Бык

Бык — адзін з самых складаных вобразаў міфалогіі як з гістарычнага, так і з псіхалагічнага боку. У эзатэрычнай традыцыі бык — татэмная жывёла гіпербарэйцаў. Нагадаем, што татэм — гэта жывёльны (радзей раслінны) продак таго ці іншага клана, племені, народа, пазней — як бы сімвалічнае ўвасабленне дадзенага этнаса. Напрыклад, старажытныя рымляне называлі сябе «дзецьмі ваўчыцы»; Беларусь асацыіруецца з зубрам, Расія — з мядзведзем, Аўстралія — з кенгуру. Татэмізм — з’ява ўсясветная, глыбока старажытная і ў той жа час сучасная, характэрная для шмат якіх народаў Афрыкі, Амерыкі, Аўстраліі ды Акеаніі, у аскепках захаваная і ў заходняй культуры (параўнанні чалавека і жывёлы ў фальклоры літаральна ўсіх народаў, некаторыя жанры літаратуры, абрады, дэкаратыўная пластыка і інш.).

Гіпербарэя — таямнічая краіна, вядомая яшчэ з Антычнасці: паводле тагачасных аўтараў, Гіпербарэя — арктычны рэгіён, адкуль прылятае паўночны вецер Барэй; таксама і радзіма багіні Лета (Латоны) — маці Апалона ды Артэміды; шчаслівы, багаты край, дзе жыхары заўсёды здаровыя і вясёлыя. У апошні час нават навуковая думка — услед за шматлікімі мыслярамі Антычнасці — схіляецца да прызнання вялікай квітнеючай краіны на тэрыторыі сённяшняга Паўночнага Ледавітага акеана — Арктыды. Калі ў ХІ тысячагоддзі да н. э. адбылася касмічная катастрофа — сутыкненне Зямлі з асцяроідам або перасоўванне кары па яе пластычнаму падсцілу — вось Зямлі змясцілася (планета як бы нахілілася набок), памяняліся магнітныя ды геаграфічныя палюсы, і райская Гіпербарэя пакрылася льдом. Народ, што жыў там, рушыў на поўдзень — як мяркуюць, уздоўж Уральскага хрыбта. Раскапаны нядаўна на паўднёвым Урале надзвычай старажытны горад Аркаім, які ў 2005 г. нават наведваў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін (з’ява беспрэцэндэнтная ў адносінах да археалагічнага аб’екта), магчыма, быў адной з дванаццаці рэлігійных сталіцаў гіпербарэйцаў пасля зыходу іх з прарадзімы. Прыкладна ў VІІ—V тыс. да н. э. частка гіпербарэйскага народа пайшла на Алтай, аказаўшы, відаць, уплыў на фарміраванне таксама і кітайскай цывілізацыі; частка ж рушыла ў Індыю; а трэцяя частка, павольна прасоўваючыся, у ІV—ІІІ тыс. да н. э. дайшла да тэрыторыі сучаснай Украіны. Рух апошніх, вядомых у навуцы як ямнікі, зафіксаваны археолагамі. Перасоўваліся ямнікі на быках, а конь прыручаны пазней — ужо ў стэпах Прычэрнамор’я. Менавіта тут качэўнікі-ямнікі змяшаліся з мясцовым, надзвычай культурным, земляробчым насельніцтвам — трыпольцамі, і далі пачатак народу (пазней — сям’і народаў), вядомай пад назвай індаеўрапейцаў — нашых продкаў, а таксама продкаў шмат якіх нацый Еўропы ды Азіі.

