Музыка ў кавярні грымела моцна, і каб размаўляць з Марго, даводзілася казаць ёй у самае вуха – і ўдыхаць такі вабны пах яе скуры і валасоў. І сам Мацвей падстаўляў сваё вуха да вуснаў Марго, па-шчанячы ў душы папіскваючы ад адчування (ці яму здавалася) не пругкага паветра з вуснаў дзяўчыны, а кранання саміх вуснаў ягонай скуры.
Але такая гаворка яўна надакучыла Марго, і яна выгукнуўшы: “Потым паразмаўляем!”, лянотна пацягвала праз саломінку кактэйль і без асаблівай цікавасці азірала залу ў рознакаляровых сполахах святла. Па ўсім, ёй было не вельмі весела, і Мацвей адчуваў сябе вінаватым. Пасля таго, як Марго двойчы адмовілася ісці танчыць, ён ёрзаў на сваім стуле, раўніва зіркаючы на дужых дзецюкоў, што раз-пораз праціскаліся да барнай стойкі акурат паўз высока аголеных кароткай спадніцай ног Марго, не прамінуўшы кінуць зацікаўлены позірк на іх і на гаспадыню. То калі Марго, дапіўшы напой, нахілілася да яго і пракрычала: “Хадзем!”, Мацвей адчуў палёгку.
– Ну, расказвай, што ты новага накапаў пра сваіх дзядоў? – запыталася Марго, апынуўшыся на вечаровай вуліцы.
– Прабач… Не паспеў як след, – прамармытаў Мацвей. Яго трошкі злавала упартасць Марго ў пытанні яго спадчыннікаў: чаму яны так важныя ёй? Раней ён баяўся выказаць услых гэтую думку, цяпер жа, трошкі разняволены порцыяй алкаголю мозг загадваў супраціўляцца поўнаўладдзю над ім дзяўчыны. І Мацвей выказаўся: – Я не разумею ўвогуле, навошта гэта ведаць? Мінулае – гэта пыл, гэта мярцвячына, ад яго трэба абтрасацца і рухацца наперад. Што мне дало веданне пра дзеда, які ўсё жыццё прарабіў у нарыхтоўчай канторы, спачатку рахункаводам, потым – загадчыкам? А бабуля – бухгалтарам у спажывецкім таварыстве?
– Бо ты – малы дурань, які яшчэ не раскрыў вочы на патрэбныя рэчы, – паблажліва заўважыла на гэта Марго. – Падобнае цягнецца да падобнага, Твая бабуля пайшла замуж не за нейкага дворніка – яна абрала для сваіх дзяцей бацьку з кагорты таго ўзроўню, на якім знаходзілася сама. Так урэшце нараджаецца і эліта.
– Вось як, эліта… – з жалем уздыхнуў Мацвей. – Выходзіць, я туды не цягну са сваім радаводам?
– Якраз цягнеш, – глянула на яго Марго, быццам толькі зараз ацэньваючы юнака. – У цябе ўжо ёсць зачаткі інтэлігентнасці, у будучым справа будзе паляпшацца, як не ажэнішся з якой калгасніцай.
– А што, інтэлігентным стаць нельга, ім неабходна нарадзіцца? – пад’юдзіў Мацвей, хоць гэта было рызыкоўна ў адносінах з Марго, але яна ажно прыпынілася ад той важнасці, якое пачула ў пытанні.
– Вось іменна! Нельга! Стаць – нельга! – казала Марго так пераканаўча і так упэўнена, усё роўна як сцвярджала, што Зямля круглая, а Месяц свеціцца адбітым святлом. – Інтэлігентнасць – справа пакаленняў, прытым, непарушных у сваёй сувязі! Выхаванне, навучанне плюс генетыка! Інтэлігент у нейкім дзясятым пакаленні, хоць змалку апынецца закінутым у любыя ўмовы, зможа ўсё адно захаваць у сабе гэтыя рысы высакародства. Ён бачны!
