Частка 5

Людзей у чакальнай зале вакзала была не многа, Мацвей без цяжкасці выбраў сабе месца побач з пажылой цёткай, відавочна, вяскоўкай у вялікай мешкаватай куртцы з цёплай хусткай на галаве, каля якой стаялі дзве грувасткія торбы – на той выпадак, каб пакінуць пад наглядам сваю цяжкую сумку ды падысці да буфета, бо ад раніцы не еў, абышоўся кубкам чаю. Ён пацікавіўся, ці вольнае месца побач, пасядзеў хвілін пяць, упэўніўся, што цётка нікуды не спяшаецца і папрасіў прыгледзіць за сумкай. Тая кіўнула згодліва, дадала:

– А што ж, ідзіце, які тут клопат.

Ад позірку на вітрыну з печывам і бутэрбродамі рот напоўніўся слінай. Мацвей адшукаў сярод іншага піражкі з тварагом –іх купляў на вакзалах ці на вуліцы, з павідлам яму падаваліся надта салодкімі, а тыя, што пазначаліся “з мясам”, выклікалі ў роце гідкае адчуванне смаку нясвежага ліверу. Паглядзеў цэны, згадаў, колькі грошай у кішэні… Мозг ажыў, атрымаўшы нарэшце рэальную матэматычную задачу, прагна накінуўся, падрахаваў і замёр у чаканні наступнай порцыі. Мацвей адчуў амаль фізічную палёгку. Успомнілася адкладзенае на потым: колькі грошай ён будзе вінен Андрусю, калі зацягне больш за месяц? У свядомасці намалявалася формула, дзе эн – колькасць дзён, эс – сума доўгу. Пацягнула зараз жа выцягнуць свой кішэнны нататнік, але спыніў сябе – у чарзе ж стаіць. Замовіў шклянку чаю, ажно чатыры піражкі – нечага падумалася, і гэтых не хопіць насыціцца, але спыніў сябе – пазней возьме, не ўцячэ ж буфет…

З пакетам разагрэтых піражкоў на тонкай пластыкавай талерачцы і гарбатай, пакруціўшы галавой па баках, рушыў да крайняга круглага століка – вакол астатніх таўклося па два-тры чалавекі, а там стаяла адно хударлявая дзяўчына гадоў дваццаці. Мацвей спытаў ці вольна ля яе, паклаў на столік талерку, піражкі, паставіў гарбату і палез у кішэню па нататнік і ручку – пяць хвілін, каб астыць гарбаце.

Засяродзіўся на формуле разліку доўгу, хацелася зрабіць яе кароткай і прыгожай – хоць гэта не проста прыносіла задавальненне, а мела рэальны практычны сэнс. У нейкі момант ён узняў галаву – прыём для адключэння ўвагі ад напісанага, каб у мозгу вызваліць месца для абсалютна новага рашэння. І ўбачыў твар дзяўчыны.

Ён быў пакамечаны і схуднелы. Ніякай касметыкі. Выразныя (ды яшчэ асвятленне залы – прама зверху) цені пад вачыма. Мацвей заўважыў, куды скіраваны позірк яе сініх – адзіна яркіх на ўсім твары – вачэй, і яму стала сорамна, як падгледзеў нешта інтымнае.

Дзяўчына глядзела на ягоныя піражкі.

І не зразумець гэтага позірку было немагчыма – гэта быў позірк галоднага чалавека.

За шэсць гадоў ва ўніверы Мацвей бачыў такія позіркі не раз – хто са студэнтаў не галадаў, застаўшыся з лічанымі капейкамі да стыпендыі ці грашовай перадачы ад бацькоў? Таму памыліцца ён ніяк не мог. У галаве успыхнулі словы Змітра аб эмпатыі, дамяшаліся думкі пра магчымую складаную сітуацыю дзяўчыны, і Мацвей зразумеў, што не прапанаваць дзяўчыне пачаставацца не па-чалавечы з ягонага боку. Са свайго захаплення псіхалогіяй ён вынес нямала простых, але эфектыўных правілаў, адно з якіх гаварыла пра тое, што чалавек куды лягчэй ідзе на кантакт і выконвае просьбу, калі апошняя пра нязначную дапамогу – тады ён набывае значнасць для цябе у сваіх вачах. Таму ён узняў позірк на дзяўчыну няспешна, каб яна заўважыла ягоны намер і не пачувалася заспетай неспадзеўкі:

– Прабачце, калі ласка… Ці не дапаможаце мне вырашыць адну маленькую праблему?

