Старшыня сельсавету паклiкаў да сябе ў канцылярыю старшыняў калгасаў, iхных рахункаводаў, брыгадзiраў, настаўнiкаў, актыў. За зачыненымi дзьвярыма, з удзелам прадстаўнiкоў раёна, пачалася нарада, распрацоўка канкрэтных мерапрыемстваў па ажыцьцяўленьню суцэльнай мабiлiзацыi.

Мокрае Першае i Мокрае Другое, як-бы перасталi iснаваць - з iх забралi галоўную сiлу - мужчын. Засталiся жанчыны, дзецi i нямоглыя старыя. Хаты стаяць, як абрабаваныя. Iх пакiнулi людзi, гартам якiх яны трымалiся. З кожнай з iх як-бы вылецела душа - птушка, што кармiла птушанят. Дамы-гнёзды засталiся пакiнутымi i асiрацелымi, стаяць няўпэўненыя ў павароце тых, хто iх пакiнуў. Мабiлiзацыя, быццам якая чума, прайшлася па вёсках, апустошыла, зьнявечыла iх, пакiнуўшы толькi тых, хто ёй непатрэбен - у сьлёзах, у роспачы, у чаканьнi Божай мiласьцi. З нядзелi пад панядзелак, калi з абодвых Мокрых мусiлi новабранцы ад'ехаць, у хатах-гнёздах ня спалi, або калi й спалi, дык вельмi мала i трывожна: гэта была апошняя ноч, ноч разьвiтаньня, ноч болесьцi, ноч спачуцьця, ноч любасьцi i страху перад будучыняй. Вулiцы замёрлi, хаты стаiлiся, пад iхнымi стрэхамi варушылася неразгаданае ў сваёй iснасьцi жыцьцё, найбольш у гэтую ноч глыбокае ў сваiм выяўленьнi. У гэтую ноч вусны шэптам сказалi тое, чаго яны яшчэ нiколi ня гаварылi. Неба высока стаяла ў гэтую ноч, у iм гаварылi-радзiлiся зоры, лiлi з вышынi спагаду людзям пад стрэхамi. Мiгцелi, быццам варажылi пра лёс, што напаткаў гэтых людзей.

Сельсавет ператварыўся ў сваеасаблiвы штаб - адсюль выходзiлi загады i распараджаньнi. У гэтым штабе ўлада фактычна належыла ўжо не старшынi сельсавету, а ваенным, што сядзелi ў гэтым штабе. Функцыi старшынi зводзiлiся ўсяго да выкананьня загадаў ваенных: накiраваньня ў раённы цэнтр прыгодных павозак з коньмi, калгаснага статку - кароў, авечак, сьвiньней, эвакуацыя маслазаводу, адпраўка на станцыю насеннага фонду. Але для ўсяго гэтага ў старшынi не хапала ўжо людзей - паслугоўвацца трэба было толькi старыкамi, калекамi i жанчынамi. Да таго-ж ня было ўжо цягла - лепшыя, прыгодныя для працы конi i валы былi забраныя. Калгасы засталiся абяззброенымi, разгромленымi, паралiзаванымi. На старшыняў калгасаў старшыня сельсавету насядаў, як толькi мог, за невыкананьне ягоных распараджаньняў пагражаў ваеннымi законамi, хоць добра ня ведаў i сам, якая палiтыка вышэйшых уладаў адносна гаспадарчай дзейнасцi калгасаў: абрабляць зямлю, сеяць, цi таптаць, палiць ужо пасеенае i вырашчанае. Адносна загаду Сталiна - пакiдаць ворагу спаленую зямлю, старшынi калгасаў вагаюцца: а што-ж будуць есьцi тыя, што засталiся ў калгасе - жанчыны, дзецi i ўсе нямоглыя старыя? Што iм памiраць з голаду? Праўда, былi i такiя старшынi калгасаў, што выконвалi загад Сталiна: тапталi, палiлi жыта, што пайшло ўжо было ў колас. Жанчыны-салдаткi ўсяляк змагалiся з такiмi старшынямi - проста выходзiлi з дзецьмi на поле: тапчы i нас, палi, калi ты такi бязьлiтасны i крыважэрны.

Да штабу належылi, апрача старшынi сельсавету, упаўнаважанага, людзей з ваенкамату, таксама некалькi актывiстаў, сярод iх Вяркееў i Мiкола Бугроў. Гэта ўсё так званая "бронь", незмабiлiзаваная, пакiнутая на мясцох для наладжаньня гаспадарчай, хоць i вельмi абмежаванай, дзейнасьцi калгасаў, а галоўнае - для мацаваньня грамадзянскай абароны супраць ворага. У дадатак бронь як-бы ўвасабляла сабой савецкую ўладу, што застанецца тут у падпольлi нат i тады, калi ворагу ўдасца заняць гэтую тэрыторыю. На выпадак акупацыi, ў раёне Макранскага сельсавету мяркуецца стварыць ядро першай партызанскай групы, якое складзецца з раённага начальства, у тым лiку першага сакратара райкому партыi. Для падпольля ўмовы ў Макранскiм сельсавеце як найлепшыя непраходныя балоцiстыя лясы, аддаленасьць мясцовасьцi ад шляхоў зносiн: чыгункi, шасэйных дарог, дарог наогул. Немец ня здолее ўстанавiць тут свайго кантролю. Штаб ужо мае i такую-сякую зброю. Старшыню сельсавету можна было бачыць на вулiцы з вiнтоўкай. Зброя як-бы падмацоўвала ягоны аўтарытэт, сьведчыла, што ён не абы якi чалавек, а носьбiт улады, якая не папусьцiцца нiчым. Жаночае апалчэньне, як цяпер называлi жанчын, глядзела на старшыню з вiнтоўкай з зьдзiўленьнем i пагардай. Але старшыня - улада i нiчога не папiшаш. Штаб дае яму загады i ён iх выконвае: гонiць гэтае апалчэньне на акопы, часам далёка, за некалькi кiлямэтраў, аж на раку Бесядзь, там капаюць даўгую - на цэлыя кiлямэтры - глыбокую канаву, у якой застрануць фашысцкiя танкi. На рэчцы Бесядзь ваенныя стратэгi мяркуюць затрымаць немцаў i даць iм бой, калi яны надыйдуць сюды. На гэты стратэгiчна важны пункт сагналi жанчын i хлопчыкаў-падлеткаў з розных вёсак сумежных сельсаветаў. Камандуюць гэтай апэрацыяй ваенныя. Жанчыны iх называюць лейтэнантамi. Адзiн з такiх лейтэнантаў стаiць на кватэры ў Пiлiпа. Гэта, як потым выявiлася, той самы малады чалавек, якога прывёў быў Пiлiпу старшыня сельсавету i якi, праспаўшы колькi гадзiн у сенцах, невядома куды зьнiк. Цяпер-жа ён атабарыўся ў Пiлiпа, як належыцца. Сьпiць позна, мыецца, холiцца, сьнедае не сьпяшаючыся, падцягвае сваю партупею, гаворачы Хiме "спасiба, мамаша" i выходзiць. Едзе, разам з палiтруком, на Бесядзь. Што яму вайна? Яму добра на акопах, у жаночым тыле. Ён бронь. Прозьвiшча ягонае - Сьмiрноў. Iмя - Сашок. Гэтак яго называе палiтрук. Пiлiп чамусьцi ня ўмее правiльна вымавiць ягонае iмя, i замест "Сашок", у яго выходзiць "Шашок". Прыехаў Сьмiрноў Сашок у Касьцюковiчы з Каломны толькi нядаўна. Раён i прыслаў яго ў Мокрае, як ваеннага спэцыялiста. Ён таксама належыць да макранскага штабу, Стаўкi, як жартлiва называе гэты штаб Вусаты Якаў, старэйшы чалавек, iнвалiд Першай сусьветнай вайны.

З Дусяй Шашок не ўваходзiць у гутарку, як-бы не прыкмячае яе. Толькi калi падчас сьнеданьня яна падасьць што-небудзь на стол, гаворыць ёй "спасiба, барышня". Аднак пасьнедаўшы, вылазячы з-за стала, заўсёды гаворыць "спасiба" ня ёй, а ейнай мацi. Гэта ён робiць знарок, каб не рабiць выгляду, што ён цiкавiцца дачкой. Але ў сваёй душы Шашок пастанавiў "састрэлiць барышню". Яна яму вельмi падабаецца, такая спакусьлiвая козка. Калi ранiцою Дуся йдзе з клецi праз сенцы ў хату, Шашок, лежачы на ложку, сваёй выцягнутай рукою хапае яе за сукенку, цягне да сябе. Дуся аднак вырываецца, хаваецца ад яго ў хаце. Лейтэнант пасьля гэтага ня можа ўжо заснуць: "Ничего, никуда не денешься". Пачынае зьбiрацца - мыцца, брыцца. Чакае калi яго запросiць "мамаша" на сьнеданьне.

З абодвых Мокрых на акопы жанчын забiрае ваенны грузавiк. Вязе на Бесядзь. Гэта пераважна дзяўчаты - дарослыя i яшчэ недарослыя. Жанчыны старэйшыя, што маюць малых дзяцей, застаюцца, для iх ёсьць iншая работа. Увечары машына прывозiць "апалчэньне" назад, дахаты. Але бывае, калi ваенная машына едзе куды-небудзь у iншай патрэбе i тады "апалчэньне" застаецца начаваць на акопах. Што тут тады дзеецца! Спаць няма дзе, толькi на зямлi, на траве, пад кустом. Накрыцца няма чым - камары залязяць, куды ня трэба. Пад галаву можаш палажыць толькi сваю рыдлёўку. Якi-ж тут можа быць сон? Ну, i лiчаць дзяўчаты на небе зоры. Ня сьпяць. Дурэюць. Шчакочаць адна другую. Iм што, дурасьлiвым? Палезьлi-б да "лейтэнантаў" у iхныя шатры-будкi, але цi-ж лёгка на гэта адважыцца? Можа некаторыя спрытнейшыя i маглi-б. Ды iм, лейтэнантам, ня трэба столькi, колькi нас тут усiх. У iх выбар вялiкi. У нас тут усякай твары па пары. Любая, якую хочаш, масьць ёсьць. Самых маладзейшых i прыгажэйшых могуць мець. I маюць. Губа ў iх ня дура. Унь як Пiлiпаву аблюбавалi! Кожны да сябе ў шалаш запрашае. Ды дзеўка ня дура - баронiцца.

- Баронiцца? Дужа ты знаеш.

- Што знаю, тое й кажу.

- Нiчога ты ня знаеш. Сама бачыла!

- Што ты бачыла?

- А тое, што, заголеную, ў кустох качалi. Сярод белага дня.

- Хто яе там качаў?

- Ды той-жа Шашок, што ў iх прымасьцiўся.

- Цi не гаворыш ты лiшняе, дзеўка? Мо зайздросьцiш?

- Цьфу! Захацела б - ляжала-б у будцы таксама. Ёсьць тут адзiн. Лупiць на мяне вочы. Ды я ведаю - сарвець i паедзе. Нашто мне такое? Я ня Дуся.

- Не брашы на Дусю. Яна дзеўка чыстая.

- Кажу табе - сама бачыла. Ляжыць, адкiнуўшыся. Але няхай! У нас адкiдацца можна. Гэта яшчэ нiчога ня значыць. Такей дзерявеньскiй звычай - палапае i ўсё. Далей дзеўка ня пусьцiць. Зацiсьнецца гэтак, што ня ўсунiць. А гэты... Ну, каб ты бачыла! Усунуў! I соўкае.

- Дальбог, ты гэта манiш. Сама сабе ўявiла. Сама гэтага хочаш. Ведаю я цябе. Вусьцiна няма, дык цяпер няма каму соўкаць. А пра Дусю... Ня веру. Пашто ёй так прылюдна... каб хто бачыў... На тое-ж у яе ёсьць клець... Зручней.

- А што ты думаеш, ён ня соўкае яе i ў клецi? Соўкае - дзеўка салодкая. Ета яе цяпер самая пара. Прывыкшы, дык ёй i на акопах хочацца. На чыстым воздусе. А струмант у яго, вiдаць, добры. Трымцiць у зьнямозе... Думаюць, iх ня бача нiхто. Ад мяне не схавацца - усё роўна падгледжу. Гляджу ета, дальбог, i самой хочацца... Каб яны пагарэлi.

- Вот-жа я й гавару, што ты ўяўляеш сабе. Таго глядзi, пачнеш хлопчыкаў спакушаць. Вучыць. Распусьнiца ты.

- Ну, на гэта я ўжо не пайду. Ляпей я... Ды што казаць, бабам прыйшоў канец! Як вайна - бабам заўсёды бяда. А бабам-жа патрэбна бабскае. Як мiрна было ўсё, дык i мы былi мiрныя, ня кiдалiся на шыю. А цяпер як няма, дык хочацца яшчэ болей, дармо, што бяда, гора. У бядзе й горы гэта як лек i спасеньне. Глядзi, як усхадзiлася бабскае кодла на акопах - проста грэх. Як на бяду якую. Нямоглым, i тым праходу не даюць - лезуць i да iх. Лейтэнантаў-жа ўсiм ня хопiць. А лейтэнанты гэтыя... от докi! Ты думаеш, машына сапраўды некуды паехала? Гавораць так, каб мы тут засталiся нанач, ня ехалi дахаты. Iм уначы лацьвей. Ды й нашае кодла ня супраць застацца на акопах. Хоча выставiць i свой акопчык.

- Жартуеш... Ня так усё проста. Думаеш, толькi мы, бабы, такiя нешчасьлiвыя. Вунь Мiкола Бугроў... Колькi тут нас, а знайсьцi нiкога ня можа. Сланяецца, як няпрыкаяны.

- А ведаеш - чаму? Перажывае за Дуську! Бачыць, што ягонае не бярэ. Ня можа-ж ён ня бачыць - напэўна, бачыць - як загаляюць ягоную Дуську. Ён-жа па ёй млее. Але баiцца лейтэнанта. Нiчога ня можа зрабiць. Па ўсiм вiдаць, яна яго ня хоча. Чула-ж мо - у клець ня пушчае. Раздурылi дзеўку - i таму падабаецца i таму падабаецца. А ўсё красата яе i слабасьць. Ля яе-ж ходзiць i палiтрук. Усё чытае ёй газэты, пра палiтыку рассусульвае. Дусьцы няма калi й за лапату ўзяцца. А ты думаеш - чаго ён хоча? Таксама загалiць. Палiтыка ёй ня трэба.

- Пакiнь ты! Дальбог. ты ненармальная. Паслухаць, што ты гаворыш, дык iнакш пра цябе ня скажаш. А пра Пiлiпаву Дуську... галаву дам на адрэз - ты ёй зайздросьцiш i таму валiш на яе. Яна яшчэ нечапаная, чыстая дзеўка.

- Такая, як ты.

- Ты мяне не чапай. А то палучыш. Не раўняйся са мною.

Вайна вiруе ўжо другi тыдзень, а Мокрае пра яе мала што ведае - радыё няма, газэты ўжо ня прыходзяць. Толькi раёнка - "Сталiнскi прызыў", дый тая на адным толькi лiстку. Што з яе даведаешся? Кажуць, немцы забралi ўжо Менск, Воршу, Магiлеў, Чавусы i стаяць пад Клiмавiчамi. Дык адтуль-жа да Касьцюковiчаў - як рукою падаць. Таго глядзi - праз ноч i ў Мокрым заявяцца. Але дакладна нiхто нiчога ня ведае. Паранейшаму ганяюць на акопы - лейтэнанты не даюць адпачыць жанчынам. Збожжа тымчасам ня топчаць i ня паляць. Статак, як быў, гэтак i застаецца ў калгаснай аборы. Старшыня сельсавету раз'яжджае па калгасах, патрабуючы ад iх выкананьня плянаў. Палiтрук заклiкае ня верыць чуткам - iх сьведама сее вораг. Чырвоная армiя стойка стаiць на сваiх пазыцыях, стрымлiваючы нацiск Гiтлераўскай армii. Але гэтым запэўненьням людзi ўжо ня вераць - паводзiны самога штабу выдаюць яго трывогу i нэрвовасьць. Бронь кожную ноч зьбiраецца ў сельсавеце. Нарада за нарадай. Кiдаецца ў вочы заклапочанасьць штабу. Канешне, штаб ведае пра сапраўднае палажэньне на фронце, толькi ня хача, пра гэтае палажэньне гаварыць - утойвае. Робiць уражаньне, што няма падставаў для панiкi. Але заспакоiць людзей штабу не ўдаецца. Мокрае адно i другое жыве прытоеным жыцьцём. Прыцiхла i чакае нечага няўнiкнёнага. Людзi ня выказваюць свайго такога цi iншага стаўленьня да падзеяў. Найболей маўчаць. Што яны думаюць, цяжка меркаваць. Чакаюць i ўсё. Каго, чаго чакаюць - няясна. Уначы можна пачуць, як недзе ў некага бразнула клямка, рыпнулi дзьверы. Нехта з некiм шэпчыцца. Вёска ўначы ўжо, як раней, ня сьпiць - у ёй варушыцца прыцiхлае, затоенае жыцьцё. Ранiцой з вуснаў у вусны перадаецца начная iнфармацыя: да Хадоскi цi да Сьцепанiды нехта заходзiў ўначы. Бачылi - нешта нёс. Пёкла Канцавая некага з лесу хавае пад сваёю спаднiцай. Вусаты Якаў сам устанавiў недзе сваё радыё i слухае. Ведае ўсё навылёт, але нiкому нiчога ня кажа. Вёска кiшыць усякiмi навiнамi, здагадкамi, дапушчэньнямi. Адзiн аднога падглядаюць, цiкуюць. Уначы прайдзi Мокрае з канца ў канец - нiкога ня ўбачыш, але нейчыя вочы ўсё роўна цябе ўбачаць, цябе дагледзяць. Мокрае ўвайшло ў сваё нутро, затоена дыша. Пакуль нешта ня вызначыцца канчальна, яно маўчыць, яно яшчэ ня ведае, куды што. Прыцiхла вулiца, на прызбе дзеда Мельнiка дзяўчаты ня зьбiраюцца - хлопцаў няма, ды й не да гуляў.

Аж раптам вяртаецца ў Мокрае з Менску Агапка. Iшла адтуль дванаццаць дзён з хатулём за плячыма. Ногi зьбiла. Насiлу дабралася. Яна й пусьцiла пагалоску, што за ёю iшлi немцы па пятах i што ня сёньня, дык заўтра яны будуць i ў Мокрым. Сказала таксама, што нашы здаюцца немцу, яна сама бачыла, як яны гналi нашых салдат. Агапку выклiкалi ў сельсавет, у штаб. Дапытвалi i сказалi, каб прыкусiла свой язык. I сапраўды, цяпер ад яе i слова не пачуеш. Кажуць, яе завербавалi ў партызанскую групу.

Пiлiп ненарокам убачыў у вакно - да сельсавету пад'ехалi дзьве машыны легкавая i паўтонка. З легкавой вылезьлi два чалавекi. Iм насустрач выйшлi з сельсавету ўпаўнаважаны i палiтрук. Прывiталiся i адразу-ж зьнiклi за дзьвярыма.

"Ну, нешта-ж iм прысьпiчыла. Закалола ў... Дасюль iх тут нiхто i ў вочы ня бачыў. А, глядзi, прымчалiся... Уцякаюць цi што? Гэта-ж, канешне, Касьцюковiцкiя тузы... Зямля ўжо гарыць у iх пад нагамi, цi што? Там ужо iм месца няма, што прыкацiлi сюды, у глуш? Вот настала для iх часiна!.. ...Значыць, усё-ткi немец прэ?"

Разважаньнi Пiлiпа перабiла Хiма:

- Глядзi ты, i Шашок наш сабраўся - на ложку ў сенцах скатка яго ў паход гатова. На акопы не паехаў i тут яго ня вiдаць. Ты ня бачыў яго?

- Круцiцца недзе тут. Вiдаць, да Вяркеева пайшоў у школу. Бачыў - праз мост iшоў туды. З iм i твой лупаты зяць - Бугроў.

