...Мы ў сене. Дуся, як у забыцьцi, шэпча мне: "Юзiк..." Цалуе: "Юзiк... табе добра са мною, Юзiк? Ляжы. Я цябе не адпушчу, Юзiк".
Мы, як-бы ў глыбокiм сьне. Але толькi на адзiн момант. Зноў абуджаемся. Месяц, падняўшыся вышэй, проста сьвецiць на нас. Дуся накрывае мне сьпiну сенам: "Каб нас нiхто ня бачыў, Юзiк. Толькi месяц. Ён глядзiць, што мы робiм. Ты ня бачыш яго сваёю сьпiною. А я бачу ўсё неба. Яно сьхiляецца над намi. Пасыпае нас зоркамi. А Бог з неба кiвае на нас пальцам. Я трошкi баюся, Юзiк. Але - не. З табою я нiчога не баюся, Юзiк".
Дуся сьцiшылася. Заснула на маёй руцэ. А я не магу заснуць. Нi разу не варухнуўся, каб не пабудзiць яе. Мне прыемна адчуваць яе вобак.
Месяц ужо за стогам. Па другi бок. Збляк. З паўзмроку - бачу - праступае мажара: ранiца. Дуся пракiдваецца: "А ты спаў, Юзiк?" "Спаў". Цалую яе. Пешчу. А яна: "Ты ўжо будзеш цяпер маiм Юзiкам... Я перахрысцiла цябе на Юзiка".
Мне падабаецца ейнае "Юзiк". Гэта яна вымавiла ў забыцьцi, у стане нейкай асаблiвай пяшчоты i любасьцi. "Юзiк" у яе атрымалася як нешта падзiцячаму лагоднае i далiкатнае. Гэта нагадвала мне Дусю ейных "гусiных" часоў.
Нам час разьвiтацца, пакiдаць сваю духмяную пасьцель. Гавару Дусi: "Iдзi. Трошкi здрымнi ў клецi. Яшчэ рана. А я пабягу дахаты". Дуся й пытаецца: "А дзе цяпер твая хата, Юзiк?" Сьмяючыся адказваю: "У цябе".
Бягу ўнiз праз рэчку дахаты. А ў хаце - засмучэньне. I мацi, i бацька, i сястра былi ўжо падняўшыся. Сядзелi. Нiчога не рабiлi, як-бы некага чакалi. Пэўна, майго прыходу. Адразу-ж паведамiлi мне: "Можа якую гадзiну назад партызаны павялi з двара нашу жаробку". Мацi ў сльязах: "Заб'юць на мяса. Не на работу-ж. З гаршка кармiла. Паiла. Гадавала i выгадавала злыдням". "Ня чуваць, каб у каго яшчэ бралi што. Толькi ў нас, - дадае бацька. - За калгас, за зямлю, за турму нам помста. Як-бы пайшоў да iх у лес i з iмi разам рабаваў - не чапалi-б. А як-жа табе йсьцi ў лес? Гэта-ж такая абiда, што сьцерпiць нельга. Пасадзiлi. Адпакутваў. Выратаваўся, а цяпер - давай хадзi! Каб прыдушыць дзе".
Я супакойваю бацькоў, як магу. Бацьком шкада жаробкi. Яна была ў нас, як дзiцё. Сядзем, бывала, дзе на полi падчас працы есьцi - i яна ўжо каля нас. Пакiдае мацi сваю - кабылу. Просiць есьцi. Язык так ня скажа, як яе вочы. Гнедзенькая. Прыгожанькая. Толькi яшчэ ад матчынай цыцкi. Сысунец яшчэ. Бывала, калi бацька быў на начлезе з коньмi, прыбяжыць да агню. Ляжа сьпiною да бацькавай сьпiны. Грэецца, баiцца начы цi з удзячнасьцi да гаспадара. I вось цяпер няма. Як-бы чалавека забралi ад нас. Асаблiва заходзiцца мацi па ёй. Яна болей за ўсiх хадзiла за ёй, i цяпер яна не магла ўявiць сабе што яе зьядуць.
Бацька бачыў у вакно, як партызаны, не заходячы ў хату, iшлi на двор. "Чаго-б гэта, думаў ён. - Што ў мяне на двары? Адна кляча. Дык iм-жа яна нi да чога". Ня выходзiў з хаты. Чакаў, што будзе далей. Аж бачыць - вядуць жаробку. Бацька з хаты. Просiць пакiнуць яму жаробку: "Навошта яна вам такая маладая?" Партызаны - усё невядомыя людзi - i слухаць ня хочуць. Вядуць. Бацька ўсё ўпрашвае. А адзiн з iх: "Iдзi, стары, спаць, а то й цябе павядзём". Яшчэ й дадаў: "На вяровачцы". "Бачыш, сын, - зьвярнуўся да мяне бацька, - нам помсьцяць. Ты ў турме сядзеў - ужо ты чалавек для iх ня свой, а я "зажыўся". Маё дабро колiць iм вочы. А таго ня хочуць знаць, што тое маё дабро з мазаля майго, з майго поту, з майго нядосыпу. Дык вось цяпер i йдуць за тым маiм дабром. Ета-ж, канешне, свае падказалi. Наслалi на нас. Але гора - горам. Горам не пракормiшся. Жывому - жывое. Паедзем у Супырыцу закладваць стог. Пагода будзе харошая. Iдзi запрагай кабылу. Бяры жэрдзь, вiлы, граблi, вазавую вяроўку, пiлу, тапор. Мацi з Дар'яй прыйдуць пазьней. А мы тым часам зробiм стажарышча".
З працы да хаты прыехалi поцемкамi. Селi за стол, а ў хату - як нейкi прывiд - Вяркееў. Прывiтаўся i сьмела да стала. Згроб мяне ў свае лапы, тармозiць за плечы, глядзiць у вочы: "Пазнаю. Пазнаю. Той самы. Выздаравiў? Цi не? Ну, ня злуйся. Вiтаю з паваротам. Рады бачыць цябе, Мiкола. Рады, што цэл i неўрядзiм".
Прывiтваецца з бацькам, з мацi, з сястрой. "Даўно ня бачылiся, Лявонавiч, а? Я ўжо не гавару пра Мiколу. З iм гадкоў з пяць. Цi ня так? Але паглядзеце, Лявонавiч, ён цяпер рыхтык сiбiрскi чалавек. Падужэў целам". I да мяне: "Спадзяюся i - духам. Я ў пiльнай справе да цябе, Мiкола".
Тымчасам мы ўсадзiлi Вяркеева за стол, i я пабачыў знаёмага мне чалавека энэргiчнага ў рухах, жывога, рашучага, можа трохi пастарэлага i агрубелага аблiччам. Ня ведаючы яшчэ, як мне паставiцца да яго, стараюся быць стрыманым, але не магу - нешта мяне трывожыць, я рады i ня рады яго прыходу, ведаю, што не дзеля нашай нейкай дружбы завiтаў ён да нас, да мяне.
- Ня шкодзiла-б i выпiць за Мiколу, ды няма болей каперацiву ў Мокрым.
Бацька вылазiць з-за стала. Iдзе ў сенцы. Вяртаецца адтуль з пляшкай гарэлкi.
- Узнаю Лявонавiча!
Вяркееў загарэўся. Пацiрае рукi.
- Але аднэй гарэлкай, Лявонавiч, Мiкола сёньня ў мяне не адкупiцца.
I як-бы спахвацiўшыся:
- Няма чым зацемнiць вокны. А то яшчэ якi палiцай нарвецца. Хоць з Мiколам мне ня страшна - гэта-ж яго цяпер улада, - засьмяяўся.
Уквелены, я адказваю яму:
- У мяне ня было i няма нiякай улады. Улада твая.
- Ну чаго ты ўсьпятушыўся - жартую.
Бацька разьлiў у шклянкi гарэлку.
- Ну дык за што вып'ем? - узьняўшы шклянку, пытаецца Вяркееў. - Я ўсё-ткi за Мiколу. За ягоныя пакуты.
- Ды так-жа, - адказаў бацька.
Выпiлi за "мае пакуты". Бацька й пытаецца:
- А дзе-ж вы сiчас, Сямёнавiч?
- Я не хаваюся, Лявонавiч - у лесе, у партызанах, у партызанскiм штабе. Напужаў?
- Ды не. Чаго-ж? Ета ўсё харашо, а вот атбiраць, Сямёнавiч, у людзей што-б там нi было - нi гадзiцца.
- Мы не адбiраем, Лявонавiч. У вас мы ўзялi што-небудзь?
- Узялi. Сёньня-ж.
- Што ў вас узялi?
- Кабыла нядаўна ажарабiлася, дык дзяцёнка ад яе атнялi. На мяса! Нашто-ж болей? Прагаладалiся?
Бацька сказаў гэта зьядлiва i Вяркееў ня ўзьлюбiў:
- Так, мы церпiм i голад, Лявонавiч. Не сакрэт. I калi нам нехта не спагадае, ня хоча дапамагчы нам, мы i - адбiраем. Скажу вам больш - i забiваем. Бо забiваюць нас. Пашчады нiкому, хто стаў на бок ворага. - Зiрнуў на мяне: - Ты ня вораг! Да ворага я ня прыйшоў-бы i ня сеў-бы за стол. Ня прыняў-бы пачастунку.
- А вот-жа ўпяклi чалавека ў турму. За што? Вораг? I цяпер, калi чалавек прыйшоў, дык зноў пагражаюць. Спакою нiма. Чалавек не начуе ўжо ў хаце. Мусiць хавацца.
- Хто пагражае?
- Вашы-ж.
Вяркееў перапынiў гаворку з бацькам. Зьвярнуўся да мяне:
- Бачу, тут нейкае непаразуменьне, Мiкола. Хачу пагаварыць з табою сам-на сам. Лявонавiч, выбачайце. Мы выйдзем з Мiколам. Пагаворым. Прагуляемся.
Мацi й сястра трывожна пераглянулiся мiжсобку, а бацька:
- Iдзеце сабе. Вы свой чалавек i можа што парадзiце нам.
Мы выйшлi на двор.
- Ты ня бойся мяне. Я цябе не здраджаў. Спадзяюся i ты ня здрадзiш мяне. Куды пойдзем? Куды-небудзь на бок. Дык хто табе пагражае?
- Прызнацца, дакладна ня ведаю, хто. Напачатку нехта прыходзiў уначы адзiн. Хацеў мяне бачыць, гаварыць са мною. У хаце мяне ня было, i я ня ведаю, хто гэта быў. Ён гаварыў з бацькамi. Прызначыў мне спатканьне на наступную ноч. Прыйшоў зноў. Мяне зноў ня было. Я не хацеў яго бачыць. Прызначыў мне i трэйцяе - апошняе - спатканьне. Я ня прыйшоў i на гэтае спатканьне. Было iх ужо трох, з Мiколам Бугровым на чале. Ты-ж ведаеш яго. Хацелi замест мяне ўзяць сястру. Перадумалi. Нехта з iх сказаў бацьку, што "отныне всякая связь с ним (гэта значыць, са мною) прекращается. Пусть он запомнит это".
- Здорава. Здорава. Хто-ж гэта так мог адчыканiць, - нiбы зьдзiвiўся Вяркеў. - Дай падумаць. З нашых, мясцовых людзей, так нiхто ня скажа. Гэта ўжо нехта з чысьцюсенькiх расейцаў, з прыежджых. Але пастой! Пастой! Здагадваюся! Гэта-ж каломенскi iнтэлiгенцiк! Быў тут у нас такi спэц па акопах, прысланы з раёну. Стаяў у Пiлiпа. Але чаму ён быў з Бугровым? У Бугрова-ж, наколькi нам вядома, толькi свае, тутэйшыя людзi. Бугроў, каб ты ведаў, пакiнуты тут для мясцовых апэрацыяў. I ты, дарэчы, асьцерагайся яго, каб цябе ён не падпiльнаваў. Ты-ж, здаецца - нам усё вядома - ходзiш да маёй Дуськi. Малайцом! Я ўхваляю. Напасьцiўся-ж. Але Бугроў - твой супернiк. Улiп у тваю Дуську па самыя вушы. Дамагаўся ўзаiмнасьцi. А тая, знай - адбрыквацца. Хацеў забраць яе ў лес, ды яна - нi ў якую. I гэта заела яго яшчэ больш. Дык глядзi - чалавек ён шалёны. Ёсьць пагроза для цябе i з другога боку - з боку каломенскага iнтэлiгеньцiка. Ён паляваў за Дуськай. Ня ведаю, цi ўпаляваў. Ты пра гэта мусiш ужо сам ведаць. Я перад табой, Мiкола, на чыстую - ня гневайся! Мы з табой усё-ткi сябры. Не хачу я выклiкаць у цябе i рэўнасьцi. Навошта яна, тая рэўнасьць? Дуся - добрая дзеўка i табе, думаю, яна - якраз. Наслаждайся. Вось я гавару гэта i ў думках разматваю клубок далей. Думаю, i каломенскi iнтэлiгеньцiк (выбачай, не сказаў табе - ён сам з Каломны) не здарма тут. Ня выпадкова ён быў з Бугровым. Ён заадно з iм. Тут, думаю, справа Дуськi. Дык глядзi. Пужаць цябе ня хочу. Але беражыся. Памойму, найлепшы выхад для цябе узяць Дусю з сабой i да нас. У штаб. Ты да зарэзу нам патрэбны. Няма каму газэту рабiць. Лiстоўкi састаўляць. Лiстоўка - ты ведаеш - ня менш дзейсная, чымся аўтамат. Я разумею цябе - прывязаўся да маладой спаднiцы. Але-ж трэба нешта рабiць i большае за спаднiцу. Што ты тут выседзiш? Нiчога. Ды каб-жа яшчэ - нiчога: таго глядзi, галавой накладзеш. Разумееш, пад маркай партызана ходзяць i банды. Над iмi мы кантролю ня маем. Удзень такi партызан сядзiць у лесе, а ўначы выходзiць рабаваць, а то й забiваць. У лепшым выпадку сьпiць у якой-небудзь салдаткi. Бойся, Мiкола, такiх партызанаў. Ты сядзiш тут i, думаю, нiчога ня бачыш, што дзеецца вакол цябе. Тут можа быць чыста асабiстая помста. Я цябе, паўтараю, ня пужаю i не агiтую. Я толькi раскрываю табе вочы. Ты можаш стацца нявiннай ахвярай. А пойдзеш да нас - зберажэшся. Гарантыi, канешне, няма. Але шансы выжыць у нас у цябе большыя, чымся пад крылом Дусi.
Вяркееў гаворыць i гаворыць, i я не перапыняю яго. Толькi чакаю, калi ён скончыць. Я нават ня ўсё ўспрыймаю, што ён гаворыць. Я заняты сваiм. Ня тым, што я чую. Уявiлася, што гэта Вяркееў зноў выпраўляе мяне ў дарогу, як некалi пяць год таму назад, калi мы з iм у сасоньнiку адзначалi мой ад'езд у Менск, i калi дзеля такога важнага моманту ён пёк яешню, узьнiмаў шклянку i гаварыў: "Праводжу цябе ў дарогу, якой-бы яна нi была. Трымайся! Гартуйся ў бядзе! Весялiся ў шчасьцi! Я табе ня вораг". Але цяпер мне не падабаецца, калi ён прыгадвае Дусю, Бугрова, каломенскага iнтэлiгеньцiка. Я хачу, каб ён скончыў са мною гэтую гутарку. Не пераконваў мяне. У ягоны Штаб я не пайду.
Але Вяркееў ня сьцiхае:
- Што ты сядзеў - гэта ўжо не загана. Гэта ўжо ня пляма. Яна змыта тваiмi пакутамi. Ты чысты. Ачысьцiўся. А галоўнае - ты не пайшоў на службу да ворага. Гэта галоўнае цяпер. Гэтым ты забясьпечыў сабе права грамадзянiнам называцца. I як гэткi, гавару - ты нам больш чым патрэбны. Скажу табе больш - наш з табою ўпаўнаважаны заклiкае цябе. Я, калi хочаш - ад яго. Дый не залежна ад яго. Я страшэнна хацеў пабачыцца з табою. З бацькам тваiм - ня менш. Зойдзем да цябе яшчэ ў хату. Узгоднiм усё з тваiм старым. Ты не канешне мусiш зьбiрацца цяпер, у гэтую хвiлiну. Табе трэба, як сьлед, падрыхтвацца, усё абдумаць i ўдакладнiць. Мы забясьпечым цябе ўсiм. Транспартам таксама. Нашыя сувязныя дапамогуць табе. Прыйдуць у вызначаны табою час i забяруць. Разам з Дусяй. Меры перасьцярогi будуць захаваныя. Нас цяпер цiснуць, але дармо... Пераседзем. Пакуль падкiнуць зброю, мэдыкаменты i iншае забясьпячэньне. Збудавалi ўжо i аэрадром. Чакаем першага самалёту адтуль, з Вялiкай зямлi.
Падыходзiм да нашае хаты. Вяркееў i пытаецца: ну дык i як? Я-ж маўчу i гэта ён успрыймае, як адзнаку, што я знаходжуся ў стане вырашэньня пастаўленага iм перада мною пытаньня.
Уваходзiм у хату. Бацька яшчэ не лажыўся. Чакаў на нас.
- Ну вось, Лявонавiч, мы й вярнулiся. Я прыйшоў з вамi разьвiтацца. Мне пара назад. Мяне чакаюць i мо турбуюцца, што мяне доўга няма. Мы з Мiколам усё абсудзiлi i прыйшлi да заключэньня, што яму ляпей пайсьцi да нас. Будзе вам зацiшней i яму спаквальней. Думаю, Мiкола згодны са мною (Вяркееў! зiрнуў на мяне). Вы тут мяркуйце, абдумвайце. Гэта-ж канешне ня з бухты барахты. А мы калi што - заявiмся адразу-ж. Была-б толькi вашая згода. Мне-ж пара. Сiгналiзуйце.
У посьпеху Вяркееў абняў бацьку i ў нейкай нечаканай рашчуленасьцi загаварыў:
- Заставайцеся здаровы. Калi зноў пабачымся - невядома. Усяк можа быць. Цi пабачымся.
Абняў яшчэ раз. Пацалаваў.
- Ну, а ты правядзi мяне з хаты.
Ужо за дзьвярыма спытаўся:
- Даеш мне слова? Гавары цяпер! Я мушу вярнуцца з нечым канкрэтным - так цi так.
- Дай падумаць, - гавару.
- Значыць, хiтрыш? А я думаў, што ты ўзмужаў. Аж бачу - не. Ну, думай. Думай. Але часу ў цябе ня шмат.
Моўчкi пацiснуў мне руку i матнуўся ў цемру гэтак хутка, што я й ня прыкмецiў, у якi бок ён шмыгнуў. Думаю, што ён сьпяшаўся яшчэ зазiрнуць да Акулiны.
Дуся мяне чакала доўга. Ня спала. Думала, што ўжо ня прыйду i непакоiлася маёй адсутнасьцяй. Яна ўчула мае крокi яшчэ на двары, i не пасьпеў я падыйсьцi да дзьвярэй, як яна адчынiла iх, упэўненая, што гэта я. Ужо iдучы да яе, я ўяўляў яе ўва ўсёй ейнай спакусьлiвасьцi, i калi яна, зачынiўшы за мною дзьверы лягла, утулiўшыся, побач мяне, раскрытая i ахвочая, жарсьць i любасьць спазнаньня яе закрэсьлiлi ўсё ў маёй памяцi. Шчасьлiвыя, у забыцьцi, мы праспалi да самае позьняе ранiцы.
Выходзiм з клецi, а на двары - Дусiна мацi. Сыплiць з падолу курам зерне. Глядзiць на нас. Нiчога не гаворыць. Дуся падбягае да яе. Абыймае:
- Мамачка. Галубка. Юзiк ходзiць да мяне. Не асудзi. Мы сьпiм з iм у клецi.
- Якi табе Юзiк?
- Гэта я так цяпер Мiколу заву.
- Ну дык вядзi свайго Юзiка з клецi ў хату.
I ўжо да мяне:
- Iдзi, Масеевiч, пасьнедаеш у нас.
Засаромлены, iду з Дусяй у хату. Яна мне гаворыць:
- Мацi цябе любiць.
