ПУБЛІЦЫСТЫКА

З ДОПІСАЎ У «НАШУ НІВУ»

1909 год

1

Чытаючы аб тым, што людзі маюць мала зямлі, бярэ ахвота сказаць аб Валожынскай воласці. У нашай воласці вялікая зямельная цесната. У нас мужыцкі надзел быў ад 8 да 12 дзесяцін, а цяпер многа людзей падзялілася на 6, 8, 10 і 16 часцей, не гаворачы аб трацінках і чацвярцінках. У Валожынскай воласці жыве 13 тысяч душ, хат усяго 2062; з іх 673 хаты маюць менш адной дзесяціны, 833 хаты маюць па дзве дзесяціны, 377 хат ад двух да трох дзесяцін і толькі 178 хат маюць больш трох дзесяцін. На душу наогул выходзіць трохі больш як палавіна дзесяціны — з усіх валасцей павета Валожынская найбяднейшая.

У нашым двары прадаецца зямля па 100 рублёў дзесяціна, а банк дасць 40–50 рублёў, дык багаты купляе зямлю, бо можа далажыць, а бедны не мае сілы купіць. Так і гінем ад малазямелля; хто можа, пераязджае ў Амерыку, Пецярбург і другія месцы [29].

2

Валожын (Віленскай губерні Ашмянскага павета) — гэта звычайнае беларускае мястэчка, якіх многа ёсць у нашым краю; дзве часці яўрэяў, а трэцяя часць хрысціянаў, больш праваслаўных; калісь было больш католікаў, а рэшта уніяты, але пазней касцёл забралі на цэркву, і зрабілася больш праваслаўных. У нас жыве земскі, следавацель; ёсць воласць, аптэка, дзве манаполькі; ёсць 4 вучылішчы, у тым валасное рамеснае, гдзе вучаць плесці кошыкі. Гарэлку ў нас смаляць усё больш і больш. Нядаўна адзін мужык быў у гасцях у свайго брата, парабка ў фальварку Шапавалы, ды так нарэзаўся спірту, што і дамоў не даехаў: дарогай памёр.

На свята быў сход, хочуць адкрыць сельскі банчок. Рэч вельмі добрая [30].

3

У чацвер 11 юня ў нас была вялікая навальніца з грымотамі, і быў па каліву град; паводка папсавала гароды і пожні, а на полі, дзе крыху па ўзгорках, пазносіла пасевы і вельмі паразмывала нівы. Пярун забіў каля сяла Забрэззе двух чалавек, а ў нашым мястэчку ў гаспадара Васіля Мышлёна двое коні; у засценку Руднікі спаліў хату Янука Каляды, а ў вёсцы Рачаняты — дык тры гумны і свіран, і гэта ўсё ў адзін дзень. Хоць пажар і можна было ўгасіць, бо як ліў вялікі дождж, дык вада ляцела рэчкай і не трэба было яе ані насіць, ані вазіць, як гэта часта робіцца пры пажарах, але што ж, калі ў нас гэта праклятая цемната! Кажуць так: калі ўжо пярун запаліў хату, дык гасіць не можна; і стаяць, пазбіраўшыся, ды прыглядаюцца, як агонь скача з адной будыніны на другую. А іншыя кінуліся выносіць свае лахамоткі, хоць у тую старану і ветру не было. Адно толькі шчасце, што дождж, дык стрэхі былі мокрыя, а то ўся вёска пайшла б з дымам. Цяпер трудна будзе як пагарэльцам, так і гэтаму, што коні падбіла, бо ўсе яны бедныя. Хіба добрыя людзі памогуць…[31]

4

Ужо трэцяя нядзеля, як пайшоў дождж, і кожны дзень ён усё сыпле, а вельмі патрэба пагоды, бо ўжо каля нас многа травы людзі панакашывалі, і яна мокне ў вадзе, а некаторую дык і зусім вада панесла. Найбольш накошана ў маёнтку Вішнева графа Храптовіча-Буценева; ва ўрочышчы Улавіна скошана дзесяцін са 300, ды ўсё на вялікай нізіне, і калі яшчэ гэтак будзе, дык усё прападзе.

Уночы з 23 на 24 юня быў пажар і згарэла тры дамы яўрэйскія і адзін хрысціянскі; казённая манаполька тры разы загаралася, але яе неяк загасілі, толькі гарэлка вельмі паглумілася, бо яе шмат патаўклі, а рэшту немаведама куды павыносілі. Яно бы, мусіць, гэтым не кончылася, бо надта вялікая гушча будынкаў, і быў добры вецер, але шчасце, што сажалка была пад носам з вадой, і людзі хутка сабраліся і вельмі добра ратавалі. Агонь пачаўся з хлева разніка Перскага з невядомай прычыны — кажуць, нехта падпаліў [32].

5

Сёлетняе лета не скупіцца бурамі і грымотамі, каторыя нам робяць надта вялікую шкоду. Не забыліся мы яшчэ той навальніцы, каторая была 11 юня, аж тут якраз цераз месяц, 11 юля, у суботу пад вечар, ізноў праняслася страшэнная хмара з маланкамі і перунамі, каторыя білі разпораз, не перастаючы; людзі папалохаліся да паўсмерці і думалі, што ўжо настаў канец свету. Адзін пярун ударыў у валожынскую каталіцкую капліцу і па дроце ад званка ўляцеў усярэдзіну, дзе выдзер кусок сцяны і пайшоў у зямлю. Другі — ударыў у рабінаў дом, праз комін упаў у хату, рассадзіў там печ і, разбіўшы акно, вылецеў на двор, нікога не зачапіўшы. Трэці пярун спаліў у вёсцы Літве гаспадара Антона Карташэвіча, а ў вёсках Бітуці і Пяшкуры забіў па кані.