- Не дапякай мяне зяцьмi. Цяпер не да зяцёў. Мы сядзiм тут. Нiчога ня бачым i ня чуем, а сьвет загарэўся. I дзе то цяпер наш Ягорка? Забралi-ж i яго. Я так думаю. Хоць-бы Эма прыйшла сюды да нас. У нас зацiшней.

- Дабяруцца й сюды. Ня думай. Бачыш, начальства Касьцюковiчы пакiнула. Цяпер ужо ў нас тут раён. Але выпараць i адсюль.

- Ды нягож, як прыйдзе час, яны й нас пакiнуць. Я баюся, каб чаго ня ўчынiлi, пакiдаючы. Я баюся таксама за Дуську. Каб не зманiлi i яе. Гэты Шашок. Дзеўка - яна дура. Стукне ў голаў i прапала. Можа-б i ты ёй што сказаў? Нешта яна сабе ў галаву забрала.

- Гавары ты ўжо цяпер з ёй.

- Табе ня шкода свайго роднага дзiцяцi?

Надвечар прывезьлi з акопаў жанчын. Дуся, угледзеўшы ў сенцах на ложку скатку Шашка, увайшла ў хату засмучаная. Мацi адразу заўважыла гэта:

- Скажы, мо' што здарылася?

- Ды нiчога, мама.

- Хадзi на двор. Хачу ў цябе нешта запытацца. Каб бацька ня чуў.

- Мама, ну што такое? Гавары тут!

- Ды выйдзем на хвiлiнку.

Яны выйшлi.

- Скажы, дзiцятка... Пара ўжо, а ў цябе няма. Мыла бялiзну - тваё ўсё чыстае...

- Мамачка, будзе яшчэ. Не квялi мяне!

Дуся, угневаная, не пайшла ў хату, а на вулiцу. Мацi падумала: вiдаць, да якоесьцi свае сяброўкi.

Дусi доўга ня было. Ужо й сьцямнела, а яе ня было. Прыйшла, калi было ўжо досыць позна. Мацi паставiла ёй на стол вячэру.

- Зьеж хоць цяпер. Цэлы-ж дзень галодная была. На акопы з сабой нiчога ня брала... Мо што чуваць у цябе новае? Ты-ж увесь час сярод людзей.

- Ды нiчога, мама. Агапка, ты-ж ведаеш, прыйшла з Менску. Я з ёй гаварыла. Яна шмат чаго расказала мне. Пра ўсё чыста. Пра ўсё чыста. Сказала таксама...

На парозе зьявiўся Шашок. Дуся палажыла ложку на стол. Як-бы спужалася.

- Мамаша, благодарю за всё. Я ўхожу... Надо.

Падаў Хiме, потым Пiлiпу руку.

- А с барышней я уже простился.

Глянуў на Дусю.

- До свидания. Всего хорошего.

Выйшаў.

Дуся толькi чула ягоныя крокi за хатай.

Ранiцою, калi вёска яшчэ спала, Пiлiп, выйшаўшы з хаты, заўважыў пакiнутыя адчыненымi дзьверы ў сельсавет. Гэта выдалася яму падазроным. Праём у дзьвярох чарнеўся глыбокай пасьцяй. Пiлiп напачатку не адважваўся падысьцi блiжэй i паглядзець, у чым справа. Аднак цiкаўнасьць перамагла i Пiлiп узыйшоў на ганак сельсавету, з якога яшчэ нядаўна прамаўляла Касьцюковiцкае начальства. З асьцярогай пераступiў парог i ягоным вачам паказалася несамавiтая карцiна: параськiданыя ўсюды на падлозе розныя рэчы, адчыненыя ў сталох шуфляды, перад дзьверцамi ў грубцы i ў самой грубцы - ворах спаленай, абвуглелай паперы, голыя, бяз фiранак вокны, залiтыя атрамантам сталы - выгляд поўнай пустэльнi. "Зьехалi. Няма. Як карова языком зьлiзала. Была ўласьць i няма ўласьцi. Вось яно як", - падумаў Пiлiп i хутка выйшаў з канцылярыi, каб крый ты Божа, не падумаў хто, што i ён тут як-небудзь замешаны. Вярнуўся дахаты. Сказаў Хiме, што ўжо ўласьць зьбегла. I сьлед прастыў.

- К таму яно йшло. Я-ткi чула ўначы - машыны гулi. Думала, што-б гэта такое? Хацела ўжо цябе разбудзiць, ды хутка ўсё сьцiхла. Значыць, далi ходу. Ну але Бог з iмi. Я рада, што Дусi дур ня ўлез ў галаву - не зманiлi i яе. Але трэба яшчэ паглядзець, цi яна ў клецi. Ды што гэта я? Грэх так аб дзiцяцi падумаць. Яна-ж у нас не такая.

- Такая цi не такая, а радавацца няма чаго.

- Пра што ты гаворыш?

- Ды нi пра што. Сама ведаеш...

Чутка, што "ўласьцi" ўжо няма, не замарудзiла даляцець да слыху жыхароў Мокрага Першага i Мокрага Другога. Адкуль нi вазьмiся - набеглi ў сельсавет, найперш хлапчукi, перакулiлi ўсё дагары нагамi ў пошуках нечага патрэбнага iм. А пазьней, як ужо добра ўднелася, пачалi зьяўляцца i дарослыя, пераважна "цяплюхi", старыя i нямоглыя мужчыны-абборкi. Гэтыя апошнiя заглянулi i ў Сельпо. Дзьверы былi на замку, ды iх узламалi - Сельпо аказалася такiм-жа пустым, як i канцылярыя сельсавету: што было, усё сплыло. Ды нягледзячы на гэта розгалас пайшоў, што "добрыя людзечкi цягнуць з капiрацiву дабро, а мы сядзiмо тут, склаўшы рукi". Гэтага было дастаткова, каб пачацца цэламу штурму на Сельпо: рынулiся ўсе туды ў надзеi ўварваць што-небудзь i сабе. Але апрача прапаганднай лiтаратуры, якая iшла ў якасьцi абавязкавай "нагрузкi" да больш каштоўных рэчаў, у Сельпо ўжо нiчога вартаснага ня было. Зрэшты, у iм нiколi ня было поўна: гарэлка, хлеб, соль, запалкi, iншыя дробныя рэчы i ўсё. Калi-ж у Сельпо i прывозiлася нешта вартаснае, "дэфiцытнае", яно адразу-ж трапляла ў рукi памазаньнiкаў Божых. Звычайнаму чалавеку i ў вочы яго не паказвалi.

Пiлiп глядзеў у вакно, як людзi тоўпiлiся каля Сельпо - уваходзiлi i выходзiлi з яго, нешта ўхапiўшы там, цi так, з пустымi рукамi. Глядзеў, але сам ня меў намеру пайсьцi ў тое Сельпо: а што як уласьцi вернуцца? Тады што? Знойдуць усiх, хто рабаваў, крэмсаў, ламаў. Мо нават i ў гэтую хвiлiну ўласьць тая выглядае з кустоў, назiрае, хто чаго варты. Далёка-ж яна яшчэ не ад'ехалася.

Асаблiва валам валiлi жанчыны, пачуўшы, што ў "каперацiве" ёсьць соль. Але яе ўжо расхапалi тыя, хто ўварваўся ў той "каперацiў" першым, i жанкi, рашчараваныя, выходзiлi з Сельпо з нiчым. Яны наракалi на свой жаночы лёс: "хто сьмялейшы, той i мае, хто вёў рэй з начальствам, той усё й захапiў, а беднай салдатцы - кукiш. Пра ейных малых дзетак нiхто не спагадае, ня ўгледзiць, што яны-ж засталiся бяз бацькi. Як на вайну - дык нашых першых. Iншыя-ж вон у бронь улезьлi i пэўна-ж сядзяць у кустох".

Не ўцалела ад хцiвага вока i школа - што можна было пацягнуць - пацягнулi. Асаблiва пацярпелi фiз- i хiмкабiнэты - да найменшай бляшачкi падчысьцiлi. Шкло з ваконных рамаў, i тое павынiмалi. За адну ноч школа была цалкам разгромленая. Хто i што - не вядома. Шыта-крыта. Вось табе й пабралi мужчынаў! Гэта-ж мужчынская работа! Ня бабская.

Вяскоўцаў зьдзiўляла тое, што начальства пакiнула iх гэтак патаемна i падспудна. Угаворвала не паддавацца панiцы, заставацца кожнаму на сваiх мясцох, рабiць, як i рабiлi дасюль, не парушаць дысцыплiны i вось табе змылася першым, няўгледна ад людскога вока. Дзе падзеўся той штаб i тая бронь? Рыхтавалiся-ж яны, думалi-ж яны, як гэта iм лацьвей зьнiкнуць! От i зьнiклi. Пачуў кот смаленае.

Але ў вяскоўцаў было адчуваньне нечага новага, хоць i няяснага. Упяршыню яны засталiся бяз улады. Упяршыню адчулi сябе свабоднымi, хоць гэтая свабода i пужала iх: як гэта быць iм самiм? Была нават радасьць, што ўлада адступiла, скончылася, пакiнула iх. Яны яе не шкадуюць, па ёй ня плачуць - дадзела яна iм. Хопiць! Але што наступiць пасьля яе, якая ўлада прыйдзе на зьмену старой? Якi будзе парадак? Пэўна-ж парадак трэба зьмянiць, але хто яго зьменiць i як? Нашы-ж людзi пайшлi. Пайшлi на вайну. Але за каго яны ваююць? Вярнулiся-б хутчэй дахаты жывымi i ўстанаўлялi-б нейкi свой парадак. Бо калi пачне ўстанаўляць парадак чужынец, дык цi добры будзе той парадак для нас? Прыйдзе немец - напэўна-ж прыйдзе, чаго-б уцякалi нашыя? - дык як ён будзе абыходзiцца з намi? Боязна. Наша ўся сiла пайшла нямаведама чаго i куды, а прыйдзе чужая. Што яна будзе рабiць з намi, пакiнутымi i безабароннымi?

Як-бы назнарок, сярод белага дня, нiчога не баючыся, павольным крокам, упэўнена iдзе па вулiцы - з канца ў канец - старшыня сельсавету з вiнтоўкай за плячыма. Iдзе гэтак, каб яго бачылi ўсе, каб ведалi, што савецкая ўлада не адступiла, што - бачаце - яна ступае ў яго асобе цьвёрда i непахiсна, хай нехта паспрабуе нават падумаць, што яе няма. Не, яна, улада, тут, яна ня зьнiкла, яна непераможная i непрамiнальная. Старшыня сельсавету iшоў вулiцай, не пазiраючы на вокны хатаў, якiя ён мiнаў, але ягоныя вочы, здаецца, бачылi ўсё i ўсiх, хто i як сябе паводзiў у час ягонай кароткай адсутнасьцi. I людзi, гледзячы ў вакно, баялiся яго, ягонай хады. Iм здавалася, што ён ведае iхныя думы, iх настрой, ведае, хто ўжо здрадзiў яму, палiчыў, што ўжо яго няма, што ён болей ня вернецца. А ён, глядзi, тут. Хай дрыжыць той, хто ўжо сьпiсаў яго i ўсклаў надзею на некага iншага. Не, ня будзе iншага.

Уначы да Дусi ў клець прыйшоў Мiкола Бугроў. Дуся ўпусьцiла яго, пасьля таго, як ён сказаў, што хоча толькi пагаварыць з ёй. Але перад тым, як адчынiць яму, Дуся надзелася, ведаючы нораў Мiколы Бугрова. Бугроў, увайшоўшы, папрасiў:

- Давай сядзем. Дзе твой ложак - ня бачу.

Намацаў у цемры ложак. Сеў.

- Хадзi й ты сядай, кажу. Ня бойся. Чапаць ня буду.

Дуся не садзiлася, гатовая выскачыць у выпадку, калi-б Мiкола ўздумаў змусiць яе лажыцца з iм.

- Хадзi, кажу! Мяне дык ты баiшся, а як хто там падлезе да цябе... Ды я не хачу пра ета гаварыць. Я хачу пагаварыць з табою пра другое... Ну хадзi-ж сюды, да мяне. Ня бойся. Я прыйшоў не за етым.

У голасе Мiколы Дуся вычула нотку засмучанасьцi, шчырую просьбу пагаварыць з ёю, аднак ведаючы ягоную натуру, ня i верыла яму i ўсё заставалася стаяць каля дзьвярэй.

- Тое, Дуся, ужо прайшло, калi я лез да цябе. Ты даруй мне i тое. Тое ўсё было ня сур'ёзнае. Цяпер час надыйшоў сур'ёзны i я хачу пагаварыць з табою сур'ёзна. Ты ўжо не малая... Ты слухаеш мяне? Хадзi, пагаворым палюдзску. Вырашым, як табе быць. Што будзеш рабiць? Заставацца ў хаце сядзець, цi... У хаце ня ўседзiш... Прыйдуць... Упрашваць ня будуць... пацягнуць. Iм ты спатрэбiшся. На такiх, як ты, яны падкiя. Дык каб уцалець... Адзiны ратунак пайсьцi з намi. Пайсьцi з людзьмi заадно. Як пайшлi i йдуць мiльёны такiх, як ты, каб ня сплямiць сябе, свой род, сваю матку, свайго бацьку, свайго брата. Падумай, Дуся. Ты нам патрэбная. Хадзi да нас. У лес. Нас ужо многа. У нас ёсьць ужо вялiкiя сiлы. У нас ёсьць база. Наша армiя пакiнула нам усё патрэбнае. А прыйдзе вораг... а ён ужо стаiць за колькi кiлямэтраў адсюль... мы будзем яго бiць з тылу. Масква забясьпечыць нас усiм чыста. Перакiне людзей, зброю. Вораг не ўстаiць. Перамога будзе за намi. Пабачыш. Дык ня будзеш-жа ты стаяць у баку. Як ты будзеш глядзець людзям у вочы, калi нашы людзi вернуцца? З перамогай. Яны спытаюцца, цi ты што-небудзь зрабiла для перамогi, унясла сваю долю, цi не? Хочаш, я пагавару з тваiмi бацькамi. Яны, я ведаю, адпусьцяць цябе, калi ты захочаш сама. Мы цябе пашлём у Маскву, у школу медсясьцёр. Адтуль ты выйдзеш медсястрой перавязваць партызанам раны. Падумай толькi, якую службу ты саслужыш гэтым! Што ты тут будзеш гiбець? Прыедзем за табой на машыне, пакуль ня позна i забярэм цябе. Гэта, Дуся, ня толькi мая просьба - усяго нашага штабу, усiх нашых людзей просьба. Людзей, якiя цябе ведаюць, паважаюць i любяць. Штаб шле табе прывiтаньнi. Сашок Сьмiрноў таксама i перш за ўсё. Дамовiлiся, Дуся? Дай мне сваю руку. Дзе ты? Чаму ты маўчыш? Ты згодная са мною? Скажы сваё слова!

Дуся маўчыць. Дусi, як няма. Яна затаiла сваё дыханьне. Яна нiчым ня выказвае свае прысутнасьцi, i невядома было, цi ўспрыймае яна тое, што ёй гаварыў Мiкола Бугроў.

- Чаму ты зацялася? Цяжка табе адказаць? Ня ведаеш, што сказаць? Але ты мусiш адказаць. Цяпер! З намi ты цi ня з намi? Вырашай, Дуся, пакуль ня позна! Пакуль я яшчэ не пакiнуў цябе. У мяне няма часу. Чуеш, Дуся?

Бугроў падняўся з ложку i накiраваўся да дзьвярэй. Дуся адчынiла дзьверы i Бугроў падумаў, што яна хоча ўцячы ад яго, але Дуся не ўцякала, стаяла i моўчкi глядзела на Бугрова ў паўзмроку.

- Дык пакуль я не пераступiў гэты парог, адказвай, што ў цябе на душы?

Падыйшоў да яе блiжэй, хацеў абняць - адмахнулася рукамi.

- Ня хочаш мяне - ладна! Я свабодны ад цябе. Я табе вось што яшчэ скажу. Ты закончыла школу. Ты ня чуеш свайго абавязку перад ёй, перад тымi, хто цябе вучыў, вывеў на дарогу? Дык на якую дарогу ты хочаш стаць, яшчэ раз пытаюся я ў цябе?

- Я хачу пайсьцi ў хату.

- Гэткi твой адказ? Пабачым!

Бугроў сiгануў за парог з рашучасьцяй, якой Дуся яшчэ ня бачыла ў iм.

Цэлы дзень яна праседзела ў хаце, нiкуды ня выходзячы. Яна нiчога не сказала мацi пра Бугрова, пра ўсё тое, што ён ёй гаварыў. Яна была сама з сабой. Гэта быў дзень ейнага роздуму. Яна менш за ўсё думала над тым, што гаварыў, да чаго заклiкаў яе Мiкола Бугроў. На душы ў яе было ня гэта, нешта iншае, мала ёю ўсьвядомленае, але тым ня менш датклiвае. У няяснасьцi душы яна бралася то за адно, то за другое. Гартала кнiжкi, разглядала ў iх пакладзеныя некалi ёю розныя кветачкi, лiсьцiкi, цяпер засохлыя, фотакарткi, што пужалi яе сваiм кiдкiм паглядам вачэй, такiх знаёмых i напоўзабытых. Сярод гэтых фотакартак яна знайшла i фотакарткi з братавага вясельля. На яе глядзяць Эма, брат, мацi, яна сама i яшчэ... яна ня стала болей разглядаць iх. Узяла свой сшытак з "вершыкамi". З тымi, што яна калiсьцi любiла, завучвала напамяць. Але ўсё гэта было ўжо ў мiнулым i здавалася ёй ня мае цяпер непасрэднага да яе дачыненьня. Ды ўсё-ткi яно зачапляла ў ейнай душы струну, згукi якой адзывалiся ў ёй няўлоўнай радасьцяй i адначасна смуткам, што яшчэ больш рабiла яе няўпэўненай i страчанай.

Мацi не магла ня прыкмецiць ейнага такога стану, але не зачапляла яе, не перашкаджала ёй з ейнымi перажываньнямi, хоць i карцела ёй даведацца ў дачкi аб прычыне ейнага несамавiтага настрою i ўзрушэньня. Хiма пра ўсё магла падумаць, але не хацела дапусьцiць аднаго - Дусiнай страты дзявочасьцi, такой магчымай. Гэтага яна найбольш баялася, балазе, што ў Дусi ўсё яшчэ ня прыходзяць госьцi, на бялiзьне ўсё яшчэ не паказваецца ейнае месячнае. Мо' дзеля гэтага й перажывае, думала Хiма, але зноў-жа не хацела гэтым назаляць ёй, пакуль ня ўляжыцца ў яе ўсё душэўнае. Дуся ўсё пераглядае свае школьныя прыналежнасьцi, парадкуе, нешта выкiдвае ў кошык, быццам зьбiраецца ў дарогу. "Няхай сабе пераглядае, можа гэты занятак суцiшыць яе", - думае Хiма. Дуся ўзьнялася дастаць з палiчкi бутэлечку клею i, устаючы, глянула ў вакно:

- Мамачка, ратуй мяне! Па мяне прыехалi! Схавай мяне!

I кiнулася ў падпольле для бульбы.

Хiма, перапужаная, зiрнула ў вакно: з кузава паўтонкi вылазiлi Шашок i Мiкола Бугроў.

З "бронi" ў абодвых Мокрых засталася толькi Агапка, калi на самай справе яна залiчалася да гэтай "бронi". Нi Вяркеева, нi Мiколы Бугрова, нi старшынi сельсавету ня было ўжо вiдаць. Калi яны й паяўлялiся ў вёсцы, дык толькi ўначы i ў людзей, блiзкiх iм i адданых. Прыкмячалi таксама макранцы, што да Хадоскi Канцавой заглядвае ўпаўнаважаны i што з Касьцюковiцкага начальства толькi ён яшчэ ня сыйшоў. Iншыя-ж падалiся пад Папову Гару, трымаюць курс на Гомель. Гэтак гавораць, гэткiя чуткi. Чутак гэтых столькi, што невядома, якой з iх верыць. Людзi жывуць цяпер чуткамi. З "бронi" засталася, праўда, яшчэ Дуся, хоць нiхто ня верыў, што тая "бронь" калi-небудзь цiкавiлася ёю. "Якая з яе "бронь"? "Шашок нацiснуў i "бронь" здалася, - сьмялiся бабы. - А вот-жа не паехала з iм у лес. Прыяжджаў па яе. Схавалася. I не паехала. Паказала яму сваю "бронь".

