Авечка

Задыяк — слова грэчаскае, яго літаральны пераклад — «кола жывёл». Але больш дакладнае і сімвалічна больш правільнае значэнне слова «задыяк» — «кола (пояс) жыцця». У гэтым паняцці заключаны глыбокі сэнс. Задыяк — спрадвечны шлях Сонца, Месяца і планет, з якімі непарыўна звязана ўсё жыццё Зямлі ў цэлым і кожнай жывой істоты паасобку. Розныя народы набліжалі Задыяк таксама і да вобразу вялікай і свяшчэннай Нябеснай дарогі: кітайцы, напрыклад, называлі яго Жоўтай дарогай, а вавілонцы — Дарогай Сонца. Сузор’і Задыяка нібы ўвабралі ў сябе ўсю гісторыю чалавецтва і яго культурнае багацце. Старажытная сімволіка Задыяка настолькі цесна пераплецена з міфалагічнымі, рэлігійнымі сістэмамі, з мастацкімі традыцыямі, філасофскімі поглядамі і акультнымі ведамі розных народаў, што яго з поўным правам можна назваць касмічным люстэркам, якое адлюстравала ў сабе культуру чалавецтва.

Раннія хрысціяне верылі, што Бог стварыў свет і надаў рух нябесным сферам з іх свяціламі вясною, калі Сонца знаходзіцца ў сузор’і Авена. Таму, хоць Задыяк — круг, у якім няма ні пачатку ні канца, лік задыякальных сузор’яў пачынаюць з Авена: ён — першы сярод містычна-нябесных жывёл. Менавіта па гэтай прычыне Авен — адзін з астральных сімвалаў Хрыста, якога называюць Агнец Божы. У першыя вякі хрысціянства Вялікдзень святкаваўся не толькі як Уваскрэсенне Бога, але і як веснавое Стварэнне Свету, пра што гаварыў і Кірыла Тураўскі ў сваіх словах-казаннях.

У эпоху Антычнасці, калі грэчаская навука афармлялася ў дэфініцыях і тэрмінах, увабраўшы ў сябе ўвесь эзатэрычны вопыт Усходу і Захаду, кропка веснавога раўнадзенства знаходзілася ў знаку Авена, а менавіта яе павольнае прасоўванне вызначае прэцэсіяльны рух — галоўны прынцып нябеснай механікі. Гэта значыць, што вучоныя Антычнасці, як задоўга да іх егіпцяне, індусы, вавілонцы і кітайцы, цудоўна ведалі пра прэцэсію, у выніку якой Зорны Глобус робіць поўны круг за 25920 год. Каб ведаць і ўлічваць прэцэсію — важнейшы для Зямлі нябесны закон, неабходна было назіраць неба як мінімум пяцьдзесят тысяч гадоў, — і гэта адно з самых неаправержных сведчанняў існавання Чалавечай Цывілізацыі задоўга да пачатку яе афіцыйнай гісторыі.

Пра Стварэнне Свету менавіта вясною пісалі пісьменнікі-геніі, што валодалі, безумоўна, і нейкімі патаемнымі ведамі: Дантэ ў «Божаскай камедыі» (ХІІІ ст.), Фірдоусі ў «Шах-Намэ» (ХІ ст.), Джэфры Чосер у «Кентэрберыйскіх аповядах» (ХІV ст.).

Платон у сваім вядомым дыялогу «Цімей» паведамляе, што Дэміург з дзвюх першасутнасцей — нейкіх касмічных рэчываў — склаў нешта кшталту літары Х — касога крыжа. У многіх старажытных арнаментах канцы такога знака закручваліся падобна рогаў барана, напрыклад, у іанічных капітэлях калонаў антычнага архітэктурнага стылю. У хетаў такі ж іерогліф з’яўляўся сімвалам неба. Ён генетычна звязаны з егіпецкім іерогліфам, што азначаў таксама неба, пастаўленае на слупы. Знак барана наверсе калоны — сімвал Сусветнага Дрэва, вяршыня якога падтрымлівае неба. Такім чынам, двухвалютная капітэль іанічнай калоны сімвалічна азначае Неба, або Свет, створаны пад знакам святога барана — Авена.

«У Егіпце лічылі, што вобраз Авена прымае сам бог Сонца Амон. Яго малявалі чалавекам з авечай галавой. У час свята Сонца пад раніцу, калі Авен падымаўся над гарызонтам, з самага старажытнага храма Амона — Карнакскага — выносілі статую боства. Людзі лічылі, што ў гэты дзень яно выказвае сваю волю» [115, 112]. І сёння да храма Карнака падводзіць велічная алея сфінксаў з галовамі баранаў. Увогуле ж, на нашу думку, уся эзатэрыка, звязаная з Авенам, прыйшла ў Грэцыю з Егіпта, спадкаемцы нейкай архаічнай і намнога больш развітай, атлантычнай ці азіяцкай, цывілізацыі. У эпоху егіпецкага Новага Царства Амон-Ра ў вобразе барана атрымаў надзвычай шырокае распаўсюджанне (яно і зразумела, паколькі Сонца ў гэты перыяд падчас веснавога раўнадзенства знаходзілася менавіта ў знаку Авена). Так, адзін толькі фараон Рамсес ІІІ загадаў пабудаваць шэсцьдзесят пяць храмаў у гонар Амона-Ра. Іншыя багі, напрыклад, Хнум, таксама мелі голавы баранаў.

