Абнiмаю яе крэпка-крэпка. Цалую. Гарну да грудзей. Прытуляю ў сьцiшнасьцi i жарсьцi. Яна супакоiлася. У супакоенасьцi самi па сабе пайшлi ў яе сьлёзы. Яны заблiшчэлi на ейных вейках, калi, вызвалiўшыся з маiх абдымкаў, яна паглядзела на мяне.

- Мiколка, iдзi, куды йдзеш. Трымаць цябе ня буду. Мо стрэнемся ў Менску?

I кiнулася яшчэ раз мне на грудзi. Апамятавалася. Падала руку. Я накiраваўся да дзьвярэй i, спынiўшыся на момант у цiхiм разьвiтальным паклоне, выйшаў.

У Касьцюковiчах я атрымаў месца бухгальтара на маслазаводе. З гэтага заводу ўцёк бухгальтар, забраўшы з сабою ўсю выручку. Мне далi ягоныя бухгальтарскiя кнiгi i папрасiлi адразу-ж распачаць працу. У нейкiм напоўразбураным будынку адвялi мне кватэру, вялiкi пусты пакой, накшталт нейкай салi, бяз кухнi, вады, ложкаў i ўсяго iншага, патрэбнага для жыцьця. Паставiлi толькi стол, з канапай побач. На гэтым стале я й пачаў разглядаць бухгальтарскiя кнiгi. Гартаў iх, углядаўся ў запiсы. зробленыя папярэднiм бухгальтарам, гартаў i нiчога не разумеў - дзе дэбiт, дзе крэдыт. Дырэктар маслазаводу - падазроны для мяне чалавек - у першыя днi на коратка заходзiў да мяне паглядзець што я за бухгальтар. Як ён паяўляўся ў дзьвярох, я пачынаў ляскаць на сваiм лiчыльнiку косткамi, ганяючы iх направа i налева, каб паказаць, што я нешта раблю, але па тым, як я гэта раблю, дырэктар, бязумоўна, здагадваўся, што я нiколi ня трымаў у сваiх руках гэтай прылады. Запытаецца ў мяне пра што-небудзь, коратка i суха, i пойдзе, а я застаюся сядзець над кнiгамi, спрабуючы разабрацца ў iх. Дырэктар папрасiў мяне зрабiць нешта накшталт рэвiзii, праверыць па кнiгах, што там i як. Колькi я нi бiўся, у мяне нiчога ня выходзiла. Нiяк ня мог праверыць балансу: кожны раз на лiчыльнiку ў мяне атрымлiвалася розная, ня тая самая лiчба. Падлiчваю адзiн i той-жа слупок па некалькi разоў, а вынiковая лiчба ўсякi раз не сыходзiцца. Стамляюся. Кiдаю. Пачынаю зноў. Нарэшце, пераконваюся, што гэта праца мне не па плячы. Асаблiва занепакоiўся, калi пачуў, што мой дырэктар маслазаводу быў у супалцы з сваiм папярэднiм - што ўцёк - бухгальтарам i што ён узяў мяне, недасьведчанага чалавека, у надзеi што iхнай афэры я не раскрыю, а яшчэ больш заблытаю i такiм парадкам магу яшчэ сам улезьцi ў гэта нячыстае дзела. Кляну сябе, што прыняў гэтую працу, хоць нiякiх iншых магчымасьцяў у мяне i ня было. Балазе, што мне паабяцалi кватэру, пiльна патрэбную мне. Удзень я б'юся над кнiгамi, а ўвечары - хоць задавiся. Сяджу адзiн у сваёй кватэры-пустэльнi. Ня ведаю, дзе дзецца. Баюся тут спаць. А лягу - сплю трывожна, мармычу, крычу, у сьне шукаю пры сабе Дусю, грабаю рукамi, а яе няма. Пуста. Яна мусiла-б ужо й быць. Але, вiдаць, нейкая затрымка, ды й не так лёгка выбрацца адтуль. Шкадую, што ня прыйшоў сюды разам з ёю. Як яна можа з дзiцем дабрацца сюды? Не дадумаў. Ня ўлiчыў усiх абставiнаў. Сапраўды, пакiнуў на "страд". Безадказна. Нясур'ёзна. Не памужчынску. У часе абеду забягаю на рынак - можа прыпадкам пабачу каго з Мокрага. Прыходзяць-жа сюды, каб здабыць што, з самых далёкiх куткоў, пераважна за сольлю. Ды нiкога з сваiх на рынку ня бачу i, занепакоены, iду назад, у сваю багадзельню. Саджуся за мае кнiгi. Гляджу ў iх, а думаю пра iншае, пра тых, каго са мною няма, а мусiлi-б ужо быць. Прачынаюся рана. Бягу на дарогу, што йдзе з Сьцюдзянца, паглядзець - можа йдуць яны, усе разам, з Дусяй. Нi па якой iншай дарозе яны ня могуць iсьцi. Ад Сьцюдзянца сюды толькi дзьве вярсты i гэта ўжо самы бясьпечны адцiнак дарогi. Пабачыў-бы iх, каб iшлi, але ня йдуць. Няма. Пануры, вяртаюся назад. За сваю бухгальтэрыю не бяруся ўжо. Знайшоў тры ложкi i матрацы да iх - прыйдуць, будзе на чым легчы. Але ня прыходзяць. Настае дзень, бягу зноў на дарогу i зноў - няма. Мокрае патанула ў нейкiм мроiве, хачу ўявiць яго, а яно - як па-за сьветам, як няма яго. А то наадварот - зырка бачу ў сваёй уяве то Дусю, як яна iдзе з дзiцем сюды, то бацькоў i сястру з клумкамi за сьпiною. Але гэта толькi ўява. Iх няма. А тут, у мястэчку, усё болей i болей нарастае трывога - чуцён фронт. Вязуць параненых, здаецца толькi што падабраных з поля бiтвы. Мой дырэктар маслазаводу патайна рыхтуецца да адступу, зафрахтаваў сабе цэлы вагон, каб калi надыйдзе той час, пакiнуць Касьцюковiчы з усiм сваiм скарбам. Ходзяць самыя розныя чуткi: немцы ўжо пакiдаюць Фэльдкамэндатуру, раённае начальства гатова змыцца ў кожную хвiлiну, палiцыя перабегла да партызанаў, на цягнiк бяруць толькi тых, хто гэтага даможыцца. А я? Я нiкога тут ня ведаю i мяне нiхто. У мяне нiякiх сувязяў. Я чуюся тут чужым i ўсё тут для мяне чужое.

