Траса была разбітая
і кажуць у Гарце дарогі пясчаныя.
Халера ясна, як мне забыць выгляд вёскі Зайчаны?
Бум і бам, вось тут і вось там,
Я ўжо доўга качуся па ўзгорках
Варта прызнаць, што гэты паход
Не абяцае даход.
***
Пах мокрай травы.
Вецер яе калыхае
Быццам бы смок.
Яшчэ адзін лог.
Шэрага неба барані рог
Зрабіць назад разварот?
Вярнуцца?
Гатэльчык гідкі…
Кузьва, куды вас нясе
Пан Мікалай Капернік.
Як бы ўзяць і прачнуцца?
Усё ж разварот?
Праехалі тысячны ельнік.
І ўсё ж коцім у горад
коцім ціхенька ў горад.
***
Не! Дарогі ў асноўным не з пяску.
***
Я ўжо бачыў карцінкі мясцовых паселішчаў
І таму раскажу…
Верш пра амаль любы тутэйшы горад
***
Тут на пляцы, што ў цэнтры
Жыве бальшавік
І гэта кажа нам вельмі шмат.
І зараз я і сам думаю, што ўжо набыў занадта доўгi язык.
***
Гэта быў бадзёры верш.
Амаль прыпеўка расійская.
А тут гавораць
Што я на нямецкай павінен пісаць
І што я ж зусім не паляк.
***
І ўвогуле, гэта іх справа.
Я ж толькі госць тут.
Турысты да статуі коцяць смела
Я так доўга стаяў на бруку, што нават нага занямела.
***
І ўсё ж такі горад па-свойму вельмі…
Так, старамодны, як клёш.
Але ж мода вяртаецца часам.
***
Мне здаецца ці людзі тут быццам дождж
Яны актыўна зліваюцца.
У глыбокія слівы, якія выводзяць іх да ракі.
І рака гэтая цячэ ўжо недзе там.
За халмом, пры чужым ачагу.
Ну а тыя, хто сплысці не ў сілах
Засталіся калоць дровы.
Разбіваць аб бетон свае мары.
Гук разлома на 120 герц.
Падманваючы нават сябе, што яны ідэйныя
І вырашыла застацца не іх галава, але сэрца.
Так-так-так, хлусіце больш, рабяткi.
Хоць, без сумневу ёсць і такія — ідэйныя жыхары краю.
Але ўсё ж — хто ведае, што б было,
калі б у іх быў добры шлях да спакойнага раю.
Можа б беглі яны.
Без аглядкі
***
Карацей, тут усё неяк дзіўна.
Але затое які прыемны флёр даўніны
І на рэчцы ў цэнтры бабёр
А за статуяй на касцёле — сокал.
Кажуць, той п'яны — вахцёр.
Ну той, што ляжыць пад лаўкай.
Мне проста падабаецца слова — вахцёр.
А тут такія навокал.
***
Аднойчы я тут спрабаваў алкагольны мус.
Відавочны і ясны плюс.
Я толькі прыехаў і як жанглёр.
Здзіўляю іншых сваёй «мудрасцю» (спрытам).
Я ж той смс бязглузды сцёр.
Які казаў пра дрэннае надвор'е з ледзяной колкасцю
(нібы цокая капытом)
***
Так, тут вельмі шмат савецкіх людзей.
Але замежнікаў больш, чым думаюць нашыя.
Не, рэальна шмат!
Хома…!
Па-мойму, не крыўднае….
Бо на высокай латыні.
Высокія словы адчыняць дзверы.
***
Зімою тут стыне многае, нават сэрца маё ў вельмі цёплай
кватэры.
***
Ха-ха, як ні дзіўна я рады
І яшчэ палюбiў чорны хлеб і кашу.
Рады…
і ад шчасця крычу як баншы.
Гэта цымес.
Люблю ірландскі фальклор.
Піва Гінэс, але не польскае.
Я ж крыху Уліс.
А ў мясцовых тут лепшае лідскае.
***
Нават храмы тут абароннага тыпу,
Як гаворыць адна паэтка мясцовая.
Апропо: мясцовая літаратура такая слабая, што нібыта нават
i клёвая.