Лявонавiч усе гэтыя днi зьбiраўся пагаварыць з Агапкай, ды ўсё ня выходзiла. Нарэшце, Дар'я запрасiла яе дахаты. Лявонавiч хацеў паслухаць яе самую пра ўсё, што яна бачыла, што чула. Можа-ж што i пра сына скажа. Вучылася-ж з iм у вадным горадзе.

Агапка ахвотна прыняла запрашэньне, яна нават сама хацела заглянуць у хату, дзе яна была ня раз i куды яна заўсёды iшла ў надзеi зьдзяйсьненьня сваiх жаданьняў.

Лявонавiч i Маланьня сустрэлi яе з усёй павагай i ветлiвасьцяй, хоць i вычувалi сваю перад ёю няёмкасьць за няўвагу ў мiнулым.

Агапка цяпер аформiлася канчальна, спаважнела, набыла прыстойны выгляд маладой, адукаванай асобы. Чорныя, да бляску, валасы. Спакойныя, разумныя вочы. Павольныя, мяккiя рухi. Акругласьць формаў. У гарадскiм убраньнi.

Пяць год прайшло з таго часу, як яна была тут. Лявонавiч i Маланьня былi нямала зьдзiўлены яе такiм пераўтварэньнем i ня ведалi, як з ёю абыходзiцца. Агапка-ж сваiм захаваньнем, спакойным i тактоўным, суцешыла iх i яны пачалi чуцца свабодна i нявымушана. Маланьня пачала частаваць госьцю, стаўляць на стол усё лепшае, што толькi ў яе было. Агапка ўпрашвала ня турбавацца, гаварыла, што яна не галодная i што яна вельмi ўдзячная за такую ўвагу. Лявонавiч нат дастаў аднекуль паўлiтра "расейскай горкай". Казаў, як аб'явiлi мабiлiзацыю, дык у Сельпо навезьлi столькi гарэлкi, што хоць ты затапiся ў ёй. Хапалi ўсе, дык во i мне дасталося. Можа можаце трохi выпiць, дык выпейце на здароўе. Лявонавiч пачаў называць Агапку на "вы", але госьця папрасiла называць яе, як i раней, Агапкай. "Лявонавiч, я была Агапкай i хачу застацца Агапкай. Тым болей для вас, Лявонавiч. Мы-ж свае людзi".

Лявонавiч быў рады ўстаноўленаму памiж iмi зразуменьню i гатовы ўжо быў пачаць свае роспыты, але Агапка, добра ведаючы, што яму балiць, доўга не чакаючы, пачала сама:

"Мае даражэнькiя! Я ўсё разумею. Мне блiзка ваша бяда, заклапочанасьць, гора. Я перажывала i перажываю вашу бяду, як сваю асабiстую. Не захаваю - мы-ж дарослыя людзi i няма чаго нам хавацца - я любiла Мiколу, вашага сына. Ён дораг мне i цяпер, хоць я ўжо (прывiтайце мяне!) цяпер замужняя жанчына. Такое маё шчасьце, даражэнькiя, - выйшла замуж за месяц перад вайной. Муж цяпер змабiлiзаваны, як i ўсе, i я засталася адна - нi ўдава, нi замужняя. I вось вярнулася ў сваё Мокрае. Аж з самага Менску. Калi ён быў ужо ўвесь у вагнi. Iшла дванаццаць дзён з сваiм набыткам за плячыма. Набыткаў было няшмат. Мы толькi што пачалi з мужам уладкоўвацца... Я й забыла вам сказаць, я-ж настаўнiца. Працавала, пасьля заканчэннья педтэхнiкуму, у пачатковай школе, там-жа, у Менску, на ўскраiне гораду. Люблю дзяцей. Хацела мець i сваiх. I вось папаўся мне чалавек. Выйшла за яго. I вось яго ўжо няма. Я засталася адна. Куды-ж мне? Вот i прышла, што называецца, дамоў. Нi замужняя, нi ўдава. А якi тут цяпер дом? Ды я вярнулася, Лявонавiч, назад. На пяць гадоў назад, калi Мiкола i я выйшлi адсюль шукаць сябе, свайго шчасьця. Я ўжо гаварыла, я любiла Мiколу. Ня ведаю, цi ён любiў мяне. Здаецца, не. Ён любiў усiх i нiкога, усё i нiчога. Ён любiў, Лявонавiч, сваё дзела. Дарэшты быў адданы слову, вершапiсаньню, лiтаратуры. Хацеў быць паэтам. Ня тое, што стаўляў сабе за мэту стаць паэтам. Не. Ён нават саромiўся слова "паэт". Чуўся нiякавата, калi яго нехта называў паэтам. Ён быў заюшаны ў гэтым слове, хачу сказаць, у беларускiм слове. Яно яго й давяло. Часта яму было сумна, i ён прыходзiў да мяне, "у Мокрае", як ён казаў. Дзякую яму i за гэта. Нудзiўся ён па вас. Хацеў пабачыцца з вамi перад... Ён прадчуваў, што яго возьмуць. Ня раз разьвiтваўся са мной. Казаў, мо' ўжо цябе, макранскую, не пабачу. Разьвiтваўся - дзiвак - з сонцам, калi яно заходзiла. Любiў заход сонца. Кажу, вычуваў свой заход. Турбаваўся, што ў пральнi яго бялiзна не гатова. От, гаварыў, ня будзе чаго ўзяць з сабою туды... Вы ведаеце, куды. Усё ня выплачвала яму ганарару, грошы нейкая газэта, у якой ён нешта друкаваў сваё. Ён ужо не рыхтаваўся, як звычайна, да заняткаў - пiсаў i пiсаў. Праз ноч навылёт. Я пра гэта ведаю, ён чытаў мне ўсё гэта. У яго нiкога ня было, i ён бег да мяне, у "Мокрае". Мы можа-б з iм i сышлiся напасьледак, каб... Хоць не. Ён увесь быў у нябёсах. А я зямная. Выдумваў нешта нязвычайнае, у ягонай уяве былi нейкiя нятутэйшыя вобразы, па-за зямныя, нябескiя. Ствараючы ў сваёй уяве прыгожае, жыў гэтым. Жыў фактычна нерэальным. Падманьваў сябе... Я ведаю - ён пiсаў вам часта пiсьмы. Але ў тых пiсьмах ён ня пiсаў праўды. Шкадаваў вас. От якi ён быў чалавек.

- Так. Так. Гаворыш праўду - ня пiсаў усяго пра сябе. Ды мы чулi, што за кожным ягоным словам стаiць. От бяда!

Лявонавiч змахнуў з вачэй сьлязу:

- Расказвайце. Расказвайце ўсё чысьценька, што ведаеце.

"Ня ўсё я ведаю, нажаль. Ну, дык вось наступiў той дзень, якога ён чакаў, якога ён баяўся, але да якога няўхiльна iшоў. Гэты дзень яму быў наканаваны. Ён дакладна ведаў, калi той дзень настане. Да сябе ён пайшоў увечары ад мяне, сказаўшы, што ён ужо болей са мной не пабачыцца. I так сталася. Тае начы яго арыштавалi. Не аднаго яго. Я ўжо вам пра гэта пiсала. Арыштавалi iх адразу, дванаццаць чалавек. I некалькi прафэсараў. У вадну ноч. Мы, студэнты пэдтэхнiкуму, дачулiся пра гэтыя арышты ранiцою. У той-жа дзень, увечары, я пайшла ў iнтэрнат, дзе жыў Мiкола, але нiхто нiчога мне не сказаў. Баялiся гаварыць. Толькi тэхнiчка, жанчына, што ў iх прыбiрала, шапнула мне: "Мiленькая, i яшчэ будуць браць. На гэтым не канец". I бралi. У нашым тэхнiкуме ўзялi. Нам незразумела было - за што? Потым я ўжо даведалася прыватна i з газэт - што чысьцяць "буржуазных нацыяналiстаў". Што гэта такое, мне было няўцям, аж пакуль на палiтзанятках нам не растлумачылi, што гэта людзi, якiя хочуць адзьдзяленьня Беларусi, каб яна была асобнай дзяржавай. Лявонавiч, ну мяркуйце, цi мог Мiкола нат падумаць пра гэта? А "нацыяналiстамi" iх называлi таму, што яны як быццам на першае месца стаўлялi сваю нацыю, свой народ. Ну дык Мiкола, выходзiць, таксама нацыяналiст - ён любiць свой народ.

Забыла я сказаць вам яшчэ адно. Гэта можа й вырашыла канчальна лёс Мiколы. Хадзiла памiж Мiколавых аднакурсьнiкаў байка, а можа гэта было й праўда Мiкола мог выпалiць такое - быццам, iшоўшы ў iнстытуце па карыдоры, ён заўважыў на дошцы абвестак вялiкага памеру, надта размаляванае апавешчаньне. У iм паведамлялася, што на палiтзанятках чацьвертага (ягонага) курсу будзе даклад пра сталiнскую канстытуцыю. Прачытаўшы гэта (каля дошкi стаялi i iншыя студэнты), Мiкола ня то што сказаў, а выкрыкнуў:

"Канстытуцыю далi,

адчынiлi дзверы.

У вастрог нас павялi

i таўкуць бязь меры".

Напужаныя гэтым выкрыкам, студэнты палiчылi патрэбным, як найхутчэй змыцца. Мiкола стаяў у разгубленасьцi, не разумеючы, што здарылася. Мiколу й прышылi, што ён, Мiкола, гэтак во адгукнуўся пра Сталiнскую канстытуцыю. На самай-жа справе Мiкола сказаў гэта ненарокам, ня думаючы, мэханiчна. Атрымалася яно вось як: Мiкола мусiў выступiць з сваiм рэфэратам на сэмiнары па Коласу. Седзячы ў бiблiятэцы, Мiкола й пiсаў свой рэфэрат, падмацоўваючы свае выказваньнi цытатамi з Коласа. Падаў i гэту, ходкую ўва ўсiх крытыкаў цытату з Коласаўскага вершу пра царскую канстытуцыю. Па сканчэньнi работы над рэфэратам, Мiкола быў нагэтулькi стомлены i заклумлены, што, выйшаўшы з бiблiятэкi i прачытаўшы на дошцы абвестку пра канстытуцыю, у яго мiжвольна, па асацыяцыi ўспыхнулi Коласаўскiя радкi. Гэта была мэханiчная, ненаўмысная аддача стомленага мозгу. Але Мiколу прыпiсалi ў НКВД, што ён сказаў гэта наўмысна, што гэта злосная кантррэвалюцыйная выхадка.

- Неасьцярожны быў. Не бярогся. Такi ён у нас, неразумны, - падагульнiў Лявонавiч.

"Так, праўда - неразумны. Але ў яго быў свой розум. На ўсё. Iнакш у яго не магло быць. I гэтак Мiкола зьнiк. Прайшлi годы i я, паглынутая сваiм, ня то што забыла Мiколу, а проста ня чула пра яго. Я-ж з таго часу ў Мокрым ня была i ня ведала, што вы мелi ад Мiколы пiсьмы. Але пра самае важнае я вам яшчэ й не сказала. Проста неверагодныя рэчы. I я думаю, што Мiкола на самай справе дзе-небудзь у дарозе дахаты. (Маланьня ўсхвалявана заварушылася.)

На настаўнiцкай канфэрэнцыi ў Менску я пазнаёмiлася з аднэй настаўнiцай з Сьмiлавiчаў. Ейнае прозьвiшча - Валя Камоцкая. Яна вучылася разам з Мiколам на лiтаратурным адзьдзяленьнi. Будучы студэнткай, была ўжо замужам за студэнтам з свайго-ж курсу. Ведала добра Мiколу, паколькi ейны муж-студэнт таксама нешта пiсаў i, бывала, запрашаў да сябе Мiколу паслухаць напiсанае. I вось, арыштавалi - я думаю, тады-ж, як i Мiколу - i ейнага мужа-студэнта, разам з цэлаю групай студэнтаў. I ўсiх iх асудзiлi. Яны прайшлi па аднаму супольнаму дзелу. Усiм iм далi па дзесяць год. Але слухайце, што далей. Валя Камоцкая пачала хадайнiчаць за свайго мужа i дамаглася ў Маскве адмены прысуду Вярхоўнага суду БССР. Ну й прывезьлi ўсю групу назад у Менск на новае сьледства. Камоцкая перадавала свайму мужу й перадачу. Значыць, мае даражэнькiя, Мiкола быў у Менску. Гэта абсалютна верагодна. А пачалася вайна, дык iх-жа некуды вывелi з турмы. I напэўна. Я сама бачыла, як уцякала з Менску i йшла вобак шашы Менск-Чэрвень вялiчэзную калону зьняволеных пад канвоем. Я бачыла гэтую калону, калi яна ўжо ўваходзiла ў самы Чэрвень. На ўскраiне гораду я спынiлася каля студнi напiцца вады - такая сьпякота тады была - i назiрала за гэтай калонай. Мне падумалася, што сярод зьняволеных можа быць i Мiкола i я магу яго ўгледзiць. I мне сапраўды ў нейкiм моманце здалося, што я пабачыла Мiколу, але калону гналi хутка i твар Мiколы - можа гэта быў i ня ён - прамiльгнуў, зьнiк. Вот якая, даражэнькiя, гiсторыя. Я пра гэта хацела расказаць вам, як толькi прыйшла, але за мяне ўзялiся нашыя, хочуць, каб я засталася ў тылу ў немцаў, калi яны прыйдуць сюды i вяла работу. Пра ета я яшчэ падумаю. Але што Мiкола можа прыйсьцi, кажу, - на гэта ёсьць надзея. I вы, Лявонавiч, i вы, цётка Меланьня, усьцешыцеся, пабачыўшы на сваiм парозе Мiколу".

У Мокрым ня вiдно ўжо старшынi сельсавету. Не пахаджае з вiнтоўкай за плячыма. Некуды зьнiк. Зьнiкла i ўся бронь. Няма ўлады. Сельсавет i школа адзiныя ў Мокрым савецкiя ўстановы - глядзяць разьбiтымi вокнамi, папераджальна i трывожна. Калгасы засталiся без старшыняў, iхнымi гаспадарамi сталi самi людзi: забiраюць сабе з фэрмаў кароў, сьвiньней, авечак. Цягнуць, што пападзецца - плугi, хамуты, калёсы. Можа ўсё гэта спатрэбiцца даходзяць-жа чуткi, што немцы калгасы распускаюць, зямлю аддаюць сялянам. Дык чым яе будзем абрабляць? Вось толькi бяда - засталося мала коняй. Як iх падзелiш? Страху ўжо няма, што вернецца ўласьць. Немцы бяруць за горадам горад. Мiльёны нашых салдатаў ужо ў руках немцаў - здалiся. Iх, кажуць, адпускаюць дахаты, дык мо й сапраўды пачнуць варочацца да сваiх сем'яў. Даў-бы Бог. Гавораць, вайна абмiнула нашы балоты, пайшла бокам наперад, i мы ўжо ў тыле, пад немцам. Невядома яшчэ, што робiцца ў Касьцюковiчах, але пагаворваюць, што там ужо ўласьць нямецкая. Бургомiстр будзе нейкi ўпраўляць. Сельсаветаў ня будзе. Будуць воласьцi. Як раней. У валасьцях таксама будуць бургомiстры. Прышлюць i нам якога-небудзь. Толькi калi яны да нас дабяруцца сюды? Трэба-ж, каб быў нейкi парадак. З уласьцю жыць нялёгка, але кепска i без яе. Хто дужэйшы i сьмялейшы, той i бярэ. А слабому? Слабому трэба зашчыта.

- Дык што - немец цябе зашчыцiць? Ты ўжо чакаеш яго? Пабойся, Хадоска! Мужа адправiла на вайну, а сама немца чакаеш? Ён табе дасьць такую зашчыту...

- Але чаго ты ўз'елася? Я не баюся цябе - чакаю. А ты што - чакаеш, калi твой з кустоў прыйдзе? Не, трасца! Досыць вам панаваць! Я адправiла свайго на вайну, а ты куды адправiла? У лес? Твой бронь, а мой аблонь. Мой i нашы ўсе кроў пралiваюць. Можа ўжо каго няма й у жывых, а твой нябось цэленькi. Яшчэ па начах табе й пад спаднiцу залазiць. Не, я хачу, каб i мой прыйшоў да мяне, вярнуўся з фронту жывым. За якога лысага чорта ён будзе ваяваць? За цябе? У мяне вунь куча дзяцей засталася. Iм патрэбны бацька! А ты мяне немцам упiкаеш. Вот i хачу немца! Няхай ён навядзець парадак.

- Чаго ета вы раскудахталiся, мае даражэнькiя? Цi не падзялiлi чаго? Сьцiшцеся! Прасiце Бога, каб памiлаваў нас. Прасiце помачы ў Яго. Нiадкуль яе не чакайце, - Хiма хоча злагодзiць спрэчку памiж жанчынамi, але гэта ёй не ўдаецца. Хадоска гэтак расьпякла сакратарову, што тая пачала лезьцi да яе з кулакамi.

- Ну цi гэта вы пашалелi - адна на адну наступаць? Мужчыны б'юцца, а тут, глядзi, бабы пачынаюць. Хадоска! I ты, сакратарова, разыйдзецеся, кажу! Людзi засьмяюць! - Хiма стала памiж iмi, распасьцёршы рукi.

I тут, як якое насланьнё, прарэзалi вулiцу тры матацыклiсты ў касках. Паймчалiся на мост, крута павярнуўшыся каля Сельпо.

- Ну вось i твой немец! Дачакалася? Сьвiсьнi iм!

Сказала i пайшла. А Хадоска яшчэ глядзела на мост, цi не пакажацца адкуль болей немцаў.

Росказень Агапкi пра Мiколу ўзбудзiў у Лявонавiча i Маланьнi надзею на вызваленьне сына, на паварот яго дахаты. Але шмат чаго ў ейным росказьнi выдавалася iм мала праўдападобным. Яны думалi, што Агапка проста хацела суцешыць iх i дзеля гэтага выдумала для iх, як для дзяцей, байку, што Мiколу прывезьлi з Калымы ў Менск i што ён ужо можа быць у дарозе дахаты. Праўда, ад Мiколы яны ўжо не атрымлiвалi лiстоў болей, як паўгода i за гэты час усё магло быць. Маглi прывезьцi яго ў Менск, маглi зноў узяцца за iх дзела, калi такi загад з Масквы. Ды ўсё-ж росказень Агапкi дужа сумлеўны, дужа замыславаты, каб у яго можна было лёгка паверыць. I ўсё-ж Лявонавiч i Маланьня хацелi верыць. Верылi. Пачалi жыць гэтай верай. Агапка шмат чаго адкрыла iм пра сына, чаго яны ня ведалi. Цяпер ён стаўся для iх больш зразумелым, а ад таго сталiся больш зразумелымi i ягоныя пакуты.

