Помню, было холадна. Мы, я і Глеб, стаялі каля дзвярэй, зачыненых і шкляных. Нам было па дванаццаць гадоў, і другі год мы займаліся плаваннем. Мы прыйшлі на трэніроўку першымі. Дакладней, калі прыйшоў я, Глеб ужо стаяў на прыступках бетоннага ганка. За шклянымі дзвярамі нас чакаў вестыбюль басейна, цёмны і пусты. Глеб заўсёды прыходзіў першы. Ёсць такія людзі, што прыходзяць раней за іншых. Калі прыйшлі мы, вартаўнік яшчэ спаў у гардэробе на раскладушцы. Мы бачылі праз шкляныя дзверы, як ён спіць. Але ні я, ні Глеб не мелі жадання пабудзіць вартаўніка. Быў пачатак зімы, і падаў дробны, як алюмініевае пілавінне, снег. Было чуваць, як сумна гудуць тралебусы і далёка звіняць на прыпынках трамваі. Снег напаўняў мітуснёю конусы ліхтарнага святла. Мы чакалі трэнера на холадзе, пад снегам на прыступках.
- Калі вада не любіць чалавека, ён не стане плыўцом, - прамовіў Глеб.
- Вада не можа любіць, - сказаў я.
- Ёсць людзі, што камяні: і хвіліны на паверхні не пратрымаюцца.
- Ёсць такія.
- Іх не любіць вада.
- Не любіць… – паўтарыў я. У мяне не было жадання спрачацца.
- Яны не плыўцы.
- А можа, яны не захацелі стаць плыўцамі, ці проста не хапіла ўпартасці?!
- Можа, і так, - згадзіўся Глеб.
У мяне моцна змерзлі рукі, калі ў канцы алеі, што вядзе цераз лесапарк да басейна, з’явіўся трэнер. Мы пазналі яго па лыжным балоневым касцюме. Праз металічны бляск снегу трэнер набліжаўся пругкай хадою, якая вылучае з натоўпу спартсмена. Было чуваць, як пад абцасамі рыпіць, што пенапласт, блакітны снег.
- Ён, - сказаў Глеб.
- Так, - пацвердзіў я і пастукаў у тоўстае шкло дзвярэй.
Вільгаццю і тынкоўкай пахла ў распраналцы. Трэніроўка пачыналася ў сем. Кафляны пакой душа прасыхаў за ноч. Тры дні на тыдзень Глеб першы ўключаў люмінесцэнтныя лямпы ў распраналцы і ў душы. Святло плямістымі ўзорамі расплывалася на медыцынска-белых плоскасцях. Глеб ганарыўся тым, што запальвае святло менавіта ён, а не хто іншы. Сухі і праветраны душ і распраналка ад гэтага святла выдавалі вільготнымі і коўзкімі. У распраналцы нас звычайна даганялі астатнія хлопцы з групы.
Прыбіральшчыца добра ведала нас, але кожнага разу драўляным голасам гаварыла слова – пропуск.
Адкручваліся краны. Конусы вады поўніліся аголенымі хлапечымі постацямі. Глеб спяваў, ён заўсёды спяваў у душы. Так лягчэй стаяць пад халоднай вадой. Але спяваў Глеб нядоўга, хвіліну, не болей. Каб цела прыстасавалася да холаду, краны закручваліся так – спачатку чырвоны, потым сіні. Мне падабалася гэтае колеразлучэнне – сіні і чырвоны на белым глянцавым фоне, таму што сіні не даваў чырвонаму крывавіцца. Вада струменілася і знікала праз краты ў падлозе з шыпеннем і вуркатаннем. Я любіў, стоячы пад душам, глядзець, як стумені вады ляцяць у шчыльную чарнату. Калі мы выходзілі ў басейн, кроплі вады заставаліся зіхацець на слізкіх кафляных квадратах.
Помню, як узнікала непрыемнае пачуццё, калі доктар папярэджваў перад трэніроўкай, каб не дурэлі ў вадзе. “У нас Палац воднага спорту, а не які-небудзь басейн”. – Ён моцна націскаў на слова “Палац”, ажно здавалася, што ў басейне можна дурэць. Мы не любілі доктара, але паважалі за тое, што даваў бясплатна мазь Вішнеўскага. Мы пакутвалі ад фурункулаў.
У басейне пахла хлёркай і пальмамі. Мы абдымалі самі сябе за плечы і дрыжалі ад перападу тэмпературы. За шкляной сцяною прачынаўся горад, запальваючы кроплі-агні пад чорна-сінім небам. Тры зялёна-блакітныя плоскасці стылі ў чаканні трэніроўкі. Круглы шэры гадзіннік з рымскімі лічбамі ды ржавымі стрэлкамі адлічваў трэніровачны час. Два квадратныя басейны нам не належалі. Бо адзін – плыткая, адносна цёплая “жаботня” для малых, другі, з вышкамі і шасціметровай глыбінёй, быў прыстасаваны да скачкоў у ваду. Але група ішла да вышак. Хлопцы адзін за адным падымаліся па халодных металічных прыступках. У кожнага было сваё любімае месца, і ў кожнага была любімая вышыня. Глеб займаў дзесяціметровую. Я станавіўся на гнуткі канец пластыкавай дошкі на трохметровай вышыні.
