Гэта толькі цяпер, мілы мой хлопчык, у Слана ёсць хобат. А раней, даўным-даўно, ніякага хобата не было ў Слана. Быў толькі нос, падобны на аладку, чорненькі, велічынёю з чаравік. Гэты нос матляўся ва ўсе бакі, але ўсё ж быў нікуды не варты: хіба можна такім носам падняць што-небудзь з зямлі?
Але вось у той самы час, даўным-даўно, жыў адзін такі Слон, або, лепш сказаць, Слонік, які быў страшэнна дапытлівы, і каго, бывала, ні ўбачыць, да ўсіх прыстае з роспытамі. Жыў ён у Афрыцы, і да ўсёй Афрыкі прыставаў ён з роспытамі.
Ён прыставаў да Страўсіхі, сваёй даўгавязай цёткі, і пытаўся, чаму ў яе на хвасце пёры растуць так, а не гэтак, і даўгавязая цётка Страўсіха давала яму за гэта грымака сваёй цвёрдай, як камень, нагой.
Ён прыставаў да свайго даўганогага дзядзькі Жырафа і пытаўся, чаму ў яго на скуры плямы, і высачэзны дзядзька Жыраф даваў яму за гэта грымака сваім цвёрдым, як камень, капытом.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці.
І ён пытаўся ў сваёй тоўстай цёткі Бегемоціхі, чаму ў яе такія чырвоныя вочы, і тоўстая цётка Бегемоціха давала яму за гэта грымака сваім тоўстым капытом.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці. Ён пытаўся ў свайго валасатага дзядзькі Павіяна, чаму ўсе дыні такія салодкія, і валасаты дзядзька Павіян даваў яму за гэта грымака сваёй махнатай, валасатай лапай.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці. Што б ён ні ўбачыў, што б ён ні пачуў, што б ні панюхаў, да чаго б ні дакрануўся — ён зараз жа пытаўся пра ўсё і зараз жа атрымліваў грымака ад усіх сваіх дзядзькоў і цётак.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці. І здарылася так, што ў адну прыгожую раніцу, незадоўга да раўнадзенства, гэты самы Слонік — назола і прыставака — запытаў пра адну такую рэч, пра якую яшчэ ніхто ніколі не пытаўся. Ён запытаў:
— Што есць у абед Кракадзіл?
Усе спалохана і моцна закрычалі:
— Т-с-с-с-с!
І зараз жа, без лішніх слоў, пачалі сыпаць яму грымакі.
Білі яго доўга, без перадышкі, але калі скончылі біць, ён зараз жа падбег да цярноўніку і сказаў птушцы Калакола, якая там сядзела:
— Мой бацька біў мяне, і мая маці біла мяне, і ўсе мае цёткі білі мяне, і ўсе мае дзядзькі білі мяне за празмерную маю дапытлівасць, і ўсё ж мне страшэнна хацелася б ведаць, што есць у абед Кракадзіл?
І сказала птушка Калакола, сумна і горка ўсхліпваючы:
— Ідзі да берага соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, дзе растуць атрутныя дрэвы, якія наганяюць трасцу. Там ты даведаешся пра ўсё.
На другі ж дзень, калі ад раўнадзенства нічога не засталося, гэты дапытлівы Слонік набраў бананаў — цэлых сто фунтаў! — і цукровага трысця — таксама сто фунтаў! — і семнаццаць зялёных хрусткіх дыняў, узваліў усё гэта на плечы і, далікатна развітаўшыся са сваімі мілымі сваякамі, выправіўся ў дарогу.
— Бывайце! — сказаў ён ім. — Я іду да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо; там растуць дрэвы, яны наганяюць трасцу, і я даведаюся ўсё-такі, што есць у абед Кракадзіл.
І сваякі яшчэ раз добра ўсыпалі яму на развітанне, хоць ён вельмі далікатна прасіў іх не турбавацца.