У надзеi, што iхны сын можа i прыйсьцi Маланьня пачала нават рыхтавацца да сустрэчы яго: шыць яму з саматканага палатна сподняе - штаны, кашулю i iншае. З гэтага-ж у яго нiчога не засталося - знасiў усё бацька.. Пачала дбаць i пра верхнюю адзежыну: прыйдзе, дык ня будзе чаго надзець. Ператрэсла пасьцель, абнавiла, памыла. На ягоным ложку ў сенцах нiхто ня спаў: як пакiнуў яго Мiкола, гэтак i заставаўся ён стаяць пустым. Маланьня пачала клапацiцца i пра скаромiну: як прыйдзе, дык чым-жа яго кармiць? Ня хлебам-жа з бульбай! На гэтым не паправiцца. Трэба якая й скварка. Але ў Лявонавiча й Маланьнi не вялiся сьвiньнi - дохлi. Што не рабiлi - праводзiлi дэзiнфэкцыю, клiкалi вiцiнара, чысьцiлi, мылi хлявы, увесь двор - нiчога не дапамагала. Кормiш-кормiш сьвiньню, парсюка якога, пажывець якiх тры-чатыры месяцы i няма - чэзьне. А то ўжо калi й апаросiцца сьвiньня, дык пасьля трох-чатырох тыдняў дохнуць i парасяты. Нiяк не разьвядзець Лявонавiч сьвiньней! У суседа - аднаго i другога - няма нiякага зводу, ёсьць сьвiньнi i кормныя i надворныя i ёсьць сала i да сала, а ў яго няма. У яго iдуць сьвiньнi на звод. Вось i цяпер апарасiла шасьцёх. Iм толькi па два тыднi, а ўжо захварэлi. Дык цi калоць iх, каб усё-ткi спажыць, цi пачакаць - мо выздаравеюць? А як не - што тады рабiць? Калоць ужо будзе позна - заразных есьцi ўжо ня будзеш. Маланьня радзiць калоць, пакуль ня здохлi. Будзе чым пачаставаць, як прыйдзе. (Лявонавiч i Маланьня чамусьцi не называлi сына на ймя - баялiся. Абыходзiлiся трэйцiм, неазначальным iмём: "як прыйдзе".)

Лявонавiч верыць у свае сны. Яны ў яго прарочыя. Што сасьнiць уначы чакай таго ўдзень: спаўняецца. Маланьня нават баiцца ягоных сноў. Прачнуўшыся ранiцой, скажа, напрыклад, што прападзе карова, конь, сьвiньня цi авечка, ведай - гэтак i будзе. I таму Маланьня баiцца ранiцою выходзiць з хаты на двор - баiцца там убачыць Лявонавiчава прароцтва. Або - сасьнiць, што ня сяньня, дык заўтра прыйдзе ад сына пiсьмо, глядзiш - паштар i прыносiць яго. Няма тэй ночы, каб ён не сасьнiў чаго i каб тое не адбылося. Лявонавiч, здавалася, i лажыўся спаць не для таго, каб адпачыць, выспацца, а каб сасьнiць, даведацца, што будзе. Калi што дрэннае сьнiў, хадзiў, прачнуўшыся, маркотны, пануры, чакаў таго моманту, калi сасьнёнае адбудзецца. Хацеў тое дрэннае прадухiлiць, хоць ведаў - гэтага зрабiць нельга: няўхiльнае застаецца няўхiльным. Калi-ж сон прадказваў яму нешта радаснае, ён баяўся яго чым-небудзь спужаць, пашкодзiць таму, што мае наступiць. Досыць толькi, прачнуўшыся, сказаць якое-небудзь паганае слова, як сон твой ня спраўдзiцца, уцячэ ад цябе, нядобрага. Для прарочага сну чалавек мусiць быць накшталт сьвятога. Толькi такi чалавек можа пабачыць, - а пабачыць можна толькi ў сьне, - цудоўнае ў далечынi сьвятло, якое - калi ты здольны спазнаць яго, i прадказвае, вяшчае табе.

Лявонавiч майстраваў сабе на двары калёсы. Сьвiдраваў у "падушчы" дзюрку для шворану i неяк сьвярдлом парэзаў сабе палец. Пайшла кроў. Ня ўпярышню такое, але Лявонавiч на гэты раз угледзеў у гэтым нейкi знак. Спакойна глядзеў, як iшла кроў i нiчога не рабiў, каб спынiць ейны плын. Яму гэты плын здаваўся нечым асаблiвым. Нарэшце ўвайшоў у хату, пасыпаў попелам на рану, забiнтаваў i кроў супынiлася. Рука не балела, i ён вярнуўся да працы. Угледзеў на "падушцы" некалькi кропелек свае крывi. Яны, гэтыя кропелькi, нагэтулькi зыркiя ў сваёй выразнасьцi, што яны быццам крычэлi яму: "Мы твае. Ня бойся. Гэта табе на радасьць. Табе ўжо не балiць". Але Лявонавiчу ўсё здавалася, што гэтыя кропелькi пралiтыя ня iм, а некiм iншым, i пралiтыя для таго, каб ён, Лявонавiч, спазнаў, кiм яны пралiтыя.

Падганяў пад "падушкi" восi, а ўсё думаў пра гэтыя кропелькi. Ужо састругаў iх з "падушкi" гэблiкам, ад iх не засталося i сьледу, а кропелькi ўсё стаялi ў вачох.

Калi лёг спаць, дык i ў сьне гарэлi яны. Згасьлi толькi як пачаўся дзень. Такi надзвычайны. Сонца высокае. Пад сонцам гойдаецца нейкае вялiкае мора, спакойнае i такое блакiтнае. Ледзь-ледзь зыбаецца. Далягляд далёкi-далёкi. З-пад далягляду, з-за нейкай нявiдочнай рысы выплывае човен i ў iм нехта маленькi-маленькi, не распазнаць. Стоячы на беразе мора, Лявонавiч углядаецца, ня спушчае яго з вачэй. Човен плыве i плыве проста на яго. Усё блiжэй i блiжэй, але Лявонавiч, дзеля морскай сiнявы, усё ня можа разгледзець, хто ў чоўне. Той, хто ў iм, заслонены блакiтнай дымкай, падобнай на нейкае мроiва. Човен ужо на сярэдзiне мора. Плыве i плыве. Ды раптам ззаду нахлынула магутная хваля, ударыла ў човен i човен зьнiк, прапаў з вачэй. За хваляй набягае iншая хваля. Хвалi б'юць у бераг, пырскаюць. Лявонавiч нiчога ня можа разгледзець у моры. I вось уздыбленая, цэлай сьцяною, рушыцца хваля i ў той хвалi Лявонавiч бачыць човен. Хваля-сьцяна нясе човен проста на яго, на самы бераг. Але перад самым берагам, гатовы ўжо ўткнуцца ў яго, човен пачынае тануць, хвалi паглынаюць яго i ў нейкай невядомай датуль рашучасьцi, спалоханы, Лявонавiч, нагнуўшыся, хапаецца за човен, цягне - але замест чоўна, ён выцягнуў за воласы... сына.

Прачнуўшыся пад ранiцу, Лявонавiч лёгенька крануў Маланьню:

- Сьпiш? Ведаеш, бачыў сон - прыйдзе Мiкола. Але будзь спакойнай. Не хвалюйся. Ня трэба чакаць. От рабi ўсё так, як i рабiла, як-бы й нiчога ня сталася. I яно станецца.

ЧАСТКА ТРЭЙЦЯЯ

Я падыйшоў да свае вёскi, калi ўжо зайшло сонца, але калi было яшчэ досыць вiдна, i каб мяне нiхто ня ўбачыў, я вырашыў схавацца ў жыце, пасядзець у iм, пакуль не сьцямнее. Я хачу ўвайсьцi ў хату незаўважным. Не хачу, каб людзi адразу даведалiся, што я прыйшоў, вярнуўся. Як я нi запавольваў свае хады, а ўсё роўна прыйшоў на нашыя палеткi зарана. Ад самага Чэрвеня, дзе нас кiнуў канвой, я iду, хаваючыся, каб мяне не затрымалi, каб дайсьцi. I вось, калi дайшоў, пачаў наблiжацца да нашых ваколiцаў - ня мог замарудзiць сваiх крокаў, дачакацца пацёмкаў: усё знаёмае, роднае хлынула ў маю душу, сьцiснула маё сэрца болем, жалем i трывогай. Я цяпер ужо дома, я ўжо тут, я зараз пераступлю свой парог! Сяджу ў жыце, гэтак блiзка ад свае хаты! Узьняўшыся, я мог-бы пабачыць яе з гэтага жыта. Я ўжо i ўзьнiмаўся колькi разоў, каб зiрнуць на яе. Сяджу, чакаю, пакуль болей сьцiсьнецца, пацямнее. Чую нейчую гамонку. Гэта, пэўна, iдуць з працы вяскоўцы, гэтак блiзка паўз мяне - я нават чую, як яны ступаюць, чвякаюць па жарсьцьвянай дарозе, што тут-жа, побач мяне. Яны адыходзяць, i я ўзьнiмаюся - не магу болей чакаць! Выходжу з жыта, аглядаюся. Направа - наш могiльнiк, з тымi-ж высачэзнымi соснамi. Я толькi вокам кiнуў на iх - перада мною, як на прыцэле, была ўжо нашая хата, крайняя, зьлёгку ахутаная вячэрнiмi сутункамi. Гэтая кропка была для мяне цяпер зьмяшчэньнем усяго чыста на сьвеце. Як гэта я зайду ў хату, як гэта я пакажуся! У душы маёй варухнулася вiна: гэта-ж усё я, гэта-ж усё праз мяне! Пайшоў хутчэй. Не аглядаюся. Ступiў на свой агарод - а побач, у суседнiм агародзе, узьнялася ў пярэстым убраньнi жанчына з лапатай у руках. Углядаецца ў мяне. Няхай углядаецца! Я ўжо на сваiм двары. Свой i ня свой. Баюся ўзяцца за клямку дзьвярэй, пераступiць тую мяжу, да якой я дайшоў. Стаю i не адважваюся адчынiць дзьвярэй - як гэта так, адразу! Зьбiраюся з духам. А дзьверы адчыняюцца самi - мацi! Спужалася. Войкнула. Зайшлася цiхiм плачам. Я ў хаце. Бацька сьцiскае мяне ў сваiх абдымках. Сястра цалуе i таксама ня можа ўстрымацца ад плачу. Бацька ў сьпеху зацемнiў вокны. Запалiў лямпу. Мацi, зiрнуўшы, у чым я, зноў залiлася сьлязьмi: ногi ў мяне абкручаныя анучамi, ватнiкi ў дзюрках сьвецяцца маiм голым целам, спарахнелая ад поту кашуля ледзьве трымаецца на плячох, на голай шыi нешта накшталт шалiка, на главе кепка-безказырка. Мяне садзяць за стол, я ледзьве пераступаю - ногi сьцiшаныя, ня хочуць iсьцi. Я зьбiў iх, iдучы шашою. Мне даюць есьцi i пiць, ды ад усхваляванасьцi я не магу за гэта ўзяцца - плачу сам ад радасьцi i гора. Нехта забразгацеў у сенцах i бацька схаваў мяне пад палом. Увайшлi дзьве жанчыны, гавораць - не маглi ўстрымацца, каб не зайсьцi: разьнеслася чутка - сын прыйшоў. От думаем, вялiкая радасьць сёньня ў вас у хаце - дачакалiся сына. Нагараваўся-ж досыць.

- Дык дзе-ж гэта ён? Цi адпачывае?

- Ды што гэта вы? - гаворыць мацi. - Здалося гэта вам, цi што?

- Дык бачыла-ж Хадора, ваша суседка, як ён iшоў. Бачыла яго ўжо на вашым агародзе! Што гэта вы, добрыя людзечкi, i прызнацца ня хочаце? Цi-ж ён крадзены якi ў вас. Дзякаваць-жа Богу, што прыйшоў. Чаго-ж хавацца?

Я чую гэтую гаворку. Бацька маўчыць. Мацi слаба i няўпэўнена пераконвае жанчын, што мяне, нажаль, яшчэ няма, я чую, як яна мучаецца, гаворачы гэта, жанчыны бачаць па ёй, па ейнай няўпэўненасьцi, што яна гаворыць няпраўду.

- Ну але даруйце нам, што патурбавалi. Зайшлi не ў пару. Наскочылi, можна сказаць. Не далi вам i апомнiцца, дый чалавеку адпачыць з дарогi не даём. Лявонавiч, як дазволiце, мы заўтра заглянем. З паўлiтрам прыйдзем прывiтаць вас. Мы-ж рады за вас, - сказала адна з iх на адыходзе.

Бацька выяснiў мне, што ляпей тымчасам мне не паказвацца, паколькi няпэўна яшчэ, цi напраўду адыйшла "ўласьць", што прыяжджаюць яшчэ ўначы на грузавiку нашыя, у тым лiку старшыня сельсавету. Што яны робяць тут, невядома. Але, даведаўшыся, могуць забраць мяне. Могуць мяне яшчэ й "расходаваць" - веры iм няма. Я мушу сядзець цiха, пакуль яны ня зьнiкнуць канчальна. Бацька дадаў, што наша, макранская, тэрыторыя тымчасам яшчэ савецкая. Немцы паказалiся на матацыклах i сьлед iх прастыў, болей не паказваюцца.

Я стомлены i мяне пачалi рыхтаваць на адпачынак. Я папрасiў мацi паслаць мне на падлозе. Мне хацелася распластацца, выцягнуцца, свабодна раськiдаць нагамi, распасьцерцi рукi. Я спаў неспакойна, малацiў нагамi, ня ведаў, куды iх дзець, крычэў, плакаў, нешта трызьнiў.

Падвечар няўгледна ўехалi ў вёску немцы - нейкая тылавая часьць, слаба ўзброеная. Адкуль яны ўзялiся, нiхто ня мог-бы сказаць. Выставiлi ў абодвых канцох вёскi патрулi i пачалi яе латошыць. Вяртлявы, малога росту немец, бегаў па хатах, голасна выкрыкваючы, колькi ў кожнай з iх можа разьмесьцiцца салдатаў. Немцы зьбiралiся заначаваць у Мокрым.

Я сядзеў на лаўцы ля вакна, калi ў нашу хату ўбеглi два немцы. Адзiн з iх ужо нёс у ваднэй руцэ гарлач малака, якi ён пасьпеў ухапiць недзе ў сенцах. Зiрнуўшы на мяне, ён з нейкiм сполахам у голасе:

- Партызан!

Невядома было, цi ён ужо прыняў мяне за партызана, цi толькi пытаўся. З вялiкай цяжкасьцяй я сказаў яму панямецку, што я не партызан. Але ён не адступаўся ад мяне, пытаўся, чаму я ня ў армii i цi ёсьць у мяне зброя. Адчапiўся ад мяне толькi тады, калi я сказаў, што прыйшоў з турмы i ў армiю ня трапiў. Задаволеныя маiм адказам i пабачыўшы, што я трохi разумею iхную мову, яны пацягнулi мяне на вулiцу, як перакладчыка.

На вулiцы, апрача немцаў, амаль нiкога ня было - пахавалiся. Немцы пачалi выганяць з хатаў дзяўчат i жанчынаў, каб яны дапамагалi iм рыхтаваць вячэру капалi на агародах бульбу, чысьцiлi, мылi. У канцы вёскi, за коўратамi, расклалi вогнiшча, выкацiлi сваю кухню, парасстаўлялi ўсё патрэбнае. Цукеркамi i шакаладам заманьвалi дзяўчатаў, але тыя гуртам уцякалi ад iх. Ды немцы лавiлi iх, змушалi працаваць. Спаймалi i маю сястру, але адпусьцiлi, калi я сказаў, што гэта мая сястра. Ушанавалi гонар перакладчыка! Але зьявiўся й iншы перакладчык - Вусаты Якаў, ён можна сказаць, разумеў панямецку ляпей, чымся я - навучыўся гаварыць у палоне. Я быў яму ў падмозе. Пасьмялелi i дзяўчаты з жанкамi, пабачыўшы, што мы гаворым з немцамi паiхнаму. Стоячы наводдалi ад вогнiшча, разглядвалi, якiя яны, немцы. З роду-ж ня бачылi iх. Ды стала цямнець, i вяскоўцы пачалi разыходзiцца па сваiх хатах. Але ў гэтыя хаты пачалi залазiць на ноч i немцы - па пяць, а то й па дзесяць. У нашай хаце iх лягло на падлозе дзесяць чалавек. Самi-ж мы, можна сказаць, ня спалi ўсю ноч неяк было не па сабе, што ў хаце столькi чужых людзей. Салдаты, як пападалi на падлогу, гэтак адразу й заснулi. Уначы можна было пачуць iх стогн i незразумелае трызьненьне.

Ранiцою, можа, а якой шостай гадзiне, раздалася на вулiцы каманда "аўфштэйн", i нашыя салдаты ўвомiрг паўскоквалi, выбягаючы з хаты. На падлозе валялiся забытыя цi пакiнутыя iмi розныя дробныя рэчы, пераважна плошкi, якiмi яны асьвятлялiся ўверачы. За якую паўгадзiну вёска ачысьцiлася ад iх. За ўсю вайну першы i апошнi раз яна бачыла немца. Аддаленая ад раёну, ад галоўных дарог, закiнутая ў лясох, глухая, яна хутка сталася здабычай партызан. Усталеная было тут воласьць з дзесяткам палiцэйскiх не змагла нават на патрабаваньне раёну адправiць яму статку кароваў - яго перанялi ў лесе партызаны, перабiлi палiцэйскiх i вярнулi жывёлу ейным уласьнiкам. Воласьць, былы сельсавет, была разгромленая, бургамайстар, мясцовы чалавек, у мiнулым актывiст, падаўся ў партызаны, але тыя расстралялi яго, як здраднiка. Мокрае засталося бяз нiякай улады, калi ня лiчыць улады партызанскай, самай страшэннай улады: над ён ня было кантролю, яна была самачыннай.

У Мокрым былi людзi, якiя чакалi немцаў i былi рашчараваныя, што яны пайшлi, ня змогшы ўстанавiць свае ўлады. Гэтыя людзi цяпер баялiся партызан, баялiся iхнай "начной улады". Партызаны дзейнiчалi толькi ўначы - прыходзiлi, забiралi, стралялi. Удзень яны яшчэ баялiся паказвацца. Iхная ўлада - начная, незаконная, а людзям патрэбна нейкая ўлада законная, дзённая. Нехта-ж мусiць кiраваць. Вунь, яны ня ведаюць, што рабiць з калагасам. Да макранцаў даходзяць чуткi, што калгасы ў суседзяў развальваюцца, дзеляць зямлю, наразаюць на сям'ю, на кожную душу, цi яна, тая душа, ёсьць у сямi, цi яе няма ў дадзены момант. Чулi, немцы хочуць, каб калгасы заставалiся, iм лацьвей тады браць з iх усё, што яны захочуць. Нам-жа калгасы збрыдлi, мы хочам рабiць на сябе. Дык людзi й ня слухаюцца немцаў - робяць сваё. Немец сядзiць у цэнтры, сюды ён баiцца i носу паказаць. А партызан баiцца немца - хаваецца ў лесе. Яму што? Захоча есьцi - прыйдзе i возьме. Не дасi - адбярэць. Вось тут i жывi. А трэба-ж жыць. Кармiць неяк сябе i дзяцей. А з чаго можна жыць? З зямлi. Дык нам давай зямлю. Абробiм!

I вяскоўцы выбралi мяне ў зямельную камiсiю, дзялiць зямлю. Я не хацеў, адмаўляўся. Але бацька ўгаварыў мяне ўзяць на сябе такую функцыю.

З стрыечным братам, Андрэем, кульгавым i няпрыгодным для армii чалавекам, мы i ўзялiся дзялiць зямлю - на палоскi. Як i было да калгасу. Зямля ў нас няроўная паводля якасьцi, - дзе пяскi, дзе балотцы, дзе ўрадлiвая, дзе неўрадлiвая, - i дзеля гэтага мы хацелi падзялiць яе, наколькi толькi можна, справядлiва: наразалi кожнаму па палосцы на пяскох i кожнаму па палосцы на лепшых землях. Каб бяз крыўды. Не пасьпявалi мы выдзелiць па палосцы на адным якiм-небудзь вучастку, як, глядзiш - iх ужо ўзлупiлi жанкi, узаралi i чакаюць на нас, калi мы падрыхтуем iм наступныя дзялянкi. За якi-небудзь тыдзень перавярнулi-ўзаралi цэлае поле! Дзiву дацца - на пакiнутых армiяй паганенькiх канёх, узятых з калгаснай канюшнi, i цяпер адкормленых, працаўнiцы вёскi жанчыны, бяз мужчынскай сiлы, упраўлялiся з працай хутчэй, чымся пры калгасе, калi даставала ўсяго - i людзей, i цягла. Адкуль узялiся плугi, бораны, хамуты, калёсы, сеялякi-веялякi.