***
Я тут зняў кватэру
Жыву і не ною.
1000 лайкаў,
Гартажылстрою.
***
Пра прыроду мясцовую толькі санетам.
***
Як вечар і маркотная каза
Прыемныя палі і нават воды
На шчасце тут не водзіцца гюрза.
О, гэта радасць казачнай прыроды!
Ну, што б мне тут такога напісаць?
Калі ты ўвечары ідзеш дадому ў гмах
То дрэвы ў дварах даюць пазнаць
Што могуць шолахам наводзіць страх.
Вось так тут лісце шэпчацца з табой.
Няхай ты не палюбіш цуда-травы.
Ах, можа быць не чутны тут прыбой.
Яго пачуеш, з'ехаўшы ў выправы.
Шчэ не нап'юцца тут пустой вадой.
У чорных вёсках горкі вадапой.
***
Ну і зоркі шукаю тут.
Я ж астраном, ясна халера.
Зорка ёсць сапраўды.
Чырвоная! Бах!
Які цікавы выпадак!
На каралеўскім замку.
На шпілі высокім
Ну, адным словам…
Калі ты гуляеш з мясцовай паненкай
Вуліца ўся расцвітае,
Але ў цэлым нейкі цяжар.
Як быццам гіры.
На ляшках тваіх.
***
Бачыў я тут, як адзін вяшчаў на Ю-Тубе, а пасля ў турме заціх.
Гавораць, што хацеў ён быць прэзідэнтам.
Але на ім нейкая ёсць віна.
Што п'яніць як віноўка
І замест гэтага хлопца на пасаду меціць ягоная жонка.
Хто б такое ўявіць мог…
Не, ёй не выйграць выбары ў Афрыцы.
Ну а тут — спроба пакажа.
Хiба пашанцуе…
Можа быць так…
Але нешта здаецца мне, што іншы сцэнар ёй час прапануе.
***
Хоць, я толькі чапурысты пан.
І мару, дарэчы, трымаць пад каленкай паненку.
З якой шпацырую…
Або нават іншую бэзу-гарэзу.
Хоць не Мапасан.
Не дзікі прыхільнік свята для плоці.
Ёсць і важнейшыя рэчы ў жыццёвым нашым узвары.
Ну і вось…
Я чапурысты пан!
Бываю тупы і бываю п'яны.
Драматызую скажаце?
Тады даведайцеся, як яшчэ я тану ў мясцовым, прыгожым
балоце.
Як прыходжу з царквы, дзе бляск крыжоў, што вісяць
на сьценах…
Тады даведайцеся, што ўчора ў мяне адключылі ваду
Так!
Учора ў мяне адключылі ваду!
І я бачыў па тэлевізары прэзідэнта
Ён казаў, што выбары правядуць у тэрмін.
Ну, гэта ясна.
Тут па раскладзе ўвогуле ўсё, што складае самую соль
жыццёвага эксперыменту.
***
Сутнасць панурай, вывастранай праўды, рэжа сэрца быццам
кінжалам
Калі кінеш мару пад Тытанік рэальнасці
Крыкі гэтай мары пачуюць усюды
І ўжо дакладна аматары салодкіх банальнасцяў.
***
Адпачыць ад паперак мне б.
Схадзіць у галоўны касцёл, там паглядзець каралю ў вочы
Кінуць дур усіх…
Усе цыдулкi складанай вандроўкі…
Ну гэта як пазапрацоўны вольны час
Сакратара рэферэнта.
***
Корань драмы народа гэтага
Не толькі ў ім самім
Пражывае ён у такім месцы
У якім хадзілі і ходзяць усе туды-сюды,
Ператвараючы вёскі ў дым.
Гэта краіна-раўніна!
Па раўніне якраз зручна хадзіць.
І скажыце шчыра,
Ну няўжо ёсць прычына,
Так вось проста іх не любіць?
Я маю на ўвазе мясцовых.
Мясцовых паннаў і панурых мужчын.
Панны тут мілыя і далікатныя,
I вельмі любяць зефір.
Мужыкі — так, суровыя, як і казаў я вышей.
