ДУША
Свой воблік сапраўдны
яна не прыпомніць даўно,
Але памятае цяпло чалавечае хаты —
Сівая варона
маё прылюбіла акно,
I лётае з могілак,
сеючы рогат хрыпаты,
На вокны другія лятуць галубы,
вераб'і...
Што хоча сказаць мне
абвуглены сколак сумнення?
Не птушка —
душа,
а гарлае—
таму што баліць
I пер'еў баіцца сваіх з хваравітым адценнем.
Дваром пралятае —
шпурляюць каменне ў яе
Хлапчыскі, якія жывуць паміж сёння
і заўтра...
Прадзедаўскі боль прылятае штодня да мяне,
У пер'ях праклёну,
у паху палынавай гары.
Садзіцца за шыбай —
а цень адкідае ў пакой.
Паветра здаецца гаркавым,
а шкло — непразрыстым...
...А сёння на шкле падсыхала
вароніна кроў,
I голуб за шыбай
бялюткія перыйкі чысціў.
ПЛАЧКА
За яе мячоў не крыжавалі,
Не палілі за нявернасць дом.
Дні цяклі, і дзён цямнелі хвалі,
I душа чужым цямнела злом.
Не спазнала ні любві, ні шчасця.
Вечным болем вусны апякло.
I яна цяпер шчаслівым плаціць
Напамінам пра жывое зло.
I апоўдні, у гарачым полі,
Дзе сплятае сцежкі Палявік,
У адзенні чорным чорнай поўняй
Сее Плачка, як праменні, крык.
I апоўнач, на сухіх балотах,
Дзе крывы асіннік ды дзірван,
Ловіць Плачка перасохлым ротам
Зорамі засеяны туман.
I на золку, ля замшэлай студні,
Дзе ўздымае дзіды крапіва,
Вёскі мёртвай мёртвае бязлюддзе
Будзіць Плачка... I шуміць трава...
Па зямлі, сухой і раўнадушнай,
Ходзіць Плачка, плача па жывых,
Нібы ў ёй усе гняздзяцца душы
Здраджаных жанчын часоў былых.
Нібы ёй адной вядома прышласць,
Што нясе нам нечуваны жах...
...I цяпер спаскуджаная Свіслач
Чорнай Плачкай
стогне па начах...
ВАЎКАЛАКА
Трымціць у вадзе аер.
Хачу цеплыні, спакою.
А я — напалову звер —
Маўчу нематой людскою.
Я — вылюдак для людзей,
I я ж для ваўкоў —
пачвара.
У ціхай, як ноч, вадзе
Русалка аб ліўні марыць.
I я нават ёй —
нішто,
Як зорка —
нішто для багны.
I поўсць не стане шчытом
Ад срэбранай кулі прагнай.
Аер ад стрэлу ўздыхне,
I куля ўвап'ецца ў грудзі...
За што ж караюць мяне
I бог,
і звяры,
і людзі?
УЦЕКАЧЫ
Заблудзіў карабель наш у моры.
Стырнавы—і сляпы, і стары.
А на палубе людзі гавораць,
I смяюцца, і стогнуць вятры.
Ветразь з плямамі солі і плесні
Выпнуў грудзі, нібыта гусак,
I змяшалася з хвалямі песня —
Не забыцца яе аніяк.
Будзе бура —
і нехта загіне,
Будзе дождж —
і нап'ёмся вады...
На ўзбярэжжы якойсьці краіны,
Быццам чайкі, святлеюць дамы.
Там нябожчыкаў з плачам хаваюць —
Мы без боязі ў хвалі нырнём.
Можа, і нарадзілі нас хвалі —
Так замгліўся у памяці дом.
...I калі карабель наш бяздомны
Будзе рыфамі ўзяты ў нябыт
I спытаюць архангелы, хто мы,—
Хай не ўспомніць наш розум слабы...
* * *
...Ён меў прыгожы і злы штандар,
Сябрыну, зброю і лес.
I ў лесе звалі яго:
«Змагар».
«Зладзюга» —
ў родным сяле.
Ён храмы вогнішчаў будаваў
У змрочных вёсках лясных.
Любіў жанчыну —
не ўратаваў,
Таму і гвалціў другіх.
Калі ж душу сваю спапяліў —
Забыў каханай імя...
Тады
аб камень стрэльбу разбіў,
Бо знаў:
пракляла зямля.
А смерць сыходзіла ў ціхі лог.
Штандарам валодаў дым,
Бо сэрцу болей зманіць не мог
Прыгожы лозунг на ім.
ЗМЕЙ
Крывавае золата змей вартаваў дні і ночы,
I гінуў у страўніку доўгім
няўдачлівы госць.
Ды золата ў змея таго адабралі аднойчы.
Сціскае ён зараз у кольцах сваіх
Прыгажосць.
А кольцы яго распляліся па цэлай планеце
I душаць празрыстыя рэкі і думкі аб іх,
Да замкаў старых запаўзаюць
у выглядзе смецця,
У храмы —
і людзі багоў забываюць сваіх.
