ды яно i не дзiўна: ён жа таксама быў людаед!). Але я зноў рашуча паказаў яму знакамi, што мне здаецца агiднай i мярзотнай нават сама думка пра такi ўчынак, i тут жа прыгразiў яму, што заб'ю яго пры першай жа спробе парушыць маю забарону.

Пасля гэтага мы вярнулiся ў крэпасць, i я, не адкладваючы, узяўся абшываць свайго дзiкуна.

Перш за ўсё я надзеў на яго штаны. У адной са скрынь, якiя я забраў з загiнуўшага карабля, знайшлася гатовая пара палатняных штаноў, iх давялося толькi крыху перашыць. Затым я пашыў яму куртку з казiнага футра, прыклаўшы ўсе свае здольнасцi i ўменне на тое, каб куртка атрымалася як найлепш (у той час я ўжо быў даволi спрактыкаваны кравец), i змайстраваў яму з заечых шкурак шапку, вельмi зручную i даволi прыгожую.

Такiм чынам на першым часе ён быў апрануты з галавы да ног i застаўся, вiдаць, вельмi задаволены, што яго адзежа не горшая за маю.

Праўда, з непрывычкi яму было нязручна ў адзежы, таму што ён усё жыццё хадзiў голы; асаблiва перашкаджалi яму штаны. Скардзiўся ён i на куртку: казаў, што рукавы цiснуць яму пад пахамi i нацiраюць плечы. Давялося сёе-тое перашыць, але мала-памалу ён прыцярпеўся i прывык.

На другi дзень я пачаў думаць, дзе б мне яго змясцiць.

Мне хацелася ўладкаваць яго як-зручней, але я яшчэ не зусiм быў упэўнены ў iм i баяўся пасялiць яго разам з сабою. Я паставiў яму маленькую палатку на вольнай плошчы памiж дзвюх сцен мае крэпасцi, i ён такiм чынам апынуўся за агароджай таго двара, дзе стаяла маё жытло.

Але гэта мая перасцярога аказалася зусiм дарэмнай. Неўзабаве Пятнiца даказаў мне на справе, як самааддана ён любiць мяне. Я не мог не прызнаць яго сваiм сябрам i перастаў асцерагацца яго.

Нiколi нiводзiн чалавек не меў такога вернага i адданага сябра, як мой Пятнiца. Нi раздражнення, нi хiтрасцi не было ў яго нiколi ў адносiнах да мяне; заўсёды прыветны i гатовы да паслугi, ён быў прыхiльны да мяне, як дзiця да бацькi. Я ўпэўнены, што, калi б спатрэбiлася, ён ахвяраваў бы дзеля мяне сваiм жыццём.

Я быў вельмi шчаслiвы, што ў мяне нарэшце з'явiўся таварыш, i даў сабе слова навучыць яго ўсяму, што магло прынесцi яму карысць, а перш за ўсё навучыць яго гаварыць на мове мае радзiмы, каб мы з iм маглi разумець адзiн аднаго. Пятнiца аказаўся такiм здольным вучнем, што лепшага i пажадаць было нельга.

Але самае каштоўнае ў iм было тое, што ён вучыўся так старанна, з такой радаснай гатоўнасцю слухаў мяне, такi быў шчаслiвы, калi разумеў, чаго я дабiваюся ад яго, што для мяне было вялiкiм задавальненнем вучыць яго i размаўляць з iм.

З таго часу, як Пятнiца застаўся са мною, жыццё маё зрабiлася прыемным i лёгкiм. I калi б я мог лiчыць сябе ў бяспецы ад iншых дзiкуноў, я, здаецца, сапраўды без шкадавання згадзiўся б застацца на выспе да канца маiх дзён.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГI

Рабiнзон размаўляе з Пятнiцай i павучае яго

Днi праз два цi тры пасля таго, як Пятнiца пасялiўся ў маёй крэпасцi, мне прыйшло ў галаву, што, калi я хачу, каб ён не еў чалавечага мяса, я павiнен прывучыць яго да мяса жывёл.

"Няхай ён паспытае казiнае мяса", - сказаў я сам сабе i вырашыў узяць яго з сабой на паляванне.

Ранiцой мы пайшлi з iм у лес i, адышоўшы дзве цi тры мiлi ад дома, убачылi пад дрэвам дзiкую казу з казлянятамi.

Я схапiў Пятнiцу за руку i зрабiў яму знак, каб ён не варушыўся. Потым на вялiкай адлегласцi я прыцэлiўся, стрэлiў i забiў адно казляня.

Бедны дзiкун, не разумеючы, як можна забiць жывую iстоту, не наблiзiўшыся да яе (хоць ён i бачыў раней, як я забiў яго ворага), быў канчаткова ашаломлены. Ён задрыжаў, захiстаўся, i мне нават здалося, што ён зараз упадзе.

Ён не заўважыў казляня, якое я забiў, i яму здалося, што я хацеў забiць яго, Пятнiцу, i ён пачаў абмацваць сябе, цi не iдзе часам у яго дзе кроў. Потым ён нават адхiлiў палу свае курткi, каб паглядзець, цi не паранены ён, i, упэўнiўшыся, што застаўся жывы i непашкоджаны, упаў перада мной на каленi, абняў мае ногi i доўга штосьцi тлумачыў мне на сваёй мове.

Гаворка яго была незразумелая, але лёгка можна было здагадацца, што ён просiць мяне не забiваць яго.

Жадаючы супакоiць яго, даказаць, што я не маю намеру рабiць яму зло, я ўзяў Пятнiцу за руку, засмяяўся i, паказаўшы на забiтае казляня, загадаў яму пабегчы забраць яго. Пятнiца выканаў мой загад. Пакуль ён разглядаў казляня, стараючыся зразумець, чаму яно аказалася забiтым, я зноў зарадзiў стрэльбу.

Неўзабаве пасля гэтага я ўбачыў на дрэве, на адлегласцi ружэйнага стрэлу ад мяне, вялiкую птушку, падобную на коршака. Жадаючы растлумачыць Пятнiцу, што такое стрэльба, я падазваў яго да сябе, паказаў яму спачатку пальцам на птушку, потым на стрэльбу, потым на зямлю пад тым дрэвам, на якiм сядзела птушка, як быццам кажучы яму: "Вось глядзi: зараз я зраблю так, што яна ўпадзе", i ўслед за тым стрэлiў. Птушка ўпала i аказалася не коршакам, а вялiкiм папугаем. I на гэты раз, нягледзячы на ўсе мае тлумачэннi, Пятнiца ад страху нiбыта скамянеў.

Тут толькi я здагадаўся, што асаблiва ўражвала яго, калi я страляў са стрэльбы: да гэтага часу ён яшчэ нi разу не бачыў, як я зараджаю стрэльбу, i, вiдаць, думаў, што ў гэтай жалезнай палцы сядзiць нейкая злая чарадзейная сiла, якая прыносiць на любой адлегласцi смерць чалавеку, зверу, птушцы, наогул усякай жывой iстоце, дзе б яна нi знаходзiлася, блiзка цi далёка.

Ён i потым яшчэ доўгi час не здольны быў адолець у сабе страх i здзiўленне перад кожным маiм стрэлам.

Мне здаецца, калi б я толькi дазволiў яму, ён пачаў бы пакланяцца мне i маёй стрэльбе, нiбыта мы былi багамi.

Першы час ён не адважваўся нават дакрануцца да стрэльбы, але затое размаўляў з ёю, калi думаў, што я не чую, як з жывою iстотай. Пры гэтым яму здавалася, што стрэльба яму адказвае. Потым ужо ён мне прызнаўся, што ён упрошваў стрэльбу, каб яна злiтавалася над iм.

Калi Пятнiца крыху апамятаўся, я прапанаваў яму прынесцi мне забiтую дзiчыну. Ён зараз жа пабег па яе, але вярнуўся не адразу, таму што яму давялося доўга шукаць птушку: як выявiлася, я не забiў яе, а толькi паранiў, i яна адляцела далёка ўбок. Нарэшце ён усё-такi знайшоў яе i прынёс; я ж выкарыстаў яго адсутнасць, каб зноў зарадзiць стрэльбу. Я лiчыў, што да пэўнага часу будзе лепей не паказваць яму, як гэта робiцца.

Я спадзяваўся, што нам трапiцца яшчэ якая-небудзь дзiчына, але больш нiчога не траплялася, i мы вярнулiся дадому.

У той жа вечар я садраў шкуру з забiтага казляняцi i старанна выпатрашыў яго, потым распалiў вогнiшча i, адрэзаўшы кавалак казляцiны, зварыў яго ў глiняным гаршку. Атрымаўся цудоўны мясны навар. Я паспытаў яго i прапанаваў Пятнiцу. Вараная страва яму вельмi спадабалася, толькi ён здзiвiўся, навошта я яе пасалiў. Ён пачаў паказваць мне на мiгах, што соль - агiдная, непрыемная ежа. Узяўшы ў рот дробачку солi, ён пачаў пляваць i зрабiў выгляд, нiбыта яго пачынае ванiтаваць, а потым выпаласкаў рот вадою.

Каб запярэчыць яму, я ў сваю чаргу паклаў у рот кавалачак мяса без солi i таксама пачаў пляваць, паказваючы, што мне працiўна есцi без солi.

Але Пятнiца ўпарта стаяў на сваiм. Мне так i не ўдалося прывучыць яго да солi. Толькi праз многа часу ён пачаў салiць сваю ежу, ды i то вельмi патрошачку.

Накармiўшы свайго дзiкуна варанай казляцiнай i булёнам, я вырашыў пачаставаць яго на другi дзень той жа самай казляцiнай, толькi ўжо ў выглядзе смажанiны. Смажыў я яе над вогнiшчам, як гэта часта робiцца ў нас, у Ангельшчыне. З двух бакоў вогнiшча ўтыкаюць у зямлю дзве жэрдкi, зверху прымацоўваюць памiж iмi папярочную жэрдку, вешаюць на яе кавалак мяса i паварочваюць яго над агнём да таго часу, пакуль яно не сасмажыцца.

Усё гэта збудаванне Пятнiцу вельмi спадабалася. Калi ж ён паспытаў смажанiны, захапленню яго не было межаў. Самымi выразнымi жэстамi ён тлумачыў мне, як спадабалася яму гэта ежа, i, нарэшце, заявiў, што нiколi больш не будзе есцi чалавечага мяса. Я вельмi ўзрадаваўся гэтаму.

На другi дзень я даручыў яму малоць i прасяваць збожжа, папярэдне паказаўшы, як гэта робiцца. Ён хутка зразумеў, у чым справа, i пачаў вельмi энергiчна працаваць, асаблiва калi даведаўся, дзеля чаго гэта робiцца. А даведаўся ён пра гэта ў той жа дзень, таму што я накармiў яго хлебам, спечаным з нашай мукi.

У хуткiм часе Пятнiца навучыўся працаваць не горш за мяне.

I таму, што цяпер я вымушаны быў кармiць двух чалавек, мне патрэбна было падумаць пра будучыню. Перш за ўсё мне трэба было павялiчыць свае пасевы i сеяць больш збожжа. Я выбраў вялiкi ўчастак зямлi i ўзяўся абгароджваць яго. Пятнiца не толькi старанна, але i вельмi весела i з задавальненнем памагаў мне ў працы.

Я растлумачыў яму, што гэта будзе новае поле для хлебных каласоў, таму што нас цяпер двое i патрэбна будзе зрабiць запас хлеба не толькi на мяне, а i на яго таксама. Яго вельмi расчулiла, што я так клапацiўся пра яго: ён усяляк стараўся растлумачыць мне пры дапамозе знакаў, што ён разумее, як многа мне дадалося зараз спраў, i просiць, каб я хутчэй навучыў яго рабiць розную карысную работу, а ўжо ён будзе старацца з усяе сiлы.

То быў самы шчаслiвы год майго жыцця на выспе.

Пятнiца вывучыўся даволi прыстойна гаварыць па-ангельску: ён ведаў назвы амаль усiх рэчаў, якiя яго акружалi, i тых мясцiн, куды я мог яго пасылаць, дзякуючы чаму даволi талкова выконваў усе мае даручэннi.

Ён меў таварыскi i гаваркi нораў, любiў паразмаўляць, i я цяпер мог у дастатковай ступенi ўзнагародзiць сябе за доўгiя гады вымушанага маўчання.

Але Пятнiца падабаўся мне не толькi таму, што ў мяне была магчымасць размаўляць з iм. З кожным днём я ўсё болей захапляўся яго сумленнасцю, яго сардэчнай прастатой i шчырасцю.

Паступова я адчуў прыхiльнасць да яго, ды i ён таксама так палюбiў мяне, як, напэўна, не любiў дагэтуль нiкога.

Аднойчы мне захацелася распытаць пра яго мiнулае жыццё; я хацеў даведацца, цi не сумуе ён па радзiме i цi не хоча вярнуцца дадому. У той час я ўжо так добра навучыў яго гаварыць па-ангельску, што ён мог адказваць амаль што на кожнае маё пытанне.

I вось я спытаў пра яго роднае племя:

- А што, Пятнiца, гэта племя адважнае? Цi здаралася так, што яно перамагала ворагаў?

Ён усмiхнуўся i адказаў:

- О, вядома! Мы вельмi адважныя, мы заўсёды перамагаем у бойцы.

- Ты кажаш, што вы заўсёды перамагаеце ў бойцы? А як жа так атрымалася, што цябе ўзялi ў палон?

- А нашы ўсё роўна пабiлi тых, шмат пабiлi.

- А чаму ж ты тады казаў, што тыя пабiлi вас? Яны ж узялi цябе i iншых у палон?

- У тым месцы, дзе я бiўся, ворага было куды болей. Яны схапiлi нас адзiн, два, тры i мяне. А нашы пабiлi iх у другiм месцы, дзе мяне не было. У тым месцы нашы схапiлi iх - адзiн, два, тры, шмат, вялiзную тысячу.

- А чаму ж вашы не прыйшлi вам на дапамогу?

- Ворагi схапiлi адзiн, два, тры i мяне i звезлi нас у лодцы, а ў нашых на той час лодкi не было.

- А скажы ты мне, Пятнiца, што робяць вашы з тымi, хто трапляе да iх у палон? Таксама звозяць iх куды-небудзь далей i там iх ядуць, як тыя людаеды, якiх я бачыў?

- Вядома, нашы таксама ядуць чалавека... усе ядуць.

- А куды яны iх вязуць, калi збiраюцца iх з'есцi?

- Розныя месцы, куды надумаюцца.

- А сюды яны прыязджаюць?

- Вядома, прыязджаюць i сюды. I ў iншыя розныя месцы.

- А ты тут быў калi з iмi?

- Так. Быў. Вунь там быў...

I ён паказаў на паўночна-заходнюю ўскраiну выспы, дзе, вiдаць, заўсёды збiралiся яго аднапляменнiкi.

Такiм чынам выявiлася, што мой сябра i прыяцель Пятнiца быў у лiку тых дзiкуноў, якiя наведвалi аддаленыя берагi выспы, i не раз ужо еў людзей у тых мясцiнах, дзе потым хацелi з'есцi яго самога.

Калi я праз некаторы час, набраўшыся смеласцi, павёў яго на бераг (туды, дзе я ўпершыню ўбачыў груды чалавечых касцей), Пятнiца адразу ж пазнаў гэтыя мясцiны. Ён расказаў мне, што аднойчы, калi ён прыязджаў на маю выспу са сваiмi аднапляменнiкамi, яны забiлi i з'елi тут дваццаць мужчын, дзвюх жанчын i адно дзiця. Ён не ведаў, як сказаць па-ангельску "дваццаць", i каб растлумачыць мне, колькi чалавек яны з'елi, паклаў дваццаць каменьчыкаў адзiн пры адным.

Працягваючы гутарку з Пятнiцай, я спытаў у яго, цi далёка ад маёй выспы да той зямлi, дзе жывуць дзiкуны, i цi часта гiнуць iх лодкi, пераплываючы гэту адлегласць. Выявiлася, што плаваць тут зусiм бяспечна: ён, Пятнiца, не ведае нiводнага выпадку, каб хто-небудзь тут патануў, бо непадалёк ад нашай выспы праходзiць марское цячэнне: ранiцой яно накiроўваецца ў адзiн бок i заўсёды пры спадарожным ветры, а пад вечар i вецер i цячэнне паварочваюць у процiлеглы бок.

Спачатку мне падумалася, што гэтае цячэнне залежыць ад прылiву i адлiву, i толькi значна пазней я выявiў, што яно складае працяг магутнай ракi Арынока, якая ўпадае ў мора непадалёку ад маёй выспы, i яна, такiм чынам, знаходзiцца якраз насупраць дэльты гэтай рэчкi. Палоса ж зямлi на захадзе i паўночным захадзе, якую я лiчыў за мацярык, аказалася вялiкай выспаю Трынiдадам, што ляжыць супроць паўночнай часткi вусця той жа рэчкi.

Я задаваў Пятнiцы тысячу самых разнастайных пытанняў пра гэту зямлю i яе насельнiкаў: пытаўся, цi небяспечныя тутэйшыя берагi, цi бурнае там мора, цi жорсткiя там людзi i якiя народы жывуць па суседству. Ён з ахвотай адказваў на ўсе мае пытаннi i без усякага ўтойвання расказваў усё, што яму было вядома.