Нешта такое ёсць у іх, што я бачыў раней у Балгарыі.
***
А, зрэшты, да д'ябла стэрэатыпы.
Людзі розныя там і тут, вось так-та.
Бываюць, не схаваю, ціхія італьянцы.
І гаваркія шведы бываюць, раптам.
***
Ну а што яшчэ пра мясцовых?
Сапраўды жывуць яны не на Месяцы.
І розныя сапраўды,
Але як кратэры месяцовыя, нечым падобныя ў сваёй прыродзе.
У асноўным усё ж ціхія, пры любым сходзе.
Але па кватэрах шумяць за сценамі.
Вось жа гэтыя бетонныя замкі.
Акустыка ў іх дасканалая!
Таму добра чуваць
Як начамi стогнуць гражданкi.
***
Пра эканоміку — складаную рэч.
Тут я скажу
Толькі маленькае хоку.
***
Ад дапамогі тут залежыць усё
Ці дасць яе Расія
Сяброўства як цёплы пясок
***
І вось тут надышлі выбары.
Абраны ранейшы яшчэ прэзыдэнт.
А на вуліцах нібыта глыбамі лёду.
Па рэках дарог цячэ кантынгент.
Травяны збор людзей з ідэяй,
Што перамог іншы кандыдат.
Дакладней кандыдатка.
Кантынгент затрымліваюць людзі ў чорным.
Флаг затрыманых называюць «пракладка».
***
Дзіўна бачыць такое
Я — замежнік, я не ўсё разумею тут
Відавочна і мне, аднак, што многіх затрыманых чакае
цёмны кут.
Камера, суд, камера, суд.
Але ў судах няма малаткоў — гэта толькі ў фільмах.
А вось у турме бывае стук.
Там стукаюць зэкi.
Каб размаўляць.
Я такое недзе чытаў, бо чытаць гэта як прычашчацца.
Звяртацца да крыніц інфармацыі.
І асвятляць душу ведамі.
Цікава, калі ты такі злы — гэта следства праф. дэфармацыі?
***
Калі б толькі зразумець народ, што атачае мяне зараз.
Але, мусіць, не прыйшоў час, каб убачыць сутнасць.
***
Ці не пара назад у Беласток?
Я піў тут гарэлку.
Але і ў нас яе хоць залейся.
Дзяўчынкі прыгажэйшыя за мясцовыя краявіды.
Хаця…
Але ж я прыязджаў не за гэтым.
Не ведаю навошта, я стварыў пачатак гэтага квэста
Краіна гэта як цеста.
Сырая.
Прырода яе такая…
Простая.
А людзі яшчэ прасцейшыя.
Дарога назад будзе хутчэйшай.
Аднойчы і я можа быць зразумею, як быў зьвязаны з гэтым месцам.
І вось чамусьці ўсплывае 1508 год.
***
Нібы шчыра ты хочаш сказаць шмат пра іх
Але ня выключана, што гэта скончыцца дрэнна.
Толькі і дадаць, што пажадаць поспеху.
***
Вые вецер.
Х-у-у-у-у.
Дарога вядзе, каб быць можа…
Назад прывесці.
Эх, сэрца, полае быццам похва
Маўчы, не свішчы.
Не наганяй дзіўнай тугі па панураму краю.
Усё ж такі я быццам бы вяртаюся дадому, а не дом пакідаю.
Але хто яго ведае, дзе наш дом, калi шчыра.
Сэрца падкажа — але можа і схлусіць.
Асабліва калі спірт паліць рот.
Гэтае жыццё — старой паперы скрутак.
Жадаеш разгарнуць, але раскрышыш і проста замрэш,
Як удод.
Што тут яшчэ…
Хопіць гуляць па краі.
Хочаш не хочаш — проста ідзі наперад.
Каб адшукаць для сэрдца мёд.
Я еду, я еду.
Як едуць многія…
Многія проста кудысьці ідуць
Магчыма… на тонкі… лёд.
Азораны чырвоным заходам
Там, дзе падае зорка ўніз.
Ну і, ясна халера, усё на гэтым.
Выбiтны Пан Капернік-Уліс.