Падае мне рушнiк, мыла. Просiць умыцца.
Мы за сталом. Хiма пячэ яшныя блiны i кiдае iх нам на талеркi. На гарачыя, мы кладзем на iх кавалачкi ператопленага з сырам масла. Масла на блiне хутка растае i мы, каб яно не сьцякала, сьпяшаемся есьцi, згаладалыя i прагныя да такой смакаты.
Сорам мой праходзiць. Я абвыкся. Хiма, можна сказаць, благаславiла нас. Пiлiпава хата робiцца маёй хатай.
Пасьнедалi. Дуся вядзе мяне паказаць за шырмай сваю Сьвятлiцу. Сапраўды, бачу прыгожа ўбраны куток: ложак, пакрыты прасьцiрадлам хатняга вырабу, з гарой падушак у галавах, столiк, з кветкамi на iм, палiчку з кнiжкамi, Ягораву з Эмай фатаграфiю на сьцяне. Дусiна Святлiца - гэта той самы куток, дзе яна калiсьцi хавалася ад грому, накрываючыся дзяругай. Вакно, што выходзiць на агарод, надае Дусiнай Сьвятлiцы радасны выгляд, асьвятляе яе сьвятлом нейкай асаблiвай дзявочай чысьцiнi i дбайнасьцi. Калi я зiрнуў у гэтае вакно дакорам блiснулi насупраць за рэчкай вокны нашае хаты: "Зрокся ўжо, знайшоў сабе гняздо. Табе даражэй стала чужая хата".
У хату ўваходзiць Пiлiп. Ён ужо накасiўся i прыйшоў пасьнедаць, адпачыць. Стомлены, хмуры, ён як-бы незадаволены маёй прысутнасьцяй. Ды пасьнедаўшы, памякчэў, злагаднеў, сам зачапiў мяне:
- Чуў можа. Немцы спалiлi Кавычыцы. Загналi ўсiх - i старых, i малых - у каго ня было дакументаў, у калгасную абору i падпалiлi. Жыўём згарэлi. Нямногiя ўцалелi. Немцы б'юць сабе, а партызаны сабе. I як тут быць чалавеку? Адных бойся i другiх бойся. У каго-ж у нас тыя дакуманты? Нi ў кога няма. А няма - значыць партызан. Таго глядзi, што й да нас дабяруцца. Праўда, тут арудуюць свае. Немца не баяцца. Дзействуюць адкрыта. Свадзьбы гуляюць. Скот рэжуць. Хлеб па млынох меляць. Ваююць, называецца. Ня шкодзiла-б пужнуць i iх. Паймелi ўжо сiлу.
- Не кажы, Пiлiп, дастаецца i iм. Пад Калодлiвам вон iх закуталi ў лесе i ўсiх перадушылi. Iх болей гiне, як немцаў. Дык яны й помсьцяцца хоць на сваiх. Палiцая якога зловяць - забiваюць. А што той iншы палiцай. Вiнтоўку немцы далi, партызаны вокны выбiлi - ён i кiнуў вiнтоўку. Хаваецца дзе па куткох цi ў лес падаўся да партызанаў.
- Што нам тыя партызаны. Трэба сябе глядзець...
У словах Пiлiпа я адчуў як-бы перасьцярогу сабе. Засьпяшаўся. Пачынаю разьвiтвацца. У маёй пасьпешлiвасьцi Дуся вычула нешта трывожнае для сябе i праводзiць мяне да самае рэчкi распытваючы, чаму я так раптам спахмурнеў.
Я думаю, як мне быць. На заклiк Вяркеева я не пайду. Прынцыпова. Я ня веру iм. Я баюся iх. Я чакаю перамогi над iмi. Я хачу, каб лясы былi ачышчаныя ад iх. Я нiчым не хачу дапамагаць iм. Я не хачу быць пад iхнай уладай. Я не магу пайсьцi да iх. Я хаваюся ад iх. Пабачу якога коньнiка з чырвонай зоркай у шлеме i вiнтоўкай за плячыма - мярцьвею ад страху. Як я магу аддацца пад уладу гэтай зоркi? Я доўга хадзiў пад ёю i я баюся яе. Яна трывожыць мой сон. Я хачу каб яна зьнiкла, ня блiшчэла. Але яна не-не дый паяўляецца зноў, пужае сваёю чырваньню, ад яе вее сьмерцяй. Я спадзяваўся, што хутка ён надыйдзе канец. Аж, не - яна зiхцiць. Яна бярэ верх, хоць у гэта я ня хочу верыць. Я спадзяюся, што яна згасьне. Я жыву спадзяваньнямi. Жыву вераю. Я шукаю пацьвярджэньня сваёй веры. Ня хочу прызнаваць усяго таго, што не пацьвярджае мае веры. Я ня ведаю, што робiцца на франтох. Да мяне не даходзяць нiякiя газэты. У мяне няма радыё. Я ня веру, што нашы адбiлi назад той цi iншы горад. Я прывык, што чырвоная зорка хлусiць. На нашым полi iхны самалёт ськiнуў цюк лiстовак "Убей немца!" У гэтых лiстоўках доўгi пералiк атрыманых над ворагам перамогаў. Я не магу гэтымi перамогамi радвацца. Я не хачу ў гэта верыць. Мяне гэта засмучае. Гэта для мяне пагроза. Я апынуўся ў пастцы. У мяне няма з яе выхаду. Я нiчэй. Я ненавiджу i гэтых. Яны падманiлi нас. Мы дарэмна iм паверылi. Ненавiдзячы iх, я ўсё яшчэ жадаю iм перамогi. Ня ведаю, чаму. Яны-ж для мяне не абаронцы. Пярэймуць дзе на дарозе - бяспаспартнага, мяне расстраляюць. Я для iх - партызан. У мяне няма выхаду. I я думаю, як мне быць. Якое прыняць рашэньне. Хоць рашэньня прыняць я не хачу нiякага. Я ўнiкаю гэтага. Адганяю ад сябе нават самую думку пра рашэньне. Прыняць рашэньне - гэта значыць перарваць усё тут. Пакiнуць усё тут. Уцячы? Куды? Да каго? Я раскажу Дусi пра маё палажэньне, пра наша з ёю палажэньне. Яна, думаю, ня ўсьведамляе небясьпечнасьцi майго дый ейнага палажэньня. Яна нiчога ня ведае. Яна ўся ў аддачы, у плынi, што захапiла яе, уся ў зьдзясьненьнi сябе, як жанчыны. Я раскажу ёй пра адведзiны мяне, пра ўсё чыста, у тым лiку, канешне, пра Вяркеева. Распытаю пра Бугрова, пра "каломеньскага iнтэлiгенцiка".
А калi прыйшоў да яе, чамусьцi ня мог пра ўсё гэта гаварыць з ёй. Не хацеў яе нiчым трывожыць, парушаць зраўнаважанасьцi яе душы. Я падумаў, што такой гаворкай я спужаю яе i азмрочацца нашы дасюль нiчым неазмрочаныя дачыненьнi. Я нiчым не хачу парушаць гармонii, што ўстанавiлася памiж намi, у нашым з ёй сужыцьцi. Тым больш, што Дуся надзвычайна чуткая да самага найменшага зруху мае душы, ловiць, пераймае кожны мой ўздых. Яна можа, напрыклад сказаць, што ў мяне сэрца сёньня б'ецца ня так, як учора. Або што я пацалаваў яе не з такой жарсьцяй, з якой, на ейную думку, я мог-бы.
Не, я адкладу сваю гутарку з ёй на пазьней. Стаiўшыся, ляжу ў яе пад бокам. Яна пытаецца:
- Юзiк, ты ня сьпiш? Чаму? Ты думаеш? Я чую - ты думаеш. Ты незадаволены мною? Нешта ў цябе няпрыемнае? Па духу тваiм чую. Скажы мне, Юзiк, што з табой? Ня хочаш гаварыць? Я паслухаю тваё сэрца. Можа яно мне нешта скажа. Не, маўчыць. Б'ецца няроўна. Юзiк, ты ня любiш мяне?
Абдала духмяным прыбоем сваiх валос. Цалуе.
- Юзiк...
Я цiха тулю яе. Прыпадаю да яе, сустрэты ейным энэргiчным захопам мяне.
Дуся ўжо нi пра вошта ня пытаецца ў мяне. Сьцiшна ляжыць, абняўшы мяне за шыю:
- Я сплю, Юзiк...
Ранiцою мы йдзём да яе ў хату. У хаце стаiць куродым. Хiма нешта пячэ на сьняданьне. Нас сустракае прыветлiва:
- Позна-ж вы, дзеткi мае, спiцё. Хоць, праўда, сёньня сьвята. Спас. На работу ня пойдзем. Умывайцеся. Нечым пачастую вас.
Дуся, рашчэсваючы свае косы, углядаецца ў люстэрка, задаволеная сабою. Я гляджу на яе, зграбную, i мной апаноўвае нейкая асаблiвая радасьць, гордасьць за яе такую.
Пiлiп прыводзiць з поля каня. "Наеўся. Няхай пастаiць у стайнi, а то зловяць партызаны. Завязуць куды сваю якую паклажу i кiнуць. Тады шукай!"
За сьнеданьнем Дуся нi каплi не саромiцца маёй прысутнасьцяй за сваiм сямейным сталом. Уся сьвецiцца, радасная, упэўненая ў сваёй годнасьцi.
Па сьнеданьнi зайшлi ў ейную Святлiцу. Я й шапчу ёй на вуха: "Вяду цябе сёньня да сябе ў хату. Прадстаўлю бацькам". Дуся спужалася, гаворыць, можа iншым разам, але ўрэшце пагадзiлася. Сказала мацi пра маё запрашэньне. Хiма ўсхадзiлася прыбiраць Дусю. Я-ж сказаў, што Дуся мае яшчэ час. Пасьпее сабрацца. Прыйду па яе толькi па абедзе.
З гэтым я накiроўваюся дахаты. Ня лёгка мне пераступаць парог свае хаты, усьведамляючы што ты вiнаваты, што твае паводзiны ненармальныя, што ўсё гэта мусiла-б быць iначай, ня так як яно ёсьць. Адзiнае, што нiбыта апраўдвала мяне перад бацькамi - гэта маё цяперашняе становiшча - становiшча, што змушае мяне не начаваць у хаце, хавацца, калi я ня хочу папасца ў рукi людзей з лесу. I з гэтым мае бацькi як-бы згодныя, усьведамляючы, што iншага выйсьця ў мяне няма, што трапiць у рукi партызанаў для мяне небясьпечна. Ды ўсё-ж для мяне няма большай пакуты, як моўчкi пераступаць ранiцою парог, не гаворачы, дзе ты быў, адкуль прыйшоў.
I я адважыўся - сказаў бацькам, што запрасiў Пiлiпаву дачку сёньня дахаты.
- Няхай прыходзiць. Вядзi. Гэта лепш, чым хавацца, - сказаў бацька, ня ўзьнiмаючы на мяне сваiх вачэй.
Мацi прамоўчыла, а сястра сказала, што гэта трэба было мне даўно зрабiць.
I гэтак я йду па Дусю. Дуся доўга чакала мяне й хвалявалася. Ведала, што йдзе на паказ. Яна была адзета прыгожа i з густам. Хiма выпраўляе нас, як малых дзяцей, настаўляючы i жадаючы нам добрага прыёму.
Выходзiм з хаты на вулiцу, а насустрач - Манька з сваёю братавай, бляндынкай, што заводзiла мяне ў клець да свае швагеркi.
Дуся ўся зьбялела, убачыўшы iх. Ня менш быў зьбянтэжаны i я. Але тыя, на момант спынiўшыся, толькi акiнулi нас зьнiшчальным паглядам i пайшлi, некалькi раз азiрнуўшыся, быццам пасылаючы нам пракляцьце.
- Я баюся iх, Юзiк. Яны адпомсьцяць табе. Манькiн-жа брат у лесе.
Я супакойваю Дусю, а ў самога прайшоў мароз па скуры ад пагляду бляндынкi.
Па дарозе на мост сустракаем убраных па сьвяточнаму сваiх вяскоўцаў. Яны вiтаюцца, усьмiхаюцца нам, такой, як яны думаюць, прыгожай пары. Пераходзiм наш мост. Уваходзiм у маё Мокрае. Стрэчныя вiтаюцца, глядзяць, дзiвяцца - вяду ў сваю хату нявесту.
На парозе нас радасна сустрэла сястра. Прывiталiся, як належыцца, i бацькi, ветлiва, хоць i стрымана. Дуся ня ведае, як ёй быць - саромiцца, чырванее, i знайшлася толькi тады, калi мацi пачала гаманiць з ёю, унiклiва распытваючы ў яе пра самыя розныя рэчы. У Дусi завязалася з мацi душэўная гаворка, i я быў рады такому iхнаму зблiжэньню. Дуся прыйшла да сябе, i сваёй нявымушанасьцяй, з немалой доляй наiўнасьцi, змагла здабыць павагу да сябе. За пачастункам, якi падрыхтавала мацi, гаворка пайшла яшчэ болей свабодна. Асаблiва была дружнай з Дусяй сястра. Адзiн толькi бацька быў ня надта гаваркi. Найболей слухаў. Ужо калi гаворка пачала сыходзiць, калi трэба было ўжо вылазiць з застольля, бацька, як нi ў чым не бывала, зьвярнуўся да нас:
- Ну дык а як-жа вы будзеце жыць? Усё так хаваючыся? Гэта-ж ня жарты вам.
Бацькава пытаньне, хоць i не такое нечаканае, застала мяне зьнянацку. Сваёю жыцьцёвай няўхiльнасьцяй яно аглушыла мяне. Дуся заклапочана зiрнула на мяне, як-бы ў чым папаўшыся. Калi мы ўжо вылазiлi з-за стала, мацi зiрнула ў вакно - у коўраты ўяжджаюць партызаны. Сястра крыкнула:
- Да нас!
Выходзiць з хаты, уцякаць нам ужо няма як. Мне ўсё роўна. Няхай заходзяць. У зьмярцьвеньнi прайшла некая часiна. Аж бачым - з гармонiкам i бубнам, п'яныя, з песьняй, партызаны мiнаюць нашую хату.
Бацька выйшаў на вулiцу i хутка вярнуўся назад. Гаворыць:
- Спынiлiся ў самым канцы вёскi. Кыла Сьцепанiдзiнай хаты. Паедуць далей цi вернуцца назад - нiзьвесна.
Бацька папярэдзiў нас, i мы з Дусяй, не марудзячы, выходзiм з хаты. Хутка перасякаем вулiцу. Спушчаемся на рэчку, у хмызьнякi. Устрывожаная i напалоханая, Дуся трымае мяне пад руку. Просiць мяне хутчэй да iх у хату. Нам трэба перайсьцi рэчку. Падыходзiм да кладкi-бервяна. Дуся просiць мяне пераходзiць першым. I я ўжо на тым баку. Гляджу, як будзе пераходзiць Дуся. Баюся, каб яна ня ўпала ў сваiм убраньнi ў рэчку. Распасьцёршы рукi, яна памалу клыпае па бервяну. Дайшоўшы да сярэдзiны, упэўненая, хутка бяжыць напярэймы, прост мне ў рукi.
- Я цяпер, Юзiк, не баюся iх. Хадзема хутчэй.
Дусiны бацькi былi ўжо дазнаўшыся, што ў нашай вёсцы партызаны i турбавалiся за нас. З Дусяй я дамовiўся, што нанач я да яе ня прыйду. Бацька просiць мяне дапамагчы яму выкапаць на нашым агародзе ямку, абсталяваць яе пад сховiшча. Партызаны рыхтуюцца да зiмы i забiраюць у людзей цёплую вопратку шубы, паўшубкi, ватнiкi, валенкi, шапкi, рукавiцы i iншыя патрэбныя iм рэчы. Ходзяць па хатах i глядзяць, што-б можна ў каго ўзяць. Бацька хоча прыхаваць ад iх гэтыя патрэбныя i сабе рэчы. Надыйдзе зiма, што тады надзенеш, як забяруць. Хоць калi й надзенеш, дык могуць-жа й разьдзець. Ад iх ратунку няма.
Над сховiшчам мы правазiлiся ўсю ноч. Паклалi ў яго ўсё, што магло-б кiнуцца ў вочы партызану. Мацi прынесла некалькi трубак палатна, каб i яго схаваць. Забiраюць-жа i палатно. Iм усё трэба. А з чым сам будзеш? Начэй не дасыпала ўзiмку - прала. Вясной не пакладала рук - ткала, каб было што надзець, прыкрыць сорам.
Справiлiся з работай, калi ўжо пачало сьвiтаць, калi, нарэшце, супакойна стала ў нашай вёсцы. Дый i ў той, што за рэчкай. Як у нас, так i там людзi ня спалi ўсю ноч - разгульвалi партызаны: стралялi, iгралi, сьпявалi, крычэлi, лавiлi дзяўчат.
У ранiшнiм сьвiтанку iду з касой на плячах да свае сястры, што жывець у Красным Вуглу, за якiх два кiлямэтры ад нас. Мужа ейнага змабiлiзавалi, i яна засталася адна з трымя малымi дзецьмi. Мы дапамагаем ёй ува ўсiм. Я йду да яе на цэлы дзень касiць. Дый ня толькi касiць, а й усякую iншую работу спраўляць. Сястра рада, што я ў яе за гаспадара. Я ўжо працую ў яе некалькi дзён узапар. Рана прыходжу да яе i вяртаюся ўвечары. Сястра радзiць, каб ня бiць надарэмна ногi, начаваць у яе, але як я магу заставацца ў яе, калi мяне чакаюць недзе ў iншым мейсцы. Пасёлак Красны Вугал - невялiчкi, шэсьць двароў усяго. Даезду да яго няма нiякага. Чужога чалавека тут не пабачыш. Чужому чалавеку сюды неўзаход. У пасёлку адны бабы, калi ня лiчыць некалькi старыкоў. Тут цiха i ўтульна. Часамi праляцiць нямецкi самалёт - зусiм нiзка: выразна вiдны знакi на iм. Жанчыны доўга глядзяць, як ён, павяртаючыся, цяжка раве, пакiдаючы стужку дыму. Сястрыны дзецi - мае пляменьнiцы - учуўшы скогат самалёту, хаваюцца пад стол, накрываючыся дзяругай.
Я працую ў сястры да цямна. Вячэраю i йду, мiнаючы сваю хату, да Дусi. Цiхенька стукаю ў дзьверы - Дусi штосьцi ня чуваць. Не падыходзiць да дзьвярэй. У клецi яе няма. Яна ў хаце? А мо што здарылася? Стаю, ня ведаючы што рабiць. Зайсьцi ў хату? Раздумваю. Зайду. Толькi наважыўся, а Дуся - з сянец. Яна выглядала мяне ў вакно i, заўважыўшы, выбегла насустрач.
- Юзiк, мiленькi. Я рада, што прыйшоў.
Цягне мяне далей ад хаты:
- Тут небясьпечна. Пойдзем далей. На рэчку. Там нас нiхто ня ўбачыць.
Я ў недаўменьнi. Ужо калi мы апынулiся ў алешнiку, пытаюся:
- Гавары, што з табой, Дуся?
- Каб ты ведаў, Юзiк, якога страху я набралася. - Заплакала. - Я хацела табе не гаварыць. Не хацела цябе пужаць. Баялася, што ты тады пойдзеш ад мяне. Але мой тата i мама прасiлi мяне сказаць табе. Сказаць, што ў нас былi ноччу партызаны. Ды ета ня ўсё. Яны лезьлi да мяне ў клець. Я-ж ведала, што ня прыйдзеш i запёрла дзьверы на засоў. Дык яны пачалi дзьверы ламаць. Крычаць "Адчынi. Ты нам ня трэба. Нам трэба той, хто ў цябе". Я маўчу. Стаiлася. Нiчога не гавару. А яны бiць у дзьверы мацней. Потым сьцiхлi. I адзiн голас пытаецца - я пазнала яго, гэта Мiкола Бугроў: "Адчынi. Табе нiчога ня будзе. Мы знаем, хто ў цябе". Я асьмелiлася й гавару: "У мяне нiкога няма". "Брэшаш, сука." Наляглi i вывалiлi дьзверы. Я як няпрытомная ўскочыла з ложку. Закрычала благiм матам. Баялася, што яны забяруць мяне з сабой. Запалiўся лiхтарык. Водзяць па куткох сьвятлом. Няма. Я была рванулася з клецi, ды тут-жа мяне схапiлi дужыя рукi i на ложак. Я - кусацца. Нагамi - бiцца. I як ратунак - голас на двары: "Хто тут?" Рукi адпусьцiлi мяне. Я выбягаю на двор бацька. У руках у яго сякера. Я ўчапiлася за бацьку. Выходзяць i тыя. Бацька пазнаў iх абодвух. I Бугрова, i таго, што жыў у нас. Замахнуўшыся сякерай, бацька крычыць: "Вон з майго двара! - засяку!" I яны пайшлi. Не зачапiлi бацькi. У клець я ўжо не вярнулася. Забрала пасьцель i - ў хату. Мы ўжо ня будзем з табою, Юзiк, спаць у клецi. Яны хочуць цябе злавiць... Куды мы цяпер пойдзем? Яны будуць сьцярэч нашу хату. I тваю.
