Край беларускі, край ты наш родны,
Неураджайны ты і бязводны,
Нечарназёмна твая зямліца:
Глей, або гліна, ці камяніца.
Дробны загоны і скібы тонкі,
А замест межаў дык баразёнкі,
Доўгія ніўкі і надты вузкі,
Як быццам мотуз ад добрай стужкі…
Кажуць старыя, калі даць веры,
Што былі пушчы, лясы без меры,
Пчол надта многа, мёду — як гліны,
Птаства без ліку, процьма звярыны,
Дзікоў, мядзведзяў, гусяў і лосяў…
Цяпер жа нешта усё звялося…
Народ наш ціхі, прытом нясмелы —
Яго згубілі часты раздзелы.
Акром бядоты у беларуса
Добрае сэрца, хоць часам куса,
Вось, як той кажа, і з імбывае,
Ён дае раду, не наракае.
Калі сашле Бог гадкі цяжкія,
То вельмі мокры або сухія,
Або паводка знясе, папсўе,
Альбо нарэшце град адпітлюе,
Альбо зладзеі абчысцяць скрынкі,
Або пажарам змяце будынкі,
Аставіць курсні і папялішчы,
Або уб’ецца злая вяснішча…
Тады бываеш рад і мякіне,
Як няма есці сабе й скаціне,
То ён прыкупіць, то прыпазычыць,
Цяпла чакае, нядзелькі лічыць.
А як Бог вышле лягчэйшу пору,
Як пойдзе проста сонейка ўгору
Ды снег растане, дык ужо скора
Папрылятае вырай зза мора,
Як цёплы ветрык знізу павее,
Нашаму брату шмат палягчэе.
Як скрозь абсохне, спадуць і рэчкі,
Пойдуць у поле цёлкі, авечкі,
Пастушкі сядуць там за палянкай.
Надойдзе хмарка з громам, з маланкай,
Казаў бы, дзеці будуць баяцца,
Яны ж са смеху стануць куляцца.
Дожджык пакропіць, сонца прыгрэе,
Цвяце вярбіна, рунь зелянее,
Сыпнула ўсюды ж з зямлі травіца,
Зямля абсохла, блішчыць расіца.
Вось жаварынка пяе дарэчы,
Стары дзядуля вылез зза печы
I сеў на сонцы зубы пагрэці.
А там кацелку качаюць дзеці,
За сметнік пеўні дзяруцца ёмка,
Шпачок і дроздзік шчабечуць громка;
А там, на дубе, буслы клякочуць,
Гагаюць гускі, куркі сакочуць,
Бляюць авечкі, бычкі бадуцца,
Пастух іграе на новай дудцы;
А там, у стадзе, волік бузуе,
Зязюля ў белым садзе кукуе.
Там салавейка, там і жаўтушка,
Гудзіць і пчолка, звініць і мушка,
Ідуць мурашкі, як сонца ўбачаць,
Лятуць матылькі, і жабкі скачуць.
Гай, што быў цёмны, зазеляніўся,
Сад, што быў голы, ужо распусціўся,
Зацвіла яблынь, сліва і груша,
Зацвіла вішня і какалуша [15].
Ясць многа красак у лузе, ў дуброве.
Травы даволі ў полі карове,
Пойдзе скаціна ў «табар» рагата.
Паедуць з коньмі хлопцы, дзяўчаты:
Юрка, Тамашка, Міхаська, Янка,
Сымон, Нікіпар, Змітрок, Раманка,
Андрэй і Юзя, Астап з Кандратам;
Як сабяруцца ды перад святам
Або ў суботу перад нядзелькай,
Валы прыгоняць Наста з Марселькай,
Тэкля з Даротай, прыйдзе Раіна,
Доіць карову і Кацярына.
Уперад скацінку сваю агледзяць,
Дояць кароўкі, малачко цэдзяць,
Збанкі абвяжуць, у куст схаваюць,
Ды ўсе пойдуць дроў назбіраюць,
Ды як наложаць агонь вялікі!..
А з сваіх хлопцаў ёсць два музыкі:
Адзін па струнах смыкам пілуе,
Другі ў цымбалы ёмка пітлюе.
Нашым дзяўчатам многа пацехі,
Пачнуцца жарты, пачнуцца смехі,
Пачнуць усе гуртам песенькі пеці,
Скачуць, гуляюць, крычаць, як дзеці.
Паднімуць гоман малойцы нашы,
Як жыды тыя, што на кірмашы,
Круцяць галовы з апошняй мочы
I так дурэюць да позняй ночы
Цёплай вясною так, як бы летам,
А спаць кладуцца дык ужо светам.
Павесялела мужыча доля,
Сыпнуў рабочы народ на поле,
Працуюць людзі, поту не чуюць.
Аруць і сеюць і барануюць
Аўсы, пшаніцы, хоць яравыя,
А хто гароху гонцы, другія,
То стрэхі правяць, платы гародзяць,
Ячмені сеюць, гнаі вывозяць
I садзяць спешку або хунтоўку,
Хто дарагону, хто асаноўку [16],
Урэшце на полі грэчкі і лёну,
У гародзе рэпы і шабальбону [17],
Буракоў, морквы, цыбулі, маку,
Бобу, капусты і пастарнаку.
I кожан весел, лёгак, як пташка,
Хоць ён працуе так, як мурашка.
Не углянецца, як час пяройдзе,
Вясна ўцякае, лета надойдзе.
Тагды гарачы ўжо час настане,
Наступіць жніва і сенаванне,
Тагды ўжо годзе сядзець у хаце,
Бо трэба брацца за сенажаці.
Бліснуць на сонцы сярпы і косы,
Звіняць мянтушкі, растуць пракосы.
Хоць залівае з працы пот вочы,
Кожан вясёлы, кожан ахвочы,
Касой махае, аж яна свішча,
Хоць бы у пояс расла травішча.
Нарэжуць траваў і канюшыны,
Хоць часам цягне пупа да спіны.
Другому, праўда, некалі гладзіць,
Каса не ўдасца або не ўладзіць.
А дзеўкі, бабы ім памагаюць:
То вернуць сена, то разбіваюць,
Пасля пластуюць і заграбаюць
I на астатку ў копы складаюць;
Урэшце, якая служыць дарога,
Возяць у гумны або да стога.
А сена пахне ад розных траваў
Лепш ад усякіх напскіх прыправаў,
I як жа добра, зняўшы адзенне,
Заснуць па працы на свежым сене!
Яшчэ сенаванне не надаела,
Глядзь, аж тут жыта ўжо падаспела.
Не час драмаці ні агіляцца,
Але за жніва трэба ўжо брацца.
Дык і бяруцца нашы кабеты:
Тэклі, Ганулі, Еўкі, Альжбеты!
Жнуць, снапы вяжуць, шапкі ламаюць,
Снапы падносяць, бабкі стаўляюць,
Спяшае баба, спяшыць дзяўчына,
Калом не гнецца і ў іншай спіна!
I цягнуць шнурам так, як салдаты,
Як свет — на поле, з цёмным — дахаты.
А як часамі ў каторай хаце
Ёсць маладзіца, дык мой ты браце,
Ну, дык снапшчыну тады спраўляюць,
А усе жнейкі гулянкі маюць.
Яе ж дык робяць з такой парадай:
Ідуць на поле усей грамадай,
Стануць на ніве укругавую
I выжнуць постаць адну, другую,
Снапоў наносяць, браўшы ў ахапку,
Дык як паставяць першую бабку,
Пастануць навокал яе, як дзеці,
Ды пачнуць песні ўсе разам пеці,
А маладзіца сувой расшые
Ды цэлым станам бабку накрые.
Пасля пасядуць кругом, як гускі,
Маюць гарэлкі шмат і закускі,
І лье другая, як у кадушку,
Ці манапольку, ці саматужку.
А як падвып’юць бабы і дзеўкі,
Пачнуцца жарты, смехі, прыпеўкі,
Пасля збяруцца усе да кучы
Ды пяюць «жніва», дамоў ідучы:
«Да ўжо сонца за бор зайшло.
Я, малада, дамоў пайшла,
Мне, маладой, не хочацца
Каля печы варочацца…»
Адны з парадку ўсё пачынаюць,
Другія гэтым, бач, адпяваюць
I так суладна — з боку здаецца,
Як быццам поле звініць, трасецца.
Цяжкая праца ўсім не да дзела,
Аж тут і лета ўжо праляцела.
Жніво ярное — гэта ўжо восень,
I, як той кажа, работак восем.
Ужо дні пахмурны і карацейшы,
Халодны ночкі і шмат даўжэйшы,
Раніцы мокры або туманны,
Часам марозік выскачыць ранні,
I на начлезе сцюжай не спіцца,
I сам не знаеш, за што хваціцца.
Бо яшчэ сена на сенажаці,
Тут жыта сеяць, снапы ўбіраці,
Араць на зіму і ляны рваці,
Касіць атаву і забіраці,
Лён убіраці ды ўперад сушыці,
Каноплі рваці, пенькі мачыці,
То ляны слаці, то падбіраці,
Дамоў вазіці, а после мяці,
Урэшце і бульбу трэба капаці,
Пасля з гародаў трэба ўбіраці.
Ужо забыўся мужык аб горы,
Бо ў яго поўна ў гумне, ў каморы,
Поўна ў істопцы, поўна у клеці,
Сам не галодны, пад’еўшы дзеці,
Хоць ўстае рана і пры лучынцы,
Але й сабе ёсць, ёсць і скацінцы.
А як надойдзе ужо Пакрова [18],
Ужо не наесца ў полі карова,
Тады халодны ветрык павее,
Трава пажоўкне і пачарнее.
Часам, як з коньмі ў полі начуеш,
Пяючых «восень» дзяўчат пачуеш:
«Ой, каліна, маліна, да не стой над
вадою,
Не ківай галіною, не раўнуйся
са мною…»
…«Чаму не прыйшоў, ані прыехаў,
Як я цябе прасіла?
Ці каня не меў, ці сам не хацеў,
Ці матка не пусціла?..»
I, сказаць праўду, дык, мой ты браце,
Ад гэтай песні за сэрца хваце,
Бо яе тая працяжна нота,
Хоць слёзы гоніць — слухаць ахвота;
Не то жалосна, не то праціўна,
Так неяк лёгка і неяк дзіўна…
Бо ў гэтай ноце як бы, здаецца,
Чалавек плача, то рад, смяецца,
Вясны шкадуе, маладых летак,
Зімы баіцца, старасці гэтак.
Як стане з дрэва ліст абсыпацца,
Птушкі у вырай пачнуць збірацца:
Жураў і бусел, пігаўка, пліска;
А калі гусі — ды лятуць нізка.
Тады гавораць старыя людзі,
Што ужо скора зіма к нам будзе.