У 332 г. да н. э., калі Аляксандр Македонскі высадзіўся ў Егіпце, аракул Амона абвясціў македонскага цара сынам бога, таму Аляксандр сваёй эмблемай выбраў два рогі барана — як галоўныя атрыбуты Амона. Вось чаму ў Азіі Аляксандра называлі Іскандэр Двурогі [20, 220]. Праўда, рагатыя галаўныя ўборы ўпрыгожвалі шмат якіх багоў, напрыклад, у асірыйцаў менавіта рагатая тыяра з’яўлялася найбольш характэрным божаскім атрыбутам. Семіцкі Ваал-Баал-Бел (адпаведны нашаму Вялесу, або Белабогу) адлюстраваны ў скульптуры з выразнымі рогамі барана [40, 132].

На думку вядомага англійскага даследчыка сербскага паходжання Захарыі Сітчына, слова «амінь» («амен»), што заключае кожнае хрысціянскае маленне, паходзіць ад імені бога Амона [99, 50]. У яго гонар названа і сталіца Іарданіі Аман, і хімічнае рэчыва аміяк, і выкапневыя малюскі аманіты з ракавінай, закручанай быццам баранаў рог, і Амонаў рог — звіліна ў чалавечым мозгу, у якой гняздзіцца памяць.

Паводле многіх старажытных вераванняў, Стварэнне Свету адбылося пасля таго, як Вярхоўная Істота прынесла ў ахвяру нейкую іншую істоту, закалоўшы яе нажом, спаліўшы на вогнішчы ці разрубіўшы на часткі. З частак цела ахвярнай жывёлы і ўтвараўся свет. Архетып гэты надзвычай старажытны і трывалы, занатаваны глыбока ў падсвядомасці; ён заснаваны на аб’ектыўным крузе ператварэнняў рэчыва, калі кожны матэрыяльны аб’ект фактычна ахвяруе сабою дзеля таго, каб рух жыцця не перарываўся: мінералы аддаюць сябе раслінам, расліны — жывёлам, жывёлы — чалавеку, а чалавек, безумоўна, Богу. У гэтым — значэнне вядомай міфалагемы са Старога Запавету, калі Аўраам прыносіць у ахвяру свайго сына Ісаака, хоць непасрэдна на алтары Бог замяняе чалавека на баранчыка. Некаторыя даследчыкі ўпэўнены, што згаданая біблейская прыпавесць і сімвалізуе пачатак эры Авена ў касмічнай гісторыі Зямлі [70, 43].

Незадоўга да нараджэння Хрыста кропка веснавога раўнадзенства перайшла ў сузор’е Рыб, але значэнне Авена, як да таго значэнне Цялка, і звязанай з касмічным знакам рэальнай жывёлы не стала меншым: за тысячу дзвесце шэсцьдзесят год яны трывала ўвайшлі ў гісторыю культуры.

Грэкі яшчэ ў ІІ тыс. да н. э. склалі надзвычай прыгожы міф пра арганаўтаў, што падарожнічалі за Залатым руном. Руно, безумоўна, мае сувязь з сонцам, бо плыць за ім неабходна было да сына Сонца Ээта ў Калхіду (цяперашняя Абхазія), а яна, па словах англійскага даследчыка і пісьменніка Р. Грэйвса, з’яўляецца самай далёкай з вядомых грэкам краін на Усходзе [25, 435]. Тлумачэнне даволі наіўнае: Каўказ меў, відаць, іншы сэнс, пра які сёння мы і не здагадваемся (нездарма на Каўказе быў прыкуты Праметей і да каўказскай гары Арарат прыбіла каўчэг Ноя), а Руно — не толькі Сонца-Авен, сонца, што пачало сабою новую касмічную эру, але і нешта патаемнае і надзвычай каштоўнае: як мы ўжо пісалі, верагодна, руны — свяшчэнныя веды. Магчыма, рунамі былі занатаваны звесткі якраз пра пэўныя касмічныя працэсы, бо можна амаль не сумнявацца, што быкі, на якіх Ясон араў поле, — сімвал папярэдняй касмічнай эры Цялка, а дракон, што сцеражэ Руно, — сузор’е Дракона, размешчанае акурат у цэнтры неба, на полюсе экліптыкі. Верагодна, дракон, што «скруціўся ў тысячу кольцаў», увасабляе тое самае касмічнае кола, па якім рухаецца Сонца і ўся Сонечная сістэма ў сваім прэцэсійным рухе.