– Добра, згодзен. Але навошта? Сёння – навошта? Тут так усё змяшалася: учарашні крымінальны аўтарытэт робіцца бізнесменам-мецэнатам, шпана з раёна становіцца уладальнікам казіно і рэстарана. Яны сёння дыктуюць жыццём, хіба не?
– Аха-ха-ха, дурнічка! – шчыра рассмяялася Марго. – Гэта ўсё – вонкавасць, мішура. А розумам грамадства кіруюць іншыя. Інтэлігенты. Сапраўдная эліта грамадства, а не гэтая, якая на глянцавых вокладках часопісаў. То папса. Зразумела табе?
– Ды быццам так, – уздыхнуў са згодай Мацвей, але чорцік супярэчнасці ў ягонай галаве не збіраўся адпачываць: – Ды, шчыра кажу, Марго, не разумею я гэтых гульняў у эліту. Светам кіруе навука. Свет трымаецца на навуковым прагрэсе. І я не кажу пра тэхнічныя задачы, якія якраз навуцы сёння рашыць. Я кажу пра палітычныя тэхналогіі, якія распрацоўваюцца зыходзячы з аналізу, што можа даць толькі навука. І распрацоўваюцца яны па законах, адкрытых навукай…
– Вой, цябе вучыць і вучыць, – зірнула з сапраўднай скрухай у вочы хлопцу Марго. – Ты будзеш вучоным, будзеш! Але будзе той, хто пачне табе ставіць задачы для рашэння. Зразумеў, мілы магістрант?
Мацвей стаў ужо збірацца з думкамі, каб адказаць гожа – у яго было што адказаць, ён згадаў бы і фундаментальныя навукі, і выпадковыя адкрыцці. Яны ішлі сярэдзінай вуліцы, і хіба што асвятленне указвала на тое, што зараз не дзень, а позні вечар – уся прастора вакол поўнілася людзьмі, даносілася музыка як са шматлікіх бараў, так і наперадзе група музыкаў уладкавалася на тратуары і грала віскліва-бухаючае. Паветра было сумессю з пахаў дарагога парфуму, гарэлачнага перагару, кавы і смуроду з кальянных – несла ад сустрэчных людзей, з дзвярэй бараў.
Ён не паспеў адказаць – раптам перад імі ўзніклі двое. Мужчыны гадоў па сорак, апранутыя зусім не для тусовачных мясцін, нагадвалі чыноўнікаў сярэдняга звяна – з-за іх незалежнага трымання сябе на гэтай пярэстай вуліцы, што відавочна была для іх чужой.
– Адну хвіліну, прабачце… Мацвей Хрысцік?
Голас спакойны, нават ветлівы, але колькі ў ім ўлады пачулася! Ажно мурашкі пабеглі па Мацвеевай спіне гэтага тону, а можа, – ад прадчування.
– Так, я Мацвей…
– Вам трэба прайсці з намі…
І ўжо Марго апынулася ўбаку, адціснутая ветлівым, але жалезным плечуком, а Мацвей адчуў, як справа і злева ягоныя рукі ля локцяў захапілі моцныя абцугі пальцаў.
– Ды што такое? – хацеў абурыцца, але голас выдаў ягоны спалох – Мацвей адчуў пагрозу не быць збітым, а нечага больш значнага для сябе. Таму было ў яго голасе трошкі плаксівай просьбы.
Усё заняло нейкі адзін момант, ніхто з мінакоў і ўвагі не звярнуў, і Марго не паспела нічога зразумець. Яна і памкнулася была да Мацвея з ягонымі нечаканымі ахоўнікамі, але тут бы з пахаў вуліцы матэрыялізаваўся трэці, на гэтых двух падобны, спыніў яе і стаў ціха казаць. А ўжо прайшлі два ці тры крокі, Мацвей намогся быў спыніцца, азірнуцца назад і крыкнуць ёй, але з абодвух бакоў рукі яго цісканулі моцна, ажно да болю і злева ў вуха пачуўся кароткі, як стрэл, шэпт:
– КДБ. Ціха!
