Слоўца адно, а часам другое,
Сказана мудра, у пору,
Душу адсвежыць, мысль заспакоіць
Як бы адверне з плеч гору.
I страху мала,
Дзіва няма,
Што ўжо настала
У нас зіма.
Снегу ў калена
I белы шлях.
Там дзядзька сена
Вязе ў санях.
А другі — дровы
Прэ на убой.
Гоняць каровы
На вадапой.
Ніхто зімою
Не зол нічуць.
Дзеці капою
Са школкі йдуць.
Гоман і смешкі
У іх гарой,
То зноў у снежкі
Б’юцца парой.
То лепяць дзеда,
Хоць ў рукі — зноб [1].
А у суседа
Малоцяць боб.
Раз зімоваю парою,
Мусі, ў мясаедзе,
Сабраліся між сабою
Нашыя суседзі.
А ці ўлетку, ці зімою
Так па людзях ходзіць,
Што старыя між сабою
Сватаўство заводзяць.
Дык як выпілі даволі
Крэпкай саматужкі,
Янка наш хваліць паволі
Стаў свае дачушкі.
«Старша, — кажа ён, — гадамі
Мая Кацярына.
Каб вы, братцы, зналі самі —
Анёл, не дзяўчына!
I паслушна, і набожна,
Ціхая, як рыба,
Дык хто возьме, сказаць можна,
Скарб дастане хіба!
А малодшая Мар’яна
Да ўсякай работы,
Як да шыцця, так да ткання,
Мае шмат ахвоты.
Мо на горб яе другія
Звернуць з вас увагу,
Але я ёй дам за тое
Сто рублёў пасагу».
Учуўшы гэта, ад парога
Юрка Мікалаеў
Падыходзіць да старога
Ды скора пытае:
«Ведаеце што, татуля,
Можа, ў вас часамі
Ёсць Тацяна ці Настуля
Ды з двума гарбамі?!»
Маючы часу крыху нядзеляй,
Дык пішу строчку адну, другу.
I выбачайце, што на вяселле
Да вас прыехаць я не магу.
Хоць мне бяседы вашай, прызнацца,
Як на сягоння дык будзе жаль,
Але не можна памеркавацца,
Калі нас дзеліць спорая даль.
Каб я меў крылы лёгкае пташкі,
Дык як, здаецца, у гэты час
Шпарка ляцеў бы, хоць стар і цяжкі,
У сваю старонку, туды да вас!
Дык пасылаю да вас па слове
3 шчырага сэрца, хоць і за свет.
Прыміце, сынку, у роднай мове
Шчыра жаданне, шчыры прывет.
Дай табе, Божа, шчасця і долі,
Каб быць багатым, не гараваць,
Шчасця, здароўя, бяды ніколі,
Бацьку і матку каб шанаваць.
Не знаць ніколі калатні, сваркі,
Век весяліцца, не гараваць.
I пільнавацца каб гаспадаркі
Ды пры тым Бога не забываць.
I на астатку пры добрай волі
3 душы і з сэрца гэтак для вас
Хлеба і солі, грошай даволі
Вам пажадае Стары Улас.
Чуў я нядаўна, мае вы кветкі,
Сапраўды дзіўны выпадак гэткі.
Аб ім шырока усе казалі,
Можа, і праўда, калі не салгалі.
Быць мела гэта, скажам вашэці,
Ды у Вілейскім недзе павеце.
Неяк зімою, мусіць, пад поўня,
Адзін там дзядзька памёр раптоўна.
У гэткіх справах трэ асцярожна:
Такіх вось трупаў хаваць не можна,
Бо суддзя, доктар, як бы на кепства,
Мусяць уперад правесці следства.
Дык хоць прыбралі па смерці гарне,
А палажылі толькі ў трупярні.
Гэтак ці чулі без амбарасу[2],
Як быць павінна, толькі да часу.