У некаторых краінах, напрыклад, у Велікабрытаніі, Ордэн Залатога Руна і сёння — самы ганаровы. Ім адзначаюць не проста прафесіяналаў у нейкай сферы, часцей за ўсё эканамічнай ці палітычнай, а, можна сказаць, «жрацоў», пасвячоных, тых, хто вызначае напрамак развіцця той самай эканомікі ці, тым больш, ідэалогіі, хто, інакш кажучы, кіруе масамі. Не выпадкова Авен — першы знак задыяку — у традыцыйнай медыцыне адпавядае галаве. Яшчэ адно нарашчэнне сэнсу — у дачыненні якраз да чалавека, ўзнагароджанага ордэнам, — «галава» дзяржавы.

Авечка мае дачыненне і да іншых багоў. Мусульманская культура ў многім літаральна «авечая». У Дагестане нарадзіўся баранчык, на спіне якога выразна відаць слова «Алах» (Паведамленне па тэлевізійнай праграме ОНТ 20. 10. 2002 г.).

У Індыі адзін з самых шануемых багоў — Агні — ўвасабляўся ў баранчыка або ездзіў на ім. Дарэчы, і імя Агні блізкае да «агнец». Больш за тое, Агні (агонь) сам быў у некаторым сэнсе і крыжом, бо ўяўленне пра бога злівалася з уяўленнем пра тое прыстасаванне, з дапамогай якога жрацы распальвалі ахвяравальны агонь. Прыстасаванне ўяўляла сабою дзве перакрыжаваныя палачкі, адну з якіх круцілі да таго часу, пакуль уся канструкцыя не загаралася. У містэрыях некаторых народаў, напрыклад, фрыгійцаў, да свяшчэннага дрэва ў сакральную ноч веснавога раўнадзенства нават падвешвалі баранчыка. Тут сувязь паміж вялікодным ахвяравальным агнцам і раскрыжаваннем Іісуса асабліва відавочная і асязальная.

Крыж у звязцы з нябесным агнём — Сонцам — ёсць і на небе. Кожны год вясною Сонца перасоўваецца з паўднёвага нябеснага паўшар’я ў паўночнае, праходзячы адзін з нябесных крыжоў — кропку веснавога раўнадзенства: перасячэнне экліптыкі з нябесным экватарам. Гэты пераход і ёсць сапраўдны Вялікдзень, або яўрэйская Пасха. Сапраўды, з вобразамі задыякальнага Авена звязаны і іўдзейская Пасха, і хрысціянскі Вялікдзень, і Новы год (Наўруз) у большасці мусульманскіх народаў. Вось чаму авечка (баранчык) была лепшай ахвярай Богу — пра гэта неаднаразова згадваецца ў Бібліі і ў Каране. У многіх еўрапейскіх народаў (чэхаў, славакаў, балгар) захавалася традыцыя на Вялікдзень абавязкова мець на святочным стале баранчыка — можна нават з цукру ці крэма, а не сапраўднага, — важны сімвал.

Такім чынам, разуменне Хрыста як «Агнца Божага» мае безумоўную касмічную прыроду, пра што сведчаць многія факты з культуры старажытных народаў.

Аналіз кодаў, звязаных з той жывёлай, што сімвалізуе год, не можа абысціся без пошуку падстаў уключэння той ці іншай істоты ў вавілонска-антычнае задыякальнае кола або ў кітайскі жывёльны каляндар. Сапраўды, з Авенам звязана знаходжанне кропкі веснавога раўнадзенства ў пэўную гістарычную эпоху, якая пачалася прыблізна за 1260 год да н. э., і па гэтай прычыне Авен з’яўляецца першым знакам Задыяка. Але ж самі знакі атрымалі назвы намнога раней, і вось тут узнікае пытанне: чаму з тысяч розных жывёл людзі выбралі менавіта гэтыя дванаццаць? Чаму мыш, а не прыгожанькая вавёрка, чаму свіння, а не магутны насарог, чаму авечка, а не ганарлівы алень у кітайскім календары, або чаму рак, скарпіён — не вельмі прыемныя істоты — у грэчаскім задыяку? Зразумець гэта — значыць спасцігнуць логіку і светаадчуванне нашых старажытных продкаў.

Адно з тлумачэнняў ляжыць, як быццам, на паверхні: самі абрысы пэўных сузор’яў мелі падабенства да тых ці іншых жывёл. Але, па-першае, канфігурацыя зорак таксама мяняецца (якраз у выніку прэцэсіі), па-другое, бачанне тых ці іншых віртуальных істот на небе усё ж рэч вельмі суб’ектыўная — як прымусіць паверыць у яе ўвесь народ?

Што ні ўзяць у якасці дапушчэння, гэта абавязкова будзе фармальнае тлумачэнне, бо для нас недасягальна галоўнае — цэласнасць міфа, на аснове якога і называліся сузор’і.

Стоячы на пазіцыі зноў-такі прымітыўна-рацыянальнай, можна меркаваць, што задыякальнымі сузор’ямі сталі татэмы найбольш магутных і ўплывовых плямён пэўных рэгіёнаў Азіі. Аднак вядома, што мядзведзь быў татэмам вялікага народа ся [96, 263], імем якога нават названы адзін з перыядаў гісторыі Кітая [54, 34], тым не менш мядзведзь не ўваходзіць у задыякальнае кола кітайскага календара.