Пытаўся я таксама, як завуцца розныя плямёны дзiкуноў, якiя жывуць у тых мясцiнах, але ён паўтараў толькi адно: "Карыбэ, карыбэ". Вядома, мне няцяжка было здагадацца, што ён кажа пра караiбаў, якiя, мяркуючы па нашых геаграфiчных картах, жывуць менавiта ў гэтай частцы Амерыкi, займаючы ўсю берагавую паласу ад вусця ракi Арынока да Гвiяны i да горада Санта-Марта*.

* Санта-Марта - горад у Калумбii, на беразе Карыбскага мора.

Апрача таго, ён расказаў мне, што далёка "за месяцам", гэта значыць у тым баку, дзе заходзiць месяц, цi, iнакш кажучы, на захад ад яго радзiмы, жывуць такiя ж, як я, белыя барадатыя людзi (тут ён паказаў на мае доўгiя вусы). Паводле яго слоў, гэтыя людзi "забiлi многа, многа чалавекаў".

Я зразумеў, што ён кажа пра гiшпанскiх заваёўнiкаў, якiя праславiлiся ў Амерыцы сваёй жорсткасцю*.

* Гiшпанцы, якiя заваявалi Паўднёвую Амерыку ў ХVI стагоддзi, страшэнна жорстка адносiлiся да заваяваных народаў.

Я спытаў у яго; ёсць цi не ў мяне якая-небудзь магчымасць пераплысцi цераз мора да белых людзей?

Ён адказаў:

- Вядома, можна: толькi трэба плысцi на дзвюх лодках.

Я доўга не мог уцямiць, што ён хоча сказаць, але нарэшце з вялiкай цяжкасцю здагадаўся, што на яго мове гэта азначае вялiкую шлюпку, мабыць, у два разы большую за звычайную пiрогу.

Словы Пятнiцы мяне вельмi ўзрадавалi: з гэтага дня ў мяне з'явiлася надзея, што рана цi позна, а я ўсё роўна вырвуся адсюль i што за сваю волю буду ўдзячны майму дзiкуну.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦI

Рабiнзон i Пятнiца будуюць лодку

Мiнула яшчэ некалькi месяцаў.

За гэты час Пятнiца навучыўся разумець амаль усё, што я яму казаў. Сам ён гаварыў па-ангельску ўжо амаль усё, хоць i вельмi няправiльна. Паступова я расказаў яму ўсё пра сваё жыццё: як я трапiў на сваю выспу, колькi гадоў прабыў тут i як я пражыў гэтыя гады.

Яшчэ раней я адкрыў Пятнiцу таямнiцу стрэльбы (таму што для яго гэта была сапраўды таямнiца): я паказаў яму кулi, растлумачыў дзеянне пораху i навучыў яго страляць. Я аддаў яму на пастаяннае карыстанне адну сваю стрэльбу. Я падарыў яму нож, i гэты падарунак зрабiў яго шчаслiвым чалавекам. Я змайстраваў яму партупею, накшталт тых, на якiх у нас, у Ангельшчыне, носяць корцiкi; толькi замест корцiка я даў яму сякеру, якая была, па сутнасцi, такой жа добрай зброяй i, апрача таго, магла быць прыдатнай для розных гаспадарчых патрэб.

Я многа расказваў Пятнiцу пра эўрапейскiя дзяржавы, асаблiва пра маю радзiму. Я апiсваў яму наша жыццё, нашы норавы i звычкi, расказваў яму, як мы вандруем па ўсiх частках свету i плаваем на вялiкiх караблях. Я растлумачыў яму, як збудавана вялiкае паруснае судна, i расказаў яму пра тое, як я ездзiў на карабель, якi пацярпеў крушэнне, i здаля паказаў яму месца, дзе карабель наскочыў на падводныя камянi. Вядома, я мог паказаць яго вельмi прыблiзна, таму што карабель даўно разбiла на трэскi i ўсе абломкi знесла ў мора. Паказаў я таксама яму тую амаль ужо сатлелую лодку, на якой мы хацелi выратавацца, калi бура прыгнала нас да гэтага берага.

Убачыўшы гэту лодку, Пятнiца задумаўся i доўга маўчаў. Я спытаў у яго, пра што ён думае, i ён праз некаторы час адказаў:

- Я бачыў адна такая лодка, як гэта. Яна плавала тое месца, дзе жыве мой народ.

Я доўга не разумеў, што ён хоча сказаць: цi тое, што ў iх мясцовасцi дзiкуны плаваюць на такiх лодках, цi што такая лодка плыла паўз iх берагi.

Нарэшце, пасля доўгiх роспытаў, мне ўдалося высветлiць, што дакладна такую ж лодку прыбiла да тых берагоў, дзе жыло яго племя.

- Яе прыгнала да нас лiхое надвор'е, - растлумачыў Пятнiца i зноў надоўга змоўк.

"Напэўна, - падумаў я, - якi-небудзь эўрапейскi карабель пацярпеў крушэнне ля тых берагоў. Шалёныя хвалi маглi змыць з яго лодку i прыгнаць яе туды, дзе жывуць дзiкуны". Але, па маёй нездагадлiвасцi, мне i ў галаву не прыйшло, што на той лодцы маглi быць людзi, i, працягваючы распытваць Пятнiцу, я думаў толькi пра лодку.

- Раскажы мне, якая яна з выгляду.

Пятнiца абмаляваў яе мне вельмi падрабязна i раптам зусiм нечакана горача дадаў:

- Белыя чалавекi не патанулi, мы iх выратавалi!

- А хiба ў лодцы былi белыя людзi? - паспешлiва спытаў я.

- Так, - адказаў ён, - поўная лодка белых людзей!

- Колькi iх было?

Ён паказаў мне спачатку дзесяць пальцаў, а потым яшчэ сем.

- Дзе ж яны? Што з iмi здарылася?

Ён адказаў:

- Яны жывуць. Яны жывуць у нашых.

Тут мне раптам прыйшла ў галаву думка: цi не з таго самага карабля, якi разбiўся ў тую навальнiчную ноч непадалёку ад маёй выспы, былi гэтыя семнаццаць чалавек белых?

Магчыма, калi карабель наскочыў на скалу i яны ўбачылi, што яго нельга выратаваць, яны пераселi ў шлюпку, а потым iх прыбiла да зямлi дзiкуноў, сярод якiх iм i давялося пасялiцца.

Я спахмурнеў i пачаў строгiм голасам дапытваць Пятнiцу, дзе ж тыя людзi цяпер. Ён зноў гэтак жа горача адказаў:

- Яны жывыя! Iм добра!

I дадаў, што хутка ўжо чатыры гады, як гэтыя людзi жывуць у яго землякоў, i тыя не крыўдзяць iх, не чапаюць, а даюць iм усякую ежу, i яны маюць поўную волю.

Я спытаў у яго:

- Як магло здарыцца, што дзiкуны не забiлi i не з'елi белых людзей?

Ён адказаў:

- Белыя чалавекi сталi нам браты. Нашы ядуць толькi тых, каго перамагаюць у бойцы.

Мiнула яшчэ некалькi месяцаў. Аднойчы, гуляючы па выспе, забрылi мы з Пятнiцай на ўсходнюю частку выспы i ўзнялiся на вяршыню пагорка. Адтуль, як я ўжо казаў, многа год назад я ўбачыў паласу зямлi, якую палiчыў за мацярык Паўднёвай Амерыкi.

Зрэшты, першы ўзышоў на вяршыню Пятнiца, а я крыху адстаў, бо пагорак быў высокi i даволi круты.

Як i тады, дзень быў вельмi ясны. Пятнiца доўга ўглядаўся ўдалечыню i раптам крыкнуў, пачаў падскакваць i скакаць, як вар'ят, крычаць мне, каб я хутчэй караскаўся на пагорак.

Я са здзiўленнем глядзеў на яго. Нiколi не даводзiлася мне бачыць яго такiм узбуджаным. Нарэшце ён спынiў свае скокi i крыкнуў:

- Хутчэй, хутчэй сюды!

Я спытаў у яго:

- Што здарылася? Чаго ты так радуешся?

- Так, так! - паўтараў ён. - Я шчаслiвы! Вунь там, глядзi... адсюль вiдно... там мая зямля, мой народ!

Твар яго свяцiўся шчасцем, вочы ззялi; здавалася, усёй сваёй iстотай ён iрвецца туды, у той край, дзе яго родныя i блiзкiя.

Убачыўшы, як ён радуецца i весялiцца, я быў вельмi засмучаны.

"Дарэмна я ставiўся з такiм бязмежным даверам да гэтага чалавека, - сказаў я сабе. - Ён прыкiдваецца маiм адданым сябрам, а сам толькi i думае пра тое, як бы яму ўцячы".

I я з недаверам зiрнуў на Пятнiцу.

"Зараз ён лагодны i пакорны, - думаў я, - але варта яму толькi апынуцца сярод iншых дзiкуноў, ён, вядома, зараз жа забудзе, што я выратаваў яму жыццё, i аддасць мяне сваiм аднапляменнiкам; ён прывядзе iх сюды, на маю выспу. Яны заб'юць i з'ядуць мяне, i ён будзе баляваць разам з iмi гэтак жа весела i бесклапотна, як раней, калi яны прыязджалi сюды святкаваць сваю перамогу над дзiкунамi варожых плямён".

Маё падазрэнне з таго часу ўсё мацнела.

Я пачаў ухiляцца свайго ўчарашняга сябра, мае адносiны да яго зрабiлiся абыякавымi i халоднымi.

Так працягвалася некалькi тыдняў. На шчасце, я хутка пераканаўся, што быў страшэнна вiнаваты перад гэтым шчырым юнаком.

Пакуль я падазраваў яго ў здрадлiвых i каварных намерах, ён па-ранейшаму адносiўся да мяне з адданасцю; у кожным слове яго было столькi дабрынi i дзiцячага даверу, што ў рэшце рэшт мне зрабiлася брыдка ад маiх падазрэнняў. Я зноў адчуў у iм вернага сябра i пастараўся ўсяляк загладзiць перад iм сваю вiну. А ён нават не заўважыў мае халоднасцi да яго, i гэта было для мяне самым яскравым сведчаннем яго сардэчнай шчырасцi.

Аднойчы, калi мы з Пятнiцай зноў падымалiся на пагорак (гэты раз над морам стаяў туман i супрацьлеглага берага не было вiдно), я спытаў у яго:

- А што, Пятнiца, табе хацелася б вярнуцца на радзiму, да сваiх?

- Вядома, - адказаў ён, - я быў бы яшчэ як рады вярнуцца туды!

- Што б ты там рабiў? - працягваў я. - Зрабiўся б зноў крыважэрным i пачаў бы, як i раней, есцi чалавечае мяса?

Мае словы, вiдаць, усхвалявалi яго. Ён пакруцiў галавой i адказаў:

- Не, не! Пятнiца сказаў бы ўсiм сваiм: жывiце, як трэба, ешце хлеб са збожжа, малако, казiнае мяса, не ешце чалавека.

- Ну, калi ты скажаш iм гэта, яны цябе заб'юць.

Ён зiрнуў на мяне i сказаў:

- Не, не заб'юць. Яны будуць рады вучыцца добраму.

Затым ён дадаў:

- Яны многа вучылiся ў барадатых чалавекаў, што прыехалi ў лодцы.

- Дык табе хочацца вярнуцца дадому? - паўтарыў я сваё пытанне.

Ён усмiхнуўся i сказаў:

- Я не здолею плысцi так далёка.

- Ну, а калi б я даў табе лодку, - спытаў я ў яго, - ты паехаў бы на радзiму, да сваiх?

- Паехаў бы! - горача адклiкнуўся ён. - Але i ты павiнен паехаць са мною.

- Як жа мне ехаць? - запярэчыў я. - Яны мяне адразу ж з'ядуць.

- Не, не, не з'ядуць! - прамовiў ён палка. - Я зраблю так, што не з'ядуць! Я зраблю так, што яны будуць цябе многа любiць.

Пятнiца хацеў гэтым сказаць, што ён раскажа сваiм землякам, як я забiў яго ворагаў i выратаваў яму жыццё. Ён быў упэўнены, што за гэта яны будуць моцна любiць мяне.

Пасля гэтага ён расказаў мне, з якой дабрынёй яны аднеслiся да семнаццацi белых барадатых людзей, якiх прыбiла бураю да берагоў яго радзiмы. З таго моманту ў мяне з'явiлася страснае жаданне паспрабаваць, чаго б гэта нi каштавала, пераправiцца ў краiну дзiкўноў i адшукаць там тых белых "барадатых чалавекаў", пра якiх казаў Пятнiца. Не магло быць нiякага сумнення, што гэта гiшпанцы цi партугальцы, i я быў упэўнены, што, калi толькi я здолею пабачыцца i пагутарыць з iмi, разам мы прыдумаем спосаб вырвацца адсюль на волю. "Ва ўсякiм выпадку, - думаў я, - на гэта будзе болей надзеi, калi нас будзе васемнаццаць чалавек i калi мы пачнём дружна дзейнiчаць дзеля агульнай справы. А што здолею зрабiць я, адзiн, без памагатых, на маёй выспе, за сорак мiляў ад iх берага?"

Гэты план моцна засеў у мяне ў галаве, i праз некалькi дзён я зноў загаварыў пра яго.

Я сказаў Пятнiцу, што дам яму лодку, каб ён здолеў вярнуцца на радзiму, i ў той жа дзень павёў яго да той бухтачкi, дзе была мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я падвёў яе да берага i паказаў Пятнiцу. Мы абодва селi ў лодку, каб выпрабаваць яе ход. Пятнiца, як выявiлася, быў цудоўны вясляр i працаваў вёсламi не горш за мяне. Лодка хутка iмчалася па вадзе. Калi мы адышлi ад берага, я сказаў яму:

- Ну што ж, Пятнiца, паедзем да тваiх землякоў?

Ён паглядзеў на мяне неяк сумна i паныла: вiдаць, на яго думку, лодка была занадта малая для такога плавання. Тады я сказаў, што ў мяне ёсць другая, большая. I на другi дзень мы з iм накiравалiся ў лес, на тое месца, дзе я пакiнуў сваю першую лодку, якую не здолеў спусцiць на ваду. Пятнiцу гэта лодка спадабалася.

- Такая згодзiцца, згодзiцца, - паўтараў ён. - Тут можна многа класцi хлеба, вады i ўсяго.

Але з дня пабудовы гэтай лодкi мiнула дваццаць тры гады. Увесь гэты час яна правалялася без усякага догляду пад адкрытым небам, яе пякло сонца i мачылi дажджы, уся яна рассохлася i згнiла. Аднак гэта не пахiснула майго намеру ажыццявiць паездку на мацярык.

- Нiчога, не бядуй, - сказаў я Пятнiцу. - Мы пабудуем гэткую ж лодку, i ты паедзеш дадому.

Ён не адказаў нi слова, але вельмi засмуцiўся i зрабiўся маўклiвы. Кiлi я спытаў у яго, што з iм, Пятнiца прамовiў:

- За што Рабiнзон Круза сярдуе на Пятнiцу? Што я кепскае зрабiў?

- Чаму ты надумаў, што я сярдую на цябе? Я нiколькi не сярдую, - адказаў я.

- "Не сярдую. Не сярдую!" - паўтарыў ён разоў шэсць цi сем запар. - А навошта пасылаеш Пятнiцу дадому, да яго землякоў i родных?

- Дык ты ж сам казаў, што табе хочацца дадому, - заўважыў я.

- Так, хочацца, - адказаў ён, - але толькi з табою. Каб ты i я. Робiн не паедзе - Пятнiца не паедзе! Пятнiца не хоча без Робiна!

Ён i слухаць не хацеў пра тое, каб пакiнуць мяне.

- Але, памяркуй сам, - сказаў я, - навошта я паеду туды? Што я там буду рабiць?

Ён горача запярэчыў мне:

- Што ты будзеш там рабiць? Многа рабiць, добра рабiць: вучыць дзiкiх чалавекаў быць добрымi, разумнымi.

- Мiлы Пятнiца, - сказаў я i ўздыхнуў, - ты сам не ведаеш, пра што кажаш. Куды ўжо такому няшчаснаму невуку, як я, яшчэ вучыць некага!

- Няпраўда! - горача запярэчыў ён. - Мяне вучыў - будзеш вучыць i iншых чалавекаў.

- Не, Пятнiца, - сказаў я, - едзь без мяне, а я застануся тут адзiн, без людзей. Жыў жа я неяк адзiн да гэтага часу!

Гэтыя словы, вiдаць, здалiся яму вельмi крыўднымi. Ён iмклiва кiнуўся да сякеры, што ляжала непадалёку, схапiў яе, прынёс i падаў мне.

- Навошта ты даеш мне сякеру? - спытаў я.

Ён адказаў:

- Забi Пятнiцу!

- Навошта мне цябе забiваць? Ты ж нiчога кепскага мне не зрабiў.

- А навошта праганяеш Пятнiцу адсюль? - горача ўсклiкнуў ён. - Забi Пятнiцу, не праганяй яго адсюль!

Ён быў страшэнна ўсхваляваны. Я заўважыў на вачах у яго слёзы. Словам, адданасць яго была такая моцная, што, калi б я нават хацеў, я не здолеў бы прагнаць яго. Я тут жа сказаў яму i часта паўтараў потым, што нiколi больш не буду гаварыць пра яго ад'езд на радзiму, пакуль ён хоча заставацца са мною.

Такiм чынам я канчаткова ўпэўнiўся, што Пятнiца назаўсёды адданы мне.