Пакуль да следства, то ж няма жарту,
Дык у дадатку стаўлялі варту,
Але, сказаўшы так, без галасу[3],
Суддзя прыехаць не меў ўсё часу.
Усё збіраўся туды прыехаць.
А наш нябожчык высах, бы вехаць,
Толькі смярдзеці пачаў ён вельмі,
Покуль духоўнік прагнаў з трупэрні.
Зноў тарапаты [4], ды варта смехаў,
Як той нябожчык дамоў прыехаў.
Клопат вялікі: дзе ж яго дзеці?
Ну дык унеслі зараз да клеці
I там да часу супачывае
Ды таго следства цярпліў чакае.
Яму такая, знаць, выйшла карта,
Што днём і ноччу пільнуе варта.
Хоць смурод душыць, сказаўшы ўперад,
А можа, прыйдзе на следства чэрад?
Пэўна ж, урэшце, як мне здаецца,
Можа, няшчасны калі дажджэцца?
Гэтак сказаўшы проста, без звадкі:
У нашым краі дрэнь, брат, парадкі.
Каб прыглядзецца толькі патросе,
Пэўна, і болей чаго б знайшлося.
Абяцадла — рэч не цяжка:
Бусел — гэта будзе пташка,
Цар — ў пачоце быў калісьці,
Дуб — зімою ёсць без лісця,
Этна — то бугор агністы,
Фельчар — то не арганісты,
Грошык — дробная манета,
Гусь — дамова пташка гэта,
Іскра — жарка і пякуча,
Ель — шуміць, калі растуча,
Конь — баіцца шмат астрогі,
Ліс — ёсць звер чацвераногі,
Лось — вялікі ёсць, і годзе,
Мак — красуе ў агародзе,
Наста — дзеўка працавіта,
Окунь — рыба смакавіта,
Перац — горак будзе хіба,
Рак — гавораць, то не рыба,
Сучка — брэша, ёй уцеха,
Торба — меншая ад меха,
Улей — пчолам ёсць храміна,
Воўк — то дзікая скаціна,
X — закінем у загладу,
У — чытаюць, але ззаду,
Заяц — то лясная кошка,
Жоўты — певень і какошка,
Змей — сярдзіты вельмі, падла,
I ўсё будзе абяцадла.
Ужо прайшла зіма цяжкая,
Мароз, мяцеліца ліхая,
Паплыў з вадою крыгай лёд,
I снег ад сонца тае ў лёт.
Ужо вады паўны разоркі,
I зачарнеліся узгоркі,
Як бы сухія лішайкі,
Ды зашумелі ручайкі.
А знізу лёгкі ветрык вее,
Ды сонейка так цёпла грэе,
Бор неяк весела шуміць,
У лузё травіца зеляніць.
I ўсё ўжо будзіцца ад сна,
Бо набліжаецца вясна!
Аджылі дробныя мурашкі,
Чарвякі, матылькі, а пташкі
Шчабечуць, звоняць і пяюць,
Людзям ахвоты паддаюць.
Жавараначка ў прасторы
Шчабеча, як у сінім моры,
Плыве і бусел, і жураў,
I дрозд запеў і засвістаў.
А як тыкеля [5] ён засвішча,
Ляціць глушэц на такавішча.
Гудзіць лятучы тоўсты жук,
Балбоча ёмка цецярук,
Пішчаць дзесь чайкі на балоце,
Пліска хвастом трасе на плоце,
Гурчыць працяжна жабін хор,
I дзеці пруцца з хат на двор.
Прайшла зіма, як не бывала,
Усім лягчэй на сэрцы стала.
Настаў любы і мілы час,
Бо ўжо вясна прыйшла да нас!
Сонейка прыгрэла,
Растапіўся снег;
Поле зачарнела,
Ручаёк пабег.
Жучкі загудзелі,
Распусціўся сад,
Пташачкі запелі
На вясёлы лад.