Прыведзеная гістарычная схема, безумоўна, не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі і на паўнату (ёсць версія, што частка гіпербарэйцаў адразу пасля катастрофы рушыла на поўнач Заходняй Еўропы), але, паўтараем, да яе схіляецца ўсё больш даследчыкаў. Ва ўсялякім разе, ніхто не аспрэчвае той несумненны факт, што буйная рагатая жывёла была прыручана раней за каня і што першыя качэўнікі, тыя ж ямнікі, рухаліся менавіта на быках. Яшчэ раней старажытныя паляўнічыя Еўропы ды Амерыкі палявалі на зуброў, бізонаў і велізарных быкоў — тураў. Шэдэўры першабытнага жывапісу, якому 40–20 тысяч гадоў, адлюстроўваюць у большасці якраз гэтых жывёл, прычым з вялікім майстэрствам і абсалютным веданнем іх фізіялагічных асаблівасцей і паводзін.

Ужо ў палеаліце, а пазней і ў мезаліце бык, мяркуючы па некаторых наскальных малюнках, увасабляў мужчынскую апладняючую сілу, увогуле творчую сілу космасу. Паколькі ў міфалагічнай свядомасці мужчынскі пачатак — заўсёды неба, а жаночы — зямля, невыпадкова, што бык пачаў сімвалізаваць апладняючае Неба. Вось чаму вобраз быка ў сувязі з вобразам жанчыны — як увасабленні Зямлі — праходзіць літаральна праз тысячагоддзі (!). Гэтая лінія, што працягнулася з неаліту, знайшла адлюстраванне ў антычных міфах пра каханне Зеўса-быка да Еўропы; пра сувязь Пасіфаі, дачкі Сонца-Геліяса, з богам Пасейдонам-быком, ад якога нарадзіўся Мінатаўр. У менш антрапаморфных, чым антычная, культурах, напрыклад, у Індыі, дзе асабліва паважліва ставіліся да жывёл, прапродкамі свету лічыліся бык ды карова. У філасофіі індусаў і сёння названыя жывёлы — актыўны і пасіўны пачаткі існага. Старажытныя шумеры, што стварылі першую цывілізацыю ў Месапатаміі, настолькі шанавалі быка, што пра сваіх багоў гаварылі: «дзікі бык», «гарачы бык», «мужны бык» [9, 310]. У вясельнай паэзіі рускіх жаніха і нявесту называлі быком і кароваю [110, 332].

Увогуле арэал ушанавання быка-Неба ўражвае сваімі абсягамі: уся Азія ды Еўропа. У адным з самых старажытных гарадоў свету, раскапаным археолагамі ў Малой Азіі, — Чатал-Гуюку (VІІІ тыс. да н. э.), знойдзены капішчы з выявамі галавы быка.

Рэлігійныя пачуцці выклікаюцца і пастаянна стымулююцца самім існаваннем неба, якое заўсёды над галавою, — далёкае і неабсяжнае. Неба — Абсалют. Аднак свядомасць простага чалавека ва ўсе часы патрабавала больш канкрэтных увасабленняў залішне складанай абстракцыі — Абсалюту, Божаскай Існасці, Сусветнага Розуму. Таму здаўна сімвал і неба, і сонца — звыклы, важны ў гаспадарцы, магутны і прыгожы бык. Яго значэнне асабліва ўзрасло, калі ў выніку астранамічнай з’явы — прэцэсіі — кропка веснавога раўнадзенства ў ІV тыс. да н. э. увайшла ў задыякальнае сузор’е Цялка і знаходзілася там на працягу 2160 гадоў. Якраз на гэты перыяд прыходзіцца росквіт старажытных цывілізацый Усходу, а ў іх — культ буйной рагатай жывёлы.

У Старажытным Егіпце, дзе побач з надзвычай вытанчаным містыцызмам жрацоў захоўваліся і народныя вераванні, бык Апіс увасабляў бога Сонца. Яго культ існаваў ажно да пачатку хрысціянскай эпохі. Пасля смерці чарговага быка жрацы шукалі новага Апіса, прычым ён павінен быў задавальняць пэўнай характарыстыцы: на ілбе — белы трохкутнік, на шыі — пляма ў выглядзе арла, на баку — месяца. Апіс жыў у храме, дзе нават рабіў прароцтвы [73, 46]. Спачатку кожны бык меў сваю асобную пахавальню, але знакаміты фараон Рамсес ІІ у ХІІІ ст. да н. э. загадаў хаваць свяшчэнных істот у агульным некропалі — так званым Серапеуме. У 1851 г. Серапеум знайшлі французскія археолагі. Там муміі быкоў, упрыгожаныя і акуратна забальзамаваныя, ляжалі ў агромністых саркафагах з ружовага граніта. Вышынёй тыя саркафагі былі да 4 м, а важылі 70 тон [118, 11–12].