Звычайна матэрыялісты, выхаваныя на марксістскай філасофіі, заклікаюць зыходзіць з рэальных якасцей і функцыянальнай ролі адпаведнай жывёлы. З гэтага пункту гледжання, самыя істотныя біялагічныя асаблівасці авечкі наступныя: пластычнасць, статкавая форма існавання, спажыванне танных кармоў, рухомасць і цягавітасць, плоднасць і хуткаспеласць, слабое развіццё вышэйшай нярвовай сістэмы, тонкае рэагаванне на стрэсавыя фактары [56, 107]. У гэтай характарыстыцы адразу адчуваецца позірк гаспадарнікаў, зацікаўленых толькі прыбыткам і абсалютна раўнадушных да той істоты, якую яны бяруцца разводзіць. Бо, сапраўды, як можа сумяшчацца слабое развіццё вышэйшай нярвовай сістэмы і ў той жа час схільнасць да стрэсаў?

Нашы продкі больш уважліва ставіліся да паводзін і характару жывёл, з якімі побач жылі. Нездарма жывёлы так шырока ўключаны ў культурны кантэкст, па-рознаму і надзвычай багата выяўлены ў мастацтве, найбольш часта выступаюць у выглядзе глыбокіх і шматзначных сімвалаў. А сімвал заўсёды бачыць ў аб’екце нешта самае істотнае, важнае, сутнаснае, выяўляе фундаментальную сувязь розных формаў і з’яў прыроды паміж сабою. Паводле тэорыі сімвалаў, авечка ў Кітаі — жыццё ў адзіноце; у хрысціянстве авечкі — вернікі Хрыста, што ўспрынялі словы Яго апосталаў [63, 221]. На касмалагічным узроўні авечкі — традыцыйны сімвал касмічных сіл, што выяўляюць стан, прамежкавы паміж хаосам і ўпарадкаванасцю [53, 352]. У беларускім фальклоры авечкі — зорачкі, а Месяц — іх пастух: гэты матыў своеасабліва злучыў хрысціянскае ўяўленне пра Іісуса — добрага пастара і рэшткі старажытнай астралагічнай навукі. Беларускі вобраз дапамагае зразумець вобраз кітайскі: часцей за ўсё жывуць у адзіноце пастухі, нездарма Месяц — заўсёды адзін.

Ёсць меркаванне, што авечка — другая жывёла пасля сабаку, прыручаная чалавекам. Адбылося гэта, безумоўна, не ў эпоху мезаліту, як пішуць энцыклапедыі (гэта значыць, шэсць-восем тысяч год таму), а мінімум на парадак раней. Ва ўсялякім разе, сустракалася ў друку сведчанне, што на тэрыторыі Ірана знойдзена паселішча палеалітычных людзей, якому дванаццаць тысяч гадоў, і ў ім — велізарная колькасць костак авечак. У гаспадарцы авечка, безумоўна, надзвычай эканамічная свойская жывёла: патрабуе няшмат дагляду, а дае мяса, малако, поўсць, шкуру. Цэлыя цывілізацыі былі заснаваны на развядзенні авечак, напрыклад, цюркская, семіцкая, мангольская. У выніку на сённяшні дзень існуе сто пяцьдзесят парод авечак [1, 322]. Такая вялікая колькасць — якраз, на нашу думку, сведчанне даўнасці прыручэння жывёлы. Спецыялісты-біёлагі, дарэчы, гавораць пра былую, вельмі старажытную, родавую сувязь барана і казла; вось чаму і год 2003, а таксама 2015 — не толькі гады авечкі, але і казы.

Этрускі, якіх сёння ўсё часцей называюць першапродкамі не толькі рымлян, але і славян (паўднёвых), гадалі пра будучае па костках жывёл, у прыватнасці, па лапатцы барана, прычым працэнт угадвання быў надзвычай высокі. Да нас дайшла таксама бронзавая мадэль авечай печані з Пьячэнцы, раздзеленай на шаснаццаць зон з імёнамі багоў, што адказваюць за розныя прыродныя стыхіі і часткі цела, органы чалавека. Этрускі вынеслі навуку (менавіта навуку) гекатаскапію з Усходу, дзе (на тэрыторыі Месапатаміі) знойдзена каля чатырохсот такога кшталту мадэляў печані. Вядома, што перад нейкай палітычнай падзеяй ці прыродным катаклізмам печань авечкі ў пэўным месцы набывала некаторую фізіялагічную анамалію, і ўжо справай жрацоў, якія вучыліся па бронзавых мадэлях, было вызначыць, што ж павінна адбыцца [77, 180–184]. Падобная магічная практыка, якая патрабавала бясспрэчнага, хоць і вельмі своеасаблівага, прафесіяналізму, значыць, дакладнага ведання аб’екту, таксама дае падставы лічыць авечку найбольш рана прыручанай з усіх свойскіх жывёл. Яе шматфункцыянальнасць пачала атаясамлівацца — згодна цэласнасці міфалагічнага мыслення — з шматфункцыянальнасцю агню, а агонь — брат Сонца. Уласна, сонца — і ёсць агонь (плазма). Таму гадавы рух сонца і аказаўся часткова звязаны з ціхай, рахманай жывёлай.