Каля Лебедзева пярун спаліў два засценкі; у фальварку Батурах у гумне пасэсара Вайсборда пярун аглушыў трох мужчын і адну бабу; мужчыны ў скорасці адышлі, а баба яшчэ хварэе: ёй заняло мову.

Каля нас цяпер бадзяюцца шалёныя сабакі. Нядаўна гэтакі сабака пакусаў у ляснічага пана Праневіча ўсіх свіней, і немаведама, ці яны не пашалеюць. Хоць у нас і дае ад гэтага нейкія зёлкі Грышка М., але яны не кожын раз памагаюць. Трэба бадзячых сабак сцерагчыся і зніштажаць, бо могуць нарабіць шмат бяды [33].

6

27 юля (ліпня) ізноў быў у нас пажар. Згарэла 10 яўрэйскіх дамоў; праўда, што блізка ўсе яны багатыя, але гэтакае няшчасце, як пажар, трудна перанесці кожнаму. Дамы былі застрахованы, але дабытак дамовы ўвесь прапаў, бо каб гэта было ўдзень, дык скарэй чалавек хопіцца ратаваць, і напачатку шмат лягчэй агонь утушыць; але запалілася ў самы глухі сон, а 2-ой гадзіне ночы. Пакуль людзі сабраліся, агонь ужо добра разгуляўся і трудна было даступіцца. Найбольш страты меў фельчар I. Шварц, бо каля яго пачало гарэць; бадай усё згарэла, а шкода, бо гэта добры чалавек і прытым небагаты. Пажар пачаўся ад хлева купца А. Поляка. Кажуць, што нехта падпаліў, бо ў тым гаду ён два разы запальваўся. Ёсць такія подлыя людзі-зверы, што для свайго інтарэсу так страшна губяць другіх. Пажарная дружына слаба памагала, няма ніякага парадку: усе камандуюць, а ніхто не слухае [34].

7

У наша мястэчка ўжо трэці раз даведуецца пажар. Гэтым разам згарэла «на далу» 5 яўрэйскіх дамоў з усімі прыбудоўкамі і сяліба гаспадара Марціна Карабана, але не ўся, бо ў яго асталіся гумно і хата, а хлявы і свіран пайшлі з дымам — і гэта ўсё з рукі благога чалавека. Але гэтым разам, здаецца, не павінна ўвайсціся за штуку, бо злавілі аднаго малайца з сяла Бурнейкі Міхася Палешчука, як ён, падсмаліўшы хлеў у далавога яўрэя, уцякаў у поле. Гэта малады хлапец, і яму трэба было сёлета станавіцца на прызыў; быў у Пецярбурзе і там, мусіць, навучыўся гэтай штукі; ён цяпер сядзіць у Ашмянах у клетцы і бадай што ўжо адтуль яго не выпусцяць.

Нядаўна людзі добрай волі рабілі тэатр на бяднейшых пагарэльцаў, і адбываўся ён у скарбовым свірне праз два вечары. Сабралі шмат грошай, бо кожны ішоў паглядзець не столькі з цікавасці, сколькі з ахвяры.

У гэтым часе быў у сваім маёнтку Валожын дзядзічны пан граф Тышкевіч, і да яго прыходзілі з просьбамі ўсе пагарэльцы, і ён кожнаму памог патроху. Добры гэта пан, не такі, як другія. Толькі кажуць, што яго справы дрэнна стаяць, быццам яго «лападэнты» ўвялі ў кабалу, з каторай яму трудна выкруціцца. Цяпер ён намагае ўсё лесам, але і лес ужо вельмі перапаласкаўся. Цяпер то яшчэ ёсць уволю і дроў, і бярвення, але, паждаўшы, не будзе ані з чаго будаваць хатаў, ані тапіць чым у печах. Хіба будзем ставіць будынкі з гліны, а тапіць торфам, бо гэтага багацця каля нас уволю, толькі трэба ўмець, як за яго ўзяцца [35].

8

Лета ў нас было вельмі дажджлівае, і людзі баяліся неўраджаю, а некаторыя варажылі голад. Але пад канец стала пагода і ўсё збожжа добра пазбіралі — як жыта, так і аўсы, ячмені і льны. Бульбу цяпер капаць дык надта добра, бо яна сухая, без пяску, не так, як у мокрую восень, калі яе трэба выбіраць з гразі дый яшчэ студзіць у кулакі, бо часам бывае і мокра, і холадна. Хоць, праўду кажучы, каля нас на бульбу завідны год, у адных яе процьма, а ў другіх саўсім няма, а гэта дзеля таго, што адзін садзіў яе па высокіх месцах, дык таму і ўрадзіла, а другі па нізкіх, то ў яго і прапала. Збожжа то, каб не зграшыць, было добрае, сена маем зялёнае, і многа яго, канюшына толькі рэдка ў каго ёсць, бо яна нешта з зімы кепска павыходзіла. У нас усё наракалі, што кепскае насенне было, бо каля нас яе на насенне мала кідаюць, а купляюць па таргах, дык другі, купіўшы якой травы, рад, што танна, а тым часам после вырасце адзін верабейнік.