Пойдуць ў край цёплы птушак грамады,
Варон і галіц лётаюць стады,
На дварэ стане сцюжа і слота
I па калені гразі ды балота.
Пачне памалу восень канчацца,
Стане паволі зямля сцінацца,
Наступіць холад, птушка не пісне,
Зіма настане, мароз прыцісне,
Ды па калені наваліць снегу.
Даставай сані, хавай цялегу,
Цягні суконкі цёплы з паліцы,
Трэба кажух, апрані рукавіцы.
Трэба ўстаць рана, не агіляцца,
Але ахвоча да цэпа брацца,
Бо тут гультайства не дапаможа,
Малаціць трэба і веяць збожжа,
Зярно да клеці трэба знасіці,
Саломай з сенам быдла карміці.
Хто каля дому корміць каровы,
А хто да лесу едзе па дровы,
А той па сена, хоць дзень кароткі,
Гэны з жыдамі у заработкі,
Хоць там не відна многа выгоды,
А хто дык часам едзе ў калоды,
Калі не мае ў хаце работы.
Так зарабляюць на соль, на боты,
На мерку газы ці на фунт мазі,
Стопчуць многа снегу і гразі.
I нашы бабы такжа ў рабоце:
Прадуць кудзелю на калаўроце
I ў клубкі ніці звіваюць з шпулі,
А после выткуць нам на кашулі.
Не спіць другая і слепіць вочы
Дымнай лучынкай, устаўшы з паночы,
А тут работа ідзе не гладка,
А у калысцы плача дзіцятка:
Ці то урокі, ці злыдні, можа,
Ці хто спалохаў, барані Божа!
За што хваціцца, чым тут ганяці,
Што скажа знахар, трэба спытаці.
Спіць яно мала, а плача болей,
Ці вады з рота, ці зносіць соляй,
Ці паіць макам з гарачым млекам,
Курыць бы хіба ды лавандрэкам? [19]
Знахар парадзіў (як жа ж не верыць),
Што яму трэба прычча памераць.
I цягнуць так, каб не ведаў ён конца,
Праз тры парогі, да ўсходу сонца.
Дык у клапоце бедна кабета:
Робіць і тое, робіць і гэта,
I ёй трудоў то больш, як мужчыне,
Ні з’есць парою, ні адпачыне…
Гэтак гаруе не адна хіба
Матка і б’ецца, як аб лёд рыба.
Трудна і горка не раз мужчыне,
Але не лепей ёсць і жанчыне…
Мусіць, ад Бога гэтак патрэба
Гараваць цяжка на кусок хлеба!
Ой вы, цяністы бары і пушчы!
Гдзе вашы будуць цемні і гушчы?
Гдзе тыя хвоі, гдзе елі тыя,
Ліпы, бярозы, дубы гладкія,
У тры абдымкі, роўны, без су'ка,
Борці з пчалыма ля штукі штука,
Паміж каторых зубры баліся,
А на макоўках арлы вяліся?
Гдзе той здаровы прастор свабоды,
Прадзедаў нашых думкі, прыгоды?
Толькі ўспамінкі, падобны казцы,
У песні хіба сустрэць удасца…
Цяпер у пушчы як часам будзеш,
Можаш быць пэўным, што не заблудзіш,
Бо неяк стала многа палянак,
Многа абрэзкаў і шмат дзялянак,
I пнёў убачыш чорных даволі,
Як стады галіц увосень на полі.
У пушчы гэтай, сказаць вашэці,
Мінскай губерні, у Мінскім павеце,
Ёсць месца. Помню, як стаў на ногі,
Званне Вусцянскай носіць дарогі.
Гэта палянка хоць невяліка,
Па краях верас, сплёўшыся дзіка,
Сцелецца, пнецца на ўсе староны.
Сярод палянкі — курган зялёны.
Кругом, як згледзець, быў лес не тонак,
А на кургане між дзвюх сасонак
Расла бярозка кудрава, бела.
Яна такія ўспамінкі мела:
Што колісь даўна, як ў цвеце рожа,
У адной вёсцы вельмі прыгожа
Была дзяўчына, спрытна і дужа,
Гладка, румяна, лёгка, дасужа.
Усім яна вельмі была дасмаку,
Бо, сказаць праўду, не мела браку.
I усе зналі і гаварылі,
Што два малойцы яе любілі.
Адзін раз неяк цёплай вясною,
Згаварыўшыся яны з сабою,
Ці, можа, ўлетку, як дзень вялікі,
Пайшлі у пушчу ўтраіх па лыкі.
Дзень быў харошы, дык удалося
Усім надзерці многа палосся.
Нясуць дахаты, сабраўшы ў клумкі.
А яе ўзялі такія думкі:
Дома пярсцёнак, хустай пакрыты,
У лесе — ножык, у пень убіты.
А як забралі ўжо паўдарогі:
«Балець мне, — кажа, — пачалі ногі
Ды неяк крэпка кальнула ў плечы.
Я тут прысяду, буду сядзеці,
А вы ідзіце, — хлопцам гавора,—
Адзін да хаты: там у каморы
Знойдзеш пярсцёнак, пакрыты хустай;
Другі — да лесу: пад елкай густай,
Пры самай сцежцы, дзе я хадзіла,
На пні дубовым ножык ўстраміла.
Вось да змяркання часу ўжо мала,
Каб я доўга гэтта не ждала,
Дык і спяшайце і не драміце,
Нож з тым пярцёнкам мне прынясіце.
А з вас каторы ўперад прыбудзе,
Той ужо мужам маім і будзе».
Скочылі хлопцы нашы ахвоча,
Кожны уперад справіцца хоча.
Пруць цераз сілу праз цемні і гушчы
Адзін — да хаты, другі — да пушчы.
Мала к змярканню што асталося,
Але ёй доўга ждаць не прыйшлося,
Бо яшчэ зоркі не заблішчэлі,
Як ужо хлопцы назад ляцелі,
Пёрлі без духу апошняй сілай,
Кожны уперад хацеў да мілай.
Разам дабегшы, прад ёю палі
I тутка на месцы разам сканалі.
Учуўшы прыгоду, людзі сышліся
I зараз радзіць там узяліся.
Радзілі доўга і гаманілі
I тут на месцы ўсё рассудзілі:
Каб пахаваці ў зямлю сырую
Тую дзяўчыну жыўцом, жывую,
3 хлопцамі тымі, што пагубіла,
Каб яна гэтак больш не рабіла.
У чысту адзежу хлопцы прыбраны.
Дзеўка — у стужкі, вянок руцьвяны,
Руса касіца на усе плечы.
Як бы да шлюбу прыбрана ўрэчы:
Бела апратка, белы спаднічкі,
Белы панчошкі і чаравічкі.
Хоць ліла слёзы, цяжка ўздыхала,
Што ў красе, ў цвеце свет пакідала,
Як асудзілі, так і зрабілі:
Яе між хлопцаў тых палажылі
У адну магілу і пахавалі,
Курган парадны там накапалі.
I пайшлі ўсюды гэты ўспамінкі:
Выраслі з хлопцаў тых дзве хваінкі,
3 дзеўкі — бярозка, спусціўшы коскі.
Ой, шкода, шкода белай бярозкі!
I доўга хвойкі тыя стаялі,
Тую бярозку галлём абымалі,
Як бы закрыўшы у час пануры
Ад слоты, сцюжы, грымоты-буры.
Разам стаялі, раслі, шумелі
I гэту песню з вятрамі пелі.
Ліхая доля стрэла палянку:
Цяпер папала яна ў дзялянку.
Сцялі бярозку і хвойкі тыя.
Дык асталіся тры пні таўстыя
На тым кургане, пры той дарозе,
Ды успамінкі хвоек, бярозы!
У нашым краі, недалёка, ў Беларусі мілай
Ёсць мясцовасць адзінока — Кумавы Магілы.
Поле і камення кучы, верас пакруціўся,
А калісь праз бор дрымучы там гасцінец віўся.
Таго бору цяпер годзе, няма і галінкі,
Толькі ходзяць у народзе такія ўспамінкі:
Што калісьці, мой ты братка, зімняю парою
Ад хрысту вязлі дзіцятка неяк кум з кумою,
Ды спазніліся на ліха пасле надвячорку
I ў лесе грэшну сціха завялі гаворку.
Кум дурэці пачынае, кума слухаць рада,
Аж на іх тут нападае ваўкоў цэла стада.
Кум спалохаўся да смерці, ды ўжо жартаў досыць!
Пугай стаў каня ён дзерці, конь пачаў уносіць.
А ваўкі не астаюцца, але даганяюць,
Зубы скаляць, разяюцца, за сані хватаюць.
Кума ў голас: «Мусіць, згінем, прападзём, нябожа!
Хіба ваўкам дзіця кінем, самі ўцячом, можа?»
I, не думаўшы, шпурнула ў мяккі снег дзіцятка,
Ды ваўкоў не абманула хрышчоная матка,
Бо яны ўсе неяк сціха ды страшна завылі,
А тут санкі, як на ліха, да зямлі прыстылі.
Конь хоць стаў, але ад пугі даў ў хамут
парадна,
Дык тут выкрутні з натугі лопнулі абадва.
Конь віхром тады памчаўся, рваў із сіл астатка,
А там кум з кумой астаўся, санкі і дзіцятка…
. . .
Заржаў конік ля парога, прыляцеўшы ў мыле,
Тут паднялі ўсе трывогу і загаманілі.
Рынулі ўсе да астатка, кінуўшы бяседу,
Знайшлі санкі і дзіцятка, а кумоў — ні следу!
Толькі снег стаптаны дужа, у тое месца йдучы,
Ды крыві стаяла лужа і касцей дзве кучы.
Іх у лесе там схавалі, дзе быў дуб пахілы,
После месца то празвалі Кумавы Магілы.
I з тых пор на гэтым месцы, гаварылі людзі,
Нешта ўночы падарожным часта коні пудзе:
То ў канаву цябе згоніць, лопне гуж, атосы,
Парве вупраж і паломіць сані і калёсы.
I баяцца людзі сталі гэтых месц да смерці,
Завяліся там, казалі, хіба толькі чэрці.
Раз зімою — не забыўся — едуць людзі нашы,
Дай і я, але запіўся неяк на кірмашы.
(Не тайно ж гэта нікому: то з бяды, то з гора.)
А як кажуць, то п’яному па калені мора.
Месяц свеціць, хмаркі мчацца, сам я прыпяваю,
Зоркі свецяць ды іскрацца, еду ані дбаю.
Параўняўся з тым курганам я, здаецца, шпарка,
Аж тут месяц, як туманам, засланіла хмарка.
Стала цёмна неяк зразу; я патрос ляйцыма,
Бо мой конь — знай ты заразу! — стаў стрыгчы
вушыма.