І ён пайшоў ад іх, крыху пабіты, але не вельмі здзіўлены. Еў па дарозе дыні, а шкарлупіну кідаў на зямлю, бо падбіраць гэтыя шкарлупіны яму не было чым.
З горада Грэма ён пайшоў у Кімберлей, з Кімберлея ў Хамаву зямлю, з Хамавай зямлі на ўсход і на поўнач і ўсю дарогу частаваўся дынямі, пакуль, нарэшце, не прыйшоў да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, акружанай якраз такімі дрэвамі, як казала птушка Калакола.
А трэба табе ведаць, мой мілы хлопчык, што да таго самага тыдня, да таго самага дня, да той самай гадзіны, да той самай хвіліны наш дапытлівы Слонік ніколі не бачыў Кракадзіла і нават не ведаў, што гэта такое. Уяві ж сабе яго цікаўнасць!
Першае, што кінулася яму ў вочы, — быў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, які абкруціўся вакол нейкай скалы.
— Прабачце, калі ласка! — сказаў Слонік вельмі далікатна. — Ці не сустракаўся вам дзе-небудзь недалёка адгэтуль Кракадзіл? Тут так лёгка заблудзіцца.
— Ці не сустракаўся мне Кракадзіл? — злосна перапытаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Знайшоў пра што пытацца!
— Прабачце, калі ласка! — казаў далей Слонік. — Ці не можаце вы сказаць мне, што есць Кракадзіл у абед?
Тут Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, не мог ужо больш стрымацца, хуценька раскруціўся і велізарным хвастом даў Слоніку грымака. А хвост у яго быў як цэп і ўвесь пакрыты лускою.
— Вось дык дзіва! — сказаў Слонік. — Мала таго, што мой бацька біў мяне, і мая маці біла мяне, і мой дзядзька біў мяне, і мая цётка біла мяне, і другі мой дзядзька, Павіян, біў мяне, і другая цётка, Бегемоціха, біла мяне, і ўсе як ёсць білі мяне за страшэнную маю дапытлівасць, — тут, як бачу я, пачынаецца тая ж самая гісторыя.
І ён вельмі ветліва развітаўся з Двухкаляровым Пітонам, Скалістым Змеем, дапамог яму зноў абкруціцца вакол скалы і пайшоў сабе далей; хоць яму нямала ўсыпалі, ён не вельмі дзівіўся гэтаму, а зноў узяўся за дыні і зноў кідаў шкарлупіну на зямлю, — бо, паўтараю, чым бы ён яе падымаў? — і хутка напаткаў нейкае бервяно, якое валялася каля самага берага соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, акружанай дрэвамі, што наганяюць трасцу.
Але на самай справе, мой мілы хлопчык, гэта было не бервяно, гэта быў Кракадзіл. І падміргнуў Кракадзіл адным вокам — вось так!
— Прабачце, калі ласка! — звярнуўся да яго Слонік вельмі ветліва. — Ці не здаралася вам сустрэць дзе-небудзь блізка ў гэтых мясцінах Кракадзіла?
Кракадзіл падміргнуў другім вокам і высунуў напалавіну свой хвост з вады. Слонік (зноў-такі вельмі ветліва!) адступіўся назад, бо новыя грымакі не цікавілі яго.
— Падыдзі бліжэй, мая крошка! — сказаў Кракадзіл. — Табе, уласна кажучы, навошта гэта патрэбна?
— Прабачце, калі ласка! — сказаў Слонік вельмі ветліва. — Мой бацька біў мяне, і мая маці біла мяне, мая даўганогая цётка Страўсіха біла мяне, і мой даўганогі дзядзька Жыраф біў мяне, мая другая цётка, тоўстая Бегемоціха, біла мяне, і другі мой дзядзька, калматы Павіян, біў мяне, і Пітон Двухкаляровы, Скалісты Змей, вось толькі што біў мяне балюча-балюча і цяпер — не ў крыўду хай вам будзе сказана — я не хацеў бы, каб мяне білі зноў.