Хоць каля нас і ўраджай, але скаціна саўсім танная, затое дык мяса ў цане: фунт сала свінога 12 капеек, бараніны 10 капеек, масла 30 капеек, а гэта ж мястэчка![36]


9

10 вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутно аб ім далёка-далёка. Мае яно, мусіць, са 300 хат, ёсць там і манаполька, і карчма. Народ вельмі паганы, самыя п’яніцы і зладзеі: не то што на дварэ нічога не пакінь, але і з будынку павыцягваюць. У прошлым гаду дык выцягнулі ў Янука Палоўскага з пуні сячкарню, дык яна і прапала. У кудраўскага лесніка Максіма пазнімалі калёсы з восяў. А пабіць каго, дык гэта ў іх нават мода: няхай будзе толькі хто на каго злы або другі папросіць, дык нападуць ці на полі, ці на дарозе і забіваюць да паўсмерці. Трэба каго абараць, пабіць або і падсмаліць — ідзі ў Дубіну, там усё гэта знойдзеш. Але няма чаго дзівіцца: яны маюць вучыцеля, каторы не дае ім добрага прыкладу.

Нядаўна тутэйшыя злодзеі на 8 хурманках уночы ўкралі з Кавалёўшчыны 60 коп гонтаў і развезлі па полі па ямах, ды цяпер смяюцца і хваляцца, што надта мудра ўправіліся.

Бедныя, цёмныя людзі! Калі ж і да іх загляне сонца ў ваконца? [37]

10

На ўсходняй часці нашага мястэчка ёсць ладны ўзгорак, на каторым жыве, пасяліўшыся, бацюшка. Гэты ўзгорак пачынаецца ад мястэчка агародам, а канчаецца невялікім курганом паміж двух дарог, і там, як відаць, былі некалі могілкі. Якія яны былі, аб гэтым ніхто з нашых старых не помніць, і нямашака ніякага аб іх успамінку. Яшчэ за нашай памяццю на сярэдзіне таго курганчыка стаяла маленькая каплічка, пасля стары бацюшка яе прыняў і на тым месцы паставіў чыгунны крыж. Цяпер зямля пакрысе абвальваецца, і адтуль выпадаюць людскія косці: галёнкі, скабы, чарапы, і валяецца гэта ўсё па дарозе, гдзе ходзяць і ездзяць людзі і ганяюць скаціну. Смутны і прыкры гэты выгляд, каб гэтак людскія косці валяліся ў паняверцы. Ці мы гэтак крэпка здзічэлі, ці гэтая праклятая цемната пазасланяла нам вочы, што мы не можам праглянуць на свет божы? Ці ж гэта ўжо не знойдзецца ў нас добрага чалавека, каторы б заняўся гэтай справай? Тут не трэба вялікага кошту і трудоў, тут трэба толькі добрай ахвоты. Спярша трэба пазбіраць і пазакапываць у зямлю косці і аблажыць дзёрнам з бакоў гэты курганок, і хоць крыху абгарадзіць, хоць бы па тры плацінкі, каб скаціна не абсоўвала дзёрну, пакуль ён не зрасцецца — вось і ўсё!

Наш беларускі народ мае добрае сэрца, але нямашака добрага даводу: ён прывыкшы, каб яго папхнуць, панукаць, а тады ён возьмецца з усяе сілы. Хоць са стыдом трэба прызнацца, што на добрыя рэчы трэба прынукі, а на благія дык людзі самі як мухі да мёду ліпнуць. Калі ў нас задумалі адкрыць гарадское вучылішча і на гэта патрэбна было 500 рублёў грошай, дык іх збіралі, збіралі дый далі пакой, а як быў у нас у Валожыне на Пранцішка кірмаш, дык нашы дзве казённыя манаполькі ўтаргавалі чуць не паўтары тысячы рублёў у адзін дзень.

А трэба ведаць, што ў нас такіх вялікіх кірмашоў у гаду пяць і што кожны чацвер — торг, гдзе за п’янымі няма як павярнуцца [38].


Дом у Валожыне, дзе нарадзіўся і доўгі час жыў Стары Улас.


Рукапіс верша Старога Уласа.


Пашпарт Старога Уласа.

Пашпарт Старога Уласа.

Пашпарт Старога Уласа.


Пашпарт Старога Уласа.

На гэтым месцы ў вёсцы Шашэльгішкі (Літоўская ССР) калісьці стаяла хата Старога Уласа, у якой пісьменнік жыў з 1934 года і памёр у 1939 годзе.

Надгробак Старога Уласа.

Вёска Сужаны Літоўскай ССР. Побач ахоўнік магілы А. М. Курчэйка.

11

Каля нас сенажаці балотлівыя, і сена з іх возяць зімой, а цяперашняй дарогай дастаць яго нельга, дык нашая скаціна галадае надта на адной саломцы [39].

1910 год

1

Перад святам у маёнтку Пяршаі ў лоўчага Браткоўскага згарэла гумно і хлеў.

Падрад ад купца на возку дрэва да берага ўзяў у нас Б-і і гэтым адняў у нашага брата апошнія заробкі[40].

У нас на самую куццю шаснаццацілетні хлапец — сын удавы Гарасімчыхі хацеў перарубаць на свята дроў, але, паслізнуўшыся, упаў з паленам на лёд; палена ўдарыла яго па галаве і забіла на месцы. Бедная нешчаслівая матка разбіваецца з плачу, ды і суседзі яго шкадуюць, бо добры быў хлопец [41].

2

«Думаем за морам, а смерць за плячыма»

Павёў гаспадар каня паіць, а конь брыкнуў і падковай разбіў яму галаву[42].

