Абраз «Танец сьмерці» знаходзіцца ў гродзенскім кляштары брыгітак i з'яўляецца ўнікальным для Беларусі творам мастацтва. Твор яўляе серыю сатырычных сцэн з рыфмаванымі польскімі подпісамі. Глядач можа ўбачыць тут важных рэлігійных і свецкіх уладароў, якія ўдзельнічаюць у танцы са смерцю. Аўтар такім чынам прапагандуе ідэю тленнасці існага і роўнасці перад смерцю ўсіх саслоўяў грамадства. Падобны канцэпт быў папулярны ў сярэднявечнай Еўропе, але выкарыстоўваўся і ў эпоху барока. У Рэчы Паспалітай, і асабліва ў ВКЛ, вядома няшмат твораў гэтай тэматыкі. Можна вылучыць, да прыкладу, скульптуру смерці ў віленскім касцёле Св. Пятра і Паўла, каля ног якой ляжаць кароны зямных уладцаў. Аўтарам гродзенскага палатна «Танец сьмерці» меркавана з'яўляецца Францішак Лекшыцкi. Гэтаму мастаку прыпісваюць і аналагічную карціну ў Кракаве, але варыянт з польскага горада — блізкая копія адной з нямецкіх гравюр, а вось гарадзенскі варыянт мае значныя адрозненні. Замест цэнтральнай сцэны карагода, як у кракаўскім і нямецкіх варыянтах, у цэнтры брыгiтскага твора размешчаны чэрці, якiя ловяць людзей вудамі ў нейкім вадаёме. Прынадамі выступаюць сімвалы зямной улады — кароны. Адзін з чарцей мочыцца на габрэя. Карціна, такім чынам, фіксуе антысеміцкія настроі тагачаснага духавенства. Акрамя таго, у цэнтральнай частцы змешчаны «прадстаўнікі станаў» і галава д'ябла, вывяргаючая полымя. Сярод іншых персанажаў, якія атачаюць цэнтральныя сцэны, варта вылучыць Даму — яна адсутнічае на карціне ў Кракаве. Цэнтральным персанажам большасцi мініяцюр з'яўляецца Cмерць, якая танчыць і з самымі ўплывовымі людзьмі, такімі як Папа Рымскi і Iмператар, і з прадстаўнікамі ніжэйшых саслоўяў — Cелянінам і Блазнам. Гродзенская карцiна мае гарызантальны фармат, кракаўская — вертыкальны. Разам з тым, вершаваныя подпісы «Танца смерці» з Кракава ў асноўным адпавядаюць гродзенскім, хоць ёсць і адрозненні.
Можна дапусціць, што прататыпамі для некаторых персанажаў служылі рэальныя гродзенцы. Аднак не месца стварэння, не дакладная датыроўка твора невядомыя спецыялістам. Гіпатэтычна абраз датуецца другой паловай XVII стагоддзя.
Усіх станаў добры сход
Смерць сплятае без турбот
Жывучы заўсёды танчым
А што блізка смерць не бачым
Шчаслівы той хто ад гэтых скокаў
Адпачне паміж неба аблокаў
Няшчасны той хто ў пекла зляціць
Ён дарэмна журботна крычыць
Хоць у цябе ёсць тры кароны
Няма ад смерці абароны
Хай табе ойча гэта не міла
У гэтай п'есе сыграеш шчыра
І я хоць сам непераможны
З табой з'яднаюся як кожны
Уся моц цэзара прападае
Калі рука твая кранае
Даў бы карону ды жэзл свой
Каб танчыць не ісці з табой
Але вось сумна столькі год
Смерць тут водзіць карагод
Кардынала капялюшы
Не хачу а скінуць мушу
Страшна скачуць там дзе граюць
І пра смерць яны гарлаюць
Ты губляеш пастарал
Бо смерць кліча ў танцаў шал
Мітра тут не дапаможа
У труну скачы нябожа
Хай закон не дае шанец
Каб манах тут зладзіў танец
Усе святыя капеланы
Будуць сілай у скокi пханы
Ты не песці гонар княжа
Смерць патанчыць разам кажа
Вельмі хутка Ясны Пане
Тытул твой пагаслым стане
Ня трэба бокі сабе падпіраць
Ты са смерцю будзеш скакаць
Устанеш з крэсла хоць не жадаеш
Калі танец сьмерці тут назіраеш
Як тут твае сухія косці
Смелі ісці на мае вольносці
Не дазваляю скокаў з табой
А ты мяне цягнеш ужо за сабой
І дамамі ты не пагарджаеш
Калі з імі ў танец ісці абяцаеш
Каб танчыць там дзе сірэны гучныя
Спяваюць плачы свае разлучныя
Шоўка даць табе я жадаю
Бо без адзення цябе назіраю
І мяне зараз паўапранутага
Вядзі да танца смерцi згубнага
І ты селянін працай змучаны
Са смерцю ў танцы будзеш злучаны
Гэтая дама танчыць з аратым
Гэтак жа як з чалавекам багатым
Непрыстойныя туркі i жыды мярзотнiкi
І з вамі смерць ходзiць у скокi
Не хвалюе яе жыдоўскi смурод
Яна з усімі вядзе карагод
Зараз твае дзіцячыя жарты
I гроша нават будуць не вартыя
Цяжка ўцёкі тут так згуляць
Каб са смерцю не жартаваць
Выкарыстана фота карціны да рэстаўрацыі.