Красачкі стракаты
Усюды зацвілі,
3 песняю араты
Узяўся да зямлі.
Арэ, барануе
Родны свой загон
I трудоў не чуе,
I ні поту ён.
Сыпнула травіца,
Зелен кожны кут.
Урадзіць зямліца —
Вернецца за труд.
Як бы з-пад няволі
Выйшла ўсё з зімы.
Калі ж лепшай долі
Даждзёмся і мы?!
На свеце многа наракання
Ды многа слёз і многа бед,
Але, як кажа нам пазнанне,
Вядзецца гэта з даўніх лет.
На маладых старыя ўссеўшы,
Ды вельмі брыдка ганяць іх;
Але, так з боку паглядзеўшы,
Няма за што хваліць саміх.
Не адзін бацька наракае,
Што п’яніца яго сынок,—
Але няхай прыпамінае,
Як сам у водцы мокне, мок.
Другая маці зноў бядуе,
Кляне і плача на свой лёс:
Яе дачушка не шануе
I часта хвігі суне ў нос.
Сягоння гэта ёй не ліха,
Увагі к старасці няма!
А тое, бедная, забыла,
Што так рабіла і сама…
I часта голавы марочым,
Хоць тут адказ, здаецца, прост,
Што праўды толькі мы не хочам
Казаць ніколі на свой хвост.
Гаварыць тыкеля шкода,
Што у нас цяпер за мода.
А няхай яе мядзведзь! —
Прост няхораша глядзець.
Бо із гэнае прычыны
Пані, панны і мужчыны,
Шапянуўшы так, але
Хоць стаўляй у канапле!
Бо вось гляньце ж самі, людзі
Голы лыткі, голы грудзі
Выстаўляюць кожан раз,
Як бы рэчы, напаказ.
Капялюшыкі таковы,
Што, сказаўшы без адмовы,
Выгляд будзе іх такі,
Як да ночы ёсць гаршкі.
Безрукавыя іх блюзкі
Ды спаднічкі вельмі вузкі
I кароткі, далібог,
Што разняць не можна ног.
Чаравічкі клінам трошкі
I як рэзгіны панчошкі,
Праз каторы, так сказаць,
Цыбы [6] голыя відаць.
А абцасы, Бог мой мілы! —
Усё роўна як бы шылы,
Не адважышся на скок:
Так і звернуцца набок.
I нарэшце — каб іх пранцы! —
Толькі глянуць на іх танцы,
Дык не толькі бярэ смех,
А ўзірацца будзе грэх!
I мужчыны тож таковы:
Голяць вусы і галовы,
Дык паны і панічы
Іздалёк, як таўкачы.
Погаласкі ж ёсць таковы,
Што і бабы ўжо галовы
Будуць скора ўсе галіць.
Што ж, і гэта можа быць!..
Неяк бачыць мне папала
Гэтку небыліцу,
Як кабета прадавала
На таргу курыцу.
Грэбень красны, сама чорна,
Але крылы рабы.
Непачэсна, непазорна —
От, вядома, ў бабы!
Дык праз гэтую прычыну,
Прызнацца вашэцям,
Ту мізэрную пташыну
Мала хто прымеціў.
Толькі нейкая купчыха
Туды прыдыбала
Ды, ці чуеш, як на ліха
Таргавацца стала.
Кажа: «Што за небыліца,
Хіба варта цуда?
Твая гэтая курыца
Дык жа вельмі худа!»
Баба тут не утрывала:
«То не дзіў, што ссохла.
Каб ты столькі пахварала,
То, напэўна б, здохла!»
У дзень на вуліцы стаялі
Сяляне гурбою,
Смяяліся, жартавалі
Усе паміж сабою.
I як здаўна ў нас бывае
Пры гэтакай справе —
Адзін лоўка нешта збае,
А другі падправе…
Дый было іх там нямала,
Як стада авечак.
Аж праходзіць тут памалу
Нейкі чалавечак.