Пальмы, хоць і прыжыліся, ад хлёркі раслі блага, але імі вельмі ганарыўся наш доктар. З вышкі на пальмы глядзець непрыемна. Вострыя канцы пальмавых лістоў былі жоўта-папяловыя і сухія. Ніхто з хлопцаў не глядзеў з вышкі на пальмы, ніхто не глядзеў і на ваду. Гэтага не трэба рабіць, бо вышыня палохае. Таму лепш глядзець на горад, што свеціцца ланцугамі дарожных ліхтароў і міргае светлафорамі.
Помню, як першы раз я ўзняўся на пяціметровую вышку і глянуў долу. Хісткая блакітная глыбіня ў квадратнай кафлянай раме напалохала мяне, і я спусціўся па сходах. Першы раз я скокнуў, заплюшчыўшы вочы, і моцна пабіўся аб ваду.
Хлопцы стаялі на вышках, як скульптуры на карнізах ампірных пабудоў. Яны добра ведалі, што не трэба глядзець на ваду з вышыні, і глядзелі на ранішні горад праз тоўстае вітрыннае шкло. Калі з душа выйшаў трэнер ў чырвоным спартыўным касцюме і ў шлёпанцах на босых нагах, група як па загаду зрабіла крок наперад – у халодную пустату. Мяне заўсёды здзіўляла, што палёт не скончыцца, калі ты трапіш у ваду, што палёт будзе працягвацца, толькі ў іншым вымярэнні. Гул запоўніў шкляна-бетонны інтэр’ер. Вада ў басейне закіпела, завіравала.
Размінка прайшла вяла. Мы ведалі, што давядзецца праплыць дзвесце метраў “на час”, і шкадавалі сілы. Трэнер бачыў, што мы філонім, але маўчаў. На грудзях у трэнера блішчала цыбуліна секундамера.
Калі я трымаў у руцэ цяжкі секундамер, час здаваўся легкаважкім, а парожнія трыбуны нагадвалі Старажытны Рым.
Трэнер узняў рукі – гэта быў знак, што размінка скончана. Я і Глеб стаялі на суседніх тумбах. Мы рыхтаваліся праплыць чатыры пяцідзесяціметроўкі рознымі стылямі. Трэнер падзьмуў у плоскі пластмасавы свісток і націснуў на галоўку секундамера. Першыя пяцьдзесят метраў група плыла кролем. Я адчуў, што адстаю ад Глеба. Кроль не мой стыль. Калі група плыла кролем, першым прыходзіў Глеб. Я чуў, як побач з галавою гудзе вада. Я зразумеў, што Глеб усім целам адчуў плоскасць вады. Ёсць такая плоскасць, што сама прынясе да перамогі, калі ты яе адчуеш. У групе толькі я і Глеб ведалі пра плоскасць. Мы не шкадавалі сакрэту, проста пакуль яе не адчуеш сам, ніхто табе не растлумачыць, што гэта за плоскасць такая. Кулёк я выканаў лепш і дагнаў Глеба. Група яшчэ сякла хлараваную ваду кролем, калі мы леглі на спіну. На спіне першым прыйшоў я.
Трэнер хадзіў па кафлянай дарожцы і паглядаў на секундамер. У трэнера быў манікюр і педзікюр. Нам – хлопцам з групы – гэта не падабалася. Трэнер не любіў мяне і Глеба. Ён ведаў, што мы ізноў прыйдзем першымі і пакажам добрыя вынікі, але гэтага недастаткова, каб любіць чалавека.
Чарговы кулёк я выканаў добра, але батэрфляй (дэльфін) – не мой стыль. Я не любіў “дэльфінаў” за іх слізкасць. Потым я адчуў, што плоскасць, якая несла Глеба да перамогі, знікла, і Глеб перастаў мяне цікавіць. Мне пачало здавацца, што чорная стужка на дне басейна зусім не рухаецца. Астатнія пяцьдзесят метраў я ледзь праплыў, нават не праплыў, а праіснваў у стане руху на вадзе. Калі я дакрануўся да сцяны і стаў на дно, рукі ўсплылі і леглі на паверхні, а вада зрабілася гарачай і шчыльнай, быццам тлушч.