Ня спаў усю ноч. А настала ранiца - усхапiўся. Ня ўмыўшыся, бягу на Сьцюдзянецкую дарогу. Яшчэ рана - нiхто ня едзе i ня йдзе. Толькi я на гэтай дарозе - iду, наблiжаюся да Сьцюдзянца. З вёскi выходзяць i выяжджаюць. I сярод тых, хто выходзiць - бачу бацьку з каровай на повадзе, а за iм - мацi i сястру. Убачыўшы iх, ня столькi ад радасьцi, колькi ад жалю хлынулi сьлёзы. За iх, пакутных.

Прывёў на сваю "кватэру". На агародзе навязалi карову. Увайшлi. Сястра азiрнулася - i ня вытрымала. Бацька моўчкi зьнiмае з сваiх плячэй хатулi. Мацi, паставiўшы свае клумкi на падлозе, выйшла нарваць на агародзе травы для каровы.

На стол сястра кладзе хлеб, некалькi вараных яек, агурэц, памiдор. Вярнулася з агароду й мацi. Селi за стол. I ня можам дакрануцца да яды - рукi не бяруцца за яе: сьцiснулася, закамянела душа. Пры кожным глытку - глытаюцца i сьлёзы. Калi ацiхлi, сястра першая парушыла маўклiню. Расказвае, як яны йшлi. Гаворыць - пакiнулi хату, калi ўжо сьцямнела. Iшлi ўсю ноч. Мусiлi часта спыняцца, каб даць адпачынак карове. Ранiца застала на паўдарозе. З паўдарогi iшлi ўжо пры сьветлым. Баялiся, што дзе-небудзь нагоняць цi перастрэнуць. Пра Дусю сястра не гаворыць нiчога, хоць i бачыць, што я з нецярпеньнем жду слова i пра яе. Нарэшце, сястра пачала i пра Дусю. Кажа:

- Дуся да нас не заходзiла, нiчога ня пыталася, нiчога нам не перадавала. Але пра што я табе зараз скажу, пра гэта мы дачулiся пасьля. Дуся, не дачакаўшыся ад цябе нiякай весьцi, выправiлася ў дарогу з дзiцем сама. Днём. Куды-ж ёй ноччу? Думала, можа яе з дзiцем хто падвязе. Езьдзяць-жа людзi. Не баяцца. Выправiлася яна, а за ёю - пагоня. Дуся аж да Дзяражнi дабралася. Вот там яе нагналi i павярнулi назад. Цi яна йшла назад на пяхоту, цi яе падкiнулi дахаты - пра ета мы ня знаем, а толькi пасьля етага пайшоў ейны бацька шукаць свайго каня. Партызаны забралi, павезьлi на iм нейкую сваю паклажу i Дусiн бацька думаў, што, завёзшы, дзесьцi кiнуць каня, як гэта яны часта i робяць. Па Мокрым пабегла чутка - Пiлiпа знайшлi ў лесе няжывым пад хворастам. Шукаючы каня, ён найшоў на партызанскi лягер у лесе, i тыя партызаны, угледзеўшы яго, пабаялiся, што ён можа перадаць каму план месцазнаходжаньня лягеру, узялi i забiлi. Днямi й пахавалi яго. Так што ў Дусi - гора i я ня думаю, што яе можна цяпер выручыць. А табе-ж туды i патыкацца нельга.

- А я думаю, можна яе яшчэ як выручыць. Трэба-ж яшчэ йсьцi туды, дык можна забраць яе i скрозь ноч прывесьцi сюды.

- Ды што ты, мама, туды ўжо нельга цяпер хадзiць, - гаворыць сястра.

- Ну дык а як-жа - усё там так i пакiнуць? Нашто-ж мы тады закапвалi? Хоць-бы забраць трубкi палатна. Згалеем-жа.

Бацька й думаць не хацеў пра хадзьбу туды. Няхай яно там пропадам прападае. Прапала кароўка, няхай прападзе й вяроўка. Дзе там ужо. Скранулiся, дык няма чаго ўжо поўзаць туды. Што табе так тое палатно? Будзе душа жыва нажывець. У сiло кiдацца - пашто?

У душы я хачу, каб мацi схадзiла ў Мокрае па палатно i заадно прывяла i Дусю. Але пра гэта я маўчу. Грэх пасылаць мацi туды. Я гэта ўсьведамляю, але i не адгаварваю яе ня йсьцi. Мне хочацца, каб са мною была Дуся. Што ў Дусi няма ўжо бацькi - гэта не даходзiць да мяне. Страшная навiна ня выклiкала ў мяне нi болю, нi нават спагады. Я - па-за гэтым. Я ўвесь у хаценьнi - мець Дусю. Я паглынуты адным: каго я найбольш хачу, каб ён быў тут, таго няма. Мая ўява намалявала Дусю ў часе, калi яна знаходзiлася на дарозе да мяне: на руках Васiлёк у блакiтнай шапачцы, пруткi, як стручок, сама яна жвавая, ня сумная не, засяроджаная, iмкне, радая хуткай сустрэчай са мною. Ад гэтай уявы сьветла на душы, я нават ганаруся ейнай адвагай, а адначасна боль i роспач, што не дайшла, што схапiлi яе, не даюць мне супакою. Магу з некаторай доляй пэўнасьцi меркаваць, хто яе нагнаў i вярнуў i хто, нарэшце, замардаваў ейнага бацьку чалавека добрага i нi ў чым ня вiнаватага.

Дзень прайшоў у клопатах - з дошак i бляхi бацька зьбiў нешта накшталт стойла для каровы. Ну нашто мы яе прывялi? Чаму не пакiнулi сястры цi цётцы? Ну так. Але-ж у iх ёсьць свае каровы. Мацi з сястрой схадзiлi на рынак, купiлi там солi (калi мацi пойдзе, яна занясе соль дачцы ў Красны Вугал). Я наводзiў спраўкi ў раённай Управе, цi будуць браць на цягнiк цывiльных i цi можна ўмясьцiць у якiм таварным вагоне карову. Мне адказалi, што iм пра гэта яшчэ нiчога не вядома, а што тычыцца каровы, дык ня можа быць i гаворкi.