Дзень быў летні, не гультайскі,
Дык шоў мо да працы,
А ўвесь гэты тлум лайдацкі
Пачаў прыставаці,
Лезуць міма яго волі,
Быццам мухі ў вочы.
«Чаму, — кажуць, — брэшуць болей
Сабакі уночы?»
А той мовіць гэткім знакам:
«Хіба вось як будзе,
Што удзень брахаць сабакам
Памагаюць людзі!»
Прамчаўся май і веснавая
Пара мінулася у нас,
Ужо і лета наступае —
Гарачы наступае час.
Вясна, вясна — дзянькі любыя —
Так дарагі, так мілы час,
Чаму, як леты маладыя,
Так скора пакідаеш нас?!
Ты прыбірала ў зелень мая
Зямлю, дзярэўцы і кусты,
Хоць прыйдзе некалі другая,
Але не будзеш гэта ты!
Нам жаль тваіх дзянькоў пагодных,
Ціхіх і цёплых вечароў,
Так сэрцу дарагіх і родных,
I гэты час, як сон, прайшоў…
Гэтак і моладасць нясецца —
Жыцця людскога гэты свет —
I толькі памяць астаецца
Гэтых вясёлых, бурных лет!..
Край не вельмі далёкі, знаная прырода,
Дзе мне жыць давялося так, мусіць, з паўгода.
Там няма гор вялікіх, ні балот трасучых,
Але крыху затое ёсць пяскоў сыпучых.
Есць і лесу мясцамі, як сказаць, патросе,
Відаць на вузкіх ніўках дробнае калоссе
Як жоўтага ячменю, так шэрага жыта.
ёсць дарога гладкая з камення, убіта,
Высаджана прысадамі, цягнецца, як струнка,
I тут жа недалёка ідзе ўдаль чыгунка,
Стройная і гібкая, урэчы [7] дзяўчына,
Гдзе на дзень па два разы прыходзіць машына,
Цягне многа вагонаў, аж пыхціць ад пары,
Вязе хлеб ды аружжа і усе тавары.
За чыгункай удалі лес сінее трошкі
I, як вокам абнімеш, густа стрымяць вёскі.
Два ставы немалыя, сенажаць і рэчка,
Поле, двор і магілкі і зараз мястэчка.
Там дамкі невялікі, крытыя дахоўкай,
Рынак доўгі, шырокі з драўлянай паркоўкай [8],
Хоць не ўвесь ён з брукам чыста утрыманы.
I там жа зараз збоку касцёл мураваны,
Гдзе я кожнай нядзелькі, спазнаўшы дарогу,
Хадзіў разам з другімі памаліцца Богу.
А убаку паводдаль, напроці касцёла,
Як і ў кожным мястэчку, жыдоўская школа.
I, ўрэшце, як на дзіва, ззаду за царквою
Будынак, куды ходзіць сам кароль пехатою.
Доўга у хаце нашыя брацці
Рукі злажыўшы сядзелі,
Бо, як на згубу, дождж ліў як з лубу,
Ліў праз чатыры нядзелі.
Цяпер жа многа выслаўляць Бога
За яго ласку патрэба,
Як за пагоду, так за уроду [9],
Што яе выслаў нам з неба.
Ужо пан Макары у календары
Жарку пагоду нам піша,
Сонейка грэе, і ветрык вее,
Спелую ніўку калыша.
Жнейкі рупліва рэжуць на ніве,
Уюць перавяслы не слабкі,
Вяжуць снапамі, кладуць радамі,
А после ставяць у бабкі.
А на балоце ў гразі і поце
Нашы мужчыны працуюць:
Травіцу косяць, сушаць, выносяць,
Свежае сена гатуюць.
Цяпер у хатцы можа астацца
Сівавалосы дзядуля,
Унукаў кучка, котка і сучка
Або старая бабуля.