— Падыдзі сюды, мая крошка, — сказаў Кракадзіл, — бо я і ёсць Кракадзіл.
І ён заплакаў кракадзілавымі слязамі, каб паказаць, што ён і сапраўды Кракадзіл.
Слонік страшэнна ўзрадаваўся. У яго захапіла дух, ён упаў на калені і крыкнуў:
— Вось вы мне і трэба! Я гэтулькі дзён шукаю вас! Скажыце мне, калі ласка, хутчэй, што вы ясце ў абед?
— Падыдзі бліжэй, мой маленькі, я шапну табе на вушка.
Слонік нагнуў галаву блізка-блізка да зубастай, ікластай кракадзілавай пашчы, і Кракадзіл схапіў яго за маленькі носік, які да гэтага самага тыдня, да гэтага самага дня, да гэтай самай гадзіны, да гэтай самай хвіліны быў ніколькі не большы за чаравік.
— Мне здаецца, — сказаў Кракадзіл, і сказаў гэта скрозь зубы, вось так — мне здаецца, што сёння на першую страву ў мяне будзе малады Слонік.
Слоніку, мой мілы хлопчык, гэта страшэнна не спадабалася, і ён сказаў праз нос:
— Пуздзідзе бядзе, бдзе вельмі балідзь! (Пусціце мяне, мне вельмі баліць!)
Тут Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, кінуўся са скалы і сказаў:
— Калі ты, о мой юны дружа, зараз жа не падасіся назад, колькі хопіць у цябе тваёй сілы, то мая думка такая, што не паспееш ты сказаць «раз, два, тры!», як, у выніку тваёй гутаркі з гэтым скураным мяшком (так ён велічаў Кракадзіла), ты трапіш туды, у той празрысты струмень…
Двухкаляровыя Пітоны, Скалістыя Змеі, заўсёды гавораць вось так.
Слонік сеў на заднія ножкі і пачаў цягнуць. Ён цягнуў, і цягнуў, і цягнуў, і нос у яго пачаў выцягвацца. А Кракадзіл адступіў далей у ваду, успеніў яе, нібы ўзбітыя вяршкі, цяжкімі ўдарамі свайго хваста, і таксама цягнуў, і цягнуў, і цягнуў.
І нос у Слоніка выцягваўся, і Слонік растапырыў усе чатыры нагі, такія маленечкія слановыя ножкі, і цягнуў, і цягнуў, і цягнуў, і нос у яго ўсё выцягваўся. І Кракадзіл біў хвастом, нібы вяслом, і таксама цягнуў, і цягнуў, і чым больш ён цягнуў, тым даўжэй выцягваўся ў Слоніка нос, і балюча было гэтаму носу страшэн-н-н-н-на!
І раптам Слонік адчуў, што ножкі яго заслізгалі па зямлі, і ён закрычаў праз нос, які зрабіўся ў яго амаль што пяць футаў даўжынёю:
— Хобідзь! Пакідзьце! Я больш дзе багу!
Пачуў гэта Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, кінуўся ўніз са скалы, абкруціўся двайным вузлом вакол задніх ног Слоніка і сказаў:
— О, нявопытны і легкадумны падарожны! Мы павінны напружыцца колькі можна, бо ўражанне ў мяне такое, што гэты ваенны карабель з жывым вінтом і браніраванай палубай, — так велічаў ён Кракадзіла, — хоча загубіць тваё будучае…
Двухкаляровыя Пітоны, Скалістыя Змеі, заўсёды гавораць так.
І вось цягне Змей, цягне Слонік, але цягне і Кракадзіл. Цягне, цягне, але таму што Слонік і Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, цягнуць мацней, то Кракадзіл урэшце выпусціў носік Слоніка і адляцеў назад з такім плёскатам, што чуваць было па ўсёй Лімпапо.
