Джозэф Рэдзьярд Кіплінг Казкі

Адкуль у кіта такая глотка


Гэта было даўно, мой мілы хлопчык. Жыў-быў Кіт. Ён плаваў па моры і еў рыбу. Ён еў і ляшчоў, і яршоў, і бялугу, і сяўругу, і селядца, і селядцову цётку, і плотачку, і яе сястрычку, і шустрага, жвавага ўюна-вертуна вугра. Якая рыба трапіцца, тую і з'есць. Разявіць рот, гам — і гатова!

Так што ўрэшце ва ўсім моры ацалела адна толькі Рыбка, ды і тая Малютка-Колюшка. Гэта была хітрая Рыбка. Яна плавала побач з Кітом, каля самага яго правага вуха, каб ён не мог яе праглынуць. Толькі тым і ратавалася. Але вось ён устаў на свой хвост і сказаў:

— Есці хачу!

І маленькая хітранькая Рыбка сказала яму маленькім хітранькім голасам:

— Ці каштавала ты чалавека, высакароднае і велікадушнае стварэнне?

— Не, — адказаў Кіт. — А які ён на смак?

— Вельмі смачны, — сказала Рыбка. — Смачны, ды толькі крыху калючы.

— Ну, дык прынясі мне іх сюды з паўдзесятка, — сказаў Кіт і так ударыў хвастом па вадзе, што ўсё мора пакрылася пенай.

— Хопіць табе і аднаго! — сказала Малютка-Колюшка. — Плыві да саракавога градуса паўночнай шыраты і да пяцідзесятага градуса заходняй даўгаты (гэтыя словы чарадзейныя), і ты ўбачыш сярод мора плыт. На плыце сядзіць Марак. Яго карабель пайшоў на дно. Толькі і адзення на ім, што сінія палатняныя штаны ды падцяжкі (не забудзься пра гэтыя падцяжкі, мой хлопчык!) ды паляўнічы нож. Але я павінна сказаць табе па праўдзе, што гэты чалавек вельмі знаходлівы, разумны і адважны.

Кіт памчаўся што было сілы. Плыў, плыў і даплыў куды сказана: да пяцідзесятага градуса заходняй даўгаты і саракавога градуса паўночнай шыраты. Бачыць, і праўда: пасярод мора— плыт, на плыце — Марак, і болей нікога. На Мараку сінія палатняныя штаны ды падцяжкі (глядзі ж, мой мілы хлопчык, не забудзься пра падцяжкі!) ды збоку каля пояса паляўнічы нож, і болей нічога. Сядзіць Марак на плыце, а ногі звесіў у ваду. (Яго мама дазволіла яму боўтаць голымі нагамі ў вадзе, інакш ён не боўтаў бы, бо ён быў вельмі разумны і адважны.)

Рот у Кіта разяўляўся ўсё шырэй, і шырэй, і шырэй і разявіўся ледзь не да самага хваста. Кіт праглынуў і Марака, і яго плыт, і яго сінія палатняныя штаны, і падцяжкі (калі ласка, не забудзься пра падцяжкі, мой мілы!), і нават паляўнічы нож. Усё правалілася ў тую цёплую і цёмную камору, якая завецца страўнікам Кіта. Кіт аблізнуўся — вось так! — і тры разы павярнуўся на хвасце.

Але як толькі Марак, які быў вельмі разумны і адважны, апынуўся ў цёмнай і цёплай каморы, якая завецца страўнікам Кіта, ён давай куляцца, брыкацца, кусацца, біць, малаціць, і ляпаць, і тупаць, і стукаць, брынчаць, і ў такім непадыходзячым месцы пачаў скакаць гапака, што Кіт адчуў сябе вельмі кепска. (Спадзяюся, ты не забыўся пра падцяжкі?)

І сказаў ён Малютцы-Колюшцы:

— Не падабаецца мне чалавек, не па густу. У мяне ад яго ікаўка. Што рабіць?