Астролагі гавораць, што сузор’е Авена сімвалізуе перамогу розуму над стыхійнымі сіламі [17, 418]. Ці не знак гэта памяці пра прыручэнне дзікага барана муфлона, а значыць, утаймаванне чалавечым розумам стыхійных сіл прыроды? Але зноў-такі — тлумачэнне залішне прыземленае.

Звычайна астролагі выводзяць характар чалавека з размяшчэння зорак, сузор’яў, планет на небе. Так, Сімяон Полацкі, які, з’яўляючыся праваслаўным светаром, патаемна цікавіўся астралогіяй, прадказаў у складзеным ім гараскопу неўтаймаваны тэмперамент і незвычайны лёс будучага цара Пятра І. А раптам усё наадварот: прасочаныя на працягу стагоддзяў заканамернасці нараджэння людзей з пэўнымі рысамі характару, блізкімі да нораву той ці іншай жывёлы, пачалі праецыравацца на тую вобласць неба, якая каляндарна «адказвала» за іх нараджэнне, таму адпаведна яе і назвалі? Напрыклад, людзі Авена моцныя і прамадушныя; для іх характэрны прыхаваныя душэўныя сілы, узроўні яшчэ нявыяўленых ведаў, уменне абстрагавана паглядзець на ўсе феномены свету [6, 281]. Праўда, цяжка заўважыць усё гэта ў канкрэтнай жывёліне — авечцы, але гэта нам — цяжка, а людзі мінулага ўмелі больш глыбока спасцігаць сутнасць рэчаў і іх сувязі паміж сабою. У астралогіі, як бы да яе ні ставіцца, найбольш яскрава выявіўся універсальны прынцып узаемадзеяння макра- і мікракосмасу. Па гэтай прычыне і ў мастацтве авечка (баран) увасоблены надзвычай шырока.

У эпоху палеаліту скульптурныя і графічныя адлюстраванні барана на сцянах пячор складаюць прыблізна 7 % ад агульнай колькасці выяўленых жывёл. У гістарычную эпоху вобраз барана ў розных формах найбольш часта сустракаецца ў качавых народаў Еўразіі. Так, адна з самых старажытных архітэктурных формаў, што захавалася і да нашага часу, — юрта — па канструкцыя геніяльна простая і рацыянальная. Але, хоць яе планіроўка ўяўляе сабою адзінае архітэктурна-мастацкае цэлае, яна ўмоўна раздзелена на выразныя функцыянальныя зоны, якія вызначаюць і арганізоўваюць рытм будзённага жыцця людзей. Зоны якраз адпавядаюць дваннацацігадоваму цыклу «жывёльнага календара», або ўсходняму Задыяку. У прыватнасці, зона авечкі — адразу каля ўвахода злева, тут захоўваецца верхняе адзенне.

Юрта — жыллё без вуглоў і фактычна без мэблі, таму важнейшае значэнне ў яе ўбранні маюць дываны, кошмы, посцілкі, Ды і сама юрта зроблена з лямцу, скачанага з поўсці авечак. Адна з самых характэрных рыс ткацтва ў манголаў, казахаў, кіргізаў, іншых народаў Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі, — арнамент у выглядзе стылізаваных рагоў барана [42, 80–86]. Для беларусаў такога кшталту арнамент нехарактэрны, што гаворыць пра мінімальны ўдзел цюркскіх народаў у нашым этнагенезе. Хоць авечка з’явілася на тэрыторыі Беларусі больш за тысячу гадоў таму [127, І, 22].

На самай архаічнай (эпохі неаліту) кераміцы Кітая, дзе і ўзнік жывёльны Задыяк, выявы барана сустракаюцца неаднаразова, але ў пазнейшы час, у эпоху Шан, калі тут выраблялася лепшая ў свеце бронза, баран як дэкаратыўны элемент у посуду з’яўляецца рэдка, намнога часцей — дракон, фенікс, тыгр, алень [84, 68–86].

Алені з золата — найбольш часты вобраз і ў вырабах так званага скіфскага жывёльнага стылю. Але прысутнічаюць у скіфаў сярод шматлікіх прадстаўнікоў фаўны і авечкі. Найбольш яскравыя прыклады — залатыя пектаралі (нагруднае ўпрыгожанне), знойдзеныя ў скіфскіх курганах. Так, у пектаралі, адкапанай у 1868 г. у кургане Вялікая Блізніца на Таманскім паўвостраве, элегантныя козачкі і баранчыкі пасуцца сярод кветак і пальметак, акантаваных двума залатымі скрутамі [32, 11]. Яшчэ больш вытанчаную пектараль знайшлі на Украіне ў царскім кургане Тоўстая Магіла ў 1971 г. Тры ярусы гэтага шэдэўра ювелірнага мастацтва перадаюць міфалагічна-філасофскую мадэль свету. Пасярэдзіне верхняга яруса, што адлюстроўвае жыццё людзей, два мужчыны шыюць са шкуры барана кажух, а побач хлопцы дояць авечак [72, 19–20]. Надзвычай складаная кампазіцыя, выключна-мастацкая па сваёй пластыцы, мае, безумоўна, сімвалічнае, яшчэ не разгаданае, значэнне.