А Слонік як стаяў, так і сеў і вельмі балюча выцяўся, але ўсё ж паспеў сказаць Двухкаляроваму Пітону, Скалістаму Змею, дзякуй, хоць, праўду сказаць, яму было не да таго: трэба было хутчэй заняцца выцягнутым носам — абгарнуць яго халаднаватымі лістамі бананаў і апусціць у ваду соннай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, каб ён хоць крыху астыў.
— Навошта ты гэта робіш? — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей.
— Выбачайце, калі ласка, — сказаў Слонік, — нос у мяне страціў ранейшы выгляд, і я чакаю, каб ён зноў зрабіўся кароценькі.
— Доўга ж табе прыйдзецца чакаць, — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Проста дзіўна, як некаторыя не разумеюць сваёй выгады!
Слонік прасядзеў над вадою тры дні і ўсё чакаў, ці не зробіцца яго нос карацейшым. Але нос не рабіўся карацейшым, і — мала таго — з-за гэтага носа вочы ў Слоніка зрабіліся крыху касымі.
Таму што, мой мілы хлопчык, ты, спадзяюся, ужо здагадаўся, што Кракадзіл выцягнуў Слоніку нос у сама сапраўдны хобат — якраз такі, якія ёсць у цяперашніх Сланоў.
Пад канец трэцяга дня прыляцела якаясьці муха і ўкусіла Слоніка за плячо, і ён, сам не заўважаючы, што робіць, падняў хобат, стукнуў хобатам муху — і забіў яе насмерць.
— Вось табе і першая выгада! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Ну, памяркуй сам: мог бы ты зрабіць што-небудзь такое сваім ранейшым маленечкім носам? Дарэчы, ці не хочаш есці?
І Слонік, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, пацягнуўся хобатам да зямлі, сарваў добры пучок травы, шлёпнуў ім аб пярэднія ногі, каб сцерушыць з яго пыл, і зараз жа сунуў сабе ў рот.
— Вось табе і другая выгада! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Паспрабаваў бы ты зрабіць гэта сваім ранейшым маленечкім носам! Дарэчы, ці заўважыў ты, што сонца пачало надта прыпякаць?
— Бадай што і так! — сказаў Слонік.
І, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, зачэрпнуў сваім хобатам з соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо ілу і шлёпнуў яго сабе на галаву; іл расплыўся мокрай аладкай, і за вушы Слоніку пацяклі цэлыя ручаі вады.
— Вось табе трэцяя выгада! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Паспрабаваў бы ты зрабіць гэта сваім ранейшым маленечкім носам! І, дарэчы, што ты цяпер думаеш наконт грымакоў?
— Выбачайце, калі ласка, — сказаў Слонік, — але я, сапраўды, не люблю грымакоў.
— А ўсыпаць каму-небудзь іншаму? — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей.
— Гэта я з радасцю! — сказаў Слонік.
— Ты яшчэ не ведаеш свайго носа! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Гэта проста скарб, а не нос. Усыпле каму хочаш.
— Дзякуй вам, — сказаў Слонік, — я прыму гэта да ведама. А цяпер мне пара дамоў. Я пайду да мілых сваякоў і праверу мой нос.
І пайшоў Слонік па Афрыцы, забаўляючыся і памахваючы хобатам.
Захочацца яму фруктаў — ён зрывае фрукты проста з дрэва, а не стаіць і не чакае, як раней, каб яны зваліліся на зямлю.
Захочацца яму траўкі — ён ірве яе проста з зямлі, а не бухаецца на калені, як бывала.
Мухі назаляюць яму — ён сарве з дрэва галінку і махае ёю, як веерам. Прыпякае сонца — ён апусціць свой хобат у раку, і вось на галаве ў яго халодная, мокрая нашлёпка. Сумна яму аднаму бадзяцца без справы па Афрыцы — ён іграе хобатам песні, і хобат у яго званчэйшы за сотню медных труб.