Але як мы нi старалiся пры дзяльбе зямлi разьмеркаваць яе як найбольш справядлiва, нараканьням ня было канца: Хадора не атрымала нарэзу там, дзе мы нарэзалi Акулiне, Акулiна не атрымала дзялянкi там, дзе атрымала Хадора, тая цi iншая сям'я атрымала два надзелы на добрай зямлi, у той час, як якой-небудзь iншай сям'i выдзелiлi два надзелы на пяскох i г.д. i г.д. Мала таго, нас пачалi абвiнавачваць, што сабе мы наразаем усюды добрай зямлi.

I я выйшаў з зямельнай камiсii. Я не магу слухаць гэтых нараканьняў. Узяўся за школьную справу - надумаўся аднавiць у нашай школе заняткi, адчынiць нанова няпоўную сярэднюю школу - НСШ, як гэта было i да вайны, да нядаўняга. Мая iдэя знайшла падтрымку ў вяскоўцаў: а як-жа, дзяцей трэба вучыць, як-бы там нi было. I гэтак я стаўся дырэктарам свае, Макранскай школы. Шукаю выкладчыкаў. Некаторыя з настаўнiцаў, што працавалi ў школе i нiкуды не паехалi, прынялi маю прапанову. Нехапала выкладчыка-матэматыка, але й той знайшоўся ў асобе аднаго белабiлетнiка. Так-сяк заладзiлi разьбiтыя ў школе вокны, памылi падлогi, пачысьцiлi, падмалявалi, вырашылi, якiмi падручнiкамi будзем карыстацца, вызначылi дзень адкрыцця школы. Заняткi мусiлi распачацца ўва ўсiх клясах адначасна. Усе настаўнiкi былi ў зборы. Вучнi чакалi ў клясах сваiх настаўнiкаў. Быў дадзены званок, i мы рушылi з настаўнiцкай у свае класы. Я пайшоў у свой - сёмы клас. Я ўзяўся выкладаць беларускую мову i лiтаратуру. На палавiне майго ўроку да мяне прыбягае хлопчык i, спалоханы, шэпча мне на вуха: "У школе партызаны. Мая настаўнiца мяне паслала".

I выбег. Мае вучнi насьцярожылiся, зразумелi, што нешта нядобрае. Я спакойна, наколькi мог, сказаў iм, што пакiну iх на хвiлiнку, i хутка выйшаў праз заднiя дзьверы на двор, адтуль пакацiўся хмызьнякамi ўнiз, на рэчку, у вербалоз. Усьлед за мной было выпушчана некалькi куль. Маё хавала было ненадзейнае, i я адбегся па рэчцы на якi кiлямэтр, далей ад школы. Узьняўся на вышэйшы бераг рэчкi, зайшоў у знаёмы мне сасьняк, у тыл школы, i адтуль пачаў назiраць за ёй. З школы групкамi выходзiлi вучнi, пакiдалi яе. Выйшлi з яе i тры, узброеныя вiнтоўкамi, чалавекi. Селi на падводу i паехалi на мост. Я ўжо магу вярнуцца ў школу. Я хачу пабачыць сваiх выкладчыкаў. Я не магу не пабачыцца з iмi. Iду, пасьмялелы i наважны. Заходжу ў школу, у настаўнiцкую. Там сядзяць мае выкладчыкi i спрачаюцца. Не пайшлi яшчэ. Яны, як выглядае, не спадзявалiся мяне бачыць. Коратка расказалi мне пра партызанскi вiзыт. Пад пагрозай расстрэлу iм загадалi распусьцiць вучняў, спынiць заняткi i нi кроку больш у школу! Iнакш, паводля законаў ваеннага часу, яны будуць пакараныя сьмерцяй. Хацелi забраць з сабой белабiлетнiка, але зьмянiлi думку - пакiнулi. Самазваны дырэктар паплацiўся-б галавой, каб засталi. У кожным класе на дошках пакiнулi за сабой надпiс: "Смерть фашистам!"

Я адчуваў сябе нiякавата перад маiмi настаўнiкамi, прасiў iх выбачыць за турботы i мы разыйшлiся бяз крыўды адзiн на аднаго, падобраму разьвiталiся. Гэтак скончылася мая пэдагагiчная дзейнасьць.

Сяброў у мяне нiякiх. Вяркееў у партызанах, Вусьцiн у армii, Агапка поехала ў Вараноўку - гавораць, адкрыла там школу. Можа, гэтак, як i я. Хаджу з бацькам на працу - ару, сею, кашу, малачу. Падацца мне некуды. Хацеў-бы заглянуць у раён, у Касьцюковiчы, але ў мяне нiкога там няма, дый на дарозе пярэймуць партызаны. Газэтаў нiякiх, радыё таксама. Я ня ведаю, як iдзе вайна. Гавораць, немцы бяруць цi ўжо забралi Маскву. Чуем, вяртаюцца дахаты былыя салдаты - уцекачы з нямецкага палону. Яны й гавораць, што пад нацiскам немцаў Чырвоная армiя здае горад за горадам, што "нашы" здаюцца немцам мiльёнамi. Некаторыя вяскоўцы адказваюць на гэта жартам: "Немцы бяруць гарады, а партызаны вёскi." Мая вёска тымчасам непартызанская, яна ня ведае, як ёй быць, якога боку трымацца. Яна нейтральная вёска. Яна раздвоеная: ёсць у ёй людзi, што на баку партызанаў, маюць з iмi тую цi iншую сувязь, хоць i патаемную, прыймаюць iх уначы, тыя й гавораць iм, што немцы доўга ня ўтрымаюцца, вернуцца "нашыя", iншыя-ж хочуць, каб "нашыя" ўжо не вярталiся, i гэтак людзi падзялiся на два лягеры. Нiводзiн з гэтых бакоў ня выяўляў сябе адкрыта, хоць кожны добра ведаў настроi iншага. Асаблiва асьцерагалiся "сувязiсты" - яны баялiся карнiкаў: наскочаць, спаляць за "сувязь".

I гэтак я жыву ў нiчэйнай, раздвоенай вёсцы. I сам я нiчэй. Я i нi туды, i нi сюды. Я ня ведаю, хто я. Я нiхто. Я не магу стаць на той цi iншы бок. Мяне бакi ня цiкавяць. Я абпёкся на гэтых бакох. Я стаяў быў ужо на адным баку i той бок абярнуўся мне бокам. Больш не хачу нiякiх бакоў. Яшчэ на Калыме я даў сабе зарок зрачыся ўсяго, каб нiчым не зварачаць на сябе ўвагу, нi ў чым ня браць удзелу, жыць для сябе, цiха, няпрыкметна, задаволiўшыся, скажам, пасадай нейкага стоража. Каюся, што ўлез быў у дзяльбу зямлi, што аскандалiўся з школай.

У мяне няма нiякага занятку, апрача сельскагаспадарчага. Я ўжо перапiсаў з памяцi вершы, што складалiся ў выгнаньнi. За новыя бяруся - ня выходзiць. Перачытаў вершы, напiсаныя мной да арышту. Цэлы скрутак чакаў мяне ў падстрэшшы - добра захавалiся. Гэтыя вершы здалiся мне цяпер сьмешнымi, наiўнымi, нясталымi. Але яны тым ня менш скалынулi маё сэрца, яно азвалася шчымлiвым болем, нечым назаўсёды страчаным, чыстым, поўным юнацкага захапленьня. Я адчуў, што я цяпер ня той i мне стала шкада сябе, ранейшага. Я хацеў-бы быць тым, ранейшым, вярнуцца назад. Усяго на пяць год! Толькi пяць год адзьдзяляюць мяне сяняшняга ад мяне ўчарайшага. Тое ўчарашняе, здаецца, стаiць за маёю сьпiною зусiм блiзка, хоць на самай справе яно нагэтулькi далёкае, быццам прамежак часу памiж учарайшым i сёньняшнiм запоўнены не пяцьма гадамi, а цэлым стагодзьдзем. Вярнуцца туды, назад, ужо немагчыма. Ад таго апаноўвае сум, усьведамленьне свае страчанасьцi. Калi я йшоў з Менску, маiм адзiным жаданьнем было дайсьцi, прыйсьцi ў сваю хату, суцешыць бацькоў, што гэтак адпакутвалi дзеля мяне. I вось гэта ўжо ўсё адбылося, я дайшоў. А прадчуваньне такое, што яшчэ ня ўсё адбылося, што нешта мае наступiць.

Увечары, iдучы з працы, перад тым, як пайсьцi ў хату, я купаюся ў Сьвiнцы, у вiры, што недалёка ад нас. Гэтае месца да спадобы мне. Яно ўтульнае. Утульнасьць надаюць яму густы абапал верболоз, высокая, з нейкiм гаючым водарам трава, адгароджанасьць месца ад навакольнага сьвету, цiшыня, якая пануе тут. Я магу купацца тут голым - нiхто мяне не падгледзiць. Хлапчукi любяць у нас з кустоў падглядаць, асаблiва жанчын, калi яны - голыя купаюцца. Вада, нагрэтая за дзень, яшчэ цёплая i ўвечары, i я, купаючыся, адчуваю вялiкую прыемнасьць. З гэтага купела я вылажу паздаравеўшым. Стомленасьць пакiдае мяне i я iду дахаты, лёгкi i задаволены сабою.

Сёньня пасьля вячэры выходжу - упяршыню - на мост. Чамусьцi баюся ступiць на яго, быццам калi я ступлю - ён правалiцца. На iм няма ўжо парэнчаў i адчуваньне такое што ты можаш звалiцца з яго, упасьцi ў рэчку. Мост увагнуўся, асеў. Раней ён узьнiмаўся сваiм гарбом i па iм, як па якiм глобусе, было лёгка iсьцi. Стаю на iм, але, без парэнчаў, не магу, як калiсьцi, аперцiся i, апершыся, глядзець ў неба. Гляджу ў ваду - цёмную. Вярба нiзка апусьцiла свае галiны - да самае вады. Я сыходжу з моста - на той бок - чамусьцi баючыся застацца на iм. Направа, як i было, - пуня. За пуняй - Сельпо, насупраць Сельпо - будынак сельсавету. Без аконных рамаў, ён глядзiць цяпер прывiдна. Па маю левую руку - Пiлiпава хата. Без агню ў вокнах. Iду вулiцаю. Нiкога не сустракаю. Там-сям у хатах агнi i я бачу - праз вокны - як вячэраюць. Прыйшоў ужо ў канец вёскi, бачу - наўзбоч сьвецiцца ўсiмi вокнамi нейчая хата. Iду на яе. Гэта - пазнаў - хата старшынi сельсавету. З яе гуртам выходзяць жанчыны. Што гэта ў iх? Вясельле? Хрэсьбiны? Памiнкi? Не. Сьпяваюць. Па ўсiм вiдацьп'яныя. З гурту адзьдзяляюцца тры жанчыны. Iдуць, абняўшыся, насустрач мне. Я нiкуды ня збочваю - iду насустрач iм. "Ну во, папаўся хоць адзiн мужчынка. Ах, Божа-ж мой, адкуль гэта яго чорт прынёс?" Дзьве з iх прост валяцца на мяне, абнiмаюць, цалуюць, дыхаючы самагонкай. "Трэба-ж паглядзець добра, якого мы чорта цалуем". Бяруць мяне, - адна з аднаго, iншая з другога боку - пад рукi i павяртаюць тварам да сьвятла. "Дальбог, ня можам пазнаць - хто. Быццам нехта знаёмы i як-бы не знаёмы. Ды што там - дармоваму каню ў зубы не глядзяць. Браточак родненькi, от-жа павязло нам - на мужчыну ўзьбiлiся. Хадзi, выпi й ты для сьмеласьцi, калi так ня можаш". Цягнуць. Я ўпёрся. "Манька, ты ня ведаеш, хто гэты рагаты чорт?" - спыталася адна з iх i яшчэ з большай жарсьцяй пачала цалаваць мяне ў самыя вусны. Я глянуў на "Маньку" i мне стала неяк не па сабе: гэта-ж Вусьцiнава сястра, тая, што хавалася за шырму i казала: "А я чула пра што вы гаварылi". Манька, вiдаць, пазнала мяне, ня лезла да мяне з сваiмi абдымкамi i цалаваньнем, як тыя дзьве.

Я iду з iмi, трыма, назад. Тыя дзьве не перастаюць цалаваць мяне i я ўжо ня толькi не даюся iм, а й, ня помнячы сябе, сам пачынаю лiпнуць да iх.

Гэтак дайшлi - вулiцаю праз усю вёску - да самай Пiлiпавай хаты. Не даходзячы да яе, спынiлiся. Тыя, дзьве, запрашаюць мяне да iх у хату, у тую, што побач Пiлiпавай хаты. Гэта - як я ведаю - была хата Мельнiкавых. Я надта ня ўпiраюся - прыймаю запрашэньне. Увайшлi ў хату. Яны запалiлi лямпу. Упяршыню я мог разгледзець iх: Маньку - высокую, касьлявую, грубога складу дзяўчыну, з запалымi грудзьмi; абедзьвюх бляндынак, як выявiлася - салдатак, досыць прывабных i надта грудастых жанчын сярэдняга ўзросту. Забягу наперад. Як я пазьней дачуўся - Манька працавала ў Касьцюковiчах афiцыянткай, ад некага зацяжарыла, зрабiла аборт i вярнулася назад у Мокрае.

Кабеткi - тыя, дзьве бляндынкi, нiзкага росту, кабеткi местачковага тыпу неўзаметку паставiлi на стол пляшку самагонкi i паклалi на талерку нейкую закусь. Пачалi частаваць мяне - пiць са мною, громка дзынкаючы сваiмi шклянкамi аб маю i высока iх узьнiмаючы. Яны яшчэ больш ап'янелi, у тым лiку Манька. Ад Манькi яны дазналiся, хто я - бляндынкам Манька сказала, што я таварыш ейнага брата Вусьцiна, што яна вельмi добра помнiць мяне. Не засталося таямнiцай i тое, што я толькi што прыйшоў... "Адкуль - з палону?" пасьпяшалася запытацца адна з бляндынак. Манька ня ведала, як адказаць i чамусьцi, сьмяючыся, ляпнула: "З катаргi". "З катаргi? Ах, якi-ж ты бедненькi, наш катаржнiчак! - мала не сьпяваючы, залямантавала адна з бляндынак. - Я цябе адхукаю пад пярынаю, калi ты ляжаш са мною, Арынаю. Дам табе... што хочаш. Забудзеш i на сваю катаргу. Праўда, са мной будзе табе яшчэ большая катарга". "Ня дурыся, Арына. Ты ўжо застарая. Мы пакладзем яго сёньня з Манькай". Гэта сказала братава Манькi, ейнага старэйшага брата жонка, што прыехала цяпер з Касьцюковiчаў. Ейны муж - бронь i недзе ладзiць партызанку. Iншая-ж бляндынка, Арына, - гэта ейная сяброўка i я яшчэ ня ведаю, хто яна.

Але я ня хочу й ведаць. Мне час iсьцi. Мне час пакiнуць iх. Ды ў мяне няма на гэта дастатковай рашучасьцi: падумаюць - спужаўся. I я ня йду. Братавая Манькi, прыкмецiўшы маю нерашучасьць, зьвяртаецца да Арыны:

- Бачыш, ён ня ведае, да каго з нас прыстаць. Аддамо яго Маньцы. Мы з табой - бабы, а яна дзеўка, ёй трэба замуж. Манька! Iдзi ў сваю клець. Душы падушкi. А "катаржнiка" мы табе прывядзём.

I на маё зьдзiўленьне Манька пайшла ў "сваю клець". Ну й добра - я пайду да Манькi. Братава бярэ лiхтарык i вядзе мяне праз сенцы ў клець. Арына, ап'янелая, крычыць мне ўсьлед:

- Як у цябе там ня ўдасца, прыходзь да мяне. У мяне ўдасца.

Мы ўвайшлi ў клець. Манька ўжо ляжала ў пасьцелi. Братавая, сказаўшы "Добрай ночы", пакiнула нас. Я ня ведаю, як падыйсьцi да Манькi, як распачаць з ёю гаворку. Стаю. У цямноце ня бачу яе.

- Дык раскажы, Манька, як ты жывеш, - распачаў я гаворку. - Што новага ў цябе? Цi ёсьць што ад Вусьцiна? Што чуваць наогул? Я-ж нiчога ня ведаю. Раскажы пра ўсё.

I прысеў на ейны ложак.

- Я ведаю, што цябе цiкавiць, - азвалася Манька. - Дуся цябе цiкавiць, вот што. Яна чакае, чакае цябе, калi ты прыйдзеш да яе ў клець, дармо, што да яе ходзяць iншыя.

- А вось я не да Дусi, а да цябе прыйшоў.

Намацаў яе руку, трымаю.

- Дуся мяне ня цiкавiць.

- Ня веру. У цябе з ёй старая любоў.

- Прайшла, Манька, тая любоў.

Нахiляюся над ёй. Тулюся да яе шчакой. Прыпадаю да яе грудзей. Змыкаюцца вусны. Адкiдаю коўдру - Манька не працiвiцца...

Я доўга ня быўшы, пайшоў ад Манькi з страхам, што зачапiў яе. Сьпяшаюся дахаты, а ў сэрцы балючая стрэмка: "Хто-ж ходзiць да Дусi?"

Нядзеля. Нейкае вялiкае сьвята, здаецца - Духаў Дзень, i я мог-бы паспаць даўжэй. На працу-ж ня йсьцi. Але я не магу болей спаць - лезе ў сэрца Манька, трывожыць маё сумленьне. Вырасла на руках мацi, бяз бацькi. Рана пайшла з хаты на свой хлеб. Людзi выкарысталi ейную маладосьць i недасьведчанасьць. Тое зрабiў i я? Хацела яна мяне дзеля свае жарсьцi, цi тут быў разьлiк - знайсьцi сабе жанiха? Але якi з мяне жанiх? А потым Манькiны словы: "Дуся цябе чакае, дармо, што да яе ходзяць iншыя". Цi гэта Манька сказала знарок, каб я зрокся Дусi i заставаўся з ёю, Манькай? Цi гэта на самай справе Дуся такая? Мне надта не залежыць на Дусi, але тое, што сказала пра яе Манька, глыбока кранула мяне. Мне сорамна цяпер за сваю колiшнюю рамантычную, пасутнасьцi мною выдуманую закаханасьць у Дусю. Я знаходзiў у ёй тое, што хацеў знайсьцi. Яна адпавядала маiм пошукам прыгожага, але цi была яна сама ўвасабленьнем гэтага прыгожага, я тады ня думаў. Я забаўляўся ёю, па незямному прыгожай, па нябеснаму чыстай i някранутай. З гэтым вобразам я пайшоў насустрач майму лёсу. Апынуўшыся ўжо на сваёй, наканаванай мне дарозе, я надта й ня думаў пра яе, ейны вобраз як-бы адыйшоў ад мяне, быў заслонены маiм пакутлiвым iснаваньнем. Гэты вобраз для мяне набыў iншае, абстрагаванае значэньне. Каб магчы пераадольваць пакуты, наўсуперак iм, як выратаваньне, паўставаў ужо вобраз зборны, абстрактны, не абавязкава канкрэтны вобраз Дусi:

Як думка аб табе мая мiльгне,

а думаю я пра цябе штодзень,

ў тваiм пакоi на сьцяне

становiцца мой чорны цень.

I нярухомы ў постацi сваёй,

нябачанай табой нiдзе,

над сумнаю тваёю галавой

ён гутарку з табой вядзе:

- Я не загiну ў нябыцьцi,

мой сьлед ня змыць дажджам.

Я за табой прайду ў жыцьцi,

спакою я табе ня дам.

- Мы - кветкi ў полi па вясьне

жыцьця на вогненным лагу.

Ты жыць ня можаш без мяне,

як без цябе я не магу.

Бо ты - багiня на зямлi

i хараство, а iм,

як у палон мяне ўзялi,

павiнен я жыцьцём сваiм.

Малiцца хараству - закон,

закон адзiны мой.

Жыцьцё маё пастаўлена на кон

i целам i душой я твой.