І гэты шэпт, надзіва, супакоіў Мацвея. Гэта не нейкія гопнікі, КДБ – сур’ёзная арганізацыя, можа, самая сур’ёзная з усіх, дык яму, Мацвею, няма чаго хвалявацца. Ён ім трэба – што ж, ён гатовы адказаць на іх пытанні, бо паважае гэтую службу. Ён ажно выдыхнуў, расслабіўся, пайшоў спакойна, імкнучыся патрапіць у крок сваім “ахоўнікам”.
Падышлі да машыны, селі на задняе сядзенне. Ніхто не сказаў ні слова, машына кранулася з месца.
– Мацвей Хрысцік, магістрант, пражываеце на Кульмана?.. – гучна спытаў той, што сядзеў спераду, правільней, не спытаў, а запатрабаваў пацвярджэння сваім словам.
– Так, Хрысцік, магістрант, – спакойна адказаў Мацвей. – Прабачце, а што здарылася?
– Даведаешся, – холадна тыкнуў у адказ гэты спераду і Мацвей адчуў кволы халадок у жываце.
Але ён быў спакойны да таго моманту, пакуль не дайшлі да ягонага пакоя ў інтэрнаце. Праўда, непрыемна было бачыць перапалоханы твар вахцёркі. І зусім прыкра было уяўляць сябе збоку: яго вялі, не сам ён ішоў, трымалі яго. Як… арыштанта.
Ля свайго пакоя мозг Мацвея ліхаманкава запрацаваў, спрабуючы падабраць магчымы варыянт развіцця падзей і пошукаў галоўнай прычыны: навошта гэта ўсё? Зайшлі ў пакой, сужывец-першакурснік нейкім невядомым чуццём адчуў, што перад ім – людзі без жартаў, падскочыў і стаяў на выцяжку, не варухнуўся за ўвесь час.
Зайшлі ўсё чацвёра – Мацвей і трое мужчын, у пакойчыку стала цесна і няўтульна.
– Дзе твой ложак? – спытаўся той, які сядзеў спераду. Мацвея цяпер ужо разанула ягонае “тыканне”. Ён паказаў кіўком галавы:
– Вось…
– Прапаную аддаць самому. Ну?
– Што… аддаць? – неўдавана здзівіўся Мацвей. Раптам яму уявілася – на імгненне адно – што ў ягоным вялікім блакноце сярод тых накідаў ідэй ёсць нейкая такая важная, такая грандыёзная, выключная для свету і міру, што з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай! Але… гэтыя людзі не могуць ведаць пра ягоны нататнік, у якім яшчэ ў канцы запісаны тры нязграбныя вершы, прысвечаныя Марго…
Яму не задавалі больш пытанняў – гэтыя занятыя людзі, мабыць жа, спяшаліся, у іх на сёння было яшчэ безліч важных і пільных спраў, а тут марнуй час з гэтым магістрантам… Таму адзін падышоў і рэзкім рухам адгарнуў коўдру, падушку адкінуў, сцягнуў прасціну, памацаў у адным, другім месцы, захапіў край матраца, перавярнуў яго…
– Там… там мае запісы, навуковыя. Накіды ідэй, – нечакана для сябе заспяшаўся Мацвей, але ніхто не звярнуў увагі на ягоныя словы.
Наступны момант стаўся для Мацвея эпізодам сюррэалістычнага сну: кэдэбэшнік расшмаргнуў замок, разгарнуў чахол, перавярнуў яго – і на брудны паласаты матрац упалі і расцякліся тонкія каляровыя лістоўкі.
– Там… там павінен быць блакнот… там мае запісы… Адкуль, адкуль… – мармытаў ён, аглушаны пабачаным. Яшчэ да гэтага моманту ён мог успрымаць рэальнасць – ці мала што ў жыцці можа здарыцца, але цяпер мозг запанікаваў, не могучы знайсці лагічнае тлумачэнне атрыманай інфармацыі.