– Я? – спалохана адгукнулася дзяўчына ці не шэптам. – Што вы хочаце?

– Ды нічога такога, але ж… Ці бачыце, стаяў у чарзе, так там смачна пахне, так ужо схацеў есці, што ўзяў ажно чатыры піражкі. Яны з тварагом… Вы ж спрабавалі раней піражкі з тварагом? – спытаў з усмешкай.

– Спрабавала, – вымушана ўсміхнулася дзяўчына.

– Дык выдатна, то ведаеце, якія яны смачныя! – усцешыўся Мацвей. – Мне ніяк не з’есці чатыры! Дапамажыце мне! Вам два і мне два, па чэснаму, добра? Вы ж за справядлівасць, праўда?

– Але… Дзякуй, толькі… – яна разгубілася, выглядала зусім бездапаможнай і на твары яе было напісана два жаданні: збегчы адсюль як мага далей, праваліцца, знікнуць. І – узяць піражок з талеркі.

– Ну навошта нам нейкія толькі, піражкі стынуць! – асмялеў, пабачыўшы ваганні дзяўчыны Мацвей, пасунуў талерачку бліжэй да дзяўчыны: – Частуйцеся, а то акалеюць…

І сам узяў адзін, зірнуў як падміргнуў, запрашаючы дзяўчыну зрабіць тое ж.

Яна нясмела ўзяла адзін піражок. Пакуль елі па першым, Мацвей маўчаў, стараўся глядзець не ў яе бок, а ў нататнік. Формула ў ім намалявалася прыгожая, як ён таго і дабіваўся.

– А як завуць такую добрую дзяўчыну, якая не адмовілася мне дапамагчы? Бярыце, бярыце другі! – і сам пацягнуўся за піражком.

– Паліна, – ціха адказала дзяўчына, ўзяла піражок.

– А я – Мацвей! Будзем знаёмыя – ён смешна ўзняў піражок уверх, бы кілішак з напоем.

Яна ўсміхнулася ў адказ – прыязна і нязмушана.

– Не раскажаце, куды едзеце? – спытаўся Мацвей праз хвіліну, ужо разглядваючы без ніякаватасці твар і постаць дзяўчыны.

Непрыгожы твар – у ім было нешта хваравітае. Пры ўсёй хударлявасці ніжняя частка яго выглядала залішне вялікай і цяжкай. Хіба вочы свяціліся. Танная вязаная шапка на галаве, чорныя валасы выбіваюцца пасмачкамі. Звычайная куртка – шырокая – хавае абрысы цела. Сярэдняга росту.

– Ды так, – няўцямна адказала дзяўчына, запытала з ветлівасці: – А вы куды?

Мацвей адпіў гарбаты, прамакнуў вусны папяровай сурвэткай.

– Добрае пытанне, – уздыхнуў ён, неспадзеўкі адчуўшы жаданне разважаць услых над сваёй сітуацыяй. – Здаецца, ясна куды, геаграфічна і фізічна – еду дадому, да маці. А паглядзець глыбей? У невядомасць… Яшчэ тыдзень таму маё жыццё ішло, бы той цягнік, які вязе мяне па рэйках: дакладны шлях, вызначаныя прыпынкі, вытрыманы расклад руху. І ў адзін нейкі дзень здарылася тое, чаго ты ніяк не чакаў – і цябе няма ў цягніку. Ты стаіш на ўзбочыне, міма цябе пранесліся апошнія вагоны, чырвонае святло ліхтара на апошнім знікла ў цемры – і цемра вакол. Я – магістрант. Са словам “былы”. Два дні таму мяне адлічылі з універу. І вось я тут. Вакзал – як кропка экстрэмуму функцыі.

– Але ж экстрэмум – гэта не канец, – ціха пракаментавала пачутае Паліна. – За мінімумам пачнецца пад’ём. Новы пачатак.