У Індыі аднаго з найбольш шануемых багоў — Шыву — заўсёды суправаджае бык Нандзі. Хрысціянская царква бачыць ў Шыве бога-разбуральніка, па сутнасці д’ябла. Аднак насамрэч Шыва знішчае ўсё старое, аджыўшае, у той жа ступені ён — і стваральнік. Амбівалентнасць вобраза індуізм тлумачыць у тым сэнсе, што на самай справе нішто не знішчаецца поўнасцю, а толькі трансфармуецца, пераходзіць з адной форму ў іншую. Бык Нандзі якраз падкрэслівае стваральную сілу Шывы і сам увасабляе мужчынскі апладняючы пачатак. У Індыі часта можна бачыць велізарныя скульптуры быка каля храмаў Шывы [6, 64].

Культы Апіса і Нандзі — вышэйшае, найбольш шыкоўнае ўшанаванне канкрэтнай жывёліны, якая азначала божаскую існасць. Культ быка выявіўся і ў дэкаратыўных рэчах, і ў архітэктурных элементах, бо архітэктура на старажытным Усходзе лічылася галоўным з відаў мастацтва. Так, на свяшчэннай браме багіні Іштар у Вавілоне (а гэтая брама — шэдэўр сусветнага мастацтва) захаваліся шматлікія выявы быкоў. Уваход у рэлігійную сталіцу Персідскай імперыі горад Персепаль, разбураны Александрам Македонскім, сцераглі каласальныя чалавека-быкі і крылатыя быкі [68, 67]. На Каўказе тысячагоддзямі выкарыстоўвалі амулеты з выявамі бычыных галоў. У Старажытнай Грэцыі на сцянах дамоў вывешвалі чарапы быкоў, якія ўрэшце, высечаныя з каменя, ператварыліся ў архітэктурна-дэкаратыўную дэталь — букранію (капітэль калоны ў выглядзе двух бычыных галоў) [24, 52]. Ва ўсіх народаў Азіі і Міжземнамор’я галовы быкоў упрыгожвалі посуд, мэблю, зброю, калоны. Бадай, ні адзін жывёльны вобраз не сустракаецца ў мастацтве так часта.

Вялікая група даследчыкаў з розных краін, напрыклад, А. Крап, А. Галан, звязваюць культ быка не з сонцам, а з месяцам — на той падставе, што яго рогі падобныя да серпіка месяца. У сувязі з семантыкай самога быка рогі пачалі азначаць мужнасць. У Пярэдняй Азіі не толькі багі, а і некаторыя цары адлюстраваны з рагамі. Геніяльны скульптар эпохі Адраджэння Мікельанджала зрабіў скульптуру прарока Маісея менавіта з рагамі. Рагатымі былі шлемы ў ваяроў некаторых народаў, напрыклад, у германцаў. Нават жаночыя галаўныя ўборы яшчэ ў ХІХ ст. у Іране, Расіі, Беларусі мелі рожкі. Праўда, мы звязваем падобныя ўпрыгожанні хутчэй з магіяй (а на самай справе — з фізікай), чым непасрэдна з міфалагічнымі ўяўленнямі, бо такога кшталту форма галаўнога ўбору — добры рассейваючы контур, які «здымае» дрэнныя энергіі, нізкія частоты выпраменьванняў, шкодныя для чалавека. Безумоўна, гіпотэза патрабуе пэўных навуковых доказаў.