У дождж і слоту, буру, грымоту
Мы са слязамі ўздыхалі.
Прайшла трывога, як з ласкі Бога
Добрай пагоды прыждалі.
Як на пачатку, так на астатку
Дай, Божа, зжаці, звязаці
Хлеб гэты новы, свежы, здаровы,
У добрым здароўі спажыці.
Шырока крылы распусціла
Ужо ночка цёмна над зямлёй.
Усё заціхла, супачыла,
Настала цішыня, спакой.
На ветках птушкі ўжо паснулі,
Пад кустам зайчык задрамаў,
3-за хмары зорачкі бліснулі,
Пугач у лесе загукаў.
У лузе ціха, і на рэчцы
Ні хвалі — чоўна не відно.
Вада ледзь-ледзь узварухнецца,
I рыба плюсне аж на дно.
3 прыродай разам люд рабочы
Пайшоў спачыць — і стар і мал.
Прыклеіў скора сон ім вочы,
I ўсе паснулі напавал.
У поўнач пеўні заспявалі,
Завыў сабака ў ночнай цьме.
I глуш ізноў. А там ў аддалі
Мільгнулі ціха цені дзве.
. . .
Што гэта?!. У хаце ля дарогі
Бліснула полымя, йдзе дым…
Прачнуўся нехта, дзякуй Богу,
Зачаў крычаць: «Пажар! Гарым!»
I ў гэту цішыню начную,
Як панаваў нявінны сон,
Усе пачулі весць благую,
Калі на збор ударыў звон.
I зараз людзі наляцелі,
Хоць хто гдзе быў на старане,
Маўляў, мурашкі закіпелі,
Як муравейнік хто пырне.
Падняўся гоман, крык вялікі,
Агонь пякельна бушаваў,
Ішоў адгэтуль рогат дзікі
I з дымам іскры вецер гнаў.
Адзін скацінку выганяе,
Другі адзежыну імчыць,
А маці дзетак сабірае,
Бо хатка іх ужо гарыць.
Гарэлі гумны, хлевы, хаты,
Увесь дабытак гінуў так,
Што той, хто клаўся спаць багаты,
Сягоння стаў зусім жабрак…
I ўчора гдзе былі будынкі,
Тырчаць там печы, каміны,
I асталіся на ўспамінкі
Капцы гарэлікаў адны.
А людзі горка, горка плачуць,
I скаргі йдуць з усіх старон,
I па-над вёскай нудна крачуць
Стады збудзіўшыхся варон…
…Апавядаў ён не раз дзіва
Часам смешна, часам шчасліва,
Шмат чаго помніў, многа знаў
I вельмі не любіў паноў.
Бывала, так стары гавора:
Дзеткі, яшчэ, мусіць, не скора
Надойдзе гэтакі вось час,
Што блісне сонейка для нас.
Бо хоць яно й цяпер яснее
I у пагоду ёмка грэе
Ды ярка свеціць вось ізноў,
Але тыкеля… для паноў!
А мужык бедны у цямноце,
Карэлы, ў мазалях і ў поце,
Пакоран, баязліў і ціх,
Гаруе век свой на другіх.
Ніхто б таму і не дзівіўся,
Каб жа хоць труд яго цаніўся
I уважаўся хоць крыху,
Не было б, можа, і граху.
Але не мае шмат павагі
Наш брат ад шэрае сярмягі.
Крыўдзяць і кпяць з яго усе,
А ён усё гэта знясе.
На мужыка прыскеліць вока
I пазірае ізвысока
Духоўнік, пан, чыноўнік, жыд,
Хоць з яго працы будзе сыт.
Наслухацца можна і скора,
Што яно пра цябе гавора —
Пані або панок другі,
Не варт мужыцкае нагі.
Не раз яно цябе намуча,
I за гарэлую анучу
Цябе не лічыць яшчэ ён,—
А ты цярпі, будзеш спасён!