– Ага, новы пачатак, – крыва усміхнуўся Мацвей. – Але дзе сэнс пачынаць новае, як ты здольны да аднаго?

– Хто ведае, у чым сэнс і які ён, і на што мы здольныя, – мякка запярэчыла дзяўчына. – Калі ёсць дом, калі ёсць куды вяртацца – усё іншае зусім не страшна.

– Вы так кажаце, быццам валодаеце немалым досведам, – пытліва глянуў на дзяўчыну Мацвей, бо адчуў прыхаваную горыч у яе апошніх словах.

– Маю, – кіўнула дзяўчына. – Мне няма куды вяртацца. Няма куды ехаць.

– Гэта як? – неўдавана здзівіўся Мацвей.

– Так вось. Жылі ў райцэнтры: мама, тата, бабуля… Яна хворая была, ляжала большасць часу час. Невялікі дом, стары… Бацька інвалід пасля траўмы на рабоце, без рукі. Выпіваў моцна. Мама ўрэшце знайшла мужчыну, я вучыцца паехала, а яна – замуж. У Італію. Мінулым летам дом наш згарэў. Казалі, бацька п’яны заснуў з цыгарэтай. Не ўратавалі ні яго, ні бабулю… Страхоўкі і грошай, што людзі сабралі, хапіла на пахаванне ды на паўгода на ежу. Участак пад дом маленькі быў, ніхто не паквапіўся, каб купіць. Так і стаіць, зарослы. Цётак-дзядзькоў у мяне няма, бацька быў адзіным сынам у сям’і, а маці – з Расіі, адна ў яе сястра, не бачыла яе ніколі. Нікога больш з родных. Вось так. І мяне таксама адлічылі, я ў тэхналагічным вучылася, трэці курс. Не здала сесію. І мне няма куды ехаць…

Мацвей замёр. Ён ніяк не чакаў, што ў жыцці чалавека можа здарыцца такое. Так, ён чуў пра бадзякоў, бачыў іх ля сметніц, але каб бадзяком, сапраўды – бадзяком жа – выявілася маладая дзяўчына, тое разрывала ўсе ягоныя шаблоны. Пракаўтнуў сліну.

– І вы… вы цяпер на вакзале?

– Трэція суткі збіраюся начаваць. Абы міліцыянты не выгналі, бо мінулай ноччу ўжо папярэдзілі.

– Без грошай?

– А вы як думаеце? – яна зірнула адкрыта ў вочы Мацвею, і ён пабачыў невыказную тугу і безвыходнасць.

– А… А давайце, давайце я вас пачастую добрай вячэрай, ага? Тут павінна быць кавярня, там няспешна пасядзім… ну, хадземце! І гэта, чакайце… – Мацвею падалося мала гэтага праяўлення сваёй увагі да чалавечай бяды і ён прапанаваў спешна, мо і баючыся сам перадумаць: – Паедзем да мяне! У нас неблагі гарадок, ёсць прадпрыемствы, магчыма знайсці працу, і інтэрнат могуць даць. Я з маці жыву, кватэра трохпакаёвая, па першым часе пажывяце без праблем. Вы не думайце, у мяне добрая мама, былая настаўніца, яна ўсё зразумее…

Ён казаў і бачыў, як з сініх вачэй дзяўчыны пакаціліся слёзы і спужаўся, замаўчаў. Паліна не адказвала, схіліла галаву. Слёзы зрываліся з твару і падалі на зялёную пластыкавую стальніцу.

– Прабачце, я не хацеў вас пакрыўдзіць, – разгубіўся Мацвей.

– Я не пакрыўдзілася, што вы, – адказала Паліна, старанна ацерла твар сурвэткай. – У вас самога такія праблемы, а вы мне… А вось я згаджуся? – усміхнулася скрозь слёзы. – Мне ж праўда няма куды падзецца з гэтага вакзала.

– Ну дык і згаджайцеся! – угаворваў Мацвей, якому раптам стала надзвычай важна дапамагчы. – Праўду кажу: пажывяце без усякіх пытанняў столькі, колькі вам патрабуецца, а там нешта і прыдумаецца.