Калi ён нават i хацеў вярнуцца на радзiму, то толькi таму, што ўсiм сэрцам любiў сваiх аднапляменнiкаў: ён спадзяваўся, што я паеду да iх i навучу iх дабру.

Але я добра разумеў, што мне гэта, вядома, не пад сiлу.

I ўсё роўна я страсна жадаў як мага хутчэй адправiцца на радзiму да Пятнiцы, каб убачыць "барадатых" людзей, якiя жывуць у той краiне. Нарэшце я вырашыў, не адкладваючы далей, распачаць пабудову вялiкай лодкi, на якой можна было б рушыць у адкрытае мора.

Перш за ўсё трэба было выбраць прыдатнае дрэва з дастаткова тоўстым ствалом.

Тут думаць не трэба было: на выспе расло столькi велiзарных дрэў, што з iх можна было збудаваць не толькi лодку, а, бадай, цэлы флот. Але я добра памятаў, якую зрабiў памылку, калi будаваў сваю вялiзную пiрогу ў лесе, далёка ад мора, а потым не здолеў прыцягнуць яе да берага. Каб гэта памылка не паўтарылася, я вырашыў знайсцi такое дрэва, якое расце блiжэй да мора, каб можна было без асаблiвай цяжкасцi спусцiць лодку на ваду.

Але ля самага берага раслi пераважна дробныя i чэзлыя дрэвы.

Я абышоў амаль усё ўзбярэжжа i не знайшоў нiчога прыдатнага. Выручыў мяне Пятнiца: выявiлася, што ў гэтай справе ён разумеў больш за мяне. Я i сёння не ведаю, якой пароды было тое дрэва, з якога мы тады пабудавалi лодку.

Пятнiца стаяў на тым, каб мы агнём выпалiлi ўнутранасць дрэва, як робяць пры пабудове сваiх пiрогаў дзiкуны. Але я сказаў яму, што лепей выдаўбаць яе долатам i iншым цяслярскiм iнструментам, i, калi я паказаў яму, як гэта робiцца, ён ахвотна згадзiўся, што мой спосаб лепшы i больш надзейны.

Пятнiца хутка вывучыўся рабiць i гэту работу.

Мы з захапленнем узялiся за работу, i праз месяц лодка была гатова. Мы патрацiлi на яе многа сiлы, абчасалi яе сякерамi, i ў нас атрымалася сапраўдная марская лодка з высокiм кiлем i моцнымi бартамi; яна была цалкам прыгодная для нашай мэты, таму што пэўна магла падняць дваццаць чалавек.

Пасля таго спатрэбiлася яшчэ каля двух тыдняў, каб спусцiць наша судна на ваду. Для гэтай мэты мы прыстасавалi драўляныя каткi, але лодка была такая цяжкая, а рабочых рук так мала, што i на катках яна рухалася наперад страшэнна павольна, дзюйм за дзюймам.

Калi лодка была спушчана на ваду, я са здзiўленнем убачыў, як спрытна спраўляецца з ёю Пятнiца, як хутка ўмее ён паварочваць яе ўправа i ўлева i як добра вяслуе.

Я спытаў у яго, цi няма небяспекi, на яго думку, выпраўляцца ў мора на такой лодцы?

- О не, - сказаў ён, - такая лодка не страшна плыць, няхай дзьме моцны вецер!

Але перш чым рушыць у мора, я намерыўся зрабiць яшчэ адну справу, пра якую Пятнiца пакуль што не ведаў, а iменна: паставiць у лодцы мачту з ветразем, а таксама змайстраваць якар i карабельны канат. Зрабiць мачту было няцяжка: на выспе расло многа на дзiва стройных высокiх кедраў. Я выбраў адно маладзенькае дрэўца - яно расло непадалёку ад бухты, дзе стаяла наша новая лодка, - i загадаў Пятнiцу ссекчы яго. Затым ён пад маiм кiраўнiцтвам ацерабiў ствол ад галiн i старанна абчасаў яго. Мачта была гатова.

Над ветразем мне давялося пастарацца самому. У мяне ў кладоўцы захоўвалiся старыя ветразi, або, лепш сказаць, кавалкi парусiны. Але гэта парусiна ляжала ўжо больш за дваццаць шэсць год.

Я нiколi не спадзяваўся, што мне давядзецца шыць з яе ветразi, i таму не вельмi даражыў ёю i нiколькi не клапацiўся пра тое, каб захаваць яе. Я быў упэўнены, што ўся гэта парусiна даўно згнiла. Так яно i аказалася: большая частка яе была гнiлая. I ўсё ж сёе-тое магло зараз згадзiцца. Я выбраў два мацнейшыя кавалкi i ўзяўся за шытво.

Многа сiлы патрацiў я на гэту работу: у мяне ж не было нават iголак! I ўсё ж у рэшце рэшт я змайстраваў нейкае мiзэрнае падабенства вялiкага трохкутнага ветразя, накшталт тых, якiмi карыстаюцца ў Ангельшчыне (там такi ветразь называюць "нагою барана"), i, апрача таго, маленькi ветразь, так званы "блiнд".

Такiмi ветразямi я ўмеў кiраваць лепш за ўсё, таму што дакладна такiя ж ветразi былi на той шлюпцы, на якой я некалi ўцякаў з Афрыкi.

Каля двух месяцаў прыладжваў я да лодкi мачту i ветразi, але затое ўся работа была зроблена вельмi дасканала. Апрача двух ветразяў я змайстраваў яшчэ трэцi. Гэты ветразь я ўмацаваў на носе. Ён павiнен быў памагаць нам паварочваць лодку пры перамене галса*, для таго каб iсцi супроць ветру.

* Галс - курс судна адносна ветру; напрыклад, судна iдзе левым галсам, калi вецер дзьме ў левы бок судна.

А затым я зрабiў выдатны руль i прыладзiў яго да кармы, што павiнна было значна аблегчыць кiраванне лодкай.

У справе пабудовы марскiх суднаў я быў невук, але я добра разумеў усю карысць такога прыстасавання, як руль, i таму не пашкадаваў тут нi сiлы, нi працы. Далося мне гэта нялёгка: на адзiн гэты руль у мяне пайшло амаль столькi ж часу, колькi на пабудову i аснастку ўсяе лодкi.

Калi ўсё было гатова, я пачаў вучыць Пятнiцу кiраваць маёй лодкай, таму што нi руля, нi ветразя ён нiколi ў вочы не бачыў. На першым часе, калi ён убачыў, як я паварочваю лодку рулём i як ветразь надзiмаецца то з аднаго, то з другога боку, ён быў такi ашаломлены, нiбыта яму паказалi нейкае дзiва.

Тым не менш пад маiм кiраўнiцтвам ён хутка навучыўся кiраваць лодкай i зрабiўся ўмелым мараком. Адна толькi справа нiяк яму не давалася - карыстанне компасам. Але паколькi ў тых мясцiнах туманы бываюць толькi ў час дажджоў, компас быў не вельмi патрэбны. Днём мы маглi кiраваць на ўзбярэжжа, якое вiднелася ўдалечынi, а ноччу трымаць курс па зорках. Iншая справа ў перыяд дажджоў, але тады ўсё роўна нельга было падарожнiчаць нi морам, нi па зямлi.

Надышоў дваццаць сёмы год майго зняволення ў гэтай турме. Праўда, тры апошнiя гады можна было смела скiнуць з разлiку, бо пасля з'яўлення на выспе майго адданага Пятнiцы жыццё маё зусiм змянiлася.

Наблiжаўся сезон дажджоў, калi большую частку дня даводзiцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час i зрабiць захады да таго, каб дажджы не пашкодзiлi нашу лодку. Мы прывялi яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваiмi плытамi, i, дачакаўшыся прылiву, падцягнулi яе да самага берага. Потым мы выкапалi на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволi глыбокую яму такiх памераў, што лодка змясцiлася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзiлi яе моцнай плацiнай, пакiнуўшы для вады толькi вузкi праход.

Калi з наступным прылiвам наш маленькi док запоўнiўся вадою, мы наглуха заклалi плацiну, так што лодка засталася на вадзе, але марскiя хвалi не маглi захлiснуць яе i прылiў не мог знесцi яе ў мора. Каб абаранiць лодку ад дажджоў, мы прыкрылi яе тоўстым слоем галiн, i яна такiм чынам апынулася нiбы пад страхой.

Цяпер мы маглi спакойна чакаць добрага надвор'я, каб у лiстападзе цi снежнi рушыць пад ветразем у мора.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЕРТЫ

Бiтва з дзiкунамi. - Рабiнзон выратоўвае гiшпанца. - Пятнiца знаходзiць бацьку.

Як толькi спынiлiся дажджы i зноў засвяцiла сонца, я пачаў з ранiцы да ночы рыхтавацца да будучага плавання. Я загадзя разлiчыў, колькi правiзii нам можа спатрэбiцца, i пачаў нарыхтоўваць неабходныя прыпасы.

Тыднi праз два, а то i раней, я меў намер разбурыць плацiну i вывесцi лодку з дока.

Але нам не суджана было адправiцца ў дарогу.

Неяк аднойчы ранiцой, калi я, як звычайна, быў заняты падрыхтоўкай да ад'езду, мне прыйшло ў галаву, што добра было б, апрача iншай ежы, прыхапiць з сабою невялiкi прыпас i чарапашынага мяса.

Я паклiкаў Пятнiцу i папрасiў яго збегаць на бераг i злавiць чарапаху. (Мы палявалi на чарапах кожны тыдзень, таму што абодва любiлi iх мяса i яйкi.)

Пятнiца памчаўся выконваць маю просьбу, але не прайшло i чвэрткi гадзiны, як ён прыбег назад, перамахнуў, як на крылах, цераз агароджу i, раней, чым я паспеў спытаць у яго, што здарылася, закрычаў:

- Гора, гора! Бяда! Кепска!

- Што здарылася? Што такое, Пятнiца? - спытаў я трывожна.

- Там, каля берага, - адказаў ён, - каля берага адна, дзве тры... адна, дзве, тры лодкi!

З яго слоў я зразумеў, што ўсiх лодак было шэсць, але, як потым высветлiлася, iх было толькi тры, а ён двойчы паўтарыў падлiк, таму што быў вельмi ўсхваляваны.

- Не трэба палохацца, Пятнiца! Трэба быць адважным! - сказаў я, стараючыся падбадзёрыць яго.

Небарака быў страшэнна напалоханы. Ён чамусьцi вырашыў, нiбыта дзiкуны з'явiлiся па яго, нiбыта яны яго парэжуць на кавалкi i з'ядуць. Ён увесь калацiўся. I я не ведаў, як яго супакоiць. Я казаў, што мяне, калi на тое пайшло, чакае такая ж небяспека: калi з'ядуць яго, то з'ядуць i мяне разам з iм.

- Але мы будзем баранiцца! - сказаў я. - Мы не дамося жывымi iм у рукi; мы распачнём з iмi бойку, i ты ўбачыш, што мы пераможам! Ты ж умееш страляць, цi не так?

- Я ўмею страляць, - адказваў ён, - толькi iх многа, вельмi многа.

- Не страшна, - сказаў я, - адных мы заб'ём, а астатнiя напалохаюцца нашых стрэлаў i разбягуцца. Я абяцаю табе, што не дам цябе ў крыўду. Я буду адважна баранiцца сам i цябе буду баранiць. Толькi абяцай мне, што таксама будзеш адважна баранiць мяне i выконваць усе мае загады.

- Я памру, калi ты загадаеш, Рабiнзон Круза!

Пасля гэтага я прынёс з пячоры вялiкую конаўку рому i даў яму выпiць (я так ашчадлiва абыходзiўся са сваiм ромам, што ў мяне заставаўся яго яшчэ ладны запас).

Затым мы сабралi ўсе нашы мушкеты i паляўнiчыя стрэльбы, падрыхтавалi iх як след i зарадзiлi. Апрача таго, я ўзброiўся, як заўсёды, шабляю, а Пятнiцу даў сякеру.

Падрыхтаваўшыся такiм чынам да бою, я ўзяў падзорную трубу i падняўся для разведкi на гару.

Накiраваўшы трубу на бераг мора, я хутка ўбачыў дзiкуноў: iх было чалавек дваццаць, ды, апрача таго, на беразе ляжала трое звязаных людзей. Лодак, паўтараю аказалася толькi тры, не шэсць. Было зразумела, што ўвесь гэты натоўп дзiкуноў з'явiўся на выспу з адзiнай мэтай - адсвяткаваць сваю перамогу над ворагам. Прадбачылася жахлiвае крывавае вiдовiшча.

Я таксама заўважыў, што гэты раз яны высадзiлiся не там, дзе высаджвалiся тры гады назад, у дзень нашай першай сустрэчы з Пятнiцай, а куды блiжэй да мае бухтачкi. Тут бераг быў нiзкi, i амаль да самае вады спускаўся густы лес.

Мяне страшэнна хвалявала злачынства, якое мела адбыцца неўзабаве. Марудзiць не было калi. Я збег з гары i сказаў Пятнiцу, што трэба як мага хутчэй напасцi на гэтых крыважэрных людзей.

Пры гэтым я яшчэ раз спытаўся ў яго, цi будзе ён мне дапамагаць. Ён цяпер зусiм асмялеў (магчыма, гэтаму часткова садзейнiчаў ром) i з бадзёрым, нават радасным выглядам паўтарыў, што гатовы памерцi за мяне.

Усё яшчэ будучы ўзбуджаны, я схапiў пiсталеты i стрэльбы (астатняе ўзяў Пятнiца), i мы рушылi ў дарогу. На ўсякi выпадак я ўзяў у кiшэню бутэльку рому i даў Пятнiцу несцi невялiкi мяшэчак з запаснымi кулямi i порахам.

- Iдзi за мной, - сказаў я, - не адставай нi на крок i маўчы. Не пытайся ў мяне нiчога. Ды не надумайся страляць без мае каманды!

Падышоўшы да ўскрайку лесу з таго боку, якi быў блiжэй да берага, я спынiўся, цiхенька паклiкаў Пятнiцу i, паказаўшы яму высокае дрэва, загадаў узлезцi на верхавiну i зiрнуць, цi вiдны адтуль дзiкуны i што яны робяць. Ён амаль адразу ж злез з дрэва i паведамiў, што дзiкуны сядзяць вакол вогнiшча, даядаючы аднаго з палонных, якiх яны прывезлi, а другi, звязаны, ляжыць там жа, на пяску.

- Потым яны з'ядуць i таго, - дадаў Пятнiца зусiм спакойна.

Уся мая душа так i ўспыхнула ад раз'юшанасцi пры гэтых словах.

Пятнiца сказаў мне, што другi палонны не iндзеец, а адзiн з тых белых барадатых людзей, якiя прыплылi да яго берага на лодцы. "Трэба дзейнiчаць", вырашыў я. Я схаваўся за дрэва, дастаў падзорную трубу i выразна ўбачыў на беразе белага чалавека. Ён ляжаў нерухома, таму што яго рукi i ногi былi звязаны гнуткiмi дубцамi. Не было сумнення, што гэта быў эўрапеец: ён быў апрануты.

Наперадзе раслi кусты, i сярод гэтых кустоў стаяла дрэва. Кусты былi даволi густыя, так што можна было падкрасцiся туды непрыкметна.

Хоць я i быў так страшэнна абураны, што мне хацелася кiнуцца на людаедаў у той жа момант, нават не думаючы пра магчымыя вынiкi, я ўсё ж стрымаў сваю раз'юшанасць i прабраўся тайком да дрэва. Дрэва стаяла на пагорку. З гэтага пагорка мне было вiдаць усё, што адбывалася на беразе.

Ля вогнiшча, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго, сядзелi дзiкуны. Iх было дзевятнаццаць чалавек.

Крыху воддаль, схiлiўшыся над звязаным эўрапейцам, стаялi яшчэ двое. Вiдаць, iх толькi што паслалi па палоннага. Яны павiнны былi забiць яго, парэзаць на часткi i раздаць кавалкi яго мяса ўсiм, хто быў на гэтым баляваннi.

Я павярнуўся да Пятнiцы.

- Глядзi на мяне, - сказаў я, - што я буду рабiць, тое рабi i ты.

З гэтымi словамi я паклаў на зямлю адзiн з мушкетаў i паляўнiчую стрэльбу, а з другога мушкета прыцэлiўся ў дзiкуноў. Пятнiца зрабiў тое ж самае.

- Ты гатовы? - спытаўся я ў яго.

- Так, - адказаў ён.

- Ну, тады страляй, - сказаў я, i мы стрэлiлi абодва адначасова.

Прыцэл Пятнiцы быў больш удалы за мой. Ён забiў двух чалавек i паранiў трох, я ж толькi двух паранiў i забiў аднаго.

Лёгка сабе ўявiць, якое страшэннае ўзрушэнне нарабiлi нашы стрэлы сярод дзiкуноў! Тыя, што засталiся жывыя, усхапiлiся на ногi, не ведаючы, куды кiнуцца, у якi бок глядзець, таму што хоць яны разумелi, што iм пагражае смерць, але не бачылi, адкуль яна.

Пятнiца, выконваючы мой загад, не зводзiў вачэй з мяне.

Не даючы дзiкунам апамятацца пасля першых стрэлаў, я кiнуў на зямлю мушкет, схапiў стрэльбу, узвёў курок i зноў прыцэлiўся. Пятнiца дакладна паўтараў кожны мой рух.

- Ты гатовы, Пятнiца? - спытаў я зноў.

- Гатовы! - адказаў ён.

- Страляй, - скамандаваў я.

