Свята


Баба Ядзя пякла бліны. Ярак сядзеў за сталом і глядзеў у печ на зыркае полымя. На стале стаяў кубачак малака і сподак з мёдам.

— Снедай, — сказала баба ўнуку.

Ярак прачнуўся рана. Яму хацелася, каб хутчэй мінуў дзень і надышоў вечар, бо вечарам Ярака павядуць на ёлку, і Дзед Мароз абавязкова дасць падарунак. Есці Яраку не хацелася, але спрачацца з бабаю хлопец не стаў.

— Смачна? — спытала баба.

Унук кіўнуў.

— Мо варэння да бліноў даць?

— Якога? — спытаў Ярак.

— Ёсць агрэст і чарніцы…

— Не хочацца варэння.

— Тады еш мёд.

— Я ем.

Драўлянай лыжкай баба наліла белага цеста на чорную патэльню.

— А што мне Дзед Мароз падорыць?

— Нешта смачнае, адказала баба Ядзя.

— А дзе ён жыве?

— У лесе, у яго там хата ёсць.

— А чаму мы той хаты не бачылі, калі ў чарніцы хадзілі?

— Дык ён жа не ў нашым лесе жыве, а ў далёкім.

— У тым лесе, што за Мінскам пачынаецца?

— Не, ён на поўначы ў вялікім лесе жыве. А пад Новы год Дзед Мароз прыходзіць з падарункамі і кладзе іх пад ёлку. А тым, у каго няма ёлкі ці цацкі на ёлцы непрыгожыя, тым Дзед Мароз не прыносіць падарункаў.

— А ў нас ёлка прыгожая? — занепакоіўся Ярак.

— Так, у нас прыгожая, — супакоіла яго баба Ядзя.

За акном у ранішняй сінечы чарнеў сад. На шыбах танчылі аранжавыя адбіткі полымя.

— Можа, яшчэ блін з’ясі?

— Не, я пад’еў.

— Тады ідзі гуляй.

* * *

Далёка-далёка, у ядлаўцовым лесе, на беразе возера жыве Дзед Мароз. Цэлае лета ён спіць. Прачынаецца Дзед Мароз толькі тады, калі возера замерзне. Ён дастае з куфра свой вялікі мех з падарункамі і збіраецца ў дарогу. Дзед Мароз апранае чырвоны кажух, чырвоныя рукавіцы і чырвоную шапку: гэта каб мы пазналі яго. Дарога ў Дзеда Мароза доўгая і цяжкая. У яго надта вялікі мех — сіні ў белыя зоры, а ў меху надта многа падарункаў, але ён ідзе, бо мы чакаем яго.

* * *

Ярак любіў жыць у бабы Ядзі і дзеда Броніка. І страшэнна не любіў вяртацца з мястэчка ў Мінск да бацькоў.

Аднаго разу, калі па яго прыехала маці, Ярак ціхенька ўцёк, залез па драбінах на гарышча, схаваўся і заснуў каля коміна на старых радзюжках. Гукалі хлопца, шукалі, а знайшоўшы, замест таго, каб добра адлупцаваць, яго шкадавалі. У той дзень у Мінск Ярак з маці ехаў начным цягніком. Пазней дзед Бронік любіў згадаць пра Яракавы хованкі за комінам, а як згадваў, нязлосна смяяўся, і Ярак смяяўся разам з дзедам.

Дзед Бронік працаваў шафёрам у пажарнай і часам браў унука з сабою ў гараж. А там дазваляў пасядзець за рулём у чырвонай машыне і надзець жоўтую каску. А што можа быць лепш за пажарную каску?

* * *

Дзед Мароз ідзе праз лясы і балоты, праз горы і палі… Ён ідзе да дзяцей і дарослых, да ўсіх тых, хто чакае яго. Ён нясе падарункі хлопчыкам і дзяўчынкам, ён нясе радасць тым, хто верыць у яго. Дзед Мароз ідзе, не спыняецца, бо дарога далёкая-далёкая, і яму ніяк нельга спазняцца. Ён павінен прыйсці на Новы год.

* * *

— Можна я да Толіка схаджу? — спытаў Ярак.

— Пагуляй дома, — сказала баба Ядзя.

— А Толік гаворыць, што сапраўднага Дзеда Мароза няма, што гэта дзядзькі пераапранаюцца і бараду з ваты прыклейваюць…

— От, гэты твой Толік, больш за ўсіх ён ведае. Падмануў ён цябе, а ты паверыў.

— Я не паверыў, а ён кажа, што я сам на ёлцы ўбачу.

— Гэта твой Толік ад зайздрасці так гаворыць, бо яго ў пажарную на ёлку не запрасілі.

* * *

Дзеда Мароза чакаюць, і не проста чакаюць, усе рыхтуюцца да сустрэчы. У кватэрах і залах, у палацах і хатах, у парках і на пляцах ставяцца ёлкі. Зоры і шары, лямпачкі і цацкі, маністы кветак і сцяжкі, цукеркі і хлапушкі ўпрыгожваюць тыя ёлкі. На самае пачэснае месца пад ёлкаю ставяць маленькія скульптуры Дзеда Мароза, каб вялікі Дзед Мароз убачыў ёлку і даведаўся, хто яго чакае, і паклаў каля скульптуры падарунак.