— Ну, дык скажы яму, каб выскачыў вон, — параіла Малютка-Колюшка.

Кіт крыкнуў у свой жа рот:

— Гэй ты, выходзь! І, глядзі, паводзь сябе як трэба. У мяне праз цябе ікаўка.

— Ну не! — сказаў Марак. — Мне і тут добра! Вось калі ты завязеш мяне да маіх родных берагоў, да белых скал Англіі, тады я, можа, падумаю, выходзіць мне ці аставацца.

І ён яшчэ мацней затупаў нагамі.

— Нічога не зробіш, вязі яго дадому, — сказада хітрая Рыбка Кіту. — Я ж казала табе, што ён вельмі разумны і адважны.

Кіт паслухаўся і пусціўся ў дарогу. Ён плыў і плыў, і плыў, працуючы ўсю дарогу хвастом і двума плаўнікамі, хоць яму вельмі перашкаджала ікаўка.

Нарэшце ўдалечыні паказаліся белыя скалы Англіі. Кіт падплыў да самага берага і пачаў разяўляць сваю пашчу ўсё шырэй, і шырэй, і шырэй, і шырэй — і сказаў Чалавеку:

— Пара выходзіць. Перасадка. Бліжэйшыя станцыі: Вінчэстэр, Ашуэлот, Нашуа, Кіні і Фічбара.

Ледзь ён сказаў: «Фіч!» — з рота ў яго выскачыў Марак. Гэты Марак і сапраўды быў вельмі разумны і адважны. Седзячы ў жываце ў Кіта, ён не траціў марна часу: ножыкам пашчапаў свой плыт на тонкія лучынкі, склаў іх крыж-накрыж і моцна звязаў падцяжкамі (цяпер ты разумееш, чаму табе не трэба было забываць пра падцяжкі!), і ў яго атрымалася рашотка, якой ён і загарадзіў Кіту горла. Пры гэтым ён сказаў чароўныя словы. Ты гэтых слоў не чуў, і я з прыемнасцю скажу іх табе. Ён сказаў:


— Паставіў я рашотку,

Кіту заткнуў я глотку.


З гэтымі словамі ён скочыў на бераг, на дробныя каменьчыкі, і пайшоў да сваёй Мамы, якая дазваляла яму хадзіць па вадзе басанож. Потым ён ажаніўся і быў вельмі шчаслівы. Кіт таксама ажаніўся і таксама быў вельмі шчаслівы. Але ад гэтага дня і на векі вечныя ў яго ў горле стаяла рашотка, якую ён не мог ні праглынуць, ні выплюнуць. Праз гэтую рашотку да яго ў горла трапляла толькі дробная рыбка. Вось чаму ў наш час Кіты ўжо не глытаюць людзей. Яны не глытаюць нават маленькіх хлопчыкаў і маленькіх дзяўчынак.

А хітрая Рыбка паплыла і схавалася ў твані пад самым парогам Экватара. Яна думала, што Кіт раззлаваўся, і баялася паказацца яму на вочы.

Марак узяў з сабою свой паляўнічы нож. Сінія палатняныя штаны былі па-ранейшаму на ім, калі ён крочыў па каменьчыках каля самага мора. Але падцяжак на ім ужо не было. Яны асталіся ў горле ў Кіта. Імі былі звязаны лучынкі, з якіх Марак зрабіў рашотку. Вось і ўсё. Гэтай казцы канец.


Калі ў вокнах каюты

Зялёная цьма,

І пырскі ўзлятаюць

Да труб,

І ўстаюць пахвілінна

То нос, то карма,

А слуга, што падносіць вам

Суп,

Нечакана так валіцца

У куб, —

Калі хлопчык ад рання

Неадзеты сядзіць

І мяшком на падлозе

Яго нянька ляжыць,

Калі хвалі страшэнна

Равуць за кармой

І ніхто не смяецца,

Не п'е і не есць, —

Вось тады для нас ясна,

Што значаць сабой:

Сорак Норд,

Пяцьдзесят Вест!


Загрузка...