На рэчцы ўзьняўся туман. Зябка. Дуся калоцiцца - i ад холаду i ад узрушанасьцi. Каб не стаяць на месцы, iдзём, абы йсьцi. Узыходзiм на мост. Паднiмаемся на другi, вышэйшы бераг. Кiруемся на школу. Школа з узгорку глядзiць на нас сваiмi пустымi бяз шкла вокнамi злавесна i папераджальна. Але мы йдзём. Быццам хочам знайсьцi ў ёй прытулак. Абыходзiм школу кругом. Усюды дзьверы ў ёй адчыненыя. Заходзiць баiмося. Дуся тлумачыць мне, дзе i ў якiх класах яна сядзела. Ля якога вакна. Цяпер разьбiтага. Паказвае мне настаўнiцкую, кватэру-пакой, дзе жыў Вяркееў. Дуся забылася, што я-ж усё гэта ведаю. "А тут вось я сядзела, калi была ў шостым класе. Глядзела ў вакно на рэчку, на мост. Бачыла сваю хату". "Ах, шкада, - гавару ёй, - што я не сядзеў тады разам з табою". "Праўда, ты шкадуеш? - пытаецца. - Я шкадую таксама, што цябе ня было тады са мною. Я хацела, каб ты быў тады са мною. Але цябе ня было. Шкада."
Дуся гаворыць усё гэта i цалуе мяне i мне прыемная ейная пяшчота, як нейкi гаючы i патрэбны мне лек. Чую краем свае душы, што яна хоча мне сказаць яшчэ нешта, больш важнае за тое, пра што яна гаварыла дасюль.
Мы йдзём назад. На мост. Ноч лагодай абыймае нас i, аддаючыся ёй, мы як-бы ажываем, зблiжаемся, i без таго блiзкiя. Нiкога нiдзе няма. Толькi мы адны. Але мы нiдзе ня можам прыпынiцца. Наблiжаемся да Цэнтру, направа ад нас - пуня i ў ёй напоўадчыненыя вароты. Мы заглядаем у сярэдзiну. Паабапал - направа i налева - складзенае сена. Пад самы вiльчык. Сваёю духмянасьцяй яно запрашае нас. I мы лезем наверх. Робiм сабе бярлогу. Улазiм у яе. Хаценьне зраджаецца iмгненна i мы аддаёмся яму. Дуся гаворыць: "Ты сапраўдны Юзiк. Я чую цябе ўсяго. Ты ў мяне наскрозь". Ляжыць, узапрэлая. Просiць, каб я сказаў, што мне добра з ёй. I я гавару ёй, што ў мяне слоў не хапае, каб сказаць, як мне добра з ёй, як яна мяне захапляе сваёю пяшчотай, сваёю ўтульнасьцяй, усёй сваёю iстотай. "Я рада, Юзiк. Ляжы. Чуй мяне. Я табе буду шаптаць нешта на вуха. Юзiк, я даўно табе гэта хацела сказаць. Ды саромiлася. Ды баялася - як ты гэта прымеш. Думала - як скажу, пойдзеш ад мяне. Скажы, Юзiк, ня кiнеш мяне, як скажу? Будзеш так любiць, як во цяпер, у гэтую часiнку? Калi ты ўвесь мой i я да астатку твая. Даеш слова мне, што не разьлюбiш, як скажу? Даеш? Ну, добра. Веру, Юзiк, табе. Ды як мне пачаць? Ты-ж здагадаўся, Юзiк, што я ня цэлая была? Здагадаўся? Цi можа не? Здагадаўся? I ты прабачаеш мне? Ты доўга спакушаў мяне, Юзiк. Тады яшчэ, калi стаяў на мосьце. Калi ляжаў у траве. Калi я падглядала цябе. Я ўжо любiла цябе тады. Я гэта ведаю толькi цяпер. А тады я ня ведала. Ды ты мяне не чапаў. Хацеў мяне, ды не чапаў. Шкадаваў мяне? Баяўся? Баяўся, што я - дзiця яшчэ? А я хацела, каб ты зачапiў мяне. Мне было прыемна, калi ты блiзка сядзеў каля мяне ў нас за сталом. Калi, схiлiўшыся над кнiжкай, мы чыталi яе i я дакраналася тваёй шчакi сваiм лёканам. Калi ты браў мяне на рукi, каб я не баялася грому. Я ня так баялася грому, а каб ты ўзяў мяне i ўтулiў. Я была зайздросная, што ты танцаваў у нас на вясельлi з iншай жанчынай, а не са мной. Я падгледзела, куды ты пайшоў з ёю i што рабiў з ёю. Я хацела быць на мейсцы той жанчыны. Але ты тады, Юзiк, не чапаў мяне. Толькi спакушаў, але не спакусiў. I мяне, Юзiк... спакусiў нехта iншы. Даруй, Юзiк. Ты ня гневаешся? Не? Праўда? Ты мяне слухаеш? Ты не раўнуеш? Не? Ну й добра. Я сама ня ведаю, як гэта сталася. Я адставала па арiхмецiцы. I настаўнiк хацеў мяне падцягнуць. Займаўся са мною асобна пасьля заняткаў. Адну гадзiну. У класе. Тлумачыў. Пасьля тлумачэньня даваў мне некалькi прыкладаў, каб я iх разьвязала сама. Прасiў, як спраўлюся, заходзiць да яго ў пакой для праверкi. Садзiў мяне на нiзкi тапчан i сам садзiўся побач мяне. Я разгортвала свой сшытак. Паказвала яму свае прыклады. Ён глядзеў у сшытак, нахiляючыся да мяне. I мне было прыемна, што ён так нахiляўся, хоць я й баялася яго, як свайго настаўнiка. Ад яго йшоў нейкi прывабны пах папiросаў, якiя ён курыў. Ён паглядаў на гадзiньнiк i казаў, што ўжо мне пара iсьцi дахаты. I я йшла дахаты. Тры разы на тыдзень я мусiла прыходзiць да яго. Ён хвалiў мяне i казаў, што я хутка даганю сваiх аднакласьнiкаў. Я радвалася. Хадзiла да яго на дадатковую гадзiну. Ён усё так-жа, як i кожны раз, садзiўся на тапчан сам i мяне запрашаў. Глядзеў у мой сшытак, цi правiльна я зрабiла заданьне, якое ён мне даваў. I правяраючы, нахiляўся да мяне гэтак блiзка, што ў мяне кружылася галава i я ня ведала дзе я i што са мною. Аднойчы, седзячы шчыльна каля мяне, ён абняў мяне i перакулiў на тапчан. Палез з рукою пад маю сукенку. Даткнуўся i я самлела ў нейкай жарсьцi. Крыкнула. Мне было больна. Ён адпусьцiў мяне. Я паднялася i ўбачыла на маiм споднiм кроў. Спужалася. Пабегла дахаты i ў сьлязах сказала мацi, што са мною сталася. Усё чыста сказала. Толькi не сказала хто. Я баялася свайго настаўнiка. Як не дапытвалася мацi - хто, я не сказала. Мацi мне строга наказала, каб я болей не заставалася ў школе пасьля заняткаў. Мацi ўсё дазнавалася тайком, хто - i думаю, дазналася. Але не хацела мяне пазорыць. Маўчала. Не вынасiла гэтага дзела на людзi. Я-ж пасьля гэтага старалася не пападаць свайму настаўнiку на вочы. У класе на яго не глядзела, калi ён прыходзiў да нас на свой урок. Мучылася. Ня гневайся на мяне, мой даражэнькi, мiленькi Юзiк. Ня крыўдуй на мяне. Ад таго ўсяго й знаку няма. Усё прайшло. Я твая. Юзiкава. Ты не разьлюбiў мяне, Юзiк? Юзiк мне даруе, як я Юзiку. Чую - ты ўсё такi-ж. Замёр? Мо ня слухаў мяне, што я табе гаварыла? Ну й добра. Ня трэба. Ты ня чуў i я табе нiчога не гаварыла".
Дуся заснула ў маiх руках. Ды раптам страпянулася:
- Юзiк, дзе гэта мы цяпер? У сене? О, як добра ў сене!
Я не магу ня думаць пра Дусiну споведзь. Хачу яе забыць i не магу. Дуся нiчога ня страцiла ў маiх вачох. Наадварот, я ацанiў яе яшчэ вышэй. Ейны вобраз застаецца ў мяне такiм-жа сьветлым i незаплямленым, якiм ён быў для мяне заўсёды. Але тым ня менш, ня думаць пра Дусiну споведзь я не магу. Што я паранены зьмяiным джалам рэўнасьцi? Не. Любоў да Дусi была-б тады азмрочанай i я ня змог-бы тады яе кахаць. Што-ж тады? Думаю - зайздрасьць. Зайздрасьць да яе, што сваiм чарам яна магла зачараваць i некага iншага, ня толькi мяне. Гэтая зайздрасьць не адштурхнула, а яшчэ больш кiнула мяне да яе. Калi яна спавядалася ў пунi, утулены, я слухаў яе, як праз сон, мне было прыемна чуць ейны шэпат, цiхi i ласкавы, здавалася, нiбы яна гаворыць мне нейкую казку. Ейная споведзь узвышала яе, ейны грэх акупаўся ў мяне чысьцiнёю ейнага сэрца. Лежачы з ёй я ня думаў над ейнай споведзяй. А выйшаў з пунi, разьвiтаўся пачаў думаць. Думку гэтую ганю, заглушаю, а яна ўсё абуджаецца. Нават калi я з Дусяй, у хвiлiну, калi мы аддаемся, у часе найбольшай жарсьцi i забыцьця, думка гэта можа ашаламiць мяне.
А то ўзьнiкне ў мяне спагада, жаль да Дусi, ашуканай. Я ведаю, чалавек падкi на красу, i яна, краса, застаецца безабароннай перад iм. Яе, красу, не берагуць, не абараняюць, а зрываюць, губяць. I зрывае, губiць яе, звычайна, грубая рука. Я-ж красы баюся. Баюся яе зачапiць. Я бярог Дусю, любаваўся ёю, баяўся зьмяць ейны цьвяток, гледзячы, як ён распускаўся. Я не хацеў губiць красы. Бо чым я жыў-бы тады?
У Дусi няма вiны перада мною. Яна не вiнаватая, што ўрадзiлася прынаднай. Адно толькi мне не па сабе - я ведаю хто падманiў Дусю. Гэты "хто" ўрываецца ў маю памяць, я чую ягоны голас: "Мая Дуся. Што й ты пасьвiш гусi з маёй Дусяй?" Лепш-бы Дуся не гаварыла мне пра яго.
ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ
Надыйшла восень i партызаны пакiнулi нашы лясы. Адыйшлi пад Унечу. Iм у нас няма чаго рабiць, апрача як здабываць сабе ежу. У нас няма немцаў i нiякiх важных аб'ектаў. Палiцэйскiя, бургамайстры, старасты, што былi тут на самым пачатку або паўцякалi, або былi зьнiшчаныя партызанамi. Немцы кантралююць толькi сумежныя з горадам вёскi, ды й то толькi ўдзень. Уначы ў iх гаспадараць партызаны. Нават i з лiку гэтых вёсак некаторыя былi спаленыя немцамi, як партызанскiя вёскi. Адыйшоўшы ад нас, партызаны абралi сабе аб'ектам чыгунку, на перагонах Клiмавiчы - Камунары - Бялынкавiчы - Унеча. Пачалi ўзрываць палатно. Пускаюць пад адкос цягнiкi, што вязуць бояпрыпасы на падмацаваньне нямецкага паўднёва-ўсходняга фронту. У нас засталiся толькi свае, мясцовыя партызаны, малалiкiя i неарганiзаваныя. Яны адарваныя ад асноўных партызанскiх злучэньняў i дзейнiчаюць на ўласную руку. Яны ў асноўным сьцерагуць прасёлачныя дарогi на Касьцюковiчы. Перахоплiваюць людзей, што йдуць туды. Падазроных страляюць, баючыся, што яны могуць iнфармаваць раён, непадазроных адпушчаюць або забiраюць з сабой. Незважаючы - мужчына гэта цi жанчына. Сярод гэтых мясцовых, дзiкiх партызанаў, актыўна заяўляюць пра сябе група Мiколы Бугрова i група Iльлi Мельнiкава. Iльля Мельнiкаў - гэта старэйшы брат Вусьцiна i Манькi, муж бляндынкi, што жыве цяпер у Мокрым. На рахунку гэтых групаў нямала забойстваў. У Мокрае Першае i Другое яны наведваюцца ня так ужо й часта. Добра паiнфармаваныя, што дзеецца ў нас. Да нас у хату нiхто з iх цяпер не заходзiць. I я ня ведаю, як гэта расцэньваць: плюнулi на мяне, цi плянуюць пусьцiць мяне ў расход. У кажным разе яны ведаюць, што ў хаце я не начую i ў клець ужо не хаджу.
Дуся сьпiць цяпер у хаце, у сваёй Сьвятлiцы. Заставацца ў яе нанач рызыкоўна. Прыходзiлi-ж па мяне ў клець, могуць прыйсьцi i ў Пiлiпаву хату. Калi было яшчэ лета, з надыходам начы мы бяз цяжкасьцяў знаходзiлi для сябе мейсца: у пунi, на рэчцы, на агародах, ля школы, ля ветрака, у сасоньнiку, на поплаве, нават на могiльнiку. Патрэба бачыцца штурхала нас на любую скрайнасьць, абы толькi сыйсьцiся разам. Мы звыклiся да таго, што не маглi пражыць i дня адзiн без аднога. Намi былi сходжаныя, вытаптаныя бадай усе нашыя ваколiцы. Наставаў вечар i мы йшлi, куды вяла нас наша хэньць. Мы жылi начой. Аддавалiся начы i сабе. Усё iншае было для нас пабочным i тое, што дзеелася дзесьцi па-за намi - страшнае i крывавае - толькi яшчэ больш кiдала нас у абдымкi, як у бяспамяцьства.
Цяпер-жа восень. Холадна. На поплаве шорхне пад нагамi ад марозу трава. Замёрзлi лужыны. Усё скошана. Зьвезена. Агалелi хмызьнякi i чэзнуць над рэчкай. Сялiбы i агароды апусьцелi. Сады панiклi ў сваёй акалеласьцi. Ля ветрака, на бую, сьвiшча вецер, што ня ўтрымаешся на нагах. Вечары даўгiя, i мы ня ведаем, як iх праводзiць. Сланяемся ўсюды. Найболей паўз рэчку. Тут нiжэй, зацiшней i нiкога ня стрэнеш. Па адзiн i другi бок рэчкi сям-там туляцца лазьнi, i калi нам захочацца, заходзiм у якую-небудзь з iх. Учора мы натрапiлi на пратопленую лазьню. У ёй нехта мыўся i яна яшчэ не пасьпела астыць. Зайшлi. Залезьлi на досыць высокi палок, дзе парацца. Побач палка, трохi нiжэй - каменная печка i ад яе яшчэ йдзе дух. Распасьцёрлi на палку пад бок мой армяк. Дусiным манталем накрылiся. Дуся чуе сваiмi пяткамi цяпло, што йдзе ад печкi. Вельмi чульлiвая, гаворыць, што ёй тут лепей, як дзе. У заходлiвасьцi гаворыць, што сёньня ёй ужо так ня пройдзе - зачнецца маленькi Юзiк.
Мае хатнiя звыклiся, што я валачуся. Нiчога не гавораць пра гэта. Палявыя работы скончылiся - валачыся! Але я ведаю, што мой спосаб жыцьця iм не падабаецца. Тое самае i ў Дусi. У яе ня пытаюцца, адкуль яна прыходзiць ведаюць. Бывае, што днём я заходжу да iх. Прыймаюць добра, можна сказаць, як зяця. Хiма частуе мяне i разам Дусю гусiнымi скваркамi. Дуся асаблiва любiць iх. Аблiзваецца: смачныя. Я доўга ў iх не затрымлiваюся. Зайду з Дусяй на часiнку ў ейную Сьвятлiцу. Калi мы там змаўкаем, Хiма, стоеная, прыслухоўваецца, але ў нас ужо няма сораму.
Ды выпаў першы сьнег. Лягла зiма i нашае з Дусяй жыцьцё ўскладнiлася. Дуся ўжо на другiм месяцы запладненьня. Просiць куды-небудзь з ёю перабрацца, знайсьцi нейкае больш спакойнае месца. Хоць-бы ў тыя-ж Касьцюковiчы. Ды й Дусiны бацькi хацелi-б каб мы пачалi жыць нармальна, не хаваючыся, як муж i жонка, цi што. А калi даведалiся, што Дуся i зацяжарыла, прапанавалi мне перабрацца да iх, вiдавочна мяркуючы, што я з якiхсьцi прычынаў не магу цi не хачу весьцi Дусю да сябе ў хату. Яны хiба не ўяўляюць, што нi ў iх, нi ў мяне "нармальна" жыць мы ня можам. Дуся гэта добра ведае. "Адведзiны" Бугрова прадаманстравалi гэта. I Дуся выпраўляе мяне ў Касьцюковiчы шукаць нейкай працы. Але што я магу там знайсьцi? Нiякай практычнай прафэсii ў мяне няма, галоўнае - няма знаёмых. Што я магу там рабiць? I ўсё-ткi я не магу не паслухаць Дусi: iду ў Касьцюковiчы. Можа сапраўды ўдасца перабрацца туды з Дусяй. А з Касьцюковiчаў можа куды i далей. Мо нават у Менск. Але дабрацца да Касьцюковiчаў ня так лёгка. Уцалiк зiмою ня пойдзеш - выб'ешся з сiлаў i ня дойдзеш. Пойдзеш бiтаю дарогай - можаш папасца партызанам. Зрэшты, прападзi яно пропадам -я ня так ужо й баюся тых партызанаў. Бяз рызыкi - што ты зробiш бяз рызыкi? Самае горшае - забяруць з сабою. Гэта - калi трапiш у рукi сапраўдным, палiтычным партызанам. А калi ў рукi дзiкiм, сваiм, мясцовым? Тады гэта будзе рэванш.
Прашу ў Пiлiпа каня-гарбунька. Дробненькi, але хуткi, бяглiвы канёк. Дасi лейцамi - рванецца, бяжыць, у струнку выцягваецца. Ён мяне й выратуе. Заклаў яму нанач аўсу i сена. Ледзь пачало брацца на дзень, пачаў зьбiрацца ў дарогу. Справiў вазок. Палажыў у яго сена. Паставiў у аглоблi Гарбунька. Усё гатова. Iду ў хату разьвiтвацца з Дусяй, а яна - i я паеду. Адгаварваю. Слухаць ня хоча. Бацькi моляць ня ехаць - не дапамагае. Яна на сваiм. Надзяе валенкi, шубу, абвязваецца цёплай хусткай. Садзiцца побач мяне ў вазок. I я бяруся за лейцы. Выяжджаем. Мокрае праехалi, калi яшчэ добра не разьвiднелася. Узьехалi на торную дарогу. Па дарозе пападаюцца паадзiнокiя падводы. Дзе магчыма, мiнаем iх. Гарбунёк выносiць нас усюды. Уехалi ў лес. Велiчны супакой. Паабапал гонкiя елкi пры кожным, ледзь улоўным павеве, атрахаюць з сваiх галiнак сыпкi сьнег. У Дусi iрдзяцца ад марозу шчокi. Кiдкi, агнiсты пагляд вачэй, заiндзявелыя лёканы. Сядзiць радасна-ўсьмешлiвая, слоў няма-харашуня.