Ды убок, забыўшы пужку, як лінуў хто варам,
Я у снег, як у падушку, уваліўся тварам.
I з канавы пакуль вылез, як мядзведзь
з мярлогу [20],
Дык тут яснасць асвяціла прада мной дарогу.
Зірк — аж сані на дарозе; думаў: мае гэта,
Гляджу — не: сядзяць на возе з мужчынам
кабета.
А кругом іх аступіўшы, як абручам душаць,
Ваўкоў стада, — палічыўшы, з сарачню іх,
мусіць.
Усе хібы панадуваўшы, і хвасты, як трубы,
Языкі павыстаўляўшы, страшна скаляць зубы.
Валасы мне падняліся, хмель адразу згінуў,
Рукі, ногі затрасліся, чуць ізноў не рынуў.
У вушах звінела нешта, перасохла горла,
Перайшоў мароз па плечах, і у грудзях спёрла.
Ногі з месца не парушу і рукой не цісну,
Стаяць трудна, але трэба, і слаўца не пісну.
Стаю гэтак я і ныю, так, як у магіле,
Аж ка мне вось людзі тыя так загаварылі:
«Чалавеча! Помніць будзеш добра месца гэта!
Знай жа тое, што мы людзі не з гэтага свету.
Тры вякі над вашым светам ужо праляцелі,
Як калісь мы ў месцы гэтым саграшыць хацелі.
А за тое тут час доўгі кару адбывалі:
Людзей зводзілі з дарогі і коні пужалі.
Тры вякі на месцы гэтым былі як прыкуты,
Трыста год прайшло нарэшце і — канец пакуты!
Чалавеча! Едзь дахаты і скажы тым людзям,
Што з сягонняшняе даты страшыць вас не
будзем.
Тут уночы ці ў дзень белы свабодна дарога.
Едзьце цэлы і здаровы, мы ідзем да Бога!»
Усё, пакуль змігнуці вокам, знікла і прапала:
Ні людзей тых, ані воўкаў, ні санак не стала.
Запеў певень дзесьці, чутна, зніклі хутка хмары,
Бледны месяц неяк смутна выплыў ізза хмары.
А ў мяне перад вачыма стаяў, азіраўся
Конь мой, бо у куст ляйцыма неяк ублытаўся.
Працёр вочы я, паслухаў ды нерахрысціўся,
Сеў на воз і добрым трухам дахаты пусціўся.
Дома нашы трэслі бабы вушмі, быццам козы,
Што прыехаў я з кірмаша дадому цвярозы.
У тым жа месцы больш піколі ці хто йдзе,
ці едзе,
Аніякіх страхаў болей нідзе не угледзе.
Жыў сабе дзяцюк Яська на свеце калісьці
I здумаў жаніцца для сваёй карысці.
I так, доўга не чакаўшы, ён адной нядзелькі
Сабраўся і паехаў да сваёй Анелькі.
Там яны, змеркаваўшы ўвесь свой стан сіроцкі,
Заручыны зрабілі на манер шляхоцкі
I, паводле ўставы і свайго сумлення,
Занеслі і два злоты на агалашэнне.
I Ясь у трэццю нядзельку, апрануўшы шубу,
Узяў сваю Анельку і павёз да шлюбу.
Ехаць, ды ў парадзе, дык было прыемна,
Але што ж, калі шлюбу не даюць дарэмна?
Духоўнік таўстапузы, як аконам панскі
(Відно, не знаў ён посту, мусіць, лютэранскі),
Пазваўшы маладога у сваю камору
I доўга не чакаўшы, так ён гавора:
«Слухай жа, Ясь міленькі, мой каханы сыну,
Ты гэтаку падобну бярэш дзяўчыну
I хочаш, каб парадна цябе павянчалі,
Дык дзесяць рублёў мусіш зараз даці
Ды, апроч тога, яшчэ з дружбы вясельнай
Трэба яшчэ што-кольвек для службы касцельнай».
Даць то было б не штука, гэта кожны знае,
Але штука ў гэтым, што не кожны мае.
I трэба яшчэ ведаць, што у пору гэну
Чырвоная паперка мела добру цэну.
Малады наш зжахнуўся, аж вышыблі поты,
Кажа: «Войчанька мілы, будзе дзесяць злоты».
А «войчанька» гаворыць: «За такія пянёнжкі
Магу табе шлюб даць, але з старое ксёнжкі.
Дык падумай жа сам ты і зваж належыце:
Якое ж тады ваша будзе усё жыцце?»
Падумаўшы, наш Яська так сабе гавора:
«Праз дзесяць рублёў на цэлы век гора?
За марных рублёў дзесяць цэлы век абрыда?»
Папёр як бачыш грошы пазычаць у жыда.
I хоць после Дыемны дзёр працэнт здаровы,
Але Яська затое браў шлюб з «ксёнжкі новай».
Што вайна нарабіла ўсюды шкод нямала
I што яна на свеце людзей папсавала,
Што праз вайну ўсюды дарагоўля будзе —
Дык аб гэтым не трэба капацца ў талмудзе.
Да чаго ні даткніся, дык без перабору
Ад мала і да вяліка ўсё пайшло ўгору:
Уздаражалі тавары, работы ў час гэны,
Але і на малітвы падняліся цэны.
У адным месцы зацішным і пэўным нібы
Знаў я гэны закутак і тыя сялібы,
Гдзе трэццім прыказаннем назбыт вельмі
грэшаць
I адзін на другога, як сабакі, брэшуць.
Народ там, як і ўсюды, на чужое ласы.
Пры чужых людзях добрых, ад радні далёка,
Жыла адна бабулька сабе адзінока.
Сёмы крыжык канчала, помніла «паўстанне»,
I закончыла жыццё у дзявочым стане.
Памерла, дык і годзе, так штодзень бывае:
Адзін родзіцца на свет, другі памірае,
Прыходзяць і адыходзяць, як вада руч’ямі,
Змяняюцца народы, але свет той самы.
Знайшоўся і пляменнік — прыпёр без аглядкі,
Так урэчы з жалю, на дзеле — па спадкі[21].
Але уперад трэба узяцца да дзела,
Трэба месца ачысціць, каб не смярдзела.
Дык з двара далі дошчак і пару мужчынаў,
Тыя выкапалі яму, збілі дамавіну,
Запраглі, як да звозкі гнілога тавару,
У голую цялегу недабойкаў пару,
Крыху старое саломы ўзяўшы на пасланне,
I павезлі бабульку на вечнае спанне.
Не было там спевакоў, ні з духоўных чыну,
Толькі крыж, са тры бабы і са два мужчыны.
Пляменнік жа наперад папёр як меў сілу,
Хацеў, каб духоўнік пасвенціў магілу.
А там не поп, не пастыр быў евенгеліцкі,
Але так, як патрэба — ды ксёндз каталіцкі.
Праўда, што не сам старшы, але вельмі шпарак.
«Плаці мне, — кажа, — зараз семдзесят пяць
марак!»
А гэны яму кажа: «Калі ж я не маю.
Пасвенці, войча, на возе, я сам пахаваю».
I, завярнуўшы коні ад другіх фурманак,
Падвёз бабу з дамавінаю аж пад самы ганак.
«Войчанька» ўзлаваўся, нібы дастаў шылам,
Хрысціўся вельмі шпарка і махаў крапілам
Так, што кроплі сыпнулі, ажно загудзела
I бадай што дасталі праз дошкі да цела.
3 ліку ўсіх святаў у цэлым годзе,
Мусіць, для нашага брата
Адзін Вялікдзень у нашым народзе
Будзе найбольшае свята.
Бо йшчэ прычына будзе такая,
Што яго ждуць ўсей душою,
Бо яно звеку так прыпадае
Заўсёды ранняй вясною.
Будзіцца са сну наша зямліца,
Расце на кусце лісточак
I зелянее тады травіца,
Ажыў жучок, матылёчак.
Шэра зязюля зранку і ўвечар
Яра кукуе у садзе,
Павее ціхі і цёплы вецер,
Пойдзе скаціна у стадзе.
I, акром тога, ў нашым народзе
Ёсць успамінкі такія:
Сеўшы на сонцы ды пры пагодзе,
Часта гавораць старыя,
Штораз да году адна бывае
На цэлым свеце часіна,
Вось, як тыкеля поўнач настане
Прад гэтым святам вялікім,
У памяць Хрыстова з мёртвых устання
Людскім скаціна гаворыць языкам.
Учуўшы гэта мову такую,
Адзін цікавы знайшоўся:
Хацеў падслухаць гутарку тую
Ды ў хлеў на вышкі забраўся.
А яму ждаці прыйшлось не мала,
Бо час паволі цягнуўся,
Аж неяк жудка ўжо яму стала:
Пад шапкай волас уздуўся.
Як толькі поўнач глуха прабіла,
Цішыня стала нямая
I, уздыхнуўшы, загаварыла
Сціха кабылка гнядая:
«Ой, цяжка праца на мае грудзі!
Маю работу не мілу:
Гаспадара бо мне трэба будзе
Всзці пазаўтра ў магілу».
Ён, як асінка, увесь затросся,
Хоць быў і смелай натуры,
Зусім без духу ў хату панёсся,
Мароз пачуўшы на скуры.
Прыпёр у хату, паў на краваці,
А там сямейка ўжо спала.
Застагнаў толькі: «Ой, дзеткі! маці!
Надта ж нядобра мне стала!»
Знахара з вёскі пакуль пазвалі
I варажбітку кабету,
I хоць курылі і шмат шапталі,
Ён скончыў жыццё да свету.
Галосяць дзеткі, галосіць матка,
Плача сямейка, ўздыхае,
Радні, суседзяў прыйшла грамадка
Трупу павезла гнядая.
Доўга аб гэтым усе даволі
Успаміналі, прызнацца,
Але затое ў хлеў слухаць болей
Людзі хадзіці баяцца.
Даўнымі часы гэтак бывала —
Былі і дзейкі, былінкі.
I вады ў мора ўцякло нямала,
Як гэты ходзяць ўспамінкі.
Што вот калісьці у часы даўны,
На то ёсць доказ нязбіты,
Жыў «се» на свеце — пан вельмі слаўны,
Але затое сярдзіты.
У яго, бывала, бедны ці можны —
Шырока дзверы наросцяж:
Заязджай путнік ці падарожны,
А ўжо напэўна угосціць.
Але пры першым зараз спатканні
У кожнага — так як быць мае —
Гэтак адразу на пачаканні:
«Ці маеш іголку?» — пытае.
I калі маеш пры сабе голку,
Дастанеш абед, сняданне,
А як не маеш, тады без толку
Дастанеш толькі трапанне.
«Я, — так гаворыць, — пан многіх
літосці,
Як то другому здаецца,
А маю голку, каб зашыць штосьці,
Як толькі дзірка парвецца.