Два стрэлы грымнулi амаль адначасова, але таму што гэты раз мы стралялi са стрэльбаў, якiя былi зараджаны шротам, то забiтых аказалася толькi двое (ва ўсякiм разе ўпалi толькi двое), затое параненых было вельмi шмат.

Аблiваючыся крывёй, яны, як шалёныя, бегалi па беразе i дзiка крычалi. Трое, вiдаць, былi цяжка паранены, таму што хутка павалiлiся. Праўда, потым выявiлася, што яны засталiся жывыя.

Я ўзяў мушкет, у якiм былi яшчэ зарады, i, крыкнуўшы: "Пятнiца, за мною!" - выбег з лесу на адкрытае месца. Пятнiца не адставаў ад мяне нi на крок. Заўважыўшы, што ворагi ўбачылi мяне, я з моцным воклiчам кiнуўся наперад.

- Крычы i ты! - загадаў я Пятнiцу.

Ён тут жа закрычаў, куды мацней за мяне. На жаль, маё ўзбраенне было такое цяжкае, што перашкаджала мне бегчы. Але я як быццам не адчуваў яго i iмчаўся наперад, колькi меў сiлы, проста да няшчаснага эўрапейца, якi, як ужо гаварылася, ляжаў убаку, на пясчаным беразе, памiж морам i вогнiшчам дзiкуноў. Каля яго не было нiводнага чалавека. Тыя двое, што хацелi зарэзаць яго, уцяклi пры першых жа стрэлах. Страшэнна напалоханыя, яны кiнулiся да мора, ускочылi ў лодку i пачалi адчальваць. У тую ж лодку паспелi ўскочыць яшчэ тры дзiкуны.

Я павярнуўся да Пятнiцы i загадаў яму расправiцца з iмi. Ён у момант зразумеў маю думку i, прабегшы крокаў сорак, наблiзiўся да лодкi i стрэлiў у iх.

Усе пяцёра пападалi на дно лодкi. Я думаў, што ўсе яны забiтыя, але двое адразу ж паднялiся. Вiдаць, яны ўпалi толькi са страху.

Пакуль Пятнiца страляў у ворагаў, я выняў свой кiшэнны нож i перарэзаў дубцы, якiмi былi звязаны рукi i ногi палоннага. Я дапамог яму падняцца i спытаў у яго па-партугальску, хто ён такi. Ён адказаў:

- Эспаньола (гiшпанец).

Неўзабаве ён крыху апрытомнеў i пачаў з дапамогай жэстаў горача выказваць мне сваю ўдзячнасць за тое, што я выратаваў яму жыццё.

Паклiкаўшы на дапамогу ўсе свае веды гiшпанскае мовы, я сказаў яму па-гiшпанску:

- Сеньёр, гаварыць мы будзем потым, а зараз мы павiнны змагацца. Калi ў вас засталося крыху сiлы, то вось вам шабля i пiсталет.

Гiшпанец з удзячнасцю ўзяў тое i другое i, адчуўшы ў руках зброю, як быццам зрабiўся другiм чалавекам. Адкуль у яго ўзялася сiла! Як бура, наляцеў ён на дзiкуноў i ў адзiн момант пасек двух на кавалкi.

Праўда, для такога подзвiгу не патрабавалася вялiкай сiлы: няшчасныя дзiкуны, аглушаныя грукатам нашай стралянiны, былi да таго перапалоханы, што не здольны былi нi ўцякаць, нi баранiцца. Многiя падалi проста ад страху, як тыя два, што звалiлiся на дно лодкi ад стрэлу Пятнiцы, хаця кулi i не зачапiлi iх.

Аддаўшы шаблю i пiсталет гiшпанцу, я застаўся толькi з мушкетам. Ён быў зараджаны, але я пакiдаў свой зарад на выпадак якой-небудзь нечаканасцi i таму не страляў.

У кустах, пад тым дрэвам, адкуль мы ўпершыню распачалi агонь, засталiся нашы паляўнiчыя стрэльбы. Я паклiкаў Пятнiцу i загадаў збегаць па iх.

Ён зараз жа выканаў мой загад. Я аддаў яму свой мушкет, а сам пачаў зараджаць астатнiя стрэльбы, сказаўшы гiшпанцу i Пятнiцу, каб яны прыходзiлi да мяне, калi iм спатрэбiцца зброя. Яны выказалi поўную гатоўнасць падпарадкоўвацца майму загаду.

Пакуль я зараджаў стрэльбы, гiшпанец з незвычайнай адвагай напаў на аднаго з дзiкуноў, i памiж iмi завязалася жорсткая бойка.

У руках у дзiкуна быў вялiзны драўляны меч. Дзiкуны выдатна валодаюць гэтай смертаноснай зброяй. Такiм мечам яны хацелi i прыкончыць гiшпанца, калi той ляжаў каля вогнiшча. Цяпер гэты меч зноў быў занесены над яго галавой. Я нават не чакаў, што гiшпанец акажацца такiм ваяўнiчым; праўда, ён усё яшчэ быў слабы пасля перанесеных пакут, але бiўся адважна i нанёс працiўнiку шабляй два страшэнныя ўдары па галаве. Дзiкун быў велiзарнага росту, вельмi мускулiсты i дужы. Раптам ён адкiнуў свой меч, i яны схапiлiся ўрукапашную. Гiшпанцу давялося вельмi кепска: дзiкун адразу ж збiў яго з ног, навалiўся на яго i пачаў вырываць у яго шаблю. Убачыўшы гэта, я ўскочыў i кiнуўся яму на дапамогу. Але гiшпанец не разгубiўся: ён знарок выпусцiў шаблю з рук, выхапiў з-за пояса пiсталет, стрэлiў у дзiкуна i палажыў яго на месцы.

Мiж тым Пятнiца з гераiчнай адвагай праследаваў дзiкуноў, якiя ўцякалi. У руцэ ў яго была толькi сякера, iншай зброi не было. Гэтай сякерай ён прыкончыў ужо трох дзiкуноў, параненых першымi нашымi стрэламi, i цяпер ён быў бязлiтасны да кожнага, хто трапляўся яму на дарозе.

Гiшпанец, адолеўшы грамiлу, якi пагражаў яму, ускочыў на ногi, падбег да мяне, схапiў адну з зараджаных мною паляўнiчых стрэльбаў i кiнуўся даганяць двух дзiкуноў. Ён паранiў абодвух, але, таму што доўга бегчы ў яго не хапiла сiлы, абодва дзiкуны паспелi схавацца ў лесе.

За iмi, размахваючы сякерай, пабег Пятнiца. Нягледзячы на свае раны, адзiн з дзiкуноў кiнуўся ў мора i паплыў за лодкай: у ёй было трое дзiкуноў, якiя паспелi адчалiць ад берага.

Трое дзiкуноў, што знаходзiлiся ў лодцы, працавалi вёсламi з усяе сiлы, iмкнучыся хутчэй уцячы з-пад стрэлаў.

Пятнiца разы два цi тры стрэлiў iм наўздагон, але, здаецца, не папаў.

Ён пачаў угаворваць мяне ўзяць адну з пiрог дзiкуноў i рушыць за ўцекачамi, пакуль яны яшчэ не паспелi вельмi далёка адплыць ад берага.

Я i сам не хацеў, каб яны ўцяклi. Я баяўся, што калi яны раскажуць сваiм землякам пра наш напад на iх, то тыя хлынуць на нас у незлiчонай колькасцi, i нам тады непаздаровiцца. Праўда, у нас ёсць стрэльбы, а ў iх толькi стрэлы i драўляныя мячы, але, калi да нашага берага прычалiць цэлая флатылiя варожых лодак, мы, вядома, будзем знiшчаны бязлiтасна. Таму я пагадзiўся з настойлiвасцю Пятнiцы. Я накiраваўся да пiрогаў, загадаўшы яму iсцi за мною следам.

Але якое ж вялiкае было маё здзiўленне, калi, ускочыўшы ў пiрогу, я ўбачыў там чалавека! Гэта быў стары дзiкун. Ён ляжаў на дне лодкi са звязанымi рукамi i нагамi. Вiдаць, яго таксама павiнны былi з'есцi ля вогнiшча. Не разумеючы, што адбываецца вакол (ён не мог нават зiрнуць за борт пiрогi - так моцна яго скруцiлi), няшчасны, здаецца, думаў, што яго толькi затым i развязалi, каб зарэзаць i з'есцi.

Тут падбег Пятнiца.

- Скажы гэтаму чалавеку, - звярнуўся я да Пятнiцы, - што яго ворагi знiшчаны, што ён на волi i што мы не зробiм яму нiякага зла.

Пятнiца загаварыў са старым, я ж улiў палоннаму ў рот некалькi кропель рому.

Радасная вестка пра волю ажывiла няшчаснага: ён падняўся на ногi са дна лодкi i прамовiў некалькi слоў.

Немагчыма ўявiць, што зрабiлася з Пятнiцай! Самы чэрствы чалавек i той быў бы да слёз крануты, калi б убачыў яго ў гэту хвiлiну. Ледзь толькi ён пачуў голас старога дзiкуна i ўбачыў яго твар, як кiнуўся абдымаць яго i цалаваць, заплакаў, засмяяўся, прыцiснуў яго да грудзей, закрычаў, потым пачаў скакаць вакол яго, заспяваў, зноў заскакаў, потым зноў заплакаў i пачаў бiць сябе па галаве i па твары - адным словам, паводзiў сябе, як вар'ят.

Я спытаў у яго, што здарылася, але доўга не мог дабiцца ад яго нiякага тлумачэння. Нарэшце, крыху апамятаўшыся, ён сказаў мне, што гэты чалавек - яго бацька.

Не магу выказаць, да чаго расчулiла мяне такое непадробнае пачуццё сына да бацькi! Нiколi я не думаў, што грубага дзiкуна можа так уразiць i ўзрадаваць сустрэча з бацькам.

I ў той жа час нельга было не смяяцца з тых вар'яцкiх падскокаў i жэстаў, якiмi ён выказваў свае пачуццi да бацькi. Разоў дзесяць ён выскакваў з лодкi, а потым зноў ускакваў у яе; то расхiне куртку i прыцiсне бацькаву галаву да сваiх голых грудзей, то пачне расцiраць яго здранцвелыя рукi i ногi.

Убачыўшы, што стары ўвесь аж скалеў, я параiў расцерцi яго ромам, i Пятнiца тут жа ўзяўся расцiраць яго.

Пра пагоню за ўцекачамi мы, вядома, забылi i думаць; iх лодка за гэты час зайшла так далёка, што амаль знiкла з вачэй.

Мы нават не спрабавалi плыць за iмi ў пагоню i, як потым выявiлася, вельмi добра зрабiлi, таму што гадзiны праз дзве ўзняўся страшэнны вецер, якi несумненна перавярнуў бы нашу лодку. Ён дзьмуў з паўночнага захаду якраз насустрач уцекачам. Наўрад цi змаглi яны адолець гэту буру; я быў упэўнены, што яны загiнулi сярод хваль, не пабачыўшы родных берагоў.

Неспадзяваная радасць так моцна ўсхвалявала Пятнiцу, што ў мяне не хапiла смеласцi адарваць яго ад бацькi. "Трэба даць яму супакоiцца", - падумаў я, стоячы непадалёку i чакаючы, калi астыне яго радаснае ўзбуджэнне.

Гэта здарылася не хутка. Нарэшце я паклiкаў Пятнiцу. Ён накiраваўся да мяне подбегам, з вясёлым смехам, шчаслiвы i задаволены. Я спытаў у яго, цi даваў ён бацьку хлеба. Ён засмучана пакруцiў галавой:

- Няма хлеба: дурны сабака нiчога не пакiнуў, усё з'еў сам! - i паказаў на сябе.

Тады я выняў са свае торбы ўсю, якая ў мяне была, правiзiю - невялiчкую ляпёшку i дзве цi тры галiнкi разынак - i аддаў Пятнiцу. I ён усё гэтак жа клапатлiва i пяшчотна пачаў кармiць бацьку, як малое дзiця. Бачачы, што ён дрыжыць ад хвалявання, я параiў самому яму падмацаваць свае сiлы рэшткамi рому, але i ром ён аддаў старому.

Праз хвiлiну Пятнiца ўжо некуды iмчаўся як шалёны. Бегаў ён увогуле вельмi хутка. Дарэмна я крычаў яму ўслед, каб ён спынiўся i сказаў мне, куды ён бяжыць, - ён ужо знiк.

Праўда, праз чвэртку гадзiны ён вярнуўся, i крокi яго зрабiлiся куды павольнейшыя. Калi ён падышоў блiжэй, я ўбачыў, што ён штосьцi нясе. Гэта быў глiняны збан з прэснай вадой, якую ён прынёс бацьку. Для гэтага ён збегаў дадому, у нашу крэпасць, а заадно прыхапiў яшчэ i дзве буханкi хлеба. Хлеб ён аддаў мне, а ваду панёс старому, дазволiўшы, мiж iншым, i мне напiцца, таму што i мне вельмi хацелася пiць. Вада ажывiла старога лепш за ўсякi спiрт: ён, здавалася, памiраў ад смагi.

Калi стары напiўся, я паклiкаў Пятнiцу i спытаў, цi не засталося ў збане вады. Ён адказаў, што засталося, i я загадаў яму даць напiцца беднаму гiшпанцу, якi пакутаваў ад смагi не меней, чым стары дзiкун. Я паслаў гiшпанцу таксама буханку хлеба.

Гiшпанец усё яшчэ быў вельмi слабы. Ён сядзеў на палянцы пад дрэвам у поўнай знямозе. Дзiкуны так моцна звязалi яго, што цяпер у яго параспухалi рукi i ногi.

Калi ён прагнаў смагу свежай вадой i з'еў хлеба, я падышоў да яго i даў яму жменю разынак. Ён узняў галаву i паглядзеў на мяне з невыказнай удзячнасцю, потым паспрабаваў устаць, але не здолеў - так распухлi i балелi ў яго ногi. Гледзячы на гэтага хворага чалавека, цяжка было нават уявiць сабе, як ён пры такой знямозе мог толькi што так адважна бiцца з ворагам. Я параiў яму сядзець i не рухацца i даручыў Пятнiцу расцерцi яму ногi ромам.

Пакуль Пятнiца расцiраў гiшпанца, ён кожныя дзве хвiлiны, а магчыма, i часцей паварочваўся, каб пабачыць, цi не трэба чаго-небудзь яго бацьку. Пятнiца бачыў толькi галаву старога, бо той сядзеў на дне лодкi. Раптам азiрнуўшыся, ён убачыў, што галава знiкла; у той жа момант Пятнiца ўжо быў на нагах. Ён не бег, а ляцеў: здавалася, ногi яго не дакранаюцца зямлi. Але калi, дабегшы да лодкi, ён убачыў, што бацька прылёг адпачыць i спакойна ляжыць на дне лодкi, ён зараз жа вярнуўся да нас.

Тады я сказаў гiшпанцу, што мой сябар дапаможа яму падняцца i давядзе да лодкi, у якой мы прывязём яго да нашага жытла.

Але Пятнiца, рослы i дужы, падняў яго, як дзiця, ускiнуў сабе на спiну i панёс. Дайшоўшы да лодкi, ён асцярожна пасадзiў яго спачатку на борт, а затым на дно поруч з бацькам. Потым выйшаў на бераг, сапхнуў лодку ў ваду, зноў ускочыў у яе i ўзяўся за вёслы. Я пайшоў пехатой.

Пятнiца выдатна веславаў, i, нягледзячы на моцны вецер, лодка так хутка неслася ўздоўж берага, што я не паспяваў за ёю.

Пятнiца без прыгод прывёў лодку ў нашу гавань i, пакiнуўшы там бацьку i гiшпанца, пабег берагам назад.

- Куды ты бяжыш? - спытаў я, калi мы размiноўвалiся.

- Трэба прывесцi яшчэ адну лодку, - крыкнуў ён мне на бягу i вiхрам памчаўся далей.

Нiводзiн чалавек, нiводзiн конь не ўгналiся б за iм - так хутка ён бегаў. Ледзь я дайшоў да бухтачкi, як ён ужо з'явiўся туды з другою лодкаю.

Выскачыўшы на бераг, ён пачаў памагаць нашым новым гасцям выйсцi з лодкi, але абодва яны так знясiлелi, што не маглi трымацца на нагах.

Бедны Пятнiца не ведаў, што рабiць.

Я таксама задумаўся.

- Пакiнь пакуль што нашых гасцей на беразе, а сам iдзi за мной, - сказаў я яму.

Мы пайшлi ў блiжэйшы гай, ссеклi два-тры дрэўцы, змайстравалi насiлкi, на якiх i даставiлi хворых да знадворнай сцяны нашай крэпасцi.

Тут мы ўжо зусiм разгубiлiся, не ведаючы, што нам рабiць далей. Перацягнуць двух дарослых людзей цераз такую высокую агароджу нам, вядома, было не пад сiлу. Давялося зноў памаракаваць, i я зноў прыдумаў, што рабiць. Мы з Пятнiцай узялiся за работу, i гадзiны праз дзве ў нас была гатова зусiм нядрэнная парусiнавая палатка, на якую мы накiдалi голля.

У гэтай палатцы мы змайстравалi дзве пасцелi з рысавай саломы i чатырох коўдраў.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Новыя жыхары выспы. - Прыбыццё ангельцаў.