А каб не знайшлі да ратунку шляхоў патаемных,
Па сумных паданнях,—
той змей навучыўся пісаць.
I дзе пачынаецца голас вучонага змея,
А дзе чалавечы —
не можам ужо разабраць.
У служкі да змея ідуць —
во часіны насталі!
А добрыя людзі не вераць,
што змей гэты ёсць.
Каб золата ён вартаваў —
дык і зноў адабралі б...
...Раздушвае змей у абдоймах сваіх
Прыгажосць.
АРМАГЕДОН
...I калі ў той іконе,
што ўзнеслі на дах,
Затрымцела варожая дзіда,
Нехта ўспомніў:
«Ёсць вязень у гэтых мурах,
Ён прарок, хай тлумачыць нам дзіва».
І паслалі ў скляпенне з надзеяй на цуд
Гараджане
манаха і вояў.
I парушыў нарэшце сваю немату
Чорны вязень з сівой барадою:
«Што вам трэба?
Вы прагнеце праўды святой?
Вы ж яе праганялі, панове!
Надта доўга каралі мяне нематой.
Вы спазніліся.
Я ўсё прамовіў.
На любым скрыжаванні —
праменняў, галля
Ці пакорлівых спінаў і лейцаў
Нараджалася бедная песня мая,
І яе распіналі на месцы.
Больш не веру ні ў вечнасць,
ні ў праўду сваю.
Чуласць познюю
я ненавіджу.
Я
ападак надзеі,
ападкам згнію.
Мне пакіньце скляпенную цішу».
I пасланыя ўбачылі:
ён — чалавек,
Брудны, хісткі, душою зламаны...
I чакаць ратавання ад грэшнага —
грэх.
I яго яшчэ раз
пахавалі.
...I калі запалаў і палац, і кляштар
I згарэлі іконы і хаты —
Плыў над горадам
чорны і вольны ўладар
Цень адкідваў
у выглядзе
кратаў.
БАЛАДА ПРА СВАЁ I ЧУЖОЕ
Ен біўся на чужой зямлі.
За што?
Не верыць, што дарэмна.
Радзіму у яго ўзялі,
I ён назваў Радзімай —
неба.
А суайчыннікі яго
Муры замшэлыя ўздымалі.
Зямля цішэла ад снягоў,
I прыхадні снягі тапталі. «Ратуйце!»—
крык стаяў паўсюль,
А вой,
пакрыўджаны навечна,
Мог верыць толькі слову куль,
Чужы для веры чалавечай.
Ён хмарай плыў.
I ветрам быў.
I пазабыўся,
скуль быў родам.
...I на Радзіме —
родных біў,
Пракляты богам і народам.
ПЕСНЯ ПАМІРАЮЧАГА ВОЯ
Нядоўгі бурлівы свой век
Я смерці служыў, як царыцы—
Яе пацалункам скарыцца
Павінен слабы чалавек.
Сузор'е Паўночнай Кароны
Вянчае яе галаву.
Служыў я царыцы да скону
I верыў, што годна жыву.
Я зведаў аднойчы каханне,
I двойчы мне славу раўлі,
I беглі за мной на аркане
Чужых астравоў каралі.
Мне ўсё даравала царыца,
Але—не апошні уздых,
Калі я хацеў памаліцца
За душы забітых усіх.
Няўмольнасць!
Тваім пацалункам
Мне грэбаваць зараз не след,
Бо зброю пакінулі рукі,
А зброя —
не вызваліць свет.
...Зямля прарасла цішынёю.
Слізгае па костках рала...
Я думаў:
Радзіма — за мною.
Яна ж —
пада мною была...
ЦІХАЯ ПЕСНЯ
Ціха-ціха, паступова
Адмірае наша мова.
Чахне, быццам каралеўна,
У дзявочай вежы гнеўнай.
Асядае, як курганне
Над героямі паданняў,
Высыхае, як слязіна
Засынаючай дзяўчыны.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха год ад году
Адмірае наша годнасць.
Патухае, як лампада
У куце змярцвелай хаты,
Пахінаецца распяццем
Над магілай божай маці,
Апускаецца, як глеба
Над разруйнаваным склепам.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха, скрушна-скрушна
Адміраюць нашы душы,
Шамацяць чаротам-дротам
Над асушаным балотам,
Патухаюць, як вуголлі
У кастрах начнога поля,
Лісцем курчацца з'інелым,
Болем бел-чырвона-белым...
Ціха-ціха, не зважаем,
Як мы, браткі, паміраем.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш— не спагоніш.
ГРАМНІЦЫ
Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы,
I звычай дзядоўскі нам час аднавіць.
Давай жа запалім грамнічныя свечкі —
I зло
разам з цемрай
ад нас
адляціць.
Малы Дамавік зашкрабецца ў куточку
I Лазнік у ваннай даесць павука,
I горад, грамнічнай пабуджлны ноччу,
Пачне ад бяссоння ратунку шукаць.