А ты, няшчасна, ліхая галота,
Як жывеш гэта, не знаеш.
Як падзярэцца твая капота,
Дык, чым зашыці, не маеш».
I так упудзіў усіх нямала,
I так у знакі ўсім даўся,
Што й за парог другі, бывала,
Без голкі выйсці баяўся.
Адзін раз неяк, забыўшы чыста,
Бо то ж было даўнавата,
Прыехаў нейкі «ахфіцаліста»
Туды у госці да брата.
А як не ведаў таго звычаю,
Дык не асцерагаўся,
I вот акурат, так як быць мае,
На пана з голкай нарваўся.
Дастаўшы лазню сабе патросе,
Навуку гэта ён мае,
I зарубіўшы гэта на носе,
Да пары толькі чакае.
А пан меў звычай сабе такоўскі,
Што кожны месяц без мала,
Наклаўшы на «се» убор дзядоўскі,
Ішоў ў каплічку, бывала.
I там, як просты дзядок убогі,
Пакорным вельмі рабіўся,
Паводле гэткай сваей налогі
За свае грахі маліўся.
Як той аб гэтым толькі дазнаўся,
Дык і адплату ўжо чуе.
I на дарозе за куст закраўся
Ды там ужо пана пільнуе.
Аж паказаўся дзед не на пуста
У пору дажджліву і золку,
А гэны вылез там із-за куста:
«А маеш, — кажа, — ты голку?»
Дзед туды й сюды пачаў віляці,
Як ў такіх разах бывае.
I калі гэны стаў прыставаці,
Дык пасля кажа: «Не маю».
Дзядок адразу хацеў даць ходу,
Вымкнуцца слізкім уюнам,
А гэны скеміў дзядкову моду
Ды пачаў чысціць бізунам.
Тады дзед гэны, зараз тут маеш,
Успаў на помысел меншы,
Таму гаворыць: «Ці ж ты не знаеш?
Я ж буду пан ваш тутэйшы».
А гэны дзеду зараз наскора:
«Якіх хто, знаю, тут станаў».
Ды ўсё лупе, пасля гавора:
«Знаю я гэтакіх панаў!»
I без усякіх такіх клапотаў
Так неяк ёмка і складна
Ягомасць гэны сабе ў ахвоту
Адтрапаў пана парадна.
А пасля тога зблізка і здалі
Было усякага толку.
Але пакінуў пан, як казалі,
Болей хапацца за голку.
Знаная рэч на свеце, што калі збяруцца
Двое роўных, заўсёды, як каты, дзяруцца.
Ды калі чорна ў роце альбо прутка ў лапе,
Будзе так, як з касой, што на камень трапе.
Гэтака ёсць прымаўка ў нашым народзе.
Быў сабе поп сярдзіты у адным прыходзе.
Меў жонку маладую, гладкую худобу,
Косы саўсім рудыя і глядзеў з-пад лобу.
А такія прыкметы ўсім знаны вельмі:
Руды, крывы, вугнявы — то напэўна шэльмы.
Вота ж ён так, як баша [22], на сваім хвальварку
Жыў раскошна без гора і вёў гаспадарку.
Як кожны з іх брата, меў таку патугу:
Галіў сваіх «авечак» і маліўся Богу.
А ў суседстве за рэчкай, гдзе млынок вясковы,
Шумеў, стоячы здаўна, цёмны бор хваёвы.
У тым баку, гдзе дарогі сходзяцца у вілкі,
Быў узгорак і на ім старыя магілкі.
А што вельмі старыя, можна па тым знаці,
Што растучых там хвояў удвух не абняці.
Бор той, як гаварылі, аддаўна быў дворны.
I як поп быў увесь рыжы, так ляснічы — чорны,
Шпаркі ён быў без меры, гарачы ваяка,
I казалі другія, быццам «аўстрыяка».
Ды, мусіць, была праўда, бо як настаў знова,
Саўсім мовы нашай ён не знаў ні слова.
Вота ж гэны ляснічы здумаў лес рубаці
Каля гэных могілак, а поп — не даваці.
Зрабіўся крык і гоман на увесь бярэзнік:
Ляснічы крычаў «каўтун», поп крычаў «мяцежнік».
Думалі, што з крыку пэўна драка будзе,
Але і пасля крыку было «дзела» ў судзе.
Бо поп, нядоўга ждаўшы, напісаў прашэнне
I за «самаўпраўства» і за «аскарбленне».
Суд як суд: завёў «дзела», паслаў па павестцы,
Што будзе гэту справу разглядаць на месцы,
I як для вінавацтва, так для абароны,
Каб былі ў час на месцы сведкі і староны.
Ляснічы сабраў стражу, узяў «прававеда»,
А поп — дзяка, старасту і старога дзеда
I так іх наўчае: «Юрка і Васілі,
Глядзеце ж, каб вы гэтак усе гаварылі,
Што тут яшчэ нядаўна ўсе крыжы стаялі,
Што на гэтых могілках вы бацькоў хавалі,
Што ўрэшце і сягоння ёсць такая мода
Хаваць тут нехрышчоных з усяго прыхода».
Сабраліся ўсе разам на той бугор спорны:
Земскі, сведкі, поп рыжы і ляснічы чорны.
Зноў спрэчкі пачаліся, старыя рахубы [23]:
Адзін глядзіць з-пад лобу, другі скаліць зубы.
А земскі, пры медалі, ўрэчы на шнурочку,
Пачаў пытацца сведкаў, але ў адзіночку.
Дык правіць адзін гэта, а другі не тое,
Той гаворыць да дзела, іншы што другое.
Як спытаў старога: «Што ты знаеш гэтак?»
«Мы тут, — кажа, — хавалі і бацькоў і дзетак».
«Добра, — земскі гаворыць, — а пакажы ж, мілы,
Гдзе будуць твайго бацькі і маткі магілы?»
А стары, знаць, забыўся, што гаварыць мае,
Паскрабаўшы за вухам, кажа: «Чорт іх знае!»
Ну дык з гэтакіх сведак, як з лазовых лісцяў,
Не меў «бацька» для дзела вялікай карысці.
Бо судзіцца — трэ ведаць і сказаць, не жарты,
Гэта будзе ўсё роўна, што іграць у карты.
Вота ж з гэнага дзіва, як прыйшло да скутку,
Выйграў «бацюшка» гэны на касцеле дудку.
I здалося б, што трэба аб гэтым забыцца,
Але поп наш задумаў, каб на кім памсціцца
I спагнаць сваю злобу на кім нязгледным:
На дворным чалавеку, на лесніку бедным.
Той, сказаць, дурнаваты, для Бога угодну
Прыйшоў да баці споведзь адбываць велікодну.
А папу таго трэба, і каб больш пранюхаць,
Ён сказаў сваёй дзеўцы, каб прыйшла
падслухаць
I выцягнуў, вужака, з таго панямножку,
Што той, быўшы на судзе, мусіць, прылгаў
трошку
I як відзіш з даносам узяўся, як за ветку,
Сваю дзеўку у «дзела» пасунуў за сведку.
I пайшла цяганіна, бачыў гэта кожны —
Пракукор, следавацель, после суд акружны.
А на судзе, вядома, зараз адвакаты
Цягнулі з чалавека апошнія шматы.
I па ўсім па гэтым, як кажуць, нарэшце
Бедны ляснік адсядзеў восем дзён урэшце!
А з гэтага карысці не было нікому,
Вось хіба адвакату ды папу рудому.
Гдзе бярозы расахаты
I вясною лужы,
Там стаяў двор старой даты,
Багаты і дужы.
I дзяды як талкавалі,
Помняць гэта ўнукі,
Пераходзіў як, казалі,
Ён із рук у рукі.
I, бывала, ў двары гэтым
У дождж ці пагоду,
Ці зімою, ці то летам
Шмат было народу.
Аж раілася на полі
Ад сваіх, нанятых,
I работнікаў даволі
Было прыганятых.
Быў вялікі у іх гоман,
Хоць толк малаваты —
Цівун, пісар, і акоман,
I рымар куртаты.
I усе пад песню стару
Жылі, пажывалі,
Бралі пенсію ў ахвяру
I да тога кралі
I зярняткі, і мякіну
Пакрысе, паволі,
I ячмень, і канюшыну
3 мяшкамі на полі.
Доўгі час яны там дзесьці
Цягалі, насілі,
Аж пакуль такі нарэшце
Іх не палавілі.
Дык праз гэтую прычыну,
Як людзі казалі,
Акомана, як тычыну,
Із двара прагналі.
Дык цяпер, хай Бог бароніць,
I жальба знайшлася.
Бедны, горкі слёзы роніць,
Але ўжо — па часе!
Як акомана прагналі,
Дык вялікі быў канфуз,
Бо, як іншыя казалі,
Быў у іх там свой саюз.
После ж — гэтака манера:
3 таго ж самага двара
Выправіць магазынера[24]
Наступіла ўжо пара.
Дык яму там адказалі
У адвячорак у адзін
I бухгалтара паслалі,
Каб прыняў ён магазын.
Пісар наш пры гэтым важкі
Закруціў тыкеля нос
I сказаў, каб пляшку бражкі
У магазын з сабой прынёс.
I вось гэтак не ў кампанні
Гэты нашы бабылі
Там удвух на пачаканні
Тую бражку распілі.
Разышліся пасля тога,
Штось пад носам бурчучы,
I бухгалтар як нічога
Узяў ад пісара ключы.
Даў іх касіру старому,
Пачакаўшы, як відаць,
I сказаў ён гэтак тому,
Што аброк трэ выдаваць.
Той праз гэтаку прычыну
На дзядзінец шмаргануў
I прыйшоў да магазына,
Ключом дзверы адамкнуў.
А пад то магазынера
Як на ліха прынясло,
Як убачыў ключы ў дзверах,
Дык аж яго затрасло.
Доўга ён сабе не думаў,
Так падсунуўся, як цень,
Памаленьку і без шуму
За ключы ды у кішэнь.
А касір стары у страху,
Што рабіць, і сам не знаў,
I каб часам не даць маху,
За бухгалтарам паслаў.
Той, прыпёршы, хваціў тога
(Відна, нораў меў брыдкі),
Гэны ж зноў не думаў многа —
I сцяліся ўзагрудкі.
Многа шуму нарабілі
У магазыне тым яны,
Але іх разбаранілі
Там на шчасце хурманы.
I цяпер адны гамоняць,
Што не пройдзе гэтак тут,
Але хай сам Бог бароніць —
Будзе дзела, будзе суд.
Адзін хлопец зухаваты
Не без дай прычыны
Выбіраўся раз у сваты
Да адной дзяўчыны.
А дзяўчына та багата,
I зусім не мала.
Дык узяў сабе за свата
Добрага брахала.
Прыгаворка ёсць такая,
Што «грэх душу муча».