Яму самому паверылася ў шчаслівае завяршэнне гісторыі Паліны: уладкуецца яна на іх райцэнтраўскі завод, перавядзецца на завочнае, закончыць вучобу… І наладзіцца ўсё. Ён сказаў услых свае думкі, заспяшаўся далей:

– Але, хадземце ў кафэ! Гэтымі піражкамі не насыцішся, а нам ехаць усю ноч, гэта такі цягнік да нас ходзіць, мы яго кругасветным клічам… Адно, чакайце, напачатку я збегаю куплю білеты, добра? А вы пабудзеце з маімі рэчамі, бо, заплечнік, халера, цяжкі.

– Добра, – нечакана цвёрда, нібыта адважыўшыся на скачок, адказала дзяўчына, нагнулася – Мацвей заўважыў ля яе ног вялізны шэры чамадан на калёсіках – узялася за ягоную ручку, падалася з-за століка. – Вядзіце.

Неспадзявана з’явілася справа – важная, сур’ёзная. І свая бяда трошкі захінулася чужым горам. У яго хоць адліковая кропка, якая аказалася сённяшнім такім важным адкрыццём: не ўсё страчана дарэшты, калі ёсць куды вяртацца.

Ён здаў свой білет, узяў два другія – каб у адным купэ. Затым вячэралі ў кафэ, прасядзелі доўга – не было куды спяшацца, іх ніхто не гнаў, бо наведвальнікаў было вобмаль. Расказваў больш Мацвей, у яго бадай што цэлая дэтэктыўная гісторыя атрымалася.

– А ты і праўда падумаць не некага не можаш? – спытала Паліна (яны на парозе кафэ дамовіліся на ты).

– Позна на некага думаць. Калі выпадкова там апынуліся, дык іх гаспадар моліцца, што яго хваля мінула, а мяне накрыла. Чаго шкада, дык гэта нататніка. Там столькі розных думак было занатавана, практычна гатовая ідэя сістэмы кіравання на аснове алгарытму. Карацей, прынцыпова новая, у разы эканомней і хуткасней за існуючыя!

– Дык аднаві.

– Давядзецца. А ты, прабач, што цікаўлюся, размаўляю з табой, дык жа… Карацей, чаму сесію не здала? Цяжка?

Паліна засмяялася коратка ў адказ.

– Хацеў сказаць: не дурная з выгляду? Ну так, вучыцца мне лёгка было. І здала б усё. Каханне. Ага, закахалася бы дурніца. Статны прыгажун, спартсмен. Чатыры месяцы ў тумане. Траціла апошнія грошы на падарункі яму, сама апранахі і бялізну купляла, каб яму спадабацца, парфуму дарагую.

– Не ацаніў? – асцярожна пацікавіўся Мацвей – тая нітачка агульнага даверу, якая ўзнікла яшчэ з яшчэ ад частавання піражкамі, ужо выглядала моцнай, але не настолькі, каб лезці з роспытамі пра асабістае так глыбока.

– Чаму ж? Ён з такіх свалачэй, што не толькі ацэньваюць, але і карыстаюць.

– Прабач… – няўцямна павёў рукамі ў бакі Мацвей.

– Вой, ты па праўдзе нейкі занадта далёкі ад рэальнага жыцця, – ласкава усміхнулася, бы меншаму брату, Паліна. – Ну, зразумеў той Раман, што я – закаханая і на ўсё згодная, дык папіў і паеў за мае грошы, і ў ложку задавальненне атрымаў. Карацей, усё як заўсёды. Апамяталася – позна было. Ды і апамяталася не тады, калі пра адлічэнне сказалі, а як ён паслаў брыдка і далёка. Праплакала дзень – і выплакала каханне.

Сваю маці Мацвей папярэдзіў, што прыедзе не адзін, сказаў як ёсць: дзяўчыне няма куды падзецца, то хай пажыве месяц-другі. Маці, шакаваная арыштам, судом, адлічэннем сына, няйнакш, успрыняла гэту навіну як мілую нязначную дробязь: што ж, як конь здох, хай і хамут крадуць.