Пахадзiўшы i паглядзеўшы на тутэйшае жыцьцё, на нэрвовы тэмп руху на галоўнай вулiцы, мацi з сястрой былi рады вярнуцца да нашага спынку. Бацька ня выходзiў - замка няма, дык баiмся пакiдаць клумкi без нагляду.

Увечары селi за стол, змораныя, прыгнечаныя. Елi тое, што прынесьлi з хаты. Мацi-б зварыла што, дык няма дзе i на чым. Бацька спытаўся, што мне сказалi ў Управе? Яснага нiчога не дабiўся, гавару. I наўрад цi можна будзе ўзяць карову. Такая няпэўнасьць, бачу, засмуцiла бацьку. Ён хацеў-бы выбрацца адсюль як найхутчэй. Я сказаў яму: схаджу яшчэ, запытаюся, цi ходзяць цягнiкi на Воршу. Мацi з сястрой слухалi нашу з бацькам гаворку. Маўчалi. I бацька запытаўся ў iх: ну, i што вы думаеце? Заўважыў бацькаву няўпэўнасьць. Ягоная цьвёрдая воля як-бы пахiснулася. I мацi падмецiла гэта. Сказала:

- Што-ж думаць? Бачыш, як яно ўсё тут? Думалася адно, а выходзiць другое. Зроду ня была тут, а прыйшла - назад хочацца. Цi не пасьпяшалiся мы, бацька? Разарылi хазяйства, кiнулi хату i во прыйшлi. Куды? - Заплакала. - Гэта-ж падумаць толькi кiнуць-рынуць i пусьцiцца ў сьвет. I во якей ён той сьвет. Што сам думаеш? Можа вернемся? Пакуль яшчэ хата цэла.

Азвалася сястра:

- Брат, шкада мне цябе да сьлёз. Даражэнькi брат, пайду за табой у ваду i ў вагонь, не пасылай толькi мацi. Бачу - хочаш, каб яна пайшла. Прывяла табе Дусю. Дарагi брат, хочаш - iдзi сам, а не пасылай мацi. Дарагi брат, я не хачу, каб i ты iшоў, галаву сваю падстаўляў. Дусi дарога перарэзана. Яна ня можа прыйсьцi сюды i нiхто табе яе не даставiць сюды. Дарагi мой брат, мы яшчэ можам вярнуцца, а ты ўжо ня можаш. Калi сядзеў у хаце - мог-бы яшчэ. Цябе яны тады цярпелi, а цяпер пайшоў - ужо ня сьцерпяць. Не даруюць. Ты думаеш, хто тут арудуiць? Не хацела табе казаць. Цяпер скажу - Бугроў i Манькiн брат. Яны на цябе цятыя, i перш за ўсё - за Дусю, за Маньку. Мой дарагi брат, кажу табе ў вочы, бо паважаю цябе. Люблю цябе. Прашу цябе апомнiцца. Знаю тваю больку. Знаю, па кiм твая душа хлiпцiць. Але што тут можна парадзiць? Глядзi, што разыйгралася. Дуся страцiла бацьку, а ты можаш, крый ты Божа, страцiць матку. Мацi пойдзе за цябе, за нас, куды хочаш, i на той сьвет. Такая яна ў нас, нашая мацi, што сябе не шануе... Дык брат, мы яе мусiм шанаваць. Даруй, я цябе ня вучу. Кажу, як ёсьць. Ляжа на цябе вялiкi грэх, брат, калi пашлеш мацi туды.

Мацi й бацька маўчаць - вiдаць - уражаныя дабрынёю дачкi, ейнай такой неспадзяванай сталасьцяй i адкрытасьцяй. Усё-ж мацi ня ўцерпiла. Сказала:

- Ну што ты так ужо яму выгаварваеш, дачка? Трэба-ж i яго больку разумець.