Дык ён свата падзывае
Ды вось гэтак вуча:
«Помні, кажа, маё слова,
Сваце даўгавязы:
Як скажу я то ці ова [25] —
Дадавай два разы».
«Добра, — гэны так гамоне
Адважна і смела,—
Ужо за гэтым ў нас сягоння
Дык не стане дзела.
Толькі ты будзь, мой ты братка,
Адважан і смелкі
I бяры з сабой ў астатку
Чым болей гарэлкі».
Наліваюць самагонам
Цэлую баклашку
I для лепшага рэзону —
Манаполькі пляшку.
Ды не простай манаполькі,
Але гэткай лоўкай,
Што ўжываюць паны толькі —
3 белаю галоўкай.
Едуць сабе да засценка
I заходзяць ў хату,
Гдзе знаходзяць і паненку,
I маму, і тату.
Іх там хораша прымалі,
Як сватоў, канечне,
Уміг абрусам стол заслалі,
Напяклі яечні.
Выпілі і закусілі
Так укругавую
Ды інакш загаманілі
У пару у тую.
Дык наперад стары баця
Міргнуў на Марцэльку
I пытаецца ў зяця:
«Ці маеш зямельку?»
Гэны хлопец небажаты,
Сказаўшы не лішку,
Лжэ урэчы як наняты,
Кажа: «Маю крышку».
А сват зараз зауважа,
Падхапіўшы збоку:
«То ж ты маеш, браце, кажа,
Цэлую валоку!»
«Добра, добра, — стары мове.—
Мой ты, кажа, сынку,
Запытаўшы так па слове,
Ці маеш скацінку?»
Гэны ж зноўку не запнецца,
Урэчы на кпінку,
Але з месца адзавецца:
«Маю і скацінку».
А тут сват ізноў без спрэчак
Пад тое гамоне:
«Тры каровы, шэсць авечак,
Парсюк і хаўроння».
А стары ізноў пытае:
«А скажы, мой братку,
Ці то ж гэта зяць мой мае
Сваю ўласну хатку?»
«Я і хату, кажа, маю
Сваю ці чужую,
У каторай пражываю:
Ды і не гарую».
А сват зараз падбягае,
Кажа без абмовы:
«Справа будзе вось якая:
Ты ж маеш дом новы!»
Тыя бачаць, што тут змова.
Дык так, галубочкі!
Зачынаюць тут ізнова,
Але з другой бочкі:
«А ці праўда гэта будзе,
Мой зяціку статны:
Да работы, кажуць людзі,
Вашць так мала здатны?»
«Гэта так, мой цесцю мілы.
Часам да работы
То нямашака і сілы,
Або і ахвоты».
А сват зараз жа пад тое,
Мусіць, з волі неба:
«Ані то, ані другое:
А гультай як трэба!»
«А ці праўда гэта ж знову,
Хоць васпан нам блізкі,
Бо гавораць так па слову,
Што на вочы нізкі?»
«Дзе там праўда!
Баюць людзі
I бабы сарокі…
Як прызнацца, праўда будзе:
Крышку касавокі».
А сват зараз падыходзе.
«Досыць, кажа, ныці.
Ты ж сляпы зусім, і годзе.
Няма што круціці».
«А яшчэ. адно пытанне
У гэтыя часы:
Быццам вашаць мосці пане
Да гарэлкі ласы?»
«3 гэтым справа вось такая:
Не заходжу ў сварку.
Часам, скажам, так бывае,
Што заломіш чарку».
А сват кажа: «Не трэ зліцца.
Кварту ці касушку —
Толькі трэба падзівіцца —
Льеш, як у кадушку».
Дык па гэткім прывітанні,
Урэчы карытам,
Там сваты на пачаканні
Ад’язджалі з квітам.
I цяпер, і бывала ёсць здарэнняў нямала,
Як нямала на свеце народу,
Я йшчэ помню — ці чулі? — як нам правіў дзядуль
Адну дзіўну і смешну прыгоду.
— Дзеткі,— так ён гавора, — ў адным месцы,
за морам,
У Нямеччыне, эа часаў даўных,
Дзе край мудры, багаты і народ панаваты,
Трох зладзеяў было вельмі слаўных.
Вось адною парою мелі раду з сабою,
Куды кінуцца ім на ўздабычу?
Адзін кажа: «Да вёскі», другі кажа: «Да Моські»,
Старшы кажа: «Да пана, я зычу».
А яму гавораць тыя: «Там сабакі ліхія,
I замкі вельмі крэпкі да тога,
Ды жалезны аковы, мур высокі і новы,
I дварні, як на ліха, там многа».
«Э, няма што баяцца, толькі трэба узяцца,
А ўжо добрыя будзем мець гулі!»
I, падкраўшыся ракам, сыпнуў зелле сабакам,
Тыя зразу як відзіш паснулі.
I, вайшоўшы ад саду, дастаў нейку прыладу
Ды акно з рамкай выняў без мукі,
Сам палез у пакоі, стаў збіраць сёетое,
Што папала наскора пад рукі.
Ён там доўга стараўся і да скарбца дабраўся,
Што быў туга, як кіем, набіты,
У ім ляжала без конца і рублёў, і чырвонцаў,
На дне пояс із золата літы.
Там яны, да астатка ўсё абчысціўшы гладка,
Усе чыста куточкі і шпаркі [26],
Выйішлі, ўсё пазбіралі ды дзяліціся сталі
Між сабою без крыўды, без сваркі.
I ўзялі так класці на тры роўныя часці,
Але пояс быў вельмі прыгодзен:
За яго сталі брацца, пачалі тут спрачацца,
А ўступіць то не хоча ніводзін.
Старшы кажа: «Паждзіце, калатні не рабіце,
Бо дабра з таго пэўне не будзе,
Як нямашака згоды — пондзем да ваяводы,
Ён нас хіба найлепей рассудзе».
Але ведаць не шкодзе, што таму ваяводзе,
Дзе згарнулі багацця нямала,
3 чарады быць суддзёю над таей стараною
Акурат пад той час выпадала.
I суддзя той такую меў налогу брыдкую:
Любіў вельмі ён казкі, бывала,
Зіму, восень і лета трымаў хлопца на гэта,
I той баяў яму што папала.
Спаць — здаровы ці хворы — мусіў ў панскай
каморы,
У кутку пры дзвярах на памосце,
Пан, як толькі прачнецца, на хлапца адазвецца,
Каб ён баяў харошага штосьці.
Вот жа злодзей той старшы, пад вакном ціха стаўшы,
Абыдвом сказаў пільна паслухаць,
Сам палез да пакояў, лёг за хлопца спіною,
Таму зелле пад нос даў панюхаць,
А тады на трывогу нагой грукнуў ў падлогу
Ды захроп на ўсю панску камору.
Пан як відзіш прачнуўся, на хлапца навярнуўся:
«Кажы казку, ты шэльма!» — гавора.
Той, змяніўшы размову, пачаў казку такову:
«За гарамі, далёка на свеце
Было некалісь сталых трох зладзеяў удалых,
Двох малодшых, старэйшы быў трэці.
Яны ў ночку туманну к аднаму прыйшлі пану
(Дазналіся, што грошай меў многа).
Старшы знаў загаворы, дык палез да каморы,
На дварню сну навёўшы цяжкога.
Ён там лазіў і гнуўся, ажно ў скарбцы спынуўся,
Хоць той вельмі дарэчна быў схован,
Там, на самым вяршочку, як і ў нас, мой паночку,
Ляжаў пояс, із золата кован.
Злодзей гэны ўсё з дому падаваў быў другому,
А ўжо трэці адносіў йшчэ далей,
I вось гэткім парадкам, вельмі спраўна і гладка,
Таго пана начыста абкралі.
Па рабоце той смелай, як прыйшло да раздзелу,
Выйшла ў іх калатня немалая:
Раздзяліўшы ўсё гладка, за паяс выйшла звадка,
Яго кожан сабе забірае.
Як здаецца, паночку (ды сыпнуў із мяшочка),
Каму пояс павінен дастацца?»
А пан ціха і скора ужо сонны гавора:
«Во! старшому! — няма што пытацца!»
Як той вылез адтуля: «А што, — кажа, — ці чулі,
Што сказаў нам сам пан ваявода?»
Дык на тым асталося, што каму давялося,
I настала ізноў у іх згода.
Як дачуліся недзе ваяводы-суседзі,
Лезуць ў вочы і роўны, няроўны:
Людзі, к жартам ахвочы, кпяць, смяюцца за вочы,
А найгорай мясцовы духоўны.
Дык таму ваяводзе стала слухаць ўжо годзе:
Ён пусціў пагалоску такую,
Каб старэйшы той злодзей к яму смела прыходзіў,
Бо яму пан ўсё падаруе.
Неяк раз адвячоркам — серадой ці аўторкам, —
Як здаецца, вясенняй парою
Здаравенны мужчына, ростам са тры аршыны
Паявіўся у панскім пакоі.
Пан той зразу спужаўся ды ў таго запытаўся:
«Ты адкуль тут узяўся, як з ямы?
Мо ты пояс мне сплавіў, дый шчэ казку тут
правіў?»
«Гэта я, мой паночку, той самы».
«Вота ж табе, мой братка, выбачаю на гладка,
Можаш нат барыша спадзявацца,
Калі зробіш ты штуку духоўнаму ў навуку,
Каб я мог ды над ім адсмяяцца!»
«Добра! — гэны гавора. — Адсмяешся, і скора,
Абы толькі хватала ахвоты…»
I, пазваўшы дружакаў, злавіў дзве торбы ракаў
Ды забраўся да мудрай работы.
Пайшлі ў поўнач глухую у бажніцу у тую,
Што стаяла на краі ў аддалі,
Усім ракам на плечы наляпілі па свечы,
Запаліўшы іх, поўзаць пускалі.
Ды прыбраўшыся самі ўдвох паслугачамі,
Усё святло запаліўшы на кепства,
Старшы ўздзеў дзеля віду духоўную хламіду,
Пачалі разам правіць малебства.
Стораж, калі прачнецца, сам не знае, дзе дзецца,
Кінуў вокам праз шчыліну ўсюды
I са страхам, з трывогай пёр да дому дарогай,
Ледзь прамовіў ён: «Дзівы ў нас, цуды!»
Пастар наш працёр вочы: «Што за ліха па ночы?
Звар’яцеў чалавек мо часамі?»
Той склаў рукі на грудзі: «Там анёлы, не людзі,
У бажніцы ў нас моляцца самі!»
Дык і ён прыпёр скора, «Fаtеr Unser» [27],— гавора,
На зямліцу упаўшы ніц тварам,
I слязінкі уроне, ажно гэны гамоне
Да яго, што стаяў прад алтарам:
«Браце, — кажа, — мой мілы, з боскай моцы і сілы
Табе ведаць сягоння патрэба
Насамперад вось тое, за жыццё за святое
3 душой, з целам ты пойдзеш да неба.