Няхай жа нашаму мужчыне
Быць трапіцца ў паноў ў гасціне,
Ну, дык магу смела сказаць,
Што будзе после праклінаць.
Бо там смяюцца з нашай мовы
Пустыя гэтыя галовы.
Выкпяць яны цябе капой,
Бо ў іх парадак ідзе свой.
Нярэдка там вось пачуць можна
Такое званне: «Bydło dwonożne»,
«Labity cham» i «Ciesny łob»,
Ці то зноў: «Chłopka» або «Chłop».
I знойдуць на цябе прычыну:
To за адзежку, то за міну,
Не гэтак стаў, то не там сеў,
То зашмат піў, замнога еў.
I як бы там ты ні стараўся
Ды драбней маку рассыпаўся
Ці быў, нібы трава, ціхі —
Не ўгодзіш пэўне ні крыхі.
I ў кожнай справе, ў кожным дзеле,
Ці то ў хароме, ці ў касцеле,
Гдзе толькі можа шляхціц, там
Утыкае спрытна слова «хам».
А не адна краля такая,
Што пад цыцкой кудзелю мае,
Намазаўшы парадна твар,
У рэчы дарагі тавар,
I зубы чужыя у роце,
Дзмецца, як жаба на балоце,
Або як вош так акурат,—
Аббрэша з галавы да пят…
Вось после бурнай жніўнай пары
Верасень хмурны, як дзед стары,
3 торбаю поўнай да нас ідзець.
Малыя пеўні ўжо сталі пець.
Замільгацелі, як не былі,
I адляцелі ў вырай буслы.
Гусі ў грамадах цягнуць з двароў
Шнурам і ў стадах да выганоў.
А як кастрычнік спадзе на нос,
Бывае зранку ужо мароз.
Зямліца-маці, будзь ёй хвала,
Сваё багацце ёй аддала.
Ужо гола поле, зняты пасеў,
Не звоніць болей вясёлы спеў.
Пташкі замоўклі, і гай заглох,
Лісце пажоўкла па дзераўцох.
Як бы спадманкам лета ўцякло.
Неба туманам завалакло,
Як цераз сіта, сыпле рунец —
Вясна забыта, лету канец.
Дзянькі пагодны прайшлі усе,
Вецер халодны лісце нясе,
Трусіць, зрывае, гоніць удаль
Ды завывае — наводзіць жаль.
Перазвінелі косы, сярпы,
А загудзелі ў гумнах цапы,
Падаюць слаўна, аж звініць ток.
Зробяць нам спраўна новы хлябок!
Раз так неяк на кірмашы
Восенню, мой братка,
Дзве сышліся бабы нашы —
Дачушка і матка.
Матка зараз усё знаці
Хоча як быць мае…
Ну, вядома, так як маці —
У дачкі пытае.
«А мая ж ты, — кажа, — кветка,
Як табе жывецца?
Ці не надта з мужам кепска?
Мо часамі б’ецца?»
«А матуля ж мая родна,
Лепш бы я сядзела —
Так мне замужам нягодна,
Так мне надаела…
Мой мужык, табе прызнацца,
Сыты ці галодны,
Усё яго трэба баяцца,
Гэткі ўжо нягодны!
А няхай сам Бог бароне!
Кажу без абману:
Я спякла яму сягоння
Піражок румяны,
Мяккі, жоўты, як той кажа,
Спечаны дарэчы.
А ён, гад, як ім засмажа
Проста мне у плечы!..
А няхай яго нячысты
Да сну ускалыша! —
Я ўжо думала, ўсе чыста
Косці мне пакрыша!..»
Вясна хароша для паэта,
Ці, як там кажуць, — песняра.
Для хлебароба будзе гэта
Несамавітая пара.
Часамі хлеба ні крупінкі,
Ані ўламаць, ані уліць,
А тут яшчэ і для скацінкі,
Бывае, трэба прыкупіць.