Мы ўжо выяжджаем з лесу. Паказалiся абгарэлыя камяны, абпаленыя дрэвы, абвуглелыя слупы, разбураныя печы - гэта спаленыя Клеявiчы. Гэта партызанская вёска. Жудка.
Хутка Касьцюковiчы. Праз якiя паўгадзiны будзем там. Затрымаемся ў Дусiнай цёткi.
Я не пазнаю Касьцюковiчаў - iх прадзiмае вецер. Калючы, востры. Прадольнаю вулiцаю iмчацца, ня спыняючыся, ваенныя грузавiкi, часьцей - з салдатамi. Рэдка заўважыш прахожага. Уражаньне апусьцеласьцi i закiнутасьцi. Мястэчка стулiлася, замёрла ў чаканьнi нечага пагрозьлiвага. Ды калi спынiцца i ўгледзiцца, вычуваеш - iснуюць iншыя Касьцюковiчы, iхны нiжнi, падземны этаж, гатовы вось-вось выбухнуць.
Дуся засталася ў цёткi, а я iду ў "Отдел образования" пры гарадской управе шукаць сабе месца настаўнiка ў якой-небудзь тутэйшай, Касьцюковiцкай школе. Мяне прыймае сам загадчык адзьдзелу. Па гаворцы чую - свой чалавек. Мяккi, сымпатычны. Пытаецца, хто я, адкуль, якая ў мяне адукацыя, цi ведаю я нямецкую мову i г.д. Я расказваю, даверыўшыся, яму пра сябе ўсё. Не захаваў, што сядзеў, сказаў нават, што пiшу, спадзяючыся, што гэта ўсё можа дапамагчы мне. Узiраючыся ў мяне, загадчык слухае мяне ўважлiва, кiвае галавою ў знак згоды, што ён разумее мяне i спачувае мне.
- Але я нiчым не магу дапамагчы вам, - нарэшце, гаворыць ён. - Я сам сяджу тут нi пры чым. У мяне нiчога няма. Нiякiх школаў. У самiх Касьцюковiчах няма. Адкрылi былi дзьве пачатковых - развалiлiся. А ў вёсках? Вы-ж самi, гавораце, спрабавалi адкрыць школу ў сваёй вёсцы i што палучылася? Гэтак i ўсюды ў нас. Якiя вам тут цяпер школы? Не да школаў. Ня бачыце вы цi што?
Памаўчаўшы трохi, загаварыў зноў:
- Калi хочаце, я пазнаёмлю вас з нашым бургомiстрам. Чалавек ён свой. Можа ён вам чым дапаможа. Але яго цяпер няма. Будзе толькi на наступным тыднi... калi будзе. У групе бургамайстраў ён падарожнiчаў па Нямеччыне, быў прыняты высокiм нямецкiм начальствам. Хвалiцца гэтым. Шукае чалавека, якi-б яму апрацаваў для газэты тое, што ён напiсаў аб сваiм падарожжы. Пiсака з яго нiякi. Паколькi вы, кажаце, пiшаце, дык мо ён ўзяў-бы вас. А пасьля можа што i iншае. Але гэта я гавару вам так сабе. Бургомiстр той ужо не начуе ў сябе ў хаце - у палявой нямецкай камэндатуры хаваецца. Баiцца - выкрадуць. Дабiраюцца i сюды, у нашае тут логава. У вашым Мокрым, бачу, зацiшней, чымся ў нас тут. Вялiкае начальства пацiхеньку змываецца адсюль, а вы прыехалi сюды працы сабе шукаць. Не загневайцеся, як добраму чалавеку, раджу вам - павяртайце аглоблi. Будзьце трохi разумнейшымi.
Падкуплены дабрынёю загадчыка "Отделом образования", сяжду ў нерашучасьцi, ня ведаю, што сказаць яму, а ён:
- Так. Так, браток. Павяртайце аглоблi, гавару вам. Калi вас там, у вашым Мокрым камарыкi ня кусаюць. Кусаюць? Ну тады горай. Тады, як хочаце. Вам я нiчым не магу дапамагчы.
Даў мне на разьвiтаньне скрутак газэт. I я выйшаў з гарадской Управы, засмучаны i ўстрывожаны. Палiцэйскiя, якiя былi абшукалi мяне пры ўваходзе, сустрэлi мяне цяпер недаверлiвым паглядам, загадаўшы мне паказаць, што я выношу.
Пераходжу адну, другую вулiцу - усюды дарожныя знакi панямецку i парасейску. Нiякай Беларусi тут няма.
Дуся шкадавала, што не пайшла са мною разам - доўга чакала мяне, непакоiлася, што мяне, бяспашпартнага, яшчэ могуць затрымаць дзе.
Дусiна цётка згатавала для нас, дарагiх гасьцей, смачны абед. Пачаставала гарэлкай уласнага вырабу. У яе гэтае пiтво ня выводзiцца. Дусi яна прызналася, што да яе ўначы заходзяць. Частуюцца i бяруць з сабою пагрэцца ў лесе i што, калi-б мы захацелi застацца ў яе нанач, нiчога нам не пагражала-б. А палiцыi яна не баiцца. Яна ўмее ладзiць i з тымi, i з тымi.
Раскручваю скрутак газэт - нiводнай беларускай, толькi - "Новый путь". Чытаю загалоўкi: "Москва дрожит под градом бомб", "Нам нужен Сталiнград и мы возьмем его", "РОА в действии", "Самопомощь в Минске" i г.д. Гляджу - усё застарэлыя нумары. Сьвежай зводкi з фронту няма. Але з матэрыялаў, якiя праглядваю, здагадваюся, што немцам туга, яны вядуць напружаныя, цяжкiя для iх баi i наперад ня йдуць.
Я ў нейкай разгубленасьцi. Не разумею, адкуль яна, мной апаноўвае, трывожыць адчуваньне незваротнасьцi, няпэўнасьцi i страчанасьцi. Дусi гавару паедзем дамоў. Не хачу тут заставацца. I Дуся ўскаквае:
- Паедзем, Юзiк.
- Трымаць ня буду, - гаворыць цётка. Дае Дусi нейкiя падарункi. Просiць узяць i "хунцiк солi". Паўтарае ўжо сказанае: калi-б мы захацелi, яна нас звязала-б з... i мы маглi-б жыць спакойна. Благаслаўляе нас. На разьвiтаньне гаворыць:
- Беражэцеся.
Гарбунёк, застаяўшыся на марозе i пасiвеўшы, ахвотна нясе нас назад у Мокрае.
Я ўпяршыню застаюся начаваць у Пiлiпавай хаце. Хiма частуе нас настоеным на зёлках гарачым чаем. Сьцелiць нам пасьцель. Пiлiп моўчкi лезе спаць на печ. Хiма прыладзiлася на прыпеку, недалёка ад нас - мы маглi-б даставаць яе нагамi. Наша паездка ў Касьцюковiчы не засталася таямнiцай для сяльчанаў. Бляндынка пусьцiла па вёсцы чутку, што я езьдзiў да немцаў наймацца. Зьбiраюся пераяжджаць у раён i забiраю з сабою Дусю. Але няхай ня думае, што выедзе адсюль чыстым.
Памёр мой дзядзька. Ён доўга хварэў, пакутваў i хацеў хутчэй памерцi. Гэта быў ужо не чалавек, а цень ад яго. Схуднеў. Аслаб. Ня мог хадзiць. Яго ўжо як ня было. Ён адыходзiў, i ў хаце чакалi толькi, калi ён адыйдзе. Ягонае месца гаспадара даўно ўжо заступiла цётка. Ува мне дзядзька знайшоў уважлiвага слухача i любiў гутарыць са мною. Падчас гутаркi ён часта правальваўся ў сон цi забыцьцё, i мая гутарка з iм перарывалася. Адплюшчыўшы вочы, глядзеў, цi я яшчэ з iм. У часе асаблiвай зьнямогi прасiў мяне пахаваць яго, уласнаручна выкапаць для яго магiлку, дагледзець яго.
I вось я дзяўбу на нашым могiльнiку магiлку для дзядзькi. Апрача рыдлёўкi, нiякага iншага струманту ў мяне няма, i пакуль я зьняў верхнi мёрзлы пласт, нямала намучыўся. Далей пайшло ўжо лягчэй. Я ўжо па пояс у зямлi. Накiдаў наверх паабапал сябе жаўцяку столькi, што ўжо ня вiдаць мяне. Але трэба яшчэ капаць, дзядзька прасiў выкапаць магiлку глыбокую, каб яму цёпла было, каб узiмку мярзлота не даставала яго i каб ён у магiльнай цiшынi ня чуў людзкой скаргi. Я ўжо ўвесь схаваўся ў магiлцы. Нада мной уверсе жаўцее цэлая гара пяску, гатовая, здаецца, абсунуцца i засыпаць тут мяне самога. Зьверху цярусяцца спакойныя сьняжынкi, кладуцца мне на шапку, плечы, рукавы. Я, услухоўваючыся ў iхны нейкi шапатлiвы дотык, мiжволi спыняю працу, аддаюся нейкай бяздумнасьцi. Мне ўтульна ў гэтай дзядзькавай магiлцы, быццам я ў самай цёплай i зацiшнай хаце. Нiчога ня чую, апрача шапатлiвага руху сьняжынак, нiчога ня бачу, апрача неба i гонкай нада мною сасны, што, як i я, узiраецца ў неба. Стаю з рыдлёўкай у руках i адчуваньне такое, быццам я атрос з сябе ўвесь цяжар сьвету i, вызвалены, стаю заспакоены, з палёгкай на душы. Стаю, быццам сузiраю нешта, а што - добра не ўцямлю, тое "нешта" бясконца снуецца ў мяне ў душы, праходзiць праз мяне ўсяго, тчэцца нейкай сьветлай уявай, не перарываецца. Я ня чую сябе, што я ёсьць. Усё йдзець без мяне i я ў тым, што йдзець, плыву разам з iм i няма той плынi канца. Мяне няма i нiкога няма. Ёсьць толькi бясконцая плынь, iснаваньне плынi, а не маё iснаваньне. I толькi, калi я адчуў у руках рыдлёўку, я ўявiў, што я - гэта на самай справе я, а нiхто iншы i што мне трэба канчаць дзядзькiну магiлку i вылазiць з яе. Я-ж яе капаю не для сябе, а для дзядзькi.
Прывезьлi дзядзьку ў труне на санёх. Труну зьнялi з саняў i ўзялi сабе на плечы два досыць моцныя мужчыны, дзядзькiны нейкiя далёкiя родзiчы, якiх я нiколi ня бачыў. Цётка запрасiла iх дапамагчы ў пахаваньнi. Яны апусьцiлi на вяроўках дзядзькiну труну ў магiлку. Усе, што прыйшлi хаваць, сыпнулi па жменi жвiру на труну i рыдлёўкi пачалi пасьпешна засыпаць дзядьзку зямлёй, што я накапаў.
Прайшло сорак цi колькi дзён ад часу пахаваньня, i цётка зладзiла памiнкi па дзядзьку. Нагнала гарэлкi. Нарабiла каўбас. Запрасiла гасьцей, у тым лiку, канешне, i мяне. На памiнкi прыехалi i тыя два родзiчы, што бралi ўдзел у пахаваньнi. Цётка запрасiла на памiнкi i жанчын, што плакалi, калi дзядзька ляжаў на покуце прад абразамi i калi яго апушчалi ў магiлку. Сядзiмо такiм парадкам за сталом. П'ём. Закусваем. Успамiнаем нябожчыка. Цётка паставiла на часах сваю старэйшую дачку, маю пасёстру, каб яна наглядала за вулiцай i калi, крый Божа, нарвуцца партызаны, мiгам папярэдзiць нас. Седзячы за сталом, я даведаўся, што дзядзькiны родзiчы, тыя двое, што апушчалi дзядзьку ў магiлку палiцэйскiя. Яны былi толькi запiсаўшыся ў палiцэйскiя, але службы не нясьлi воласьць, пры якой яны мусiлi служыць, лiквiдавалi партызаны ў першым-жа тыднi яе iснаваньня, але за iмi ўсё роўна замацавалася званьне палiцэйскiх. На самым пачатку вайны яны папалi ў палон, але ўцяклi з палону, у партызаны не пайшлi палезьлi ў палiцыю.
Пасылаючы дачку на вулiцу сьцерагчы нас, я думаў, што цётка выставiла варту дзеля мяне i быў надта праняты ейнай услужлiвасьцяй.
Добра захмялеўшы, загаманiлi на ўсю хату. Пра дзядзьку ўжо й ня згадваем, гаворым хто пра што i ўсё болей уцягваемся ў гарэлку. Закусваем смажанiнай i кiслай капустай з агуркамi. Жанчыны зацягнулi ўжо й песьню, аж тут апромецьцю бяжыць у хату наша стража з страшным: "Партызаны!" Мае палiцэйскiя выскачылi на панадворак, а я чамусьцi - на вулiцу. Зiрнуў направа - даўгая прамая вулiца хiснулася сваiм канцом у маiм п'яным мозгу. Зiрнуў налева - на мяне бяжыць з аўтаматам партызан. Я назад на двор. З двара - у поле, у белае чыстае поле. Партызан - за мною. Крычыць "Стой!" Я бягу. Колькi моцы стае - бягу. Уцякаю. Ён - страляць. А я ўсё - бегчы. Спатыкнуся - ён перастае. Узьнiмуся - страляе. Ды я бягу. А ён палiць па мне. Я чую, як паўзбоч мяне цiўкаюць кулi i, падаючы ў сьнег, шыпяць. Прабiлi расхлiстаную палу ў маiм палушубку, бясьсiльна ўдарыла адна ў гумовы запятак калошы на маiм валенку. Ды я бягу. Уцякаю ад сьмерцi. Упаду. Зiрну на яго - ён перастае. Думае - ня ўстану. А ўстану - ён iзноў. Калi бягу, баюся - патрапiць у сьпiну. Падаю. Бягу. А ён усё гонiцца за мной i страляе. На чыстым, засьнежаным полi толькi я i ён.
А на высокiм узгорку над рэчкай ля мосту стаiць мая мацi з сястрой i ўсё гэта бачыць. Глядзiць i памiрае раней, чымся я.
Ён гонiцца ўсё за мною i мне ўсё роўна - няхай б'ець у сьпiну. Толькi хутчэй.
Перад вачыма вынырнула вёска Вiроўка, i мне як-бы адлягло. Я азiрнуўся ён адстаў. Стаiць i не страляе. У яго няма болей патронаў.
Уваходжу ў Вiроўку. Зьвечарэла. У першай-жа з краю хаце пачуў - граюць. Я ў хату. Як-бы нiчога са мною й ня было. Тут мяне пазнаюць - уцяклi з палону хлопцы, з якiмi я вучыўся ў сямiгодцы. Яны даюць мне гарэлкi. Я адным дыхам асушыў шклянку. Грае музыка. Танцуюць. Як нi ў чым нi бывала, пайшоў i я. Яшчэ ня скончыў - на парозе сястра i Дуся. Яны йшлi маiм сьледам i знайшлi мяне тут. Я апамятаваўся. Сыпнулi сьлёзы. Мы пакiнулi хату. Сястра i Дуся ўзялi мяне пад рукi. Iдзём назад тым сьледам, якiм яны iшлi. Маiм сьледам. Паказваюць мне - i я бачу сам - гэты мой сьлед, усе ўмятыя мясьцiны ў сьнезе, дзе я падаў. Як iшлi яны сюды, яны з боязяй сустракалi кожную з гэтых мясьцiн - можа я ляжу - i радвалiся, калi ў iх мяне ня было: значыцца, пайшоў, значыцца, жывы, не забiты, не паранены. I гэтак да самай Вiроўкi. Сястра i Дуся вялi мяне i плакалi - ад болю, ад гора, ад радасьцi.
Расцалаваўшы сястру, прашу яе супакоiць мацi, а сам iду з Дусяй да яе. Застаюся нанач у яе. Толькi яна можа суцешыць мяне.
Вяскоўцы мне гавораць, што мая сьмерць расстраляная i мне ўжо няма чаго баяцца. Ды я i не баюся. Партызаны ўцiхлi. Iх ня чуваць. У Мокрым яны ўжо даўно не паказвалiся - зьехалi, i я начую ў Дусi, мала асьцерагаючыся. Але яна ўсё-ткi непакоiцца. Болей, як я. Баiцца, што ад яе могуць забраць мяне людзi з лесу. Калi лажымся, Дуся пытаецца, а што як прыйдуць? Ды лёгшы пад коўдру, мы ўжо ня думаем пра небясьпеку: жарсьць, што ахоплiвае нас, выключае ўсякае меркаваньне перасьцярогi. Я знарок гавару Дусi: "Ну, дык я й пайду, калi ты баiшся". "Не, не, цяпер ужо ня пушчу". Абнiмае: "Прастудзiшся". А то просiць мяне прыкласьцi да ейнага жывата вуха. Паслухаць, цi там што чуваць.
На печы варочаецца Пiлiп. I мы ня ўпэўненыя, што ён ня чуе нас. У прыпеку крэхча Хiма. Яна ляжыць ад нас зусiм блiзка i пэўна чуе, як мы шоргаемся. Яна ўстае рана. Пачынае прасьцi, i мы чуем у сьне ейную самапрадку, але ўставаць ня хочам. Сьпiм пакуль не разьвiднеецца. Дуся хоча ўжо падняцца, дапамагчы мацi, мне-ж ня хочацца яе адпушчаць - такая яна ранiцой нейкая асаблiвая i пажаданая. Гляджу на яе, як яна, падняўшыся, адзяецца, ськiдаючы з сябе начное. Просiць мяне не глядзець - саромiцца. Мы сьнедаем i я хацеў-бы ўжо пайсьцi дахаты, але Дуся ўгаворвае мяне заставацца, каб ейныя бацькi не падумалi, што я прыходжу да яе толькi нанач. I я застаюся. Дапамагаю Пiлiпу рэзаць дровы, калоць, складваць iх у ськiрту. Трэба-ж, каб у хаце было цёпла. Дуся памагае мацi. I калi мы, пасьля працы, садзiмося за стол вячэраць, мне прыемна, што й я нечым прыслужыўся ў гэтай хаце. У покуце сядзiць Пiлiп, побач я з Дусяй. Хiма на другiм баку стала. Мы сядзiмо пад абразамi. Над намi сьвецiцца лямпадка i ад ейнага сьвятла сыходзiць нейкая асаблiвая лагода, мiр, суцяшэньне i сьветлая радасьць. I тое, што вобак мяне Дуся i што з лямпадкi сыходзiць сьвятло нейкай таямнiчасьцi i што Пiлiп з Хiмай у сваёй маўклiвай згодзе благаславiлi нас выклiкае ў мяне зварушлiвы сьвет нязнанай яшчэ радасьцi i яснабачаньня.
Зьбiраючы з стала посуд, Дуся ўранiла палiваны гаршчочак прыгожай формы, але ён не разьбiўся, а толькi трэснуў. Дуся падняла яго i спалохана глядзiць на мяне, убачыўшы ў гэтым нейкi нядобры знак. Ледзь ня плача. Перадае гаршчочак у мае рукi i просiць як-небудзь наладзiць. Прынамсi так, каб ня было вiдаць трэшчыны. Мушу ганчаром пабыць, гаворыць яна мне, i праз сьлёзы ўсьмiхаецца. Мушу сказаць, што гаршчочка я гэтак i не наладзiў, адрабiўся вершам на гэтую тэму.
Пабудзь ганчаром на хвiлiну
ня вельмi вялiкi тут дар.
Паслухай мяне ты, дзяўчыну,
нядрэннае слова: ганчар.
Наладзь мне гаршчочак во гэты
(яна яго круцiць ў руках).
Усё ўмець павiнны паэты
i ўсьмешка мiльгнула ў губах.
Ня ўмееш? Ну, значыцца, смачнай
ня будзеш i кашы ты есьць.
I мець к табе будзе няўдзячнасць
мой бацька - твой будучы цесьць.
Ён скажа: пяро - гэта мала,
трымай лепш тапор ты, як сьлед.
