Вось табе, мой любенькі хлопчык, новая цудоўная казка — зусім адметная, не падобная на ўсе астатнія, — казка пра наймудрэйшага цара Сулеймана-ібн-Дауда. На свеце ёсць трыста пяцьдзесят казак пра Сулеймана-ібн-Дауда; але гэтая казка не з іх. Гэтая казка — пра Матылька, які тупнуў нагою.
Дык слухай жа, слухай уважліва.
Сулейман-ібн-Дауд быў мудрэц. Ён разумеў, што гавораць звяры, што гавораць птушкі, што гавораць рыбы, што гавораць насякомыя. Ён разумеў, што гавораць камяні глыбока пад зямлёю, калі яны душаць адзін аднаго і стогнуць. І ён разумеў, што гавораць дрэвы, калі яны шамацяць лісцем на досвітку. Ён разумеў усіх — і асу, і лісу, і ясень у лесе. І прыгожая царыца Балкіда, яго Першая і Галоўная царыца, была амаль гэтакая ж мудрая.
Сулейман-ібн-Дауд быў магутны. На сярэднім пальцы правай рукі ён насіў залаты пярсцёнак. Варта было яму пакруціць гэты пярсцёнак, як з-пад зямлі выляталі Афрыты і Джыны і рабілі ўсё, што ён пажадае ім загадаць. А варта было яму пакруціць пярсцёнак два разы, з неба спускаліся Феі і рабілі таксама ўсё, што ён загадае. Калі ж ён пакручваў свой пярсцёнак тры разы, перад ім з'яўляўся з мячом сам вялікі анёл Азраіл у адзенні звычайнага ваданоса і паведамляў яму пра ўсё, што адбываецца на зямлі, на небе і пад зямлёю.
І ўсё-такі Сулейман-ібн-Дауд быў чалавек вельмі сціплы. Ён амаль ніколі не выхваляўся, а калі яму і здаралася пахваліцца, ён пасля шкадаваў аб гэтым і каяўся.
Аднойчы ён абвясціў, што хоча накарміць за адзін дзень усіх звяроў, якія толькі існуюць на свеце, але, калі ён прыгатаваў яду, з глыбіні мора выплыў нейкі вялікі Звяруга і зжор усё за тры глыткі. Сулейман-ібн-Дауд быў вельмі здзіўлены і сказаў:
— О Звяруга, хто ты такі?
І Звяруга адказаў:
— О валадар! Будзь здаровы на векі вякоў! Я сама маленькі з трыццаці тысяч братоў, і мы жывём на дне мора. Мы дачуліся, што ты хочаш накарміць усіх звяроў, якія толькі ёсць на свеце, і мае браты паслалі мяне даведацца ў цябе, ці хутка будзе абед.
Сулейман-ібн-Дауд быў страшэнна здзіўлены і сказаў:
— О Звяруга, ты зжор увесь абед, што прыгатаваў я для ўсіх звяроў, якія толькі ёсць на свеце.
І сказаў яму Звяруга:
— О Валадар, будзь здаровы на векі вякоў! Але няўжо ты і сапраўды называеш гэта абедам? Там, адкуль я прыйшоў, кожнаму з нас трэба ў два разы больш яды, каб перакусіць паміж абедам і вячэрай.
Тады Сулейман-ібн-Дауд паваліўся ніцма перад ім і ўсклікнуў:
— О Звяруга, я прыгатаваў гэты абед, каб паказаць усім, які я вялікі і багаты цар, а зусім не таму, што я і папраўдзе люблю звяроў. Цяпер я пасаромлены, і хай будзе мне гэта добрай навукай.
Сулейман-ібн-Дауд быў і напраўду мудрэц, мой любенькі хлопчык. Пасля гэтага выпадку ён ужо ніколі не забываўся, што выхваляцца неразумна. І вось цяпер якраз і пачынаецца сапраўдная казка.
У Сулеймана-ібн-Дауда было много жонак. У яго было дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, калі не лічыць найпрыгажэйшай Балкіды. Усе яны жылі ў вялікім залатым палацы пасярод цудоўнага саду з фантанамі.