I думка да цябе мая iмкне,

i як адыйдзе ў вечнасьць сьветлы дзень,

становiцца ў пакоi на сьцяне,

цябе вiтаючы, мой сумны цень.

Створаны мной iдэальны вобраз я надзяляў пакутлiвымi рысамi. Вобраз жыў маiмi пакутамi. Мне патрэбна была ягоная татальная адданасьць, гатовасьць iсьцi за мною, калi трэба - i на сьмерць. I вось цяпер адданасьць майго iдэальнага вобразу стаўляецца пад пытаньне: "да яе ходзяць i iншыя". Ува мне ўзьнялася цэлая вiхура ня гэтулькi рэўнасьцi, колькi шкадаваньне сваёй адданасьцi гэтаму вобразу, што вёў мяне праз усе гады маiх пакутаў.

Вулiца наша ўся ў маладых, уткнутых у зямлю ля кожнай хаты, бярозках сапраўднае сьвята. Ранiца сонечная. Неба глыбокае. Паветра звонка-празрыстае. Жанчыны, без сваiх мужыкоў, насеклi сабе бярозак. А можа ня так для сябе, колькi для тых, каго няма. Бярозкi - гэта як-бы жывая сувязь з тымi, што ня дома. Бярозкi - iхны цiхi шэпат - гэта пасланьне iм, размаўленьне з iмi. У нядзелю людзi чысьцейшыя. Лепш убраныя. Больш лагодныя. Сонца ўжо высока, у самым зэнiце. Дзень грае сваё, адвечнае. Яму здаецца няма нiякай справы да людзей - сьвецiць, блiскотнае i ўсё.

Гляджу ў вакно i перада мною, як на далонi - праз рэчку - Пiлiпава хата. Нехта выходзiць з яе, нясе вялiзны - укоптар - кошык. Стаўляе яго на зямлю, пад нацягнутай мiж двума слупкамi вяроўкай. Нагiнаючыся, бярэ з кошыку паасобныя рэчы i вешае - бялiзна. Хто гэта? Ня Хiма-ж. Дуся? Такая вялiкая? Не пазнаю. А мо гэта Эма? Не, гэта ня Эма. Гэта ўсё-ткi Дуся. Нагiнаецца i вешае. Нагiнаецца i вешае. У прамежку спыняецца i пазiрае на нашу хату. Я хаваюся за прыталкай. I зноў гляджу. Яна разьвесiла бялiзну i з парожнiм кошыкам iдзе назад у хату - я гляжу ёй усьлед, яна iдзе, не азiраючыся i мне здаецца, што сваёю сьпiною яна адчувае мой зiрк i нi разу не аглянулася толькi таму, каб заiнтрыгаваць мяне. Але адумаўшыся, я палiчыў такую сваю здагадку наiўнай, тым ня менш у ейнай пастацi, у тым як яна iшла - быццам выстаўляла сябе на паказ, стройную, танклявую, з прыгожым рухам у талii - я ня мог не заўважыць ейнага намеру зьвярнуць на сябе ўвагу. Бо-ж ня дапушчаў, не - я быў упэўнены, што яна бачыла мяне ў вакне i ўсёй сваёй iстотай - можа падсьведама - выказвала сваю неабыякавасьць да мяне. I я ўжо ўяўляю, як дачакаўшыся вечару, я пайду да яе ў клець. Манька-ж гаварыла, што Дуся сьпiць у клецi. Пайсьцi да iх цяпер, удзень, не адважваюся, баюся паказацца ў iх там, на вулiцы, тым больш не гатовы пайсьцi да iх у хату, як гэта, можа, трэба было-б. Бацькi-ж яе, канешне, ведаюць, што я прыйшоў i можа чакаюць, калi я зайду да iх. Напэўна, пакрыўджаныя, што ня йду.

Мае бацькi, бязумоўна, чулi, што ўчора я прыйшоў дахаты позна i глядзяць сёньня на мяне якiмiсь iншымi вачыма. Бачу ў iх першую за гэты час стрыманасьць да мяне.

На вулiцы поўна народу - жанчын, дзяцей, сярод iх - трох мужчын гутараць, размахваюць рукамi, нешта даводзяць адзiн адному. Ня йдуць слухаць Вусатага Якава - што ён там вярзець? Мо прадказвае ўжо канец сьвету? Гэта бабскае дзела - яны вераць усяму. Ну й разьзяўляюць раты. (Вусаты Якаў, паставiўшы на сярэдзiне вулiцы свой маленькi столiк, чытае бабам Бiблiю i iх ўсё болей i болей падыходзiць да яго.) I калi паглядзець збоку - няма й гора: прыбраныя, заслоненыя бярозкамi хаткi, падмеценая вулiца, жоўты на ёй, пасыпаны на сьвята, пясочак, гульнi маленькiх дзетак, пакора i сьцiшанасьць. Але за ўсiм гэтым - затоеная трывога, яна чытаецца ў вачох, страх перад невядомым, боязь, што вось у гэту цi ў наступную часiну нешта станецца. Зблiзку, з лесу, даходзяць да слыху стрэлы i глухiя выбухi - што-б гэта мела азначаць?

Дзецi першыя заўважылi людзей на конях, калi тыя былi яшчэ на воддалi. Нехта крыкнуў: "Партызаны!", i ў вадно вокамгненьне вулiца агалiлася. Стаяць толькi строем бярозкi ды пакiнуты Вусатым Якавам столiк. Я зiрнуў у вакно яны! Сястра выпiхвае мяне з хаты на двор, а сама бягом - на вулiцу. Яна бачыць - б'юць, малоцяць прыкладамi вокны ў нашага суседа - палiцая, што служыць у Касьцюковiчах. Сястра ў страху - будзе тое i нашым вокнам. Ды партызаны ўвалiўшыся ў хату палiцая - громяць ўсё, што ў ёй ёсць. Не пакiнулi нават печы. Селi на конi i зьнiклi гэтак-жа хутка, як i зьявiлiся. Нас не зачапiлi. "Як гэта зразумець, - шапталiся вяскоўцы, - зямлю дзялiў, школу адкрываў, а не зачапiлi. Зьвязь з iмi мае цi што?"

З двара я падаўся на могiльнiк, не таму што баяўся тых партызанаў - хоць у рукi iм не хацеў пападацца, - а проста, каб некуды сыйсьцi, пачакаць пакуль усё ўляжацца. Дый наш могiльнiк - гэта адно з маiх улюбёных мейсцаў. Яшчэ ў маленсьцьве я часта хадзiў сюды на сьвяты з маёй мацi, часьцей з маёй бабкай аглядаць нашыя могiлкi, папраўляць, калi што было няспраўна. Асаблiва я любiў хадзiць на могiлкi на Радаўнiцу. У гэты дзень могiльнiк наведвала ўся вёска. Кожная сям'я прыносiла з сабой што-небудзь з ежы, у тым лiку яйкi. Засьцiлаюць сваю магiлку абрусам, стаўляюць на яго ўсё прынесенае i, згадваючы нябожчыка, запрашаюць яго частавацца разам з iмi. Добра памятаю, як мы з мацi аздаблялi маленькую магiлку мае сястрычкi, што памерла, калi ёй ня было яшчэ й году i як мацi сьцiшна расказвала пра яе.

На Радаўнiцу на могiлках калiсьцi было поўна моладзi. Моладзь любiла калыхацца тут на арэлях. На нашым могiльнiку ёсьць некалькi магутных, гонкiх сосен, аброслых унiзе шурпатай, а ў версе гладкай карой. Некаторыя з iх, маючы вакол сябе досыць прасторы, працягваюць, як руку, свой даўжэзны i моцны сук.

За такi, на адпаведнай вышынi, сук прывязвалася двума канцамi - з прамежкам памiж iмi на якiх паўмэтра - вяроўка. Унiзе яна зьвiсала паўкруглай пятлёй, у якую i садзiлiся аматары пагушкацца, папярэдня падклаўшы пад азадак што-небудзь з свае апраткi. Калi вы ўжо селi, вы бярэцеся дзьвюмя рукамi за вяроўку, якую, узяўшыся за канцы, нацягнутую, трымаюць перад вамi двое хлопцаў. Гэтаю вяроўкай яны раскалыхваюць вас. Калi вы ўжо раскалыханыя, узьлятаеце дастаткова высока, вы адпушчаеце вяроўку, але хлопцы ўсё роўна не пакiдаюць вас падкiдаць угору, вы дасягаеце ўжо ўзроўню сука, за якi ўверсе зачэплена вяроўка, крычэце: досыць, досыць! тым ня менш, асаблiва калi гэта дзяўчына, вас шпурляюць яшчэ вышэй. Ня ў штонiках, дзяўчына зацiскае каленi, просiць ратунку, ды зьнiзу, пры кажным яе ўзьлёце, жартаўнiкi, наставiўшы да вачэй казырком руку, падглядаюць, што ў яе там. Мне прыйшло гэта на дум само па сабе, калi я прыглядаюся цяпер да сосен з вялiчэзнымi сукамi. У згадках пра гэта я самавыключаюся, ня ведаю, дзе я. Аж бачу - на бабулькiнай магiлцы новы крыж. Кажуць, як памерла мая бабка, дзед амаль кожны дзень хадзiў на могiльнiк плакаць па ёй. Той факт, што дзед узяў цяпер сабе iншую бабку, выклiкаў у мяне нейкую няпрыязнь да яго. Я пакiнуў могiльнiк, пайшоў у кiрунку школы. Дайшоўшы да яе, з узгорку, на якiм яна стаiць, пабачыў на мосьце пярэсты натоўп жанчын. Яны, апусьцiўшы галовы, глядзяць унiз, у ваду, прыглядаюцца. I хоць яшчэ я ня прызвычаiўся быць на людзях, iду на мост. Толькi падыйшоў - з рэчкi вылазiць незнаёмы мне мужчына з хлопчыкам на руках. З мосту кiнулiся да яго жанчыны. Хлопчык мёртвы. Утапiўся. Мужчына палажыў яго на траву. Спрабаваў нешта рабiць з iм. Шкляныя вочкi застылi ў сваёй нярухомасьцi. Доўга не пазнавалi, але нарэшце дазналiся, чый гэта хлопчык. Пабеглi сказаць ягонай мацi.

Жанчыны пачалi разыходзiцца. Усе яны з Мокрага Другога - iдуць дахаты. У iхнае Мокрае iду i я. Некаторыя з iх пазнаюць мяне, або здагадваюцца, што гэта мушу быць я - чулi-ж, што сын Лявонавiча вярнуўся i ходзiць да Мельнiкавай Манькi. Толькi рэдкiя з iх прывiталiся са мною, але нiхто з iх не спрабаваў загаварыць са мной. Дзяўчаты шугнулi наперад i гуртом спынiлiся на пляцоўцы, што называлася раней "Цэнтрам" - як вiдаць, нешта задумалi. Я iду таксама на гэтае, быццам лобнае для мяне месца. Iду, уласна, ня ведаючы - чаго. Я нясьмела, не сваёю паходкай буду праходзiць паўз дзяўчат, буду - невядома, чаму - саромiцца iх. Калi я мiну iх, яны будуць глядзець мне ўсьлед i можа якая з iх адважыцца выпалiць нешта такое, на што я не знайду адказу. Я хачу прайсьцiся паўз вокан Пiлiпавай хаты - можа мяне заўважыць Дуся, а не завiтаю да iх сам. Старыя, думаю, будуць рады бачыць мяне. У iхных вокнах я нiкога не ўбачыў i вагаюся - зайсьцi, цi не. Заходжу. Хiма i Пiлiп расплакалiся, пабачыўшы мяне зьмененага. Просяць прахадзiць, не стаяць у парозе. Хiма замiтусiлася, змахвае фартухом лаўку - рыхтуе для мяне мейсца. Дуськi няма.

- Зьбегаю па яе. Сорамна табе, Масеевiч. Колькi часу ў хаце, а да нас i не ўступiў. Дзякуем, што во зайшоў. Пагаманi пакуль з маiм старым, а я зараз...

Выбегла з хаты.

- Ну куды яе халера пагнала? Дуська вон сама ўжо йдзець, - зiрнуўшы ў вакно, нiбы сам сабе сказаў Пiлiп.

Хвалююся - зараз Дуся ступiць на парог. Адчыняюцца дзьверы - i першай уваходзiць Хiма, за ёю Дуся. З-за плячэй мацi яна пасьпела ўжо секануць мяне сваiм кароткiм, ледзь улоўным паглядам: той-жа позiрк, строга ўзьнятыя бровы, гульлiва-цёплая ўсьмешка. Хiма, увайшоўшы, адступiлася на бок, як-бы даючы дарогу Дусi. Дуся сумелася, ня ведала як ёй быць, але, перамогшы сябе, падыйшла i падала мне руку. Я не затрымлiваў ейнай рукi, i яна адыйшлася, стала побач мацi, быццам чакала ад яе нейкай помачы.

- Але нiчога, дзеткi, звыкнецеся, - пасьпяшалася сказаць Хiма i пачала сваю лёгкую гаворку. - Сядайце во за стол, трэба-ж дарагога гасьця прывецiць. Ну, а ты стары, чаго маўчыш, як маўмыра, даставай, што я зьберагла - ня выпiў-жа? А ты, Дуська, займi чалавека. Пакажы Масеевiчу Ягоркiны фатаграфii. Забралi-ж i яго на вайну. Можа ўжо, крый Божа, няма i ў жывых.

Хiма выцiрала фартухом сьлёзы.

Дуся дастала альбом i стоячы, пачала гартаць яго, паказваючы мне здымкi.

- Ну чаго-ж вы стаiцё? Сядайце ета за стол. Выгадней будзе, - парадзiла Хiма.

Мы селi за стол побач адзiн аднога. Апрача нядаўнiх Ягоравых з Эмай здымкаў, у альбоме былi i ранейшыя фатаграфii, у тым лiку шмат Дусiных. Свае здымкi яна прапушчала хутка, сьмяялася з iх, саромелася сябе, ранейшай. А мне тыя здымкi падабалiся найбольш, хвалявалi, будзiлi мае незваротныя часы. Дуся гартае й гартае. Мы бачым Ягора ў форме сяржанта, Эму - у прыгожай сукенцы, у капелюшы, з узьнятым над галавой парасонiкам. Бачым здымкi з Ягоравага вясельля. На iх Дуся не затрымлiваецца - хутка прагортвае.

- А гэта ты тут! - упяршыню загаварыла са мною Дуся. Дасюль яна гартала альбом моўчкi. Ейнае "а гэта ты тут" кранула мяне. Я чую яе вобак сябе, i паддаўшыся гэтаму пачуцьцю, амаль ня ўспрыймаю таго, што яна гаворыць.

На стале ўжо традыцыйны ў вёсцы для гасьця пачастунак - яечня i паўлiтра. Дуся з суднiку дастае шклянкi. Калi яна выходзiла па iх з-за стала, я ўглядзеў у ёй усю жаночую прынаднасьць. Дуся зноў села вобак мяне. Пiлiп разьлiў паўлiтра на ўсiх нас чатырох, выдзелiўшы пры гэтым жонцы i дачцы самую найменшую дозу. Узьняўшы шклянкi, Хiма i Пiлiп прывiталi мяне з прыходам у iхную хату, паспачувалi маёй бядзе, але, сказала Хiма, дзякаваць Богу, што вытрымаў, вярнуўся цэлым i здаровым. "Будзь-жа, Масеевiч, ня толькi нашым госьцем, а й нашым сем'янiнам. Будзе з кiм i нашай Дусьцы бавiцца. Дачакалася яна цябе, Масеевiч. Помнiш, не забыў, як ты быў у нас у гразу i як ад страху Дуся, дзiцянё, ускочыла табе на рукi?"

- Ды пакiнь ты, мама, - просiць яе Дуся.

- Цi гэта ты ачмурэла выпiўшы, цi дурнота табе стукнула ў галаву? раззлаваўся Пiлiп.

- Трэба-ж нешта гаварыць, а не сядзець, надуўшыся, - апраўдвалася Хiма.

- Дык няхай во чалавек ета й гаворыць. У яго ёсць пра што гаварыць, - ня ўступаў Пiлiп.

- А што Масеевiчу пра тое гаварыць? Лепш пра тое забыць. Iдзеце, Дуська, пагуляйце сьвятам такiм. Глядзiце, як людзi высыпалi на вулiцу. I мы з старым во куды выйдзем.

Дуся прапанавала пайсьцi ў Цэнтр, але я не захацеў iсьцi туды - там, напэўна, будзе Манька. З хаты мы выйшлi на агарод, адтуль спусьцiлiся на рэчку i хутка апынулiся ў зацiшку, сярод вербалозу, на мiжрэччы, на тым самым астраўку, дзе калiсьцi я любiў ляжаць у траве, слухаць пчалiны гуд, аддавацца спасьцiжэньню самога сябе i ўсяго iснага навакол. Гэта тое самае мейсца, дзе мяне падглядала Дуся, падаравала сплецены ёю вяночак i прасiла, калi я не захачу ўзяць яго з сабою, пусьцiць яго на ваду, паглядзець, дзё ён, ля якого берагу прыстане.

Iдзём. Украдкам аглядаем адзiн аднога. Дуся iдзе вобак, надта не наблiжаючыся да мяне. Iдзём, але няма болей куды iсьцi, i мы спыняемся. Закутак, ахутаны з усiх бакоў вербалозам, дрэмiць у сваёй цiшынi, дыша водырам нагрэтых рознаколерных траў, зьвiнiць ледзь чутнай музыкай розных казюрак. Сонца сьвецiць яшчэ на ўсю сваю паабедзенную моц. Напоенае духмянасьцяй паветра, мляўкае i душнае, родзiць нейкае асаблiвае адчуваньне паўнiнi жыцьця. Мы селi. Трава вышэй нас. Я рву травiнку, па якой паўзе божая кароўка, паказваю яе Дусi. Яна ўсьмiхаецца, ейная ўсьмешка ясьнее, сьвецiцца лагодай i любасьцяй. Дуся падстаўляе свой пальчык, i божая кароўка перапаўзае з травiнкi на ейны пальчык. "Я люблю ейны дотык", - гаворыць Дуся. Выстаўляе мне кароўку на ейным пальчыку i гаворыць: "Зьнiмi ў мяне яе". Я адказваю: "Ты-ж любiш ейны дотык". I, зьняўшы з ейнага пальчыку божую кароўку, бяру Дусiну руку. Цалую ў далонь. Ад гэтага майго дотыку вочы ў Дусi iмгляцца, закатваюцца ў чульлiвасьцi. Замёршы ў пацалунку, сьцiшна, нетаропка, яна замыкае мяне ў сваiх абдымках.

Мы доўга ляжым у траве. У нас няма страху, што нехта можа пабачыць нас.

Узьняўшыся, Дуся папраўляе сваю сьвяточную сукенку, пытаецца, цi што-небудзь на ёй вiдаць. I мы пайшлi. Зноў паўзрэчку. Дуся просiць мяне, каб я зайшоў да iх у хату, але я гавару, што мне лепей цяпер пайсьцi дамоў. Разьвiтваючыся, Дуся доўга не адпушчала мяне. Абняўшы, цалавала i калi адпусьцiла, у ейных вачох стаялi сьлёзы, цяжка было зразумець - сьлёзы радасьцi цi засмучэньня. Адыходзячы я сказаў Дусi, што прыйду да яе ўвечары.

Калi я вярнуўся дахаты, сястра сказала мне, што пасьля таго, як партызаны пакiнулi вёску, да нас заходзiў нейкi чалавек, хацеў пагаварыць са мною, пытаўся, дзе я. Сказаў, што зойдзе пазьней, увечары, але не сказаў, хто ён i якая ў яго да мяне справа. Сястра думае, што гэта нехта ад партызанаў.