А слава была i прапала,
гультай ты, пястун, дармаед.
Пабудзь ганчаром на хвiлiну
ня вельмi вялiкi тут дар.
Паслухай мяне ты, дзяўчыну
нядрэннае слова: ганчар.
Зiмовы вечар даўгi, i не сядзець-жа нам у хаце. А куды пайсьцi? Няма куды. I Дуся прапануе пайсьцi на вячоркi, у хату аднэй удавы, у якой па суботах зьбiраюцца дзяўчаты "паскалiць зубы". Сядзяць сабе на лаўках паўз сьценаў, зьвесiўшы ногi, лузгаюць каноплi цi семкi i з губы, як набярэцца на ёй досыць шулпаек, выплёваюць iх на падлогу. Потым падмятаюць яе.
Мы падыйшлi да ўдовiнай хаты. Граюць. Уваходзiм. Спраўляюць прыход хлопцаў з палону. Iх пяцёра: трое з Мокрага i два з Краснага Вугла. Яны гэтымi днямi зьявiлiся. Кажуць, што ўцяклi з палону. А некаторыя языкi плешчуць, што яны нiдзе ня былi - нi ў армii, нi ў палоне. Хавалiся ў лесе i ўсё. Дызэртыры. Вось i прыйшлi. З палону так лёгка драла не дасi. Сюды на вячоркi яны прыйшлi з гармонiкам i гарэлкай. Дзяўчаты прыдбалi нейкую закусь. П'юць. Гуляюць. Танцуюць. Лямпа гонiць копаць. У хаце паўзмрок. Нас ня шмат хто й заўважыў. Дуся ўцiснулася мiж дзяўчатаў на лаўцы. Трымае мяне каля сябе за руку. А недалёка ад нас - можа якой трэцяй цi чацьвёртай - Манька. Дуся, садзячыся, ня прыкмецiла яе. Я апешыў - гэта для мяне зашмат. Але Дуся сядзiць. Заўважыўшы маю разгубленасьць, распасьцiрае полы свае шубы, i, ашчаперыўшы, захiнае мяне. Манька, угледзеўшы нас, скокнула з лаўкi i - да парогу. Зьнiкла. Дуся мяне тулiць, шэпча на вуха, каб я надта не хваляваўся. I я, сапраўды, супакоiўся ў ейных абдымках. А вячоркi йдуць сваiм ходам. Ды хлопцаў няма ўжо ў танцах. Як i я, яны прылiплi да дзяўчатаў на лаўцы, схавалiся ў распасьцёртых полах дзявоцкiх манталяў. Гэткiм спосабам дзяўчаты засланяюцца ад сваiх суседак побач i хлопцы, надта не саромячыся, пасьпяхова карыстаюцца такой утульнасьцяй.
Незанятыя дзяўчаты, пабраўшыся з сабой, заўзята, як-бы на зло хлопцам, вiхураць, круцяцца ў танцы. Хлопцаў не хапае, што ты сабе не рабi.
У хату найшло столькi, што не прайсьцi. Цьямна. Змрочна. Душна, як у лазьнi. Манькi ня вiдаць. Пайшла дахаты? Магчыма.
Абняўшы Дусю за талiю пад шубай, я стаю сьпiною на хату. Схiляюся ёй на грудзi, i яна гладзiць мяне па затылку, знывае ад пяшчоты, гледзячы на дзявочы карагод бяздумнымi, затуманенымi вачыма.
Ня вiдно было адкуль нахапiлася Манька i з нейкай бутэлькi плёснула газай у Дусiны вочы. I ўцякла. Добрая доля газы трапiла мне на сьпiну, што й выратавала Дусю. Калi мы прыйшлi дахаты, Пiлiп i Хiма ўжо спалi. Дуся нагрэла вады, нешта ўсыпала ў яе, прамыла вочы.
У пасьцелi, тулячыся, Дуся ў сьлязах пачала наракаць:
- Гэта ты, Юзiк, вiнаваты. Гэта твая вiна, Юзiк. Нашто ты чапаў яе, Юзiк?
Я, можна сказаць, цалкам занядбаў сваю хату - амаль ня жыву ў ёй. Часам па тры днi ўзапар ня бываю. А калi й бываю, дык толькi ўдзень, калi бацьку трэба дапамагчы. А так - жыву ў Пiлiпа. Нiдзе ня чуваць, каб у нашых ваколiцах заяўлялi пра сябе партызаны, i я карыстаюся гэтым зацiшшам - начую й днюю ў Дусi. I самыя нашыя вёскi, засыпаныя сьнегам, дрэмяць у сваiм зiмовым сьне. Адрэзаным ад сьвету, iм усё роўна, што дзеецца ў тым сьвеце. Яны жывуць сваiм, замкнутым у сабе, жыцьцём i ствараецца ўражаньне поўнага мiру. Я й карыстаю з гэтага мiру, а мiр для мяне - гэта Дуся. Пры ёй я ня думаю. Пры ёй у мяне няма нi мiнулага, нi будучынi, толькi тое, што цяпер, у дадзены момант, i гэта робiць мяне ўпяршыню чалавекам, свабодным ад цяжару думаць. У мяне няма iншага жаданьня, як толькi быць у Дусi. Я не магу перабыць без яе нават аднэй начы. Што-б нi рабiў я ўдзень, дзе-б я нi быў, ноч вядзе мяне да яе, як у цiхую, мiрную прыстань, дзе - я ведаю - знайду сабе заспакаеньне, дзе я праяўлюся чалавекам, адкiнуўшы ад сябе непатрэбны цяжар роздуму.
Пасьля начы мы ўдзень нi за вошта не бярэмся. Адольвае лянота i дрэмнасьць. Хiма ня змушае Дусю рабiць што-небудзь. Песьцiць яе, ашчаджае ейную далiкатную натуру. Часам, сьмяючыся, гаворыць: "Спрацаваную, Масеевiч ня будзе цябе любiць". Гэтак мы й не заўважаем у бязьдзельлi, як праходзiць кароткi зiмовы дзень i наступае вечар. А наступае вечар, мы ажываем, нам хочацца куды-небудзь з хаты. Хоць-бы i на тыя вячоркi. А то - для перамены iдзем да каго-небудзь з ейнай раднi, досыць шматлiкай у Мокрым. Цяпер мясаед, i нас ахвотна прыймаюць, частуюць, пытаюцца, калi-ж мы запросiм на наша вясельле. Заседзеўшыся, мы часам i начуем у Дусiнай раднi. Нас не адпушчаюць: позна ўжо i можна напароцца на бяду. Сьцеляць нам пасьцель, i мы радуемся такому душэўнаму прыйму. Сьпiмо. Яшчэ неяк i лепей у iншай хаце. Мы неразлучныя, нам здаецца, што ўжо ў нас няма iншага прызначэньня, як толькi быць разам. З нас дзiвяцца, што мы - як спараныя цi ачмурэлыя. Лiжамся, як кот з кошкай. Цi не на бяду якую, гавораць. Ужо ў абодвых Мокрых ведаюць, што Дуся зацяжарыла - жанчыны дазналiся па Дусiным аблiччы, гавораць - наелася ўжо.
У Дусi я заўважаю перамену: яна больш вяжыцца да мяне, утуляецца ў мяне, як-бы баiцца ўпусьцiць мяне. Гаворыць: "Хутка я ня дам табе i што ты тады будзеш рабiць? Пойдзеш да другой?" Сьмяючыся, дадае: "Калi ўжо табе так заманецца, я адпушчу цябе да якой-небудзь. Толькi не да Манькi. Але да каго-б ты не пайшоў, ты ўсё роўна прыйдзеш да мяне. Я цябе прываражыла. Прываражыла, Юзiк? Ты, ведаю, прыбяжыш да мяне, як цюцька. Як Юзiк. Ну, пагладзь у мяне жывот. Я ета люблю. Паглядзi, я ўжо цябе не саромлюся. Праўда, прыгожы ў мяне жывот? Яшчэ й невялiкi. Нiчога й ня вiдаць".
Горнецца да мяне, сваёй шчакой трэцца аб маю. А то навалiцца на маю грудзiну - слухае маё сэрца. Усё гэта ня можа не падабацца мне, i пад ейным узьдзеяньнем я станаўлюся непадобным да сябе чалавекам - куды лепшым, чымся я ёсьць на самай справе.
Але я пачаў усё болей i болей задумвацца, чым гэта ўсё скончыцца? Надыйдзе-ж час, калi я буду расплачвацца за ўсё гэта. I той час, вiдаць, не за гарамi. Я прадчуваю наблiжэньне яго. I тым ня менш, нiчога не раблю, нiчога ня думаю, нiчога не пляную. Зрэшты, а калi я што плянаваў. Я нiколi не плянаваў свайго жыцьця. Яно, маё жыцьцё, плянавалася, вызначалася ня мною, а нейкай iншай сiлай, я ўсё думаю - вышэйшай. У маiм жыцьцi, як я цяпер бачу, было заплянавана два вырашальных павароты. Адзiн з iх ужо адбыўся. Гэта - арышт. Гэта той паварот, што мусiў адбыцца. Ён быў прадвызначаны, быў нават неабходным. Ня было-б яго, ня было-б мяне. Арышт, турма, Калыма былi для мяне выратавальным паваротам. Я выдаў сябе шмат на iх, але яны збудавалi мяне, выратавалi мяне. Лёс паклапацiўся захаваць мяне. Ён ня кiнуў ў разьюшанае, ненасытнае жэрла вайны. Утрымаў мяне вонках яе, бярог. Было Кiмсьцi разьлiчана, што з вайны я ня выйшаў-бы. I мне было наканована турма, пакуты, праз якiя я й выратаваўся. I цяпер, выратаваны, я стаю перад новай пагрозай. Я стаю мiж кавадлам i молатам. Я зацёрты двумя сiламi i ў мяне засталося мала прастору для манэўраваньня памiж iмi. Гэтая прастора няспынна звужаецца i звужаецца. Я буду раздаўлены, калi ня выйду з гэтага прамежку. Я стаю ўласна перад другiм, фiнальным паваротам у маiм жыцьцi. Трэйцяга ўжо ня будзе. Той трэйцi - гэта ўжо не паварот, а зварот да пачатку.
Дуся не разумее гэтай наканаванасьцi, яна занадта шчасьлiвая для гэтага. Яна чакае часу, калi я ўвяду яе ў сваю хату. Яна просiць мяне справiць вясельле. Гэтага хочаць ейныя бацькi. Для яе самой яно няважнае. Ёй усё роўна дзе жыць, абы са мною. Яна нават саромiцца вясельля, як нейкага афiцыйнага акту. Яна кажа, што пасьля вясельля яна будзе ўжо сапраўды маёй жонкаю i гэта будзе няцiкава. Ёй падабаецца нашае незаконнае жыцьцё. Але яна хоча задаволiць просьбу бацькоў, якiя ёй усё дазвалялi, нiколi ня жуцiлi за сужыцьцё са мною. Яна ня можа не паслухацца iх. I мы паехалi з ейным бацькам на Гарбуньку ў Клiнцы прыдбаць для Дусi нешта з адзеньня, патрэбнага ёй на вясельле. У Клiнцах, прамысловым горадзе, ёсьць тавары, хоць iх можна дастаць толькi за натуру - сала, мяса, хлеб. Падарожжа ў Клiнцы было пасьпяховым. Туды i назад ехалi з начлегам у дарозе. Спалi з Дусяй на падлозе ў хатах, дзе нас пушчалi на ноч. Пiлiпу, старэйшаму чалавеку, слалi на лаўцы. Для Дусi мы знайшлi ў Клiнцах амаль усё патрэбнае ёй. Для мяне мы набылi касьцюм. Пiлiп нiчога для сябе не захацеў - зрэшты, ня было ўжо за што купляць. Да вясельля было ўжо ўсё гатова, але вясельля ўсё ня было. З розных прычынаў: неадпаведны час (я не змагу ўжо, прывёўшы Дусю ў хату, туляцца, як дасюль, мушу быць у хаце), а галоўнае ўсё-ж - мае бацькi ня хочаць Дусi. Наўзьверх усяго - мо давядзецца выбiрацца куды, дык навошта тады важджацца, тлумачыць мне бацька. "Пачакай трохi", - радзiць ён мне.
Дуся не магла ня ведаць пра ўсе гэтыя абставiны i просiць мяне перабрацца да яе канчальна. "Будзеш у мяне жыць прымаком, - жартуе. - Прыму цябе".
I я жыву ў яе на палажэньнi прымака. Ня зусiм, канешне, так. Я бываю i ў сваёй хаце, i нават болей, як дасюль, лагоджу бацькоў, не хачу крыўдзiць iх, мне адданых i дзеля мяне гатовых пайсьцi на ўсё.
Бацька перастаў займацца сваiм рамяством - стругаць клёпкi на вёдры, на бочкi, на шайкi, ня шукае ў лесе клёну цi бярозы на палазы для саняў, ня точыць верацёнаў. Усiм гэтым ён займаўся кожную зiму, майстраваў, вазiў свой выраб на кiрмаш, прадаваў, каб зарабiць, дадаць нешта да таго, што прыдбаў ўлетку, каб стаць, як ён казаў, на ногi. Цяпер ён усё гэта занядбаў. Ягоны вярстак, вынесены з хаты ў канцы мiнулай зiмы, застаецца ляжаць пад павецяй. У хаце нi стружак, нi клёпак, нi палазоў, нi капылоў, нi абручоў, нi абрэзкаў. Бацька закiнуў усё гэта. Ляжыць на печы. Плюе, лежачы, у столь над сабою. Нават пра скацiну ня рупiцца. Мацi найбольш ходаецца. Па дровы ў лес нi разу за зiму мы з iм ня зьездзiлi. Палiм печ тымi, што назапасiлi восеняй. Ужо неяк пад канец зiмы надумаўся схадзiць у поле, паглядзець нашыя азiмыя - цi не адмерзла дзе што. Вяртаючыся, прыносiць знойдзены iм у полi вялiзны цюк, бацька здагадаўся - ськiнуты з самалёта. На нашым полi ня раз ськiдвалi лiстоўкi i нямецкiя i савецкiя самалёты - кожны свае. Развязваем цюк, а ў iм вялiкага памеру лiстоўкi на нямецкай мове. Iлюстраваныя: вiдны згарэлыя танкi, самалёты, бранявiкi, гарматы, iншая зброя i даўжэзныя калоны салдатаў пад канвоем. Я хачу зразумець, што пiшацца ў лiстоўках i не магу - зашмат незразумелых для мяне словаў i граматычных канструкцый, а слоўнiка ў мяне няма. Але чытаю i чытаю, па некалькi разоў адно i тое-ж - хачу дапяць. Разважаю: чаму для нас лiстоўкi панямецку? У нас-жа немцаў няма. Тады для каго гэтыя лiстоўкi? Ськiдалi лiстоўкi i савецкiя i нямецкiя самалёты, але толькi парасейску. Яны былi прызначаныя для нас. А гэтыя? Хто iх ськiнуў i для каго? Немцы для немцаў? Але-ж у нас няма немцаў. Доўга я прыкiдваў i так i гэтак i ўсё роўна ў мяне, недагадлiвага, нiчога ня выходзiла. Гледзячы на здымкi i рашчытваючы тэкст, я ня мог уцямiць, хто пераможца i хто пераможаны. Больш таго, на пачатку я нават ня ведаў, дзе гэта ўсё адбылося, аж пакуль, пры далейшым азнаямленьнi, не дазнаўся, што гэта-ж Сталiнград i што гэта савецкiя лiстоўкi, прызначаныя для нямецкiх салдатаў, што яшчэ ня склалi свае зброi, як тыя, пад Сталiнградам, якiх цяпер вядуць вось у палон i ззаду якiх курыць на полi бою разгромленая нямецкая машынэрыя. У лiстоўцы пададзеныя лiчбы: трыста тысячаў узята ў палон, гэтулькi i гэтулькi забiта, паранена, гэтулькi i гэтулькi зьнiшчана танкаў, бранявiкоў, гарматаў i г.д. i г.д. Карцiна жудасная, якой нельга ўзяць пад сумлеў. Я, нарэшце, зразумеў, што гэта перамога нашай армii, што немцы пацярпелi катастрофу, што iм нiколi болей не ачухацца. Я расказаў пра ўсё гэта бацьку. Бацька сам пачаў разглядаць лiстоўку - здымкi на ёй i, скончыўшы, сказаў, як падагульнiў:
- Значыць, немец ня ўдзержыцца. Патураць назад.
"Патураць назад" бацька вымавiў гэтак, быццам гэта тычыцца i нас, быццам i нашая доля залежыць ад таго, што сталася пад Сталiнградам.
Бацька спадзяваўся, што гэтая вайна зьмяце шолудзь - людзей, што стаяць над табой, пiхаюць цябе, варочаюць табой, як быдлам якiм, а ты i слова iм не скажы.
У бацькi ўськiпела душа яшчэ i за мяне - ён ня мог дараваць гэтай шолудзi, што яна засадзiла мяне, зьбiла мяне з дарогi, калi я ўзьбiраўся на яе i калi ён ужо радваўся маiм узыходжаньнем. Ён думаў, што шолудзi прыйшоў канец, а тут, глядзi, яна бярэ верх, зноў усьсядзецца на цябе.
"Я ня прыняў адразу яе, гэтую шолудзь, адкiнуў яе, паказаў, што пагарджаю ёю, не захаваў свае радасьцi, што яе пагналi адсюль. Я ўжо ня мог цярпець яе. Ня мог цярпець яе пад маiм вакном, калi яна загадвала мне, куды я мушу пайсьцi i што я мушу рабiць. Калгас, створаны гэтай шолудзьдзю, я гатоў быў сам, сваiмi рукамi пабiць на палоскi i раздаць яго людзям. Прыйшоў час i разьбiў яго на палоскi ты, мой сын. Над маёй нiвай ужо ўзыходзiла сонца, шолудзь была схавалася, а цяпер, глядзi, яна зноў узьнiмае галаву. Я не хачу бачыць яе, гэтую шолудзь. Я лепш сыйду, пакiну свае вуглы, пайду ў сьвет, але ня стану зноў пад каманду гэтай шолудзi.
Сын, мы адпакутвалi за цябе. Шолудзь насьмяялася над намi. Шолудзь радвалася нашаму няшчасьцю.
Сын, адбалела наша душа па табе. Мы сьвету Божага ня бачылi ад сьлёз па табе. Мы сьнiлi цябе. Ня было часiны, каб мы ня думалi пра цябе. Мы пакутвалi тваiмi пакутамi.
Сын, узрадвалася сэрца наша, як прыйшоў ты. Засьвяцiла сонца ў наша вакно, як пабачылi мы цябе, спасёнага.
Сын, шолудзь страляла па табе. Мацi твая - нi жывая i нi мёртвая канчалася, гледзячы, як б'юць па табе.
Сын, мы сваё аджылi тут. У душы сваёй я ўжо разьвiтаўся тут з усiм. Разьвiтвайся й ты. Не марудзь. Усё чыста падказвае мне - мы мусiм выйсьцi адсюль. Сны мае зьвяшчаюць нам берагчыся. Iдуць, кiмсьцi пасланыя, грознай навалаю, ноч-у-ноч усё тыя-ж сны. Не даюць маёй душы супакоiцца. Паслухай толькi...