Хаця красуюць кветкі густа,
Пяе пяўцоў крылаты хор,
Але… сумна, калі ў клеці пуста
Ды у гумне свісціць віхор!
Бо салаўя не кормяць песні,
Як ёсць прымоўка гэтка, знай,
I думай ты сабе, хоць трэсні,
Але ўсім есці падавай.
Хоць гэтага не скажа кожын,
Знаць гэта толькі бедаку,
Што як жывот твой, брат, парожан
Тады і песні па баку.
Вось тут і маеце прычыну,
Ды, як гавораць, і «кручок»,
Што ані бэзу, ні язміну
Ніяк не ўкрышыш у гаршчок!
Наш брат тады зусім спакоен,
I весялосць яго бярэць,
Калі яго равеснік повен —
Тады ж ён можа і запець.
Вясковец мае тады свята
I можа сабе адпачыць,
Як восень паспее багата
Яго пладамі адарыць.
Як ён нажне багата хлеба
Ды пачне бульбачку капаць,
Усё ачысціць як патрэба —
Ніву, гарод і сенажаць.
Тады наш брат свінчо падкорміць,
Наробіць круп, мукі — тады
Усіх памёршых ён прыпомніць,
Жывых пакліча на Дзяды [10].
Свеціць месяц, а аблокі
Хмарка засланяе,
А бежанец адзінокі
Думаньку думае.
Прыйшла восень, зіма, весна,
Лета уцякае,
А ён позна і учэсна [11]
Вестачку чакае.
Удзень тошна, ўноч не спіцца,
Як катку ля плота.
Адзін жджэ, нібы зямліца
Дожджыка ў спякоту.
Стане Богу ён маліцца
Вольнаю часінай —
Пачынае з вачэй ліцца
Сляза за слязінай.
У змаганні траціць сілы,
Ападаюць рукі.
Калі ж будзе, Божа мілы,
Ужо канец разлукі?!
Мо ўзышоўшы ясна сонца
3 роднае старонкі,
Прымчыць вестку пад ваконца
Ад дзетак і жонкі?
А не знаў ён, мусіць, гэта,
Не думаў ніколі,
Што цяпер яго кабета
У цяжкай няволі.
Што ў сялібе засталіся
Толькі пустка, смецце,
Яго ж дзеткі распаўзліся
Усе па белым свеце.
Неяк нядаўна адной нядзелі,
Маючы часу вольнага шмат,
Быў я з другімі разам ў касцеле,
Гдзе памаліцца часамі рад,
Скрушаным сэрцам, як бы з налогу [12],
Уздыхнуць да неба як мае быць,
Гора, цярпенне занесці Богу
I сваё сэрца прад ім адкрыць.
Я разглядацца стаў па святыне,
Як бы нарокам, так, пакрысе.
Бачу, што й людзі па той прычыне
Хіба што гэтак моляцца ўсе.
Аж разам песня там загрымела
Па ўсім касцеле ў суладны тон
I рэха ў неба там паляцела,
Спеў і музыка ў кампаніён.
Уваччу слязінка мне заблішчэла,
У сэрца надзея ўступіла зноў,
I я паволі, як бы нясмела,
Стаў усміхацца зараз да слоў.
Знаная нота, знаны і словы,
I яе знае, пэўне, усяк.
Быў гэта польскі гімн нарадовы:
«Boże, coś polskę…» і далей так.
Слухаў я, слухаў ды стаў маркотны,
Далей падумаў: Божа ты наш!
Чаму ж на нашай зямлі народнай
Аднаго сонца хоць бы — нямаш?!
I жаль зрабіўся мне непамерны
Ды стала горка, як і падчас.
Ці ж гэта, Божа наш міласэрны,
I ты забыўся ужо пра нас?
Ці ж мы таксама не твае дзеці,
Ці ж не сыны мы гэтай зямлі,
I ці не шлём мы штодня Вашэці
Свой пот крывавы і мазалі?