На самай справе Сулейману-ібн-Дауду зусім не патрэбны былі дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, але ў тыя часы кожны меў па некалькі жонак, так што цар, вядома, мусіў браць сабе яшчэ больш, каб паказаць, што ён цар.
Адны з іх былі красуні, другія проста ўродзіны. Непрыгожыя вечна варагавалі з красунямі, і тыя ад гэтага таксама рабіліся пачварамі, і ўсе яны сварыліся з Сулейманам-ібн-Даудам, што прычыняла яму вялікія пакуты. Адна толькі цудоўная Балкіда ніколі не сварылася з Сулейманам-ібн-Даудам, бо дужа яна кахала яго. Яна альбо сядзела ў сябе ў залатым палацы, альбо гуляла па садзе, і ёй было вельмі шкада Сулеймана-ібн-Дауда.
Вядома, каб ён захацеў пакруціць у сябе на пальцы пярсцёнак і паклікаць Джынаў і Афрытаў, яны ператварылі б усіх яго дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак у белых асліц, або ў хартоў, або ў зярняткі граната. Але Сулейман-ібн-Дауд баяўся зноў аказацца выхвалякам.
Таму, калі яго крыклівыя жонкі сварыліся ўжо занадта моцна, ён толькі сыходзіў у зацішны куточак свайго саду пры палацы і праклінаў тую часіну, калі ён нарадзіўся на свет.
Аднойчы здарылася так, што яны сварыліся ўжо тры тыдні запар — усе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак. Сулейман-ібн-Дауд сышоў ад іх, як звычайна, у ціхі закутак саду. І сярод апельсінавых дрэў ён сустрэў Балкіду Найпрыгажэйшую. І яна сказала:
— О пане мой, святло вачэй маіх, пакруці ў сябе на пальцы пярсцёнак і пакажы гэтым эгіпецкім, месапатамскім, кітайскім, персідскім царыцам, які ты вялікі і грозны валадар.
Але Сулейман-ібн-Дауд захітаў галавою і адказаў:
— О пані мая, радасць жыцця майго, успомні Звяругу, што выплыў з марской глыбіні і асарамаціў мяне перад усімі звярамі, якія толькі ёсць на зямлі, за тое, што я надумаўся павыхваляцца. Цяпер, калі я пачну выхваляцца перад гэтымі персідскімі, абісінскімі, кітайскімі, эгіпецкімі царыцамі толькі таму, што яны дакучаюць мне сваёю балбатнёю, я магу яшчэ горш асарамаціцца.
І Балкіда Найпрыгажэйшая сказала ў адказ:
— О пане мой, скарб душы маёй, што ж ты будзеш рабіць?
І Сулейман-ібн-Дауд адказаў:
— О пані мая, уцеха сэрца майго, давядзецца аддаць свой лёс у рукі тых дзевяцісот дзевяноста дзевяці царыц, якія выводзяць мяне з цярпення сваімі няспыннымі сваркамі.
І ён пайшоў міма лілеяў і японскіх лакатаў, міма ружаў, каннаў і духмянага імбіру, што раслі ў садзе, і прыйшоў да вялізнага камфорнага дрэва, якое празвалі Камфорнае Дрэва Сулеймана-ібн-Дауда.
А Балкіда схавалася між высокіх касачоў, плямістага бамбуку і чырвоных лілеяў, каб быць бліжэй да свайго каханага Сулеймана-ібн-Дауда.
У гэты час пад дрэвам праляталі два матылькі. Яны сварыліся.
Сулейман-ібн-Дауд пачуў, што адзін з іх сказаў другому:
— Як ты смееш гаварыць са мною гэтак непачціва і груба? Хіба ты не ведаеш, што варта мне тупнуць нагою — і ўзачнецца навальніца, і ўвесь палац Сулеймана-ібн-Дауда, і ўвесь гэты сад праваляцца ў тартарары!
Тады Сулейман-ібн-Дауд забыўся на ўсіх сваіх дзевяцьсот дзевяноста дзевяць сварлівых жонак і засмяяўся. Ён смяяўся з самахвальства Матылька, і смяяўся гэтак доўга, што затрэслася нават камфорнае дрэва. І ён выставіў палец і сказаў:
— Ану, хадзі ты сюды, чалавечак!