Яны прыехалі рана, горад яшчэ спаў у вогкім сутонні. Да дому даехалі на таксоўцы. Падняліся па лесвіцы на трэці паверх, тут Паліна спынілася на пляцоўцы і ціха прашаптала, не саромячыся:

– Божачка, што я раблю? Малю цябе, дай мне хоць нейкі знак, ці я ступаю правільна, я ўжо столькі напамылялася.

– Варта ж было перахрысціцца, – заўважыў Мацвей. – Хадзем, яшчэ адзін паверх.

– Хвілінку пастой…

– Проста аддыхацца, ці знаку чакацьмем? – ужо пакпіў незласліва Мацвей.

– А ты не верыш у Бога? – проста спытала Паліна.

– З таго, што я ў свой час прачытаў, я зразумеў: вера сама па сабе ёсць самы эфектыўны спосаб перакласці адказнасць з сябе на прыдуманага людзьмі ўсёмагутнага ўладара. Бедны стваральнік сусвету! Знаў бы ён, колькі сабак на яго навешалі. Давай разам уявім: ён там адзін, самотны ў Сусвеце. У тым Сусвеце – мільярды метагалактык, у тых метагалактыках – мільярды галактык, у тых галактыках – мільярды зорных сістэм з мільярдамі планет, дзе ў нейкай можа быць жыццё. І ён, замест таго, каб вырашаць лёс соцень мільёнаў планет – бо паблізу збіраецца успыхваць звышновая зорка, думае: які б знак падаць дзяўчыне, каб яна смялей пераступіла парог? – закончыў з усмешкай Мацвей. – Пайшлі, мама папярэджаная, я казаў табе, што яна ўсё зразумее.

Маці сустрэла іх з тварам, на якім ўважлівы мог пабачыць цень трывогі. Першае, што сарамліва папрасіла Паліна – дазволу скарыстацца ванным пакоем.

Стол ужо быў накрыты – бутэрброды ў талерцы, стаялі кубкі, у імбрыку заварвалася гарбата.

– Што гэта за дзяўчына, сынок? – ціха і сур’ёзна спытала маці, падпёршы шчаку рукой. Мабыць, пра галоўнае – што здарылася з сынам – яна мелася гаварыць пазней.

– Не ведаю, мама, – шчыра прамовіў Мацвей. – Але яна ў такой жыццёвай сітуацыі, што не прапанаваць ёй дапамогу я не змог. І ведаеш, мне стала самому неяк лягчэй глядзець на сваё.

– Ты яе зусім-зусім не ведаеш?

– Так, зусім-зусім. Не перажывай, у нас няма чаго красці.

– Красці, канечне, няма чаго. Я і не перажываю, думала… думала, што гэта твая дзяўчына, што ты прыдумаў.

– Навошта мне прыдумляць?

– Мо саромеешся казаць. Сёння моладзь жыве па іншых законах. Ні рэгістрацыі не абавязкова, ні вяселля. Дык вам асобна паслаць?

Мацвей успыхнуў чырванню. Першы раз за гэтыя гадзіны ён падумаў пра Паліну менавіта як пра жанчыну тады, калі яна распранулася ў іх кватэры і разбэрсвала шнуркі даволі патрапаных красовак. Між швэдарам і нізкім поясам джынсаў свяцілася шырокая паласа белага дзявочага цела і яшчэ – вузкія паскі трусікаў. Ён імкліва адвёў позірк, але адчуваў, што маці падгледзела і пабачыла, як усхваляваў яго той момант.

– Асобна, што ты! Яна проста кватарантка ў нас. На месяц які, там працу знойдзе і жытло. Яна не выглядае цямцяй-лямцяй.