Толькі помні, мой браце, што сваё ўсё багацце
Для убогіх павінна астацца,
Ты ж праз месяц із дому, не сказаўшы нікому,
У дарогу павінен сабрацца».
I, святло пагасіўшы ды ракаў палавіўшы,
Пайшлі, смеючыся, дадому,
А наш пастар, што мае, усё скора збывае
I не кажа нічога нікому.
А тут з ветрам, бы хмарка, праляцеў месяц шпарка
I пара ўжо збірацца ў дарогу,
У адну ночку пануру, пад грымоты і буру
Далі знаць у бажніцы трывогу.
А духоўнікаў неба будзіць доўга не трэба:
Ён лічыў сябе госцем удому,
Дык як бачыш прыходзе і таксама знаходзе
Тое ўсё, што было месяц тому.
Яму госць напачатку кажа: «Вота ж, мой братка,
Я ад Бога сягоння прысланы,
Што ведаць патрэба, каб дастацца да неба,
Трэба лезці у мех скураны».
I духоўнік наш бача, як удвох паслухачы
Падстаўляюць вялізны мех — з пуню!
Ён, няпэвен, што будзе, склаўшы рукі на грудзі,
Сваю бедну галоўку ўжо суне.
Тыя, доўга не ждаўшы, крэпка мех завязаўшы,
Пацягнулі яго ад парога,
Толькі з меха стагнала, як яго падкідала,
Пакуль скончылась ў неба дарога,
Аж бурчэлі каменні, як цягнулі з сялення
На гару, дзе вісельня стаяла,
Там вяроўкай мех скора падцягнулі угору
I пайшлі, як ні ў чым не бывала.
А назаўтрае з ранку ваявода з нагайкай
I гасцей напрасіўшы сабранне.
Ды ўсёй грамадою акурат ў месца тое
Здумаў ехаць на паляванне.
Быццам ўрэчы не знае ды уголас пытае:
«А тут што? Йшчэ чаго не бывала!»
I, рубнуўшы палашам: «Я це, — кажа,—
пастрашу!»
Мех упаў, аж зямля застагнала.
А тут служкі прыпалі ды мяшок развязалі —
Адтуль пастар вылазе паволі…
Ваявода ж пацеху меў вяліку і смеху,
Жартаваў з бедака ён даволі.
I расказываць годзе, што найлепш выйшаў
злодзей.—
Стары баяў,— вось помніце, дзеці,
Як двох роўных збяруцца ды калі задзяруцца,
Карыстае заўсёды там трэці.
Неяк леташняй вясною
Было гэта, раскажу:
Два суседы між сабою
Завяліся за мяжу.
Адзін дзёрзкі быў, хоць голы,
Другі — слабай галавы.
Гэта Юзя Даўгаполы
I Казімер Канцавы.
Выставіўшы тоўста пуза
Ды са злосці аж сапаў —
Неяк з рання, мусіць, Юзя
На Казімера напаў.
«Ты мяжу зараў, завіднік,
Што няма дзе і ступіць.
Як табе не брыдка, стыднік,
Гэтакім зайздросным быць!
I зараў яе дашчэнту,
Ідзі толькі паглядзі.
I ты з гэтага маменту
Маім шнурам не хадзі!»
«Тваім шнурам? Во то дзіва!
Пазавём зараз людзей
I памерым, твая ніва
Будзе шырша ад маей».
«Эх ты, чалавек хвальшывы!
Лезеш ў вочы так, як гразь!
Ты лепш, покуль мераць нівы,
У мае яблыкі не лазь!»
«А ты, бесава сабака,
Завёў гутарку яку?
Не брашы ты, як сабака,
Не узяўшы за руку!»
Зразу ціха і паволі
Разміналі языкі,
А паждаўшы, далей-болей
Узяліся й за чубкі.
Наш Казімер быў слабейшы,
Дык Язэп яго змалоў
I душыў, на грудзі ўссеўшы,
Ды спусціў і з носа кроў.
I Казімер быў ваяка,
Хоць нядуж, але хіцёр:
Кусаў з долу, як сабака,
Кіпцюрамі «маску» дзёр.
Тут суседзі крык учулі
Ды шмат біцца не далі,
Так, як пеўняў, расцягнулі
I вадою аблілі.
Наш Казюк з крывёй на твары,
Каб убачыў гэта люд,
Паляцеў да канцыляры
Падаваць Язэпа ў суд.
Але там, як на пачатак,
Пакуль дзела завясці,
Трэба яек хоць дваццатак
«Пану пісару» нясці.
Пані іх сама прымае,
Лічыць некалькі разоў,
Перад свечкай разглядае,
Каб не было баўтуноў.
Два дзесяткі да Кабялы
I да воласці павёз,
Толькі яны былі малы —
I крыўляла пані нос.
«Ты вось, мусіць, вінаваўца
Альбо ліхі чалавек,
Бо прынёс малыя яйца,
Хіба толькі як на здзек!»
«А няхай мяне Бог крые! —
Тут Казімер падхапіў.—
Гэта куры ў нас такія,
Каб іх ястраб залупіў!»
Пасля таго свет бы вымср,
Было ціха нядзель пяць.
Толькі «ліхі» наш Казімер
Пачаў «дзела» нарушаць.
Але «дзела» — як калёсы.
Хоць ты праў будзь і дасуж
I пазірай сабе скоса,
Не падмажаш — ані руш.
Дык Казюк наш добрай меры
Прыцягнуў мядку збанок.
Юзя ж праз другія дзверы
Паўсланіны прывалок.
Там, як гэта атрымалі,
Другі пайшоў разгавор:
I павесткі атрымалі,
I назначылі разбор.
А Казюк з Язэпам, гэтак
Як дурныя бараны,
Намаўляюць сабе сведак
Кожын з сваёй стараны.
Суд прыпадаў на суботу,
I народ з усіхніх мест,
Дома кінуўшы работу,
Пацягнуўся, як на фэст.
У святліцы памост мыты
I дзве лавы стаяць гэт,
Стол, зялёным сукном крыты,
На сцяне царскі партрэт.
За тым сталом пасядалі
Самі суддзі ўчатырох.
На грудзях маюць медалі
I над кнігаю залог.
Сыт і гладак, не сухотнік,
Бо здароў, як дуб лясны,
I да баб добры ахвотнік —
Гэта пісар валасны.
Ён законы усе знае,
I кіруе мазгаўнёй,
I рашэнні састаўляе.
А хіцёр жа, о-ё-ёй!
Першы Якуб, прадсядацель,
Пасярэдзіне сядзіць,
Носам дзюбае, як дзяцел,
Не то дрэмле, не то спіць.
Другі — Васіль. 3 смешнай мінай.
Смярдзіць водкай, як з катла.
Ды і з рота яго сліна
Аж на грудзі пацякла.
Трэці, Адам, знаць, набраўся,
Выглядае як бы злы,
Бо ўжо, відаць, засмаркаўся,
Скора будзе драць казлы.
А чацвёрты, як угрэўся,
Дык сапе, нібы мяшок,
Ды парадна ўжо забздзеўшы
I смярдзіць так, як шашок.
Усе яны падгулялі,
Аж тыкеля пыл пайшоў.
Толькі пісар наш, казалі,
Да Трылесаў не дайшоў.
Ён і кажа: «Будзе трудна
Гэта дзела нам рашыць,
Бо яно нам не падсудна,
Лепей будзе адлажыць».
Але суддзі сталі дубам:
Нашто маем адкладаць?
Кажуць Змітрок з Якубам:
«Трэба сведкаў запытаць».
«Клічце тады першу сведку!»
Ды глядзяць на яе ўсе —
Казімераву суседку —
I пытаюць пакрысе:
«Дзе была: дома ці ў полі?
I хто ўперад пачынаў?
Ды каторы гэта болей
3 іх катораму наклаў?»
«Я была там мімаходам
Дык і бачыла крыху,
Як Казюк быў падысподам,
А Язэпка навярху».
«Многа было сукравіцы?
Кажы праўду, не крыві!»
«Былі поўны нагавіцы,
Але, мусіць, не крыві.
Бо ў калошах было поўна,
Няма тут чаго й казаць:
Адна была мера поўна,
I ў другой як завязаць».
Тут другога пазываюць
I з Язэпа стараны.
Той галавою целяпае,
Упёр дупу да сцяны.
Пытаюцца: «Што бачыў?
Ці Язэп Казюка біў?»
«Не, тыкеля акулачыў,
Але мала яго біў».
«Ну, Язэп, напраўду шчыра,—
Прадсядацель стаў казаць,—
Прасі у Казюка міру,
А то будзеш шкадаваць».
«Я прасіць ў яго не буду!
Каб ён толькі не даждаў!
Не даволен вашым судам!
Мала гузу тады даў!»
Тут узяўся пісар прэціць:
«Так няможна гаварыць,
Каб пры царскім пры партрэце
Пачаў кожан нам грубіць!»
А пад гэта нашы суддзі
Падхапілі ў адзін лад,
Што урэшце трэба будзе
Запісаць яму «узад».
Шапнуў Якуб да Адама:
«Яшчэ будуць барышы.
Я у зад і ты таксама,
Пан, у зад яму пішы».
У валасное упраўленне
Стаў збірацца наш народ,
Бо тут, як на утрапенне,
Сказаў земскі сабраць сход.
Уперад дальшыя сяляне
Папрыходзілі таўпой,
А нарэшце і мяшчане
Прыцягнуліся парой.
Зборня поўна да парога,
Усе громка гаманяць.
Накурылі дыму многа,
Аж нічога не відаць.
Выйшаў земскі ды гавора:
— Трэба будзе вам зрабіць
Банчок сельскі, адкрыць скора,
Манаполькі ўсе закрыць.
На банчок трэба спачатку
Злажыць грошай адну часць,
А другую — наастатку.
Гэну, кажа, казна дасць.
Прадсядацеляў і членаў
Трэба будзе выбіраць,
А ўжо яны, каму трэба,
Будуць грошы пазычаць.
Банк зрабіўшы, ужо столькі
3 вас жыдкі не будуць драць,
А закрыўшы манаполькі,
Будзе п’янства уціхаць.
Зашумелі нашы брацця
I нарэшце загулі —
Як касец на сенажаці
Пырне ў купіне чмялі.
— Добра, — кажуць, — земскі радзіць:
Нас не будзе драць Аўсей.
Але ж, пэўна, не пагладзіць
Ані Сцёпка, ні Андрэй.
I папраўдзе тут прызнацца,
Што, бадай, ці не ва ўсім
3 жыдам можна меркавацца
Ці не лепей, як з сваім.