У сучаснай Украіне, для якой характэрна надзвычай багатая па формах і размалёўцы кераміка, шырокай папулярнасцю карыстаецца поліўны посуд у выглядзе тоўсценькіх прысадзістых баранчыкаў. Традыцыя такіх вырабаў ідзе, як даказаў акадэмік Б. Рыбакоў, яшчэ з Трыполля (V—ІV тыс. да н. э.) [94, 154].

У Антычнай Грэцыі на востраве Дэлас, дзе нарадзіліся багі-блізняты Апалон і Артэміда, знаходзіўся велізарны алтар з назвай Кератон, поўнасцю складзены з рогаў баранаў, казлоў, быкоў [20, 218]. Сама назва Кератон неяк суадносіцца са словам «карона». Падобна на тое, што першымі каронамі багоў, а пасля цароў, былі менавіта рогі. У антычным вазапісу і фрэсках Авен прадстаўлены даволі шырока. Так, у разбураным вывяржэннем Везувія (79 г. н. э.) горадзе Геркуланум нядрэнна захавалася фрэска на сюжэт «Фрыкс на залатарунным Авене імкнецца выратаваць сястру Гелу з глыбінь мора» [61, 179]. Менавіта Фрыкс даставіў у Калхіду Залатога Авена, руно якога падараваў цару Ээту.

У касмічную эру Авена авечка, баранчык (асабліва белыя, значыць, найчысцейшыя) — самая жаданая ахвяра для багоў. Таму ў розных міфалагічных сістэмах паступова складваецца аднатыповы вобраз жывёлы, для якой характэрны незласлівасць, рахманасць, безабароннасць, мяккасць, пасіўнасць, цярплівасць, прастата, пяшчота, любоў, ахвярнасць. Найбольш ярка-вобразна гэтыя рысы авечкі ўвасобіў слынны грэчаскі байкапісец Эзоп (VI ст. да н. э.) — сам у юнацтве пастух — у сваіх надзвычай глыбокіх прыпавесцях, напрыклад, «Воўк і ягня».

Праўда, розныя міфалогіі раздзяляюць біялагічны від паводле полавай прыкметы: мужчынскай (баран) і жаночай (авечка). Баран увасабляў сабою плоднасць і сувязь з сонцам, але часам ён надзелены і адмоўнымі рысамі, у прыватнасці, глупствам. Вядомая байка Кандрата Крапівы «Дыпламаваны баран» геніяльная таму, што абапіраецца якраз на міфалагізаваны архетып. У вобразе авечкі падкрэсліваюцца рысы нявіннасці, пяшчоты, безабароннасці (невыпадкова для сатанінскага вопыту сучаснай навукі — кланіравання — была выбрана менавіта авечка). Тыя ж рысы яшчэ больш выразна выяўлены ў маленькім ягняці. «Нявіннае ягня» — часта гавораць пра ціхага, залішне сціплага і пасіўнага чалавека; у апошні час усё часцей гавораць з іроніяй, забываючыся, што ягня (агнец) — сімвал Выратавальніка і Ахвяра выкуплення.

«Статкам дурных баранаў» лічаць сучасны электарат (так называюць цяпер народ) расійскія ўлады і буржуазныя СМІ, якія якраз сваімі фенаменальна нізкімі па якасці матэрыяламі і дэбілізуюць насельніцтва. У сваёй пагардзе да простага чалавека яны неарыгінальныя: скажона-прымітыўна паўтараюць думку нямецкага філосафа Ф. Ніцшэ, які большасць людзей называў бязмозглымі авечкамі, што паслухмяна падпарадкоўваюцца пастуху — звышчалавеку. На жаль, думка вар’ята (і пры гэтым геніяльнага мысляра) трывала вызначыла сацыяльную псіхалогію ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў. Але з’явілася і контрідэя. У модным рамане сучаснага бразільскага пісьменніка Паула Коэльо «Алхімік» герой-пастух Санцьяга ў пошуках свайго жыццёвага прызначэння шмат што зразумеў, назіраючы паводзіны менавіта авечак: яны валодаюць асаблівай мудрасцю, заўсёды знаходзячы — толькі дзякуючы сваёй інтуіцыі — усё, што ім патрэбна, — ежу, начлег, супакаенне. Так і чалавек, давяраючы не розуму, а сваёй інтуіцыі, пойдзе менавіта па тым Шляху, які прызначаны яму лёсам. Аўтар гаворыць, што авечкі навучылі героя мове, якая «зразумелая ўсім, мове, на якой гаворыць Сусвет» [59, 98]. Між іншым, пастух Эзоп, назіраючы, здавалася б, прымітыўных жывёл (ён пасвіў таксама авечак), ужо ў маленстве выхопліваў назіральным вокам важныя для яго дэталі. Геніяльнасць яго заключаецца ў тым, што ён пісаў кароткія творы з доўгім, амаль невычарпальным, зместам, умеючы ва ўсім бачыць дасціпную аналогію.