Яму задавалі яшчэ нейкія пытанні, але што ён мог адказаць? Адно запала ў памяць: збялелы твар мешкаватага першакурсніка, і дробнае трымценне яго адвіслай ніжняй сківіцы. Працягам гэтай жудасці сталіся ягоныя заломленыя назад рукі і холад металічных бранзалетаў. Ён ішоў калідорам, спускаўся ўніз, зноў некуды ехала машына. Нейкі будынак… пакой, дзе адамкнулі кайданкі, ён выцягваў нягнуткімі пальцамі ўсё з кішэняў. Зноў калідоры, цёмныя, доўгія, шмат дзвярэй, адны раптоўна расчыніліся – Мацвея запіхнулі ўнутр. Ляпнула з-заду, Мацвей прыўзняў свае рукі да вачэй, цёр чырвоныя пісягі на іх.
– Праходзь, што стаў! – пачуўся добразычлівы голас.
І гэта вярнула Мацвея ў рэчаіснасць.
То была камера.
У святле нязыркай лямпы, што мацавалася на высокай столі, ён пабачыў некалькіх чалавек. Маладых, мо сваіх аднагодкаў. Толькі адзін быў нашмат старэй з тых, хто сядзеў на драўляным ўзвышэнні, якое выдавала на тапчан. Адзін малады, цыбаты і белагаловы, стаяў тварам да Мацвея.
– Добры… Добры вечар, – прамармытаў Мацвей.
– Хай будзе добры і табе. Праходзь, сядай, – на тапчане пасунуліся хлопцы, вызваляючы месца.
Мацвей паслухмяна сеў. Здаецца, ён быў гатовы рабіць адно: падпарадкоўвацца.
– За што цябе? – пацікавіўся цыбаты.
– Не разумею… У мяне… пад матрацам знайшлі лістоўкі.
– Ясна, наш! – зарадаваўся ў адказ юнак. – Нас тут трое – за лістоўкі, ты чацвёрты. Яшчэ адзін – за хуліганку, а дзядзька Фёдар – сямейны скандал.
– А… дзе мы?
Ягонае пытанне выклікала лёгкі смяшок ва ўсіх.
– Акрэсціна гэта, следчы ізалятар! Знаёмся! Дарэчы, цябе як зваць? Я – Зміцер.
– Мацвей…
– Ну, Мацвей, ладкуйся лацвей! Нам тут доўга кантавацца!
– Ды не, павінны разабрацца! То ж не маё, я ні ў чым не вінаваты, я магістрант, я нічога не ведаю пра лістоўкі. Палітыка – не маё! – Мацвей казаў таропка, з просьбай у голасе, нібыта насельнікі камеры маглі паўплываць на тое, што выйдзе далей.
– Супакойся… Следчаму заўтра так кажы. І менавіта так: не ведаеш, падкінулі. Не ўздумай здаваць каго – табе ўсё адно палёгкі не будзе, а людзі пацярпяць, – цыбаты казаў павучальна і спакойна.
Мацвей толькі міргнуў. Хлопцы перагаворваліся між сабой аб нейкіх незразумелых для яго справах. Час цягнуўся марудна. Мацвей усё паглядваў на дзверы, чакаў: вось яны адчыняцца, яго паклічуць, ён сустрэнецца з якім начальнікам, і на гэтым дурны сон скончыцца. Але прайшла мо гадзіна – ніхто не адчыняў дзвярэй. У гэты час насельнікі камеры палеглі на тапчане, дзядзька ўжо хроп . Зміцер сеў, павярнуўся да Мацвея, параіў: – Кладзіся… Не мякка, але ж магчыма адпачыць.
– Гэта памылка, памылка! Я не ў палітыцы! – адчай Мацвея вырваўся вонкі.
– Ты, Мацвей, можаш казаць, што палітыка – не тваё, але ж ты ў палітыцы, – амаль з жалем заўважыў Зміцер.
– У якой я палітыцы? – амаль спуджана выдыхнуў Мацвей.
– У якой усе. Поліс – гэта грамадскае жыццё…
– Маё жыццё – навука!