Быццам усе нашыя палоскi, што былi заараныя пад калгас, выступiлi наўзьверх з-пад ворыва i я, усьцешаны такому цуду, бачу iх такiмi саменькiмi, як яны былi i пры нас. З радасьцi той крычу вам: "Глядзеце, нашыя палоскi вярнулiся да нас i просяць нас засеяць iх". I вы пабеглi - i ты, i мацi, i Дарка - глядзець тыя палоскi. А на iх ужо ўвомiрг, на нашых вачох, ураджай закрасаваў: там - жыта, там - пшанiца, а там - ячмень, а там - грэчка, авёс, бульба i самая найпрыгажэйшая палоска iльну - цьвiце ўсiма колерамi. Мацi радуецца - натчэ палатна, абшые нас усiх. Глядзiць - вачэй ня зводзiць. Аж бачым: адкульсьцi, адтуль, дзе змыкаецца неба з зямлёю, выплываюць да нас хвалi нейкага шырокага сiняга мора. Коцяцца i коцяцца. Усё блiжэй i блiжэй. Займаюць, затапляюць прастору. Шумяць. Iх вал нарастае, узвышаецца. Мы ў страху глядзiм, як гэты магутны вадзяны вал мне, вальцуе нашыя палоскi, паглынаючы ўсё, што на iх i пагрозьлiва ўжо падступаецца да нас, гатовы ўцягнуць, усмактаць нас. Мы ў страху адступаць, а вал - наступаць. Дагнаў нас да самага нашага агароду i - стаў. Зьменшыўся. Упаў. Вада пацягнула яго назад i ён, шыпучы, дробненькiмi хвалямi пакацiўся ад нас. I гэтак вада пайшла, але не прайшоў страх. Вада - гэта бяда. З агароду iдзём у сваю хату. Падыйшлi да ганку. Я хачу ўзяцца за клямку, каб адчынiць дзьверы, а дзьверы самi адчыняюцца i на парозе, у праёме дзьвярэй, бачым - стаiць белы, як лунь, з лагоднай усьмешкай, старэнькi нi то чалавек, нi то вобраз чалавека i ласкава гаворыць: "Не, дзецi мае, не заходзьце. Iдзеце ў свой пуць. Не марудзьце. На вас ганеньне". Сказаў i яго ня стала. Ня стала i нашай хаты, як-бы яе i ня было зусiм. I мы пачалi выбiрацца. Карова пачула, што мы выбiраемся зарыкала. Мы ўзялi яе на повад. Дробны скот пакiнулi. Мацi ўзвалiла на сябе трубкi палатна i мы ўжо ў дарозе. Куды йдзём, ня ведаем. Нiбы ў Касьцюковiчы. Iдзём i йдзём. Вядзем на повадзе карову. I гэта ўвесь наш набытак. На дарозе нiкагусенькi. Толькi мы. Хоць дзень i сонечны, але як-бы зьлёгку займглёны i нам здаецца, што мы глядзiм на сьвет праз сьветла-жоўтыя акуляры. Ужо мусiлi-б быць i Касьцюковiчы, а iх няма. Раптам пялёнку нам зьняло з вачэй i перад намi - лес, але якi: з роўна зрэзаным, як пад шнур, верхам. Быццам нехта заклаў электрычную пiлу i адным цягам адцяў, збрыў макушкi i ён стаiць цяпер, кiваючы, як куцобкамi, сваiмi голымi стваламi. Мы баялiся йсьцi праз гэты лес, а iншай дарогi ў нас ня было. Лес стаяў перад намi, як здань. Я падумаў, што гэта зьнёс яму галаву нейкi магутны вiхор, што пранесься над iм. Куды iсьцi, мы ня ведалi, а ноч наступала. Сын, ты ведаеш, куды нам iсьцi? Ёсьць у нас якая-небудзь дарога? Бачыш, што чакае нас? Вада - гэта бяда. Яна затопiць нас i сьледу нашага не застанецца. Вымые нас з карэньнем. Выкiне з магiлаў труны нашыя i не застанецца тут роду нашага. Прыйдзе шолудзь i ўсё выкаранiць, зрэжа, паадцiнае, як злая сiла ў тым лесе макушкi. Я не хачу чакаць iхнага прыходу. Я не хачу болей глядзець iм у вочы. Я лепей сыйду з свайго котлiшча, а iх бачыць ня хочу. Ты гатовы, сын, пайсьцi? Ты ведаеш, куды нам пайсьцi? Ты-ж быў у сьвеце. Дык вядзi нас у сьвет".
Я забягаю да Пiлiпа кожны вечар, але доўга там не затрымлiваюся. Пацалую Дусю, супакою яе i пакiдаю хату. Заставацца ў яе нанач я ўжо не адважваюся пасьля таго, што яна мне сказала. Мiнулай начы ў iх былi партызаны: Мiкола Бугроў, Шашок i Iльля Мельнiкаў, Манькiн брат. Гэта тыя, што былi ў хаце, а былi-ж яшчэ i на двары - Дусiн бацька чуў, як яны цёрлiся пад сьценамi.
- Юзiк, яны хацелi цябе злавiць. Думалi, што ты сьпiш у мяне. Нашыя дзьверы былi на круку, дык яны, не дачакаўшыся пакуль iм адчынiць бацька, рванулi дзьверы гэтак, што паляцеў той i крук. Я ўскочыла з пасьцелi i да мацi ў рукi. А яны сьвятлом - шась! Я калачуся. Думаю - забяруць. Не. Высьвечваюць кожны куток. Бацька пытаецца, што iм трэба. Маўчаць. Толькi Шашок сказаў: "Нам ничего не нужно, хозяин. Извини за беспокойство". Манькiн-жа брат уталопiўся ў мяне: "Што - ня прыйшоў? Шчасьце яго". I з насьмешкай: "Чаго-ж ён так баiцца? Мы пагаманiлi-б з iм. Спакойненька так. Па душам". Трымае на мне лiхтарык: "Запузацiла? Наелася? Мы ў цябе будзем акушэрамi". Скамандваў, - ён як-бы ў iх камандзiр: "Пашлi!" I яны выйшлi з хаты. Ды мне здавалася, што яны ўсё яшчэ на двары. Стаяць, стаiўшыся. Я баялася, што ты можаш прыйсьцi да мяне ад сястры i пападзешся iм у рукi. А ты як знаў - заначаваў у сястры. Цi можа яшчэ дзе, Юзiк?
Дуся, кожны раз, як толькi я зайду да iх, ведаючы, што я доўга не магу заставацца з ёй у хаце, хутка апранаецца i мы выходзiм з ёй. Спушчаемся на нiз, да рэчкi. Праходзiм паўз iхнага стажка на агародзе, цяпер на палавiну скормленага. Унiзе, мiж хмызьнякоў, зацiшна. Пад месяцам, абмёрзлыя i ў шэранi, яны, здаецца, узьнiклi з казкi. Ад iх сыходзiць нейкая сьвяточная цiшыня i заспакоенасьць. Хмызьнякi адкiдаюць свой цень на сьнег, чысты, яшчэ бялейцы ўначы. Мы стаiмо мiж хмызьнякоў, як у нейкiм зачарованым царсьцьве, i Дуся, у нейкiм асаблiвым настроi, абымае мяне, гаворыць: "Юзiк, так прыгожа тут i ўтульна. Магла-б - распласталася-б на сьнезе". Але мы йдзём далей. Сьнег залубянеў, i мы йдзём па iм не правальваючыся. Неба над намi глыбокае, урачыстае, з бяздоннай блакiтнай вышнёю. Зоры высыпалi буйныя, белыя, махнатыя - на шчасьце. Мы спыняемся i глядзiм у гэтае неба. Нiчога не гаворым. Маўчым. Ня думаем. Нам добра дваiм, з такiм небам i зорамi над намi. Нам добра, што мы ёсьць, добра, што мы ёсьць такiя, якiя ёсьць. У суботу топяць тут лазьнi, - а сёньня якраз субота, - i мы знайшлi яшчэ нявыветраную, з духам. Заходзiм. Дуся хоча паляжаць са мною на палку, пацешыць, як яна кажа, мяне, каб не адбiўся. Распасьцiраем Дусiну шубу. Залазiм на палок. Накрываемся маёю. Дуся абшчапляе мяне. Дазваляе цалаваць яе ўсюды, дзе я хачу. Толькi, гаворыць, каб я не чапаў яе. Утулiўшы яе, хоча каб толькi нешта шаптаў ёй, гаварыў прыгожыя словы, успамiнаў прыгожыя часiны з ёю. "Але толькi не распальвайся. Нельга. Калi ўжо такi няўсьцерп, дык толькi так... Я люблю цябе так. Бяз гэтага. Ты вось ляжыш пры мне i мне нiчога больш ня трэба. Я хачу, каб ты любiў мяне так. Ты ня злуешся, што я табе не дазваляю? Ты не разьлюбiў мяне, Юзiк? Не адбiўся? Мы-ж хутка будзем мець такога Юзiка, як ты. Я ўжо чую яго, як ён штурхае ножкамi. Прытулiся вухам i паслухай. Ой, якi ён будзе мiленькi, маленькi, цёпленькi. Прытулю яго да грудзей - самлею. А то мы паложым яго мiж сабой - яму будзе так утульненька памiж намi. Потым я палажу яго ў люльку i мы ўжо будзем з табою тады адны. Тады ўжо будзе ўсё можна. А цяпер - пацярпi".
Пад вясну начою, недзе вобак нас, я пачуў далёкi, прыглушаны гуд самалётаў. Гэты гуд выклiкаў у мяне трывогу. Дасюль такога ня было. Наша неба было спакойным i вось цяпер гэты спакой парушаны. Але падумаў: мала чаго вайна-ж. Дзiва, што лятуць. Гуд сьцiх. Сьцiхла i трывога. Але надыходзiла ноч i гуд узнаўляўся, далёкi i трывожны. Чые яны, гэтыя самалёты? Адкуль i куды яны лятуць? Кожны раз там, у далечынi, куды яны лятуць, чутны выбухi. Яны ськiдваюць там бомбы? Што там такое? Фронт? Пэўна, фронт. Наблiжаецца да нас? Не. Ня веру. Не хачу верыць. Ганю гэтую думку ад сябе. Але самалёты гудуць i, наўсуперак майму хаценьню, узьнiмаюць у мяне пачуцьцё няпэўнасьцi i прадчуваньне канца. Якога канца? Майго? Цi чыйго?
Бацька, калi яшчэ ня было чутно гэтага гуду, прадчуваў наблiжэньне канца. Прадчуваў наканаванасьць нашага Зыходу, якi, зрэшты, пачаўся даўно, у тую самую хвiлiну, калi, выбiраючыся ў Менск, я пераступiў парог нашае хаты. На двары стаяў тады запрэжаны конь, i з моманту, калi я сеў на калёсы, я ўжо быў на дарозе да свае долi. Калёсы скранулiся i скранулася ня толькi мая доля, а й доля ўсёй нашай сям'i. Бацькi й сястра зьбiралi мяне ў дарогу - клалi ў мой чамадан патрэбныя мне рэчы - i ўжо адначасна, таго не ўсьведамляючы, яны рухалiся разам са мною ў прадвызначуную дарогу. I што-б яны потым не рабiлi, яно iшло так, як яно не магло iсьцi iначай. Нязвычайная, выключная чульлiвасьць i засмучанасьць, з якой яны мяне выпраўлялi ў дарогу, былi сполахам i крыкам перад сьляпымi вачыма лёсу, якi ўжо нас засьцiг. Калёсы мяне павязьлi, але яны ўкруцiлi ў свае сьпiцы i ўсю маю сям'ю. Маёй сям'i ўвесь час нагадвалi, куды павезьлi мяне тыя калёсы. Як-бы на тых калёсах сядзеў вялiкi злачынець, за якога мусяць адказваць i тыя, хто нарадзiў яго. Мы ўжо тады былi на ўзбоччы, стаялi на сваёй пуцявiне, адкiнутыя. Нас, адрынутых, i падабрала наша доля. Ня то што яна нас знайшла - не, мы былi кiмсьцi аддадзеныя ёй. I трагiзм гэтага ў тым, што ты ня ведаеш, што ты ўжо ўступiў на прадвызначуную табе дарогу, якая схапiла цябе i iмчыць... куды?
Бацька ведаў таксама, што я вярнуся. Але ён не ведаў, што я стануся прычынай фатальнага замыслу сукрытых сiлаў. Я быў у руках мае долi сьляпым знарадзьдзем, карай для тых, хто мяне найбольш шкадаваў i хто найбольш пакутваў дзеля мяне. Цi можна было як-небудзь ухiлiцца ад прадвызначанага? Не. Ад долi нельга ўхiлiцца. У маёй нягеглай асобе доля ўгледзела слабое зьвяно ў ланцугу, вырвала яго i ланцуг перарваўся, але перарваўся не на мне, а на тым, хто мяне нарадзiў. Я мусiў-бы быць пакараны сукрытымi сiламi па закону найбольшай строгасьцi. Але доля мая пакiнула мяне. Цi мушу я дзякваць ёй? З пярэрвай ланцугу рассыпалiся ягоныя зьвеньнi. Шчапiць, сабраць ланцуг нанова было немагчыма - выпала з яго галоўнае зьвяно-часьцiна, дзякуючы якой ён трымаўся. Паасобныя зьвеньнi-часткi, застаўшыся паасобку, зазналi пякельную муку i ня ўсе яны ўжо iснуюць. Яны распалiся ў сваю чаргу i носяцца бязроднымi крупiнкамi ў сусьвеце. Яны глядзяць стуль сюды i, здаецца, бачаць мяне, але, балесныя i няўцешныя, праносяцца мiма, ад iх спадаюць толькi расiнкi-сьлёзы, як пасланьне мне.
Асаблiва выразна бачу аблiчча мацi - супакоенае ў сваiх пакутах. Яна ляжыць так, як яна ляжала-б у труне. Але труны i яе самой ня вiдаць. Цела яе як-бы схаванае ў воблаку, а праступае з яго толькi ейнае, як асьветленае зарой, аблiчча.
Калi я гляджу на матчына аблiчча - а я ў думках заўсёды стаю побач яе мне здаецца, яна ведае, што я побач i што я гляджу на яе, але яна ня хоча выдаць гэтага, ейнае аблiчча застаецца ўсё такiм-жа спакойна-велiчным i трошкi як-бы строгiм у дачыненьнi да мяне. Я чую сябе вiнаватым перад ёю i баюся баюся не яе - не, а кагосьцi iншага.
Калi я гляджу на матчына аблiчча, спакойнае, засяроджанае, мне ўяўляецца, што яна i цяпер адчувае свой боль, свае пакуты i толькi, каб магчы сьцярпець iх, заснула вечным сном.
Адчуваньне Зыходу ўсё ўзмацнялася ў нас. Найперш яго вычуў, распазнаў бацька ў сваiх снох. Сваiмi прарочымi вачыма ён бачыў наш Зыход настолькi выразна, што ўжо сузiраў яго ва ўсёй ягонай няўхiльнасьцi. Ён бачыў, як выплывала шырокае, сiняе мора з-пад небасхiлу, затапляла нашыя палеткi, вымывала з карэньнем пасаджаныя намi дрэвы, выкiдвала з зямлi труны нашых продкаў, тое мора стаяла ў ягоных вачох i ён з страхам глядзеў, як яно наблiжалася да яго i, наблiзiўшыся аж да самае хаты, не затапляючы яе, лiтасьцiва спынiлася, каб мы маглi выбрацца з яе. Гэта было папярэджаньне, вiдавочнае, грознае. Папярэдзiў нас, стоячы на парозе нашай хаты, i сьсiвелы, як лунь, чалавек цi то вобраз яго: "Не, дзецi мае, не заходзьце. Iдзеце ў свой пуць. Не марудзьце. На вас ганеньне". I мы пайшлi прэч ад свае хаты. Сьвет перад намi займглiўся, i мы ня бачым, куды мы йдзём. А калi праясьнiлiся нашыя вочы, мы пабачылi лес з зрэзаным верхам. Гэта ўказка нам i прадвесьце. У страху зайшлiся душы нашыя. А тут падасьпела i ноч. Куды ты пойдзеш? У роспачы мы замiтусiлiся. Бацька пытаецца ў мяне, куды йсьцi. А я й сам ня ведаю, куды йсьцi. "Ты-ж быў у сьвеце i мусiш ведаць. Вядзi, сын. Не марудзь. Вядзi куды-небудзь". А куды я павяду? Я нiкуды не магу iсьцi, бацька. Я не разьвiтаўся яшчэ з усiмi i ўсiм, як ты, бацька. Я яшчэ не гатовы. Я прыкручаны тут магутнай сiлай, прыкаваны ёю i, каб хацеў, не магу пераадолець яе. Яна трымае мяне. Ня пушчае. Я зачараваны ёю. Я ў яе палоне. Я магу пакiнуць усё: i нашую родную хату, i нашыя палеткi, i магiлкi нашых продкаў, але я не магу пакiнуць таго, што вышэй за ўсё гэта, што ўвайшло ў кроў маю, што зраднiлася са мною, як я сам з сабою, чаго нiяк не адолець, каб i хацеў адолець. Ты можаш вiнiць мяне, бацька. I я сапрўды вiнаваты. Я ва ўсiм вiнаваты i мне горка да болю, што вы мне ўсё даруеце, як-бы я заслужыў перад вамi нешта такое, за што вы мусiце цяпер быць мне ўдзячнымi цэлае вашае жыцьцё. Ты можаш вiнiць мяне, бацька. Ты можаш праклясьцi мяне, бацька. Я заслужыў гэта. А ты, мая сястра, гаворыш, што я не вiнаваты, што каб я не квялiў сябе, што гэта ўсё напiсана на нашым раду.
Сястра мая, даўно цябе ня бачыў
ад самага крывавага жнiўя.
Балюча мне за ўсе мае няўдачы,
за ўсе мае грахi, што аплацiў не я.
Калi-б нi я, усё было-б iначай,
я стаўся ўсяму вiной:
жыцьцё сваё i ваша перайначыў,
i ўсё пайшло ня тою стараной.
Яшчэ калi баi iшлi далёка,
а ўжо ў перадсьмяротны час
страшней вайны аднекуль з боку
наш лёс насоўваўся на нас.
Адно другога ўсё трагiчней,
i страшна - гора бяз турбот
збываў я песьняю лiрычнай,
замест каб стаць на эшафот.
Вясна ўжо выбухнула зялёнымi выбухамi купчастых дрэў. Мокрае абнавiлася, патанула ў гэтых выбухах. Павеяла вясновым ветрам, заблiшчэла поле краскамi, узьнялося сонца i сьвецiць павясноваму радасна, блiскотна, урачыста. I я зноў на новым пад'ёме. Адчуваю ў сабе прыток новай сiлы. Уваскрасаю разам з прыродаю. Шмат пiшу. Уклаў зборнiк сваiх вершаў. Старанна перапiсаў атрымалася цэлая кнiга. Засунуў пад наша застрэшша на двары. Некалi мо вярнуся, дык буду мець, дык, паехаўшы ў Менск, аддам у выдавецтва.
Тое, што недзе ўначы гудуць самалёты мяне анi ня турбуе. Тое, што выбухi з кожным тыднем як-бы наблiжаюцца, успрыймаецца мною як нешта пабочнае. Вёска рыхтуецца да Вялiкадня. Белiць у хаце печы, чысьцiць, прыбiрае, пячэ пасхi, фарбуе яйкi. Бацька напачатку ня думаў - як звычайна перад Вялiкаднем - бялiць печ, нешта перарабляць, перастаўляць у хаце, прыбiраць на панадворку i вакол хаты, але перадумаў - узяўся. Як-жа адступаць ад даўно заведзенага? Не глядзi на нiшто. Памiрай, а жыта сей. Мацi з сястрой льлюць на падлогу гарачую з чыгуноў ваду, адскрабаюць нарослы за зiму на цэлы корх бруд. Падлога, як новая, засьвяцiлася сваiмi сасновымi палавiцамi. Каб не насьлядзiць, захаваць падлогу чыстай i на сьвята, бацька заслаў яе саломай i мы ходзiм па ёй дзень, а то й два, пакуль не адкрыем на сьвята. Хата, пасьля чысткi i ўпарадкаваньня - як ня тая: Вялiкодная, сьветлая, радасная.