Матылёк страшэнна спалохаўся, але нічога не зробіш, давялося яму падляцець да Сулеймана-ібн-Дауда і сесці, трапечучы крыльцамі, на яго выстаўлены палец. Сулейман-ібн-Дауд нахіліў галаву і ціхенька прашаптаў:
— Ах, чалавечак, ты ж цудоўна ведаеш, што, колькі б ты ні тупаў нагою, ад гэтага не зварухнецца нават травінка! Чаму ж ты гэтак бессаромна лжэш сваёй жонцы? Гэта ж праўда, што яна твая жонка?
Матылёк паглядзеў на Сулеймана-ібн-Дауда і ўбачыў наймудрэйшыя вочы цара, што зіхацелі, як зоркі ў марозную ноч. І ён склаў крыльцы, і схіліў галаву, і сабраў усю сваю мужнасць, і сказаў:
— Сапраўды, гэта мая жонка, а ты сам добра ведаеш, што яны такое, нашы жонкі.
Сулейман-ібн-Дауд ухмыльнуўся ў бараду і адказаў:
— Так, браце мой, гэта я вельмі добра ведаю.
— Трэба ж трымаць іх у паслухмянасці, — сказаў Матылёк. — А мая жонка лае мяне ўжо ўсю раніцу, я і настрашыў яе, каб яна перастала бушаваць і сварыцца.
І Сулейман-ібн-Дауд сказаў:
— Што ж, можа, гэта і сапраўды ўціхамірыць яе. Ідзі да свае жонкі, о браце мой, а я паслухаю, што ты ёй скажаш.
Паляцеў Матылёк назад да сваёй жонкі, якая сядзела пад лісцікам і дрыжала ад страху.
І яна ўсклікнула:
— Ён чуў твае словы! Сулейман-ібн-Дауд чуў, што ты сказаў!
— Чуў, — адказаў Матылёк. — Я і хацеў, каб ён чуў.
— І што ж ён сказаў? О, што ж ён сказаў?
— Ну, — адказаў Матылёк, важна памахваючы крыльцамі, — між намі, дарагая, (вядома, я не асуджаю яго, бо палац вельмі дорага каштуе, ды і апельсіны якраз даспяваюць). Зрэшты, ён прасіў мяне не тупаць, і я паабяцаў, што не тупну.
— Божа мой! — усклікнула жонка Матылька і прыціхла, а Сулейман-ібн-Дауд смяяўся да слёз з нахабства гэтага прайдзісвета.
Балкіда Найпрыгажэйшая стаяла за дрэвам сярод пунсовых лілеяў і ўсміхалася ўпотай, бо яна чула ўсю размову. І яна падумала: «Калі я і праўда мудрая, я магу збавіць свайго каханага ад дакучлівых сварлівых царыц». Яна выставіла палец і ціхенька прашаптала жонцы Матылька:
— Малюсенькая жанчына, хадзі-тка сюды!
Матыліха страшэнна спужалася, ды нічога не зробіш, яна падляцела да Балкіды і села на яе белую руку.
Балкіда нахіліла сваю прыгожую галаву і прашаптала:
— Малюсенькая жанчына, няўжо ты і праўда паверыла таму, што сказаў табе муж?
Матыліха зірнула на Балкіду і ўбачыла вочы Найпрыгажэйшай царыцы, што зіхацелі, як зіхаціць возера ў месячную ноч. Матыліха склала крыльцы і, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, сказала:
— О царыца, красуйся на векі вякоў! Ты ж ведаеш, што такое мужы!
І царыца Балкіда, мудрая Балкіда Саўская, падняла руку да вуснаў, каб схаваць усмешку, і сказала:
— Так, сястрыца мая, ведаю.
— Яны злуюцца за дробязі, — сказала Матыліха, хутка-хутка распасціраючы і складваючы крыльцы, — і мы павінны ўлагоджваць іх, о Царыца, каб яны не бурчалі. Яны ніколі не думаюць нават паловы таго, што кажуць. Калі мужу майму гэтак хочацца верыць, нібыта я паверыла, што варта яму тупнуць нагой і палац Сулеймана-ібн-Дауда знікне, няхай сабе верыць, не буду яму пярэчыць. Усё адно заўтра ён пра гэта забудзецца.