– Цішэй, хай хлопцы спяць, – з усмешкай папярэдзіў Зміцер. – А навука ў палітыцы па самыя вушы сядзіць. Ты навуковец, дык чуў жа пра генетыку і Лысенкоўшчыну? Чуў пра Вавілава?
– Чуў, не ўнікаў, праўда…
Зміцер павярнуў да Мацвея свой твар, са здзіўленнем зазірнуў яму ў вочы.
– Ты прабач, у які час жывеш?
– Я займаўся навукай. Матэматыка, метады аптымізацыі, цяпер вузкае – сістэмы кіравання…
– Ага, зразумела. Такім чынам, распрацоўваеш новыя сістэмы кіравання? І для каго? – чамусьці з’едліва спытаў Зміцер.
Мацвей не разумеў, чаму ўзнік халадок. Паспрабаваў тлумачыць:
– Я… мы распрацоўваем, удасканальваем кіраванне ў складаных сістэмах… – і спатыкнуўся, згадаўшы нядаўнюю размову з Марго. Замаўчаў.
Маўчаў і Зміцер, нарэшце уздыхнуў і, быццам нешта зразумеўшы, , папрасіў удакладніць:
– Значыцца, чыстая навука, усё для навукі. Што дзе робіцца, рабілася, будзе рабіцца вакол цябе – не цікавіла, не цікавіць. Так?
– Так.
– Ну дык я табе скажу, дружа: аднойчы і да такіх як ты, чыстых ідэалістаў, прыходзяць ці прыязджаюць, закручваюць рукі за спіну і вязуць у Курапаты…
– У якія Курапаты? – механічна, сустрэўшы малазразумелае слова, спытаў Мацвей.
– Вось гэта піпец, – пачуўся нечы голас здзіўлення збоку. Аказваецца, у камеры мала хто спаў, слухалі.
Зміцер пільна углядваўся ў вочы Мацвея і сапраўды бачыў там толькі пытанне.
– Не ведаеш Курапатаў? А год адна тысяча трыццаць сёмы табе таксама нічога не кажа? А расстрэлы інтэлігенцыі беларускай – гэта табе невядома? – без абвінавачвання, але з непрыхаванай крыўдай і вінаватасцю ў голасе пытаўся Зміцер, усё адно як ён сам нёс адказнасць за тое, што ў вачах субяседніка ад гэтых пытанняў не ўспыхвала і знічкі разумення.
Мацвей не адказваў, засяродзіўся ў сабе, нешта ці то згадваючы, ці то раздумваючы над нечым.
– Цікава як, – выдыхнуў нарэшце. – За колькі хвілін, як мяне… затрымалі, мы размаўлялі, ну, з дзяўчынай ішлі, пра інтэлігенцыю. Пра яе кіруючую ролю.
– Кіруючую ў якім сэнсе? – пацікавіўся Зміцер.
– У прамым. Яна мне казала, што гэта – эліта грамадства, яна кіруе не непасрэдна, але ўся ўлада ў яе.
– Бацюхны свет… – працягнуў ці не роспачна Зміцер. – Мацвей, скажы мне: дзе ты жывеш? Я хачу на тваё месца! У тваім свеце так цудоўна!
– Я на Кульмана, у інтэрнаце. Родам з райцэнтра, – не зразумеў сарказму Мацвей. – Я праўда не цямлю пра гэту… лысенкоўшчыну. І пра Курапаты… Не цікавіўся. Чуў толькі…
– Хочаш пачуць падрабязна? Ноч доўгая… Але мне не дапяць, як табе даверылі лістоўкі.
– Я ж казаў: я не ведаю, адкуль яны ўзяліся ў маім матрацы! – па-дзіцячы апраўдаўся Мацвей.