Пасля таго як я ўладкаваў з жытлом нашых хворых гасцей, толькi што выратаваных з палону, завёў iх пад дах iх новага дома, дзе яны маглi адпачыць i аднавiць свае сiлы, трэба было падрыхтаваць iм ежу. Я паслаў Пятнiцу, каб ён прывёў з майго маленькага статка гадавалае казляня. Ён зарэзаў яго i пад маiм наглядам згатаваў з казляцiны смажанiну i зварыў добры булён.

Гэты булён мы заправiлi ячменем i рысам; атрымаўся вельмi смачны суп. Гатаванне ежы адбывалася за знадворнай сцяной, таму што, як гаварылася ўжо раней, я нiколi не раскладаў вогнiшча ў крэпасцi.

Мы накрылi стол у новай палатцы i паабедалi на наваселлi ўчатырох.

Я на гэтым абедзе выконваў абавязкi старшынi i займаў нашых гасцей гутаркай. Пятнiца быў пры мне за перакладчыка не толькi тады, калi я размаўляў з яго бацькам, а таксама i з гiшпанцам, таму што гiшпанец даволi прыстойна размаўляў на мове дзiкуноў.

Калi мы паабедалi, цi, дакладней, павячэралi, я папрасiў Пятнiцу ўзяць адну пiрогу i з'ездзiць па нашы стрэльбы, якiя мы за недахопам часу пакiнулi на месцы бойкi; на другi дзень я паслаў яго закапаць трупы забiтых, а таксама жахлiвыя рэшткi крывавага балю.

Пятнiца дакладна выканаў маё даручэнне. Ён так старанна знiшчыў сляды ўсiх дзiкуноў, што, калi я зноў пабыў на тым месцы, я не адразу здолеў пазнаць яго. Толькi па дрэвах на ўскрайку ўзбярэжнага лесу я здагадаўся, што людаеды балявалi якраз тут.

Праз некалькi дзён, калi мае новыя сябры адпачылi i прыкметна акрыялi пасля ўсiх перажытых iмi выпрабаванняў, я пачаў з дапамогай Пятнiцы весцi з iмi гутарку.

Перш за ўсё я спытаў у бацькi Пятнiцы, цi не баiцца ён, што тыя людаеды, якiя ўцяклi, могуць вярнуцца на выспу з цэлым полчышчам другiх дзiкуноў, якiя жорстка расправяцца з намi.

Стары адказаў, што, на яго думку, дзiкуны, якiя збеглi, нiяк не здолелi дабрацца да родных берагоў у такую моцную буру, якая бушавала ў тую ноч, што, напэўна, iх лодку перавярнула i ўсе яны патанулi.

- А калi яны засталiся жывыя, - сказаў ён, - iх аднесла ўбок i прыбiла да зямлi варожага племя, дзе iх абавязкова з'ядуць.

Памаўчаўшы крыху, стары працягваў:

- Але нават калi яны i шчаслiва даплылi дадому, то i тады яны не рызыкнуць вярнуцца. Яны былi так страшэнна напалоханы вашым нечаканым нападам, грукатам i агнём стрэлаў, што, вiдаць, раскажуць сваiм аднапляменнiкам, нiбыта таварышы iх загiнулi ад грому i маланкi. Вас жа двух - цябе i Пятнiцу - яны палiчылi за ўгневаных д'яблаў, якiя спусцiлiся на зямлю, каб iх знiшчыць. Я сам чуў, як яны гаварылi пра гэта адзiн аднаму. Яны не могуць уявiць сабе, каб звычайны чалавек мог вывяргаць полымя, гаварыць, як гром, i забiваць на далёкай адлегласцi, нават не падымаючы рукi.

Стары казаў праўду. Пазней я даведаўся, што нават праз многа гадоў пасля таго нiводзiн дзiкун не адважваўся паказацца на маёй выспе. Вiдаць, тыя ўцекачы, якiх мы лiчылi загiнуўшымi, усё ж вярнулiся на радзiму i сваiмi страшэннымi расказамi напалохалi iншых дзiкуноў. Магчыма нават, што iх племя склала павер'е, нiбыта кожнага, хто ступiць на бераг гэтай зачараванай выспы, багi знiшчаць агнём.

Не прадбачачы гэтага, я доўгi час быў у нязменнай трывозе, чакаючы помсты дзiкуноў. Праўда, i я i мая маленькая армiя заўсёды былi гатовы да бойкi: цяпер жа нас было чацвёра, i, няхай бы да нас з'явiлася хоць сотня ворагаў, мы не пабаялiся б у любы час распачаць з iмi бойку.

Але ж iх магло быць i дзвесце i трыста, i тады яны перамаглi б нас.

Аднак мiналi днi, а лодкi дзiкуноў не з'яўлялiся. Разам з тым я ўсё часцей i часцей вяртаўся да свае даўнiшняй думкi пра падарожжа на мацярык. Бацька Пятнiцы не раз запэўнiваў мяне, што я магу смела разлiчваць на гасцiнную сустрэчу ў яго землякоў, таму што я выратаваў i яго сына i самога яго ад смерцi.

Але пасля адной сур'ёзнай гаворкi з гiшпанцам я пачаў сумнявацца, цi варта мне прыводзiць у выкананне мой план.

Гiшпанец сказаў мне, што хоць дзiкуны i сапраўды далi прытулак у сябе семнаццацi гiшпанцам i партугальцам, якiя пацярпелi крушэнне каля iх берагоў, але ўсе гэтыя эўрапейцы жывуць зараз у страшэннай нястачы i часта нават галадаюць. Дзiкуны не прыгнятаюць iх i даюць iм поўную волю, але самi яны жывуць у такой галечы, што не заўсёды здольны пракармiць прышэльцаў.

Я спытаў у гiшпанца пра падрабязнасцi iх апошняга плавання, i ён паведамiў мне, што iх карабель iшоў з Рыо-дэ-ла-Платы ў Гавану, куды павiнен быў прывезцi срэбра i пушнiну i нагрузiцца эўрапейскiмi таварамi, якiх там было дастаткова.

У час буры пяць чалавек з iх карабельнай каманды патанула, а астатнiя пасля шматдзённых пакут i жахаў, зняможаныя смагай i голадам, нарэшце прычалiлi да краiны людаедаў. Высадзiўшыся ў гэтай краiне, яны адчувалi сябе страшэнна жахлiва, з хвiлiны на хвiлiну чакаючы, што iх з'ядуць дзiкуны. У iх была з сабой агнястрэльная зброя, але не было нi пораху, нi куль: той порах, якi яны ўзялi з сабою ў лодку, за дарогу амаль увесь падмок, а што засталося, яны даўно выдаткавалi, таму што на першым часе здабывалi сабе ежу толькi паляваннем.

Я спытаў у яго, якi, на яго, думку, лёс чакае яго таварышаў у краiне дзiкуноў i цi спрабавалi яны калi-небудзь выбрацца адтуль на волю? Ён сказаў, што ў iх было многа нарад з гэтага выпадку, але ўсё канчалася слязьмi i скаргамi.

- У нас жа не было, - растлумачыў ён, - нi судна, на якiм можна было б плыць у адкрытае мора, нi iнструмента для збудавання такога судна, нi харчовых запасаў.

Тады я сказаў яму:

- Я з вамi буду гаварыць шчыра. Як вы мяркуеце, згодзяцца цi не вашы таварышы пераехаць на маю выспу? Я ахвотна запрасiў бы iх сюды. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлi б нейкi спосаб дабрацца да якой-небудзь узбярэжнай краiны, а адтуль - на радзiму. Адно толькi мяне палохае: запрашаючы iх сюды, я аддаюся iм у рукi. Што, калi яны акажуцца каварнымi злымi людзьмi? Што, калi яны за маю гасцiннасць адплацяць мне здрадай? Пачуццё ўдзячнасцi, увогуле кажучы, некаторым людзям зусiм не ўласцiва. Сярод iх могуць аказацца здраднiкi. А гэта было б, згадзiцеся, вельмi крыўдна: выратаваць людзей з бяды для таго толькi, каб трапiць у палон да iх у iх Новай Гiшпанii*. Ужо няхай лепей з'ядуць дзiкуны, чым трапiць у бязлiтасныя кiпцюры папоў цi быць спаленым iнквiзiтарамi**. Калi б вашы таварышы, - гаварыў я далей, - прыехалi сюды, я ўпэўнены, што пры такой колькасцi работнiкаў мы лёгка б збудавалi вялiкае судна, на якiм бы здолелi паплысцi на поўдзень i дайсцi да Бразiлii цi накiравацца на поўнач - да гiшпанскiх уладанняў. Але, вядома, калi я аддам у рукi iм зброю, а яны ў падзяку за маю дабрату павернуць гэту зброю супроць мяне ж, калi, карыстаючыся тым, што яны мацней за мяне, яны адбяруць у мяне маю волю, - тады яны прымусяць мяне пашкадаваць, што я зрабiў iм столькi дабра.

* Новай Гiшпанiяй тады называлi Мексiку, заваяваную гiшпанцамi ў ХVI стагоддзi.

** Iнквiзiтары - гiшпанскiя манахi, якiя жорстка распраўлялiся з кожным, хто не належаў да каталiцкай царквы. Такiх "ерэтыкаў" яны спальвалi на агнi.

Гiшпанец адказаў вельмi шчыра:

- Таварышы мае церпяць такiя цяжкiя нягоды i так добра разумеюць усю безнадзейнасць свайго становiшча, што я нават у думках не трымаю, каб яны здолелi кепска аднесцiся да чалавека, якi дапаможа iм выратавацца з няволi. Калi хочаце, - працягваў ён, - я разам з гэтым старым з'езджу да iх, перадам iм вашу прапанову i прывязу вам iх адказ. Калi яны згодзяцца на вашы ўмовы, я вазьму з iх урачыстую прысягу, што яны пойдуць за вамi на тую зямлю, якую вы iм прапануеце, i да звароту дадому будуць безадказна падпарадкоўвацца вам як свайму начальнiку. Вы будзеце загадваць, а мы - падпарадкоўвацца. Калi хочаце, мы складзем пiсьмовую ўмову, кожны з нас падпiша яе, i я прывязу яе вам.

Затым ён сказаў, што ён гатовы, не адкладваючы, зараз жа прысягнуць мне на вернасць.

- Клянуся, што буду служыць вам да смерцi! - так скончыў ён сваю палкую прамову. - Вы выратавалi мне жыццё, i я аддаю яго вам. Я пiльна буду сачыць, каб мае суайчыннiкi не парушылi прысягi, якую яны дадуць вам, i заўсёды буду бiцца за вас да апошняй кроплi крывi. Аднак я магу паручыцца за сваiх землякоў: усе яны людзi сумленныя, вельмi надзейныя, i сярод iх няма нiводнага здраднiка.

Пасля такiх шчырых слоў усе мае сумненнi знiклi, i я вырашыў паспрабаваць выратаваць гэтых людзей. Я сказаў гiшпанцу, што адпраўлю да iх яго i старога дзiкуна.

Але, калi ўсё ўжо было гатова да адплыцця, гiшпанец раптам загаварыў пра тое, што лепей было б адкласцi наш намер на некалькi месяцаў, а магчыма, i на год.

- Перш чым перавозiць гасцей, - сказаў ён, - нам варта паклапацiцца пра iх харчаванне.

Ён меў рацыю. Правiзii ў нас было мала. Яе ледзь хапала на чацвярых, а калi прыедуць госцi, яны знiшчаць усе нашы прыпасы за тыдзень, i ўсе мы будзем асуджаны на галодную смерць.

- Таму, - сказаў гiшпанец, - я прашу ў вас дазволу ўзараць новую дзялянку зямлi. Даручыце гэта нам тром, мы зараз жа возьмемся за работу i пасеем усё збожа, якое вы здолееце выдзелiць на сяўбу. Потым дачакаемся ўраджаю, збяром хлеб, i, калi яго хопiць на тое, каб пракармiць новых людзей, тады я i бацька Пятнiцы накiруемся па iх. Калi ж яны прыедуць на гэту выспу зараз, iм пагражае люты голад, а гэта можа выклiкаць памiж iмi разлад i ўзаемную нянавiсць.

Разумная прадбачлiвасць гэтага чалавека спадабалася мне. Я ўбачыў, што ён i сапраўды клапоцiцца пра мой дабрабыт i адданы мне ўсiм сэрцам.

Патрэбна было яго параду прывесцi ў выкананне.

I ўсе чацвёра мы ўзялiся ўзорваць новае поле. Мы старанна рыхлiлi глебу (наколькi гэта магчыма з драўлянымi прыладамi), i праз месяц, калi настаў час пасеву, у нас была вялiкая дзялянка старанна ўзаранай зямлi, на якой мы пасеялi дваццаць два бушалi ячменю i шаснаццаць бушалёў рысу, гэта значыць усё збожжа, якое я змог даць на сяўбу.

Цяпер, калi нас было чацвёра, дзiкуны маглi б напалохаць нас толькi тады, калi б яны нечакана напалi на нас у вельмi вялiкай колькасцi. Мы не баялiся дзiкуноў i вольна хадзiлi па ўсёй выспе. А паколькi ўсе мы марылi толькi пра тое, як бы хутчэй адсюль з'ехаць, кожны з нас стараўся як мага, каб здзейснiць гэту мару. У час сваiх блуканняў па выспе я прыкмячаў дрэвы, прыдатныя для пабудовы карабля. Гiшпанец i Пятнiца з бацькам узялiся секчы гэтыя дрэвы.

Я паказаў iм, якiя неверагодныя цяжкасцi давялося адолець мне, каб вычасаць з цэлага дрэва кожную дошку, i мы пачалi ўсе разам рыхтаваць новы запас дошак. Мы начасалi iх каля тузiна. Гэта былi моцныя дубовыя дошкi каля трыццацi пяцi футаў у даўжыню, двух футаў шырынi i ад двух да чатырох дзюймаў таўшчынi. Кожнаму зразумела, якая гэта цяжкая была праца.

У той жа час я iмкнуўся па магчымасцi павялiчыць свой маленькi статак. З гэтай мэтай двое з нас кожны дзень хадзiлi лавiць дзiкiх казлянят, так што хутка ў нас было каля дваццацi галоў.

Затым нас чакала яшчэ адна важная справа: трэба было паклапацiцца пра нарыхтоўку разынак, бо вiнаград пачынаў паспяваць ужо. Мы назбiралi i насушылi яго велiзарную колькасць. Адначасова з хлебам рызынкi складалi аснову нашага харчавання. Мы ўсе вельмi любiлi разынкi. Сапраўды, я не ведаю больш смачнай i спажыўнай ежы.

Надышоў час жнiва. Ураджай ячменю i рысу быў някепскi. Праўда, мы чакалi, што ён будзе лепшы, але ўсё роўна ён быў нiшто сабе, i цяпер мы здолелi б пракармiць хоць пяцьдзесят чалавек. Больш таго, з такiм запасам правiянту мы смела маглi рушыць у плаванне i дабрацца да любога берага Паўднёвай Амерыкi.

Куды ж ссыпаць увесь рыс i ячмень? Для гэтага патрэбны былi вялiкiя карзiны, i мы адразу ж узялiся плесцi iх.

Гiшпанец пры гэтым паказаў сябе як выдатны майстар гэтай справы.

Цяпер, калi ў мяне было дастаткова мяса i хлеба, каб пракармiць гасцей, я дазволiў гiшпанцу ўзяць лодку i ехаць па iх. Я строга загадаў яму не прывозiць нiводнага чалавека, не ўзяўшы з яго прысягi, што ён не толькi не зробiць мне нiякага зла, не нападзе на мяне са зброяй у руках, але, наадварот, будзе баранiць мяне ад розных ворагаў. Гэту прысягу яны павiнны будуць напiсаць на паперы, i кожны павiнен будзе распiсацца пад ёю.

У той момант я неяк забыў, што гiшпанцы, якiя пацярпелi крушэнне, не мелi нi паперы, нi чарнiла.

З гэтымi павучаннямi гiшпанец i стары дзiкун рушылi ў дарогу на той самай пiрозе, на якой iх прывезлi на маю выспу.

Як весела было мне збiраць iх у гэту дарогу! За ўсе дваццаць сем год майго зняволення на выспе я ўпершыню мог спадзявацца на тое, што вырвуся адсюль на волю. Я даў гэтым людзям вялiкi запас хлеба i разынак, каб хапiла iм i нашым будучым гасцям.

Нарэшце я пасадзiў iх у пiрогу i пажадаў iм добрай дарогi. Развiтваючыся, я дамовiўся з iмi, што калi яны будуць везцi ў сваёй пiрозе гiшпанцаў, яны ўзнiмуць сцяг у адкрытым моры, каб я мог здалёк пазнаць iх пiрогу.

Адчалiлi яны пры свежым ветры ў дзень поўнi, у кастрычнiку.

На жаль, я не магу назваць больш дакладную дату, бо, аднойчы згубiўшы правiльны падлiк дзён i тыдняў, я потым ужо не здолеў аднавiць яго.

Мiнула даволi многа часу з моманту ад'езду маiх вандроўнiкаў. Я чакаў iх з дня на дзень. Мне здавалася, што яны позняцца, што ўжо дзён восем назад павiнны былi яны вярнуцца на выспу. Раптам адбыўся адзiн зусiм не прадбачны выпадак, якога яшчэ нiколi не здаралася за ўсе гады майго жыцця на выспе.

Неяк на досвiтку, калi я яшчэ спаў моцным сном, прыбягае да мяне Пятнiца i моцна крычыць:

- Едуць! Едуць!