На нашу думку, бык — усё ж сонцавы сімвал, ва ўсялякім разе, у індаеўрапейцаў. Іспанскі даследчык сімвалізму Х.Э. Керлат прапануе альтэрнатыўны варыянт: бык адпавядае пераходнай зоне паміж стыхіямі Агню і Вады, ён, магчыма, сімвалізуе сувязь паміж Небам і Зямлёю [53, 103]. Кампрамісная тэорыя Керлата яднае сімвалізм міфаў і рацыянальнае стаўленне продкаў да практычнага выкарыстання быкоў ды кароў. Быкі шырока выкарыстоўваліся ў земляробстве па ўсёй Еўропе і Азіі, акрамя таго, нашы продкі заўсёды спажывалі ялавічыну, у якой шмат жалеза, а таксама пілі малако. Натуральна, што дзякуючы такой ежы індаеўрапейцы, якіх сёння ўсё часцей называюць арыйцамі, былі магутнымі, дужымі, высокімі людзьмі. Вось чаму менавіта яны заваявалі агромністую тэрыторыю — фактычна паўсвета, ва ўсіх рэгіёнах раствараючы ў сабе мясцовы этнічны элемент, — як правіла, намнога драбнейшы целам.

Арыйцы-беларусы дзікага быка называлі «турам». Навукоўцы-біёлагі адзначаюць: «Першабытны бык тур — вымерлая млекакормячая жывёла… Продак еўрапейскай свойскай буйнай рагатай жывёлы… Да пачатку ХVІІ ст. трапляўся ў Белавежскай пушчы, у лясах Панямоння і Прыбужжа. У прыродных умовах апошні першабытны бык быў забіты ў 1627 годзе…» [127, ІV, 176–177]. «Тур», безумоўна, надзвычай старажытнае індаеўрапейскае слова, якое шырока выкарыстоўваецца ў анамастыцы. У старажытных германцаў вярхоўны бог Тор якраз і азначаў «бык» і меў выгляд волата з рагамі. У беларусаў адзін з найбольш старажытных гарадоў — Тураў, у італьянцаў — Турын; у Францыі ёсць вобласць Турэнь, у Аўстрыі — Цюрынгія. Нельга не згадаць назву цэлай краіны — Турцыі, этнасу — цюркаў. Акрамя таго, у беларусаў — Туравейскае возера, рэчка Тураўлянка, вёска Турасы. Можна прывесці літаральна сотні геаграфічных назваў, а таксама этнонімаў у Еўразіі, звязаных з турам.

Другая назва тура — «бык» — мела і форму «бук». У цюркаў таксама ёсць «бука» (бык), што гаворыць пра вялікую старажытнасць слова, паколькі сустракаецца і ў індаеўрапейскіх, і ў цюркскіх мовах. Магутнае дрэва «бук» расце ў шмат якіх краінах, і ў Беларусі ёсць рэчка Буг, але такі ж гідронім сустракаецца ў іншых месцах Еўропы.

Ва Украіне быка называюць «вол». Гэты корань уваходзіць і у слова «буйвал» (у беларусаў — «бавол» [76, 11]). Першая частка слова «буйвал» таксама мае пэўны сэнс: у грэчаскай мове «bu» — «велізарны», «падобны да быка», у старажытнаславянскай мове «буй» — «мужны», у беларускай мове «буйны» — «вялікі», «бугай» — «бык». Акрамя таго, у беларусаў Буган — дух-апекун свойскай жывёлы (Пінскі, Слуцкі раёны). У «Слове пра паход Ігаравы» адзін з герояў твора, брат Ігара, — Усевалад — характарызуецца як «буй-тур». Магчыма, адсюль паходзіць імя Баян, беларускае «баяць» («буй-бай») і, можа быць, нават «бацька». Наяўнасць вялікай колькасці сінонімаў для абазначэння быка (а яшчэ ж — «зубр») гаворыць пра бясспрэчную старажытнасць культу быка ў беларусаў, увогуле, у арыйцаў.