I горад не здолее нават здзівіцца,
Убачыўшы, хто не дае яму спаць —
Маланкавалосыя гэта Грамніцы
На воблаку
срэбньіх мятлушак
ляцяць!
I свет ажыве—і паганскі, і боскі,
I глеба ўздыхне мацярынскім цяплом.
I гаснуць агеньчыкі ў лужынах воску,
I трэба ўключыць у пакоі святло...
I ноч адыходзіць па вуліцах гразкіх,
Па вузкіх сцяжынах зімовых алей...
I жывіць душу таямніца і казка.
I неба — бліжэй,
а зямля — даражэй.
ДАРОГА Ў НІКУДЫ
«Я ведаю, куды вяду!» —
Крычала ўсім адна дарога.
Крычала гучна.
Хто пачуў —
Пайшоў па ёй.
Пачула ж — многа.
Гарлала рэха ў вышыні.
А паўз дарогу
гнала смецце,
I верас курчыўся ў агні,
і птушкі падалі,
як сэрцы.
«Я ведаю!»
I ўсе ішлі.
І верылі,
У што? Не помняць.
Дарога бегла ад раллі
І ад квітнеючага поля.
Але не век жыве спадман,
I змоўкла ў рэшце рэшт дарога.
...Глядзяць,
наперадзе — туман.
А ззаду —
дык зусім
нічога.
* * *
І возера паглынула замак за грахі тых, хто жыў там...
Згінаюцца дрэвы ад подыху цёмнага ранку.
Вада паглынае каменні адзін за другім,
Зацягнуць гарлачыкі новую сінюю рану,
I пройдуць гады,
і лазой зарастуць берагі,
З акон электрычкі народ паглядае паныла
На брудную сажалку
і перарэджаны лес.
За рэшткамі замка ў ваду уваходзяць магілы,
I лес адступае ад шумнай дарогі далей.
Здаецца мне, нашы азёры —
чароўныя дзверы
У лепшы, не здраджаны і не прададзены свет.
Туды саступае былое святое
і веры
У нас пакідае не болей,
чым зерня ў асве.
Ідзе па начах нетаропкае, сумнае шэсце.
Ў азёры сыходзяць будынкі,
звяры і бары...
Пасля высыхаюць азёры...
І мокрае смецце
Нікому не скажа, якія хавае муры.
Ізноў электрычка прастуе праз роўнае поле.
Няўважныя позіркі ў ёй і смурод цыгарэт...
I раптам па шкле расцякаюцца
чорныя кроплі...
Апошняе возера
плюнула злосна услед.
ДЗІВА
У асенніх крывых лазняках
Памірала апошняе дзіва.
Справядлівасці нельга чакаць —
Свет не любіць дарыць справядлівасць.
Дзіва гналі машыны і бруд,
Злыя людзі і добрыя людзі,
I яно апынулася тут —
Дзівакі паміраюць у брудзе.
Сіняй птушкай сядзіць у кустах,
Перабітыя крылы трапечуць.
Падпаўзае да лапак вада
З рабаціннем пляўкоў чалавечых.
I апошнія іскры лятуць
Ад нябёсных, прытушаных пер'яў...
Трупік птушачкі, шэрай, як ртуць,
Знойдуць заўтра ў кустах піянеры.
ПА ШЛЯХУ ПРОДКАЎ
Беларусь! Душы маёй калыска!
Возера лілейнага святла!
Да сваёй загубы гэтак блізка
Ты яшчэ ніколі не была.
І адвары доктара Скарыны
Праліліся ў чэзлую траву.
Па нябёснай прывіднай сцяжыне
Пакідае доктар Беларусь.
І за ім ідзе да зор Завальня,
Свечку захінае даланёй,
Даганяе човен старадаўні,
Што з Палесся ўзяты вышынёй.
«Нешта Продкаў Шлях аж слепіць
вока»,—
Здзівіцца забыты дзецьмі дзед,
і душа старэчая з палёгкай
Адляціць за позіркам услед.
А сцяжына белая танчзе,
I па ёй — як па лязу — ў жыцці
Ўсмешлівы апостал Караткевіч
З вогненнай вадой нясе пацір.
Шлях растаў — і велічныя цені
Па-за нашым позіркам плывуць...
Дождж пайшоў.
Ці смерць, ці бласлаўленне
Кроплі срэбнавокія нясуць?
МОЙ КРАЙ
Тоне ў студнях зялёнае сонца,
Сонца белае — у вачах.
I чырвонае сонца бясконца
Па-над вежамі крэсліць шлях.
Гэта — бонда нашага бога,
Што штандарам абраў сабе
Свежы след ад мяча чужога
На высокім белым ілбе.
Гэта — сад, дзе ўзрастаюць зоры
На прамых галінах крыжоў.
Гэта — мора зямнога гора,
Родны бераг уцекачоў.
Гэта—поле, дзе заараны
Разам з косткамі — перуны.
Гэта край — суцэльная рана,
Гэты край мой —
мой рай зямны.