— Так, сястрыца мая, ты кажаш шчырую праўду, — прамовіла Балкіда, — але, калі ён наступны раз пачне перад табою выхваляцца, злаві яго на слове. Скажы яму, каб ён і папраўдзе тупнуў нагою, і паглядзі, што з гэтага выйдзе. Ён будзе дужа пасаромлены. Вось пабачыш.
Матыліха паляцела да свайго Матылька, а праз пяць хвілін яны ўжо сварыліся — яшчэ мацней, чым раней.
— Успомні, — сказаў Матылёк, — успомні, што я магу зрабіць, калі тупну нагою!
— Я табе ані не веру, — адказала Матыліха, — і я была б рада паглядзець, што ў цябе з гэтага выйдзе! Тупні! Тупні! Калі ласка, тупні!
— Я абяцаў Сулейману-ібн-Дауду не тупаць, і я не хачу парушаць сваё слова.
— Колькі ні тупай, усё адно нічога не будзе. Нават маленькая травінка і тая не зварухнецца. Чаму ж ты не тупаеш? Тупні! Тупні! Кажу табе: тупні!
Сулейман-ібн-Дауд сядзеў пад камфорным дрэвам, чуў кожнае слова і смяяўся гэтак, як яшчэ ніколі не смяяўся.
Ён забыўся пра царыц, ён забыўся пра Звяругу, што выплыў з марской глыбіні, ён забыўся пра сваё самахвальства. І Балкіда, стоячы за дрэвам, таксама смяялася, бо яе каханаму было гэтак весела.
Але вось Матылёк, злосны і ўсхваляваны, зноў спусціўся пад камфорнае дрэва і сказаў Сулейману-ібн-Дауду:
— Яна хоча, каб я тупнуў. Яна хоча паглядзець, што з гэтага выйдзе. О Сулейман-ібн-Дауд, ты ж ведаеш, што ў мяне нічога не атрымаецца! І цяпер яна ўжо ніколі не паверыць ніводнаму майму слову і будзе смяяцца з мяне да канца маіх дзён.
— Не, о браце мой, — сказаў Сулейман-ібн-Дауд, — гэтага не будзе, абяцаю табе.
І ён пакруціў на пальцы пярсцёнак (толькі для таго, каб дапамагчы Матыльку, а не для таго, каб пахваліцца сваёю ўсемагутнасцю), і як згледзець вокам чатыры вялізныя Джыны ўзніклі перад ім з-пад зямлі.
— Рабы, — сказаў Сулейман-ібн-Дауд, — калі гэты васпан, што сядзіць у мяне на пальцы (там сядзеў хвалько Матылёк), тупне левай пярэдняй нагой, зрабіце так, каб усчалася навальніца, ляснуў пярун і гэты палац, і ўсе гэтыя сады згінулі з вачэй, зніклі. А як ён тупне зноў, асцярожна пастаўце іх на ранейшае месца.
— Цяпер, о браце мой, — сказаў ён Матыльку, — ідзі да жонкі і тупай сабе на пацеху.
Матылёк падляцеў да жонкі, якая ўсё яшчэ крычала:
— Чаму ж ты не тупаеш? Тупні! Ну, тупні ж! Тупні!
За агароджай, што акружала палац, Балкіда ўбачыла чатырох Джынаў і сказала:
— Нарэшце такі Сулейман-ібн-Дауд, каб уратаваць Матылька, зробіць тое, што даўным-даўно павінен быў зрабіць, каб уратаваць самога сябе: утаймуе гэтых сварлівых царыц.
Матылёк тупнуў нагою. Джыны падхапілі палац і сады і знеслі іх па паветры за тысячу міляў. Ляснуў страшэнны пярун, і неба зрабілася чарнейшым за чарніла. А Матыліха лятала ў цемры і крычала:
— О, я не буду болей сварыцца! І навошта я пад'юджвала яго! Мой каханы, мой любенькі муж, вярні назад і палац і сады, і я ніколі болей не буду пярэчыць табе!