Біблейскі Давід, будучы цар, заснавальнік ізраільскай дзяржавы, таксама ў юнацтве быў пастухом — як і ўсе першапродкі яўрэйскага народа. Таму вельмі часта яны прадстаўлены ў акружэнні авечак ці з ягняткамі на руках. Так, у мазаіках знакамітай візантыйскай царквы Святога Віталя ў Равене (VІ ст.) на першым плане сцэны «Тройца» каля стала, за якім сядзяць тры анёлы, стаіць ягня, аглядаючыся на гасціннага Аўраама: жывёлінка нібы нагадвае, што яго сын як ахвяра Богу быў некалі заменены баранчыкам, і з таго моманту пачалася новая эпоха ў гісторыі чалавецтва. У мініяцюры ІХ ст. з Парыжскай Псалтыры на тэму «Давід спявае псалмы» Давід абкружаны авечкамі і козамі [65, 63, 113].

На партале знакамітага Шартскага сабора ў Францыі Іаан Хрысціцель паўстае з авечкай на руках: магчыма, гэта сімвал яго ўласнага ахвяравання ці, хутчэй за ўсё, згадка пра тое, што ён першы назваў Хрыста Агнцам [108, 214]. Авечкі амаль заўсёды прысутнічаюць у тэме «Звеставання пастухам» (напрыклад, у малюнку вядомага рускага мастака ХІХ ст. Аляксандра Іванова «Яўленне анёла, што паведамляе пастухам пра нараджэнне Хрыста» [30, 39]) і ў віфлеемскіх сцэнах: «Нараджэнне Хрыста», «Святая сям’я», «Пакланенне волхваў» (напрыклад, фрэска вялікага Джота «Пакланенне» [74, 18]). Авечка — бадай самая папулярная жывёла ў хрысціянскім мастацтве. Часам Агнец алегарычна заменены воблакам, напрыклад, у геніяльнай «Сіксцінскай мадоне» Рафаэля, якую так любіў наш Максім Багдановіч.

Агнец як сімвал Хрыста — адзін з улюбёных і найбольш частых вобразаў на працягу ўсяго існавання хрысціянскага мастацтва. Ён абумоўлены словамі таго ж Іаана Хрысціцеля, які, бачачы Хрыста, што ішоў да яго, прамовіў: «Вось Агнец Божы, які бярэ на сябе грэх свету» [Іаан, 1:29]. Хрыстос Збавіцель у вобразе Добрага Пастара (з ягняці на плячах) часта сустракаецца ў мастацтве ранняга хрысціянства (у прыватнасці, катакомбным), але ў мастацтве эпохі Адраджэння ён выкарыстоўваецца рэдка. Праўда, Рэнесанс больш складана інтэрпрэтуе тэму. Напрыклад, буйнейшы нідэрландскі жывапісец ХV ст. Ян ван Эйк у грандыёзным Генцкім алтары пяць ніжніх створак поўнасцю прысвяціў галоўнай тэме алтара — «Пакланенне Агнцу». Тут паўстае шырокая панарама, персанажы якой, здаецца, прадстаўляюць увесь зямны свет, а ў цэнтры на ўзвышэнні — Залаты Агнец з німбам [41, 130].

Свецкі варыянт тэмы пастухоўства — так званая пастараль у музыцы, выяўленчым мастацтве і ў паэзіі, якой аддаў даніну і Сімяон Полацкі («Беседы пастускія»). Геніяльны рускі паэт Сяргей Ясенін свядома ствараў сабе імідж пастушка, бо менавіта пастухі першымі даведаліся пра нараджэнне Бога. У карціне мастака-сімваліста Усевалада Барысава-Мусатава «Дафніс і Хлоя» (1901 г.) — паводле аднаго з самых вядомых у свеце антычных пастаральных раманаў — любоўная сцэна (а пастараль — і ёсць паказ кахання на ўлонні прыроды) адбываецца ў акружэнні авечага статка [125, 67]. Авечкі — абавязкова элемент ідылічнага пейзажу, пачынаючы з мастацтва барока.