– Ну і стой на тым перад следчым, – згадзіўся Зміцер. – То слухай. Найперш: інтэлігенцыя – гэта, акцэнтую тваю ўвагу, – духоўны і навуковы складнік грамадзянскай супольнасці, без якой існаванне грамадзянскай супольнасці немагчымае. Той складнік, які здольны да крытычнага мыслення. Але ніяк не чыноўнікі, якім супольнасцю дэлегуецца абавязак практычнага выканання і рэгулявання законаў. Ды стоп… Што такое грамадзянская супольнасць, разумееш?
Недзе з гадзіны дзве Зміцер расказваў: нетаропка, папраўляючы сам сябе, вяртаючыся назад у гісторыю, робячы адхіленні, прыводзячы прыклады. Мацвей слухаў уважліва, часам перапытваў, не даючы сабе веры і адначасова неймаверна ўражаны ад пачутага: няўжо так сапраўды ёсць? Як жа атрымалася, што такі пласт ведаў заставаўся ад яго ў баку? Чаму ён не цікавіўся ім? Чаму падобнага не чуў ад маці? (Бацька выправіўся, казала яму бабуля, як яшчэ была жывой, “касіць сабакам сена” у пяцігадовым узросце сына.)
Калі Зміцер пачаў апавядаць пра рэпрэсіі, пра расстрэл у адну ноч паўтары сотні лепшых дзеячаў літаратуры, культуры і навукі Беларусі, пачулася варушэнне, потым голас мужчыны, “сямейнага скандаліста” Фёдара:
– Не чапалі б вы, хлопцы, мінулага… Надта моцна яно можа адгукнуцца і стрэліць у сённяшняе.
Мужчына сеў, цяжка ўздыхнуў. Аказваецца, і ён не спаў.
У маўчанні і звернутых да Фёдара позірках было пытанне і просьба патлумачыць свае словы, і ён праз колькі секунд працягнуў, уздыхнуўшы:
– Мой дзед па маці простым селянінам быў. Ужо і ў калгас паспеў уступіць пасля “вызвалення” ў 1939. Тут вайна, немцы стварылі ў вёсцы “самаахову” – далі дзецюкам ды маладым мужчынам палкі ў рукі, сказалі, каб па вечарах патрулявалі вуліцы. Праз два месяцы збеглі ўсе ў лес, у партызаны, бо пачалі моладзь адпраўляць у Германію. Дзед партызаніў, потым – на фронт. На Эльбе пабыў. Прыйшоў з вайны з медалём “За адвагу”. А яго заарыштавалі і ў Сібір. 20 гадоў далі – за тое, што чатыры разы прайшоўся па вёсцы з палкай у той нямецкай “самаахове”. А на сельсавет прыходзілі ўзнагароды на дзеда: ордэн Славы, ордэн Айчыннай вайны, медалі розныя… То адзін сельсаветчык, які вайну за вёскай у яме прасядзеў, жонка есці яму штодня туды насіла, стаў героем: тыя медалі сабе на грудзі пачапляў. Ды яшчэ прыляцеў аднойчы да бабулі з участковым, запатрабаваў усе іншыя ўзнагароды аддаць, а то самую засудзіць… У школах выступаў, на мітынгах. Людзі пляваліся, а начальству добра: свой чалавек жа, сельсаветчык, вось і партызан заслужаны. А сведкі памруць скора, затое герой застанецца. От так у нас… Але ж пра дзеда. Бабуля тады з’ехала з вёскі, у іншую вобласць, да сястры – тая замуж пасля вайны выйшла, удала, дом вялікі ў гарадскім пасёлку… Бабуля да дзеда колькі разоў ездзіла. Так вось дзяцей сваіх нараджалі – маю маці і двух братоў. Набярэ з сабой часнаку, цыбулі, перад зонай тое ў свае рэйтузы пахавае, бо не дазвалялі прывозіць. Вось чаму? Там жа цынга страшная была, дзед без зубоў вярнуўся, усе дваццаць адседзеўшы… Вярнуўся, гадоў тры пажыў, кроўю харкаючы ды памёр. Я вунь колькі