«Праспаў бядак ногі»

Адзін хлапец, запаліўшы восець, лёг каля печкі пагрэцца дый так моцна заснуў, што і не чуў, як папёк сабе ногі. Калі давядзецца падлячыць яго, то ўсё ж такі астанецца бядак на ўсё жыццё калекай [43].

«Бядуй не бядуй, а за працу бярыся»

Сёлетняя зіма не вельмі цікавая і шмат каму ўжо далася яна ў знакі, бо да гэтага часу саўсім не было снегу і ездзілі ў калёсах; часта праходзіў дождж — вада вылівалася, замярзала, і рабілася тады страшэнная слізгота. Шмат пакалечылася коней і жывёлы.

Цяпер падсыпала крыху снегу, дык лягчэй будзе прывезці дроў з лесу дый сена з балоціны[44].

«Канец свету, бо не ўскрэсла прасвету»

Каля нас ходзяць чуткі, што сёлета будзе канец свету. Кажуць, што будзе ісці нейкая «камета з хвастом», каторая зачэпіць нашу зямлю і сатрэ яе ў парашок. Людзі старыя так кажуць: «Усім стала нягодна, цяжка жыць — хіба прыйдзе ўжо нейкі канец!» I праўда: няма дабра на свеце. Пайшла нейкая нянавісць: адзін аднаго ў лыжцы вады ўтапіў бы, адзін аднаго паляць, забіваюць; людзі парабіліся горш звяроў. Даўней гэтага не бывала, а цяпер дзень у дзень пачуеш: то на дарозе чалавека затаўклі, то на полі, то сам на сябе рукі налажыў. I канца няма — ажно неяк страшна робіцца…[45]

3

«Кепскае тое ігрышча, дзе кулак свішча»

У нашай вёсцы было ігрышча. Гулялі, гулялі дый па чубах заігралі. Адна кабеціна стала бараніць сынковага чуба, дык яе, мала таго, што моцна збілі, яшчэ, прыляцеўшы да яе хаты, пабілі ўсе вокны [46].

4

«Вінаватых шмат, а ў атвеце Ігнат»

У канцы нашай вёскі ёсць глыбокі роў, а як намяло на дарогу гурбы снегу, то прыходзіцца, абмінаючы іх, ездзіць над самым гэтым ровам. Так ездзілі і свае, і суседзі, і начальства. Ажно нядаўна прыйшлося ехаць аднаму хлопцу з возам лёну над гэтай пропасцю: воз перакінуўся туды і задушыў бедака. Хто ж дасць атвет за гэта маладое без пары прапаўшае пры працы жыццё? [47]

«У нас калі хочаш каго знайсці, то мусіш у карчму пайсці»

Здарылася мне патрэба да аднаго чалавека тутэйшай вёскі. Шукаў, дыбаў—аднак патрафіць да яго не мог. Ажно параілі мне тутэйшыя людзі зайсці ў карчму: там, кажуць яны, усіх знойдзеш. I праўда: і старых, і малых, і кабет, і дзяўчат — поўненька. Ці ж там ім месца?..[48]

5

«П’юць, п'юць і душу прадаюць»

Морам ліецца ў нас гарэліца, і нашы сяляне так абласаваліся ёй, што іншыя дзеля яе і пад прысягу сведчыць несправядліва ідуць. Ой, ці не пара б было апомніцца? [49]

Тутэйшы гаспадар паехаў з парабкам рубаць дровы ў лес. Але як вольха, каторую яны падрэзалі, зачапілася за другую, дык прыйшлося і тую спусціць. I яна, валячыся, зламала вярхоўку падгніўшай бярэзіны суседняй, каторая трапіла па галаве парабка і забіла яго на месцы [50].

1911 год

1

Чытаючы «Нашу ніву», часта трапляецца пачуць шмат наракання на гарэлку, але, разгледзеўшыся, дык і каля нас вельмі самавіта з гэтым. Дзе ты ні кінься, куды ні ступі, усюды наткнешся на гарэлку. Прадае часам кабеціна парася, другая купляе авечку або цяліцу — п’юць барыш. Наймаюць чалядніка ці чалядніцу, а хоць бы і пастуха — барыш. Здарыцца к табе які госць, сваяк, добры знаёмы, дык чым жа яго ўгасціць? Гарэлкай! Трэба каму вазіць сена ці бярвенне — прыходзіцца спрасіць суседзяў і даць гарэлкі. Дасць каму Бог дзіцятка, спраўляе радзіны — трэба гарэлкі, хрэсьбіны — трэба гарэлкі. А на вяселле дык часам і кароўкі на гарэлку не хваціць. Ну, яшчэ на гэтыя патрэбы дык, можа, другі і скажа, што гэта тут падыходзіць, але на пахаронах, калі здарыцца ў каго нябожчык — ці стары, ці хоць бы толькі малое дзіцянё, дык і там без гарэлкі не абойдуцца людзі. Нядаўна ў нашым сяленні памерла адна наша суседка, і павэдленашага абычаю ўсе ідуць маліцца. Пайшоў і я. Пасярод хаты ў труне ляжыць нябожчыца. Каля яе, кругом стоячы, галасілі дзеці і дамовая сямейка. А на стале — крыж, гарэлка, грамніцы, бохан хлеба і дзве пляшкі манаполькі. I хто толькі прыходзіў, дык кожнага частуюць. «Нашто вы гэту гарэлку даяце?» — пытаю. «А што ж, — кажуць, — не дай гарэлкі, дык ніхто і дзвярэй не адчыніць, а што ж адзін зробіш? Трэба і дамавіну зладзіць, і дол выкапаць, і на могілкі занесці, а без гарэлкі гэтага не зробіш, бо ніхто не пойдзе». Як гэта нядобра, што ўсё за гарэлку робіцца.