Я падхапiўся, у момант апрануўся, пералез цераз агароджу i выбег у гай (ён да гэтага часу так разросся, што яго смела можна было ўжо зваць лесам).

Я да такой ступенi забыўся пра небяспеку, што, насуперак звычаю, не ўзяў з сабою нiякай зброi. Я быў цвёрда ўпэўнены, што гэта вяртаецца гiшпанец са сваiмi сябрамi.

Якое ж было маё здзiўленне, калi я ўбачыў у моры, мiляў за пяць ад берага, незнаёмую лодку з трыкутным ветразем! Лодка трымала курс прама на выспу, яе падганяў моцны спадарожны вецер, i яна хутка наблiжалася. Iшла яна не з боку мацярыка, а з паўднёвага канца выспы.

Адным словам, гэта была зусiм не тая лодка, якую мы чакалi.

На ўсякi выпадак трэба было падрыхтавацца да абароны.

Я прапанаваў Пятнiцу схавацца ў гаi i ўважлiва сачыць за людзьмi, якiя знаходзiлiся ў лодцы, таму што нам невядома было, сябры гэта цi ворагi. Затым я вярнуўся дадому, прыхапiў падзорную трубу i пры дапамозе лесак узлез на вяршыню гары, каб, не будучы бачны сам, агледзець усю мясцовасць; так рабiў я заўсёды, калi баяўся нападу ворагаў.

Не паспеў я падняцца на гару, як адразу ж убачыў карабель.

Ён стаяў на якары каля паўднёва-ўсходняга берага выспы, мiляў за восем ад майго жытла. Ад берага да яго было не больш пяцi мiляў.

Карабель, несумненна, быў ангельскi, ды i лодка, як я цяпер мог упэўнiцца, аказалася ангельскiм баркасам.

Не магу выказаць, якiя разнастайныя пачуццi выклiкала ў мяне гэтае адкрыццё.

Маю радасць ад таго, што я ўбачыў карабель, прытым ангельскi, радасць ад чакання сустрэчы з маiмi суайчыннiкамi (значыць, з сябрамi) немагчыма апiсаць.

Разам з тым нейкая патаемная трывога, якую я не мог растлумачыць, вымушала мяне паводзiць сябе асцярожна.

Перш за ўсё я задаў сабе пытанне: навошта спатрэбiлася ангельскаму купецкаму судну заходзiць у гэтыя мясцiны, якiя ляжалi, як мне было вядома, у баку ад усiх гандлёвых шляхоў ангельцаў? Я ведаў, што яго не магла прыгнаць бура, таму што апошнiм часам на моры буры не было. Калi нават на караблi сапраўды знаходзiлiся ангельцы, мне ўсё роўна няварта да пары да часу паказвацца iм на вочы, бо зусiм верагодна, што з'явiлiся яны сюды не з добрым намерам. Лепей ужо мне i надалей заставацца на выспе, чым даверыцца падазроным людзям i аказацца ў руках якiх-небудзь бандытаў цi забойцаў.

Стоячы на гары, я не пераставаў сачыць за лодкай, якая наблiжалася да выспы.

Раптам яна зрабiла круты паварот i пайшла ўздоўж берага ў напрамку да бухтачкi, дзе я калiсьцi прычальваў з плытамi. Вiдаць, тыя, што сядзелi ў лодцы, выглядалi, дзе б лепей прычалiць. Яны не заўважылi бухтачкi i прычалiлi ў другiм месцы, за паўмiлi ад яе.

Я быў шчаслiвы, што яны высадзiлiся менавiта там, бо, калi б яны зайшлi ў бухтачку, яны апынулiся б, можна сказаць, у мяне на парозе i - хто ведае! магчыма, выгналi б мяне з мае крэпасцi i абрабавалi б да нiткi.

Людзi выйшлi на бераг, i я мог упэўнiцца, што гэта сапраўды ангельцы, ва ўсякiм разе большасць з iх. Аднаго цi двух, праўда, я палiчыў за галандцаў, але я памылiўся, як потым выявiлася. Усiх было адзiнаццаць чалавек.

Трое з iх, вiдаць, былi прывезены сюды ў якасцi палонных, таму што пры iх я не заўважыў нiякай зброi i мне здалося, што ў iх звязаны ногi. Я бачыў, як пяць чалавек, што першыя выскачылi на бераг, выцягвалi iх з лодкi.

Адзiн з палонных, вiдаць, нечага прасiў: рухi яго рук выказвалi i пакуту, i мальбу i роспач. Вiдаць, ён быў у адчаi. Двое другiх таксама аб нечым упрошвалi, працягвалi наперад рукi, але ўвогуле яны як быццам былi спакайнейшыя i не так яскрава выказвалi сваё гора.

Я глядзеў на iх i нiчога не разумеў. Раптам Пятнiца крыкнуў мне:

- О, Робiн Круза! Глядзi: белыя чалавекi таксама ядуць чалавекаў, як дзiкiя!

- Ты звар'яцеў, Пятнiца! - сказаў я яму. - Няўжо ты думаеш, што яны iх з'ядуць?

- Вядома, з'ядуць, - адказаў ён.

- Не, не, Пятнiца, ты памыляешся, - запярэчыў я. - Баюся, што яны iх заб'юць, але можаш быць упэўнены, што есцi iх яны не будуць.

Я яшчэ не ўсё разумеў, што адбываецца ў мяне на вачах, але ўвесь дрыжаў ад жаху пры думцы, што зараз можа адбыцца крывавая расправа.

Мне нават здалося, што адзiн з бандытаў занёс над галавой сваёй ахвяры нейкую зброю, накшталт цесака цi шаблi.

Уся кроў застыла ў мяне ў жылах: я быў упэўнены, што няшчасны павалiцца нежывым. Як я шкадаваў у той момант, што каля мяне няма гiшпанца i старога дзiкуна!

Я заўважыў, што нi ў кога з бандытаў не было з сабою зброi.

"Добра было б, - падумаў я, - падкрасцiся да iх цяпер, стрэлiць ва ўпор i вызвалiць гэтых палонных".

Але абставiны склалiся зусiм iнакш.

Бандыты, вiдаць, не мелi намеру забiваць сваiх палонных.

Напалохаўшы i наздзекаваўшыся з iх, бандыты разбеглiся па выспе, вiдаць, каб агледзець мясцовасць, дзе яны апынулiся.

Палонных яны пакiнулi пад наглядам двух сваiх таварышаў.

Але тыя, напэўна, былi п'яныя: як толькi астатнiя пайшлi, абодва яны залезлi ў лодку i адразу ж заснулi.

Такiм чынам палонныя засталiся адны. Але, замест таго каб выкарыстаць момант i дзейнiчаць, яны сядзелi на пяску i азiралiся па баках у поўным адчаi.

Гэта нагадала мне першы дзень майго з'яўлення на выспе. Гэтаксама i я тады сядзеў на беразе, безнадзейна азiраючыся наўкол, i таксама лiчыў сябе загiнуўшым. Я быў упэўнены тады, што мяне разарвуць драпежныя звяры, залез на дрэва i праседзеў там усю ноч. Наогул не было такiх жахаў, якiя б не здавалiся мне на тым першым часе. А мiж тым як цiхамiрна пражыў я ўсе гэтыя гады! Але нiчога гэтага я тады не прадбачыў.

Таксама i гэтыя трое няшчасных былi ў адчаi, не ведаючы, што выратаванне блiзка.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

Рабiнзон сустракаецца з капiтанам ангельскага карабля

Бандыты высадзiлiся на выспе ў час прылiву. Пакуль яны здзекавалiся з палонных, якiх яны прывезлi з сабой, а потым блукалi па незнаёмай выспе, прайшло вельмi многа часу: пачаўся адлiў, i лодка апынулася на мелi.

У ёй, як ужо гаварылася, заставалася два чалавекi, якiя вельмi хутка заснулi.

Праз гадзiну адзiн з iх прачнуўся i, убачыўшы, што лодка стаiць на зямлi, паспрабаваў сцягнуць яе да вады, але не здолеў. Тады ён пачаў клiкаць астатнiх. Тыя прыбеглi i ўзялiся памагаць яму, але лодка была такая цяжкая, а пясок быў такi мокры i рыхлы, што ў iх не хапiла сiлы спусцiць яе на ваду.

Тады яны, як сапраўдныя маракi - а маракi, як вядома, самы бесклапотны народ на ўсiм свеце i нiколi не думаюць пра будучыню, - кiнулi лодку i зноў пайшлi гуляць. Перад тым як пайсцi, адзiн з iх моцна гукнуў другому:

- Ды кiнь ты, Джэк, яе! Ахвота табе мазолiць рукi! Вось будзе прылiў, яна сама i ўсплыве.

Гэта гаварылася па-ангельску. Значыць, яны i сапраўды былi мае землякi.

Пакуль яны не пайшлi, я то сядзеў, стаiўшыся за агароджай крэпасцi, то сачыў за iмi з вяршынi пагорка.

Да пачатку прылiву заставалася не меней дзесяцi гадзiн.

Значыць, увесь гэты час iх лодка праляжыць на пяску.

Вечарам, калi сцямнее, я выйду са свайго сховiшча, падкрадуся да гэтых матросаў блiжэй; буду сачыць за кожным iх учынкам, за кожным рухам i, магчыма, я здолею падслухаць, пра што яны будуць гаварыць.

А пакуль не сцямнела, трэба было рыхтавацца да бою. Цяпер у мяне быў куды больш моцны i небяспечны працiўнiк, чым раней, i рыхтавацца трэба было куды больш старанна.

Я доўга рыхтаваў стрэльбы, чысцiў i зараджаў iх, а потым загадаў Пятнiцу, якi пад маiм кiраўнiцтвам зрабiўся вельмi ўдалым стралком, узброiцца з ног да галавы. Я ўзяў сабе дзве паляўнiчыя стрэльбы, а яму даў тры мушкеты. Астатнюю зброю мы таксама размеркавалi памiж сабою.

Трэба сказаць, што ў гэтых даспехах у мяне быў вельмi ваяўнiчы выгляд. На мне была мая грубая куртка з казiнага футра i вялiзная калматая шапка, на баку вiсела голая шабля, за поясам былi два пiсталеты, на кожным плечуку па стрэльбе.

Як ужо гаварылася, я вырашыў не распачынаць нiчога, пакуль не сцямнее. Але гадзiны ў дзве, калi сонца пачало прыпякаць асаблiва моцна, я заўважыў, што матросы пайшлi ў лес i не вярнулiся.

Вiдаць, iх змарыла спёка, i яны заснулi ў цяньку.

Iх палонным было не да сну. Няшчасныя панура сядзелi пад нейкiм вялiзным дрэвам, прыгнечаныя сваiм горкiм лёсам. Памiж iмi i мною было не болей чвэрцi мiлi.

Iх нiхто не вартаваў, i я вырашыў, не чакаючы вечара, прабрацца да iх i пагутарыць з iмi. Мне карцела даведацца, што яны за людзi i чаму яны тут. I я пайшоў да iх з тым дзiўным узбраеннем, якое я толькi што апiсваў. За мною следам крочыў Пятнiца. Ён таксама быў узброены з галавы да ног, хаця i не здаваўся такiм страшыдлам, як я.

Я падышоў да трох палонных зусiм блiзка (яны сядзелi да мяне спiною i не бачылi мяне) i гучна спытаў iх па-гiшпанску:

- Хто вы такiя, сеньёры?

Яны здрыганулiся ад нечаканасцi, але, здаецца, напалохалiся яшчэ больш, калi ўбачылi, якое страшыдла падышло да iх. Нiхто з iх не адказаў нi слова, i мне здалося, што яны збiраюцца ўцякаць ад мяне.

Тады я загаварыў па-ангельску.

- Джэнтльмены, - сказаў я, - не палохайцеся. Магчыма, вы сустрэнеце сябра там, дзе менш за ўсё чакаеце сустрэць яго. Я ангелец i хачу вам дапамагчы. Вы бачыце: нас толькi двое; у нас ёсць зброя i порах. Кажыце ж адразу, якiм чынам мы можам аблегчыць ваш лёс, якое няшчасце надарылася з вамi?

- Нашых няшчасцяў так многа, што апiсваць iх было б вельмi доўга, адказаў адзiн палонны, - мiж тым нашы мучыцелi непадалёку i кожную хвiлiну могуць вярнуцца сюды. Але вось вам уся наша гiсторыя ў некалькiх кароткiх словах. Я капiтан карабля; мой экiпаж узбунтаваўся. Я заўсёды любiў матросаў, i яны мяне любiлi. Пад маёй камандай iм жылося выдатна. Але iх збiла з панталыку шайка мярзотнiкаў, якiя завялiся на судне ў апошнi час. Гэтыя мярзотнiкi падбухторылi iх зрабiцца пiратамi - марскiмi бандытамi, каб рабаваць i палiць караблi. Таварышы мае, якiх вы тут бачыце (адзiн - мой памочнiк, другi - пасажыр), ледзь упрасiлi гэтых людзей не забiваць нас, i, нарэшце, яны згадзiлiся, з той умоваю, што высадзяць нас на якiм-небудзь бязлюдным беразе. Так яны i зрабiлi. Мы былi ўпэўнены, што нас чакае тут галодная смерць, - мы лiчылi гэту зямлю бязлюднай. Цяпер жа высветлiлася, што тут жывуць людзi, якiя гатовы самааддана выратаваць нас ад смерцi.

- Дзе гэтыя бандыты? - спытаўся я. - Куды яны пайшлi? У якi бок?

- Яны ляжаць пад тымi вунь дрэвамi, сэр, - паказаў капiтан на пясок, што вiднеўся непадалёку. - Сэрца ў мяне абмiрае ад страху: я баюся, што яны ўбачаць вас i пачуюць, пра што мы зараз гаворым. Калi так, то мы загiнулi! Яны бязлiтасна заб'юць нас усiх да аднаго.

- У iх ёсць зброя? - спытаў я.

- Толькi дзве стрэльбы i яшчэ адна, якую яны пакiнулi ў лодцы.

- Цудоўна, - сказаў я. - Астатняе я бяру на сябе. Усе яны спяць, i нам было б няцяжка падкрасцiся да iх i ўсiх iх перабiць, але цi не лепей захапiць iх жывымi? Магчыма, яны адумаюцца, пакiнуць разбой i захочуць стаць сумленнымi людзьмi.

Капiтан сказаў, што сярод iх ёсць два небяспечныя бандыты, якiя i пачалi бунт; наўрад цi трэба пакiдаць iх, але, калi пазбавiцца ад гэтых двух, астатнiя, ён упэўнены, раскаюцца i зноў вернуцца да свае ранейшай справы.

Я папрасiў яго паказаць мне гэтых двух. Ён адказаў, што наўрад цi пазнае iх на такой вялiкай адлегласцi, але пры выпадку, вядома, пакажа.

- Наогул, я i мае таварышы, - сказаў капiтан, - гатовы падпарадкавацца вам ва ўсiм. Мы аддаёмся поўнасцю пад вашу ўладу. Кожны ваш загад будзе для нас законам.

- Калi так, - сказаў я, - давайце адыдземся далей, каб яны не ўбачылi нас i не падслухалi нашай гаворкi. Няхай сабе спяць, а мы пакуль вырашым, што нам рабiць. Усе трое ўсталi i пайшлi за мною. Я павёў iх у лясны гушчар i там, звяртаючыся да капiтана, сказаў:

- Я паспрабую выратаваць вас, але папярэдне стаўлю вам дзве ўмовы.

Ён не даў мне дагаварыць.

- Я прымаю ўсе вашы ўмовы, сэр, - сказаў ён. - Калi вам пашчасцiць адабраць у бандытаў мой карабель, камандуйце мною i маiм караблём, як вы захочаце. Калi ж ваша задума вам не ўдасца, я застануся тут, разам з вамi, i буду да канца сваiх дзён вашым старанным памочнiкам.

Такое ж абяцанне далi i яго таварышы.

- Добра, - сказаў я, - вось мае дзве ўмовы. Па-першае, пакуль вы не падымецеся на свой карабель, вы забудзеце, што вы капiтан, i будзеце без усякiх пярэчанняў падпарадкоўвацца кожнаму майму загаду. I, калi я дам вам зброю, вы нi пры якiх умовах не накiруеце яе нi супроць мяне, нi супроць маiх блiзкiх i вернеце яе мне па першаму запатрабаванню. Па-другое, калi вам будзе вернуты ваш карабель, вы даставiце ў Ангельшчыну на iм мяне i майго друга.

Капiтан прысягнуў мне ўсiмi прысягамi, якiя толькi здольны прыдумаць чалавечы розум, што абодва мае патрабаваннi ён i яго таварышы свята выканаюць.

- I не таму толькi, - дадаў ён, - што я лiчу гэтыя патрабаваннi мэтазгоднымi, але, галоўнае, таму, што я абавязаны вам жыццём i да самае смерцi буду лiчыць сябе вашым даўжнiком.

- У такiм разе не будзем цягнуць, - адказаў я. - Вось вам тры мушкеты, вось порах i кулi. А цяпер кажыце, што, па-вашаму, нам трэба рабiць.

- Дзякую вам, што вы звяртаецеся да мяне за парадай, - сказаў капiтан, але цi маю права я даваць вам парады? Вы - наш начальнiк, i ваша справа даваць нам загады, а наша - выконваць iх.