Ці ж Це не молім кожну нядзельку
I кожна свята суполам тут?
Выбаў жа, Божа, нашу зямельку
Із-пад няволі — выбаў із пут!
У цяжкім змаганні з цёмнаю сілай,
Гдзе шмат мазольнай работы,
Добрыя людзі вестачкай мілай
Нам паддавалі ахвоты.
I часам слоўца адно, другое,
Сказана добра у пору,
Падніме духа, адгоніць злое
I як бы зверне з плеч гору.
Але і з верай, моцнай і правай,
Ніхто прапасці не можа,
I нашай чыстай і пэўнай справе
Сам Бог напэўна паможа.
Адна рэч толькі у гэтай рабоце
Варта дапраўды увагі,
Каб нам пры нашай добрай ахвоце
Ды не забракла адвагі.
Каб, як раслінка ў зелені дзікай,
Мы так без сонца не счэзлі
Ды гэтак з думкі надта вялікай
Хаця б на печ не палезлі.
3 Новым годам, родны браце,
Няшчасны ваяча!
Па табе не раз мо ў хаце
Там сямейка плача.
Выглядаюць дзеці, жонка
У час непагоды,
Ці не стукне у ваконца
Іх татулька родны.
Або маці, як галубка,
Праглядае вочы,
Ці павернецца Якубка.
Той сынок урочы [13].
Вы, што біліся з варогам
I клалі галовы,
Варачайцеся жа з Богам
У гэты год Новы.
3 Новым годам, браце мілы,
Хлебаробе з вёскі,
Няхай Бог прыспорыць сілы
I здароўя трошкі.
Няхай спорыцца вашэці
Па мазольным трудзе
У хляве, гумне і клеці,
У гаршку, ў арудзе.
Гараваў ты восень, лета,
Выліў многа поту,—
Спажывай здароў жа гэта
I не знай клапоту.
3 Новым годам, браце стрэчны,
Што сядзіш ў палацы,
Ты, што сыты і бяспечны
I з чужой жыў працы.
Еў ты смачна, не на жарты,
Ды ў віне купаўся,
Гуляў ёмка, граў у карты
I ў пуху качаўся.
Скінь атласы і ядвабы,
Шубу з сабалямі
I забудзь, што быў ты «грабя»[14], —
Параўнайся з намі!
Пакінь пыху, панебраце,
Бо яе не трэба,—
Будзем разам працаваці
На кавалак хлеба!
Век цэлы біўся я, трапятаўся,
Бо гэтак, мусіць, судзіў мне Бог…
I тады толькі я ужо здаўся,
Калі мяне немач зваліла з ног.
Ляжу ў пасцелі я адзінокі…
Пакой вялікі, быццам стадол,
А мае думкі блудзяць далёка,
Хоць дакучае пракляты боль.
Цісне і ломіць старыя косці,
Ды сэрца ные цяжэнька тут.
I як бы шэпча на вуха хтосьці,
Што ўжо прыходзіць скора капут.
Ноч доўга… Сумна, о мой ты Божа!
У маім хароме мёртвая ціш.
А гэтай цішы не патрывожа
Ні звонам муха, ні бегам мыш…
Ляжу і ныю адзін — бяздольны,
Чужыя людзі, чужы куток.
Пара ўжо скончыць свой труд мазольны,
Шкада мне толькі жонкі, дзяток.
Адно, прызнацца, хацеў бы штосьці
(Такія думкі ў мяне былі),
Каб после смерці ды свае косці
У беларускай злажыць зямлі.
Дык пахавайце гдзе на кургане
Паміж зялёнай кучкі дзярэў,
Гдзе разлягацца будзе ў тумане
Наш беларускі тужлівы спеў.
Толькі пастаўце крыжык дубовы
Мне на магілцы, прашу я вас,
А на крыжы напішыце словы:
«Тут пахаваны Стары Улас».