А бывалі яшчэ і такія прыпадкі, як гэта было летась у Бандарах. Памёр гаспадар, дык яго кінулі аднаго ў хаце, а самі ў другім канцы давай гнаць «саматужку» з лікёру. Можа, ніхто аб гэтым і не даведаўся б, але неяк паехалі стражнікі, дык забралі і гарэлку, і ўсе іхнія інструменты.

А не давядзі Бог каму судзіцца, дык чуць-чуць не па ўсёй Беларусі такі звычай, што хоць гінь другі, а гарэлкай залівай усюды: старасту, панятых, старшыню, суддзяў, сведкаў і памагатарам не шкадуй гарэлкі, калі хочаш, каб справа выйшла. Аднаго пісара часам толькі гарэлкай не пагладзіш, бо яму ўжо трэба чаго лепшага [51].

2

Нядаўна ў нас два чалавекі, узяўшы ў вясковага гаспадара каня, паехалі за дзесяць вёрст на вечарынку. Крыху пабавіўшыся, вярталіся дамоў. Але яшчэ намеркавалі заехаць крыху ў старану да аднэй удавы — Бог іх там ведае, мусіць, мелі да яе нейкае дзела. Едучы, збіліся з дарогі ды ўсадзілі ў капаніцу каняку. А пакуль хадзілі па людзей, дык той бедны і акалеў, і цяпер, мусіць, прыйдзецца заплаціць таму гаспадару за коніка. А ўсё гэта праз мароз, які ў той час тут стаяў [52].

3

Няма дзіва, што ў Думе гавораць па сем гадзін аб гарэлцы, бо і ў нас, калі аб гэтым падумаць ды ўсё расказаць, дык і за сем дзён не даў бы рады. У нас ёсць дзве казённыя манаполькі, каторыя павэдлуг сваіх правоў і парадкаў не прадаюць гарэлкі ва ўсе святочныя і табельныя дні, ані ў той час, калі адбываюцца суды, сходкі і богаслужэнні. Дык гэта выглядае так, што ў гэты час не павінна быць зусім п’янства. Але куды там! Як толькі сход, суд ці святочны дзень, дык трудна прайсці за п’янымі. А дзе ж яны бяруць гарэлку, спытаеце? А ў нашых услужлівых мяшчан.

Нядаўна ў нас быў кірмаш на «масленую», дык нашы патайныя шынкары ёмка к яму прыгатаваліся. Але адкуль нанясло ліха вішнеўскага акцызніка. Ну, дык той вазамі вазіў гарэлку, узятую з хат. Але затое ўжо кірмаш быў такі ціхі і спакойны, што, мусіць, такога другога не было ніколі ў нашым мястэчку. Усе спакойна раз’ехаліся да хат, не было разбояў, і нідзе не відаць было п’яных людзей [53].

4

Каля нас зразу вясна паказалася вельмі харошай: увесь красавік быў пагодны з цёплымі дожджыкамі, стаяла харошая пагода і ўсе спадзяваліся ўраджайнага лета. Але як наступіў травень, дык усё неяк адмянілася, урэчы секануў хто тапаром: зразу настала суша і сцюжа. Жыта засела і не расце, трава паўнікала і памерзла разам з ранняй гароднінай, а пасеяная ярына ляжыць наверсе зернем і не думае ўзыходзіць. Цэлыя тыдні не было дажджу, хоць часам пачыналі збірацца хмаркі і ўрэчы капаў дожджык, як з-пад крапідла свянцоная вада, але зараз жа падападаў сярдзіты вецер і так, як нячыстая сіла, пруцячы віхрам стаўны і хвалі пяску і пылу, праганяў дажджлівыя пузыркі некуды далёка-далёка…

Затое кожын дзень то там, то сям убачыш клубы чорнага дыму, што паднімаюцца ўгару: гэта гараць панскія і казённыя лясы, а нярэдка і цэлыя вёскі. А як нашы гаспадары па старадаўняй прывычцы дзеляць бацькаўшчыну на дробныя матузкі і лепяць свае будынкі адзін на другі, ну дык затое як уб’ецца агонь, тады ніякага ратунку. Гэтак нядаўна было ў адной нашай вёсцы Шчаўканах: як загарэўся адзін канцавы гаспадар, дык усю вёску як бы змяло і ачысціла мятлой. Як гэта дрэнна, што нашы людзі не хочуць рассяляцца на хутары, дзе многа лепш гаспадарыць і ў пажарным няшчасці многа бяспечней, як цяпер. Хіба, можа, бяда нас як прыцісне, дык мы пазнаем, што лепш [54].