Перагоралi ноч. А настаў дзень - бацькi ня ведаюць, за што ўзяцца. Гэта-ж трэба: было ўсё, а цяпер нiчога. Нi кала, нi двара. I запякло сэрца па тым двары, што пакiнулi. Увайшоў дырэктар маслазаводу. Прывiтаўся, кiдка зiрнуўшы на маю сям'ю. Запытаўся ў мяне, цi гатова рэвiзiя. Адказваю яму, што ў кнiгах усё знарок заблытана, перакручана i дзеля гэтага няма нiякай магчымасьцi зрабiць рэвiзiю. Аддаю яму кнiгi, прашу звольнiць мяне ад гэтай працы. Запытаўся, цi можам мы застацца ў гэтым пакоi яшчэ на колькi дзён? Калi дырэктар маслазаводу выйшаў, бацька запытаўся:

- Дык у цябе цяпер i службы нямаш?

Цывiльны цягнiк iдзе ў пятнiцу, а сёньня яшчэ панядзелак, значыць у нас яшчэ ёсць час. Гэта будзе таварны цягнiк i ён можа зьмясьцiць усiх, хто запiшацца ў Управе на выезд. Я i ўсе мае, уключна з Дусяй, у выязным сьпiску. Цягнiк забiрае i жыўнасьць. Значыцца, можна ўзяць i карову. Толькi трэба для яе назапасiць кармоў. Але мацi гэта ўжо зрабiла. Для мацi карова - як невядома што. Карова з мацi як не загаворыць. Зiрнець на яе такiмi выразнымi вачыма i мацi разумее, што яна хоча. Мацi гаворыць з ёю заўсёды: i калi доiць, i калi кормiць, калi выганяе з двара пастуху i калi ўвечары заганяе яе ў хлеў. Карова слухаецца мацi. Убачыўшы мацi, рыкае, расказвае ёй пра сваю нейкую жальбу. Мацi ня можа пакiнуць такую карову. Да того-ж дойную, карову-кармiлiцу.

Мацi ўбачыла сон: яна на сваiм дварышчы. Хаты ўжо няма. Стаiць толькi адна печ i яна пры ёй з чапялой у руках. Пячэ блiны. Ськiдвае iх з патэльнi на стол, што стаiць тут-жа, пад адкрытым небам. За сталом сядзiмо мы: бацька, сястра i я. Дусi няма. Мацi сьпяшаецца накармiць нас - у яе засталося мала часу. Полымя шугае ў печы, а з правага боку сонца - таксама шугае полымем, як i тое, што ў печы. Мацi пытаецца ў нас, цi мы сыты: яна кормiць нас апошнi раз i хоча, каб мы задаволiлiся. Яна адыходзiць надоўга i ня ведае, цi мы стрэнемся калi. Шкадуе, што за сталом ня ўсе мы - няма Марфы. Але яна яшчэ забяжыць да яе. Хоць мо ў апошнюю хвiлiну. Падумала так, а нехта да яе: "Ты каго кормiш?" Вырваўшы, ударыў яе чапялой, якую яна трымала ў сваiх руках. Вядзе, i яна ня ведае, куды. Закрычэла, а столiка ўжо ня было - зьнiк i некаму яе ратаваць. У болесьцi яна просiць адпусьцiць яе, ды нехта вядзе яе далей i далей, пакуль ня прывёў у страшэнна густы лес. Цямнота, хоць вока выкалi. "Ну, - гаворыць, - ты ўжо дайшла да таго месца, адкуль ня пойдзеш. Ёсьць у цябе на сьмерць кашуля?" "Няма. Яшчэ не пашыла. Прыходзiла во па палатно, каб пашыць. Не пасьпела". У страху стулiлася - што ён будзе рабiць са мною? Аж прад маiмi вачыма ўспыхнула сьвятло. Стоўп сьвятла. У гэтым стаўпе я ўзьнялася высока-высока i бачу ўсё чысьценька на зямлi - i вас усiх. Кажу - ня журыцеся. Мне цяпер добра i ня страшна. Чакайце, i я прыду да вас.