Матылёк і сам спужаўся не менш за сваю жонку, а Сулейман-ібн-Дауд гэтак рагатаў, што не мог нават адразу шапнуць Матыльку:
— Тупні зноў, о браце мой, вярні мне мой палац, о вялікі чарадзей!
— Ага, вярні яму палац! — усклікнула Матыліха, якая лятала ў цемры, нібы начніца. — Вярні яму палац і не займайся болей такім жахлівым чараўніцтвам!
— Добра, дарагая, хай будзе так! — сказаў Матылёк, стараючыся як мага паддаць сабе храбрасці. — От бачыш, што выйшла з таго, што ты прыдзіралася да мяне. Само сабой зразумела, што сам я ніколечкі не турбуюся пра тое, вернецца палац ці не, такія рэчы для мяне не ўпершыню, але з павагі да цябе і да Сулеймана-ібн-Дауда я не пярэчу супроць таго, каб усё вярнулася на сваё месца.
І ён тупнуў яшчэ раз, і ў той жа момант Джыны без ніводнага штуршка паставілі і сады і палац на ранейшае месца.
І ўсё было па-ранейшаму. Цёмна-зялёнае лісце апельсінавых дрэў ярка зіхацела на сонцы, фантаны пераліваліся сярод пунсовых эгіпецкіх лілеяў, птушкі спявалі, быццам нічога і не было, а Матыліха ляжала на баку пад камфорным дрэвам. Крыльцы ў яе трымцелі, і, задыхаючыся, яна паўтарала:
— Даруй мне! Я болей не буду!
Сулейман-ібн-Дауд гэтак смяяўся, што ледзьве мог слова вымавіць. На яго напала ікаўка. Знемагаючы ад смеху, ён выставіў Матыльку палец і сказаў:
— О вялікі чарадзей, што з таго, што ты вярнуў мне палац, калі ад смеху, да якога ты давёў мяне, давядзецца сёння ж легчы ў магілу?
Тут пачуўся страшэнны шум, таму што з палаца выбеглі ўсе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць царыц і пачалі прарэзліва крычаць, і верашчаць, і клікаць сваіх малых дзяцей. Яны беглі па мармуровай лесвіцы, што вяла ўніз ад фантанаў, — сто жанчын на кожнай прыступцы.
Наймудрэйшая Балкіда велічна выйшла наперад, сустрэла іх і сказала:
— Чаго гэта вы так перапужаліся, царыцы?
А яны стаялі на мармуровай лесвіцы — сто жанчын на кожнай прыступцы — і крычалі:
— Чаго мы перапужаліся? Ды гэта кожнаму зразумела! Бо мы жылі сабе пажывалі ў сваім залатым палацы, і раптам наш палац знікае немаведама куды, і мы трапляем у апраметную цемру, і над намі ляскае пярун, і Джыны і Афрыты шныпараць у цемры! Вось чаго мы перапужаліся, о царыца царыц, і мы неймаверна перапуджаны нашым перапудам, бо гэта сама страшэнны перапуд з усіх перапудаў, якія давялося нам перажыць за ўсё наша жыццё.
Тады Балкіда, Найпрыгажэйшая царыца, сама любімая з усіх жонак Сулеймана-ібн-Дауда, амаль гэтакая ж прамудрая, як сам Сулейман-ібн-Дауд, сказала:
— Нічога асаблівага не здарылася, о царыцы. Проста Матылёк паскардзіўся на сваю жонку, якая сварылася з ім, а Сулейману-ібн-Дауду захацелася навучыць яе лагодзе і пакорлівасці, ветлівасці і сціпласці, бо гэта лічыцца добрымі якасцямі сярод жонак матылькоў.
І тады эгіпецкая царыца, дачка фараона, сказала:
— Наш палац нельга вырваць з коранем, як цыбуліну, для якой-небудзь нікчэмнай казяўкі. Не! Сулейман-ібн-Дауд, мусібыць, ужо сканаў, і зямля скаланулася ад гора, і ляснуў пярун, і на зямлю апусцілася цемра.
Тады Балкіда, не ўзнімаючы вачэй, павабіла да сябе пальцам гэтую непачцівую царыцу і сказала ёй ды і ўсім астатнім:
— Вы можаце пайсці і паглядзець.