Ён знарок звярнуў з дарогі, каб адшукаць таўстуху Бегемоціху, добра ўсыпаць ёй і праверыць, ці праўду сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, пра яго новы нос. Набіўшы Бегемоціху, ён пайшоў па ранейшай дарозе і падбіраў з зямлі тыя шкарлупіны дыняў, якія раскідваў па дарозе да Лімпапо, — бо ён быў Ахайным Таўстаскурым.
Сцямнела ўжо, калі ў адзін прыгожы вечар ён прыйшоў дамоў да сваіх мілых сваякоў. Ён згарнуў хобат у кальцо і сказаў:
— Добры вечар! Як маецеся?
Яны страшэнна ўзрадаваліся яму і зараз жа ў адзін голас сказалі:
— Хадзі, хадзі сюды, мы дамо табе грымакоў за нясцерпную тваю дапытлівасць.
— Эх вы! — сказаў Слонік. — Многа вы разумееце ў грымаках! Вось я дык сапраўды разумею ў гэтай справе. Хочаце, пакажу?
І ён разгарнуў свой хобат, і зараз жа два яго мілыя брацікі паляцелі ад яго дагары нагамі.
— Клянёмся бананамі! — закрычалі яны. — Дзе гэта ты так навастрыўся і што ў цябе такое з носам?
— Гэты нос у мяне новы, і даў мне яго Кракадзіл на соннай, смуроднай, мутна-зялёнай рацэ Лімпапо, — сказаў Слонік. — Я завёў з ім гутарку пра тое, што ён есць у абед, і ён падарыў мне на памяць новы нос.
— Брыдкі нос! — сказаў валасаты, калматы дзядзька Павіян.
— Можа, і так, — сказаў Слонік, — але карысны!
І ён схапіў валасатага дзядзьку Павіяна за валасатую нагу, разгайдаў і закінуў яго ў асінае гняздо.
І так расхадзіўся гэты сярдзіты Слонік, што набіў усіх сваіх мілых сваякоў. Біў ён іх, біў, так што ім горача зрабілася. Тыя вытрашчылі на яго вочы ад здзіўлення. Ён выскуб у даўгавязай цёткі Страўсіхі ледзь не ўсё пер'е з хваста; ён ухапіў даўганогага дзядзьку Жырафа за заднюю нагу і павалок яго па цярновых кустах; з гіканнем пачаў ён пускаць пузыры прама ў вуха сваёй тоўстай цётцы Бегемоцісе, калі тая драмала ў вадзе пасля абеду, але нікому не дазваляў крыўдзіць птушку Калакола.
Справа дайшла да таго, што ўсе яго сваякі — хто раней, хто пазней — пайшлі да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, акружанай дрэвамі, якія наганяюць на людзей трасцу, каб і ім падарыў Кракадзіл па такім самым носе.
Вярнуўшыся, сваякі ўжо болей не біліся, і ад таго часу, мой хлопчык, ва ўсіх сланоў, якіх ты калі-небудзь убачыш, ды і ў тых, якіх ты ніколі не ўбачыш, ва ўсіх такі самы хобат, як у гэтага дапытлівага Слоніка.
Ёсць у мяне шасцёра слуг,
Рухавых, баявых,
І ўсё, што бачыў я наўкруг, —
Я ведаю ад іх.
Яны па знаку па майму
З'яўляюцца ў бядзе.
Слуг гэтых клічуць: Як, Чаму,
Хто, Што, Калі і Дзе.
Я слуг па морах, па лясах
Ганяю, крычучы.
Пасля заўжды працую сам,
А ім даю спачын.
Я раніцой, калі ўстаю,
Бяруся працаваць,
А ім свабоду я даю, —
Няхай крыху паспяць.
Але ў мяне ёсць мілы друг,
Асоба вось адна.
Ёй служаць сотні тысяч слуг —
Спакою ўсім няма.
Яна ганяе, як сабак,
Улетку і ўзіму
Пяць тысяч Дзе, сем тысяч Як
І сто тысяч Чаму!