5

Сказаўшы божую праўду, дык каля нас яшчэ вельмі цёмны, але прытым і вельмі добры, а як другія кажуць, і вельмі дурны народ, і з гэтай прастаты карыстаюць усякія несумленныя людзі, каторыя на ўсякі лад ашукваюць нашага брата. Дык і нямашака дзіва, што часамі беларуса трудна намовіць да чаго-кольвечы добрага: ён будзе слухаць і на словах патураць, але ў душы дык саўсім табе не паверыць, бо ён ужо за гэта паплаціўся калісьці. Нядаўна было каля нас такое здарэнне: пакралі ў вёсцы Зафільцы ў аднаго гаспадара коні. Праз нейкі час, так неяк адвячоркам, прыходзіць да гэтага самага гаспадара чалавек, нейкі быццам купец, і гаворыць, што ён сын нейкага падрадчыка з Вілейкі, каторы быццам дастаўляе хлеб арыштантам, і ён чуў, як адзін свежаарыштаваны расказваў сваім таварышам, як пакраў коні ў вёсцы Зафільцы і куды іх падзеў. Вось ён таму гаспадару і кажа: «Калі дасі мне 50 рублёў, дык я пакажу табе, дзе твае коні знаходзяцца, і памагу іх шукаць; толькі нікому аб гэтым гаварыць не можна, бо як дачуюцца тыя, у каго яны ёсць, дык перададуць у другое месца і будзе прапашчая справа». Гаспадар той думае сабе: хоць 50 рублёў і шкода, але ж за гэтыя грошы двое коней не купіш, а пры тым гэта ж такі будзе свая скаціна, да якой ён прывык. А тут бяда — нямашака грошай. Павытрасаўшы ўсе вузёлчыкі, ледзь сабралі 10 рубельчыкаў з вялікай труднотай і гэтыя апошнія грошы аддалі на задатак, а праз ноч састараліся яшчэ 40 рублёў, пазычыўшы іх у добрых людзей, і, наняўшы хурманку, паехаў той гаспадар з тым купчыкам па коні, узяўшы, аднак жа, дзеля смеласці свайго сына, дужага мужчыну, як дуба.

Ад’ехаўшы за 5 міль ад дому да мястэчка Каменя, астанавіліся на папас у карчме і там выпілі, закусілі парадне ды аддалі свайму сябру яшчэ 40 рублёў. А той, наеўшыся добра на месцы, набраў яшчэ з сабою гарэлкі і булак, пайшоў быццам у лес па коні, а ім сказаў падаждаць. Дык тыя бедакі, праждаўшы два дні і дзве ночы, вярнуліся з парожнімі рукамі дахаты [55].

1912 год

1

У нас, дзякаваць Богу, як і ў людзей, адкрылі сельскі банчок і, атрымаўшы з казны 2000 рублёў на пачатак, за адзін тыдзень усе іх рассунулі. Распазычыць то вельмі было лёгка і скора, бо каля нас народ вельмі на грошы патрэбны, немаведама, ці будзе гэтак лёгка іх пасысківаць. «Дай, Божа, але не ведаю».

Недалёка ад нашага мястэчка ў вёсцы Рачэнях адзін селянін зарубаў на смерць сваю жонку сякерай. Казалі, яна была вельмі злосная баба, а ён дык саўсім ціхі, а як іншыя казалі, дык і дурнаваты чалавек, так што яна яго з сынкамі часта заганяла. Але, відаць што, перабралася мерка, бо гэтак, казалі, было і гэтым разам. Яны яму ўперад нагрэлі добра каркавіну, а ён, ад іх уцякаючы, схапіў папаўшуюся сякеру на сцежцы ды стукнуў жонку ў лабаціну.

А ў прысёлку Сідаравіч у аднаго багатага гаспадара была парадная сямейка, як баб, так і мужчын, і самы малодшы з іх крэўчык быў яшчэ не жанаты, і яму, як відаць, заманулася жаніцца, а тут старэйшыя не пазваляюць, хоць ты ім кол на галаве чашы. Тады ён прыдумаў вось якую штуку: прыгледзеўшы, як бабы варылі зацірку на вячэру, падсыпаў туды добрыя прыгаршчы блёкату, а тыя як нахлябаліся, дык і пайшлі выранджаць усялякія штукі. Адны пяюць, другія выюць, трэція галосяць; дзеці пазалазілі пад печ ды дзяруць казлы, як кажуць, у прапрадзедаўскім уборы. Аж жудка, што там нарабілася. Назаўтра, казалі, прывозілі знахара, але беднаму крэўчыку жаніцца як не давалі, так і не даюць [56].

2

У нас было вось якое здарэнне. Быў у воласці сход. Было многа народу, і, як гэта вядзецца, вечарком некаторыя зайшлі ў карчму прагнаць смагу. У гэтай кампаніі быў адзін заможны і паважны гаспадар, М. В-ч, з вёскі Сермяжнікоў — за дзве вярсты ад мястэчка. Вось гэты чалавек, не могучы вызваць сваіх суседзяў з тае бяседы, кінуў іх там і адзін пайшоў дахаты. А да суседняй з той, што яны выпівалі, хаты заехаўся нейкі падарожны чалавек, казалі, што пагарэлы, і, паставіўшы свайго каня пад паветкай, забыўся прывязаць яго ды зайшоў у хату. Загаварыўся тамака, а бедная скацінка, відаць, згаладалася, выйшла праз незачыненыя вароты шукаць сабе яды і, мусіць, гэтак блытаючыся, зайшла ў вёску Сярмяжнікі да аднаго чалавека на падворак і там пабірала натрэсенае па сцежцы сена. Як агледзіцца после той чалавек, што нямашака яго каня, як падніме крык, што гэта, мусіць, нехта ўкраў! Папёр ён да ўрадніка, але таго не было дома, ледзь знайшоў яго на хрысцінах. I вось яны гарачымі слядамі знайшлі гэтую каняжыну ў чалавека на дварэ. Тут ураднік прыстаў да таго чалавека, што ён украў каня. А той кажа: «Хрысціцеся вы, я сягоння з дому нікуды не выходзіў». — «А хто быў сягоння ў Пяршаі?» — «А гэта, кажа, быў В-ч на сходзе». Ідуць да В-ча, а той спіць як пшаніцу прадаўшы, і ані яму сніцца, якая над ім збіраецца бура. Будзяць таго. «Ты быў сягоння на сходзе?» — пытае ўраднік. «Быў». — «3 кім варочаўся дамоў?» — «Адзін». — «А каня не бачыў?» — «Якога каня?» — «А таго, што я знайшоў у твайго суседа на дварэ». — «Не бачыў, не ведаю». Але ўрадніку паказалася гэта падазрыцельным, і ён загадаў гэтаму чалавеку адпраўляцца з сабой у арыштанцкую пры воласці. На другі дзень калі ўз’юрыцца таго чалавека жонка, прыпёрла да ўрадніка ды ў плач, ды тыц яму ў рукі тры чырвонцы, каб пусціў мужыка — ведама, баба. А той, не доўга думаючы, — відаць, каб адлічыцца, — тыя грошы ў пакет і з тым чалавекам у стан. Яго адтуль пусцілі дахаты, але казалі, што будзе суд. Цікавая рэч, як гэты суд выйдзе; бо той чалавек у гэтым дзеле Богу душой хіба вінны [57].