З глыбокай старажытнасці паходзіць і іншы корань у мове — «go» — «гавяда»: пад такой назвай славяне разумелі быкоў і кароў. Але ў санкскрыце слова «go» азначала таксама і «неба», і «сонечныя промні», і «вочы», і «зямлю». Для арыйцаў свойская жывёла — галоўнае багацце. Карова і сёння ў Індыі — свяшчэнная істота. Але галоўнае не гэта, а тое, што адно слова сапраўды злучае зямное і нябеснае, азначае як практычна-матэрыяльнае, так і узвышана-паэтычнае. У старажытным помніку арыяў Ведах гаворыцца: «Ранішняя зорка выганяе на світанку сваіх белых кароў» [5, 157], пад якімі разумеліся воблакі. Такія параўнанні маглі ўзнікнуць толькі ў асяродку пастушацкіх плямёнаў — арыяў, якія, прасоўваючыся ў розных напрамках па Еўразіі, гналі перад сабою тысячныя статкі быкоў ды кароў. З касты пастухоў у арыйцаў пазней, калі яны аселі ў Індыі ды Іране, сфарміраваліся кулінары (забой, прыгатаванне ежы), рамеснікі (вырабы са скуры, косці), з цягам часу — купцы, нарэшце — тэхнічная інтэлігенцыя. Гэтая вышэйшая каста (саслоўе) вайшаў, якая дала столькі прафесій, існуе ў Індыі і сёння. Больш за тое, пастухі — яны ж і магі. Уласна слова «пас-тух» знакаміты рускі паэт Сяргей Ясенін паэтычна тлумачыў як «пас дух». «У старажытнасці, — пісаў ён, — ніхто не распараджаўся часам так свабодна, як пастухі. Яны былі першыя філосафы ды паэты, пра што гаворыць Біблія і апокрыфы іншых рэлігій. Уся язычніцкая вера ў перасяленне душ, музыка, песня… — усё вынікае з празрыстых пастушацкіх думак…» [39, 169].

Вярхоўныя жрацы, магі персаў, халдзеяў, этрускаў, славянскія вешчуны варажылі па костках свойскай жывёлы. Прадказанні рабіліся на аснове назіранняў за небам, на падставе снабачанняў, таксама ў значнай ступені і па паводзінах жывёл ды птушак. Нараджэнне знакамітага персідскага прарока Зараастра яшчэ за тры стагоддзі да падзеі прадказаў свяшчэнны бык, які раптам загаварыў чалавечым голасам. Выпадак, безумоўна, унікальны, выключны, але гаворка ж ішла пра будучага заснавальніка першай (менавіта так!) з сусветных рэлігій — зараастрызму.

Натуральна, што ўсе народы, якія разводзілі свойскую жывёлу, ушаноўвалі яе не толькі ў міфалогіі, магіі, касмагоніі, але і ў абрадах. На Далёкім Усходзе, дзе, уласна, і захаваўся да сёння жывёльны каляндар, здаўна самы ганаровы прыз пераможцам у спартыўных спаборніцтвах — бык. На Новы год у Карэі рабіліся драўляныя скульптуркі быкоў, якія выстаўляліся каля дарог. Такія бычкі — пажаданне будучага ўраджайнага года [47, 157]. Маленні пра ўраджай вясною суправаджаліся тэатралізаванымі прадстаўленнямі, дзе ўдзельнікі выступалі у масках быкоў ды кароў [47, 124]. Урачыстыя шэсці з быком практыкавалі і ў Кітаі [47, 103].