- Мне здаецца, - сказаў я, - што нам лягчэй усё-такi будзе расправiцца з iмi, калi мы нячутна падкрадземся, пакуль яны спяць, i выстралiм у iх адразу з усiх нашых стрэльбаў. Каму суджана быць забiтым, той будзе забiты. Калi ж тыя, што застануцца жывыя, папросяць лiтасцi, iх, бадай, можна будзе памiлаваць.

Капiтан нерашуча заўважыў, што яму не хацелася б пралiваць столькi крывi, што, калi можна, ён хацеў бы ўстрымацца ад такой жорсткасцi.

- З гэтых людзей, - дадаў ён, - толькi два безнадзейныя нягоднiкi, гэта яны падбухторвалi на злачынства астатнiх. Калi яны ад нас уцякуць i вернуцца на карабель, мы прапалi, таму што яны наляцяць сюды з астатнiмi матросамi i пераб'юць нас усiх.

- Значыць, трэба прыняць маю параду, - сказаў я. - Вы самi бачыце, што мы вымушаны быць жорсткiмi: для нас гэта адзiны сродак выратавання.

Але было вiдаць, што капiтану не хочацца забiваць i калечыць столькi сонных людзей, хоць гэтыя людзi i пакiдалi яго на галодную смерць.

Заўважыўшы гэта, я сказаў яму, каб ён iшоў са сваiмi таварышамi наперад i рабiў так, як лiчыць больш мэтазгодным.

Пакуль у нас iшлi гэтыя перагаворы, пiраты пачалi прачынацца. З лесу пачулiся iх галасы. Я ўбачыў, што двое з iх ужо стаяць на нагах, i спытаў капiтана, цi не гэта завадатары бунту.

- Не, - адказаў ён, - гэтыя людзi былi верныя свайму абавязку да апошняй хвiлiны i прымкнулi да змоўшчыкаў пад уздзеяннем пагрозы.

- Тады няхай сабе яны iдуць, - сказаў я. - Не будзем перашкаджаць iм. Вiдаць, сам лёс паклапацiўся пра тое, каб выратаваць невiнаватых ад кулi. Але крыўдуйце потым на сябе, калi вы дасце магчымасць астатнiм уцячы. Яны схопяць нас, i вам тады лiтасцi ўжо не будзе.

Гэтыя словы абудзiлi ў капiтана рашучасць. Ён i яго таварышы схапiлi стрэльбы, засунулi за пояс пiсталеты i рынулiся наперад.

Адзiн з матросаў павярнуўся, пачуўшы крокi, i, убачыўшы ў руках сваiх палонных зброю, узняў трывогу.

Але было позна ўжо: у той самы момант, як ён закрычаў, прагучалi два стрэлы. Тыя, што стралялi, не прамахнулiся: адзiн чалавек быў забiты напавал, другi цяжка паранены. Ён, аднак, усхапiўся на ногi i пачаў клiкаць на дапамогу.

Але тут да яго наблiзiўся капiтан.

- Позна! - сказаў ён. - Цяпер ужо цябе нiхто не выратуе. Вось табе ўзнагарода за здраду!

З гэтымi словамi ён ускiнуў мушкет i так моцна стукнуў здраднiка прыкладам па галаве, што той змоўк назаўсёды.

Цяпер, не лiчачы трох чалавек, якiя, вiдаць, зайшлi ў другi бок лесу, у нас заставалiся толькi тры працiўнiкi, з якiх адзiн быў лёгка паранены. У гэты час падышлi i мы з Пятнiцай. Ворагi ўбачылi, што iм не выратавацца, i пачалi прасiць лiтасцi. Капiтан адказаў, што ён гатовы памiлаваць iх, калi яны на справе дакажуць, што раскайваюцца ў сваiм вераломстве, i прысягнуць, што дапамогуць яму завалодаць караблём. Яны пападалi перад iм на каленi i пачалi горача запэўняць яго ў сваiм раскаяннi.

Капiтан паверыў iх клятве i заявiў, што ахвотна даруе iм жыццё. Я не пярэчыў супроць гэтага, але патрабаваў, каб палонным звязалi рукi i ногi.

Як толькi перагаворы скончылiся, я загадаў Пятнiцу i памочнiку капiтана збегаць да баркаса i зняць з яго ветразь i вёслы.

Неўзабаве вярнулiся i тыя тры матросы, якiя блукалi па выспе. Яны зайшлi далёка i цяпер прыбеглi, пачуўшы нашы стрэлы.

Калi яны ўбачылi, што капiтан з iх палоннага зрабiўся iх пераможцам, яны нават не спрабавалi супрацiўляцца i, не пярэчачы, далi сябе звязаць.

Такiм чынам перамога засталася за намi.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

Бойка з пiратамi

Цяпер, на волi, я мог падрабязна расказаць капiтану пра ўсе свае прыгоды i няшчасцi i распытаць яго пра тыя сумныя падзеi, у вынiку якiх ён застаўся без карабля.

Я пачаў першы. Я расказаў яму ўсю гiсторыю свайго жыцця за апошнiя дваццаць сем гадоў. Ён слухаў вельмi ўважлiва i не раз выказваў здзiўленне маёй мужнасцю i працавiтасцю, якiя пазбавiлi мяне ад непазбежнай смерцi.

Цяпер, калi ён падрабязна даведаўся пра маё жыццё на бязлюднай выспе, я запрасiў яго самога i яго спадарожнiкаў да сябе ў крэпасць, куды мы зайшлi маiм звычайным шляхам - па прыстаўных лесках. Я прапанаваў сваiм гасцям добрую вячэру, а затым паказаў iм усю сваю хатнюю гаспадарку з усiмi прыдуманымi мною за многiя-многiя гады мае адзiноты прыстасаваннямi.

Усё, што гэтыя людзi тут убачылi, здалося iм цудам. Усё, што я расказаў iм пра сябе, яны слухалi як чароўную казку. Але больш за ўсё iх уразiлi збудаваныя мною ўмацаваннi i тое, як хiтра схавана было ў гушчары лесу маё жытло. Паколькi дрэвы тут растуць куды хутчэй, чым у Ангельшчыне, мой гай за дваццаць год ператварыўся ў дрымучы лес. Дабрацца да майго дома было магчыма толькi па вузкай пакручастай сцяжынцы, якую я пакiнуў, калi садзiў дрэвы.

Я растлумачыў капiтану, што гэта крэпасць - галоўная мая рэзiдэнцыя*, але, як i падабае каралю, у мяне ў далечынi ад сталiцы ёсць летнi палац, якi зрэдку я таксама наведваю.

* Рэзiдэнцыя - местазнаходжанне кiраўнiка дзяржавы. Тут гэта слова ўжыта жартам.

- Я, вядома, з ахвотай пакажу яго вам, - сказаў я, - але цяпер у нас ёсць больш важная справа: трэба падумаць, як адабраць у ворагаў ваш карабель.

- Розуму не прыкладу, што нам рабiць, - сказаў капiтан. - На караблi яшчэ засталося дваццаць шэсць чалавек. Усе яны ўдзельнiкi бунту, гэта значыць такога злачынства, за якое, паводле нашых законаў, адна кара - смерць. Пiратам добра вядома, што, калi яны здадуцца нам, iх адразу ж, як толькi мы вернемся ў Ангельшчыну, сустрэне шыбенiца. I таму што губляць iм няма чаго, баранiцца яны будуць адчайна. А пры такiх умовах нам, з нашымi слабымi сiламi, немагчыма пачынаць з iмi бойку.

Я задумаўся. Словы капiтана здалiся мне пераканаўчымi. Трэба было як мага хутчэй прыдумаць якi-небудзь рашучы план. Цягнуць i марудзiць не было калi: з карабля магла з'явiцца новая шайка пiратаў i перарэзаць усiх нас. Лепей за ўсё было б завабiць iх у пастку хiтрасцю i напасцi на iх знянацку. Але як гэта зрабiць? З хвiлiны на хвiлiну яны маглi з'явiцца тут.

- Напэўна, - сказаў я капiтану, - там на караблi пачалi ўжо непакоiцца, чаму так доўга не вяртаецца лодка. Хутка яны захочуць даведацца, што здарылася з матросамi, якiя паехалi на бераг, i пашлюць да нас другую лодку. На гэты раз у лодцы прыедуць узброеныя людзi, i тады мы не справiмся з iмi.

Капiтан згадзiўся са мною.

- Перш за ўсё, - гаварыў я далей, - мы павiнны паклапацiцца пра тое, каб бандыты не здолелi адвезцi свой баркас назад, а таму трэба зрабiць яго непрыгодным для плавання, гэта значыць прадзiравiць яго дно.

Мы зараз жа заспяшалiся да баркаса. Гэта была вялiзная лодка з крутымi бартамi. У баркасе аказалася многа рознага дабра. Мы знайшлi там сякую-такую зброю, парахаўнiцу, дзве бутэлькi - адну з гарэлкай, другую з ромам, некалькi сухароў, вялiкi дроб цукру (фунтаў пяць цi шэсць), загорнуты ў парусiну. Усё гэта было мне вельмi дарэчы, - асаблiва гарэлка i цукар: нi таго, нi другога я не спытваў ужо шмат гадоў.

Склаўшы ўвесь гэты груз на беразе i прыхапiўшы з сабою вёслы, мачту, ветразь i руль, мы прабiлi ў дне баркаса вялiкую дзiрку. Такiм чынам, калi б ворагi аказалiся мацнейшымi за нас i нам не ўдалося б з iмi справiцца, iх баркас усё роўна застаўся б у нашых руках, i, шчыра кажучы, на гэта я разлiчваў больш за ўсё.

Прызнаюся, я не вельмi верыў, што нам пашанцуе адабраць у пiратаў карабель. "Але няхай яны пакiнуць нам баркас, - думаў я сам сабе. Адрамантаваць яго няцяжка, а на такiм судне я лёгка дабяруся да Падветраных выспаў*.

* Падветраныя выспы - выспы ў Вест-Iндыi, на паўночным усходзе Карыбскага мора.

Па дарозе магу нават наведаць майго гiшпанца i яго суайчыннiкаў, якiя пакутуюць у дзiкуноў".

Пасля таго як агульнымi намаганнямi мы ўсцягнулi баркас на такое высокае месца, куды не дасягае прылiў, мы прыселi адпачыць i параiцца, што ж нам рабiць далей.

Раптам з карабля мы пачулi гарматны стрэл. На караблi замахалi сцягам. Гэта, вiдаць, быў сiгнал баркасу.

Крыху пазней грымнула яшчэ некалькi стрэлаў, сцягам махалi, не перастаючы, але ўсе гэтыя сiгналы заставалiся без адказу: баркас не рухаўся з месца. Нарэшце з карабля спусцiлi шлюпку (усё гэта нам было добра вiдаць у падзорную трубу). Шлюпка накiравалася да берага, i, калi яна падышла блiжэй, мы ўбачылi, што ў ёй не менш дзесяцi чалавек, узброеных стрэльбамi.

Ад карабля да берага было каля шасцi мiляў, так што мы маглi разгледзець людзей, якiя сядзелi ў шлюпцы. Нам вiдны былi нават iх твары: цячэннем шлюпку аднесла крыху на ўсход ад таго месца, куды прычалiў баркас, а веслярам, вiдаць, хацелася прычалiць абавязкова да гэтага месца, i таму некаторы час iм давялося iсцi ўздоўж берага, непадалёку ад нас. Тады вось мы i змаглi добра разгледзець iх. Капiтан пазнаваў кожнага i паведамляў мне пра кожнага сваю думку.

Па яго словах, мiж iмi знаходзiлася тры вельмi сумленныя матросы; ён быў упэўнены, што iх падбухторылi супроць iх волi, пад пагрозай расправы, але затое боцман i ўсе астатнiя - закончаныя бандыты i нягоднiкi.

- Баюся, што з iмi мы не справiмся, - дадаў капiтан. - Усё гэта адчайны народ, а цяпер, калi яны яшчэ даведаюцца, што мы i супрацiўляемся, яны нас не памiлуюць. Страшна падумаць, што яны з намi зробяць!

Я ўсмiхнуўся i адказаў яму:

- Чаму вы гаворыце з такiм страхам? Хiба мы маем права на страх? Што б нi чакала нас потым, усё будзе лепей нашага цяперашняга жыцця, i, такiм чынам, любы выхад з гэтага становiшча - нават смерць - мы павiнны лiчыць выратаваннем. Успомнiце толькi пра тое, што я перажыў тут у адзiноце. Вы думаеце, лёгка дваццаць сем год пражыць, адрэзаным ад свету? Няўжо вы не лiчыце, што варта рызыкнуць жыццём дзеля свабоды? Не, - гаварыў я, - небяспека не спынiць мяне. Мяне турбуе iншае.

- Што? - спытаў ён.

- Ды тое, што, як вы кажаце, сярод гэтых людзей ёсць тры цi чатыры сумленныя матросы, якiх мы павiнны выратаваць. Калi б яны ўсе былi бандытамi, я нi хвiлiны не сумняваўся б, што маю права знiшчыць iх усiх. А ў тым, што мы з iмi расправiмся, я зусiм упэўнены, таму што кожны, хто ступiць на гэту выспу, трапiць да нас i ад нас будзе залежаць, забiць яго цi дараваць яму жыццё.

Я гаварыў гучна, i твар у мяне быў вясёлы. Мая ўпэўненасць у перамогу перадалася i капiтану, i мы горача ўзялiся за справу.

Яшчэ раней, калi з карабля пачалi спускаць шлюпку, мы паклапацiлiся пра тое, каб схаваць нашых палонных як мага далей. Двух, якiя капiтану здавалiся найбольш небяспечнымi, я адправiў пад канвоем Пятнiцы i памочнiка капiтана ў пячору. З гэтае турмы ўцячы было нялёгка; нават калi б iм i ўдалося нейкiм цудам пералезцi цераз абедзве агароджы, яны заблудзiлiся б у дрымучым лесе, якi акружаў крэпасць. Сюды не маглi даляцець галасы iх хаўруснiкаў, i адсюль немагчыма было ўгледзець, што адбываецца на выспе. Тут iх зноў звязалi, але Пятнiца ўсё ж iх добра накармiў i запалiў iм у пячоры некалькi нашых самаробных свечак, а памочнiк капiтана аб'явiў iм, што, калi яны будуць паводзiць сябе цiха, праз дзень цi праз два iм вернуць волю.

- Але, - дадаў ён, - калi вы паспрабуеце ўцякаць, вас пры першай жа спробе прыстрэляць без усякай лiтасцi.

Яны абяцалi цярплiва пераносiць сваё зняволенне i горача дзякавалi за тое, што iх не пакiнулi без ежы i святла.

З астатнiмi чатырма палоннымi абышлiся не так строга. Праўда, двух мы да часу пакiнулi звязанымi, таму што капiтан не мог паручыцца за iх, а двух я нават узяў на службу па асобай рэкамендацыi капiтана. Абодва яны прысягнулi, што будуць служыць мне шчыра i аддана.

Такiм чынам, калi лiчыць гэтых двух матросаў i капiтана з яго двума таварышамi, нас было зараз сямёра добра ўзброеных людзей, i я не сумняваўся, што мы без цяжкасцi справiмся з тымi дзесяццю малайцамi, якiя павiнны былi зараз прыехаць. Тым больш што сярод iх, паводле слоў капiтана, былi сумленныя людзi, якiх, як ён сцвярджаў, нам будзе няцяжка перацягнуць на свой бок.

Падышоўшы да выспы на тым месцы, дзе стаяў iх баркас, матросы прычалiлi, выйшлi са шлюпкi i выцягнулi яе на бераг. Гэтаму я быў вельмi рады, бо, прызнацца, баяўся, што яны з абачлiвасцi стануць на якар, не даходзячы да берага, i што два цi тры матросы застануцца пiльнаваць шлюпку, - i тады мы не здолелi б яе захапiць.

Выйшаўшы на бераг, яны перш за ўсё кiнулiся да свайго баркаса.

Няцяжка сабе ўявiць iх здзiўленне, калi яны ўбачылi, што ўсе снасцi з яго i ўвесь груз знiклi, а ў днiшчы чарнее вялiзная дзiрка.

Яны стаўпiлiся вакол баркаса i доўга абмяркоўвалi мiж сабою, як магло здарыцца з iх лодкаю такое няшчасце, а потым узялiся моцна крычаць, клiкаць сваiх таварышаў. Але нiхто не адклiкнуўся.

Тады яны сталi ў кружок i далi залп з усiх сваiх стрэльбаў. Лясное рэха падхапiла iх стрэл i паўтарыла яго некалькi разоў. Але i гэта нiчога не дало: тыя, што сядзелi ў пячоры, не маглi пачуць стрэлу; тыя ж, што былi з намi, хоць i чулi, але не адважылiся абазвацца.

Мiж тым пiраты, упэўнiўшыся, што ўсе iх заклiкi застаюцца без адказу, страшэнна перапалохалiся i вырашылi адразу ж вярнуцца да сябе на карабель i паведамiць астатнiм, што ў баркасе прабiта дно, а людзi, якiя прыплылi на выспу, забiтыя, таму што iнакш яны абавязкова адгукнулiся б.

Капiтан, якi да гэтага часу ўсё яшчэ спадзяваўся, што мы здолеем захапiць карабель, цяпер канчаткова страцiў надзею.

- Усё прапала! - сказаў ён панура. - Як толькi на караблi даведаюцца, што матросы, якiя прыплылi на выспу, знiклi, новы капiтан аддасць загад зняцца з якара, i тады бывай, мой карабель!

Аднак хутка адбылася падзея, якая яшчэ болей напалохала капiтана.