пражыў, ніц не пытаўся – было ды сплыло. Просты токар на заводзе, мне крамя заробкаў добрых што важна? А во дачушка вырасла да шаснаццаці, давай у маёй маці, у сваёй бабулі, усё выпытваць. Мне расказвае – я толькі дзівіўся. Аказваецца, мая маці нейкія паперы захавала. Пачалі разам чытаць. У адной паперыне пра асуджэнне сказана. Але пра тое, што дзеда ўзнагарод пазбавілі – не. Дачка і загарэлася, упартая яна не па гадах. Пачала пісаць лісты, куды можна, прыходзілі ёй адказы. Угаварыла мяне, паехалі на радзіму маёй бабулі, у сельсавет прыйшлі. Там толку не дабіліся, хадзілі па людзях. Усё нам расказалі. І дзе шукаць родных таго сельсаветчыка, які дзедавы ўзнагароды прысвоіў. Адшукалі… От якая неспадзяванка выйшла: жонкінай сястры муж, участковы міліцыянт, з таго роду. Жонка як пачула пра тое, вызверылася. Ёй яе родная сям’я заўсёды даражэйшая за сваю была, а родная сястра тым больш даражэй за мяне. Я ж – чужы, а тут – кроў родная. Пайшла ў нас сварка. Я трохі нападпітку быў, дачкі дома не было, разышоўся. Ну, а ў сямейных сварках як? Пачнецца з аднаго, то ўсё згадаецца. То і згадвала мне жонка за ўсе гады. Не утрымаўся, талеркі там разбіў на кухні, яна міліцыю выклікала. І што далей – Бог ведае…
Змоўк Фёдар, нейкі час маўчалі ўсе.
– Варта паспаць крыху, – пачуўся голас, і яго як чакалі – палеглі ўсе. Мацвей ляжаў з краю на драўляным насціле, але не адчуваў жорсткасці. Стомлены і перагружаны інфармацыяй мозг адмаўляўся аналізаваць, мроілася рознае, фантазійнае: ён заўтра выйдзе, усё стане на сваё месца, выявіцца, у каго ягоны нататнік, хто так па-дурному пажартаваў, яны сустрэнуцца з Марго… А яшчэ Мацвей думаў пра той свет, які адкрыўся яму, які палохаў сваім начыннем з несправядлівасці, бесчалавечнасці, але адначасова быў той часткай жыцця, без якой ён адчуваў сябе непаўнацэнным.
Раніцай прынеслі цёплы чай, ячную кашу з хлебам. Хлопцы распакоўвалі свае торбы, даставалі прысмакі. Мацвей не крануўся кашы, сёрбаў вадкасць.
– Ніхто, акрамя той дзяўчыны, не ведае, што цябе забралі? – падышоў да яго Зміцер, працягнуў бутэрброд з сырам. – Гэта дрэнна. Нам сядзець да панядзелка мінімум. Я скажу, каб перадалі на цябе дробязі кшталту шчоткі зубной. Ты галіцца збіраешся? Зарасцеш…
– Як – да панядзелка? Чаму? – не паверыў Мацвей.
– Дзівак! Мы ж – палітычныя, а хто такіх перад выбарамі адпускае? А выбары ў нядзелю. То рыхтуйся адпачыць…
Мацвей падзякаваў за бутэрброд. Ён не паверыў Зміцеру. Магчыма, гэтыя хлопцы сапраўды нейкая страшная апазіцыя, а ён хіба нешта здзейсніў варожае для ўлады?
Ягонае прозвішча назвалі ад дзвярэй бліжэй да абеду. І цяпер, ідучы цёмным калідорам з рукамі, складзенымі за спінной, падпарадкоўваючыся рэзкім камандам ахоўніка, Мацвей адчуў сапраўднае прыніжэнне, сваю нікчэмнасць у гэтым будынку і поўную залежнасць ад абставін. Унутры жыла адна надзея: зараз ён усё патлумачыць, раскажа пра сваю навуковую дзейнасць, пра новую, такую патрэбную ў сістэме кіравання складанымі працэсамі на вытворчасці, распрацоўку. І яго адпусцяць. Зразумела, адразу ж адпусцяць…