Мы стаiмо на Студзянецкай дарозе i чакаем прыходу мацi. Сонца ўжо ўзьнялося высока. Мусiла-б быць. Ды ня вiдаць. Да самай вёскi не даходзiм. Назiраем здалёк. Паводзiм сябе так, каб ня кiдалася ў вочы, што мы некага чакаем, выглядаем. Людзi высыпаюцца з вёскi ў мястэчка хто за чым. Вёска вялiкая, i як пачнецца дзень, валам валяць. Уражаньне мiрнага часу. Стаяць залатыя, напоеныя ўраджаем, восеньскiя днi. Пахне бульбай, укропам, канаплямi. Сярод тых, хто йдзе, прамiльгне часамi блюзка, такая як у Дусi. Аж бачу, што гэта падман. Дуся-б iшла разам з мацi i Васiльком на руках. Няма нi мацi, нi Дусi. Надзея згасае. Ды, адыходзячы, мацi-ж гаварыла, што яна можа й прыпазьнiцца, затрымацца на якi лiшнi дзень у Марфы. Не, сёньня ўжо мацi ня будзе. Прыйдзе заўтра. I мы пакiдаем Сьцюдзянецкую дарогу. Iдзем у свой бярлог. А трывога ўпаўзла ўжо ў нашы душы. Ды мы крэпiмся. Спадзяёмся. Ня прызнаёмся, што навiсла гора: ня прыйшла сёньня, дык прыйдзе заўтра. Я цалкам пакладаўся на гэтае заўтра. Прыйдзе мацi. Прыйдзе Дуся. Уначы, ня сплючы, бачу iх абедзьвюх ужо ў хаце. Дуся кормiць Васiлька, радая, шчасьлiвая. Мацi таксама цешыцца, што прывяла мне Дусю. У сваiм жаданьнi бачыць Дусю я настолькi наблiзiў яе да сябе, што яна ўяўлялася мне цалкам рэальнай.

Але настала тое заўтра i ўсё зьмеркла, з той уявы нiчога не засталося. Бацька i сястра як закамянелi. Маўчаць. Маўчым усе паасобку. Жывём паасобку ў агульным прадчуваньнi нядобрага. Iдзём на Сьцюдзянецкую дарогу. Сёньня ўжо мацi будзе. Ранiца блiшчыць буйнай расою на даляглядзе. Мы добра бачым, як выходзяць i выяжджаюць з вёскi. Ужо схлынулi i пешыя i конныя, усе тыя, хто сьпяшаўся на працу цi яшчэ куды. А мацi няма. Пусьцее дарога. З вёскi выходзяць толькi рэдкiя, паадзiнокiя постацi. Але ня выходзiць мацi. Меркне сiнява на небасхiле. Згасла далячынь. Ня зiхцiць у бляску расы. Мацi няма, але мы ня сыходзiм з дарогi. Углядаемся. Вось здаецца iдзе ўжо яна. Не, не яна. Нехта iншы. Аж бачым - на вулiцы нейкая калатнеча. Бяжым. Бачым павозку i некага вярхом на канi. Прыбеглi - нi коньнiка, нi павозкi. Павыходзiлi з двароў жанчыны. Глядзяць, куды тая павозка паехала. Шэпчуцца. А адна, накрыўшы даланямi вочы, ня можа ўстрымацца ад нэрвовага струсу. Сястра пытаецца, што тут сталася, а тая - што плача - ёй у адказ: "Схапiлi нейкую жанчыну... Як яна мучылася! Не давалася. Страх глядзець. Вунь засталiся на дарозе ейныя клумкi, разьбiтыя ўмэтлух. Схапiлi на павозку. Вось толькi хвiлiна таму..."

Усё. Усё скончана. Нi жанчын, нi вулiцы. Нiкога i нiчога. Толькi паплыла пад нагамi некуды зямля. I мы ня чуем, цi мы йдзём куды, цi не.

Бяз мацi мы нiкуды не паедзем. Мацi можа яшчэ прыйдзе. Мы будзем хадзiць на Студзянецкую дарогу, выглядаць яе. Мы спадзяемся, што калi-небудзь яна зьявiцца на парозе i скажа:

"Ну вось, я й прышла".

Глядзiць на нас, спакойная i засмучаная.

1986-1987

Загрузка...