Паліна управілася хутка, выйшла з ручніком на галаве, у мятым, але чыстым халаціку, які адкрываў яе калені, і Мацвей не мог не звярнуць на іх увагу – круглявыя, роўныя. Зусім іншым выглядаў твар Паліны, з яго знік шэры цень безвыходнасці, ён быў ружовым з лёгкай сарамлівай усмешкай. Паліна падзякавала, папрасіла прабачэння, што давялося яе чакаць, вярнулася ў вітальню, пакорпалася ў сваім чамадане і прынесла, працягнула маці Мацвея свой пашпарт:

– Ганна Антонаўна, прабачце, вось…

– Не трэба выбачацца, а разумець ты сама павінна, не маленькая: свет сёння ненадзейны, – адказала маці Мацвея, спакойна разгарнула пашпарт, зірнула на картку, пачытала звесткі, пагартала старонкі. – Добра, дзеванька, жыві сабе…

Мацвей распавядаў маці падрабязна пра ўсё, што з ім здарылася, за сталом, прымаючы Паліну хай не як сваю сямейніцу, дык сябрам. Маці не перапыняла, слухала ўважліва, ціхенька і гаротна ківала галавой.

– Сынок, а ты не думаеш, што гэта спецыяльна зрабілі табе? – спытала, калі Мацвей замаўчаў.

– Мне? Спецыяльна? – ашаломлена паўтарыў Мацвей. – Але каму гэта спатрэбілася і навошта?

– Усё некалі адкрыецца, усяму свой канец прыходзіць, – задумліва прагаварыла маці. – Ідзіце, кладзіцеся… Пайшлі, Палінка, я табе пакажу твой пакой, дзе што класці. Пазней мы прыбяром лішняе, каб табе вальней было…

Грошай у маці, прыхаваных “на чорны дзень”, было на ўкладзе ў банку каля двухсот долараў у беларускіх рублях. Пагаварылі і вырашылі: няхай паляжаць. За тры дні Мацвей абышоў практычна ўсе прадпрыемствы ў райцэнтры, завітаў да прыватнікаў, пабываў на біржы працы, прагледзеў мясцовую газету з аб’явамі. Працы не было. Зусім. Тое, што прапаноўвалі, было падобным на здзек: на заробак у сто долараў нельга было пракарміцца, не тое што адкласці на патрэбы. Дзіўна, але справы ў Паліны вырашыліся літаральна ў першы ж дзень – у камунгасе ёй прапанавалі нейкую работу, пра якую Паліна сціпла сказала: буду спецыялістам па ачыстцы вод. Інтэрнат паабяцалі, але бліжэй да восені, гэты ход кіраўніцтва быў зразумелым: паглядзяць напачатку, а потым ўжо падумаюць, ці варта даваць.

Маці Мацвея з кожным днём адчувала сябе горай – яна часта ляжала ў сваім пакоі, ёй балела галава. У першы дзень прыезду яна выглядала куды весялейшай, а вось цяпер, дарэшты асэнсаваўшы паразу сына, не здужала маўкліва насіць у сабе боль.

Вестка Мацвея пра тое, што ён намерваецца звязвацца з невядомым яму працадаўцам, каб патрапіць на заробкі ў Расію, напалохалі Ганну Антонаўну. Мацвей, як мог, супакойваў маці: гэта ж усяго на месяц які, каб разабрацца з доўгам! А пацяплее – уладкуецца да прыватных будаўнікоў. Дый варта думаць, ваенкамат на яго не забыўся. Вечарам ён патэлефанаў па нумары, які яму даў Андрусь. На заўтра назначылі сустрэчу.

Мужчына гадоў трыццаці быў лаканічным:

– Праз тры дні вязу брыгаду. Яна укамплектаваная. Са мной яшчэ едуць трое такіх як ты, адзіночак. Там кшталту біржы, падсобнікаў усякі раз пытаюць. Патэлефануеш, скажу час дакладны і месца. Адзенне, ежы дні на тры, пакуль уладкуешся, грошай трохі, пашпарт…

У вызначаны дзень у пяць гадзін раніцы Мацвей з напакаваным заплечнікам пакідаў кватэру. Маці абняла яго і плечы яе заторгаліся:

– Ой, не ехаў бы ты, сынок…

– Усё будзе добра, мама! Палова мужчын на заробкі ездзіць, вунь хаты ўжо сабе пабудавалі, сама ведаеш!

– Чула, сынок…

Паліна выйшла з пакоя ў накінутым на доўгую начную кашулю халаціку, падала руку:

– Шчасліва табе, Мацвей.

– Дзякуй! Не сварыцеся тут…

Загрузка...