Яны спусціліся па мармуровай лесвіцы шырокімі шэрагамі — у кожным шэрагу была сотня царыц — і пад камфорным дрэвам убачылі прамудрага цара Сулеймана-ібн-Дауда, які ўсё яшчэ знемагаў ад смеху. Цар сядзеў і ківаўся ўзад-уперад, і на адной руцэ ў яго была Матыліха, а на другой Матылёк. І царыцы пачулі, як ён кажа:
— О жонка майго брата, які лятае па паветры, запомні з гэтага часу і навекі, што ты павінна дагаджаць свайму мужу ва ўсім, інакш ён раззлуецца і тупне нагою зноў, бо ён вялікі чарадзей і вядзьмар і можа, калі яму прыйдзе ў галаву, выкрасці палац у самога Сулеймана-ібн-Дауда… Дык жывіце ў згодзе вы абое.
Ён пацалаваў у іх крыльцы, і яны паляцелі прэч.
Тады ўсе царыцы, якія дагэтуль усё яшчэ стаялі і ўсміхаліся, усе, апроч Прыгожай і Цудоўнай Балкіды, паваліліся ніцма, бо яны сказалі самі сабе: «Калі творыцца такое з-за таго, што Матылёк незадаволены сваёю жонкаю, дык што ж будзе з намі, калі мы дакучаем свайму валадару крыкамі і шалёнымі сваркамі?»
І яны накінулі на галаву празрыстыя тканіны і, затуліўшы сабе далонямі рот, ціха, як мышы, вярнуліся да сябе ў палац.
Тады Балкіда, Найпрыгажэйшая і Цудоўная, выйшла з зарасніку пунсовых лілеяў пад засень камфорнага дрэва, паклала руку на плячо Сулейману-ібн-Дауду і сказала:
— О пане мой, скарб душы маёй, радуйся, бо мы далі ўсім гэтым царыцам Эгіпта, Эфіопіі, Персіі, Індыі, Кітая добрую навуку, якую яны запомняць назаўсёды.
І Сулейман-ібн-Дауд, усё яшчэ пазіраючы на матылькоў, што пырхалі-забаўляліся ў промнях сонца, спытаў:
— О мая пані, найдаражэйшы камень маёй радасці, калі ж гэта здарылася? Бо як толькі я зайшоў у сад, я ўзяўся жартаваць з Матылька.
І ён расказаў Балкідзе ўсё, што ён рабіў у той час.
І Балкіда, ласкавая, мілая Балкіда, сказала:
— О пане мой, валадар жыцця майго! Я схавалася за камфорным дрэвам і бачыла ўсё на свае вочы. Гэта я параіла Матылісе, каб яна прымусіла Матылька тупнуць, бо я спадзявалася, што мой валадар дзеля жарту зробіць нейкае дзіва, якое напалохае царыц.
І яна расказала яму ўсё, што падумалі, убачылі і сказалі царыцы.
Тады Сулейман-ібн-Дауд устаў пад камфорным дрэвам, выставіў рукі і з весялосцю на сэрцы сказаў:
— О пані мая, асалода дзён маіх, ведай, што калі б я са злосці або з пыхі скарыстаў у дачыненні да царыц сваю чарадзейную сілу, я мог бы асарамаціцца зноў, як асарамаціўся тады, калі наладзіў банкет для звяроў усяго свету. Але дзякуючы тваёй мудрасці я пачаў чараваць дзеля жарту, каб трошкі памагчы Матыльку, і — бачыш — гэта выратавала мяне ад надакучлівых маіх жонак. Дык растлумач мне, о пані мая, асяродак сэрца майго, як жа ты дасягнула такой мудрасці?
І царыца Балкіда, прыгожая, велічная, станістая, зірнула Сулейману-ібн-Дауду ў вочы, схіліла, як Матылёк, сваю галаву набок і адказала:
— Па-першае, о пане мой, таму што я кахаю цябе; а па-другое, о пане мой, таму што я ведаю, што такое сварлівыя жонкі.
І яны пайшлі ў палац і жылі шчасліва да канца дзён сваіх.
Балкіда зрабіла ўсё з розумам, хіба не праўда?