Заўзята рыхтуецца да Влiкадня i Хiма. У яе ўжо ўсё гатова: пасха, кулiчы, сыр, шынка. Яна павязе пасху ў Папову Гару сьвяцiць - кажуць, там ёсьць поп. Дуся дапамагае мацi ва ўсiм. Я-ж майструю люльку - Дуся будзе хутка раджаць. Яна выглядае цяпер яшчэ прыгажэй i зайздросьней. Жывот толькi трохi выпiрае пад ейнай балахонкай яго амаль ня вiдаць. Яна яшчэ як дзеўка, толькi трошкi як-бы папаўнела, акруглiлася, паходка сьцiшаная, ейны стан тоiць у сабе нешта такое, што мне да спадобы, прыгожы, прывабны, на ёй блюзка-бязрукаўка, грудзi заяўляюць пра сябе болей, як раней, шыя - тонкага крою, вочы - як у iконкi, толькi цяпер больш глыбокiя i супакоеныя. Дуся, стоячы над сталом, фарбуе, расьпiсвае яйкi i ўсьмешка ў яе, як у нованароджанай. Зьверху, з покуця, на яе глядзiць Божая мацi i мне здаецца, што цяпер iх дзьве. Прыбраная хата, сьветлыя вокны, накрыты белым абрусам стол, Дуся каля яго, запаленая лямпадка пад абразамi i нават тое, што я майструю люльку, стругаю гэблiкам дно пад яе i мне пад ногi спадаюць закручастыя стружкi - усё гэта мае нейкi асаблiвы сэнс, ва ўсiм гэтым адчуваньне нечага, што мае хутка наступiць, адчуваньне, што яно ўжо тут, у хаце, варта толькi нейкай нябачнай завесе расьхiнуцца - i зьявiцца цуда. Толькi трэба ўчуцца i чакаць. Усё ў чаканьнi - i Дуся, i люлька, i хата, i я.
Я ўсё сваё жыцьцё чакаў. Думаў, што ўсё маё яшчэ наперадзе. Што прыйдзе тое сапраўднае, маё, чаго я хачу i да чаго iмкнуся. Што тое, чым я жыву цяпер - гэта яшчэ не маё я, што маё я яшчэ будзе, мае наступiць. А што такое маё я, якое яно, я й сам ня ведаў. Ды й ня думаў пра гэта нiколi. Але ўсё-ткi недзе, у падсьведамасьцi, было спадзяваньне нечага, хоць мне i няяснага. Я ня ведаў, што яно такое i ня меў клопату пазнаць яго. Гэта я ўжо цяпер "аналiзую". Тады-ж я нiчога ня ведаў i ведаць не хацеў. У мяне ня было нiякай патрэбы да майго я. Я быў шчасьлiвейшым чалавекам без яго. Нашто яно было мне? Мне было добра жыць без яго, без майго я. Гэта ўжо неяк бацька прабудзiў тое маё я.
У Першую сусьветную вайну бацька мой быў салдатам, звычайным салдатам, ня ўмеў нi пiсаць, нi чытаць. Быў ён на фронце недзе ў Румынii. Умовы на пазыцыях цяжкiя, у тым лiку - санiтарныя - завялiся вошы i блохi. Заелi, скусалi салдатаў. Бацькаў камандзiр, якога ён паважаў, як адукаванага i разумнага чалавека, вазьмi i напiшы верш пра вош. Бацька ня гаварыў "напiсаў верш", а "складна ўняў пра вош". У тым вершы, зьвернутым да вашы, камандзiр радзiў ёй, вашы, пакiнуць грызьцi беднага салдата ў зямлянцы, худога i зьнясiленага, а запаўзьцi пад кашулю афiцэра, ён гладзейшы, у яго больш крывi, чыстая бялiзна i наогул куды лепшыя ўмовы, як у таго абяскроўленага салдата. Камандзiр прачытаў свой твор салдатам i тыя, канешне, былi ў захапленьнi ад яго. Гэтую гiсторыю бацька расказаў мне, калi я хадзiў у трэйцюю клясу. Закончыў бацька пра свайго камандзiра словамi: "Складна ўмеў пiсаць. Вот чалавек быў! Галава!"
Я й захацеў быць той "галавой", захацеў "складна" пiсаць. Гэтак пачалося ўсьведамленьне майго я. I цяпер я - як-бы на самай справе я. Але гэтае маё я завяло мяне, вiдаць, ня туды. Я пакутваю ад яго. I ня толькi я, а й мае блiжнiя. Я паддаўся свайму я. Яно перамагло мяне. Дзе цяпер я? Дзе цяпер яно? Нiдзе. Да майго я зьвяртаецца цяпер бацька, просiць, каб маё я нешта парадзiла. Што нам рабiць i куды дзецца? Але маё я слабое. Яно ня здольна на нейкi рашучы крок. Я ў палоне майго я. Над iм не стаiць розум. Маё я не падпарадкоўваецца розуму. Я раблю ўсё насуперак розуму. Мне, напрыклад, трэба было-б пайсьцi ў партызаны. Паслухацца Вяркеева, а яшчэ перад iм - тых, што заходзiлi да нас, дамагалiся сустрэчы са мною. Выпускаў-бы газэту. Складаў-бы лiстоўкi. Я-ж навучыўся ўжо пiсаць "складна". Быў-бы ў лясным партызанскiм штабе. Мог-бы ўзяць з сабою i Дусю, цi хадзiць да яе з лесу. Каб у мяне быў розум, ён падказаў-бы мне толькi такi варыянт. Але маё я не захацела. Адкiнула такi вырыянт. Пайшоўшы ў лес, я мог-бы выжыць у лесе: лес усё-ткi - ня фронт. А прыйшоў-бы той сапраўдны фронт, ён хiба ацанiў-бы мае лясныя партызанскiя заслугi i ўзяў-бы мяне на сваё ўзбраеньне, як чалавека, што ўмее складна пiсаць? I гэтак я пераседзеў-бы недзе ўсю вайну, як яе пераседзелi шмат якiя майстры складна пiсаць. Таго глядзi, я мог-бы быць сёньня ў маёй шматпакутнай Беларусi народным. Але маё неразумнае я не пайшло па гэтай дарозе, засталося сваiм я. Мне не наканавана было быць народным. I гэтак я застаўся з сваiм я. Я ня ведаю, цi гэта добра. Цешу сябе толькi тым, што, не зрабiўшыся народным, я меў магчымасьць сказаць пра сваё я. Часамi прыходзiць дума, якую я, канешне, нiкому ня выказваю, што гэтае маё маленькае я некалi перацягне на вазе справядлiвасьцi народнага гладкапiсца. Але гэта толькi мiж iншага.
Ды як-бы там нi было, майму я прад'яўлены цяпер рахунак. I я плачу па iм. Ужо заплацiў самай дарагой i жудкай цаной. Нарэшце, маё я прывяло да таго Зыходу, пра якi я гаварыў раней.
Застаўшыся з сваiм рахункам сам-на-сам, я сяджу цяпер i думаю. Не, я нават ня думаю. Маё я ня думае. Яно ня ўмее думаць. Цi можа ня хоча. Ня хоча азмрочваць свайго iснаваньня, як я.
Пайду да Дусi. Я даўно ўжо ня быў у яе. Ад самага Вялiкадня. Працаваў у сястры, што ў Красным Вуглу. Ейны муж прыйшоў быў з палону, але не пабыў у хаце i тыдню, як яго сьцягнулi з печы партызаны i забралi з сабою. Мiж iншага, пазьней ён загiне ў Бэрлiне, пры ўзяцьцi Рэйхстагу. Калi я прыйшоў да Дусi, у яе былi пачаўшыся ўжо схваткi. Цэлую ноч ня спала. Прайшлi болi, а цяпер зноў. Мацi супакойвае яе, кажа, што гэта яшчэ толькi "зьвяшчэньне". Пры мне Дуся хоча трымацца бадзёра, але гэта ёй ня надта ўдаецца. У сьлязах гаворыць мне: "Памру, Юзiк", просiць быць з ёю. Яна перайшла ў нашу Сьвятлiцу, за шырму. Лягла на ложак. Я каля яе. Цалую яе. Супакойваю. Хачу адхiнуць коўдру, якой яна накрылся, хачу паглядзець, як будзе йсьцi Юзiк, а яна просiць не глядзець на яе, гаворыць, яна цяпер няпрыгожая. Сьцiхла. Мусiць, заснула. Хiма просiць мяне адыйсьцiся ад Дусi - няхай пасьпiць. Я выйшаў з Сьвятлiцы, узяўшы з Дусiнай палiчкi ейны сшытак i алавiчок. Сеў за стол. Хачу нешта напiсаць Юзiку. Даць яму нейкае настаўленьне, якiм-бы ён кiраваўся ў жыцьцi. Думаю. I ўжо, хутчэй мой розум падказаў мне:
Родись и смело в мир иди,
ставь на своем, борись i добивайся,
имей нахальство с вежливостью и
всегда недремлющее око.
Калi Дуся паднялася, я даў ёй прачытаць гэта.
- Юзiк, ета мне не нравiцца. Я не хачу, каб наш Юзiк меў нахальства. Ён-жа будзе ў нас добранькi, мiленькi, лагодненькi. I як гэта - каб ён ня спаў, нiколi не драмаў, меў заўсёды "нядрэмлюшчае вока"? Юзiк, даражэнькi, родненькi, напiшы яму што-небудзь другое, нешта такое прыгожае, вясёлае.
Я пачаў суцяшаць Дусю: напiшу, напiшу, не хвалюйся.
Дусi стала дрэнна. У корчах яна пайшла на ложак за шырму.
У Хiмы напагатове стаяла на загнеце нагрэтая вада, а на стале ляжаў цэлы ахапак бялiзны, у тым лiку прасьцiрадла, побач стаялi начовачкi з мылам у iх. Хiма выскачыла з хаты i хутка вярнулася з бабкай-павiтухай. Хiма мне сказала:
- Iдзi, Масеевiч, куды-небудзь адсюль. Ня стой тут. Мужчына ня мусiць быць цяпер у хаце.
I я выйшаў на двор. На вулiцы не хацеў заставацца. Iду ў поле. Яно тут-жа, побач. Усё навокала - у веснавым цьвiценьнi, пышнае, у мностве колераў, грае, жыве, узьнiмаецца, расьце, як вокам кiнуць - шырыня, прастор, захапленьне. Iду i мне здаецца Вялiкадне яшчэ ня скончылася. Поле йдзе паўз рэчку. Там узьняўся ва ўсiм сваiм жоўтым царсьцьве вербалоз. Прыгадалася мне, як на Вербнiцу секла мяне Хiма галiнкамi вярбы з шэра-срэбнымi коцiкамi на iх, секла й прыгаварвала:
- Верба ксьцiць - Бог прасьцiць. Глядзi, не пакрыўдзi мне Дуську. Верба ксьцiць - Бог прасьцiць.
Я пакрыўдзiў Дуську? Як яна цяпер там? Боязна. Радасна. У адчуваньнях цэлы нейкi хаос. Усё занялося ў душы, што дасюль драмала. Запякло. Зашчымела. Iду i ўжо нiчога ня прыкмячаю. Увесь у сабе самiм. Дык вось яно, нарэшце, i прыйшло тое, пра што й ня думалася, што атрымалася само па сабе. Няхай i так. Усё яно i было можа толькi для гэтага. Цяпер яно набывае iншы сэнс. Сапраўдны. Тое, што было мiмалётнiм, замацуецца цяпер навекi. Нiколi ня высахне крынiца радасьцi. Яна заструменiцца новым ключом, будзе наталяць тваю смагу i ты будзеш прыпадаць да яе, пiць з ейнага самага дна i будзе яна заўсёды поўнай.
Апамятаўся. Бягу назад. Хiма сустракае мяне на парозе:
- Мiколка, (яна ўпяршыню пакiнула сваё "Масеевiч"), Мiколка, паздраўляю цябе з хлопчыкам. Такiм слаўненькiм хлопчыкам.
Крык "хлопчыка" агаласiў усю хату, а мне ўпаў у самае сэрца. Я ўжо - за шырмай. Дуся трымае яго, як абмазанага нечым, на руках. Вочы ў яе... З чым iх можна параўнаць? Спакутвана-радасныя, глядзяць на мяне, блiшчаць, паведамляюць, гавораць нешта дасюль няведамае.
- Юзiк, ну дык падыйдзi-ж. Спужаўся цi што? Вазьмi нашага Юзiка. Патрымай на сваiх руках. Паглядзi на яго - i ён усьмiхнецца табе.
Я ўзяў, ня ведаючы, як яго трымаць, на рукi. Закрычаў. "Бачыш, i адгукнуўся табе. Давай назад. Ты ня ўмееш трымаць. Як мы яго назавём, Юзiк? Я ўжо хачу цяпер-жа называць яго ягоным iмём. Мы не будзем даваць яму iмя Юзiк. Юзiк - толькi ты ў мяне адзiн. Ты мне казаў, што, калi будзе хлопчык, дасi яму iмя твайго брата Васiля. Так? Згодны? Ну й добра. Васiль, Васiлёк, Васiлёчак. Глядзi, як ён усьмiхнуўся, наш Васiлёчак. Пачуў, што яго клiчуць.
Дуся палажыла Васiлька вобак сябе, а мяне прыцягнула:
- Ня хочаш мяне пацалаваць, дык я цябе.
Я прыгарнуў Дусю з усёю сваёю жарсьцяй да сябе. На ейных вачох заблiшчэлi сьлёзы радасьцi. Гавару ёй: "Ну вось мы ўжо i ўтрох". Цалую яе. "Я табе буду гушкаць Васiлька ў люльцы. Каб ты магла паспаць". "Дзякую. Я прысплю Васiлька i прыйду да цябе. Пачакай яшчэ".
Дусiн твар перасмыкнуўся сударгай болю.
- Але я хутка папраўлюся, Юзiк. Глядзi, Васiлёк цмокае, плямкае губкамi. Хоча есьцейкi.
Дуся бярэ Васiлька. Прыладжвае да грудзей. Дае яму цыцы.
Прайшоў тыдзень i з Васiльком усё ўнармавалася: вясёленькi i задаволены, цмокча сабе, ухапiўшыся пальчыкамi за матчыну цыцку. Яна дае яму з абедзьвюх, i для Васiлька хапае болей, чымся даволi. Усяго й ня спажывае, i яно, бывае, льлецца яшчэ на Дусiны грудзi - уся ейная блюзка закапаная. Сьпiць Васiлёк таксама добра - усю ноч не прачынаючыся. Толькi ў Дусi ня ўсё яшчэ ў парадку: нешта ў яе там ня гоiцца, цi што. I мацi парадзiла ёй запрасiць мяне. Дуся баялася, што ёй будзе балець, а калi дайшло да гэтага, яна была ахвочай, ня менш чымся звычайна. Хiмiна парада апраўдала сябе i Дуся была цалкам ужо на нагах, заблiшчэла новым бляскам маладой жанчыны-мацi.
Усё iдзе, як мае быць. Толькi ня йдзе яно як мае быць са мною. Дусю я не магу ўвесьцi ў сваю хату, як належылася-б. Не магу, бо ня сёньня дык заўтра пакiнеш яе, сваю хату. Хата ўжо як не свая. Мне ўжо позна шукаць магчымасьцяў, якiя-б дазволiлi мне заставацца тут. Я не магу парайначваць сябе. Я апынуўся зноў на фатальнай дарозе. Быў час, калi мне давалi магчымасьць падумаць. Але я не хацеў думаць. Я жыву ў бяздум'i, аддаюся яму. Я спазнаў найвышэйшую асалоду ў бяздум'i i не хачу выходзiць з яго. Я знайшоў яго ў поўнай аддачы сябе некаму другому. Той другi пайшоў насустрач мне i абодвы мы, праглынутыя тым бяздум'ем, правалiлiся ў iм. Што - я прыходжу цяпер да разуму? Не, мой позьнi розум ужо не дапаможа мне. Мяне вядзе маё бяздумнае я. Мяне ўжо мо й забылi каму я патрэбны? - але я ўсё хаваюся ад iх. Я баязьлiвец? Ня мужчына? Не салдат? Ня патрыёт? Нездарма-ж я прызнаваўся сваiм сябрам, што я - Мечык з Фадзееўскага "Разгрому", якi, ухiляючыся ад бою, хаваўся ў кустох, каб не загiнуць. Мой сьледчы дакараў мяне гэтым, разглядаў гэта як здраду радзiме. I сапраўды, я хаваюся ў кустох. Я не для бою. Я для нечага iншага. Я схаваўся пад крылом жанчыны. Я ў палоне жаночага. У мяне яно было прапушчана, i цяпер я не магу адарвацца ад яго.
Я не начую ў хаце. Лета ўва ўсёй свае красе, i я начую ў полi, як некалi, калi я быў малым i вадзiў у начное коняй. Надыходзiць вечар, i я, адпаведна апрануўшыся, iду ў ноч. Яна поўны мой уладар i ахоўца. Я спасьцiг ейную мову цiшынi, ейны таемны ход i я не баюся начы. Я з ёю заадно. Я болей углядаюся ў начное неба, як сплю. Над маёй галавой асыпаецца зорны пыл. Я любуюся i замiраю, глядзячы, як каторая з iх, сарваўшыся, падае ў бездань, пакiдаючы за сабой агнiсты сьлед.
Ранiцою я вяртаюся дахаты i калi бачу сястру, выйшаўшую на наш агарод, значыць - усё ў парадку, магу заходзiць у хату. Нiхто мяне не падпiльноўвае. Днём я працую ў полi на вiдавоку - калi-б ехалi адкуль партызаны, можна схавацца. У полi яны не бяруць людзей. Ня тое, што ў хаце, дзе цябе яны могуць заўсёды зашчучыць. Але часьцей за ўсё ранiцою я чакаю на Дусю. Заходжу на iхную сенажаць, што за выганам. Адсюль я бачу нават iхную хату. Сонца, ўзьняўшыся, добра ўжо сьвецiць, пад iм заблiшчэла, замiгцела блакiтным вогнiвам раса. Абрасяненыя, выпаўзаюць на кветкi пчолы. Спакой. Нiдзе навокал нiкога. Толькi дзесьцi ў жыце манiць сваiх дзяцей перапёлка. Узьняўшыся, я гляджу на выган, цi ня йдзе Дуся. Iхная хата насупраць выгану i калi яна ўвойдзе ў яго, я буду бачыць яе. Вось, бачу - iдзе: трымае - неяк высока - на руках Васiлька, сьпяшаецца. Махаю ёй рукой, каб бачыла, дзе я. Васiлёк ужо вялiкi - можа сядзець. Дуся заўсёды прыносiць усё патрэбнае для яго. Васiлёк пазнае мяне - усьмiхаецца, трэпае ручкамi. Мы содзiм яго, падклаўшы нешта, на траву, мiж красак, даём цацку i ён бразгае ёю, глядзiць, забаўляецца. Дуся ў лёгкай сукенцы, уся правеўная, лёгкая, даступная, садзiцца побач мяне на маё начное ўбраньне. Мы хочам адзiн аднога i доўга ляжым, забыўшыся на Васiлька, нам сьцiшна i ўтульна, ляжiм аж пакуль закрычыць Васiлёк. Узьнiмаемся. Суцяшаем яго, бавiмся самi з iм. Адчуваньне, што мы адны, што мы ў полi, сярод такога прыгаства, i што чуем недзе перапёлку з яе парапялятамi, заварожвае нас i мы аддаёмся гэтаму адчуваньню, свабодныя i радыя. I мы ня думаем, што ёсьць недзе iншае жыцьцё, суровае i страшнае, якога трэба баяцца, ад якога трэба хавацца, берагчыся. У нас сваё жыцьцё. Ёсьць Васiлёк, ёсьць мы, а тое, што трэба нам сустракацца ў полi - нас нiколькi ня дзiвiць. Мы жывём як-бы на асобнай, сваёй пляцоўцы жыцьця, адгароджанай ад iншых. Дусi падабаецца быць у полi. Яна кажа, што яна як-бы вярнулася да сваiх гусiных часоў. З замiлаваньнем i нейкiм шкадаваньнем прыгадвае тое месца, дзе мы калiсьцi сядзелi з ёю ў траве, прыгадвае божую кароўку, што перапаўзала з мае травiнкi ёй на палец. Тое адчуваньне казытлiвасьцi адзываецца ў яе i цяпер. Ня раз мы хадзiлi на тое месца. Але цяпер яно выглядае iнакш, таго, што было тады, нямаш.
Дуся прыносiць з сабой i яду, i мы тады застаемся ў полi даўжэй. Да паўдня сходзiм яго ўсё. Гэта-ж тое самае поле, якiм я бег, уцякаючы ад партызана, што страляў па мне. Дуся дакладна вызначае мой сьлед, той сьлед, iдучы якiм, яна знайшла мяне з Дар'яй у Вiроўцы. Гэтай вясной, калi сагнала сьнег, яна змагла сабраць усе гiльзы ад тых куль, што былi выпушчаны па мне. Яны клалiся радком i Дуся лёгка знаходзiла iх. З падваконьнiку ў нашай хаце, дзе яны цяпер ляжаць, iх нiхто ня прыймае. Калi сястра, выцiраючы пыл, закране iх, яны скрануцца i пакоцяцца, каб потым зноў супакоiцца.