Не прайшло i дзесяцi хвiлiн, як мы ўбачылi, што шлюпка, якая адчалiла ад берага, раптам павярнула назад i зноў накiроўваецца да нашай выспы. Напэўна, па дарозе матросы параiлiся мiж сабою, i ў iх з'явiўся нейкi другi план.

Мы моўчкi сачылi за iмi.

Прычалiўшы да берага, яны пакiнулi ў шлюпцы трох чалавек, а астатнiя сямёра ўзбеглi ўверх па гарыстым схiле i накiравалiся ў глыбiню выспы вiдаць, шукаць таварышаў. Гэта моцна ўстрывожыла нас.

Калi нам нават пашанцуе захапiць семярых, якiя выйшлi на бераг, наша перамога будзе дарэмная, бо мы не дагонiм шлюпку, на якой засталiся трое астатнiх. А тыя, вярнуўшыся на карабель, раскажуць таварышам пра тое няшчасце, якое здарылася на выспе, карабель адразу ж знiмецца з якара, i мы страцiм яго назаўсёды.

Што было рабiць? Нам не заставалася нiчога iншага, як цярплiва чакаць, чым усё гэта скончыцца. Пасля таго як сямёра матросаў выйшлi на бераг, шлюпка з трыма астатнiмi адышла даволi далёка ад берага i стала на якар, так што мы пазбавiлiся магчымасцi захапiць яе i схаваць.

Тыя, што выйшлi на бераг, вiдаць, вырашылi не разыходзiцца. Яны iшлi адзiн пры адным i пачалi падымацца на гару, пад якою знаходзiўся мой дом. Мы бачылi iх добра, яны ж не маглi нас бачыць. Мы былi б вельмi рады, калi б яны падышлi да нас блiжэй i каб мы маглi стрэлiць у iх.

Мы спадзявалiся, што яны накiруюцца да супрацьлеглага берага выспы, таму што, пакуль яны заставалiся на гэтым яе баку, мы не здолелi б пакiнуць нашу крэпасць. Але, дабраўшыся да вяршынi гары, адкуль вiдаць была ўся паўночна-ўсходняя частка выспы, яе лясы i далiны, яны спынiлiся i зноў пачалi моцна крычаць.

Нарэшце, не дачакаўшыся адказу i, напэўна, баючыся аддаляцца ад берага, яны селi пад дрэвам i пачалi раiцца.

Добра было б, калi б яны леглi i заснулi, як тыя, што прыехалi ранiцой; тады мы хутка здолелi б з iмi расправiцца.

Але яны i не думалi спаць. Яны адчувалi, што на выспе адбываецца штосьцi нядобрае, i вырашылi трымацца асцярожна, хоць i не ведалi, якая небяспека iм пагражае i адкуль яна можа прыйсцi.

Убачыўшы, што яны раяцца, капiтан выказаў адну, вельмi вартую ўвагi, думку.

- Зусiм магчыма, - сказаў ён, - што яны на сваiм вайсковым савеце вырашаць яшчэ раз падаць сiгнал загiнуўшым таварышам i ўсе адразу стрэляць. Тут бы нам i кiнуцца на iх, пакуль iх стрэльбы будуць разраджаныя. Тады iм нiчога больш не застанецца, як здацца, i ўсё абыдзецца без кровапралiцця.

План, па-мойму, быў някепскi, але для таго, каб яго ажыццявiць, нам неабходна было быць на вельмi блiзкай адлегласцi ад ворагаў. Бо мы ж павiнны былi кiнуцца на iх у тую самую хвiлiну, як яны дадуць залп. Але яны знаходзiлiся ад нас так далёка, што не магло быць i думкi пра раптоўны напад на iх.

Ды яны i не стралялi.

Мы не ведалi, на што рашыцца.

Нарэшце я сказаў:

- Па-мойму, да наступлення ночы нам няма чаго рабiць. А ўначы, калi гэтыя сямёра не вернуцца ў лодку, мы зможам непрыкметна прабрацца да мора i завабiць якой-небудзь хiтрасцю тых траiх, што засталiся ў лодцы.

Мы доўга сядзелi ў засадзе i з нецярпеннем чакалi, калi ж пiраты крануцца з месца. Нам здавалася, што iх нарадзе не будзе канца.

Раптам яны адразу ўсхапiлiся i накiравалiся проста да мора. Напэўна, iм здалося, што заставацца на выспе небяспечна, i яны вырашылi вярнуцца на карабель, пакiнуўшы шукаць сваiх таварышаў.

"Кепскiя нашы справы! - падумаў я. - Вiдаць, нам давядзецца назаўсёды развiтацца з караблём".

Я сказаў пра гэта капiтану, ён прыйшоў у такую роспач, што ледзь не страцiў прытомнасць.

Але тут я прыдумаў вайсковую хiтрасць, якую i пусцiў у ход. Хiтрасць не складаная, але план мой удаўся выдатна. Паклiкаўшы да сябе Пятнiцу i памочнiка капiтана, я загадаў iм спусцiцца да бухтачкi (той самай, якую Пятнiца некалi пераплыў, калi за iм гналiся людаеды), затым, абагнуўшы яе, звярнуць на паўмiлi да захаду, падняцца на пагорак i крычаць з усяе сiлы, пакуль не пачуюць матросы, якiя вяртаюцца да лодкi. Калi ж матросы адгукнуцца, перабегчы на другое месца i зноў крычаць i клiкаць, i, такiм чынам, мяняючы кiрунак, заваблiваць ворагаў усё далей i далей у глыб выспы, пакуль яны не заблудзяць у лесе, а потым кружным шляхам вярнуцца сюды да мяне.

Матросы ўжо садзiлiся ў лодку i гатовы былi адчалiць, як раптам з боку бухтачкi пачулiся моцныя крыкi: гэта крычалi Пятнiца з памочнiкам капiтана.

Ледзь толькi пiраты пачулi iх галасы, яны зараз жа адгукнулiся i з усiх ног кiнулiся бегчы ўздоўж берага ў той бок, адкуль чулiся гэтыя крыкi, але бухта загарадзiла iм дарогу, таму што быў прылiў i вада ў бухце стаяла вельмi высока. Тады яны паклiкалi тых, што засталiся ў шлюпцы, каб яны пад'ехалi i перавезлi iх на другi бераг.

Я гэтага толькi i чакаў.

Яны перабралiся цераз бухту i пабеглi далей, прыхапiўшы з сабою яшчэ аднаго чалавека. Такiм чынам у шлюпцы засталося толькi двое. Я бачыў, як яны адвялi яе ў самы канец бухты, блiжэй да зямлi, i прывязалi там да чэзлага дрэўца.

Гэта вельмi мяне ўзрадавала. Даўшы магчымасць Пятнiцы i памочнiку капiтана рабiць сваю справу, я загадаў астатняму атраду iсцi за мною.

Хаваючыся ў густым i высокiм хмызняку, мы абагнулi бухту i раптоўна ўзнiклi перад тымi пiратамi, якiя засталiся ля берага. Адзiн з iх сядзеў у шлюпцы, другi ляжаў на беразе i драмаў. Убачыўшы нас за тры крокi ад сябе, ён памкнуўся быў ускочыць, каб уцячы, але капiтан, якi стаяў спераду, кiнуўся на яго i стукнуў прыкладам. Затым, не даючы апамятацца другому матросу, ён крыкнуў яму:

- Здавайся - або смерць!

Гэта быў адзiн з тых матросаў, пра якiх капiтан казаў, што яны прымкнулi да бунтаўшчыкоў не па сваёй волi, а пад пагрозай. Матрос не толькi здаўся па першаму нашаму патрабаванню, але адразу ж выказаў жаданне ўступiць у наш атрад. Хутка ён даказаў сваiмi ўчынкамi, што ён варты нашага даверу.

Тым часам Пятнiца з памочнiкам капiтана не пераставалi крычаць i клiкаць. Адгукваючыся на крык матросаў, яны вадзiлi iх па ўсёй выспе з пагорка на пагорак, з аднаго гаю ў другi, пакуль не завялi ў такую непралазную гушчэчу, адкуль нельга было выбрацца на бераг да надыходу ночы. Можна сабе ўявiць, як стамiлi i знясiлiлi яны непрыяцеля, калi i самi вярнулiся да нас смяротна стомленыя.

Цяпер нам заставалася толькi падпiльнаваць пiратаў, калi яны будуць вяртацца да таго месца, дзе яны пакiнулi шлюпку, i, ашаламiўшы iх нечаканым нападам з цемры, прымусiць iх здацца нам у палон.

Яны вярнулiся не хутка. Нам давялося прачакаць некалькi гадзiн, i толькi тады мы пачулi, што яны паволi прабiраюцца да берага. Iшлi яны паасобку, далёка адзiн ад аднаго. Пярэднiя крычалi на заднiх:

- Хутчэй! Хутчэй!

Заднiя адказвалi:

- Мы не можам, мы стамiлiся...

Усё гэта было нам на руку.

Нарэшце яны падышлi да бухты. За гэтыя некалькi гадзiн пачаўся адлiў, i шлюпка, якая была прывязана да дрэва, апынулася зараз на сушы.

Немагчыма апiсаць, што сталася з пiратамi, калi яны ўбачылi, што шлюпка на мелi, а людзi знiклi. З гучнымi праклёнамi кiдалiся яны па беразе, яны крычалi, што iх занесла на зачараваную выспу, што тут жывуць або разбойнiкi, якiя ўсiх iх перарэжуць, або водзяцца чэрцi, якiя з'ядуць iх жывымi.

Некалькi разоў бралiся яны клiкаць сваiх таварышаў, называючы iх iмёны i прозвiшчы, але, вядома, адказу не атрымлiвалi.

Пры слабым вячэрнiм асвятленнi нам вiдно было, як бегаюць яны ўперад i назад, ламаючы ў роспачы рукi. Стамiўшыся ад гэтай бязмэтнай беганiны, пiраты кiнулiся ў лодку, каб перадыхнуць, але не праходзiла i хвiлiны, як яны зноў выскаквалi на бераг i зноў бегалi ўперад i назад.

Мае спадарожнiкi прасiлi ў мяне дазволу напасцi на ворага, як толькi сцямнее. Але я не хацеў кровапралiцця i вырашыў расправiцца з пiратамi больш мiрным чынам. А галоўнае, я ведаў, што вораг узброены з галавы да ног, i не хацеў рызыкаваць жыццём сваiх людзей. Трэба было пачакаць, цi не падзеляцца сiлы працiўнiка на два цi тры атрады, а пакуль што я загадаў свайму войску наступаць на ворага.

Пятнiцу i капiтана я паслаў наперад. Яны павiнны былi падкрасцiся да пiратаў паўзком i, калi спатрэбiцца, страляць у iх ва ўпор.

Але нядоўга iм давялося паўзцi: на iх самi амаль наткнулiся тры пiраты, якiя выпадкова адлучылiся ад астатнiх, у тым лiку i боцман, якi, як ужо было сказана, быў галоўным завадатарам, а цяпер трымаўся, як самы апошнi баязлiвец.

Ледзь толькi капiтан пачуў голас вiноўнiка ўсiх сваiх няшчасцяў i зразумеў, што той у яго ўладзе, ён прыйшоў у такое шаленства, што не вытрымаў, усхапiўся на ногi i стрэлiў бандыту проста ў грудзi. Тады, вядома, стрэлiў i Пятнiца. Боцман быў забiты напавал, другi пiрат моцна паранены (ён сканаў гадзiны праз дзве), трэцi ж здолеў уцячы.

Пачуўшы стрэлы, я адразу ж рушыў наперад усю сваю армiю, якая налiчвала цяпер восем чалавек. Вось яна ў поўным складзе: я - першы фельдмаршал, Пятнiца - генерал-лейтэнант, затым капiтан з двума афiцэрамi i трое радавых ваеннапалонныя, якiм мы даверылi зброю.

Калi мы падышлi да працiўнiка, было ўжо зусiм цёмна, таму нельга было разабраць, колькi нас.

Я паклiкаў да сябе аднаго з ваеннапалонных - таго самага матроса, якога пiраты пакiнулi ў шлюпцы (цяпер ён ваяваў у нашых шэрагах), i загадаў яму паклiкаць яго былых таварышаў па iмёнах.

Перш чым страляць, я хацеў паспрабаваць весцi з iмi перагаворы i, у выпадку, калi яны будуць паспяховыя, скончыць справу мiрна.

Мая спроба ўдалася поўнасцю. Зрэшты, iнакш i быць не магло: вораг быў даведзены да адчаю, яму толькi i заставалася, што здацца.

Тым часам мой матрос крычаў на ўсё горла:

- Том Смiт! Том Смiт!

Том Смiт зараз жа адгукнуўся:

- Хто мяне клiча? Ты, Джымi Рой?

Ён, вiдаць, пазнаў гэтага матроса па голасе.

Джымi Рой адказваў:

- Гэта я! Том Смiт, кiдай стрэльбу i здавайся, а не, дык вы загiнулi! Вас у адну хвiлiну ўкакошаць.

- Ды каму ж здавацца? Дзе яны там? - крыкнуў зноў Том Смiт.

- Тут, - адазваўся Джымi Рой. - Iх пяцьдзесят чалавек, i з iмi наш капiтан. Вось ужо дзве гадзiны, як яны гоняцца за вамi. Боцмана забiлi, Бiл Фрэй паранены, а мяне ўзялi ў палон. Калi вы не здасцеся зараз жа, развiтвайцеся з жыццём - вам не будзе лiтасцi!

Тады Том Смiт закрычаў:

- Спытай у iх, цi памiлуюць яны нас. Калi памiлуюць, мы зараз жа здамося, так iм i скажы.

- Добра, я скажу, - адказаў Джымi Рой.

Але тут перагаворы пачаў ужо сам капiтан.

- Гэй, Смiт! - закрычаў ён. - Пазнаеш мой голас? Дык слухай: калi вы адразу ж складзяце зброю i здасцеся, я абяцаю вам лiтасць, усiм, апрача Бiла Аткiнса.

- Капiтан, злiтуйцеся нада мною, - пачуўся голас Бiла Аткiнса. - Чым я горшы за iншых? Iншыя гэтакiя ж вiнаватыя, як i я.

Гэта была сапраўдная хлусня, таму што Бiл Аткiнс, закаранелы пiрат i разбойнiк, даўно падбухторваў матросаў заняцца марскiм разбоем. Ён першы кiнуўся на капiтана i звязаў яму рукi, абражаючы i лаючы яго. Таму капiтан сказаў Бiлу Аткiнсу, каб ён здаваўся, без якiх бы там нi было ўмоў, а там няхай ужо начальнiк выспы вырашае, пакiнуць яго жывога цi пакараць. (Начальнiк выспы - гэта я: так цяпер усе мяне звалi.)

Бiл Аткiнс вымушаны быў здацца.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

Капiтан зноў становiцца камандзiрам свайго карабля. - Рабiнзон пакiдае выспу.

Такiм чынам, пiраты склалi зброю, пакорна молячы злiтавацца над iмi. Той матрос, якi гаварыў з iмi, i яшчэ два чалавекi па майму загаду звязалi iх усiх, пасля чаго мая грозная армiя з пяцiдзесяцi чалавек (а на самай справе iх было ўсяго толькi восем, уключаючы сюды i трох палонных) акружыла звязаных пiратаў i завалодала iх шлюпкай. Сам я, аднак, не паказваўся iм з некаторых меркаванняў вышэйшай палiтыкi.

Капiтан цяпер мог як належыць гутарыць са сваiмi матросамi. Ён абвiнавачваў iх у здрадзе i жорстка папракаў за вераломства.

- Вы хацелi адабраць у мяне мой карабель, каб заняцца марскiм разбоем i зрабiцца пiратамi, - сказаў ён iм. - Гэта подла i агiдна. Вы зганьбiлi сябе на ўсё жыццё, самi выкапалi сабе яму i павiнны быць удзячнымi лёсу, калi не трапiце на шыбенiцу.

Злачынцы каялiся, вiдаць, шчыра i малiлi толькi аб адным, каб iм даравалi жыццё.

- Я не маю на гэта ўлады, - адказваў капiтан. - Цяпер ваш лёс залежыць ад начальнiка выспы. Вы думалi, што высадзiлi нас на пустынны бязлюдны бераг, але вы памылiлiся: на гэтай выспе многа людзей i кiруе iмi сумленны высакародны начальнiк. Па дабрынi свайго сэрца ён памiлаваў вас i, вiдаць, адправiць у Ангельшчыну, дзе ваш лёс будзе вырашаны па закону. Але Бiлу Аткiнсу начальнiк загадаў рыхтавацца да смерцi: заўтра ранiцой ён будзе павешаны.

Усё гэта капiтан, вядома, выдумаў, але яго думка зрабiла моцнае ўражанне: Аткiнс упаў на каленi, молячы капiтана хадайнiчаць за яго перад начальнiкам выспы; астатнiя таксама пачалi прасiць, каб iх не адпраўлялi ў Ангельшчыну.

Бачачы такую пакору гэтых людзей, напалоханых пагрозай смерцi, я сказаў сабе: "Вось калi прыйшоў да мяне час збавення! Гэтыя няшчасныя так напалоханы, што, вядома, выканаюць любое наша патрабаванне: варта нам загадаць, i яны дапамогуць нам завалодаць караблём".

I, адышоўшыся далей за дрэвы, каб яны не здолелi разгледзець, як несамавiта выглядае грозны начальнiк выспы, я крыкнуў:

Загрузка...