Выключным багаццем рытуалаў вызначаўся культ быка на востраве Крыт у ІІ тыс. да н. э., калі там квітнела высокаразвітая і ў многім надзвычай таямнічая цывілізацыя, — як гавораць сёння, — цывілізацыя нашчадкаў атлантаў. Тут на кожным кроку выявы быка ці яго рогі, — як бы напамін пра вялікі цыкл міфаў, звязаны з Зеўсам-быком, Еўропай, іх сынам — царом Крыта Мінасам, чалавека-быком Мінатаўрам, што жыў у Лабірынце… Магчыма, перамога Тэсея над Мінатаўрам сімвалізуе пераход кропкі веснавога раўнадзенства з сузор’я Цялка ў сузор’е Авена. Тым не менш, і пасля гэтай, выключна важнай касмічнай падзеі, культ быка ў Міжземнамор’і, у арыйцаў, у Егіпце і ў Азіі аставаўся. І невыпадкова: бык найлепш увасабляў зямную стваральную энергію. Нездарма на Крыце, які лічыўся «пупом Зямлі», нарадзіўся менавіта Зеўс і яго быкападобныя нашчадкі. Зеўс як вярхоўны бог у найбольшай ступені ўвасабляе цэнтр Сусвету, той пункт, у якім сыходзяцца ўсе супярэчнасці, ён — дух, заручаны з матэрыяй. Тое ж і Мінітаўр. Ён сімвалізуе надзвычай архаічную культуру, у якой духоўнае аб’ядноўвалася з жывёльным і набывала сакральны характар. Сёння міфолагі ды псіхааналітыкі тлумачаць Лабірынт як месца, дзе юнакі і дзяўчаты праходзілі ініцыяцыю (у міфе іх прыносілі Мінатаўру ў ахвяру). Паводле неаплатонікаў, лабірынт — грэхападзенне. Адпаведна выхад з яго, які ўдаўся Тэсею з дапамогай закаханай у яго Арыядны, — вяртанне да духоўных каштоўнасцей. Сапраўды, падарунак Арыядны — клубок нітак — сімвал магутнай сілы кахання [6, 157].

На фрэсках раскапанага старажытнага Лабірынта — Кноскага палаца на Крыце — мноства малюнкаў, дзе адлюстраваны нейкія надзвычай небяспечныя гульні, акрабатычныя практыкаванні маладых людзей з быком. Відаць, гэта ўваходзіла ў абрад ініцыяцыі. Хоць адначасова не выключала і ахвярапрынашэння. Вядомая сучасная англійская пісьменніца Мэры Рэнс у рамане «Тэсей» піша: «Здаралася, што бык стамляўся раней, чым забіваў каго-небудзь… Тады казалі, што бог задаволены і на гэты раз не хоча ахвяры. У выніку самыя спрытныя і лоўкія юнакі жылі даўжэй і вучылі свайму майстэрству астатніх… Проста ўхіліцца ад рагоў — ужо было нецікава, неабходна было зрабіць з гэтага грацыёзны танец і ніколі не паказаць свайго страху, а гуляць з быком так, быццам ты яго любіш… Моладзь Крыта ішла на арэну з-за любові да мастацтва, а таксама каб ушанаваць бога і заваяваць сабе славу» [89, 164]. Карыда ў Іспаніі і ў Лацінскай Амерыцы, відаць, амаль не змяніла прыёмы і рухі з таго далёкага часу.

Няхай і не ў такім распрацаваным (але адначасова і небяспечным) выглядзе, падобныя гульні, відовішчы з быком, з каровамі існавалі ў шмат якіх краінах Еўропы. На Карпатах распаўсюджаны гульні пад назвай «туры». У чэхаў 1 мая — свята кароў. У Швейцарыі падрыхтоўка да пад’ёму на альпаж суправаджаецца дэманстрацыяй кароў і іх паядынкам за права быць «каралевай» статку. Карову-пераможцу ўпрыгожваюць, і яна ўрачыста вядзе статак у горы [33, 72].

Але і ў беларусаў было падобнае (хоць і без боек кароў), надзвычай важнае свята — «запасванне гаўяда», першы выган свойскай жывёлы вясною на пашу. Яно суправаджалася шмат якімі рытуаламі. Напрыклад, пераганялі жывёлу праз агонь, каб асвяціць і захаваць ад «нячыстай сілы»; аблівалі вадою; перакідвалі цераз статак камяні; паганялі асвечанай вербнай галінкай; шапталі замовы. Звычайна «запасванне» жывёлы прымяркоўвалася да свята Юр’я — святога апекуна жывёл [38, 182–187]. На Юр’я ж наладжвалі і гульню пастухоў, якая на самай справе была не чым іншым, як абрадавай магіяй [66, 99].