У душ Глеб зайшоў адразу за мной. Мы стаялі пад халоднай вадою. Мы ведалі, што вада халодная, але не адчувалі гэтага. Зайшоў трэнер і пачаў хваліць вынікі. Я глядзеў на трэнера праз ваду, і ён у сваім чырвоным касцюме нагадваў мех з яркага цэлулоіду. З-за шуму вады мы не чулі трэнера. Мы толькі разумелі, што ён хваліў нас. Я падумаў, што трэнеру абавязкова трэба набыць сінія фірменныя спартыўныя штаны.
Пасяля басейна зімовае паветра колкай свежасцю расцякалася па грудзях. Глеб і я ішлі праз сасновы лесапарк. Шарае святло цадзілася праз цёмна-смарагдавыя вяршаліны. Навокал было пуста, ціха і холадана. Ліхтары не гарэлі. Пасля басейна заўсёды хацелася есці.
У прадуктовым магазіне, як і ў лесапарку, яшчэ нікога не было. Мы хадзілі з аддзела ў аддзел. Прадаўшчыцы, седзячы за прылаўкамі, сонна паглядалі то на нас, то праз вітрыны на заснежаны горад. Цукерукі, выстаўленыя ў шкляных шарах, нагадвалі рыбак у акварыумах.
- Трэба ўзяць цукру, - сказаў Глеб.
- Рафінаду? – спытаў я.
- Не, не рафінаду, а колатага.
- А ён ёсць?
- У апошнім шары, - сказаў Глеб і паказаў рукою на самы вялікі шар. За шклом блішчаў цукар, падобны на кавалкі бела-блакітнага лёду.
- Хадзем выбіваць, - сказаў я.
- Трэба спачатку ўзважыць.
Праз хвіліну, стоячы на магазінным ганку, мы трымалі ў руках па кавалку колатага цукру. Церушыў снег і ствараў пачуццё няўтульнасці, тое пачуццё, калі хочацца бегчы дадому не аглядаючыся, пакідаючы за спінаю ўвесь свет. Рукі хутка змерзлі.
Смак цукру апякаў рот, і есці мне перахацелася.
- Цукар нагадвае лёд, - сказаў Глеб.
- А мне ён нагадвае пра фігурнае катанне, - сказаў я і кінуў цукар у сумку да цэлафанавага мяшка з плаўкамі і ручніком.
- Чаму? – спытаў Глеб.
- Ён падобны на лёд і нагадвае пра канькі. Я займаўся фігурным катаннем.
- А чаго кінуў?
- У групе засталося толькі двое хлопцаў. Спачатку нас было дзесяць чалавек, і ўсе кінулі. Цэлы год мы хадзілі ўдвух. А потым я застаўся адзін. І таксама кінуў.
- А чаму пайшоў на плаванне?
- Мне было ўсё роўна куды. У школу прыйшоў трэнер з басейна. Мне яго спартыўны касцюм спадабаўся. Я і запісаўся. Калі ён спытаў, што я магу, я зрабіў тры кулькі на бетоннай падлозе ў школьным вестыбюлі і запісаўся. А ты?
- Я і раней плаваў, - сказаў Глеб.
- Дзе?
- У Смаленску. Мы жылі там, і я плаваў. У мяне мама настаўніца фізкультуры. Я з дзіцячага сада плаваю… – Счакаўшы, ён дадаў: - Думаю кідаць.
- Ты ж лепш за ўсіх плаваеш! – здзівіўся я.
- Ну і што?
- Як што? Можаш стаць майстрам.
- Не магу.
- Чаму?
- Мне нецікава. У мяне маці майстар спорту. Я гаварыў з ёю. Без басейна яна жыць не можа, а я магу. Мне нават лепш без плавання, - працягваў Глеб, - а ты, дарэчы, таксама добра плаваеш. Ужо колькі разоў мяне абыходзіў.
- Я добра плаваю толькі на спіне, а астатнімі стылямі блага.
Мне зноў захацелася есці, і я дастаў цукар. Глеб з’еў свой кавалак.
- Ведаеш, я табе не дарую таго, што ты мяне сягоння абышоў, - сказаў Глеб, даеўшы свой цукар.
- Гэтага ты не даруеш сабе, таму і застанешся, а я вось кіну.
- Сур’ёзна?
- Далёка ездзіць. Праз увесь горад матаюся. Дзве перасадкі. Нам далі новую кватэру. Толькі ў адзін бок больш за гадзіну ехаць.
- Можа і правільна. А што будзеш рабіць?
Я адчуў: яму спадабалася маё рашэнне, захацелася павярнуцца і пайсці, але я сказаў:
- Пры школе ёсць лыжная секцыя, пайду туды.
- Ты ж казаў, што не любіш зіму?
- Зіму не люблю. Затое люблю бегаць на доўгія дыстанцыі… Мой тралейбус. Пакуль!
Плаванне я кінуў, бо мне ў рэшце рэшт проста не падабаліся смак цукру з хлёркай і холад.
17.06.1985