Хоць з вагой і мерай, самі
Знаем добра, нас дзярэ,
Пяньку і лён з канаплямі
За нішто у нас бярэ,
То яго ты, як скаціну,
Хоць у бараду наплюй,
А вот банкаўскаму чыну
Зрабіць гэтак паспрабуй!
Манаполькі, распіўныя —
Усё ліха, усё зло!
I тракціры, і піўныя —
Каб іх звання не было!
I крычалі усе людзі,
Той ахрып, а той спацеў.
Аж гукнулі: няхай будзе
Так, як земскі захацеў!
I ў той час па добрай волі
Распісаліся усе,
Што гарэлкі ніхто болей
Да губы не паднясе…
I падумаў бы хто, можа:
Люд там добры мае быць.
Але дзе! — барані божа! —
Яшчэ горай сталі піць.
Хоць так моцна наракалі
На папой гэны гаркі,
Манаполькі як прапалі —
Завяліся браваркі.
Пагінуў снег ужо на полі,
Усюды стала гразь, вада.
Стральцам жа гэта не бяда —
Есць птаства ўсякага даволі:
Пішчыць кулік і цягне сломка,
Вабіцца шэры ярубок,
Ды і глушэц ляціць на ток,
I цецярук балбоча громка;
Шпакоў, драздоў, чаек нямала,
I стады качак ды гусей.
Трудна злічыць дзічы усей,
Што к нам яе папрылятала.
А тут Вялікдзень наступае,
Добра было б яно, але,
Каб мець звярыну на стале,
Бо чуць не кожны яе мае.
I вот не надта даўно, зрання,
Прыслаў стральца мне неяк Бог,
Дык мы як відзіш з ім удвох
Пайшлі сабе на паляванне.
Час нам папаўся непагодны,
Дзень вельмі дужа слотны быў,
Як цераз сіта дожджык ліў,
I ветрык павяваў халодны.
I чуць успелі мы дабрацца,
Не затрымаўшыся нідзе,
Брылі па гразі, па вадзе,
Цераз раку паўзлі па кладцы.
I хоць змарыліся, у поце —
Угаварылісь, як рабіць:
Лупіць, што толькі падляціць.
Заселі ў будках на балоце.
Мінула поўнач ўжо глухая,
На небе пачало шарэць,
Было ўжо значна, што світае,
Хоць і не надта, а ледзь-ледзь.
Аж недзе там, сярод балота,
Працяжна закрычаў жураў,
А тут баранчык забляяў
I чайкі рынулі, як слота.
Цяцеркі скора заквакталі,
Зараз зашыкалі самцы,
Як на ігрышчы ў нас хлапцы,
Уголас ўсе забалбаталі.
То адлятае, то садзіцца,
То хвост распусціць, як індык,
То шыю выцягне, як бык,
I схопяцца з сабою біцца.
Вот мы нагледзеліся многа!
Няма на што і наракаць,
Але каб што упаляваць —
Дык не ўдалося нам нічога!
Праз меру доўга мы сядзелі,
А чалавек — гэта не дуб.
У роце клікаў зуба зуб,
Аж нашы стрэльбы акалелі.
Цяпер успамінаць аж жудка,
Як было холадна, дык страх!
Трасліся стрэльбы у руках,
Цецерукі ляцелі ў будкі.
Праўда, ідучы каля мшару
Аж па калені у вадзе,
Хоць не было відно нідзе,
Узагналі неяк качак пару.
Відно, былі праз меру смелы,
Бо, ўзняўшыся яны ўгару,
Кружылі доўгую пару,
А мы далі чатыры стрэлы.
I няхай хто як хоча судзе,
Хоць не папалі мы у іх,
А страхаў далі не малых,
I жыцця, пэўна, ім не будзе!
Нам пасля тога палявання
Халодна было там сядзець:
3 парожнім брухам і мяшком
Збіралася, мусіць, з вяршком
Вёрст із пятнаццаць да трапання.
Але мы там не асталіся
Ды пацягнуліся дамоў,
А мой кумпан саўсім прыстаў —
Ледзь-ледзь паволі дапляліся.
I на другі ўжо раз, бывала,
Ніяк і ногі не ідуць,
Як паляваць куды завуць:
Саўсім ахвота ўжо прапала.
Як чутно, дык гэтак, мусі,
У нас на цэлай Беларусі
Кожны двор і кожна хата
Мае прыказак багата
У кожнай справе, ў кожным дзеле,
Як падумаеш тыкеля.
А спісаць іх ўсе з натуры,
Дык валовай мала скуры.
Але прыказкі ўсе гэты
Не ліхой бываюць мэты,
Іх прыкмеціць толькі штука,
А там — кожнаму навука…
У адной вёсцы даўнавата
Жыў адзін мужык багата,
Так, як іншы раз бывае,
Калі ў масле сыр плывае.
Меў і грошай, і будынку,
I харошую скацінку,
Меў дачушку і сыночка —
Удалога адзіночка.
А пражыўшы веку спора,
Як прачуў канец свой скора,
Залёг стары ў караваці
Ды дзяцей к сабе стаў зваці.
«Дзеткі,— кажа, — мае мілы,
Я ўжо блізак да магілы!
Табе, дочка, трэба будзе
3 волі божай пайсці ў людзі.
А ты, сынку, як Бог здарыць,
Калі будзеш гаспадарыць
Водле бацькаўскага ладу,
Дык старога помні раду:
Калі ты ідзеш з сахою,
3 возам, з бараной, з сяўнёю,
Не кажы, ідучы з дому,
„Памажы, Божа!“ нікому.
А другое знай, ці чуеш? —
Як арэш ці барануеш
Ды дамоў будзеш адходзіць,
Абгародзіць не зашкодзіць.
I нарэшце помні гэта:
Ці то восень, вясна, лета,
Ці зіма — каб круглым годам
Табе яда была з мёдам».
Расказаўшы гэта сыну,
Ён у тую жа часіну,
Так казалі ўсе аб гэтым,
I расстаўся з божым светам.
Яго пекна пахавалі,
Успамінкі, бач, спраўлялі,
Прадаўшы на то карову,
Далі на мшу трырублёву,
А яшчэ тры разы столькі
Заняслі у манаполькі.
Прызабыўшы крыху гора,
Сястра замуж выйшла скора.
Брат быў справіў ёй вяселле
I ўсяго на наваселле
Даў і нават не скупіўся.
Ды жаніцца сам жаніўся.
А натуру меўшы шпарку,
Узяўся сам за гаспадарку.
Як ідзе ці едзе, можа,
То не дасць «Памажы, Божа!».
А араць ідзе з сахою,
Вязе плоту воз з сабою,
I як толькі араць годзе —
Што ўзарэ, тое гародзе.
После даў сабе выгоду:
Накупляў і пчол і мёду,
Есць уволю і сыцее,
Але штось не багацее.
Парой не ўсее, не уробіць,
Дык і збожжа ўжо не родзіць.
I карысці няма з плоту,
Ды сагнаў з мёду ахвоту.
Спахмурнеў хлапец, казалі,
Ды смяяцца з яго сталі:
Ці пашкоджана сяліба,
Ці з мазгоў сышоў ён хіба?
Ён-то неяк раз вясною,
Сеўшы ў полі пад мяжою,
Аб сваім думаў няшчасці,
Плакаць стаў і бацьку клясьці,
Што не шэньціць і не родзіць.
Аж мяжою падыходзіць
Да яго дзядок старэнькі,
Увесь, як галубок, сівенькі,
Із кіёчкам, торба бела
На плячах яго вісела,
Ды каптанік на ім новы,
На нагах лапці ліповы.
3 яго вочак святлом біла.
Стала хлопцу неяк міла.
А як стаў, разгаварыўся.
Дзядок стаў пытаць паволі,
Чаго плача ён на полі:
«Ці бацькоў то смерць забрала?
Ці няшчасце напаткала?
Ці жыццё табе дадзела?
Гавары мне, сынку, смела!»
«Не, не маю я нічога,
Ані крыўды ні на кога,
I ніхто мне не пашкодзіў —
Мяне бацька мой сазводзіў».
Ды прызнаўся перад дзедам,
Як той есці казаў з медам,
Гарадзіць пашню на полі,
Прытым не казаць ніколі,
Ідучы на поле з дому,
«Памажы, Божа!» нікому.
Паківаў дзед галавою:
«Сынку, робіш ты не тое
I на бацьку дарма брэшаш,
А за гэта цяжка грэшыш.
„Памажы, Божа!“ не даці —
Гэта значыць не заспаці
I старацца, мой саколе,
Чым найраней выйсці ў поле.
Дык не ты ўжо дасі людзям —
Табе кожны даваць будзе.
3 гарадзьбой рэчы такія:
Узарэш гонцы, другія,
Абжэнь сошкай ці баронкай,
Абгародзіш баразёнкай.
3 мёдам то такая справа:
Кожная салодка страва,
З’ясі смачна, мёд пачуеш,
Калі добра папрацуеш».
Рэкшы гэта, дзед старэнькі
Зноў мяжою праз засценкі
Ужо далёка апынуўся.
Покуль з думак быў ачнуўся
Наш хлапец, ніхто аднача
Анідзе дзядка не бачыў.
Скуль узяўся і дзе дзсўся,
I што ён рабіць тут меўся,
Хто ён быў, ніхто не знае.
Быццам сам Бог, хлопец бае,
Бо з той пары ў яго хаце
Скора знайшлося багацце,
Стала зноў радзіць на полі,
I ўсяго было даволі.
А суседзі яго тыя,
Людзі злосныя, благія,
Што смяяліся, брахалі,
Завідаваць яму сталі.
Гэтак бывае часамі,
Але ведаем і самі,
Што на свеце так бывае:
Хто працуе, той і мае!
Паглядзеўшы, дык, здаецца,
Не найгорш у нас жывецца,
А прызнацца, даліпан,
Усюды лгарства ды абман.
I не трэба многа рыцца,
Каб шукаці ды дзівіцца.
Паслужыць можа цяпер
Хіба гэтакі прымер.
Пры сталіцы люднай, спорнай,
На зямліцы жырнай, чорнай,
Між узгоркаў і раўнін
Там пасёлак быў адзін.
У тым пасёлку зухаваты
Дык селянін жыў багаты,
Бо ячмень хвацка радзіў.
Не найгорай дзядзька жыў!
Меў скацінку, грошай, хлеба
I ўсяго, чаго патрэба.
Ды сказаўшы акурат,
Быў той дзядзька скупават.
А прымаўка ёсць, мой браце,
Што скупы два разы траце.
Дык і з ім, сказаць, падчас
Так бывала іншы раз.
Раз было вось так аднака:
Укарміў ён падсвінака,
Як бы гэта вам сказаць,
Пудоў шэсць, а можа, пяць,—
Нібы вылепіў із цеста.