Летам на Ільін дзень (2 жніўня) па ўсім усходнееўрапейскім рэгіёне прыносілі ў ахвяру быка, якога да таго кармілі ўсёй грамадою і так жа калектыўна з’ядалі. Нашы продкі лічылі, што ахвярны бык, абавязкова «чырвонага колеру», забяспечвае (праз прарока Ілью) яснае надвор’е ў час сенакосу і ўборкі ўраджаю [100, І, 273]. Прарок Ілья прыняў на сябе, як вядома, функцыі ранейшага бога Неба, бога-грымотніка.

«Хатняя ферма, колькасць жывёлы на сялянскім панадворку здаўна былі своеасаблівай мерай багацця. І кожны, наколькі мог, імкнуўся, каб пашырыць сваю жывёлагадоўчую гаспадарку. Гэта і зразумела: жывёла і птушка былі апорай сялянскай сям’і. У свой час гэтыя маленькія фермы не толькі кармілі краіну, але нямала давалі і для экспарту. Нават у савецкі час, калі з’явіліся буйныя калектыўныя гаспадаркі, дамашняя жывёлагадоўля працягвала актыўна папаўняць харчовы фонд. Але, на жаль, гэта жыццёва важная крыніца пачала прыкметна вычэрпвацца» [128, 366]. І ўсё роўна ў менталіцеце беларусаў трывала замацавана: карова — апірышча сялянскай гаспадаркі, ад яе і малако, і гной, і прыплод, і мяса. Акадэмік Іван Паўлаў назваў малако цудоўным харчам, прыгатаваным самою прыродай. Можна сказаць, што на гэтай бялюткай вадкасці ўзгадавана ўся белая раса. У Ведах — важнейшым рэлігійным помніку арыйцаў — Млечны шлях не што іншае, як малако, што разлілі Нябесныя Каровы. А ў нашых казках вырай заўсёды ўяўляўся з малочнымі рэкамі.

З каровамі звязаны шмат якія рытуалы ды павер’і. Так, лічылася, што ведзьмаркі па начах выдойваюць кароў у суседзяў. Існавалі рытуалы, звязаныя з адгонам персаніфікаванай «каровінай смерці», з ацёлам. Слова «карова» блізкае да слова «каравай», а каравайны абрад — адзін з важнейшых у беларускім вяселлі. Ён зноў-такі звязаны з уяўленнямі пра багацце, дабрабыт і плоднасць.

Міфапаэтычны воблік каровы набліжаецца да вобразаў першапродкаў, якія клапоцяцца пра жывых. Тут найбольш яркі прыклад — беларускія, рускія, украінскія казкі пра карову, якая дапамагала сіротцы выконваць розныя хатнія работы, загаданыя мачахай. Па сутнасці памерлая маці астаўляе замест сябе карову. У беларускай казцы «Пра быка і яго сяброў» цяжка разгледзіць міфалагічную аснову, але яна ёсць. Бык пужаецца туману і бяжыць на край свету, дзе будуе сабе дом [8¸40–45]. У яго ўцёках можна бачыць знікненне сонца ў зімовы перыяд — сюжэт, аналагічны казцы «Фініст — ясны сокал». Не менш характэрная казка «З рога ўсяго многа». Сапраўды, дзякуючы рогу можна атрымаць літаральна ўсё.

Такім чынам, казкі вярнулі нас да таго, з чаго мы пачалі: бык (карова) быў у арыйцаў татэмнай жывёлай. Культ яго з’яўляецца той першаасновай, на якой ўзраслі найбагацейшыя культуры белай і жоўтай расы.

Загрузка...