3

Каля нас вельмі цешыліся, што пасля марознай зімы неяк скора пагінуў снег, і думалі, што ўжо будзе цёпла. Бо ў гэтым годзе зіма хоць не вельмі была доўгая, але добра далася ў знакі. Мала таго што парадна пражыў мароз, але пасля сухога лета вада павыбіралася ў калодзежах і яе трэба было вазіць — як сабе, так і скацінцы — за некалькі вёрст. Цяпер затое вады ўжо маем даволі, але таго цяпла, якога ўсе спадзяваліся, дык нешта нямашака, бо насталі нейкія золкія і слотныя дні, часта праходзіць дождж са снегам, а гразі ані вылезці, хутчэй да восені, чым да вясны, падобна. Без пары загінула дарога, і хто астаўся без дроў і без сена, спадзеючыся, што яшчэ будзе мець на гэта часу, цяпер за благой дарогай гэтага зрабіць не можа [58].

4

У нашай старане народ вельмі любіць суды, але яшчэ больш любяць гэта нашы адвакацікі сваёй гадоўлі, каторых завялося ў нас парадна, і іншыя такія мудрыя, што хоць ты стой ды дзівуйся, як яны ёмка абрабляюць свае справы. Завядуцца з сабой браты ці суседзі або ўздумаюць дзяльбу, зараз да адваката. А яго доўга шукаць не трэба. Кожную нядзельку і чацвер іх можна знайсці ў карчме на покуці. Там яны разглядаюць закон, падбіраюць стацці, каторыя трэба «апаласкаць», і тады ўжо адвакацік бярэцца за дзела, каторае іншы раз вядзе з двух канцоў: за аднаго ставіцца ў судзе, а другому піша прашэнні. Бывае часам і так: другому нельга даступіцца да адвакаціка, бо ўжо з ім засеў той, з каторым судзіцца, дык трэба ісці да яго дахаты і занесці парадны сувісцель. А ў судзе часам усяляк бывае, і найчасцей выйграе толькі… адзін адвакацік!

Нядаўна з бліжэйшых нашых вёсак дзяліліся два браты, і, як гэта з давён вядзецца, пры дзяльбе прадзёўб адзін другому галаву. Той падаў у суд, і ўездны член прыкінуў гэнаму тры месяцы адсідкі. Гэны незадаволены і перадаўся ў акружны суд, і там яму зменшылі кару на адзін месяц. Добра і гэта, але ўсё ж трэба сядзець, а тут рабочы час — сяўба. Вось ён ідзе да адваката параіцца, як тут зрабіць, каб адбыць кару пасля сяўбы. Адвакат узяўся за нітачку і, намахаўшы прашэнне, сказаў занесці ў воласць пасведчыць подпіс, бо ён быў непісьменны. У воласці як прачыталі тое прашэнне, дык сталі ўсе рагатаць, бо там было гэтак напісана: «Ён незадаволен гэным судом і просіць прадоўжыць кару». Выходзіла так, што заместа аднаго месяца ён сам сабе прасіў тры! I добра яшчэ, што пісар быў добры чалавек і загадаў свайму памочніку напісаць прашэнне па-людску, а то, чаго добрага, гатовы былі да аднаго месяца далажыць яшчэ два. Быў і я ў той час у воласці і пытаюся: «Сколькі ж, ваша, даў адвакату за гэткае прашэнне?» А ён мне адказаў: «Гатоўкі не даваў, але гэтак, па-суседску, шкалікаў з чатыры апаражнілі» [59].

1913 год

1

Гэтымі днямі каля нас было некалькі нешчаслівых здарэнняў. У вёсцы Жураўцах налажыў на сябе рукі адзін малады чалавек. Ён пагнаўся на пасаг, ажаніўся ў мясаедзе, бо яму цесць абяцаў дзве дзесяціны зямлі пасагу. Тым часам, як у нас кажуць, «абяцанка — цацанка, а дурному радасць». Гэтак было і тут: жонку ён дастаў няўдалую, з той зямлёй парадку яшчэ не было, а тут, як на злосць, маладзёж у вочы лезе. Дык ён, налізаўшыся ў Валожыне парадна манаполькі, пайшоў дамоў, насыпаў паўрукі пораху, шроту і наверх кулю ў стрэльбу, выйшаў за гумно і ўляпіў сабе ў грудзі.