Я люблю глядзець, як Дуся, седзячы ў траве, кормiць Васiлька. Вынiмiць, вызвалiць свае цыцы i дае яму, ён рупна бярэцца за сваё i, задаволiўшыся, засынае ў яе на руках. Калi яна кормiць яго, яна сьцiшаецца, як-бы прыслухоўваецца, замiрае, аддаецца яму ўся i чуе, як Васiлёк яе цягне. Гэты цяг ёй дужа падабаецца. Гаворыць: "Няхай цягне, набiраецца сiлы, дужэе, расьце".
Дзень пачаўся нязвычайным зьявiшчам. Густа ўкрылася самалётамi неба над Мокрым. Нiзка лятуць i садзяцца дзесьцi недалёка, за лесам. А адтуль, з-за лесу, узьнiмаюцца iншыя, iдуць насустрач. Разьмiнаюцца. Як адны, гэтак i другiя - нямецкiя самалёты. Плаўна iдуць над вёскай, пакалыхваюцца пузам, аглушаюць навакольле. На тых, што ўзьнiмаюцца з-за лесу - чырвоныя крыжы: вязуць параненых. Што йдуць туды - на тых падмацаваньне. Усiх iх гэтулькi, што ад iх цёмна ў небе. Ценi ад iх пнуцца па зямлi. Праляцiць адна хваля, а за ёю - другая. Хоць яны йдуць над Мокрым няхутка - усё роўна як плывуць - але яны лятуць у сьпешцы, быццам ад таго, як яны справяцца, залежыць быць iм цi ня быць. Там, куды яны лятуць, iдзе гарачае жнiва - крывавы бой, у разьзяўленае жэрла якога кiдаюцца ўсё новыя i новыя ахвяры, i самалёты з чырвонымi крыжамi, здаецца, не спраўляюцца вывозiць iх адтуль. Тыя, што йдуць туды, зьнiжаючыся над лесам, здаецца, спаўзаюць па ягоных верхавiнах унiз. А адтуль выныраюць iншыя. Узьняўшыся настолькi, каб не зачапiцца за дрэвы, яны пралятаюць над хатамi гэтак нiзка, што здаецца гатовы ўсмактаць iх. Яшчэ людзi не пасьпелi выгнаць статак на поле, i ён з перапуду шалее ў хлявох. Людзi, што дасюль ня бачылi вайны, мiрна сядзелi ў сваiм забалоцьцi, напалоханыя гэтым насланьнём, ня ведаюць цяпер, што дзеецца. Але вось, як па якой камандзе, лёт перапынiўся. Нi туды, нi адтуль - нiводнага самалёту. Людзi высыпалi на вулiцу, зьдзiўленыя i напалоханыя. Пытаюцца адзiн у ваднога - што гэта будзе? Iнвалiд Першай сусьветнай вайны, Вусаты Якаў, акружаны бабамi, тлумачыць: нашы здорава дзяруцца, душна немцу, дык i ратуюцца во. Гэта ясна. Праз дзень-два - пабачыце - нашыя будуць тут. Немец не ўратуецца. Бачаце, як яго калоцiць лiхарадка.
Але па абедзе самалёты хлынулi зноў гэтак-жа нечакана, як i ранiцою. Толькi самалёты ўжо iншыя - чорныя, цяжкiя, раўма равуць, рэжуць неба, магутныя. З-за лесу, як-бы з-пад зямлi, крута ўзьляцела ў неба некалькi малых самалётаў. Яны разьвярнулiся ў небе, iмклiва i рашуча, у вадно iмгненьне, шчапiлiся ў бiтве i адзiн з iх, з хвастом дыму i скогатам упаў на лес. Бiтва iшла высока ў небе. Мiж кiм яна йшла - людзi з Мокрага ня ведалi. Толькi бачна было, што з малымi самалётамi шчапiлiся iншыя, такiя-ж малыя самалёты. I было страшна глядзець, як яны рэзалiся, узьляталi, падалi, зноў узьляталi. У ваднаго з iх адарвалася крыло, i самалёт тарчма ўпаў у Махавое балота. Бой трываў нядоўга, адна з старон - чыя яна? - вiдаць было, не ўстаяла i змылася з неба гэтак-жа хутка, як i наляцела.
Надзвычайнае вiдовiшча, пра якое я толькi што гаварыў, застала мяне з Дусяй i Васiльком у полi. Дуся прыйшла рана, калi было яшчэ ўсё спакойна. Я быў зьдзiўлены, калi заўважыў яе з Васiльком яшчэ ў выгане i ў страху падумаў, што нешта здарылася нядобрае. Ужо па тым, як яна iшла, па ейнай паходцы, зразумеў - ня з добрымi весьцямi. Пабег ёй насустрач i Дуся ў сьлязах: "Бугроў!" Бяру ў яе Васiлька. Выцiраючы сьлёзы, яна: "...прыставаў, пагражаў. Я кармiла якраз Васiлька - праснуўся ўначы i не хацеў спаць. Колькi ня люляла, не хацеў ляжаць у люльцы - прасiўся на рукi. Чую - нехта пачаў тармасiць дзьверы. Бацька зьлез з печы - адчыняе: наставiўшы на бацьку лiхтарык, улазiць Бугроў i з iм яшчэ нейкiх двое. Я як трымала на руках Васiлька, так i засталася сядзець з iм на ложку. Адразу да мяне - ад яго тхнула гарэлка "Пазнаеш гэтага рабёнка"? Уталопiўся ў Васiлька: "Так табе гэта ня пройдзе!" I сунецца да мяне. Я ў крык i, прыцiскаючы Васiлька да грудзей, адсоўваюся задам да сьцяны. Бацька як стаяў сярод хаты, схапiў у парозе таўкач i, замахнуўшыся, гатовы быў выцяць яго ззаду, ды тыя двое, што стаялi таксама з лiхтарыкамi, схапiлi бацьку i навотмаш кiнулi на падлогу. Мацi кiнулася да мяне. Засланяе мяне. Крычыць на ўвесь голас: "Людзi добрыя, ратуйце! Памажэце, людзi добрыя!" Бугроў аголтаўся. Адступiў. Бацька, устаўшы, падыйшоў да яго: "Што табе трэба ў нас? Выйдзi, прашу цябе па добраму!" Калоцiцца ўвесь. Не можа стрымацца. Двое тыя кiўнулi Бугрову галавой - адыходзiць! Ён-жа не йдзе. Абазваў мяне абiднымi словамi. I ў парозе ўсё яшчэ крычаў: "Пазнаеш па чым хунт табаку!" Выходзячы, тыя двое паказалi бацьку на таўкач: "Глядзi, каб ён не пахадзiў па тваёй галаве." I выйшлi".
Дуся абыймае мяне i ў плачы просiць: "Юзiк, калi ты любiш мяне, калi табе дораг Васiлёк, пойдзем адсюль. Пойдзем, куды хочаш, абы ня быць тут. Мы ня можам заставацца тут. Ён азьвярэў, седзячы ў лесе. Ён уходаець i мяне, i Васiлька, i цябе. Яму трэба людзкая кроў. Куды нам дзецца, Юзiк? Шукай для нас мейсца. Чаго-ж мы тут дачакаемся?"
Плача... З Васiльком на руцэ прыцiскаю Дусю да сябе. Яна ўхапiлася за нас, абаiх, а тут - самалёты. Адкуль нi ўзялiся, наплываюць. Сунуцца. Адзiн па адным. Хвалямi. Пакрываюць неба. Гудуць. Нiзка. Над самай галавой. Дуся ў бяспамцьстве - што i адкуль? Хапаецца за Васiлька. У сполаху глядзiць на мяне. Гавару ёй: "Ня бойся. Нас не зачэпяць. Пралятуць".
Толькi, калi ачысьцiлася неба ад самалётаў, сьцiх iхны гул, мы пакiнулi поле. Прыйшлi да Дусi ў хату. Пiлiп i Хiма былi ў засмучэньнi i, вiдаць, ня надта задаволеныя мною. Хiма зноў пачала зьвяртацца да мяне: "Масеевiч".
- Масеевiч, трэба-ж нешта думаць. Не пакiдаць-жа Дусю з дзiцем на страд.
Яго бачылi, як ён iшоў па вулiцы - адкрыта, не хаваючыся, спаважна. Ён iшоў так, каб яго прыкмецiлi, каб яго пазналi, хто ён такi. Iшоў, нiкога i нiчога не баючыся - сярод белага дня. Не аглядаўся па бакох - iшоў проста па вулiцы, акамянелы i суровы. Iшоў не пазiраючы ў вокны, але з выглядам, што ён усё бачыць, ведае, чым хто дыша, каго хто чакаў, на што спадзяваўся. Апаясаны патранташам i з наганам пры боку, ён дэманстраваў свой паварот, паказваў, што ён ня згiнуў, прыйшоў во i будзе тут, як i быў. Уся ягоная постаць гаварыла, што скончыўся час у тых, хто яго ўжо не чакаў. Прайшоўшы вулiцу з канца ў канец, ён вярнуўся, каб прайсьцi яе яшчэ раз. Дайшоў да будынку сельсавету, узыйшоў на ганак i, як гаспадар, азiрнуўся навокал - глядзiце, як стаяў я тут, так i стаю. Сыйшоўшы з ганку, агледзеў звонку колiшнюю сваю рэзыдэнцыю - вокны з пустымi праёмамi i ўзломаным франтонам. Глядзеў, упэўнены, што яго бачаць i што ягоная прысутнасьць робiць адпаведнае ўражаньне. Пастаяў перад апусьцелым i разгромленым Сельпо. Пайшоў на мост, каб прайсьцiся i па вулiцы Мокрага Другога. З мосту яшчэ зiрнуў на школу, што паказалася яму вызваленымi ад бляхi страпiламi. Уступiў у вулiцу. Коўратаў, якiмi яна зачынялася, няма. Направа i налева - першыя, знаёмыя яму хаты. Ён не аднойчы быў у iх. Выпiваў. Абмяркоўваў важныя пытаньнi з людзьмi, блiзкiмi яму. Наступная хата зьлева... Ён ня можа ўстрымацца, каб ня кiнуць вокам на яе. Кiнуў - а там, у вакне, матнулася нечая постаць. Убачылi яго? Яшчэ пабачаць! Пайшоў далей, у самы канец вулiцы.
Лявонавiч думаў, што ён будзе вяртацца назад - вулiца-ж канчаецца абрывам - але, колькi ён нi стаяў перад вакном, яго болей ня вiдно было. Паказаўся i зьнiк. Навёў страху i пайшоў, пакiнуўшы загадку пра сябе. Але тут ня было нiякай загадкi. Бронь пачала вылазiць з лесу, адкрыта паказвацца на вачох. Чуваць ужо дыханьне фронту, пахне крывёю, сасьмяглым жалезам i порахам. Глуха ўздыхае зямля. Туды i назад шнуруюць самалёты. У Касьцюковiчы прыбываюць няспыннай чарадою амбулянсы з параненымi, акрываўленымi немцамi. Партызаны паралiзавалi чыгунку. Iм трэба чым-небудзь апраўдаць сваё доўгае сядзеньне ў лясох. Прыйдуць свае i ў iх запытаюцца, што яны рабiлi, якiя iх баявыя дзеяньнi, змагалiся яны цi хавалiся пад спаднiцамi, каго яны болей зьнiшчылi немцаў цi сваiх. Яны зашавалiлiся, рыскаюць па ўсiх дарогах, ловяць, затрымлiваюць, дапытваюць. Яны думаюць - пра iх даносяць ворагу. Яны надта пiльныя. У тыле ворага яны стварылi спрыяльныя перадумовы для пасьпяховага наступу Чырвонай армii. Ачысьцiлi тыл ад здраднiцкiх элемэнтаў. Ведаюць усё, дзе якая небясьпека i як яе папярэдзiць. Яны падрыхтавалi насельнiцтва для сустрэчы пераможнага шэсьця Чырвонай армii. Яны няздарма пралiвалi кроў - сваю i чужую, пакутвалi, мёрзьлi, гэтымi iхнымi пакутамi забясьпечана перамога.
Мокрае Першае i Другое жылi дасюль няпрыкметным жыцьцём. Яно iшло на глыбiнi, недаступнай пабочнаму воку, было прыглушаным i цiхiм. Вёскi жылi ў няведаньнi, у чаканьнi свайго лёсу. I вось яны дачакалiся: спакутваныя воiны iдуць да iх, нясуць iм вызваленьне, хоць iх i няма ад чаго вызваляць. Яны былi тут забытыя, пакiнутыя на самiх сябе. Ды радасьць, а з ёй разам i трывога разварушылi збалелыя душы: "Нашыя йдуць. Слава Богу, вяртаюцца. Iдуць да матак сваiх i сясьцёр, да жонак i нявестаў сваiх. Iдуць сасьмяглыя, зьнясiленыя, спакутваныя. Няма слоў радасьцi i гору нашаму. А цi-ж вернецца мой? А цi-ж вернуцца мае? А цi-ж вернуцца ўсе, што пайшлi адсюль? Ой, ня ўсе вернуцца! Ой, ня ўсе прыйдуць! Густа ляглi яны. Усю зямлю ўкрылi".
Вайна далёка была - боль тупейшы быў. А наблiзiлася, кроўю, потам запахла - сэрца разрываецца: цi пабачу свайго? Цi ўгледжу? Я-ж сьнiла яго жывым i цэлым. Бачыла такiм, якiм ён пайшоў. А мо прыйдзе i пойдзе далей, не пабачыўшыся са мною? Яшчэ далёкая дарога ў яго.
Лявонавiч нiкога не чакаў - у яго ня было такой радасьцi. У яго было засмучэньне. Нехта прыйдзе, вернецца сюды, на сваё селiшча, а ён мусiць пакiдаць сваё. Ён ня хоча глядзець у вочы тым, хто прыйдзе. Ён спадзяваўся на iншае, а яно не наступiла. Ён ня хоча, каб над iм насьмiхалiся. Ён лепей пойдзе адсюль у сьвет, захавае свой боль пры сабе. Няхай ведаюць, што я нескароны. Мо скажуць - i я быў-бы ўсьцешаны тым - пакiнуў усё сваё, а даказаў. Такi быў ён, гэты пакутлiвы i абыйдзены шчасьцем чалавек. Нат шкада яго.
Балюча зракацца таго, што было сэнсам твайго жыцьця, што было набыта, створана табою, а яшчэ перад табою - тваiмi бацькам i дзедам, балюча пакiдаць свой кут, дзе ты пражыў усё сваё жыцьцё, дзе нарадзiлiся й вырасьлi твае дзецi, узварушвае да сьлёз растаньне з усiм, табе блiзкiм i родным, стоптаным i сходжаным табою, зросься, зраднiўся ты з кожнай драбнiцай, табе мiлай i дарагой, i ўсё-такi з усiм гэтым мой бацька вырашыў раськвiтацца. У хаце засмучанасьць, пакора, маўклiвасьць. Рукi нi за што не бяруцца, ня прыстаюць. Трэба тое схаваць, а гэна закапаць - усяго з сабою ня возьмеш. Гаршчок, чыгун, мiска, лыжка, патэльня просяцца ў рукi, а як гэта ўсё возьмеш? Усё, што нажывалi цяпер трэба пакiдаць. Перажываць гэта - вышэй чалавека. Мацi ня ведае за што ўзяцца. Начамi яна насiла дачцы ў Красны Вугал усё, што яна магла несьцi. Кошку, i тую аднясла, каб не засталася адна ў пустой хаце. Мы пераправiлi сястры ў Красны Вугал авечак, парсючка, курэй, крупы, жыта, ячменю. Шмат чаго закапалi на агародзе - будзем прыходзiць з Касьцюковiчаў i пакрысе забiраць. З сабой мы мала чаго можам ўзяць - у нас няма каня. Карысталiся iм па радоўцы.
I так я накiроўваюся ў Касьцюковiчы - шукаць для ўсiх нас нейкага прытулку. Яшчэ добра не сьцямнела, пусьцiўся ў дарогу. Iду на Вараноўку. Трэба завiтаць да Агапкi. Гэта мне па дарозе. Чуў - яна ўсё яшчэ там. Жыве ў школьным будынку. Ужо ссутунела, калi я прыйшоў ў Вараноўку. Падыйшоў да школы. У вуглавым пакоi гарыць лямпа. Вакно зацягнутае, i я не магу разгледзець, хто ў хаце. Але заходжу. Усё роўна - адна яна цi з кiм. Стукаюся. Адчыняе. Бясконца радая. Знаёмiць мяне з прысутным - старэйшым чалавекам. Той, аднак, пачаў зьбiрацца выходзiць i Агапка не затрымлiвала яго. Цалуе. Пытаецца, як гэта я надумаўся. Садзiць за стол. Пытаецца, цi хацеў-бы я выпiць што напачатку.
- Але - не. Перш раскажы, што ты робiш? Да каго ты там прыклеiўся, што вачэй не паказваеш? Нi слыху, нi дыху ад цябе. Добры з цябе таварыш. Расказвай усё падрабязна. Часу-ж у нас хопiць. Заначуеш у мяне. Дарэчы, куды йдзеш? Чаму ты захацеў мяне тут пабачыць? Я табе маю таксама шмат чаго расказаць. Ну дык расказвай, Мiкола.
Я сказаў, што йду ў Касьцюковiчы.
- А чаго процi ночы? - I жартам: - У мяне хацеў перабыць?
- Не. Рад-бы. Ды сьпяшаюся. Справа ёсьць.
- Цi не надумаўся ты здуру ўцякаць? Але што мы гаворым так, на суха. Давай чаго глытнем за сустрэчу. Такую дарагую для мяне.
Падыйшла. Абняла. Потым дастала з шафы пляшку гарэлкi, стаканы. Выпiлi.
- Дык можа-б ты цяпер разгаварыўся? Мяне цiкавiць перш бабскае дзела. Я-ж баба. Ты мо ажанiўся? Зрэшты, цi гэта мае якое значэньне цяпер? Я жанатая, але што з таго? Пакiньма гэта. Пра гэта потым. Ты-ж хiба ведаеш - нашыя не за гарамi. Блiзка ўжо. Дык мо сапраўды хочаш драпака даць? Чаго-ж у Касьцюковiчы? Мяне ня бойся. Гавары. Я з табою нарасхлiст.
Падыйшла i, ужо трохi ап'янелая, абвалiлася на мяне.
- Гапа, паслухй мяне. Ты пытаешся - чаго ў Касьцюковiчы? Хачу пакiнуць Мокрае. Назаўсёды. З бацькамi i з...
- Са мною? Дурылка, нiкуды ня йдзi. Заставайся ў мяне.
- Пачакай, Гапа. Раскажы ты. Як ты жывеш? Што новага ў цябе? Мне цiкава.
- Ты нейкiм багамольцам стаў.
Села на сваё мейсца.
- Дай я табе яшчэ падальлю. А сама я ўжо ап'янелая. Кажаш, хочаш пакiнуць Мокрае? Я таксама хацела-б выбрацца адсюль. Збрыдла. Коцiк, паедзем з табою ў Менск? Хацела-б туды. Можа-б я пабачыла свайго, калi ён - малюся - жыў. Возьмеш мяне? Куды-ж мне адной?
Села мне на каленi. Закiнула рукi за шыю.
- Нiкуды ня пушчу. У Менск... у Менск. - Цалуе. Прыпала да маiх грудзей. Я стамiлася, Мiкола. Я памагала нашым у лесе. Колькi магла. Шкада iх. Але-ж i сябе шкада. Ты шкадуеш мяне? - Утуляецца. - Колькi ўсякага ў iх! I ўсё страшное. Не магу прымiрыцца. Ты-ж мо чуў, што Вяркеева няма ў жывых? Дзесьцi iх закуталi. Божачка. Гэта-ж i твой таварыш.
Ейнае "гэта-ж i твой таварыш" ацьвярозiла мяне. Я ўзьняўся з крэсла, адвёўшы Гапкiны рукi.
- Хочаш мо чым падсiлкавацца?
- Дзякую, Гапа. Я пайду. Мне трэба, Гапа. Дзякую за пачастунак.