I павёз яго у места,
Спадзяваўся дзе, відаць,
Вельмі дорага прадаць.
А хацеў за свінку гэну
Ды трайную узяць цэну.
Таргаваў другі, глядзеў,
А купіць то не хацеў.
Прастаяў так торг, і годзе!
Аж пад вечар падыходзе
Да тавару сябра чыст,
Кажа: «Буду арганіст
I даўно хаджу па рынку,
Для ксяндза шукаю свінку.
Ваш тавар мне па душы,
Дайце зробім барышы».
I уміг, зараз без мукі
Перабілі ў торгу рукі.
«А па грошы сходзіш, Вашць,
Да касцёла — ксёндз аддасць.
Тож не дома, а ў дарозе:
Паляжыць свінчо на возе.
Мы з Вашэцяю уміг
Сходзім разам удваіх».
I вандруюць да бажніцы.
Ажно там у спавядніцы
Ксёндз вікары, дабрадзей,
Спавядаў сваіх людзей.
Пастаяўшы у народзе,
Да ксяндза ён падыходзе.
Стаўшы ціха пры акне,
I на вуха шапяне
Ды з вачэй пускае слёзкі.
Кажа: «Я з далёкай вёскі,
Тут дурнога брата меў
I да спозедзі прывеў».
I як там стаяў з ім радам,
Адступацца узяў задам
I убіўся у народ
I з касцёла ды у ход!
Ксёндз па сябра паглядае.
Бачыць, нешта ён міргае,
Дык гамоне: «Ну, кленцай!»
А той кажа: «Грошы дай!»
«Што за грошы?» — ксёндз пытае.
А той зноўку паўтарае.
Кажа: «Войча, не круці,
А за свінку заплаці!
Не патрэба было слаці
Арганістага купляці,
А так стаў, не варажы,
Толькі грошы палажы».
Здагадаўся ксёндз: ці чулі,
Хіба жулікі надулі!
«Вашэць, дык скарэй ідзі
I ці конік ёсць, глядзі».
Той на двор ў вялікім руху,
Ажно свінкі ані духу.
«Сябра» як упаў ў агонь.
Шчасце, што астаўся конь.
Гавораць людзі, што спрадвеку
Жылося цяжка чалавеку:
Цярпеў заўсёды бедны стан,
Бо яго крыўдзіў цар і пан.
Кажуць, што некалі, бывала,
Крыўды і слёз было нямала,
Але сказаць, і ў гэты час
Бывае моташна не раз.
Цяпер усюды ўголас баюць
I надта многа абяцаюць
Багацця і дабра ай-вай! —
Што ўжо на свеце будзе рай.
Але, як кажуць, абяцанка
Бывае для людзей спадманка
I радасць толькі для… дурных —
Такая гутарка старых.
Слабейшаму заўсёды цяжка.
Не — то і шэрая сярмяжка
Не раз твой карк худы сагне,
А можа, іншы скажа: не?
Даводзілася ўсім нам дужа,
Але найгорш таму, хто служа.
Той і сягоння пацярпеў,
Каторы з службы хлеб свой еў,
Хоць служба, як вялося здаўна,
Адна другой была не раўна.
Не будзем тога разбіраць —
Я аб сабе хачу сказаць.
У адной закінутай старонцы,
Гдзе ў дзень пагодны свеціць сонца,
Гдзе ўлетку — дождж, зімой — мароз,
Там я радзіўся, там і рос.
Бацькі мае хоць і хацелі
Мяне вучыць, але не мелі
Адкуль бы спосабу узяць,
Мяне ў навуку каб паслаць.
Ацец мой быў чалавек працы,
Служыў ў дварэ ён пры палацы
I там за працу і свой пот
Браў сарачню рублёў на год.
Само сабой, ў такія часы
Не мог аддаць мяне у класы,
Але затое, відзеў Бог,
Што ён зрабіў тае, што мог.
Дастаў надзел тры дзесяціны,
Крыху пашні, крыху бяліны,
У мястэчку шчупленькі пляцок
I збудаваў для нас дамок.
Матка мая, дык сказаць гэта,
Была гаротная кабета,
I вельмі мала светлых дней
На долю выпадала ей.
Мяне яна вельмі любіла,
Чытаць па кніжцы навучыла
I ставіць, помню як цяпер,
Кружкі і палкі на папер.
I гэтак — без вялікай штукі —
Усёй было маей навукі,
Але й праз гэту ўжо навек
Я стаў пісьменны чалавек.
Хоць я да гэтакай работы
Не вельмі многа меў ахвоты,
I, праўду божую сказаць,
Любіў я лепей пагуляць.
Але хто з нас ды без укору,
Не быў такім у гэну пору,
Калі нічуць не рупіць быт,
Абы не голы быў, а сыт?
Ой, гэты век! У людскім родзе
Чаму так скора ён праходзе?
I после той маленства час
Багат ўспамінкамі не раз.
Ён мне прамчаўся вельмі скора.
Прыціснула адразу гора,
Пазнаў адразу я бяду.
Дано так, мусіць, на раду,
А можа, баба, як купала,
На ўрокі спосабу не знала?
После і хрэст ўжо не памог.
А можа, гэтак судзіў Бог?
I, як усе з яго прыказу,
Змярлі бацькі мае адразу,
А я з парожняй калітой
Астаўся круглай сіратой.
Нягодныя насталі часы,
Як выйшлі скора ўсе запасы,
А тут якраз ішло к зіме —
Не сталі гульні науме.
А стала, як гавораць проста,
Нічога ўліць ані у вошта.
Тады прыйшлося спусціць нос.
Я думаў: згінуць трэба будзе.
Але перш Бог, а потым людзі
Сталі вучыць і памагаць,
Як трэба гора гараваць.
Як стаў саўсім я адзінокі,
Надумаў ехаць ў край далёкі,
Бо акурат у гэны час
За мора ехалі ад нас.
Але мужык — ён заўш варона:
Жаль стала роднага загона
Ды свайго ўласнага кутка,
Старэнькай цёткі і дзядка.
Вота ж я ў сваім хвальварку
Узяўся сам за гаспадарку
I папраўляцца стаў, але
Чуць не папаўся ў маскале.
I каб не дзед мой, каторы
Памёр у тыдзень па наборы.
Не захацеў на свеце жыць —
Пайшоў бы да цара служыць.
Паволі я крыху абжыўся,
Крыху паждаўшы, ажаніўся:
Дастаў кабету не на жарт,
Хоць, можа, быў яе не варт.
Хоць не з вялікае навукі,
Ды залатыя мела рукі,
Усё зрабіць сама магла —
I жонка добрая была.
Да вас, удалыя малойцы,
Мне хочацца сказаць два слоўцы
I раду добрую падаць,
Як трэба жонак выбіраць.
Звяртайце заўсягды увагу,
Каб многа не шукаць пасагу,
Ані ўганяцца за красой,
Ні за багатаю раднёй.
Пустая твар і ўся фігура,
Калі нягодная натура,
Язычлівая ці гультай.
0, гэтакай ты не чапай!
Пяройдзе грош, краса прывяне,
Радня цурацца цябе стане,
А з благой бабай чалавек
Прапашчы будзе на ўвесь век.
Глянь, гдзе дзяўчына акуратна,
Хоць будзе бедна, ды апратна,
I не лядашчая ізноў,
Добрай радні, добрых бацькоў,
Не любіць ветрыць, як другія,
Але і вытча і пашые,
Ды як не мажа на твар фарб,—
Такая жонка — гэта скарб!
Я ж дык узяўся, ўрэчы з карты,
За гаспадарку не на жарты,
За барану, саху і цэп —
Стаў дабываць паволі хлеб.
А всдама, з такой валокі,
Як быў яшчэ я адзінокі
I покуль што з кабетай сам,
Жылося з горам папалам.
Але ад Бога ці нарокаў,
Як стала прыбываць прарокаў,
Трудно з батраччыны пражыць,
Пайшоў і я у двор служыць.
Служба — от, ведама, як служба,
І, як гавораць, што не дружба,
Няхай яе агорне бес!
Мяне назначылі у лес
Пільноваць значнага абшару
Ад крадзяжоў і ад пажару
I ад усякіх іншых шкод
Зіму і лета — круглы год:
Палосся, моху каб не дралі,
Сабак у лес каб не пушчалі,
Гарэхаў, ягад і грыбоў
Каб не збіралі без квітоў…
Бо на пашу ў лесе жывёлы,
На шышкі, венікі, памёлы,
Урэшце, на віткі да барон
Быў вельмі строгі забарон.
Вота ж гэтакім парадкам
Было хлапотаў пад дастаткам,
Было не раз многа бяды,
Былі разбоі і суды
I пры пасадцы, пры прадажы,
Але найгорш дык пры пакражы
Бывала прыкрасці падчас,
Кляцьбы і лаянкі не раз.
Бо і даўней і ў нашы часы
Мужык заўсёды на лес ласы,
Не ўсцеражэш яго нідзе,
Калі захоча — украдзе.
Наш пан, так, як і ўсе, вядома,
Ніколі не сядзеў ён дома:
Круціўся ўсюды як на здзек —
Быў не найгоршы чалавек.
Калі не сам пан, дык панята
Не гладзілі нашага брата,
Не спагадаючы нічуць,
Часта любілі падцягнуць.
А іх — і большанькіх, і меншых,
I паўнамоцных, і слабейшых,
Як маладых, так і старых —
Было прыезджых і сізаіх.
Бывала — каб на іх халера! —
Другі на грош табе не вера,
I кожан гэтакі мядзведзь,
Гдзе горш — туды цябе папрэць.
3 іх кожнаму, каб зналі-чулі,
Так нараві, як ліхой скуле,
Ды карк свой нізенька прыгні
I сваю лямку дальш цягні.
Так і глядзі, адкуль што будзе:
Адтуль — паны, адгэтуль — людзі;
Адны цябе усюды пруць,
Другія — лаюць і клянуць.
I будзь тут мудрым ў такім смаку!
I хоць рассыпся драбней маку
Або уголас галасі —
Ніколі рады не дасі.
Бо такі, мусіць, і не сніўся,
Не толькі што не нарадзіўся,
Каб так усім як мае быць
Патрапіў роўна угадзіць.
I так цягнулася гадамі,
То крыху лепш, то горш часамі,
Часта змяняліся паны,
I так жылося да вайны.
Але настаў той час нязгоды —
Захваляваліся народы,
Многа паклалася галоў,
I налілася ракой кроў.
Ад Бога ці ад злога духа
Пайшла па свеце завіруха,
Прапаў парадак, згінуў лад,
Калі паўстаў на брата брат.
Пайшло пад ногі ўсё святое,
На глум, на здзек — дабро людское,
Загінуў стыд, забыты грэх,
Вера бацькоў пайшла на смех…