А ў вёсцы Замасцянах быў вялікі пажар, згарэла 22 хаты з усімі будынкамі. I хоць вёска Замасцяны ляжыць на самым беразе ракі Бярозы, але ў гэту суш ды пры такой праклятай шнуравой гаспадарцы не можна было даць ніякага ратунку, і агонь тады толькі ўняўся, як прыпёрся да прагонкі. А яшчэ, як на бяду, мужчын не было дома, бо цяпер у нас правяць дарогі, дык усіх гоняць на дарогу. Да агню кінуліся ўсе, хто толькі мог, адны ратаваць, а другія для цікавасці, от як гэта і заўсягды пры пажарах у нас. Дык гэтаксама і з вёскі Крыжына ўзялі людзі перабірацца на чаўнах праз раку да пажару, і ў адзін човен села трое дзяўчат і адзін хлапец, але чаўнок быў невялікі, не мог утрымаць на вадзе ўсяго цяжару і пачаў сёрбаць ваду, а ў палавіне ракі пачаў тануць. Пачуўся крык і лямант, і пакуль даспелі іх ратаваць, дык хлапец выплыў, двух дзяўчат выратавалі, а трэцюю, 19 гадоў дзяўчыну, дасталі ўжо нежывую. Трудна апісаць гора бедных пагарэльцаў і гора нешчаслівых бацькоў дзяўчыны! Зразумее гэта кожны селянін, што значыць бацькам свая дачка работніца! Браты беларусы! Кідайма старыя парадкі, а пераходзьма жывей на хутары. Будзе менш няшчасцяў, а карысці многа [60].

2

У сваёй хаце — свая сіла

«Служы пану верна, дык ён нос адверне» або яшчэ інакш; ёсць такая прымаўка. А што гэта святая праўда, кожан гэта скажа, бо, можа, не адзін хто і з нас гэтага дазнаў. А дазнаць гэтага не вельмі трудна, бо такіх здарэнняў можна сягоння налічыць сотні, і, каб прыйшлося ўсе іх апісваць, многа патрэбна было б зглуміць і часу, і паперы. А ўсё ж такі адным здарэннем хачу падзяліцца з чытачамі.

У адным глухім кутку нашай маці Беларусі ёсць невялікая вёска, а званне мае такое нейкае мудронае, што трудна яго ўцяміць (але, можа, гэта будзе для чытача не вельмі патрэбна). Вот жа ў той вёсцы жыў калісьці адзін заможны гаспадар, каторы цэлы свой век праслужыў у дварэ лесніком і памёр на гэтай службе. Ён праз цэлае сваё жыццё сцярог панскае дабро днямі і начамі, цягаўся па судах і сведчыў не раз проці сваіх суседзяў, а за гэта, разумеецца, не быў у іх у ласцы. Але пакуль жыў, усё ж такі суседзі яго крыху баяліся, бо, па праўдзе сказаўшы, як багацейшага дык не адзін шукаў яго ласкі. Пад гэны час у дварэ пачалі прадаваць зямлю і акурат пусцілі на прадажу кусок балота проці надзелу таей вёскі, за каторы ўпярод сяляне судзіліся з дваром, і той жа гаспадар (ляснік) угаварыў суседзяў, каб купіць тое балота цэлым сялом сабе на пашу.

Сяляне спачатку не хацелі, а после неяк наважыліся і згадзіліся. Далі задатку і плацілі рату па раскладцы, а ў сёлетнім гаду трэба было ўносіць рэшту грошы і рабіць «купчую». А тым часам гаспадар гэны памёр, і после яго смерці астаўся гаспадарыць яго ўнук. А ў вёсцы найшліся павадыры, каторыя сталі падбухторваць сялян і гаварыць: «Яго дзед быў лесніком, сведчыў проці нас за гэта балота, і каб не ён, балота было б наша, дык мы яго ўнука не прымем у хаўрус і выкінем з пашы, а гэту часць, што на яго долю прыпадае, разбяром на вёску». А ў вёсцы так, калі адзін гаркнуў, дык усе возьмуцца як за нітачку і як нападуць гурмам на аднаго, дык трудна ацерабіцца. Гэны малады гаспадар, не трацячы надзеі, ідзе ў двор і думае: «Што ж, дзядуля мой служыў двару, а двор калі захоча, каб мяне не скрыўдзілі суседзі, дык яны нічога не зробяць. Прасіць я паноў не буду, каб мне ці падаравалі, ці спусцілі з цаны, няхай мне нараўне з усімі пазволяць купіць, мой жа задатак таксама заплачаны». У дварэ ўжо не тыя былі паны, каторым служыў яго дзядуля, але ўсё ж ткі былі некаторыя паняты, што аб гэтым ведалі і абяцалі яго не папусціць у крыўду. Але як прыйшлося да дзела, дык не захацелі мяшацца ў вясковую справу і памагчы ўнуку таго, каторы сцярог калісьці панскае дабро, як вока ў лобе. Паны без клопату ўзялі грошы ад вёскі, а сяляне з вялікай бядой ледзь адступілі гэнаму маладому гаспадару дзве дзесяціны карчоў. I цяпер сяляне будуць мець выгоду, а ўнук леснікоў за даўгалетнюю ўслугу дзеда астаўся без пашы і будзе цэлы свой век успамінаць панскія абяцанкі [61].

Загрузка...