* * *

Баба Ядзя і Ярак ішлі пасярэдзіне вуліцы, як ходзяць вечарам па мястэчку.

З чорнага неба церушыўся іскрысты сняжок. За платамі ў прысадах ляжалі на снезе цёплыя квадраты хатняга святла. У вокнах паблісквалі цацкамі прыбраныя ёлкі. Гаспадары напальвалі на ноч грубкі, і над комінамі ўздымаліся пухкія дымныя слупы.

Снег парыпваў пад Яракавымі валёнкамі. Баба прыспешвала ўнука.

Пажарная свяцілася вялікім, ад столі да зямлі, акном. Было відно вялікую ёлку і дзяцей у яркіх касцюмчыках. Адна маленькая дзяўчынка ў блакітнай сукенцы стаяла на высокім зэдліку і, пэўна ж, чытала верш.

На ганку бабу з унукам перапыніў дзед Бронік:

— Не сюды, пойдзем спачатку ў гараж.

— А што такое? — занепакоілася баба Ядзя.

— Мы Дзеда Мароза не знайшлі. Спыталі ўсіх, каго толькі ведалі, усе касцюмы занятыя. Мы тут з мужчынамі пагаварылі і вырашылі, што Дзедам Марозам будзе наш Ярак. Пайдзем у гараж.

У гаражы насупраць брам-дзвярэй стаялі пажарныя машыны. Пры сцяне пабілсквалі металёвыя шафы, у якіх, Ярак ведаў, ляжалі на паліцах пажарныя касцюмы і каскі.

Дзед Бронік адчыніў шафу і дастаў плечыкі, на якіх вісеў маленькі чырвоны, з белай аблямоўкаю кажушок.

— У школе пазычылі. Яны нейкі спектакль ставілі, дзе быў Стары і Новы год. Стары год усё аддаваў Новаму. Вось і засталіся кажух і шапка, — тлумачыў дзед Бронік. — Давай, Ярачак, пераапранайся. Дзеці чакаюць.

* * *

У навагоднюю ноч, калі ўсе людзі засынаюць пасля карнавалаў, Дзед Мароз разносіць падарункі. Ёлак многа, а людзей, што чакаюць падарункі, яшчэ больш. Ён ідзе ад ёлкі да ёлкі, і калі не спаць, то можна пачуць, як стукае па вуліцы ягоны ядлаўцовы кій, як парыпвае снег пад ягонымі валёнкамі.

* * *

Зусім маленькі Дзед Мароз зайшоў у светлы, па-святочнаму прыбраны пакой. Дзеці і дарослыя сцішыліся.

— Гэта я, Дзед Мароз, падарункі вам прынёс, — зусім ціха сказаў ён і пачаў, не зняўшы рукавіц, развязваць вялікі мех.

— Ёлка запаліся, ёлка запаліся, — зашаптаў з кутка жаночы голас.

Маленькі Дзед Мароз пачуў шэпт, пакінуў, так і не развязаўшы, мех з падарункаі, падышоў да ёлкі, узлез на зэдлік і ціха сказаў:

— Святло згасіся, ёлка запаліся.

Святло ў пакоі патухла, і на ёлцы запаліліся рознакаляровыя шарыкі і кветкі.

Дзеці і дарослыя запляскалі ў ладкі.

— Будзем танцаваць, — сказаў гучны жаночы голас з кутка.

Зайграў акардэон. Дзеці ўзяліся за рукі і пачалі вадізць карагод. Яны вадзілі карагод і паглядалі на маленькага Дзеда Мароза, які развязваў, не зняўшы рукавіц, свой сіні, у белыя зоры мех.

Падарункі былі для ўсіх аднолькавыя: папяровая скрыначка з цукеркамі і апельсінамі ды сіні пластмасавы дэльфін.

Калі ў мяшку засталася толькі адна скрыначка з цукеркамі і адзін дэльфін, маленькі Дзед Мароз сказаў:

— Да пабачэння, я прыйду да вас праз год. Чакайце.

* * *

Дзед Мароз так стамляецца за навагодняе свята, што вярнуўшыся ў сваю хату, спіць цэлае лета. Ён адпачывае, каб парз год зноў узяць свой вялікі мех і ісці да нас. Каб несці нам падарункі, бо мы чакаем яго і любім, бо мы спадзяёмся на яго… І ён прыходзіць. Мы чакаем яго, і ён прыходзіць. Так было адвеку і так будзе.

* * *

— А Толіку мы не скажам, што на ёлцы не было Дзеда Мароза.

— Добра-добра, не скажам, — пагаджалася з Яракам баба Ядзя.

— Толькі ён не паверыць.

— Паверыць …

— Ты мне раскажаш казку?

— Раскажу. Толькі ты не гавары больш на холадзе.

Снежань 1987 года

Загрузка...