Адведзiны незнаёмага чалавека ўстрывожылi бацькоў. Устрывожыла гэта й мяне, хоць вярнуўшыся дахаты, з першага дня я зразумеў, што спакойна ў Мокрым я ня пражыву. Праiснаваць мiж немцамi i партызанамi немагчыма. Мая нейтральная пазыцыя можа аказацца самай небясьпечнай, але паколькi я заняў яе, я мушу i стаяць на ёй. Я хачу жыць. Я ня жыў яшчэ. Я толькi пакутваў, хоць пакуты тое-ж жыцьцё, можа найвышэйшая форма яго праяўленьня. Ды я не хачу пакутваць. Мне дваццаць сем год, а цi жыў я? Не, я толькi рыхтаваўся жыць, жыць для нечага высокага, прыгожага. Дзеля гэтага высокага я бярогся ад спакусы нiжэйшым. Я, напрыклад, не кахаў, як кахалi iншыя. Я кахаў употайку, саромячыся прадмета майго каханьня. Мае равесьнiкi кахалi iнакш - яны зьбiралi ўраджай з свайго каханьня. Я жыў у мройнасьцi, яны - у дзеяньнi. На подступах да свайго iдэальнага, дзеля якога я ахвяраваў сабой, я зазнаў паражэньне, самае вялiкае ў маiм жыцьцi. Я нiкога ня вiню за маё паражэньне. У мяне няма нянавiсьцi - яе пагасiлi мае пакуты. Я мусiў-бы ненавiдзець партызанаў, але я не магу iх ненавiдзець - я толькi баюся iх. У мяне ёсьць падстава ненавiдзець савецкую ўладу, але яна пагасiла ў мяне сiлу супрацiўленьня ёй. Я хачу жыць. Настаў мой час жыць. Я не зважаю на тое, што дзеецца вакол мяне. Дый я ня ведаю, што дзеецца. Забралi немцы Маскву, цi не - мне ўсё роўна. Я ня прагны да навiнаў. Я паглынуты адным - сабою. Я нават ня ведаю, што робiцца ў мяне пад носам - у Мокрым. Я ахутаны ўласнай глухатою. Адраблю на полi з бацькам дзень, i ўсё. Я не магу дачакацца вечару, калi я магу нырнуць у сьцiшнасьць i патаёмнасьць начы. Выйду - навокал нi душы, усё цiха, нiхто нiдзе ня шамнiць. Толькi ты сунешся, паглынуты цемрай. Iдзеш - куды хочаш, нiхто табе не перашкодзiць. Ты ня думаеш, што нехта, стаiўшыся, можа сочыць за табою - з вакна, з-за вугла, з-за дрэва. Ты думаеш, што вёска сьпiць. А яна ня сьпiць. У ёй iдзе начное жыцьцё. У нейкай хаце вось цяпер, калi ты йдзеш, патаёмна шэпчуцца, вядуць нараду, рыхтуюцца да нейкага дзеяньня, можа нат адлiваюць на цябе кулю, а ты пра гэта й ня ведаеш - iдзеш, снуючы ў душы найлепшыя спадзяваньнi.

Я iду да Дусi. Наўпрасткi. Праз рэчку. Я думаю, што Дуся ўжо ў клецi. Чакае мяне. Уяўляю яе. Уяўляю нават, якая ў яе ночная кашуля. Цiхенька стукаю ў дзьверы. Яна адчыняе. Абняўшыся, iдзём да ложку.

- Я чакала цябе.

- I я цябе.

Лажымся. I няма грэху ўвайсьцi ў яе i любiць яе, узяць ад яе i даць ёй, замерцi з ёй i зноў нарадзiцца - iншым, чымся ты быў. I ты ляжыш, i ты ня хочаш адклейвацца ад яе, як i яна ад цябе. I, прасьветленыя, сьвецiмся - два ў плоць адзiну.

Дуся мне прызнаецца, што там, у мiжрэччы, на астраўку, яна напачатку не хацела паддавацца мне. Пытаюся - чаму? Адказвае - каб не падумаў пра яе дрэнна. Ня чулi - калi заснулi. Прахапiлiся, калi праз шчылiны дзьвярэй дабiралася ўжо да нас дзённае сьвятло. Дуся адчынiўшы дзьверы, зiрнула на бакi - цi няма каго. Я магу выходзiць. Цалуе, i я бягу праз агарод, на рэчку, дахаты. Увечары я буду зноў у Дусi.

Прыйшоўшы ад Дусi, я лёг спаць у сенцах. Прачнуўся позна, калi бацькi былi ўжо пайшоўшы на працу. У хаце заставалася толькi сястра, каб сказаць мне, што незнаёмы чалавек заходзiў учора да нас яшчэ раз. Я папрасiў сястру перадаць мне як найбольш дакладна ўсё, што гаварыў незнаёмы чалавек - чаго ён хацеў, хто ён, як ён выглядае. Сястра i пачала:

"Мы доўга чакалi цябе, не садзiлiся вячэраць, думалi - прыйдзеш. А цябе ўсё ня было. Мы й падумалi, што ты ня хочаш бачыцца з iм. Не дачакаўшыся цябе, селi вячэраць, а ён - на парог! I адразу: дзе ты? Бачыць, што цябе няма, пачаў насядаць на нас: вы сказалi яму, што я хачу пабачыцца з iм, што ў мяне ёсьць да яго справа? Вы сказалi яму ўсё гэта? Сказалi, што я прыйду ўвечары, во цяпер, значыцца? Бацька сьпярша ня ведаў, што яму адказаць. Сказаць, што мы сказалi гэта было-б нядобра для цябе: выглядала-б, што ня хочаш з iм бачыцца. Сказаць, што нiчога пра гэта мы табе не гаварылi - нам было-б нядобра. I бацька, замест, каб адказаць яму на ягонае пытаньне, узяў дый сам у яго спытаўся: а якая ў вас справа да яго? Незнаёмец раззлаваўся i зноў пачаў пытацца: дзе ты, прасiў нас знайсьцi цябе, сказаць, каб ты не хаваўся. А бацька на гэта яму - ты не хаваешся, нашто? Сказаў толькi, што ты пайшоў гуляць i недзе забавiўся. Незнаёмец не паверыў бацьку: "Ты мне ня хiтры, сказаў. - Бачу цябе наскрозь. А свайму сыну перадай: мы хочам бачыць яго, гаварыць з iм i што для яго няма нiякай апаснасьцi. Калi-ж ён падвядзе нас i яшчэ раз, пусьць на сябе пiняець. Буду ў вас зноў заўтра. Увечары". Сказаў i выйшаў, стукнуўшы дзьвярыма. Вось, братка ты мой, i чакай вечару. Гэта-ж сёньня ўжо. I што дзелаць? Бацька ня верыць яму, кажа, што яны хочуць згубiць цябе. Як так можа быць, казаў, у турму пасадзiлi, а цяпер ты iм спатрэбiўся. Маняць! Я пайду цяпер мацi дапамагаць лён палоць, а ты заставайся, братка, у хаце - думай, што рабiць, як з гэтага дзела вычапiцца. Наставiў ты многа людзей процi нас сваёю дзяльбою. Во йду палоць лён, а людзi будуць праходзiць мiма i скоса глядзець на нас: "Каму як, а сабе нябось выразаў дзе найлепш". Зайздросьцяць, што ў нас лён удаўся, зацьвiў усiма колерамi на дзялянцы, дзеля якой, ты ведаеш, спор быў - каму яе аддаць? Бацька падбiў цябе, каб гэтая дзялянка нам засталася. I ты так зрабiў. А трэба было аддаць яе каму iншаму. Ня было-б злабы. Жалаба на цябе пайшла i ў лес - даносяць i туды. Дык во й прыходзяць цяпер з лесу. Я думаю, што чалавек, што быў у нас i прыйдзе сёньня яшчэ - з лесу. Цяпер - ты пытаўся, як ён выглядае. Ды малады яшчэ. Крэпкi. Прысадзiсты. У штацкiм. Зброi ў яго ня прыкмецiла. Ды па ўсiм вiдаць - ваенны. Вось усё, братка, што я магу сказаць пра незнакомца. Думай цяпер сам, што рабiць - цi сядзець табе цяпер у хаце i чакаць незнаёмца, цi не паяўляцца. А калi не паяўляцца, дык дзе дзецца.

Сястра пайшла на працу i я застаўся ў хаце адзiн. Застаўшыся сам-на-сам, я вярнуўся да сябе самога - хто я? што я? У турме, на этапах, у Сiбiры, на Калыме - усюды я быў "я". Я быў сьвядомым сябе, сваiх пакутаў. Яны ўзвышалi мяне, дадавалi мне моцы пераадольваць гэтыя пакуты. Яны гартавалi мой дух. У душы я нават быў горды за свае пакуты. Я ўсьведамляў адкуль яны былi пасланыя мне. Я ведаў, што пакутваю ня толькi я, а й цэлыя мiльёны. Усьведамленьне далучанасьцi да пакутаў iншых дадавала мне мужнасьцi. Свае пакуты ты ня лiчыў дарэмнымi, яны будзiлi ў табе надзею, што калi-небудзь яны дадуць свой плён. Якi - гэта было для мяне туманна, але дзесьцi, у падсьведамасьцi, ты цешыў сябе, што й ты належыш да той катэгорыi пакутнiкаў, да тых людзей, што нясуць свой крыж, спаўняюць сваю мiсiю, у прыватнасьцi - пясьнярскую. Ты рыхтаваў сябе да нейкай будычынi, што - ты моцна верыў - усё-ж некалi наступiць. Мiльёны такiх як ты, што iдуць разам з табою пад канвоем, што дзяўбуць, як i ты, скалу, што мёрзнуць i галадаюць, што, сiгануўшы ўначы з сваiх верхнiх нараў, павiсаюць на вяроўчыне, iмi самiмi зьвiтай - мiльёны такiх людзей, думаў я, не загiнуць дарэмна, падрыхтуюць iншае заўтра. У душы тлеў, ня сьцiхаў боль за бацькоў, што пакутваюць ня менш, а можа яшчэ й больш, чымся я. Туга па iх, нейкая вiна перад iмi, былi другой, асобнай пакутай майго пакутнiцтва. Думаў, калi вярнуся - вярнуся iншым чалавекам, дасьведчаным, мудрым, здольным жыць па-новаму. А прыйшоў - дзе дзеўся гэты чалавек? Ён той самы, якi й быў - падуладны свайму хаценьню. Застаўшыся ў хаце сам-на-сам, думаю пра пасланца. Вырашыў не чакаць незнаёмца. Чым-бы ён мяне нi заманьваў, як-бы нi пагражаў, я не хачу бачыць яго. Не для таго я пакутваў, каб сустракацца твар у твар з чалавекам, што можа дапытваў мяне, гнаў мяне пад канвоем, чынiў мне пакуты. У мяне iншае на ўме. Я хачу акунуцца ў маё прыватнае, якога ў мяне ня было дасюль. Я чакаю вечару, я чакаю начы, калi ў ейных лагодных, суцяшальных абдымках я знайду сабе забыцьцё ад маiх пакутаў.

Бацькi й сястра на абед ня прыйдуць. Яны працуюць на самых аддаленых нашых дзялянках, за тры вярсты ад хаты, i каб ня бiць ног, магчы адпачыць на месцы працы, узялi з сабою полудзень. Мне прыкра, што не пайшоў на працу, сяджу ў хаце, што я ўсё-ткi ўгоднiк. Прыгадаўся брат, якога, прыйшоўшы дамоў, я не застаў i якi невядома дзе цяпер - на вайне? Жыў цi ўжо няма на белым сьвеце? Бацькi сказалi мне - пакiнуў хату, пайшоў i не падаў аб сабе нiякай весткi. Забалела сэрца па iм. Гэты боль хацеў выказаць у вершы, але далей радка "Адзавiся мне, родны мой брат" не пайшло: занадта гэта тэма квялiла мяне, была занадта датклiвай, горкай. Колькi я нi хадзiў па хаце, шукаючы патрэбных словаў, не знаходзiў iх, i, стомлены гэтымi пошукамi, абясьсiлены, пакiнуў свае патугi. Спрабаваў чытаць, але й на чытаньнi ня мог засяродзiць свае ўвагi - лезла нешта iншае. Сяджу, з хаты нiкуды ня выходжу, не хачу нiкому паказвацца на вочы. Адчуваньне такое, быццам я абложаны ў сваёй роднай хаце. Калi гляджу ў вакно, што на вулiцу, бачу Пiлiпаву хату, цiхую, як-бы стоеную ў сваiм нейкiм чаканьнi. У думках, у сваiм адчуваньнi я ўжо там. Цi яна цяпер у хаце? Мусiць, не. Пэўна, цяпер з мацi на полi. Чакае яна начы, як i я?

У выгнаньнi, побач беларускiх, я, бывала, складаў у памяцi i вершы парасейску, асаблiва, калi нехта прасiў мяне аб гэтым. Маўляў, пабеларуску ня так зразумела. Бяруся за алавiк i сьхiляюся над паперай. Зрадзiлiся хутка i лёгка радкi:

Она мне нравится. Она

неслышно входит в мою душу.

Желаний и огня полна,

она меня и мучает и сушит.

И жмется сладко в тишине,

как бы боясь попасть другому.

Я рад. Я твой. Иди ко мне

доступен я всему земному.

Але радкi гэтыя здалiся мне надуманымi, сухiмi i штучнымi. Гэта ня тое пачуцьцё, якое ў мяне цяпер. У сваёй уяве бачу Дусю больш спакусьлiвую, ня выдуманую, а рэальную, даступную мне. Гэтая рэальнасьць завалодала мной цалкам.

Пастух ужо гонiць з поля кароў, i мацi прыйшла з поля першай, загнаць i падаiць карову. Сонца ўжо зайшло i наступаюць сутункi. Я гавару мацi, што мушу ўжо куды-небудзь пайсьцi - баюся, каб мяне не застаў незнаёмец. Вырашыў, гавару мацi, не паказвацца яму. Мацi толькi: "Як-жа ты пойдзеш ня еўшы?" Пра гэта, мацi, ня турбуйся, гавару. Вось што вам сказаць, як прыйдзе ён? Скажаце яму, што яшчэ не гатовы я да такой сустрэчы. Або, мама, i яшчэ больш ясна скажэце яму, што я не хачу бачыць яго. Што-ж тут хавацца. Я не хачу, каб ён чапляўся да вас. Я хачу ўзяць усё на сябе. Каб вы былi тут нi пры чым.

Выйшаў з хаты, перайшоў вулiцу. Ад вулiцы адразу-ж пачынаецца спад на рэчку i я ня йду, а проста качуся ўнiз, каб мяне нiхто ня прыкмецiў. Я ўжо на рэчцы, сярод утульных хмызьнякоў. Чакаю, пакуль пацямнее больш. Дый Дуся пэўна яшчэ вячэрае. Не гатова. Але мяне бярэ нясьцерп. Пераходжу па кладцы рэчку. Узыходжу на ўзлобак - Дусiн агарод. Станаўлюся пад яблыняй, што спусьцiла свае абцяжаныя галiны амаль да самае зямлi. Адсюль я пабачу, як Дуся будзе выходзiць з хаты ў клець. А калi i не пабачу, дык пачую, як яна стукне дзьвярыма, зачыняючы iх за сабою. Я буду ведаць, што яна ў клецi. Ужо, як мае быць, сьцямнела. Ужо час Дусi выходзiць. I вось - у iхнай хаце адчыняюцца дзьверы. Дуся? Не. Чую гаворку Хiмы: "Запазьнiлася падаiць цябе, мая ты кароўка. Нацерпiлася, бедная". У даёнку цыркнулi першыя струмкi малака. Хiма канчае даiць. Заганяе карову ў хлеў. Гаворыць: "Ну цяпер табе, мая красулька, лягчэй. Iдзi спачываць". Бразнула клямка. Цяпер ужо напэўна Дуся. Так i ёсьць. Хiма да яе: "Выпiла-б кубачак малака нанач?" "Ня хочу, мама", - гаворыць Дуся i чую, як яна ўваходзiць у клець. Шчакаў якую хвiлiну i, упэўнiўшыся, што Хiмы ўжо няма на двары, з затоеным дыханьнем, падыходжу да клецi. Стукаю цiха-цiха. Дуся, ня пытаючыся хто, адчыняе мне дзьверы, але на маё зьдзiўленьне адразу-ж адскочыла ад мяне. Пачуў, як яна бухнула ў свой ложак. Падыходжу да ложку ў кутку. Дуся сядзiць, прыцiснуўшыся да сьцяны. Хачу яе абняць. Прытулiць. Але яна не даецца, размахвае рукамi: "Iдзi да Манькi. У яе падушкi мякчэйшыя". I яшчэ больш цiсьнецца да сьценкi, баронячыся ад мяне. Я ў сполаху. Я ня ведаю, што сказаць. Я папаўся. Я мушу ратаваць i сябе, i яе. Кiдаюся да яе. З усёй пяшчотай ўтуляю яе на сваiх грудзёх. Цалую. Шапчу: "Мне так добра з табой. Я люблю цябе. Я нiкуды не хачу iсьцi ад цябе. Ты навекi мая".

I Дуся мiрыцца. Я апыняюся ў ейных руках. Спазнаю дасюль неспазнанае вялiкую пяшчоту, забыцьцё, слодыч неiснаваньня. Нам не хапае начы. Калi падкраўся дзень, мы й ня прыкмецiлi. За намi - спапялёная ноч. Сонечная ранiца грае ўсёй сваёй прыгажосьцяй. Пасьля начы мы - як новыя людзi. Глядзiм адзiн на аднаго. Усьмiхаемся. Бегчы дахаты мне позна. Дуся просiць пайсьцi з ёю да яе. I я пагаджаюся. Але баюся пераступiць парог ейнай хаты: як паглядзяць на нас. А Дуся хоць-бы што - не саромiцца.

Ейная мацi сустракае нас з усёю ветлiвасьцяй i пашанай да мяне. Хiмы я ўжо не баюся - ня першы-ж раз я ў iхнай хаце. Баюся Пiлiпа. Добра, што яго яшчэ няма цяпер у хаце - пайшоў у поле па каня. Трэба-ж брацца за працу. Дуся дае мне вышыты ёю ручнiк - умывацца. Ейная мацi б'е на патэльню яйкi. Дуся засьцiлае стол. Яешня гатова. Хлеб i малако на стале. Садзiмся сьнедаць. Толькi пачалi - уваходзiць Пiлiп. Зiрнуў на нас за сталом. Ад сораму лепш-бы правалiўся. Ён маўчыць. Пачынае закурваць.

- Ежце-ж. Ежце-ж, дзеткi, - гаворыць Хiма. - А ты, стары, што хацеў-бы? Я табе згатую куляшу. - Сьмяецца: - Яешня-ж толькi зяцям. Прывiтаўся-б хоць з дзецьмi.

Кулеш на стале. Пiлiп садзiцца побач мяне. Сiляе лыжкай кулеш. Студзiць. Дуся пытаецца, цi ён пойдзе касiць. Яна-б разьбiвала ўсьлед за iм пракосы.

- Як "зяць" пойдзе са мною з касой.

Дуся глядзiць на мяне. Сьмяецца.

- Зяцьку-ж нашаму трэба дахаты бегчы. Ён-жа яшчэ ня зяць.

- Ды я толькi гавару так. Няхай бяжыць. Ня прывязваем яго тут.

Зiрнуў на мяне, а я i не ўлавiў - як: спагадлiва цi з дакорам. Ён-жа ведае пра ўсё. I сядзець, не саромячыся, з iм разам за сталом немагчыма. Пiлiп прыкмячае маю нязручнасьць i загаворвае пра другое:

- Партызаны разгульваюць. Немца не баяцца. Сустрэў во Мельнiчыху. Гаворыць - у Паповай Гарэ днямi палiцая з жонкаю расстралялi, а iхнае дзiця, грудное яшчэ, разадралi на дзьве палавiнкi. Прыбiлi гэтыя палавiнкi на вуглох яго хаты, каб ета ўсiм было вiдна.

- Ну што ты пужаеш дзяцей. Нашто ета? К чаму? У цябе няма пра што гаварыць? Гаворыш абы што, - прыбiраючы стол, суцяшае нас Хiма. Ты, Масеевiч, бяжы ўжо. Радзiцелi будуць беспакоiцца. А мы з Дусяй пойдзем сена сушыць, балазе пагода ўдалася.