З казачных матываў, звязаных з баранам, толькі нямногія, на думку аўтараў энцыклапелыі «Мифы народов мира», захоўваюць сувязь з міфалогіяй (напрыклад, здабыча баранам ці казлом агня, ператварэнне героя ў барана); большая частка матываў мае дачыненне да тэмы садружнасці жывёл (баран і казёл, баран і кот, баран і птушка, дванаццаці баранаў і г. д.), да тэмы барана і ваўка [71, ІІ, 238]. Аднак тут, як здаецца, заключана памылка, выкліканая неразуменнем самой сутнасці казак, у якіх усе сюжэты і матывы — наскрозь міфалагічныя, а таму алегарычны сэнс прысутнічае, на нашу думку, і ў казках пра садружнасць жывёл. Магчыма, тут маюцца на ўвазе стасункі сацыяльных груп, кастаў-варнаў, выяўленыя праз вобразы татэмных жывёл, або, хутчэй за ўсё, яны маюць касмаганічны сэнс, бо сузор’і ў далёкія часы ў нашых продкаў называліся інакш; захаваліся ж з іх нямногія — той жа Авен, а іншыя назвы засталіся ў казках ды загадках.

Пра глыбіню сімвалізму, заключанага ў традыцыйным матыву, сведчыць актуальнасць невялікай казкі беларускага пісьменніка Змітрака Бяспалага «Як воўк авечкай прыкідваўся»: яе можна з поўным аснаваннем прыкласці да ўзаемаадносін, скажам, некаторых расійскіх алігархаў. Сюжэт казкі наступны: воўк, апрануўшыся ў авечую скуру («воўк у авечай скуры» — не толькі матыў казак і баек, але нават маўленчы крылаты выраз), каб пахарчавацца баранінай, сам робіцца, знаходзячыся ў авечым статку, ахвярай іншага — больш моцнага і нахабнага ваўка, ды яшчэ і ад пастуха атрымоўвае кіём па спіне [44, 64–65]. Сюжэт, сапраўды, павучальны.

У народнай культуры — павер’ях, прыкметах, замовах — авечка сустракаецца даволі часта. Напрыклад, у Англіі, пачатак капіталізму ў якой нават звязаны з авечкамі («агароджванне»), лічыцца ўдачай, калі, адпраўляючыся ў далёкі шлях, сустракаеш авечы статак. Або, каб шанцавала ў жыцці, неабходна насіць з сабою маленькую костачку з авечай галавы. Для вылечвання дзіцяці яго праводзілі праз авечы статак, прычым абавязкова на світанні [126, 294] (натуральна, бо авечка звязана з сонцам, яго энергіяй, гаючай сілай — Т. Ш.).

На той падставе, што велікоднае ягня — сакральная ежа, нельга абмінуць тэмы барана як харчу. На святы беларусы выпякалі абаранкі (ад «баран») і казулі (ад «казы»), што імітавалі закручаныя рогі ці абрысы жывёл. Звычайна аўтары кніг па беларускай кулінарыі прыводзяць не больш дзесяці-дваццаці рацэптаў нацыянальных страў з бараніны [36, 30–32]. На самай справе іх, безумоўна, намнога больш, хоць бараніна ўсё ж не вельмі спалучаецца са славянскімі традыцыямі — кіслай капустай, салёнымі агуркамі, бульбай. Ды і запіваць бараніну неабходна не гарэлкай, а гарачай зялёнай гарбатай ці халодным чырвоным віном, што таксама ў нас не вельмі прынята. І ўсё ж ёсць прыемныя выключэнні — папулярныя плоў і шашлык. Праўда, плоў мы так і не навучыліся гатаваць: атрымоўваецца проста каша з мясам. А вось шашлыкі трывала ўвайшлі ў побыт гарадскога насельніцтва, асабліва калі яно выязджае на прыроду. Прычым гатуем па-свойму, а не па-каўказку. Грузіны марынуюць мяса ў гранатавым соку, а мы — у воцаце, цыбулі, перцы. Але часта і бараніну, якая ўсё яшчэ застаецца некаторай экзотыкай, замяняем на банальную, але такую родную, свініну. Пытанне харчовых прыхільнасцей — надзвычай важнае ў вызначэнні этнічнай самасвядомасці. Сістэма харчавання беларусаў будавалася на перавазе расліннай (вегетарыянскай) ежы, хоць больш каштоўнымі і заўсёды прэстыжнымі лічыліся мясныя стравы. І ўсё ж не бараніна. Нават на Вялікдзень у нас пераважала свініна. Падставы для гэтага сур’ёзныя. На нашу думку, беларусы пераважна паходзяць з еўразійскага (індаеўрапейскага) суперэтнасу, сямейныя роды якога спрадвек займаліся апрацоўкай зямлі і развядзеннем свіней, быкоў, кароў, пазней коней. Рэліктавыя ж перыферыйныя прадэтнасы — заўсёды збіральнікі, а не вытворцы, і разводзілі авечак і коз, даглядаць якіх намнога лягчэй, чым пералічаных вышэй жывёл. Безумоўна, у гістарычны час шмат якія этнасы перамяшаліся паміж сабою, але традыцыі, якім — многія тысячагоддзі, адчуваюцца і па сёння. Таму і важна час ад часу ўглядацца ў пэўныя культурныя з’явы (а свойская жывёла — таксама такая з’ява), каб вяртацца да нашых спрадвечных традыцый.

Загрузка...