У сенцах Дуся, абняўшы, гаворыць цiхенька, на самае вуха: "Глядзi-ж, увечары не заблудзi мне да Манькi".

У сваёй хаце я ўжо нiкога не застаў - нi бацькоў, нi сястры: пайшлi на працу. А я? Што раблю я? Куды я йду? Куды прыйду? У хаце ўсё прыбрана, чыста, пазалочана ранiшнiм сонцам, i ад гэтай упарадкаванасьцi мне яшчэ болей не па сабе, гэта мне як нейкi дакор, напамiнак i няўхвала. А пакiнутае для мяне на стале сьнеданьне кранула да глыбiнi. Гэта мацi. Гэта яна. Гэта ейны смутак i клопат па мне. Не магу прыняцца за сьнеданьне, не магу дакрануцца да яго.

Пайду пагляджу на двор, якiя прылады яны ўзялi з сабою, куды, на якую працу пайшлi. Грабляў i бацькавай касы няма. Значыцца, пайшлi на сенажаць. Засталася вiсець толькi мая каса. Я зьнiмаю яе, бяру брусок, трапышку, iду дапамагаць бацьку касiць. Я ведаю, на якой нашай дзялянцы яны мусяць быць. Дапамагу мацi i сястры зграбаць сена, вяршыць копы. Паабапал дарогi, якой я iду, працуюць на сваiх дзялянках жанчыны з дзецьмi, узьнiмаюцца, дзiвяцца касцу, што йдзе на працу такой позьняй парой.

Я падыходжу да сваёй дзялянкi, але ня бачу, каб бацька на ёй касiў. Разглядаюся, бачу - у канцы дзялянкi, пад разложыстым вязам, сядзяць бацькi i сястра - напрацавалiся ўжо i селi адпачыць у халадку. Побач блiшчыць на сонцы ўткнутая касьсём у зямлю бацькава каса. На воддалi вiднеюцца граблi. Пракосы раськiнутыя - сушацца. Угледзелi мяне. Ад сораму я невядома дзе дзеўся-б. Моўчкi ўтыкаю сваю касу каля бацькавай. Не магу пачаць гаворкi. Муляюся. Адчуваю сябе, як на якiм судзе. Бацькi таксама нiчога не гавораць. Выручае сястра:

- Не журыся, братуха. Сядай. Ты пайшоў з хаты i столькi бяды, а якавота нам. Дзела дрэннае. Прычапiлiся яны да цябе. Узьелiся. Учора быў-бы ты ў iх руках, каб не забавiўся. У засадцы сядзелi, цябе чакалi. Думалi, прыйдзеш-жа. А ты, як знаў, не сьпяшаўся дамоў.

- Ды ты, калi ўжо ўзялася, раскажы ўсё па парадку, - незадаволеным тонам прамовiў бацька. Хацеў нешта яшчэ сказаць, але ўстрымаўся, дастаў з-за пояса кiсет, пачаў скручваць папяроску. Мацi запыталася, цi я еў сьнеданьне.

- Знаеш, - пачала сястра, - было ўжо позна i мы думалi, што нiхто й ня прыйдзе да нас, аж тут не адзiн, а трое ўвалiлася ў хату. I ты ведаеш, хто з iмi быў? Мiкола Бугроў. Наш тут павадыр. Зацяты камсамолец. Ён адразу-ж: "Мiколы няма? Хаваецца? Ня хоча нас бачыць? Але не схаваецца. Знойдзем!" Сказаў i замоўк. Тады пачаў той, што ўжо быў у нас: "Сватаць больш ня будзем. Сватаньне скончылася". I да мяне: "А ну зьбiрайся! Жыва! Паглядзiм, наколькi ты дорага свайму брацiку". Штурхае мяне да выхаду. Я ў плач. А тут бацька: "Бярэце мяне! Я гатоў. А дачкi, прашу, не чапайце! Трэба я вам?" Тут уступiўся трэйцi, што з iмi быў. Я так думаю - з тых лейтэнантаў, што былi ў нас на акопах. Вiдаць, глаўны ў iх. "Оставь ее!" - сказаў. Пачаў гаварыць да бацькi: "Ни ты, ни твоя дочь нам не нужны. Нам нужен был, повторяю - был нужен ваш сын. Но, видно, он пошел не туда. Всякий разговор с ним прекращается. Запомните это!" I выйшлi з хаты. Я кiнулася была да вакна - куды яны пойдуць, а яны - як расталi, цi скрозь зямлю правалiлiся. Бацька хацеў выйсьцi на двор, паглядзець, цi не затаiлiся дзе, ды мацi ня пусьцiла бацьку. Знаеш, як гэта ўсё ўстрывожыла, напужала нас. Мы ўсю ноч ня спалi. На ранку мацi выйшла на двор за нейкай патрэбай, а тыя - прост перад ейным носам - як з-пад зямлi паказваюцца. I хоць-бы што. Пералезьлi праз нашае прасла, нiчога не сказаўшы, пайшлi агародамi. Iх было толькi двое. Трэцяга ня вiдаць было. Гэта-ж яны хацелi цябе падпiльнаваць.

Я маўчу. Слухаю сястру.

- Ну й што цяпер дзелаць? - зьвяртаецца як-бы да мяне бацька. - Яны не дадуць жыць. Хоць выбiрайся адсюль. Цябе спаймаюць - не пажалеюць. Было-ж сказана - ня туды пайшоў. А куды-ж табе йсьцi? Да iх? Дык ты-ж у iх ужо быў пяць гадоў. Iх заела, што ты пачаў тут процi iх нешта рабiць. Зьехаў-бы ты куды, цi што. У раёне знайшоў-бы сабе нейкую работу. А нам тут усё роўна. Што яны з нас тут возьмуць? А не - дык i мы-б да цябе перабралiся. Згары яно тут усё гэтае нашае хазяйства. Злыдня гэтага. немца, усё роўна прапруць. I будзе ўсё тое самае, што й было. Вырашай, сын.

Мацi дастала з торбы полудзень - хлеб, яешню ў маленькiм гаршчочку, агуркi, бутэльку малака. Я сказаў, што я еў i ўзяў толькi агурок. Бацька прагна запiваў ежу малаком, мацi - вадою з бiклагi. Мы з бацькам дакасiлi наш лапiк, а потым дапамаглi скапнiць згрэбенае сена. Вынесьлi з топкага мейсца на ўзгорак скошаную траву на прасушку. Да вечару яшчэ заставалася часу, i мы пайшлi з бацькам у Скарнякоўшчыну нагледзець якую сасну на дошкi, каб потым уначы зрэзаць. Бацька хоча пакласьцi ў хаце новую падлогу. Дый трэба-ж нейкi запас дошак на якую труну - спатрэбяцца. У Мокрым часта памiраюць дзецi i няшчасныя iхныя мацi прыходзяць да бацькi з просьбай зьбiць на скорую руку труну. Бацька нiколi не адмаўляўся - грэх.

Дахаты iшлi моўчкi - цi бацька быў дужа змораны, цi думаў пра нешта сваё, я-ж ня ведаў, з чаго пачаць гаворку.

Я не магу ўседзець у хаце. Павячэраў - i выходжу. Што ў нас былi "госьцi", заглушана iншым - маiм жаданьнем быць у Дусi. I я iду да яе ў клець. Учора яна мне сказала - на выпадак яна затрымаецца ў хаце, ня будзе яшчэ ў клецi, я магу заходзiць туды сам i чакаць яе: дзьверы будуць не на замку. Пераходжу па бервяну рэчку. Хоць ужо сьцямнела, прабiраюся на Пiлiпаў двор крадучыся. Я перад дзьвярыма. Гэтыя дзьверы для мяне сталiся ўваходам у нейкi патаёмны церам, дзе мяне чакае яшчэ нязьведаная дасюль радасьць i насалода. Дусi яшчэ няма i, увайшоўшы, я кладуся на ейны ложак. Чую ейныя крокi. Дуся ўваходзiць. Я гавару, што я тут. Дуся падыходзiць да ложку, i я, не дачакаўшыся пакуль яна будзе гатова, цягну яе да сябе. Ахвочыя, мы аддаёмся самiм сабе. Дуся зьдзiвiла мяне, калi, сьцiшаная, бяз нiякага на тое поваду, цалуючы мяне ў вусны, шэптам пытаецца, цi мне добра было ў Манькi. Я нiяк не спадзяваўся ў гэтую хвiлiну згадкi пра Маньку. Ня мог зразумець, цi Дуся дражнiць мяне, цi ў яе нешта iншае на ўме. Не пасьпеў я адказаць ёй, як Дуся загаварыла далей: "Ейная братавая, што цяпер у iх, абзывае цябе самымi апошнiмi словамi, вярзець усякую нясусьвецiцу, гаворыць, што ты сапсаваў Маньку, абяцаў узяць яе, цяпер адкiнуўся i што табе гэта так ня пройдзе".

Дусi ўся гэтая гiсторыя балiць i мне нялёгка было яе заспакоiць. Я было хацеў запытаць у яе пра яе ўхажораў, але ўстрымаўся, шкадуючы яе, гэткую безабаронную i дарагую мне. Не сказаў я Дусi й таго, што да нас прыходзiлi людзi з лесу, дамагалiся сустрэчы са мною. Я адкладаў гэта на пазьней. Не хацеў трывожыць яе цяпер, калi мы жывём адзiн адным, калi кожны дзень для нас наступае толькi для таго, каб зьмянiцца на ноч, што зводзiць нас разам.

Ад Дусi я пайшоў дахаты, калi яшчэ добра не разьвiднелася. Лёг у сенцах i праспаў амаль да паўдня - мяне ня будзiлi. Усхапiўшыся, спужаўся, што ўжо позна i што ня змог пайсьцi разам з сям'ёю на працу. Сьнеданьне мне пакiнулi зноў на стале. Чаму мяне ня будзiлi? Чулi, што я прыйшоў ужо ранiцою i далi мне паспаць? Ведаюць яны, дзе бываю я? Канечне-ж, ведаюць, але ўдаюць, што ня ведаюць i ад таго яшчэ больш сорамна, брыдка i нiякавата. Такое палажэньне нязноснае. Я мушу калi-небудзь запрасiць Дусю да сябе ў хату, найлепей на якое-небудзь сьвята. Яна была ў нашай хаце малой, з братам i Эмай, а цяпер мне трэба паказаць яе, дарослую. Так будзе прамей. Чаго-ж хавацца? Я ведаю, бацькi будуць супраць Дусi. "Яна прастая, наiўная i не раўня мне", - скажуць. А я ня думаю, якая яна. У той ейнай прастаце ўсё для мяне, у наiўнасьцi - уся звабнасьць.

Пастух прыгнаў у вёску на час сьпекi статак i мацi прыйшла з поля падаiць карову, зрыхтаваць для бацькi i сястры полудзень. Бацька ёй перадаў, каб я схадзiў па каня, запрог яго ў мажару i пазвозiў копы сена ў стадолу - будзе дождж. Я надта быў рады гэтай працы i да вечара зьвёз амаль усе копы з поля.

Падчас вячэры неспадзявана паказваецца ў дзьвярох Агапка. Вiтаецца яшчэ з парогу: "Добры вечар вам у хату, людзi добрыя. Не перашкоджу вам?" "Праходзьце. Праходзьце", - гаворыць бацька. Агапка, нi на кога ня гледзячы, толькi ўглядаючыся ў мяне, працягвае руку: "Ну дык прывiтаемся, Мiкола". Цалуе. У вачох сьлёзы. "Ты ведаеш, як я рада за цябе". Мацi запрашае Агапку за стол, i яна сядае побач мяне. I ўсё глядзiць - то ў вочы, то на мае рукi. Я адчуваю сябе не свабодна, але свайго неспакою не выдаю. Сяджу, уважлiва слухаю яе. I думаю - наколькi яна зьмянiлася! Прыстойная i нават прыгожая. "Я сказала вам, Лявонавiч, што Мiкола прыйдзе". "Дзякаваць Богу, Агафiя Дзямiдаўна", адказвае ёй бацька. Я быў зьдзiўлены, што бацька так вялiчае яе. "Вось i прыйшоў", - падагульняе Агапка. Цалуе мяне зноў. "Ну што-ж ты маўчыш, Мiкола? Нiчога не гаворыш. Скажы, як ты тут прышчапiўся пасьля Сiбiру? У партызаны яшчэ не пайшоў?" Сьмяецца. А потым сур'ёзна i заклапочана: "Чула, што ты адчыняў тут школку, ды разагналi нашыя таварышы з лесу. А я вось усё вучу дзяцей (ведаеш, я-ж - настаўнiца) у Вараноўцы i мяне не чапаюць. Заглянi калi-небудзь у мой куток. Будзеш вялiкiм гасьцём. А партызанаў ня бойся. Зашчышчу". I ўсьмiхнулася мне, паказаўшы белыя, як часнок, зубы. "Дый мае табе зашчыты ня трэба. Партызаны самi цяпер у вялiкай бядзе, баяцца. Адыйшлi адсюль. Зашылiся ў лясох. Чулi-ж можа (Агапка зiрнула на бацьку) - нямецкiя карнiкi разам з нашымi здраднiкамi прачэсваюць Бранскiя лясы, iдуць, кажуць, сюды, да нас, зьнiшчаюць усё на сваiм шляху, паляць ня толькi вёскi, а й людзей - нiкому няма пашчады: нi старому, нi малому. Дзяцей кiдаюць жыўцом у вагонь. У нашым, Касьцюковiцкiм раёне, спалiлi ўжо Дзяражню, Вiшанькi, Бароўку, Клеявiчы, Калодлiва. Гэта ўсё партызанскiя вёскi. Партызаны-ж паўцякалi. А людзi пагiблi. А ты, брат, сядзiш тут... Ды я гэта так. Рада, бясконца рада, што-ты вычапаўся. Я так перажывала за цябе. Насiла табе перадачу ў турму, ды ня прынялi. Пiсала во Лявонавiчу, паведамляла пра няшчасьце. Суцяшала. Падавала надзею, што прыйдзеш, не загiнеш. I вось ты прыйшоў. - Пасьля нейкай паўзы: - Я таксама прыйшла. Толькi не падумай - што з турмы. Пад Менскам настаўнiчала, i як пачалася вайна, прытупала да бацькоў, як i ты, у нашае Мокрае. Кiнула ўсё там... i - свайго мужа. Узялi-ж у армiю. Глядзiць на мяне: - Бачыш, я жанатая. Можа ўжо, крый ты Божа, i ўдава. А ты яшчэ не жанiўся?" Жартам адказваю i ёй: "Не знайшоў нявесты". Сястра кiнула на мяне насьмешлiвы пагляд i гэтым выдала мяне.

Бацька вылез з-за стала, пайшоў у сенцы i вярнуўся адтуль з паўлiтрам самагонкi. "Гэта, Агафiя Дзямiдаўна, у вашую чэсьць. Хочам вас угасьцiць за вашую дабрату i прыхiльнасьць да нас". Разьлiў паўлiтра па ўсiх, пастаўленых iм стаканах. Адмовiлася пiць толькi мацi, але i яна ў знак пашаны да госьцi, узьняла разам з усiмi сваю шклянку. Тост, прызначаны да яе, Агапка адрасавала мне. Падзякавала бацьком за шчыры прыём. Бацька - я дзiвiўся, наколькi зьмянiлiся ягоныя дачыненьнi да Агапкi - абыходзiўся з ёй гэтак, быццам яна была ягонай нявесткай, што прыехала з сынам пасьля доўгай адсутнасьцi. Бацька як-бы хацеў мне гэтым сказаць: "Глядзi, во якога чалавека шукай, а ня то што..." А я, выпiўшы, пачаў нэрвавацца, што пазьнюся i хацеў, каб гэта ўсё скончылася як найхутчэй. Баяўся я i таго, што могуць завiтаць да нас i iншыя госьцi. I што даты? А гутарцы ня было канца. Агапка была надта ажыўленай, ахвотна гаварыла з бацькамi, усё як-бы адкладвала гутарку са мною, асобную гутарку. Нарэшце, бяседзе прыходзiць канец. Агапка, разьвiтваючыся з бацькамi i сястрой, просiць мяне правесьцi яе. Яна бярэ мяне пад руку, шчыльна тулячыся. Часта спыняецца, i на кожным прыпынку цалуе. Даходзiм да ейнага двара. Запрашае ў хату, кажа, што бацька пэўна сьпiць. У хату я ня йду. Горача тулю яе да сябе, яна - меншая за мяне - уся пада мною - як не апусьцiцца долу...

Разьвiтваюся з ёй. Думаю - назаўсёды. Бягу нанiз. На рэчку. Дуся чакае мяне. Хвалюецца, што пазьнюся. Я люблю яе. Люблю ўсю: пругкiя, чульлiвыя даткнiся толькi - грудзi, гiбкую талiю, сарамлiвую цнатлiвасьць, анёльскае, лебядзiнае абыйманьне ейных рук, ахвочыя вусны, задуменна-радасны пагляд. Уськiне брывямi - пасланьне небу. Усьмiхнецца - зойдзецца радасьцяй сэрца.

Даходжу да Пiлiпавага агароду, што ўздымаецца над рэчкай невялiчкiм узлобкам. Бачу - на iм стаiць стажок сена. Учора яго яшчэ ня было. У Пiлiпа няма сенавалу, i сваё сена ён трымае ў стагох: у большым - на полi, у меншым на агародзе, ля хаты. Зьнiзу, ад рэчкi, стажок выдаецца мне стройным i высокiм. Месяц - калi гляджу на стажок - цэдзiць над iм сваё сьвятло, на самую макаўку, даймае, быццам падпальвае яе. Я iду на месяц. Бачу пад стогам зваленае сена, побач - парожнюю мажару. Мажара блiшчыць i меркне сваiмi зьежджанымi да бляску шынамi. Вось я ўжо каля стажку. Гляджу на Пiлiпава працоўнае месца - на граблi, уткнутыя цаўём у зямлю, на драўляныя вiлы, якiмi ён, мусiць, падаваў сена на стог, а Дуся, стоячы наверсе, падхоплiвала яго, укладвала, утаптвала. Хацеў-бы я паглядзець на яе, такую працаўнiцу! Я ведаю, яна любiць стаяць з граблямi высока на возе ў касынцы, усьмiхацца. Паглядзець на яе там, на возе, - любата! Спрытная, прыгожая, зайздросная. "Ага, папаўся. Напужала?" Тузае: "Я чакала цябе, схаваўшыся за стогам. Хацела падгледзець, адкуль ты йдзеш". Шаламлiвай, Дусi няма спыну: "У клець я цябе ня пушчу. Заначуем пад стогам, на сене. Глядзi, як тут прыгожа! Якое духмянае сена! Тут усе краскi, якiя толькi ёсьць на сьвеце. Панюхай! Засохлыя, яны пахнуць яшчэ мацней. Слухай, што я табе скажу. Я працавала сёньня разам з бацькам i мацi цэлы дзень. Зграбала сена. Стаяла на возе. Бацька падаваў на вiлах, а я брала ахапкамi, укладвала, утоптвала, каб не звальвалася з воза. Каб ты бачыў, якiя прыгожыя, стройныя вазы мы ўмеем з бацькам ладзiць. Ня верыш? Сьмяешся? Мы калi-небудзь з табой паедзем па сена - пакажу!" Узбуджаная, Дуся ня сьцiхае што з ёй такое, думаю. "Вазiлi сюды на агарод. Мяталi стог. Глядзi, якi выйшаў! Я доўга цябе тут чакала, а ты ўсё ня йшоў. Дзе быў? Я прыкмецiла цябе яшчэ здалёк - ноч сёньня такая ясная ад месяца. Думаю - схаваюся. Напужаю цябе. Цi-ж ты мог падумаць, што я тут стаю? Або пабачыць на нашым агародзе стог? Усё вырасла раптам - i стог, i я, i ты. Што ты глядзiш? Думаеш, здурнела дзеўка? Няпраўда, заначуем тут? У сене. Гэта-ж так цiкава i нова. Бачыш, я сёньня новая. I ты для мяне новы. Усё нова. Месяц - i той новы. Я прост захмялела ад яго. Галава кружыцца - упаду!"

Загрузка...